12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Гаўрыла Гарэцкі

_____________________
"У імя сьветлых вобразаў".
З лістоў да родных


Максім Гарэцкі, знакаміты пісьменьнік і літаратура­знаўца, і яго малодшы брат Гаўрыла Гарэцкі, акадэмік-эканаміст, адзін з заснавальнікаў Беларускай акадэміі навук, дырэктар Беларускага навукова-дасьледчага інстытуту сельскай і лясной гаспадаркі, у ліпені 1930 году былі арыштаваныя як “нацдэмы” – “ворагі народу” – і трапілі ў ГУЛАГ. Максім быў высланы на 5 гадоў у Вятку (затым горад Кіраў), а Гаўрыла – на 10 гадоў на Салаўкі, на будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага каналу (замест прысуду да расстрэлу).
У 1935 годзе скончыўся тэрмін высылкі, і Максім Гарэцкі разам з сям’ёй (жонка – Леаніла Усьцінаўна Чарняўская-Гарэцкая і дзеці – Галіна і Леанід) пераехаў у горад Пясочня Смаленскай (цяпер Калужскай) вобласьці, дзе працаваў у школе настаўнікам расейскай мовы і літаратуры. Але ў ноч з 3 на 4 лістапада 1937 году Максіма зноў арыштавалі, а 10 лютага 1938 году расстралялі ў горадзе Вязьма, – да 45-годдзя заставалася 8 дзён. Яго творы амаль на 30 гадоў былі забароненыя, большасьць з іх зьнішчаныя.
Гаўрылу Гарэцкага ў кастрычнiку 1937 г. таксама арыштавалi, праз тры месяцы вызвалілi, а 8 траўня 1938 г. асудзiлi да расстрэлу. Больш за год ён прабыў у турме, але цудам застаўся жывым. Вялiкая Айчынная вайна прынесла шмат гора сям’i Гарэцкiх: загінулі тры пляменьнiкі Гаўрылы: Парфiраў Уладзiмiр, Iванаў Вiктар i сын Максiма Леанiд.
Захаваліся лiсты Гаўрылы Гарэцкага пасьляваеннага часу (пачынаючы з 1947 г., калi сям’я Максiма жыла ў Кiраве, а з 1948 г. лiсты накiроўвалiся ў Ленiнград, куды пераехалi Лёля i Галя). Г. Гарэцкі з сям’ёю жыў у розных мясьцiнах Расii, дзе праводзіў iнжынерна-геалагiчныя дасьледаваньні перад узьвядзеньнем гiдратэхнiчных збудаваньняў: Цымлянская, Горкаўская, Ніжне-Камская ГЭС і інш. У 1969-м Гарэцкiя пераехалi ў Менск.
Гаўрыла Іванавіч быў адарваны ад Беларусi больш за 30 гадоў, але ў кожным ягоным лiсьце гучала тэма Бацькаўшчыны. Калi памёр «вождь всех народов», пачалася паступовая рэабiлiтацыя былых вязьняў ГУЛАГу. Вярталiся да народу творы пiсьменьнiкаў, мастакоў, вучоных. У 1958-м цалкам рэабі­літавалі Гаўрылу Гарэцкага, праз год – Максіма. Пачалi ўзгадваць iмя пісьменьніка, а з 1959-га – i друкаваць. Гэтыя пытаньні як для Гаўрылы, так i для сям’i Максiма былi вельмi балючымi, i таму яны занялi галоўнае месца ў перапісцы. Брат, жонка i дачка Максiма Гарэцкага рабiлi ўсё, што маглi, дзеля вяртаньня ягонай спадчыны. І былi сардэчна ўдзячныя ўсім за дапамогу...

Радзiм Гарэцкi.



20.ХII.48 г. Дарагiя Лёля i Галя!
Вiтаем Вас з Новым Годам i шчыра жадаем, каб ён быў адным з самых найлепшых.
Перад Табою, любая Лёля, вялiкае заданьне – прывесьцi Максiмаву лiтаратурную спадчыну ў парадак. Нiдзе нельга гэтага лепш зрабiць, як у Ленiнградзе, бо пад бокам тут вялiзарныя кнiгасховы, бiблiятэкi. I нiхто гэтага ня можа лепш за Цябе зрабiць, дарагая Лёля!
У iмя сьветлых вобразаў Максiма i Лёнi, у iмя моцы iх духу, зьбяры ж i Ты, любая мая сястрынька, усе свае сiлы, усю сваю волю, усе свае вялiкiя прыродныя здольнасьцi! Пачнi вялiкую справу. Упарадкуй спадчыну i напiшы ўспамiны. Калi ж ня зможаш пiсаць сама, паклiч на дапамогу Галю. Яна мае добрыя вочы i залатыя рукi – яна Табе дапаможа.
I Ты, мая слаўная Галiначка, зрабi справу мамы сваёю справаю. Дапамажы маме. Аднавiся сама, падтрымай маму. Працуйце разам у iмя Максiма. Няхай упарадкаваньне яго лiтаратурнай спадчыны будзе галоўнай мэтай надыходзячага Новага Году. Мы будзем старацца дапамагчы Вам, у меры хоць якой-небудзь спрыяючай падзеi. Мо будзе нам яшчэ новая прэмiя, цi яшчэ што. Дапаможам абавязкова.
Дык вось Вам, любыя мае, навагоднiя пажаданьнi, праўдзiвей – толькi адно пажаданьне.
Веру ў яго ажыцьцяўленьне, дарагiя нашыя.

21.III.55. Дарагiя, родныя Лёля i Галя!
[…] зьявiлася ў мяне думка, цi ня варта Табе, Лёля, напiсаць К.Я.Варашылаву заяву аб пераглядзе справы Максiма, аб зьняцьцi з яго судзiмасьцi, аб дазволе друкаваньня яго твораў (“Камунары” i iнш.). Такi час безумоўна будзе. А мо ён ужо прыйшоў? Так хацелася б… Мо i ўчарашнi змрочны дзень ня быў бы такi змрочны…

29.ХII.56. Дарагiя, любыя нашы Лёля i Галя!
Вiтаем Вас з Новым Годам, жадаем Вам здароўя, добрага адчуваньня, пра­цаздольнасьцi, посьпехаў, шчасьця, поўнай рэабiлiтацыi Максiма! Павiнна гэта быць ужо. […] Пытаньне з аднаўленьнем, або новым абраньнем маiм будзе канчаткова вырашана ў лютым. Пабачым. […] Зрухi ў адносiнах да беларускiх пiсьменьнiкаў усё ж ёсьць, хоць i нерашучыя. Было нешта пра Пушчу, але нiчога пра Уладзiка [тут і далей – Ула­дзіміра Дубоўку. – Р.Г.].

17.III.57. Дарагiя Лёля i Галя!
[…] Нiякiх навiнаў з высокiх установаў няма, – дык мы i чакаць ужо перасталi; даўно прызвычаiлiся мы да чаканьня горшага; дык цяпер больш нiякiх намераў да зьмены нашага стану ня маем, i нiкуды больш з цiхага Дзядоўску не паедзем. Хопiць ружовых iлюзiяў… Але ў станоўчым вырашэньнi справы Максiма я цьвёрда пэвен, не цяпер, дык крыху пазьней.

14.IV.57. Дарагiя, родныя Лёля i Галя!
[…] Пачаўся мой 58* год, такой трагiчнай лiчбай, з якой зьвязаны самыя жудасныя падзеi, – крызiсная, страшлiвая лiчба. Але ўваходжу ў гэты пераломны год усё ж з некаторым жыцьцёвым спрактыкаваньнем, з прызвычаенасьцю не дзiвiцца нiчому горшаму.
Так сумна было чытаць нам пра Уладзiка. Як згняло яго жыцьцё. Няўжо i цiкавасьць да беларускае паэзii прыгнечаная? Аж страшна падумаць…
[…] Але заяву добра што Вы падалi. Максiм безумоўна будзе поўнасьцю рэабiлiтаваны. Толькi трэба пачакаць. I ня трэба думаць дрэннае, бо яно толькi прыгнятае. Паберажы сябе, дарагая Лёля, каб дажыць да добрага. Вось убачыш, – Максiм будзе рэабiлiтаваны i будзе яшчэ выдрукаваны поўны збор яго твораў.

19.I.58. Дарагiя родныя!
[…] у адносiнах Максiма ўсё зусiм ясна i ўсё добра. Пiсаць пра даведку лепш, мусiць, у Маскву. […] Рады мы, што Ул. [У. Дубоўка. – Р.Г.] быў у Менску, што яго лёс зьмянiўся i мо пачнецца новы кругабег яго творчасьцi, – гэта самае галоўнае. […] Мо варта было б напiсаць Глебку, нагадаць пра “Камунараў” i аб магчымасьцi друкаваньня iншых твораў?

23.II.58. Дарагiя, любыя Лёля i Галя!
[…] Ну, вось i дажылi мы да новага нараджэньня Максiма. Цяпер трэба падумаць аб зьмесьце збору твораў. Найлепш параiцца з П. Глебкам, у якога захоўваюцца “Камунары”. Мо ён згодзiцца быць адказным рэдактарам збору. Варта было б зьняць 5–6 копiяў з таго добрага дакументу i паслаць 1 копiю (засьведчаную) у ССПБ. Гэта для пачатку. А потым трэба б было паехаць Галi ў Менск, пазьней троху, сьпiсаўшыся з П. Глебкам. Варта было б уключыць у збор твораў усё на­друкаванае i “Вiленскiя камунары” (абавязкова), а мо i “Сямейную кронiку” (хоць часткова).

25.II.58. Дарагiя Лёля i Галя!
[…] Вельмi рады ўсiм неспадзяваным i шчасьлiвым падзеям. Поўны ўдзячнасьцi цётцы Уладзi [жонцы Я. Купалы. – Р.Г.] за яе ўвагу, – малайчына яна. Шкада, што збор твораў Максiма будзе ня поўны. Але для пачатку няхай хоць так будзе. Аднак, з Глебкам варта параiцца, як я ўжо пiсаў Вам.

