12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Кацярына Глухоўская

_____________________
Перажыткі.
Аповед


Прыгожая, шырокая рака ціха, з нейкай незвычайнай лагоднай годнасьцю, несла свае празрыстыя воды кудысьці наперад, потым заварочвала ўбок і зьнікала за лесамДарэчы, лес абступіў раку з усіх бакоў: пекна асьвечаныя сонейкам дрэвы хіліліся да вады як казачныя жывёліны, што прыйшлі на вадапой. Лістота навісала над люстэркавай рачной гладдзю, амаль дакранаючыся да самой сябе, толькі больш замутненай, той, што адбілася ў рухомымлюстэрку”.
Ля берагоўпакатых, прыемных воку на сушы, ды карчакаватых, рэзкіх альбо слізкіх адразу пад халоднай паверхняйшапацеў сваю спрадвечную калыханку чарот. Раз-пораз чулася ў яго шоргаце сумная мелодыя, у гучаньні якой самі сабой нараджаліся словы: “Гнуткія трысьцінкі, тонкія націнкі…”
Вецер сціхаўсьціхала і песьня. Чарот быў, бачна, вельмі стары, бо хутка забываў, на чым спыніўсяі песьню трэ было пачынаць нанава
Вялікія рудыя камякі аблокаў плылі па небе, часам прыпыняючыся, каб перавесьці дых. Зрэдку яны так стамляліся, што кроплі поту даляталі ажно да самай зямлі. Але так моцна пацець ім было нельга, бо тады яны страчвалі сваю пыхлівую пышнасьць. А воблаку, як пану, худым быць няможна...
Надвячоркавае неба пакрыху страчвала свой ясны блакітцяпер яно было цьмяна-матавым, падобным да падсыхаючых валошакгэтакага адмысловага бела-сіняга колеру. Прычым не блакітнага, які яны звычайна даюць разам, у сумесі, а менавіта бела-сіняга: перад рознакаляровым пасам захадукрыху бялейшае, а дзесьці ўсярэдзінцыкрыху цямнейшае. І вельмі пахучае
Пахучае жнівеньскае неба, падобнае да лапікавай коўдры: паўсюль бела-сіняй і толькі бэзава-рудой ля самага краю. Ад яго прыемна і смачна цягнула леташнімі кветкамі, былой паўдзённай цеплынёй і будучай начной прахалодаю, цягнула чымсьці ядомыммагчыма, тут некаторы час таму смажылі мяса альбо шашлык даводзілі да гатоўнасьці, бо чулы нос ажно разьдзірала ад сакавітага цьвелечага паху. Яшчэ, зразумела, несла сьвежай і чыстай вадой ізусім трошкіцінаю
Вада ў рацэ была празрыстая ля берагупакуль ніхто не каламуціў яе, узьнімаючы глей з днаі крыху брудней і цьмяней у глыбіні. Колеру добрай гарбаты, напэўна.
Людзі па-рознаму тлумачылі гэтакае раптоўнае зьмяненьне колераў, толькі да праўды яны ніяк не маглі дадумацца, бо ня памяталі больш казак сваіх дзядоў…. А тлумачэньне было зусім простым: русалкі ўвесь час каламуцілі глыбокую ваду сваімі дзявочымі гульнямі, а да берагу ўдзень не падплывалісьцерагліся надта злых і нядобрых людзей. Вось як проста. Незразумела было толькі адночаму гэта людзі сталі такімі злымі і агіднымі? Такімі недаверлівымі ды зьедлівымі?.. Не, нене былі яны такімі раней, не! Няўжо яны так звыклі да сваёй злосьці? Русалкі б усе нанава ператапіліся, каб жылі яны сярод такіх крыўдна-абыякавых і хамаватых людзей!..
Ля самага густа зарослага берагу вада глуха, вантробна булькнула, быццам выпускаючы з сябе нейкую вялікую жабу.
