12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Леанід Галубовіч

_____________________
Вакол першай кніжкі Віталя Рыжкова.
Тэзісы да ненапісанай рэцэнзіі

“Мяне само паэтычнае рамяство ставіла ў тупік.
Ды і што тут скажаш... Вызначаць паэзію гэта ўсё адно,
як форму ветра шукаць, таму яна больш безадказная,
а з другога боку – больш свабодная.”
Алег ЧУХОНЦАЎ

Задумаўшы пасля прачытання зборніка Віталя Рыжкова “Дзверы, замкнёныя на ключы” (выдавец І. П. Логвінаў, 2010) адгукнуцца на яго ў друку, я час ад часу, перачытваючы старонкі гэтага адметна скроенага выдання, рабіў паметкі на палях, крэсліў заўвагі на шматках паперы і набіраў нейкія тэзісы на кампутары да магчымай рэцэнзіі. Аднак агулам цэльнага тэксту так і не атрымалася. Ды ўсё ж падумалася, што і гэты калейдаскапічны раздроб пры прачытанні можа скласціся ў пэўную суб’ектыўна-ацэначную карціну.

Усім вядома, што цяпер кожны, у каго свярбіць правая рука і хто мае пяцьсот альбо тысячу лішніх даляраў (альбо халяўны грант), можа напісаць і выдаць кніжкай напісанае, назваўшы тое вершамі альбо прозай.

Не навіна, што беларуская літаратура, паэзія ў прыватнасці, перажываюць задоўжаную пару стагнацыі. Няма асобаў (прарокаў), няма і чытача. Рассыпалася якая-ніякая, гадамі выстраеная, іерархія, як саміх творцаў, так і створаных імі каштоўнасцяў.
Бо ўся гэтая цяперашняя тэатральна-дэкламацыйная дзейнасць прадстаўнікоў маладзейшай генерацыі сучаснай беларускай літаратуры да мастацкай творчасці часцей за ўсё мае адноснае дачыненне. Згасанне паэзіі пачалося з сярэдзіны 80-х гадоў мінулага стагоддзя (25 гадоў таму) разам з пачаткам перабудовы ў СССР. Справа не ў тым, што распалася імперыя, сапсела сістэма сацыялізма і намецілася змена ідэалагічнай парадыгмы, а справа ва ўнутрана наспелых пераменах самога (савецкага) чалавека, у яго духоўнай сутнасці і бездухоўнай застыгласці. Менавіта пачынаючы з гэтага часу паступова сышлі з літаратурнай сцэны такія постаці як Караткевіч, Стральцоў, Купрэеў, Сыс...

Як быццам нешта адбываецца (паэтычныя вечарыны, прэзентацыі, перформансы), але нічога не здараецца (адкрыццяў, прароцтваў)... Усё творчае жыццё лакалізуецца ў сваім калегіяльным асяродку і набывае камерны характар... Іерархію і вядомасць (ад слова весці) вызначаюць не аб’ектыўнасць незалежнай крытыкі (ці хоць бы яе незалежная суб’ектыўнасць), а паспешлівыя і прагматычныя высновы і ацэнкі абслугоўваючай касты літаратурных журналістаў (не толькі ў літаратурна-мастацкіх, але і ў перыядычных грамадска-палітычных СМІ) разам з прабіўнымі магчымасцямі і кар’ернымі здольнасцямі саміх паэтаў (барацьба за выступы, выезды за мяжу, міжнародныя стыпендыі, прэміі, выданні, пасады)...
Літаратурныя стасункі паміж аўтарамі і чытачамі, а таксама паміж самімі паэтамі адбываюцца гэтак жа, як і ў тым соцыуме, дзе яны жывуць і пішуць, – “по понятиям”...

Хоць, здавалася б, ёсць такія бясспрэчныя аўтарытэты, як Барадулін, Разанаў, Някляеў... І маладзейшыя літаратары як бы прызнаюць іх, але гэта толькі даніна літаратурна-гістарычнаму этыкету, а насамрэч сучасны літпрацэс праходзіць лавіруючай хваляй, лоўка абмінаючы “старых мэтраў” і ствараючы пры гэтым свае стандарты мер і даўжыні – “новых метраў”...

