12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Славамір

_____________________
Фарбы Беларусі зьнітаваныя з небам.
Гутарка Анатоля Мяльгуя з Леанідам Шчамялёвым



Аматараў жывапісу, прыхільнікаў творчасьці Леа­ніда Шчамялёва не перастаюць зьдзіўляць імклівыя рухі пэндзля майстра на палатне, якія так па-майстэрску выяўляюць самае галоўнае ці то ў псіхалагічным партрэце, ці ў маляўнічым пейзажы. У той жа час, яркая каляровая гама жывапісных твораў, быццам з дапамогай чароўных акуляраў, вяртае нам адчуваньне замілаванасьці роднымі краявідамі, падкрэсьлівае прыгажосьць душы і твараў беларусаў…
У тым што гэта так, аматары выяўленчага мастацтва змаглі ўпэўніцца падчас наведваньня вялікай персанальнай выставы Леаніда Шчамялёва “Мастак і час”, якая з посьпехам прайшла ў новым корпусе Нацыянальнага мастацкага музею Рэспублікі Беларусь. Экспазіцыя, на якой былі прадстаўленыя творы розных часоў, — гэта толькі прэлюдыя да шматлікіх мерапрыемстваў і выставаў, прысьвечаных 85-годдзю народнага мастака, якое адзначыць у будучым годзе беларуская грамадскасьць.

Леанід Дзьмітрыевіч, ня так даўно адбылася персанальная выстава, на якой можна было пабачыць і вашае… дыпломнае палатно “Вясельле”. Якія ўспаміны ў вас зьвязаныя з гэтым творам? Ці можна лічыць яго пачаткам вашага мастакоўскага шляху?
– Ведаеце, мне цяпер нават прыемна, і ў той жа час, ёсьць хваляваньне, калі я ўспамінаю тыя гады. У гэтую карціну ўкладзены мой тагачасны асабісты погляд і адносіны да жыцьцёвых зьяваў і людзей, а пасьля і... расчараваньні. Бо калі яна была выстаўленая на дыпломным праглядзе, то частка выкладчыкаў яе катэгарычна не прыняла. Па якой прычыне? Ня ведаю. Гэты твор быў спачатку ўхвалены камісіяй, выкладчыкамі і сябрамі, сьпецыялістамі з Масквы… І нечакана на абароне дыпломнай працы адбылося поўнае яго адмаўленьне!
Мне паставілі заніжаную адзнаку, але работу залічылі. На гэтым непрыемнасьці з “Вясельлем” скончыліся. Сваю дыпломную работу я ня бачыў даволі доўга. Дзе яна блукала, я ня ведаю. Праз некалькі гадоў я выпадкова знайшоў яе ў гаспадарчым памяшканьні ТЮГу. Потым карціна трапіла ў музей, дзе і па сёньняшні дзень захоўваецца.
Мне прыемна, што цяпер людзі адчулі станоўчую энергетыку гэтага палатна і паставіліся да яго ў вышэйшай ступені велікадушна.
Якія памятныя сустрэчы ў вашым жыцьці адыгралі найбольшую ролю ў фармаваньні мастакоўскага сьветапогляду і выяўленчай манеры?
– Упэўнены, што вучоба ў тэатральна-мастацкім інстытуце пад кіраўніцтвам выдатнага беларускага мастака і педагога Віталя Канстанцінавіча Цьвірко дала мне найбольш карыснага ў плане аднаўленьня беларускасьці ў маім сьветаўяўленьні і творчасьці, асабліва ў галіне колеравай пластыкі, адчуваньня беларускага каляровага ландшафту ва ўсіх ягоных пластычных пералівах і выяўленьнях. Віталь Канстанцінавіч перадаваў нам, студэнтам тое, што і самому было вельмі дорага. Ён вывозіў нас на пленэры, якія працягваліся па два і больш месяцаў. Мы малявалі, а пасьля і самі закахаліся ў гарадзенскія, браслаўскія, нарачанскія, ракаўскія краявіды…
Так, у беларускім мастацтве гэта была буйная фігура, неардынарная, і да канца яшчэ не ацэненае тое, што ён зрабіў для беларускай выяўленчай культуры.