На бераг выпаўзла нешта абкручанае рознакаляровым багавіньнем і вымазанае глеевым ды гліністым брудам з ног да галавы, калі ў яго былі галава з нагамі. З гэтага пудзіла сьцякала вада, а калі яно рухаласядык наогул разьляталіся пырскі, як ад фантану.
Нешта сурёзна, засяроджана сапанула і пачало страсаць, здымаць, зчосваць ды скалупваць з сябе ўсё багавіньне разам з брудам. Пад брудам хавалася гладкая і бліскучая скураапошнія прамяні сонейка так моцна заадбіваліся на расчышчаным целе дзівосіны, што ўся рака засьвяцілася ад блікаў.
Праз некаторы час на беразе стаяла незвычайная істота. Дакладнейнезвычайны. Гэта быў нізкарослы, каржакаваты стары з расплывістым, нібы апухлым тварам, на якім вылучаліся тлустыя сіне-блакітныя вусны, невялікія пакрыўджаныя вочкі і шырокі мясісты нос, з якога зьвісала падгнілая валасьніца. На галаве яго блішчала бкалі б ня зьзяла так усё астатняе цела ягонаешырокая пралысіна. Але зьнізу твар быў густа зарослы барадоюкалісьці звычайнаю, сівою барадою, але цяпер зусім зялёнаю ад наліплай ціны, якую немагчыма было б ужо змыць. Пульхныя рукі старога таксама былі густа прыкрытыя валасаміяк поўсьцю. А вось астатняе цела было чыстае, з празрыстай бліскучай скураю, пакрытай сьлізьзю. З-за гэтай празрыстасьці было бачна, што азызлае пуза старога напоўненае празрыстаю вадою і ўнутры плаваюць срэбныя малькі і апалонічкі, а там, дзе ў чалавека звычайна знаходзіцца сэрца, у старога мірна спаў, зьвярнуўшыся колам, вялікі вужака. Напэўна, такі ж даўгавечнік, як і ягоны гаспадар. Па празрыстых доўгіх і тонкіх нагах старога, выварачаных у адваротны бок, ішлі блакітныя жылачкі. Што было ды й ці было што, зрэшты, у гэтых жылачкахневядома. Між пальцаў на ступаках, якія нагадвалі ласты, зелянелі брудныя перапонкі. Брудныя не таму, што яны такога колеру, а таму, што іх стары ня чысьціў. Ззаду па зямлі валачыўся каровін хвост.
Захлюпаўшы па беразе, стары пачаў нешта грозна мармытаць. Чым больш ён нахмурваўсятым больш хвалявалася рака. У рэшце рэшт ён спыніўся, распрастаў рукі і, са страшэнным бульканьнем заваліўшыся на зямлю, закрычаў:
Усё! Не магу я так больш! Жыцьцё скончана, скончана!
Ля берагу зьявілася гнуткая дзявочая постаць з раскудлачанымі зялёнымі валасамі. Адной рукой яна прыціскала да сябе памерлае немаўля, а ў другой трымала касьцяны грэбень. Сурова ссунуўшы бровы, яна шпурнула ў старога грэбнем:
Ты чаго равеш, стары ты дурань?! Ты што, ня бачышдзіцё з-за цябе ня сьпіць?..
Стары грозна ўзьняў галаву:
А каб ты засохла, варятка! Зьнікні!..
Расамаха1, а гэта была якраз яна, неяк адразу панікла галавою. Прывід дзіцяці, які яна начаравала з вячэрняй смугі, зьнік у паветры. Нарэшце і сама яна растала ў вадзе:
Прабачце, пан Вадзянік2, не пазналаНе пазнала, не пазналаБагатым будзеце...
Вадзянік ажно расчырванеўся ўвесь ад злосьцівада ў жываце толькі што не закіпела, так гарачыўся ён.
Ацьфу на цябе! – Ён не заўважыў, як прыўзьняўся і затрос кулаком. Прымусіўшы сябе супакоіцца, Вадзянік пачухаў патыліцу, прыпамінаючына чым гэта ён спыніўся.
