12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Вольга Іпатава

_____________________
Знак Вялікага магістра.
Раман. (Заканчэньне)


Замак Гарадзенскі
Сьмерць у 1389 годзе Дзьмітрыя, князя маскоўскага, празванага Данскім, і ўкнязяваньне ягонага сына Васіля сталася для Вітаўта знакам, што рашучая хвіліна наступае. Маскавіты ня выступяць супраць княства, наадварот – Васіль здольны даць колькі зможа жолдакаў1 для змаганьня з Ягайлам, і баярства ня будзе супраць: ён зьвязаны заручынамі з Соф’яй і павінен дапамагчы свайму будучаму цесьцю. Магчыма, дасьць вояў-сеўрукоў2: яны добра б’юцца і не бягуць з поля бою. Вайна была непазьбежнай: Ягайла адказаў на ягоны братэрскі ліст чорнай справай – сьмерцю пасла, баярына Кучкі, а гэта лічыцца ганьбай ва ўсім сьвеце, так што і ў княстве такі ўчынак будзе выглядаць як аб’яўленьне вайны яму, Вітаўту. А гэта важна – ня ён учыняе звады, як гавораць пра тое ў Кароне. Нават родзіч Януш Мазавецкі, жанаты з сястрой Данутай, наўрад ці аспрэчыць яго права на помсту Ягайлу. Важна было і тое, што яго падганялі як князі Гальшанскія, так і іншыя незадаволеныя – браты Жыгімонт ды Войдат-Іван, Леў Друцкі ды мноства больш дробных баяраў, якія таксама былі незадаволеныя тым, што Ягайла пачынае скакаць пад дудку Кракава і парушыў пагадненьні аб самастойнасьці ВКЛ, прыслаўшы на вялікакняскі стол чужынца, які ня надта лічыўся нават з братам караля Скіргайлам.
Гатовыя дапамагчы яму і крыжакі. Вітаўт доўга абдумваў гэтую маг­чы­масьць.
Ён добра памятаў, як і ўсе іншыя ў Княстве, чым скончылася прызваньне Конрадам Мазавецкім крыжацкага ордэну дзеля барацьбы з прусамі. За гэты час ордэн прылучыў да сябе ня толькі землі прусаў, але і стаў пагражаць самой Польшчы і Конраду. Як крыважэрны цмок, што не задавальняецца нічым, працягваў расьці, падбіраючы пад сябе ўсё, што слабела хаця на нейкі момант.
Амаль шэсьць гадоў таму, у 1384 годзе, ён сам ужо заключаў дамову з ор­дэнам, пачынаючы сваё першае змаганьне за вялікакняскі стол. Тады ўмовай дапамогі яму была Жмудзь, якую саступаў крыжакам у вечнае карыстаньне. І тое, што пасьля пачало тварыцца на зямлі жмудзінаў, вытрываць ён ня мог: зьнішчаўся цэлы народ, вызваляючы жыцьцёвую прастору для інша­пляменьнікаў. Жмудзінаў чакаў лёс прусаў, якіх тэўтонцы вынішчылі амаль без астатку, зламаўшы хрыбет некалі магутнаму племені, якога гэтак баяліся палякі. Праўда, у Гародні, якою валодаў Вітаўт, прусаў моцна не любілі. Тут яшчэ жыла памяць аб тым, як амаль сто гадоў таму, у 1284 годзе, пры нападзе на горад магістра тэўтонцаў Конрада Тырнберга, яго войску адчынілі вароты два браты з племені прусаў, якія знайшлі ў горадзе абарону і прытулак ад заваёўнікаў. Ды ягоная, Вітаўтава, маці была жамойткай, і плата за крыжацкую дапамогу ў нейкі момант здалася яму празьмернай – ён ня вытрымаў.
Ён тады разарваў гэтую дамову, зьбег ад ордэну назад, у княства і папаліў шмат крыжацкіх замкаў.
У немцаў добрая памяць. Яны на тое не забыліся. Але сёньня ім патрэбны саюзьнік, каб аслабіць Польшчу. Яму ж трэба аслабіць Ягайлу, каб ён выпусьціў з рук лейцы, якія захліснулі княства і цягнуць яго растварыцца ў іншай дзяржаве. Вялікае Княства літоўскае стваралася крывёй бацькі Кейстута, дзядзькі Альгерда і дзеда, вялікага Гедзіміна, потам і высілкамі некалькіх пакаленьняў. І таму ён мусіць на нейкі час быць разам з адвечнымі ворагамі Бацькаўшчыны – каб па іх шчытах і панцырах узабрацца на вяршыню і скінуць з роднай зямлі чужыя путы…
У Мальбарк – Марыенбург паехаў дамаўляцца, разам з Марквардам Зальц­бахам, якога давялося з пашанай адпусьціць з палону, яго родны брат Войдат, у праваслаўі Іван, былы новагародскі князь.
На новае пагадненьне з немцамі было вырашана сабрацца ў прыналежнай яму Горадні, у замку Вітаўта. Ён асабліва настойваў на гэтым. Замак гэты, некалькі разоў разбураны і перабудаваны, усё яшчэ лічыўся адным з самых непрыступных цьвержаў Еўропы. Рыцары і Прускага, і Лівонскага ордэнаў раз за разам спрабавалі яго ўзяць прыступам, але маглі бурыць толькі прыгарады. Вітаўт быў яшчэ падлеткам, калі пад вясну 1364 году Гародню спрабавала браць войска графа фон Ханаў, якога суправаджалі сорак князёў. Было там і колькі ангельскіх рыцараў, якія ваявалі пад сьцягамі сьвятога Георгія, ды толькі пацярпелі няўдачу і яны, як і зусім нядаўні, усяго адзіннацаць гадоў таму назад паход ужо дзьвюх тысячаў рыцараў з Аўстрыі і іхніх сяброў з усяе Еўропы. Там у абароне разам з бацькам быў і ён, ужо амаль трыццацігадовы вой, якому Кейстут адкрываў таямніцы замку з яго падземнымі хадамі да Нёману, зробленымі яшчэ ў часы Давыда Гарадзенскага, на якога так хацеў быць падобным юны Вітаўт!
І для свайго ўладаньня ён зрабіў усё, што мог, для таго каб сэрца Гародні – яго замак – стаў яшчэ мацнейшым: вежа была надбудаваная, сьцены ўмацаваныя вялізнымі валунамі і цэглай.
Ва ўсе нялёгкія часы, асабліва калі быў у ад’езьдзе, варта было заплюшчыць вочы, як узгадвалася ўзвышша над Нёманам, у якое нібы ўгрызьліся чатыры вежы, сьценамі агарадзіўшы ўсю тую строму. Галоўная, прыўваходная – самая высокая, як старэйшая сястра, да яе прыгарнулася двухпавярховая будыніна з тоўстымі сьценамі – княскае жытло. Раніцай промні сонца падаюць проста ў вакно лажніцы, і далёка навокал, за Гарадзенам, бачная даліна, якая ўвесну дыхае маладой травой, а ў жніўні – сьпелым жытам, дзе сінія зьвівы бурлівай ракі здаюцца прыхаматлівай стужкай. Насупраць, на захадзе, за глыбокім абрывістым ровам, можна ўгледзець Каложскую царкву – яе гулкія галасьнікі адгукаюцца на самы ціхі шэпт. Калі ж глядзець з вежы ўніз, на Нёман, то здаецца часам, нібы ты ўзабраўся па лесьвіцы ў неба – такая вышыня ажно кружыць галаву… Ня дзіва, што ворагам, якія спрабуюць ускараскацца на гэтую галавакружную вы­шыню, даводзіцца нясоладка.
Таму замак быў ягонай апорай, напамінкам непрыяцелям альбо і сёньняшнім часовым сябрам: у яго заўсёды будуць сілы, каб адбіцца ад саюзьнікаў, калі яны ўздумаюць згуляць з ім у тую гульню, у якую гулялі з прусамі!
Вітаўт прыехаў у свой улюбёны замак загадзя, за тыдзень да абумоўленай даты сустрэчы з рыцарамі ордэну. Яна была прызначаная на студзень, дня 19-га. Цяпер, узімку, вятры ярасна шкуматалі княскія сьцяжкі на вежах, пад белым покрывам спала даліна і сьнегам быў прымецены закуты ў лядовы панцыр Нёман. Пад сьценамі сьнегу амаль не было, толькі там-сям тырчалі голыя сьцябліны быльнягу ды шэрыя пласьціны лёду выблісквалі пад скупымі промнямі нядоўгага сонца.
У княскіх пакоях было цёпла – слугі, нарэшце дачакаўшыся гаспадара, лёталі як пчолы ля вульля ў летні дзень. Усё было чыста вымыта, з гальнём вышараваная дубовая падлога жаўцела ў сьвятле дня і парыпвала пад нагамі, кафельныя печы зьзялі бельлю. Ды справаў усё роўна заставалася шмат: трэба было перагледзець дамовы ранейшага, 1384 году, разам з братамі прадумаць увесь рытуал сустрэчы – каго дзе пасадзіць пад час перамоваў і пад час вячэры, каго разьмясьціць у якіх пакоях — бліжэй і далей да княскай лажніцы, чым упрыгожыць парадную залу, як правесьці агульнае набажэнства. Упершыню ў гісторыі ордэну вялікі магістр прыязджаў у Гарадзенскі замак, і Вітаўт добра разумеў, якім рэхам адгукнецца гэты прыезд у Еўропе, у Рыме. Таму загадаў кашталяну замка ўважліва агледзець усе сьцены і самыя далёкія пакоі: каб не засталося дзе бажніцы ці выявы з ранейшымі паганскімі багамі Перуном, Сьвятавітам, Мокашшу ды – любімым матчыным – Мядзінам. Нават і з таго часу як Вітаўт прыняў хрост, ён ня надта выганяў са свайго жытла дарагіх яму з дзяцінства бостваў, але тут выпадак асаблівы. Пабачыць які-небудзь лядашчы рыцар дзе ў калідорнай нішы каменную выяву Рода – увесь заходні сьвет будзе казаць, што хрысьціянства князя несапраўднае, а значыць, будзе нагода для новых войнаў і нападаў.
Ужо на трэці дзень ягонага прыезду сталі прыбываць госьці, найперш з аддаленых замкаў: комтур Генрых Клей з Марыенвердэра, комтур Дытрых Крусцэ з крэпасьці Юрбарг у Жамойці са слугамі ды даволі нязначны рыцар з Кёнігсбурга Шомберг, які, на зьдзіўленьне, добра ведаў мову ліцьвіноў. Комтуры адразу ж пацікавіліся вывадкай коней і залай для фехтаваньня, а Шомберг пазнаёміўся з дзецьмі Вітаўта Іванам і Юрыем і стаў бавіць час у паходах па Гародні, аглядаючы, быццам з цікаўнасьці, вежы і брамы, а таксама і ўзбраеньне Вітаўтавай пяхоты.
Затым зьявіўся комтур Арнольд Бурглен, які адразу ж зачыніўся ў сваім пакоі ды патрабаваў прыносіць туды тры разы на дзень добрага гарадзенскага піва.
Пасланец вялікага магістра Цольнера брандэнбургскі комтур Марквард Зальц­бах прыехаў апошнім, амаль пад вечар 18 студзеня, у суправаджэньні Фамы Сурвілы – таксама даверанай асобы галавы ордэну.
Напачатку перад замкавай брамай прапароў марознае паветра сігнал рыцар­скай трубы, затым ударыў барабан. Гараджане, што беглі за рыцарамі ад самае гарадзенскае брамы, у адказ ледзь не заглушылі музыку крыкамі “люба, Вітаўт, люба!”, пахвалой свайму князю, нібыта пратэстуючы супраць гасьцей, але не асьмельваючыся выказаць пратэст уголас. Многія тут удзельнічалі ў бітвах су­праць тэўтонаў ці абараняліся ад іх у самым горадзе, таму, так і не дачакаўшыся вітальных крыкаў у свой адрас, атрад прагрукатаў па імгненна апушчаным мосьце дый апынуўся ўнутры двара, дзе іх сустракалі гаспадары.
— Вось, камрад, мы нарэшце ў гэтым замку, які, памятаеш, колькі разоў дарэмна штурмавалі звонку, – зьвярнуўся Фама Сурвіла да Маркварда.
— Што ж, галоўнае – ня сродак, а мэта. А мы тут, мы выратавальнікі Вітаўта, і гэта найбольш важна. Спадзяюся, ён некалі таксама стане нашым, як і іншыя на гэтай зямлі, — адказаў яму субяседнік, з задавальненьнем аглядаючы двор і вежы, з якіх глядзелі на іх ліцьвіны – былыя і, можа, будучыя ворагі.
…Ніколі ня бачыла, мабыць, з часу свайго існаваньня парадная зала Гара­дзенскага замку столькі важных асобаў ордэну. Правая палова залы была за­поўненая белымі плашчамі з крыжамі. Леваруч сядзелі сямейнікі Вітаўта: жонка Ганна Сьвятаслаўна, ягоная сястра Рынгала і дачка Соф’я, брат Жыгімонт з сы­намі, за імі сядзелі князі і баяры Вялікага Княства – Іван Гальшанскі, Юры Белзскі, князь Глеб Сьвятаславіч, Осьцік і іншыя, менш значныя асобы, якія падтрымлівалі Вітаўта альбо ў барацьбе за ягоную дзядзізну1, або пратэставалі супраць паглынаньня ВКЛ і праглі аднавіць яго сапраўдную незалежнасьць. Твары ў іх былі невясёлыя: усе разумелі небясьпеку дамовы з крыжакамі і спадзяваліся на тое, што княства ўсё ж зможа пасьля перамогі стаць мацнейшым за ордэн і ня даць яму праглынуць сябе.
Вітаўт, брат яго Войдат-Іван і Марквард Зальцбах як асноўныя дамоўцы сядзелі асобна, тварамі да прысутных, за імі сьцяганосцы трымалі харугвы – Вялікага княства Літоўскага, з вершнікам на кані – званым Пагоняй, а таксама сьцяг ордэна, дзе ярка вылучаўся чырвоны крыж на белым полі. Ля кожнага з іх месьціўся дзеяпісец2 з пергаментам і завостранымі пёрамі, слугі трымалі напагатоў чарніліцы і прылады для пісьма. І князь, і комтуры былі ў нечым падобныя: высокія, велічныя, спакойныя. Аднак спакой гэты быў вонкавы. Фама Сурвіла быў унутрана напружаны і маркотны, – яго тачыла хвароба, якую ён старанна хаваў і якая яшчэ сёлета магла яго зьвесьці са сьвету, – так сказаў яму ордэнскі лекар. Апроч таго, ён апасаўся нечаканай засады Ягайлавых прыхільнікаў калі ня зараз, падчас дамоваў, дык на зваротным шляху. Вітаўт жа пачуваў сябе прыніжаным, крэсла здавалася яму мулкім, разьбяныя поручні рэзалі локці: крыжакі хаця і зьвярталіся да яго як да будучага вялікага князя, аднак яму чулася ў іхніх словах і паводзінах скрытая пагроза. Яны відавочна не давяралі яму, памятаючы ранейшыя ўцёкі з ордэну і паленьне іхніх замкаў, і таму ён стараўся адгадаць, якія новыя ўмовы накінуць яму крыжакі за дапамогу. Ён спрабаваў выведаць гэта, калі дамаўляўся аб сустрэчы. Але вялікі магістр патлумачыў праз ганца, што ўмовы будуць тыя ж, што і раней, толькі з невялікім дадаткам. Цяпер князь думаў пра гэты “дадатак,”стараючыя ўгадаць: што? Што яны запатрабуюць зараз? Гародню? Крэва? Луцк? Кожнаму з гэтых княстваў – вялікая цана, але калі ведаць, што Ягайла можа пазбавіць цябе ў рэшце рэшт галавы, то цана ня здасца празьмернай. Так, на кон пастаўленае ўсё – жыцьцё, гонар, а галоўнае – само княства.
...І ў адно імгненьне ён убачыў перад вачыма мапу, яна пашырылася ў бяскон­цасьць, – і вось ужо плешчацца ярка-лазурытавае, усё як сьвяточнае, Понцкае, або Чорнае мора, ліжуць ягоныя боты белыя грабеньчыкі хваляў. Ён зусім хлопчык, але дзядзька Альгерд узяў з сабой у паход у адказ на адчайныя просьбы, і ён трымаў падчас бою харугву, а шалёная сеча кіпела непадалёк як чорны віхор, амаль кранаючыся яго. А пасьля – перамога! Звоняць званы ў Кіеве, калі яны пад зьверхніцтвам Альгерда вяртаюцца з Сініх Водаў, пераламіўшы там хрыбет татарскай навале, і стэп, па якому едуць у Вільню, калышацца кавылём, а сёдлы на прыпынках пахнуць конскім потам і чамусьці палыном. А пасьля загудзелі пад несьціханым ветрам пясчаныя гурбы ля іншага мора, халаднавата-зялёнага Балтыйскага. Вось яно, гаспадарства – ад мора да мора, з храмамі, званіцамі, з селішчамі і вялікімі месцамі, – і гэта ўсё адзіная дзяржава, вялікая і родная!
І яшчэ паўстала перад ягонымі вачамі: маці і ён пад пракаветным дубам у сьвяшчэнным дубовым гаі пад Трокамі. За вогненным колам, якім абкружылі сьвітальную паляну з дубам, хаваюцца воі. Яны ня бачаць і тым болей ня чуюць таго, што робіцца і аб чым гаворыцца тут, на паляне, дзе маці стаіць у белай-белай кашулі з распушчанымі валасамі і босая. Яна, нягледзячы на сталыя гады, усё яшчэ асьляпляльна-прыгожая, і толькі прыгледзеўшыся, можна ўбачыць, што валасы яе ня белыя, а сярэбраныя – у іх ужо навечна ўплялася сівізна, і што пад вялізнымі сінімі вачыма – дробныя зморшчынкі, як быцца нехта паклаў на ейны прыўкрасны твар тоненькую сярэбраную сетку.
Яны абое абдымаюць дуб. Але і яе, і ягоныя рукі ахопліваюць толькі невялікую частку агромністага камля.
— Слухай, мой сын, слухай уважліва, і ты пачуеш голас будучыні, — ціха ка­жа маці.
Ён слухае з усіх сілаў, ды чуе толькі пошум ветру ў вялізнай кроне, патрэск­ваньне гальля ў кастрышчах ды пошум крыві ў скронях. А яна, па чыім твары сьлізгацяць чырвоныя водсьветы вогнішчаў, раптам уся напінаецца, як гнуткая сьцябліна пад ветрам, і пачынае лёгка гайдацца з боку ў бок, нібы па ёй цячэ нейкі магутны струмень. Вочы ў яе заплюшчаныя, твар адкінуты назад. І яму сапраўды здаецца, што пошум ветру ў кроне стаў рытмічным, як быццам нехта б’е ў вялізны бубен там, наверсе, куды не сягае нават позірк. І раптоўна на небе зьяўляецца тоненькая ружовая палоска, і адразу сьціхае шум.
— Дзякуй табе, Аўшра, ты адгукнулася на мае просьбы… — шэпча маці, і вя­лізныя вочы яе павольна расплюшчваюцца і спачатку няўцямна, а потым радасна глядзяць на яго.
— У старадаўніх курганах прарастаюць парасткі заўтрашніх змаганьняў, і ма­ланка джгае ў вастрыі дзідаў, якія ніколі не заржавеюць, — кажа яна незразуме­лыя словы. — Твая дзіда не заржавее ў стагоддзях, вялікі князь Вітаўт…
І ён, баючыся верыць яе словам і адначасна ўсмоктваючы іх, нібы мёд, з па­лёгкай уздыхае.
— Дык я буду вялікім князем? Дык княства не праглынуць?
Ён баіцца верыць ейным словам таму, што яна даўно ўжо не вайдэлотка. Яна – былая жрыца. Але ж некалі яна прадракла свайму мужу страшную сьмерць за тое, што выкраў яе ад сьвяшчэннага агню і зрабіў сваёй жонкай. Яна пакахала бацьку, ды не змагла ўберагчы яго ад гневу багоў. Тое наканаваньне зьдзейсьнілася, дык чаму ня зьдзейсьніцца гэтаму?!
О, мілая, дарагая матуля, ты дала мне сілы на змаганьне, на ўсё, што паўстане на шляху!
“Я веру ў твае словы!” – ён ледзь не прамовіў гэта ўслых.
Але імгненьне – і Вітаўт вярнуўся ў залу, дзе ўсё зараз і вырашаецца: ці быць княству вольным гаспадарствам, ці зможа ён утрымаць яго.
Калі атрымае яго сам.
...Дамову 1384 году Вітаўта з крыжакамі многія тут ведалі ледзь не на памяць. Яна была напісаная і замацаваная пячаткай князя Льва Друцкага — гербам Пагоня, і цяпер яе ізноў вырашылі ўзяць за аснову і сёньняшняй, новай, дамовы. Таму, калі Зальцбах загадаў чытаць яе наноў, па шэрагах прысутных пранёсься лёгкі шэлест. Княгіня Ганна ўпілася вачыма ў пасланца вялікага магістра, не заўважаючы, што нярвова камечыць крысо пурпуровай сукні. Князёўна Рынгала – невысокая, як брат, з тонкім прыгожым тварам і празрыстым “караблікам “ на попельна-русых валасах, зьлёгку павярнула галаву да Соф’і, а тая адказала ёй трывожным позіркам. Дачка Вітаўта ведала, як адрэагаваў кароль Ягайла на ейныя заручыны з княжычам Масковіі Васілём, трывожылася і за лёс сям’і, і за свой лёс таксама. Бязьлітаснасьць вуя Ягайлы, як і крыжакоў, была добра вядомая ўсім, таму ейнае сэрца прадчувала нядобрае.
Аднак калі клікун стаў зачытваць тэкст, у зале запанавала поўная цішыня, адно тканыя габелены на сьценах зьёгку пагойдваліся ад павеваў зусім ашалелага ў гэты дзень ветру з Нёмана, які, нягледзячы на добра зашчыльненыя аканіцы, усё-ткі прабіраўся ў залу.
— А цяпер, — гучны голас Зальцбаха прагучаў так, нібыта гэта вяшчалі самі Судзяніцы, — хай зачытае клікун дадатак да нашай ранейшай дамоўленасьці.
Вітаўт не варухнуўся, і толькі княгіня Ганна заўважыла, як тарганулася блакітная жылка на скроні мужа якраз пад пасівелай пасмай валасоў – пакуль што адзінай у цёмнарусай капе на ягонай галаве.
Па меры чытаньня ў зале зноў уздымаўся шум – цяпер абурэньня. З дадатку да дамовы вынікала: Вітаўт павінен аддаць крыжакам у заложнікі сваякоў і блізкіх людзей, і жыць яны будуць па розных замках, каб пазьбегнуць змовы між імі: княгіня Ганна, Соф’я і Рынгала мусяць ехаць у Крэмітэнцінскі замак, сыны, Юры і Іван – у Кёнігсберг, Іван Гальшанскі і Юры Бельскі – у Маругенскі, а Глеб Сьвятаславіч – у Мальбарскі замкі. Вітаўт жа, які спачатку пажыве ў Мальбарку, мусіць зьехаць у Бартэнштэйн на няпэўны тэрмін: ажно да сьпецыяльнага паклі­каньня ў паход на Ягайлу. Утрыманьне ўсюды будзе адпаведным высокаму становішчу гасьцей, – тут клікун зрабіў паўзу, каб прысутныя ацанілі далікатнасьць фармулёўкі, – і ордэн спадзяецца, што наракаць ім на якія-небудзь нязручнасьці ня прыдзецца.
Шум у зале ўзрос. Першым ня вытрымаў Іван Гальшанскі. Рослы, мажны вяльможа ў сінім люнскім жупане, з гладка прычасанымі густымі валасамі і арліным носам, як узгарэўся:
— Яны што, даўно нашых дзідаў не каштавалі?!
За ім узьняўся Юры Бельскі:
— І мячоў таксама!
Ускочылі і крыжакі. У гэтай зале не было зброі, але ля дзьвярэй звонку іх чакалі слугі, і той-сёй ужо гатовы быў іх клікнуць.
Шум перарэзаў і як абарваў гук трубы. А ўсьлед за ім па зале разьлёгся магутны рык, які мог сыходзіць хіба ад раззлаванага льва, але не чалавека. І тым ня менш гэта быў ён – славуты рык Вітаўта, які перакрываў шум бітвы і разьлягаўся па прасторах ад Понцкага да Балтыйкага мораў, здабываючы яго ўладальніку славу бясстрашнага воя, які ўмее трымаць у сваіх руках любую сітуацыю.
І адразу цеснай стала прастора вялікай гарадзенскай залы, што ўмяшчала колькі сотняў людзей, і ўсе прысутныя застылі, быццам іх хапіў паляруш.
— Сядзьце!
— У гэтым чалавеку ёсьць нешта магічнае, — шапнуў Арнольд Бурглен свайму суседу, калі ў зале зноў усталявалася цішыня.
— Ня дзіва, яго ж маці вядомая чараўніца, — таксама шэптам адказаў яму крыжак. Вітаўт не варухнуў нават брывом – але па ружовых плямах, якія папаўзьлі па шчоках, можна было зразумець, што ён пачуў тыя словы.
Шомберг, які пачуў іхні шэпт, утаропіўся ў Вітаўта, спрабуючы разгледзець у ім нешта асаблівае, але тут жа перавёў вочы на пасланца вялікага магістра. За ім ён як наяве ўбачыў жоўта-бледны, з ліхаманкавым позіркам выцьвілых вачэй твар самога Цольнера. Чалавек той здаваўся яму самым значным, самым вялікім чалавекам у сьвеце, вышэй нават самога папы рымскага, бо на яго грудзях вісеў на залатым масіўным ланцугу ён – знак вялікага магістра, знак улады і сілы, перад якім трапеча сёньня ня толькі хрысьціянскі сьвет, але найперш язычнікі і сарацыны.
О, каб даў яму Усявышні некалі павесіць на сваю шыю гэты знак магутнасьці і сілы – ён, здаецца, у той жа момант памёр бы ад шчасьця і ўзрушэньня! Але для сябе ён загадаў бы трохі перамяніць гэты знак, – у цэнтры, там, дзе кругам зьзяюць колькі маленькіх смарагдаў, ён загадаў бы прымацаваць вялікі цёмна-васільковы сапфір, які, здаецца, зьзяе сваім загадкавым сьвятлом нават у цемры. Вось гэткі камень больш пасаваў бы вялікаму магістру.
Ён узгадаў захоплены імі ў лесе пад Лідай скарб, – і тут жа ўвага яго зноў пераключылася на тое, што адбывалася ў зале.
Вітаўт стаяў. Яго постаць, здавалася, заняла сабой усю вялікую прастору залы, і людзі ў ёй як паменшыліся.
— Калі наш брат вялікі магістр ордэну так лічыць, значыць, мы павінны ісьці яму насустрач, — казаў ён. — Мы пераможам Ягайлу і сустрэнемся ўсе разам там, у нашай дарагой сталіцы, у Вільні. А тут, у Гародні, мы наладзім баль – самы вялікі баль у сьвеце, калі Бацькаўшчына наша стане свабоднаю і калі яна пачне нарэшце жыць у атачэньні добрых суседзяў, а ня ворагаў!
“Лепш адзін мёртвы крыжак, чым сотня такіх жывых “сяброў”! — шапатнуў баярын Рокут, які цьвёрда ведаў адно – за Вітаўтам ён пойдзе і ў агонь, і ў крыжацкую цьвержу. І ён ухвальна крыкнуў:
— Згода, князь... вялікі князь Вітаўт!
Настрой у зале зьмяніўся. Ліцвіны прыціхлі, паспакайнелі і крыжакі.
— Таму — хай прагучыць тут наш старадаўні кліч!
— Літва і Пярун! – грымнула палова залы.
— І мы, камрады, адкажам нашым клічам! – устаў Марквард Зальцбах, і адразу ж другая палова залы выгукнула, як адзін:
— Got mit uns! З намі Бог!
…— А ўсё-ткі яны язычнікі, — разважаў чырвоны і распацешаны смачнай вячэрай Шомберг у час вячэры, калі моцныя напоі звалілі не аднаго госьця на лаву ля багата ўстаўленага стала. – Хрысту моляцца, а Перуна ўзгадваюць. Не, не хрысьціяне яны… Бог будзе з намі!

У Віленскай цямніцы
Зімовая вільгаць тачылася са сьценаў, таму на камянях заўсёды былі кропелькі вады, якія выблісквалі пры далёкім сьвятле смаляка, як каштоўныя камяні. Смаляк гарэў пры ўваходзе ў падзямельле, там жа была і варта, якая дзень і ноч забаўлялася картамі – гульню тую прывезьлі ў Вільню немцы, узяўшы яе, у сваю чаргу, пад час паходаў у Сьвятую Зямлю ў сарацынаў.
Даніла, нягледзячы на цяжкія раны, утрымліваўся ў лепшым стане, чым іншыя злачынцы, што гадамі сядзелі, страчвалі розум і паміралі ў падзямельлі. Сам Сухта заступаўся за яго і ўгаворваў вялікакняжага камісара Дыхту, што ладзіў суды і дазнаньні, апраўдаць хлопца і адпусьціць яго. Але ня мог зрабіць таго віленскі камісар: патрэбнае было вялікае, да самых драбніцаў дакладнае дазнаньне, бо справа тычылася многіх каштоўнасьцяў, а забралі іх не ў каго-небудзь, а ў сястры караля. Апроч таго, калі па загаду караля быў звольнены віленскі стараста Андрэй Гаштольд, а на яго месца прыехаў з Польшчы Клемент Маскажэўскі, той, апроч усяго іншага, адразу ж замяніў большасьць гарнізонных вояў на палякаў. Суровы і загадзя настроены супраць непакорных ліцьвіноў, ён даклаў каралю, што лотрам ды злачынцам у Вільні жывецца занадта лёгка, і Дыхта доўга апраўдваўся ды даводзіў новаму прызначэнцу, што законы ў гаспадарстве шануюцца дый выконваюцца як мае быць. Раззлаваны несправядлівасьцю абвінавачваньняў, камісар стараўся ўнікнуць у кожную справу сам і, калі бачыў недастатковасьць улікаў, зьмякчаў прысуды. Яго падтрымліваў і памочнік кашталяна замкавага Юры Осьцік, які абураўся засільлем чужынцаў у Княстве. Харобры вой, які яшчэ ў раньнім юнацт­ве хадзіў з Альгердам на Масковію, за апошнія гады відавочна набіраў моц аўта­рытэту. Праваслаўныя Вільні не асуджалі Осьціка нават тады, калі ён усьлед за каралём і многімі віленскімі вяльможамі памяняў веру і прыняў каталіцтва, бо ён шмат дапамагаў невінаватым, не зважаючы, хто якой быў веры ці заставаўся язычнікам. Ды што было асабліва ўшчуваць вышэйшую знаць гаспадарства, калі і па ўсходнім абрадзе хрысьцілі яе ня так і даўно! Многія знатныя баяры ў душы заставаліся язычнікамі і тварылі трэбы і службы ня толькі новаму богу, але не забываліся і на старых.
Здаецца, кароль павінен бы быць удзячным свайму равесьніку Осьціку за тое, што ён, як і іншыя маладыя вяльможы, падтрымаў свайго гаспадара ў пярохрысьце знатных людзей і простага люду Вільні, але не – кароль выказваўся аб ім стрымана і з неахвотай. Прычынай жа няміласьці караля Ягайлы да Осьціка было тое, што той часта езьдзіў да Вітаўта. Разам яны палявалі на дзічыну, разам любілі сядзець на бяседах. А за Осьцікам стаялі і магутныя Гальшанскія – сам бацька Іван ды тры сыны, ды два пляменьнікі, ды князь Карачаўскі, які быў аб’яўлены жаніхом пакуль яшчэ малалетняй сястрыцы іхняе Ульляны1. А яшчэ браты і пляменьнікі Вітаўта, ды Леў Друцкі з яго княствам, ды княствы Гарадзенскае, Крэўскае і Полацкае!
І таму Маскажэўскі, ведаючы ўсё гэта, стараўся не чапаць высакародных ліцьвіноў.
Гэта было пакуль што небясьпечна. Пакуль што. Пакуль ня знойдуць дастаткова прычынаў, па якіх люду паспалітаму будзе даведзена, якія злачынствы творыць Вітаўт у гаспадарстве і хто яго падтрымлівае.
Вось чаму, хаця вялікакняскі камісар добра ведаў, што выцягваньне языка ды прыпяканьне распаленым жалезьзем хутка могуць прымусіць загаварыць упартага лідчука, ён не зьбіраўся гэтага загадваць. Хлопец жа на ўсіх папярэдніх допытах цьвердзіў толькі адно: іх абрабавалі крыжакі, людзей Вітаўта там не было. Аднак якраз у гэты час кароль Ягайла стараўся завязаць з крыжакамі асабліва даверлівыя адносіны, каб яны ня сталі падтрымліваць Вітаўта, і праўда была б занадта непатрэбнай зараз...
Усё гэта і спрычынілася да таго, што кат, які чуйна лавіў усе павевы сваіх непасрэдных начальнікаў, адпіраўся ад допытаў і казаў, што параненаму яшчэ трэба акрыяць хоць трохі. “Калі ж міласьцівы пан камісар загадае, то я вазьмуся за справу, – казаў ён, — толькі сьмерць яго каб на мяне не перакульвалася, бо я ведаю моц кожнага і папярэджваю, што хлопец вісіць на нітачцы.”
Адчуваючы ўсё гэта, і варта падкідала Данілу куды болей паранай рэпы, чым іншым, а то і забаўлялася, спрабуючы дакінуць да ягонай каморкі не да канца абглыданую костку з кавалачкам мяса пад час сваёй вячэры. Нават нейчы ледзь не да дзірак зношаны жупан на лісіных выйках быў яму кінуты, каб не зусім замёрз нябога. І праўда – жупан добра саграваў, асабліва па начах, калі Зюзя пачаў пастукваць ледзяной паліцай па сьценах замка, а зьняволеныя маліліся Лядашчыку, каб хутчэй забраў да сябе іхнія скарчанелыя душы.
Сьцяўшыся ў камяк, Даніла днямі сядзеў на саломе, нагробшы яе на ногі, і думаў пра сваё жыцьцё і пра ўсё, што з ім сталася. Узгадваў, як галасіла і адначасна радавалася маці, калі яго з Любчы прывезьлі ў замак. Радавалася таму, што ён жывы, а галасіла таму, што баялася за ягонае жыцьцё, прадчуваючы нядобрае. Яна спрабавала кінуцца ў ногі княгіні Марыі, просячы заступіцца за Данілу, маўляў, тут нейкая страшная абмыла1, ня мог яе сын згаварыцца з крыжакамі, ды тая толькі грэбліва папіхнула яе нагой ды абышла, як згнілы куль саломы.
Часта ўзгадваў Офку і размовы пра яе. Нейк адарыла яго пакаёўка плёткай, што, пазайздросьціўшы прыгажосьці пані, сястра нябожчыка-гаспадара некалі заплаціла зялейніцы, каб тая “заключыла жывот”2 у новай гаспадыні і тая не змагла нарадзіць дзіця. Рабіла ўсё жанчына дзеля пляменьніцы. Маўляў, спадчыньніца ў ейнага брата адна – Сьвеціца, і іншых быць не павінна. Вось з-за гэтага і цяпер, праз гады пасьля сьмерці і гаспадара, і ягонай сястры ахвотнікі-пчолы на такую кветачку ёсьць, але вось што да шлюбу, то баяцца мясцовыя паны яе бязьдзетнасьці. Ды і грошай ёй у выпадку новага шлюбу ня бачыць...
Як узгадваў яе, то ўжо, здаецца, і шкадаваць пачынаў Даніла гэтую гарачлівую, няўрымсьлівую жанчыну, забываўся, што гэта ж менавіта па ейнаму загаду спрабаваў забіць яго ды сьпіхнуць у вір гайдук Бель. Праўда, жорстка паплаціўся той гайдук за тое, што быў верным служкам сваёй гаспадыні. У хвіліну, калі ляжалі яны побач, ачуняў і пасьпеў папрасіць у паўмёртвага Данілы дараваньня...
Але і пра Офку, і пра Беля палоньнік узгадваў толькі тады, калі думаў пра Любчу.
Найперш жа, вядома, узгадваў ён Сьвеціцу.
Яго моцна ўразіла, што яна не пабаялася ані дзядзькі, ані мачыхі дый адважна кінулася ўсьлед за Белем, каб адпомсьціць за яго, Данілу, тымчасам як ён ляжаў без прытомнасьці. Ягонае захапленьне дзяўчынаю стала бязьмежным, ейнае аблічча стаяла і стаяла ўваччу і днём, і ўначы. Ды столькі ж, колькі прыцягненьня дый пяшчоты, было ў ягоных разважаньнях горычы.
Нават калі ўдасца яму выжыць і выбрацца адсюль, хіба патрэбны такой дзяўчыне няўдаліца, якога двойчы забівалі ды не дабілі, затое зьнявечылі? І ён бясконца кранаў шнар на сваёй шчацэ, нібы спадзеючыся, што гэты шнар сам сабой зьнікне, растворыцца, як лёд растае пад ласкавай рукой багіні каханьня Лялі.
Але шнар не раствараўся – наадварот, ён ніяк не зажываў, гнаіўся, апроч таго, пранізьліва балела рана ў грудзях. Адзін з вартаўнікоў, Сыч, што відавочна спачуваў палоньніку, колькі разоў прыносіў яму асінавыя почкі, расьцертыя з алеем, а таксама настой гарыцьвету, каб ня сталася запаленьня лёгкіх, але сырасьць і холад запавольвалі выздараўленьне. Можа, яно было і да лепшага, на што намякаў яму Сыч (маўляў, цябе з-за гэтага і не катуюць), але пакуты здаваліся часам невыноснымі, узьнікала спакуса самому сьцяць сябе горлам, нарабіўшы жгутоў з кашулі.
Усё ж нешта яшчэ трымала на сьвеце – можа, спадзяваньне яшчэ раз, да налецьця3 зазірнуць у вочы Сьвеціцы. Вось калі там прачытае ён не каханьне, а шкадаваньне ці агіду – тады сапраўды ня варта жыць. І собіла ж яму ў тую апошнюю сустрэчу з ёю маўчаць, як вады ў рот набраўшы! Праўда, ён амаль увесь час траціў прытомнасьць, дый калі яна нахілілася над ім і дапамагла пакласьці на калёсы, ён знарок заплюшчыў вочы, таму што не хацеў, каб запомніўся ёй гэткім – бездапаможным і зьнявечаным!
Тым часам вартаўнікі сталі загаворваць пра тое, што Вітаўт нібыта падаўся да крыжакоў. Казалі, у Кракаве закатавалі ягонага пасланца баярына Кучку, таму князь цяпер там, у Прусах, і нібыта зьбіраецца разам з крыжакамі браць Вільню.
Даніла прагна прыслухоўваўся да іхніх гаворак. Вітаўт, супраць якога яго прымушалі сьведчыць, рабіўся яму нечакана блізкім. Ён таксама не цярпеў няпраўды, не хацеў дараваць каралю забойства бацькі і быў храбрым і знаходлівым рыцарам. Нездарма ж пра яго сьпявалі балады ў Лідзе (праўда, апошнім часам азіраючыся, каб не пачула княгіня Марыя). Сьпявалі пра яго і гудзелі на гудках таксама і тут, у Вільні. Ён гэта ведаў, бо варта казала, што некалькі такіх музыкаў пахапалі і пакаралі за тыя сьпевы.
Ішлі дні, і Даніла паступова стаў аджываць. Разам з тым рос і страх: набліжаліся катаваньні. Ды аднойчы кат мовіў яму са сьмехам:
— Табе шанцуе, Лельчык! Бібікі б’еш тут на княскім корме!
Данілу балюча ўкалола мянушка, якую яму далі яшчэ ў Лідзе. Цяпер яна гу­­чала насьмешкай.
— Чым жа мне так шанцуе?
— Нікому ты ўжо, яно, гэта… не патрэбны.
— Як гэта?
— З Вітаўтам пачалася вайна, што ўжо тут, яно, гэта… твае прызнаньні?
— Вайна? — Сэрца ў Данілы тахнула надзеяй.
— Лічы што вайна. Вітаўт з крыжакамі, яно, гэта… аднавіў пагадненьне і прастуе на Вільню.
— На Вільню?!
— А куды ж яшчэ? Не на Кракаў жа.
— А што са мной будзе?
— Што, што… Осьціка зараз у замку няма, яно... гэта, Сухта думае, што ж з табой рабіць?
— Выпусьціце мяне! Я тут адно гнію! І справу не рашаюць. Як кажуць, ні сьцяты, ні павешаны!
— Ты што думаеш – пабыў, пабыў тут, яно… гэта… ды ідзі сабе прэч? Не, галубок. І не ў маіх гэта сілах. Мне што загадаюць – тое і раблю, яно, гэта... А загаду на цябе не было. Ніякага.
Кат – шырокі ў касьці, падобны да перакрыўленага карча, узвышаўся над Данілам, які з мальбой глядзеў на яго зьнізу ўверх, седзячы на спарахнелай саломе, — і насалоджваўся гэтымі хвілінамі сваёй улады. Вось зараз скруціць гэтаму кураняці шыю – і ніхто не папракне, бо можна сказаць: вязень уцякаў, супраціўляўся… Але відавочная разгубленасьць і даверлівасьць хлопца да яго, якога ўсе толькі баяліся і ненавідзелі, дзіўным чынам кранала яго калматае сэрца. Ды і Осьцік, яго патрон, відавочна чакае прыходу Вітаўта, можа, заступіцца, калі што якое…
— Я тут… варце скажу яшчэ раз, каб яны, гэта… не краналі, калі які загад будзе, каб зьняволеных, ну значыцца… забівалі... Вайна ж!
Ён разгарачыўся, махнуў рукой, круглыя, як гузікі, вочы вырачыліся, глядзелі скрозь Данілу, і той уздрыгнуў усім целам, нібы разам з катам пабачыў тое пекла, у якім будуць курчыцца і паміраць у страшных пакутах ахвяры гэтага падзямельля…
Наступны тыдзень прайшоў для Данілы як у сьне. Ён увесь час прыкідваў, за колькі часу Вітаўт з войскам дойдзе да Вільні і ці дажыве ён, Даніла, да таго часу, калі нападоўцы возьмуць горад. Тады, несумненна, многіх вязьняў выпусьцяць, асабліва ж тых, каго, як яго, пасадзілі за нібыта спачуваньне і садзейнічаньне апальнаму князю.
У замку тым часам усё жыло чаканьнем аблогі. Было чутно, як наверсе варочаюцца агромністыя глыбы, як устанаўліваюць наверсе гарматы і бясконца грукае зброя — дзіды, мячы, кінжалы, а таксама бразгацяць металічныя пласьцінкі і колцы на пехцерах — панцырах. Відаць, у замак прыехалі жолдакі – наёмныя жаўнеры, можа, з той жа Нямеччыны. Смуродзіла жупелам – смалой, якую, мабыць, выпрабоўвалі для таго, каб пасьля ліць яе, распаленую, на нападнікаў. Варта заклапочана перакідвалася словамі, з якіх Даніла мог вызначыць для сябе тое, што азмрочвала яго напружанае чаканьне: замак быў умацаваны і падрыхтаваны для аблогі з першых жа месяцаў прыезду сюды Маскажэўскага. Аднак у крыжакаў, як гаварылі між сабой ахоўнікі, ёсьць куды больш дасканалая зброя: іхнія гарматы нібыта бюць ужо ня толькі каменнымі ядрамі, але і ўжываюць порах. Адзін з вартаўнікоў, вялікі аматар зброі, жанаты на дачцы ганзейскага купца, пералічваў тое, што ёсьць у крыжакоў – гуфніцы, марціры і бамбарды, і са смакам дзяліўся ўражаньнямі цесьця, які бачыў тыя гарматы ў дзеяньні.
Кожны дзень чакаючы сьмерці, Даніла неяк няўзнак для сябе супакоіўся. Двойчы ўжо працягвала да яго рукі страшная багіня сьмерці Мара-Марэна, выпрабоўваючы мячом і нёманскімі вірамі, а ён жыве. Насуперак усяму сустракае кожны дзень, ловіць слабы праменьчык сонца на прыступках лесьвіцы, калі варта адчыняе дзьверы і калі на двары поўдзень, удыхае слабы пах прымаразку і прэлага лісьця на ботах вартаўнікоў. Слых і пачуцьці яго абвастрыліся, ён чуў, як бесклапотна сварацца між сабой вераб’і і цяжка ўскрыкваюць, пралятаючы над замкам, гайвораны-крумкачы, як шуміць на перакаце Вяльля ўнізе, пад са­мым замкам, як плёхкаецца, гонячыся за здабычай, цяжкая рыбіна і рыбакі, перагукваючыся, цягнуць па вадзе венцер. Як жа любіў ён разам з бацькам, калі той атрымліваў дазвол з замка, перагарадзіць езам1 ці закінуць сетку ў чысьцюткую, імклівую Лідзянку і пасьля выбіраць з кошыкаў ці сетак тоўстых лянівых самоў, вёрткіх акунёў ды зялёных драпежных шчупакоў, радуючыся, што зараз прынясуць усё гэтае багацьце ў хату і маці наварыць смачнай юшкі! А як хораша сьпявалі над Лідзянкай пад час Купальля дзяўчаты, і шугалі ў неба іскры, а сёстры высака скакалі праз вогнішча ды падбіралі падалы пярэстых саматканых андаракаў, так што бачныя былі іх крэпкія пругкія лыткі! Маці дазваляла ім шукаць разам з дарослымі разрыў-траву, якая разрывае ўсе замкі ды запоры, толькі ніхто з іх яе не знайшоў. Шкада, бо яна, тая разрыў-трава, прыдалася б зараз: тады б упалі замкі ды адчыніліся дзьверы, каб ён змог выйсьці на волю… І ён выйдзе – у гэта верыў ён усёй душой, бо іначай сапраўды трэба было б парваць кашулю дый зрабіць са жгутоў пятлю.
Ён павінен выжыць і знайсьці таго, хто забіў бацьку, хто цэліў у яго, каб адабраць тое, што яму не належыць, хто забіваў дзеля таго, каб агоўтаць шыю цяжкім залатым ланцугом і любоўна гладзіць казачна прыгожы сіні, як бяскрайні нябесны купал, камень, нібы заціскаючы ў сваіх прагных пальцах само Неба…

