12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Франак Вячорка

_____________________
Ліза.
Аповед


1.

Нашыя позіркі сустрэліся. Яна пільна ўгледзелася ў мяне, прымружыўшы вочы, потым пасьпешна адвярнула галаву і пашыбавала ў бок Нямігі. Пэўна, мая персона не выклікала даверу. Зрэшты, ці можа выклікаць давер чалавек, якога сустракаеш трэці дзень запар у тым самым месцы і ў той самы час?
Першы раз, пазаўчора, я сядзеў на лаўцы і чытаў газету. Яна прайшла міма, пакінуўшы шлейф водару салодкай парфумы. Яе абцасы адбівалі хуткі крок па тратуарнай плітцы, і неўзабаве яна зьнікла за мурам Ратушы.
Назаўтра яна ішла ў кампаніі сяброўкі з боку кавярні “Фрэскі”. Дзяўчаты спрачаліся. Мая незнаёмка, жэстыкулюючы, нешта даказвала, і то пераходзіла на сьмех, то задумліва змаўкала. Я зачаравана лавіў кожны рух яе зграбнага цела. Вопратка падкрэслівала ўсе выгоды яе постаці. На ёй былі блакітныя, злёгку пацёртыя джынсы і ружовая, падперазаная чорным пасам, блузка. З-пад тонкай тканіны спакусліва выпіралі грудзі. Незнаёмка паводзіла сябе нязмушана і па-жаночы сціпла, разам з тым – рашуча і самаўпэўнена. Я памятаю такіх дзяўчат з першых курсаў універсітэту. Яны толькі што вырваліся з-пад бацькоўскай апекі, расправілі крылы і адчулі сябе дарослымі. І няхай тыя часы мінулі, і мне даўно не 18, – тыдзень таму “стукнула” 23, – а я не перастаю заглядацца на маладых прыгажунь-першакурсніц... Але яна была не такая, як усе: у ёй было нешта незвычайнае, незямное. Напэўна, гэта мой шанец.
Я спахапіўся і паспрабаваў яе дагнаць.
– Дзевушка! – крыкнуў усьлед.
Але яна не азірнулася. Рэзка зьвярнула на пераход, і цяпер я мог добра яе разгледзець. Яна была яшчэ прыгажэй, чым пры першай сустрэчы. На торбачцы сваёй незнаёмкі я заўважыў вялікі белы значык з надпісам “За Свабоду!” і прышпіленую бел-чырвона-белую стужку.
Увесь вечар я дакараў сябе, што даў ёй сысці. І што такая пекная дзяўчына робіць у апазіцыі? Я не мог заснуць, мяне мучылі здагадкі.
Назаўтра я прыйшоў з вялікай ружовай герберай. Спадзяваўся зноў яе сустрэць, урачыста ўручыць кветку, і пра ўсё распытацца. Але яна не прыйшла. На прыпынку стаяла бабулька з вялікімі клункамі і заклапочаным тварам. Яна вярталася з лецішча і чакала свайго аўтобуса. Я працягнуў ёй герберу. Бабуля расплылася ў шчаслівай усмешцы. Падалося, ёй не дарылі кветак цэлую вечнасць.

2.

Мне працягнулі кантракт. Ужо трэці год я працую фатографам у сталічнай газеце “Минский курьер». Пасля трэцяга курса мяне ўзялі сюды на практыку і я застаўся тут. Рэдактар мне асабліва давяраў і пасылаў на адказныя заданні, дзяржаўныя сустрэчы, прэс-канфэрэнцыі, святы і парады. Плацілі стаўку плюс бонусы за кожны апублікаваны здымак. Мне хапала на кватэру, паесці, апрануцца і выслаць грошы бацькам, якія выжывалі на жабрацкі калгасны заробак.
Апошнія месяцы дадалося работы. Ледзь не штодня пасылалі на бессэнсоўныя і збольшага нікому нецікавыя акцыі БРСМ і брыфінгі гарадскіх чыноўнікаў. А вечарам я прагульваўся па горадзе і цікаваў прыгожыя кадры. І штораз, як праходзіў паўз Плошчу Свабоды, разлічваў убачыць яе – сваю незнаёмку.
Сёння ў рэдакцыі планёрка. Шэф збірае ўсіх супрацоўнікаў. “Яўка абавязковая!” – значылася ў электронным лісце, які прыйшоў па рассылцы. Усе сабраліся, чакалі рэдактара, размаўлялі. Уладзімір Генадзьевіч маўкліва зайшоў у пакой, дастаў стос папераў і ўсіх павітаў.
– Неўзабаве прэзідэнцкая выбарчая кампанія. Мне неабходна давесці да вас план работы.
У плане значыліся інтэрв’ю з чыноўнікамі, дэпутатамі, мэрам Мінску, спартоўцамі, рэпартаж пра будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі і гандлёвага цэнтру “Сталіца”. Усе матэрыялы павінны быць пададзеныя ў выключна пазітыўным ключы і суправаджацца слоганам агульнанацыянальнай кампаніі “За Беларусь!”
– Будуць акцыі, сутычкі з міліцыяй, ну вы разумееце… Ніякай самадзейнасьці! І не дай Бог хто з вас саміх там пападзецца: імгненна вылеціце з работы, – папярэдзіў шэф і вытрымаў шматзначную паўзу.
Планёрка закончылася, усе разышліся па кабінетах. А я падумаў пра сваю незнаёмку: нялёгка ёй даводзіцца…