А! – ён зноўку заваліўся на зямлю. – А! Бедны я, няшчасны!.. Жыцьцё маё скончана!
Нарэшце з вады паказалася дзявочая галава з пекным, але незадаволена зморшчаным тварыкам. Мокрыя валасы, якія па колеру супадалі з карычневата-глеістым дном ціхай ракі, струменьчыкамі цяклі з патыліцы (некаторыя пасмачкі ўпалі, канешне, і на тварык; адна вось так ішла праз шчаку, супынялася ды зьмейкай згортвалася ў прыгожай маленькай лагчынцы-ямцы над ключыцаю) на белую разьбяную шыю, потым на круглыя плечыкі і сьпіну. Трапіўшы ў ваду, валасы ж адразу распушваліся гожай капойтая блішчала на сонейку і ледзь адметна рухалася.
Ад самой дзяўчыны зыходзіла нейкае ўзрушаючае сьвятло, бы гэта сьвяцілася яе бялявая скурамо, так і было?..
Русалка1 падплыла бліжэй да берагу і, чапляючыся за чарот, вылезла да дзеда. Уладкаваўшыся на траве, дзяўчына з асалодай выпрастала ногі, адчуваючы нарэшце, што іх у яе ўсё-ткі дзьве.
Дзядуля, што гэта з табой сёньня? – Яна прамовіла гэта салодка, бестурботным птушыным галаском. Словы зрываліся з бескаляровых, але вельмі прыгожых вуснаў і раставалі ў паветры з незвычайнай лёгкасьцю, бы ветрык глытаў іх цудоўнымі ласуначкамі. Аднак выраз яе тварыку быў больш сурёзным, чым тон размовы, таму лёгка было зразумець, што такі голас у яе ад прыроды. Русалка на самой справе ніяк не магла перарабіць яго. Але яе рачныя родзічы былі здольнымі адчуваць інтанацыі. Таму і Дзед адразу зразумеў, што яго прыйшлі супакойваць.
Вадзянік сурова змоўк, але ня ссунуўся з зямлі. Енчыць у прысутнасьці сваёй клапатлівай унучкі яму не хацелася. Але ці ж гэта нагода, каб скончыць жаліцца ўсяму сьвету?
Усё. Жыцьцё скончана, – сказаў ён гэта сурёзна. Нават на тварыку русалачкі адбіўся смутак, бо надта ўжо шалёныя рэчы казаў яе дзед.
Кінь, дурны. Што на гэты раз здарылася, га? Зусім здурэў ты ці як?
Старэчыя вочы загарэліся ад яе словаў. Ён падскочыў на месцы ад крыўды ды ўтаропіў у яе погляд рыбіных вачэй, напоўненых дакорам.
Дурны?! Дурныты кажаш!.. Гэта я дурны!.. – вужака ў грудзях злосна сыкнуў, падняўшы галаву з заспанымі вачыма. Дзед завохкаў, схапіўшыся засэрца”, сеў на траву.
Гой, духі добрыя, гэта ж мая ўнуча кажа!.. Ядурны! Здурэў я!.. А ты чула, малая, што гэтыя сёньня пра нас пра ўсіх казалі? Чула, як яны нас называюць, га?.. Што ж за жыцьцё гэта? Аніякай павагіні ад іх, ні ад цябе нават!
Русалачка пужліва падбегла да вадзяніка ды перанесла яго ў ваду, бо ад бліскучай скуры ажно пара ішла.
У вадзе старому адразу ж палягчэла, вужака суцішыўся і зноў задрамаў. Малькі ў жываце крыху павольней зарухалісяне параўнаць з тым жахам, які сярод іх момант таму ўладарыў. І нават барада неяк пухнацей стала.
