12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Леанід Галубовіч

_____________________
“Мы адкуем сябе ў агні паразы”.
Нататкі пра кнігу паэзіі Славаміра Адамовіча “Рым”


Адамовіч Славамір. Рым: выбраныя вершы. 2002 – 2010. Беларусь – Нарвегія: вершы. – Мінск: Медысонт, 2011. – 108 с.

Калі я пабачыў праект помніка Янку Купалу і Якубу Коласу “Набат” (бацькі і сына Гумілеўскіх), што будзе ўсталяваны ў Варшаве, – гэтую арыгінальную звон-ліру, то мой розум адразу перакінуўся на асобу сучаснага беларускага паэта Славаміра Адамовіча, які, на маю думку, больш адпаведна ўвасабляе вобраз менавіта такога паэта-званара, бо, як ведаем з гісторыі, постаці нашых славутых нацыянальных песняроў, творчы і жыццёвы шлях якіх быў падпарадкаваны, як бальшавіцкаму змусу, так і ўласнаму канфармізму, не настолькі адназначна пасуюць выяўленаму скульптарамі вобразу... Разумею, што ў гэтым месцы са мной будуць спрачацца, – для таго і пішу. А пакуль цытата з новага зборніка паэта Славаміра Адамовіча “Рым”:

О так, я вярнуся і буду, як босы на вогнішчы;
о так, я вярнуся, таму што як той пралетар,
хто толькі свае адзначае купальлі й вадохрышчы,
і крэсівам словаў вялікі ўсчынае пажар.
Пра гэты зборнік апальнага паэта і пойдзе далей гаворка. Для гэтага зазірну ў самы пачатак яго літаратурнай творчасці. Першая кніжачка Адамовіча, што выйшла ў “Бібліятэцы часопіса “Маладосць” у 1990 годзе, мела тонкую лірычную (з сімвалічнай падсветкай) назву: “Кальварыйскія клёны”. Лепшыя творы гэтага зборніка я адношу да найбольш выбітнога паэтычнага плёну паэта. Як прароча выдыхаліся той парой і сёння помныя радкі з некаторых яго вершаў:

О вобразы крывіцкія! О свет
І любасць над усім без атачэння!
Як хутка ападае белы цвет
І як марудна спее плод праменны.

