12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Адам Глобус

_____________________
"Не сумуй без мяне, мая любая Вільня..."
Вершы

Мая душа

Душа — жаданьне жыць,
ігнараваньне сьмерці.
Паверце і праверце:
душа — жаданьне жыць.
Ня змог яе прапіць,
прадаць, прайграць і сьцерці.
Душа — жаданьне жыць,
ігнараваньне сьмерці.


Пустата

З нічога атрымаецца нішто.
У пустату пераліваецца пустое.
Хапаешся за гэтае, за тое,
за першае, за трэцяе… Нашто?

Нашто трымацца? Хутка час ідзе,
нясе цябе ў халодную магілу.
Такі наш лёс, таварышу мой мілы, —
заснуць і не прачнуцца больш нідзе.


Герой

Зажурыўся, замаркоціўся, запіў…
Што яшчэ самотнаму рабіць?
Справы дрэнь. Паўсюль адны рабы
б’юць рабоў. Герою сумна жыць.

Захварэў герой на гераін.
Гераін героя перамог.
Жыў адзін, ну і сканаў адзін.
Час не гераічны, бачыць Бог.


У нашай Вільні

Мароз у Вільні. Дзень цудоўны.
Мой сябра беларускамоўны
п’е брэндзі. Я гарбату п’ю.
У рэстарацыі шыкоўнай
гаворым ціха і тактоўна
пра Вільню, кожны пра сваю.

Ён любіць вежы і касьцёлы,
шынкі — дзе дух заўжды вясёлы,
архіў і універсітэт.
А я люблю ў царкве анёлаў,
кірмаш, вакзал і грукат колаў,
калі ў кішэні ёсьць білет.

Мароз і сонца. Дзень сапраўдны.
Мы п’ем: я — брэндзі, сябра — каву.
Дап’ем і пойдзем спакваля.
У Вільні нас чакаюць справы.
Яму налева, мне направа,
бо Вільня ў кожнага свая.

Разьвітаньне

Не сумуй без мяне,
мая любая Вільня.
Праплыве, праміне
час нуды і бясьсільля.

Праляціць, прабяжыць
час гаркоты-маркоты.
Я вярнуся, каб жыць
доўга і беcтурботна.

Ты маўчыш у адказ,
маім словам ня верыш.
Ты стаіш, як абраз.
Што мінула, ня вернеш.

Начныя словы пра Вільню

Пачакай, пачакай,
раскажы мне пра нашую Вільню,
Пра яе цудадзейны,
спакойны, гаючы настрой,
Пра яе прыгажосьць,
пра яе баракальную стыльнасьць,
Пра яе непаўторны,
карункавы, бэзавы строй…

Пасядзі памаўчы,
калі словы згубіліся ў цемры.
Сам табе раскажу:
пра таемную веліч муроў,
Пра званіцы касьцёлаў,
і ўночы прапітыя еўра,
Пра маіх, выпадкова
сустрэтых у Вільні, сяброў.

Ні мяне ні цябе,
не чакаюць нас болей у Вільні.
Там жмудзіны спраўляюць
чужынска-паганскі банкет.
Там нахілены крыж
на старой беларускай магіле
Зарастае травой забыцьця,
і зьнікае наш сьвет.

У Менску

Паэт у Менску — болей чым паэт,
Яму русалка дорыць пацалункі…
Мастак у Менску — болей чым мастак,
Яму вядзьмарка падфарбоўвае малюнкі…

У Менску дойлід — больш чым будаўнік,
Яму праекты зацьвярджае дамавік…
У Менску дурань адкладае ўсё на потым
І застаецца поўным ідыётам.