Дзядулечка, любанькі, ты ня злуйся. Я ж цябе толькі супакоіць хацела, а ты!.. Вунь у нас там пад вадой усё-усё чутна, Матулька Вадзяніца2 раззлавалася, па цябе выслала. Расамаху спачатку выгнала, бо думала там нейкі варят раве, а тая да насваласы ва ўсе бакі, як іголкі, тырчаць, зыркае гэтак жахліва, кажа: Водны Тата сябе загубіць хоча, лёг на беразе ды крычыць. Мамка як зьвядзе бровы, як прыкрыкне на яетая і зьбегла кудысь у чарот хаваццаНасварыліся вы на яе абоеа што яна вам зрабіла?..
Тут русалачка, якая па маладосьці сваёй паўсюль за справядлівасьць была, цяжка ўздыхнулаёй шкада было Расамаху. Зразумела, што яна яшчэ ня ведала ні як, ні чаму гэтая Расамаха такой сталады й пра астатніх сваякоў яна яшчэ нічога дрэннага даведацца не пасьпела. Сьцераглі яе водныя духі, Вадзянік за родную ўнучку лічыў, на зьверствы не дапушчаўды й ня так ужо часта гэтыя зьверствы былі, бо новыя людзі вадзянікоў не страшылісяШто тамувогуле ня верылі ў іхняе існаваньне….
Дзед пагладзіў русалачку па валасах:
Ты, гэта, не журыся. Расамасе ад нас покрыкі чуць неўпершыню, яна ўжо звыклая. А пужаецца так сьпецыяльна. Для такіх як ты: дурніц справядлівых.
Русалачка ўздрыгнула і нахмурылася. Але потым заўважыла, як хітравата касавурыцца на яе Дзед.
Ты гэта сьпецыяльна, так?! Жартаўнік знайшоўсяІ лямант наўмысна ўзьняў, га?..

Стары прыкрыў рыбіныя вочы, а між броваў зноў залягла зморшчынкамаленькая, поўная тугі.
Не, родненькая. Якія тут жартачкі, калі больш у нас ніхточуеш, НІХТО ня верыць
Дык ты з-за гэтага? – дзяўчына прысела побач і пачала плесьці сабе вянок з чароту. Але выгляд у яе таксама быў паніклыне аднаго дзядулю турбавала гэтая думка
З-за гэтага таксамаВось чула ты, чулаяк яны сёньня пра нас? Я нават слова гэтае добранька запомніў! Як гэта яноА, вось: “пережиток”. Што ж за слова гэта такое, а, унуча?
Дзяўчына не адрываючыся ад вянка адказвала настолькі сурёзна і ціха, наколькі дазваляў ёй голас:
Гэта па-нашаму інакш гучыць. Перажытак…. Яны мелі наўвазе, што мыперажытыя. Забабоны. Старыя, запамятаваныя, не патрэбныя ці нешта накшталт гэтага
Дзед зноўку вохнуў ды ўхапіўся за сэрца. Дзяўчына спрытна пырснула на яго вадою.
Якія пачварныя словы ты кажаш…. Няўжо яны сапраўды лічаць, што нас няма?!
Русалка вырашыла не адказваць на гэты раз. Стары працягваў:
Учора Лесавік1 прыходзіў. Ён ужо з тых Дабрахочых2, якіх рэдка дзе сустрэнеш, і таксама скардзіўся. Казаў, што езьдзяць яны ў лес ягоны на такіх жахлівых пудзілах, што яму нічога не застаецца, як на балота да Кікімары3 ўцякаць, бы баязьліўцу. А пудзілы гэтыя гыркаюць, бурчаць ды дымам дыхаюцьа кранеш іх незнарок, пакуль выйшаў чалавек, дык адно змаўчыць, а другое як зараве! Кадуку4 аднаму так ледзь вушы ня вырвала ад іхняга крыку зьдзічэлага. Бррр!..
Яны і да нас на такіх прыязджаюць, – дзяўчына была спакойная, бо яе не палохалі чалавечыя машыны. Бо да таго, як яна русалкай стала, такія ўжо былі, і яна бачыла іх на зямлі.