Старэйшая генерацыя паэтаў не мае паразумення з маладымі не з прычыны зацёганасці традыцыі з аднаго боку і засцёбанасці наватарства з другога, а з прычыны рознапалярнасці поглядаў на сучасную светабудову і яе духоўныя і мастацкія каштоўнасці. Непазбежна праяўляецца несупадзенне часавых паясоў...

Аднак, трэба прызнаць, сучасныя паэты па-свойму яскрава і неардынарна выяўляюць характар цяперашняга грамадства (яго рытміку, мелодыку, супярэч­лівас­ці, аблуды і памкненні), апроч таго, што яны найперш стараюцца выяўляць саміх сябе ў гэтым свеце... І я думаю, выпісаныя імі постаці, вобразы і карціны выяўляюць сённяшні час не менш адэкватна, чым выяўлялі свой час тэксты савецкіх паэтаў (Купалы, Броўкі, Глебкі, Куляшова...). Мне здаецца, што ў творчасці маладой генерацыі няма галоўнага – патаемнай унутранай тугі па былым (мінкінаўскага “голасу сурмы”) і стражды па будучым (разанаўскага “шляху-360”). Праўда, не трэба забываць, што кожнае пакаленне творцаў жыве там і так, як ім наканавана. Кім? Магчыма, і Звыш, як на тое спадзяюцца яны самі. Аднак у такім выпадку, – дзе ж хоць адзін прарок, той, сапраўдны, які не змагае сённяшні дзень, а творыць будучы?..

У большасці твораў маладзейшых паэтаў адчувальна страчваецца нацыяналь­ная адметнасць, тая ўнутраная адрознасць беларускай паэзіі ад паэзіі іншых народаў (эксклюзіўнасць тутэйшай душы). Я не кажу пра збітыя дзесяцігоддзямі акцэнты і дагматычную зацыкленасць на традыцыі і фальклоры, а пра глыбінныя праявы беларускага духу. Бо сціранне нацыянальных граняў вымагае ад маладых літаратараў усё большай творчай нівеліроўкі і міжвольнага ўцягвання сябе ў глабалізацыйны “інтэлектуальны маскульт”...

Кожны час (і грамадства) патрабуе (а падчас і дыктуе) ад літаратараў пошуку новых формаў і адметнага стылю мастацкіх твораў. Гэта не азначае, што такія творы адразу запісваюцца ў класічныя скрыжалі і хрэстаматыі, але яны пэўным чынам выпрацоўваюць (мяняюць вектар ідэй і сэнсаў, а таксама групуюць асобныя літаратурныя накірункі), дапаўняюць і падштурхоўваюць (нярэдка і штучным метадам) агульначалавечую (адштурхоўваючыся ад агульнанацыянальнай) культурную, этычна-эстэтычную і мастацкую эвалюцыю зямной цывілізацыі.

Паэт піша адзін тэкст, а кожны з яго чытачоў (у дадзеным выпадку 500 чалавек, зыходзячы з накладу зборніка Рыжкова) мае адносна яго сваё разуменне і сваё ўяўленне. Гэта значыць, што адзін тэкст мае (пры шчаслівым выпадку) прыкладна 500 інтэрпрэтацый. А найбольшую здольнасць (патэнцыю) да падобных інтэрпрэтацый маюць, як вядома, таленавітыя і геніяльныя творы. І наадварот, у графамана адзін тэкст – як для яго самога, так і для яго магчымага чытача. Не геніяльная прастата, як у першым выпадку, – а бяздарная просталінейнасць.

Заўважу, што сур’ёзнасць літаратурнай фігуры Рыжкова змусіла мяне паставіцца да разгляду яго творчасці без цяперашняй “рэкламнай паказушнасці” (маўляў, “бяжы, бяжы, хлопец!”) і адразу выставіць яму сталы “гамбургскі рахунак” са спадзевам на хуткі разлік. Паэзія таго каштуе.

Сям-там у Рыжкова адчуваецца калі не вучоба ці запазычанасць, то паўсячасная аглядка на паэтыку, выбудаваную па лініі Бродскі-Хадановіч (умоўна так называю, вядома), аднак са сваімі аўтарскімі “адхіленнямі”. Шчыра кажучы, на маю думку, Бродскага ўжо за пятнаццаць пасмяротных гадоў дарэшты замылілі (яго рытміку, строфіку, формы падачы і мысленне, асабліва апошняе). У Бродскага заўжды быў хоць і нервова-правакацыйны, але бліскучы розум і, ненавязліва пасуючы яму, інтэлектуальна падсвечаны духоўны складнік ды ўнутраная душэўная і фізічная гармонія. Што ад гэтага засталося ў вучняў і паслядоўнікаў? Усё паасобку і нічога разам. Стыхійнасць “подмастерьев” растрэсла гармонію на аскепкі. Не гармонію паэзіі Бродскага, а іх уласную, зразумела.