3.

Прайшло тры месяцы, і я больш ні разу не бачыў сваю незнаёмку. На плошчы яна больш не з’яўлялася. Жыцьцё і без таго біла ключом, шмат працы, а таму я ўжо амаль змірыўся з тым, што нам не давядзецца пазнаёміцца.
…Прачнуўся а сёмай, зрабіў тосты з сырам, згатаваў каву і паплёўся на працу. Часу ставала, а таму замест традыцыйнай маршруткі паехаў на трамваі. Калісьці гэта быў мой любімы від транспарту, я ездзіў з аднаго канца гораду ў іншы, – з Зялёнага Луга ў Серабранку, з Мяснікова да Камсамольскага возера, – разглядаў людзей і краявіды. А бывала, заходзілі з дзяўчынай у самы канец вагону і падоўгу цалаваліся.
Трамвай быў запоўнены і па-ранішняму маўклівы. Толькі кандуктарка бегала ад дзвярэй да дзвярэй, распіхваючы пасажыраў, нібы баючыся каго прапусціць. Спрытна хапала грошы, давала талончык і неслася да наступнай «ахвяры». Неўзабаве дайшла чарга й да мяне. Я працягнуў ёй тысячную купюру:
– Адзін талёнчык, калі ласка! – сказаў я падкрэслена па-беларуску.
Яе позірк набрыняў разгубленасцю і варожасцю. Я паўтарыў. Кандуктарка глядзела на мяне, як на іншапланетніка. Нямая сцэна трывала некалькі секундаў, пасля яна нешта фыркнула, схапіла тысячу, дала рэшту і збегла ў іншы канец вагону.
Яшчэ з трамваю я заўважыў, што ўздоўж праспекту, ад выхаду з метро да крамы “Акіян” растаўленыя шчыты з партрэтамі кандыдатаў. На поўную моц ішла прэзідэнцкая кампанія. Я, далібог, пасмейваўся з усіх гэтых агітатараў, якія чапляліся да мінакоў.
Насустрач мне ішла дзяўчына. Мне падалося, я бачыў гэты твар раней. Так, так – гэта яна: тая самая незнаёмка, якую я сустрэў ля Ратушы. Яна паказала мне партрэт кандыдата і загаварыла завучанымі фразамі:
– У сакавіку 2006 году будуць выбары. Мы збіраем подпісы за адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча.
Я не ведаў, чаму больш здзіўляцца: раптоўнай сустрэчы, яе прыгажосці ці таму, што яна размаўляе са мной па-беларуску.
На ёй былі карычневыя боцікі, абцягваючыя карычневыя джынсы, вельветавая куртачка пад колер ботаў, блакітны шалік і берэт. Нават у зімовай вопратцы яна не губляла сваёй абаяльнасці. Правільныя рысы твару, выцягнуты нос, выпуклыя ружовыя вусны і шчокі. Яна была без касметыкі! Дзяўчына ўважліва глядзела на мяне. У яе былі незвычайныя вочы: адно вока карычневае, а другое – палавіністае: зялёна-карычневае. Як ёй гэта пасавала!
Я не стрываў і апусціў позірк. Дзяўчо, відаць, падумала, што я з тых абываталяў, якія штодня ходзяць на працу і нічым больш не цікавяцца.
– Пастаўце подпіс у падтрымку Аляксандра Мілінкевіча, адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў, – паўтарыла яна больш настойліва і гучна, каб я ўжо пэўна пачуў. Я ўсміхнуўся.
– Як цябе завуць? – запытаўся я і было відаць, яна разгубілася ад нечаканага пытаньня.
– Ліза.
Яна пачырванела, але вачэй не адварочвала. Я пацягнуўся, каб распісацца, але Ліза мяне спыніла.
– Патрэбны ваш пашпарт.

4.