Дзед нібыта ня чуў яе. Да таго ж ён іх ня бачыў, бо кожны раз пачуўшы рык закопваўся ў глей ды сядзеў там амаль да самага вечару.
Яшчэ казаў, што грыбніц шмат сапсавалі. Ня ўмеюць асьцярожна зьбіраць падарункі лясныя. Некаторыя нават сьпецыяльна палкамі зямлю калупалікаб іншым нічога не засталося. Злыдні. Ён на іх за гэта цяпер кляшчоў напускаць будзе…. Кікімара таксама лемантавала, але яна заўсёды лемантуе. З таго часу, як пайшлі балоты асушаць. Цяпер не асушаюць, але на адным балоце па пяць кікімарак сядзіцьвымушаны, месца не хапае. Нават да мяне сюды прасіліся, але зараз! Ведаю я іхзробяць з ракі гаць, а потым у балота ператворацьНас яшчэ са сьвістам выганяць…. Досыць таго, што і так я ніякай плыні амаль што не адчуваю. Зноўку людзі нешта робяцьці што? Ня ведаеш?
Здаецца чула, што яны тут нейкаевадасховішчазрабілі. “Базу адпачынку”, як яны кажуць.
Каты. Вадасховішча? А што, у простай рацэ вада дрэнна захоўваецца?! Не, ну якія пачвары! А як яны самі выглядаюць! Гэта ж жах: дзе дзяўчына, дзе хлопецне разьбярэш. Апранаюцца абы-як! Жалеза паўсюльяк іх толькі іржа не бярэ? Малюнкі па целе. Цыгаркі ў іх нават дзяўчыначкі малыя смаляць. Пюць нешта хмельнае. Хацяпюць яны заўсёды, гэта я ўжо чапляюся. Заілгаўся. – Ён па-старэчы загігікаў. Потым прыпомніў нешта і зрабіўся куды сурёзней, чым раней. – А як размаўляюцьХіба б толькі мацюкаліся так чорнаа мовамова ў іх якая?..
Дзяўчына не дачула з якім жалем былі сказаны апошнія словы. Таму адказала проста і, няўмысна.
Звычайная. Руская. З англазайманьнямі. Яны на ёй з дзяцінства размаўляюць.
Маўчы ўжо, дурнічка. “Звычайная”! – цяпер дзед сапраўды раззлаваўся, бо ніякай іншай мовы акрамя сваёй, беларускай, ён тут за мову не прымаў. Ні польскую, ні рускую, бо хай у Польшчу сваю ці ў Расею едуць ды там размаўляюць, а тут, будзьце ласкавы, па-свойму кажыце.
Твар вадзяніка перакрывіўся, нават стаў менш расплывацца ад гневу. Русалка маўчала, бо спрачацца з імшто шчупаку пальцы ў рот засоўваць.
– “Звычайная”! – Зноў уздрыгнуў дзед. – Як ты толькі можаш такое казаць? Яны ж на гэтай зямлі жывуць, дык чаму яны на гаворцы гэтай зямлі размаўляць не жадаюць? Прэч гэтакіх патрыётаў. Шчанюкі, трасца ім у розум ды ў цела!.. Адразу!..
Досыць, дзядуля. Вунь да нас некалькі дзён таму прыходзіліусе маладыя, а добра размаўляюць па-твойму. І пешыя прыйшлі. І апранутыя амаль усе больш-менш гожанька. Дык ты ня гэтаня надта ўжо
Дзед замоўк на хвілінку:
А пра нас яны мо хаця б што-небудзь казалі?..