Акрамя гэтага выкладчыка, у маёй творчай біяграфіі было менскае мастацкае вучылішча. Адміністрацыя той вучэльні пад кіраўніцтвам першага дырэктара Івана Рыгоравіча Красьнеўскага вельмі ўважліва паставілася да навучэнцаў, што пасьля вайны прыйшлі сюды з жаданьнем атрымаць веды. Іван Рыгоравіч вельмі актыўна дапамагаў нам, людзям, якія страцілі многа часу з-за вайны, ня мелі добрых матэрыяльных магчымасьцяў для вучобы. І пяць гадоў заняткаў у гэтай навучальнай установе, можна сказаць, стварылі пляцоўку для вучобы ў інстытуце.
На той час выкладчыкі мастацкай вучэльні вельмі шмат зрабілі дзеля адра­джэньня нашай цікавасьці да нацыянальнай культуры, да росту прафесіянальнага майстэрства ў выяўленчым мастацтве. Вучэльня адкрыла нам, тагачасным навучэнцам, і сусьветнае выяўленчае мастацтва. Педагогі знаёмілі нас з тымі тэндэнцыямі, якія назіраліся ў французскім, расійскім, украінскім мастацтве. А гэта дазваляла нам, будучым мастакам, зразумець, хочам мы далей вучыцца ці не.
Думаю, гэтыя падзеі ў маім жыцьці далі натхненьне для далейшай плённай працы ў беларускім выяўленчым мастацтве.
– Тэмы вашай творчасьці вы шукаеце як у гістрычным мінулым, так і ў сёньняшнім дні нашай краіны. Вы шмат зрабілі дзеля стварэньня абагульненнага партрэту беларускага народу. Што б вам яшчэ хацелася дадаць, каб гэты партрэт стаў больш поўным?
– Пытаньне складанае, і ў той жа час, простае. З аднаго боку, мастак павінен валодаць высокімі прафесійнымі дадзенымі і ведамі, каб адкрыць людзям беларускасьць, скарбы нацыянальнай культуры, зьвязанай ня толькі з моўнымі ці геаграфічнынымі асаблівасьцямі, але і з духам нашага народу. Жывапісец ці графік павінен быць знаёмы з каларыстычнымі, пластычнымі характарыстыкамі беларускай выяўленчай культуры з даўніх часоў да сёньняшняга дня. І неабходна, каб гэтыя веды былі часткай сьветапогляду сучаснага беларускага мастака, каб ён адчуваў прыгажосьць душы свайго народу.
Тым больш, гісторыя нашага народу – унікальна-прыгожая і да канца яшчэ не раскрытая. Асабліва ў адносінах да гістарычных фігураў, якія жылі ў часы Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай. Творца павінен жыць гэтым!
І калі мастак ня будзе заўважаць гэтых ведаў, то ён зьбядніць сябе і мастацтва, гэта будзе мінус у ягонай творчасьці. Мо таму цяпер мяне цікавяць слаўныя старонкі мінулага нашай краіны, бо ў ім, як у люстэрку, я бачу летапіс гераізму беларускага народу, характары і духоўную моц яго лепшых прадстаўнікоў.
– У сваіх творах вы імкнецеся да алегарычнага асэнсаваньня рэчаіснасьці. У той жа час у вашым творчым багажы шмат твораў рэалістычных. Які з творчых метадаў вам найбольш блізкі?
– Алегарычнасьць і рэалістычнасьць – гэта адзінае. Бо алегорыя, казка, міфалогія – гэта ўсё, на маю думку, жыве ў сьвядомасьці мастака. Яно адлюстроўвае тое, што хвалюе творцу, як ён адносіцца да той ці іншай зьявы, як хоча выявіць у сваіх творах.
Рэалістычнае – не азначае толькі тое, што можа ўбачыць вока мастака. А тое, што мастак яшчэ разумее, як бы ён хацеў, каб было ў жыцьці.