Спачатку мяне праверылі на надзейнасць. Далі стос улётак, мапу з пазначанымі дамамі, у якія іх трэба закінуць.
З Лізай мы бачыліся на “штабе”. Гэта была звычайная прыватная кватэра ў Серабранцы. Амаль штодня нас збіралася чалавек 20. Мы распаўсюджвалі ўлёткі, раздавалі незалежную прэсу, расклейвалі налепкі, абыходзілі кватэры, агітавалі ды збіралі подпісы, ладзілі сустрэчы з Мілінкевічам. Неўзабаве пачалі выпускаць самвыдат “Вольная Серабранка”, дзе я быў штатным фатографам.
Я хутка з усімі пасябраваў і мне давяралі новую і новую працу. Усё цалкам дабраахвотна, ніхто не атрымліваў ні капейкі. Але больш за ўсё мне падабалася слухаць Лізу. Яна каардынавала збор подпісаў. Ліза заўжды гаварыла на чысцюткай беларускай мове. Але гэта была не стэрыльная мова тэлерадыёдыктараў і не трасянка школьнай настаўніцы. Яна ўмела падбірала словы. Я зачаравана назіраў за яе мімікай, і калі нашыя позіркі сустракаліся, яна мне падміргвала. Беларуская мова з вуснаў Лізы гучала вельмі сексуальна. Аднойчы я ёй сказаў пра гэта, а ў адказ яна пырскнула рогатам.
Я ўсё больш прывыкаў да свайго новага амплуа. Мне падабалася тое, чым я займаўся. А ў Лізе я бачыў беларускую Жану д’Арк, гатовую ахвяраваць жыццём дзеля Беларусі. Нягледзячы на мае спробы, Ліза заўжды трымала дыстанцыю і рэдка падпускала да сябе, а ўсе размовы пра асабістае пераводзіла на жарт.

5.