Але найчасцей Рыжкоў творыць наўзбоч гэтай лініі, ён недасканалы ў сваіх пошуках, аднак спрабуе быць самасным і ўжо сёння адметны ад Шчура-Хадановіча-Прылуцкага-Мартысевіч...
У яго істоце ўзышла і ўжо бродзіць, б’ючы ў нос, тая мастацкая брага для будучага паэтычнага першаку, на які будзе попыт (для апахмелкі пасля “чумы во время пира”)...

Нешта ў Рыжкова ёсць і ад вобразна-стылістычнай “архітэктуры” А. Вазнясенскага. Але гэта выбарачна і на маё занадта асабістае чытацкае ўспрыманне. Безумоўна, і сучасная замежная паэзія (перакладамі якой Віталь даволі паспяхова займаецца) таксама мае свой паслядоўны адбітак на яго творчасці. І ўсё ж яму бракуе асабістага вопыту душы, які бы лакмусавая паперка, праяўляў бы сапраўднасць яго мастацкага дару. Зрэшты, гэта з часам прыйдзе...

Часам здаецца, што некаторыя вершы Рыжкова выцягнутыя і выснаваны не з рэальнасці, якую пакінулі з аўтарскай волі, а – ледзь не з нябыту ці, як у вядомай карціне Гоі, адтуль, дзе “сон розуму нараджае” сваіх “пачвараў”... Іх воб­разы і ўмоўныя героі, бывае, палохаюць і адштурхоўваюць ад сябе, але нярэдка і зачароўваюць, прыцягваюць сваёй таямніча-загадкавай сутнасцю. Гіперба­лічнасць і натуральнасць, як вобразныя аскепкі героя яшчэ дарэшты “несабранага” ў паэтычным люстэрку...

Нездарма ў вершах Рыжкова Бог можа быць напісаны як з вялікай так і з малой літары.

Канкрэтней пра некаторыя асобныя творы:
добрыя вершы: “дзверы, замкнёныя на ключы”, “Самае цікавае”, “Справаздача па роспачы”...;
вершы, якія не ўразілі: ***“калі мы падаем, зоры...” (чамусьці ім адкрываецца зборнік), ***“Вяртайся да мяне, вяртайся...”, “Верш калясамурайскай тэматыкі”...;
цікавыя паэтычныя медытацыі ў вершах “дарожныя здарэнні” і “Сненні падчас палявання”.

Бывае, што некаторыя вершы Рыжкова сваімі рэфрэнамі напамінаюць мантры ці нейкае шаманства (камланне) як, да прыкладу, у тэксце “Роспач на продаж”:

Выспела роспач,
вы-ы-спела,
вылезла,
воспай на твары высыпала,
воскам, выступамі,
слязамі празрыстымі,
выспамі,
высямі,
няспыннымі выразамі,
выспалася...
Выспела.

Верш “Зялёны чалавечак”, на погляд хрысціяніна, выглядае вульгарным і па­просту святатацтвам, аднак аддамо належнае, напісаны ён таленавіта па вобразным мастацкім выяўленні, а да таго ж змешчаны якраз на той старонцы (33), якая як бы няўзнак сімвалізуе ўзрост Хрыста...

Альбо вось такое ў вершы “Загінаючы пальцы”: “бля”, “блядзіна”, “Усраныя каровы і збольшага ўсраныя вяскоўцы”.
Далей падобнае працягваецца ў перакладах (да прыкладу, з Сяргія Жадана):

вось так паэты
кладуцца пад блядскую паэзію,
прадаюцца ёй, вось так
з нармальных мужыкоў
робяць паэтаў.
................................
....................................
адзін х..., –
яны рэагуюць толькі на х... .

