12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Харэўскі

_____________________
Срэбнае сьвятло.
Вяртаньне фотамайстра і мастака Сяргей Вішнеўскага

“Камера бачыць куды вастрэй, чым чалавечае вока, дык чаму б ёю і не пакарыстацца”— казаў у свой час выбітны амерыканскі фатограф Эдвард Уэстан. І насамрэч, чаму ж не пакарыстацца было фотапаратам?
Скульптуру стварае аб’ём, жывапіс – фарбы, а фатаграфію – сьвятло. Тое рэальнае сьвятло, што пераўтварае соль срэбра ў срэбра цёмнае... Гэта й ёсьць галоўны мастацкі сродак фатаграфіі. Срэбнае сьвятло...
З-за фатальнага зьбегу акалічнасьцяў гісторыя беларускага фотамастацтва пачала рабіць толькі першыя крокі на мяжы ХХ і ХХІ стагоддзяў. Гэтая прыкрасьць ня так абурае, як проста дзівіць, зважаючы на нашую паўтарастагоддзевую фатаграфічную спадчыну.
Нашая традыцыя фотамастацтва была запачаткаваная разам з беларускай фатаграфiяй наогул. Першы мастацкі здымак зроблены Альбертам Сьвяйкоўскiм яшчэ ў 1854 годзе. Гэта быў эпічны краявід Вiльнi. А ўжо фотаздымкi Язэпа Чаховiча (якi, дарэчы, здымаў паўстанцаў 1863 году), укладзеныя ў альбом «Виды Вильны», атрымалi залатыя і сярэбраныя медалi на мiжна­родных выставах у Парыжы, Рыме i Маскве.
Чаховіч больш-менш вядомы тым, хто цікавіўся гісторыяй нашае культуры. А многія імёны невядомыя нават адмыслоўцам. Напрыклад, у бібліятэцы Ягелонскага універсітэту ў Кракаве захоўваецца выдатны ўнікальны фо­тапартрэт менскага біскупа Адама Вайт­кевіча, зроблены адным з першых мен­скіх фатографаў Эмерыкам Адамовічам. Ёсьць падставы меркаваць, што ён зроблены паміж 1865 і 1869 гадамі. Як і сотні іншых фота­твораў Ада­мовіча, гэты здымак пакуль невядомы публіцы. Зрэшты, як і фотаздымкі яшчэ ад­наго майстра ХІХ стагоддзя з Мен­с­ку – Леона Дашкевіча, чыё імя паўстала з забыцьця толькі напрыканцы ХХ-га стагоддзя.
Першы з вядомых на сёньня ў Беларусі ўласна мастацкі пастановачны здымак простых людзей датаваны 1889 годам. Гэты твор фатографа Міхала Блажко з Хоцімскага раёну перахоўваецца ў калекцыі Раманюкоў. Сьвяточна ўбраныя дзеці ў цёмным пакоі, куды ўрываецца сноп ваконнага сьвятла. Контражур. Не разгледзець дзіцячых вачэй... Таму імгненьню ўжо без малога 110 гадоў...
Зусім малавядомая і беларуская фатаграфія пачатку ХХ стагоддзя – з краявідамі Яна Булгака, пейзажнымі стэрэафатаграфіямі Фёдара Ястрэмскага, партрэтнымі і жанравымі творамі фатографа з Давыд-Гарадку Міхала Зубея.
Бадай, па ўсім нашым краі сярод пажоўклых дакументаў, абразкоў і вы­цінак са старых газетаў можна адшукаць сотні тысячаў старасьвецкіх здымкаў. З іх на нас глядзяць нашыя пра­дзеды, дзяды, крэўныя й далёкія свая­кі. Ахайна апранутыя, з пачуцьцём упэўненасьці ў сабе і ў сваіх блізкіх. Ву­чоба, праца, сьвяты... Годнае чалавечае жыцьцё, дзе ёсьць месца і песьні, і жальбе, але няма месца адчаю. Перад­усім, гэта азначае, што нашая гісторыя мае нашмат болей фарбаў, а значыць мусяць існаваць і яе праўдзівыя сьведчаньні.