Вайна
“Вітаўт адваяваў і вярнуў сабе Трокі!” — гэтую вестку прынёс у Вавель ушчэнт змучаны хуткасьцю і гразкай дарогай ганец пад самы вечар. Віхураю праляцеў ён па прадмесьці Кракава, палохаючы гараджанаў, нечувана хутка быў упушчаны ў замак, і ўжо раніцай па ўсіх рынках сталіцы распаўзьліся трывожныя прадчуваньні і прагнозы.
Усю ноч ня мог заснуць Ягайла, узважваючы ўсе акалічнасьці гэтае навіны. Упершыню пасьля таго, як быў запрошаны на польскі сталец, ён адчуваў сапраўдную пагрозу, з якою мусіў неадкладна спраўляцца.
Польшча перажывала ня лепшыя часы. Страшнай пагрозай насоўвалася на яе крыжацкая моц – бязьлітасная і непераможная, падобная да рыцарскага кулака ў сталёвай пальчатцы, што можа адным ударам ушчэнт разьбіць парцалянавы кубак, з якога гэтая краіна піла неацэнны напой свабоды і ўласнай дзяржаўнасьці, па кроплі зьбіраючы яго. Цяпер, на гэты час, у краіны ўжо адабраная Сілезія, Памор’е, у яе адрэзаны шлях да Балтыкі, а крыжацкі кулак усё мацнее. Вялікае княства Літоўскае цяпер ёй ня вораг – унія зьвязала абодва гаспадарствы. Але крыжакі ўсё роўна страшныя, і таму трэба супрацьстаяць ім любой цаной — каб жа толькі была да гэтага агульная воля.
Ды ўнутры краіны панавала не сабраная ў адно воля, а ўсяго толькі крохкая згода паміж асобнымі групоўкамі.
Дзяўчынка – каралева згадзілася прывесьці на трон не чужацкага гэтай славянскай краіне аўстрыяка, але свайго, славяніна, да таго ж уладара велізарнай, ад Чорнага да Балтыйскага мора краіны. Праўда, пад ягоную ўладу таксама, як і ў самой Польшчы, падкопваліся і іншыя прэтэндэнты, можа, больш годныя, ды, цьвердзіў сабе Ягайла, у іх не было асьвечанага бацькоўскай воляй стальца. Дзедзічнае, дзядзіна прызнавалася ўсімі краінамі, і таму нежанаты, законны спадкаемца стальца ВКЛ быў, магчыма, найлепшай кандыдатурай, якую яны маглі прыдбаць сярод жаніхоў. Ды зараз ён спрабаваў паглядзець на сябе вачыма польскіх паноў. І з думак гэтых вынікала наступнае: цяпер, пасьля таго як так узмацніўся і пайшоў у наступ Вітаўт, — ці зможа Ягайла ўтрымаць само Княства і па-сапраўднаму злучыць яго з Каронай? Ці яны займеюць у рэшце рэшт няўдачніка? Што, калі пасад у Вільні зойме Вітаўт, ці Андрэй Полацкі, ці Сьвідрыгайла, ці любы з тых, хто гатовы змагацца за сталец і перамагчы? Але тады – нашто ім Ягайла?!
Аб гэтым гаманілі на кракаўскіх вуліцах, аб гэтым сапраўды думалі высокія мужы Кароны і таго ж баяўся сам Ягайла.
Выгнаны з Трокаў Скіргайла вось-вось прыедзе сюды, да брата, каб пажаліцца на свой няшчасны лёс ды заклікаць таго ісьці на Літву. Пры гэтай думцы караля ахоплівала хваля шаленства. Хіба зрабіў што карыснае для ўмацаваньня іхняе ўлады гэты няўдаліца-брат за тыя чатыры гады, калі стаў намесьнікам Ягайлы ў Вялікім княстве? Заахвочваў да згоды магнатаў, ладзячы для іх балі і забавы ды адорваючы знакамі вялікакняскай увагі? Ці сабраў Скіргайла баяздольнае войска, гатовае ў любы час абараніць вялікага князя? Не, не, і яшчэ раз не! І гэта нягледзячы на тое, што да яго быў прыстаўлены Маскажэўскі, які фактычна кіраваў гаспадарствам. Скіргайла ж бавіў час у паляваньнях, сабраў лепшых фехтавальшчыкаў краіны ды спаборнічаў з імі – хто лепшы! Вядома ж, лепшым заўсёды быў ён, і першым па колькасьці выпітай медавухі, і па ўборах, якія мяняў штодзень. І гэта ў той час, калі ён, Ягайла, нястомна ствараў тут, у польскай сталіцы, свой асяродак, на які мог бы абаперціся ў выпадку здрады ці нечаканай змовы сярод прыдворнае знаці ці іншых магнатаў! Ён павольна, але няўхільна замяняў людзей на галоўных пасадах краіны, хаця сустракаў велізарнае супрацьдзеяньне. Ды кашталянам Кракаўскага замку, нягледзячы на супраціўленьне старых паноў, быў ужо ліцьвін – і ліцьвінская мова гучала пад час прыёмаў не радзей, чымся польская. І галоўным пасьцельнічым быў ужо таксама свой, віленскі чалавек, так што Ягайла мог не баяцца, што кожнае яго слова заўтра стане вядома непрыяцелям, тым, хто ўсё яшчэ хацеў бы бачыць на польскім троне аўстрыяка.
Ён нагадваў сабе са страхам: Вітаўт заняў Трокі. Ці гатовыя палякі даць свайму каралю войскі, з дапамогай якіх можна ўкараціць рукі ў гэтага прагнага на сваё спадчыннае-дзедзічнае князя? Так, бацька яго Кейстут валодаў паловай гаспадарства, але ён, Ягайла, аказаўся мацнейшым, і вялікі Кейстут задыхнуўся ад шнура, накінутага на яго простымі жыбянцяямі, якія палілі печы і насілі дровы ў замак. І дзедзічнае Вітаўта стала ягоным. Ягоным! Ён будзе абараняць яго да апошняга воя! І калі памрэ апошні вой – стане адзін супраць усіх! Але ці знойдуцца гэтыя воі, ці зможа ён сабраць вялікае войска, здольнае змагацца і з Вітаўтам, і з крыжакамі? Ягоных сілаў няшмат, у княстве яны паменелі за апошнія два гады, калі ў Вільні стала зразумела, што Ягайла ў Кракаве яшчэ не гаспадар і што ягоныя рашэньні не зусім ягоныя, а накіроўваюцца іншымі сіламі. Да таго ж у яго ўсё яшчэ няма спадчыньніка, а гэта значыць, што карані яго, пушчаныя ў Польшчы, нетрывалыя. Патрэбны сын – будучы мужчына, паўнавартасны кароль, што можа сесьці на каня і сустрэць ворага тварам у твар. Але жонка, Ядвіга, яшчэ не зацяжарыла, – і ці ўвойдзе яна ўвогуле ў цяжу?
Зараз, перад вялікаю радай, дзе ён запатрабуе агульны вайсковы збор, кароль хадзіў з кута ў кут у сваім улюбёным пакоі — пры скрыпторыуме – і ўзважваў усе акалічнасьці. Хто павядзе войска? І куды – на Трокі ці ў Гародню, дзе, па зьвестках, чакаюць Вітаўта як свайго законнага гаспадара і куды ён можа хутка накіравацца?
Попельна-шэры хорт, які прабраўся за ім сьледам, глядзеў на яго жалудовымі вачыма, прыязна стукаў па падлозе хвастом, варта было каралю зірнуць на яго. Некалі вось так будуць глядзець на яго і тутэйшыя вяльможы, якія пакуль што, хаця і схіляюцца нізка, да самай зямлі, але гатовыя ў кожны момант выпрастацца, як спрунжыны, і ўдарыць – ня дзеяй, дык словам.
Вось і зараз, на вялікай радзе – хутчэй за ўсё, нехта, можа, Алясьніцкі, пачне гаворку пра тое, што яны спадзяваліся найперш на ягонае заступніцтва, на войска, якое пойдзе на крыжакоў, калі тыя пачнуць адгрызаць чарговы кавалак Польшчы (таксама і Вялікага княства, дадасьць нехта пасьпешліва, бо яны, палякі, вялікія дыпламаты). А цяпер ім трэба разьбірацца ў закалотах унутры самога княства – чаго яны не спадзяваліся, бо ён запэўніваў, што з закалотамі справіцца сам. І іншыя будуць казаць пра тое ж – з бясконцымі агаворкамі, лісьлівымі завярэньнямі ў сваёй вернасьці, так што ён спаўна адчуе горыч манарха, у сілы якога вераць з аглядкай, з узважкай – ці не памыліліся? Ён пагладзіў харта, і той коратка гаўкнуў ад шчасьця.
Да поўнай перамогі далёка, але калі Усявышні дасьць яму такі век, які меў бацька Альгерд, і такую плодную сілу, то ён адолее ўсе нягоды і ўсіх ворагаў. А пакуль што – наперад, на Вільню! Мабыць, вярнуўшы сабе родавае гняздо – Трокі, Вітаўт хутчэй за ўсё выправіцца не на Горадню, а на Вільню, каб забраць вялікакняскі пасад – яго, законны, аддадзены бацькам па тастаменту сталец!.
І Ягайла зноў уявіў свой родны, свой спадчынны горад – сталіцу Вільню, строму, на якой замак, пабудаваны магутным дзедам Гедзімінам, уздымаецца да неба, як пераможны келіх ці брэцьяніца. І Вершнік горда ўздыбіў белага каня, на якім езьдзяць пераможцы. Вільня ўжо аднойчы адраклася ад Кейстута, захацела менавіта яго, Ягайлу, – у той самы цяжкі момант, калі яму адно што пакінулі жыцьцё, а астатняе забралі. Тады яму моцна дапамог немец Гануль – здолеў угаварыць віленчукоў, што хрысьціянскі вялікі князь для іх лепей, чым язычнік, яго падтрымалі гандляры, сярод якіх было шмат ганзейцаў, а таксама той люд сталіцы, які сабраўся на покліч званоў праваслаўных храмаў — сьвятой Тройцы, сьвятога Мікалая, а таксама Прачысьценскай і Пятніцкай цэркваў1 і прымусіў скарыцца Кейстутавых стаўленікаў. У Вільні яму было заўсёды ўтульна, асабліва пры бацьку, за яго магутнымі плячамі. Пасьля шчасьце часам і адварочвалася – ці то калі Кейстут даведаўся пра ягоныя змовы з крыжакамі і, уварваўшыся ў Вільню, знайшоў тую праклятую дамову з імі. Ці то тады, калі сам ён даведаўся пра выратаваньне Вітаўта з крэўскай вежы ў плашчы прыслужніцы – і моцна спалохаўся помсты і немінучай сьмерці. Ці тады, калі, здаецца, усё было гатовае да шлюбу яго з дачкой Дзьмітрыя маскоўскага Соф’яй. Над тым надта шчыравала маці, Юльяна. Але — сарвалася, закруцілася ў віры падзеяў, і зноў ён заставаўся без надзейных саюзьнікаў. Браты прагна глядзелі ў рукі, бо з іх, як зерне курам, маглі пасыпацца на іх землі, прывілеі, падарункі, – і ён адчуваў, што як толькі перастане кідаць тое залатое зерне, яны адвернуцца, увойдуць у розныя змовы і пазбавяць яго вялікакняжаскага стальца, як пазбавілі некалі Яўнута яго бацька і Кейстут. Але – усё зноў вывернулася, паспрыяла ягонаму лёсу: ён стаў каралём Польшчы, і Масква цяпер робіцца яму ворагам яшчэ большым, чым крыжакі, – яна падтрымлівае Вітаўта.
Хорт задрамаў, а Ягайла стаяў ля аканіцы і ўсё глядзеў удалячынь, нібы за чырвонымі сьценамі Вавеля спадзяваўся ўбачыць абкружаны выгінастым целам Вяльлі далёкі бацькоўскі замак у роднай Вільні…

Асада Вільні. 1390 год
Птушкі, якія напоўнілі былі сваім шчабятаньнем кусты вербалозу на прыбя­рэжжы Вяльлі, хутка замоўклі: як толькі ўзышло сонца, Крывы замак пачалі абстрэльваць з гарматаў.
Абаронцы падрыхтаваліся да штурму, таму пад кожнай сьцяной ляжалі гурбы каткоў – бярвеньня, якое коцяць зьверху на галовы нападоўцаў. Былі пад­рыхтаваныя таксама і “сланы” – гэтыя таўшчэзныя сосны цягнулі на гару адмысловымі прыладамі. Пушчаныя зьверху, яны непазьбежна скрышаць усё на сваім шляху. У катлах плавілася, пухірамі ўздымалася чорная, як у пекле, смала. Кабылінамі1 былі перагароджаныя вуліцы, што вялі да замку, на сьценах якога былі прыладжаныя абламы – навясныя галерэі, з якіх стралкі сачылі за тым, каб ніхто ня мог падкрасьціся пад самую падэшву сьцяны. Усе воі былі ўзброеныя – мячамі, дзідамі, рагацінамі, буздыганамі2, арбалетамі, а замкавая варта і атрад вялікага князя – гакаўніцамі, што толькі ўваходзілі ва ўжытак і нямала каштавалі казьне. Нават некаторыя лёзныя людзі, што выказалі жаданьне абараняць горад і былі вядомыя магістрату, атрымалі сагайдакі3 і занялі баявыя пазіцыі перад Вяльлёй, за якой ужо разьмясьціліся нападнікі.
Абаронай замкаў кіравалі — дольнімі родны брат Ягайлы Карыгайла-Казімір і князь Фёдар Данілавіч Астрожскі, галоўным, горнім – сам кашталян Маскажэўскі.
Вітаўтава войска, што сабралася пад сьцены гораду, выглядала больш па­грозьлі­ва, чым абаронцы, схаваныя за сьценамі ведаў: гарматы, суцэльныя шэ­рагі закутых у панцыры і наручы рыцараў, а таксама падрыхтаваныя для таранаў сьвіньні з металічнымі наканечнікамі блішчэлі ў праменьнях ранішняга верасьнёўскага сонца і стваралі ўражаньне непераможнасьці. Вялікі маршалак ордэну Геніг Шындэкопф лічыў, што аднаго баявога ўмельства ордэнцаў будзе дастаткова дзеля таго, каб абаронцы дрыжэлі ад страху. Аднак становішча нападнікаў было нялёгкім: цяжкая металічная зброя пад час спробных атак цягнула ўніз, коні з цяжкасьцю адольвалі стромкія берагі ракі.
І ўсё ж аблога пачалася. Цяжкія каменныя ядры аглушальна грукаліся ў сьцены, гахкалі гарматы, там-сям прабіваючы сьцены, і першыя параненыя з абодвух бакоў ужо курчыліся на зямлі, задыхаючыся ў клубах едкага дыму ад вогнішчаў. Рыцары, нягледзячы на стрэлы, што сыпаліся на іх, здолелі перайсьці Вяльлю па хутка згарушчаным мосьце і зьмялі першую лінію абаронцаў, падступаючыся да сьценаў Крывога замка.
За імі ішлі майстры-падпальшчыкі: на фурманках везьлі яны тысячы падмётаў вязанак сухога сучча, саломы ці трысьнягу, што былі прапітаныя гаручай вадкасьцю. Запальваючы іх, закідалі яны гэтыя вязанкі на абламы, і вось ужо запалала ўсходняя галерэя, і абаронцы пачалі скакаць уніз, ратуючыся ад полымя, якое ўсё мацней ахоплівала драўляныя ўмацаваньні галерэі.
— Вады! – крычаў кашталян замка, і зьверху з берасьцяных і ліпавых кадак паліліся струмені вады, уздымаючы пару і ахутваючы тых, хто яшчэ заставаўся на галерэі.
У браму замка, дакладней, пакуль што ў яе герсу1, ударыла першая “сьвіньня”, але напад хутка адбілі: нясьцерпна гарачая, асьляпіла і абляпіла нападоўцаў смала, палітая адразу з двух чанаў. Але ўжо сеча ішла на вуліцах, і звонка стукаліся меч аб меч, дзіда аб буздыган, паліца аб сякеру, і скрозь падалі, хрыпучы і хапаючы апошні глыток паветра, абаронцы і нападнікі, а над усім гэтым курылася пара і ўспыхвалі на скураных похвах пырскі смалы…
Ля Крывога замка бойня віравала мацней: тут часьцей выбухалі гарматныя стрэлы, дзьве гарматы, падвезеныя бліжэй, бесьперапынна, нібы зьмяняючы адна адну, смалілі па замку, і ўнізе, ля самае брамы, ужо ўтварылася вялізная дзіра, у якую спрабавалі ўлезьці ў замак нападнікі. Але па поклічу войта сюды сьцягнулі асноўныя сілы абаронцаў, і за іхнімі сьпінамі дзіру спрабавалі тут жа замураваць муралеі, ухіляючыся ад сякераў і стрэлаў.
Увесь гэты розгалас рэхам адбіваўся ў падполлі дольняга, аддаленага замку, куды за два дні да нападу перавялі Данілу. Ён ужо думаў – канец яму, шлях цяпер адзін – на дылю. Плаха гэтая, пацямнелая ад крыві, з засечкамі на калодзе, што месьцілася пад самым Ніжнім замкам, была першым, што кінулася яму ў вочы, калі ён упершыню за доўгія месяцы выйшаў з цямніцы. Адразу ж закружылася галава, падкасіліся ногі, калі сьвежы верасьнёвы вецер абвеяў твар, пабег па целе, гонячы маладую кроў. З вышыні ён угледзеў даліну, што сінела ў марыве яшчэ па-летняму цёплага дня, адгукалася клапатлівым шчабятаньнем птушак, што давучвалі сваіх акрэплых дзяцей і рыхтавалі іх да далёкіх палётаў.
Аднак яго не павялі да плахі, а спусьцілі ўніз у цямніцу Ніжняга замку, ма­быць, каб не пакідаць у вялікакняскім замку пад час збройнага нападу. Тут, пад самай гарой, утрымліваліся больш дробныя злачынцы – вісьлены, якія абрабавалі чужаземцаў, месьцічы, што ашукалі зборшчыка падаткаў альбо пабілі баярына, лотры, на якіх скаргу падалі бацькі альбо родзічы.
— Адпусьцілі б вы мяне, ці што? – нясьмела закінуў стражнікам Даніла, але словы яго павісьлі ў паветры, пакуль адзін са стражнікаў, таўстун у скураным панцыры, не паглядзеў на яго са шкадаваньнем:
— Маладзён ты дурны, ня ведаеш: пакуль ня будзе на цябе загаду зьверху, ніхто сваім жыцьцём за цябе расплочвацца ня стане.
Сапраўды, ніякага іншага загаду, апроч пераводу ў Ніжні замак, наконт яго не было. Справа аб нападзе на Лідскі атрад не магла быць вырашаная: скарбы прапалі бясьсьледна, а тлумачэньні Данілы аб тым, як сам ён выратаваўся ад крыжакоў, маглі, па меркаваньні галоўнага камісара вялікакняскага замка, быць прыдуманымі. Але і даказанай віны за ім не было, апроч хіба таго, што ён нібыта хаваўся ў Любчы. Але і гэта не было даказанае, таму ў яго на пачатку ўвесь час пыталіся: чаму адразу ж не паведаміў аб усім у Ліду? Чаму ня выпаўз і не прасіў дапамогі, яго ж, здаецца, не трымалі пад вартай? Паколькі Даніла нешта як недагаворваў, недасказаныя ім словы і будзілі падазрэньні.
Але як яму было казаць пра Сьвеціцу, пра Офку? Пра той складаны клубок узаемаадносінаў, якім яго аблыталі? Пры ўсіх гэтых варунках хто ж мог даць загад яго выпусьціць альбо пакараць? Галоўны камісар? Але таму прасьцей было не прымаць ніякіх рашэньняў, за якія, у выпадку чаго, трэба было б адказваць. Час цярпеў. Усё магло здарыцца. Калі б Даніла проста памёр у цямніцы, то і вырашаць нічога было б не трэба, і многія ўздыхнулі б з палёгкай. Нездарма ж кат, апошні раз зайшоўшы да яго перад самым нападам, насьмешліва прамовіў:
— Кажы дзякуй, што не давялося табе ў маіх руках пабываць. Ня ведаю, хто там уверсе цябе беражэ, але калі загадаюць за цябе ўзяцца па-сапраўднаму – лепей табе ня жыць, кажу адразу.
Гэтыя словы Даніла ўзгадваў, слухаючы, як гахкаюць гарматы і як абвальваюцца ўніз агромністыя цяжкія валуны. Варта, зачыніўшы дзьверы цямніцы, пабегла на абарону замка, куды паклікалі яе неўзабаве пасьля нападу. А тыя, што засталіся ў цямніцы, то насьцярожана прыслухоўваліся да таго, што робіцца наверсе, то пачыналі крычаць і галёкаць, вар’яцеючы ня столькі ад выбухаў, як ад боязі быць закапанымі жывымі, калі рухне над імі такая, здавалася б, трывалая сьцяна.
Калі пачуўся чарговы выбух, Даніла ўстрапянуўся. “А што, калі… Што, калі дапамогуць яму вечныя багі і снарад разбурыць муры?” Ён стаў на калені, галавой на ўсход, уявіўшы сабе сьвяты пагорак і агромністы дуб, пад які прыходзілі маліцца ягоныя дзед і баба і яго, зусім яшчэ малога, бралі з сабой. Ля самай вяршаліны таго дуба, казалі людзі, часам адпачывае Пярун. Гэта яму, вялікаму богу Перуну, прыносілі хлеб і сыр, дзеля яго вешалі на магутныя галіны каляровыя стужкі. Тое ж рабіў, усьлед за дарослымі, і ён, Даніла, зьвяртаючыся, як і дарослыя, з просьбай да таго, хто мог усё. Тады яму надта хацелася атрымаць канькі, каб коўзацца на лёдзе, але пярэчыла маці: баялася, каб не праваліўся пад лёд. Маленькі Даніла, стоячы разам з бабуляй на каленях перад дубам, аднойчы папрасіў Перуна, каб той выканаў яго просьбу. І – о цуд! – праз нейкую седміцу бацька сапраўды прынёс яму навюткія канькі – блішчастыя палоскі, звараныя лідскім кавалём з мясцовай руды, аказаліся ўдалымі: неўзабаве хлопчык ганяў на іх хутчэй за ўсіх аднагодкаў. Пасьля бабуля памерла, дзед перастаў хадзіць да дуба на маленьні, і маленькага Данілу ўпершыню павялі ў новапабудаваную царкву, куды і бацька, і дзед ішлі з вялікай неахвотай. Дзед згадзіўся на тое толькі пасьля доўгіх упрошваньняў бацькі, якому загадала пайсьці ў царкву, як і іншым службоўнікам, сама княгіня. Таму і Даніла рэдка калі наведваў храм, хіба што толькі на вялікія сьвяты разам з бацькамі. Але ішлі гады, і ён паступова забываўся на старых багоў і на тое, поўнае вялікага захапленьня пачуцьцё, якое апаноўвала яго пад тым велізарным дубам, дзе любіў адпачываць сам Пярун.
Цяпер ён узгадаў яго, і малітва да старога ўладара неба і зямлі атрымалася гэткаю ж шчырай, як у маленстве, і разам з тым новай, поўнай гарачага пачуцьця – прагі да волі.
— Прашу цябе, валадару, дай мне вызваленьне, зрабі так, каб я пабачыў маці і сястрычак, каб я вярнуўся да сябе дадому жывым. І каб я змог пабачыць яе… Даніла чамусьці не асьмеліўся нават у думках вымавіць імя Сьвеціцы, бо гарачы жар ахапіў яго ўсяго, і ўсплыла, захіляючы сабой родных, дзяўчынка з Любчы.
Ён шаптаў і шаптаў нейкія словы – просьбы, забываючыся на ўсё, нібы ўва­ходзіў ў нейкае новае, незнаёмае яму жытло – воблака не воблака, хіба што жоў­тае, як сонечнае, зьзяньне, нібы і сапраўды выходзіў з гэтае абрыдлае сырасьці і цемры, з пакутлівага чаканьня сьмерці ці катаваньняў да цуда, які абавязкова здарыцца…
І цуд здарыўся. Недалёка гахнула так, што затрэслася камяніца, заклала вушы, а на плечы яму пасыпалася вапна і друз, прымусіўшы заплюшчыць вочы.
Калі ачомаўся, пабачыў – жарліва, як у печы, гарэла драўляная перагародка недалёка ад яго, а за ёю з-пад дробнага каменьня і валуна, што вываліўся са сьцяны, тырчалі ногі суседа – бяззубага кмеця, што нядаўна забіў у вялікакняскім лесе аленя. Зубы яму выбілі княжыя наглядчыкі, і ён, шамкаючы, яшчэ раніцай скардзіўся Данілу, як баляць у яго вантробы, бо ў цямніцы схапіў злацяніцу1. Выглядала, што цяпер яму нічога ня страшна, бо ўжо сыграў ён у дубовую калоду і апошняя Судзяніца перарэзала ніту ягонага жыцьця. Даніла аслупянела зірнуў на яго, адчуўшы нечаканы цяжар у руках. Апусьціў позірк уніз – і аслупянеў яшчэ раз: кавалак сьцяны, да якой быў прыкуты ланцугом ён сам, вываліўся разам з валуном, і палова абабітай цагліны вісела на ягонай лявіцы, цягнучы гэтую руку ўніз. Дым заслаў прастору, і ён болей нічога ня бачыў.
— Гарым! — узвылі недзе побач дзясяткі галасоў, – мабыць, загарэлася недзе яшчэ.
У наступны момант, быццам падхоплены нязнанай сілай, ён апынуўся ля дзір­кі, хапануў сьвежага паветра, закашляўся. Працяла думка: няўжо свабода?! Але куды бегчы і як? І што рабіць з гэтым грузам, які гэтак нечакана павіс на руцэ, гнучы долу і яго самога? Ён выглянуў у пралом. Каля яго не было нікога. Сеча кіпела недзе збоку, мабыць, там, адкуль з-за ракі наступалі сілы Вітаўта, аднак і тут, пад сьцяной, валялася колькі забітых, якія скурчыліся ў самых неверагодных позах. Нехта голасна стагнаў непадалёку, зьверху ляцелі стрэлы, і тонка-тонка сьвісталі ў чыстым, сьвежым паветры пёры на іх канцах. Сонца выблісквала ў лужыне вады, якая ўтварылася ў гразкай прамоіне, – мабыць, сюды лінулі кіпнем.
— Стой! – пачулася за сьпіной.
Ногі ў яго падкасіліся, ён ледзь утрымаўся, каб не асесьці на дол. Азірнуўся. Непадалёк стаяў, цэлячыся ў яго, ня хто іншы, як сьледчы Сухта. Даніла не пазнаў бы яго – у сталёвым капаліне-капелюшы, бліскучая сетка ад якога падала на плечы, чалавек здаваўся вышэйшым і больш мажным. Сухта таксама пазнаў хлопца, і ад зьдзіўленьня жалезнае вастрыё ў ягоных руках здрыганулася і апусьцілася ўніз.
Вою хапіла б гэтага імгненьня, каб, падхапіўшы цагліну, адным узмахам закутай ў цяжкі сталёвы ланцуг рукі ўдарыць па твары і выбіць зброю з рук нападоўца. Але руху гэтага Даніла не зрабіў, хаця цела яго тарганулася, ня слухаючыся гаспадара. І хаця Сухта ў наступнае імгненьне таксама таргануўся наперад, але і ён не зрабіў таго адзінага руху, пасьля якога яны спляліся б у клубку сьмяротнага змаганьня. І гэтае імгненьне, калі яны стаялі адзін насупраць другога, а вочы іх упіліся ў зрэнкі суперніка як зачараваныя, вырашылі справу: Сухта павярнуўся і, учапіўшыся рукой за пралом сьцяны, перакінуў нагу над уздыбленымі выбухам цаглінамі. Яшчэ раз азірнуўся – нешта бліснула ў ягоных вачах, ён хацеў штосьці сказаць, але так і не сказаў, няўклюдна скочыў уніз і зьнік.
Трэба было хутчэй бегчы адсюль, – крыкі ззаду перайшлі ў сьмяротнае выцьцё, смуродна запахла паленым, гарматны стрэл ляснуў непадалёк і зноў моцна заклала вушы. Бегчы можна было толькі наперад – ззаду заставалася гарадская варта, стражнікі, воі, кожны мог здагадацца пры поглядзе на яго, адкуль ён, і схапіць, і забіць на месцы альбо, яшчэ горш, зноў зьвязьніць. Не, лепш сьмерць!
Асьцярожна прабег ён некалькі крокаў, сагнуўшыся. І адразу зьверху пачуліся галасы, дзьве стралы ўпіліся — адна ў зямлю, другая ў нябожчыка побач, што карчанеў, невідушча гледзячы ўверх. Даніла сігануў па двары, скачучы як заяц, то ўлева, то ўправа, прытрымліваючы правай рукой левую, сьпінай адчуваючы ўсю сваю безабароннасьць: вось-вось некуды ў цела, акурат там, дзе сэрца, увап’ецца сьмяротнае жалеза, – і ён таксама рухне, падкурчыўшы калені, пасьля, таргануўшыся колькі разоў, застыгне, як і тыя людзі, што яшчэ гадзіну назад таксама жылі, марылі аб чымсьці, спадзяваліся на лепшае, як і ён… Не пасьпеў ён уявіць гэтую карціну, як спатыкнуўся аб бервяно, якое ляжала ўпоперак ягонай дарогі і якое ён у гарачцы не заўважыў. Гэта яго ўратавала: чарговая страла прасьвістала якраз над тым месцам, дзе імгненьне назад было ягонае цела.
Упаўшы, ён рашыў болей не ўздымацца, да таго ж нечаканай абаронай для яго стала гэтае груба абсочанае бервяно – магутная, у два абхопы, яліна з карычневымі падпалінамі кары захіліла яго, і ён пачаў паўзьці ўздоўж яе – да пацямнелай бочкі, якая тырчком трымалася на камені. За гэтай бочкай, за камнем ён паціху цягнуўся да наступнай мэты – забітага каня, на якім бясформеннай кучмай застыў мёртвы вершнік у скураным панцыры, з металічнымі наручамі і ў блішчастым капалыне на галаве, прыткнутай да каштанавага, з ільсьнянай поўсьцю конскага боку. Там ён перадыхнуў і змог азірнуцца вакол.
Стрэлы болей яго не даганялі – абаронцы на данжоне палічылі, мабыць, што бягляк забіты. Наперадзе, у якой сотні метраў, чырванеў лазьняк, за якім па­чынаўся, наколькі ён памятаў, згіб ракі. Недзе там, у правым баку, групаваліся нападнікі, там чуліся крыкі і гамана, значыць, трэба было кіравацца налева.
Мёртвы коньнік раптоўна схіліўся набок і з грукатам паваліўся на брукаванку. Трэснулі скураныя повязі, што трымалі металічны капялюш, і той пакаціўся проста пад Данілу. Пераадольваючы грэблівасьць, хлопец узяў яго ў рукі. Можа, у калатнечы вайны гэтая прылада воя выратуе яго?
Капалын прыйшоўся акурат. Павагаўшыся, Даніла асьцярожна сьцягнуў шэры плашч з плячэй мёртвага, накінуў на сябе, прыкрыўшы згнілыя лахманы, затым адчапіў пояс з похвамі, адкуль тырчаў меч, зьняў калчан са стрэламі, а таксама скураной торбачкай… Было агідна і страшна, калі зірнуў у твар вою – страшна вырачаныя вочы, крывавая прабоіна ў ілбе. Рабаваць страшна, але як яму, голаму ды безабароннаму, вылазіць адсюль, як ратавацца?
Паціху, бесьперапынна азіраючыся і ўсім целам прыпадаючы да зямлі, поўз ён да лазьняку. Толькі апынуўшыся ў прахалодзе тонкіх гнуткіх ствалоў, што перапляліся між сабой, утвараючы суцэльныя шаты зарасьцяў, уздыхнуў глыбока і з палёгкай, кіруючыся да ракі..
І ўсё ж, як ні цягнуў ён свой шлях налева, ледзь не напароўся на вайсковы атрад, які менавіта тут, на згібе Вяльлі, ладзіў пераправу. Адскочыўшы назад, Даніла асьцярожна, стараючыся не прыцягнуць да сябе ўвагі, папоўз убок, амаль утачыўшыся ў стары куст вербалозу, які надзейна прыкрыў яго нізка схіленымі галінамі ды пашэрхлымі ўжо, але яшчэ моцнымі лістамі і адкуль можна было бачыць тое, што дзеецца навокал.
Людзей на абодвух берагах было шмат. Аточаныя воямі, яны заўзята працавалі: на тым беразе валілі і пасьпешліва ачэсвалі сосны ды бярозы, зьвязваючы іх тоўстымі канатамі-барбарамі, на гэтым капалі дзьве ямы, каб уваткнутымі туды магутнымі сваямі замацаваць гэты самадзейны мост, які дацягнулі ўжо амаль да сярэдзіны Вяльлі. Месца для пераправы было выбранае з добрым разьлікам: рака тут была вузейшая, каню лягчэй было перайсьці яе. Непадалёк ад Данілы, прывязаныя да сасны, выскубвалі наўкол сябе маладзенькую траўку два бахматы – гэтыя выносьлівыя коні татарскай пароды зьявіліся ў Літве зусім нядаўна, разам з запрошанымі Вітаўтам караімамі. Напружыўшы зрок, хлопец мог разьлічыць на супрацьлеглым беразе даволі вялікі, коньнікаў са сто, вайсковы атрад, а таксама некалькі харугваў, на адной з іх трапятала Пагоня, а на другой – нейкі невядомы яму знак. Чый жа гэта атрад? Не нямецкі, бо рыцараў ён пазнаў бы адразу. Ды і людзі – варта было прыслухацца – гаварылі нібыта на мове ліцьвіноў, праўда, з нейкім асаблівым вымаўленьнем. Мабыць, гэта былі воі, якія сядзелі ў засадзе, каб нечакана ўдарыць з боку, дзе віленчукі іх не чакалі.
Сонца пачынала хіліцца да захаду, і Даніла спахапіўся, што калі пачнецца пераправа, на яго могуць папросту наткнуцца, таму трэба ўсё ж шукаць іншага прытулку. Аднак, калі ён зноў асьцярожна агледзеўся па баках, пабачыў неспадзяванку: зьлева, скрозь кусты, цягнулася дарога, а за ёю тлустай гразёю ільсьніўся багонец. Ці вялікае гэта балота і ці можна яго абмінуць? Пакуль ён аглядаўся, ззаду пачуўся шоргат, нібы нехта асьцярожна падкрадаўся да яго – ці да берага. Павярнуўшы галаву, бягляк пабачыў двух вояў, што спыніліся справа ззаду метраў за пяцьдзясят ад Данілы, хаваючыся за старою спарахнелай вольхай. Данілу яны ня бачылі, але ён добра разгледзеў іх: малады рыжы зямянін у шэрым дэлюры, з-пад якога блішчэў панцыр, і круглатвары сівы мацак у сінім даламане. Хлопец нячутна выцягнуў з калчана лук, стрэлы, асьцярожна расклаў іх на зямлі. Даніла зьнерухомеў. Цяпер яму пагражала небясьпека і сьпераду, і ззаду, і ўцякчы адсюль ужо немагчыма.
— Колькі іх, пералічы, Жук! – скамандаваў стары.
Жук нейкі час паўглядаўся.
— Ды каля сотні мо будзе, — няўпэўнена вымавіў ён і раптам ледзь ня ўскрык­нуў:
— Ды гэта почат Вітаўта!
— Ты што?! – не паверыў стары і сам прыклаў ладонь да вачэй.
— Ня бачу, няхай на яго паляруш! – сказаў вінавата. – У цябе вочы мацней­шыя.
— Ну і дзівавіска! – радаваўся малады. – Мабыць, вунь той, у шлеме, на шэрым кані, сам Вітаўт будзе! Бач ты яго, першым хоча на мост узьлезьці, а той, на дрыкганце, яго ўгаворвае пачакаць і сам лезе!
— Дык хутчэй назад, каб нашыя сюды людзей паслалі, а то вунь мост – ужо гатовы! – трывожна казаў сівы.
— О не, дзядзька Карась! – узбуджана казаў малады. — Ты можаш сам ісьці, а я застануся.
— Цішэй ты, дурань! Тут во чатыры воі, яшчэ пачуюць! І чаго ты тут хочаш застацца: ці не самога Вітаўта ўпаляваць?
— А калі і так?
— Ты здурнеў, ці што?!
— Можа, і здурнеў, дык што? Ідзі сабе, дзядзька, калі ня хочаш дапамагчы.
— Я такому дапамагаць не хачу. Цябе калі ня гэтыя во скрышаць, дык кароль Ягайла на самым высокім дубе загадае павесіць.
— А можа, баярынам зробіць?
— Ой, Жук! Тымчасам галаву сваю зложыш.
— А ці ня Вітаўт нашаму каралю вораг?
— Сяньня вораг, а заўтра зноў брат. А ты так і так ня выкруцішся, барыла ты дурное! — Пайшлі, пайшлі хутчэй! – ён ледзь не хапаў маладога за рукі.
— Ды адчапіся ты, дзядзька Карась!
— А бадай цябе Стрыга ўвалачэ! Ты ж усяго толькі выведку1 робіш! Сам жа войт прасіў – як што, дык адразу бяжыце сюды!
Даніла, слухаючы гэтую спрэчку, адчуваў, як кроў хутчэй заструменілася ў ягоных жылах. Няўжо тут, насупраць, сам Вітаўт? Няўжо ён зможа нават пабачыць яго хаця б здаля? Ён углядаўся ў супрацьлеглы бераг, – сапраўды, там стаяў і нешта паказваў рукой невысокі вой у барвовым плашчы на дасьпехах, у высокім шаломе і кальчужнай сетцы, што спускалася да самых плячэй. Але як пазнаць, ці гэта сапраўды Вітаўт?
Мост тым часам быў зьвязаны і замацоўваўся на сваях, – крайнія бярвеньні прыбівалі да сваяў вялікімі тоўстымі цвікамі-дуналямі. На тым беразе нецярпліва перабіралі нагамі коні, відаць, адчуваючы гарачую хоць коньнікаў, што рваліся цераз пераправу.
Першым пайшоў, сьцярожка ўзьняўшы вушы, папялісты конь – на ім сядзеў пажылы вой у жупане і металічным панцыры, затым, перачакаўшы, рушылі, адны за адным, яшчэ чатыры коньнікі.
Вітаўт – калі гэта быў ён – ступіў на мост, як толькі першыя коньнікі ўжо сталі набліжацца да берага. Не пасьпеў ягоны конь знайсьці асьцярожную раўнавагу на хісткім мосьце, як з гушчара вербалозу прасьвістала страла, за ёй другая, трэцяя… Але пахоплівы малады Жук быў, па ўсяму бачна, ня надта добрым стралком або цэліўся не з тае адлегласьці, каб патрапіць у абраную цэль, бо ўсе тры стралы не дасягнулі мэты, толькі спалохалі каня, – ён ірвануўся назад, коньнік ледзь утрымаўся на ім і, каб ня кінуліся да яго з усіх бакоў воі і не падхапілі, напэўна, зваліўся б у ваду.
Даніла і сам не пасьпеў апамятацца, а ягоная страла ўжо вылецела з цецівы, сьпяшаючыся апярэдзіць таго, хто страляў у князя. І яна была больш удалаю, бо мэта была зусім блізкаю: ён патрапіў адразу ў горла нападоўцу. Жук захрыпеў, пачаў асядаць, сутаргава трымаючыся за сасну, драпаючы па ёй рукамі, якія адразу сталі бясьсільнымі і нязграбнымі. Тут жа застукалі па ствале дрэва, засьвісталі і над Данілам дзясяткі стрэлаў – лёгкіх, з тонкімі металічнымі канцоўкамі, і цяжкіх, з якімі ідуць на мядзьведзя паляўнічыя. Ён зваліўся ўніз, абшчаперыўшы галаву рукамі, забыўшыся на свой капялюш, чакаючы немінучай сьмерці і ня чуючы, як да ягонага куста і да сасны ўжо кінуліся людзі, што ладзілі мост. Некалькі імгненьняў – і ён быў зьвязаны і абяззброены.
— Я ня вораг! Я ўцёк з замка! – крычаў хлопец.
Чаму яго адразу не забілі – гэтага Даніла ня мог уцяміць і праз шмат часу пасьля таго здарэньня. Мабыць, моцнымі былі малітвы яго маці.
— З замку? Не чапайце яго, нам патрэбны віж, — распарадзіўся галоўны.
Праз некалькі хвілінаў хлопец стаяў на самым беразе, куды ўжо прынесьлі мёртвага Жука, у горле якога ўсё тырчала Данілава страла.
— Не разьбяру, хто яны і чаму стралялі адзін у аднаго? – недаўменна глядзеў на іх камандзір.
Тым часам першыя коньнікі дасягнулі берагу; яны тут жа абкружылі палон­ных.
Невысокі, танклявы, але з годнай каралеўскай паставай вой скочыў на бераг, перад ім усе пачціва расступіліся. Праніклівымі шэрымі вачыма зірнуў ён на Данілу, іх вочы сустрэліся.
— Гэта ты страляў у мяне? – запытаўся ён, і хлопец адчуў – гэта князь Вітаўт.
Ён упаў на калені.
— Не! Не! Вялікі князь, я забіў таго, хто страляў у цябе.
— А хто ты такі і чаму хацеў мяне абараніць?
— Я сядзеў у астрозе, таму што... Мяне прымушалі сьведчыць... супраць...
Ён хацеў яшчэ патлумачыць, як уцякаў, як страляў у Жука, але горла перахапіла сутаргай. Як расказаць пра ўсё гэта людзям, якія сьпяшаюцца ў бой?
— Гэта сапраўды ня нашая страла, — сказаў князь, хутка агледзеўшы мёртвага Жука. — Так, яна з твайго калчана, — ён тузануў Данілу за пояс, дастаючы адну са стрэлаў.
— Ты – віж? — Вітаўт зноў зазірнуў у вочы Данілу, так што таму здалося, што ён працяў сваім позіркам усё, што было ў душы хлопца. Ён узгадаў, што аб праніклівасьці Вітаўтава погляду ня раз казалі тыя, хто бачыў яго.
— Не, я з Лідскага замка. Я вой!
— Во як? – зьдзівіўся князь. – Праўда? Дзіўны ты хлопец. Паслухаю цябе. Пасьля бою, аднак! — Перапраў яго на той бераг, у наш лагер! – загадаў ён сівому чалавеку.
— Дазволь, княжа, змагацца разам з тваімі воямі! – стоячы на каленях, крыкнуў з адчаем Даніла.
— Чаму?
— Сястра караля загадала адправіць мяне ў вязьніцу. А на мне няма віны!
Імгненьне князь раздумваў, усё яшчэ гледзячы ў вочы Данілу. Але, мабыць, зразумеў, што ня хлусіць яму гэты худы, змучаны хлопец. Коратка кіўнуў галавой і крыкнуў:
— Заставайся ў атрадзе, а пасьля бою я цябе паслухаю! Дадаў спакойна:
— Калі жывымі застанемся...