8.III.59. Дарагiя, любыя Лёля i Галя!
[…] Вельмi рад, што прыйшла поўная рэабiлiтацыя Максiму, я так i спадзяваўся. Цяпер ня будзе больш нiякiх перашкодаў да друку Максiмавых твораў. Цi даведалiся што пра рукапiс “Камунараў”? Быў жа ён у Глебкi… Можа варта спытаць?

30.VIII.59. Нядзеля. Дарагiя родныя, любыя Лёля i Галя!
[…] У 7-ым нумары “Полымя” мне вельмi спадабаўся артыкул Ул. Дубоўкi – мо гэта зараз яго сапраўдная стыхiя? Успамiны Мядзёлкi чыталi мы з цiкавасьцю. Як у кожных мемуарах, тут многа асабiстага, суб’ектыўнага, недакладнага. Але, ня-гледзячы на недахопы, гэта – першыя спрыяльныя ўспамiны пра беларускi ад­раджэнцкi рух, i ў гэтым – вялiкая вартасьць успамiнаў Паўлiнкi.
Дык чаму ж гэта Баркоўскi замаўчаў? I ў чым перашкода для друкаваньня твораў Максiма? I чаму Баркоўскi не пiсаў артыкулу?
I нам прыемна, што Бабарэку i Багдановiча рэабiлiтавалi.

22.XI.59. Дарагiя родныя Лёля i Галя!
[…] Атрымалi мы многа кнiг з Менску, у тым лiку – зборнiк твораў У.Дубоўкi. Нам многiя вершы спадабалiся. Хоць паэт усё яшчэ ў пошуках прыстасаваньня. Мо i лепш, што У. Дубоўка зноў як студэнт – далёкая бацькаўшчына больш вабiць, i ўспамiны прыгажэйшыя за рэчаiснасьць.
[…] Напiсанае пра Максiма ў “Даведнiку” нам не спадабалася: ёсьць недакладнасьцi ў датах, нiчога ня сказана пра лiтаратуразнаўчыя працы, пра педагагiчную дзейнасьць; аўтар, вiдаць, пiсаў i азiраўся.
Цалуем Вас моцна, вiтаем, абыймаем. Ваш Гурык.

17.I.60. Дарагiя Лёля i Галя!
[…] Рады, што будзе друкавацца зборнiк Лёлi, што друкаваньне абраных твораў Максiма – справа пэўная. Артыкул Баркоўскага нам спадабаўся. “Стары прафэсар” перадрукаваны культурна. Хараство i мiлагучнасьць мовы захаваныя.

14.V.60. Дарагiя, любыя Лёля i Галя!
[…] А цi няма “Вiл. камунараў” у лiтоўскiх архiвах? Дужа рады, што “Жук” ужо выдрукаваны – вiтаем нашу дарагую пiсьменьнiцу. А Семяновiч, вiдаць, гультай, цi занадта асьцярожны.

29.I.61. Дарагiя родныя Лёля i Галя!
[…] З прыемнасьцю перачытаў усе газеты “ЛiМ” за месяц адсутнасьцi, было шмат цiкавага. Убачыў вокладку кнiжкi Максiма, – мне спадабалася. У “Полымi” № 1 за 1961 г. прачытаў, што кнiжка Максiма ўжо ў продажы. […] У “ЛiМе” прачытаў пра юбiлей Дубоўкi. А сёньня ў № 1 “Полымя” з прыемнасьцю прачытаў “Шыльлёнскi вязень” Байрана ў перакладзе Дубоўкi. Добры, сапраўды паэтычны пераклад, хоць ёсьць некаторыя няслушныя словы.

19.II.61. Дарагiя, любыя Лёля i Галя!
Толькi што атрымалi з Менску пасылачку з кнiжкамi; прыйшло i 5 паасобнiкаў кнiжкi Максiма. Прадмова здалася нам абразай. Не спадабалася цьмянасьць партрэту. Абурылi папраўкi рэдактара да слоўнiка Максiма: “Слаўнова”, “Пэцкава”, “драчаны”, “падпiнак” (“церасьсядзельнiк”) i iнш. (“брушкi” i г.д.).
Але трэба прызнаць, што А. Семяновiч надзвычайна ўдала падабраў творы Максiмавы як нешта суцэльнае. Такое ўражаньне ствараецца, калi прачытаць усю кнiжку ўзапар, адразу. Адзiны настрой пiсьменьнiка, адзiная думка прасякае ўсе творы. I адлюстраваньне гэтаму ўсяму даецца ў першым творы “Стогны душы”, як сацыяльна-фiласофскiм уступе да ўсяго далейшага. Пiсьменьнiк i дае малюнак старога жыцьця, у якiм “Навакол адны аграмадныя, гiдкiя комы бруду, бруду дрэннага, гнойнага”… “Я не хачу трываць!” – стогне дух паэта-празаiка-лiрыка. Гэта чуецца ў кожным творы, i гэта супярэчыць усяму, што наплёў у прадмове А. Семяновiч. Дзякуй рэдактару вось якраз за гэта, за ўдалую кампаноўку зборнiку.

27.II.61. Дарагiя родныя, любыя, Лёля i Галя!
[…] Вельмi рады, што рукапiс “Вiленскiх камунараў” адшукалi. Як толькi вы­друкаваць гэты твор? Цi адважыцца хто? Мо да П. Глебкi зьвярнуцца?

28.VI.61. 11 г. 5 хв. Магiлёў. Дарагiя, любыя Лёля i Галя!
Прывiтаньне Вам з Беларусi, з Магiлёўшчыны, з Багацькаўкi, ад усiх родных i знаёмых, – ад усiх пажаданьнi самыя найлепшыя. […] У Багацькаўцы прабылi толькi палавiну дня, ноч i ранiцу. Агарнулi дух цяжкiя ўспамiны, цяжкiя ўражаньнi. Усё вельмi зьмянiлася, а найменш – людзi. Усё такiя ж гаротныя, запрацаваныя, выключна добрыя, ласкавыя, чульлiвыя, з прыгожаю пявучаю багацькаўскаю гаворкаю. Усьцешылi мяне цёплыя адносiны багацькаўцаў да Максiма, да яго твораў – Коля Мiхалкаў, якi працуе 9-ы год трактарыстам, казаў, што слухалi апавяданьнi Максiмавы цэлаю Багацькаўкаю, што сам ён амаль на памяць ведае Максiмавы апавяданьнi.

2.ХI.62. Дарагiя родныя Лёля, Галя!
[…] Прыемна, што Уладзiку далi новую кватэру, – каб хоць крыху добра яму пажылося. Успамiны Лужанiна нам спадабалiся, – i не шаблоннай кампазiцыяй, i выбранасьцю, i асаблiва – мовай. А цi бачылi Вы ў “Беларусi” Коласа сярод беларусак у Горках? Добры здымак. Цi чыталi артыкул С.Александровiча, у канцы якога ён з ласкаю ўспамiнае i пра Максiма? Цi чыталi ўспамiн Хведаровiча пра Коласа, дзе ён гаворыць, як сустракаў у трэку Коласа разам з Максiмам?

15.ХII.62. Дарагiя родныя Лёля, Галя!
[…] Прысьпешце перагляд маiх “Успамiнаў пра брата”, падпрацуйце, або пе­рарабiце, што трэба, i авiяпоштай перашлiце Я. Скрыгану на той адрас, што ён дае. Вельмi добра было б, каб “Ус­памiны” трапiлi ў лютаўскi нумар “Полымя”.
Якое б сьвята было, каб нарэшце выдрукавалi поўны збор твораў Максiма (акадэмiчнае выданьне). А пакуль што галоўнае – неяк паспрыяць выдрукаваньню “Вiленскiх камунараў”, – лепш было б, каб у Вiльнi i каб па-беларуску. Добра будзе, што Лёля напiша ўспамiны пра стварэньне “Вiленскiх камунараў”.

25.ХII.62. Добры вечар, дарагiя родныя Лёля, Галя!
[…] Дзякуй за лiст Лёлi, за выпраўленьне “Успамiнаў пра брата”, за своечасовую перасылку iх Янку Скрыгану. Добра было б, каб 70-годдзе Максiма ўшанавалi як належыць…
Янка Скрыган i Станiслаў Шушкевiч прыслалi лiсты, у якiх пiшуць, што Твае, Лёля, заўвагi i нататкi пра напiсаньне “Вiленскiх камунараў” С.П. перашле А. I. Якшэвiчу, i што яны чакаюць з Вiльнi перадрукаваны паасобнiк “Вiленскiх камунараў”.

28.II.63. Дарагiя родныя, любыя Лёля i Галя!
[…] I нам прыслаў С. П. Шушкевiч «ЛiМ» i «С.Б.» Артыкул С.П. наогул добры, але ён носiць адзнаку часу. Не спадабалася нам ацэнка «Виленских воспоминаний» як публiцыстычнага твору, а не мастацкага.

