12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Антаніна Хатэнка

_____________________
Я - далёка, я - з туману.
Вершы

* * *

Калі я сыходзіла з Неба,
маліўся адчайна Анёл:
там цёмна, зласьліва й ганебна,
там выесьць душу груганьнё…

Ні праўды, ні зоркі, ні шляху
на зглохлых абсягах зямлі.
А я паляцела над жахам,
аж нервы прасторы гулі.

А я абярнулася птахай,
у мёртвую ўпала ваду.
У далечы рэха ачахла —
ніяк берагоў не знайду.

Хістае: дзе бераг, дзе — верад,
дзе чыстая крынь, а дзе — твань…
Балюча відушчае веры
ўпіваецца ў сэрца жарства.

Ад мёртвай вады да жывое
пралегла бяздонная ноч.
Магільнай травой, як дратвою,
пазлучаны эры ў Адно.

Калі мяне прымуць нябёсы,
Сьцішэе Анёл пад вакном…
Нітой на касьмічныя кросны
спадаю — і ўсходжу наноў…
24.02.2003, Салігорск


Маленьне

Божа мой, скрозь вякі відушчы,
Божа мой, праз дарогі чуйны,
дзе сьвячаюць сьвятарна душы,
дзе сьцішэла сьвятло начуе,
дзе раяцца сьвітальна росы —
з малітоўнай Гары Нябёснай
ратавальна пашлі ахову
да маёй адзінотнай мовы.

Божа мой, міласэрны Пане,
любамудры мой Валадару,
нагарнулася ноч прыспанна,
насылаючы хмары-чары:
ацяжэла на вуснах слова —
ні дыхнуць-спамянуць, ні мовіць…
Адслані! Барані, мой Божа,
тут казаньня-насеньня ўсхожжа.

Абярожны, магутны Ойча,
мой далёкі й да сэрца блізкі,
зорка дол пажагнала тройчы,
зьнічна падае да калыскі…

Божа праведны, дай нам радасьць
гаварыць да спрадвечнай Рады —
да зямлі, да травы, да саду —
і ў журбе, і ў любові-зладзе,
на чужыне й у цёплай хаце,
над крыжамі, у сьне й у сьвяце,
памінальна, вясельна, гімна
нашай мовай радзімна-дзіўнай.
З крэўным словам — высокім дарам —
Уваскрэснуць дай, Гаспадару.
Векавечыць дай, Валадару…


* * *

Едрусю Акуліну
Дзе спаткала Максіма зіма,
правяла крышталёваю кладкай,
па Краіне Венера сама
мілавічна раздорвае згадкі.

Як расстайна-балюча любоў
адлятала з Максімавых вуснаў,
да Краіны засмучанай Бог
даравальным сьвятлом павярнуўся.

Зьнерухомеў у плыні Страцім,
пад сьнягамі спаміны паснулі,
і, пачуўшы твой голас, Максім,
засьпяваў небавышне Акулін.

Пераняў дарагую красу -
і зьляцеў на сьвятую Дарогу,
дзе Максіму ды Едрусю сум,
сьветлы сум ніспасланы ад Бога…
09.12.2002


* * *

Я зьявілася: цёпла ў сьвеце.
Гольле голае гонкіх рук
захацелася ўгору ўзьнесьці,
стаць на дыбачкі пад зару.

Я ўзьляцела: зялёны вецер
у смарагдавай цішыні
паднябесна мяне прывеціў,
заплятаючы сонца ў дні.

У далёкай дарозе доўгай
я шукала сьлядоў сьвятло,
а яно над гарой Міндоўга
заясьнелася й ажыло.

А яно з пракаветнай цемры
помна сочыцца ў вочы мне.
Прачынаюся… цёплым зернем
у прыроды на дайным дне…

І ўзвышаюся над сабою,
па-над межамі ў далягляд,
дзе спавіты Сусьвет Любоўю,
скуль сьвяціцца ў вякі Зямля.
22.04.03

* * *

Вып’ю з белага келіха ЧАС,
а з чырвонага келіха — шЧАСьце.
Цішынёй да пляча крывіча
цёпла-цёпла з дарогі прыпасьці.

Вып’ю з белага келіха СОН,
а з чырвонага келіха — СОНца.
У пяшчотным віры валасоў
сьветла-сьветла зьляцець
у бясконцасьць.

