12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Гібок-Гібкоўскі

_____________________
Дакрануцца да неба. Вершы


БЕЛАРУСКАМУ ВАЯРУ

Л. Прышчэпу
Быў некалі цар у спартанцаў адзін, –
даводзіць гісторык Тацыт, –
бруіла жыццё яго ў плыні хвілін
і звалі яго Леанід.

Ды неяк знянацку, ударам пад дых –
кастроў непрыяцельскіх дым!
І цар трыста вояў сабраў сваіх
і стаў перад ворагам тым.

Меў цар Леанід непраўзыйдзены дар –
мячом валодаў як бог,
прыняў ён той люты варожы ўдар –
тым волю Спарты збярог.

І нашай зямлі змагары-ваяры
мелі характар граніт,
ў часы трывожнай для краю пары
ўздымалі, як цар Леанід

свой меч баявы і стаялі сцяной,
смяротны прымаючы бой,
і, бы ў ланцугу залатое звяно,
сціналі дзяржаву сабой.

Не мелі сабе яны іншых уцех –
адно ў полі бітвы двубой,
і не даравалі адзін толькі грэх –
здрады Радзіме сваёй!

І сёння ваяр наш цвёрдай рукой
продкаў трымае сцяг,
яму, як заўжды, толькі сніцца спакой
на жыццёвых шляхах.

Ні грошай, ні іншых сабе даброт
не прагне ён адшукаць.
Адзін яго клопат – за годам год
Радзімы спакой зберагаць!

Ды і калі ён пойдзе ў запас
і здыме даспехі свае,
ва ўсякі трывожны Радзімы час
зноў стане пад сцягі яе!

І, як калісь, Леанід – смелы цар –
зноў спаліць сэрца датла,
першым прыняўшы варожы удар,
каб наша воля жыла!
14.08.2006


ЗАВЕЯ

“Мяло, мяло па ўсёй зямлі…”
Б.Пастарнак.
Н.М.
Дзесь на небе мая зорка пахіснулася,
а завея зноў наўсцяж зямлі мяла…
Толькі б ты здалёк ізноў вярнулася,
толькі б ты – хоць не са мной – але была!

Хай у свеце зімным мітусяцца людзі,
хай завеі куламесіцца імгла,
хай мяне ты больш на ранку не пабудзіш,
толькі б ты ў імя усіх святых была!

Птушкай раненай зноў адляціш на ранні,
лёгкі след твой заіскрыцца між нябёс,
будзеш там хавацца ад свайго кахання,
не здалеўшы паміж намі рушыць мост.

Я адзін стаю на ім ў завеі белай,
спаланёны шчыльным покрывам імжы,
растварыўшыся няўзнак душой і целам
ў завірусе, у якой няма мяжы.
11.2007

ГРЭШНІЦА
Грашыць – і ў граху свяціцца...”
В.Розанаў.
В. П.
Мне зноў Ваша зорка здалёк мігаціць
ў гучанні дзівоснай песні,
і немагчыма не ацаніць
яе прыгажосць нябесную.

Ніколі на небе яна не згасне,
хоць лёс наш – кароткі ўздых!
Дай Бог Вам цаніць і зямное шчасце —
што адно на дваіх!

Адчуць густы яго грэшны смак,
паспець ім як след наталіцца…
Бо і такі, кажуць, ёсць Божы Знак –
“Грашыць – і ў граху свяціцца!”
11.07.2008


ВЫ МЯНЕ ЎЖО НЕ ПАЛЮБІЦЕ!

Раствараюся зноў у шумнай вуліцы…
Каб не стрэць Вас - Бога малю!
Вы мяне ўжо не палюбіце,
ды і я Вас не палюблю!

Ў нас нічога болей не зладзіцца,
і жыццё праляціць наўзбоч,
не асвеціцца больш Вамі раніца,
не сагрэецца Вамі ноч.

Больш ніколі ка мне не прытуліцца
Ваша цела з душой збалелай,
мая даўняя мара не збудзецца --
дакрануцца з Вамі да неба.

Не дала нам доля-разумніца
станчыць нат развітальны блюз,
Вы мяне ўжо не палюбіце
Ды і я Вас не палюблю!
06.09.2011


ЛІСТАПАД
Т. Д.
У лістапада сумны твар,
дрымотны стан спавіў прасторы,
і рэшткі смелых летніх мар
злятаюць у асенні морак.

Зноў жоўтая лістота дрэў
з вятрамі ў неба дружна рвецца.
І светлы восеньскі напеў
зноў напаўняе нашы сэрцы.

Дзядоў на гэтых днях святых
мы згадваем ад першаздання,
і з комінаў вясковых дым
ў нябёсы рвецца зноўку з рання.

Іначай бачым дні свае –
свет бы наўкол без берагоў!..
Як часта потым не стае
нам так угледзець зноў яго!


БЫЛІНКА
С.
Хвіліны жыцця гонкія
знікаюць за часу сцяной...
Былінка мая тонкая,
адно толькі ты са мной.

Разгублена склаўшы крылы,
ты шчэмішся ў горкі мой рай...
Не ведаеш, як астыла
там сэрца, адчуўшы край.

Там свет мой амаль апусцелы,
бо ў ім я столькі грашыў,
што там толькі месца целу,
і недзе дзецца душы.

І ўсё ж, адчуваючы згубу я,
праз розных спакусаў зман
іду да цябе толькі, любая –
ў таемных вачэй дурман.

Зноў дзень, быццам цень пахілы,
хаваецца за небакрай.
Былінка мая мілая,
толькі ты не знікай!

Бо праз самоту пастылую
і незямную тугу
узняцца да небасхілу
я толькі з табой змагу.
10. 2009

МУЗА
Зноў жыццё маё непагодзіцца,
але ўперад ісці даводзіцца…
І няпроста на крохкай мяжы
навучыцца нанова жыць.

Прызвычаіцца, што неба ў хмарах,
што бракуе Боскага Дару,
што самота за горла сціскае,
і жыцця хвіліны сцякаюць,

як капеж веснавы імкліва,
з успамінамі, як быў шчаслівы,
і як крылы трымцелі ў нябёсах
у высокім палёце лёсу...

Зразумець, што ўжо мары не збудуцца,
што калісь пра цябе забудуцца,
як амаль пра ўсіх забывалі,
хто да берага Музы прычаліў.

Хто адносіны з ёй заводзіў,
і з другімі рахункі зводзіў,
каб пабыць аднаму з ёй побач,
даказаць, што і ты – Асоба!

Што і ты з ёй сябрук закляты,
і закоўваў сэрца ў латы,
каб было да яго не прабіцца
каб ні з кім больш ім не дзяліцца.

Усё ты Музе нёс апантана,
а яна, як каханка сляпая,
тваё сэрца дашчэнту спаліла
у сваім шалёным гарніле…

І як тое дасюль бывала,
у той жа міг пра цябе забывала.
І ты мусіў плыць зноў у нікуды,
абяцаючы, што не будзеш

больш да Музы ты заляцацца,
каб праз дзень-другі зноў дамагацца
з ёй сустрэчы хоць на імгненне,
каб упасці зноў ва ўтрапенне!..

Бо Яна ў сваёй каведнай сіле
ўвесь свет даўно пакарыла…
Не апошні ты і не першы,
хто й душу закладваў за вершы!

Ты не ведаў тады – ўсё мінае,
і твая кумірка былая
стане смешнай і недарэчнай…
А жыццё ў яе тле – небяспечным…
09.2011