12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ніл Гілевіч

_____________________
Між роспаччу і надзеяй.

Абрыс пройдзенага шляху ў сьвятле адной мары. (Заканчэньне)

Заканчэньне.

Пачатак

у №2-6 (21-25).


ЧАСТКА ЧАЦЬВЁРТАЯ

1990—1994

Апошнія месяцы 1989-га я амаль цалкам ахвяраваў на падрыхтоўку «Закону аб мовах у Беларускай ССР», паводле якога беларуская мова павінна стаць у Беларусі, — кроў з носа — толькі так! — адзінай дзяржаўнай. Пастанова Вярхоўнага Савета БССР аб выпрацоўцы гэтага Закону была прынятая яшчэ ў ліпені, тады ж на сесіі была створаная адмысловая камісія — з вельмі доўгай, каб усё ахапіць, прадугледзець і ня схібіць, назвай: «Камісія па падрыхтоўцы прапаноў аб заканадаўчым урэгуляваньні статуса беларускай, рускай і іншых моў, якімі карыстаецца насельніцтва Беларусі». Старшынёй Камісіі прызначылі Н. М. Мазай, а намесьнікам — Н. Гілевіча. У Камісію, апрача дэпутатаў (В.Быкаў, І. Чыгрынаў, Ю. Смірноў, Г. Бураўкін і інш.) увайшлі таксама мовазнаўцы П. Садоўскі, А. Падлужны, М.Яўневіч, пісьменьнікі Б. Сачанка, В. Рагойша, сакратар ГК КПБ гісторык П. Краўчанка, юрыст А. Абрамовіч і інш.

На першым жа пасяджэньні Камісіі разгарэліся спрэчкі. Як і трэба было чакаць, далёка ня ўсе былі згодныя з фармуліроўкай самага галоўнага артыкулу будучага закону: беларуская мова зьяўляецца ў Беларусі адзінай дзяржаўнай, а рускай мове адводзіцца роля мовы міжнацыянальных зносінаў. Некаторыя дэпутаты дамагаліся, каб у праект Закону былі прапанаваныя ў якасьці дзяржаўных дзьве мовы — і беларуская, і руская. Асабліва ваяўніча, помню, змагаўся за дзьве дзяржаўныя мовы прадстаўнік рабочага класу дэпутат Г. Капанік: колькі нянавісьці пёрла з яго і да беларускай мовы, і да нас, «нацыяналістаў»! Такая была ў партыйна-савецкіх вярхах практыка: выпускаць і нацкоўваць на беларускую інтэлігенцыю інтэрнацыяналістаў-пралетарцаў. Аднойчы сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі мне так і сказаў (гаворка ішла пра рашучы бээнэфаўскі настрой у студэнцкай моладзі): «А мы на них рабочий класс напустим». Страшнавата стала.

На гэтым жа першым пасяджэньні Камісіі была створаная рабочая група для напісаньня праекту Закону аб мовах, узначаліць якую даручылі мне. Праект быў падрыхтаваны досыць хутка, да сярэдзіны кастрычніка — дапамаглі атрыманыя намі матэрыялы з тых рэспублік Саюзу, дзе аналагічны Закон ужо быў прыняты (у прыватнасьці, з Эстоніі: там Статус эстонскай мовы быў зацьверджаны Вярхоўным Саветам рэспублікі яшчэ ў канцы мінулага году). Шмат спрэчак пры абмеркаваньні праекту Закону ў Камісіі выклікала пытаньне аб тэрмі­нах выкананьня яго паасобных артыкулаў. Выбралі аптымальны варыянт, найбольш рэалістычны — з увагі на тое надзвычай цяжкае становішча, у якім беларуская мова ў Беларусі на сёньняшні дзень знаходзіцца. Пазьней, на працягу многіх гадоў, з боку некаторых актывістаў БНФ будзе весьціся крытыка, што вызначаныя тэрміны былі занадта вялікія, расьцягнутыя, трэба было даваць менш часу на беларусізацыю дзяржаўных установаў і школаў. Пытаньне спрэчнае, але асабіста я лічу, што гэта крытыка няслушная, усё, што датычыць тэрмінаў, было прадумана і ўзважана самым сур’ёзным чынам. Мы зыходзілі з разуменьня таго сумна-горкага факту, што за дзьвесьце гадоў панаваньня расейскай улады русі­фікацыя ў нас зайшла занадта глыбока, і ня толькі як моўная практыка, але і як сьвядомасьць, і як псіхалогія — масавая псіхалогія недастатковай самапавагі, прыніжанай нацыянальнай годнасьці, абыякавага і нават нігілістычнага стаўленьня да свайго, роднага. Тое, што накручвалася дзьвесьце гадоў, «адкруціць» хутка, за год-два — не рэальна, рэвалюцыйны гвалт можа толькі нашкодзіць справе. Як раіць мудрая прыказка: цішэй едзеш — далей будзеш.

Наконт хуткасьці ў мяне была трывога іншага парадку. У студзені наступнага 1990-га году адбудзецца апошняя сесія Вярхоўнага Савета XI скліканьня, — набліжаюцца новыя выбары ў парламент рэспублікі. Ці ня зробяць сваю нядобрую справу сілы, якія катэгарычна супраць беларусізацыі, супроць вяртаньня дзяржаўных правоў беларускай мове — ці не зацягнуць яны падрыхтоўку Закону з тым, каб перадаць яго новаму, дванаццатаму скліканьню ВС. Пакуль новы склад будзе выбраны і распачне працу — пройдзе добрага паўгода. А як вядома — адклад не ідзе на лад. Перамаўляўся наконт гэтага з Нінай Мікалаеўнай Мазай, яна супакойвала, што такое не павінна здарыцца — план працы ВС зацьверджаны на сесіі і пераглядаць гэта пытаньне ў кіраўніцтва рэспублікі намеру няма. Іншая рэч, што малавата часу на публічнае, усенароднае абмеркаваньне праекту Закону аб мовах. Хацелася, каб як мага больш нацыянальна сьвядомых грамадзянаў выказаліся ў падтрымку беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай у рэспубліцы. Рада ТБМ прыняла зварот — да ВС СССР, ВС БССР і дэпутатаў ВС рэспублікі з заявай, што ТБМ выступае супроць наданьня рускай мове статусу агульнадзяржаўнай мовы ў СССР. Так новаствораная грамадская арганізацыя адназначна і катэгарычна вызначыла сваю пазіцыю ў гэтым надзвычай важным палітычным пытаньні.

У канцы лістапада адбылося сумеснае пасяджэньне трох пастаянных Камісіяў ВС БССР (па адукацыі і культуры, па нацыянальных пытаньнях і заканадаўчых меркаваньняў), на якім праект Закону аб мовах быў у цэлым ухвалены. Засталося яго ўсенародна абмеркаваць, а затым вынесьці на чарговую — апошнюю сесію ВС XI скліканьня — на разгляд. На гэтым жа пасяджэньні трох пастаянных Камісіяў была выказаная прапанова Савету Міністраў БССР распрацаваць Дзяржаўную Праграму разьвіцьця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Беларусі, разлічаную на перыяд да 2000 году.

Вялікая запаветная мара пачынала набываць нібыта рэальныя абрысы. Памажы, Божа!..

За апошнія гады ў недзяржаўным беларускім друку і па радыё «Свабода» было шмат добрага сказана пра апазіцыю БНФ у ВС РБ XII скліканьня. Нават у «Гістарычнай энцыклапедыі Беларусі» грунтоўна расьпісана яе напорыста-актыўная дзейнасьць на карысьць незалежнай Беларусі. Слушна і справядліва. Хоць сёе-тое, на мой погляд, істотнае ўпушчана, ці, па ўласьцівай беларусам «шляхетнасьці», сьвядома абыдзена. Не адзначана, напрыклад, што ўсе дэпутаты, якія склалі апазіцыю БНФ, былі вылучаныя ў Вярхоўны Савет суполкамі ТБМ — адзінай тады афіцыйна зарэгістраванай нацыянальна-патрыятычнай грамадскай арганізацыяй, якая дзякуючы свайму статусу мела права на вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты і, падзяляючы праграму БНФ, натуральна была зацікаўленая ў вылучэньні сваіх аднадумцаў і паплечнікаў. А якая яшчэ афіцыйна прызнаная грамадская арганізацыя ў Беларусі магла вылучыць у Вярхоўны Савет бээнэфаўцаў? Ніякая! Іншых такіх арганізацыяў не было. Усе іншыя афіцыйна прызнаныя арганізацыі або катэгарычна не прымалі БНФ, або баяліся сябе скампраметаваць сімпатыямі да яго. Ня будзем забываць, што галоўным страшыдлам для грамадства рэспублікі па-ранейшаму заставаўся беларускі нацыяналізм (а калі дакладна — беларускі патрыятызм). З вылучэньнем сяброў БНФ кандыдатамі ў дэпутаты ВС праблемы ня скончыліся: Цэнтральная Выбарчая Камісія наважыла незарэгістраваць «гэтых дэмакратаў і нацыяналістаў». Помню, як ужо ў канцы рабочага дня да мяне ў кабінет цэлым гуртам зайшлі, відочна ўсхваляваныя, бээнэфаўцы і папрасілі тэрмінова ўмяшацца, каб уратаваць справу: заўт­ра апошні дзень рэгістрацыі, а ЦВК няйначай як рашыла не дапусьціць іх да выбараў і шукае прычыны, каб гэта зрабіць апраўдана. Я тут жа набраў па вяртушцы нумар сакратара ЦВК, назваўся (а быў намесьнікам старшыні пастаян­най Камісіі ВС) і адпаведным тонам сказаў: «Не парушайце Закону і не нарывайцеся на скандал. Іх вылучыла ТБМ — ухваленая ў ЦК, зацьверджаная Вярхоўным Саветам рэспубліканская арганізацыя». — «Ну калі вы так лічыце, што ў Вярхоўным Савеце павінны быць бээнэфаўцы — добра, зарэгіструем...» Амаль усе зарэгістраваныя праз тры месяцы былі выбраны ў парламент. (Успамінаючы ўсё гэта, ніяк не магу і да гэтага часу зразумець, чаму так несправядліва праз усе наступныя гады ставіўся да ТБМ Васіль Быкаў. Што здарылася? Ня мог жа ён ня ведаць сапраўдную пазіцыю ТБМ і яго ролю ў падзеях найпершай грамадс­ка-палітычнай важнасьці. Чаму ж ён з такім «зайздросным» пастаянствам па­пракаў Таварыства, іранізаваў і кпіў з нашых клопатаў? Хто меў сілу ўплываць на яго і падбіваць на негатыўныя ацэнкі дзейнасьці ТБМ? Паўтараю: ня верыцца, каб ён ня бачыў і не разумеў вялікай патрыятычнай, нацыянальна-адраджэнцкай ідэі, закладзенай у ТБМ і яго працы).

Так адыходзіў у нябыт, у гісторыю неспакойны, напружаны, напоўнены прадчуваньнем вялікіх пераменаў восемдзесят дзявяты год. Мне ён запомніцца яшчэ і тым, што ў гэтым годзе быў створаны Беларускі ПЭН-цэнтр, і што яго кіраўніцтва (прэзідэнт В. Быкаў, старшыня Р. Барадулін) не пусьціла ў гэтую літаратурную арганізацыю паэта і эсэіста Ніла Гілевіча. Помню, як моцна я быў зьдзіўлены выказаным мне недаверам. «Во каб цябе перуны сьпяклі, такую праклятую долю! Нават у ПЭН-клюб не гаджуся!..» Помню, і як зрэагавала на гэта сваёй любімай прыгаворкай Ніна Іванаўна: «Сьмякнеце ды радуйцеся!». «Сьмякнуў». І — вось ужо добры дзясятак з гакам гадоў — радуюся. Добра, што ніхто з беларускіх ПЭНаўцаў (а іх каля сотні) так і не агледзеўся, і не спахапіўся: а за што падвергнуты астракізму Ніл Гілевіч?..

l l l

26-га студзеня 1990 году адбылося тое пасяджэньне Вярхоўнага Савету БССР, якое ўжо неаднойчы — і справядліва — было названа «гістарычным». У гэты дзень упершыню ў гісторыі краіны і народу быў прыняты закон, паводле якога беларуская мова абвяшчалася адзінай у рэспубліцы дзяржаўнай. Рускай мове гэтым законам быў нададзены статус мовы міжнацыянальных зносінаў. Гэтая вялікая, запаветная ад дзядоў-прадзедаў перамога была здабыта вельмі і вельмі нялёгка. Ішлі да яе доўга, і да самага апошняга часу ўсё, так бы мовіць, вісела на валаску. Надзвычай драматычна разгортваліся падзеі ў авальнай зале Вярхоўнага Савету ў дзень прыняцьця Закону. Даклад зрабіла Н. Мазай, садаклад — А. Караткевіч. Выступілі ў падтрымку, прычым — натхнёна і пераканаўча, дэпутаты І. Чыгрынаў, Дз. Арцыменя, Л. Кісялеўскі, Н. Гілевіч, М. Дзямчук, Н.Пашкоўская, І. Навуменка, І. Красіцкі, Г. Бураўкін, Я. Берасьценя, дэпутат ВС СССР І. Лучанок, міністр культуры Я. Вайтовіч, сакратар гаркама КПБ П.Краўчанка. Шэраг заўвагаў — хаця б закон не пакрыўдзіў рускую мову ў Беларусі — выказаў дэпутат І. Кенік. Дэпутат Р. Янкоўскі ўхваліў Закон, але больш гаварыў аб праблемах выхаваньня ў сям’і. Дэпутат-генерал Г. Весялоў і дэпутат-міністр А. Гурыновіч рашуча патрабавалі запісаць у Законе, што дзяржаўнымі ў Беларусі зьяўляюцца дзьве мовы — беларуская і руская. Няхай сабе ва ўсіх рэспубліках дзяржаўная мова адна — мова тытульнай нацыі, а ў нас, у Беларусі, дзяржаўнымі будуць дзьве — і руская таксама. Мы — не такія, як усе, мы — асаблівая рэспубліка, асаблівая нацыя. (У дужачках: калі не цяпер — дык гадоў праз колькі мы вам сваю правату дакажам!). А. Гурыновіч надта ж пад­крэсьліваў, што дзяржаўных моў у сьвеце ўсяго паўсотні — з агульнай колькасьці звыш трох тысячаў, дык куды, маўляў, мы са сваёй плішчымся. На мяне, разьмінаючыся, глядзеў з непрыязнасьцю і пагардай, што неаднойчы здаралася, я заўважаў, і раней. (Яшчэ адзін ключ да разгадкі, чаму я ня зьезьдзіў дэлегатам БССР у ААН — ад міністра замежных спраў залежала вельмі шмат).

Насуперак асобным галасам незычліўцаў, дэпутаты, ведаючы, што пытаньне ўзгодненае ў ЦК і што ва ўсіх рэспубліках Саюзу аналагічныя законы аб мовах ужо прынятыя, дружна і з лёгкай душой націснулі на кнопкі. Раскладка галасоў мне здалася неверагодна аптымістычнай: шмат жа патрыётаў, божухна! Будзем жыць! «За» прагаласавалі 332 дэпутаты, «супроць» — 27, устрымаліся — 9 чалавек, 17 — не галасавалі зусім. (І тут «беларуская» рысачка вылезла: аж 17 ухіліліся ад галасаваньня зусім — на ўсякі выпадак. А раптам аднойчы жыцьцё паверне не туды? Хоць і гэты страх быў дарэмны: галасаваньне было не імянное). Калі на табло загарэліся выніковыя лічбы — воплескі ў зале прагучалі грымотныя. Старшыня Вярхоўнага Савету тут жа абвясьціў на 15 хвілінаў перапынак,— думаю, наўмысна, каб даць людзям абмяняцца пачуцьцём радасьці. І дэпутаты гэтай радасьці не хавалі, і горача віншавалі адзін аднаго з перамогай. Збылося! Сталася! Зьдзейсьнілася! Беларуская мова ў Беларусі ад гэтага часу — дзяржаўная! Многія ад радасьці рашылі і скончыць на гэтым свой сёньняшні рабочы дзень. Незвычайны, сапраўды гістарычны дзень! Тое, з-за чаго столькі перажывалі, хваляваліся, трымцелі душою,— адбылося. Закон прыняты! Усё! Назад ужо цяпер не адкруціш! (Запомнім, чытач, гэтыя словы, гэтыя наіўныя словы). Паводле стэнаграмы сесіі, каля 50 чалавек у залу пасьля перапынку не вярнуліся. Можа, і падаліся адзначыць радасную сьвяточную падзею. Некаторыя — дык напэўна. Астатняе, што сёньня на парадку дня, ужо нецікава.

І дарэмна так падумалі тыя, што пайшлі, зусім дарэмна! Самае цікавае, самае драматычнае пачалося якраз пасьля перапынку.

Тым, што пацярпелі паразу, хапіла і пятнаццаці хвілінаў, каб змовіцца, падрыхтавацца і пайсьці новым наваратам у атаку. Ім адразу ж удалося зьбіць з панталыку і затлуміць старшыню сесіі І. Навуменку, які, было бачна, ня вельмі ўважліва ўслухоўваўся ў фармуліроўкі артыкулаў і блытаў іх. Яны заявілі, што на сумесным пасяджэньні 4-х камісіяў, якім было даручана разгледзець заўвагі да законапраекту, ім паабяцалі, што артыкулы 23 і 24 будуць вынесеныя на галасаваньне ў трох рэдакцыях, адна з якіх — іхняя. Гэта была няпраўда, камісіі вы­бралі адзін варыянт з трох — той, што і быў у законапраекце, — і бальшынёй галасоў іншыя варыянты адхілілі. Так і павінен быў сказаць ім І. Навуменка. Закон прыняты ў цэлым. Але старшыня паддаўся іх націску, разгубіўся ці спалохаўся, і запрасіў дэпутатаў да новага абмеркаваньня названых артыкулаў. Гэта была вялікая непадарэчнасьць. Ён пачаў тузаць і раз, і другі, і трэці Н. Мазай, і яна тлумачыла і перачытвала фармуліроўкі. Супроць перагаласаваньня выступіла дэпутат Л. Сухнат: «Мы прагаласуем за лазейку, як і было ў ранейшым законе, калі па жаданьні бацькоў або вучняў вывучалася беларуская мова ў школах». За перагаласаваньне выступілі дэпутаты І. Кенік, Э. Пятровіч, А. Гурыновіч, іх «юрыдычна» падтрымаў Р. Васілевіч (сёньняшні старшыня Канстытуцыйнага Суда РБ).