Лічыцца, людзі ахвотней падпісваюцца, калі хадзіць парамі – хлопец і дзяўчына. Мы падзялілі акругу і кінулі: хто з кім пойдзе. Мне выпала хадзіць з Лізай у дзевяціпавярховіку па Ракасоўскага. У нас атрымаўся выдатны тандэм. Яна размаўляла з выбарнікамі, расказвала пра кандыдата, а я запаўняў падпісныя лісты.
Не абышлося без прыгодаў: у адной кватэры пачаставалі торцікам і падарылі кніжку з вершамі. У іншай мы натрапілі на сям’ю чыноўніка. Яны пагражалі выклікаць міліцыю і ледзь не спусцілі на нас сабаку…
Закончылі а 9-й вечару і я прапанаваў Лізе прагуляцца. Ішлі моўчкі. Упершыню мы засталіся сам-насам, і я баяўся ўсё сапсаваць. Мы прыйшлі на тое ж месца, дзе ўпершыню пабачыліся – на Плошчу Свабоды. Стомленая Ліза села на лавачку. Я дастаў здымач, каб яе сфатаграфаваць. Месяцовае святло падкрэслівала абрысы яе твару, выпуклыя вусны, а ліхтары пакідалі на асфальце выцягнуты цень. Пстрык!
– Навошта ты гэта зрабіў? – абурылася Ліза, але працягвала нерухома сядзець на лаўцы.
– Хіба я не казаў, што працую фатографам і лаўлю прыгожыя імгненні?
– І чым жа гэтае імгненне прыгожае? – цяпер ужо заігрываючы запытала дзяўчына.
– Табой. Ты прыгожая.
– Ідзі сюды. Пасядзі са мной побач.
Мы сядзелі на лаўцы і моўчкі назіралі за мінакамі ды машынамі. Па горадзе блукалі парачкі закаханых, а за калонамі Ратушы цалаваліся хлопец з дзяўчынай.
Я асцярожна крануўся рукі Лізы, але яна ўвярнулася, зрабіўшы выгляд, што хоча дастаць мабільнік.
– Ты мяне зусім не ведаеш, – яна больш не ўсміхалася.
Я дапытліва зірнуў на яе. Ліза перабірала рукамі пасмачку валасоў, і пра нешта напружана думала.
– Ты займаешся гэтым усім толькі выключна дзеля мяне. Думаеш, я не бачу? – яна гаварыла спакойна і ўпэўнена, нібы тлумачыла выбарніку нашую праграму, – а для мяне гэта жыццё, разумееш? Я прыйшла да гэтага сама. Я чытала беларускую літаратуру – Коласа, Купалу, Арсенневу, Геніюш. З іх твораў я чэрпала натхненне і любоў да беларускай мовы і культуры. Я была закаханая ў Алеся Загорскага і Андрэя Лабановіча, уяўляеш? Наш клас перавялі на расейскую мову, так прагаласавалі бацькі, а дырэктара, які размаўляў па-беларуску, звольнілі. Мы з сябрам Максам арганізавалі драмгурток, ставілі спектаклі па Караткевічу і Купалу, ладзілі чытанні ў гонар Быкава і Арсенневай. Гэта не падабалася кіраўніцтву, гурток зачынілі. Бацькоў выклікалі ў школу і распавялі пра мяне няведама што, нібы я ісламская тэрарыстка. Насуперак волі бацькоў я паступіла ў Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. Праз два гады яго зачынілі, мы вучыліся падпольна. Тады я і занялася грамадскай дзейнасьцю, пайшла ў “Малады Фронт”.
Ліза паглядзела на месяц, на мяне, уздыхнула. І мякка усміхнулася:
– Дык вось. У Макса, з якім мы ладзілі драмгурток, правялі ператрус, а потым яго збілі на ланцугу неабыякавых. Я выклікала “хуткую”, і яго забралі ў шпіталь. Я гатовая была разарваць тых пачвараў!.. Потым я закончыла ліцэй, здала экстэрнам 30 іспытаў. Усе на «выдатна». І паступіла ў “Кулёк”. Я хачу стаць актрысай. Вось такая мая гісторыя.
Я быў уражаны. Гэтая дзяўчына за свае 19 гадоў перажыла столькі, колькі ў іншых не здараецца за ўсё жыццё.
– Ты праз многае прайшла. Я захапляюся табой.
Ліза моўчкі глядзела на неба.
– А дзе ён цяпер? – запытаў я.
– Хто?
– Ну той хлопец, Макс, з якім вы рабілі драмгурток?
– Не ведаю, – відочна, Ліза не хацела пра гэта размаўляць. – У яго пачаліся праблемы, і ён адышоў ад справаў... А давай пойдзем куды сагрэемся, га? А то я зусім змерзла.
Мы пайшлі ў нядаўна адчыненую кавярню ля кінатэатру “Перамога” з рамантычнай назвай “Мая дарагая”. Замовілі па гарбаце, кілішку белага віна. Ліза ўзяла ўзбітыя вяршкі з кавалачкамі садавіны.
У асноўным гаварыла яна. Я зачаравана слухаў. Тое, што я чуў, не ўпісвалася ў мой светагляд, прымушала задумацца.
– Ты разумееш, што нічога не даецца проста так? За свабоду, як і за каханне, трэба змагацца, – тут яна сербанула гарбаты й заплюшчыла вочы ад задавальненьня. – Ведаеш, я раней нікому не распавядала пра сябе. Толькі табе. Разумееш?
Ліза дапытліва глядзела на мяне рознакаляровымі вачыма. Цікава, яна бачыць свет таксама ў розных колерах?
Я адчуў, што перада мной безабаронная дзяўчына, якой патрэбна апека і дапамога. Ува мне мяшалася бацькоўская клапатлівасць з юнацкай жарсцю. Я хацеў стаць яе абаронцам і правадніком.
– Ліза, ты цуд! Можаш мне цалкам даверыцца.
Я правёў яе да трамвайнага прыпынку. Мы ішлі, трымаючыся за рукі. Нашыя пальцы спляталіся ў замку. Часам Ліза сціскала руку мацней, і ў мяне па целе прабягалі дрыжыкі.
На развітанне я паспрабаваў яе пацалаваць. Але яна павярнула галаву так, што я тыкнуўся ў вуха. Тады Ліза шапнула:
– Да сустрэчы, любы!

6.