Прычым нецэнзуршчына ў зборніку падаецца без скаротаў. З гэтага можна зрабіць беспамылковую выснову, што аўтару (і перакладчыку) надта ж хочацца быць не такімі як усе (а мо якраз такімі як большасць?!), прычым хочацца быць цынічнымі, каб быць заўважанымі і ацэненымі за смеласць выказвання, а не за мастацкую вобразнасць! Пры тым (“какая изворотливость ума”!) як бы змагаю­чыся з гэтай нецэнзуршчынай, але такімі ж вульгарнымі метадамі (я, маўляў, толькі таму і пішу гэта, бо толькі на гэта яны і рэагуюць). Але ж навошта пісаць і арыентавацца ў творчасці менавіта на такіх “чытачоў”?!
І нарэшце гэткае (пішу якраз напярэдадні Вялікадня) у таго ж Жадана ў тым жа рыжкоўскім перакладзе:

Як казаў Ісус, раскінуўшы рукі, –
Я яшчэ вярнуся, сукі.
Такія нежаданыя словы.

Праўда, у перакладзе верша Тэйлар Мэлі “Я магу быць паэтам”, натыкнуўся я і на своеасаблівае самаапраўданне творцы:

І я не баюся абламацца.
І я не баюся выкарыстаць АДНО лаянкавае слова,
каб даць вам зразумець, што я А..УЕННА сур’ёзны!
Я не баюся таксама.

Але ж у гэтым зборніку Рыжкова такіх слоў не адно і не два, а іх – праз-мер-на! Яны ў асноўным і не дазваляюць мне ўспрымаць яго вершы за дасканалую паэзію, як творы высокага мастацтва. Добра, што падобнага адчування самакрытычнасці не пазбягае і ён сам:

бывае, падоўгу ледзь не па мапе шукаеш рыфму –
і тое не так, і гэтае не палезе,
потым паставіш што-небудзь, схалтурыўшы крыху,
і думаеш паэзія гэта ці не паэзія?

Шрыфт зборніка дробны – відаць, спецыяльна разлічаны на маладыя вочы і гэта добра, бо старэйшае пакаленне чытачоў наўрад ці зразумее многія не толькі вульгарна-цынічныя, але і нават станоўчыя пасылы паэта. Затое шырокія старонкі са свабоднай белай прасторай пакідаюць чытачу сумежнае поле для сутворчасці (дадумвання, суперажывання, рэзюмавання).

Ёсць праблема з граматыкай, сінтаксісам і пунктуацыяй. Знакі прыпынку ставяцца толькі там, дзе таго хочацца аўтару. Мае права. Але і мы, чытачы, маем права крытычна ставіцца да такога падыходу. Хацелася б пэўных правілаў “гульні” (альбо са знакамі, альбо без іх), іначай верш ператвараецца ў своеасаблівы “кубік-рубіка”, які трэба так і гэтак круціць-варочаць, каб нарэшце дамагчыся закладзенага ў тэксце сэнсу... Бо ўсякая “гульня”, як і любая зададзенасць, у тым ліку і творчая, мае свае правілы, таму што ў адваротным выпадку папросту не мае права на жыццё (існаванне) і ператвараецца насамрэч у гульню (ужо без двухкосся).

Паэт хоча быць пачутым (натуральна), можа, нават больш, чым прачытаным, бо ведае гібласць апошняй надзеі. Але ў яго голасе няма галасу (“sos!”), праявы здарэння бяды ці няшчасця, каб пераканаць і заклікаць чытача да водгуку і зваротнай рэакцыі. Са сваім словам ён пакутуе (унутрана) сам-насам, хоць і выяўляе гэта публічна (вонкава). Заўважу, што я не стаў праслухоўваць дыск з дэкламацыяй вершаў паэта, каб не псаваць уражання ад друкаванага слова (самой кніжкі).

Паэт можа быць цынічным і нават амаральным чалавекам у сваім асабістым жыцці, але яго творы (паэзія) павінны быць маральнымі. Пачытайце Анатоля Сыса альбо Артура Рэмбо, Міколу Купрэева альбо аўтара “Кветак зла”... І справа не ў духоўнай нявыхаванасці ці маральным паралічы сучаснага паэта, а ў тым становішчы, у якое яго паставіла грамадства перад сваім патэнцыяльным чытачом (ён хоча адпавядаць свайму чытачу, а не быць вышэй за яго; памятаеце пушкінскае: “Поэт! Не дорожи любовию народной. (...) ... ты – царь: живи один.”) Час прыгаломшыў норавы не толькі шараговых грамадзян, але і інтэлектуальнай эліты. Зносіны паміж імі пачалі мяняцца ў залежнасці ад паводзін і матэрыяльных затрат і запатрабаванняў, ад чаго сталі залежаць (хай і часова-эфемерныя) поспех і слава сучасных літаратараў, кідкіх да багемнага ўзвышэння (як, дарэчы, і ва ўсе часы). Проста ў кожнага часу свае кошты, не зважаючы на тое, што ў рэшце рэшт каштоўнасці застаюцца адной пробы – мастацкай.