12.III.63. Дарагiя родныя! Любыя Лёля, Галя!
[…] Прыйшоў другi нумар “Полымя”, з “Успамiнамi пра брата”, скарацiлi мала. З нецярплiвасьцю чакаем трэцi нумар, – проста аж ня верыцца, што “Вiленскiя камунары” будуць выдрукаваныя. Вельмi цiкава, што напiсаў Максiм Лужанiн.
З прыемнасьцю чыталi “Сваю аповесьць” Янкi Скрыгана. Якi ж гэта добры, трывалы, чысты чалавек. Колькi перажыў. Канвойнага Iгiна нельга забыць, i ўвесь гэты выпадак з выратаваньнем людзей, iх пошукамi. I Дубоўкавы ўспамiны цiкавыя, добрыя, – кожныя ўспамiны маюць свой стыль i свае межы.
У зборнiку 70-ці празаiкаў ёсьць i Максiмавы “На iмперыялiстычнай вайне”…

16.IX.63. Дарагiя родныя Лёля, Галя!
Вялiкая падзяка Вам за лiст ад 2.IХ.63 г. i за паасобнiк «Камароўскае хронiкi».
Малайчына Ты, Галачка, – так добра, амаль без памылак, надрукавала, проста аж дзiва. Чытаем разам з Лараю «Хронiку», успамiнаем. Падабаецца нам. Але спадзяваньнi на друкаваньне ў сучаснай сiтуацыi беспадстаўныя. Нездарма ж Вам не адказваюць на лiсты… Трэба яшчэ больш пачакаць. «Сiбiрскiя абразкi» надрукуюць хутчэй за «Хронiку». Пiльна бярыся за працу над iмi, Галiнка.

27.Х.63. Дарагiя родныя, любыя Лёля, Галя!
[…] Вельмi рад, што Галя такi працаздольны друкар i лiтаратуразнаўца – гэта ж амаль усю бацькаву спадчыну ўпарадкавала ў такi кароткi час. Усё праверанае i ўпарадкаванае, канешне, трэба перадаць Iнстытуту лiтаратуры, – там гэтыя ма­тар’ялы найбольш патрэбны i лепш захаваюцца.
[…] Выпiсалi мы “54 дарогi”, – аўтабiяграфii пiсьменьнiкаў, хоць кароценькiя, але цiкавыя. Аўтабiяграфiя Ул. Дубоўкi крыху скарочаная, але напiсана яна са­праўды па-мастацку, найлепш амаль за ўсiх.

18.ХI.63. Дарагiя родныя, любыя Лёля i Галя!
[…] Вiдаць Максiм Лужанiн меў добрую прачуханку, таму i змоўк. Не сьпяшайцеся пасылаць Максiмавы творы, – пакуль абставiны ня зробяцца больш спагадлiвымi. […] Творы Максiмавы мы чытаем. Ужо прачыталi “Сiбiрскiя абразкi”, i “Камароўскую хронiку” да 1918 г.

16.II.64. Дарагiя родныя Лёля, Галя!
[…] Аляксандр Рыгоравіч Гатаў расказаў пра сябе. Ён родам з вёскi Гатава, з-пад Менску, па Лагойскім тракце. Бацька яго, фатограф Гатоўскi, жыў на Захараўскай вулiцы, 107, недалёка ад Янкi Купалы. Я добра памятаю фатаграфiю Гатоўскага; здаецца, мы нават неяк там здымалiся.
[…] А. Р. скончыў ЛДУ, факультэт усходнiх моў; сьпецыялiзаваўся па кiтайскай i японскай мовах, вучыўся ў вядомых вучоных Шуцкага i Васiльева (абодва загiнулi). А.Р. жыў на Далёкiм Усходзе 15 год. Быў вайсковым, палiтруком у кiтайскiм партызанскiм войску, рэдагаваў газету на кiтайскай мове, перакладаў мастацкiя творы, сам напiсаў некалькi кнiг. У 1953 г. А.Р. пераехаў у Маскву; ён – член ССП, загадчык аддзелу мастацкага перакладу, жыве ў Пiсьменьнiцкiм доме недалёка ад метро «Аэрапорт».
А. Р. цiкавiцца беларускай лiтаратурай, сочыць за ёю. У яго на кватэры бываюць У. Дубоўка, П. Броўка, Я. Семяжон i iнш. «Вiленскiя камунары» прачытаў А. Р. у бiблiятэцы ССП. Гэты твор захапiў А. Р. Вось што ён пiсаў нам у сваiм лiсьце: «Книга – превосходная, мужественная, исполненная жизнелюбия, – и работа захватила меня, как никогда. Убежден, что имя автора – прекрасного человека и большого советского писателя – должно стать известно читателям и за пределами Белоруссии»… «хочу сразу же привлечь к автору самые добрые симпатии». «Конечно, хотелось бы побольше узнать и об авторе, о его жизни, – это очень поможет в работе. Ради этого – чтобы все хорошие люди узнали и полюбили Максима Ивановича – я и стараюсь встретиться со всеми, кто его знал»…
[…] Нам А. Р. вельмi спадабаўся сваiм глыбокiм разуменьнем мастацкiх асаблiвасьцей «В. К.», сваiм выключным захапленьнем творчасьцю Максiма (моваю, вобразнасьцю, нечым шэксьпiраўскiм, па яго выразе), якой мы ня бачылi нi ў кога раней, на што, вiдаць, i здольная натура толькi яўрэя тыпу З.Бядулi маладых гадоў (я памятаю яго лiст да Максiма), сваёю гатоўнасьцю ўсё зрабiць для ўшанаваньня i ўвекавечваньня Максiма як лепшага беларускага празаiка… […] А. Р. абяцаў пагаманiць з П. Броўкам, як ён прыедзе ў блiжэйшыя днi ў Маскву, наконт выданьня «В. К.» у Менску асобнаю кнiжкаю.

12.III.64. Дарагiя родныя Лёля, Галя!
У мiнулую нядзелю прыязджаў да нас А. Р. Гатаў з жонкаю. Прабылi ў нас гадзiн 8. А. Р. па-мастацку прачытаў нам пераклад “Вiленскiх камунараў”, ч.I i II; III частку не пасьпеў прачытаць, бо шмат часу занялi заўвагi да першых частак i iх абмеркаваньне.
[…] Пераклад “Вiленскiх камунараў” пачне друкавацца ўжо сёлета ў “Знамени”, а потым – асобнай кнiжкай.
А. Р. гаманiў з Пятрусём адносна выданьня “В. К.” асобнай кнiжкай у БДВ. Пятрусь сказаў, што будзе рыхтавацца тоўсты аднатомнiк Максiмавых твораў, куды ўвойдуць i “В. К.” Вось гэта добра. Пятрусь ухваляў, што А. Р. рыхтуе пераклад “В. К.”, – “тады i нам будзе лягчэй”…

7.V.64. Дарагiя родныя Лёля, Галя!
Учора, у сераду 6.V.64 г., былi мы з Лараю на паседжаньнi Секцыi перакладчыкаў ССП, прысьвечаным чытаньню перакладу «Вiленскiх камунараў». Сабралася чалавек 40–45, каля паловы – моладзь, студэнты – будучыя перакладчыкi.
А. Р. Гатаў сказаў караценькую ўступную прамову i прачытаў 6–7 кавалкаў, пераважна з першае часткi. Слухалi ўважлiва, асаблiва некалькi маладых слухачак. Потым папрасiлi мяне сказаць пра брата. Гаварыў я кароценька, аб месцы «Вiленскiх камунараў» у лiтаратурнай творчасьцi Максiма. Адзначыў, што гэты раман як бы мадэль вялiкай эпапеi «Камароўскай хронiкi».
Потым гаварыў перакладчык Дораў. Ён адзначыў станоўчыя бакi рамана, але выказаў думку аб невыразнасьцi далейшага лёсу Мацея Мышкi. Ён застаўся ў Вiльнi як абываталь, без азначанай палiтычнай мэты. Дораў раiў нават перарабiць канец… (!?)…
Затым цёплую прамову сказаў Гарбачоў, беларускi пiсьменьнiк i перакладчык з Вiцебшчыны, неафiцыйны прадстаўнiк беларускай лiтаратуры ў Маскве; ён пера­клаў «Трэцюю ракету», «Альпiйскую баладу» i iнш. Гарбачоў адзначыў, што «Вiленскiя камунары» належаць да рэдкiх твораў пра рэвалюцыю, яе першыя крокi на ўскраiне Расiйскай iмперыi, мастацкую праўдзiвасьць твору, амаль дакументальнасьць, лёс чатырох пакаленьняў i прыход апошняга пакаленьня да Кастрычнiка; неабходнасьць пазнаёмiць рускага чытача з творчасьцю аднаго з пачынальнiкаў беларускай прозы. Нам Гарбачоў вельмi спадабаўся. Думка перакласьцi «Вiленскiх камунараў» на расейскую мову належыць якраз Гарбачову, якi ўжо год назад як напiсаў афiцыйную прамову ў ССП аб перакладзе «В. К.»
Апошнiм выступаў Аўг. Сям. Мазалькоў. Ён сказаў, што Максiм – яго настаўнiк, па «Гiсторыi беларускай лiтаратуры» яго ён вучыўся; гэту «Гiсторыю» падараваў Аўг. Сям. Янка Купала, у лiку 5 найважнейшых кнiг. Мазалькоў станоўча ацанiў «Вiл. кам.». Ён адзначыў, што Максiм – першы напiсаў беларускi раман «Дзьве душы», раней за Якуба Коласа; што М. – арыгiнальны пiсьменьнiк, iмя якога ў часе культу было пад забаронай; выданьне «Вiл.кам.» на рускай мове – як бы новае нараджэньне пiсьменьнiка […].
Нам вельмi спадабалася прамова Аўг. Сям. Хоць ён хворы i зарабляе на хлеб толькi перакладамi, маючы на ўтрыманьнi жонку, сына i дачку (нiхто не працуе), але ён двойчы прыходзiў на секцыю перакладчыкаў, каб паслухаць «Вiл. кам.» i гамонкi пра iх (мiнулы раз, у сераду, паседжаньне не адбылося).