Вып’ю з белага келіха БОль,
а з чырвонага келіха — БОжасьць.
Мы спаткаемся ў небе з табой
лёгка-лёгка, як цемра зьняможа…

…Вольна-вольна тут, яснавяльможны,
шчыра-шчыра, мой дружа-дарожа.


* * *

“Быць можа, пуціна жыцьця
Лягла пярсьцёнкам, друг”
М. Багдановіч

Быць можа, пуціна зьбяжыць
да долу з Вашых зор —
і ў Вышу ўздымуцца крыжы,
як птахі гордыя, кружыць
над венамі разор.

Быць можа, я сустрэну Вас
сярод нябёс і зор.
Віецца час, як слуцкі пас, —
у непарыўнасьць лучыць нас
…і падае сьлязой.

Быць можа, век ляцець, сьвяціць
Вам сьнежань зваражыў…
Дзе Вы журбуеце, Страцім,
адзін, паранена-адзін?
Як мне да Вас дажыць?
09.12.2001


* * *

“У родным краі ёсьць крыніца
Жывой вады”.
М. Багдановіч

Твой шлях ад Менску да Гародні —
сувой-спакой.
У сьнезе сонным і халодным —
вагонь вякоў.
Твой шлях ні блізкі, ні далёкі —
узмах крыла.
Якою прывіднай і крохкай
зіма была.

Твой шлях ад сьнежня —
да бязьмежжа, ад Краю ў рай.
У сьцюжы спала незалежнасьць,
Літвы пара.

Твой шлях пад зоркаю Венерай —
каханьня сьпеў,
пад болем, страхам і бязьвер’ем
уздым сасьпеў.

Твой шлях да помнае крыніцы
жывой вады.
Тут прыпыняюцца маліцца
сны-халады.

Твой шлях дамоў, да Веранікі —
сьцямнеўся сад..
А ў шатах восені паніклай
трымціць краса.

Твой шлях ад Вільні да Пагоні,
з прадоньня ўвыш.
Ад вострабрамскага бяссоньня
да зор ляціш…
09.12.2001

* * *

Тут адзінока,
у маіх аблоках —
безразорна, бязьмежна,
зорна й сьнежна…
А вам — сьмешна?

Мо, вам завысока
да тых аблокаў?
Стае вам кроплі,
затое ж — цёплай.

Няма палёгкі…
Між нас — аблокі.
Адна ў пустэчы
жыткуе вечнасьць.

Як тут празрыста,
трымцьліва й чыста
ў маіх аблоках…
Усплёск вытоку
як чую тонка…

Мне сьветла й родна.
А вам — халодна.
Мне ясна й сумна.
Як вы — бяз тлуму?

Акіну вокам —
шляхі ў аблоках…
Сьцюдзёнай цішай
гартуе Вышнасьць.

Растаў далёка
гул вашых крокаў…
02.09.2001


* * *

Мой шлях ляжаў. А я над шляхам — ніцма.
Мой шлях збуцьвеў, урос у караньнё.
Гулі званы, згасалі зараніцы,
бяскрыла падаў да зямлі анёл.

Мой шлях ляцеў, ня знаючы прыстанку,
сасьлепла бег няведама куды,
не прыкмячаў ні вечароў, ні ранкаў
і забываўся ўгледзецца ў сьляды.

Мой шлях блудзіў, туліўся да чужынцаў,
і варажыў, і здраджваў сам сабе.
Не навучыўся праведна маліцца —
шукаў дабра ў сяўбе й у барацьбе.

Адчайна біўся шлях — і зьнерухомеў:
згубіўся сэнс і ў цемры, і ў сьвятле.
Заснуў пачатак у цяпле й бяздом’і:
усё зьнікае на счужэлым тле.

Спыніўся шлях уноч на скрыжаваньні.
Пранікліва ўзіраўся ў сэрца Бог.
Я папрасіла ў шляху дараваньня —
зь віны да ўсходу выправіліся ўдвох…
27.12.2003


* * *

За туманам віднелася ноч
і купальны вянок — на расьпяцьці.
Два анёлы над нашай віной,
над агменем у княжай палаце.

За туманам мільгала сьвятло
з незваротнасьці Вострае Брамы…
Што блудзіла, хмурнела, пякло,
праляцела пяшчотай над намі.

За туманам — палацавы баль,
векавое ўздыханьне аргану.
Спамінай мяне ці забывай —
я — далёкая, я — з туману.