Далей паэта зацягнула ў вір перабудоўчага грамадскага і нацыянальнага руху. Ад спакусы быць гаўрошамі пратэстных сходаў, мітынгаў і дэманстрацый утрымаліся толькі моцныя духам і халодныя розумам. С. Адамовіч быў не з іх. Ён паспрабаваў заявіць пра сябе ў творчай суполцы “Тутэйшыя”, але, відаць, адэкватна ацаніўшы свае сілы (ідэйны сцяг там надзейна трымалі А. Сыс і А. Глобус), скіраваў сваім шляхам. Пачаў ствараць нацыялістычную партыю “Правы рэванш”. З ёй і патрапіў у хітра пастаўленае сіло камітэтам дзяржаўнай бяспекі. Яго тэатралізаваны нацыяналістычны выступ у Доме літаратара быў скарыстаны тэлебачаннем, якое круціла ў вячэрнія часы зазняты ў пісьменніцкім доме і хітра змаціраваны рэжысёрам Ю. Азаронкам, дакументальны фільм “Дзеці хлусні...” напярэдадні рэферэндума па мове і сімволіцы (1995). Сёння мы ведаем, на карысць чаго і каго прагаласавала, хоць і нязначная, большасць беларускіх людзей. І недастаючыя пяць працэнтаў, магчыма, выцыганіла ў народа якраз тая аблудная тэлепрапагандысцкая страшылка нацыяналізмам. Таму далей паэту трэба было неяк апраўдвацца, залізваць раны і замольваць, пэўна, адчувальную ўласным нутром віну. Так неўзабаве з’явіўся верш-правакацыя “Убей президента!”, за распаўсюд якога Славамір Адамовіч быў пасаджаны амаль на год за краты “Віцебскага цэнтрала”...
Хачу вышэй згаданым падкрэсліць, што адсюль і пайшла мастацкая зніжка ці, калі хочаце, аднастайнасць, як тэматычная (нацыянальна-адраджэнская), так і творчая (лірычная вобразная заглыбленасць змянілася патэтыкай і рытарычнас­цю) у творчасці паэта. А так як эгацэнтрычнасць натуры С. Адамовіча прагла парнаскага першынства, то спатрэбіліся і сродкі прыцягвання публікі да сваёй персоны (зашыванне рота на мітынгу, ад’езды ў ЗША і Нарвегію) і творчасці (выявы вокладак кніг “Плавільшчыкі расы” і “Турэмны дзённік”). За вымогамі напаміну чытачам пра сябе, Адамовіч, нярэдка, забываўся ці не прыдаваў асаблівага значэння высокаму факту мастацтва ў сваіх новых вершах. Пачынаю­чы ад “Зямлі Ханаан”, “Спіралі Бруна” і асабліва “Плавільшчыкаў расы” (з эратычным фота юнака з фаласам на вокладцы), Славамір стаў працаваць на публіку (зазываць свайго чытача). Да слова, у яго калегі і патаемнага спаборніка на ніве творчасці А. Сыса быў свой яркі імідж, але тое не тычылася яго паэзіі, якая заставалася аазісам сярод выпаленай пустэльні ўласнага жыцця. У Адамовіча ж вірусы эгацэнтрызму глыбока праніклі ў самую стуктуру яго вершаў (змест, ідэю і нават форму). Зрэшты, як мы ведаем, сёння шмат хто пры патрэбе і неабходнасці ўмеюць пісаць дабротныя вершы, але мала хто з іх дабраахвотна ўзвальвае на сябе цяжкі Крыж Паэта з усімі дачаснымі, часам трагічнымі, вынікамі. Безумоўна, гэтыя прапісныя правілы С. Адамовіч добра засвоіў. Ці не таму, як апраўданне, з’яўляюцца ў яго такія радкі:

Хто ж там прагне вершыкаў Славы?
Хто ў эфіры мой ловіць крык?
Я пісаў языкамі лавы,
а ў адказ мне – зьмяіны сык?

Дазволю сабе ў дадзеным выпадку не паверыць паэту.
Кніга названа “Рымам”. Рым для Адамовіча – гэта фізіялагічны, як ён піша, неспакой, прадчуванне чагосьці, а як на мой погляд, то рым для Славаміра – гэта звычайная хэнць (як любіць казаць філосаф Акудовіч), узбуджэнне ўласнай натуры дзеля чарговай грамадзянскай ці творчай акцыі. Заўважу паралельна, што выдаўшы гэтую кніжку вершаў і адначасна пачаўшы публікацыю рамана “Цана Еўропы...” ў часопісе “Дзеяслоў”, аўтар усклаў на сваю літаратурную рэ­путацыю дадатковыя патрабаванні з боку чытацкай публікі. Аднак, на маю думку, атрымалася так, што з падвойнай сілай выявіўся сам творчы і мастацкі воблік творцы, як асобы, з усімі яго харатэрнымі поглядамі на літаратуру, грамадства і жыццё ў цэлым. Але пры гэтым усё ж пацярпела мастацкая аснова зборніка вершаў, самаснае жыццё якой стала толькі падсветкай упомненага празаічнага рамана. (Дарэчы, Славамір у сваім блогу пажаліўся, што ў аглядзе “Дзеяслова”, я не поўна і аднабакова пракаментаваў публікацыю рамана, не адасобіўшы аўтара і галоўнага героя, а таксама не правёўшы выразную ідэйную лінію твора. Не крыўдую, ведаю, што сёння так ставіцца да наўзбочных адносінаў да свайго твора амаль кожны аўтар. Хоць у нечым ён мае рацыю, і па завяршэнні публікацыі рамана я, безумоўна, больш шырока і акцэнтавана паспрабую вызначыць яго лепшыя і хібныя бакі, найперш як твора мастацкага. Яшчэ параіў бы аўтару пры выданні рамана кніжкай уключыць у яе змест і вялікі цыкл вершаў са зборніка “Рым”, найперш тых, што адпавядаюць тэматыцы і ідэйнай скіраванасці яго “нарвежскай” прозы.) Але вернемся да зборніка “Рым”. Напраўду сказаць, чытаючы прадмову да яго, якую напісаў не крытык і не паэт нават, а празаік старэйшага пакалення Васіль Якавенка, нядаўні публіцыст і цяперашні раманіст з дакументальным ухілам (дарэчы, рэдактар колішняй газеты “Набат”), гаворыць пра тое, што сам паэт знаходзіцца ў літаратурным вакууме. У яго няма моцных і глыбокіх творчых сувязяў з калегамі па пяру. Прасцей скажам, за адсутныя на Айчыне гады гэтыя сувязі паэтам былі амаль страчаныя. Іначай аўтарства прадмовы нічым іншым вытлумачыць немагчыма, пры тым што яна напісана цёпла і, можна сказаць, у характэрным для С. Адамовіча ідэйным рэчышчы, аднак жа, павярхоўная ў тым, што тычыцца самой сутнасці яго паэтычнай творчасці і мастацкіх напрацовак у цэлым. Але пры тым само з’яўленне яе адназначна падказвае чытачу, што яго чакае сустрэча з вершамі гістарычна-адраджэнскай, нацыянальна-свядомаснай ды грамадска-сацыяльнай тэматыкі.