Усе людзі, здаецца, блізкія і падобныя. Узяць, напрыклад, абагульнены славянскі тып. Але ёсьць адрозны тып беларуса, які сканцэнтраваны ў нашых людзях і яго трэба адкрыць для гледача. Сучасная мода, стыль паводзінаў згладжвае амаль усіх нас, робячы аднолькавымі. А ёсьць іншы бок, і мастак павінен гэта ўбачыць. Тут на дапамогу прыходзяць сумяшчэньне рэалістычнага і алегарычнага ў творчасьці.
Мне даводзілася бываць у краінах Еўропы, Амерыкі, Азіі і я прыйшоў да высновы, што ў сьвеце паўсюль востра абазначаны нацыянальныя тэндэнцыі ў выяўленчым мастацтве. Самы блізкі мне прыклад – Францыя. Там дамінуе менавіта французскае мастацтва, якія б там ні панавалі плыні і жанры. Ды і ў іншых краінах мастакі бачаць мэту творчасьці ў адлюстраваньні характару свайго народу. Беларускі мастак павінен імкнуцца да той жа мэты. Бо Беларусь – месца высокай пачуцьцёвай культуры, непачаты край для таго, каб зрабіць новыя адкрыцьці ў людзях.
– На вашых выставах адразу кідаецца ў вочы яскравая прыхільнасьць да блакітнага колеру, які дамінуе на многіх палотнах. Гэта выпадковае супа­дзеньне ці мэтанакіраванае выкарыстаньне колеру дзеля стварэньня глыбіні і псіхалагізму вашых карцінаў?
– Існуе Беларусь, насычаная дажджамі, пахмурнымі днямі… Але вы пагля­дзіце, што робіцца на гэтай зямлі, калі дажджы праходзяць, і зямля ахінаецца сонечным сьвятлом: вока мастака можа ўбачыць каласальныя купы азёрнага смарагду, які так і просіцца на палатно! Колькі ў Беларусі азёраў, рэк, рэчак і рачулак… І ўсё гэта – блакітны колер! І дзе б я ні быў, ад Віцебску і да Брэсту, уся зямля ахутаная чыстым колерам, які выклікае ў людзей пачуцьцё духоўнай прыўзьнятасьці. Такое ўражаньне, што афарбоўка нашай краіны зьнітаваная з небам! У мяне шмат карцінаў, дзе пераважае гэты колер. Але не таму, што мне ён найбольш падабаецца. Проста такая рэальнасьць нашай Беларусі, так яна ўваходзіць у маю мастакоўскую сьвядомасьць.
Тут варта ўспомніць майго першага настаўніка маляваньня, сапраўднага беларускага інтэлігента Мікалая Васільевіча Ракоўскага, які з маленства прывіваў нам любоў і разуменьне прыгажосьці нашай зямлі. Ён пачынаў заняткі з таго, што шырока расчыняў вокны класу і казаў: “Глядзіце, якая прыгажосьць на вуліцы, якія яблычкі, якія птушачкі!”. Увесь час ён зьвяртаў увагу вучняў на прыгажосьць вакол нас. Мы часта назіралі за Дзьвіной, за гаем на другім беразе ракі…
Я не імкнуся расфарбаваць свае творы толькі ў блакітны колер, у маіх творах прысутнічае ўся каляровая гама, якую мне дае беларуская зямля. Але калі мне кажуць, што каларыстычнасьць блакітнага пераважае ў маіх работах, то я ня бачу ў гэтым нічога такога, што супярэчыць рэальнасьці. І дай Бог!
– Як вы ацэньваеце тое, як вядзецца прафесійная падрыхтоўка будучых беларускіх мастакоў у мастацкай акадэміі і вучылішчы? Ці можа звычайны вучань абысьціся без урокаў маляваньня ў школе?
– Я не магу казаць што я, напрыклад, быў добрым выкладчыкам, а іншыя – дрэнныя. І цяпер працуюць вельмі цікавыя сьпецыялісты, якія па-новаму спрабуюць раскрыць тыя ці іншыя прынцыпы вучэбнай праграмы. Асабліва ў сувязі з той неразьбярыхай, якая сёньня існуе ў разуменьні таго, што такое добра і што дрэнна ў выяўленчай культуры.
