12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Юрка Голуб

_____________________
След у след.
Вершы


НА ГАЛЬШАНСКІМ КОТЛІШЧЫ

На пераклічцы злых дарог
Былі паўстанак і прыстанак.
І нават песня – будзь здароў! –
Гучаць тады не перастала.

Насустрач перла напралом
Вятроў разгневаная зграя:
Траплялі ўсе ў яе палон –
І хто маўчыць, і хто іграе.

Касынку вішні знёс віхор.
Ляцела ясеня чупрына.
Той след таемны з даўніх пор
Сваё разгадвае начынне.

Дзе ён жыты баранаваў,
Віры закручваў адваротна.
Вось так пускаюць барана
Якраз пад новыя вароты.

Гальшаны. Збэшчаны палац.
Дакладней, крэўныя руіны.
Іх хоча неба пільнаваць.
Зямля жадае кінуць-рынуць…


МАЛАДЗІК

Уласнага ценю не бойся.
Падробцы ці дасца дукат?
А месяц са стромых нябёсаў
Адсочвае свой дублікат.
Уга!
У крыніцы адбітак.
Як промыслаў Боскіх працяг.
Радовішча.
Рэха.
Забыта.
…Вытокі жыцця.


УРОСКІД

Зноў гады ступаюць след у след.
Роспач лапай покуль не кранае.
Дуб трымае долю каранямі,
Крона робіць хмарам пераслед.


* * *

Хто раскошу мэтаю назваў
І, пракуднік, паляваў на перлы,
Як ні дзіўна, выслізнуў наперад,
Хоць за хлясцік валаклі назад.

За наступствы! – хлышча экстрэмал,
А губу зануда не замочыць.
Каб правы спрадвечныя замоўчваць,
Не праблема – права атрымаць.

Зааганжаваны паліглот
(У актыве – райская і майя),
Шкадаваў, што доступу не мае –
Абвясціць радзіннай закалот.

Заклікаў паслушнікаў Хама:
Юшка з носа! Ты – прыгод наступнік!
Калі пуста без вадзіцы ў ступе,
Дык усмак таўчы – чаго няма.

У катле пякельным смягне вар.
Прайдзісветы згрэбліся на сходку.
Рвуцца глоткі не ў святыя ўгодкі,
Бо навошта ім нябесны дар.

Ці на змогу духу нестае:
Праз руіны згадка не сягае?
Скрыжаваны небам, з пісягамі,
Дуб з травы да хмары дастае.


ТРЫПЦІХ МАШЫНЫ ЧАСУ

1
Машына часу. Пылу шлейф.
Каго насустрач Бог пашле?
Назад вяртанне, як абрад.
Вандроўку прытуляе бард.
Таполі ў неба. Дзень у дзень.
А вілы пішуць па вадзе.
А дзесь грымотны каляндар
Лісткі шпурляе свету ў твар.
У храпы свішчуць караблі.
Ліхвяр адсочвае рублі.
У крамах лахманы аб’яў.
Вунь малалетку хрыч абняў.
Анёлы мацаюць пляцак.
Вакзал чыгунку заляйцаў.
Музей разбураны нашчэнт.
Мярзотнік. Марнатраўца. Мент.
Ахвярам помнік. Надпіс знік.
Вяшчун надточвае язык.
І бруд, як верхавода – спрэс.
У гвалту псеўданім – прагрэс.
У мазгаўні кагал гудзе.
Нягода. Згода. І гэ дэ.