Выгнаньне
Залатымі лістамі клёнаў і бяроз засыпаў той верасень параненых і забітых падчас аблогі вояў і простых віленчукоў, якіх не пасьпявалі прыбіраць месьцічы, баючыся магчымай эпідэміі. Хавалі і там, і тут – у войску Вітаўта загінула таксама нямала адважных рыцараў і ліцьвіноў. Хавалі таксама і крыжакоў, і ангельскіх ды нямецкіх рыцараў, якіх нямала набралася пад Вільню, каб тут сьцьвердзіць свае спрыт ды бястрашша.
Але Даніла, які змагаўся ў наступныя тыдні ў войску князя, не атрымаў ніводнай драпіны. Мабыць, сьмерць, якая адзін раз ужо кранала ягоныя дасьпехі, бо зьнятыя яны былі з нябожчыка, адчувала свой дотык і абмінала воя.
Князь Вітаўт не забыўся на яго, як не забываўся ён ні на што вакол сябе. Казалі, што гэты дар атрымаў ён ад маці-вайдэлоткі, як і ўменьне адчуваць людзей. Верыў таксама ў тое, што на сьвеце няма выпадковасьцяў і ўсё моцна зьнітаванае адно з адным. Прынамсі, пагаварыўшы з хлопцам і пабачыўшы ягонае вайсковае ўмельства, адчуў да яго асаблівую прыязнасьць. Даведаўшыся ж пра тое, як двойчы ўратаваўся Даніла ад сьмерці, падумаў, што багі недарэмна літасьцівыя да яго і для нечага ж прывялі сюды ў цяжкія хвіліны аблогі гэтага сьветлавалосага, шчырага хлопца з Ліды. І, на вялікае зьдзіўленьне навакольных, узяў у свой асабісты вайсковы почат малодшым дружыньнікам.
Для дробнага панцырнага баярына, нядаўняга ледзь не дзяржаўнага злачынцы, гэта быў галавакружны ўзьлёт. З гэтага часу жыцьцё ягонае, нібы бохан хлеба ў руках асілка, разломвалася на дзьве часткі. Усё, што было дагэтуль – служба ў Лідскім замку на карысьць сястры караля і вялікага князя, надзея на справядлівы суд і доказ сваёй праўды, губляла сэнс. Цяпер ён служыў у сьвіце Вітаўта – першага ворага вялікага князя і караля Ягайлы, а значыць, рабіўся ворагам і самога Ягайлы. Ад гэтага было страшна — як так, стаць ворагам самога караля?! Але кароль, як выходзіла па ўсім, рупіўся цяпер найперш пра іншую краіну, пра яе інтарэсы. А пра сваю, родную для Данілы зямлю, дбаў Вітаўт. Ён не хацеў, каб яны, баяры і сяляне, шляхта і зямяне, мусілі адцурацца свайго, зыначыць мову і звычаі, перамяніць заведзенае дзядамі і прадзедамі. А так, можа нават насуперак жаданьню караля, стала выходзіць. Чужаземцы ехалі сюды і пачыналі ўсё зыначваць. Таму Даніла, шмат чаго перадумаўшы за гэты час, зразумеў, што ён пойдзе за Вітаўтам. І ня столькі таму, што яму няма куды вяртацца, але і таму, што душа яго адчувала справядлівасьць таго, што рабіў Вітаўт.
Але ён трапіў да князя ня ў лепшы час.
Напад на Вільню ня ўдаўся. Ні крыжакі з іх жалезнай сьцяною непрабівальных панцыраў, ні воі-жамойты ў воўчых налобніках з вялізнымі дзідамі, ні валыняне са сваімі страшнымі баявымі сякерамі не змаглі прабіцца ані ўнутр вялікакняскага замка, які абаранялі палякі, ані ва ўсходні замак, абаронай якога кіраваў Скіргайла. Даніла ў тыя дні напоўніцу спазнаў страхотлівую будзённасьць вайны: ён біўся непадалёку ад крыжакоў, якія абкружылі мсьціслаўскага князя Карыгайлу, аднаго з малодшых сыноў Альгерда і Юльяны цьвярской, і тут жа, на полі, адсеклі таму галаву. Жудасны той трафей пад урачыстыя крыкі немцаў высока ўзьнялі на дзідзе, і пакутліва скрыўлены твар нябожчыка, заліты крывёю, як разануў хлопца па жывому – акрываўлены бацька ўстаў перад яго вачыма, і той восеньскі дзень амаль год назад, калі ён толькі выпраўляўся з Ліды, — у дарогу, якой ня бачна канца. Але думаць не было часу, і ён зноў кінуўся наперад, размахваючы сякерай. Ззаду, з трох высокіх пагоркаў, білі па цьвержы бамбарды, ад гулу закладвала вушы, а дзень рабіўся бясконцым, ён ніяк не хацеў заканчвацца і разьвесьці ў бакі разьятраных людзей...
Праўда, напады былі ня кожны дзень ( часам нападнікі не штурмавалі замкі па два-тры дні, даючы людзям адпачыць). Але пад час штурмаў кожны раз увечары Даніла, абмацваючы сябе, дзівіўся з таго, што застаўся ў жывых, і што апроч дробных ран, няшчасьці абмінаюць яго...
За пяць тыдняў асады быў цалкам зьнішчаны Ніжні, альбо Крывы, замак, нападоўцы прабіліся ў горад, але вялізная строма над Вяльлёй, дзе над вежай горда веяла Пагоня, засталася непераможанай. Староньнікі Вітаўта ў Вільні не змаглі пераламіць страху гараджанаў перад крыжакамі, хаця і над войскам Вітаўта калыхаліся харугвы з той жа самай Пагоняй. Да таго ж моцны польскі гарнізон надзейна трымаў асаду разам з вільнянамі, якія, хаця і ня надта любілі малодшага сына Альгерда, усё ж памяталі пра веліч ягонага бацькі, што быў вялікім князем на гэтым стальцы колькі дзесяцігоддзяў. Словы баладаў пра бітву на Сініх Водах, пра перамогу над трыма татарскімі царэвічамі ў 1362 годзе ў сталіцы ведалі ўсе. Нягледзячы на тое, што і Вітаўт быў у той бітве, яго, зусім яшчэ хлопчыка на той час, народная памяць не адзначыла.
“Сын чараўніцы”, як усё больш ненавісна называлі яго хрысьціянскія сьвятары, што ўжо набіралі ў Вільні большую вагу, чым язычаскія, павінен быў яшчэ сьцьвердзіць сябе ў вачах вільнянаў. Яго таямнічыя ўцёкі з Крэўскай вежы выклікалі хутчэй зьдзіўленьне, чым захапленьне, нягледзячы нават на падтрымку з боку магутных і ўплывовых праваслаўных князёў, такіх, як Гальшанскія і Друцкія.
Узятыя ім Трокі, нягледзячы на тое, што менавіта там жыў толькі што прагнаны адтуль намесьнік Ягайлы Скіргайла, сталіцаю ўсё ж не былі. Сталіцай была яна – Вільня, нялюбая Вітаўту, але жаданая. Толькі заняўшы вялікакняскі пасад, зможа ён дыктаваць сваё Ягайлу. Але ўпрагліся ў калясьніцу дзён дажджы, і ледзь-ледзь валаклі валы па разьмяклых дарогах бамбарды, і працінаў няспынны лівень суконныя каптаны вояў, прабіраючыся нават пад латы крыжакоў. Славутыя ангельскія стралкі-лучнікі, што прывёў граф Дэрбі, не маглі трапна пацэліць праз шэрую навісь туману, што ахутаў Вільню, а французскія рыцары, якімі кіраваў рыцар Бусіка, замаркоціліся па сваіх каханках, што так доўга чакаюць пераможцаў. Пераможцамі яны ня сталі – ні нямецкі маркграф Фрыдрых, ні маршал Энгельгард Рабэ, ні граф Дэрбі, якому суджана было пазьней стаць каралём Англіі Генрыхам Чацьвёртым. І яны рабіліся ўсё больш раздражнёнымі, у іх гаворках гучала непрыязнасьць, нібыта гэта ён, Вітаўт, быў вінаваты ў тым, што Вільня не здаецца, што яна дзень за днём адбіваецца і не пушчае да сябе нават яго, якога заўсёды прымала... Таму Вітаўту заставалася адно – адысьці ад Вільні і, зноў сабраўшы сілы, налета паспрабаваць новы напад на сталіцу. Адыходзіць ён цяпер мог толькі ў землі, дзе валадарыў ордэн і жалезныя рыцары — крыжакі.
Там, у іхніх уладаньнях закладнікамі жылі жонка, дачка з сынамі і сястра, а таксама шматлікая радня. Там цяпер было яго выратаваньне, і душа яго рвалася ад гэтага. Можа, толькі цяпер адчуў ён напоўніцу, якую вялікую цану трэба плаціць за тое, што ляжала наперадзе прывідным прызам – сталец Вялікага княства.
Калі Даніла сярод іншых пачуў загад адыходзіць ад Вільні і ісьці паходам ў Прусы, ён заплакаў. Стаяў у страі нерухома, а сьлёзы цяклі па твары. Жыць разам з ворагамі! Ці не памыляецца князь Вітаўт? Ці ўдасца яму адбіцца пасьля ад тых саюзьнікаў, што сёньня ледзь не паляпваюць яго па плячы і лагодна скаляць зубы? І якую цану трэба яшчэ заплаціць, каб спраўдзілася перамога Вітаўта?

У Прусах
Доўгі шлях у Прусы быў амаль завершаны. Калісьці, яшчэ стагоддзе назад, гэтая зямля належала ваяўнічым прусам, якіх, аднак, амаль вынішчыў альбо прымусіў сысьці са сваіх земляў магутны і бязьлітасны ордэн. Наперадзе ляжаў Мальбарк, альбо, як называлі яго крыжакі, Марыенбург, рэзідэнцыя хохмайстра – вялікага магістра ордэна. Назва гэтага гораду-крэпасьці прымушала бляднець сотні тысячаў людзей у Лівоніі і Курляндыі, меней – у Польшчы і Літве, Жамойці і Самагіціі. Багацьці ордэна сталі легендамі, ім зайздросьцілі каралі Еўропы, яны мелі высокае заступніцтва папы і германскага імператара. Яшчэ магістру Герману фон Зальцу і ўсім яго наступнікам імператар прысвоіў тытул князя Сьвяшчэннай Рымскай імперыі, а папа рымскі падараваў яму велізарнага кошту пярсьцёнак, які стаў затым перадавацца кожнаму новаму хохмайстру. Больш за паўтары стагоддзі таму, у 1226 годзе, ордэн, запрошаны махзавецкім князем Конрадам дапамагчы яму ў барацьбе з прусамі, ня толькі захапіў усе землі прусаў і іх сталіцу, але і стаў пагражаць польскім землям. Забраўшы ў свае рукі ўвесь гандаль бурштынам, які ішоў у многія землі, ордэн перакрываў гэты гандаль іншым краінам ля Балтыйскага мора. Асабліва ж пасьля таго як на рацэ Нагаце ўзьнік Марыенбург, цэнтрам якога стаў замак, пра які таксама ўжо расказвалі легенды і ў Польшчы, і ў Літве.
Такія размовы вяліся ўсю дарогу да Прусаў, і Даніла прагнуў нарэшце ўбачыць гэты велічэзны замак, які будавалі тысячы і тысячы славянаў і прусаў, яцьвягаў і іншых плямёнаў, аддаючы яму ўсе сілы і кладучыся пасьля сьмерці ў балоцістую тутэйшую зямлю.
Замак воі Вітаўта пабачылі ўжо здаля, ледзь выехаўшы з лесу на дарогу, што шэрым вужом вілася між каржакаватых дубоў. Цьмяны і пагрозьлівы яго абрыс узвышаўся над далінай, нібы запаўняючы ўсю яе сваёй веліччу і цяжарам. Падарожнікам падалося на імгненьне, што гэта вялізны цмок сьцярожка ўзьняў галаву і рыхтуецца дыхнуць страшэнным вогненным шарам на чалавечыя кузюркі, што адважна набліжаліся да яго.
— Во гэта дык жытло! – захоплена выдыхнуў Даніла, і яго юначы голас пачуў князь, які якраз прыцішыў свайго каня, азіраючыся на атрад асабістай варты, што скакаў ззаду.
— Гэта не жытло, а кубло! – сурова прамовіў князь. – Кубло гадзючае, дзе толькі сьцеражыся, каб хто з-за любога павароту цябе ня ўджаліў.
— Дык а як жа… як асьцерагчыся?
— Маўчы ды слухайся толькі мяне ды яго, — паказаў ён на невысокага каржакаватага хлопца, што ўвесь час, як прылеплены да князя, скакаў побач з ім. Гэта мой пасьцельнічы Юры Струміла. — Ён возьме над табой апеку, дык вучыся ўсяму, чаму можаш.
Драбанты – целаахоўнікі Вітаўта – моўчкі глядзелі на Данілу, мабыць, дзівую­чыся пра сябе, чаму князь гэтак ласкава ставіцца да гэтага танклявага юнака, што невядома адкуль прыбіўся да іх і быў гэтак узвышаны.
— А калі немцы нешта будуць мне загадваць? – Данілу хацелася пабыць блізка каля Вітаўта, і ён задаваў пытаньні, трохі саромеючыся сваёй настырнасьці.
— Прыкідвайся, што не разумееш. Гэта цябе найлепш уратуе, бо няхай лічаць дурным, чым занадта разумным ды спрытным.
Мальбарскі замак, што грозна высіўся на гарызонце, меў асаблівае значэньне для самаадчуваньня Вітаўта: ён настояў, каб тут хаця б на тыдзень сабралася разам яго сям’я, ужо раскіданая па розных гарадах і крэпасьцях. Ён адчуваў, што параза пад Вільняй нібы прынізіла яго ў вачах ордэну, хаця гэта менавіта рыцары не маглі нават падступіцца да вялікакняскага замка, у той час як ён са сваімі сіламі ўзяў Ніжні замак, які, праўда, запалілі знутры яго прыхільнікі і тым змусілі абаронцаў ратавацца. У тыя надзвычай цяжкія хвіліны, калі яны нарэшце захапілі замак, разьюшаны супраціўленьнем, Вітаўт ня памятаў сябе і, калі ўбачыў сярод тых, хто ўцякаў ад пажару, князя Нарымонта, свайго сваяка па жонцы, загадаў павесіць яго за ногі на дрэве і з шаленствам пасек яго. Пасьля бою ён з раскаяньнем узгадваў гэты свой шал і чорную кроў, якая ўдарыла ў галаву. Крыжакі ж, наадварот – захапіліся тым учынкам дый доўга абмяркоўвалі яго на сумеснай вячэры, на якую ў той дзень сабраліся і граф Дэрбі, і сам маршал Энгельгард Рабэ. Можа, якраз таму, з прычыны сьмерці сваяка, у адказ на яго патрабаваньне сабрацца сям’ёй яны і саступілі яму, так што цяпер, сустрэўшыся па дарозе, ягоная сям’я – дзеці, жонка і сястра – ехала разам. Ехаў з імі таксама і брат Жыгімонт. “Каб ізноў разлучыцца праз тыдзень, калі ўсіх іх разьвязуць па прызначаных ім месцах!” – з болем думаў ён, гледзячы на бялявую статную Ганну і спрытную ўсьмешлівую Рынгалу, якія паглядалі на яго, радуючыся канцу доўгай і нялёгкай дарогі. Усе яны на апошнім перагоне захацелі ехаць на конях, пакінуўшы апрыкрыя вазкі, у якіх зацякала цела. Дачка Соф’я – моцная, як грыб-баравічок, сядзела ў сядле трохі нязграбна і напружана ўзіралася ў дарогу, Рынгала ж, раскінуўшы па крупе каня барвовую сукню і выставіўшы з-пад яе саф’янавыя бачкуркі, спакойна глядзела ўдалячынь, упэўнена трымаючы паводдзі. Ганна, што скакала побач, трохі выдыхлася: яе точаны нос пакрыўся дробнымі кропелькамі поту, плечы пад жоўтай лісінай душкай1 паніклі, сагнуліся. Пабачыўшы, што муж уважліва ўглядаецца ў яе твар, яна выпрасталася, усьміхнулася, і белая намітка над яе собалевай шапачкай затрапятала на ветры, нібыта палатняны жакгель – ветразь. Соф’я ж не глядзела на яго, а ён, таксама з болем, падумаў: ”А раптам сарвецца яе замужжа? Ці мала што можа здарыцца з княжычам і не прыедзе па дачку абяцанае пасольства з Масковіі?”
Але трэба было адганяць думкі пра родзічаў – яго чакаў вялікі магістр.
Паступова замак нібы сьвятлеў, даваў сябе разгледзець: і вузкія ды нязвыкла доўгія вокны – байніцы, і выступы на высачэзных сьценах, і шчыльнае, з цэглы ды валуноў зьбітае цела, з якога сасьлізгне любы крук ці зачапка, – усё гэта адразу пыхліва папярэджвала, што нечага і думаць аб тым, каб непрыяцелю ўдалося хоць бы прарвацца да самых ягоных сьценаў. Але сапраўднае зьдзіўленьне і – што казаць! – захапленьне выклікала ў хлопца ўсё, што пабачыў ён унутры, калі іх з пашанаю павяла праз падёмны мост ганаровая варта, што выехала насустрач задоўга да таго, як атрад князя Вітаўта перасек даліну.
Здавалася, усё тут было разьлічанае на асілка: магутныя каменныя пліты пад нагамі, тоўстыя, са стогадовых камялёў выдзяўбаныя калоды для вады, на якую прагна накінуліся стомленыя коні, прасторны двор, куды выходзіла некалькі дубовых дзьвярэй, абабітых таўшчэзнымі палосамі жалеза. Чырвоныя цагліны бездакорна выштукаванай кладкі, метр за метрам узьбіраючыся ўвысь, складалі ўражаньне неабдымнасьці будыніны, а шматлікія перакрыцьці – яе лёгкасьці. На другім паверсе доўгі калідор з мноствам дзьвярэй, вымашчаны жаўтаватай кафляй, выглядаў залай, абрысы якой губляліся ў прыцемку наперадзе, ды пасярэдзіне гэтай залі, утвараючы як бы другі калідор, учэпіста месьціліся доўгія каменныя ночвы, над якімі віселі іншыя, ужо лягчэйшыя, бляшаныя, па якіх цурчэла вада. Суворыя тканыя ручнікі ляжалі ўнізе, у нішах, чыстай акуратнай купай.
— Тут мыюцца нашыя рыцары, і ў кожнага ёсьць сваё месца, — патлумачыў рыцар, які вёў іх у прыёмную залу і, заўважыўшы зацікаўлены позірк Данілы, дадаў, паказваючы на падлогу:
— Адсюль зьнізу ідзе па ўсім замку цяпло. Такога яшчэ няма ні ў кога ў сьвеце, толькі ў нас: гарачым паветрам абаграваюць увесь замак. — У нас тут усё самае лепшае, што толькі напрыдуманае ўмельцамі на сёньня, — дадаў ён ганарліва.
— А ўнізе адкуль цяпло? – запытаўся Струміла.
— Там, пад замкам, у сьпецыяльнай адтуліне паляць бярвеньне пад валунамі, а яны ўжо аддаюць тое цяпло сюды.
Падарожныя зьдзіўлена глядзелі на сапраўды нябачаны яшчэ цуд: за ночвамі праз роўную адлегласьць цямнелі круглыя адтуліны, і, паднёсшы руку да дзіркі, кожны мог адчуць роўнае, моцнае і трохі пахкае, як бы ад ігліцы, цяпло.
Зала, у якой прыезджых папрасілі трохі пачакаць, была гэткай жа, як і ўвесь замак: сурова-велічнай, непрыступнай і холадна-ганарлівай. На цёмна- чырвоных цагляных сьценах паўсюль вісела зброя – мячы і сякіры, дзіды і шчыты з рознымі гербамі, якія красамоўна сьведчылі пра перамогі ордэнцаў. Было тут і некалькі партрэтаў немаладых ужо рыцараў, што выблісквалі ў скупым дзённым сьвятле пераважна карычнева–жоўтым і зялёным адценьнем фарбаў ды плямамі аскетыч­ных і пыхлівых твараў. Усе яны былі ў белых плашчах з крыжамі. Аднолькаваю ў рыцараў была і вялікая залатая бляха з пукатымі выявамі незнаёмых вострых літараў і арлом.
— Вялікія магістры, — шапнуў побач хлапечы голас. Княжыч Іван таксама ўважліва разглядаў і партрэты, і зброю на сьценах. Князёўна ж Рынгала глядзела спадылба, нібы ўпартае казьляня, што зьбіралася баднуць каго-небудзь з прысутных. Вітаўт выглядаў стомленым і прыгнечаным. Праз хвіліну чаканьня ён быў гнеўна выпрастаўся, але амаль адразу ж дзьверы адчыніліся і ў залю роўным, цяжкім крокам, нібы прагінаючы пад сабою кафлю, увайшлі некалькі чалавек. Усе яны былі ў белых плашчах з чырвонымі крыжамі, з непакрытымі галовамі, бяз зброі. Збоку мітусьліва перастаўляў ногі капелан – ён адзіны сярод іх быў у чорным, з брытай макаўкай і матава–шэрым крыжам на жываце.
Вялікі магістр Конрад Цолнер ішоў шырака, усьміхаўся здаля. Высокая касьцістая постаць, худы твар з нібы прарэзанымі па бляклай скуры маршчынамі–палосамі, доўгія моцныя зубы рабілі яго падобным да выжлы – разумнай, асьцярожнай і дальнабачнай, якая разьлічвае кожны свой скачок і не выжыльваецца дзеля пустых эмоцыяў.
— Цяпер вы наш сапраўдны сябра, — ён прыязна зірнуў на Вітаўту, схіліўся перад жанчынамі – роўна настолькі, каб усе адчулі веліч таго, што адбываецца. Яго спадарожнікі ўраз, як па камандзе, расьцягнулі вусны ва ўсьмешках, і Данілу падалося, што гэта выбліснулі лязы мізэрыкордый – тых тонкіх і вострых кінжалаў, якімі крыжакі дабіваюць параненых… І пры гэтым сталёвым бляску нешта як выбліснула і ў галаве хлопца: верасьнёвы дзень, шорсткая бярозавая лістота пад бокам, што прамакае ягонай гарачай крывёй, і гэткая ж самая ўсьмешка на вуснах рыцара, які ўткнуў сталёвае вастрыё мяча ў ягонае, Данілава, цела. Пасьля, калі страшэнны боль працінае цела і ён ляжыць пад карчом, бачыць, як той жа чалавек трымае ў руках цёмна-карычневы разьбяны куфэрак са скарбамі Лідскага замка, перададзены яму Гердзенем. І твар – каменна–чатырохкутны, злавесна-прыгожы, як у самой Сьмерці. Ён, Даніла, здаля ўглядаецца ў гэты твар з ледзянымі блакітнымі вачыма, ня можа адвесьці позірку ад іх, хаця разумее, што яму трэба зараз жа апусьціць вочы, каб не адчуў чужога позірку рыцар, не адшукаў яго паміж аголенымі каранямі дуба-выратавальніка і другі раз не ўсадзіў у яго страшны двуручны меч з дзяржальнам, якое таксама выблісквае нечым зіхотка-чырвоным… І тут жа – імгненнае падзеньне ў забыцьцё, у чорную бездань, адкуль ён выбіраўся ўначы, целам сваім прадзіраючы дарогу праз суччо і шапаткое лісьце, а пасьля зноў страціў прытомнасьць пры самай дарозе…
Так, гэта той самы рыцар стаяў цяпер за вялікім магістрам. Яго высокая постаць у белым плашчы выдзялялася сярод іншых ня толькі памерамі, але і асаблівай паставай галавы – відавочна, з-за раны. З-пад плашча выглядалі рукі – пальцы былі доўгія і далікатныя, яны чуйна адчувалі кожны рух мяча і ласкава гладзілі скураныя похвы, нібыта рыхтуючыся імгненна выхапіць грозную зброю.
Даніла здрыгануўся і міжволі падаўся наперад, але на плячо яму лягла цяжкая рука і ўтрымала на месцы. Няўцямна азірнуўся, сустрэўся са зьдзіўлена-гнеўным позіркам Струмілы і застаўся на месцы, хаця кожная жылка ў ім дрыжала і кроў гарачымі штуршкамі таўхлася ў сэрцы. Як жа ён будзе тут жыць, хадзіць побач з чалавекам, які забіў ягонага бацьку? Які скалечыў яго самога? Міжволі Даніла схапіўся за шнар, што перасякаў правую шчаку і балеў, калі падступала непагадзь. Ён забываўся на свае раны, але яны не забываліся на яго і нагадвалі ў самыя нечаканыя хвіліны, – калі надзяваў шлем альбо біўся на мячах пад час вайсковай навукі, і боль у пашкоджаным нерве працінала як маланкай… І ўсю далейшую размову ён чуў нібыта ў тумане – ласкавыя словы рыцараў, адказы Вітаўта, усьмешкі жанчын. Але сіняя аксамітавая сукня княгіні з рыжай вавёрчынай аблямоўкай і залатыя вышытыя ўзоры на яе грудзях, каптурыкі князёўны і служанкі, барвовы кунтуш Вітаўта – усё расплывалася ў ягоных вачах. Так, нібы атлумлены балігаловам, дачакаўся ён нарэшце часу, калі аўдыенцыя ў вялікага магістра скончылася.
Пасьля вячэры – па-ваеннаму хуткай і вельмі смачнай, з вепручынай і ласяцінай, якую ў Вільні каштавалі толькі ў замку ды самых заможных дамах – усіх уладкавалі ў вузкіх, падобных да кельляў пакойчыках: слуг – унізе, амаль у падзямельлі, Вітаўту ж з сям’ёй і самымі набліжанымі баярамі адвялі пакоі ў прыбудове, якая паўкругла прыляпілася да сьцяны замка наводшыбе, на захадзе, амаль над самай ракой. Усе вокны ў прыбудове былі закратаваныя, і князь раптам пажартаваў, што іхняе жытло падобнае да вежы Крэўскага замка. Жонка спалохана зірнула на яго, але змоўчала, маўчалі і астатнія: усе добра ведалі гісторыю паланеньня Кейстута.
Данілу разам з немаладым ужо воем Пуцятам паставілі ў каравуле перад пакоямі Вітаўта — хутчэй дзеля прыліку. Немцы былі загаварылі аб тым, што тут ніхто з ворагаў не прабярэцца да высокага госьця, ды высокі госьць адказаў ласкава, але з жалезам у голасе:
— Калі мае слугі ня будуць адчуваць бясьпеку, яны разьлянуюцца і забудуцца на небясьпеку там, дзе гэта патрэбна. Воўк павінен добра бегаць і абыходзіць загоны…
Гаспадары адступіліся. Але затое ў канцы калідору паставілі яшчэ і свайго вартаўніка, так што ўсю ноч ліцьвінам мазоліў вочы неварухлівы, нібы выразаны з кавалка дуба вой, што роўна і цярпліва стаяў, уперыўшы вочы ў дзьверы, за якімі спалі Вітаўт і яго княгіня. А ці спалі яны, ці ўсю ноч прагаварылі – гэтага ня ўведаў ніхто: ні Даніла, ні Юры, які з асаблівай стараннасьцю перад сном слаў ложак для свайго гаспадара, прамацаўшы кожную выгорбінку і старанна прагледзеўшы ў пакоі кожную рэч.
Праз тыдзень яны ўсе ізноў разьвіталіся. Жанчыны – Рынгала і Соф’я — паехалі ў Крэміценскі замак. Сыны Іван і Юры са сьлязьмі разьвіталіся з бацькам. Ім не хацелася ехаць адным у Кёнігсберг, хаця старэйшыя казалі, што гэты горад самы прыгожы з усіх месцаў, дзе ім даводзіцца жыць. Вітаўт з жонкай і бліжэйшымі дружыньнікамі на паўгода заставаўся ў Мальбарку, каб пасьля ехаць у прызначанае яму месца.
Данілу зноў пашанцавала – ён увайшоў у склад дружыны, якая была пры князі, і мог добра агледзецца на новым месцы.

