12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Леанід Галубовіч

_____________________
Паміж намі – беларусамі і яўрэямі


Барадулін Рыгор. Толькі б яўрэі былі!.. : кніга павагі і сяб­роўства. Склад. Н. Давыдзенка, прадм. В. Нікіфаровіча; заўв. І. Сляповіча. – Мінск: Кнігазбор, 2011.

Нявольнікі вы сёння з намі разам
На беларускай змучанай зямлі,
Дзе чорны здзек, пасвенчаны абразам,
Гняце нас разам, як звяр’ё, ў крутой пятлі.
Янка КУПАЛА (з верша “Жыды”)

Патрохі пачынае збіраць да купы свой аб’ёмна-важкі творчы плён наш паэт з дастаткова сталым векам Рыгор Барадулін. Адна за адной вылузваюцца ў свет яго кнігі. Сказаць, што гэтаму здзіўляешся, мне асабіста не выпадае. Безумоўна, цікавасць да слыннага паэта не прападае – так, але не здзіўленне. Усе здзіўленні ў паэзіі мінаюцца разам з маладым запалам і высокай энергетыкай чуцця і думкі паэта. Цяпер жа справу майстра дарабляюць яго вопыт ды цвярозасць, яснасць ды мудрасць.
Безумоўна, беларускі чытач ведае Барадуліна як літаратурнага працаголіка і таму ані колькі, яшчэ раз падкрэслю, не здзіўляецца яго шырокай мастацкай назапашанасці. Заўважна, што апошнім часам, з увагі да яго здароўя, новыя выданні паэта з’яўляюцца з дапамогай дабраахвотных і бескарыслівых складальнікаў. Вось і гэтая кніга, якую я хачу абгаварыць, таксама сабраная Наталляй Давыдзенка, паэткай і адмысловым рэдактарам.
Выданне “Толькі б яўрэі былі!..” складзена з пашанотай і ўдзячнасцю да тых людзей, з якімі Рыгора Іванавіча, так ці іначай, звязвалі жыццёвыя і творчыя стасункі. Зборнік (усё ж лепш яго назваць зборнікам) выглядае арыгінальным і ў той жа час гарманічна цэласным, не зважаючы на адрозныя па змесце раздзелы: эсэ, пераклады і вершы-прысвячэнні... А галоўнае, што сама ідэя, безумоўна, цікавая і вартая ўвасаблення. А ўлічваючы, што пенсійнаму паэту на свае зберажэнні кніжку цяпер выдаць цяжка, мне здаецца, Рыгор Іванавіч пагадзіўся на прапанову прыхільнікаў без асаблівай упартасці. Магчыма, нават з задавальненнем. Бо насамрэч, назбіралася ў яго за доўгае творчае жыццё даволі шмат адметных тэкстаў і твораў, звязаных з беларускімі творцамі яўрэйскай нацыянальнасці. Што таксама праўда, то ўсе яны, за рэдкім выключэннем, ужо друкаваліся ў перыёдыцы ці ў папярэдніх шматлікіх выданнях і перавыданнях Р. Барадуліна.
Вычытаў нядаўна на сайце адзін каментар адносна згадкі ў “Жывым часопісе” дакументаль­нага фільма, знятага французамі пра народжанага ў Беларусі (у Смілавічах) мастака яўрэйскай нацыянальнасці Хаіма Суціна: “Беларусы добра растуць на чужой глебе, нават, калi яны жыды”. Напэўна, мала хто адважыцца папракнуць мяне ў негатыўным стаўленні да якой-небудзь нацыі ці народнасці, у тым ліку да яўрэяў. Да іх у мяне з дзяцінства быў цёплы і прыязны піетэт, бо яшчэ ў малалецтве бацькі распавядалі пра беднаватых, хітрых, але такіх незаменных жыдоў, што жылі і ў нашай вёсцы, трымаючы невялічкую крамку, дзе можна было купіць газу і такую смакату як селядца ў лоі... Няма лепшай ежы да беларускай бульбы! Асабліва па тым, крэсавым часе. А мама дзяўчом сябравала з равесніцамі-яўрэйкамі... Пасля прыйшлі саветы, а за імі – вайна, смерць і рэзрух... Яўрэі ад нас сышлі, але баюся, што недалёка, бо і ў Клецку, і ў некалькіх вёсках раёна ёсць ушанаваныя іх захаванні пасля фашыстоўскіх расстрэлаў... Самае вялікае гумно ў маёй роднай вёсцы, якое так і называлася – Іцкава, разбурылася толькі ў сярэдзіне шасцідзясятых... з-за калгаснай недагледжанасці... Як сёння памятаю, мы, дзеці, вясной 1961 года, ускараскаўшыся на яго высокую саламяную страху, углядваліся ў неба, вышукваючы ў яго глыбокай сіняве трымтліва-прыцягальны космас Гагарына... Мы ж тады і крайком вока не бачылі (ды што там, і ўяўляць не маглі) лятаючых кароў Марка Шагала, але ўжо з вяршыні таго яўрэйскага гумна зорыліся ў замройную высь...
А вось што да свайго крэўнага, дык памятаю, як малады, таленавіты, але ўжо тады амбітны прыхільнік класічнай рускай літаратуры Андрэй Федарэнка іранізаваў адносна рэдакцыі “элітарнага” часопіса “Крыніца”, маўляў, там працуюць усе на “іч” “Акудовіч, Галубовіч, Разановіч...” Дзесьці ў душы нават прыемна было, бо, як-ніяк, а гэта ўжо быў прыхаваны сімвалічны намёк на твой сапраўдны талент. А вось спадар Леанід Маракоў, калі я, прачытаўшы яго ўспаміны пра дзеда, намякнуў у адной са сваіх зацемак на яго родавае яўрэйства, вельмі абурыўся... Давялося прасіць прабачэння. Бывае. І тут нельга не ўспомніць выдатныя радкі з верша Рыгора Барадуліна, змешчанага ў гэтым зборніку:

Чый Бог
Адзін за ўсіх хварэе,
Смяецца з нашых звадаў лёс.
Бо ў старасці мы ўсе –
Яўрэі,
Як малады Ісус Хрыстос.

Вядома, што аўтар меў на ўвазе глыбокую сутнасць чалавека, але тут ёсць над чым задумацца і ў сэнсе глабальнай праблемы людскога выжывання ў цэлым. Гармоніі суіснавання і паразумення расаў, нацый, культур і менталітэтаў, паколькі “ўсе мы разам ляцім да зор”...
Аднак пачнем спачатку. Пасля (падзячнага аўтару) ўступнага слова цяперашняга амерыканца Вінкарэма Нікіфаровіча, сам Рыгор Барадулін адкрывае зборнік “тлумачальным” артыкулам пра яго задуму і галоўны пасыл. У гэтым загалоўным эсэ, якое і дало назву ўсёй кнізе, Рыгор Іванавіч даволі шырока цытуе вытрымкі з “ксёнжкі” Змітрака Бядулі “Жыды Беларусі” (1918), якія, на думку паэта і, дадам, на маю таксама, “гучаць даволі сучасна”:
“У пэрыядзе амерцьвення беларускаго нацыянальнаго асьведамлення, жыды, як і самі Беларусы, хоць добра ведалі беларускую мову, але глядзелі на яе як на “мужыцкую”, і, русіфікуючыя самі, нісьвядома служылі русіфікатарскай ідэі Вялікаросіі. Але гэта быў той багаты кляс, каторы атрымаў сваю навуку ў расійскіх школах, а што тычыцца простых местачковых жыхароў, то апрача роднай мовы яны ведаюць толькі беларускую. Ад самага пачатку беларускага адраджэння, амаль ні побач з першымі піанэрамі беларускага руху пайшлі, хоць і ў малым ліку, і жыды, выйшоўшыя з вёскі; хаця шырэйшыя інтэлігентныя масы жыдоўства, асабліва ў местах, ні могуць ішчэ пазбыцца сукцэсаў расійскага тут уладання і ўсё ішчэ служаць праваднікамі русіфікацыі.” (...) І гэта і пра яўрэяў, і пра нас, братоў, беларусаў. Час бяжыць хутка, а гісторыя змяняецца марудна. А калі й змяняецца, дык не на нашу карысць, на карысць Беларушчыны”, – абсалютна правільна высноўвае з прыведзенай вышэй бядулінскай цытацыі сучасны Рыгор Барадулін. Дадам, што гэтае эсэ напісана ім у 2000 годзе.
Агулам Рыгор Іванавіч піша пра яўрэяў з такой непадробнай шчырасцю, з такой любоўю і з такім болем, міжвольна выяўляючы з іх і прыроду самога сябе...
Заўважу, што, на маю думку, гэты артыкул найбольш значны, глыбокі і ідэйна абгрунтаваны ў гэтай кніжцы. Па арыгінальнасці ж і цікавасці ў мастацкім плане не саступае яму і эсэ пра сустрэчы з мастаком, даўно афранцужаным, Барысам Заборавым: “Як у п’янку, уцягваешся ў Парыж...” Вось дзве вытрымкі. Першая: “Барыс неяк прызнаваўся, што пабойваецца ехаць у Беларусь: тое, што жыве ў душы, што жывіць памяць, можа імгненна памерці (эфект ускрытай муміі), яго можа ўжо не быць, не існаваць, таго паветра, тых пахаў. А мастака пераследуе пах цёплага пылу на летніх вясковых вуліцах. Між іншым, прыйшло мне на памяць, як баяўся Шагал сустрэчы з родным Віцебскам, бо ён жа пранёс свой Віцебск праз усё жыццё. Ягоны, шагалаўскі, Віцебск застаўся жыць на палотнах. У Барыса Заборава свая Беларусь. Ён баіцца яе страціць, убачыўшы не такой, якая жыве ў ім”. І другая: “Слухаў я Барыса Заборава і міжволі думаў, колькі паразгублялі мы талентаў, аддалі іншым народам, іншым культурам. Ці гэта чэрствасць, ці няўменне ацаніць дадзеную нам Богам набыць? Шчодрасцю гэта ніяк нельга назваць. Няўжо Беларусь толькі і будзе рабіць, што раскідваць скарбы свае і карміць выхадцаў сваіх настальгіяй?” Пытанне, як прынята казаць, вечнае і безадказнае.
Арыгінальныя згадкі і ў эсэ пра блізкае сяброўства з паэтам Навумам Кіслікам і паразумелыя ўзаемаадносіны з вядомым крытыкам Рыгорам Бярозкіным. Праз іронію і добразычлівую показку-ўсмешку няўзнак даюцца вельмі трапныя творчыя і чалавечыя характарыстыкі таварышам-літаратарам, нязмушана выпісваюцца іх неардынарнасць і агульнакультурная значнасць і запатрабаванасць, як савецкім (Заір Азгур), так і ўласна беларускім (Змітрок Бядуля) часам.
І нейк няёмка робіцца пры чытанні, калі ўсё ж натыкаецца вока на неабачліва непрыхаваныя (вульгарнаватыя) барадулінскія супастаўленні ці параўнанні.
Скажам, пішучы пра Навума Кісліка, ён раптам апускаецца ледзь не да завугольнага абгаворвання: “Неяк выдатны паэт і вялікі прыхільнік Бахуса Сцяпан Гаўрусёў прынёс Навуму на пераклад верш з рэфрэнам – слава КПСС! І Навум тут жа прачытаў першы слупок у сваёй рэдакцыі:

Вып’ю паўлітра гарэлкі,
Выйду я ў цёмны лес.
Вырачу страшна зенкі –
Слава КПСС!”

Гэтак Барадулін, не зважаючы на яго засцерагальны ў адносінах да Гаўрусёва эпітэт “выдатны”, саркастычна характарызуе беларускага паэта (дарэчы, перагартаўшы зборнікі С. Гаўрусёва, я так нідзе і не натыкнуўся на згаданы камуністычны рэфрэн, хоць, крый Божа, ніяк не хачу выдаць Сцяпана Захаравіча за ідэйнага непагрэшніка). А ўслед за гэтым пасажам вось так, імпэтна і з тонкай іроніяй, падае ён падобную показку пра іншых паэтаў: “У Дубултах, што ў Латвіі, цёплай балтыйскай восенню вырашылі Кіслік і Левітанскі выпіць на прыродзе. Выпіць было што, а закусі купіць забыліся. Бачаць яблыньку, якая засталася ад старой сядзібы непадалёк ад шматпавярховага Дома творчасці. Пачалі калаціць. Апала колькі яблыкаў. Закусваюць. Глядзяць, а з далекаватай будыніны нехта праз вакно грозіцца кулаком. Юрый тлумачыць Навуму:
– Ведаеш, чаго злуецца латыш? Ён думае, што мы рускія...”
Усё было б вельмі дасціпна, калі б такія нацыянальныя, няхай і замаскірававыя налётам гумару, ацэнкі (паэта-беларуса і паэтаў-яўрэяў) не выстаўляліся перад чытачом поруч – як бы для супастаўлення. Бо я не памятаю, каб дзе Рыгор Іванавіч “занізіў” статус яўрэйскага творцы. Вось сказ да творчай характарыстыкі ўсё таго ж Н. Кісліка: “Цяпер гаспадар кватэры, раней цеснай ад гасцей, болей самотнічае з тэлевізарам, з кнігай, без якой нельга ўявіць паэта – лепшага знаўцы расійскай мовы, лепшага майстра расійскага верша, лепшага стыліста...”
Шчыра дзякуючы многім яўрэйскім дзеячам нашай культуры і літаратуры за іх мастацкі плён, укладзены імі ў скарбонку нашай гістарычнай спадчыны, не-не, ды выслізне вужом непадуладная думка, што мог бы ён быць і больш значным (у звязку з нашай мовай найперш, ды і са сваёй, іхняй, таксама). Альбо, скажам, чаму за мяжой вядомыя яўрэйскія творцы (выхадцы з Беларусі) рэдка ўпамінаюц­ца як “беларускія” (згаданага мной Хаіма Суціна называюць яўрэйскім, а то і польскім мастаком)... А з іншага боку, прыглядзеўшыся ўважлівей, хіба мастацтва Марка Шагала беларускае па нацыянальным духу, найчасцей больш прыземленым, у адрозненне ад узнёслай вобразнасці яўрэйскага мастака з сусветным імем? І ў той жа час нельга не заўважыць нацыянальнай глыбіні ў творчасці Змітрака Бядулі, Ізі Харыка, пра якіх піша Р. Барадулін.
Так, кожная нацыя і народ маюць права на абагаўленне, але не будзем забываць, што ў кожнай з іх былі і, на жаль, ёсць свае хрыстапрадаўцы. Дзеля гэтага можна зазірнуць не толькі ў яшчэ неадбалелыя сталінскія часы, але і ў сённяшні дзень (цікава нават, у якім палітычным лагеры ці літаратурным саюзе няма сяброў той ці іншай нацыянальнасці?)... Але не будзем дзяцінець да поўнага глупства і наіўна-безаглядна гуляцца ў “класікаў-рэвізіяністаў”. Будзем паважліва і з любоўю ставіцца да кожнага боскага стварэння, да чалавека – асабліва. Бо ўсе мы з гліны, метафарычна кажучы. А які ў нас нос – справа погляду і ўспрымання асобна ўзятага закамлексаванага на насах індывіда. І добра, што складальнік зборніка ўключыла ў яго змест вось гэты верш Рыгора Барадуліна:

Апошнія паэты яўрэйскія.
Каму чытаць ім вершы свае на ідыш?
Ці ветру ў полі,
Ці дрэву, якому журба дагінае голле?
Верш кожны на ідыш,
Як той падкідыш, –
Прылашчыць няма каму.
.............................................................
...Кнігаўкамі сумнакрылымі
Кніжкі яўрэйскія на брук ляцелі
Перад чарговай вайною.

...Гляджу на кнігавак беларускіх
І тых сумнакрылых выгнанак
Успамінаю з бездапаможнай віною.
Успамінаю й баюся.

...Вольна жывецца ў скрусе
На Беларусі...

Ясней яснага: і яўрэі, і беларусы – браты адной бяды.
Варта назваць і ўсіх тых творцаў, апроч згаданых вышэй, пра якіх хораша і таленавіта напісана ў зборніку Р. Барадуліным (Хаім Мальцінскі, Рыгор Рэлес, Давід Сімановіч) альбо ім жа перакладзеных (Бялік Хаім Нахман, Надзір Мошэ, Гардон Міхл, Кацнельсон Іцык, Рэйзін Рува, Каган Сара, Шведзік Генадзь, Талалай Леў, Барсук Захар, Платнер Ісак). Вельмі шмат досціпу і чалавечага цяпла ў рубрыцы вершаваных прысвячэнняў “Паплечнікам па духу, сябрам па жыцці”, хоць там сустракаюцца і праявы асабіста-альбомнага і проста камернага стылю. Адным словам, зборнік чытэльны, хоць і прыкметна спецыфічны, як і ўсё, да чаго прыклалася рука такога літаратурнага майстра, як Рыгор Барадулін.
На гэтай шчымлівай ноце можна было б і скончыць гаворку. Але вось, дайшоўшы да вышэй працытаваных радкоў верша (*** “Апошнія паэты яўрэйскія...”), раптам як праяснілася, адкуль мяне ўвесь час неадчэпна падточвала стрэмка чытацкага раздражнення. Уся справа ў назве зборніка. Менавіта і толькі ў ёй. Бо калі назоў артыкула “Толькі б яўрэі былі!” абсалютна апраўданы яго зместам і своеасаблівымі ўводзінамі ў кнігу, то ці адпавядае гэтай жа назве ўся высокадухоўная (а значыць, і агульначалавечая) ідэя зборніка цалкам, тым больш, што сама кніга разлічана на беларускага ці, скажам, найперш на беларускамоўнага чытача?.. Не прыніжаючы свайго піетэта да народнага паэта, скажу, што такая назва падаецца мне занадта прэтэнцыёзнай. Бо што тычыцца яўрэяў, дык жылі яны ў Беларусі здаўна, жывуць сёння і, дасць Бог, будуць жыць і заўтра... І “няхай сабе – як піша аўтар, – жыд будзе называцца яўрэем. Толькі б яўрэі былі!” І ў гэтым у мяне няма ні каліва сумневу. Айчына нашая талерантная і чалавекалюбівая. Хіба ад сябе наўслед па-тутэйшы, як з-пад лаўкі, ціхенька дадам: толькі б тут беларусы былі!..