За туманам — узьнесены крыж.
Дзьве душы ў вышыні, два анёлы.
Як самотна гарыць на гары
з нашых крылаў купальскае кола.
О5.09.2002


* * *

Ясны пане! Сумуе восень
па зялёных арэлях вёснаў,
па сьвітальных узьлётах босых
з апраметнае — да нябёсаў.

Ясны пане! Стамлёна восень
сны снуе на дарогі-кросны
і бурштынавы сум узносіць
над маім ачужэлым лёсам.

Ясны пане! Журбуе радасьць
над сьцішэлым у мроях садам.
Можа, трэба вышэць і падаць,
як лістоце, каб зьведаць ладу.

Ясны пане! І звады й здрады
адвяду, адсланю паглядам.
Палымнее між нас прынадай
восень-любасьць — няма ёй рады.

Ясны пане! Усё мінецца.
Захліпнецца тугою сэрца.
Зажальбуецца восень-ростань,
нажыўляючы сонцам соты.

Ясны пане! І над самотай,
і над слотаю — баль пяшчоты.
Горка пахне спамінам вецер
загасаюць сьлядоў суквецьці.

Ясны пане! А вы ня верце
ў страх зьяўленьня й свабоду сьмерці.
Гэта восень у смутным сьвеце —
з пазалоты смугі ня сьцерці…
13-17 верасьня 2002


* * *

Ня жыць, ня марыць, не любіць,
ня плакаць, не змагацца.
Людзей нібыта град прыбіў
і ў хатах, і ў палацах.

Зямля — іржа, вада цьвіце.
Насланая маркота.
Над цэлым сьветам чорны цень —
і сны, і думкі ўпотай.

Сьмяецца цень, клянецца цень.
І просіцца ў даверы.
Туман, як чад, гусьцей, гусьцей —
падман бяз краю й меры…

Ні зор, ні ўсьмешак, ні вачэй.
Халодная пустэльня.
Што цень падорыць нам яшчэ?

І што мы з ім падзелім?
08.10.04


* * *

Куды ні глянеш – людзі, людзі.
Куды ні глянеш – шэльмы, шэльмы...
Янка Купала
Людзі. І нелюдзі.
Постаці… Здані…
Скурчаны ў верадзе
мроі й паданьні.
Птушкі. І яшчары.
Вышнасьці… Нетры…
Чужнае падчар’е –
крушні й паветра.
Сонцы. І цемрыва.
Выраі… Пеклы…
Золь абшчаперыла
ўсё, што ня ўцекла.
Княжасьць. І бездам’е.
Мы, я… Ня-мы-я…
Байкамі сьнедаем,
грозьбай абедаем.
Хто мы – ня ведаем:
доля адмые…


* * *

А ці ведаеш, сьвеце,
у якой старане
Бог блуканца прывеціў,
што пакінуў мяне?
Ці пакажаш мне, Божа,
дзе, на дрэве якім
запульсуе атожыл –
памяць з цёплай рукі?
Дзе прыстанак твой, птаху, –
скразьнякі ж, халады?
Коціць з небнага даху
Бог эпох жалуды…


* * *

І з-пад каменя, і з-над аблокаў
гавары да мяне.
У нябесным бары галёкні –
шэпт пачую ў вакне.
Уздыхні з дзірваноў панямотных
і замшэлых крыжоў.
Нагаворвай люботы-пяшчоты
з неабсяжнага ЎЖО.
Між сьпякотнай самотаю й слотай
час прагал прасячэ…
Ці сягнуў векаўзвышнага ПОТЫМ,
ці ў дарозе ЯШЧЭ?
Я расчытваю ўзоры канвалій
і пісьмёны дажджоў —
мост калінавы наканаваньня
ад ЯШЧЭ — і да ЎЖО.


* * *

“Ой, жаль, жаль мне будзе –
возьмуць яе людзі”
(з улюбёнай Твае песьні)
А мне нічога не шкада,
што прамінула.
Дарозе ўдзячна перадам
спакой – над гулам.
А я з палёгкай правяду,
што адышлося.
Як у вядунскую ваду,
дзіўлюся ў восень.
Між нас нязбытная віна –
між неба й долу.
Адна запозьненасьць відна
ў пуціне голай.
О, як трымціць гаркотна жаль
на вейцы лёсу:
хто нашы леты так пажаў –
у дол калосьсем?