Сваты
У гэтую восень расьцьвіла, як ў маі расьцьвітае белымі лёгкімі суквецьцямі каліна, любчанская панначка Сьвеціца.
У дзяўчат бывае пара, калі ўчарашняе даўганогае, цыбатае дзяўчо раптоўна мяняецца, нібыта ноччу над ёю чаравалі Судзяніцы. Худыя тонкія рукі і плечыкі акругляюцца, выцягваецца шыйка, набрыньваюць чырвоным сокам вусны, а вочы, нібыта глядзіць праз іх Сусьвет, пачынаюць зьзяць і праменіцца.
Для маці гэтае вылупліваньне каляровага матылька з учарашняга шэрага вусеня заўсёды радасна-шчымлівае. Для мачыхі, якая маладою выйшла за нашмат старэйшага за сябе бацьку такой дзяўчынкі, гэта першы павеў сьцюдзёнага ветру з нязнаных краёў, адкуль прыходзіць старасьць. І з кожным днём такі павеў робіцца мацнейшым, ён паступова ператвараецца ва ўраган, які ніхто ня бачыць, але які здольны разьнесьці на друз самыя моцныя замкі.
У той самы дзень, калі Вітаўт і крыжакі штурмавалі віленскія цьвержы, у Любчу прыехалі госьці – на агледзіны. Новагародскі баярын Гневаш хацеў ажаніць свайго сына і шукаў яму вартую пару. Але паколькі падтрымліваў ён колькі гадоў таму Вітаўтава стаўленьніка Войдата, не хацелі тыя з радавітых баяраў, у каго былі дочкі на выданьні, радніцца з магчымымі ізгоямі. Таму баярын шукаў дзяўчыну ў асяроддзі мясцовых уладароў, якія стаяць убаку ад розных пераменаў і найчасьцей не прайграюць. Пра Сьвеціцу ўжо разьнесьліся чуткі па навакольлі. Казалі пра ейную прыгажосьць, але пабойваліся ейнай прыткасьці. Дзяўчына, якая зацугляла забойцу, накінуўшы на яго аркан – такая дзяўчына не паддасца абы-якому мужу, слабы духам чалавек з ёю толькі намучыцца. Гневаш ведаў пра гэтыя меркаваньні, але і ягоны сын Даўгаль быў наравістым, як незацугляны жарабец. Такому хлопцу патрэбная жонка, якая здолее ўтрымаць яго ад неразумных учынкаў.
Таму і сядзелі ў верасьнёўскі дажджысты дзень, калі вільготная лістота ліпне да юхтавых ботаў і лужыны напоўненыя да краёў, як сытыя гусі лоем, у доўгай гасьцёўні любчанскай сядзібы шаноўныя госьці з Новагародка.
Баярын Гневаш, які прыехаў з сястрой і сынам, напачатку хаваў мэту, дзеля якой запрагалі слугі чацьвёра дрыкгантаў у вялікі рыдван, абабіты знутры ласі­най скурай, а сам ён улез у самы багаты свой каптан – зялёнага алтамбасу, які не апранаў ужо з год. Маўляў, ехаў у Ваўкавыйск, шмат чуў пра гаспадароў Любчы дый вырашыў па дарозе наведаць такіх зацных людзей. Але Офка адразу адчула, што справа тут няпростая: баярын ледзь ня з першых словаў стаў пытацца пра ейную падчарку і нарэшце прама папрасіў прывесьці тую ў гасьцёўню, каб самому паглядзець на “слаўную тую дзяўчыну, якая, кажуць, можа пры асадзе замяніць воя.” Мядзьвежы той камплімент, аднак, узрадаваў Офку: магчымасьць пазбавіцца падчаркі адразу дарыла ёй новыя жыцьцёвыя стасункі. Яна нарэшце стане тут гаспадыняй, ад­чуваньне чаго ў апошні год ёй неставала. З таго часу, як пасьля ад’езду Сухты з арыштаваным Данілам і сьмерці Беля і Краскі гордая жанчына ўкленчыла перад падчаркай, яна не магла пазбавіцца адчуваньня прыніжанасьці. Тады ўсё сапраўды як перакулілася з ног на галаву, словы падчаркі для слугаў незаўважна сталі больш важкімі, а яна адыходзіла на другое месца. Яна зрабілася больш маўклівай, амаль не падымала вачэй. Абедалі і вячэралі, як і раней седзячы за адным сталом, але гаварыў найбольш Лунь дый крыўляўся яго блазен. Праляцеў год, і Офка толькі аднойчы зьезьдзіла ў любую Вільню. Але – ці надламілася нешта ў ёй, ці ўсё ж гады сталі больш прыкметнымі на ейным твары, але заўсёдны каханак быў халодным, а скакаць праз купальскі касьцёр неяк не хацелася... Яна ўжо думала пра замуства Сьвеціцы, але пакуль што ніхто ня сватаўся да дзяўчыны, што жыла ў глухім кутку новагародскага княства. Дый тайная мара была ў Офкі – знайсьці такога жаніха, які ня даў бы ні шчасьця, ні спакою ейнай непакорлівай падчарцы.
Цяпер жа двух-трох позіркаў на пыхлівага баярскага сынка, які ганарліва паводзіў вачамі па ўбранстве пакою, было для Офкі даволі, каб убачыць не­слухмяную дзяўчыну ў выпадку замужжа зацуглянай у хамут, з якога ёй ня вы­брацца да скону.
Таму яна ажывілася, затрапятала маладой гатоўнасьцю да перамоваў і загадала прыслужніцы падрыхтаваць добрую вячэру для нечаканых гасьцей, а таксама, паклікаўшы Сьвеціцу, загаварыла-засьпявала з ёю такім шчырым, ласкавым ды прыязным голасам, што ашукала нават старога Луня, які, прыцёгшыся па неабходнасьці ў гасьцёўню, амаль адразу ж засумаваў па сваіх варцобах. “Усё ж, мабыць, брат мой ня так памыліўся ў сваім другім шлюбе, як мне здавалася,” – падумаў ён, неяк забыўшыся, што брата даўно няма, а яму даводзіцца штодзень шукаць разуменьня з гэтай чужой і часта варожай да яго жанчынай.
Сьвеціца таксама здагадалася, чаго прыехалі да іх гэтыя людзі. Надта ўжо чэпкім позіркам цёмных вузкіх вачэй упіўся ў яе старэйшы з гасьцей – сухі, хударлявы, з жаўтаватым тварам і двума зморшчынамі па баках вузкага роту, якія надавалі яму, нават калі скупа ўсьміхаўся, выгляд незадаволены і нават гняўлівы. Маладзейшы ж азіраў яе, пакуль яна ішла да стала, позіркам лянотным і расслабленым, але яго круглявы твар з задзёртым носам і поўнымі, крыху разьмяклымі вуснамі паціху праясьняўся. Радаснае зьдзіўленьне, што праступала на ім, зрабіла яго выгляд трохі дурнаватым, – так адзначыла дзяўчына, калі нарэшце прысела за стол і падняла галаву. Жанчына, што прыехала з імі, — немаладая, у аксамітавай шапачцы, паверх якой ішла белая кісяя наміткі, што абвівала шыю і клалася на плечы сіняй сукні, моўчкі глядзела на прысутных позіркам спакойным і ўсьмешлівым, нібы ва ўсім згаджаючыся з імі. Два залатыя пярсьцёнкі з тавусінавым камянём-лазурытам — красаваліся на яе пальцах, пакладзеных на калені.
Гневаш апавядаў пра свой дом у Новагародку, які стаіць на дзяцінцы каля самога Міндоўгава замку:
— У нас сьцены вапнай размаляваныя, прыгожыя. Нават у сьвятліцы, што займае маці, хаця яна любіць на сьценах тканкі, каб тынкоўка ня церлася.
— Вы не падумайце, — спахапіўся ён, — што мы людзі бедныя, але маці мая, баярыня Ганна, амаль трыццаць год удавее, дык яна і мяне ашчаднасьці дасюль вучыць. А мне ж ужо семнаццаць было, калі бацька памёр, ледзь вярнуўшыся з Сініх Водаў.
— Дык і ваш бацька там быў? – падаў голас Лунь. – І нашыя там ваявалі – бацька мой і брат малодшы. Бацька там загінуў, а брат, вярнуўшыся, усё крывёй харкаў дый нарэшце ў дубовую калоду заўчасна лёг, вось яе ўдавой пакінуўшы. — Ён кіўнуў на Офку, якая сядзела побач з ім – гладкая, як ласіца, у зялёнай адамашкавай сукні, якая прыгожа адцяняла яе жвавыя чорныя вочы, якія пры апошніх словах швагера напоўніліся сьлязьмі, хаця пра сябе яна яхідна ўзгадала, колькі ж, нягледзячы на хваробу, пагуляў ды папіў ейны муж. Прыезджы госьць не застаўся абыякавым да яе далікатнасьці – яго погляд усё часьцей стаў затрымлівацца не на Сьвеціцы — магчымай нявестцы, а на маладой удаве, якая час ад часу кідала на яго позірк, што лагаднеў і ўсё болей сьвяціўся беззабароннасьцю слабой жанчыны перад жорсткім лёсам. А Лунь працягваў:
— Князь Альгерд нашага бацьку ведаў, таму мы сталі баярамі і атрымалі тут зямлю. Вялікі наш князь Сьвідрыгайла з ведама яго міласьці караля Ягайлы той прывілей пацьвердзіў.
— А вы, васпане, мабыць, як і я, былі на захаваньне роднага гнязда пакінутыя? Я хацеў з бацькам у войска ехаць, але мяне не ўзялі, – пытаўся Гневаш.
— Я кульгаю. Нагу параніў змалку, дык які з мяне вой! Аднак жа заўсёды шкадую пра тое, бо во зрабіўся тут мядзьведзем, нікуды адсюль не выязджаю, – адказаў Лунь.
Размова за сталом, куды ўсе перайшлі неўзабаве, усё болей ажыўлялася, позіркі жвавелі і пачыналі лётаць адзін да аднаго, як ластаўкі. Пакуль астатнія спраўляліся з віннай поліўкай ды смажанымі грыбамі з капустай, Офка з нявінным выглядам задала пытаньне пра сужонку баярына, які ў адказ распавёў пра тое, што і ён два гады таму як застаўся ўдаўцом.
— Пакінула яна, мая любка, пасьля сябе цэлы куфэрак каштоўнасьцяў – і колты залатыя з чэрню, і шыйныя грыўны з пярлінамі, і сукні царгародскія, што купцы да нас штогод завозяць. А яшчэ пояс з залатымі ніцямі ды яхантамі і шмат чаго яшчэ. Я ня скнар які, я прыгожую жанчыну ўмею цаніць!
Малады новагародзец зьвярнуўся да Сьвеціцы:
— А ці была спадарычня ў нашым стольным горадзе? Я мог бы паказаць замак, мяне туды пушчаюць. — Пакасіўся на бацьку і цішэй дадаў: — Разам з татам, калі у замкавай царкве ідзе служба.
— Сталіца цяпер у Вільні, – непрыветна адрэзала Сьвеціца.
Баярын, які, здаецца, цалкам быў заняты гаворкай з Офкай і Лунём, тут жа пачуў і нярвова аспрэчыў:
— Новагародак — асаблівы горад у княстве. І калі мы... калі нашае гаспадарства зноў стане асобным ад Польшчы, можа, вялікі князь зноў вернецца ў старадаўнюю сталіцу Міндоўга.
— О, так! – працяжна прасьпявала Офка, уся выпраменьваючы згоду і пакорлівасьць. – Новагародак варты таго, каб быць сталіцай!
— Але ж ты заўсёды любіла Вільню! – не ўтрымаўся Лунь, а блазен зласьліва хіхікнуў:
— Ай! Нашай пані ўсе чэрці адной шэрсьці!
Офка на імгненьне звузіла вочы, і блазен замоўк, папярхнуўшыся.
— Але ж наўрад ці князь Вітаўт адолее караля. За ім ня толькі браты – князі самога княства і многія вяльможы, але і польскае войска, – задумліва прамовіў Лунь.
— Князь Вітаўт – сапраўдны гаспадар і рыцар, як і яго бацька Кейстут. Гэта не Скіргайла, які балюе цэлымі днямі, – закіпеў Гневаш. Але Офка не дала размове пайсьці ў небясьпечным кірунку.
— Нашыя дзеці засумуюць ад гэткіх гаворак. Ім жа гэта – ані шум баравы. А вы ж у нас сапраўды дарагія госьці. Нашая дзяўчынка, бач, таксама тут адна, у гэтай глушэчы. Дык вось з пагодкам сустрэлася, хай пагамоняць пра Навагародак – можа, калі ёй і давядзецца там жыць...
Сьвеціца бліснула на яе вачыма.
— Мне і тут няблага, — суха адказала яна мачысе.
— Ну як жа няблага? – засьпявала Офка, умільна ўсьміхнуўшыся Гневашу. – Тут і апрануць што вартае няма перад кім. Княгіня Марыя хутка пакідае Ліду, а раней жа мы хаця б туды час ад часу езьдзілі. Я ўсё спадзявалася, што яе міласьць возьме маю дзяўчынку да сябе, але нешта ня склалася... Зьвякуе тут адна, калі які добры чалавек ня знойдзецца... Праўда, і пасагу ў яе няшмат, але ж ёсьць. Ёсьць тое-сёе. Зьберагла я для яе, сіраты, усё, што магла...
У час гэтага маналогу Сьвеціца паступова залівалася яркім гнеўным румянцам. Усе погляды былі скіраваныя на яе, і яна не стрымалася:
— Даніла возьме мяне і з гэтым пасагам.
— Даніла!
Офка адвярнулася, выціраючы хусьцінкаю сухія вочы. Яна была задаволеная. Яўная цікавасьць да яе новагародскага баярына нечакана магла абярнуцца выгодаю для яе самой. Яна мусіць знайсьці сабе, нарэшце, некага, хто ўзяў бы на сябе клопаты гэтага невыноснага жыцьця, дзе толькі рахункі і падлікі, дзе кожны талер трэба вырываць у сквапнага швагра... А ў такім выпадку там, у багатым новагародскім доме, падчарцы не месца! Канешне, яна, згодна з прывілеем караля, цяпер, выходзячы зноў замуж, губляе права распараджацца мужавым маёнткам, але якая тут маёмасьць, калі яе нельга прадаць! А Данілу, нават калі ён і застанецца жывым, наўрад ці выбрацца з віленскага замка (плявузгаюць па акрузе, што яго завезьлі туды). Хай чакае яго! Зьвякуе ў дзеўках!
Таму яна імгненна падрахавала ўсе магчымыя варыянты. Гэты, апошні, на які яна справакавала падчарку, быў ня з горшых.
— Гэты ашуканец і злодзей, які ўкраўся ў нашае жытло дый быў спайманы судоўцамі з Вільні! – заламіла яна рукі. – Ці ты думаеш, дачушка, што ён яшчэ жывы?!
Перастаў жаваць кавалак халоднай вепручыны малады Даўгаль, застыў над цынавай місай поліўкі Гневаш. Яны глядзелі на Сьвеціцу. А тая рыўком устала з-за стала, гнеўна гледзячы на мачыху. У белай ільняной сукні, што выглядала з-пад наплечнага шарсьцянога пакрывала, зашпіленага ля горла эмалевай фібулай, з сярэбранымі колтамі на скронях і сярэбраным тонкім абручыку, што трымаў яе рудыя, колеру сьпелай саломы валасы, яна была падобнай да багіні вясны Лялі. Але вусны яе жорстка сьцяліся, і яна прагаварыла голасам рашучым і перасьцерагальным:
— Не кажыце нічога благога пра Данілу. Я буду чакаць яго. Заўсёды. Пакуль ён ня вернецца сюды. І замуж – яна кінула цяжкі позірк на гасьцей, і Лунь раптам убачыў перад сабой не пляменьніцу-падлетка, а свайго бацьку, якога за мужнасьць адзначаў сам вялікі Альгерд, – замуж я больш за нікога не пайду, апроч Данілы. Так і ведайце!
Яна крутанулася і выйшла, амаль выбегла з-за стала. Скрыгатнулі пятліцы дзьвярэй, якія яна спакойна, але рашуча зачыніла.
Запанавала маўчаньне. Але яно доўжылася толькі некалькі імгненьняў.
— Ну і дзяўчына! – з захапленьнем гледзячы на дзьверы, прамовіў Даўгаль, на што бацька яго асуджальна зіркнуў на сына і працяжна прамовіў, спачувальна гледзячы на Офку:
— Трэба вам, спадарыня, самой дзяцей раджаць, а не глядзець за чужымі!
— Я ж аддала ёй лепшыя гады жыцьця! – прамовіла Офка, бясьсільна апусьціўшы рукі на стол. Яна добра ведала, якое ўражаньне робяць на мужчынаў сталага веку яе тонкія, амаль празрыстыя пальчыкі, далікатныя запясьці, упрыгожаныя сярэбраным з залатымі насечкамі бранзалетам.
Лунь маўчаў. Яму нясьцерпна захацелася назад, у свае ўтульныя пакоі, дзе добра сядзіцца на крэсьле, засланым мядзьвежай скурай, а ногі грэе другая такая ж, разасланая на падлозе. Цяпер жа, са скрухай прадбачыў ён, давядзецца доўга слухаць скаргі гэтай маладзіцы. Ён разумеў, што пляменьніца таксама ўжо даўно жыве сваім жыцьцём, адгарадзіўшыся ад іх усіх. Але варушыць сямейны клубок ён ня стане. Лепей даесьці свой кавалак шчупака, якога якраз падала на стол увішная прыслужніца, дый пайсьці ва ўтульнасьць адзіноты і спакою...
Але ён не пасьпеў ажыцьцявіць свае намеры. Гневаш тым часам ужо ня мог утрымацца. Ён ускочыў, схапіў ружовыя пальчыкі Офкі і прыціснуў іх да сваіх, трохі залосьненых шчупаковым тлушчам. І яна зразумела, што хутка, вельмі хутка пакіне нялюбую Любчу і перабярэцца ў багаты дом каля замка.
А Даўгаль упершыню ў сваім жыцьці пачасаў патыліцу, раздумваючы над тым, што ж такое робяць з мужчынамі жанчыны. Бацька, падобна, зусім забыўся на яго, уласнага сына... Мабыць, гэтак будзе і далей, калі ўвойдзе да іх, каб замяніць гаспадыню, гэтая маладая мачыха...

Жыцьцё на чужыне
Сыпала, мяла, шархацела па велічэзных каменных сьценах белая, крупою, кудаса. Зьверху, з вакна, на кароткія імгненьні бачыліся вастраверхія чырвоныя дамы магістрату і заможных купцоў гораду, рэдкія прахожыя, што беглі па плошчы, сьпяшаючыся схавацца ў сваім цёплым жытле, дрывасекі, што везьлі на фурманках самы патрэбны зараз, у такія халады, тавар – дровы. Яны нават не спрабавалі завярнуць да пад’ёмнага мосту, што злучаў замак і горад: ведалі, што яшчэ з Прачыстай у бяздонныя замкавыя сховы было навезена досыць сьсечанага сасноўя і дубоў.
Сапраўды, у жытле рыцараў было цёпла. Трохі дзьмула ад вузкіх аканіцаў, дзе шчыліны старанна былі заткнутыя пакульлем, але печы палілі штодзень – замкавыя службы стараліся. У пакоях было чыста, бо двойчы на дзень іх прыбіралі. Няспынна працавалі пральня, пякарня, кухня, і кожны ў замку добра ведаў свае абавязкі. Таму і ў зімовыя дні каля збраёўні, сядлярні, стайні круціліся людзі.
Прыезджых уражвала, наколькі прадумана арганізавалі крыжакі свой побыт. Звычайна замак будавалі так, каб ён быў абкружаны вадой, так што трапіць у яго можна было толькі праз мост. У часы эпідэміяў мост падымаўся, і ўваходу ў яго не было нікому. Аднак прыпасаў і для людзей, і для коней заўсёды хапала на некалькі месяцаў, а рыцары ніколі не перапынялі сваіх баявых заняткаў. Гной са стайняў у такія часы скідаўся ў раку, яна ж, рака, прамывала і прыбіральні, для чаго рабіліся сьпецыяльныя рычагі.
Рыцары заўсёды былі гатовыя ісьці ў паход, як толькі пачуецца покліч. Кап’ё – асноўная баявая адзінка — складалася з рыцара ў цяжкім узбраеньні, у дасьпехах і з кап’ём альбо дзідай, збраяносца, а таксама стралка з лукам ці арбалетам. Пры рыцарскіх конях, якія стаялі ў агульнай стайні, быў таксама слуга, які ў паходзе гатаваў ежу для свайго пана і даглядаў яго.
У паходах уначы не распраналіся, часам, калі непрыяцель быў блізка, нават не здымалі абутку, елі два разы на дзень, а ў посныя дні – адзін. У замку жылі ўсе разам, разам хадзілі на імшу і чыталі малітвы. Ні пісаць, ні атрымліваць лістоў без дазволу не маглі. Калі выходзілі ў горад, забаранялася размаўляць з жанчынай, асабліва ж маладой. Нават маці не дазвалялася цалаваць.
Па першым часе такая строгасьць уражвала. Але з цягам часу Даніла стаў заўважаць, што жывое, паўнакроўнае жыцьцё ўсё ж знаходзіла для сябе шчыліны ў суровых духоўных панцырах законьнікаў. То засталі ў стайні двух братоў за непрыстойнымі гульнямі, то пад выглядам слугі ў каморцы два месяцы жыла мясцовая вісьлена, то аднаго з рыцараў не маглі падняць з ложку, бо з вечару набраўся аднекуль прынесенай медавухі.
За непаслухмянасьць каралі – у прысутнасьці магістра рыцара білі бізуном альбо адбіралі ў яго каня. Маглі і зусім выгнаць з ордэну. Але такое здаралася рэдка, асабліва калі сям’я віноўнага шчодра ахвяравала для братоў грошы і маё­масьць.
Воі Вітаўта жылі па агульным раскладзе. У дзесяць вечару па гуку сігнальнай трубы замкавы мост падымаўся, і ўсе, хто спазьніўся, змушаныя былі чакаць да раніцы. Елі ў зале, дзе і ўсе, толькі ў асобным кутку. Выездку коней таксама рабілі ў строга адведзеныя гадзіны, і бывала, што нязвыклы да такой дысцыпліны прыезджы госьць забываўся на тое – тады конь заставаўся ў стайні, а небараку добра даставалася ад галоўнага канюшага.
За колькі месяцаў Даніла добра агоўтаўся сярод крыжакоў і ў гарадку ва­кол замка, пастараўся вывучыць кожную шчыліну, куды толькі можна было ўлезьці. Улезьці ўдавалася ня ўсюды: былі пакоі і нават калідоры, да якіх нельга было і наблізіцца. Дзесьці там, як здагадваўся хлопец, былі крыжацкая казна і ўзбраеньне. У зачыненым для гасьцей двары праходзілі вайсковую навуку рыцары – часам, праходзячы міма, чуў ён сталёвы звон, гахканьне баявых сякераў і рэзкія мужчынскія крыкі. Ня ўсё імкнуліся адкрыць сваім сёньняшнім саюзьнікам гаспадары, многае трымалі пры сабе. Не далі чарцяжоў тых вогнедыхальных гар­матаў, што ўжывалі пры нападзе на Вільню – маўляў, гарматы тыя яшчэ недасканалыя... Гэта злавала Вітаўта і прымушала яго трымацца вельмі абачліва: ён адчуваў у дзеях крыжакоў тонкую гульню з ім і адначасна з Ягайлам, так што кожны дзень мог абярнуцца нейкай неспадзяванкай. Ды ён быў гатовы да любой нечаканасьці. Жыцьцё само, як вялікая гульня, усё тут хістка, непрадказальна, імгліста, і будучае захінутае шчыльнай завесай, за якую могуць зазіраць толькі жрацы, дый і тых цяпер перасьледуюць паўсюдна, бо Еўропе дадзенае абяцаньне прывесьці Літву і Жамойць да хрысьціянства. Тут, на гэтых землях, ляжа, і ўжо ляжыць, вялікі разлом паміж Захадам і Усходам. Тут мяжа паміж дзьвюмя плынямі адной хрысьціянскай рэлігіі – праваслаўнай і каталіцкай, але тут адначасна і мяжа паміж азіяцкімі ханамі, якія ўсё яшчэ бяруць даніну з Масковіі, і еўрапейскімі гаспадарамі, якіх намесьнік Бога на зямлі – папа – заклікае да міру і ўзаемаразуменьня...
І ўсё гэта была вялікая палітыка, у якой удзельнічалі ўсе, хто яго абкружаў, хто пайшоў за ім і служыў яму сваім жыцьцём, спадзеючыся на перамогу.
Даніла, як і іншыя простыя воі, мала разумеў у стасунках ордэну і Кароны, папскага двара і Вялікага Княства. Але за гэты час ён шмат аб чым даведаўся і пасталеў на вачах.
Ведаў цяпер Даніла і імя рыцара, твар якога ўпершыню пабачыў у лідскіх лясах, праз смугу сьмерці і роспачы. Твар гэты назаўсёды адбіўся на ягонай памяці, як адбіваецца водціск пальца на расплаўленым воску. Але нельга было паказваць таго нікому. Адзін з канюшых князя Рыгор, з якім ён пасябраваў у выгнаньні і якому расказаў пра тое, што сталася пад Лідай, вылаяў яго за гатоўнасьць тут, у Прусах, паквітацца з рыцарам:
— Ты хочаш падвесьці нашага гаспадара? Мала таго, што цябе тут зарэжуць, як авечку, дык і немцы нам перастануць давяраць. Маўчы і цярпі! Каб наш гаспадар паказваў, на што ён ня можа забыцца, яго, мабыць, жывога б ужо не было.
І расказаў Рыгор пра тое, што імя ягонае было раней Бабёр, але пры хрышчэньні далі яму імя ў гонар Рыгора Амуліча, які ў Крэве паклаў за князя жыцьцё і чыя нявеста Ганна таксама сабой ахвяравала дзеля таго, каб некалі адпомсьціў Вітаўт за сьмерць ейнага жаніха.
— Ты думаеш, гаспадар наш Вітаўт ня памятаў пра сьмерць свайго бацькі, вялікага Кейстута, у крэўскай вежы, калі ехаў на дамовы з вялікім князем Ягайлам і спрабаваў суцішыць смуту ў краі? І ехаў, і абдымаўся, і братам яго называў. І ўсё дзеля чаго? Дзеля таго, каб сотні – ды што там – тысячы! – людзей жылі спакойна, каб мір быў на нашай зямлі.
— Але кароль Ягайла і князь Вітаўт – сапраўды браты, хаця і стрыечныя. А хто мне гэты гіцаль? Гэты Шомберг?
— Ён табе цяпер пакуль што саюзьнік. Саюзьнік дзеля таго, каб забраць у караля Ягайлы нашую зямлю, якую ён аддаў палякам. Праўда, казалася тады, пры заключэньні уніі, што і наша гаспадарства, і Польшча будуць роўныя. Ды дзе тая роўнасьць? Ужо ж бачна, што дзеецца.
— Можа, Ягайла яшчэ адумаецца,...
— А хто такі Ягайла? Малодшы сыночак Юльяны, які пакуль што толькі тым праславіўся, што ля Кулікоўскага поля дрыжэў ды думаў, чый бок узяць: Мамая, свайго саюзьніка, ці князя маскоўскага, Данскім празванага? І што ж – ні саюзьніка не падтрымаў, ні Данскому ня даў дыхту.
— Яно так...
— Дык чаго ты сумняваешся?
— Я не сумняваюся, — апраўдваўся Даніла. – Я не магу зьмірыцца, што гэты падлюга жывым ходзіць па зямлі, а мой бацька... які ён быў, каб жа ты бачыў яго!
— Кожнае жыцьцё дарагое. І што табе зараз важней: за бацьку адпомсьціць ды нашкодзіць нашаму гаспадару ці боль свой у сабе схаваць і рабіць, што загадана? Ты малады. Мо некалі і дачакаешся сваёй хвіліны.
— Сваёй?
— Так, браце. Кожнаму Бог дае сваю хвіліну. Можна чакаць яе ўсё жыцьцё ды празяваць. А можна і выкарыстаць. І тады ўсё, што загадаў, зьдзяйсьняецца.
— А ты… ты, Бабёр…
— Рыгор!
— Так, Рыгор… Ці ты ўжо выкарыстаў тую… сваю хвіліну?
— А гэтага я табе не скажу, хлопча. Ня той цяпер час, каб пра самае-самае гаварыць...
— Усё табе, Рыгор, ня тое. І хвіліна, і час. Як жа адгадаць, калі “тое” ці “ня тое”?
— Пабачыш сам. Глядзі вакол і слухай. І ня толькі чужых, але і сваё сэрца. Яно, хлопча, не памыляецца, адно толькі – стрымліваць яго часам трэба. — І тут жа перавёў размову Рыгор на іншае: колькі аўсу трэба купляць для ўсіх коней і ў якога купца – таго, што ў замак авёс прадае ці шукаць іншага?
Але словы яго заскамілі душу Данілы здагадкаю, што не адно яго гора на сьвеце і ня толькі ў ім палае агонь нянавісьці і помсты. Калі стаяў на каравуле, мераючы крокі ўправа – улева ад дзьвярэй і трымаючы руку на дзяржальні мяча, раздумваў над тою гаворкай. Сапраўды – за гэты час ён пацішэў, ачомаўся ад сустрэчы, што напачатку ашаламуціла сваёй нечаканасьцю. І ён бясконца раздумваў над тым, што здарылася тады на Альгердавай паляне.
Скарб з Лідскага замка падпільнавалі яны, крыжакі. Яны ведалі, хто і калі па­вязе яго. І добра разьлічылі, што кароль Ягайла найперш падумае на свайго адвечнага ворага – Вітаўта. А калі нават і здагадаецца, што той ня вінны, яму выгадна паверыць у тое, што ўсюды і ва ўсім вінаваты Вітаўт. Так і здарылася. І ў выніку ўсіх гэтых заблытаных абставінаў цяпер ён тут, у гэтай чужой для яго краіне, сярод чужых людзей. Аднак за гэты час Даніла пабачыў, што і сярод жыхароў замка ёсьць тыя, з кім ён ахвотна пасябраваў бы, каб не былі яны ворагамі.
Найпершым з іх быў Хайнц.
Гэтага масіўнага, як печка, таўстуна Даніла пабачыў у горадзе, калі ішоў па вуліцы, купіўшы торбачку пахкай травы, што лечыць горла пад час агнявіцы. З харчэўні, што была перад ім, раптам расчыніліся дзьверы і з іх ня выйшаў, а вываліўся ледзь не на рукі Данілы чалавек у дарагім скураным каптане і шапцы-мехавушцы, надта падобны да астрыжонка – тоўстага драўлянага абрубка, якія возяць у замкавыя печы. Даніла не пасьпеў адскочыць і міжволі падтрымаў чалавека, ад якога патыхнула такою гарай, нібы ён піў медавуху ўвесь апошні тыдзень. Тут жа ўсьлед за таўстуном вылецеў з харчэўні іншы, апрануты бядней, але таксама ў добрых юхтавых ботах, мабыць, слуга, бо ён з ласкавымі і нават умольнымі інтанацыямі ў голасе абхапіў свайго пана і адцягнуў яго ад Данілы. Але той заўпарціўся, залапатаў нешта і зноў схапіў хлопца за руку. Тады слуга, падтрымліваючы выпівоху, зьвярнуўся да Данілы, які збольшага ўжо разумеў немцаў, але адказваць ім ня мог: нешта як трымала яго, і з гаспадарамі дасюль мог ён паразумецца толькі знакамі.
Просьба была нечаканай: рыцар Хайнц патрабаваў, каб да замку давёў яго dieser Knabe — “гэты хлопчык.”
— Я ня хлопчык, — адрэзаў хлопец, спадзеючыся, што яны зразумеюць адмову, выказаную на мове ліцьвіноў. – І не слуга, а вой. — І дадаў цішэй, хутчэй для сябе:
— Я магу гэтага... хіба мячом паказытаць, калі яму так моташна.
Ніколі пасьля так і ня змог выведаць Даніла, ці Хайнц сапраўды разумее яго мову, ці гэта Лядашчык, што беражэ пяных і ачмурэлых, даў яму магчымасьць адчуць абразу, што стаілася ў адказе. Але “астрыжонак” раптоўна выпрастаўся і, маланкава выхапіўшы з Данілавых похваў, што віселі на поясе, ягоны меч, імгненна перарэзаў ім раменьчыкі, на якіх трымаліся похвы, і, пакуль тыя няўклюдна падалі на дол, пасьпеў зноў засунуць у іх жа выхаплены перад тым меч.
Глуха бразнулася Данілава зброя на вільготную брукаванку, засьцеленую папрэлым жоўтым лісьцем. Але калі хлопец, выпусьціўшы з рук торбачку, кінуўся за мячом, таўстун з задаволенай усьмешкай нагой штосілы таўхануў похвы, і яны паехалі па схіле, паскараючы свой ход і нібы ўцякаючы ад гаспадара. Калі ж, перахапіўшы сьлізкія скураныя похвы, абярнуўся Даніла, каб кінуцца на крыўдзіцеля, таго ўжо не было на вуліцы, нібы ён праваліўся скрозь зямлю. Разьятрана пабегаўшы па вуліцы, Даніла пайшоў у замак, трымаючы ў адной руцэ зёлкі, а ў другой – свой меч. Але калі ён назаўтра мыўся ў каменным карыце, на яго пырснулі вадой. Абярнуўся і пабачыў учарашняга таўстуна. Той, у бялюсенькай ільняной кашулі і белых нагавіцах, стаяў перад ім, дружалюбна міргаў і працягваў сваю руку.
— Frieden, Frieden, gut?1 – казаў ён словы, якія ўжо добра разумеў Даніла, і, сьціснуўшы зубы, узгадаў хлопец словы Рыгора. Тады працягнуў і сваю руку насустрач. І зноў адказаў на ненавіснай мове:
— Gut!
З той хвіліны ў ім нешта як пераламілася: нямецкая мова ўраз “пайшла”, і праз якія паўгоду Даніла размаўляў на ёй амаль што як на роднай. Паспрыяў таму і Хайнц.
Ён быў паэта. Сугучныя адно аднаму словы сыпаліся з яго як з чароўнага рога.
Ён быў весялун і выпівоха, і ўжо аднаго гэтага было дастаткова, каб манаства рыцарскага ордэну было для яго недаступным. Але Хайнц быў нашчадкам аднаго з самых старажытных і заслужаных перад Сьвяшчэннай Рымскай імперыяй родаў. На жаль, быў малодшым сынам, якому, па звычаёваму праву, нічога з ленных уладаньняў іхніх бяскрайніх земляў не даставалася. Вайна была адзіным сродкам для яго, каб выслужыцца і ўзыйсьці на вяршыню славы і пашаны. А вайна – стыхія крыжакоў і ордэна.
І ён стаў рыцарам. Прыняў тры ўмовы паступленьня туды: беднасьць, бяс­шлюбнасьць, паслухмянства. Пакляўся даглядаць хворых і ваяваць з ворагамі. Прысягаючы, паклаў два пальцы на Біблію і гучна, у прысутнасьці ўсяго капітула, прамовіў: “Абяцаю і клянуся, што ўстрыманьне цела будзе адным з маіх звычаяў, буду паслухмяным Богу, Дзеве Марыі, а потым магістру ордэну Нямецкага дому і вашым наступнікам паводле статута аж да сьмерці.”
Сябры капітула кусалі вусны, каб не зарагатаць, калі ён гэтак кляўся, хаця гаварыў ён вельмі сур’ёзна. Нічога сьмешнага не было і ў тым, калі яго ў касьцёле, у час імшы, апаясвалі рыцарскім пасам, – аднак ксёндз пасьля прызнаўся, што ледзь ня пырснуў сьмехам, гледзячы на круглы Хайнцаў твар з грымасамі, што міжвольна прабягалі па ім, — што было б ужо зусім недапушчальна для духоўнай асобы. Некаторыя цьвердзілі, што ён вельмі хутка ня выйдзе, а вылеціць з ордэну. І аднак, яны памыліліся. Бо Хайнц у першым жа баі даказаў, што ён пераўзыходзіць шмат каго з тых, хто лічыўся сярод крыжакоў слаўнейшымі. Ніхто з рыцараў ня мог зраўняцца з ім у валоданьні мячом. Некаторыя нават казалі, што ён прадаў сваю душу Вельзевулу за ўменьне адчуваць сілу мяча і нават гаварыць з ім. Прынамсі, бачылі, як ён, пяшчотна гладзячы сталёвы клінок, нешта казаў яму, а іншыя сьцвьярджалі, што і клінок адказваў яму сваім ледзяным голасам.
Менавіта вайсковае майстэрства дало Хайнцу тую свабоду, якою ня мог пахваліцца ніхто з рыцараў Мальбарскага замка. Толькі ён адзін мог гуляць па начах, абыходзячы са сваім зброяносцам усе харчэўні, толькі ён адзін меў каханку, нягледзячы на манаства.
Каханку гэтую, Герду, Даніла пабачыў пасьля, калі пасябраваў з Хайнцам. Аднак, калі б яму сказалі, што ён менавіта пасябраваў, хлопец запратэставаў бы: яму проста падабалася, калі той паказваў яму ўсялякія штукарствы з мячом, з дзідай ці кінжалам. Здавалася, Хайнц сапраўды валодаў нейкай таямніцай, – ягоныя прыёмы былі зусім ня тымі, якія бачыў Даніла пад час рыцарскіх трэніровак.
І каханка яго, якой мог бы ганарыцца сам імператар, сапраўды кахала яго – тоўстага астрыжонка, падобнага да кажана. Гожая гэтая маладзіца, з зялёнымі вачыма, вішнёвым, надта ж пачуцьцёвым ротам і гнуткай постацьцю палявой русалкі мела ад Хайнца ажно трох дзетак, але ніхто ў горадзе не насьмельваўся скрыўдзіць яе хаця нейкім папрокам ці назваць вісьленай – адной з тых жанчын, што цікавалі за прахожымі ў цёмных кутках гораду, нягледзячы на ўсе забароны магістрату.
Неяк ён стаяў на варце каля Вітаўтавых дзьвярэй, і неўпрыкметку задумаўся пра ўсё, што было зваязана з Хайнцам. Думаючы пра яго каханку і мерачы свае крокі туды-сюды, Даніла ня мог не ўзгадаць і Сьвеціцу. Ды ў самы разгар думак пра яе раптоўная рука вырвала ў яго дзіду, і не пасьпеў ён апамятацца, як стаяў пры сьцяне, а ягоная собская дзіда ўпіралася яму ў грудзі. А насупраць, трымаючы яе, стаяў Хайнц і сьмяяўся:
— Du schlafst wie... Сьпіш, як той шчанюк пад парогам!
— Каб жа цябе Пярун гакнуў! – ачомаўся Даніла і паспрабаваў вырвацца, але Хайнц моцна прыціснуў яго дзідай да сьцяны. – Пакажы, як гэта ў цябе атрымалася? Як ты падкраўся гэтак непрыкметна? І ваш, нямецкі вартаўнік таксама праспаў!
— Не праспаў, ён мяне добра бачыў, але таксама вырашыў цябе правучыць! Вы, славяне, вечна пра нешта марыце, нават на службе!
“Хаця б князь не пабачыў гэтае мае ганьбы!” – мільганула ў галаве Данілы, і ён пакорліва падняў рукі, каб толькі не зацягвалася гэтая небясьпечная для яго гульня.
Хайнц тут жа адпусьціў дзіду і вызваліў Данілу, які прагна схапіў сваю зброю.
— Калі вечарам згодзішся са мною пайсьці на сьвята, пакажу табе прыём.
— Пайду, калі князь адпусьціць мяне. Ён ня любіць, калі мы пакідаем замак.
— Ваш князь ужо стары, яму пад пяцьдзясят, а табе яшчэ сьвет паглядзець трэба. Вой – ён, ведаеш, сёньня жывы і бадзёры, а заўтра дзіда праткнула сэрца, і ляжа ён як той маркач на абед воранам. Любі, жыві, радуйся кожнаму дню! Вы (ён ткнуў пальцам у Струмілу, які вышаў з княскіх пакояў) нейкія ўвесь час замаркочаныя, нібыта зьбіраецеся за самога Бога вырашаць усе ягоныя праблемы!
— А… што за сьвята? – здаўся Даніла, якога надта зацікавіў абяцаны яму “прыём”.
— Вальпургіева ноч.
— Што за ноч?
— Сёньня ўсе прыгожыя жанчыны зьбіраюцца ляцець на высокую гару і там скакаць і кахацца да раніцы.
— Як ляцець? На якую гару? – не мог зразумець Даніла.
— Звычайна: сесьці на памяло і сказаць запаветнае слова, каб падняцца ў паветра…
— Дык ты пра ведзьмаў кажаш? Цьфу на цябе! – адхіснуўся ад яго Даніла.
А Хайнц сьмяяўся:
— Які я нячысьцік? У мяне крыж на плашчы і гэта я павінен вас, язычнікаў, да Хрыста прыводзіць. Усё, усё, вы не язычнікі, я ведаю! – жартаўліва закрычаў ён, і ўся яго магутная каржакаватая постаць выпраменьвала столькі дабрыні, што Даніла сам засьмяяўся. Але адразу ж пасуровеў:
— Калі гаспадар пабачыць, што я з табой тут на варце языком траплю – выганіць мяне да Лядашчыка. Ідзі, ідзі да сваіх вершаў, пішы!
Хайнц пайшоў, а хлопец, зноўку роўна мераючы крокі ўзад-уперад, мог зрэдку бачыць у вакне ў канцы калідора, як гуляе, мяце, засыпае сьвет і людства белая ледзяная завея, і яна ўжо не здавалася яму такой беспрасьветна–панурай, гатоваю пахаваць пад сваёй зьмярцвелай коўдрай усё жывое на зямлі, а толькі гульнёю даўняга бога маразоў Зюзі і ягоных падданых… І як ні сварыўся на сябе, што стаіць на варце і мусіць думаць толькі пра яе, усё роўна ўзгадваў ён і дзяўчыну з далёкай Лідчыны – дзіўную, ні да кога не падобную птушку – лятайку, і тады нешта пачынала пячы пад грудзьмі – можа, страх, што ніколі-ніколі ня вернецца ён на родную зямлю, не пабачыць, як паднімаецца пад нарогам вільготная, пахкая, толькі адталая ад маразоў зямля, і як, магутна раскрыліўшыся, на паветранай плыні трымаецца, амаль не варушачы крыламі, белы бацян, як выбухаюць жоўтыя каташкі на вярбе і сонечна-жоўтымі дзьмухаўцамі залівае зялёны луг... І яму хацелася шчасьця, хацелася, каб нейчая мяккая, далікатная рука пагладзіла яго па галаве, і праз твар маці, аблямаваны белай тканінай наміткі, мроіўся яму твар маладой любчанкі, яны зьліваліся ў адно аблічча. Ён не здагадваўся, што то было аблічча яго далёкай радзімы, па якой ён сумаваў з усім маладым пылам не растрачаных яшчэ пачуцьцяў…

