12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Анатоль Івашчанка,
Усевалад Сьцебурака

_____________________
"Ня будзьце абыякавымі".
Гутарка з мастаком Кастусём Харашэвічам

Седзячы ў паўзмроку маладэчанскай
майстэрні Кастуся Харашэвіча, застаўленай
запыленымі карцінамі й сьвежымі,
недапісанымі працамі, зусім не хацелася
разбураць утульнасьць атмасферы
перакрыжаваным допытам.
Гутарка распачалася спантанна, па-свойску...
Кастусь Іванавіч проста стаў распавядаць:

Кастусь Іванавіч: Усё склалася так, як склалася. Але зусім ня так, як я планаваў спачатку. Я пейзажыстам быць не зьбіраўся, таму што мяне заўсёды хвалявала грамадска-палітычнае жыцьцё. Па вялікім рахунку, я й ня думаў пра мастацтва – да 20 гадоў пісаў вершы па-беларуску і па-польску. Бо не было ўмоваў, каб спрычыніцца да жывапісу: ні школаў, ні студыяў, ні мастакоў. Ды я ня бачыў твораў, акрамя пасьляваенных няякасных рэп­радукцыяў рускіх перасоўнікаў, якіх я, праўда, дасюль вельмі люблю і па­важаю за іх грамадзянскую пазі­цыю, за іх шчырасьць і народнасьць, ну, вы разумееце. У савецкі ж перыяд панавала ў асноўным камплі­ментарнае мастацтва, у рэчышчы так званага сацрэалізму, які, дарэчы, вельмі трапна азначыў Шолахаў у інтэрв’ю 1928 году, сказаўшы: сацрэалізм – гэта калі трэба пісаць так, каб было зразумела для начальства. Ужо тады ён гэта зразумеў.
«Дзеяслоў»: Распавядзіце, калі ласка, падрабязьней пра свае літаратурныя спробы?
К. І.: У маладосьці я хацеў быць паэтам, а не мастаком. У вайну я толькі пра гэта і думаў. Нават пісаў паэтычныя творы, у тым ліку і прысьвечаныя Каліноўскаму. Усё гэта загінула ў 44-м. Цудам захава­лася толькі некалькі старонак дзёнь­ніка. Пасьля вайны я паспрабаваў занесьці нешта з сваіх допісаў у ма­ладэчанскую рэдакцыю. Там пагля­дзелі і сказалі: вам лепей іх схаваць і нікому не паказваць. Дух маіх тво­раў зусім не адпавядаў ідэалогіі.
«Дз.»: А «ў шуфляду» не піса­лі?
К. І.: Пісаў. Асабліва ў Вільні. Пасьля таго, як мяне выключылі з філфаку БДУ, вымушаны быў зьехаць у Вільню. Увесну 1946-га мяне першы раз выклікалі ў НКУС па справе Саюзу беларускай моладзі. За мной устанавілі сапраўднае адсочваньне кожнага кроку. Ад лагероў выратавала, пэўна, тое, што я не пасьпеў прыняць прысягі СБМ, бо быў падлеткам (старэйшыя хлопцы атрымалі немалыя тэрміны). Тады я канчаткова вырашыў, што стану мастаком. І ўсё зьнішчыў – і паэтычныя, і празаічныя накіды. Я змаладушнічаў, зразумеўшы, што ў пісьменьніцкай справе нічога не дамагуся. Жывапіс больш алегарычнае мастацтва.
«Дз.»: Кастусь Іванавіч, ці Вы самі вылучаеце нейкія перыяды, адметныя этапы ў сваім творчым жыцьці?
К. І.: На пачатку я зьбіраўся займацца толькі тэматычнымі творамі. Першыя мае працы былі зьвязаныя з жыцьцём заходнебеларускай вёскі. Так, дыпломная работа была прысьвечаная канфлікту паміж сялянамі і панамі, хаця асаблівай канфліктнасьці не было. Прынамсі, не параўнальна, як пры бальша­віцкім рэжыме. Называлася “Паўстаньне нарачанскіх рыбакоў”. Яно, па сутнасьці, не было паўстаньнем, гэта была проста забастоўка, але я пад уплывам роздумаў пра Каліноўскага – гэта быў 1963 год – сюды перанёс той дух, які вось дзе (паказвае на вялізнае палатно “Мой Кастусь Каліноўскі”, што займае цэнтральнае месца ў майстэрні). Але “Паўстаньне...” пісалася па дамове з Міністэрствам культуры, за гэта плацілі грошы. Ім падабалася, што заходнія беларусы ідуць лупіць паноў. Цудоўна, значыць карціна харошая (сьмяецца).