16.ХI.64. Дарагiя родныя Лёля, Галя!
[…] Сустрэў Гатавых на станцыi а 10 г. 37 хв. раньня, а праводзiў а 8-й увечары. Быў вельмi цiкавы дзень.
[…] А. Р. казаў, што зборнiк выбраных твораў Максiма, памерам 18 аркушаў, у перакладзе А. Гатава, ён мусiць здаць у рэдакцыйную падрыхтоўку ўжо ў гэтым годзе. У зборнiк А. Р. зьмяшчае творы: “Вiленскiя камунары”, “Цiхая плынь”, “Панская сучка” i iнш. Мы параiлi дадаць i “Жартаўлiвага Пiсарэвiча”, як вельмi характэрнага для творчасьцi Максiма. Перадалi А. Р. свой паасобнiк, каб ён пазнаёмiўся. А. Р. казаў, што прадмову да зборнiка абранага Максiмавага на расейскай мове будзе пiсаць Максiм Лужанiн. А. Р. бачыўся з Межалайцiсам, i той сказаў яму, што лiтоўцы зьбiраюцца выдаваць “В. К.” па-лiтоўску.

2.ХII.64. Дарагiя родныя, любыя Лёля i Галя!
[…] Вельмi ўсьцешыў нас лiст Ю. С. Пшыркова. Нават не далi веры, што “Камароўскую хронiку” могуць надрукаваць. А як прачыталi пра гэта ў “Полымi”, дык радасьць нашая шуганула полымем. Каб толькi так было, каб нiчога не засталося невядомым з напiсанага Максiмавага!

11.IV.65. Дарагiя, любыя Лёля, Галя!
[…] Вялiкае Вам дзякуй за “В. К.” i санеты. Афармленьне “В. К.” нам вельмi спадабалася, – Шаранговiч надаў сваiмi дзiўнымi малюнкамi кнiжцы Максiма суровасьць, узвышанасьць, урачыстасьць i той дух адвечнасьцi, якi так заўсёды быў уласьцiвы адчуваньням Максiма.
[…] Казаў А. Г., што быў у Менску, бачыўся з М. Танкам i Скрыганам. Максiм Танк сказаў, што “В. К.” – лепшы твор, якi надрукаваны ў “Полымi” за той час, пакуль ён яго рэдагуе. Танк i Скрыган абяцалi надрукаваць першую частку “Камароўскай хронiкi” ў лiстападаўскiм нумары “Полымя”. А над другой, няскончанай часткай яшчэ трэба многа папрацаваць i прыдумаць форму друкаваньня. На маю думку, трэба другую частку назваць “Матэрыялы да Камароўскай хронiкi”, друкаваць без усякiх дадаткаў i зьменаў.
[…] Лара зрабiла на мой дзень нараджэньня найлепшы падарунак: паклала мне на стол усе рукапiсы Максiма, што перадрукавала Галя, пераплеценыя ў 9 кнiжак. Калi-небудзь так будзе ляжаць у Вас i ў нас поўны збор твораў Максiма. Прачытаў я “Скарбы жыцьця” i “Лiсты”, – i зашчамiла, зазьнiбела сэрца…

27.III.66. Нядзеля. Дарагiя родныя, любыя Лёля, Галя!
[…] У гэтую суботу, учора, наведаў нас М. М. Улашчык; падараваў сваю кнiгу, паказаў новую кнiгу пра летапiс Быхаўца («вёрстку») і паведамiў, што справа з друкаваньнем слоўнiка Бялькевiча вырашаецца станоўча. Дык вось Улашчык казаў, што апiсаньне прыгону i веданьне прыгоннага часу ў Максiма бездакорнае. Як шкада, што «Камароўскую хронiку» не надрукуюць поўнасьцю. Але i за частку найвялiкшае дзякуй «Полымю».

11.VII.66. Дарагiя родныя, любыя Лёля i Галя!
[…] Купiў адну кнiжку «Беларуская дакастрычнiцкая проза» (тыраж 2400 паасобнiкаў!), – у блiжэйшы час вышлем яе Вам. «Лiтоўскi хутарок» надта скарочаны. «Цiхая плынь» – выключная рэч.

11.ХI.66. Дарагiя, родныя Лёля, Галя!
[…] Вельмi мы рады, што “Вiленскiя камунары” будуць перакладзены на ўкраiнскую мову, што “Камароўская хронiка” падабаецца чытачам; няхай бы надрукавалi “К. хр.” цалкам, хоць крыху пазьней.

21.VIII.67. Дарагiя родныя, любыя Лёля i Галя!
[…] Цi чыталi Вы ў “ЛiМе” ад 1 жнiўня пра Максiма? Вельмi добра напiсана, так прыхiльна, сардэчна, – нам спадабалася. А як хораша напiсаў пра Максiма Сьцяпан Александровiч у № 8 “Полымя”. Гэта месца з “Разваг i думак” цытуецца ўпершыню праз 53 гады! I з якою павагаю да аўтара! Малайцы, маладыя хлапцы! Праўду пiшуць, не баяцца, не азiраюцца.

2.III.68. Дарагiя, любыя, родныя Лёля i Галя!
Пасылаю Вам запрашэньне на вечар Максiмаў, – для архiву. Запрашэньнi гэтыя разаслалi толькi ў аўторак, 27.II, а вечар адбыўся 28.II, у сераду. Праз кепскую iнфармацыю многiя на вечар ня трапiлi. Не было нават Максiма Лужанiна, Максiма Танка, Петруся Броўкi. Сабралася толькi каля 70 чалавек.
Уступную прамову сказаў Янка Брыль, вельмi зьмястоўную, цёплую: “У нас было два Максiмы – Багдановiч i Гарэцкi… Мы, i я асабiста, знаёмiлiся з беларускай лiтаратурай праз “Рунь”…, яго падручнiкi”.
Асноўны даклад зрабiў Дзьмітрый Бугаёў, у такiм плане, як надрукаваны яго артыкул у “ЛiМе”, як пабудавана яго кнiга пра Максiма. Нам вельмi спадабалася грунтоўнасьць, глыбiня, багатая дакументаванасьць, аб’ектыўнасьць, спагадлiвасьць…
З успамiнамi выступаў Юрый Гаўрук. Гаварыў без паперкi, усхвалявана, шчыра. Спачатку Ю. Г. даў гняўлiвую ацэнку прадмове Семяновiча. А потым расказаў пра Максiма як чалавека, вучонага, пiсьменьнiка. Падкрэсьлiў сьцiпласьць Максiма, арганiзаванасьць, прынцыповасьць, выключную працаздольнасьць, прастату i амаль аскетызм у быце, праўдзiвасьць, замiлаванасьць да роднага слова, да лiтаратуры, да фальклору, таленавiтасьць…
Палкай i зьмястоўнай была прамова Язэпа Семяжона. Гаварыў ён узьнёсла, з гордасьцю за беларускую лiтаратуру, за Максiма як пiсьменьнiка i вучонага. Я.Се­мяжон прачытаў урыўкi з артыкулу нямецкага прафесара Бернара (так мне за­помнiлася прозьвiшча, мо i памыляюся), у № 5 ад 4.II.68 г. “Sontag” пра беларускую лiтаратуру i «Вiленскiх камунараў»; як самы лепшы твор апошнiх год, пра 75-годдзе М. Г., пра яго выключную арыгiнальнасьць i ўсебаковую таленавiтасьць. Слухалi словы Я. Семяжона як сенсацыю, пакiнула яна ва ўсiх моцны сьлед.
Прачытаў я «Некалькi малюнкаў» (Вы iх чыталi, што Лара перапiсала). За­ключнае слова сказаў Янка Брыль, цёплае, сардэчнае.

14.III.68. Дарагiя родныя, любыя Лёля, Галя!
[…] У Менску гаманiў з Ю. С. Пшырковым. Ю. С. сказаў, што ў юбiлейным выданьнi пра гiсторыю беларускай лiтаратуры (у 2-х тамах) новы аўтар напiсаў пра Максiма вялiкi разьдзел на 80 старонак! Крыху прыйдзецца скарацiць, а напiсана, па ацэнцы Ю. С., добра. Ю. С. сказаў, што ССПБ праектуе выдаць збор твораў Максiма. Усё залежыць ад згоды ЦК. Таму Ю. С. раiў, каб Лёля напiсала ад сябе асабiста лiст у ЦК (не спасылаючыся на намер ССПБ) з просьбай выдаць зборнiк твораў М. Г. Дачка Ю. С. пiша дыпломную працу пра “Вiл. кам.”
Пабыў у Ю. Гаўрука i М. Ганчарыка; абедзьве пары шлюць Вам прывiтаньне. Ю. П. перадаў мне ад Язэпа Семяжона той нумар “Sontag”, у якiм надрукаваны артыкул праф. Т. Н. Брарона. Праз некалькi дзён перашлем Вам.

16.VIII.68. Дарагiя, любыя, родныя Лёля i Галя!
[…] М. М. Улашчык прыслаў нам з Менску новую кнiжку “Гiсторыя беларускай дакастрычнiцкай лiтаратуры”. У артыкулах Ю. С. Пшыркова, В. А. Чамярыцкага i рэдкалегii (на чале з В. В. Барысенкам) вельмi прыхiльна напiсана пра Максiма, асаблiва ў артыкуле Ю. С. Пшыркова.

18.VIII.68. Дарагiя, любыя, родныя Лёля i Галя!
Сёньня прыйшоў да нас № 8 «Полымя». У часе абеду Славiк прачытаў прадмову Д.Я.Бу­гаёва ўголас усёй сямi. Мы ўсе рады, бязмежна ўдзячны Д. Я-чу. Адразу ж я перачытаў усё. Нiбы пагаманiў з Максiмам, так усё шчыра, праўдзiва, лiрычна напiсана. Як радасна, прыемна. Мы яшчэ дачакаемся, калi будуць выдрукаваны поўны акадэмiчны збор твораў Максiма. Толькi лепшайце, лепшайце, будзьце трывалымi!

2.II.69. Нядзеля. Дарагiя, любыя, родныя Лёля i Галя!
[…] Артыкул Я. Семяжона такi зьмястоўны, такi выдатны, поўны радасьцi за росквiт роднай лiтаратуры, што ён чытаецца, як паэма. I як радасна за Максiма, за ацэнку яго твораў. Паспрабую дастаць “В. к.” па-польску ў магазіне кнiг са­цыялiстычных краiн.