Роздум
У гэты ж час хадзіў узад-уперад па сваім пакоі і князь Вітаўт, абдумваючы вялікія і малыя справы, без якіх ягоны саюз з ордэнам мог скончыцца няслаўем і нават палонам.
Яго строга-аскетычны твар з глыбокімі вачніцамі і вузкімі, рашучымі вуснамі быў засяроджаны, пальцы рук сплеценыя ў шчыток, нібы тут яму пастаянна пагражала небясьпека.
Хатні, з тонкай воўны каптан грэў плечы, якія ў апошні час пачалі мерзнуць, мяккія юфтавыя боты паціху парыпвалі па жаўтаватай кафлі, і гэта чамусьці супакойвала яго расхаданыя нервы.
Ня першы раз ён быў у крыжакоў, дзе яго пахрысьцілі па заходнім абрадзе і дзе ў яго было шмат тых, хто гатовы быў падтрымліваць яго ўзыход на вялікакняскі пасад. Папа, хаця падтрымліваў і Ягайлу, усё ж таксама прыглядаўся: хто з іх дваіх хутчэй і спарней ахрысьціць тых, хто заставаўся ў язычніцтве? Хрышчэньне язычніцкага краю магло прынесьці сьвятому стальцу павелічэньне і ўлады, і ўплыву на сусьветны хрысьціянскі рух. Апроч жа гэтага – паступленьні ў папскую казну, новыя вернікі, ну і гэтак далей… Што ж датычыць немцаў… Ну, вядома, яны таксама шмат гавораць пра сваю місію – несьці сьвятло Хрыста на ўвесь сьвет. Але і сам ён, і ўся Літва ня раз добра паспытала таго “сьвятла”: пад час крыжацкіх рэйзаў-паходаў людзей рэзалі, гвалцілі, нішчылі, абдзіралі загіблых да апошніх нагавіцаў. Пасьля прадавалася ўсё гэта па Еўропе, і, абмыўшы кроў, насілі багатае шляхецкае адзеньне месьцічы, а іхнія жонкі і дочкі шылі з нарабаваных палотнаў ды пушніны футры і сарочкі.
Але зараз крыжакі патрэбныя яму для барацьбы. За ўладу, так. Але за тую ўладу, якая ня дасьць Ягайлу канчаткова прадаць Вялікае Княства палякам. А тыя сапраўды пацэлілі, як кажуць, “у яблычак.” Хто б пайшоў на такія ўмовы уніі, апроч Ягайлы, пад якім гарэў сталец і якому не ўтрымацца б на ім на працягу аднаго – двух гадоў! Так, палякі разьлічылі ўсё як сьлед: калі памёр кароль Казімір, празваны Вялікім і патрэбны быў кароль, які будзе залежаць толькі ад іх, то найпрыдатнейшым аказалася трэцяя дачка папярэдняга караля, Людовіка Венгерскага. А мужам яе, яшчэ больш залежным, бо якая ж улада ў прымака, стаў Ягайла. Перадаў ім гаспадарства, ВКЛ, як цялушку, якую прыводзіць у пасаг вясковая дзеўка! Эх, Ягайла, Ягайла!
Мудрым быў дзядзька Альгерд, але і яго абвяла вакол пальца другая жонка, прымусіла завяшчаць сталец вялікага княства ня першынцу ад Марыі Віцебскай, Андрэю Полацкаму, а свайму першынцу, свайму пястунчыку! З Андрэем бы зьмірыўся ён, Вітаўт, з ім змог бы падзяліць землі гаспадарства так, як зрабілі гэта бацька Кейстут і дзядзька Альгерд, а вось з Ягайлам – ніколі! І не таму толькі, што ў Крэве па-здрадніцку загадаў той забіць бацьку. Паліць душу вось што: ніколі нашчадкі не даруюць ім, вышэйшым людзям княства, што дазволілі яго не злучыць, як думалася раней, а проста перадаць другой краіне! Ад мора Пантыйскага да мора Балтыйскага цягнуцца землі вялікага княства, і калі на Балтыцы маразы, то ля Понта – Чорнага мора — яшчэ зьбіраюць вінаград. Калі ў Полацку гавораць па-крывіцку, то ля Понта – гаворкай палянаў, а ля Новагародка ў мову крывіцкую ўплятаюцца словы жмудскія, а зусім ля мора – толькі ўжо Балтыйскага — жмудзіны ды аўкштоты гавораць па-свойму. Колькі плямёнаў сабраныя ў адно! Бацька Кейстут ды дзядзька Альгерд з каня не сыходзілі, папонай конскай накрываліся ды не пасьпявалі залечваць раны. І сыны Альгердавы ад Марыі таксама ў тых паходах былі, як і ён, і ўсе браты ягоныя, асабліва Войдаць і Войшвіл. А тым часам Ягайла ля печы кафлянай у зімовыя маразы грэўся ды казкі пра Бая слухаў, і меч з неахвотай браў дый з маткай перад іконай укленчваў. Але і гэта аказалася ашуканствам: перамяніў веру, як вопратку, толькі трубы кракаўскія прызыўна загулі… Праўда, і сам ён з язычніка стаўся католікам – дык жа з няхрышчаным уладаром у сёньняшні час ніхто ня стане весьці перамовы. Нават татары і тыя маюць Магамета, які Хрыста прызнае.
Думкі яго круціліся і круціліся, як верацяно, вакол Ягайлы.
Як жа ён, вуж, слухмяна схіліўся перад бацькам Кейстутам, калі той на здрадзе злавіў і ў палон узяў! Кляўся, што будзе верным васалам. Быў у іхніх руках, і вось высьлізнуў, і ўжо штомесяц мацнее. За Ягайлам – татары і Польшча. А хто за ім, Вітаўтам?
У самім княстве ў яго нямала верных людзей, асабліва ў той частцы, якая была пад Кейстутам, але ўсё ж для перамогі іх мала. І ён стаў узгадваць іх адзін за адным, як быццам узважваў іхнімі лёсамі перамогу, дзеля якой змагаўся: невысокі, з хітраватай усьмешкай Мінгал – Мінгайла Гедыгольдавіч, кашталян ашмянскі і цяжкі, як буйвал, ягоны брат Сьвівілон; прыгажун Монівід, кашталян віленскі, і ягоны брат, нізенькі і пранырлівы маршалак Гедыгольд; самы ўплывовы сярод усіх – Іван Альгімунтавіч Гальшанскі. Ён хаця і застаўся ў праваслаўі, але ў яго гэтак жа гарыць сэрца пры думцы, што княства можа заняпасьці. І мноства іншых, гэтак жа занепакоеных людзей. Вось з імі і трэба падтрымліваць сувязь, каб у пэўны момант яны маглі сустрэць яго там, на радзіме, і падтрымаць разам са сваім войскам, калі ён прыйдзе з крыжакамі. А калі крыжакі зробяць сваю справу, то ўсё роўна мусіш аддаліцца ад іх і пільнаваць сваё – сваё княства, сваю зямлю…
Шкада, што амаль столькі ж прыхільнікаў у Андрэя Полацкага. Шкада – таму што Андрэй харобры вой, але ён упусьціў момант, калі можна было саслабіць Дзьмітра Данскога, пайшоў яму на дапамогу ў Кулікоўскай бітве і тым моцна падняў маскавітаў. Што ж цяпер? Прайшло больш за дзесяць гадоў, Масква, хаця і плаціць даніну ханам, ды паціху падымаецца. Яна хітрыць: сьцелецца і перад татарамі, хаця і ня так, як да той бітвы, і нас спрабуе стравіць паміж сабой. Узяць хаця б Наваградскую метраполію, калі маскавіты абышлі нас у справе патрыярхаў, заваліўшы Канстантынопаль падарункамі. Чалец Канстанцінопальскай патрыярхіі падтрымаў абодвух – і тым стварыў яшчэ адзін вялікі закалот, уводзячы ў грэх праваслаўных… Можа, з Васілём яны паразумеюцца, нездарма ж сватаўство да Соф’і так абурыла і Ягайлу, і папу, і ордэн!
Ціха, амаль нячутна, увайшла жонка Ганна. І ён не пасьпеў дадумаць да канца сваё вялікае думаньне. Уздыхнуў, ведаючы, як клапоціцца яна пра тое, каб ён здужаў усё, што навалілася на ягоныя плечы: нянавісьць караля-брата, суперніцтва пляменьнікаў, вымушаныя ўцёкі да крыжакоў, клопат аб гаспадарстве і сям’і. Нядоўга ім тут пабыць разам, і трэба цаніць кожную хвіліну. Ніхто не ведае, што будзей далей. Што станецца з імі. Ці выйдуць адсюль жывымі. Ці перамогуць.
Жонка таксама ўздыхнула, ейная белая намітка калыхнулася, на імгненьне закрыўшы прыгожы, хаця ўжо і немалады твар з вялікімі сінімі вачыма.
— Пайшлі з Луцка ледзь ня ўпрочкі, а там жа ня ўсё вывезьлі, шмат чаго засталося. Цяпер Ягайла загадае ўсё вывезьці, парабаваць…
Яны глянулі адзін на аднаго, і абое ўсьміхнуліся. У кожнага было сваё: у яе – дзеці, служанкі, ложкі ды пярыны, посуд і тысячы дробязяў, якія ладкуюць жыцьцё і робяць яго не такім невыносным. У яго – войска, якое трэба апрануць і абуць, накарміць і ўзброіць, сотні людзей, з якімі трэба весьці перапіску і пасылаць ганцоў, тысячы, якіх ён павінен накіраваць па патрэбным кірунку, каб яны ўсе сталі адным ударам – па ім, ненавісным Ягайлу, што засеў у Кракаве, як пацук у нары.
І ён абняў яе за плечы, крануўся вуснамі скроні і лёгенька пацалаваў. Яна ўдзячна прыхілілася да яго, з-за аднае гэтае пяшчоты зноў і зноў гатовая ісьці за ім куды заўгодна, верыць яму і кахаць…

Крэмітэнскі замак
Прайшло крыху больш за год, калі памёр вялікі князь маскоўскі Дзьмітры Данскі, а на сталец маскоўскі ўзышоў сын яго Васіль Дзьмітравіч. І на пачатку 1391 году ў Крэмітэнскі замак, пасьля доўгага і цяжкага падарожжа, прыбыло пасольства з Масковіі, каб везьці да вялікага князя сасватаную яшчэ ў Луцку нявесту — дачку Вітаўта Соф’ю.
Яшчэ пад час падарожжа ў Прусы знатныя баяры Аляксандр Поле, Белявут і Селіван паслалі перад сабой ганцоў і ў Барэнштэйн, і ў Крэмітэн, дзеля таго, каб як мага пышней адсьвяткаваць ад’езд сваёй будучай гаспадарыні. Гэта была прыемная навіна: дваццацігадовая Соф’я вось ужо два гады была як прасватаная, і чаканьне цяжкім клопатам клалася на яе і блізкіх. Гэта была і добрая нагода для Вітаўта, каб зноў сабраць разам усю сям’ю перад разьвітаньнем з дачкой.
Вітаўт з атрадам уехаў у Крэмітэн за дзень да прыбыцьця туды маскавітаў. Даніла, які ўпрасіў Струмілу ўзяць яго з сабой, быў сярод дружыньнікаў. Ён ужо добра валодаў нямецкай мовай, і Струміла даў яму патаемнае заданьне – слухаць, што гавораць між сабой крыжакі, калі ўсе астатнія будуць занятыя ўрачыстасьцю.
— Яны вачэй з нас ня зводзяць, і мы павінны быць гатовыя да ўсяго, — адобрыў тое баярын Рокут, дарадчык Вітаўта.
Цэлы вечар сям’я князя змагла пабыць разам, перагаварыць між сабой. Тым часам служкі Ганны і Рынгалы зьбіліся з ног, дапамагаючы пакаёўцы князёўны Соф’і сабраць у вялікія каваныя куфры тое, што змагла прывезьці з сабою сям’я, зьбіраючыся ў Прусы. Выбіралася майно і каштоўнасьці, загадзя падрыхтаваныя для пасагу, а таксама тое, што спатрэбіцца князёўне пад час доўгага падарожжа: футры бабровыя і мядзьвежыя, луды – плашчы з расшытай золатам парчы, мятлі, ватолы, прывалокі, сукні з венецыянскіх і візантыйскіх тканінаў, чапцы і скураныя шапачкі з залатой і сярэбранай аблямоўкай, паясы з каштоўнымі камянямі і залатыя вяночкі з эмалевымі скроневымі колцамі, і саф’янавыя пантофлікі, і нямецкія прасьціны, і батыставыя галандзерскія двікарці, і шмат іншых, больш дробязных рэчаў. Было вырашана: пасольства паедзе па сушы, паколькі зараз, у зімовыя вятры, мора – ненадзейны шлях. Таму наперадзе Ноўгарад і Пскоў, і толькі затым – Масква. Вядома, здаровую маладую дзяўчыну падарожжа не павінна занадта змучыць, аднак жа шлях быў далёкім і нялёгкім.
Але пра пасаг і пра будучае падарожжа гаварылі мала. Найбольш пра тое, як маладой дзяўчыне жыць і валадарыць разам з Васілём у краіне, дзе доўгая татарская няволя пусьціла глыбокія карані. І хаця асноўны корань тае няволі падсечаны, але залатаардынскія ханы ўсё яшчэ маюць нямала моцы. Дзьмітры Іванавіч Данскі, бацька Васіля, і пасьля Кулікоўскай бітвы да канца жыцьця езьдзіў у Залатую Арду з падарункамі. Цяпер жа ягонаму сыну і зноўку давялося прасіць ярлык на Княства Маскоўскае, а таксама і на Ніжні Ноўгарад, Тарусу, Мурам і Мяшчэру. Праўда, пыхі ў залатаардынскага валадара значна паменшала: ён разумеў, што Масква пакрысе выпростваецца з няволі – ды і Вітаўт нямала спрыяў цяпер добрым адносінам Тахтамыша да Васіля І, якому гэтая падтрымка была вельмі важная, з-за таго, каб не перахапілі вялікакняскі сталец ягоныя шматлікія родзічы, што заяўлялі пра свае ня меншыя, чым у Васіля, правы на яго.
Тым часам Даніла, у чаканьні заўтрашняй варты, аглядаў і гэтае, невядомае для яго дасюль жытло крыжакоў. Будаваўся замак у Крэмітэне па ўзору Мальбаркскага, але быў ён нашмат меншы, і варта, хаця было яе таксама шмат, як і ў Мальбарку, але была не такой суровай, як там: дазволіла Данілу і тром воям Вітаўта – Зайцу, Івану ды Даўшы зайсьці ў падзямельле, адкуль ішло па трубах уверх, у пакоі, гарачае паветра. Праўда, суправаджаў іх службовы брат Томас, ды Даніла быў удзячны за дазвол: у Мальбарку ім не далі і наблізіцца да падзямельля.
Калі яны ўжо спусьціліся ўніз, іх зноў спыніў вартавы, але тут жа, раз­гле­дзеўшы шэры плашч Томаса і паўкрыж на яго левым плячы, махнуў рукой: “Праходзьце”.
Даніла даўно марыў зблізку пабачыць гэты цуд, пра які ўпершыню даведаўся ў Мальбарку. Убачанае ўразіла яго яшчэ болей: калі яны, доўга ідучы ўніз, нарэшце дасягнулі самых ніжніх прыступкаў і зайшлі ў вялізныя, бяз вокнаў, сутарэньні замка, дзе столяй служыла таўшчэзная жалезная рашотка, на якую былі наваленыя валуны – ледзь змаглі разгледзець тое, што там адбывалася. У няроўным сьвятле смалякоў было бачна, што купка людзей мітусілася вакол вогнішча, зграбаючы яшчэ не спаленыя кавалкі дрэў з абсечанымі сукамі. Гэта былі магутныя дубовыя калоды, альбо сасновыя плашкі, альбо бярозавыя круглякі. Некалькі неабчасаных бярвеньняў грувасьціліся ў куце.
Вогнішча ўжо дагарала. Валуны наверсе сьвяціліся чырваньню – бачна было, што іх нагрэлі як мае быць. Змакрэлыя ад поту, з ланцугамі на нагах, людзі вакол распаленага вугольля – з закуранымі тварамі, у лахманах замест адзеньня – задыхаліся ад гарачыні, яны прагна ўцягвалі паветра з калідора, стараючыся як-небудзь апынуцца каля парогу, але наглядчык адганяў іх дзідай, падколваючы тых, хто падбіраўся бліжэй. Адзін з гэтых бедалагаў, што ўпаў наўколенцы і, як сабака, высунуў язык, хрыпла азваўся на грубы рогат каравульнага, які ботам піхнуў яго назад:
— Каб цябе Пярун гэтак стукнуў, як ты мяне пляжыш, сабака крыжацкі! Каб жа мне адсюль выбрацца, дык я б табе паказаў, дзе чорт пяньку ўе!
— Raus! Вон! – крыкнуў немец ужо разьюшана, мабыць, адчуўшы ў го­­ла­се нявольніка нянавісьць, што гатова была выплеснуцца бунтам ці не­­паслу­­шэнствам.
— Выберашся, як жа. Раз ужо забраўся сюды, проці ліха на ўзгорачку, да сьмерці няе выйдзеш, – сьцішана азваўся нехта з тых, хто варушыў вугольле.
— Хлопцы, гэта ж нашы! – шапнуў адзін з Данілавых паплечнікаў. – Гавораць жа па-нашаму! Можа, спытацца, адкуль яны?
— Каб яны праклялі цябе за тое, што ты разам з ворагамі? – з горыччу сказаў Даніла.
Мабыць, іх усё-ткі пачулі. Кінуўшы качаргу, так што яна зазьвінела па каменнай падлозе, да хлопцаў памкнуўся згорблены, але ўсё яшчэ высокі чалавек. На шэра-чорным твары, дзе пісягі ад попелу і вугольля прамылі ці то ручайкі поту, ці сьлёзы, ліхаманкава блішчэлі вочы.
— Землякі, выцягніце мяне адсюль! Угаварыце іх, заплаціце, – я аддам вам грошы, яны ў мяне ёсьць!
Ён упаў перад наведвальнікамі на калені. І адразу завылі, закрычалі, узмаліліся на розныя галасы і на розных мовах усе, хто там быў, кінуліся да ўвайшоўшых. Грозна зароў каравульны. Томас замахаў рукамі:
— Пайшлі, пайшлі адсюль!
— Тут палова ліцьвіноў, ня менш! – загаварылі Данілавы спадарожнікі, але ахоўнік пагрозьліва роў, і яны, пад напорам службоўца, падаліся да выхаду, вінавата азіраючыся на людзей, якія было кінуліся за імі ды адхлынулі пад бязьлітаснымі ўдарамі дзіды..
— Даніла!
Гэты голас выразна раздаўся ўсьлед ім, калі яны ўжо выйшлі ў калідор.
Данілу падалося, што ён абмыліўся. Ня можа быць, каб нехта тут ведаў яго і аклікаў. Але голас паўтарыў зноў:
— Данілачка, сынок!
Ён устаў як укапаны. Некалі ён добра ведаў гэты голас. Але чалавек, які крычаў яго імя з-за галоваў жыбяньцяёў і толькі што падбіраўся да іх са сваёй прапановай заплаціць за выкуп, быў яму незнаёмы.
— Хто ты? – крыкнуў ён, ужо адыходзячы ад дзьвярэй.
— Я Гердзень! Я ўратаваў цябе, Даніла, і сяджу тут з-за цябе! З-за цябе! Чуеш? Ты чуеш?!
Гэта было неверагодна. Ня з гэтай апраметнай азваўся голас – ён азваўся з мінулага жыцьця, якое, як Данілу здавалася, даўно сышло: з пакутамі і ганьбай, са сьмерцю бацькі і вязьніцай. Ён цяпер быў іншы, ён забываўся на тое, што было, хаця часам, у сьне, трызьніў гэтым мінулым. І прыходзілі ў тыя трызьненьні бацькавы мёртвыя вочы і кроў, што залівала ягонае горла, ненавісныя вочы княгіні Марыі і страла, якая ляцела над яго галавой і над галавой рудавалосай дзяўчынкі з Любчы. І сьмярдзючыя вільготныя лахманы на целе, і чаканьне сьмерці ў вязьніцы віленскага Горняга замка, і выбух, што каменным пылам абсыпаў грудзі, калі прабіла сьцяну над яго галавой, – усё гэта паўстала ў ім, і ён захлынуўся атрутай тых дзён і гадзінаў.
— Што з табой?
Ён расплюшчыў вочы. Томас трос яго за плячо, яго вочы былі ўстрывожаныя. Крычаў вартавы, заганяючы людзей далей, прэч ад дзьвярэй.
— Табе блага?
— Не.
— Ты сустрэў тут кагосьці знаёмага?
— Гэты чалавек забіваў мяне. Ён забіў майго бацьку.
Немец узяў Данілу за плячо і ўладна павёў па прыступках наверх, куды ўжо падняліся Данілавы сябры.
— Яго, мабыць, Одын пакараў і за цябе, і за твайго бацьку. Што я кажу – Хрыстос пакараў! – паправіўся ён і ўсьміхнуўся. – Ведаеш, мяне ўзялі сюды нядаўна. А ў нашых лясах яшчэ пакланяюцца Одыну, хаця мы, германцы, хрыш­чаныя, і даўно.
Наверсе, на вузкай пляцоўцы, было ня так горача. Даніла ачуняў, вызваліўся з рук Томаса.
— У нас таксама вераць у Перуна. Але ты мяркуеш, што вашаму богу ёсьць справа да гэтае макрыцы? – запытаўся ён.
— Раз ён апынуўся ў нас...
— Калі ўжо так, то яго пакараў наш Пярун. Адправіў у падзямельле да Жыжаля. А падземнае полымя – яно, мабыць, адно на ўсіх.
Томас паціснуў плячыма, на вуснах яго прамільгнула паблажлівая ўсьмеш­ка.
— Ты навучыўся добра гаварыць па-нашаму, але ня думай, што тэўтонцы роўныя вам, славянам.
— Чым жа яны іншыя? Здаецца, такія ж, як і мы, воі.
— Даніла, ты мне падабаешся. Але чым хутчэй вы пяройдзеце да нас і ад­дасьцёся пад нашую ўладу, тым лепей для вас. Славяне ўсе будуць зьнішчаныя. Ордэн непераможны. Тым жа, хто прыме наша ўладарства добраахвотна, будуць дадзены землі і прывілеі. Праз паўстагоддзя твае ўнукі ўжо ня будуць ведаць, хто яны. Паслухай людзей на Эльбе. Калісьці гэтая рака называлася Лабай, а жыхары – палабамі — славянамі. Сёньня яны ўсе лічаць сябе германцамі. Так будзе і з вамі.
— З намі так ня будзе!
— Будзе, – спакойна зазначыў Томас. — І кароль Ягайла, і ваш князь Вігунд1 ня могуць абысьціся бяз нас. Слабыя яны.
Кроў закіпела ў жылах Данілы, ён гатовы быў схапіцца за меч. Але ўзгадаў спакойны твар Вітаўта і ягоныя словы: “Пакуль княства ня стане цалкам неза­лежным ад чужых, нам трэба цярпець крыжакоў. Але мы даб’емся свайго – і некалі разаб’ем ордэн на друз!
— Ну так, на друз! – з сілай прагаварыў ён.
— Што? – не зразумеў Томас.
— Нічога, службовы брат. Пакуль, як будучы германец, хачу папрасіць цябе: наладзь мне сустрэчу з Гердзенем. Ці гэта немагчыма і для цябе?
— Немагчыма? Для мяне? – усклікнуў Томас. – Кажы, як яго клічуць? Ты кажаш, Гердзень? Але што ты хочаш ад яго даведацца?
— Усё, што ён хавае...
...На наступны дзень Даніла, зноў з двума сваімі паплечнікамі, спускаўся ў знаёмае падзямельле.
У жыбяньцяёў дзень быў адносна вольны: наступны раз валуны грэць мусілі яны толькі праз два дні. Вартавы, хаця і неахвотна, згадзіўся адпусьціць Гердзеня наверх, на знаёмую ўжо Данілу пляцоўку. Воі адышліся ад іх і чакалі. Яны былі патрэбныя як ніколі: Даніла даўмеўся, што, калі нават і ня вызваліць ён Гердзеня, то, магчыма, той захоча аблегчыць душу і расказаць праўду. А праўда тая была надта патрэбная: абвінавачваньне з яго зьнятае не было.
Зноў убачыўшы былога камандзіра лідскага атраду, хлопец падзівіўся таму, як зьмяніўся гэты чалавек. Ужо не высокі, шыракаплечы вой стаяў перад ім. Не, гэта быў змучаны, з баязьлівымі вачыма і амаль аблыселай галавой стары, які ўвесь час баязьліва азіраўся на Томаса. А той глядзеў на яго з непрыхаванай грэблівасьцю.
— Ты ня зможаш выкупіць гэтага чалавека, нават калі вельмі захочаш, — патлумачыў ён, яшчэ калі яны ішлі ў падзямельле.
— Чаму?
— Ён ашукаў ордэн.
— Ордэн?!
— Ну так. Я даведаўся, у чым яго віна. Тут, у падзямельлі, ня проста палонныя, тут усе ворагі ордэну – хто забіў альбо параніў рыцара. Але гэты – ашукаў. Ён забіў непатрэбнага нам чалавека, а выдаў яго за іншага, каго мы шукалі.
І цяпер, стоячы перад уваходам у падзямельле разам з тым, хто ашукаў і яго, Даніла ня ведаў, з чаго пачынаць гаворку. Ён падазваў да сябе ліцьвіноў, што прыйшлі з ім.
Ды Гердзень пачаў сам. Шалёная надзея на выратаваньне з крыжацкага пекла абудзіла ў ім усе сілы, што яшчэ засталіся ў змарнелым целе.
Ён упаў на калені.
— Калі ты не даруеш мне ў імя Хрыста, — захрыпеў ён, — то даруй у імя нашых старых багоў. Якімі клялася і твая маці, і нашыя продкі. Я прайшоў ужо іхняе крыжацкае пекла, яны зламалі мяне, і адзіная надзея атрымаць грошы, каб уцячы ад іх і ад вас, каго я ашукваў, – гэта быў той куфар, той пракляты куфар! З-за гэтага я выдаў ім атрад! З-за гэтага я папярэдзіў іх загадзя, дзе мы спынімся!
— І гэта ты страляў у мяне ў Любчы? Кажы праўду!
Стары чалавек апусьціў галаву, і Даніла ўбачыў, што ў яго адрэзана адно вуха. Страшны шнар не загаіўся, ён быў чырвона-сіні і сачыўся гноем.
— Я, — сказаў ён ціха. – А што мне было рабіць?
І тут жа закрычаў так, што ў Данілы зазьвінела ўвушшу:
— Але пасьля... пасьля я забіў іншага! Не цябе! Не цябе, Даніла! І мне не сказалі, што ўвесь атрад заб’юць! Я думаў, думаў... што яны проста забяруць куфар!
Убачыў вочы субяседніка і задрыжаў усім целам у горкіх рыданьнях:
— Ня верыш! Забі мяне тады, адпомсьці за бацьку! Сам я баюся задушыць сябе ланцугамі! Ты чуеш – я баюся! Нават на гэта я ўжо няздольны!
Міжволі рука Данілы лягла на похвы з мечам. Але Томас перахапіў яго руку:
— Гэты чалавек — уласнасьць ордэну. І, апроч таго, — насьмешлівая ўсьмешка зноў пакрывіла яго вусны, — За ягоную віну яму належыць да скону быць у пекле. Як і ўсім нашым ворагам! Ён здраднік. Ён жа здрадзіў і табе.
— Ты... ты разумееш нашую мову? — толькі і змог запытацца ўражаны Даніла.
— Трохі. Мае продкі былі з тых плямёнаў, што жылі на Лабе. Але добра ве­даю, апроч нямецкай, яшчэ тры мовы. І дзьве з іх, дзякуй Хрыстовай апецы над ордэнам, ужо зьнікаюць.
Яшчэ памаўчаў і шматзначна дадаў:
— Прусаў і яцьвягаў.
Данілавы спадарожнікі ўражана маўчалі, гледзячы то на Данілу, то на Гердзеня. А той прагна глядзеў на хлопца.
— Дык ты дапаможаш мне? У імя ўсяго, што табе дорага! Ты ж тут, з імі... Як і я калісьці, служыш ім, так?!
Даніла глядзеў на яго. І той усё зразумеў, скурчыўся і, уткнуўшыся тварам у далоні, заплакаў.