Русалачка прамаўчала, бо ня ведалаяк яму лепей адказаць, з такой дзіцячай надзеяй, з такой роспаччу ён пытаў. Нарэшце вырашыла:
Ня ведаю, я ж не зусім побач з імі была. Напэўна што нешта казалі, я так лічу. Бач, ня зьніклі яшчэ зусім людзі
Стары пачухаў пуза ды ўздыхнуў:
Вось раней…. Раней ведаеш як было? Мне кожную весну, як лёд сыходзіць пачынаў, па каню прыводзілі. Упрыгожвалі стужкамі там усялякімі, чысьцілі, адкормлівалі. Два жораны з мельніцы бралі, прывязвалі да каня і тапілі яго, як падарунак, каб я на іх не злаваўся. А калі не тапілія потым, па звычаю, не са злосьці, рыбу пужаў, вуды блытаў ім, людзей у поўдзень за пяткі лавіў ды шлакатаў, каб захлыналіся
Гэта ж дзіка! На што яны жывёліну забівалі, яна ж такая прыгожая, такая добрая! Ды й тытаксама дзеднічога не скажу!
Маўчы ўжо. Больш жа не забіваюць! І я нікога не чапаю… – дзядуля пакрыўдзіўся. Невядомана каго больш: на яе ці на сябе, што прагаварыўся ёй пра адзін са звычаяў.
Вось і добра. Лепей, каб ня верылі, чым, каб забойства рабілі.
Дзед быў зусім ня згодзен з русалачкай, але цяпер ягоная чарга маўчаць была. Пра ахвяраваных гусакоў ён вырашыў нават не пачынаць размовы.
Чорт з ім, са звычаем гэтымпрабач, рагаты. Але як яны мяне шанавалі! Увечары сюды не прыходзілі, апоўдні не плёхаліся. Дазволу пыталі на ўсё, што вады дакранаецца. Тапельцаў ратаваць баяліся, давалі мне нацешыцца
Дык ты і людзей тапіў за так! – Русалачка ўскочыла. Падсохлыя валасы разьвяваліся на ветры, вочы блішчэлі гнеўна і з дакорам.
І тапіў! Хто яВадзянік ці расьліна якая?! – Стары прытупнуў нагою, паляцелі гожыя пырскі ў розныя бакіпрыгожыя, празрыста-бліскучыя.
Русалцы было не да гэтага. Яна зноў уладкавалася на месца, але дыхала яна цяпер гучна, яраснавыказвала крыўду. Вадзянік у каторы ўжо раз назваў сябе ў думках старым ідыётам, аднак вырашыў больш на яе дакорлівасьць не зьвяртаць увагі.
А якія ў іх жанчыны быліПрыгажуні ды й густ меліня тое што зараз. Нейкія шчэпкі ў лахмоцьцях ды й годзе!.. І хлопцы добрыя, сам калісьці хлопцам быў, памятаю. А як размаўлялі янысакавіта, смачна! Хіба ж магчыма было ад іх пачуць такія непрыгожыя словы, як зараз гэтая моладзь кажа?!
Вадзянік не заўважыў, як з вады выйшла яшчэ адна дзяўчына. Хаця яна, хутчэй, была не русалкай-маладзіцаю, а дарослай жанчынайздароваю, з доўгай тоўстай касой, пераплеценай істужкай з рознакаляровай рыбінай лускі. У жанчыны былі грозныя і прыгожыя чорныя бровы, пякучыя вочы і чырвоны рот, якія разам асабліва вылучаліся на бялюткім, як сьнег, твары яе. Упэўненая, урачыста-гаспадарская мелодыя яе голасу палілася па-над навакольлем:
Ты пра што гэта там размову вядзеш, ёлуп, га? Пра якіх гэта дзяўчын я там чую, бабздыр трухлявы?
Русалка засьмяяласяох, як любілі цешыцца такімі спрэчкамі Дзед Вадзянік і ягоная жонка. Вадзянік вылупіў свае й без таго круглыя вочы яшчэ больш:
Якіх дзяўчын? Ты што, Мамка Вадзяніца, якіх гэта ты дзяўчын сярод маіх словаў пачула? Ніводнай не было...
Глядзі ты як ён выкручваецца. Вось вазьму ды й сьвісну, каб цябе разьнясло! А яшчэ лепей попелу пад нос суну, чуеш?!
Вадзянік задрыжаў, бо ні сьвісту, ні попелу ён не жадаў, бо паміраць яшчэ па-сапраўднаму не зьбіраўся.
