12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Анастасія Грук

_____________________
Сэрцу не загадаеш. Апавяданне


Мы пазнаёміліся ў сацыяльным сеціве. Я памятаю тыя непаўторныя хвіліны, калі ты пісаў, што кахаеш мяне, што табе лепей не было, няма і ўжо ніколі не будзе, як са мною…. Затым ты прасіў сустрэчы. Я не адразу згадзілася, але калі ты прыехаў, пашкадавала, што ўпарцілася.
Са мной было цяжка жартаваць, проста размаўляць, бо я ўсё гэта ўспрымала як гульню, ці не, хутчэй нават, як стары-знаёмы фільм, дзе я кожнае слова ведала на памяць. Я ведала, што далей павінна было адбыцца паводле твайго сцэнару. Дзякуй Богу, са мной яшчэ такога не здаралася, але сяброўкі шмат чаго распавядалі. А ты так стараўся рассмяшыць мяне, ці хаця пабачыць на маім твары ўсмешку. А я слухала твае забаўныя гісторыі, як слухаюць недарэчныя выдумкі закаханага хлопчыка.
Праз гадзіну нашай нязмушанай размовы, а дакладней, тваіх маналогаў, да мяне нешта пачало даходзіць, а калі прыйшоў час ехаць табе дадому, не хацела цябе адпускаць. Не, не таму, што закахалася, ты проста быў цікавым суразмоўцам. Час ішоў, мы тэлефанавалі, сустракаліся, каталіся, жартавалі. Ты падарыў сваю ўсмешку і вярнуў мне радасць, смех. Я стала зусім іншым чалавекам і праз нейкі час зразумела, што кахаю цябе.
У твае вочы я цяпер зазірнула па-іншаму, твае дзівакаватыя расповеды сталі мне такімі цікавымі, такімі значнымі – я не магла без іх заснуць. Для мяне не існавала больш нікога, апрача цябе. Усё было добра: ты ўвесь час тэлефанаваў мне, цікавіўся, чым я займаюся, расказваў, што сам робіш…
Але той шэрай асенняй раніцай, калі плакаў дождж, ты раптам не пазваніў… Дождж быў моцны, ён збіваў пажоўклую лістоту з дрэў, а вецер звар’яцела падкідваў яе ўверх. Усё было спавітае трывогай, як быццам хацела сказаць пра нешта страшнае… Пра што?!
Зазваніў тэлефон.
– Ён! – радасна падумала я.
Але гэта была твая мама. Яна плакала. Яна сказала, што цябе толькі што забрала “хуткая”. Як праз сон ехала я, не – ляцела ў бальніцу.
– Доктар, што з ім? – толькі і вымавіла я не сваім голасам.
– Ён памірае. Патрэбна тэрміновая перасадка сэрца.
– А маё – можна? Дык я ўжо тут. Я – гатова!..
…І вось я астатні раз гляджу на цябе, апошні раз шапчу: “Кахаю!” Мне штосьці ўкалолі, і я заснула. Напэўна, ты хочаш ведаць, ці бачыла я яркае святло ў канцы тунэля? Не, не бачыла. Я нават не паспела падумаць пра тое, што будзе са мною пасля таго, як я засну. Ці не пасмела?.. Галоўнае – каб ты жыў.
…Холад… Ноч… Дзе я? У раі ці… ўсе спяць, ці што? – ціха запыталася я.
– Доктар, яна прачнулася! – усклікнула медсястра.
Увайшоў мужчына ў белым халаце:
– Аперацыя была вельмі складаная, але ўсё скончылася добра. Зараз ён у рэанімацыі.
– Доктар, а як жа я… Я ж…
– Не хвалюйцеся, вы і так вельмі перахваляваліся. І нам давялося ўкалоць вам снатворнае. Як вы сябе адчуваеце? – ён усміхнуўся аднымі вуснамі…
…Ішлі дні, тыдні, месяцы.
І вось мы разам з тваімі бацькамі едзем дадому. У іх вачах – два моры: мора радасці і мора горычы. Дзіва што! Яны вярнулі аднаго сына і страцілі другога. Вядома, ты нічога не ведаў, пакуль дома не ўбачыў пусты інвалідскі вазок, дзе заўсёды сядзеў твой няшчасны старэйшы брат. Цяпер там ляжаў кавалачак паперы. Няроўныя літары з-пад аслабелай рукі:
“Сашачка! Калі я ўбачыў, што ў цябе спынілася сэрца… Прабач. Я не магу дапусціць, каб ты памёр у дзявятнаццаць гадоў. Ты – здаровы, моцны. Табе жыць і жыць. А я… усё роўна нікому не патрэбны. Я не шкадую, што сыходжу. Я так вырашыў – і ты павінен мяне зразумець. Прабач і бывай! Жыві доўга і памятай – у цябе будзе біцца маё сэрца. Будзь шчаслівы! Алег!”
Я назаўсёды запомніла той момант, калі ты чытаў гэтыя радкі. Па тваіх шчоках павольна каціліся слёзы. А потым ты часта прыходзіў на Алегаву магілу, то размаўляў з братам, а то проста моўчкі падоўгу сядзеў на кладах. У вачах тваіх былі разгубленасць і недаўменне.
…Званок. Будзільнік? Не – тэлефон. Ну, вядома, гэта звоніш ты! Нарэшце! Я хіба заснула ля тэлефона ў чаканні твайго званка? Дык гэта быў толькі сон?! Вядома, сон! За акном па-ранейшаму гарэза-вецер ганяе пажоўклую лістоту, але дождж перастаў. І – працягваецца жыццё… Дзень добры, раніца! Добры дзень, мілы!..

Непрычасаныя думкі


***
Зрэж галінку – заплача дрэва.
Зрэж дрэва – заплачуць галінкі

***
У старой шафе ляжала кніга.
Вырвалі старонку –
згубілі пакаленне

***
Не ўсе людзi памiраюць,
некаторыя проста вечна спяць

***
Душа i сэрца жыццё дораць,
а словы– адбiраюць

***
Сарока крычыць, ды сутнасці не разумее.
Чалавек разумее. А крычыць…

***
Маўчы, калi не ведаеш праўды,
не маўчы, калi праўду ведаеш

***
Язык гаворыць,
вушы слухаюць,
а мозг не паверыць,
пакуль вачыма не праверыць

***
Учора не будзе нiколi,
не прыйдзе да нас больш учора

***
Зіма будзе датуль,
пакуль не зразумее,
што ўжо прыйшла чарга вясны