Нявеста
У крыжацкай капліцы сьвятой Дзевы Марыі, у прысутнасьці многіх знакамітых людзей ВКЛ і ордэну, рыцараў і радні нявесты павінен быў адбыцца абрад папярэдніх заручынаў вялікага князя маскоўскага Васіля І і дачкі князя луцкага і трокскага Вітаўта Соф’і.
Яна, ідучы ў замкавую капліцу, ужо была пераапранутая ва ўборы, прынятыя ў Масковіі: на сукню з грэцкага аксаміту была накінутая прывалока – мантыя без рукавоў з залатой парчы з пышнай аблямоўкай з собаля, на галаве – дыядэма, шытая пярлінамі з Белага мора, з якой спускалася белая, з сярэбранай кісяі фата, у чырвоных саф’янавых чакмарках візантыйскай работы. На шыі ў князёўны ўжо віселі прывезеныя ў падарунак ад жаніха жамчуговыя каралі ў некалькі нітак – пярліны былі буйныя, пераліваліся мяккім серабрыстым адценьнем. Ад залатых колтаў, што зьвісалі з-пад дыядэмы, струменіўся тонкі водар аравійскіх пахкасьцяў. Малады круглы твар яе разгарэўся, чорныя бровы ссунуліся ў адну лінію – яна надта хвалявалася, баялася памыліцца ў незнаёмым ёй абрадзе, хаця маскавіт Белявут ішоў збоку і ўпаўголаса суцяшаў яе, абяцаючы падказваць усё, што патрабуецца.
Маскавіты былі ня надта задаволеныя: яшчэ ў перапісцы наконт гэтага вясельля ліцьвіны наадрэз адмовіліся ад агледзінаў. Супраць гэтага паўстала сама нявеста.
— Каб мяне аглядалі, як цяліцу! – казала яна. – Княжыч Васіль бачыў, якая я. А цяпер я буду хадзіць узад-уперад перад баярамі, а яны мне будуць іголку кідаць на падлогу, каб паглядзець, ці не сьляпая я, ці знайду тую іголку!
Дзіўнымі здаваліся ёй і іншыя звычаі далёкай краіны, на якія, аднак, ейная згода была дадзеная, бо, як казаў ёй сьвятар, “у чужы манастыр са сваім абрадам ня пойдзеш”. А менавіта – звычай выстаўляць перад усімі сарочку пасьля шлюбнай начы, сорамна-патаемны агляд вядуньні — ці здольная будучая жонка раджаць дзяцей, і многае іншае. Тут яшчэ можна было ставіць нейкія умовы. Там жа прыйдзецца прымаць усё, што ў звычаях маскавітаў.
За жаніха абрад выконваў баярын Аляксандр Поле. Малога росту, шчуплы, ён ведаў, што быў ніжэй за нявесту, але трымаўся ганарліва і, чакаючы ля ўваходу, у думках прымяраўся да яе і, стараючыся зрабіць гэта непрыкметна, уздымаўся на насках, каб быць хаця трохі вышэй. На ім быў жоўты парчовы каптан з накінутым на плечы кароткім плашчом з вавёрчынай скуры, сівая барада была старанна расчасаная.
У капліцы былі комтуры з бліжэйшых да Крэмітэна замкаў, а таксама маршалак прускага Тэўтонскага ордэну Генінг Шындэкопф. Быў тут і папскі легат Анунцыа. У ганаровай варце ля капліцы, сярод Вітаўтавых вояў, стаяў Даніла. Ён быў шчасьлівы: ня кожны дзень можна ўбачыць такую ўрачыстасьць!
Шлюб дачкі Вітаўта быў значнай падзеяй як для ордэну, так і для Польшчы, ня кажучы ўжо пра Вялікае княства. Ім імкліва ўзмацняліся пазіцыі Вітаўта – ён быў ужо не адзінокі змагар, які шукаў падтрымкі ордэнк, таму што сілы яго былі заслабыя. Цяпер за ім стаяла войска, якое колькі гадоў таму змагло разьбіць татараў на полі Куліковым і было гатовае абараніць яго ад Ягайлы. Водбліск гэтае сілы нібы надаў хударлявай постаці Вітаўта арэол магутнасьці. І ў Польшчы, і ў ордэне ведалі – наступствы гэтага шлюбу яшчэ наперадзе. Магнаты, якія вагаліся – чый бок узяць? – цяпер зробяць свой выбар. І ён будзе не на карысьць Ягайлы, таму што Ягайла, якога нібы абцугамі сьціснулі палякі, мусіць думаць найперш аб Польшчы, а не аб Вялікім Княстве Літоўскім. За Вітаўта будуць усе, хто хоча самастойнай краіны, а не васала Польшчы.
Таму гэты шлюб прыцягнуў асаблівую ўвагу ва ўсіх еўрапейскіх краінах, асабліва суседніх з Польшчай і ВКЛ.
Між тым, хаця, здавалася, усё было абгаворана, у сакратара Вітаўта Цыбулькі і прыезджых баяраў усё ж атрымалася невялікая спрэчка – як дакладна праводзіць абрад?
У ліцьвіноў, паводле еўрапейскага звычаю, той, хто выступаў замест жаніха, павінен быў у прысутнасьці сьведкаў на колькі імгненьняў легчы на ложак разам з нявестай, аддзяліўшыся ад яе толькі мячом. Але маскавіты замахалі рукамі:
— Ваши обычаи, может, и хороши, токмо нам-то они не придатны. Экий срам для государя нашего: ить невеста – то евоная, скажут на Москве, с другим-то на ложе лежала! Како ему потом слышать сие!
І хаця звычай той быў абгавораны загадзя ў лістах, што слалі перад прыездам баяраў адзін аднаму пасольская хата ў Маскве і Вітаўтавыя сакратары, маскоўскія госьці спаслаліся на тое, што не зразумелі, аб чым ідзе гаворка. Былі спрэчкі і аб тым, ці каталіцкая капліца прыдатная для заручынаў – нявеста ж едзе ў краіну праваслаўную. Але паколькі сватаньне, а тым самым і будучы шлюб яшчэ ў Луцку блаславіў мітрапаліт Кіпрыян, сышліся на тым, што паколькі абрад праводзіць таксама праваслаўны сьвятар, то парушэньняў царкоўнага канона ў тым няма. Праўда, бянтэжыла паслоў і шмат што іншае: тое, што ўваход у храм тут ад заходу сонца, а не з усходу, і тое, што сьвятар тут адпраўляе службу тварам да прысутных, а сьпінай да алтара. На што сьвятар Фёдар адказваў, што ў першых стагоддзях хрысьціянства так будаваліся ўсе цэрквы, а звычай той парушаны быў у Візантыі. І што сьвятары моляцца тварам на ўсход, а прысутныя стаяць тварам да алтароў, таму што звычайна ў алтары пад прастолам хавалі мошчы праведнікаў, так што і тут каноны не парушаныя. Бачна было, што гэтыя тлумачэньні ня надта супакоілі паслоў, якім і само праваслаўе на землях Літвы здавалася несапраўдным, паколькі ў Масковіі абрады ў нечым адрозьніваліся.
Было бачна, што баяры турбаваліся аб тым, каб у гэтых незнаёмых ім варунках не ўпусьціць аніводнай дэталі абраду і тым самым не ўтварыць якой памылкі.
— А мы яшчэ дзівімся на крыжакоў, што яны нас лічаць за язычнікаў, хаця мы такія ж хрысьціяне, як і яны, – прашаптаў баярыну Рокуту Іван Альгімантавіч Гальшанскі. Ён стаяў адразу за князем Вітаўтам, а яго дванаццацігадовая дачка Ульляна – вёрткая, бойкая дзяўчынка з вострым позіркам, стоячы ў натоўпе, прагна разглядала ўборы нешматлікіх прысутных тут жанчын, час ад часу торгала на сабе камізэльку з атласа, якая стала ёй зацеснай, і папраўляючы шапачку з пышным пяром наперадзе. Яна ведала, што бацька яе ўзначаліць пасольства, якое павязе князёўну ў паўночную краіну, і спадзявалася, што некалі на свае вочы пабачыць двор маскоўскага князя – ці больш ён багаты за вялікакняскі стол у Вільні? Гэтае дзяўчо ўжо прыкідвала сабе месца сярод моцных гэтага сьвету, і яе мары праз колькі гадоў у рэшце рэшт амаль спраўдзіліся: яна, спачатку жонка князя Івана Карачаўскага, стала праз дваццаць восем гадоў жонкай самога вялікага князя Вітаўта, аўдавелага да таго часу. Але ніхто, нават і Вітаўт, ня ведалі будучага, і таму ніхто не зьвяртаў увагу на гэтае дзеўчанё. Прысутныя глядзелі на дзьверы, шырока расчыненыя насьцеж.
Нарэшце сьвятар Фёдар у сьвяточнай рызе, што ўся зьзяла золатам, выйшаў з алтара, і адразу пачуўся грукат барабанаў ля ўваходу, адтуль, дзе стаяла ганаровая варта. Яна рэзка разьдзялілася надвое, і ў праход уступіла Соф’я разам са сваёй сьвітай, сярод якой былі жонкі Івана Альгімонтавіча, баярына Рокута, Судзімонта і іншых. Ёй насустрач адразу ж пайшоў Аляксандр Поле разам з дыяканам, а ганаровыя госьці, што стаялі паўкругам ля аналоя, тварам да алтара, усхвалявана заварушыліся. Падаўшы руку, шчуплы Аляксандар павёў дачку Вітаўта да аналою, дзе яны разам сталі на калені на чырвоны пухнаты персідскі дыван і атрымалі дабраславеньне сьвятара.
Пачаўся абрад заручынаў. Маскавіты ўважліва слухалі, каб не прапусьціць ніводнага слова са сказанага. Талмач пераказваў ім тое ці іншае незразумелае слова, – баяліся, каб не было “умаления господаря нашего». Калі ж нявеста і прадстаўнік жаніха сталі абменьвацца пярсьцёнкамі, усьлед за князёўнай і “жаніхом” тыя ж словы абвяшчаў на ўсю капліцу па – латыні і талмач – цяпер для прысутных духоўных асобаў:
Accipiam te in meum maritum Vassili, regem Moscoviae...
І рэхам прадоўжыў бледны ад напружаньня баярын:
— Абяцаю ўзяць сабе ў сужонства Соф’ю, князёўну луцкую і трокскую...
На другі дзень князь Вітаўт даваў прыём у гонар вянчаньня сваёй дачкі з вялікім князем маскоўскім. Соф’я прыйшла ў вялікую залю ўжо ў суправаджэньні маскавітаў, якія трымаліся з ёю як з гаспадарыняй. Упершыню, вітаючыся з бацькам, дачка не схілілася перад ім, як звычайна, а велічна ўсьміхнулася і сказала колькі прыязных словаў – як і належала ёй па яе новым становішчы.
На гэты раз на будучай вялікай княгіні маскоўскай была багатая пурпуровая сукня, а на грудзях зіхацела дыяментавая брошка. Гэткім жа рознакаляровым сьвятлом лучыліся і завушніцы, а таксама дыяментавы пярсьцёнак на тонкім пальцы. Яна ўжо была думкамі не тут, і бацька з болем заўважыў гэтую адлучанасьць дачкі ад усяго, што абкружала яе. Яе чакалі ўрачыстыя сустрэчы ў Пскове, Ноўгарадзе, нарэшце, у самой Маскве, і яна рыхтавалася да сваёй новай ролі, дзе кожны крок і кожнае слова будуць лавіць тысячы людзей.
Яна, як і ўсе сьмяротныя, таксама ня ведала сваёй будучыні, дзе, як у чароўным яйку з казак, быў схаваны ад вачэй сьмяротных яе лёс: сьмерць Васіля, жорсткія інтрыгі князёў-супернікаў на вялікі маскоўскі сталец, асьляпленьне сваякамі сы­на, празванага ад таго Васілём Цёмным, абарона Масквы ад татар, якую яна вытрымае ўжо ў глыбокай старасьці, да якой дажыве...

Ганец-жаніх
Генрык, малодшы брат мазавецкіх князёў Януша і Мазавіта, якому крыжакі дазволілі пабачыцца з князем Вітаўтам, прыехаў у замак Рыттэнсвэрдэр пад Коўна, дзе ў той час знаходзіўся Вітаўт, падвечар. Дзеля гэтай сустрэчы дваццацігадовы біскуп плоцкі паехаў спачатку ў Мальбарк, нібыта дзеля таго, каб весьці перамовы пра мір між Польшчаю ды ордэнам. Мазовія – важнае стратэгічнае княства ў палітыцы ордэну, таму комтуры Хрыстаборгскага ды Балгскага замкаў сустрэлі яго прыветна, асабліва ж пасьля таго, як, нібы незнарок, прагаварыўся ён пра тое, што даўно закаханы ў сястру Вітаўта Рынгалу. Каханьне гэтае было для Генрыка, як і для рыцараў, забароненае: ён быў духоўнай асобай, і таму, у знак спачуваньня, і ў адным, і ў другім замку яго суцешылі добрымі, з блаславенным рэйнскім віном баляваньнямі, ад якіх у яго і там, і там моцна балела нязвыклая да хмелю галава. Аднак, калі перад самым Рыттэнсвэрдэрам ён спыніўся ў харчэўні для знатных гасьцей, да яго двойчы прыходзілі рыцары, каб яшчэ і яшчэ раз дапытвацца, дзеля чаго спатрэбілася яму сустрэча з Вітаўтам. Ягоны пакой, пакуль ён сыходзіў уніз падмацавацца, тайна абшукалі. Нарэшце дазвол быў выдадзены. І цяпер, у суправаджэньні сакратара Мікалая Цыбулькі ўваходзячы ў пакоі князя, госьць чэпкім позіркам аглядаў усё навокал: слуг, што схіляліся перад ім, вояў з бердышамі, што дзяжурылі ля пачакальні, якая вяла ў гасьцявы пакой, тканыя габелены ля вокнаў, за якімі можна было схавацца. Ці не падцікоўвае тут дзе віж? Гэта было б пагібеллю для таго найважнейшага заданьня, з якім ён і прыехаў. Нарэшце малады паж у белым адзеньні прывёў яго ў гасьцявы пакой.
Тут усё адпавядала высокаму статусу гаспадара: і стол, пакрыты шаўковым дываном, расшытым золатам і срэбрам, і залатое расьпяцьце на ім з выявай Хрыста, і крэсла з чырвоным адамашкавым покрывам, і залаты кубак на стале, адкуль князь пад час размовы піў невялікімі глыткамі ваду, – усім было вядома, што Вітаўт ніколі не ўжываў больш моцных напояў і быў аскетычны ў ежы.
Вітаўт – у жоўтай шаўковай кашулі з залатымі гузікамі, зашпіленай пад самае горла, у накінутым на плечы барвовым каптаном, падняўся з-за стала, паказаў на крэсла побач, у той час як позірк яго, здавалася, пранізваў госьця наскрозь. Сьцены, закрытыя каляровымі габеленамі, надавалі пакою выгляд шыкоўнай клеткі, сярэбраныя з чарненьнем кандэлябры падаліся маладому наведвальніку тоўстымі прутамі кратаў. Рэзкія маршчыны, што выразна пазначалі сьціснуты, рашучы рот князя, здавалася, паглыбіліся, калі ён пазнаў Генрыка. Паж моўчкі стаяў ля дзьвярэй.
Пасьля ўзаемных вітаньняў госьць, яшчэ раз азірнуўшыся па баках, шэптам, амаль на вуха князю, сказаў:
— Я прывёз тваёй мосьці ліст.
Вітаўт не пытаўся, ад каго ліст. Ён пачакаў, пакуль Генрык дастане з патайной кішэні каптана ліст. Голасна ж сказаў:
— Прысядзь і выпі віна. Ты, мусіць, моцна стаміўся. Зараз раскажаш мне пра ўсе навіны.
Плоцкі епіскап сеў. Сваяк Вітаўта па сястры князя Дануце, якая была замужам за ягоным братам, ён мог пачувацца тут вольна. Таму ўзяў шкляны келіх з віном, якое нячутна наліў паж, глытнуў, назіраючы за Вітаўтам, які павольна, з добра прыхаваным нецярпеньнем стаў чытаць пасланьне.
Ліст быў ад Ягайлы. Яго подпіс – пакручасты, з вострымі канцамі літараў — Вітаўт пазнаў адразу. Ды і пячатка малой каралеўскай канцылярыі была сапраўднай – чырвоны сургуч трохі абламіўся па краях, але ў сярэдзіне выразна бачыўся Белы Арол. Адзін. І гэта таксама быў знак для Вітаўта – звычайна на афіцыйных пасланьнях Ягайлы было дзьве пячаткі – каралеўская і вялікакняская.
Тое, што Ягайла ня ўжыў вялікакняскай пячаткі, значыла многае. У Вітаўта здрыганулася сэрца. Ліст быў напісаны не па-польску, а на мове ліцьвіноў1 – той, якую ўжывалі пры вялікакняскім двары ў Вільні. І гэта таксама быў добры знак – пісаў пісар-ліцьвін, якому кароль давяраў. Апошнім часам уся іх перапіска, хаця і надта рэдкая, вялася па-польску: мабыць, каб паны прыдворныя маглі добра ведаць усё да драбніцаў.
“Мілы браце!” – пачынаўся ліст. Вітаўт выразна пачуў пісклявы, высокага тону голас стрыечнага брата, звыклую няшчырасьць, якая гучала ў ім. Бацька, калі яны разам шмат гадоў таму прыязджалі ў Вільню да Альгерда, часам высьмейваў малога пляменьніка за гэты вісклява-жаночы голас, а той злаваўся, тупаў нагамі.
Бацька! Вітаўт узгадаў тую раніцу ў Крэве, калі ў ягоную вязьніцу зайшоў слуга і шэптам паведаміў, што князя Кейстута ноччу задушылі шаўковым шнурком, і калі малінавая зара, што тады расьцякалася па каменнай падлозе вязьніцы, здалася яму крывёю бацькі… Але ён страсянуў галавой, адагнаў малюнак ужо далёкіх падзей і стаў чытаць далей. Абыякава прапусьціў радкі – пажаданьні здароўя і запэўніваньні ў адвечнай прыязьні, чытаў далей. І – вось яно, галоўнае!
“Не спусташай болей той зямлі Літоўскай, сваёй і нашай вотчыны. Пайдзі, брат, з намі на мір і будзь з намі ў вялікай братэрскай любові, і бяры сабе вялікае княжаньне ў Вільні, пасад вялікага стрыя твайго князя Альгерда і бацькі твайго вялікага князя Кейстута.” Мы абое нарабілі шмат памылак, але лепей выправіць іх зараз, чым няславіць сябе і нашую бацькаўшчыну вайною, ад чаго пакутуе наш люд і зьнішчаецца тое, што далі нам бацькі”.
І праз многія ўшчуваньні, нарэшце, галоўнае:
“Клянуся памяцьцю вялікага князя Кейстута і свайго вялікага бацькі Альгерда аддаць табе належнае: Вялікае княства. І калі мы разам будзем правіць, як правілі нашыя бацькі, то ад гэтага толькі карысьць вялікая будзе і нам, і ўсім людзям нашым.”
А далей умовы – прысяга васала, урачыстае пагадненьне перад усім сьветам, затым каранацыя ў Вільні каронай князя Літвы і іншыя, больш дробязныя пункты.
Ягайла сам прапануе тое, чаго ён, Вітаўт, столькі часу дабіваецца: вялікакняскі сталец!
Што ж здарылася там, у Кракаве, ад чаго такая пасьпешлівасьць? Ах, так: князь Уладыслаў Апольчык, які спрабуе адарваць сваю зямлю ад Польшчы на карысьць ордэну, перайшоў да актыўных дзеяў. Калі перадасьць Апольчык свае землі крыжакам, а Ягайла ня здоляе яму перашкодзіць, паны каронныя не даруюць прымаку Ягайлу страту Дабжынскай зямлі! Некалі Апольчык, атрымаўшы яе як леннае ад Людвіка Венгерскага, перайшоў дарогу самой каралеве, якая як дачка Людвіка Венгерскага, прэтэндавала на іх! Яна мусіла згадзіцца на тое, што землі пяройдуць да Апольчыка, але з умовай: ён заўсёды будзе васалам Польшчы! А тут яшчэ разам з Вітаўтам могуць адысьці ад Вялікага княства землі трокскія, віцебскія і луцкія – Вітаўт за апошнія гады вярнуў іх сабе і забраў ад караля! А гэта ўжо ня той багаты пасаг, што меў Ягайла, калі згаджаўся на унію... Так, цяпер ён у адчайным становішчы. Яму сапраўды трэба замірэньне, і тады перадача таго, што ўжо заваяваў Вітаўт, будзе выглядаць як каралеўскі падарунак, а ня як капітуляцыя караля.
— Пачакай там, — махнуў Вітаўт Струмілу, і той ціха выйшаў у перадпакой, дзе каравульны страпянуўся і міжволі схапіўся рукой за похвы з мячом.
“Нясоладка ім тут жывецца”, — падумаў Генрык, які з ахвотай згадзіўся выканаць даручэньне караля яшчэ і таму, што сэрца яго даўно гарэла страсьцю, недазваляльнай для духоўнай асобы. Але вось ужо два гады ніякія малітвы не астужалі ягонага палкага сэрца. Рынгала – вясёлая, вострая на язык, гнуткая і лёгкая, вабіла яго душу, як вабіць агеньчык далёкай хаты адзінокага спадарожніка, што заблукаў у начы. Да таго ж яго пераканалі, што пасылаць кагосьці з каралеўскага двара да князя – значыць, выклікаць падазрэньні ў крыжакоў і тым загубіць вялікую справу міру, які кароль хоча прапанаваць свайму стрыечнаму брату. І пакуль Вітаўт чытаў ліст, Генрык глядзеў на яго схуднелы твар са спачуваньнем і патаемным пачуцьцём страху – што, як той стане на шляху яго каханьня да Рынгалы? Але думкі гэтыя перабіваў клопат аб даручанай яму важнай справе.
Ён зрабіў немагчымае – угаварыў вялікага магістра неўзабаве спакваля, аднаго за адным, адпусьціць некаторых закладнікаў і не трымаць болей у Крэмітэне, нібы ў палоне, жонку і сястру князя. Адпусьціць сыноў не абяцаў, але пацьвердзіў, што хоча міру з Ягайлам, гэта значыць з Польшчай.
Міру хацелі ўсе ў княстве – але якога? Што мог Ягайла прапанаваць Вітаўту, каб той згадзіўся перапыніць вайну? Незалежнасьць гаспадарства ад кароны? Скасаваньне ўмоваў крэўскай уніі? Не, Ягайла на гэта пайсьці ня мог. Тады што – пратэктарат Польшчы над княствам? Але дзе межы гэтага апякунства, гэтых абдымкаў, якія ў любы момант могуць стаць сталёвым абручом вакол шыі?
Аб гэтым жа думаў і Вітаўт, углядаючыся ў роўныя радкі пісьма і спрабуючы адгадаць, ці сапраўды Ягайла ідзе на саступкі, ці гэта чарговая пастка, падобная да пасткі Крэўскага замка?
Зноў узьнікла перад вачыма малінавая паласа зары, што расьцякалася па чорных каменных плітках падлогі…Толькі цяпер гэта можа быць ягоная кроў… Бацька паверыў клятвам Ягайлы, і вось чым гэта скончылася. Што, калі той жа лёс чакае і яго? Разам з тым, разважаў ён, вайна абясьсільвае нас і ўмацоўвае крыжакоў. Ордэн у рэшце рэшт дачакаецца свайго часу, калі мы з палякамі саслабнем у барацьбе паміж сабой, і пасьля схрумстае пераможца.
Ён уявіў магутныя сківіцы Конрада Юнгінгена – каму ж і быць наступным вялікім магістрам, як не яму? – і зьлёгку ўсьміхнуўся. Ня раз лавіў ён мімалётныя погляды гэтага ваяўнічага вялікага маршала ордэну, і заўсёды ў іх мільгала нейкая цёмная, пракаветная глыбіня, падобная да бяздоннай дрыгвы, якая гатовая засмактаць неасьцярожнага. Або не – хутчэй гэта быў позірк зьмяі, што цікуе за сваёй будучай ахвярай.
Узгадаў, як у сьвяшчэнным храме Мокашы бачыў гадаванку-зьмяю, да якой на сьняданак пусьцілі выкармленую ў храме ж мыш. Тая, ледзь яе ўпіхнулі да зьмяі, пачала шалёную мітусьню – яна караскалася па сьцяне, падала, зноў пачынала бегаць, і вырачаныя вочы яе былі поўныя сьмяротнага жаху… Зьмяя ж, узьняўшы сваё гнуткае тулава, глядзела нерухомым, нейкім нібы адрачона-сонным позіркам на ўсю гэтую мітусьню. Пасьля, калі мыш змаглася і на імгненьне застыла, зьмяя адным няўлоўным, імклівым рухам тузанулася да яе, – і тая адразу апынулася ў пражорлівай пашчы гадзіны.
— Я ня дам сябе зжэрці! – ускінуўся ён, узгадаўшы той выпадак, але цьвярозы розум падказваў іншае…
“Закладнікі! – адразу ўзгадалася галоўнае, балючае, і Вітаўт зажмурыўся. Ганна і сыны! Рынгала і Зыгмунт! Сваякі і паплечнікі!
Добра, што хаця Соф’я ўжо ў Маскве. Муж яе, калі меркаваць па лістах, паволі, але няўхільна набірае моц. Ёй там лягчэй – Васіль яе кахае, а характар у дачкі моцны і незалежны.
Але сыны – яшчэ падлеткі, яшчэ дзеці! Што будзе з імі? Што будзе з Ганнай? Ці яе закатуюць, яе закатавалі некалі Алену ў Крэўскай вязьніцы, што, захутаўшыся ў ягоны плашч, тры дні называлася хворай і ляжала, адвярнуўшыся да сьцяны, каб ён змог зьехаць як надалей ад Крэва?
Але над усім гэтым стаяла галоўнае. Важнейшае нават за ўласнае жыцьцё – будучае краіны. Вялікага княства.
Амаль чатыры гады перад ім была бездань, і дарогі ўперад не было. Было адно – пераскочыць праз гэтую бездань і альбо разьбіцца ў ёй, альбо ўзабрацца на вяршыню, якая вабіла, як вабіць сіняватымі абрысамі будучыні багіня Мара. Цяпер замільгацела сьвятло, але што яно абяцае насамрэч?
Верыць – ня верыць? Рашыцца скакаць зараз праз бездань ці вычакаць іншы, больш спрыяльны час?
Каб жа была з ім мудрая маці! Але калі яе таксама загадаў утапіць Ягайла, яна схавалася – дзе, ня ведае ён сам. А можа, даўно ўжо вярнулася да служэньня багам, якія могуць адкрываць людзям заслону Няведамага. Але нават там, у вялікім няведамым Ірыі, яна заўсёды чуе яго, калі ён захоча зьвярнуцца да яе.
Тады ён заплюшчыў вочы і ўсёй сілай свайго жаданьня захацеў, каб маці яго пачула. Такім нясьцерпным было гэтае жаданьне, такая сіла была ўкладзена ў яго, што цуд адбыўся.
…Твар яе, нібы яго адбітак калыхаўся кругамі па вадзе, зьявіўся перад ім, і ён запытаўся ў яе:
— Што мне рабіць, родная мая? Зноў паверыць Ягайлу?
Яе твар – хісткі, слабы адбітак на чорнай вадзе ляснога возера — зноў закалыхаўся, і тут жа зьнік. Здалося яму ці не – яна заплюшчыла вочы, нібы згаджаючыся з ім? Ці гэта прымроілася?
Вітаўт устаў. Падышоў да дзьвярэй, загадаў Струмілу:
— Пакліч баярына Рокута.
Калі той пайшоў, ён яшчэ раз абвёў вачыма сьцены. Ня можа быць, каб дзесьці тут, у замкавай сьцяне, не было якога галасьніка, які шматкроць павялічвае кожны гук. Такія галасьнікі ёсьць у Каложы, што ў Гародні. Але там галасьнікі ня дзеля таго, каб падслухоўваць, а затым, каб кожны шэпт павялічваўся, малітва гучала ўрачыста і ішла ажно да неба. А тут… Ён прысеў на лаву і стаў знарок гучна распытваць прыезджага госьця пра сястру Дануту і яе дзяцей, а той, у сваю чаргу, пытаўся пра здароўе блізкіх Вітаўта, якія жылі ў іншых замках.
— Паначуй тут, я хацеў бы пагаварыць з табой яшчэ, — сказаў нарэшце ён, бачачы, што Генрык стомлена апускае галаву – мабыць, гнаў каня не спыняючыся і змарыўся.
— Але, твая мосьць, я хачу заехаць у Крэмітэн, — заікнуўся ганец, ды князь нахмурыў бровы, вочы блісканулі лязом мяча:
— Заначуй! Слуга цябе праводзіць, будзеш спаць у маіх пакоях. А пра Рынгалу пагаворым заўтра.
Ужо выходзячы, Генрык разьмінуўся з Рокутам. Той зьдзіўлена вырачыўся на прыезджага – не чакаў сустрэць яго тут. Але не сказаў ні слова, толькі моўчкі пакланіўся і засьпяшаўся да князя, які чакаў яго, стоячы ля кафлянай печы. У Рыттэнсьвердэне не было той дасканалай сістэмы ацяпленьня, як у Мальбарку, і раньняй вясной, а таксама восеньню, калі яшчэ не палілі, было халодна, але затое тут было меней вачэй, якія нястомна сачылі за кожным крокам князя. Ды разам з тым асноўныя яго саюзьнікі былі раскіданыя па Прусах і Нямеччыне, і кожны ганец, які прыязджаў да князя альбо ад’язджаў ад яго, быў усё роўна пад пастаянным наглядам.
— Заседзеўся я тут, — сказаў Вітаўт, калі баярын Рокут моўчкі схіліўся перад ім. – Пайшлі пагуляем пад дубамі.
Рокут ізноў моўчкі пакланіўся. Ён ведаў – бяз дай прычыны гаспадар не прапануе выйсьці з замка. Таму ён пачакаў, пакуль да дзьвярэй пройдзе князь, а пасьля патупаў за ім. Немалады яго твар выказваў заклапочанасьць.
Яны засьпяшаліся з пакояў Вітаўта і, мінаючы сваю і крыжацкую варту, што адсалютавала ім мячамі, пашыбавалі ўніз, па сьцяжынцы, што вяла да месца двубояў. Тут, ля дубоў, што абкружалі вялікую паляну, на якой зараз было ціха і ўтульна, завялі бяседу.
Вітаўт расказаў пра патаемны ліст Ягайлы, у якім той прапанаваў мір. Апроч таго, гарантаваў кароль, што пра тыя дамовы ведаюць адно яго брат Скіргайла і кракаўскі яго галоўны дарадчык, Яська з Алясьніц, якім можна давяраць. Стары баярын слухаў уважліва. Ён, як і амаль усё акружэньне Вітаўта, хацеў вярнуцца на радзіму і нудзіўся гэтым вымушаным мірам з ворагамі. Але ці варта верыць Ягайлу? Ці ня новая гэта пастка, якая скончыцца тым жа, чым ужо заканчваліся дзьве клятвы караля? І што будзе з іншымі заложнікамі?
Яны падрабязна абгаварылі ўсё гэта. Але было ясна – будучыню прадбачыць немагчыма, ды як ня выкарыстаць такі шанец? Як не рызыкнуць зноў, калі і так жывеш на мяжы жыцьця і сьмерці, калі кожны бой непрадказальны і кожны дзень таксама нясе ўсё новае і новае, з чым трэба спраўляцца?
Галоўнае – як выратаваць заложнікаў? Крыжакі бязьлітасныя. Яны не даруюць уцёкаў. У іх застанецца самае дарагое, што ёсьць у князя.
Яго сыны.

Пасланец
Прайшло тры тыдні. Тым часам май раскашаваў на двары.
У Мальбарк прыбыло пасольства ад венгерскага караля Зыгмунта Люксем­бургскага з перамовамі аб продажы ордэну памежных польскіх земляў Новай Maрхii, а таксама Куяў і Дабжыня.
Прэтэнзіі Зыгмунта, маркграфа брандэнбургскага, на частку польскіх земляў, грунтаваліся на ягоным шлюбе з Марыяй, дачкой Людвіка Венгерскага, які, апроч трону венгерскага, заняў, праз дванаццаць гадоў, па запавету Казіміра Вя­лікага, яшчэ і польскі трон, дзе краляваў з 1370 па 1382 год. З трох ягоных дачок – Кацярыны, Марыі і Ядвігі – палякі абралі за каралеву менавіта Ядвігу, з умовай, што яна са сваім мужам будзе жыць толькі ў Польшчы. Але частка паноў, якая хінулася да немцаў, падтрымлівала і Марыю, а значыць, і Зыгмунта, што стварала для Польшчы дадатковыя праблемы, бо прэтэнзіі і правы маркграфа брандэнбургскага крыжакі ўважалі за падставовыя.
Важныя гэтыя справы занялі цалкам усю ўвагу крыжакоў. Да таго ж яшчэ і ўзьніклі новыя акалічнасьці — любоўныя справы Генрыка і Рынгалы... усё гэта зусім захіліла звычайна неаслабную ўвагу ордэна да Вітаўта і ягоных спраў.
А ён не знаходзіў сабе месца. Схуднеў і зжаўцеў за гэты час.
— Каго паслаць да сыноў? – пытаўся Вітаўт, але гэта было хутчэй пытаньне да сябе самога. Прагулянка з дзецьмі, калі ім дазволяць выйсьці за межы замка, а потым уцёкі з імі былі амаль нерэальнымі. Аднак, як не паспрабаваць – а раптам? Раптам дзёрзкі план удасца? І ўсё ж… Каго паслаць у Кёнігсберг? Любы вой з ягонае варты будзе падазроным. Асабліва калі ў Кёнігсберг паедзе баярын Рокут ці Судзімонт, — абодва яны добра вядомыя крыжакам як найбліжэйшыя людзі Вітаўта. Ім не дадуць і кроку ступіць з замка з дзецьмі, нават пад моцнай аховай.
— Трэба, каб з тваім лістом – звычайным, з пытаньнем аб здароўі ды іншых рэчах — да іх прыехаў нехта зусім малады, на каго ня зьвернуць асаблівай увагі. Каму ты можаш даверыцца, княжа? – спытаўся пры чарговым абмеркаваньні гэтых праблемаў баярын Рокат.
— Думаю, Даніла падыдзе, — задуменна прамовіў князь. – Ён мне падабаецца. Хаця і малады, але добра валодае дзідай і мячом. Па-нямецку ўжо гаворыць сва-бодна. Дый выгляд у яго яшчэ амаль дзіцячы – хто ў ім убачыць небясьпеку?
— Але мы слаба яго ведаем, — запярэчыў Рокут. Даніла падабаўся і яму, але занадта многае пастаўлена на карту, занадта вялікія справы пачынаюцца тут, рашаюцца, закручваюцца і хутка завіхураць на ўвесь сьвет…
— Я веру яму.
— Я таксама веру, але ж… Хіба што не кажы яму ўсяго, княжа…
— А то ён не здагадаецца, што калі вывязе дзяцей і з імі пасьля ўцячэ ў княства, то гэта значыць, што мяне тут таксама хутка ня будзе! – сыранізаваў быў Вітаўт, але азірнуўся і суцішыў голас.
— Трэба, каб нехта чакаў яго за Кёнігсбергам. Аднаму такое не па сілах…
— І гэта трэба рашаць. А каго паслаць да Ганны? Яна таксама мусіць ратавацца.
— Даруй мне, валадар, але…
— Ты думаеш, гэта немагчыма? Ганна ня раз даказвала, што яна здолее ўсё!
— Княгіня моцная духам, хто ж гэтага ня ведае? Ды толькі гады ідуць, уладар.
— І што з таго? Яна сядзіць на кані, як добры вой.
— Але каня гэтага таксама трэба недзе дастаць і схаваць. І хто ж выпусьціць княгіню з тваім ганцом? І як яна, у яе гады, вытрымае такое падарожжа?
Яны замоўклі. Кожны разумеў у глыбіні душы, што калі Вітаўт сыдзе адсюль, крыжакі наўрад ці пашкадуюць немаладую ўжо жанчыну, і княгіню можа чакаць самае горшае. Хіба што магістр сапраўды выканае абяцаньне нарэшце адпусьціць яе. Ды і Даніла, калі не пасьпее зрабіць сваю справу да таго, як вестка аб Вітаўтавых уцёках распаўсюдзіцца, можа сустрэць там, у Кенігсбергу, сьмерць і пакуты. Тое ж яго чакае, калі дзёрзкія ўцёкі не ўдадуцца і яго западозраць адразу альбо затрымаюць пры ўцёках. Але – раптам? Раптам удача, якая ня раз ужо выручала маладога хлопца, паспрыяе яму? Кажуць, багі любяць дзёрзкіх і маладых…
Вырашылі яшчэ, што, апроч Генрыка, які, па ягоных словах, выедзе ў Кракаў толькі праз тыдзень, паслаць патаемных ганцоў ня толькі да вайсковых вітаўтавых атрадаў, што раскіданыя па ўсіх нямецкіх гарнізонах, але найперш да Ягайлы. Пасылаць трэба асьцярожна, ускладаючы на аднаго ганца два, а то і тры даручэньні, каб не здагадаліся крыжакі і не пранюхалі віжы, чаму раптам пачаўся такі ажыўлены абмен лістамі.
Праз колькі гадзін пасьля тае размовы Даніла выязджаў з замка. У спадарожнікі яму далі яшчэ аднаго з маладых вояў Вітаўта Паяту, аднак яны павінны былі сустрэцца пазьней, каб выглядала, што князь паслаў ганцоў у розныя месцы і ў розны час. Лісты, якія час ад часу пасылаў сваім дзецям і сваякам Вітаўт, былі звычайнаю зьявай, таму хлопцаў прапусьцілі без аніякіх падазрэньняў. Ганец жа да Ягайлы застаўся ў замку яшчэ на суткі, і калі ён выязджаў, яго вельмі старанна абшукалі. Прамацалі ўсе швы, прагледзелі падарожны сак. Але пра словы, якія ён вёз і якія ведаў на памяць, ніхто не здагадаўся. А яны былі простыя і разам з тым важылі столькі, што немцы аддалі б шмат нарабаванага золата, каб пра іх даведацца. Гэтыя словы былі: “Згодны з табой і веру ў гэтую тваю клятву, бо няма ў цябе іншага выйсьця, як мір са мной. Пасылай ганца праз месяц у Гародню”.
Вітаўт ня спаў усю ноч. Гарэла сьвечка ў высокім металічным кандэлябры, парыпвала дубовая падлога пад цяжкай хадой князя, мерна капала вада ў сярэбраным рукамыйніку з галавой казачнага грыфона, прывезеным крыжакамі з Усходу. Грыфон, разявіўшы пашчу, зырка сачыў за князем, нібы падпільноўваў кожную яго думку, вартавы ж пад дзьвярыма чуйна лавіў усе гукі і адначасна слухаў, як перакрыквалася гарадская варта непадалёку ад замка, як гукалі адзін аднаго ахоўнікі ў самым замку і гулкае, нібы ў калодзежы, рэха разносіла гукі чужой гартаннай мовы.
Ня спаў і Генрык Мазавецкі. Рынгала стаяла ў яго перад вачамі. І ён думаў пра тое, што ўсе разам узятыя набажэнствы і звароты да Усявышняга не дадуць яму, Усявышняму, столькі любові, колькі дасьць тое каханьне, якое кіпіць у ягоных грудзях да Рынгайлы. Каханьне да жанчыны – ня грэх, бо іначай Госпад не дарыў бы яго сьмяротным людзям. Ці не да таго ж Госпада, які стварыў жанчыну, вартую каханьня, прынясецца ў рэшце рэшт палымянае пачуцьцё? І ён цьвёрда вырашыў: заўтра, калі пойдзе да Вітаўта, аб’явіць яму, што гатовы скласьці з сябе духоўны сан і ажаніцца з ягонай сястрою. Вітаўт можа яго зразумець: сам жа, нягледзячы на тое, што кахаў Ганну, часам так захапляўся якой-небудзь прыгажуняй, што на прывале, тайна кінуўшы войска, ехаў да яе на цэлую ноч.
Раніца прынесла радасную вестку: згадзіўшыся з довадамі Генрыка мазавецкага, магістр адпусьціў на радзіму княгіню Ганну і Рынгалу, яны абедзьве пакінулі замак і едуць у Мазовію.
Наступная ноч у крыжацкім замку сталася для Вітаўта апошняю. Крыжакі нічога не западозрылі, як выехаў ён нібыта на паляваньне. Але як даехаў да лесу — загула дарога пад капытамі ягонага каня і ягонай варты. Ляцеў, каб злучыцца са сваім войскам, якое стаяла пад мяжой Літвы і якое гатовае ісьці ў любы бой за ім, князем Вітаўтам...