Доўгi перыяд нашага фотамастацтва зьвязаны з iмем Яна Булгака. Ён першы стаў ня проста фiксаваць, а ствараць. Выкарыстоўваючы розныя тэх­налогii вырабу здымкаў, ён ствараў дадатковую, паралельную рэальнасьць...
Шэсьцьдзясят гадоў поў­нага зьняменьня нацыi пасьля другой сусьветнай вайны сталi гадамi, страчанымi для нашага разуменьня гэ­тага віду творчасьці як сапраўднага мастацтва. Ніхто не зважаў на здымкі прыватнага, звычайнага існаваньня людзей на адлегласьці працягнутае насустрач ру­кі, сьвятло ад якога дахо­дзіць да нас праз усе завірухі, пажары, доўгія ночы дзесяцігоддзяў...
Здымкі, зробленыя ў 1940—50-гадах майстрам Сяргеем Вішнеўскім, творцам школы Булгака, былі выстаўленыя ў Менску ў кавярні “Добрыя мысьлі”. Збор здымкаў на выставе ўводзіць нас у далёкі сусьвет, па якім можна падарожнічаць бясконца, прынамсі пакуль будзе каму яго берагчы. Гэтая выстава жывапісу і фотаграфікі ўнікальная. Най­­перш таму, што бальшыня твораў дакладна датаваныя й атрыбутаваныя. А па-другое, што яны храналагічна дак­ладна і красамоўна адлюстроўваюць гісторыю Докшыцкага краю часоў між­мір’я, да 1939 і пасьля 1944 гадоў.
Здавалася, што гэта ня можа зьдзі­віць. Але падыходзіш да здымкаў цяпер недасяжна далёкіх 1950-х, і цяжка адвесьці вочы ад вачэй тых, хто ўжо ніколі ня будзе гэткім, як быў. Вырваныя намі з бясконцае Вечнасьці і ўзятыя фатаграфіяй у палон бясцэнныя прамяні, здольныя вяртаць сваё магічнае сьвятло да невераемнасьці доўга — прынамсі да тае пары, пакуль існуе здымак, пакуль ён сьведама захоўваецца намі.
Творы Вішнеўскага, жывапісца і фатографа, ёсьць, пэўна, у кожнага старажыла Докшыцаў. Безьліч людзей была з ім асабіста знаёма. Яго ведалі ўсе ня толькі як фатографа, да якога вадзілі дзяцей дзеля здымкаў на добры ўспамін, але і як каларытную асобу, дзіўнага чалавека, які блукаў па ваколіцах з мальбертам і фарбамі. Мала хто задумляўся тады над тым, што гэты чалавек стварае тое, праз што будуць ведаць іхні кут. З пажоўклых, часам амаль страчаных выяваў на нас гля­дзіць эпоха. Ня гэткая страшная, як нам можа ўяўляцца сёньня.
Прагу да мастацтва Сяргей Віш­неўскі займеў у дзяцінстве, што прыпала на 20-я гады, на самы “польскі” час. З маленства ён меў магчымасьць бачыць абразы й росьпісы сьвятыняў у касьцёле, куды яго брала з сабою ма­ці. Выявы сьвятых захаплялі, абуджалі фантазію й жаданьне ствараць.
Таленавітага юнака прыкмеціў вядомы тамтэйшы абшарнік, пан Слат­вінскі. Дзякуючы ягонаму фундушу Сяргей стаў навучэнцам мастакоўскае вучэльні ў Вільні. Затым працягваў ву­чобу ў Віленскім універсітэце. Гэта быў час яшчэ перад узьяднаньнем Заходняй Беларусі з Усходняй. Дзецюком Вішнеўскі пасьпеў, на шчасьце, спрычыніцца да творчае атмасферы грунтоўных традыцыяў факультэту мастац­т­ваў Віленскага універсітэту.
