12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Леанід Галубовіч

_____________________
Познія вершы


* * *

“Кожны верш цяпер, – стары паэт казаў, –
як апошні я пішу, бы Звыш выпрошваю...”
А Максім крывёю харкаў і пісаў
вершы першыя свае, нібы апошнія...


* * *

Паэт – нішто,
а Слова – ўсё.
Тады – нашто
тых слоў трысцё?

Каб словы,
сфер
прабіўшы смог,
адкрылі свет,
дзе Слова – Бог


* * *

Пішаш вершы,
выдаеш кніжкі,
чакаеш водгукаў –
хочаш быць заўважаным.

А ты паспрабуй быць
незаўважным,
як рыба ў вадзе,
як падкорны жучок,
як зязюля для сваіх
птушанят…

Бачыш, вунь,
пырхае
навідавоку
ярка расквечаны
матылёк –
не баіцца,
што будзе злоўлены,
каб папоўніць
калекцыю
боскай
прыроды.


ДОМА Ў ГАСЦЯХ

Міколу Сукачу

Дажыўшы да лета, штораз,
каб неяк сагрэць адзіноту,
зноў еду ў спусцелы калгас,
падперціся шулам да плоту
бацькоўскай сядзібы.
Чакаць
суседа свайго нападпітку,
каб з ім да паўночы сукаць
напрадзенай памяці нітку,
ды слухаць таемную ноч,
схіліўшыся вухам да поўні,
і зорнага ззяння наўзбоч
душу векавечнасцю поўніць.

“Скажу табе чэсна, Лявон, –
вачыма сплываючы ў неба,
ён скажа, – мне хутка гамон,
а больш, ну каму тут што трэба?!”
І пусціць п’янкую слязу,
і вытра свой сорам далонню:
“Мо’ скінемся ўсё ж на казу –
і баста віну й самагону?!
Насеем вяргіняў, травы,
і быццам бы “янкі” ў Тэхасе,
качацьмем начальству правы
у нашым суконным калгасе...”

Зачыніць ён дзверы і тут
убачу я ў цемры скрушлівай –
сівы павуцінавы кут
свіціцца душой сіратлівай,
а там, дзе ікона Хрыста
вісела ў бліскучай аправе,
гібее жыцця пустата,
нібыта нябожчык на лаве...


СТАРАЯ ВЁСКА

Расквітнелая вішня
да веснічак выйшла.
Напудрылася,
напахцілася,
на развалены плот
пахілілася,
да слупа-бабыля
прытулілася…


9 МАЯ 2005 ГОДА

Памяці Анатоля Сыса

“В Пропойске – май! Коза жует афишу”
Ігар Шклярэўскі

У Менску травень. Дождж.
Святкуюць ветэраны.
Вісяць праспекта ўздоўж
героі-партызаны.

Партрэты іх відны
яшчэ за два кварталы, –
тых, хто падчас вайны
ў лясах сябе хавалі.

Крывавы іх штандар
над крамамі віхляе,
а кроўны наш – як дар
Гасподні ахінае

казённую труну
паэта і нябогі,
які сваю вайну
не звёў да перамогі.

Адвергнуты прарок,
пакінуў ён навекі
загаджаны парог
дом-літ-бібліятэкі.

Рыдала ў парасон
нябесная навала,
бы самы дзіўны сон
за хмарай пахавала.

Цяпер ён духам там,
на вышыні з усімі,
хто не заняў плацдарм
забранае Радзімы.


ДА АДКРЫЦЦЯ ПЕРШЫНСТВА
ЕЎРОПЫ ПА ФУТБОЛЕ 2012 ГОДА

Футбол – круглы,
і заўсёды пачынаецца
з цэнтра
пераможцамі і пераможанымі.

Непрыручаны мяч
гойсае ў аточаным полі,
быццам гнаны сабака,
адскокваючы ад кожнага,
хто замахваецца на яго;
ён стараецца прашмыгнуць
наўзбоч брамніка,
каб стомлена закалыхацца
ў шырокім гамаку
асірацелых варот…

Г-О-О-О-Л!!! –
Галас,
выпушчаны
са статысячных
луджаных горлаў
заўзятараў,
зрывае
павуту
з кутоў
то
тых,
то
гэтых
варот,
каб мяч зноў быў
пастаўлены
ў цэнтр увагі
ўсяго чалавецтва.

І свет бачыць,
як Крыштыяну Раналда
забівае мячы з усёй сур’ёзнасцю,
а Марыё Балатэлі –
блазнуе,
ён яшчэ не забыў,
што футбол –
гэта гульня…


* * *

З юнацтва я папаўняў
свой слоўны запас:
нікацін,
алкаголь,
ананізм,
гіпербала,
Элюар…

А цяпер –
дзень пры дні –
неўпрыкмет
губляю з памяці
лішак незапатрабаваных
слоў,
зберагаючы самыя
неабходныя:
хлеб
вада,
дачка,
малітва,
капатэн*…
__________________
* таблеткі ад гіпертаніі.

* * *

Людзі
адзінокія.
Раздзяляюць нават
сіямскіх блізнят.

І труну робяць
на аднаго
чалавека…


* * *

Памяці польскага паэта

Ян Твардоўскі – паэт ад Бога.
Я ж – нябога – рыфмар ад мамы.
Яну дадзена дару многа.
Мне – пакуты да самай ямы.

Ян, вядома, што ў Раі будзе.
Я ж у Пекле, дзе страх ды слёзы.
Розныя нас прачытаюць людзі.
Розна ўспрымуць нашыя лёсы.

Нашых вершаў дзівы-наівы
паразлятаюцца – небу і долу…
Хто няшчасны, а хто шчаслівы,
слова вызнаўшы, так як долю?..

Пэўна, Ян Твардоўскі – няшчасны,
бо дасканалым ён быць павінны.
Я ж – ад мамы, як верш дачасны,
небездакорны, ды свой, адзіны...


ЛЕТУЦЕННІЦА

Стала ціха-ціха
На усёй зямлі…
(з песні “Ручнікі”)

Вера Вярба сканала
Летам на ўласным лецішчы,
Смерць, як жыццё, хавала,
Каб хоць не ўведалі месцічы.

Сын над Вярбою схіліўся,
Але слязой жывою
Прах яе не наталіўся –
Стала Вера чужою.

Янка ты ці Алёна,
З мовай ты ці бязмоўны,
Будзеш багаслаўлёны
Шлях веставаць духоўны.

Любім мы ці не любім,
Хорам пяём ці сола,
Але пакуль мы людзі,
Нас прымірае сорам.

З намі ты ці не з намі –
А спакваля ўсё роўна
Ўсе сплывём ручнікамі
Да Харонава чоўна…

Я не ведаю месца,
З прахам яе забраным –
Песняю застаецца,
Той, хто Богам абраны…

І па ёй не рыдаю…
Сэнс шукаючы існы,
Ў цёмным часе чытаю
Веры светлыя пісьмы*…
25 ліпеня 2012



* * *

У чалавека заўжды застаецца надзея…
У беднага – на багацце,
у няшчаснага – на ўдачу,
у хворага – на здароўе,
у зняверанага – на цуд.
Нават у асуджанага на смерць
ёсць спадзяванне
на… пажыццёвае пакаранне…

2010-2012,
Менск-Вароніна.