Віталь Рыжкоў пакуль для мяне самы адметны і арыгінальны з маладых бе­ла­рускіх вершатворцаў, якога я заўважыў апошнім часам і спрабую вычуць і зра­зумець, хаця б па той простай прычыне, што на маё ўспрыманне ён – творца даравіты, а гэта значыць, здарэнне рэдкае і з’ява неардынарная.

Вось і вершы – настолькі маленькія,
што без перашкодаў трапляюць у вока,
асабліва калі такая спёка:
ці то выплакаць іх хочацца,
ці то зразумець – што
гэта было.

І лісце цяпер ірве свае зжаўцелыя пупавіны;
і, здаецца, нішто не нервуе настолькі ў жыцці,
як адчуванне, што нехта вось-вось з’явіцца павінны,
а нехта сысці.

Аказваецца, і нябожчык звязаны з жыццём пупавінай, а не толькі нованароджаны, якому яе трэба пераразаць, каб ён пачаў жыць самастойна, тады як нябожчыку ўжо трэба разрываць пупавіну з самім жыццём, каб памерці... Выдатная алюзія!

З таго, што запала ў памяць:
Падаюць з неба радкі,
якія нельга сказаць.

Я яшчэ пажыву
хістаннямі.

Скажу шчыра, не без нерваў настроіўшыся на паэзію Віталя Рыжкова, як на цяжка ўлоўныя хвалі беларускага радыё “Свабода”, з усімі перашкодамі і пабочнымі шумамі, уважліва ўслухаўшыся, можна пачуць тое, чаго не ўчуеш па звычайнай радыёкропцы, іншым разам улавіўшы толькі пасыл і тон пэўнай тэмы, інтуітыўна ўжо сам даўмеўшыся, што там да чаго... І калі так атрымліваецца, то такія праявы паэзіі Рыжкова, як пісаў Барыс Пастэрнак, – гэта “новость, которая всегда нова”.
А што да недагаворанасці-недачутасці ды загадкавасці, то менавіты гэтыя якасці заўжды былі для класічнай і ёсць для лепшых узораў сучаснай паэзіі іх знакавай сутнасцю. (Толькі не трэба блытаць недагаворанасць з недамоўленасцю, якая часам паўстае паміж аўтарам і ідэйнай задумай, што прыводзіць да правалу мастацкага ўвасаблення. Размова тут, безумоўна, ідзе пра іскру творчага натхнення.) Што праўда, сучасныя маладыя аўтары, у тым ліку і В. Рыжкоў, у асобных сваіх вершах альбо не дагаворваюць УСЁ, пакідаючы чытача з неразгаданасцю тэкста, – без шыфра і ключа, альбо выказваюцца дарэшты, пакідаючы ў тэкстах, як нешта незвычайнае і сімвалічнае, усю брудную бялізну чарнавікоў, з лаянкай і амаральнай безразважнасцю разам...
І тут ужо чытачу старой традыцыйнай закваскі, каб усё-ткі адамкнуць “дзверы, замкнёныя на ключы” гэтай паэтычнай кніжкі, даводзіцца “замаўляць “дамушніка” (скажам, І. Шаўлякову, П. Васючэнку, М. Мартысевіч, М. Аляшкевіч ці яшчэ каго). Я ж, прабачаюся, адкрываў як мог, магчыма, і празмерна налягаючы на тое, што паддаецца эмоцыі і сіле, а не тонкаму ўнутранаму вычуванню ды інтэлектуальнаму досведу.

Але, дзякаваць Богу, насуперак назову зборніка, Рыжкоў не замыкае сваю мас­тацкую прастору на ключы асабістага творчага дыдактызму. Ён увесь у развіцці, яго дух у раскрыленасці... Віталь адзін з найбольш яркіх і таленавітых маладых паэтаў, што знаходзіцца ў працэсе ўласнага самастварэння. Ёсць спадзя­ванне, што яго новая кніжка будзе адкрытая насцеж, як і сам бунтоўны дух неардынарнага творцы.