Аднойчы я прайшоў яе наскрозь –
Радзіму, што прысніў у снах трывожных.
І стаў шукаць зямное кулі вось
далёка ад айчынных раздарожжаў.

Што такое паэзія? Найперш, гэта дух аўтара (яго лёсу, часу, эпохі) выяўлены ў слове. Паэт С. Адамовіч моцны сваёй натуральнасцю. Энергетыка з яго проста прэ. Ён пастаянна ў эмацыйным роздуме над асабістым выракам і лёсам сваёй Айчыны. Нават спустошаны, паэт штучна напаўняе сябе творчым эфірам. Не хавае сваіх хібаў і ваганняў:

...свой верш пляту я, быццам грубы трал.
Я словамі прыгожымі не сьпешчаны...
Ты ведаеш, люблю я ў словах соль.
І блізкае да гэтага як у вершы “Смокча мяне памяць...”:
Не хапае словаў –
перайду на крык.

Большасць тэкстаў зборніка ўяўляюць сабой вершаваны дзённік. Усе яны пераважна біяграфічнага складу – і ў побытавым, і ў духоўным, і ў душэўным плане. Паэт нярэдка робіць прызнанні ў чыста ясенінскім стылі:

Далей ня памятаю – прачнуўся
і вершам выпаў на чысты ліст,
волю даўшы сапраўдным пачуццям,
з крыкамі болю чаргуючы сьвіст.

Часта і вельмі добрыя па першапачатковаму пасылу вершы заканчваюцца не тое што неўразумела, а на нейкім душэўна-мазгавым ступары аўтара, як, скажам, вось гэты:

Жанчына не прыйшла,
і маладосць мінула,
і доўгая шаша
закончылася шулам.

Ёсць тэксты настолькі аголеныя ўнутранай праўдай паэта, што іх можна было б вынесці не на старонкі вершаванага зборніка, а на старонкі газеты “Народная воля”. Да прыкладу, такія радкі (ад пачату і да канца нязменныя ў сваёй вульгарнай рытарычнай стылістыцы):

Бачу ўсё: як улазяць у скуру,
як аж плішчуцца вон з яе,
з польскім акцэнтам кажучы – курвы,
а па-нашаму – бледаўе.
Што ж вы, сукі, на целе Краю
выкабельваеце кубло?
У спадзеве, што вашу зграю
абароняць сіла й бабло?

Альбо як у вершы “Беларускай моладзі”:

Стойце мужна на нашых пляцах!
Стойце смела, ні кроку назад!
За нашу свабоду! За вольную працу!
За свой, за новы свабодны ўрад!