Мне прыйшла смс: “У нядзелю ў 20.00, там жа. Пойдзем у кіно.”
Я сабраўся загадзя. Надзеў гарнітур, завязаў гальштук. Ліза, як і належыць дзяўчыне, на спатканне спазнілася. Я ўручыў ёй букет галандскіх цюльпанаў – гэта яе любімыя кветкі.
– Сёння мы ідзем на Рычарда Гіра. На мой погляд, гэта найлепшы амерыканскі актор. Нягледзячы на свой узрост, ён не губляе мужчынскай абаяльнасці, – урачыста абвясціла Ліза і ўручыла мне два квіткі ў “Піянер”. Фільм называўся “Давайце патанцуем!”. Як я зразумеў, Ліза яго ўжо глядзела, і не адзін раз.
Шукаць месцы нам не давялося: у нас быў першы шэраг.
– Тут ніхто нам ня будзе замінаць! – яна скінула з сябе куртку і ўладкавалася ў крэсле.
Ліза захоплена глядзела, смяялася і плакала разам з акторамі, шчыра перажывала за ўсё, што адбывалася на экране. А я ўпотайкі назіраў за ёй. Раптам я адчуў яе руку ў сябе на калене. Па маім целе прабеглі дрыжыкі. Я асцярожна абхапіў яе абедзвюма рукамі за стан, і мы пацалаваліся. Лізіны рукі слізганулі мне пад кашулю. Я жарсна цалаваў яе вусны, рукі і шыю. А яна лашчыла мой торс. Яе далоні былі гарачыя і мяккія. Маё цела патрабавала працягу.
Да нас падышла жанчына з бэджам і настойліва папрасіла пакінуць залу. Мы не сталі пярэчыць.
На вуліцы ішоў дробны цёплы дождж. Яна ўзяла мяне за руку, і мы пабеглі. Неўзабаве мы апынуліся на прыпынку. Ліза сціснула маю руку і пацягнула за сабой у трамвай.
Ліза прывяла мяне ў аднапакаёвую кватэру, якую, відавочна, здымалі студэнты: два ложкі, два сталы, шафа, тумбачка, люстэрка і стос кніжак проста на падлозе. На сценах – постэры N.R.M., “Валадар пярсцёнкаў”, Рычард Гір, а над ложкам – бел-чырвона-белы сцяг, прыколаты да светла-зялёных шпалераў значыкамі “За свабоду”.
– Мы здымаем кватэру з аднагрупніцай. Але сёння яна ў свайго хлопца. Мы зусім адны…
Ліза падышла да мяне так блізка, што я мог адчуць яе дыханне. Я хацеў пацалаваць яе, але яна раптоўна зрабіла крок назад. Я запытальна зірнуў на яе. Ліза адвяла вочы і сказала:
– Хадзем на кухню!
Лядоўня была абклееная налепкамі і магніцікамі з выявамі розных гарадоў, а на пліце стаяў вялікі рондаль з кампотам. Яна згатавала дзве гарбаты “каркадэ” і дастала скрыначку вішнёвых цукерак. Некалькі хвілінаў панавала цішыня.
– Я табе казаў, што ў цябе незвычайныя вочы? – сказаў, каб неяк спыніць няўтульнае маўчаньне.
– Ужо сотню разоў, дурненькі!
Яна падышла і села мне на калені так, што яе грудзі аказаліся насупраць майго твару. На Лізе не было станіка, і смочкі спакусліва выпіралі з-пад лёгкай кофтачкі.
– Ты кахаеш мяне? – запытала яна, кранаючыся сваімі вуснамі да маіх.
– Я цябе вельмі кахаю...
Мы пацалаваліся. Кожны яе дотык быў напоўнены пяшчотай. Яе рукі павольна расшпільвалі маю кашулю. Ліза дазволіла сцягнуць з сябе кофтачку, і цяпер яна сядзела ў мяне на каленях у танюсенькай маечцы і гладзіла сваімі пяшчотнымі рукамі маю спіну. Я апантана цалаваў яе плечы, шыю, вусны і сквапна ўдыхаў водар яе цела. Ліза пахла мёдам з малаком. І я не мог зразумець – гэта парфума, шампунь ці натуральны пах скуры… Ад гэтага водару я п’янеў.
Супольнымі намаганнямі мы сцягнулі рэшту вопраткі. Ліза стаяла перада мной у адных майтках. Яна была чароўная і безабаронная, як анёлак, які спусціўся на зямлю. Я шапнуў ёй:
– Хачу цябе! – і жарсна пацалаваў у вусны.
Ліза сударгавата схапіла мяне за руку і, глянуўшы ў вочы, сказала:
– Гэта ў мяне першы раз…
– Не хвалюйся, мілая. Даверся мне…
Мы вярнуліся ў пакой. Я пяшчотна ўзяў Лізу на рукі і акуратна паклаў на ложак. Дзявочае цела калацілася, а скура пакрылася дрыжыкамі, што надавала яму яшчэ больш сексуальнасці. Яна глядзела на мяне спалоханымі і разам з тым закаханымі вачыма. Я нырнуў пад коўдру.
Ліза выцягнула руку і патушыла святло…

* * *
Нараніцу, пакуль Лізачка салодка спала, я падсмажыў тосты з сырам і прынёс іх ёй у ложак з кубачкам кавы.
Гэтай ноччу Ліза стала маёй жанчынай. Я кахаў яе ўсім сэрцам. Цяпер нас ніхто і нішто не зможа разлучыць!

7.