На мой погляд, зараз няма такой глыбіні крытыкі, якая б вызначала, што на сёньняшні дзень робіцца ў выяўленчым мастацтве пры розных падыходах і поглядах на сродкі мастацкай выразнасьці. Калі б прадстаўнікамі прафесійнай мастацтвазнаўчай думкі гэтыя крытэрыі былі больш-менш абагульненыя, а вучоныя Акадэміі знайшлі б навукова абгрунтаваную лінію варыянтаў разьвіцьця мастацкай творчасьці, то гэта было б вельмі карысна для нацыянальнай жывапіснай школы ўвогуле.
На мой погляд, мастацкі эпатаж, выяўленьне асабістага “я” па прынцыпе: “Я так хачу, я так бачу!” — гэта замала для агульнай культуры. Нават з гісторыі педагогікі вядома, што першай была навука аб прыгажосьці і вытанчанасьці. Яна выкладалася і ў пачатковай школе, і ў вышэйшых навучальных установах, дзе ў моладзі фарміраваўся эстэтычны густ і свой погляд на мастацтва. Так, у гэтага працэсу быў і адваротны бок – прыхільнасьць да аднойчы вызначаных канонаў, але ў цэлым прыгажосьць у жыцьцё людзей уваходзіла са школьных заняткаў. Каб дасягнуць мэтаў выхаваньня, заўсёды выхоўвалася павага да высокай культуры мастацкага выяўленьня рэчаіснасьці.
Да таго ж, педагог сам павінен быць у цэнтры жыцьця краіны, сваімі творамі даваць прыклады творчага падыходу ў выяўленчым мастацтве, павінен быць лідэрам.
Думаю, і адміністрацыям навучальных мастацкіх установаў не пашкодзіць быць тэарэтычна падрыхтаванай у эстэтычным плане. А дзеля гэтага важна сустракацца з дзеячамі беларускай культуры і мастацтва, каб удакладняць розныя пункты гледжаньня, густавыя паняцьці адносна тых ці іншых зьяваў у мастацтве.
На жаль, такія падыходы да фарміраваньня творчай асобы ў нашым грамадстве ня вельмі сьпяшаюцца выкарыстоўваць. А трэба, каб ня толькі ў мастацкай акадэміі, але і ў ва ўсіх навучальных установах розных профіляў працавала праграма эстэтычнага выхаваньня. Бо трэба памятаць выраз французскага мысьляра і энцыклапедыста Д. Дзідро: “Тая краіна, дзе будуць вучыць маляваць, таксама як чытаць і пісаць, будзе самай культурнай у сьвеце”. І гэта сапраўды так: там, дзе вышэй мастацкая культура, вышэй і агульная культура народу, відавочнейшыя эканамічныя посьпехі…
– Якую ролю ў прапагандзе выяўленчага мастацтва могуць адыграць мастацкія галерэі, накшталт той, якую вы стварылі ў Менску па вуліцы Ракасоўскага?
– Мая галерэя маленькая. Там экспануецца ўсяго шэсьцьдзясят маіх палотнаў. Каля сарака пяці працаў я выстаўляю ў асобнай зале, а ў іншай зале экспануюцца творы пачынаючых мастакоў ці рана пайшоўшых з жыцьця жыва­пісцаў. У галерэю да нас завітваюць ня толькі жыхары раёну, але і аматары мастацтва з усяго Менску, іншых куткоў краіны, госьці Беларусі.
Каб зразумець карысьць гэтай галерэі, трэба пазнаёміцца з кнігай водгукаў, якая пастаянна папаўняецца ўсё новымі і новымі запісамі. У ёй можна прачытаць думкі прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, рабочых, навучэнцаў, студэнтаў, простых жыхароў раёну адносна дзейнасьці гэтага культурнага асяродку. Я рады, што галерэя прыносіць вялікую карысьць людзям, абуджае ў душах пачуцьцё эстэтычнага, пачуцьцё прыгажосьці.