Ну што ты на самой справе? Нічога я такога-гэтакага
Мармычы-мармычы, боўдзіла. Не па цябе яЛасачка, родненькая, – зьвярнулася яна да русалачкі, – мо ты дзе мой таўкачык бачыла? Я ўжо паўсюль шукалаякая гадзіна яго пад свой корч засунуланя ведаю.
Русалачка, сьмяючыся, глянула на Вадзяніцу і, разам усё зразумеўшы, нырнула пад ваду. Жанчына цяжка ўздыхнула ды й прысела ля Вадзянога Дзеда. Больш яны не рабілі выгляд, што спрачаюцца, гледачоў побач не было, а самім сабе ня сьмешна, а сумна выходзіць.
Ну што, бацюхна Вірнік, не падабаецца табе жыцьцё Ціхоні? Чаму ж ты роў сёньня так адчайна? Ну ня верацьдык і чорт з імі! А то падняў енк на ўсю раку.
Стары распластаўся ў вадзе, гультаявата водзячы з боку ў бок хвастом.
Разумееш, амаль усе духі ўжо скардзіцца прыходзілі. Усіх людзі забылі, усіх. Як яны жывуць бяз насне разумею.
Дрэнна жывуць. Вось табе маё слова. Бо калі так яны адзін аднаго не паважаюць, як я бачу гэта, калі яны так між сабою размаўляюць, калі яны паводзяць так сябе, дык як яшчэ яны могуць жыць, як ня дрэнна?..
Ва ўсіх яе доказах Дзед адчуў упэўненасьць незвычайную.
Я нават чула, як яны пра Радзіму сваю казалі. Што гэта за людзі, якія не шануюць зямлю, на якой яны жывуць? Я ж іх усіх бачубольш за ўсё іх грошы хвалююць, а сапраўдныя пачуцьці, калі і ёсьць, дык такія варяцкія, такія выварачаныя, што жахліва робіцца.
Вадзяніца ўздыхнула.
Я там табе марской капусты прыгатавала. З прыпраўкамі. З гэтымі, як іх, крыветкамі. Смачная, сьвежаятолькі-толькі Вазёрніцы1 ад Ядзер­кі2 перадалі. Вось хто ўжо добрая дзяўчынаколькі яна нам марскіх гасьцінцаў перадае...
Перажыткам яны нас лічацьУсе скардзяцца. Хутка Пан Бог скардзіцца прыйдзе.
Ён ня прыйдзе. Гэты адразу ім усім пакажахто тут чый перажытак. Перажытак! Сьмешна мнемы іх сто разоў перажыліПеражыткі перажыткаў
А мо сапраўды мы нікому не патрэбныя больш, забабоны неіснуючыя?..
Вадзяніца дакранулася да старэчага пляча. Той прыўзьняўсяжаночыя вочы вельмі ўважліва, вельмі сурёзна глядзелі на яго. Нарэшце Вадзяная абняла старога, супакойваючы.
Ніколі мы ня будзем перажыткамі, чуеш? Мы ўсе адзін аднаму патрэбныя. Чаму ж ты такі дурны, га? Старыяк малыНяўжо будзеш верыць усяму, што кажуць? Бязглузьдзіца гэта: вось назавуць цябе гаршком, дык штоты ў вогнішча сунешся? А калі скажуць, што ты анёлкрыльле вырасьце адразу?..
Старому было сорамна й прыемна, бо яго шкадавалі. Вужака ў гру­дзях мірна спаў. Над зямлёю блішчалі зоры. Халодныя, як рачная вада, яскравыя, як маленькія рыбкі ў вадзяніковым пузе.