2
Машына часу. Запавет.
Юнак шапкуе і пяе.
Паводкай зносіць кодлу крыг
Пад пераможны крэкт і крык.
Світае ранішні вітраж.
На пчольніку кішыць кірмаш.
У бронзе гронаў вінаград.
Любові салавейка рад.
Маланак скрыжаваны свіст.
Аркестр. Аракул. Альтруіст.
У слоўніку згубіўся “скон”.
У канюшыне дзёрзкі конь.
Між шыбаў таньчыць матылёк.
Вар’ят! Знайшоў у фэсце клёк?
Ага! Збывае сны нябыт,
Няўжо каб нанава набыць?
Аднак, вітае свет юнак.
Аднак…

3
Машына часу. Гэй! Дамоў!
І капялюх ляціць далоў.
У водсветах бяроз і рос
Шляхі кладуцца навырост.
Заціснуты паміж эпох,
Палае свету зорны стог.
Як злодзей сквапны: бач, пірог –
Крадзецца старасць на парог.
Няўжо адхіліцца мілосць?
Няўжо ёй здрадзіў ягамосць?
Ды не! Туды, дзе дол сухі,
Вясёлка лье дажджы ўнахіл.
Балюча месца абмінаць,
Дзе мае метрыку мана.
Дзе шкода. Звады. І праклён.
А здрада квапіцца на клон.
Ды па выбоінах аблок
Валоку хто з нас не валок?
Не ў нашым воку бервяно.
Краса. Абрысы. Дар. Віно.
Глядзі, зямляча! Наўздагон
Выходзіць сэрца з берагоў.
P.S.
Машына часу. Вобзем бразь!
Барозны. Беразняк. Абраз.


КАМЕНЬ ЗА ПАЗУХАЙ

Сэрца ўласнага акрамя
Трымаю рукамі,
Хаця і нязручна трымаць,
За пазухай камень.

Ён валіць да долу мяне:
Жадае пазбыцца?
Пажадны нахабнай мане
З абоймы амбіцый.

І нельга параіцца з ім:
Злавесны дарадца
Штурхне нечакана зусім –
На пекла нарвацца.

Ён помсту таемна прыпас,
І з ёю – нядрэмны,
Каб раптам пры выпадку плясь! –
Хавацца дарэмна.

Вось так і нашу на шашу,
Што сплішчыла кальвы,
Навошта балесны нашу
За пазухай камень?


СОК
Ірваў грудзіну ледалом.
Завесы возера гайдалі.
І зорка, зрынута далоў,
Для рэха след не пакідала.

Лабаты ўзгорак глуха соп:
Падперла дыхавіца горла.
І выціраў вандроўнік лоб
На паваротцы ў вёску Горна.

Адлегу вецер хваляваў,
А наст унікнуў асцярогі.
І беразняк адкаркаваў
Біклагу вобак ад дарогі.

З цыгаркі хлопец жарсць атрос,
Ды кроў адчайна не змаўкала.
Адна – бліжэйшая – з бяроз
На смагу ўлетку намякала.


УНАЧЫ

Светлякоў не ўшчаміў папар:
Выпаўзлі з куфра змроку.
І драпежнікі рух ахвяр
Трымаюць у полі зроку.


БЕЗ НАЗВЫ

І стаўся магам сам сабе:
Душа зыходзіць на іспыты.
А час дарогу перабег,
Каб паскародзіць скроні пытлем.

Ад вежы цень зваліўся ніц.
На груд караскаецца верас.
А хто дастанецца крыніц,
У подзвіг доўга не паверыць.

На шыбе выстылы прамень
Алмазам гострым цемру рэжа.
А ты, прыцьмелы, каб прымеў,
Дык прашаптаў бы:
…Вось… Нарэшце…


ПАЭТ
Каб прышчапіць сябе, як след,
У садзе Слова – не спакусы,
Дык ён караскаўся ў сусвет
Уласным цешыцца прымусам.

Жадаў наперадзе спазнаць
Захмар’я зябкую валоку.
Ахвярна. Строга. Дапазна
Стаяла зорка перад вокам.

Ён пазбягаў з гайнёй сустрэч
І прызначаў з гаямі стрэчы.
Бо ведаў: дурню не пярэч.
Разумным можаш запярэчыць.

Са старадрэвіны вякоў
Лістота глуха адпадала.
Ён знаў: падобна навакол
Было,
калі звялі шану на гала.

Не чуў апошняе трубы,
Што абвясціла позні почат.
Старонкі жарсці і журбы
Над ім, як воблакі, шапочуць.