Трэба рабіць, каб такіх мастацкіх асяродкаў было мінімум па адным на гарадскі раён. Па еўрапейскіх мерках нашая двухмільённая сталіца – вялікі горад, які мае свае адметныя рысы ў архітэктуры, свае пластычныя выяўленьні. І калі ў гэтым горадзе будуць памнажацца падобныя мастацкія галерэі, то ад гэтага выйграюць і людзі, і нашая сталіца.
– Вы шчыльна супрацоўнічаеце ня толькі з дзяржаўнымі мастацкімі музеямі, але і з прыватнымі зборамі. Напрыклад, з музеем выяўленчага мастацтва Анатоля Белага, што адчыніўся ў Старых Дарогах. Як у вас узьнік давер да прыватаных калекцыянераў? Ці ёсьць будучыня ў такога кшталту мастацкіх калекцыяў?
– Так, я знаёмы з той вялікай працай, якую вядзе Анатоль Яўхімавіч Белы па стварэньні першага ў краіне прыватнага мастацкага музею. Вядома, што ён разгарнуў сваю экспазіцыю ў горадзе Старыя Дарогі. Там прадстаўлены і мае творы. У гэтым музеі сканцэнтраваны намаганьні А. Белага сабраць усё цікавае, што тычыцца нацыянальнага мастацтва, гісторыі нашага народу, жыцьця і творчасьці вядомых беларусаў І гэтая ініцыятыва А. Белага можа саслужыць вельмі карысную службу дзеля пашырэньня культуры ня толькі жыхароў Старых Дарог, але і для ўсёй Беларусі. Музей у Старых Дарогах зьяўляецца прыцягальным ня толькі для наведвальнікаў, але і для мастакоў. Тут хацеў бы зьвярнуць увагу і на іншы бок дзейнасьці А. Белага. Многія жывапісцы, якія не ўвахо­дзяць у мастацкі афіцыёз, удзячныя, што ў старадарожскім музеі ладзяцца іх персанальныя выставы. Многае з забытага мастацкага скарбу краіны А.Белы сабраў і вярнуў беларусам, стварыў вельмі цікавыя эскапазіцыі. Так стала з палотнамі мастака Л. Пятрухны, якія вучыўся ў мяне. Ён рана пайшоў з жыцьця, а цяпер яго творы знаходзяцца ў музеі А. Белага, дзе сабраныя ў асобную экспазіцыю. І мы можам убачыць, які гэта быў цікавы мастак! Так і з многімі іншымі жывапісцамі, якія фізічна ня могуць прысутнічаць у сёньняшняй культурнай прасторы Беларусі, але ў старадарожскім музеі прадстаўленая іх творчасьць – алейныя палотны, малюнкі, скульптурныя працы. Гэта робіць гонар музею і таму, хто зьбірае ўсе гэтыя творы пад адным дахам, стварае інфармацыйныя картатэкі. Мне здаецца, што ўлады павінны падтрымліваць такія музеі, бо гэта неацэнны скарб нашага народу. Я і сам бываю ў музеі ў Старых Дарогах, адказваю на пытаньні яго наведвальнікаў, бо лічу, што яго экспазіцыі дапамагаюць фарміраваньню эстэтычнага пачуцьця ў людзей. Падчас адкрыцьця выставаў я заўважаў, наколькі застаюцца задаволенымі гэтымі мастацкімі падзеямі старадарожцы. Было б радасна, каб і жыхары іншых беларускіх гарадоў, мястэчак і нават вёсак таксама змаглі дакрануцца да прыгажосьці!
У свой час я наведваў з творчымі мэтамі Глыбокае. Які прыгожы край! Падумалася, што тут абавязкова павінен быць аналагічны мастацкі музей! Сама прырода краю гэта падказвае. Цікавы Віцебскі край, Браслаўшчына, ды і іншыя куткі нашай краіны… Некаторыя мастакі пакідаюць там свае палотны ў памяць пра сябе, але памятныя творы трэба сканцэнтраваць у адзіную экспазіцыю, каб людзі пабачылі сваю зямлю вачыма мастакоў.