За апошнія месяцы мы з Лізай моцна зблізіліся, сустракаліся некалькі разоў на тыдзень, хадзілі ў кіно і тэатр, проста шпацыравалі па начным Мінску. Але сексу паміж намі больш не было.
– Усяму свой час! – любіла казаць яна і пераводзіла размову на іншую тэму. Зрэшты, я не настойваў.
Пасля выбараў у знак пратэсту моладзь разгарнула намётавае мястэчка. Ліза там праводзіла круглыя суткі, а я пад’язджаў пасля працы. Гэтай ноччу стаялі некалькі сотняў чалавек, збольшага – моладзь. Я быў у ланцугу ачаплення, а Ліза разносіла гарачыя каву і гарбату.
– Калі што – сустракаемся ля Ратушы! – сказала Ліза і растварылася ў натоўпе. Ёй прыйшлося крычаць: з дынамікаў грала музыка, а з іншага боку спрабавалі мітынгаваць. Я не адчуваў рук, вушы і нос замерзлі. Цягам апошніх дзён тэмпература не падымалася вышэй 20 стопняў марозу.
Раптоўна пасярод ночы пад’ехалі аўтазакі – вялікія цёмна-зялёныя “МАЗы” для развозу арыштантаў. З машынаў пасыпаліся спецназаўцы і ўзялі нас у шчыльнае кола.
– Представителей средств массовой информации просим выйти за оцепление сотрудников милиции! – абвесцілі па гучнай сувязі і ў натоўпе запанавала паніка.
І тут я зразумеў, што ўсё вельмі сур’ёзна. Я адразу стаў шукаць Лізу, але яе нідзе не было. Я гукнуў, але без адказу. У мяне было журналісцкае пасведчанне, я мог сысці, але застаўся ў ланцугу. Ліза б мне проста не прабачыла.
Нехта скамандаваў, і мы селі на пляц. Пачуўся жаночы лямант і енк. Людзей выцягвалі за рукі і ногі, бесцырымонна кідалі ў машыну. Тых, хто супраціўляўся, білі нагамі па жываце. Дзяўчат хапалі за валасы і цягнулі па тратуарнай плітцы. Пры гэтым іх абзывалі “гнідамі” і “сучкамі”. У аднаго хлапца ўвесь твар быў заліты крывёй. Ён ляжаў на асфальце і глядзеў мне ў вочы, нібы прасіў дапамогі. Яго паднялі за куртку і закінулі, як і іншых, у аўтазак.
На Акрэсціна нас паставілі ўздоўж сцяны і пачалі афармляць. Вачыма я шукаў Лізу, але дзяўчат сярод прысутных не было. Напэўна, іх трымаюць недзе асобна. Я так і не дастаў журналісцкае пасведчанне…
Назаўтра нас, чалавек 40, запіхнулі ў старэнькі “ЛАЗ” і адвезлі ў суд. Разгляд справы доўжыўся 5-7 хвілінаў. Супраць мяне сведчылі двое спецназаўцаў, якіх я бачыў упершыню. Зрэшты, як і яны мяне. Паводле іх “паказанняў”, я быў п’яны і прыставаў да прахожых. Мне, як і большасьці затрыманых, далі пятнаццаць сутак.
У камеры, разлічанай на дзесяць арыштаваных, нас было дваццаць. Холадна і цесна.. Перадачы забароненыя. Але самае цяжкае – недахоп інфармацыі. Мы хацелі ведаць, што насамрэч адбываецца? Ці ёсць хто на плошчы?
Ніхто з маіх сукамернікаў не ведаў пра лёс Лізы, але ўсе шчыра суперажывалі. Не дапамог і турэмны тэлефон – вентыляцыйная шахта, якая злучае ўсе камеры на паверсе.
Апоўдні вывелі на калідор на прыём да фельдшаркі – паўнаватай жанчыны ў гадах і вялікіх акулярах. Яна мерала ціск і тэмпературу. Калі заводзілі назад у камеру, я пачуў знаёмы голас: гэта была Ліза!
На трэці дзень у суседнюю камеру падкінулі трох чалавек. Іх забралі пад час шэсця 25 сакавіка. Яны сказалі, што Лізе далі сем сутак.

8.