17.VI.69. Дарагiя, любыя, родныя Лёля i Галя!
[…] Нам прыслала Г. В. Вiгурская ўкраiнскi пераклад ”В. к.” праз М.К.Хайноўскую. Добры пераклад, i тыраж (30 000 паасобнiкаў) таксама добры. Мы напiсалi падзяку перакладчыцы, пашлем ёй 28.VI вiншавальную тэлеграму (ёй будзе 60 год!).
[…] Цi чыталi Вы ў № 6 “Полымя” Леанiда Падгайскага “Жывая спадчына”? Як радасна слухаць такое пра Максiма! А пачуем яшчэ лепшае.

12.II.1970. Менск. Чацьвер. 9 г. веч. Дарагiя, любыя, родныя Лёля i Галя!
[…] Дужа мы зрадавалiся, што зьбiраюцца паставiць бюст (мо некалi помнiк?) Максiму на Радзiме. А хто ж зробiць бюст? Вось каб Заiру Азгуру заказалi, дык ён бы зрабiў добра па памяцi. А дзе паставiць гэты бюст-помнiк? Нам здаецца, што лепей было б яго паставiць каля Багацькаўскае школы i клубу, што будавалiся супраць кладзiшча, каля нашай Малой (Меншай) Багацькаўкi. Тут блiжэй было б стаяць Максiму каля роднага кута, каля магiлак бацькоў. Але калi Разьдзельскай сярэдняй школе нададуць iмя Максiма, дык няхай бы там быў пастаўлены i бюст, i няхай быў бы створаны музейны куток Максiма.

2.ХII.70. Дарагiя, любыя, родныя Лёля i Галя!
Сёньня быў я ў дырэктара Бiблiятэкi АН БССР – Мiхаiла Паўлавiча Стрыжонка.
М. П. сказаў, што Бiблiятэка з прыемнасьцю забярэ Максiмаў архiў i зробiць сама копiю – на “эра” (а могуць i iншым спосабам); нешта адпаведнае яны i заплацяць.
[…] Мне спадабаўся М. П. сваёю добразычлiвасьцю i культурнасьцю. I сховiшча ў Бiблiятэцы АН БССР для Максiмавага архiву будзе самае надзейнае.

10.I.1971. Дарагiя, любыя, родныя Лёля i Галя!
[…] Ранiцою сёньня, а 10 г. 30 хв., была па тэлевiзару лiтаратурная перадача. Спачатку гаварыў Максiм Лужанiн, з сваёй кватэры. Запiс перадаваўся з плёнкi. М.Лужанiн вельмi цёпла i спагадлiва гаварыў пра Максiма, як пiсьменьнiка, гiсторыка лiтаратуры, вучонага, грамадскага дзеяча, аўтара слоўнiкаў. Добра сказаў Максiм Лужанiн пра “Вiленскiя камунары”, згубу рукапiсу, пра шкадаваньне аб згубе Якуба Коласа, пра знаходку, пра зьмест твору, яго значэньне.
А потым артыст Тэатру юнага гледача Говар-Бандарэнка чытаў “Вiленскiя камунары” ў скарочаным варыяньце, з паказам асобных мясьцiнаў Вiльнi, клубу на Вароняй, суседнiх вулiцаў, партрэтаў Цёткi, Гайдуковiча, Аза, Вяржбiцкага i iнш. Говар-Бандарэнка зьнешне падобны да Максiма. Чытаў ён, вярней гаварыў, у большасьцi па памяцi, выключна добра, выразна, з добрай iнтанацыяй, з выразнай дыкцыяй, з сапраўды беларускiм вымаўленьнем. Нам вельмi спадабалася ўся перадача.
Пазванiў я М. Лужанiну, падзякаваў сардэчна, папрасiў тэкст яго прамовы (каб пераслаць Вам). Але выявiлася, што М. Л. гаварыў экспромтам, нiякага запiсу ў яго няма.
Пазванiў я i Говару-Бандарэнку, таксама шчыра падзякаваў ад усiх родных, падзiвiўся такiм дасканалым веданьнем тэксту “В. к.”. На гэта Г-Б. сказаў, што “В. к.” напiсаны крывёю сэрца, што ён захоплены гэтым творам.

13.ХII.71. Дарагiя, любыя, родныя Лёля i Галя!
Сёньня схадзiў я ў СП БССР. У пятнiцу, 10.ХII.71 г., было пасяджэньне Прэзiдыуму СП. Як нам сказаў Янка Скрыган, Прэзiдыум прыняў пастанову прасiць Дзяржаўны Камiтэт па друку выдрукаваць двухтомнiк твораў М. Г. к 1973 году, да дня нараджэньня пiсьменьнiка, а не ў 1974 годзе, як запланавана Камiтэтам.

30.VI.72. Пятнiца. Менск. Дарагiя, любыя, родныя Лёля i Галя!
[…] Д. Я. Бугаёў склаў ужо i каментар да Максiмавага двухтомнiка. Рэдактарам двухтомнiка ад выдавецтва “Мастацкая лiтаратура” прызначаны Алесь Бачыла; ён ужо пачаў чытаць рукапiс. Прыемна, што рэдагаваць будзе такi культурны чалавек i выдатны знаўца беларускай мовы.

9.VII.72. Нядзеля. На поплаве Нёмана каля г. Масты. Дарагiя, любыя, родныя Лёля i Галя!
[…] Гаманiў з А. Бачылам, рэдактарам Максiмавага двухтомнiка ад выдавецтва. А. Б. казаў, што адзiн том ён ужо прачытаў. Захапляецца Максiмавай мовай. Абяцаў кiнуць усе справы, каб у жнiўнi скончыць рэдагаваньне. Прасiў Вас выбраць партрэт Максiма для двухтомнiку. Мне падабаецца той, што быў у томiку расейскага перакладу “В. к.”, але ў мяне няма арыгiналу (згубiў недзе мастак Гатава…)
А. Б. казаў, што ў двухтомнiку варта было б пакiнуць толькi самыя лепшыя творы Максiма (“каб нанава адкрыць пiсьменьнiка”)…

30.VII.72. Дарагiя, любыя, родныя Лёля i Галя!
[…] Пра сумную навiну, пра трагiчную сьмерць А. Гатава пры аўтамабiльнай катастрофе, Вы чыталi, мусiць, у “Лiт. газеце”. Як шкода гэтага высакароднага Чалавека! Напiсалi мы сёньня спачувальны лiст Веры Якаўлеўне. Якая недарэчная, заўчасная згуба…

23.I.73. Дарагiя, любыя, родныя Лёля i Галя!
Сёньня ўвечары званiў мне Алесь Бачыла. Ён сказаў, што двухтомнiк Максiма будзе iсьцi пад назваю “Выбраныя творы”, а ня “Збор твораў” (на выданьне збораў патрабуецца пастанова СМ). А паводле правiлаў для выбраных твораў, у iх нельга зьмяшчаць незакончаных твораў. Таму “Камароўскую хронiку” выключылi з двухтомнiку. Памер двухтомнiку застаўся ўсё роўна 62 друк. аркушы.
Першы том пракарэктаваў А.Бачыла; прачыталi карэктуру таксама Ю.С.Пшыркоў i Б.I.Сачанка. Уражаньне ад двух­томнiку, кажа А. Бачыла, добрае, – сабрана ўсё закончанае, лепшае. Выйдзе з друку двухтомнiк толькi ў канцы вясны – пачатку лета.
А. Бачыла гаманiў з Адамовiчам Алесем, каб той напiсаў грунтоўную працу пра Максiмаву творчасьць. Алесь Адамовiч згадзiўся i пасьля выхаду двухтомнiку пачне пiсаць пра Максiма кнiгу. Гэта вельмi прыемна.
Яшчэ сказаў мне Алесь Бачыла пра сваю думку выдаць “Віленскія камунары” на расейскай мове ў аўтарызаванай перапрацоўцы Максiма (“Виленские воспоминания”), – не ў перакладзе, а як арыгiнальны твор аўтара. Пытаўся, цi добра напiсаны “В. к.” па-расейску з боку мовы i майстэрства. Параiў я яму самому прачытаць арыгiнал “В. к.”, што ён i зробiць. А. Бачыла ўсё гаманiў аб магчымасьцi выданьня “В. к.” у будучым годзе, – у выдавецтве ставяцца да такой прапановы прыхiльна.
Алесь Бачыла перадае Вам прывiтаньне i пытаецца, як Вы лiчыце, цi варта друкаваць “В. к.” асобным выданьнем. Мне прапанова А. Б. падабаецца.
Учора перачытаў “Скарбы жыцьця”. Калi-небудзь гэты твор параўнаюць з “Садоўнiкам” Рабiндраната Тагора па форме i стылю. Якое хараство, якая глыбiня, гэта – рэквiем самому сабе. I гэты чалавек пiсаў у гэтым жа годзе “Вiленскiе камунары”. Якая мужнасьць духу! Якая велiч душы!
Ласкава Вас цалуем, абыймаем. Вашыя родныя – менчукі… За ўсiх – Гурык.

31.I.73. Дарагiя, любыя, родныя Лёля i Галя!
[…] Фiласофскае асэнсаваньне мiнулага Беларусi асаблiва яскравым было ў Максiма ўвесь апошнi кругабег яго жыцьця, з 1930 г. – да сьмерцi, – мудрае, балючае, трагiчнае…
Сёньня даведаўся ад Н. I. Глебкi пра гiсторыю захаваньня «В. к». Хаваў iх i П. Ф., i асаблiва Н. I., вiдаць, разам з Ал. Ад. Нават у зямлю закапвала «В. к.», разам з iншымi матэрыяламi, Н. I.