Іх бы ў свой час Маякоўскаму ў “Окна РОСТА”. Да такіх можна аднесці і верш “Дажынкі-2009” і яшчэ некалькі падобных. Яны вартыя ўвагі толькі як ідэйныя чыннікі аўтара. Іх можна (і трэба) друкаваць у партыйных-палітычных ды іншых нацыянал-ідэалагічных выданнях. Урэшце сённяшні Славамір Адамовіч – гэта не Мікола Засім і не Міхась Васілёк – і па таленту, і па абставінах жыцця і часу. Пачытайце своеасаблівую фінансавую паэму ў 2-х частках “Дэбет/крэдыт”, дзе, пасля шматлікіх арыфметычных падлікаў, выводзіцца чаканая для аўтара (ды і чытача) выснова: “Такім чынам працаваць няма сэнсу,/ і я/ з а с т а ю с я п а э т а м”. (Нібыта паэтам працаваць не трэба.)
Безумоўна, С. Адамовіч адчувае гэтую голую рытарычнасць і надломленую пафаснасць, але нічога не можа з сабой зрабіць, бо вычувае, што толькі такім чынам (такім паэтам, запатрабаваным палітычным часам) ён можа быць а б а з н а н ы м у сваёй змагарнай Радзіме. Здавалася б, у вершы “Сьвежы, чысты і здаровы...” ён спрабуе пераасэнсаваць свой жыццёвы і творчы вопыт, жадаючы быць “паэтам красы і сілы”, але літаральна праз некалькі старонак яшчэ раз запэўнівае свайго чытача, што “калі заўтра вайна,/ я буду найлепшым салдатам”.
Што ж, досыць сыпаць соль на душэўныя раны паэта. Адчуваецца, што сёння яму бракуе паразумення і цеплыні сяброўскіх узаемаадносін, якія ў пэўны час ён сам, сыходзячы з прагматыкі моманту, і замарозіў... Душа адтала, але яшчэ поўна не аднавілася. Час паэтычнага ўваскрашэння Славаміра Адамовіча, хочацца спадзявацца, наперадзе. Пра гэта прагаворваюцца яго адмысловыя вершы, якіх таксама дастаткова ў зборніку “Рым”. Менавіта яны для мяне і вызначаюць талент паэта. Хіба такія радкі пакінуць чытача абыякавым:

Не прыязджай! Вярні мяне назад!
У дыпкур’ерскім правязі праз межы...
Я так хачу убачыць плодны сад
і позірк твой, пасля кахання свежы.

Тут няма месца для патэтыкі, надуманасці і хлуслівасці ў імя хай сабе і высокай ідэі, а ёсць месца ўзвышанасці – там, дзе паэт застаецца сам-насам перад уласным выракам, дзе сэнс жыцця асільвае прагматычныя пошукі магчымасці для існавання. А тое, што С. Адамовіч валодае паэтычным майстэрствам, што адчувае тонкую вібрацыю слова і голасу, можа прыводзіць да стану гармоніі неўтаймоўны хаас сваіх чалавечых эмоцый і пачуццяў, не навіна. А яшчэ лепшая навіна, што ў сваім жыцці “на перакладных”, у пастаяннай “езде в незнаемое”, ён даастатку не страціў адпушчанага яму таленту. (Нікога з чытачоў не павінны зводзіць у зман мае строгія і чыста суб’ектыўныя меркаванні пра яго творчасць, гэта сыходзіць ад маёй павагі і адметнай зацікаўленасці да яго паэзіі, ад жадання быць хоць нечым карысным у яго далейшай творчасці і поўным раскрыцці ягонага мастацкага патэнцыялу.) Таму, не зважаючы на крытычны тон гэтых маіх разважанняў, усё ж лічу С. Адамовіча адным з найбольш заўважных і высока адораных нашых паэтаў. Ён – адмысловы лірык, якога лёс змусіў хадзіць па гарачых вуголлях часу. Ён – спакутаваны гэтым неміласэрным часам – і боль ёсць адзіным яго натхненнем і выратаваннем, што агалошваюцца яго словамі адчаю, роспачы, пратэсту і спадзеву... Ён – яшчэ верыць. Тым і жыве, тым і жывы. Як і яго паэзія ўвогуле.