А трэцяй ночы пачалі вызваляць. Нас сустракалі з шампанскім. Было мноства людзей: журналісты з мікрафонамі і тэлекамерамі, палітыкі, дыпламаты, паплечнікі, у тым ліку тыя, хто ўжо адседзеў свае “суткі”.
Але той, каго больш за ўсё прагнуў пабачыць, думкі аб якой сагравалі ўвесь гэты час, не было.
Яе мабільны тэлефон таксама не адказваў. Усе толькі паціскалі плячыма. Няголены і нямыты, я адразу ж узяў таксоўку і паляцеў у Серабранку да яе на кватэру. Мне адчыніла заспаная зграбная бландынка ў белай мужчынскай кашулі. Было відаць, яна не адна.
– Прабачце за ранні час, а дзе Ліза? – запытаў я, падумаўшы, ці не памыліўся адрасам.
– Я ўжо тыдзень яе не бачыла, – дзяўчына зрабіла паўзу. – Хіба не з табой?
Я павярнуўся на выхад, але дзяўчына схапіла мяне за руку:
– Слухай, як даведаешся што з Лізкай, паведамі. Я вельмі хвалююся.
Я кіўнуў.
Пад раніцу вярнуўся дадому і залез пад душ. Я цёр сябе мылам і вяхоткай, але турэмны пах не сыходзіў. Ад мяне патыхала тытунем і мачой.
Але дзе яна магла знікнуць?
А восьмай раніцы пачаў абзвоньваць сяброў і паплечнікаў, аддзяленні міліцыі і шпіталі – ніхто нічога не ведаў. Гэта толькі ў нашай краіне сярод белага дня можа знікнуць чалавек і ніхто нічога не даведаецца.
Я адчуў сябе самотным і кінутым, у галаву лезлі непрыемныя думкі. Няўжо яна вырашыла сысці ад мяне, нічога не сказаўшы?
І тут я ўзгадаў апошнія словы, якія Ліза сказала перад разгонам мястэчка: “Калі што – сустрэнемся ля Ратушы!”
Ужо праз паўгадзіны я быў на месцы. Прачакаў да позняга вечара. Яна так і не прыйшла. Я ўглядаўся ў паўзмрок вуліцы, здавалася: “Яна! Гэта дакладна яна!” Бег насустрач і кожны раз прасіў прабачэння ў збянтэжанай незнаёмкі: памыліўся.

9.

Мяне звольнілі з працы, не працягнуўшы кантракт. Да бацькоў прыходзілі з КДБ, распытвалі пра мяне і пагражалі праблемамі. Потым памёр дзед – мой любімы дзядуля, які прышчапіў мне любоў да Беларусі, навучыў мяне быць цярплівым і сумленным. Яго смерць была нечаканай, і я доўга не мог прыйсці ў сябе.
Сёння роўна два гады, як я ўпершыню сустрэў Лізу. Яна змяніла мой светагляд і маё жыццё. Я загаварыў па-беларуску, здабыў новых сяброў, навучыўся змагацца за свае правы. Мы кахалі адно аднаго больш за ўсё на свеце. А потым яна знікла, прапала, не пакінуўшы і следу сваёй прысутнасці. Яна засталася толькі ў маім сэрцы… Мне здаецца, я ўсё яшчэ кахаю…
А можа быць, гэта была ілюзія, фантом? І нашае каханне – усяго толькі плён маёй хворай фантазіі? Няўжо я мусіў прайсці праз гэта пекла, каб зразумець сапраўдную каштоўнасць свабоды і шчырага кахання?
Я сядзеў на парапеце і пускаў каменьчыкі па вадзе. Па ціхай Свіслачы разыходзіліся хвалі. Недзе ўдалечыні кракалі качкі.

10.

У Сядзібе – базавы семінар для новых сяброў. Поўная зала, пераважна хлопцы і дзяўчаты 16-18 гадоў. Бальшыню я бачыў упершыню. Пачалі са знаёмства, кожны мусіў распавесці, як прыйшоў да беларушчыны і чым хоча займацца ў арганізацыі.
Алесю сямнаццаць. Вучыцца на першым курсе філфаку БДУ.
– Мая дзяўчына ўжо некалькі год у Маладым Фронце. Яна мяне і спакусіла гэтай справай, – ён гаварыў па-беларуску з памылкамі, але было відаць – стараецца.
У Алесю я пазнаў сябе двухгадовай даўніны. Калі б не Ліза, я і далей бы сядзеў у той “газецёнцы”, а можа, стаў бы сакратаром БРСМ. У любым разе, я быў бы па іншы бок барыкадаў.
Я зайшоў ў пад’езд свайго дому і звыкла сунуў мезінец у дзірку паштовай скрыні. На маё здзіўленне, ён на нешта натыкнуўся. Там было пісьмо. На двух марках – партрэт Адама Міцкевіча і подпіс: “Poczta Polska”. Зваротны адрас не пазначаны.
У канверце быў картонны запрашальнік на польскай мове: “11 верасня ў 19.00 у Палацы Культуры і Навукі (Варшава) адбудзецца прэм’ера спектаклю “Гражына” паводле аднайменнага твору Адама Міцкевіча. Запрашэнне на дзве асобы.”
З адваротнага боку напісана ад рукі: “Я ў галоўнай ролі. Абавязкова прыязджай! Ліза”.
Я быў раз’юшаны: яна знікла на два гады, а цяпер, як ні ў чым ні бывала, дасылае запрашальнік на чортаў спектакль. Але я не мог не паехаць. Я ўсё яшчэ яе кахаў. Я спадзяваўся…

11.