17.VII.73. Дарагiя, любыя, родныя Лёля i Галя!
Вельмi мы радыя, што двухтомнiк Максiма Вам спадабаўся. I нам ён таксама падабаецца. Попыт на двухтомнiк добры. У кiёску АН 20 паасобнiкаў лiтаральна расхапалi ўмомант. На рэспублiканскай i абласной базах кнiг Максiма ўжо няма. Мы набылi 140 паасобнiкаў. Ужо раздалi i разаслалi 70 двухтомнiкаў. На Вашу долю хаваем 15 паасобнiкаў.
Сёньня быў у нас Алесь Мiхайлавiч Адамовiч: ён будзе пiсаць артыкул пра творчасьць Максiма па заказу «Полымя». Гэта дужа прыемна: А. М. – лепшы беларускi крытык. Алесь Бачыла перадае Вам цёплае прывiтаньне; ён лiчыць, што ўжо варта пачынаць працу па выданьні (складаньні) поўнага збору твораў Максiма. Леў Салавей праектуе перакладаць 1-шы том Максiмаў на расейскую мову.

20.VII.73. Дарагiя, любыя, родныя Лёля i Галя!
Учора ўвечары гаманiў па тэлефоне з Алесем Адамовiчам. Ён ужо дамовiўся з Генадзем Бураўкiным, што “Лiсты з фронту” будуць друкавацца i па-беларуску ў “Маладосцi”, самi перакладуць. Друкаваць пачнуць у першых нумарах 1974 году. Дык ёсьць час для добрай рэдактарскай падрыхтоўкi, – так, як i хацела Галя. Дык А.А. просiць, каб Галя сама параiла, што трэба дадаць у першы варыянт з тых лiстоў, якiя ёсьць у Вас (так, як i хацелi Вы). Таму шлём Вам рукапiс першага варыянту, каб Вы ўсё прагледзелi i дадалi тое, што лiчыце патрэбным. I поўны збор лiстоў Лёнi перашлiце мне, а я перадам А.А. Лiсты не скарачайце, бо дэталi таго часу так цiкавыя сёньня.

6.Х.73. Субота. Дарагiя, любыя, родныя Лёля i Галя!
Як я ўжо сказаў Вам па тэлефоне, навуковы супрацоўнiк Iнстытуту лiта­ратуразнаўства АН БССР Мушынскi пачаў пiсаць, па заказе рэдакцыi “Нёмана”, вялiкi артыкул пра Максiма. Спачатку гэта павiнна была быць рэцэнзiя на двухтомнiк. Але потым Мушынскi вырашыў напiсаць вялiкi артыкул пра творчасьць Максiма (каля 1 аркуша цi крыху больш). Мне вельмi падабаецца намер Мушынскага. Гэта – сур’ёзны, таленавiты дасьледчык, з уласнымi арыгiнальнымi поглядамi, добры знаўца творчасьцi Максiма. I вельмi будзе добра, што артыкул, прысьвечаны Максiму, зьявiцца i ў “Полымi” № 1 за 1974 год, i ў “Нёмане” № 4.
Артыкул для “Полымя” пiша Алесь Адамовiч, самы таленавiты беларускi лiтаратуразнаўца, вялiкi прыхiльнiк Максiмавай творчасьцi. На жаль, А.А. захварэў, кладзецца на аперацыю (апендыцыт). Вельмi, вельмi добра, што творчасьць Максiма будуць разглядаць такiя аўтарытэтныя дасьледчыкi.

23.Х.73. Дарагiя, любыя, родныя Лёля i Галя!
Сёньня, а 16 г. 30 хв., адбылася лекцыя Мiхаiла Iосiфавiча Мушынскага, у Iнстытуце геахiмii i геафiзiкi, на тэму: “Жыцьцё i лiтаратурная дзейнасьць Максiма Гарэцкага”. Лекцыя цягнулася больш гадзiны. Лекцыю гэтую слухалi супрацоўнiкi нашага Iнстытуту вельмi ўважлiва; былi i Лара, i Радзiм, i я. Лекцыя была выключна цiкавая па зьмесьце, глыбокая, эмацыянальная, надзвычай спагадлiвая да Максiма, багатая фактамi. Мусiць, гэта – зьмест таго артыкулу, якi М.I. рыхтуе да друку.
Мы былi дужа радыя. Лекцыя гэтая чыталася па лiнii таварыства “Веды”. А 25.Х Радзiм будзе чытаць лекцыю па геалогіі ў Iнстытуце лiтаратуразнаўства (у адказ на лекцыю Мушынскага).

2.ХI.73. Дарагiя, любыя, родныя Лёля i Галя!
[…]Радзiм выступiў з дакладам пра геалогiю i тэктонiку Беларусi пасьпяхова. Было чалавек 35, амаль увесь Iнстытут лiтаратуразнаўства. Было шмат пытаньняў. Даклад i адказы на пытаньнi цягнуўся каля 3 гадзiн. Гаварыў Радзiм па-беларуску.
[…] У Уладзiка бачылi кнiгi перакладаў беларускiх пiсьменьнiкаў на нямецкую мову. Ёсьць там i пераклады трох твораў Максiма – “Лiтоўскi хутарок” i iнш. Уладзiк хацеў даць нам гэтую кнiгу, але мы пасаромелiся браць адзiны паасобнiк. У. i М.П. [Уладзімер Дубоўка і ягоная жонка, Марыя Пятроўна. – Р. Г.] дрэнна выглядаюць…
Ласкава Вас цалуем i абыймаем. Вашыя родныя – менчукі. За ўсiх – Гурык.

12.ХI.73. Дарагая, любая, родная Лёля!
Усе Твае родныя-менчукі ад усяго сэрца вiншуем Цябе з выдатнейшай датай – 80-годдзем!
Жадаем Табе поўнага палепшаньня здароўя, каб Табе не балела больш, каб добры быў у Цябе настрой, каб прачытала Ты з радасьцю рэцэнзii аб двухтомнiку Максiма, “Лiсты з фронту” Лёнi, “Выбраныя творы” Леанiлы Чарняўскай, “Поўны збор твораў Максiма Гарэцкага”… А галоўнае – каб Табе не балела, каб Табе палягчэла.
Ты – гераiчная жанчына! Колькi Ты напiлася гаркаты, нясьцерпнага гора, незабыўных згубаў, глыбокiх болек душы i цела, невыносных пакутаў. I з якою цярплiвасьцю, ненараканьнем, разуменьнем Ты пераадолела ўсе выпрабаваньнi лёсу, захавала цiкавасьць да жыцьця, нязгасную любоў да Беларусi, беларускага народу, яго культуры, лiтаратуры, сьвежасьць пачуцьцяў, маладосьць i яснасьць розуму, дзявочую прыгажосьць i сiнiя, сiнiя, васiльковыя, нябёсныя вочы. Ты – неўмiручая, як сама Беларусь.
Вiтаем з Тваiм юбiлеем любую, родную Тваю дачушку Галiнку, якая ўсё жыцьцё аддала сваiм дарагiм Тату i Мамачцы, ратуючы i ахоўваючы iх, пераняўшы ад сваiх бацькоў найлепшыя iх якасьцi iнтэлекту, характару, паводзiн. Твой вялiкi юбiлей – адначасна юбiлей Галачкi, такой жа гераiчнай жанчыны, як i Ты сама.
Каб дажыў Максiм да гэтага Сьвята Вашага, якi быў бы ён шчасьлiвы, радасны, прызнаны Вам за вернасьць яму i па-за шлюбам Сьмерцi. Родныя Вы, нашыя родныя; харошыя, харошыя; прыгожыя, прыгожыя; разумныя, разумныя – увасабленьне ўсяго самага значнага, самага лепшага, самага пяшчотнага ў адвечнай жаночасьцi – “das Еwigweibliche”, у сэнсе вялiкай душы Жанчыны…
Ласкава Вас абыймаем, цалуем, песьцiм, тулiм да сябе, плачам i радуемся разам з Вамi. Жывiце доўга i шчасьлiва ў iмя Максiма…
Вашыя родныя – менчукі. За ўсiх – Лара i Гурык.

28.ХII.73. Дарагiя, любыя, родныя Лёля i Галя!
[…] Дык як Вам спадабалiся “Пялёсткi”? Нам вельмi, вельмi.
У “Маладосць” пра лiст Лёнi я напiсаў. Надоечы выдавецтва “Volk und Welt” (ГДР, Берлiн) прыслала мне кнiгу беларускай прозы (апавяданьнi) «Буслы над балотам» (Stцrche ьber den Sьmpfen). У гэтай кнiзе ёсьць тры творы Максiма ў перакладзе Норберта Рандава (Nоrbert Randow): Der Eid – Прысяга; Birkenteer – Дзёгаць; Das litauische Gehцft – Лiтоўскi хутарок. Пераклад вельмi добры. Толькi некаторыя словы засталiся лiтаральна не перакладзенымi, напр. дубцы, плакала сухiмi вачыма i iнш. Дык цi прыслаць Вам гэтую кнiгу?
Пiмен Панчанка прыслаў цудоўны лiст пра двухтомнiк Максiма i Максiмаву творчасьць.

24.I.74. Дарагiя, любыя, родныя Лёля i Галя!
Толькi што званiў мне Алесь Мiхайлавiч Адамовiч. Ён сказаў, што Генадзь Бураўкiн перадаў яму “Лiсты з фронту”, каб iх падрыхтаваць да друку як аповесьць. Друкаваць будуць у другой палове году. Вось якая радасьць!
А. Адамовiч будзе хутка ў Маскве; зойдзе ў “Юность” – хоча пагаманiць, каб аповесьць пра Лёнiна франтавое жыцьцё была надрукавана ў “Юности” па-расейс­ку. Якая добрая думка! Пра Максiма Адамовiч пiша; ён хоча адзначыць сусьветнае ў творчасьцi Максiма, пачынаючы з “На iмперыялiстычнай вайне” (параўнаньне з Анры Барбюсам, Рэмаркам). Таксама добрая iдэя. Турбаваць А.Адамовiча ня варта, каб пiсалася вольна.

