12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Вольга Гапеева

_____________________
Пакуль маўчаць далоні.
Вершы


* * *

я цалую вецер з разбегу
на дэсерт замаўляю дзень з карамеллю.
ну і што што збіралася ўзяцца шлюбам я з ценем
мне і ценю твайго было б дастаткова
проста мова твая
не мела формаў у будучым часе
так я і засталася
у нейкім плюсквамперфекце


* * *

схаваная пад кронай твайго сэрца
сасню жанчыну
і сябе
у ложку
так падсвядомасць ставіць мне падножку
і я лячу ў абдымкі вусякоў
якіх сніш ты

пакуль маўчаць далоні
маўчыць і звер

у кроне майго сэрца крумкачы
плятуць вяроўку
ад геліаса што прыняў цябе ў абдымкі
да пахаванай ў кронасе мяне


* * *

бярлог твайго цела адшукаць давялося запозна
быў час прачынацца і ісці прэч з таго лесу
сумны агонь ўядаўся мне пад лапаткі
адхінаў спадзяванні і
рушыў глыбей у вантробы
так пазбаўляў цеплыні каб магла я запомніць
без полымя трэску мушу праз холад замерзнуць
я кідала вогнішчу хруст сваіх костак і
косткі
хутка згаралі пакідаючы пыл і попел
чужынцы вуголлем на мне малявалі розныя гукі
казалі ёсць іншыя якіх ты і не чула
скрыгат па скуры праступаў і белыя плямы
па мне разляталіся матылямі
неразуменне лісцем буяла на дрэвах
няўтульнасць пускала карэнні і скоўвала рухі
ад сценаў пустых адскоквала рэха і дзіды
у языку застрагалі мне адмаўляючы ў словах
як высветлілася свабода у гэтых шыротах не выжывае
як у шмат якіх іншых гукі чужыя ёй шкодзяць
табе ж заміналі фіранкі і крумкачы ў парку
ці гэта ты прыдумляў сваім страхам такія імёны
даўжыні маіх валасоў усё адно не хапіла
ахаваць
прыцьміць бярлог твой ад сонца
быў час прачынацца і вяртаць цябе твайму лесу
мне ж заставацца рыкам у мове мядзведжай


* * *

напэўна гэта зялёны колер тваёй курткі
што робіць цябе такім недасяжным
я спрабую ўявіць цябе ў чымсьці белым
і павесіць на шыю каралямі рукі
ты – заняты
ты рамантуеш сваю завушніцу
я – на канцэрце
слухаю напалеона орду
спрабую ўявіць як яму жылося ў парыжы
а пасля цябе ў бяскроўна белым
па-за каўнерам
ты хочаш пакінуць мулкія справы
а я ўсё адно яго адгінаю
каб вецер
ці хто-небудзь іншы
змаглі
пакінуць
на шыі тваёй
след вішні


* * *

плуг мой застраг
з месца яго не зрушыць
пачну ўпрошваць
варажыць злавацца крыўдзіцца
і прасіць прабачэння
але куды мне да цвёрдасці плуга
пагляджу на суседнія гоні
жыта з валошкамі ці лён у рамонках
і толькі маё неўзаранае поле не хоча нікога прымаць
і толькі маё неўзаранае поле – асфальт
ад якога адсоквае насенне
нясецца прэч ветрам і забывае дарогу сюды
а я стаю і чакаю што вырасце нешта
нешта з нічога
вакол ужо пожні
і пожняй мне не прайсціся ўвосень

кепскі аратай
кепскае поле
і плуг кепскі
з мяне


* * *

ты дзесьці далёка
далёка ад мяне
гэта не папрок
гэта проста словы
якімі хачу сказаць
пра тое што ты далёка
калі здаецца быў ужо так побач
і так са мной

шчырасць як высветлілася не робіць нікога шчаслівым
яна робіць цябе шчырай і праз тое слабой
я пішу пра сябе
і ты не падумай
што папракаю ці абражаю ці пакрыўдзіць хачу
не

я хачу (хоць прычым тут маё хаценне) каб калі ты ляжаў на траве і думаў пра вечнасць
гледзячы на шэра-блакітнае неба
усміхнуўся
двума куточкамі вуснаў
і быў такім якім ты палічыш патрэбным
далёкім ці блізкім
травою ці небам
слабым ці моцным