Падхапіўся і коратка, лагічна, пераканаўча выказаўся дэпутат В. Шаранговіч: «Калі прыняць гэтую рэдакцыю, то яна практычна падрывае ўвесь Закон. Тады трэба пачынаць усё спачатку, з артыкулу 2-га («Беларуская мова зьяўляецца адзінай дзяржаўнай» і г. д.). У разгубленасьці Навуменка нанава паставіў на галасаваньне абодва праекты. І той, што рэкаменадаваны камісіямі і ўжо ёсьць у Законе,— не прайшоў, узяў толькі 111 галасоў з 327. А прайшоў альтэрнатыўны варыянт артыкулу 23-га ў рэдакцыі дэпутата Э. Пятровіча. Зьмест яго быў такі: «Па жаданьні грамадзянаў ствараюцца дзіцячыя дашкольныя ўстановы, дзе выхаваньне дзяцей вядзецца на рускай ці іншай нацыянальнай мове». Па жаданьні грамадзянаў! Значыць, тое, што было і дагэтуль — пачынаючы з 1958 году. Мову выхаваньня выбіраюць бацькі! І здарылася неверагоднае: з 327 прысутных дэпутатаў 267 прагаласавала «за», і толькі 14 «супроць». Тыя самыя людзі, што ўжо прынялі Закон у карысьць беларускай мовы, імгненна, усёю масай, павярнуліся на 180° супроць выхаваньня дашкольнікаў па-беларуску (бо які будзе «выбар бацькоў» — гэта ўжо вядома). Вось што такое быў тагачасны беларускі парламент, ня выбраны, а назначаны, «укамплектаваны» пераважна далёкімі-далёкімі ад палітыкі і яшчэ далей ад нацыянальнай сьвядомасьці людзьмі, гатовымі пайсьці за любым дэмагогам і гарлапанам. У яшчэ большай разгубленасьці І. Навуменка абвясьціў: «Давайце ставіць на галасаваньне артыкул 24». А гэта — аналог 23-га, толькі ўжо не аб дашкольных установах, а агульнаадукацыйных школах. Маланкай мяне пранізаў жах: канешне ж, і тут пройдзе варыянт Э. Пятровіча — гэта ўжо само сабой, іначай ня будзе пасьлядоўнасьці: садкі — рускія, школы — беларускія. А Навуменка ўжо зачытаў абодва варыянты. Задыхаючыся ад прадчуваньня непапраўнай катастрофы, махаючы рукой Навуменку, я рвануў на праход да мікрафону. Выгляд мой быў, напэўна, страшны. Што я крычаў у мікрафон — цытую па стэнаграме матэрыялаў сесіі. «Прынялі добры Закон, а цяпер хочам усё падрэзаць! Калі мы прагаласуем за прапанову Пятровіча — ня будзе ў нас беларускай школы! Я прашу ўсіх запомніць гэта! Правільна сказала дэпутат Сухнат: гэта ж проста лазейка, гэта ўсё падрэжа пад корань, не было беларускай школы і ня будзе! Вось у чым справа! Пра што гаворыць артыкул 22-і? «На беларускай або на рускай мове...» Затым артыкулы 23, 24 — «На беларускай...», каб хоць якімсьці чынам выправіць становішча з нашай мовай, хоць бы невялікі прыярытэт стварыць беларускай мове, хай часовы, але нам неабходна ратаваць мову, ратаваць нашу школу. Я вельмі занепакое­ны, што некаторыя таварышы проста не разабраліся, а некаторыя, відаць, стамі­ліся. Вельмі добры, дэмакратычна створаны Закон! Мы за яго прагаласавалі з усімі папраўкамі. Цяпер творыцца штосьці незразумелае. Калі мы прагаласуем так, як ужо прагаласавалі за артыкул 23, гэта будзе азначаць, што мы фактычна галасуем за дзьве мовы. Няўжо незразумела, што гэта — дзьве дзяржаўныя мовы?»

Усьлед за маім крыкам пачалі кідаць рэплікі з месца іншыя дэпутаты з ліку 14-і, што галасавалі «супроць» беларусазабойчага варыянту Э. Пятровіча. Чатырнаццаці належала перамагчы — пераканаць і павесьці за сабой бальшыню залы. Апомніўся і старшыня І. Я. Навуменка: «Таварышы дэпутаты! Ніл Сямёнавіч Гілевіч выказаў слушную прапанову. Увогуле я быў супроць перагаласаваньня...» Голас з месца (не названа ў стэнаграме, хто): «Таварышы! Я хацеў бы падтрымаць Ніла Сямёнавіча Гілевіча. Давайце падумаем, што мы робім. Раней бацькі вызвалялі сваіх дзяцей ад беларускай мовы, цяпер бацькі будуць ствараць рускую школу... Ці ня тое ж гэта, што было раней? Тое ж. Калі мы ня зробім так, каб нашы дзеці вучыліся на беларускай мове, ведалі беларускую мову, нічога тады не атрымаецца. (...) Тады ня трэба прымаць гэты Закон зусім». Важка прагучала рэпліка І.Шамякіна: «Я поўнасьцю падтрымліваю тое, што сказалі дэпутаты Гілевіч, Сухнат, Кісялеўскі, Навуменка. (...) Варыянт Пятровіча абсалютна непрыймальны. Ён перакрэсьлівае ўсю нашую працу, барацьбу, якую вяла наша грамадскасьць за адраджэньне роднай мовы. Прымаць яго нельга ні ў якім разе». Гэту пазіцыю падтрымаў і міністр адукацыі М. Дзямчук. Былі і яшчэ моцныя галасы з месца — на жаль, не запомніў хто. «Закон, які мы прынялі, ёсьць не што іншае, як адзін з асноўных шляхоў адраджэньня нацыянальнай культуры. Тое, што цяпер бальшыня дэпутатаў прагаласавала іменна супраць гэтага і ніхто не жахнуўся вось гэтай дэградацыі, выраджэньню нацыі, — гэта дзіўна». Адзін з галасоў належаў жанчыне, рускай па нацыянальнасьці. «Каб не абвінавацілі мяне ў беларускім нацыяналізме, я скажу, што я руская, жыву 30 гадоў у Беларусі, мне зараз балюча і сорамна за ўсіх нас. Давайце ўспомнім сваю годнасьць, таварышы дэпутаты-беларусы. Мы трацім мову. Кожны чалавек павінен знаць сваю родную мову. Знаць і ў садку, і ў школе. Давайце перагаласуем. Мы робім памылку».

Вось такая, значыць, руская жанчына, жыхарка і грамадзянка Беларусі. Не толькі прыемна, а радасна, на душы сьветла і хораша — ведаць пра гэта.

Як і трэба было чакаць, перагаласаваньне 23-га і 24-а артыкулаў было пераможна-трыумфальнае на карысьць беларускай мовы. Амаль увесь корпус дэпутатаў яшчэ раз павярнуўся роўна на 180°. Ну, такія мы, беларусы, людзі, нас яшчэ лёгка можна павярнуць і туды, і сюды. Але аднойчы мы станем іншымі. Абавязкова станем. Наш час — наперадзе.

На аснове Закону «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» была складзена Дзяржаўная Праграма разьвіцьця Беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Беларусі. На чале Камісіі па стварэньню гэтай праграмы была нястомная Ніна Мазай — спадзяюся, яе заслугі перад Родным Словам на гэтым этапе нашай гісторыі Будучыня ацэніць. 28 верасьня праект праграмы быў зацьверджаны пастановай Савета Міністраў, і органы выканаўчай улады ўсіх узроўняў пачалі яе ажыцьцяўляць. Хто і як — гэта ўжо іншая, вялікая і цікавая тэма, якая за­слугоўвае асобнага дасьледаваньня, — можа, хто аднойчы гэта і зробіць, я ж змагу тут закрануць яе толькі ў некаторых момантах.

У сакавіку адбыўся другі тур выбараў у Вярхоўны Савет БССР, дэпутатам якога гэтым разам быў абраны і я: з першага разу не прайшоў — было ажно пяць канкурэнтаў. Згоду балатавацца кандыдатам у ВС рэспублікі я даў не адразу — яшчэ надта добра помніў, якія гадствы давялося зьведаць роўна год назад, калі спакусіўся шанцам стаць народным дэпутатам СССР. Але грамадска-палітычная атмасфера ў краіне ўсё больш напалялася, рабілася відавочным, што істотныя перамены ў міжнацыянальных узаемаадносінах — непазьбежныя і, значыць, гэтай непазьбежнасьці трэба спрыяць, трэба фарсіраваць працэс дэмакратызацыі, а гэта ўскладаецца цяпер галоўным чынам на Саветы, у першую чаргу — на Вярхоўны Савет, роля і значэньне якога паводле рашэньня XIX партканферэнцыі істотна ўзрастае. З разуменьнем гэтай сітуацыі я і даў згоду паспаборнічаць за мандат дэпутата. Маю кандыдатуру падтрымала партыйная арганізацыя раё­ну, у кіраўніцтве якой былі разумныя, дэмакратычна і патрыятычна настроеныя людзі. У траўні я ўжо быў абраны старшынёй пастаяннай Камісіі ВС па адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны і аўтаматычна стаў членам Прэзідыуму Вярхоўнага Савета РБ. Ісьці на вельмі турботную і адказную пасаду старшыні жаданьня ў мяне не было ніякага, разьлічваў на працу шараговага дэпутата ў Камісіі, але дэпутаты-бээнэфаўцы, а гэта пераважна маладыя людзі, выказалі трывогу, што калі я адмоўлюся, то гэту пасаду можа заняць хто-небудзь з ворагаў беларушчыны, хутчэй за ўсё так і будзе, бо пракамуністычны дэпутацкі корпус зацікаўлены ў тым, каб як мага больш прасунуць сваіх, — і як тады Камісія па адукацыі і культуры будзе змагацца за адраджэньне Беларусі, за выкананьне Закону аб мовах? Параіўся, як і заўсёды ў падобных сітуацыях, з Нінай Іванаўнай. «Мусіць, бярыся, — трохі падумаўшы, сказала яна. — Бо і проста дэпутатам усё роўна будзеш увесь час круціцца ў гэтым віры, так ужо на раду табе напісана... Ды і хто — калі ня ты? Вядома, пяць гадоў тваіх ляснуць, не напішаш ні радка, але — маладыя, відаць, кажуць праўду: бярыся...» І раптам схамянулася: «А цябе выберуць? Ты вагаешся, згаджацца ці не, а можа ты ня пройдзеш — зарэжуць «сыны Беларусі»?» «Сыноў» ды і «дачок» у зале было нямала, аднак, на маё вялікае зьдзіўленьне, прапусцілі мяне на пасаду Старшыні амаль адзінагалосна — толькі трое «супроць» і ніводзін не «ўстрымаўся» (Газеты назаўтра пісалі: «Унікальны выпадак!») Так давялося мне, на пяцьдзясят дзявятым годзе жыцьця, стаць досыць высокім дзяржаўным чыноўнікам. (Ну, як жа: на пасяджэньне Камісіі і для вырашэньня важных аператыўных пытаньняў магу выклікаць міністраў, іх намесьнікаў, адказных чыноў з Саўміна).

Працы звалілася на мяне незвычайна многа — ад клопатаў, ад дум, як з ёю справіцца, — пухла галава. На шчасьце, у Камісію, апрача «баласту ў нагрузку» і «ўнядроных» «адтуль» зацятых антынацыяналістаў, трапілі разумныя, дзелавыя, поўныя творчай энергіі маладыя людзі несумненна патрыятычнай арыентацыі — Алег Трусаў, Леанід Баршчэўскі, Мікалай Аксаміт, Яўген Цумараў, Лявон Дзейка (усе — сябры БНФ). Баршчэўскага і Трусава выбралі намесьнікамі старшыні, Цумарава — сакратаром Камісіі. (Праз нейкі час адну пасаду намесьніка ў нас адабралі, Баршчэўскі пайшоў на працу ў Беларускі ліцэй, а ў намесьніках застаўся Трусаў). Распачалася дружная і спорная праца па двух галоўных кірунках: першае — падрыхтоўка і правядзеньне праз Сесію законапраектаў, якія датычаць сфераў адукацыі, культуры і захаваньня гістарычнай спадчыны, другое — кантроль за выкананьнем законаў, і найперш — за выкананьнем Закону аб мовах, за ажыцьцяўленьнем Дзяржаўнай Праграмы разьвіцьця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Беларусі.

l l l

Да якой мяжы дайшла расправа з беларускай мовай у Беларусі і наколькі насьпела неабходнасьць дзяржаўна-заканадаўчага ўмяшаньня ў сітуацыю — пасьведчыла праз месяц пасьля прыняцьця Закону аб мовах адна публікацыя ў «ЛіМе». У артыкуле «Чым жа мы апраўдаемся?» гарадзенец П. Маляўка піша: «Зроблены яшчэ адзін крок на паскораную, фарсіраваную падрыхтоўку настаўнікаў польскай мовы для пачатковых класаў. Тлумачыцца гэта тым, што ў першы клас з польскай мовай навучаньня ў гэтым годзе пайшло больш за дзьве тысячы дзяцей, і катастрафічна не хапае настаўнікаў польскай мовы. Прынамсі, польскія класы ёсьць у большасьці школаў г. Гродна. А вось у беларускі клас, адзіны ў абласным цэнтры, пераступілі парог школы толькі 16 дзяцей.»

Такая вось арыфметыка, даступная і для пачаткоўцаў-школьнікаў, а ня толькі для дыпламаваных дзяржаўных чыноўнікаў: на ўвесь вялікі беларускі горад — адзін беларускі клас, у якім усяго 16 дзетак. Усё, што можна сказаць, прачытаўшы такое: «Жах!» Так, гэта жахліва, гэта — трагедыя. І які ж беларускі інтэлігент, дый наогул, які культурны, інтэлігентны чалавек можа зьмірыцца з такім гвалтам над душой народу, можа моўчкі, спакойна ўспрыняць такую канстатацыю факта? Маўчаць — немагчыма і нельга. І я радаваўся, што сапраўдная беларуская інтэлігенцыя не маўчыць, што гэта перадусім яна дабівалася і дабі­лася прыняцьця Закону аб мовах.

Менавіта гэтую «сьвядомую», як скора пачне яе дражніць пан начальнік дзяржавы, інтэлігенцыю, у атмасферы вакол Закону, узяліся драпежыць некаторыя «двухсотпрацэнтовыя» дэмакраты, ужо знаёмыя чытачам па выявах непавагі і нянавісьці да беларускага слова, да беларускай літаратуры і культуры. Закон, які зрабіў мову народа адзінай дзяржаўнай у краіне, — ах як жа ён уздыбіў у іх душах атрутныя гадзючыя жарсьці, якую чорную сьмярдзючую сьліну пагнала з іх пашчэнкаў на адрас галоўных «вінаватых»! Усё, што хочаце, — люббя вам, беларусы, дэмакратыя, любое права, — толькі ня права мець сваю мову ў статусе адзінай дзяржаўнай. Чаму? Таму што калі ў Беларусі запануе ваша беларуская мова — дык вы і самі запануеце ў гэтай краіне, станеце гаспадарамі гэтае цудоўнае зямлі. А на гэта мы ніколі згоды не дадзім: гаспадарамі тут будзем мы, а вы будзеце слугаваць нам і гаварыць на мове гаспадароў. А сваю з цягам часу забудзеце канчаткова, і супакоіцеся, паверыўшы, што на гэта была воля Божая.

Падкрэсьліваю: гаворка ідзе не пра аўтараў часопісу «Политический собеседник», а пра ваяўнічых «дэмакратаў» і «звышдэмакратаў», аўтараў адпаведных менскіх і маскоўскіх выданьняў. Што да «Политического собеседника» — тут усё зразумела, што з яго аўтараў возьмеш? Яны на дэмакратыю і не прэтэндуюць, яны кіруюцца пушчаным па ўсіх партарганізацыях рэспублікі дакументам пад назвай «Арыентыроўка», у якім рэзка крытычна асуджаецца ідэйная платформа беларускіх староньнікаў дэмакратызацыі. Лідэрамі, ці галоўнымі постацямі гэтага «шкоднага і небясьпечнага» працэсу ў памянутым дакуменце ЦК названыя тры пісьменьнікі: А. Адамовіч, В. Быкаў, Н. Гілевіч. Ня думаю, што самы скарпіёністы скарпіён, які больш за іншых і асабліва ўедліва кусаў мяне на старонках друку, ня бачыў і не чытаў «Арыентыроўку» — яна абмяркоўвалася ва ўсіх партыйных ячэйках, хадзіла па руках, друкавалася. Помню званкі маёй Ніне Іванаўне, якія ішлі ад яе школьных і універсітэцкіх сябровак, ад шчыра-зычлівых знаёмых: «Што гэта вы сабе думаеце? Няўжо Ніл Сымонавіч не разумее, што яму пагражае?!» — «Разумее, — адказвала Ніна Іванаўна, — але ён здрадзіць сабе ня можа, бо гэта азначала б здрадзіць Беларусі, беларускаму нацыя­нальнаму адраджэньню. І я яго падтрымліваю ў гэтым». Прачытаўшы «Арыентыроўку», я спытаў у думках ядавітага паклёпніка «дэмакрата»: «Вось бачыш, скарпіён: побач з імёнамі Быкава і Адамовіча стаіць імя Гілевіча. А што ж не паставілі трэцім тваё імя, скарпіён, — калі ты гэткі дэмакрацісты, і гэткі сьмелы, і гэткі «вумны»? А-а, вось жа яно і ёсьць! Так што — прэч з маіх вачэй, паклёпнік!..»