18.VI.74. Дарагiя, любыя, родныя Лёля i Галя!
Учора я пераказаў Вам па тэлефоне аб наведаньнi рэдакцыi “Маладосцi”. Мне вельмi спадабалiся супрацоўнiкi “Маладосцi”, асаблiва рэдактар Генадзь Мiкалаевiч Бураўкiн i перакладчык “Лiстоў з фронту” Уладзiмiр Максiмавiч Дамашэвiч. Пераклад дасканалы, жывая беларуская мова… Некаторыя лiсты скарочаныя, або ня зьмешчаныя, – мусiць, лiстоў 7. Але асноўнае – усё пакiнута; пра бацьку – не скарочана нiводнае слова. Уступ Алеся Адамовiча – 1,5 старонкi. Напiсана цёпла, мудра, сардэчна, глыбока, узьнёсла. Нельга чытаць без хваляваньня, бяз сьлёз.
Фотакартку, якую Вы раiлi, пакiнуў у рэдакцыi. Заўтра пазваню Г.Бураўкiну, перадам Вашае жаданьне адносна фотакартак, аб зьмене назвы: не “На дваццаць трэцяй вясьне”, а “На дваццаць другой вясьне (Пiсьмы з фронту лейтэнанта Леанiда Гарэцкага)”.

23.VI.74. Дарагiя, любыя, родныя Лёля i Галя!
[…] Былi мы з Ларай на вечары, прысьвечаным 50-годдзю Васiля Быкава. Перасылаю запрашэньне. Вечар адбыўся ў Палацы мастацтваў. Нiколi не было ў гэтым Палацы столькi людзей. На ўсiх праходах стаялi прыхiльнiкi таленту Быкава.
[…] Г.М.Бураўкiн зрабiў блiскучы даклад – i па форме, i па зьмесьце, па глыбiнi i арыгiнальнасьцi думак. Многа было прывiтаньняў, адрасоў. Васiль Быкаў хваляваўся, пачырванеў; сказаў адказнае слова, сьцiпла, сьцiпла. Воплескi амаль ператварылiся ў авацыю. Так было прыемна i радасна.
На вечары I. Мележ, сустрэўшыся, зноў сардэчна дзякаваў за двухтомнiк Максiма. Сказаў: “Я адчуў, што Максiм Гарэцкi – наш вялiкi пiсьменьнiк. Ня меншы, чым К., нават большы К…”

30.IX.74. Дарагiя, любыя, родныя Лёля i Галя!
[…] Вельмi прыемна, што Янка Брыль прыслаў Вам такi ласкавы лiст, – якi чулы ён чалавек, добразычлiвы, разумны, як тонка разумее ён творчасьць Максiма. […] А.Бачыла казаў, што “Лiсты Лёнi” ўсiм чытачам надта падабаюцца. Добра выказаўся пра “Лiсты” Пiмен Панчанка.

22.VI.75. Нядзеля. Дарагiя, любыя, родныя Лёля i Галя!
[…] I так радасна было чытаць артыкул Мiхася Стральцова ў “Маладосцi” № 6 “Чалавек з Малой Багацькаўкi”. Колькi цеплаты, разуменьня, замiлаванасьцi, праўды. I там жа верш Нiла Гiлевiча “Памяцi Максiма Гарэцкага”. А хутка будзем чытаць грунтоўнае дасьледаваньне Алеся Адамовiча. Пачалося поўнае прызнаньне Максiма – такая радасьць i гарката ад думкi пра пакуты Максiма i Вашыя, пра загубленае…

27.IХ.75. Дарагiя, любыя, родныя Лёля i Галя!
А.М.Адамовіч i І.Мележ казалi мне, якое замiлаваньне маюць яны да Максiма.
Цi маеце Вы кнiгi М.I.Мушынскага: «Беларуская савецкая проза. Раман i аповесць», 1971 г., i «Беларуская крытыка i лiтаратуразнаўства», 1975? Як добра i глыбока разглядае М.I. творчасьць Максiма, яго «Гiсторыю лiтаратуры», «Вiленскiя камунары» i iнш. творы. Так прыхiльна i пранiкнёна напiсаў пра Максiма толькi Алесь Адамовiч.
Надоечы перадавалi па радыё артыкул Бечыка, – там вельмi станоўча ацэньвалiся «Вiленскiя камунары».

15.I.76. Дарагiя, любыя, родныя Лёля i Галя!
[…] Усе мы ў захапленьнi ад тэксталагiчнага дасьледаваньня Галi – тонкага, глыбокага, звышквалiфiкаванага, разумнага, дакладнага, таленавiтага. Максiм быў бы такой самай думкi. Малайчына, Галачка, малайчына! I вельмi добра Вы зрабiлi, што напiсалi Л. Салаўю, далiкатна адзначыўшы 21 памылку. I таксама добра Вы зрабiлi, выказаўшы падзяку М. Мушынскаму.
[…] Прыемна, што вучнi Омску зьбiраюць матэрыялы для свайго музею пра Лёню i яго аднапалчан.
[…] Надоечы званiла дачка Аркадзя Куляшова – Валянцiна, загадчыца беларускiх тэлеперадач. Мае ў плане 20 хвiлiн на Максiма i Лёню. Хоча запоўнiць iх гамонкаю Алеся Мiхайлавiча i маёю. Але А.М. i я прапанавалi, каб мы толькi прысутнiчалi i сказалi некалькi слоў, а каб гаварылi артысты – чытальнiкi. В.А. будзе складаць новы сцэнар на перадачу ў канцы студзеня.
М.Мушынскi напiсаў прадмову да аднатомнiка Максiма – прыйдзе нам прачытаць. Назву аднатомнiка Л.С. прапануе – “Красные розы”, а Л.М. – “На рассвете”, або “Перед рассветом”… Але яшчэ не прыдумалi назвы. Якую назву прапануеце Вы?

27.ХI.76. Дарагая, любая, родная Галiначка!
[…] Час бяжыць i бяжыць. Не шкадуй, што “Лiсты з фронту” Лёнi былi выдрукаваныя пры жыцьцi Лёлi. Для яе гэта быў ня толькi боль, але i найлепшы бальзам на яе болькi, – сьведчаньне найвялiкшай пашаны да роднага сына, а разам з тым i да бацькi, да яе самой, да роднай сястрычкi, да родных, да сучасьнiкаў, да юнакоў, да iх справы, да справядлiвасьцi. Лёля гэта зразумела, адчувала, гэтым жыла, ацэньвала “Лiсты” як помнiк Лёню. Гэта было шчасьце, хоць i балючае, – большае, чым усе фiзічныя i маральныя пакуты.
Выкiнь з галавы свае няверныя думкi пра “Лiсты”. Выдрукаваньне гэтых лiстоў – цэлая падзея, рэабiлiтацыя Максіма – поўная, маральная, далучэньне Лёнi i яго сяброў на вайне да неўмiручых. Якое шчасьце, што лiсты былi выдрукаваны пры Лёлi.
Добра робiш, што ўпарадкуеш матэрыялы мамы: калi-небудзь усё будзе выдрукавана. Малайчына!

22.Х.77. Субота. Дарагая, любая, родная Галачка!
[…] Адносна друкаваньня лiстоў Лёнi ў ГДР новага нiчога нячутна. Бачыў я на сесii АН БССР 18.Х.77 г. А.М.Адамовiча. Ён казаў, што БДУ выдае “Браму…” асобнай кнiжкай па-беларуску i па-расейску. Як добра Ты зрабiла, напiсаўшы А.М. пра памылкi, – ён, канешне, iх выправiць пры друкаваньнi “Брамы” асобнай кнiжкай.
А.М. зрабiў на пленарным пасяджэньнi сесii АН БССР даклад пра разьвiцьцё беларускай лiтаратуры. Гаварыў – чытаў па-беларуску. Вельмi многа i ўзьнёсла гаварыў пра Максiма. Такога блiскучага беларускага дакладу актавая зала БАН нiколi, мусiць, ня чула. Шкода, што даклад ня быў запiсаны магнiтафонам. А.М. казаў, што даклад выдрукуе ў “ЛiМе”. Але ж напэўна са скарачэньнямi? Даклад А.М. аўдыторыя праводзiла працяглымi воплескамi.
Добры даклад, таксама па-беларуску, зрабiў Радзiм, пра разьвiцьцё геалагiчнай навукi ў БССР. I яму плёскалi. Так мне было прыемна слухаць А.М. i Р. Каб так было часьцей.

8.IV.78. Дарагая, любая, родная Галiначка!
Сёньня на маё iмя прыслалі выпiску з пратаколу пасяджэньня сакратарыяту СП БССР ад 17.ІІІ.78 г. (так доўга афармлялi i слалi!) аб уключэньнi Цябе ў Камiсiю па лiтаратурнай спадчыне бацькi. Перасылаю Табе гэты дакумент.
Учора званiў з Кiраўнiцтва СП БССР адзiн з сакратароў (прозьвiшча я не разабраў); ён паведамiў, што на абгаворы сакратарыяту аднадушна выказалiся за складаньне i выдрукаваньне ўспамiнаў пра Максiма Гарэцкага. […] Дык трэба нам з Табою параiцца пра зьмест кнiгi ўспамiнаў. Напiшы мне свае меркаваньнi.
На маю думку, апрача ўспамiнаў Тваiх i маiх, варта было б зьмясьцiць успамiны А.М.Сухога, В.Ф.Сухой, Г.I.Бабарэкi, Якiмовiча, М.Р.Iваноўскай, М.Лужанiна, Я.Брыля, М.Танка – як успрымалася творчасьць Максiма ў Зах. Беларусi, Ю.Гаўрука… Прадмову напiша складальнiк.
Мо варта было б запрасiць былых прафесароў БСГА – I.Дз.Юркевiча, П.П.Рагавога, М.М.Ганчарыка, А.С.Вечара, М.Д.Несьцяровiча? Або былых рабфакаўцаў БДУ (ёсьць адзiн у Менску). А можа, папрасiць каго-небудзь са старых багацькаўцаў, слаўнаўцаў, галалобаўцаў? А можа, зьмясьцiць у гэтай кнiзе «Лiсты з фронту» Лёнi (як сваеасаблiвыя «ўспамiны пра бацьку»)? А можа, зьмясьцiць водгукi пра творчасьць Максiма з лiстоў-адказаў на падарункi двухтомнiку? I цi ня варта зьмясьцiць успамiны родных: Нiны, Юлькi, Клаўдзi?