На мяжы мяне прашманалі: вывелі з купэ цягніка, распранулі, праверылі торбы і кішэні, як у крымінальніка. Нават у турме я не адчуваў такога прыніжэння.
У тэатральнай зале было шматлюдна, у асноўным – студэнцкая моладзь. Роля Гражыны вельмі пасавала Лізе. Здавалася, Міцкевіч пісаў менавіта пад яе. Жанчыны на першых шэрагах плакалі. Актораў тройчы прасілі на біс.
У буфеце частавалі віном і шампанскім. Са службовага выхаду паказалася Ліза. Яе адразу ж абступілі карэспандэнты і фатографы, заміргалі бліскавіцы. Я пераканаўся, што гэта тая самая Ліза – яркая, натхнёная, упэўненая ў сабе. Раптам да яе падышоў хлопец у дарагім гарнітуры, чмокнуў у шчаку і нешта шапнуў на вуха. Ліза ўсміхнулася. Яны ўзяліся за рукі і, прайшоўшы ў двух метрах ад мяне, выйшлі вонкі. Яны размаўлялі па-польску. Ён адчыніў перад ёй дзверы свайго чорнага BMW, і яны паспешліва з’ехалі.
Адбылося тое, чаго я баяўся: яна мяне не пазнала. Я вярнуўся ў апусцелы буфет. Я быў зломлены і расціснуты. Падышоў да барнай стойкі і папрасіў кілішак віскі. І раптам мяне гукнуў незнаёмы голас.

12.

– Ты і ёсць той самы сябра Лізы? – перада мной стаяў хлопец з прыгладжанымі гелем валасамі. Ён глядзеў мне проста ў вочы. Заўважыўшы маё здзіўленне, дадаў:
– Я Алесь. Я быў на Плошчы, мы сядзелі ў суседніх камерах. Ты яшчэ пытаў, дзе Ліза. Бачу, ты яе знайшоў.
– Баюся, што сёння я яе страціў, – я не мог стрымаць слёз, ад болю сціскала грудзі. – Яна мяне кінула.
– Не, дружа, яна цябе не кінула. Яна проста вырашыла пачаць новае жыццё. Зразумей яе, дай ёй шанец.
“Шанец! Які яшчэ шанец!?” – падумаў я сабе. Мяне раздзірала рэўнасць і крыўда.
– Чуў, ты стаў важным чалавекам? – мой суразмоўца паспрабаваў змяніць тэму.
– Я ўсяго толькі каардынатар менскай арганізацыі, – адказаў я. Мне не хацелася пра гэта гаварыць. Толькі не цяпер. – А хто той фраер у гарнітуры, які пайшоў з Лізай?
– Гэта яе жаніх. Макс. Яны сябры з дзяцінства. Яго бацькі гадоў пяць таму атрымалі палітычны прытулак, забралі з сабой Макса. У іх тут свая фірма. На жаль, яны даўно адышлі ад беларускіх справаў.
– А як жа яна?
– А што ёй заставалася? Яна адсядзела свае суткі, праз дзень як выкінулі з універсітэту. Падчас адсідкі ў доме яе бацькоў правялі вобшук. У маці здарыўся інфаркт, яны пасварыліся, і Лізу выставілі за дзверы. Ёй нават не было за што паесці! Прапанавалі ехаць сюды, яна пагадзілася. Ёй проста не пакінулі выбару!
– А чаму мне… А чаму мне яна нічога не сказала? Не паведаміла…
– Напэўна, яна баялася цябе расчараваць. Яна хацела, каб ты запомніў яе непакорнай змагаркай. Але пад гэтай, знешне бясстрашнай абалонкай, жыве безабаронная пяшчотная дзяўчына... Тут яна ўладкавалася, ёй дапамог Макс. Яе без праблемаў прынялі на акторскае ў Акадэмію мастацтваў. А я вучуся ў Палітэху па праграме Каліноўскага.
– Дык, атрымліваецца, усё было дарма? – спытаў я ў Алеся, дапіваючы віскі.
– Ты ёй прабач і прымі як ёсць. Яна вольная птушка. А раптам, глядзі, перадумае і вернецца, – Алесь спрабаваў мяне суцешыць. – А сам лепш, кідай усё і пераязджай да нас. Бо рана ці позна дабяруцца і да цябе.
Яго словы мяне абразілі. Няўжо гэты чалавек думае, што я магу проста так усё кінуць? Але я не пакрыўдзіўся, бо разумеў: ён жадае мне толькі дабра.
Я моўчкі паціснуў руку новаму знаёмаму і бліжэйшым цягніком з’ехаў у Менск...