Незадоўга да ягонага зьяўленьня ў Вільні тым факультэтам кіраваў Фердынанд Рушчыц. У яго вучыўся настаўнік Вішнеўскага – Мар’ян Кулеша, які належаў да славутай мастацкай дынастыі віленскіх творцаў. Адначасова з Рушчыцам ва універсітэце працаваў Ян Булгак — аўтар грунтоўных артыкулаў і кніжак пра майстэрства фа­таграфіі і эстэтыку сьвятла, стваральнік польскай і беларускай школы фотамас­тацтва. Жывучы ў Вільні, студэнт Віш­неўскі ня мог не вычуваць і ўплыву са­мога места, прасякнутага дарэшты хараством прыроды і ўсіх пекных мастацтваў, сьвятасьцю й пабожнасьцю.
На той, даваенны перыяд прыпадае й росквіт таленту Вішнеўскага як жывапісца. Ягоныя творы добра адлюстроўваюць тагачасныя тэндэнцыі ў ві­ленскай мастацкай школе: грунтоўны малюнак, шчыльная кампазіцыя, аскетычная палітра. Тыпалагічна жывапіс Вішнеўскага вельмі блізкі да твораў Сергіевіча і Сеўрука. У гэтым можна пе­раканацца на прыкладзе тае экспазі­цыі, што была прадстаўленая менскай публіцы. На выставе можна было пабачыць вялікую колькасьць партрэтаў людзей рознага веку, жанчынаў і мужчынаў, паноў і падпанкаў. Яны прасякнутыя, аднак, большым псі­халагізмам, чымсьці творы партрэтнага жанру ін­шых заходнебеларускіх мастакоў. Відавочна, Вішнеўскаму тут паспрыяла практыка фатографа. Лішне казаць, што гэтыя творы не маглі быць паказаныя за савецкім часам.
Была і падборка кравідаў з докшыц­кіх ваколіцаў. Збольшага гэта даволі ба­нальны жывапіс, які мае, аднак, вялікую цікавасьць для дасьледчыкаў творчасьці мастака. Па гэтых пейзажах можна адсачыць ягоную мастакоўскую эвалюцыю.
Докшыцы, – мястэчка ў Бягомль­скім раёне, куды пасьля вайны мастак мусіў вярнуцца, было ўжо ня тым. У савецкай Беларусі цяжка было знай­сьці разуменьне сапраўднага майстэрства, і тым больш запатрабаванасьці вольнага мас­тацт­ва. Дзеля элементарнага выжываньня Сяргей Вішнеўскі быў вымушаны займацца далёкімі ад мастацт­ва справамі. Гэта было цяжкім выпрабаваньнем для яго.
пэўны час Вішнеўскі выкла­даў у школе. А выйсьце для свайго творчага імпэту ён знайшоў у створанай ім у Докшыцах фотастудыі. Займала яна прыбудову да аднаго з ацалелых у цэнт­ры мястэчка старасьвецкіх будынкаў. Каб дабіцца натуральнага асьвятленьня, мастак зладзіў у студыі шкляны дах. Вішнеўскі рыхтаваў для сябе творчую мастацкую майстэрню, пабудаваную па ўсіх правілах, але афі­цыйна быў вымушаны займацца фота­справай. У далейшым, калі стала цяжка ўтрымліваць фотастудыю ў невя­лі­кім гарадку з бедным пасьля вайны насельніцтвам, Віш­неўскі пачаў браць афіцыйныя мастацка-агітацыйныя замовы. Майстар-жывапісец мусіў вырабляць транспаранты, шыльды, плакаты. Але гэта давала шанец быць чалавекам вольным і мець хаця б нейкую магчымасьць зноў займацца працай з фарбамі. З захапленьнем пачынае ён пісаць вядомыя з дзяцінства краявіды, зноў з асалодай акунаецца ў прыроду. Сталы чалавек з душой юнака, ён як сваіх калег і аднадумцаў успрымаў мясцовых падлеткаў, якія цягнуліся да мастацтва, стараўся разам з імі трапіць на эцюды, непасрэдна радаваўся хаця б нейкаму творчаму асяродку. Ён бясконца прагнуў творчай атмасферы і ўсяляк імкнуўся да яе.