7.ІІ.79. Дарагая, любая, родная Галiначка!
[…] Прыемна, што латвiйскае выданьне Максiмавых твораў Табе спадабалася. Канешне, шкода, што не далi прадмовы, малюнкаў, што тып салдата на вокладцы кнiгi не беларускi.

7.IX.79. Пятнiца. Любая Галiначка!
Успамiны Заiра Азгура перасылаю Табе ў маiм перакладзе. Вельмi цяжка было перакладаць. Сёе-тое я скарацiў (пра сябе). […] Сёньня занясу адзін асобнік Заiру, ён дамовiўся з рэдакцыяй “Звязды”, – будуць друкаваць у газеце. З.I. хацеў дадаць яшчэ пра гамонку Максiма з Скрыганом.

11.І.80. Дарагая, любая, родная Галiначка!
[…] Твае развагi пра тое, дзе друкаваць 4-томнiк, разумныя. Канешне, толькi ў Акадэмiчным выдавецтве. Так лiчыць i А.М.Адамовіч. Тым больш, што справай падрыхтоўкi 4-томнiка будзе кiраваць М.Мушынскi (па думцы А.М.), якi любiць творчасьць Максiма.
Дык ня трэба будзе Табе нiчога пiсаць у выдавецтва “Мастацкая лiтаратура”. Усё зрабiлася само к лепшаму.

14.IX.80. Дарагая, любая, родная Галiначка!
[…] Пасылаем Табе 3 заказныя авiялiсты, – з газетамi «За перадавую навуку» i «Вячэрнi Мiнск», – пра падрыхтоўку да выданьня збораў твораў пiсьменьнiкаў i ў iх лiку Максiма, пра сход пiсьменьнiкаў-камунiстаў, пра выхад з друку «Брамы…» i лiстоў Лёнi.

24.ІІ.82. Любая Галачка!
[…] На выстаўцы да ХІ зьезду мастакоў Беларусi З.I.Азгур не выстаўляў партрэт нашага Максiма, – вiдаць, яшчэ будзе нешта дарабляць.
Вось i пайшоў з 18.ІІ.82 г. Максiму 90 год. Праляцiць гэты год шыбка. Будзем чакаць зьяўленьня І тому твораў Максiма i “Успамiнаў”.

24.VIII.82. Аўторак. Дарагая, любая Галiначка!
Сёньня пазванiў мне У.С.Караткевiч. Ён пiша эсэ пра Мсьцiслаў (3 др. арк.). Езьдзiў У.С. у Мсьцiслаў; аглядаў старажытную царкву-камянiцу, якую рамантуюць i заснуюць у ёй музей. У гэтым музеi будзе куток пра М.Багацькаўку, пра Максiма i яго родных.
У сувязi з гэтым У.С. езьдзiў разам з сакратаром райкаму (родам з Занькаўшчыны) ў М.Багацькаўку i Слаўнава, наведалi Клаўдзю, агледзелi Слаўнаўскую царкву. У.С. прасiў сакратара райкаму абмеркаваць пытаньне аб наданьнi адной з вулiцаў Мсьцiслава назвы «вулiца Максiма Гарэцкага». У.С. прасiў нас, родных Максiма, падумаць, што мы маглi б перадаць у музей Максiма: фотакарткi, фотакопii рукапiсаў, творы Максiма, уласнаподпiсы, рэчы i iнш.

5.І.83. Дарагая, любая Галiначка!
[…] Справы Максiмавы iдуць добра. Вечар будзе весьцi сам М. Танк, даклад зробiць А.М.Адамовiч. […] Пойдзем 7.І.83 г. у Дом літаратара (камiнная зала) на творчы вечар Алеся Вечара.

22.VI.84. Добры дзень, дарагая Галачка!
[…] Падараваць “Успамiны” так i не змаглi нiкому. Усё раскуплена, мы так шукалi некалькi тыдняў. Аднак, абяцаюць, што яшчэ партыю выпусьцяць. Сочым несупынна. Цярплiва чакаем. Добра, што Ты пасьпела падараваць родным i блiзкiм. Больш прысылаць Табе ня будзем.

3.І.85. Галiначка!
Учора, а 19.30 г., Янка Брыль чытаў па радыё ўрыўкi са сваёй новай кнiжкi.
У трох урыўках было многа добрых, узвышаных слоў пра нашага Максiма. Здаецца, нiхто так пранiкнёна не пiсаў i так натхнёна не гаварыў.


Пасьляслоўе

На жаль, Леаніла Усьцінаўна Чарняўская-Гарэцкая многія радасныя моманты вяртаньня спадчыны свайго мужа не перажыла, бо 26 верасьня 1976 году адышла ў іншы сьвет. Але выданьне манаграфіі Алеся Адамовіча «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» ў часопісе «Полымя» і ягоную ацэнку творчасьці Максіма Гарэцкага як «класіка беларускай літаратуры» яна яшчэ засьпела. З удзячнасьцю і сумам прачытала «Лісты з фронту» любага сына.
Гаўрыла Гарэцкі дажыў да першай паловы перыяду канчатковага вяртаньня шматграннай спадчыны брата і ягонай асобы да беларускага народу (1984 – 1993 гг.). Ён разам з пляменьніцай Галінай прынялі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і выданьні «Збору твораў» у чатырох тамах (1984–1986 гг.), пасьпеў прачытаць асобную кніжку Максіма Гарэцкага ў серыі «Бібліятэка юнацтва» «На імперыялістычнай вайне» і «Письма с фронта» Леонида Горецкого» (1987) са зьмястоўнай прадмовай М. Мушынскага. Па эскізе Гаўрылы ў Багацькаўцы пачалі будаваць музей-сядзібу Максіма Гарэцкага. Але 20 лістапада 1988 г. Гаўрыла Іванавіч пайшоў з жыцьця.
Ён ужо не пабачыў двух кніг, якія выдадзеныя ў блізкім афармленьні да чатырохтомніку: «Творы» (1990) і «Гісторыя беларускае літаратуры» (1992). У «Творах» больш чым праз 70 гадоў з часу першага выданьня надрукаваная аповесьць «Дзьве душы». Ні жонка, ні брат так і не даведаліся пра тайну сьмерці Максіма Гарэцкага: ён не памёр 20 сакавіка 1939 г. у пасёлку Важаэль КоміАССР ад кровазьліцьця ў мозг, як пра тое хлусьліва пісалася ў афіцыйным дакуменце, а быў расстраляны 10 лютага 1938 г. у Вязьме…
100-годдзе Максіма Гарэцкага ў 1993 г. адзначалася вельмі шырока і ўрачыста. Часопіс «Полымя» надрукаваў успаміны Л.Чарняўскай «Памятка» і «Скарбы жыцьця» – апошні невядомы твор пісьменьніка, які падрыхтавала для друку Галіна Максімаўна. Газета «Літаратура і мастацтва» зьмясьціла шэраг артыкулаў вядомых пісьменьнікаў пра асобу і творчасьць М.Гарэцкага. Юбілейныя навуковыя канферэнцыі і вечарыны прайшлі ў Акадэміі навук Беларусі, Доме літаратара, Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках, памяшканьні Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Янкі Купалы, ЮНЕСКА (Парыж) і інш. Адкрылі помнікі ў Вязьме і Менску, мемарыяльныя дошкі – у Горках, Мсьціслаўлі, Менску. Імя Максіма Гарэцкага атрымалі вуліцы ў Мсьціслаўлі, Горках, Менску, Маладзечне, Горацкая раённая цэнтральная бібліятэка. У Багацькаўцы пачаў працаваць музей-сядзіба, быў створаны Рэспубліканскі фонд імя братоў Гарэцкіх, які рэгулярна праводзіць «Гарэцкія чытаньні». Пра жыцьцё і творчасьць Максіма Гарэцкага надрукаваны шэраг працаў, зроблены фільмы, абаронены кандыдацкія дысертацыі. Выйшлі з друку кнігі Максіма Гарэцкага: «Избранное» (1989); факсімільнае выданьне кнігі «Рунь» (Мн., 1994); «Дзве душы» (1992, 1997); «Творы» (1995); «Віленскія камунары» і «Камароўская хроніка» (1997); «Публіцыстыка 1918–1919 гг. (2000); «Прысады жыцця» (2003) і інш.
Галоўныя творы Максіма Гарэцкага ўбачылі сьвет, але яшчэ шмат матэрыялаў пра жыцьцё і творчасьць хаваецца ў архівах, аб чым сьведчаць знаходкі апошняга часу. Браты Гарэцкія ўсё жыцьцё аддалі справе нацыянальнага Адраджэньня Бацькаўшчыны, і іх спадчына дапамагае пабудове незалежнай дэмакратычнай беларускай дзяржавы. Як ніколі, зараз актуальныя словы Максіма Гарэцкага: «Ахвярую сваім “Я” ў імя сьвятога ўсім нам Адраджэньня».
Радзім Гарэцкі.