Я адвёў долю ўвагі нахабнай, брутальнай хлусьні разьюшанага псеўда-дэмакрата (псеўда, вядома, бо немагчыма ўявіць: дэмакрат — вораг нацыянальнай свабоды, мовы, культуры!). У дзясяткі разоў больш сыпалася на мяне са старонак газетаў абразьлівай пісаніны імпершавіністаў-славянасаборцаў. І ня толькі з газетаў, але і з лістоў, адрасаваных або непасрэдна мне, або прэзідыуму ВС Беларусі. Няма патрэбы называць прозьвішчы пісакаў, яны ня вартыя таго, іх прымітыўныя артыкулы і лісты ўсе прагнаны праз ушчэнт зьбітую, сьляпую антыбеларускую капірку. Выключэньне зраблю толькі для аднаго з іх — і не таму, што заслугоўвае як самы зацяты і злосны, а таму, што яму быў аказаны найвышэйшы гонар. Невядомы мне мастацтвазнаўца В. Смаль напісаў ліст на імя старшыні прэзідыуму ВС М. І. Дземянцея — і дасягнуў мэты. Яго поўнае нянавісьці да беларускай мовы, да Закону аб мовах і да Н. Гілевіча пасланьне лягло на стол старшыні, а адтуль — з рэзалюцыяй «Ознакомить членов Президиума Верховного Совета, народных депутатов БССР» — пайшло па кабінетах і ў авальную залу ВС. Глядзеў я на тую рэзалюцыю і адно галавой хітаў. Якой «важнасьці» дакумент абавязаў распаўсюдзіць старшыня Прэзідыума ВС! Не даручыў, як звычайна робіцца, адпаведнай пастаяннай Камісіі разгледзець ліст В. Смаля і даць на яго непісьменную дурноту адказ. Ну не! Хай прачытаюць члены Прэзідыуму і ўсе дэпутаты — хай ведаюць, што «народ» не прымае Закона аб мовах і курсу на беларусізацыю.

l l l

Спынюся на адной не шараговай падзеі ў тагачасным літаратурным жыцьці краіны. 25 красавіка адбыўся нечарговы X зьезд Саюзу пісьменьнікаў Беларусі. Першы за апошнія дзесяць гадоў зьезд, на якім я ўжо прысутнічаю як звычайны дэлегат, не абцяжараны чыноўніцка-адміністратарскімі клопатамі. Нават крыху нязвыклае пачуваньне. Ні за што ня трэба хвалявацца, перажываць, можаш зусім спакойна сядзець і слухаць, — калі будзе цікава. Тое маё, што стварала эмацыйнае напружаньне, — ужо ў мінулым, адышло, — і непасрэдная зацікаўленасьць, і адказнасьць, каб абышлося без ніякіх непрыемных накладак, прыкрых неда­глядаў... Але зусім неспадзявана крыху ўзварушыў маё нядаўняе мінулае ўва мне пісьменьнік А. Жалязоўскі: менавіта ў гэты дзень апублікаваў у газеце «Советская Белоруссия» артыкул «Нужен ли писателю союз», у якім адвёў маёй міласьці немалое месца. «Казалось бы, давно пора забыть последний пленум нашей писательской организации. Затихли горячие споры, улеглись страсти, кулуарные разговоры. Но не покидает чувство вины и горькой досады, что ушел из руководства союзом Нил Гилевич. И не потому, что ушел, по-видимому, уставший от нападок своих собратьев «справа» и «слева», а потому, что в тот миг ни одной души не нашлось в зале, кто бы поблагодарил его за многолетнюю работу на посту первого секретаря. Мы забыли это сделать в порыве эмоциональной возбужденности, а возможно, и не захотели, торжествуя маленькую победу над большой и незаурядной личностью.

Свалили «зубра» и успокоились, облегченно вздохнули... Ну а если по-человечески, то надо было бы попросить его поработать до съезда, всем миром сказать спасибо.

А сказать спасибо есть за что. Подвижник, не одно десятилетие действительно, как зубр, пробивал Нил Гилевич глухие ворота сталинско-хрущевско-брежневского законодательства, чтобы вернуть белорусам их язык. Он один из тех, кто будил от летаргического сна наше национальное самосознание, один из немногих «литературных генералов», в свое время не подписавший «смертного приговора» Александру Солженицыну, как это сделали другие».

Зьезд быў адметны тым, што з яго трыбуны не адзін-два прамоўцы, як было раней, а амаль ня ўсе гаварылі пра роднае слова, пра толькі што прыняты Закон аб мовах і пра цяжкасьці яго ажыцьцяўленьня. «Нарэшце, — усьцешана слухаў я калегаў, — загаварылі грамадой. Нарэшце! Дзякаваць Богу і за гэта. Толькі ці надоўга хопіць пораху? Бо, дарагія мае, усё яшчэ наперадзе — уся барацьба і змаганьне. Ворагі беларушчыны здавацца і ня думаюць. Закона аб мовах яны катэгарычна не прынялі. Групуюць і перагрупіроўваюць сілы».

Гаварылі, натуральна, ня толькі пра мову, пра беларускую школу, а і пра аднаўленьне нацыянальнай гісторыі, пра непавагу грамадства да беларускай літаратуры і яе творцаў — пісьменьнікаў, да беларускай мастацкай культуры, выказалі свае непрымірымыя адносіны да ворагаў беларусізацыі і дэмакратызацыі, да апантаных абаронцаў сталінізму. У якасьці ўзорнага і самага заслужанага змагара за беларускую мову В. Быкаў назваў з трыбуны У. Дамашэвіча. Больш нікога. Гэта — да пытаньня аб справядлівасьці.

У прамове В. Быкава мяне болей зьдзівіла іншае — нейкая празьмерная злосьць на Саюз пісьменьнікаў, дакладней — на яго кіраўніцтва. Сказаў: «Кіраўніцтва СП у той час вяло зацятую вайну з БНФ». Горшую няпраўду і прыдумаць цяжка. Саюз пісьменьнікаў і яго газета «ЛіМ» былі заснавальнікамі «Мартыралогу», а ў значнай меры і БНФ. Пра асабіста мае адносіны да БНФ я ўжо расказаў (быў членам аргкамітэту, паўгода сваімі касьцьмі трымаў у ДЛ штаб аргкамітэту). Якое ж кіраўніцтва мае на ўвазе Быкаў? Калі некага з сакратароў Праўленьня — дык называй па імені. СП, гаварыў далей прамоўца, «безумоўна патрэбны», але «ня як зброя ўлады супраць літаратуры». Няшчасныя беларускія пісьменьнікі! Іх прафесійны саюз, аказваецца, выконвае такую ганебную місію. Кіраўніцтва СП «павін­на быць ня ў ролі паноў-міністраў, а ў ролі нашых таварышаў, дэмакратаў па перакананьнях, не дзялкоў, а сумленных, разумных грамадзянаў». Перабраў у памяці грамадзянаў, якія працавалі на працягу апошніх дзесяці гадоў сакратарамі СП: Н. Гілевіч, А. Вярцінскі, І. Чыгрынаў, Б. Сачанка, В. Зуёнак, А. Жук, В.Казько, Л. Гаўрылкін... Хто з іх цягне на пана-міністра? Ня ведаю. Хіба мілы Віктар Апанасавіч Казько? Дык ён зусім мала працаваў. Ну, хто дзялок — тут усё ясна. Большага дзялка, чым Н. Гілевіч, за ўсю гісторыю СП у яго кіраўніцтве не было.

Для поўнай яснасьці неабходна зрабіць адно ўдакладненьне. Кіраўніцтва СП — гэта перш за ўсё Праўленьне (Рада) і Прэзідыум Праўленьня СП, — гэта ім дадзенае права зьняць з пасады любога сакратара і выбраць новага. В. У. Быкаў да X зьезду ўжо 25 гадоў быў і ў Праўленьні, і ў Прэзідыуме — і ні разу не па-

трабаваў кадравых пераменаў у сакратарыяце.

Зласьлівасьць, нярвознасьць, грубіянства (нават каля трыбуны) характарызавалі атмасферу зьезду, у залу няйначай уварваўся мяцежны дух мітынгу, люднай плошчы. Аб літаратуры на зьезьдзе амаль не гаварылася. Настрой мой, у выніку, быў, як гэта кажуць, ніякі, і я яшчэ раз «бразнуў дзьвярыма» — узяў самаадвод пры выбарах Рады СП.

l l l

З канца траўня пачалася мая штодзённая чыноўніцкая служба ў якасьці старшыні пастаяннай Камісіі ВС па адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны.

На працягу чатырох гадоў, дзякуючы апантанай працы і настойлівасьці нашай Камісіі, Вярхоўным Саветам РБ былі прыняты Закон аб культуры, Закон аб адукацыі, Закон аб бібліятэках, падрыхтаваны Закон аб архівах. А пачалі з іншых першаступеннай важнасьці законаў. Менавіта наша Камісія была вядучай, калі на сесіі разглядалася пытаньне аб дзяржаўнай сімволіцы — аб назве дзяржавы, аб Гербу, Сьцягу, Гімне і аб назьве сталіцы. Але пра гэта трохі пазьней. Напачатку — хоць дзьве-тры старонкі пра маё агульнае ўражаньне ад новага складу парламенту РБ і пра падзеі, што адбываліся ў ім у першы год яго кадэнцыі.

l l l

15-га траўня адкрылася Першая сесія Вярхоўнага Савету XII скліканьня (завяршыла працу 31-га ліпеня). За два з палавінай месяцы дастаткова дакладна зразумеў адно: разьлічваць на масавую падтрымку беларускай ідэі, беларускай мовы, беларускай школы — не прыходзіцца. Дай бог, калі з агульнага ліку пад 330 дэпутатаў набярэцца з паўсотні сьвядомых староньнікаў і абаронцаў беларушчыны. Праўда, багата ў зале людцоў палітычна неакрэсьленых, «мякініс­тых», якіх пры выпадку можна павярнуць на бок Беларусі і атрымаць іх галасы. Але ж багата і перакананых, зацятых ворагаў беларушчыны, якія рашуча не прымаюць ідэяў нашага нацыянальнага адраджэньня, якія даўно звыкліся з поў­най перамогай крамлёўскага «інтэрнацыяналізму» на прасторах Саюзу Савецкіх Сацыялістычных. Гэта — генералы, палкоўнікі, маёры (у бальшыні — не беларусы), гэта — партыйна-савецкае чынавенства, гэта — дырэктары заводаў, кіраўнікі элітных гаспадарак. Нарэшце, гэта — каля трыццаці дэпутатаў ад ветэранскай арганізацыі, у пераважнасьці — былая наменклатура. Галасы ўсіх гэтых абраньнікаў народу можа павярнуць на карысьць Беларусі толькі... вялікі страх, што і здарылася на пачатку восені наступнага, 1991-га году.

Прыслухоўваюся да ўсяго, што гаворыцца ў зале пасяджэньняў сесіі, пры­глядаюся да тых, і хто гаворыць, і хто заяўляе пра сябе бяз слоў. Божа, колькі шчасьлівых людзей! На кожнай фізіяноміі: «Я — дэпутат! Я — улада!»

Агульнае ўражаньне: тры чвэрці беларусаў у зале — толькі пашпартныя беларусы. Ні слова, ні духу беларускага ў іх грамадзе — і не чутно, і не відно. Як перайначылі бальшавікі нашу чыноўную эліту! Як выхаласьцілі з яе беларушчыну! Усяго, што засталося ў гэтых дзябёлых дзядзьках беларускага, — гэта іх клопат пра сябе. Тыя, каго выбралі на працу ў пастаянных камісіях (старшыні, намесьнікі, сакратары), дабіліся правядзеньня пастановы аб забесьпячэньні іх сталым жыльлём у Менску; не часовым, на тэрмін працы ў ВС, а — назаўсёдным. Зрэшты, нацыянальная прыналежнасьць тут значэньня ня мела.

За колькі дзён да закрыцьця першай сесіі быў прыняты Вярхоўным Саветам і адзін дакумент гістарычнага значэньня — Дэкларацыя Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Божа, як я чытаў і перачытваў галоўныя радкі прэамбулы: «Выяўляючы волю народу Беларускай ССР, усьведамляючы адказнасьць за лёс беларускай нацыі», «лічачы рэспублі­ку паўнапраўным і незалежным членам сусьветнага супольніцтва», Вярхоўны Савет «урачыста абвяшчае поўны дзяржаўны суверэнітэт Беларускай ССР...» І ў першым жа артыкуле — аб мове: «БССР — суверэнная дзяржава, якая ўсталявана на аснове... дзяржаўнасьці беларускай мовы». Дзяржаўнасьць мовы — у аснове дзяржаўнага суверэнітэту! Во, мае дарагія суайчыньнікі, мае любыя браты і сёстры беларусы! Вось і яшчэ адзін вялікі крок на шляху нашага нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня!..

Дзень прыняцьця Дэкларацыі — 27-га ліпеня — тады ж быў абвешчаны дзяржаўным сьвятам Рэспублікі. Праз некалькі гадоў яно было ліквідаванае. З маўклівай згоды ўсяго насельніцтва краіны.

У першыя дні жніўня я паехаў па пуцёўцы Літфонду адпачываць у Дом творчасьці «Кактэбель» і там, паколькі ў Менску зрабіць гэта не пасьпеў, напісаў ад імя Камісіі Зварот да грамадзянаў рэспублікі — да тых, чые дзеці ўпершыню пойдуць сёлета ў школу. Зрабіць гэта было надзвычай важна: з 1-га верасьня ўступаў у сілу Закон аб мовах, у якім заканадаўча пацьвярджалася права пераходу школ рэспублікі на беларускую мову навучаньня. Наколькі сур’ёзна глядзеў я на гэту справу — можна меркаваць па наступных радках Звароту: «Будзьце ж дастойнымі вялікіх задачаў, што паўсталі перад усімі намі, дочкамі і сынамі Беларусі, — задачаў нацыянальнага беларускага адраджэньня! Патрабуйце адкрыцьця школаў або хаця б напачатку стварэньня класаў на роднай беларускай мове! <...> Цяпер для адраджэньня беларускай школы патрэбны ўсеагульныя намаганьні. Калі мы гэтага ня зробім — усё будзе каціцца па нахільнай далей, і тады мы будзем вымушаныя заплаціць за чыюсьці бяздумнасьць самай страшнай цаной — жыцьцём беларускай нацыі. Усьвядомім жа гэта, дарагія бацькі, паважаныя грамадзяне! Усьвядомім — і зробім свой выбар на карысьць роднай мовы, на карысьць нашай уваскрасаючай Бацькаўшчыны. Жыве Беларусь!»

«Зварот» паслаў заказной авія-поштай на адрас Камісіі (так было дамоўлена з Л. Баршчэўскім і Я. Цумаравым), і ён быў неадкладна апублікаваны ў рэспубліканскіх і абласных газетах. Прамаруджваць і ўпускаць час, паслабляць напор узьдзеяньня і на бацькоў, і на чыноўнікаў ад адукацыі — мы ня мелі права. Мы выдатна разумелі, што цяпер, маючы ў руках такі Закон, нашая Камісія можа зрабіць вельмі многа. Перад усім — спосабам кантролю за выкананьнем Закону, але таксама і сродкамі разумнай пераканаўчай агітацыі. Што да апошняга — то асабіста я пачуваўся ў найвышэйшай меры мабілізаваным. Не змарнаваць ні аднаго дня, ня страціць ні адной магчымасьці! Біць і біць, і біць у раскалыханы Звон Абуджэньня, у грымотна-зазыўны Набат Мабілізацыі! Яшчэ і яшчэ раз напамінаць нашай дэмакратычнай інтэлігенцыі пра галоўнае — пра змаганьне за Мову. Усё іншае, нават надзвычай важнае, трэба падпарадкаваць Галоўнаму.

У сьвятле сказанага можна, думаю, зразумець і маю тэлеграму, пасланую сябру, знакамітаму украінскаму паэту і віднаму грамадскаму дзеячу Барысу Алейніку. Падаю яе ў арыгінале — на рускай мове.

«Москва, Кремль, Верховный Совет СССР, Борису Ильичу Олейнику.

Дорогой друг и брат! Твоё вчерашнее выступление в защиту державного и духовного суверенитета, национального достоинства и чести украинского, белорусского и других народов страны войдет в историю как пример гражданского мужества, государственной и человеческой мудрости. Жаль, что в зале не нашлось белоруса, который решительно поддержал бы тебя. Но знай и помни, что твои соратники и побратимы в Беларуси слушают твой голос всем благодарным серд­цем. Крепко жму руку и по-братски обнимаю — Нил Гилевич, член Президиума Верховного Совета БССР. 26 сентября 1990 г.» Тэлеграма была надрукаваная, па маёй просьбе, у газеце «ЛіМ» — каб ведалі сябры і паплечнікі ў Беларусі.

Сябры і паплечнікі... Вельмі засмучала мяне прынцыповае разыходжаньне з некаторымі аўтарытэтнымі аднапалчанамі ў вызначэньні стратэгічнай мэты нашае патрыятычнае дзейнасьці. «Мова — ня мэта, мэта — свабода, незалежнасьць», — заявіў адзін з іх у чарговым інтэрв’ю, іранізуючы над задачамі, якія паставіла перад сабой ТБМ. Такі пагляд на гістарычную, а хочаце — на боскую місію нацыянальнай мовы, — памылковы. Мова ёсьць мэтай, шаноўны сябар, мова! Бо калі ня мова — тады няма чаго і плот гарадзіць. Размова ідзе аб стратэгіі выжываньня народу, ацаленьня яго як этнічнай асабовасьці. Размова аб тым — будзем мы, беларусы, на мапе сьвету, на планеце Зямля, ці ня будзем. Калі ня страцім мову — будзем, калі страцім — ня будзем. Адыдзем у нябыт, зьнікнем, як зьніклі яцьвягі, пра якіх згадвае ў інтэрв’ю мой шаноўны аднапалчанін. Пра мову мы павінны клапаціцца і дабівацца для яе хоць нейкай палёгкі ў любых умовах, у любой гістарычнай сітуацыі. Мову трэба ратаваць пры любой антыбеларускай уладзе, пры любым каланіялісцкім рэжыме. Рэжым — катэгорыя ня вечная, ён можа памяняцца і абавязкова — раней ці пазьней — памяняецца. Зусім штось іншае — мова. Не чакаць жа нам, склаўшы рукі, пакуль лёс пойдзе насустрач, і народ здабудзе незалежнасьць, бо гэтае чаканьне можа быць такім доўгім, што ад мовы тым часам нічога і не застанецца. Пасьля падзелу Рэчы Паспалітай у канцы XVIII ст., лёс пайшоў насустрач Польшчы толькі праз 125 гадоў (у 1918-м), але праз увесь гэты час палякі, на трох паасобных частках, пад ярмом акупацыі, найпершым чынам зьберагалі сваю мову, звычаі, культурную спадчыну, гістарычную сьвядомасьць, развівалі нацыянальную літаратуру, тэатр, мастацтва. Бо мэтай было — зьберагчы душу народу, — хоць і без свабоды, і без незалежнасьці. Пакуль жыве мова — жыве народ.

Уважліва чытаю лісты, якія прыходзяць у Камісію і канкрэтна на маё імя. Часам застаюся пад моцным ад іх уражаньнем: якія разумныя інтэлігенты, удумлівыя мысьляры-аналітыкі ціха сядзяць у гарадах і гарадках Беларусі, незапатрабаваныя грамадствам. Адзін з такіх — незнаёмы мне маладзечанец Алег Тарыкаў. У яго лісьце — цэлая праграма для доўгатэрміновай дзейнасьці па нацыянальным адраджэньні Беларусі. «Вам належыць стварыць стратэгію нацыянальнага разьвіцьця не на некалькі гадоў, а на цэлую эпоху — па меншай меры на стагоддзе». Так, думка справядлівая, — трэба глядзець далёка наперад, у будучыню, і ўлічваць многія асьпекты гэтага «глядзеньня», гэтага патрыятычнага клопату. Напрыклад, вылучае аўтар ліста: «Патрэбна абарона этнічных граніцаў беларусаў ад неаэкспансіі сяброў-суседзяў. Сродкамі культуры»; або: «Культура беларусаў бессаромна раскрадзеная, расцягнутая па замежжу, пачынаючы з 16-га стагоддзя поўнасьцю пераніцаваная і вывернутая навыварат гісторыя краіны і дзяржаўнасьці»; або: «Патрэбен пастаянны інфармацыйны канал радыё-Беларусь. Што можа радыё-Беларусь? Адыграць большую ролю для нацыі, чым «Наша Ніва». <...> Усё зводзіцца к простаму: у каго інфармацыя — у таго і ўлада». І яшчэ — многае іншае.

