12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алена Ігнацюк

_____________________
На гусьлях ветру.
Вершы



Чуеце, гракі!

Гракі на дрэвах, як на гусьлях ветру,
штось граюць пра Вясну...
Мо будзяць міфатвораную Лету,
як памяць маю хворую ад сну.

Жанчына, з позіркам ваўчыцы,
аглядвае прастору ля ракі.
Мо, хоча граць на гусьлях навучыцца:
вітаць Вясну, як добрыя гракі.

Сябе ў ваўчыцы сёньня я пазнала...
І позіркам... За крыгамі ракі,
за ветрам Днепра-Бугскага каналу
струну дагнала... Чуеце, гракі!

* * *
Гудзе рака
пад шклом ільдоў,
пад сном сьнягоў,
пад дном рыпучага масточка...
Рака язычніцкіх багоў,
Дажджбога белая сарочка.

Так разгарнула рукавы,
прашытыя ліловым сьнегам, —
што аж зайшоўся лес стары
высокім гамерычным сьмехам.


* * *
Сьнег мяце, мяце, мяце.
А цягнік – гудзе, гудзе.
А душа мая нідзе
снамі не здаволіцца...
Хтось мой час крадзе, крадзе.
Як тут супакоіцца?

Лепей выйду з цягніка —
І па сьнегу першаму
Павядзе мяне туга
ў белы лес за вершамі.


Не мая рака

Рака мая — і не мая...
А баржы з белым борцікам.
Вада цьвіце, нібы ральля.
А я бягу да порціка.

Рака са мной і не са мной,
а з хлопцам-перавозчыкам,
Ён перавозіць пчолаў рой
і пчаляра пад дожджыкам.

...Мядовы луг з кароўкамі
і вульляў сны мажорныя.
Рака мільгнула зоркамі —
вада, як сажа чорная.

Каля глухога берага
спраўляюць чайкі хрэсьбіны.
Пялюшкі з пуху белага
на дроце хваль разьвесілі.


Пачатак

Дараваныя ракой
думкі мне няўлоўныя,
што птушынай чарадой,
п’юць ваду прастольную.

А вянкі ў абдымках хваль
прамянеюць стужкамі...
Неба — сонечны Грааль.
А ў нявесты — дужкамі,

трапяткімі хвалямі
бровы візантыйскія,
як чаўны за далямі...
Думкі мае сьлізкія...

Быццам рыбкі — мокрыя...
Ловяцца — ня зловяцца...
А вада прастольная
за нявесту моліцца...


* * *
Ты, мая музычная…
Слухаеш сябе, як оперу Чурлёніса.
Едзеш у тралейбусе — і молішся, молішся…
Мо, з Вагнерам? Мо, з Моцартам —
бясконца ты знаёмішся...

Шчодрая мая!
Бо галубы твае кормяцца —
ня хлебам белага дня,
а небам летняга сонца.
Нібы анёлка божага,
аддзячыць можаш –
таго, хто верны табе,
Літва.