Ты ведаеш, мой дарагі зямляк,
што азначае жыць гадамі ў скрусе,
з нянавісьцю глядзець на мяккі знак
і бачыць здрайцу ў кожным беларусе.
Ты ведаеш, мой ранньні эпігон,
пісаць адно, а жыць жыцьцё другое,
вядома, можна, толькі як закон,
у выніку ні вершаў, ні героя.
Я столькі год, напрыклад, ні гу-гу,
адзін у гэтым вольным еўразьвязе.
І хоць падбі падковамі блыху –
тутэйшыя не зойдуцца ў экстазе.
Мы іншыя, зямляк, і напінаць
перыферыю жыл няма патрэбы,
а калі ўсё ж за нешта паміраць,
дык за цяпло сваёй айчыннай глебы.

Да падобных выбітных вершаў я аднёс бы і такія, як “Памятаеш, каха­ная...”,
Агонь, “Няўжо і пра цябе, о Сандвіка...”, “Калі я бачу, што бачу...”, “Госьця”, “Я дома быў! Я над гняздом зязюлі!..”, “Ты кажаш: пакайся, вярніся ў Будслаўе да маці...”, “Раманс”, “Да трэцяй гадавіны пахаваньня Анатоля Сыса”, “Калі заўтра вайна”, “Музыка”, “Перад кампутарам”, “Паўстаць з нічога не проста...”. Зрэшты, у кожнага чытача магчымы свой выбар.
Але і праходзіць незаўважна міма такіх радкоў таксама не варта, ёсць у іх сярмяжная праўда цяперашняга С. Адамовіча:

Ня тое ўсё! Ня так і не пра тых!
Аслаб, ачах, кудысьці зьнілі сілы,
І словаў не хапае залатых,
І сьняцца сны пра сьвежыя магілы.

Але гэта між іншым. Як чарговая заўвага на палях.
Напрыканцы не магу не выказацца і наконт васьмі рускамоўных вершаў, уключаных аўтарам у гэты зборнік. Што праўда, сказаць пра іх нешта пэўнае мне цяпер не можацца ды і не хочацца. Працытую лепш самога аўтара:

Вот это да – на странном языке
воссоздавать картину мирозданья,
слова катать тропинкою к реке
иль бормотать в минуту несознанья.
Я всё же знаю много языков,
хотя не так, как нужно бы для спора.
И в мудрость верю: избегай оков,
не заводя пустого разговора.

На тым, як казаў Маякоўскі, “вопрос исперчен”.
Як мне падалося, публікацыі рускамоных вершаў сведчыць яшчэ і пра тое, што нацыялістычны пасыл не галоўны для С. Адамовіча (гэта падцвярджае і верш “Адракаюся”, напісаны ім у 2004-м да 10-й гадавіны І з’езду беларускіх нацыяналістаў) . Якраз найбольш праяўляецца (асабліва ў згаданым яго рамане “Цана Еўропы...”) антыглабалісцкі накірунак яго цяперашняй ідэйнай творчасці (адсюль, і гэтыя іншамоўныя вершы, дарэчы, нярэдкія госці і ў папярэдніх яго кніжках, – а магчыма, і тут паэтам закладзены своеасаблівы метад правакацыі?). Між іншым, яшчэ напрыканцы свайго зняволення ў 1997 годзе, у кніжцы ”Турэмны дзённік” сам аўтар выказаўся так: “Убей президента” – верш наколькі вядомы, настолькі і слабы”. Не на шмат лепшыя і ўключаныя ў зборнік “Рым”.
Што ж, пара выкласці ёмкае рэзюме.
На меркаванне рэцэнзента, апошні з выдадзенных зборнікаў С. Адамовіча адназначна не працуе на мастацкае ўзвышэнне паэта, бо яго папярэдняя кніга “Плавільшчыкі расы” (1999, рэдактар С. Дубавец) была і пакуль застаецца для мяне, як для чытача, непераадоленай ім у гэтым сэнсе. Цяпер Славамір Адамовіч на Радзіме. Наперадзе ў яго вялікая творчая свабода. Застаецца толькі згарманізаваць з ёй сваю духоўную волю і паэтычнае натхненне.