Майстэрня-студыя Вішнеўскага іс­навала да другой паловы 1960-х — пакуль не пачалася актыўная разбудова го­раду. Цяпер на месцы майстэрні стаіць будынак райвыканкаму. Вішнеўскаму ж давялося прыстасаваць пад майстэрню ўласную хату, уставіўшы незвычайна вялікія вокны. Дый увесь двор, сад, расьліны сьведчылі пра тое, што тут жы­ве мастак. А яшчэ Вішнеўскі ладаваў свой старэнькі ровар мальбертам і самотна кіраваўся ў бок фальварку Гнязьдзілава, да ўлюбёных родных мясьцінаў.
У тыя часы працэс фатаграфаваньня падаваўся нейкім рытуалам. Гэта быў эмацыйны момант для кожнага, хто меў намер зафіксаваць тую ці ін­шую падзею ў жыцьці. У нязвыклай атмасферы студыі, поўнай мудрагеліс­тых прыладаў, мастак падаваўся чараўніком, які нешта варожыць, накінуўшы чорнае палатно на сябе і на вялізную драўляную скрыню-апарат, усталяваны на масіўным драўляным штатыве. Усё гэта стварала асаблівы псіхалагічны настрой у партрэтаваных.
У залежнасьці ад тэмы фатаздымку, фатографы тае эпохі падбіралі дэкарацыі. Імітацыя неба, часам з элементамі архітэктуры на далёкім плане. Каб падкрэсьліць прастору, маляваліся га­лінкі дрэваў. Потым умацоўваліся натуральныя галінкі, якімі аздабляўся пярэдні план жывапіснага фону. Гэтыя дэталі надавалі кампазіцыі прасторавасьць. Часам, каб дасягнуць найбольшай выразнасьці ў выявах, першы план падлогі пасыпаўся пяском або лісьцем.
Фатаграфія схоплівае маўклівае імг­­неньне цяперашняга, сьмяротную непарыўнасьць надзеі і чаканьня ў недаступным розуму дзеяньні, выкліканым сьвятлом. Бліскавічка малога часу ў прыцемку гулкага хронасу, фатаграфія мае падабенства з лірычным вершам. Як і верш, яна — завершаны і самадастатковы выток іншага ў чалавечым жыцьці, выток, які «замоўленай рысай адлучае абранае імгненьне ад плыні часу». «Тут» і «цяпер» робяцца пунктам пачатку...
Фотаздымкам Вішнеўскага ўласьці­ва своеасаблівая кампазіцыйная рэжысура. Мастак знаходзіў развароты галавы, скіраванасьць позірку, падкрэсьліваў асаблівасьці вопраткі, знаходзіў найбольш выразнае асьвятленьне. Гэтым творы Вішнеўскага розьняцца ад звычайнага рамесьніцтва. На групавых здымках мастак, як сапраўдны дырыжор, нібы смакуючы, з пранікнёнасьцю кампанаваў сваіх герояў.
Тэхналагічныя асаблівасьці фота­справы 1950-х патрабавалі рэтушы, і на фотатворах Вішнеўскага час ад часу можна заўважыць яе прысутнасьць. Але гэта зроблена так далікатна, што нават спрактыкаваны чалавек насілу зможа разгледзець майстарскія папраўкі.
Творцу пашчасьціла ў шлюбе. З жонкай Антанінай ён пазнаёміўся падчас вучобы ў Вільні. Яна таксама была з Докшыцаў і працавала ў Вільні служанкай. Яна добра разумела мужа, таму праз усё жыцьцё ў сям’і была гармонія. Да самае сьмерці майстра вабілі людзі з творчым характарам, што адчувалі прыгажосьць у жыцьці і прыродзе.
Творчая спадчына маэстра Вішнеўскага захавалася ў мностве фоташэдэўраў, што па сёньня захоўваюцца ў сямейных фотаальбомах — невялікіх, пажоўклых ад часу фотаздымках. Гэтая спадчына вяртаецца. Мы адкрылі яшчэ адно імя. Парадокс, але яно ніколі не было пад забаронаю. Ягоны творчы даробак можна было заўжды пабачыць у саміх Докшыцах, але... Нарэшце надышоў той час, калі мы можам з пэўнасьцю ўвесьці ў наш культурны ўжытак яшчэ адну постаць, якая лучыць нас з несавецкай беларускай традыцыяй.



Малюнак дзяўчынкі.


Марак.


Зажынкі.