Сёе-тое з гэтай маштабнай праграмы пачало ў наступныя гады ажыцьцяўляцца ў Беларусі, але, па-першае, з вялікім скрыпам, а па-другое — ненадоўга: супраціўленьне паднялося страшэннае. Не аддадзім! Не дазволім! Ня дзеля гэтага шчыравалі!..

l l l

Уступіў у свае паўнамоцтвы векапомны 1991 год. Векапомны і для Беларусі і для ўсіх астатніх рэспублік Саюзу, які з 8-га сьнежня гэтага ж году стане называцца «былым». І мы, і ўвесь сьвет імгненна звыкнемся і гаварыць і пісаць: «у былым СССР», «кіраўніцтва былога СССР» і г. д.

Для мяне гэты сапраўды векапомны год пачаўся з адной незвычайнай і вельмі няпростай місіі. У ноч з 12-га на 13-га студзеня ў Вільні адбылася страшная крывавая падзея: пры штурме савецкімі танкамі нацыянальнага тэлецэнтру, які ўжо быў у руках літоўскіх «сепаратыстаў» і ня слухаў загадаў з Масквы, былі забітыя 14 і параненыя 164 чалавекі — з ліку абаронцаў, вядома. Навіна ўскалыхнула, можна сказаць, увесь сьвет, ну а нас, самых блізкіх суседзяў, усхвалявала і ўзрушыла, можа быць, наймацней. Напэўна, па падказцы з Крамля, з ЦК КПСС, старшыня Прэзідыуму ВС М. Дземянцей унёс на пасяджэньні сесіі прапанову — паслаць у Вільню афіцыйную дэлегацыю Вярхоўнага Савету БССР з тым, каб і выказаць на дзяржаўным узроўні наша суседскае спачуваньне, і каб такім чынам хоць трохі залацьвіць крайне непрыемную для «всей Страны Советов» сітуацыю. (Між іншым, гэта было даўняй практыкай крамлёўскіх дыпламатаў — кідаць у падобных выпадках на залацьвеньне памяркоўных беларусаў. Успомніце: у 1968 годзе ў Чэхаславакію быў кінуты ў якасьці галоўнай асобы беларус К. Мазураў). У склад дэлегацыі ўключылі семярых дэпутатаў, а кіраўніком, чаго я зусім не чакаў і не хацеў, назначылі мяне (думаю, што «назначальнікі» пасьля пашкадавалі аб гэтым). Гэта было зроблена 15-га па абедзе, і праз гадзіну дэлегацыя, бласлаўлёная высокімі наказамі, выехала ў Вільню.

На мяжы рэспублік нас сустрэлі прадстаўнікі ВС Літвы, адзін з іх перасеў у наш «рафік» і па дарозе распавёў пра сітуацыю ў горадзе і пра план нашага прабывання. Нават у словах яго адчувалася напружанасьць і трывога. Прыехалі мы, калі Вільня ўжо была абвечарэлая. У фае гасьцініцы нас спаткала неспа­дзяванка: са скрынкі рэпрадуктара (тады тэле не працавала, і ўся Літва слухала рэпартажы з Вярхоўняга Савету па радыё) гучаў знаёмы-знаёмы, досыць барытоністы, мужчынскі голас. Я зірнуў на Карпенку: «Што такое?» — «Дык гэта ж Навумчык!» — адказаў Генадзь Дмітрыевіч. Сьцішыліся, услухаліся: тое ж бэштаньне «камунякаў» і беларускага «камуняцкага» Вярхоўнага Савету, якое мы ўжо чулі не аднойчы ў Менску. Літоўскі дэпутат патлумачыў: «Гэта таксама дэлегацыя ад вас, прыехалі раней і папрасілі слова...» Пазьней выясьніцца: трое маладых дэпутатаў з апазіцыі, схапілі машыну і рванулі на Вільню, каб апярэдзіць афіцыйную дэлегацыю і «падрыхтаваць» літоўскі парламент да візіту беларускіх «камунякаў». У пэўнай меры мэты яны дасягнулі: на жалобным мітынгу 16-га студзеня, на які сышлося, мабыць, больш за мільён народу, прадстаўніку Беларусі слова не далі. Было, вядома, крыўдна, але ж... прыехалі «камунякі», хай сабе і беларускія, усё адно «камунякі», значыць, ворагі свабоднай Літвы, — ворагі тых ахвяр, якіх памінаем, — як жа мы дадзім вам слова?..

І аднак жа слова кіраўнік беларускай дэлегацыі атрымаў — не на мітынгу, а на пасяджэньні сесіі Вярхоўнага Савету, ужо позна вечарам... Калі сьпікер абвясьціў, што наступным будзе гаварыць старшыня Камісіі беларускага парламенту, многія дэпутаты рушылі да дзьвярэй. Прызнаюся, я перажыў непрыемны момант. Ну, што ж, — падрыхтавалі залу яшчэ ўчора вечарам: што «камуняку» слухаць? Пра што я гаварыў у сваім слове — тут паўтараць ня стану. Скажу адно: слухалі мяне пры поўнай цішыні, а калі я скончыў і падзякаваў за ўвагу — усе дэпутаты падняліся і, стоячы, гучнымі воплескамі праводзілі мяне аж да месца ў самым канцы залы.

Позна, ужо ноччу, вярнуліся ў Менск. Назаўтра, з раніцы, цэлай паўгадзіны стаяў за трыбунай — як кіраўнік дэлегацыі трымаў справаздачу аб паездцы у Вільню. Фактычна — зрабіў даклад на тэму міжнацыянальных адносінаў. Пасьля амаль цэлы дзень у зале ішлі наконт літоўскіх падзеяў спрэчкі. Двойчы вельмі несправядліва і таму балюча кусануў мяне В. Ганчар, груба, абразьліва — А. Лукашэнка. Адчувалася, што ў дэпутацкім корпусе нястрымна нарастае палітычнае разьмежаваньне і канфрантацыя сілаў. Незадаволеныя рвуцца да ўлады. Рвуцца. Але — з чым? З якімі ідэямі? Ці з беларускімі?

l l l

Зіма і вясна пайшлі на падрыхтоўку законаў «Аб культуры» і «Аб адукацыі». І абодва былі, хоць і ў цяжкім змаганьні, прынятыя. Прэса падкрэсьліла, што закон «Аб культуры ў Беларускай ССР» — гэта першы закон аб культуры на тэрыторыі Савецкага Саюзу. Мяне і ўсіх хто дабіваўся яго прыняцьця, асабліва радавалі некаторыя яго артыкулы: «Асноўнымі прынцыпамі культурнай дзейнасьці ў Беларускай ССР зьяўляюцца: прыярытэт умоў для разьвіцьця беларускай нацыянальнай культуры». Прыярытэт — для будучыні Беларусі! Гэта нешта ды значыць!.. Артыкул 35: «Дзяржава ўстанаўлівае гарантаваную долю бюджэтных сродкаў на разьвіцьцё мастацтва і культуры ў разьмеры ня меней 3 працэнтаў ад агульнай сумы Дзяржаўнага бюджэту Беларускай ССР». Дасьведчаныя людзі разумеюць, якая гэта была вялікая перамога — тры працэнты на культуру. Ня менш цяжка было дабіцца вызваленьня ад падатку на прыбытак прадпрыемстваў установаў культуры, які (прыбытак) ішоў на ажыцьцяўленьне статутнай дзейнасьці творчых саюзаў, фондаў, таварыстваў, у тым ліку аб’яднаньню «Бацькаўшчына» і ТБМ. Нават і ПЭН-цэнтру, які адпэньдзіў ад сябе паэта і эсэіста Н. Гілевіча. Пабачылі б пэнаўцы, якімі нервамі, якой крывёй адваёўваў гэны паэт і эсэіст права на ільготы па падатку для Культуры. Усьлед за першай перамогай нашай Камісіі ў Вярхоўным Савеце Беларусі была атрымана другая — закон «Аб адукацыі». Я быў проста шчасьлівы, што ўдалося «прабіць» артыкул шосты — «Мова навучаньня», другі абзац якога поўнасьцю супаў з адпаведным абзацам «Закону аб мовах»: «Беларуская мова зьяўляецца мовай навучаньня і выхаваньня ў дашкольных, пачатковых, сярэдніх, прафесіянальных і вышэйшых навучальных установах». Мінула крыху больш за дзесяць гадоў з таго яснага летняга дня. Проста неверагодна, што тую маю і нашу ўсебеларускую радасьць здолелі за гэты час так бязьлітасна пагасіць.

У сярэдзіне чэрвеня адбыўся Другі зьезд ТБМ. Мушу крыху распавесьці аб ім, бо ён пакінуў у маёй памяці сьлед, я сказаў бы, моцна прыпарошаны гаркатою. Дух разладу і варажнечы — тое, што біла ў вочы ў авальнай зале Вярхоўнага Савету, — няйначай як перакінуўся ў залу Дому Літаратара. Зусім нечакана для мяне з першых хвілінаў зьезду сваёй адметнай бесцырымонна-цынічнай мовай загаварыла д’ябальшчына, — дакладней, не загаварыла, а закрычала, завыгукала, заўлюлюкала. Асабліва дзіка хуліганіў адзін здаравілісты мясаморды «дэмакрат» — ад пачатку і да канца зьезду падхопліваўся з месца, перабіваў прамоўцаў, узьлятаў на сцэну, да трыбуны, захопліваў мікрафон і драў горла аб адным: «Далоў старшыню ТБМ! Трэба выбіраць новага!» Прызнаюся, напачатку я трохі было разгубіўся. Што гэта? Абструкцыя? Рашылі сарваць зьезд? Але прыгле­дзеўся і разабраўся: правакатары. І іх нямнога. Паспрабуем іх асадзіць. Спакойна. Ня думаю, каб зала пайшла за імі.

Вось выйшла за трыбуну вядомая настаўніца з Салігорску Марыя Сьцяпанаўна Мацюкевіч*. Ёй ёсьць што расказаць, падзяліцца вопытам, іх суполка ТБМ адна з лепшых у Беларусі. Але Божа, што пачало рабіцца! Проста не даюць сказаць. Ня тое гаворыш! Чаму не кляймуеш камуністаў? Чаму не заклікаеш на штурм?! Давялося зноў узяць мікрафон мне. «Калегі! Хочаце ператварыць зьезд у мітынг на плошчы? Слухаць тых, хто робіць канкрэтную работу па ажыцьцяўленьню Закону аб мовах, — не цікава? Што за ачмурэньне найшло, прабачце? ТБМ — ня тая грамадская арганізацыя, дзе на першае месца выходзяць вульгарнае палітыканства і сацыяльная дэмагогія, мы будзем змагацца за нашу справу мовай культуры і перакананьня.

Нахабства і хамства не для нас. Я параіў бы некаторым звышактыўным прамоўцам спачатку навучыцца хоць больш-менш прыстойна гаварыць па-беларуску — і гэта будзе ваша лепшае змаганьне за мову». Каго я перш за ўсё меў на ўвазе — у зале амаль усе зразумелі і падтрымалі мяне апладысьментамі.

І ў маім дакладзе зьезду і ў бальшыні прамоваў прагучала вялікая трывога за стан беларускай мовы: і закон прыняты, і Праграма зацьверджаная — але рух наперад пакуль што вельмі-вельмі марудны. На адрас Ураду было выказана шмат крытыкі і прад’яўлена прэтэнзіяў. Многае паабяцалі ў сваіх прамовах зрабіць міністры і намесьнік прэм’ера. Яшчэ больш паабяцаў сам прэм’ер В. Кебіч. У прыватнасьці, заявіў, што з восені беларуская мова стане для яго рабочай. На вялікі жаль, гэта быў усяго лёгкі і танны папулісцкі прыём. Праўда, зьезд на радасьцях тут жа прыняў В. Ф. Кебіча ў сябры ТБМ, і я выдаў яму пасьведчаньне. Між іншым, можна было і паверыць у заяву прэм’ера, бо ўжо было вядома, і я сказаў пра гэта ў дакладзе, што Бюро ЦК КПБ паставіла перад партыйнымі арганізацыямі рэспублікі задачу — перайсьці на працягу паўтара года на беларускую мову. Ну, у абяцаньнях, як і ў прыгожых высокіх словах, у тое лета недахопу ўжо не было.

Нягледзячы на выказаную зьездам ухвалу дзейнасьці кіраўніцтва ТБМ і на гарачую падтрымку яго курсу, калі дайшло да выбараў старшыні — экстрэмісты на чале з «мясамордым» зрабілі спробу зваліць з пасады кіраўніка ТБМ Н.Гілевіча. Гэта была ня толькі не рэальная задума, але і вельмі не разумная — з гле­дзішча інтарэсаў справы. Я быў старшынёй пастаяннай Камісіі ВС па адукацыі і культуры і членам Прэзідыуму ВС. З такімі дзяржаўнымі паўнамоцтвамі старшыня Таварыства — гэта проста рэдкі для нацыянальна-патрыятычнай грамадскай арганізацыі шанц. Вылучаная альтэрнатыўная кандыдатура (В. Вячорка) не праваліцца не магла, гэта было ясна. Не зусім ясна, чаму адбылося вылучэньне другой кандыдатуры. Дзеля чаго? Зрэшты, гэта тады мне было не зусім ясна. Крыху пазьней усё праясьнілася зусім-зусім. Карані «мясамордай» стратэгіі ляжалі ня так і глыбока.

l l l

Жнівень рэвалюцыйнага (ці контррэвалюцыйнага? — паколькі: назад, да капіталізму!) 1991 году ўвагу ўсяго сьвету прыкаваў да падзеяў у Маскве. Да змагарнай постаці Барыса Ельцына на танку — сярод мора ўзбунтаванага, узрушанага, пераважна маладога народу. да панікла ашляхлых за сталом прэзідыуму ініцыятараў асуджанага на паразу ГКЧП (на беларускай гэту абравіятуру ні разу ня бачыў). Праз два-тры дні значную долю сваёй увагі сьвет пераключыў на Кіеў і на Менск. 24-25 жніўня адбылася Нечарговая пятая сесія Вярхоўнага Савету БССР, з’ініцыяваная дэпутатамі дэмакратычнай апазіцыі, найперш — бээнэфаўцамі. Пад уражаньнем ад разгрому камуністычнага путчу ў Маскве, беларуская партыйная вярхушка «склала зброю» без супраціўленьня. Неверагодна лёгка ўступіла ўладу дэмакратам — як бы і не даражыла ёю, або як бы ўпотай чакала гэтага сама. Адрокся ад пасады Старшыні Прэзідыуму ВС М. Дземянцей. Сьпікерам быў абраны яго дагэтулішні намесьнік Станіслаў Шушкевіч (для недасьведчаных — мой аднакурсьнік па БДУ, толькі не філолаг, а фізік). Сьпікерам і — фактычным кіраўніком дзяржавы. Сесія прыняла Закон «Аб наданьні статусу канстытуцыйнага закону Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР» Гэта быў перадапошні крок да поўнай дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі — апошні будзе зроблены ў сьнежні. Былі прынятыя на сесіі і надзвычайнай важнасьці пастановы. Першая: аб часовым спыненьні дзейнасьці КПБ-КПСС на тэрыторыі Беларусі, другая: аб дэпартызацыі органаў дзяржаўнай улады і кіраваньня, дзяржаўных прадпрыемстваў, установаў і арганізацыяў і аб уласнасьці КПБ і ЛКСМБ. Паводле гэтай другой пастановы ўся ўласнасьць партыі і камсамолу перадавалася органам дзяржаўнай улады (Саўміну, аблвыканкамам, райвыканкамам і г. д.). Бадай ці ня самым каштоўным у той рэквізаванай маёмасьці былі будынкі. Галоўны з іх — будынак ЦК КПБ (вуліца К. Маркса, 38) — дастаўся, натуральна, Вярхоўнаму Савету. Гэта мяне, сказаць па-шчырасьці, абыходзіла мала. Моцна ўсхвалявала іншае: магчымасьць не ўпусьціць шанцу і адваяваць грандыёзны будынак Рэспубліканскай партыйнай школы для філфаку БДУ. І гэта нам удалося. Галоўным довадам-аргументам было: філфак — нацыянальная візітная картка Беларусі. Мае перамовы з прэм’ерам В. Кебічам былі нялёгкія — у яго меліся свае віды на будынак Партшколы. Але сварыцца і псаваць адносіны з такой аўтарытэтнай Камісіяй ВС, як наша, ён ня стаў. Мне заставалася толькі крыкнуць: ура! Лепшага падарунку для роднага філфаку я і ў сьне ўявіць ня мог. Праз нейкі час дэкан факультэта прафесар А. Лойка арганізаваў перасяленьне ўсіх службаў і студэнтаў філфаку ў новы корпус.

l l l

Праца Шостай сесіі ВС (верасень-кастрычнік 1991 году) пачалася з абмеркаваньня і прыняцьця законаў аб назьве дзяржавы, аб назьве сталіцы і аб дзяржаўных сімвалах Беларусі — Гербе, Сьцягу і Гімне. Хачу зазначыць, што ў падрыхтоўцы гэтых законапраектаў выключная заслуга належыць дэпутатам апазі­цыі БНФ — яны папрацавалі здорава! Нагадаю, што ў нашай Камісіі іх была цэлая група, начале... са старшынёй. Так, так, — сьпяшаюся сказаць тым, хто зьдзівіўся. Я толькі фармальна не лічыўся ў апазіцыі — і гэта была разумная тактыка. Бо калі б я і фармальна належаў да апазіцыі — многае на сесіях круцілася б іначай, і некаторыя законы, — як аб Гербу, аб Сьцягу і іншыя, — проста не прайшлі б, — упэўнены ў гэтым.

Сітуацыя з разглядам пытаньня аб сімволіцы склалася такая. Законапраект аб назьве сталіцы нават не ўдалося ўключыць у парадак дня сесіі. «Менск» не прайшоў. Сьцяной паўстала супраць пагалоўная бальшыня Прэзідыуму ВС. А думалася, што нашая аргументацыя відочна пераканаўчая і сур’ёзных пярэчаньняў не павінна быць. Ад свайго заснаваньня Менск (Менеск) на працягу многіх стагоддзяў быў Менскам, «Мінск» нам навязалі палякі, а царысты аўтаматычна перанесьлі гэтую назву на расейскія мапы. На жаль, перамаглі, мякка кажучы, недасьведчанасьць і эстэтычная глухата. Што датычыць Закону аб Гімне — агульнай згодай рашылі так. Новы гімн з ходу ня створыш, а калі і выбіраць з наяўных гімнічных песень, дык на гэта таксама патрэбен час. Таму даручылі нашай Камісіі заняцца падрыхтоўкай гэтага пытаньня да адной з наступных сесіяў.