Кёнігсберг
Чатыры дні шалёнай скачкі ўшчэнт стамілі ня толькі Данілу і яго спадарожніка Паяту, але і коней: у аднаго з іх адляцела падкова, у другога перацерлася скураная аброць: воі сьпяшаліся ў дарогу, аглядалі скакуноў ня надта ўважліва. Давялося спыняцца і каля трох гадзінаў праседзець у прыдарожнай кузьні, дзе каваль не сьпяшаючыся, з нямецкай стараннасьцю і спрытам, рабіў новую падкову. Сілкаваліся амаль на ляту – сьпяшаліся. Ліст ад Вітаўта да дзяцей захоўваўся ў скураным саку, на ім чырванела асабістая пячатка князя з яго імем, адціснутая на сургучы сыгнетам. У дадатак да таго Даніла меў асабісты знак ганца – металічную бляху з выціснутым на ёй крыжам. З гэтым знакам, які даваўся толькі на час даручэньняў ганцам, можна было без перашкод трапіць у гарады, падуладныя ордэну. Прынамсі, гарадская варта Кёнігсберга ня доўга трымала ля масіўнай, з вастрыямі на ніжнім канцы брамы ганца і яго памагатага. Запыталіся адно: “Адкуль?” і, пачуўшы адказ, што з Мальборку (Даніла знарок назваў іншы горад), пажадалі прыемнага адпачынку ў горадзе, дзе шмат добрага піва і вясёлых жанчын. Добрая нямецкая мова ганца таксама дапамагла гэтай даверлівасьці звычайна вельмі патрабавальнай і непадступнай варты. І ўжо калі Даніла крануў лейцы, адзін з брамнікаў заўважыў:
— Калі вы ў замак, то там сёньня калатня.
— А што такое? – насьцярожыўся Даніла
— Кажуць, што зьбег з Бартэнштэйна гэты, як яго... Князь з Трокаў. Наш саюзьнік!
— Адкуль хлопцу гэта ведаць, ён жа з Мальборку! – перабіў яго другі брамнік і дадаў цішэй:
— Нам нечага лезьці ў справы ордэна.
— А мы і ня лезем! — не хацеў сунімацца першы. – Але ж ордэн нас корміць, вось жа мы і турбуемся. Князя гэтага… зловяць і на першым жа дубе павесяць!
— Калі ордэн заваюе ўвесь сьвет, то наш горад стане самым багатым, – ушчаміўся ў размову і трэці дзяцюк – вялікі, рыжы, ленаваты. Адчувалася, што вартаўнікам хочацца пагаварыць з кімсьці, і выпала гэтае жаданьне якраз на Данілу, які ледзь хаваў нецярпеньне, але мусіў слухаць, бо спадзяваўся неўзабаве ехаць праз гэтую ж браму – вядома, не вяртацца назад, але каб зьбіць з толку перасьледнікаў, калі яны спахопяцца і панясуцца за ім у заходнім, віленскім накірунку.
Навіна аб Вітаўце яго моцна ўстурбавала: як маглі крыжакі так хутка даведацца пра тое, што Вітаўт пакінуў замак? Узгадаліся размовы пра тое, што ордэн многае пераняў на ўсходзе ў арабаў і тампліераў, у час войнаў за Труну Гасподнюю. Тампліеры, як кажуць, былі чараўнікамі, яны ведалі многае, у тым ліку і нейкія сьветлавыя сігналы, якія даходзяць у патрэбнае месца за некалькі гадзінаў. Калі так, то яму няма чаго рабіць у замку. Яго зараз жа схопяць і таксама зробяць закладнікам. Гэта – у лепшым выпадку. У горшым жа… ён добра ведаў, што бывае ў горшым. Нагледзеўся за час сумеснага жыцьця з немцамі. Аднойчы войт з нейкага маленькага мястэчка, які пастаўляў прыпасы, вырашыў абхітрыць замкавага казначэя ў Мальборку – спудлаваў колькі мяшкоў жыта. Яго прывязалі да слупа і рыцары, гарцуючы, як бы гуляючы, усадзілі ў яго столькі стрэлаў, што ён, ужо віснучы на слупе мёртвым, нагадваў агромністага вожыка.
На тое, што яму ўдасца вывезьці дзяцей за замкавую браму, а тым болей – з горада, ён амаль не спадзяваўся. Аднак надзея ўсё ж жыла ў ім, як жыло і дзёрзкае, гарачае жаданьне нацягнуць немцам нос, выкрасьці закладнікаў, каб затым аб тым узгадвалі яшчэ многія гады… І таму ён, хаця і нудзіўся размоваю, усё ж пастараўся пільна агледзець брукаваную вуліцу, што вяла ад брамы ў горад ды завулак, які пачынаўся непадалёку. Варта было б залезьці на вунь тую высокую званіцу ды агледзець горад зьверху — куды кіравацца пасьля наведваньня замка? Ён не мог павярнуць назад, каб пасьля сказаць князю Вітаўту, што ня выканаў ягонага даручэньня, што спалохаўся галасу ў замку і не выратаваў сыноў князя. Раз яму, Данілу, наканавана памерці (а ён амаль не сумняваўся, што тут і сустрэне яго сьмерць), то і трэба годна, як вою, памерці, але спачатку зрабіць усё, каб выратаваць княжычаў. Можна ж паспрабаваць патаемна залезці ў замак, знайсьці іх там. А пасьля рашаць, як уцякчы адтуль.
Толькі трэба дачакацца ночы. А можа, варта пакуль заехаць ў карчму, ды пажадана бліжэй да замка, каб там даведацца тое, што можа яму прыдацца?
І, разьвітаўшыся з вартаўнікамі, ён разам з Паятам накіраваўся па вуліцы, што вяла ад брамы, пільна прыглядаючыся да ўсіх завулкаў, каб скласьці сабе хаця якое ўяўленьне пра магутны горад, які нездарма зваўся каралеўскім. Вуліцы тут сапраўды былі шырэйшыя, чым дзе, больш акуратныя і роўныя. Недзе праз паўквартала дарога раздвойвалася, – тая, што направа, вяла да каралеўскага замка. Замак, дзе месьціўся вялікі комтур ордэна, рэзідэнцыя якога была ў Кёнігсбергу*, крута паварочвала налева. Мноства гандляроў і рамесьнікаў, кожны пад сваёй адметнай шыльдай, поўнілі прадмесьце, але па меры набліжэньня да самога замка іх рабілася меней. Затое потных, у расхрыстаных кашулях рамесьнікаў, ад якіх ішоў моцны пах скур, гарэлага металу ды воску, замянілі заможныя месьцічы ў дарагіх каптанах і кабеты ў каляровых сукнях, а па вуліцах ужо не паўзьлі брудныя ручаі памыяў і шалупіньня. Двух, а то і трохпавярховыя камяніцы з пабеленымі рамамі вокнаў выглядалі ўрачыста, і што асабліва ўразіла Данілу – шыбы ў многіх дамах былі з празрыстай, не мутнаватай слюды, як у яго на радзіме. Шмат пешых і конных рыцараў стала зьяўляцца ўжо непадалёк ад крыжацкага замку, – іх можна было здалёк пазнаць па дарагіх кашулях з нашытымі на іх срэбнымі або каляровымі ўзорамі, па кароткіх дэліях – плашчах — з нашытым крыжам, асабліва ж па той сумесі пагардлівасьці і пыхі, якая аднолькава глядзела з твараў – маладых і старых, заклапочаных ці вясёлых. Кабет тут амаль не траплялася, хіба што на вазках, якія везьлі нешта ў замак ці выязджалі з яго парожнімі. На Данілу з яго спадарожнікам ніхто не зьвяртаў увагі – праезджых у каралеўскім горадзе штодня абарочвалася шмат. Яны ішлі і ішлі ўгару, і паступова апынуліся непадалёк ад цэнтра горада. Адсюль, з вышыні вялікага ўзгорка, была яскрава бачная плошча перад ратушай і сама ратуша – вастраверхая, з пазелянелым лускатым дахам. За ёю, таксама на ўзгорку, грувасьціўся палац кёнігсбургскага маркграфа, аточаны высокай сьцяной і вежамі з байніцамі. Да плошчы зьбягаліся ўсе вулкі гораду, і, наколькі мог заўважыць Даніла, брамаў у горадзе было чатыры. За горадам, у накірунку захаду, слаўся зялёны пласт лесу.
— Там, ля дубоў – ці што там наперадзе, у гэтым гаі? – чакай мяне з двума коньмі, — загадаў Даніла. – Будзем прабівацца туды, пасьля таго як я паспрабую адшукаць дзяцей. Усё добра зразумеў, Паята? Калі мяне ня будзе суткі, можаш ехаць без мяне. Куды? У наш ваенны лагер – недзе туды паехаў князь.
Паята згодна кіўнуў галавой. Гэта быў маўклівы даўгалыгі хлопец з русявай капой валасоў і шэрымі вачыма, густа апушанымі вейкамі. Ён быў на год маладзейшы за Данілу, але меў вядомасьць як лепшы вершнік у дружыне князя. Коні слухаліся яго як быццам зачараваныя. Вось і цяпер – яны ішлі за ім, як прывязаныя, і тут, у вялікім горадзе, нібы ня чулі наўкольнага шуму.
Трохі павярнуўшы назад і засеўшы ў таннай карчме ля прадмесьця, пакуль слугі паілі іх коней і гатавалі ежу, яны яшчэ нейкі час зноў паўтарылі ўсе дэталі магчымых уцёкаў дзяцей Вітаўта. Паята разумеў усё з паўслова, яго асабліва вызначаў князь сярод іншых і менавіта яму, разам з Данілам, вырашыў даверыцца. Гаварылі ціха, каб не пачулі іншыя: хто ведае, ці няма тут каго з тых, хто разумее іх мову.
— Бачыш, я думаў быць у самым замку, але яны пасьпелі раней за мяне, — закончыў Даніла. – Хачу верыць, што я вывернуся, а калі не – пачакай яшчэ дзень і вяртайся да нашых.
— Я пачакаю, — паабяцаў Паята.
— І ня думай лезьці ў пекла, каб выручаць мяне! – папярэдзіў Даніла. — Я бачу па вачах, што думаеш. Не, браце, з крыжакамі жартаваць ня варта. Яны, калі мяне знойдуць, і мыш у замак ужо ня ўпусьцяць. Думаю, што хлопцаў яны таксама заціснулі дзе панадзейней….
Калі прынесьлі ежу, Паята па звычцы хацеў стварыць над ёю ахоўны знак, як гэта звычайна рабілі ліцьвіны, але Даніла перапыніў яго.
— Мы ня дома, — сказаў ён. – Памятай, што тут ня варта прыцягваць да сябе асаблівую ўвагу.
Паколькі Данілу прызначылі быць галоўным у гэтай справе,. ён, упершыню ў жыцьці, адчуваў сябе не маладзейшым дружыньнікам, які толькі прыслухоўваецца да старэйшых і выконвае іхнія загады, але чалавекам, адказным за вельмі важную – можа, самую важную ў яго жыцьці – справу. Складанасьць даручэньня была сувымяральнай з самім жыцьцём, і менавіта гэта надавала ягонаму голасу тую сілу, якой слухаўся і якой падпарадкоўваўся Паята.
Разыходзіліся яны не разьвітаўшыся, толькі зазірнуўшы адзін аднаму ў вочы. Кожны разумеў – калі што, то наўрад ці ім сустрэцца ў гэтым сьвеце, хіба што ў Ірыі…
…Дачакаўшыся цемры (перад тым уладкаваўшыся на пастой у карчомцы недалёка ад замка і паставіўшы там у стойла свайго каня), Даніла, стараючыся не прыцягваць да сябе залішняй увагі, патроху абыходзіў замак.
Месьцішча кенігсбергскіх крыжакоў ляжала ва ўсходняй частцы гораду, аддзеленае ад самога месца вялікай палянай і абкружанае з астатніх трох бакоў балацявінай. Даніла імкнуўся апынуцца ля глухой высокай сьцяны, якой замак адгарадзіўся ад балоцістай і бруднай рачулкі. Яе ён перайшоў лёгка: зрэзаўшы колькі прутоў, ён з дапамогай вяроўкі змайстраваў сабе лапці-лыжы, на якіх можна станавіцца на самую маленькую купінку, не рызыкуючы праваліцца ў багну. Такія лапці майстраваў ён з дзяцінства, бо з малымі сябрукамі шмат бегаў па журавіны ды брусьніцы ў самыя балоты.
Пакуль зусім не сьцямнела, сгарусьціў ён і меншыя чаротавыя лыжы для дзесяцігадовага княжыча Івана. Юрку можна панесьці на плячах. Але абоіх яму не падняць. Тым часам ён пільна назіраў за вартавым, што хадзіў уздоўж заходняй сьцяны — яго дзіда выблісквала ў апошніх промнях сонца, — і вылічваў прамежкі, калі вартавы аддаляецца і набліжаецца да таго месца, якое вызначыў для сябе хлопец, каб пралезьці ў замак. Найпрыдатнейшым будзе вугал сьцяны, дзе шурпатыя цагліны, зьлёгку пакрышаныя непагаддзю, утварылі шчарбіны, за якія можна зачапіцца. Нягледзячы на тое, што на грудзях у палатнянай торбе была лесьвіца, сплеценая з конскага воласу з кручкамі на краях, якую яму даў перад ад’ездам з Бартэнштэйна Струміла, Даніла усё ж баяўся, што яна можа сасьлізгнуць з гэтай высокай і амаль непадступнай сьцяны.
Ён цярпліва чакаў, пакуль сьцямнее ды можна будзе яшчаркаю папаўзьці па сьцяне і, залёгшы наверсе паміж зубцамі, дачакацца бясьпечнай хвіліны і сасьлізгнуць уніз.
Нарэшце, калі цемра апанавала навакольле і па перыметру сьцяны загарэліся каменныя ёмістасьці з маслам сьвятога Квірынуса1, ён рашыўся. Уладкаваўшы лапці на сьпіну, узяўшы ў зубы нож, ён, метр за метрам, зрэдзь прыўзьнімаючыся, дапоўз да сьцяны. Нават калі б ня поўз, а пайшоў наўпрост, яго наўрад ці маглі ўбачыць, але хто можа паручыцца за тое, што які-небудзь кёнігсбергскі Хайнц не стаяў зараз ля вакна і, гледзячы на рачулку, ня муляў сугуччы для сваіх вершаў? Або проста глядзеў, бяз думак і пачуцьцяў, і выпадкова мог заўважыць яго, і тады пры мігатлівым сьвятле са сьценаў можна было б лёгка вылавіць чужынца. Проста загнаць яго, як шчупака ў нерат.
Таму асьцерагаўся ўсяго – і быў наструнены, як дзікі зьвер, і як зьвер, чуйны да паху, гуку, шолаху травы і нават да языкоў агню, што матляліся на ветры туды-сюды, як вялізныя матылі.
Яму ўдалося немагчымае, на што ён баяўся і спадзявацца: пакуль вартавы даходзіў апошнія метры да супрацьлеглай сьцяны і паварочваўся тварам да Данілы, сасьлізгнуць са сьцяны і распластацца між рэдкага лазоўя, што пасьпела вырасьці за лета і не было пасечанае бязьлітаснай касой. Чамусьці ўзгадаў, што сёлета было два вялікіх паходы на Жамойць і Літву, і ўсе сілы крыжакоў былі ў тым задзейнічаныя.
З таго лазоўя ён выпаўзаў таксама спакваля, цікуючы за кожным рухам вартавога і разам з тым бакавым зрокам азіраючы навакольнае – ці не зварухнецца і ці ня ўзьнікне з чырванаватай цемры хтосьці іншы. Яму здавалася, што гэтае перапаўзаньне ад сьцяны да першай будыніны, якая аказалася гаспадарчай, заняло ледзь не паўночы, але насамрэч прайшло зусім нямнога часу, бо неба яшчэ слаба ружавела і ноч толькі пачыналася.
Ён гэтак жа, кідок за кідком, адолеў доўгую, як стадола, будыніну, а затым брукаваную дарогу, па якой таксама хадзіў вартавы. Каторы раз падзівіўся таму, што, нягледзячы на глыбокі тыл, прыязны да іх горад і абкружанасьць замка ровам і топкай багнай рачулкі, рыцары паводзяць сябе як у атачэньні непрыяцеля. Падняты на ноч мост, у кожнага рыцара, як ён ведаў па собскім вопыце, у пакоі цэлы набор рознай зброі, – і ўсё роўна паўсюдна варта, запаленыя агніскі, бразгатаньне мячоў. Вось і цяпер, нягледзячы на позьні час, на пляцоўцы зьлева ад асноўнага жытла рыцараў-трохпавярховай мураванкі са мноствам вокнаў, — тоўкся гурт мужчынаў, а пасярэдзіне, верагодней за ўсё, ішоў двубой: грукала жалезьзе, чулася цяжкое дыханьне вояў, часам выбухаў гучны рогат.
Устаўшы і зьліўшыся з тоўстым камлём дрэва, што стаяла пад вокнамі мураванкі, — іх была тут высаджаная ладная алея, — ён пастараўся зазірнуць углыб пакояў, даступных ягонаму зроку. Гэта было ўсё роўна як шукаць іголку ў стозе сена, але ён верыў у нешта, што падкажа яму, дзе могуць знаходзіцца зараз княскія дзеці. Ён не сумняваўся, што яны жывуць разам і што іх добра пільнуюць. Але дзеці ёсьць дзеці, яны перасягаюць усе межы, якімі іх абкружаюць, іхнія галасы, якія б ціхія яны не былі, усё роўна акажуць сябе ў хоры грубых мужчынскіх. А можа, якраз тыя, што стаяць зараз на пляцоўцы, могуць навесьці хаця на нейкі сьлед?
Ён напружыў слых, каб разабраць, аб чым гамоняць немцы-гледачы. Але нічога пра юных палоньнікаў там не казалі. Тады ён стаў, крадучыся ад дрэва да дрэва, пільнаваць, што робіцца ў пакоях, дзе гарэлі лямпы. Ды і тут яго чакала няўдача: гэта ўсё былі пакоі рыцараў, якія, сабраўшыся то па двое, то па трое, вялі між сабой гаворкі. Дзе-нідзе ў цёмных пакоях чуўся храп, дзесьці было ціха. Ён паспрабаваў залезці на адно з дрэваў, але тое, што бачылася і адтуль, было тое самае – аголеныя мужчыны, якія чыталі пацеры перад крыжам, ці ляжалі, гледзячы ў столь, ці распраналіся. У адным з пакояў ён пабачыў сьвятара, – той, відаць, маліўся – ускідаў рукі ўгару, жэстыкуляваў, апускаўся на калені.
Калі Даніла, зусім зьнясілены няўдачамі, сеў пад апошнім каржакаватым камлём, што амаль упіраўся ў сьцяну трохпавярховіка, у напоўненай ветрам, шолахам лістоў і скрыгатаньнем мячоў прасторы яму як пачуўся тонкі дзіцячы крык.
“Прымроілася, — першае, што падумаў ён. — Тры дні толькі гэтым і жыву, пачаў ужо і трызьніць”. Ды крык прагучаў яшчэ раз, пасьля абарваўся на высокай ноце. У ім быў жах і адчай. Ён быў ня надта і моцны – мабыць, каб не наструненасьць Данілы і не яго ўслухоўваньне ў гэты дом і гэтую ноч, ён увогуле нічога і не пачуў бы або не зьвярнуў увагі. Можа, гэта кугікнула недзе сава, можа, заплакаў пад ваўчынымі кіпцюрамі заяц. Ды цяпер хлопец падскочыў як уджалены.
Трэба было шукаць вакно таго пакою, дзе так закрычалі. І ён зноў, з не­верагоднымі перасьцярогамі, абпоўз будынак. Цяпер ён быў менш відзён: перад тарцом не гарэла ані смалякоў, ані глякоў з алеем. Тут на другім паверсе ён пабачыў асьветленае вакно і ў ім агромністага, з вялікім лысым чэрапам чалавека, які размаўляў з некім, хто быў у пакоі. А можа, у пакоі было некалькі чалавек, бо там пачулася нешта падобнае да ўсхліпу, пасьля стогну. Пасьля зноў усё заціхла, і лысы бамбіза ад вакна адышоў.
— Ну што, здохлі шчанюкі? — прамовіў нейкі голас, які падаўся знаёмым.
— Яшчэ варушыцца адзін.
— Моцнай атруты далі. Трэба было, каб памучыліся.
— А што толку? Вітаўт ўсё роўна ня бачыў, як паміраюць яго дзеці.
— А мы зробім, каб пачуў. Каб добра запомніў, аж да канца дзён. А дзён у яго, я думаю, ня шмат засталося.
“Пра каго яны гавораць? Якія шчанюкі?” – думалася Данілу, але нешта ў глыбіні ягонай душы ўжо ведала: хто. І хваля цёмнага, спракаветнага жаху захапіла яго, бо верыць ён не хацеў. Адмаўляўся верыць. Але тое, аб чым гаварылі мужчыны наверсе, не пакідала ніякіх ілюзіяў: сыны Вітаўта Іван і Юрка мёртвыя. Яны, атручаныя, ляжаць у гэтым пакоі. І нехта з іх якраз у гэты час яшчэ курчыцца ў сьмяротных пакутах!
— У склеп панясём зараз ці, можа, лепей бы іх у раку?
— Якая рака! Няхай пакуль ляжаць у склепе. А можа, іхнія целы запатрабуюць у Мальборк. Вялікі магістр сказаў: ”Пачакаць”.
Вялікі магістр! Значыць, загад аддаў ён. Але хто яны, тыя, што выконвалі гэты загад і ўлілі атруту ў вусны дзяцей? Чый голас падаецца яму такім знаёмым? І, нібы ў адказ на яго нямое пытаньне, той, другі, стаў ля расчыненага акна, абапёрся рукой аб раму. Яго твар быў спакойны, толькі жорстка, амаль у адну паласу, сьціснуўся рот. Але Даніла імгненна пазнаў яго. Фон Шомберг!
Цёмная хваля ярасьці зацьміла ягоны розум, асьляпіла вочы. Ужо ня думаючы пра сябе, хлопец сутаргава схапіўся за свой востры, як лязо, нож, які, паўзучы, ён паклаў у кішэню, нашытую сьпераду на грудзях, каб зброю можна было выхапіць вокамгненна.
Ён падняўся і з усяе сілы шпургануў сталёвую сьмерць у вакно, туды, дзе стаяў асьветлены лямпаю ззаду і ад таго нібы ўвесь чорны… не, не чалавек. Подлы забойца стаяў там, які не змагаецца ў баі, а забівае так, як забіваюць баязьліўцы і зладзюгі.
Але, мабыць, нянавісьць асьляпіла Данілу. Нож са сьвістам ўпіўся ў горла другога – таксама забойцы, які ў той момант таксама падыйшоў да вакна.
Яшчэ стаяў, ня верачы болю, што пранізаў яго, хаўрусьнік Шомберга, яшчэ і сам рыцар – крыжак уцямліваў тое, што адбылося, і, інстынктыўна падхапіўшы цела свайго хаўрусьніка, падаў пад амаль стокілаграмовай вагою, а Даніла кінуўся ўцякаць — назад, да гаспадарчай стадолы, імклівымі, зьвярынымі крокамі пераадольваючы тую асьветленую прастору, якая аддзяляла яго ад сьцяны.
Вартавы павярнуўся на шум, пасьпеў выхапіць меч з похваў, але адначасна з крыкам “Трывога!”, што нарэшце вырваўся з вакна, да яго пасьпеў падскочыць Даніла. Сьвіснуў меч, але хлопец клубком кульнуўся наперад і зьбіў немца з ног, так што меч канцом уторкнуўся ў зямлю. Той не пасьпеў вывернуцца, як нападнік ухапіў яго за горла.
Некалькі доўгіх імкненьняў, якія падаліся вечнасьцю, Даніла бачыў вырачаныя вочы дужага саракагадовага мужчыны, які імкнуўся расшчапіць рукі, што з нечалавечай сілай сьціснуліся на ягонай шыі і душылі яго.
Сапраўды, сіла ў руках маладога хлопца была ўжо, мабыць, не чалавечаю. З хвіліны, калі ён даведаўся пра сьмерць Вітаўтавых дзяцей, нешта як усялілася ў яго. Гэта былі шаленства і адчай, якія нават слабога могуць на нейкі час зрабіць непераможным.
Хрумснулі пазванкі, цела вартавога абмякла. З боку замка чуліся галасы, са смальнякамі ў руках забегалі рыцары. Яшчэ колькі імгненьняў — і яны будуць тут.
Сьмерць зазірала яму ў вочы, але Даніла не зьвярнуў на яе ўвагі, і яна сьцішана адступіла, адвярнулася і дала яму магчымасьць незаўважаным дабегчы да сьцяны, ускараскацца па лесьвіцы і вываліцца вонкі. На бягу ён даставаў падрыхтаваную на запас чараціну, якую ўсадзіў у кішэню разам з нажом, калі пераходзіў рачулку. Яна абламалася амаль пасярэдзіне. Ці хопіць той чараціны, каб зашыцца зараз ў багну і там, стаіўшыся пад купінай, хапаць праз яе паветра? Што ж, калі ня хопіць – ён захлынецца ў балоце, але жывым у рукі крыжакам ня дасца.
Ён з размаху ўляцеў у багну, праваліўся амаль па пояс. Пырснулі брудныя, тлустыя струмяні. Дзе тая купіна, якая схавае ягоную галаву і ня дасьць засмактаць так глыбока, каб ён навекі застаўся тут?
За сьцяною чуліся галасы. Вось яны знайшлі мёртвага вартавога. Вось палезьлі праз сьцяну і, мабыць, угледзелі ягоную лесьвіцу.
Тым часам ён стараўся ісьці альбо і плыць, але багна трымала яго, зьвязвала рукі і ногі. Ды ўсё ж рука яго нарэшце намацала цьвёрды кавалак зямлі і густое куп’ё на ім, ён ліхаманкава пастараўся падкапацца пад купіну і затачыцца пад яе так, каб ня трэба было хавацца ў тлустую твань з галавой. Часу на тое, каб шукаць нешта іншае, не заставалася. Крыжакоў – ён ахапіў іх позіркам – было каля трыццаці, яны ішлі ланцугом наўпрост да багны. Позірк той быў апошні, таму што ў наступнае імгненьне ён уваткнуў чараціну ў рот і амаль па самы твар пагрузіўся ў халодную смуродную гразь.
Крыжакі падбеглі да самае багны і, высока падняўшы смалякі, сталі пільна ўзірацца як на той бераг, так і ў рэчышча рачулкі, парослае рэдкім куп’ём.
— Вунь там! – крыкнуў адзін з іх, паказваючы на супрацьлеглы бераг, дзе пачыналася вуліца і дзе сьпяшалася за рог нейкая цьмяная постаць. З замка ўжо выязджалі крыжакі, і па ўсіх блізкіх вулках пачаўся сапраўдны ператрус. Аглядалі кожны дом, правяралі кожнага праходжага. Аблава ішла ўсё далей ад замка, але, як ні стараліся крыжакі, нікога падазронага не змаглі адшукаць. Таму, разьятраныя няўдачай, шукальнікі пасеклі на шматкі некалькіх бадзягаў, якія начавалі ў ціхіх закутках ля карчомак проста на вуліцы.
Вярнуліся яны назад апоўначы. Аднак ля ўсіх брамаў Кёнігсберга былі па­кінутыя дадатковыя дазоры, аб чым ён даведаўся, калі дачакаўся вяртаньня кры­жакоў, высунуўшы галаву са сьмярдзючай жыжы амаль адразу пасьля таго, як іхнія галасы сталі аддаляцца ад багны. Раней вылезьці адтуль ён не асьмеліўся – яго непазьбежна ўбачылі б, бо і паляна, і сама балацявіна былі асьветленыя паходнямі, якія трымалі ў руках шматлікія слугі. Прыкметаў Данілы ў крыжакоў не было, таму рыцары загадалі хапаць усіх падазроных.
Ім конча патрэбны быў юнак, які скарчанеў ад халоднае смуроднае жыжы так, што калі, глыбокай ноччу, выпаўз з багны, усур’ёз забаяўся, што ляскатаньне ягоных сківіцаў пачуюць у замку. Цела яго і твар да самых вачэй былі скрозь аблепленыя тваньню, ледзяныя ногі адмаўляліся ісьці. Ён папоўз туды, дзе днём пабачыў нешта падобнае да крынічкі, – там пульсавала вада, штуршкамі выбіваючыся на паверхню. Па гэтых штуршках, падобных да стуку крыві ў скронях, ён і знайшоў яе, вымыўся, абмыўшы поршні і намоклы скураны сак, і зьняў ацяжэлыя ад тлустай балотнай жыжы порты і кашулю, выграбшы адтуль ўсё патрэбнае. Вымыў боты. Не было іншага выйсьця, як, дабраўшыся да першых дамоў якой-кольвечы вуліцы, пастарацца знайсьці хоць нейкае рызьзё. Усё – і прыгожы каптан з камплоту1, і юхтавыя боты, і сарочка з белага палатна – былі ў торбе, што заставалася ў пакоі. Дабірацца ў карчму голым і браць адтуль каня ніяк не выпадала. Ды і ці варта ў такіх умовах забіраць каня? Можа, лепей выбірацца з горада пад выглядам бадзягі ці якога гандляра? Але могуць па акцэнту, па манеры трымацца вызначыць у ім іншаземца, і тады затрымаюць. Не затрымліваюць толькі іншаземцаў-ганцоў. Значыць, трэба зноў рызыкнуць: зайсьці ў карчму, дзе ён спыніўся.
Пакуль ён разважаў над усім гэтым, вочы яго ліхаманкава абшуквалі ўсё навокал, і ён, хаця і патроху, пасоўваўся наперад.
Яму пашанцавала: зусім непадалёку ад пачатку вуліцы за агароджай вісела адзеньне, якое ні то памылі, ні то вывесілі, каб праветрылася. Лёгенька стукнуўшы па браме, каб праверыць, ці няма сабак, ён спрытна перабраўся за агароджу і, захапіўшы тое, што абмацаў у цемры, пераскочыў назад.
Цяпер ён мог хаця б ісьці па вуліцы: падкасаныя парткі ў клубах былі яму трохі прасторныя, але затое сухія і цёплыя. Нямецкая куртка з тоўстага мараўскага сукна схавала голае цела . Разадраўшы нейкую жаночую кашулю, ён абматаў палатном ногі, і цяпер вільготныя поршні не сьцюдзілі іх, як раней.
Тым часам на ўсходзе ледзь прыкметна пасьвятлела. Трэба было прымаць нейкае рашэньне. І ён наважыўся.
Сонны слуга, што неахвотна адчыніў яму дзьверы ў карчме, пабачыў хмельнага, дзіўна апранутага чалавека, які, ледзь варочаючы языком, паскардзіўся:
— Вашыя фраў вылушчаць любога, як фасолю!
Слуга адразу палагаднеў. У ім загаварыла мужчынская салідарнасьць:
— Што, уцякалі ад мужа, ваша міласьць?
— І ўцёк! – хлусіў Даніла, з усяе сілы прыкідваючыся гулякам. Спахапіўся:
— Але ж мне ехаць трэба было яшчэ вечарам!
І дадаў, пахістваючыся:
— Калі хутка прывядзеш мне каня, я дам табе пяць галежаў1.
Слуга радасна пакланіўся, хуценька павярнуўся і пайшоў да стайні. Тым часам Даніла бясшумна падняўся наверх, хутка дастаў з дарожнае торбы патрэбнае, пераапрануўся і спусьціўся ўніз, дзе яго ўжо чакалі з канём, на якога быў накінуты чапрак.
Яшчэ гадзіны са дзьве заставалася да пары, пакуль навокал стане відно і зара-зараніца гатовая будзе радасна выштурхнуць наверх адпачылае за ноч сонца, а Даніла ўжо пад’ехаў да брамы.
Учарашнія вартавыя пазналі яго.
— А, ганец! – ляпнуў яго па плячы галоўны. — Табе, мусіць, дасталася ўначы?
— А што такое?
— Дык жа ўвесь замак лавіў нейкага збродня, што забіў рыцара і вартаўніка. Ці ты ня чуў? – ужо з падазрэньнем запытаўся галоўны.
— Як ня чуў? Я паходню трымаў каля балота, але мне не даверылі яго шукаць – кажуць, занадта малады, — знайшоўся Даніла.
— А дзе твой спадарожнік?
— У замку застаўся. Яму яшчэ рыхтуюць ліст, — хлопец адчуў, як узмакрэла яго сьпіна.
— Ну што ж, праязджай! – паблажліва сказаў галоўны і загадаў падняць цяжкія зубчастыя краты гарадской брамы. Але, калі Даніла ўжо праязджаў пад ёю, з прыбрамнае вежы проста пад грудзі каня выйшаў яшчэ адзін чалавек у крыжацкім адзеньні.
Яны абое імгненна пазналі адзін аднаго. Гэта быў адзін з тых, хто суправаджаў атрад Вітаўта да Мальборка. Даніла добра памятаў ягоны бледны, аж да мёртвае жаўцізны твар і асаблівы, скоса, удар мячом, які той часьцяком паказваў ліцьвінам пад час паездкі.
“Пасьпелі, гады, паставіць паўсюдна варту! Апярэдзілі!” – пасьпеў падумаць Даніла.
— Стой! – закрычаў крыжак. Але хлопец не спыніўся, а, наадварот, прышпорыў каня.
— Трымайце! Гэта чалавек Вітаўта! – ужо роў крыжак.
Варта схамянулася толькі праз колькі імгненьняў. Мужчыны паўскоквалі на коней, рынуліся ўсьлед. З байніцы паляцелі стрэлы. Але яны не дагналі ўцекача.
— Скачы, скачы, дружа! — шаптаў Даніла каню, і той імчаўся па дарозе, што плаўнай дугой агінала горад. Ён кіраваў на ўсход, да лесу, туды, дзе, згодна з дамовай, чакаў спадарожнік.
За ім ўвязалася пяцёра коньнікаў. Пяцёра – гэта шмат на аднаго. Але калі Паята чакае яго ў лесе, цяжар памяншаецца ўдвая.
— Паята! – закрычаў ён, калі першыя яліны цёмнай масай абазначыліся на ледзь заружавелым гарызонце. – Дзе ты!
Можа, сапраўды пачуе яго Паята і здолее падрыхтавацца да сустрэчы? Калі ён недзе блізка, то ягоныя стрэлы – белты — могуць скінуць з коней хаця б пару ворагаў.
Паята сапраўды пачуў крыкі і падрыхтаваўся да сустрэчы. Ды калі адзін за адным зьляцелі з сёдлаў два воі, перасьледнікі прымянілі іншую тактыку – іхнія коні завучана, як бы ухіляючыся ад стрэлаў, сталі рабіць скачкі ўбок, як зайцы.
Да лесу скакалі ўжо толькі трое. Але калі, азірнуўшыся і пабачыўшы, як зьменшылася колькасьць перасьледнікаў, Даніла радасна галёкнуў і прысьпешыў гонку, то ў наступныя хвіліны яго радасьць зьнікла: ззаду прасьвістала страла. Гэта, мабыць, акрыяў паранены вартаўнік.
Ён дакладна вылічыў месца, дзе пад дрэвамі стаяў Паята. Калі Даніла уляцеў у лес, ён пабачыў: хлопец, трымаючыся за дрэва, павольна асядае на зямлю. Двое запрэжаных і гатовых да паходу коней прывязаныя да ўбітага ў зямлю кала.
Усё. Канец. Аднаму яму не ўцячы, не адбіцца. Але ён не зьбіраўся здавацца. Апярэджаньне, хаця і на пару хвілінаў, было яго перавагай. І ён яе выкарыстаў. Саскочыў, схапіў лук і стрэлы. Ён пасьпеў нацягнуць цеціву і дакладна ўляпіць доўгі белт проста ў разяўлены рот бледнага аж да мёртвай жаўцізны крыжака, які скакаў першым. У наступнае імгненьне, падхапіўшыся на каня, ён разьвярнуўся насустрач тым дваім, што ляцелі прама на яго, выхапіўшы свае сьмертаносныя мячы.
Але і ў яго быў такі ж нямецкі меч – двуручны, сталёвы, нязломны, з магутным дзяржальнам. І былі ўрокі, якія даваў яму Хайнц.
Ён біўся адразу з двума і быў спрытнейшым за іх. Першага ён ударыў ў шыю, у тое месца, дзе ў чалавека б’ецца самая галоўная жыла, перарэзаўшы якую, да жыцьця яго ўжо ня вернеш. Другі злёгку зачапіў яго мячом, і кроў адразу замачыла рукаў каптана. Ды перавага была на баку славяніна – яго несьціханая ярасьць зноў абудзілася з ранейшай сілай.
— Гэта табе за дзяцей! – крычаў ён, адбіваючы ўдары і наносячы іх. – Гэта табе за Вітаўта! А гэта – за майго бацьку! За нашыя мястэчкі, да якіх вы лезеце, як паганыя жукі!
Шалёная разьятранасьць бою дапамагала не ягонаму праціўніку, а яму, – ён адчуваў гэта. То быў я г о н ы бой, – адзін, на варожай зямлі, ён раптам адчуў сябе моцным, як ніколі ў жыцьці.
Ён не дастаў ненавіснага Шомберга, але перад ім быў адзін з іх – тых, якія забівалі і рабавалі, гвалцілі і палілі ўсё, што было яму дарагога на роднай зямлі. І ўрэшце немец ня змог адбіць той, галоўны ўдар Данілы, які ён развучваў дзень за днём, не шкадуючы часу.
І хаця ён перамог, але з брамы, як было бачна здаля, выязджала новая гайня. І ўсё ж Даніла схіліўся над мёртвым Паятам і даў яму клятву:
— Я вымалю ў багоў, каб яны паслалі цябе ў Ірый!
А пасьля ён перасеў на новага каня і паляцеў, заблытваючы свае сьляды, па сьцежках усё больш глухога лесу, кіруючыся на сонца і на той непаўторны подых радзімы, якім дыхаў на яго ўсход, – там былі Трокі і Ліда, там была родная зямля…

