Мельхіёравы дзень
Не чакала цябе, мельхіёравы дзень.
Сонца – як з мельхіёру пярсьцёнак
падарыў мне на шчасьце адзін чарадзей,
каб назваць мяне лепшаю з жонак...
Мельхіёравы горад. Бліскучы асфальт.
Мельхіёравы вецер замёў мае крокі.
Дзе прастора ня бачу я ... Дзе далягляд?
Мельхіёравы колер – завейна-глыбокі...
Мельхіёравы колер... Як рыбнай луской,
ён пакрыў мае думкі і вочы, і цела...
Чарадзей мяне жонкай прыдумаў такой.
Я жамчужнага шчасьця хацела...
* * *
Залацісты квет нябёс –
лашчыць рызу сьвятара.
Хрызантэмаў маіх лёс...
Ім даўно цвісьці пара!?
Шчэ да восені тры тыдні,
лета бабіна далёка...
Маладзее ранак жытні.
Сьвята Ганны. Позірк Бога.
Лаўлю ў сабе Федру
Як чаша, як чары,
як слава, як фэст...
Знаёмая мара –
паехаць у Брэст.
Цягнік акварэльны
вязе мяне ў Брэст,
дзе сьвет карамельны –
бліскучы, як фэст.
Духмяны пах ветру...
Цьвіце ў далях бэз.
Люблю ў сабе Федру,
што з грэчаскіх п’ес.
Квет бэзу, пах ветру...
Лаўлю ў сабе Федру...
На вуліцах Брэста
прастора, як сон.
Хто ў масцы Эсхіла...
Хто ў думцы Арэста...
Жыцьцё – як адзін тэатральны сезон.
І сьлёзы, як зоры, прывезла на фэст.
Са мною сеньёры, акторы і Брэст...
І чаша пазнаньня, і чаша віны,
і чары вясновага ветру...
У Брэсьце каштаны цьвітуць з даўніны.
У квет апранаюць і Федру.
У стылі “мона на аварэ”
То сон – як сьнег...
То вінаград...
Ці гэта толькі мне здалося?
Зіма наведала мой сад.
А можа, косы беліць восень?..
Зьбіраюць белы вінаград.
Як сьнегапад... Ляціць бясконца...
Бы сьнег абсыпаў палісад
бліскуча-белым, дзіўным, сонцам...
А ты гаворыш: “Трэба так...,
твой лёс у кольцах вінаградзін.
Такіх евангельскіх – на смак...
Яны – анёлінкі ў паглядзе”.
Мая альтанка з вінаградам –
у тонах мяккіх сьветаценяў.
Мо, хрызантэмы палісаду
сьнягамі белымі ўзьляцелі...
То белы сьнег...
То вінаград.
То маладыя хрызантэмы...
А ты гаворыш: “Цараград”.
Ці я – царыца тваёй тэмы?
Лазурытавае жыта
Бяжыць сьцяжынка цераз жыта.
У неба просяць каласы
віна салодкага – блакіту...
У хоры продкаў галасы.
Як стужкі, ластавак чародкі.
Хоць імі жыта абвяжы...
А дождж пяшчотны і салодкі...
Мне кажа: “Песьню беражы”.
А кветкі жыта – з лазурытам.
Як кубкі сьпелага дажджу...
Піруюць продкі. Мне наліта.
А я вякам любоў вяшчу.
Бяжыць сьцяжынка цераз жыта
У невядомыя вякі.
А што згубілася – нажыта:
блакітам сплецена ў вянкі.
У высі бусел, над сьцяжынкай
нясе ў хусьцінцы немаўля.
Мо, нарадзілася дзяўчынка
ў сям’і якогась караля.
А кветкі жыта – з лазурытам...
Як кубкі поўныя нябёс...
А што згубілася – нажыта:
абвіта зернем жытніх рос.
Антычны сьнег
Ой, ляціце, сьнягі, з Марцінова...
Ды ў Кажан-Гарадок,
дзе Авідыя гучнае слова
і мая вершаваная мова –
нібы ў сотах мядок.
У Кажан-Гарадку мудры Янус-двухбокі...
(Як на Захад глядзіць – нібы бачыць Усход.)
Пасклікаў ён з антычнага Рыма аблокі –
на палескай зямлі сустракаць Новы год.
З неба сыплецца сьнег. Ён бліскуча-антычны.
Дачакаўся “календаў” – народ
З Новы годам, Кажан-гарадок.
І твой дух дрыгавічны
“Край лясоў і балот”, – як пісаў Герадот.
У Кажан-Гарадку з ранку сьветла і ціха.
Мо якая... майстрыха
нашывае сьвятло на кажух?
( Уцячэ – за бары– за лясы – злое ліха...)
Белы горань... І з нітак бліскучых “бусьліха”...
На кажух нашываецца “сонечны жук”.
Ой, ляціце, снягі, па-над Цной – да Майдана.
Вышывана прастора блішчыць.
Пачынаецца год – свой-чужы – непазнана,
дзе Авідыя мова,
як Песьня Палесься гучыць.