Такім чынам, на разгляд Сесіі 19 верасня былі вынесеныя тры законапраекты: аб назьве дзяржавы, аб Гербе і аб Сьцягу. Даклад па ўсіх гэтых законапраек­тах зрабіў старшыня Камісіі Н. Гілевіч. На жаль, ва ўсе наступныя гады «летапісцы» найноўшай гісторыі Беларусі аб гэтым факце спрэс забываюць — як быццам роля старшыні Камісіі нічога ня значыла. А яна, мушу сказаць пра гэта сам, значыла зусім-зусім ня мала. Пра гэта і ворагі сімволікі мне гаварылі, а ня толькі прыхільнікі-сябры. Але — што зробіш? Ну такой бяды. Як пісаў Маякоўскі: «Сочтемся славою, ведь мы свои же люди...»

Калі Закон аб назьве дзяржавы (Рэспубліка Беларусь) прайшоў лёгка, бяз спрэчак, то за два другія іх ініцыятарам прыйшлося пазмагацца. Зноў жа хачу адзначыць стойкасьць у гэтым змаганьні дэпутатаў ад апазіцыі. А яшчэ павінен асобна вылучыць выступленьне прэзідэнта Акадэміі Навук У. П. Платонава і выступленьне Г. С. Таразевіча. Прамова У. Платонава, з пераканаўчымі гістарычнымі даведкамі, падрыхтаванымі ў Інстытуце гісторыі, несумненна паўплывала на пазіцыю і настрой дэпутатаў. Гэтаксама і нечакана «нацыянальна-дэмакратычнае» выступленьне Г. Таразевіча, якога хлопцы з апазіцыі ўпрасілі падтрымаць нас. Ну а галоўнае — памагла агульная палітычная сітуацыя ў Саюзе ССР: месяц назад адбыліся жнівеньскія падзеі ў Маскве, путч праваліўся, і хоць бадай ніхто яшчэ тады ў нашай зале не прадбачыў, што так недалёка засталося да «Віскулёў», — сама агульная атмасфера гаварыла, што ўсё ідзе да гэтага, што з ідэяй выратавальнай Нова-Агароўскай сустрэчы М. С. Гарбачоў, напэўна, спазьніўся.

З вялікімі цяжкасьцямі, з перавагай у некалькі галасоў, прайшлі і Закон аб Сьцягу (бел-чырвона-белым), і Закон аб гербе (Пагоня). Колькі было радаснага, пераможнага пачуцьця ў авацыях і вокліках, што доўга не змаўкалі ў зале! Тут жа на подыуме, за сьцяной прэзідыуму, быў устаноўлены новы, бел-чырвона-белы сьцяг. Яго ўнесьлі, пад воплескі ўсіх прысутных, дэпутаты У. Кавалёнак (сьцяганосец), І. Драбышэўская і А. Лукашэнка (асістэнты). Праз чатыры гады абодва гэтыя Законы будуць, пры падтрымцы нашага слаўнага электарата, скасаваныя, а Сьцяг і Герб — замененыя іншымі, навукова неабгрунтаванымі і эстэтычна безгустоўнымі.

Але гэта праз чатыры гады. А тады, у той дзень і ў той вечар — цяжка пераказаць, што было, што рабілася на плошчы Незалежнасьці. Яна віравала наўсьцяж людзьмі, сям-там імправізаваліся кароткія мітынгі, гучалі патрыятычныя лозунгі. Журналісты збольшага засьведчылі настрой, што панаваў на плошчы. «Бачу, як некалькі чалавек кідаюцца абдымаць вышаўшага з будынку Вярхоўнага Савету Ніла Сымонавіча Гілевіча: «Дзякуем за работу, вы вярнулі нам нашую гісторыю!» Каб жа толькі абдымаць, удакладню журналіста «Вячэрняга Мінска». А падхапілі на рукі, вынесьлі на пляцоўку перад помнікам Леніну і пачалі падкідваць угору. Здаровыя хлопцы, не ўпусьцілі, долу ня бразнуўся. Па­дзякаваў дзецюкам і ўсьміхнуўся ад думкі: з перамогай бел-чырвона-белага сьцягу і з Пагоняй беларусы віншуюцца — на вачах у Леніна: якая іронія гісторыі!

Эйфарыя, ды і вялікая, не спадала і ў наступныя дні ў думках і настроях патрыётаў Беларусі і беларушчыны. Але хачу сказаць, што мяне гэтае пачуцьцё пакінула, калі ня ў той жа вечар, дык назаўтра напэўна. Рэч у тым, што для доўгай і трывалай радасьці я, беларус з загнанай і вымучанай душой, ня бачыў падставаў. Усякая чарговая перамога-заваёва, нават такая, як Сьцяг і Герб, мяне глыбока ўнутры не супакойвала. «Гэта ўсё добра, добра, вядома, але ж таго, самага галоўнага — няма! Але ж я не магу сказаць, усклікнуць: «Госпадзе! Нарэшце! Нарэшце я жыву ў Беларусі! Куды ні павяду вокам ці вухам — усюды бачу і чую Беларусь.» Дзе ж яна, гэта мая Беларусь? Ня бачу. Ня чую. Не ўдыхаю з паветрам. Не пазнаю навобмацак. Няма яшчэ маёй Беларусі, няма. Той, якая і сьніцца, і мроіцца з далёкіх маладых гадоў.

Ды калі б гэта толькі я так пачуваўся, так разрываўся на кавалкі ад горкіх дум, ад балючых і гнеўных перажываньняў. Тысячы і тысячы іншых беларусаў яшчэ зусім і ніяк не супакоеныя, што, маўляў, «лёд крануўся» і ажыцьцяўленьне нашай адвечнай беларускай мары не за гарамі. Вось ці ня ў той жа вечар 19-га верасьня разгарнуў газету «Рэспубліка» (даў хтосьці з дэпутатаў, здаецца, Вярцінскі). На 11-й старонцы — артыкул выдатнага беларускага паэта з дыяспары Масея Сяднёва «Грэшныя думкі на тэму беларускай мовы». Чытаю: «Мы ж — што ні гавары — усё-ткі нацыя. Што — мы чакаем, пакуль нехта дырэктыўна падніміць нам тыражы? Увядзе ў школу беларускую мову? Мы прывыклі, каб намі кіравалі, нам загадвалі. Сваёй волі мы ня маем, ці што? У час перабудовы і галоснасьці яе можна было б ужо і выказаць. Дык не — маўчым. Адных толькі гілевічаў і «тутэйшых» замала — трэба паказаць свой характар усім, узьняцца мусіць увесь народ за сваю родную мову, за сваю школу, за сваё, за беларускае. Пытаньне беларускай мовы стаіць пагрозьліва: або мы будзем карыстацца ёю — і яна выжыве, або занядбаем яе — і яна зьнікне. Мова, на якой не гаворыць народ — ня мова. Народ, які зракаецца сваёй мовы — не народ». Тысячы, без перабольшаньня, разоў гэткія думкі праходзілі праз мяне, палілі мазгі, кроілі сэрца. Сотні разоў выказваў іх у друку — у артыкулах, у інтэр’ю, у вершах. І што? І ШТО?..

Я працытаваў паэта-інтэлігента высокага класу (дарэчы, вязьня ГУЛАГу, цудам ацалелага, — вайна выратавала). А вось што напісаў мне ў тыя ж дні, на зыходзе верасьня, звычайны вясковы ўрач, чалавек просты і сьціплы, але Беларус з вялікай літары, — з тых, што і ведаюць, і разумеюць, і вераць. «Я ў той вечар быў на пляцы Незалежнасьці, у многіх беларусаў былі сьлёзы на вачах ад радасьці, многія потым скакалі і пелі песьні да ночы. Але нас там было некалькі сот чалавек — на 1,7 мільёна мінчанаў і 10,2 мільёна жыхароў Беларусі. На наступны дзень у 8-30 я прыйшоў, каб пабачыць урачысты спуск бальшавіцкага сьцягу і пад’ём нацыянальнага, але наш сьцяг ужо лунаў над Домам Ураду. Яго паціху паднялі ноччу. Ніл Сямёнавіч! Я працую лекарам у вёсцы пад Менскам, праз мае рукі праходзяць сотні людзей. З вялікім жалем канстатую, што мо 90% вясковых беларусаў нічога ня ведаюць пра гісторыю Беларусі і ня вельмі хочуць яе ведаць. Размаўляюць на дрэннай рускай мове, беларускую ня ведаюць і ня хочуць ведаць, кніжак на беларускай мове я амаль ні ў кога з іх ня бачыў; газеты чытаюць цэнтральныя з Масквы, з нашых — «Советскую Белоруссию», «Знамя юности», «Беларусскую ниву» і інш. толькі на рускай мове. Ніл Сямёнавіч! Многія дэпутаты і пісьменьнікі недаацэньваюць ступень русіфікацыі і дэнацыяналізацыі беларусаў. Наступ русіфікацыі яшчэ ня спынены! Саюзнае радыё і ТБ яўна праводзяць палітыку рускага шавінізму, заклікаюць да зьліцьця з Расіяй. <...> Я прапаную зрабіць пры ВС Беларусі і мясцовых саветах камісіі па беларусізацыі, я гатоў на грамадскіх пачатках працаваць у такой камісіі. Ніл Сямёнавіч! Расійскі шавінізм наступае на Беларусь, кола беларусаў вельмі малое, каб супраціўляцца гэтаму. Нешта трэба рабіць! <...> Трэба ўзяць у беларускія рукі Друк, Радыё, ТБ, выдавецтва, школу, ВНУ, царкву. Толькі тады мы зможам спыніць русіфікацыю і змагацца далей за беларусізацыю. З павагай. Мікола Рыгоравіч Васільчанка. 44 гады, лекар. 5.X.91».

Вось такі ліст. Адзін з соцень. Вось такі крык болю, трывогі, роспачы. «Нешта трэба рабіць!» Што — нешта? Адказ — тут жа, у лісьце гэтага мужнага, сумленнага чалавека. «Трэба ўзяць у беларускія рукі...» Так, толькі так, толькі такім чынам: уладу — і ў цэнтры, у Менску, і па ўсёй рэспубліцы — трэба ўзяць у «беларускія рукі». Калі самі станем у сваім доме гаспадарамі — тады і скінем з сябе шматвекавое пракляцьце. Спынім і русіфікацыю, і ўсякі іншы гвалт, і ўсякае іншае дурноцьце.

А пакуль — ніякай эйфарыі, сябры!..

l l l

24 кастрычніка я выступіў на сесіі з дакладам па яшчэ адным вельмі важным законапраекце — аб сьвяточных (нерабочых) днях у Рэспубліцы Беларусь. Як вядома, у СССР гэтае пытаньне, скажам шчыра, было вырашанае ганебна — з поўнай непавагай да духоўных і культурных традыцыяў народу, да элементарных правоў чалавека. Спаконвечныя вялікія народныя сьвяты — Каляды, Вялік­дзень, Купальле афіцыйна былі пад забаронай, паколькі лічыліся рэлігійнымі. Радаўніца і Дзяды — галоўныя дні памінаньня продкаў, родных і блізкіх, забароненыя не былі, але прыпадалі не на выхадныя, і чалавек быў вымушаны ісьці на ўсякія прыніжэньні, каб ухітрыцца і зьезьдзіць праведаць родныя магілы. Ад імя Камісіі я ўнёс абгрунтаваную прапанову зрабіць у Беларусі сьвяточнымі (нерабочымі) наступныя дні: Каляды (і праваслаўныя, і каталіцкія), Вялікдзень (і праваслаўны, і каталіцкі), Радаўніцу і Дзяды, а таксама: 1-га студзеня — першы дзень Новага году, 8-га сакавіка — Дзень жанчын, 25-га сакавіка — Сьвята Рэспублікі, 1-га траўня — Сьвята працы, 9-га траўня — Дзень Перамогі, 27-га ліпеня — Дзень Незалежнасьці. А два дні сьвята Кастрычніцкай рэвалюцыі, 7-га і 8-га лістапада, нават не былі ўнесеныя ў законапраект. Абмеркаваньне прапановаў было бурным і доўгім — у цэлым цягнулася каля двух месяцаў, бо рашэньне ўсё не прымалася і не прымалася. Асабліва настойліва патрабавалі многія дэпутаты ўзаконіць «любімае ўсенароднае сьвята» Чырвонага Кастрычніка.

І аднак жа, як ні дзіўна, узаконенае яно не было: відаць, многія з народных абраньнікаў яшчэ пабойваліся — пад сьвежым уражаньнем ад страшнай для іх дамовы ў Віскулях — адкрыта падтрымліваць апантаных партакратаў. Хто ведае, як яно будзе? А калі тое, што здарылася — гэта «усур’ёз і надоўга», калі павароту назад чакаць марна? Праз год, а тым больш праз два, гэтай боязі ў іх ужо не было. О, як рэзка памянялася атмасфера ў авальнай зале Дома ўраду, як паднялі галаву пацярпелыя паразу ў жніўні і затым у сьнежні 1991-га! Зусім адкрыта ўзялі курс на аднаўленьне «Саюзу непарушнага» — няхай сабе і пад новай назвай — і на вяртаньне ранейшых атрыбутаў дзяржаўнай сімволікі. Пом­ню, дэпутат Качан, на адной з сесіяў, у траўні 1993-га, пачаў са мною даверлі­вую размову: «Вы, напэўна, ведаеце, што мы, камуністы ў Вярхоўным Савеце, рыхтуемся ўнесьці на разгляд сесіі пытаньне аб тым, каб вярнуць у лік сьвяточных дзён у Беларусі 7-е лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. У нас да вас вялікая просьба. Мы тады пагадзіліся апусьціць гэта сьвята ў сьпіску толькі таму, што даверыліся вам як дакладчыку, з павагі да вашага аўтарытэту. Мы вас падтрымалі — цяпер падтрымайце вы нас. У крайнім выпадку — не выступайце супроць нашае прапановы, не бярыце слова». — «Прабачце, — адказаў я, — але вы не ва ўсім мяне падтрымалі: вы не далі ўзаконіць Сьвята Рэспублікі — дзень 25-га сакавіка». — «Ну, гэта немагчыма было, каб мы, камуністы, галасавалі за сьвята БНР — гэта немагчыма...»

Так, на той сесіі на зазімку 91-га не прайшло ня толькі сьвята ў гонар Кастрычніцкай рэвалюцыі, але і сьвята ў гонар абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. І калі першае — не тады, як ладзіліся дэпутат Качан і яго сябры, а пазьней, ужо з дапамогай начальніка дзяржавы — было ўсё ж адноўлена, і на пасьмешышча ўсяму былому Саюзу ССР, у тым ліку — на пасьмешышча Расіі, радзіме Кастрычніка, зноў сьвяткуецца ў нашай суверэннай краіне, — то другое — сьвята ў гонар 25-га сакавіка — нават не ўпамінаецца ў гэты дзень у афіцыйных сродках масавай інфармацыі.

l l l

8-га сьнежня 1991 году, апераджаючы жаданьні і прадчуваньні многіх па­асобных грамадзянаў і цэлых народаў, адбылася вялікая гістарычная падзея: на ўрадавай дачы Віскулі ў Белавежскай пушчы кіраўнікі трох усходнеславянскіх рэспублік — Расіі (Б. Ельцын), Украіны (Л. Краўчук) і Беларусі (С. Шушкевіч) — падпісалі пагадненьне аб утварэньні СНД — Садружнасьці Незалежных Дзяржаў. З гэтага дня Дагавор 1922 году «Аб утварэньні Саюзу Савецкіх Сацыяліс­тычных Рэспублік» перастаў дзейнічаць. СССР распаўся. Спыніла існаваньне вялікая савецкая імперыя, пераемніца імперыі Расейскай. Пачаўся новы адлік часу ў гісторыі пятнаццаці краінаў, «аб’яднаных сьвятлом Крамля», у тым ліку — у гісторыі Беларусі. О, як ускалыхнула гэта сэрцы і душы мільёнаў людзей, да якой грамадскай актыўнасьці пабудзіла іх, на якія творчыя жыцьцяразьбежныя памкненьні і пачынаньні натхніла! І якую палярызацыю поглядаў, настрояў і пазіцыяў парадзіла ў грамадстве, у тым ліку — у асяроддзі інтэлігенцыі! Адметнасьць гэтага працэсу палярызацыі ў Беларусі азначаецца двума момантамі. Першы: ні ў адной іншай рэспубліцы (аб Расіі размова не ідзе, зразумела) непрыняцьце Віскулёўскага Пагадненьня не было такім масавым і катэгарычным, як у Беларусі. Чаму? А таму, што Беларусь аказалася самай савецкай, самай бальшавіцкай, самай камуністычнай у СССР рэспублікай, — нават у параўнаньні з Расіяй. Другі момант: паглыбленьне расколу па нацыянальным пытаньні, па адносінах да беларускай мовы, культуры, гісторыі, сімволікі і інш. У выніку асабліва апантанага культываваньня нацыянальнага нігілізму ў Беларусі і ажыцьцяўленьня палітыкі лінгвацыду, вельмі многія абарыгены рэспублікі ўжо звыкліся з непазьбежнай асіміляцыяй, з растварэньнем у расейскім катле ці — «у новай гістарычнай супольнасьці — адзіным савецкім народзе», і цяпер, пасьля Віскулёў, іх нават ахапіў страх: дык а як жа будзе? Без Масквы? Без Крамля? Самі сабой будзем жыць і ладзіць сваю гаспадарку? Будзем суверэннай незалежнай дзяржавай? І ў грамадскім жыцьці пачне панаваць свая беларуская мова — як польская ў Польшчы?.. І сталі прыслухоўвацца і вычэкваць: ці не гучаць дзе галасы нязгоды, ці не падымаецца супраціў? А тады і самі заварушыліся і падаліся на ўспамогу зацятым ворагам нашай незалежнасьці. На шчасьце, беларусы маладога і зусім маладога ўзросту, якіх не магла зачапіць сталіншчына і толькі ледзь-ледзь захапіла брэжнеўшчына, якія за гады Перабудовы пасьпелі сёе-тое вельмі істотнае зразумець, хутка, каб не сказаць «імгненна», адгукнуліся душой і сэрцам на тое, што адбылося, чаго сьвядома ці падсьвядома чакалі. І менавіта яны асабліва горача пайшлі на абарону падоранай лёсам свабоды, пачалі гуртаваць сілы, каб не дапусьціць рэстаўрацыі мінулага. Вядома, у маладых былі аўтарытэтныя настаўнікі, дасьведчаныя ідэолагі, выпрабаваныя ў бяскроўных паядынках з нялюдскім рэжымам старэйшыя таварышы. Шмат-шмат разоў бачыў я і тых, і другіх разам у рашучых вулічных калонах, у шэсьцях пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, чуў іх на людных мітынгах на плошчах, дзе і сам не аднойчы браў слова, і кожны раз радасна-трывожна заходзілася сэрца: радасна — бо ніколі раней такога ня бачыў і ня чуў, трывожна — бо не-не і працінала думка: няўжо ня выстаім і не пераможам злыдняў канчаткова, няўжо гэтыя тысячы натхнёных прамяністых вачэй прыцьмеюць і пацягнуцца холадам зьняверу?