Далей быў твор “Чаканьне” – пра чаканьне савецкай улады, бо гэта была мара Заходняй Беларусі далучыцца, абсалютна нічога ня ведаючы пра падзеі ва Усходняй. Усё гэта былі творы не пейзажнага, а кампазіцыйнага плану.
«Дз.»: Творы, што пісаліся па дамове з Мінкультам, ішлі ў музеі?
К. І.: “Паўстаньне...” якраз і было першым маім творам, што трапіў у Маладэчанскі абласны края­знаўчы музей.
І яшчэ твор, вельмі дарагі для мяне, зьвязаны з Тарашкевічам. На­зываецца “Выступленьне Браніслава Тарашкевіча перад сялянамі Заходняй Беларусі”. Гэта ўжо быў 1968 год, рэабілітацыя, ведаеце. Таксама па дамове, для музею. Далі аванс, усё нармальна. Зрабіў эскіз, дзе Тарашкевіч быў на другім плане, паколькі галоўная ж фігура. І вось я як паказаў яго ў Міністэрстве культуры, чыноўнікі пагля­дзелі і сказалі: “Ведаеце, з Тарашкевічам яшчэ ня ўсё зразумела, каб яго ўжо так вылучаць. Мы ж пло­цім грошы...” – тады гэта было недзе паўтары тысячы. А вельмі спадабаўся многім мастакам рынак, які я маляваў па памяці. Часта езьдзіў з бацькам на рынак, сядзеў на возе, пільнаваў. І вось гэты сацыяльны ўхіл падабаўся: нібыта так ужо бедна й беспрасьветна было ў той час. Мы вырашылі: добра, будзе рынак. І калі прынялі карціну, прывезьлі ў Менск, – я тады ўжо без “худсавету” дамаляваў Тарашкевіча. І так мы іх падманулі. Толькі, каб ня рушыць кампазіцыю, давялося ўпі­саць яго на заднім плане, удалечыні. Нежынкоўская, жонка Тарашкевіча, сказала: “Мне падабаецца ўсё, толькі Бронік надта ж мой малы”. І я даў ёй слова, што абавязкова вярнуся да гэтае тэмы. І вось тут ужо (падыходзіць да яшчэ адной незавершанай карціны) Тарашкевіч са сваімі паплечнікамі па Грамадзе зусім у іншым плане. “Беларуская галгофа” называецца гэты твор.
Дык вось, я марыў і чакаў, што музей і Каліноўскага замовіць. Пра пейзажы шчэ асабліва ня думаў. Мне быў цікавы і важны дух паўстаньня. У 65-м у мяне ўжо зьявіў­ся эскіз на тэму Каліноўскага. Я хацеў напісаць яго пакараньне на Лукішках. Але Ермаловіч сказаў, што гэта наўрад ці пройдзе.
«Дз.»: І што сталася прычынай вашага пераходу да пейзажу?
К. І.: Я любіў маляваць, любіў прыроду, езьдзіў на эцюды ў вольны час. Майстэрні не было – яна зьявілася ў мяне толькі ў 50 гадоў – нармалёвага жытла не было. Занятак пейзажам быў вымушаным, сродкам для пражыцьця.
Адной з галоўных формаў творчасьці да “перабудовы” была дамова праз Саюз мастакоў. Трэба было, каб твор адпавядаў ідэйнаму накірунку... Я адзін раз паспрабаваў заключыць дамову – на тэму сьвята ў вёсцы. Я добра ведаў, што гэта было. Год прамучыўся і нічога не зрабіў.
«Дз.»: Не змаглі ўкласьціся ў “ідэйны накірунак”?
К. І.: Калі б я рэальна паказаў тое сьвята, ніхто б мне за гэта грошы не заплаціў: сьпярша мітынгі-мітынгі, а тады павальная п’янка. Вульгаршчына, якая мае месца і цяпер. Таму зрабіў зусім іншы твор, і ўжо на замову не працаваў. Я зарабляў грошы пейзажамі, адначасова робячы творы для душы, для сябе, якія засталіся ў мастацтве.
«Дз.»: Кастусь Іванавіч, ці можаце распавесьці пра сваіх настаўнікаў, што выкладалі падчас акупацыі?
К. І.: (паказваючы на палатно “Мае настаўнікі”) Бачыце, тут маецца дакументальны надпіс: “Маладэчна. Сярэдняя гандлёвая школа 1942-1944 г. г.”. Барыс Кіт, у цэнтры, быў, безумоўна, дырэктарам, гэта яго была задума. Мы з ім і цяпер сувязь падтрымліваем, ліс­туемся, нават званіў мне на мінулы Новы год. Зьлева – Георгій Вяршыцкі, настаўнік з нашай мясцовасьці, вёў нямецкую. І Янка Даві­довіч. Лідзія Савік, калі была ў майстэрні, казала, што Кіт вельмі падобны атрымаўся. Быў у нас настаўнік Няхлюдаў – царскі афіцэр, удзельнік Кранштадскага мецяжу, быў суддзём падчас акупацыі. У нас ён выкладаў міжнароднае права. Школа была на вельмі высокім узроўні. Нягледзячы ні на што, дух там быў сапраўды беларускі!