але гэта
толькі словы і можна з імі рабіць што заўгодна
крыўдзіцца
радавацца
не заўважаць
ці вывучыць іх на памяць

і калі ты чытаеш – я ёсць толькі словы
за якімі стаіць не нейкі сэнс
а ўсяго толькі
адзін
звычайны чалавек
якіх болей няма
і якіх так шмат


* * *

ў табе як у забытым фотаатэлье
гара гісторый пасярод пакою
старое крэсла наведвальніц чакала і кожная
хацела распавесці ты слухаў? штосьці
засела ў горле мне
мо костка роспачы ці я раўную
да будучыні
быць пераплаўленаю на пярсцёнак
ускрайкам жарсці
дзе мяжа жаданняў нечакана адарве
мяне
ад успамінаў паставіць у залежнасць час
рэмінісцэнцыямі адлупцуе
і кленчыць у куток на бітым шкле пашле
жыць рэхам і калупаць парослую зямлю
як закапаная скарбонка
сакрэцік
з аскепкамі і знойдзенаю драбязой
такі ж каштоўны як і непатрэбны
ты


паэма “фінскае гета”

1.
мой сусвет растварыўся
у шклянках з блакітным абсэнтам
лыжку вазьму і перамяшаю
забыўшы бабуліна
таго б’юць хто мяшае

2.
клічнікі клічнікі клічнікі
ніякіх косак і малых літар
ты
толькі з вялікай
можна ў двухкоссі

3.
прыём прыём
як чуваць мяне
вы умееце карыстацца палачкамі
тады вазьміце адну і ўтыркніце сабе ў сэрца
а другую вышліце мне па пошце

пры з’яўленні цябе ў маім жыцці
былі закрануты ўсе жыццёваважныя органы
не дзіўна што я засталася інвалідам
прапусціце мяне без чаргі
да кавалачка шчасця
я – ветэранка беларуска-фінскай вайны

4.
толькі чамусьці займеннік ён
да займенніка ты раўнуе мяне

5.
тут маладыя дрэвы жаўцеюць хутчэй

6.
халодна але не зіма
недзе ў суседнім доме напэўна спіш ты

7.
за спіной
кукурузнае лісце жалюзі
кліча мяне да саламянага досвітку
як заўжды кажу
не
дзякую
у гэтым чаце паведамленні старэйшыя за
мяне
а значыць
трэба мяняць курс
і здаваць чаканне як шклатару


* * *

калі б жыла ў годзе 1908
я была б эмелін панхёрст і хадзіла б на дэманстрацыі
і мажліва знайшлі б у маіх грудзёх
нешта накшталт пухліны
жоўтай такой і з бронзы
і нейкі мужчына, разгарнуўшы назаўтра газету
падумаў бы
яна проста апынулася не ў той час
ды й не ў тым мейсцы
наіўна спадзяючыся перарадзілася б я ў соню
і днямі перапісвала б раманы свайго геніяльнага мужа
перастаўлючы месцамі словы для мілагучнасьці
і словы б мяне любілі і шкадавалі і думалі б
яна не ў тым месцы і не ў той час апынулася
нарадзіўшыся тут і зараз
я апранаю спадніцу ці нагавіцы
часам – радасць
але збольшага – думку што
гэта не час і не месца
а той мужчына і тая газета, той журналіст і ягоны рэдактар
шкадаванне, словы, пухліны, раманы і геніі
і можа быць нават сувора заціснуты корак

неяк ты запытаўся калі б мела два шансы на выбар
дзе і кім нарадзіцца
што б я абрала

абрала б адказ каб табе спадабацца здзівіць
але што тут прыдумаць
мне адмоўлена ў выбары
магу распавесці праўду

быць селянінам кітайскім у стагоддзі дванаццатым
пасвіць жывёлаў і думаць пра небяспеку
часам пра міску з лапшой гарачай

не тое што ты – нью-ёрк пачатак стагоддзя джаз

выбар гэта
не час і не месца
а нешта больш дробнае
кратнае майму існаванню

напрыклад – існаванне тваё