Які тады, напярэдадні і ў першыя тыдні па абвяшчэньні незалежнасьці, панаваў энтузіястычны настрой у душах патрыётаў Беларусі! У Менску амаль кожны дзень перад Домам ураду, дзе працаваў Вярхоўны Савет, зьбіраўся вялізны натоўп — са сьцягамі і транспарантамі, выбухова ўспыхвалі раз за разам мітынгі, гучалі заклікі і пракламацыі. А якія лісты пайшлі ў Вярхоўны Савет, у тым ліку і ў нашую Камісію! «Няхай жыве Беларусь! Гэтак хораша зрабілася ў мяне на сэрцы, аж я заплакаў, калі пачуў з трыбуны Вярхоўнага Савету: «Няхай жыве Беларусь!»

Гэта — з аднаго боку. А якія з другога боку лісты пасыпаліся — чытаць было невыносна. Ня толькі на душы, а і ў вачах рабілася чорна. Прычым, спрэс ад людзей адукаваных, дасьведчаных і ў гісторыі Старажытнай Русі, і ў пытаньнях славянскага мовазнаўства, і ў прычынах адсутнасьці попыту на беларускую кнігу... А лісты! — па восем-дзесяць-дванаццаць старонак густога, праз адзін інтэрвал, машынапісу! Д’ябалькая энергія і сіла волі! Якую ж трэба мець нянавісьць да мовы нашай зямлі, нашага народу, каб натхніцца на такое «мерзопакостное» шрайбаваньне! Прыкладам могуць служыць лісты (іх было некалькі) пенсіянеркі з Віцебску Музы Тарасевіч. У беларусаў адвеку сваёй роднай нацыянальнай была руская мова, — аж скрыгоча ўстаўленымі зубамі гэта «внучка крестьян полотчины», — бо і самі мы, беларусы — людзі рускія, а вы, «сьвядомыя», не беларусы, а гуды, вас тут часьцінка, маленькая прымесь. «Ваши «каштоўныя старыя кнігі», «помнікі» и т. п.— это к русской культуре на этих землях не имеет никакого отношения. То есть, это памятники культуры части населения этой земли. Он равноценен подобному памятнику, например, еврейской части населения и т. п. (...) Если вам не нравится наш национальный, русский, язык, можете организовать (и правительство пойдет вам навстречу) для себя нужное количество экземпляров тех же газет на вашей «роднай», поймите, всего лишь гудской мове. Ибо, если нет нации, то, естественно, нет и ее национального языка. О том, что белорусской нации нет и не было, я готовлю обширную статью...»

Яшчэ адзін прыклад — ліст «Депутатам Верховного Совета БССР, а ныне Республики Беларусь» ветэрана ВАВ з Берасьця А. Зорына (12.3.1992): «В Брестской области и в городе проживают компактно русские, а местное малочисленное белорусское население так же говорит на русском языке. (...) В настоящее время Брестский педагогический институт превратили в центр-рассадник махрового, воинствующего, наглого национализма. (...) Если так пойдет дело и дальше, то что же делать русским и другим национальностям? Брать в руки автоматы и защищать свои квартиры?»

Вось такія лісты дэпутатам — каб распаліць іх жарсьці, падбіць іх на пера­гляд Закону аб мовах, на змаганьне ў парламенце супроць «беларускага нацыя­налізму». Лісты, датычныя мовы, адукацыі, культуры, натуральна перадаваліся ў нашую Камісію, і нярэдка мой працоўны дзень пачынаўся з іх чытаньня — г. зн. з прыняцьця вялізнай дозы атруты, што, пры маім характары, надоўга выбівала мяне з рабочага настрою, не давала засяродзіцца на бягучых пытаньнях. Іншы раз я зачытваў падобныя подлыя пісаньні каму-небудзь з супрацоўнікаў Камісіі і грымеў, як з трыбуны: «Гэтая набрыдзь, гэтая навалач ніколі нічога не зразумее і ніколі не пагодзіцца, каб мы самі вырашалі свой лёс, калі мы не падпарадкуем іх закону. Гэта трэба ўсім ведаць! Усім беларусам, якія хочуць быць гаспадарамі ў сваім доме. Толькі рашучае процістаяньне іх нахабству і хамству! Толькі бескампрамісная публічная водпаведзь іх хлусьні і цынізму!..»

І начамі пісаў гэтыя водпаведзі — новыя артыкулы для «Народнай газеты», для «ЛіМа», для «Звязды», якая была тады сапраўднай беларускай газетай, — бадай што не ўступала па грамадзянскай мужнасьці ні «Народнай», ні «ЛіМу». І прасіў баявітых хлопцаў з Камісіі не зважаць на гадзючае сыканьне з канвертаў і за трыбунай у галоўнай зале рэспублікі — і дзейнічаць, дзейнічаць, дзейні­чаць! Зрэшты, іх і прасіць асабліва ня трэба было — яны выдатна разумелі сітуа­цыю і былі поўныя жаданьня і імпэту працаваць. І шчыравалі — і як дэпутаты, члены Камісіі, і як актывісты ТБМ. Удзельнічалі непасрэдна ў апрацоўцы законапраектаў — ня толькі «нашых», але і ўсіх тых, у якіх так ці іначай закраналіся пытаньні мовы, адукацыі, культуры, друку, радыё і тэлебачаньня, гісторыі і гістарычнай спадчыны, духоўнасьці і веравызнаньня. Арганізоўвалі (самастойна ці сумесна з міністэрствамі, установамі, арганізацыямі) канферэнцыі, «круглыя сталы», нарады па актуальных праблемах беларусізацыі грамадскага, культурнага, навуковага жыцьця ў рэспубліцы, дапамагалі наладзіць працу гурткоў беларускай мовы ў дзяржаўных установах і на прадпрыемствах. Правяралі і ў Менску, і па ўсёй краіне, як выконваецца Закон аб мовах і Дзяржаўная праграма разьвіцьця беларускай і іншых моў у Беларусі. ТБМ пры падтрымцы нашай Камісіі наладзіла выданьне рэдкіх забытых беларускіх кніг і слоўнікаў («Геа­графія Беларусі» А. Смоліча, «Западно-русизм» А. Цьвікевіча, знакаміты слоўнік В. Ластоўскага і інш.) Рэч у тым, што Камісія дабілася ад урада прыярытэтнага фінансавага забесьпячэньня некаторых каштоўных беларускіх выданьняў навуковага характару і прадстаўляла Мінфіну канкрэтны сьпіс назваў. Так удалося падтрымаць і выданьне ўнікальнага 5-томнага «Лексічнага атласу беларускіх народных гаворак» (выд-ва «Навука і тэхніка»).

Беларусізацыя несла выдатныя плёны, асабліва відочныя ў сферы школьнай адукацыі. Імкліва нарастала з кожным годам колькасьць першых класаў з беларускай мовай навучаньня і выхаваньня. У многіх гарадах гэта лічба к 1994 году паднялася да 60-ці, 70-ці і нават да 73 працэнтаў (г. Гомель). Колькі выявілася выдатных педагогаў-патрыётаў, у тым ліку і сярод загадчыкаў РАНА ці ГарАНА, апантаных жаданьнем распаліць у бацькоўскім кутку агмень роднага слова — ды па ўсім раёне, ды па ўсёй вобласьці! Якая ж гэта магутная сіла — матчын дар, калі ён свабодна, на ўсё дыханьне прагаворыць у чалавеку! Як ён прыцягвае блізкіх табе крэўна і па духу людзей, як гуртуе і аб’ядноўвае!

Такі настрой апаноўваў мною ў тыя першыя гады дзяржаўнага станаўленьня суверэннай Беларусі часта. Але ня менш часта, а чым далей — то ўсё часьцей, пранікаў у душу і цяжкі атрутны подых непрыязьні, варожасьці, далакопства. Я сачыў за падзеямі ў Расіі і ў суседніх, ужо незалежных, краінах, прыглядаўся і прыслухоўваўся да таго, што адбываеццпа і што гаворыцца ў авальнай зале Дома Ураду. І трывога ў душы ўсё больш нарастала. Адчуваў, усім нутром адчуваў: у грамадстве, перш за ўсё ў незьлічонай масе чыноўніцтва, амаль спрэс у асяроддзі вайсковых пенсіянераў, ды і сярод інтэлігенцыі, асабліва негумані­тарнай, шырацца і мацнеюць антыбеларускія настроі. Варожыя нашаму нацыя­нальна-дзяржаўнаму адраджэньню сілы яўна ўзялі курс на рэстаўрацыю Саюзу ССР, на аднаўленьне імпершчыны з усімі непазьбежнымі пасьледкамі: загнаньнем у рэзервацыю беларускай мовы, канчатковай расправаю з беларускай школай, поўным абезаблічваньнем беларускай нацыянальнай культуры, заглушэньнем і забіцьцём гістарычнай памяці народу.

На сесіях, пры абмеркаваньні законапраектаў аб адукацыі, аб культуры, аб СМІ, аб бюджэце і іншых, многія слугі народу адкрыта патрабуюць перагле­дзець і ператрэсьці Закон аб мовах: «Трэба неадкладна надаць статус дзяржаўнай таксама і рускай мове!» У гэтым хоры цьвёрдасьцю голасу вылучаюцца генерал Сарокін і генерал Гетц, не ўступаюць ім і арапістыя, гарластыя партакраты, — і прыезджыя, аселыя, прырослыя, і «тутэйшыя», сваёй гадоўлі. Колькі хапае сілаў вяду з гэтым гвалтам змаганьне. Змагаюся ў зале — з трыбуны і ад мікрафону, змагаюся ў друку — ня менш двух артыкулаў за месяц публікую ў газетах, — спрачаюся, абвяргаю, тлумачу, даказваю, заклікаю ня верыць фальшыўцам і запраданцам. Змагаюся з гэтым антыбеларускім курсам на сустрэчах з чытачамі, у Дамах культуры, у студэнцкіх і школьных аўдыторыях. Добрыя людзі бачаць і падтрымліваюць. Лісты ўдзячнасьці ідуць і ідуць, а неяк па радыё (7.XII.1992) у выступленьні настаўніцы адной менскай школы прагучаў такі кароценькі вершык:

Думкі аб роднай мове.

Чаму ніхто ў нас не разумее,

Што родная мова, напэўна, памрэ,

Што ўжо ён апошні — праўдзівы Гілевіч

Дзёрн нашых сэрцаў дарэмна арэ.

Крык роспачы. І апошні... «...дарэмна арэ!» Гэта ўжо не падтрымка, канешне, гэта — голас тых, даведзеных да зьнявер’я, якія самі маюць пільную патрэбу ў падтрымцы, якім я ўвесь час, амаль нязмоўчна, адрасую свой кліч, сваю просьбу: «Не падайце духам! Не складайце ў бясьсільлі рук! Што хочаце — толькі не песімізм! Ніхто з нас ня мае права — апускаць бездапаможна крылы!.. Змагацца трэба, дарагія сябры! Трэба выстаяць і перамагчы!...»

l l l

Нечакана-неспадзявана ў падмогу імпершавіністычным антыбеларускім сілам выступіла група асобаў з грамадскага культурнага аб’яднаньня «Полісьсе». Ня ўсё аб’яднаньне, падкрэсьліваю, а група асобаў. Яшчэ ў канцы 80-х у друку пачала мусіравана праводзіцца ідэя, што насельніцтва паўднёва-заходняга (Пінска-Брэсцкага) Палесься ёсьць асобны этнас, асобны народ — яцьвягі, і ён павінен дабівацца як мінімум нацыянальнай аўтаноміі ў складзе Беларусі, а яшчэ лепш — дзяржаўнай незалежнасьці. Страшная, скажам шчыра, ідэя! Вельмі страшная! Мне гэта стала зразумела адразу ж, з першага ж азнаямленьня з заявамі сепаратыстаў. Ды і што тут было не зразумець! Цытую артыкул аднаго з самых зацятых і ваяўнічых праваднікоў ідэі «яцьвяжскай» адасобленасьці М. Шаляговіча: «Если же белорусы окажутся не готовыми к разделу политической власти, то БССР сегодняшняя может быть расчленена на три части: Полесье отойдёт к Украине, а Западная Белоруссия к Польше... Шанс «шчырых» белорусов — только в конфедерации или федерации с полешуками.» Вось так! Такі прагноз, такая ультыматыўная пагроза. Падзяліся, Беларусь, дзяржаўнай уладай! Іначай — раскол, расчляненьне краіны. Відочная палітычная правакацыя. А пачалося ня з гэтага, а з патрабаваньня прызнаць паўднёва-заходні палескі дыялект асобнай мовай — яцьвяжскай, з правам узаконенай літаратурнай нормы (школа, выданьне газетаў, кніг і г. д.). Ад недасьведчаных, між іншым, хавалася, што даўно адмерлае племя яцьвягаў было не славянскае, а належала да балтыйскай групы этнасаў, і мова яго, вядома, уваходзіла ў сям’ю моў балтыйскіх. Небясьпечная правакацыйная задума, падтрыманая некаторымі навукоўцамі і журналістамі, выклікала ў маёй душы абурэньне. Ужо ў лютым 1992-га я апублікаваў у «Народнай газеце» адкрыты ліст дэпутатам Пінскага гарсавету пад назвай «Спыніць замах на адзінства і цэласнасьць Беларусі!» Пасьля, на працягу ўсяго году, быў вымушаны яшчэ неаднойчы даваць публічную — праз друк — водпаведзь правакатарам-сепаратыстам, якія паставілі мэтай «разбурыць гістарычна замацаванае — за доўгія стагоддзі — адзінства беларускага народу і Беларусі». У канцы году і Рада ТБМ апублікавала з гэтай нагоды вельмі сур’ёзную заяву — зварот да грамадзянаў Беларусі «Ня трэба хітрыць і разьлічваць на наіўных!», у якім вы­крывала глыбока замаскаваную палітыку крамлёўскіх імпершавіністаў («разделяй и властвуй»): расколем з дапамогай запраданцаў-янычараў Беларусь — лягчэй у нестабільнай сітуацыі, разарваную па кавалках, праглынем яе. Праз год з гакам «яцьвяжскія» воі супакоіліся і замоўклі. Гэта не азначала, вядома, што супакоіліся іх ваяводы, іх натхняльнікі і стратэгі.

Цешуся актыўнай беларуска-патрыятычнай пазіцыяй дзяржаўных рэспублі­канскіх газет — «Звязды», «Настаўніцкай газеты», «Чырвонай змены», ня кажучы пра «ЛіМ», пра «Народную газету». Якія малайцы іх рэдактары, калектывы супрацоўнікаў! З нумара ў нумар, бесперапынна, даюць мінімум адзін матэ-

рыял у падтрымку беларусізацыі, выкананьня Закону аб мовах, нацыянальнага адраджэньня Беларусі ўвогуле. Нашая Камісія і сама імкнулася як мага шырэй выкарыстаць органы друку ў гэтых жа мэтах. У жніўні мы арганізавалі ў ВС адмысловую прэс-канферэнцыю на тэму, як ідзе ажыцьцяўленьне Закону аб мовах і ў якім становішчы сёньня нашая мова знаходзіцца. Мае адказы на пытаньні журналістаў былі гранічна шчырымі, і рэпартаж аб прэс-канферэнцыі быў у газетах такім жа. «Звязда» дала яго пад загалоўкам: «Становішча з беларускай мовай крытычнае. Неабходна ратаваць родную мову». У гэтых маіх словах не было перабольшаньня. Сапраўды — крытычнае. Сапраўды — трэба ратаваць. «Настаўніцкая газета» цытуе: «Вывад ня новы: прыклад ва ўжываньні дзяржаўнай мовы не падаюць тыя, хто па дзяржаўнасьці сваёй службы навінен яго падаваць: Вярхоўны Савет — заканадаўца ды выканаўцы — міністэрствы, іх «вярхушка». І яшчэ — ужо больш маштабнае абагульненьне: «Пакуль у нас будзе падобнае стаўленьне да адукацыі і культуры, марна спадзявацца на зрухі ў іншых сферах.»

Ва ўсю шчыруюць і навукоўцы. У жніўні ў Маладэчні праводзяць міжнародную канферэнцыю «Фарміраваньне і разьвіцьцё нацыянальнай самасьвядомасьці беларусаў». Ад Вярхоўнага Савета прывітальнае слова сказаў старшыня Камісіі па адукацыі і культуры. У лістападзе ў Акадэміі Навук прайшла рэспубліканская навуковая канферэнцыя «Праблемы беларускага правапісу», ініцыятарам якое выступіла акадэмічная суполка ТБМ. Гарачыя спрэчкі пэўных вынікаў не далі — гэта была хутчэй выява-зьверка пазіцыяў. Некаторыя лінгвісты (напры­клад, І. Крамко) выказаліся рэзка адмоўна наконт пераходу на г. зв. «тарашкевіцу». Дзеля чаго, задавалі пытаньне, трэба пераходзіць на -ля, -лё? Кажаце, так лепш? Для каго лепш? Для мовы? На якіх аб’ектыўных навуковых падставах грунтуецеся? Што — хіба жывая мова пацьвярджае гэтыя -ля, -лё? Вы можаце гэта даказаць? Ці проста — у вас манапольнае права на патрыятызм у галіне мовы? Дык не хітруйце! Ужо развалілі шмат чаго — наважылі разваліць і мову. Лагічна: няма мовы — няма і народу.

Мне так эмацыянальна выказаныя засьцярогі здаваліся зусім ня марнымі. Мая пазіцыя палягала ў тым, што ўвогуле займацца зараз рэформай правапісу — не да часу. Сваё выступленьне я падагуліў такою высновай: «Больш чым наіўна думаць, што пры такім разнабоі ў правапісе, які сёньня назіраецца ў беларускай прэсе, наша мова служыць станаўленьню дзяржавы, умацаваньню яе аўтарытэту ў вачах грамадскасьці. На фоне небывалага развалу ў эканоміцы, у гаспадарцы, у сацыяльнай сферы — развал у літаратурнай мове, можа быць, найбольш небясьпечны».