Ну, хадзі на дно, татка. Мы ж ня людзі, мы ў сябе яшчэ верым ды старыя звычаі памятаемтам зараз ніхто да ежы не дакрануўся, усе цябе чакаюць. Зачакаліся, напэўна, забабоны неіснуючыя. Галодныя ж. Дык хадзі-хадзі, “перажытак”…
Яна ласкава ўсьміхнулася. Дзядок прымружыў вочы, абдумваючы нешта, потым крыху расправіў плечы ды ўвайшоў у вадуякраз па месяцоваму бяляваму ручнічку. Як толькі яго вялізарны ступак дакрануўся да срэбнай ад месячнага зьзяньня вады, Вадзянік разам зьмяніўся, выцягнуўся. Плечы ягоныя сталі шырокімі, як печ. Рукі моцнымі, валатоўскімі. Стан стаў куды больш зграбным, на галаве замест лысай плямы зьявіўся шчытны клін з жорсткіх чорна-срэбных валасоў. Ногі сталі доўгімі, трэніраванымі. Ды наогул цяпер ён больш нагадваў волата-хлопцаадно толькі з сівой доўгай барадой. І так ён кожную ночдзеля чаго толькі ўдзень прыкідваецца, калі ўсё роўна няма каго палохаць? ЗвычаіНе зьмяніліся таксама вужака ў грудзях ды каровін хвост, бо там не было чаму зьмяняцца. Вадзянік заходзіў у ваду ўсё глыбей і глыбей. Калі вада дакранулася плячэй, ён нырнуў. Апошнім зьнік каровін хвост, ляпнуўшы разок па паверхні, з-за чаго бліскучая месяцоваятканінапрарвалася ў гэтым месцы. Але месяц хутка латае дзіркі ў сваім рызьзі….
Вадзяніца сядзела адна, слухаючы шоргат чароту.

“…над зямлёй-балесьніцай тонкі чоўнік месяца,
у небе месячык скакаў, з плаўня чоўнік выплываў
люлі-люлілюлі-люлілюлі-люлі…”

яна схавала твар у далонях, пачала церці вочы, бы спрабуючы выцерці нейкі смутак, што засеў у душы. Потым яна ўзьняла вочы, разглядаючы зоры. Неба было вельмі прыгожым. І яно зноў пахла, але інакш. Вельмі смачна пахлажыцьцём і казкамі. Зоркамі пахла. І лістотай.
Ля твару Вадзяніцы праляцеў маленечкі сьвятляк. Яна мімаволі загля­дзелася на ягогэты чароўны агеньчык у начной паўцемры. Ці ў начным паўсьвеце?.. Кожнаму па-свойму, толькі што сьвятло, што цемраабодва прыгожыя такімі начамі. Такімі цудоўнымі зорнымі начамі.
Далёка ў лесе закукавала зязюлька. Жанчына на хвілінку прыслухалася, а потым ўсьміхнулася, бо зязюлька кукавала спачатку павольна і працавіта, а потым ажно захлебваючыся – “…ку-ку, ку-ку, ку-ку…” – і ўсё ніяк не магла спыніцца, бо не магла зьлічыць вадзяніковае жыцьцё.
Казачная рачная жанчына, жывы забабон, накіравалася ўглыбіню, бо яе таксама чакала смачная вячэра. А потым яны з дзяўчатамі пойдуць танчыць на беразе, хавацца сярод дрэваў і бясконца сьмяяцца ў карагодах, а яе любы муж будзе сьпяваць альбо, прыгадаўшы маладосьць, калі ён быў яшчэ зусім зялёным вадзяным хлопчыкам, залезе на камянюку ды зайграе на жалейцы ім што-небудзь вельмі даўняе.
Яна спынілася, калі вада даходзіла ёй да плеч, узьняла руку ды гульліва пагразіла небу сваім прыгожым пульхненькім пальчыкам:
Бач ты, “перажыткі”. Ух, якія мы перажыткі! Усіх перажывем!..
Пачуўся лагодны звонкі сьмех, потым пляск. Бліснулі над вадой белыя пяткі.
Калі і чуў хто гэта ці бачыўнапэўна, не паверыў.
І мы не паверым – гэта ж усё перажыткі. Няма іх, нікога няма. Магчыма, і нас няма….