«Дз.»: Ці былі, акрамя Ермаловіча, у тыя далёкія 60-я людзі, блізкія Вам па духу?
К. І.: Ня толькі былі – ёсьць. Дагэтуль падтрымліваю добрыя стасункі з археолагам Міхасём Чарняўскім. Шмат разам вандравалі па нашых далёкіх і блізкіх мясьцінах. Прызнацца, тое занядбаньне гістарычнае спадчыны, што мы бачылі паўсюль, не суцяшала. Як можна заўважыць, з натуры я пішу рэдка. Ня шмат у мяне фатаграфічна да­кладных працаў. Звычайна выкарыстоўваю пэўныя фрагменты рэчаіс­насьці. Атрымліваецца, мажліва, крыху фантастычны вобраз Беларусі. Тыя нашыя паездкі з Міхасём вельмі дапамагалі.
Добра сябравалі са славутым краязнаўцам Генадзем Каханоўскім. Памятаю, як ён прыйшоў неяк да мяне пасьля ўроку, які прысьвяціў паўстаньню Каліноўскага, – увесь маркотны і змардаваны. Атрымаў ад школьнага кіраўніцтва. Яшчэ 1963 год быў.
«Дз.»: Апошнім часам Вы амаль адышлі ад пейзажаў. Ча­му? Толь­кі таму, што нарэшце маеце магчымасьць рабіць тое, што заўж­ды хацелі?
К. І.: Пейзажныя творы – як паэтычная сутнасьць чалавека. А зьмястоўныя, тэматычныя – гэта проза. З узростам прытупляецца бачаньне хараства. Ня толькі па зроку, але й душой. Рамантыкі той ужо няма. Вядома, што сапраўдная творчасьць – заўжды біяграфія. Заўважце, усе сапраўдныя паэты сканчаюць у маладым узросьце. А Талстой пасьпяхова пісаў і ў восемдзесят. Наогул, тэматычныя творы апошніх гадоў высьпявалі ў маёй падсьвядомасьці дзесяцігоддзямі, чакаючы свайго часу.
«Дз.»: Выбачайце за банальнае пытаньне, але ці верыце Вы ў лёс, у зорку, што вяла Вас праз жыцьцё?
К. І.: Я стаў фаталістам, бо ведаю, што лёс – гэта генетычна запраграмаванае ў чалавеку пры зачацьці. Нікуды тут не падзенешся – і зробіш тое, што табе запраграмавана, і пражывеш столькі.
«Дз.»: Як Вам падаецца, ці выканалі Вы сваю праграму?
К. І.: Я выладаваў свой інтэлектуальны і патрыятычны патэнцыял і на лёс ня крыўджуся. Я амаль усё пасьпеў. Яшчэ б крыху часу, каб дарабіць-адшліфаваць... Дзеля таго, каб не існаваць, у мяне было вельмі многа момантаў. Як выбраўся ў чэрвені з рэанімацыі пасьля трэцяга інфаркту, то я падумаў: значыць, яшчэ штосьці не дарабіў. Адно, што пісьменьнікам ня стаў.
«Дз.»: А як жа кніга Вашых успамінаў «Зьведанае і перажытае»?
К. І.: Ну так. Яе рэдактар Міхась Казлоўскі па прачытаньні сказаў: цяпер я веру, што вы маглі б стаць пісьменьнікам. Бо ніводнае су’ёзнае праўкі не зрабіў.
«Дз.»: Кастусь Іванавіч, а як Вы на крытыку рэагуеце?
К. І.: Калі камусьці нешта ў мяне не падабаецца – гэта добра. Галоўнае, каб абыякавымі не былі. Бывае, кажуць: «О, які змрочны мастак. Гляньце – неба чорнае, ну як гэта так?» Я адказваю: «Ведаеце, у мастацтве няма белага і чорнага. Ёсьць альбо добрыя працы, альбо кепскія».

P. S. Працы Кастуся Іванавіча сапраўды энергетычна сьветлыя. Мастак Алесь Пушкін аднойчы выказаўся пра адметную палітру Харашэвіча так: “Чалавек піша сажай, а атрымоўваецца сьветла”. Пакідалі майстэрню мы ў прыўзьнятым урачыстым настроі, нібы пасьля казані. Адно не зьнікала пачуцьцё лёгкага неўразуменьня. Як так сталася, што ў творцы такога ўзроўню й тэматычнай шыры­ні столькі палотнаў пыліцца ў майстэрні. Кастусь Іванавіч, існуючы на звычайную пенсію, не ахвотна прадае свае творы нават знаёмым. Але Нацыянальнаму мастацкаму музею РБ наўрад ці адмовіў бы.
Гутарылі:
Анатоль Івашчанка
і Усевалад Сьцебурака.

Фота Андрэя Куксёнка.



Івянецкі касьцёл.


«Мае настаўнікі».