Раней, чым сказаць «З Богам!» гэтаму неймаверна напружанаму 92-му году, мне пашчасьціла зрабіць дзьве добрыя канкрэтныя справы — ня Бог ведае якой важнасьці, і аднак жа. Першае: «выбіць» кватэру ў Менску нашаму слаўнаму гісторыку Міколу Іванавічу Ермаловічу. Рашалася на ўзроўні Прэзідыуму ВС і Старшыні СМ РБ — і вырашылася, на маю вялікую радасьць, станоўча: і С.Шушкевіч, і В. Кебіч мяне зразумелі і падтрымалі. Цяжэй вырашалася другая «добрая справа» — аб прысуджэньні дзяржаўных прэміяў Беларусі за 1992 год. Рэч у тым, што ў чэрвені пастановай Прэзідыуму ВС РБ і Савета міністраў РБ быў зацьверджаны новы склад Камітэту па Дзяржаўных прэміях у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры, і старшынёй Камітэту прызначылі мяне. Здарылася так, што на дзьве прэміі імя Якуба Коласа выйшлі тры прэтэндэнты: С. Грахоўскі, А. Жук, В. Сёмуха. І Грахоўскі не прайшоў. Відаць, сябры Камітэту яго прозу недаацэньвалі. А стары — на парозе 80-годдзя, а ў чалавека — страшны пакутніцкі лёс, — куды ж адкладваць? Гаварыў са мной гэты мужны чалавек амаль плачучы. Выйсьце бачылася мне толькі адно: прасіць Урад аб выдзяленьні на гэты год дадатковай прэміі. Пайшоў да В. Кебіча. Пагадзіўся ад слова. «Для Грахоўскага зробім». Пайшоў да С. Шушкевіча. Тут я не сумняваўся. Яго бацька, паэт, прайшоў гэткі ж цярністы шлях вязьня. Затое ў Шушкевіча стрэла мяне іншая нечаканка: рэзка запярэчыў супроць прэміі за мастацкі пераклад раману Т. Мана «Доктар Фаўстус» Васілю Сёмуху. Ледзь уламаў упартага, як чорт, Станіслава. «Як гэта за пераклад прозы даваць Дзяржаўную прэмію?! Ты тут, прабач мяне, памыляешся!..» Давялося нагадаць, што В. Сёмуха пераклаў ня толькі празаічнага «Доктара Фаўстуса» Т. Мана, але і паэтычнага «Фаўста» І. В. Гётэ, і многія творы іншых паэтаў і пісьменьнікаў, і што ён выдатны майс­тар мастацкага слова.

Гэта было маё першае і апошняе старшыняваньне ў Камітэце па Дзяржаўных прэміях. Ведаючы, што за 1994 год указ аб лаўрэатах ужо будзе падпісваць новасьпечаны пан начальнік дзяржавы — я загадзя падаў у адстаўку. Хоць толькі адзін раз віншаваў лаўрэатаў у якасьці старшыні Камітэту, але з чыстай радасьцю, бо званьне атрымалі годныя. Прэмію імя Янкі Купалы — Сяргей Законьні­каў і Алесь Звонак (на 86-ым годзе, вязень ГУЛАГу, уважыць паэта раней не дадумаліся!); прэмію імя Якуба Коласа — Сяргей Грахоўскі, Алесь Жук і Васіль Сёмуха; прэмію імя Кастуся Каліноўскага — Мікола Ермаловіч; за творы для дзяцей — Яраслаў Пархута; у галіне тэатральнага мастацтва — М. Пінігін, В.Манаеў, У. Кур’ян і У. Кін-Камінскі за сьпектакль «Тутэйшыя»; а яшчэ славутыя мастакі Э. Агуновіч і М. Селяшчук... Але было і тое, аб чым дагэтуль успамінаю са шкадаваньнем: Камітэт адхіліў дакументальны фільм кінарэжысёра В. Дашука. Мой грэх у тым, што паддаўся думцы многіх, якія даказвалі, што гэта ня лепшы твор таленавітага аўтара.

l l l

Бачачы ашалелае супраціўленьне асімілятараў-русіфікатараў курсу на нацыя­нальна-культурнае адраджэньне Беларусі, найперш — курсу на пашырэньне ў грамадскім ужытку беларускай мовы, нашая Камісія, сумесна з сакратарыятам ТБМ, прыняла рашэньне заклікаць патрыётаў Беларусі выступіць у абарону роднай мовы, а менавіта — падаць свой голас лістом ці тэлеграмай у Вярхоўны Савет. Водгук грамадскасьці перавысіў нашыя спадзяваньні: кожны дзень пош­та пачала прыносіць дзясяткі лістоў і тэлеграмаў. Ды якіх палымяных, якіх зьмястоўных, разумных, пераканаўчых! Сама сабою набегла думка — выдаць іх брашурай, ладным накладам, каб і кожнаму дэпутату даць — так бы мовіць, для «патрыятычнага выхаваньня», і пусьціць у продаж праз кнігарні. Укладаньне і напісаньне прадмовы было даручанае старшыні Камісіі. Летам 1993-га брашура пад назвай «Голас народа — голас божы» была аддрукаваная накладам 10 тысячаў асобнікаў. Але лісты і тэлеграмы ў Вярхоўны Савет працягвалі ісьці — і праз колькі месяцаў я склаў з іх яшчэ адну кніжыцу — пад назвай «Мы не просім — мы патрабуем!..» Яна выйшла ў сьвет накладам 5 тысячаў асобнікаў ужо ў наступным, 1994-м годзе, у канцы лютага, якраз перад прыняцьцем Канстытуцыі з артыкулам аб статусе беларускай мовы. У абедзьвюх брашурах зьмешчана больш за 200 лістоў і тэлеграмаў. Гэта была сапраўдная народная публіцыстыка, чытаць якую без хваляваньня немагчыма — столькі ў ёй неспакою, трывогі, болю, пратэсту, надзеяў і спадзяваньняў. І мне здавалася, што гэтага балючага і гнеўнага голасу народу не перакрые і не заглушыць ніхто, што яго абавязкова пачуюць і паслухаюцца, бо пабаяцца не паслухацца і з’ігнараваць. Складаючы гэтыя кніжачкі, я радаваўся і ганарыўся нашым народам, да спазмаў у горле — ганарыўся, і быў упэўнены ў незваротнасьці працэсу адраджэньня, і ў прадмоўцы «Сведчанне волі народа» узьнёсла пісаў: «...Тое, што здарылася ў 30-я, калі спроба беларускага нацыянальнага адраджэньня была бязьлітасна задушана, цяпер не паўторыцца. На гэты раз беларускі народ свой гістарычны шанц ня ўпусьціць. Яго душа высьпела, а воля дастаткова падужэла. Красамоўнае сьведчаньне гэтага — сотні пісем і тэлеграм выбаршчыкаў у Вярхоўны Савет Беларусі...»

Так: іначай тады думаць не хацелася. Волю народу, які пасьпеў уздыхнуць свабодна, зламаць ня ўдасца! Хоць да канчатковай перамогі яшчэ, на жаль, далёка. Ворагі беларушчыны яшчэ зусім не зьбіраюцца «скласьці зброю». О, не!

На пачатку 1994-га ў зале пасяджэньняў Вярхоўнага Савету меў месца адзін нязначны, але цікавы і паказальны эпізод. Ідучы раніцой да свайго месца ў зале, я ўбачыў, што на многіх крэслах ляжыць невялікі, на чвэрць аркуша, лісток. І на маім крэсьле — таксама. Падумаў: нешта афіцыйнае, з Сакратарыяту. Якое ж было маё зьдзіўленьне, калі на лістку я ўбачыў свой верш «Пакуль ня позна», два дні назад апублікаваны ў «Народнай газеце». Верш акуратна, без памылак, перадрукаваны на машынцы і памножаны на ксераксе. Вось яго апошнія дзьве страфы:

Ці, звыкшы несьці крыж пакутны,

Мы так і будзем жыць-цярпець,

Пакуль наш дух, калісь магутны,

Не перастане нават тлець?

Дык не маўчыце ж! Станьце грозна

Жывой сьцяной, у поўны рост —

І рушце ўсе, пакуль ня позна,

За вольны край, за новы лёс!

Пад вершам было дадрукавана: «Дык вось хто падбухторвае народ!» Прачытаў — і ўсьміхнуўся. «Ну, хай будзе — «падбухторвае». Хоць дакладней — я за­клікаю. І ня першы раз. І буду заклікаць, панове-таварышы, буду! Маўчаць, шаноўныя, ня маю права.»

Прадметам абмеркаваньня ў зале эпізод ня стаў, на трыбуну з гэтай прычыны ніхто ня вылез. Ініцыятары зразумелі: ім жа нявыгадна.

l l l

У Вярхоўным Савеце тым часам абазначыліся дзьве галоўныя кропкі прыкладаньня сілаў, яны ж — і дзьве галоўныя інтрыгі. Першая — падрыхтоўка новай Канстытуцыі, Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая павінна заканадаўча замацаваць вялікія гістарычныя заваёвы беларускага народу. Другая — падрыхтоўка «дварцовага перавароту». Паглыбленьне і абвастрэньне процістаяньня патрыётаў-дэмакратаў, непахісных незалежнікаў на чале са сьпікерам С. Шушкеві­чам і — рэваншыстаў-эсэсэсэрнікаў, апантаных інтэгратараў на чале з прэм’ерам ураду В. Кебічам уступіла ў стадыю адкрытай варажнечы. Вось такія дзьве «падрыхтоўкі», фармальна — нібыта дзьве «паралельныя прамыя», а насамрэч — зусім па-жывому сплеценыя і ўзьвязаныя між сабой. Спачатку — пра гэтую другую інтрыгу, пра курс на «дзяржаўны пераварот».

Радкі з «Дзёньніка»:

(15.9.1993): «Цэлы дзень «празасядаў» на Прэзідыуме. Абстаноўка напальваецца. Дзьве хвіліны гаварыў і я. «Агульную рублёвую зону» і «агульную грашовую сістэму» безагаворачна кваліфікаваў як першы крок да ліквідацыі дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі — прычым такі крок, пасьля якога ўжо ніякіх ілюзіяў не застанецца. Гаварыў гэта пры мёртвай цішыні ў зале. «Што мы робім выгляд, быццам не разумеем, што гэта значыць?! — з гэтага пытаньня пачаў, ім жа і закончыў». (Праз дзясятак гадоў С. А. Багданкевіч па радыё «Свабода» скажа: «Адзін Ніл Гілевіч змагаўся за беларускі талер».)

(16.9.1993): «Сітуацыя ў Расіі разьвіваецца вельмі нядобра, і падобна на тое, што яе ўжо мірным шляхам не адрэгуляваць.

Заходзіў Вярцінскі. Гаварылі пра гэтак званы Зьезд народу Беларусі, пра абвастрэньне становішча ў Беларусі, пра нападкі на Шушкевіча, пра здрадніцкую пазіцыю Ураду».

(18.9.1993): «Слухаў раніцой па радыё частку выступленьня Шушкевіча — яго водпаведзі Кебічу. Малайчына! (...) Ну, а ўвогуле — пачалося! Такой пікіроўкі паміж Ш. і К. яшчэ не было.

У Беларусі нарастае... дзяржаўны пераварот. Не сумняваюся, што дзеля гэтага «Саюз афіцэраў Беларусі» аб’явіў сябе палітычнай арганізацыяй (да сёньня быў дабрачынна-грамадскай)».

Пераварот адбыўся 26 студзеня 1994 году. Без удзелу Саюза афіцэраў. С.С.Шушкевіча скінулі з пасады Старшыні Вярхоўнага Савету — вышэйшай дзяржаўнай пасады ў Беларусі — дэпутаты, — тыя самыя, што ў свой час яго і выбралі. В. Кебіч з хаўрусьнікамі ў дэпутацкім корпусе арганізаваў механізм перавароту найлепшым чынам: сказаў паставіць на галасаваньне, на прадмет аказаньня ці не аказаньня даверу — дзьве кандыдатуры: і яго, і Шушкевіча, наперад ведаючы (падлічылі, папрацавалі), што Шушкевіч «праваліцца», а ён — пройдзе. Так і сталася. Такая была расстаноўка сілаў у авальнай зале. Будзем помніць, дарэчы, што супроць Шушкевіча былі і многія дэмакраты, не маглі яму дараваць зрыў рэферэндуму ў 1992 годзе, мэтай якога было правядзеньне новых, поўнасьцю дэмакратычных, выбараў у Вярхоўны Савет. Праўда, не зразумела, на што цяпер дэмакраты разьлічвалі: што замест Шушкевіча сьпікерам выберуць каго-небудзь з іх? Але ж гэта — звышнаіўнасьць!.. Бясьпечна, вельмі бясьпечна паставіўся Станіслаў Станіслававіч да той інфармацыі аб блізкім перавароце, якою валодаў. У яго быў час, былі магчымасьці не дапусьціць вынясеньня на сесію пытаньня аб даверы, для чаго трэба было здорава папрацаваць з людзьмі, з дэпутатамі, з міністрамі, а ён, падобна, махнуў рукой — маўляў: марныя іх намаганьні. Ад празьмернай самаўпэўненасьці, ці што?

Адразу ж, як «зьедзены» Шушкевіч (можна ўявіць яго настрой) схапіў машыну і паехаў дадому, у пакоі за сьцяной сабраўся Прэзідыум — каб тэрмінова падабраць кандыдатуру на пасаду Старшыні ВС і прапанаваць зале на зацьвярджэньне. Пачалі па-парадку, па кругу, як сядзелі, апытваць: «Вашая прапанова?» Я быў ці не другім у гэтым крузе і замест адказу спытаў: «Можа, спачатку абмяркуем, як гэта здарылася, чаму мы дапусьцілі, каб так неразумна застацца без старшыні?» Было паўхвіліны маўчаньня. Ухмылак на тварах ня бачыў, але адчуваў іх. Знайшоў у каго спытаць. Гэта было маўчаньне змоўшчыкаў-пераможцаў. А затым разважлівы генерал Грыб сказаў: «Ну, здарылася, дык здарылася, назад ужо не адробіш. Трэба выбіраць новага...» Было бачна: ніхто ні трохі не засмучаны тым, што адбылося. Радасьці не выказвалі, але і засмучэньня ці разгубленасьці — ні знаку. Значыць, гэтага чакалі, ведалі, што так будзе (можа, і ня ўсе, але бальшыня — напэўна). Бальшыні Шушкевіч не падабаўся. Ня з іх гурту, не з партыйна-савецкай наменклатуры. Прафесар, навуковец, а галоўнае — нацыяналіст, да таго ж — гне і верне на Захад, з Клінтанам сябраваць хоча. Во — толькі што ў Беларусь прыцягнуў, без нашае згоды. Удумацца: прэзідэнт ЗША ў Беларусі — бяз згоды Крамля! Ну не! Гэткі Старшыня ВС нам не патрэбен!..

Праз колькі дзён на пасаду сьпікера была прапанаваная зале кандыдатура генерала міліцыі М. І. Грыба. Прайшоў, як па масле!..

l l l

Пасьля гэтага ВС і яго Прэзідыум ушчыльную заняліся Канстытуцыяй — з разьлікам, што да 15-га сакавіка яна павінна быць прынятая. Фактычна тэкст новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь быў гатовы, рабіліся апошнія ўдакладненьні. Галоўнымі ў новым асноўным Законе краіны былі тры сапраўды новыя і архіважныя, лёсавызначальныя палажэньні: 1) дзяржаўная незалежнасьць, 2) дзяржаўная мова (адна ці дзьве?), 3) прэзідэнцкая форма кіраваньня. Калі на сесіі пачалося паартыкульнае абмеркаваньне і галасаваньне — артыкул аб поўнай дзяржаўнай самастойнасьці і незалежнасьці Беларусі пярэчаньняў ня выклікаў (Артыкул 1).

Артыкул 17 — аб дзяржаўнай мове Рэспублікі Беларусь — абмяркоўваўся і прымаўся пры надзвычайным процістаяньні поглядаў і пазіцыяў. Шанц адстаяць беларускую мову ў якасьці адзінай дзяржаўнай з кожнай хвілінай зьмяншаўся і зьмяншаўся, і нарэшце ўсё завісла на валасінцы: перамагала «двухмоўе», — перамагала агідная, сьляпая Вандэя. Канстытуцыйная Камісія не прыдумала нічога лепшага, як зусім зьняць артыкул аб дзяржаўнай мове. Гэта азначала, што ў Канстытуцыі беларуская мова ня будзе ўзаконеная як адзіная дзяржаўная, што яна застанецца такой у фармаце існуючага Закону аб мовах, які заўсёды можна будзе лёгка перакантаваць на дзьве дзяржаўныя. Свой апошні зварот да дэпутатаў я пракрычаў у залу ўжо амаль ня помнячы сябе. «Народная газета» назаўтра зазначыла, што слова дэпутата Н. Гілевіча прагучала «На апошняй ноце стрыманасьці». Стэнаграма захавала гэны мой роспачны, на мяжы нярвовага зрыву, крык.

«Гілевіч Н. С. Шаноўныя дэпутаты! Нельга, калі мы не прыйшлі да згоды, адразу прымаць такое рашэньне, якое зьдзівіць цэлы сьвет. Я зьвяртаюся да ўсіх прысутных: давайце мы яшчэ раз — хоць ужо былі галасаваньні, адзін раз 204 набралі, учора менш, — і ўсё ж такі давайце вернемся да гэтага варыянту і прагаласуем яшчэ раз. Я зьвяртаюся да нашых рускіх братоў, — у гэтай зале, у дэпутацкім корпусе вас 70 чалавек. Зьвяртаюся да вас, браты нашы палякі, украінцы, яўрэі, — вас тут больш за 20. Падтрымайце вы перш за ўсё! Не бярыце грэх на душу! (...) Памажыце сёньня, у гэты гістарычны, у гэты лёсавызначальны момант нам — памажыце! Калі гэта ня будзе зроблена — гэта пасее ў краіне страшную смуту. Вы ня думайце, што маладыя беларусы, маладыя людзі прымуць гэта і зьмірацца з гэтым. Пачнецца вялікая смута на нашай зямлі! Не рабіце гэтага! (...) Я зьвяртаюся да ўсіх беларусаў, у каго з вас жыве памяць пра вёску, дзе вы нарадзіліся, пра мову вашых бацькоў. У такім разе я заклікаю вас — не галасаваць за Канстытуцыю наогул! Не галасаваць зусім за Канстытуцыю!..

Старшыня: Паважаныя народныя дэпутаты, я прашу вас супакоіцца! Я зьвяртаюся да ўсіх».

Так, сапраўды, зала наэлектрызавалася і шумела-гаманіла на ўсе галасы. Яшчэ многія бралі з месца слова ў падтрымку «адзінай дзяржаўнай беларускай» з прапановай — «ну давайце прагаласуем яшчэ раз». Сёй-той напэўна і з разьлікам: правалім і ў трэці раз, — калі ўжо дэпутат Н. Г. так хоча перагаласаваньня. Да мяне падсеў аўтарытэтны сярод дэпутатаў ад грамадскіх арганізацыяў (ад пенсіянераў) высокі кашчавы генерал Гетц і спытаў: «Ну вы хоць згодны даць рускай мове ў Беларусі статус мовы міжнацыянальных зносінаў?» Я ведаў, што ў прыбалтыйскіх дзяржавах руская мова такога статусу не атрымала, але ведаў, разумеў і тое, што мы не Прыбалтыка, і таму адказаў: «Згодзен». І дзіва дзіўнае: дэпутат-генерал сказаў некалькі слоў у падтрымку таго варыянту, які, ўрэшце рэшт, і быў запісаны ў Канстытуцыі: «Артыкул 17. Дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь зьяўляецца беларуская мова. Рэспубліка Беларусь забясьпечвае права свабоднага карыстаньня рускай мовай як мовай міжнацыянальных зносінаў».

У маім жыцьці было некалькі сапраўды шчасьлівых дзён. Першы — калі пасьля трох гадоў нямецкай акупацыі, жыцьця пад пастаянным страхам сьмерці, я сустракаў у ліпені 1944-га «нашых» («Нашы ідуць! Гэй-гэй! Нашы ідуць!»), разумеючы, што вайну перажыў, ацалеў, не загінуў. Другі — калі ўлетку 1946-га ўбачыў у часопісе «Бярозка» свой першы надрукаваны верш. Трэці — калі ўступіў у шлюб з каханай дзяўчынай. Чацьверты — калі нарадзіўся сын. Быў і яшчэ адзін дзень — калі 26 студзеня 1990 году быў прыняты Закон аб мовах, паводле якога беларуская мова абвяшчалася адзінай дзяржаўнай у Беларусі. Але тады Закон прымаўся простай большасьцю галасоў у Вярхоўным Савеце, ды і сама Беларусь была яшчэ савецкай рэспублікай, а не самастойнай незалежнай дзяржавай. І вось, нарэшце, беларуская мова запісана як адзіная дзяржаўная ў Канс­тытуцыі суверэннай незалежнай Беларусі. Надыйшоў і гэты Доўгачаканы Вялікі дзень. Сталася самае радаснае, самае запаветнае, аб чым марылі многія пакаленьні верных сыноў і дачок Беларусі. Свая дзяржава — і свая дзяржаўная мова! Па Канстытуцыі! Па асноўным Законе краіны! Нікому больш ня кланяемся, нікога не баімося! Самі сабе гаспадары! І роднае слова таксама будзе ад гэтага часу гаспадарыць паўсюдна і скрозь — па ўсёй Беларусі! Ад гэтага часу — і на вечныя векі!..

Так пачуваўся я, выходзячы з Дому Урада, у той шчасьлівы дзень на пачатку вясны, так думалася мне, так верылася, так дыхалася. І не хацелася, аніяк не хацелася думаць і дыхаць іначай! Вядома ж, гэта быў міг узьлёту да нябёс — міг адключэньня ад рэчаіснасьці. Але калі ты маеш жывую душу і сэрца, — такі настрой доўга трываць ня можна. І ён закончыўся літаральна праз ноч, бо рэчаіснасьць мяне чакала ўжо назаўтра ж у зале. Сесія падступала да пытаньня аб прэзідэнцтве — пытаньня, якое мяне турбавала і трывожыла надзвычай. Усё ў ва мне пратэставала супроць прэзідэнцкай формы кіраваньня дзяржавай, усё падказвала, што для нас. для Беларусі, — гэта шлях пагібельны. І на двух пасяджэньнях Прэзідыуму — ужо ў апошні месяц я рашуча выказаўся супроць. Але са мной пагадзіўся адзін А. В. Сасноў, усе астатнія члены Прэзідыуму ВС як бы і не зрэа­гавалі — маўляў «дзівак — паэт, што ён патрабуе? Ды мы ўжо рыхтуемся віншаваць Прэзідэнта, нам ня церпіцца хутчэй падкінуць яго на руках угору, бо ён будзе наш. Мы ўжо ведаем — хто!..» Праўда, як паказаў найблізкі час, адны ведалі і зьбіраліся віншаваць аднаго, другія — зусім іншага. Адны прамахнуліся адразу ж — у дні выбараў прэзідэнта, другія — трохі пазьней, але больш драматычна і нават трагічна...

З увагі на надзвычайную важнасьць пытаньня, галасаваньне за тры разьдзелы аб прэзідэнцтве праводзілася па імянных бюлетэнях. Каб ведаць «злачынцаў» — праціўнікаў прэзідэнцкай формы кіраваньня — паімённа. Вечарам на тэлебачаньні старшыня падліковай камісіі дэпутат В. І. Ганчар абвясьціў вынікі галасаваньня. «Супраць» прагаласавалі дэпутаты апазіцыі начале з З. Пазьняком і... дэпутат Н. Гілевіч. Ганчар палічыў патрэбным даць свой высакамерна-іранічны каментар да майго «супраць». Гэта ж трэба: член Прэзідыуму, старшыня пастаяннай камісіі ВС — і такі недарэка, такі палітычна непісьменны! Ах, мілы, мілы Віктар Іосіфавіч, сумленны і мужны чалавек! Як табе хацелася, табе і некаторым тваім сябрам, каб у Беларусі быў прэзідэнт! Ды не прадстаўнічы, як у Германіі (ці як каралева ў Англіі), а надзелены ўсёй паўнатой улады кіраўнік дзяржавы. Хацеў бы я сёньня паўспамінаць з табою тыя дні, але — дзе ты?

Назаўтра супрацоўніца газеты «Наша слова» Ірына Крэнь узяла ў мяне вялікае інтэрв’ю наконт апошніх падзеяў у Вярхоўным Савеце (было апублікаванае ў нумары за 30 сакавіка).

Пытаньне: «Якія Вашы палітычныя прагнозы на бліжэйшы час? Чаго нам далей чакаць ад Вярхоўнага Савета, калі Канстытуцыя прынята цалкам?»

Адказ: «Цяпер, відавочна, будзе яшчэ прыняты закон аб прэзідэнцкіх выбарах, і з той хвіліны, як ён будзе прыняты, пачнецца барацьба за пасаду прэзідэнта. Нічога добрага ад гэтай барацьбы я не чакаю. Асабіста я супраць прэзідэнц­кай формы кіраваньня, таму і не галасаваў імянным бюлетэнем за тры разьдзелы Канстытуцыі. Нам лепш мець формай дзяржаўнага кіраваньня парламент, дзе, дасьць Бог, збярэцца дастаткова сьветлых разумных галоў, якія і будуць вы­працоўваць законы, а ўрад будзе строга гэтыя законы выконваць. Баюся, што прэзідэнт у нас хутка ператворыцца ў таго «бацьку з палкай», пра якога яшчэ Аляксей Талстой у сваёй «Истории государства Российского...» пісаў, маючы на ўвазе Пятра I: «Он молвил: мне вас жалко, Вы сгинете вконец. Но у меня есть палка, И я вам всем отец!» Пры нашым узроўні культуры і грамадскай маралі атрымаць такога «бацьку з палкай» — небясьпека зусім рэальная. (...) Баюся, што ў нашай сёньняшняй сітуацыі пераможа на прэзідэнцкіх выбарах той, хто ўсю сваю прадвыбарную праграму пабудуе на сьпекуляцыі сацыяльнымі бедамі нашых людзей, на сацыяльнай дэмагогіі. Нічым так лёгка не заваюеш душу і сэрца беднага, няшчаснага паўгалоднага чалавека, як сацыяльнай дэмагогіяй. Мы ведаем гэта з гісторыі.» І далей: «Ёсьць небясьпека, што ў нас на прэзідэнцтва можа прабіцца вельмі нядобры чалавек, які ў сацыяльнай дэмагогіі стрымліваць сябе ня будзе, абяцаньняў будзе даваць шмат: «Вот давайце зломім-скрышым гэтых баламутаў-дэмакратаў, расправімся з імі канчаткова, навядзем парадак, і ўсё ў нас будзе выдатна!» А на аснове чаго будзе гэтае «выдатна»? На аснове тэрору? Калі ня будзе каму сказаць слова праўды, тады лёгка будзе здаць краіну з усімі яе багацьцямі суседняй дзяржаве».

Гэта гаварылася задоўга да вылучэньня кандыдатураў на прэзідэнта, калі ніякія імёны, апрача Кебіча, Шушкевіча і Пазьняка, яшчэ не называліся.

Праз два гады адна з беларускіх газетаў у ЗША надрукуе, а менская газета «Свабода» перадрукуе нататку пад загалоўкам «Ніл Гілевіч як у ваду глядзеў». У нататцы ўспаміналіся першыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі і давалася характарыстыка дзейнасьці першага ўсенародна абранага.

Пасьля прыняцьця Канстытуцыі (з разьдзеламі аб прэзідэнцтве») у Вярхоўным Савеце ўсё закруцілася ў адзін бок — насустрач прэзідэнцкім выбарам: скарэй, скарэй выбраць свайго сябра ці аднадумца начальнікам дзяржавы! Усе іншыя пытаньні законатворчасьці і жыцьцядзейнасьці дзяржаўнага арганізму як бы страцілі сваю значнасьць, актуальнасьць і на нейкі час былі адсунутыя ў цень. Пытаньні, якімі перадусім жылі я і мае паплечнікі-адзінаверцы, спадароў дэпутатаў і членаў прэзідыуму ВС не цікавілі, а тым больш не хвалявалі. Пераканаўся ў гэтым, калі рабіў (18 траўня) свой апошні ў будынку Вярхоўнага Савету даклад. Тэмай даклада было — выкананьне «Закону аб мовах у Беларускай ССР». Думалася і верылася, што замацаваньне ў новай Канстытуцыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай паслужыць моцным імпульсам для выкананьня Закону аб мовах, для больш інтэнсіўнага разгортваньня працы ў гэтым кірунку. Як ніяк, а ўсё ж ізноў, ужо ў другі раз пасьля 1990 году, асноўны Закон краіны надаў Роднаму Слову дзяржаўную годнасьць. Трэба абавязкова скарыстаць гэтую сітуацыю, гэты гістарычны шанц! Даклад я падрыхтаваў досыць грунтоўны, амаль на дваццаць старонак, з мноствам фактаў-доказаў, як кепска ажыцьцяўляецца ва ўсіх сферах і на ўсіх узроўнях Закон аб мовах, як выканаўчыя ўлады адкрыта яго ігнаруюць, фактычна ўчыняюць сабатаж, сьвядома падтрымліваюць антыбеларушчыну. Якое ж было маё расчараваньне і за­смучэньне, калі я адразу ж адчуў і ўбачыў, што члены прэзідыуму мой даклад ня слухаюць — усе перашэптваюцца між сабою пра штосьці сваё, або нешта крэмзаюць у нататніках, пазіраюць на гадзіньнікі і нецярпліва ёрзаюць на крэслах, усім сваім выглядам даючы знаць: Канчай! Годзе! Нас гэта не цікавіць! Да выбараў Прэзідэнта засталося крыху больш за месяц — і трэба думаць пра гэта, а не пра беларускую мову!.. Закончыў даклад — і каб табе адно пытаньне ці хоць адна якая прапанова. Усё зразумела, усё ясна. Трыбуну пакінуў з вялікім цяжарам на душы. Пастанова па дакладу была прынята фармальная, «адпісачная». У сэнсе — напомніць Міністэрствам, Ведамствам і Выканкамам, што Закон аб мовах неабходна ажыцьцяўляць.

Нейкае нядобрае, трывожнае прадчуваньне, зарадзіўшыся, пакуль яшчэ стаяў за трыбунай і сьпяшаўся дагаварыць даклад, цяпер разрасталася ў душы, запаўняючы яе даастатку. Гэтая абыякавасьць калегаў да найбалючага, да найгалоўнага, да лёсавызначальнага — нічога ўцешнага абяцаць ня можа, і калі яе не пераадолець, калі яе не пазбыцца — нас чакае самае горшае. Бо абыякавасьць — маці паразы.

Праз колькі месяцаў, у першыя дні верасьня, прынародна, з самай высокай дзяржаўнай трыбуны прагучала «навуковая» і палітычная «мудрасьць», якой і трэба было чакаць. А менавіта, на ўсю краіну было заяўлена, што для нашых паслуг ёсьць дзьве выдатныя, дасканала-разьвітыя, вялікія мовы — руская і англійская, на іх можна выказаць самыя глыбокія і складаныя думкі, а беларускаю моваю іх ня выкажаш, бо яна бедная, убогая, прымітыўная, і значыць — нічога ня вартая. Уся лепшая, элітная частка беларускай інтэлігенцыі проста не магла даць веры, што гэтая «мудрасьць» сапраўды прагучала, і была на нейкі час страшэнна агаломшана, каб не сказаць — паралізавана. Вось і спраўдзілася маё нядобрае, трывожнае прадчуваньне: у дзяржаве бярэцца курс на ліквідацыю дэмакратычных заваёў у галіне нацыянальна-моўнай палітыкі. Будзем вяртацца назад, у мінулае, да таго, што было — пры Сталіне, пры Хрушчове, пры Брэжневе, адпаведна — пры Панамарэнку, пры Патолічаве, пры Мазураве і іншых правадырах нацыі. Што будзе насоўвацца на наш беларускі небасхіл далей — прадбачыць ужо было няцяжка. І яно насунулася. І году не прайшло, як па волі ўсенародна-няшчаснага плебісцыту дзяржаўнымі ў Беларусі былі абвешчаныя дзьве мовы — апрача беларускай, і руская. А гэта азначала (і гэта разумелі нават школьнікі), што ў рэальнасьці дзяржаўнаю мовай у краіне становіцца адна — руская. Як і было задумана, як і планавалася па геапалітычнай стратэгіі Крамля.

l l l

Мінула дзевяць гадоў ад таго часу, як уся ўлада ў краіне — ні трохі нічым не абмежаваная, нават сумленьнем — апынулася ў руках аднаго чалавека. Дзевяць гадоў жыцьця — па ўказах і дэкрэтах, якія маю найсьветлую, найдарагую мару ўсё больш і больш ссоўвалі на мяжу роспачы. Маю — і нашага добрага, сьціплага, вытрывалага народу. Так, на працягу апошніх дзевяці гадоў пад небам нашай ціхамірнай Бацькаўшчыны адбываліся такія зламысныя падзеі, што нярэдка сапраўды было ўжо зусім блізка да роспачы. І аднак жа — надзея не пагасала, сьвяцілася, паблісквала — хоць як тая жывая жарынка ў цемры начы на датлелым, ачахлым вогнішчы. Не пагасла — і не пагасьне. Насуперак і наперакор усім нягодам.

У апошні час я шмат разоў сустракаўся і працягваю сустракацца з беларускай моладдзю — школьнікамі, навучэнцамі каледжаў, ліцэістамі, студэнтамі. І што ж бачу-заўважаю, што адчуваю-чую, што ўлаўліваю — як біятокі — ўсёю сваёю істотай? А тое — што Беларусь жыве і будзе жыць. З усім тым, што ёй належыць. І ў першую чаргу — са сваёй уласнай мовай — адной з самых прыгожых, самых жыцьцяздольных і самых персьпектыўных моў у сьвеце. Бачу і адчуваю гэта па тым, як маладыя людзі ня проста цікавяцца, а горача, і нават апантана горача жывуць яе лёсам — лёсам роднага слова.

Па тым, як выходзіць з грамады сяброў-аднакласнікаў падлетак гадоў пятнаццаці ці шаснаццаці і дэкламуе верш «Першая клятва», асабліва акцэнтуючы зьмест яго апошняй страфы:

А задумае вораг з чужога далёкага краю

Адабраць у мяне, зьнішчыць родную мову маю —

Не дазволю.

Ня дам.

Не прадам.

Не зьмяняю.

І да сьмерці за волю тваю пастаю.

Аўтару, калі ён у сакавіку 1947-га даў сабе і Радзіме гэтую клятву, было пятнаццаць з палавінай. Быў якраз у гэткім жа падлеткавым узросьце — самым парыўным да волі, да сьвятла, да праўды, самым акрыленым верай у будучыню.

* * *

На гэтым свой абрыс пройдзенага шляху ў сьвятле адной мары я дачасна абрываю. Так распарадзіўся лёс. 24 ліпеня 2003 году ў маім асабістым жыцьці сталася вялікае гора: пасьля страшна пакутнай хваробы адышла на вечны спачын мая Ніна Іванаўна — мілая, любая жонка, нястомная, самаахвярная памочніца, мужная спадарожніца ў маіх жыцьцёвых клопатах і нягодах, чалавек на рэдкасьць жыцьцерадаснай, адухоўленай натуры, высакароднай, добрай і шчодрай душы, глыбокага, жывога, дасьціпнага розуму. Да сьвятасьці верная роднай мове патрыётка Беларусі, яна была прыродна таленавітым філолагам, дасканалым стылістам, мела надзвычай тонкае адчуваньне слова, а яшчэ і бездакорную памяць — і ў гэтых адносінах яе мне падмога была проста неацэнная. Увогуле ж, яна значыла ў маёй творчай самарэалізацыі так шмат, што цяпер, калі яе ня стала, я пачуўся катастрафічна бездапаможным. Тое лепшае, на што я быў здатны як пісьменьнік і грамадзянін, я мог рабіць таму, што побач была яна, яе слова, моц яе волі, нябесная чысьціня яе душы, яе вернасьць свайму паэту, яе сьвятасьць служэньня ідэі — нашай з ёю ідэі, нашай з ёю мары. Цяпер — усё рухнула. Усё. «Кар’ера» закончаная. Гэта і ёсьць прычына таго, што свой «абрыс пройдзенага шляху» я давёў толькі да сярэдзіны 90-х гадоў і пакідаю незавершаным. Усё перажытае мною «між роспаччу і надзеяй» — перажыта разам з ёю як адно непадзельнае жыцьцё, адзін лёс, і весьці апавяданьне далей — без яе прысутнасьці, без яе голасу побач, без яе рукі на маім плячы — не магу: зусім ня стала жаданьня. Як бы раптам страціўся сэнс усяе гэтае задумы. Спадзяюся, Усёлітасьцівы Бог мне даруе. Ну, а сябры-чытачы хай прабачаць, калі заўчасна пастаўленая ў гэтай споведзі кропка каго-небудзь з іх крыху засмуціла.


1998. 2001-2003