Узнагарода
Ты добра справіўся з заданьнем. У Кёнігсбергу мне ёсьць на каго спадзявацца, ды і ордэн на такія паслугі не забываецца.
Вялікі магістр Конрад Валенрод, былы маршал, якога выбралі неўзабаве пасьля сьмерці Цольнера, сядзеў за сталом у малой зале, дзе звычайна праводзіў гаворкі з самымі блізкімі да яго рыцарамі ордэна. У чорнай туніцы з тонкага сукна, кругла падстрыжаны, ён выглядаў бы на багатага купца з Ганзейскага саюза, каб на ягоных грудзях не пераліваўся чарнёным серабром і дыяментамі знак яго ўлады – вялікі медальён з надпісам на лацініцы і крыжам пасярэдзіне. Дыяменты, як кроплі расы, зьзялі на круглым залатым абадку вакол надпісу. Знак вялікага магістра!
…Вялікага магістра выбіраюць ледзь ня з тымі ж цырымоніямі, што і папу. А ў канцы яму ўручаюць ордэнскую пячатку і залаты пярсьцёнак з дыяментамі, што перадаецца ад папярэдніка. І тады яго ўлада прасьціраецца на велізарныя прасторы і прымушае згінацца перад ордэнам нават каралёў…
Шомберг пачціва схіліўся. Па жоўтых кафляных плітках сьлізгануў ягоны цень, і нешта ў ім уздрыгнула.
Такім жа ценем схіліўся ён над мёртвымі сынамі Вітаўта – Юркам і Іванам, пасьля таго як напаіў іх атручаным кісялём. Хлапчукі ляжалі нерухома. У ма­лодшага, Юркі, твар быў страшна перакрыўлены, – ён чамусьці памёр не адразу: біўся, хрыпеў, спачатку закатваў вочы, а пасьля ўтаропіў іх у Шомберга і так і памёр з гэтымі расплюшчанымі вачамі, у якіх і па сьмерці не зьнікла зьдзіўленьне.
Старэйшы сын Вітаўта адышоў у славянскую Валгалу (як там яна завецца ў іх, Ірый ці што?) адразу ж, як толькі хрумснулі пазванкі яго яшчэ па-дзіцячы тонкай шыі. Яму Шомберг пераціснуў горла, хаця і так той наўрад ці выжыў бы пасьля мыш’яку. Навошта душыў? Хаця той быў яшчэ хлопчыкам, а не падлеткам, усё ж асьцярожнасьць у ім, хто стаў катам для дзяцей Вітаўта, перамагла. Баяўся, што гэты ўпарты хлапчук з асьцярожным позіркам спадылба ператворыцца ў птушку і вылеціць з вежы? Ды не. Нешта будзіў, закранаў у ім дзіцячы позірк, некага нагадваў. І тое, што нагадваў, было чамусьці непрыемным, а то і балючым. Таму, калі позірк згас, Шомберг адчуў палёгку.
Ён не адчуваў да іх жалю. І шкадаваньня ў ім не было таксама. Гэтыя два хлопчыкі былі сродкам. Сродкам для таго, каб у самае сэрца ўджаліць Вітаўта – так, як ён уджаліў ордэн.
Ды і што былі гэтыя дзеці ў параўнаньні са стратамі, якія гэты князь ужо нанёс рыцарам? Спаленыя тры замкі, забіта каля сотні рыцараў. Сотня рыцараў! Кожны з іх быў каштоўным сасудам, абраньнікам у барацьбе за сьветлую веру Хрыстову, – так казаў біскуп Хрысьціян. Амаль усе – гонар і краса тэўтонаў, самых магутных на зямлі рыцараў хрыстовых – і самых слаўных. Сапраўды, пацьвердзіў ён сабе ў думках, не існавала сягоньня ва ўсім сьвеце больш магутнай арганізацыі. Ордэн тампліераў даў загнаць сябе ў пастку да французскага караля і вогнішча прыглынула амаль што ўсіх, у тым ліку і вялікага магістра Жака дэ Малэ.
— Служу Дзеве Марыі і ордэну! – адказаў Шомберг звыклым сказам, і на мажным шырокім твары Валенрода прамільгнула задавальненьне, вочы ў промнях грубых зморшчын зьмякчыліся. Мабыць, ён адчуў у цьвёрдым адказе патрэбную для сябе адданасьць.
— Ты добра выканаў заданьне. Язычнікі здрыгануцца ад гэтай весткі, а хрысьціяне захопяцца тваёй нязломнасьцю! – яшчэ раз паўтарыў Валенрод.
Шомберг схіліў галаву. Ягоны цень на сонечных кафляных плітках зрабіў тое ж. Што ж, яму сапраўды ёсьць чым ганарыцца. Яго рукамі ордэн пакараў адступніка, што пераступіў праз клятву, які зьбег ад былых саюзьнікаў, як толькі яму паабяцалі княства.
— І я маю для цябе ўзнагароду. Яна табе спадабаецца, — мерным голасам казаў Валенрод.
“Цікава, — падумаў Шомберг. – Адкуль ён ведае, што мне спадабаецца ўзна­гарода? А зрэшты, узнагароды заўсёды падабаюцца”.
Вялікі магістр узяў са стала званочак – срэбраны гук яго, ясны і патрабавальны, добра ведалі ўсе рыцары замка.
Памочнік галоўнага казначэя, стары Хуга, зьявіўся ў дзьвярах так хутка, нібы стаяў у калідоры і чакаў выкліку. Сваю кульгавую нагу ён падгортваў пад другую, нібы стараўся схаваць яе ад вачэй магістра. У яго кашчавых сухіх руках Шомберг згледзеў невялікую белую анучку, якую той трымаў так абярэжна, нібы ў ёй была часьцінка сьвятога крыжа.
— Табе спадабаецца, — сказаў і ён, паўтараючы ня толькі словы вялікага магістра, але нават і ягоную інтанацыю – інтанацыю змоўнікаў, якія ведалі нешта пра яго, Шомберга і пра што ён пакуль што не здагадваўся.
Магістр узяў працягнутую яму анучку, павольна разгарнуў яе. Шомберг заплюшчыў вочы.
Узнагарода была шчодрай, аж занадта шчодрай для шараговага рыцара, які ўсяго толькі выканаў даручэньне, хаця і ня надта прыемнае.
На далоні вялікага магістра ляжаў медальён з лідскага замка.
Той самы сапфір – цёмна-васільковага адценьня, які ўпершыню выбліснуў са скрыні на лясной паляне далёкай Літвы, загарэўся і зараз, нібы асьвятліўшы ўвесь невялікі пакой магістра, зайграў зіхценьнем сонечных зайчыкаў на жоўтых плітках падлогі.
Гэтага Шомберг не чакаў. Адкуль жа першы рыцар ордэна ведае, што яго так зачараваў некалі гэты камень? Можа, ён здагадаўся пра тое таму, што вялікаму магістру належыць ведаць усе, самыя наймалыя памкненьні і слабасьці сваіх рыцараў, каб у час і заахвочваць іх, і караць.
Ён не знаходзіў словаў. Маўчаў і вялікі магістр, нібы меў насалоду ад ага­ломшанасьці рыцара і трохі зайзросьціў ёй. Сам ён перайшоў ужо мяжу ад звычайнага чалавека з яго маленькімі і вялікімі слабасьцямі да вышэйшай істоты, узьняўся да ўзросту і становішча, якія ў адным ці двух кроках ад Вялікага Не­быцьця і даюць чалавеку альбо мудрасьць, альбо нянавісьць да ўсяго жывога, што застаецца.
Знаўца чалавечай душы выдатна ведаў, што вакол Шомберга непазьбежна ўздымецца хваля зайздрасьці, і зараз з затоенай насьмешлівасьцю назіраў за бязьмернай радасьцю, што паступова залівала твар рыцара, які нарэшце паверыў у нечаканае шчасьце.
Ён узьняўся з крэсла.
— Мы задаволеныя, што парадавалі цябе. Denn da ist Heil, wo viel Rath ist1. Хачу сам павесіць гэта табе на грудзі,— вымавіў ён і ўзьняў рукі да шыі Шомберга.
Дзікая думка мільганула ў таго – ці не задушыць яго магістр гэтак жа, як ён сам душыў дзяцей Вітаўта? Але ён адагнаў гэтую недарэчную думку, дый і ўсё яго высокае, дужае цела падказала нават без узгадненьня з розумам, што старому магістру такое было б не пад сілу.
І калі цёмна-васільковы сапфір зазьзяў на ягоных грудзях, ён успомніў, чаму хацелася згасіць позірк хлопчыка, сына Вітаўта: такі ж самы, ненавісны і ўпарты позірк пабачыў ён некалі ў вялікім венецыянскім люстры ў бацькоўскім замку, калі спыніўся перад ім. Тады ўпершыню ён даведаўся, што, паколькі самы малодшы ў родзе, нічога з багацьцяў бацькі яму не дастанецца, а ўсё адыдзе старэйшым братам. Яго ж дарога – у рыцары ордэна, дзе ён мусіць служыць да скону. Але ён не хацеў быць рыцарам, ён не хацеў ваяваць! І ён узьненавідзеў іх, сваіх братоў, адразу ж… Яны гаварылі з ім, а ён адвярнуўся і ўтаропіўся ў тое, што было перад ім, і люстра вярнула яму адбітак — яго круглы, яшчэ дзіцячы твар, яго нянавісьць да іх...
Ён і дасюль не даруе братам, што нарадзіліся раней і таму атрымалі ўсё. Не прабачае, хаця адзін з іх ужо памёр у сваім ложку, аб’еўшыся на баляваньні. Не прабачае і другому – маркграфу Шомбергу, які недзе балюе цяпер, асалоджваючы сваё жыцьцё за кошт украдзеных у яго, малодшага брата, грошай і ўсяго, што ён хацеў бы мець: свой замак, нашчадкаў. І жанчыну.
Жанчыну, якая б чакала яго ў ложку, уся ў белых карунках, з цёмнымі рас­пушчанымі валасамі, з пунсовым ротам і вялікімі карымі вачыма. Такой ён убачыў аднойчы сваю маці, забегшы ў спальню няўзнак – і ніколі ня мог забыць яе і сваю дзіцячую зайздрасьць да іншага, каго яна чакала, – да свайго бацькі...
Ад такой жанчыны ён хацеў бы мець сваіх нашчадкаў. Але гэтага яму ня дадзена. А вось гэтаму ... гэтаму было дадзена. Яго жонка... як яе... Ганна ? – да болю ў сэрцы падобная да той, у белых карунках. І ад яе ён, гэты Вітаўт, меў сыноў... Меў – а цяпер не.
На імгненьне кальнула думка: паміж імі цяпер амаль кроўная сувязь. Сувязь нянавісьці – вечнай, да сьмерці.
“Ягонай сьмерці!” – сказаў ён сам сабе. — “Ягонай, а не маёй!”
Калі ён стане вялікім магістрам, Вітаўта ўжо ня будзе. Крыжакі ўсё роўна рас­правяцца з ім. Ён сам, будзь вялікім магістрам… Ён бы не ўпусьціў адсюль гэтага клятваадступніка, як гэта зрабіў Валенрод! Так, ён выдатны вой, але ўжо пачынае слабець, таму што нахапаў шмат ранаў у пабоішчах, – можа, ён таксама доўга не затрымаецца на гэтым сьвеце, як і Цольнер? І тады... ён, Шомберг, стане першым у лепшым з ордэнскім замкаў, у гэтым каралеўстве Моцы і Мужнасьці.
Але пакуль усё ж вялікі магістр ён, рыцар Конрад. І ўзнагароджаны аддаў яму належны гонар высокім узьняцьцем рукі, накіраванай наперад – да заваёў, да скарэньня іншых, слабых і няшчасных. Рыкнуў так, што здрыгануліся дзьверы:
— Хайль!

Востраўскае пагадненьне
5 жніўня 1392 году ў Востраўскім замку, што нядаўна, якіх дзесяць гадоў таму, пабудавалі каля Ліды, было тлумна і горача. Не было ніводнай вуліцы вакол замка, дзе ў любую хвіліну, пачынаючы ад самай раніцы, ня тоўпілася б народу столькі, што, як казалі старыя людзі, макавінцы было не праціснуцца. Вядома, у Лідзе было б прастарней, ды і зручней, але горад быў якіх колькі месяцаў таму ўшчэнт разьбіты крыжакамі, і таму Вострава было абранае перш за ўсё таму, што яно было на мяжы Ягайлавых і Вітаўтавых уладаньняў, і ніводзін з іх ня меў тут перавагі.
Мноства харугваў паўсюдна – і каралеўскіх, і вялікакняскіх, і ордэнскіх, і іншаземных – стваралі відовішча яркае і сьвяточнае. Апроч таго, і месьцічы, і шляхта, што прыбыла ледзь не з усяго княства, пастаралася: залатыя і сярэбраныя аздабленьні на адзеньні і шыях кабет зьзялі на сонцы, сукні — кармазынавыя, васільковыя, зялёныя — пругка аблягалі жаночыя плечы, з гэтых жа ўлюбёных шляхтай колераў былі выбраныя і летнія мужчынскія жупаны.Тканыя золатам паясы абцягвалі маладыя і азызлыя станы мужчын, са скураных расшытых похваў выглядалі мячы і кінжалы, кожны з якіх каштаваў столькі, што хапіла б на набыцьцё некалькіх вёсак. Некаторыя былі здабытыя ў баях, і іхнія ўладальнікі з гонарам паказвалі іх знаёмцам, расказваючы, дзе і калі змагаліся з татарамі ці крыжакамі, а то і са сваімі.
Ніколі яшчэ ня бачыла месца такога зборышча ўладароў гэтага сьвету і знатных асобаў. Сюды прыехаў з Кракава з каралевай і польскімі дарадчыкамі Ягайла, а з Трокаў князь Вітаўт з жонкай Ганнай, а таксама слаўнейшыя баяры і шляхта Вялікага Княства. Было гэта шчасьлівай падзеяй для князя, што любая жонка яго выратавалася, што пасьпела яна вывернуцца са сьмяротных абдымкаў крыжакоў і вытрымала цяжкае і небясьпечнае падарожжа, а, хутчэй, уцёкі з Прусаў.
Былі тут найперш Леў Друцкі і яго сямейства – пячаткай гэтага найбліжэйшага да сябе баярына, дзе была выбітая, як і ў яго самога, выява Пагоні, замацоўваў сваё першае пагадненьне з крыжакамі Вітаўт.
Было і сямейства Гальшанскіх – Іван Альгімантавіч з сынамі Андрэем, Сямёнам, празваным Лютым, і Аляксандрам. Трыццацісямігадовы Андрэй, магутны, як зубр, штораніцы, пакуль мястэчка яшчэ спала, скакаў на мышастым жарабцы ажно да Ліды і назад – астужваў кроў. Ён умеў радавацца жыцьцю і, праз васемнаццаць гадоў паміраючы ад ранаў на полі пад Грунвальдам, пасьпеў парадавацца перамозе, але не паспытаў самай галоўнай асалоды свайго жыцьця, – таго, што ягоная, тады пяцігадовая, дачка Соф’я некалі, дасягнуўшы сямнаццаці, стане жонкай Ягайлы і каралевай у далёкім Кракаве.
Была тут і ўдава Алена Рокутава – сужонак яе баярын Рокут раптоўна памёр ад разрыву сэрца, але любоўю адплачвала Ганна Вітаўтава той, што была разам з ёю ў горкія часіны ейнага з мужам жыцьця, і таму баярыню віталі тут як жаданую госьцю.
Хмурны, штодзень прыязджаў на касьцельную службу ў Вострава князь Карыбут Альгердавіч, дзяржаўца Ліды і князь новагародскі. Трэці сын Альгерда, ён моцна разьлічваў на тое, што яму некалі даверыць Ягайла ўсё княства, ацаніўшы яго пастаянную дапамогу ва ўсіх цяжкіх варунках барацьбы з Вітаўтам – і пры падпісаньні дамовы з крыжакамі пры Дубісе, і пры аблозе Гародні два гады назад. Аднак жа не – гаспадарства ў рэшце рэшт атрымлівае Вітаўт, і чарніла, якім пісалася дамова ў Востраве, здавалася Карыбуту набрынялым крывёй – найперш брата Карыгайлы, забітага пры аблозе Вільні, а таксама і ягонай, калі праліў яе каля Гародні... (Праз колькі месяцаў ён, адмовіўшыся прысягнуць на вернасьць Вітаўту, быў разьбіты пры мястэчку Дакудава каля Ліды і ўзяты ў палон у Нова­гародку разам з жонкай і дзецьмі, пасьля чаго памірыўся з вялікім князем і актыўна дапамагаў яму).
Высокія госьці са сваімі службамі месьціліся ў драўляным замку на беразе хуткаплыннай Дзітвы, у якую вечарамі, астываючы пасьля гарачых узгадненьняў, лезьлі паны-рада княства і польскія шляхціцы, муцячы ваду, нібы статак разьятраных зуброў.
Усе корчмы і дамы былі забітыя прыезджымі, і месьцічы, нягледзячы на завалоку, якую раз-пораз учынялі захмялелыя паня, бласлаўлялі лёс за гэтую сустрэчу стрыечных братоў, бо нямала срэбных шэлегаў, пражскіх грошаў і брускоў1 клалася дзень за днём у іхнія куфры, а значыць, будзе лёгка сплачваць падымнае і іншыя падаткі. Бласлаўлялі сустрэчу і па многіх іншых прычынах – яна клала канец вайне між Польшчай і Вялікім княствам, а галоўнае – давала гаспадарству самастойнасьць і вольнасьць, хаця і ў межах агульнай дзяржавы.
— Пройдзе час, Вітаўт яшчэ болей падымецца, і ня бачыць палякам нас за васалаў! — казалі на рынку, у гандлёвых каморах і ў хатах.
Вітаўта бласлаўлялі ўсюды – і гэта нягледзячы на тое, што Лідскае княства было некалі аддадзена вялікім князем Альгердам у спадчыну Ягайлу. Ягайлу віталі таксама, але куды больш стрымана, чым Вітаўта, на якога ўскладаліся надзеі зноў вярнуць краіне мір і перапыніць спрэчкі паміж Альгердавічамі. І якую страшную цану – абоіх сыноў — заплаціў ён за прымірэньне! Самы замурзаны гандляр, што вёз тавары на якім парэпу — занядбаным і такім жа мурзатым коніку — ахоплены агульным настроем, уздымаў свой саламяны капялюш дый крычаў ухвалу вялікаму князю.
— Ён яшчэ не гаспадар, у Вільні не пасаджаны на сталец! — абрывалі яго.
— То заўтра будзе, ужо ж! – казалі ў адказ, і зноў чулася:
— Жыве Вітаўт!
— Жыве княства!
Радасьць была ўсеагульнай, таму і ў праваслаўным храме, і ў касьцёле штодзень служылі сьвяточныя службы.
І нават калі ў агульных ухвалах чулася язычаскае, забароненае ”Хвала Перуну!” — можна было cпадзявацца, што ў нядзелю з касьцёльнага амбону не панясецца ўшчуваньня бязбожнікам і паганцам, якія ўсё ніяк ня прыйдуць да сапраўднага Бога…
Было вядома, што Ягайла прывёз у падарунак Вітаўту каптан з аксаміту, які пашылі ў Кракаве разам з каптанам і мантыяй для караля. За сувой гэтай пурпуровай тканіны заплаціла каралеўская казна нечуваную цану – 8 кілаграмаў срэбра. А колькі яшчэ срэбра пайшло на гузікі, на аблямоўку каралеўскага і вялікакняскага ўбораў! І Вітаўт прыпас добры падарунак свайму брату-ворагу, а цяпер, як спадзяваліся людзі, заўсёднаму саюзьніку: каваны з усходняе сталі пугінал — двухвостры нож з вышытымі похвамі, каб насіць ля пояса, з усыпаным каштоўнымі каменьнямі дзяржальнам. Праўда, шапталіся, што ёсьць у падарунку патаемны знак: маўляў, як ты ні спрабаваў мяне зьнішчыць – а я той жа, востры, як гэты нож. Але, хутчэй за ўсё, гэта былі звычайныя плёткі, якімі так любяць цешыцца паспалітыя людцы.
Плётак у гэты час было аж зашмат: з прагнасьцю дапытваліся ў замкавых жанчын, якія ўборы носіць каралева Ядвіга і ці праўда, што ейная ніжняя бялізна з белага ўсходняга шоўку. Узгадвалі яе ня зьдзейсьнены шлюб з Вільгельмам і розныя падрабязнасьці гэтай, яшчэ такой нядаўняй, гісторыі. Дзівіліся, што магла яна некалі адмаўляцца ад шлюбу з такім рыцарам, як Ягайла. Да яе адносіліся з цікаўнасьцю, але холадна. Куды больш сімпатыяў выклікала другая вяльможная жанчына – элегантная, велічная, як сапраўдная каралева, жонка князя Вітаўта, Ганна. Гэта яна, рызыкуючы жыцьцём, ратавала свайго мужа з Крэўскай цямніцы, яна была закладніцай у бязьлітасных крыжакоў, і гэта ад яе, як ад сапраўднага палітыка, патрабуюць зараз асабістага ліста – абяцаньня, што Вітаўт сапраўды споўніць свае клятвы. Таму, калі Ганна ехала па мястэчку — у доўгай адамашкавай сукні, у празрыста-белай намітцы, што абвявала ейную русявую галаву, у пан­тофліках, абабітых тым жа адамашкам, што і на сукні, – вітаньні сыпаліся на яе, як зярняты ячменю на маладую, а яна слаба ўсьміхалася, кланялася люду, і бледнаваты, з аселымі куточкамі ля вуснаў немалады твар яе ружавеў.
Гэта былі хвіліны, якія апраўдвалі ўсё, – доўгія месяцы напружанага чаканьня сьмерці ў крыжакоў, хваляваньні за мужа, за ўсю сям’ю, што тачыла ейнае сэрца, як іржа, і што зараз час ад часу адгукалася рэзкім болем у грудзях. Але яна не зважала на тое – і нічога не казала Вітаўту: ён мусіць быць шчасьлівым, яго мары зьдзейсьніліся... Яны ніколі не гаварылі пра сыноў, і таму яна спадзявалася, што ў мужчыны гэты боль растае хутчэй, што ён растане цалкам, захілены дзяржаўнымі клопатамі.
З ёю побач, апроч ейнага ўласнага почата, ехаў Даніла. З таго часу, як яна была адпушчаная крыжакамі і вярнулася ў Трокі, гэты хлопец, які езьдзіў у Кёнігсберг ратаваць дзяцей, стаў для яе блізкім, як сваяк. Яна ведала, не – адчувала ўсім сваім сэрцам, што ён сапраўды гатовы быў пакласьці за іх сваё ўласнае жыцьцё, і з часам усё болей цаніла яго за нейкую асаблівую чысьціню, за маладую гатоўнасьць услужыць ёй ня толькі як уладарыні, а як жанчыне, якая ў вачах многіх была сапраўдным анёлам – захоўнікам Вітаўта. Ён любіў Вітаўта – і любіў усё, што было з ім зьвязана. Як бачыла вопытным сваім вокам княгіня, гэты хлопец не цягнуўся да ўлады ці грошай, ён нёс у сабе, як нясуць у сьпякоту поўны жбан крынічнай вады для дарагіх людзей, шчасьце жыць каля тых, хто вырашаў лёсы многіх. Ня раз яна бачыла ў яго вачах і тугу – яна ценем праходзіла па твары, затрымлівалася ў куточках рота, у горкай зморшчынцы на лбе. І цяпер княгіня абвостраным уласнай хваробай позіркам бачыла ў ім той жа клопат.
— Чаму ты смутны, Данілка? – запыталася яна ціхенька, калі яны прыехалі да замка, нібы ўзьнесенага вялізнымі, у рост чалавека, валунамі падмурка, і ён, саскочыўшы з каня, першым пасьпеў да яе падбегчы і дапамагчы стаць на зямлю.
Ён зьбянтэжыўся. І яна з усьмешкай назірала за тым, як ягоны малады, аднак ужо з тонкімі зморшчынкамі на лбе твар пачырванеў.
— Ваша мосьць, я... я ня смутны. Я ўсім задаволены.
— Я ж бачу, што цябе грызе нейкі клопат.
Ён яшчэ болей спунсовеў.
— Недалёка, у Лідзе... мая маці. Я ня бачыў яе два гады.
— Дык ты хочаш у Ліду? Да маці?
— Калі дазволіць гаспадарыня, спачатку да маці, — схіліўся перад ёю Да­ніла.
— А хто яшчэ ёсьць у цябе?
— Два браты.
— Якога ўзросту?
— Падлеткі яшчэ. Ня ведаюць і яны, ці я жывы. Ня бачыўся чатыры гады.
— Дазваляю, але каб да вечару быў тут.
— Дзякую, але...
— Што яшчэ?
— Я прашу гаспадарыню дазволіць мне паскакаць яшчэ і ў Любчу. Я... я пасьпею да вечару! – зусім запунсавеўшы, хаваў вочы хлопец.
Але княгіня Ганна па-змоўніцку пасьміхнулася:
— І хто там, у Любчы? Нявеста?
— Каб жа! Хто за мяне яе аддасьць? – горка прамовіў Даніла. — Мне б хаця зірнуць на яе здаля!
— А чаму ж не аддаць яе за цябе? Хто яе бацькі? – княгіня Ганна нахму­рылася.
— Бацькі ў яе няма, а дзядзька — Лунь, яго брату сядзіба ў леннае ўладаньне яшчэ князем Альгердам была дадзеная. А я хто такі для іх?
— Вось яно што...
Княгіня павярнулася, каб ісьці, але ўзгадала пра другую просьбу маладога слугача і кіўнула яму:
— Дазваляю табе і Любчу, а там пабачым, што і як.
Акрылены, Даніла зноў ускочыў на каня, а жанчына, усьміхаючыся, пайшла да ганка. Узгадаліся ў гэты момант ёй хвіліны, калі ўпершыню сустрэліся іхнія з Вітаўтам вочы, і нібы варам абдало яе: запалалі шчокі, здрыганулася сэрца. Гэта было каханьне з першага позірку, і нездарма, калі мужу пагражала сьмерць у крэўскім замку, сама яна гатовая была застацца там замест Вітаўта. І яшчэ ўзгадалася: тады, калі ўначы пад Сынкавічамі стаяла разам з атрадам, чакаючы ўцекача-мужа, так калацілася ў яе сэрца ад страху і надзеі, што яна ледзь не губляла прытомнасьць. Што з ёю было б, калі б ён ня выбраўся з гэтай вежы ў Крэве? Яна тады цьвёрда вырашыла: жыць ня стане, калі ён загіне. О, як яна малілася ў той пракавечнай цемры лесу багіні Мокашы, каб тая пачакала, не забірала ад яе мужа так рана, у самым росквіце іхняга каханьня! І багі пачулі яе – нямая дасюль дарога ажыла, пачуўся тупат каня, і вось ужо ягоны, Вітаўтавы, бясконца любы голас над вухам — ціхі, хрыплаваты: “Я жывы, я тут! Ня бойся!”
І як жа ёй не разумець іншую душу, якая таксама кахае?!

Вяртаньне
Першая жаўцізна – блізкі напамінак восені — кранула ліпы, што вартавалі дарогу да любчанскай сядзібы. За тры гады яны папышнелі, іх галіны пацягнуліся над прарэзанымі ў траве каляінамі ад фурманак, і Даніла ляцеў пад цяністымі шатамі, стараючыся ўхіляцца ад пругкіх зялёных атожылкаў. Капыты каня мякка стукалі ў травяністы покрыў дарогі, там-сям, дзе пясок перамагаў траву, пад імі завейна ўздымаліся слупкі пяску. Гарачыня сушыла вусны, – а можа, то быў страх? Страх, што раптам нешта там, у Любчы, зьмянілася, што яна ці зьехала адсюль, ці – твар яго ўспыхваў – выйшла замуж, ці – бляднелі шчокі і жах ахопліваў душу, – можа, ужо нежывая?!
Апошнія хвіліны дарогі, па якой нёсься як у нейкім бяспамяцтве, былі нясьцерпнымі. Разагнаўшыся, ён не разьлічыў хуткасьці – і ледзь не зьляцеў у роў, на дне якога ляніва калыхалася зялёная твань.
Мост быў падняты, і на тым баку нікога не было відно. Даніла саскочыў з ка­ня, хутка абвязаў аброцьцю драўляны слуп ля рова, пашукаў, дзе біла, якім звы­чайна выклікалі старожу. Гулкі гук страсянуў сонную цішу сьпякотнага жнівеньскага дня, але і праз хвіліны, што здаліся Даніле бясконцымі, ніхто не азваўся. Нікога не было бачна і на двары. Тады ён грукнуў у біла яшчэ і яшчэ, і нарэшце з адчыненых дзьвярэй сядзібы выйшаў слуга ў доўгай кашулі і пацертых портах ды ляніва паклыпаў да брамы.
— Ці ты там заснуў?! – крыкнуў хлопец, прысьпешваючы. А той, пабачыўшы дарагія, з вышыўкай похвы на поясе Данілы і меч, што тырчэў адтуль, пасур’ёзьнеў і ўжо трушком наблізіўся да рова.
— Хто такі і па якой справе прыехаў? – гукнуў ён.
— Я... я дружыньнік князя Вітаўта, — раптам неспадзявана для сябе разгубіўся Даніла. І, не чакаючы новых пытаньняў, таропка запытаўся дрыготкім голасам:
— Я да... панны... панны Сьвеціцы. Ці яна тут?
Брамнік прыгледзеўся да госьця і раптам зьдзіўлена загаварыў:
— Ці гэта ня ты той самы, які тут хаваўся?
— Я тут жыў, — пачырванеў той. — Але яна... яна ў сядзібе?
— То ты ж злодзей, цябе ж гаспадарскі камісар забраў, — засумняваўся брамнік, у якім цяпер і Даніла прызнаў аднаго з тых слугаў, што некалі даглядалі двор.
— Я цябе пытаю, ці тут панна Сьвеціца! – крыкнуў ён грамавым голасам. – Кажы, ну!
— Тут, – ацішэў брамнік. – Дзе ж ёй і быць, як ня ў родным гнязьдзе? Дык каму дакласьці аб табе – ёй ці пану Луню? Ці, можа, пану Даўгалю?
— А гэта хто? – зноў пахаладзела нешта ў душы Данілы. – Хто гэта – пан Даўгаль?
— Хто, хто... Жаніх, вось хто... – бурчаў брамнік, нясьпешна круцячы кола і апускаючы мост. – Пачакай, ня лезь у сядзібу. Яны ўсе там, ля Нёману, пад дубам.
Даніла ня памятаў, як ён перабег мост, як даляцеў да маленькай брамкі, што выводзіла да Нёману.
...Яна сапраўды была там – у ценю пад дубам, дзе некалі вучыла яго гуляць у варцобы і дзе над імі сьвісталі стрэлы Гердзеня. Нехта быў з ёю за сталом, накрытым белым абрусам – здаецца, дзядзька з нязьменным блазнам, якія ўтаропіліся ў яго так, нібы ён з’явіўся сюды прама з Ірыя. Быў і яшчэ нехта – малады і круглатвары, з буйнымі пасмамі валасоў, – але Даніла бачыў толькі яе.
Яна была ў белай доўгай сукні з жоўтай аблямоўкай, з бурштынавай жуковінай на тонкім пальцы рукі, якой падпірала падбародак, задумаўшыся над дошкай. Яна так і глядзела на яго колькі імгненьняў – няўцямна, не пазнаючы, уся яшчэ ў сваіх думках, але вось круглы тварык яе з прамым носам успыхнуў, шэрыя вочы зазьзялі.
— Да-ні-ла!
— І праўда – гэта ж ён! – ускрыкнуў стары Лунь, працягнуўшы наперад кашчавы палец, якім нібыта ўпёрся ў хлопца.
— Той, які абакраў скарбонку! – ачомаўшыся ад неспадзяванкі, зьняважліва працадзіў кучаравы хлопец.
Даніла ня чуў яго. Ён глядзеў на Сьвеціцу. А яна, нібы прыцягненая ней­кай магутнай сілай, устала насустрач яму і зрабіла колькі крокаў, павольна працягваючы рукі.
— Ты... жывы! Адкуль ты?
— Я ... з Вострава, — запінаючыся, адказаў Даніла.
Але хлопец, што сядзеў з ёю, ускочыў і стаў між імі. Нічога ня ведаючы пра тое, што гэты новагародскі пахолак упершыню пайшоў супраць бацькі, заявіўшы яму пра сваё жаданьне ажаніцца са Сьвеціцай і тым адрэзаўшы новагародскаму баярыну шляхі да Офкі, Даніла, ледзь глянуўшы на яго, зразумеў, што гэты малойчык яму не супернік.
— Ты, мабыць, зьбег з турмы? – зьдзекліва запытаўся той. – Ці заплаціў хаця патурэмнае1?
— Даўгаль! – ускрыкнула Сьвеціца.
“Чаму брамнік назваў пахолка жаніхом? Круглыя вочы, кучары над нізкім ілбом, – ня можа быць, каб Сьвеціца выбрала гэтага!” – падумаў Даніла. І ён, нічога не адказаўшы пеўніку, які выскачыў з-за стала, проста адсунуў яго прэч і ўзяў Сьвеціцу за плечы.
Ён сам зьдзівіўся сваёй сьмеласьці. Але тое, што стаяла між сёньняшняй сустрэчай і тым момантам, калі ён, увесь час трацячы прытомнасьць і намагаючыся сказаць ёй нейкія бязладныя словы, калаціўся на фурманцы, што выязджала з гэтага двара, зрабіла яго іншым. Тады ён быў наіўным хлапчуком, які, хаця і паспытаў здраду і сьмерць, пажадлівасьць сталай жанчыны і любасьць да гэтай дзяўчынкі, усё ж заставаўся юнаком, які толькі ўваходзіў у жыцьцё. Цяпер, пасьля некалькі гадоў жыцьця побач з людзьмі, якія вяршылі лёсы тысяч людзей і глядзелі ў будучыню на колькі хадоў наперад, ён стаў іншым. Нікому не аддасьць ён Сьвеціцу і сваё каханьне, нікому, будзе змагацца за яго зацята і ўпарта. Ніколі ня стане ён жыць, як набяжыць, ніколі ня будзе бязвольна плысьці туды, куды загоніць яго жыцьцё!
І яна адчула ў ім гэтае “іншае”, таму з гатоўнасьцю ступіла ў кола гэтай блізкасьці да яго. Яны стаялі, гледзячы адзін аднаму ў вочы, і нікога не было вакол – ні людзей за сталом, ні ліпы, ні Нёману, што свавольнай дугой агінаў выспу, ні сядзібы і яе людзей.
І ўсё ж нездарма ўсе гэтыя гады яго вучылі быць воем, быць напагатове. Спалоханы крык ззаду не засьпеў яго зьнянацку, ён інстынктыўна вывернуўся ўбок, і меч, які Даўгаль выхапіў у яго з похваў, не пасьпеў узьняцца ўгору. У тое ж імгненьне Даніла, штурхануўшы Сьвеціцу наперад, пасьпеў перахапіць руку нападніка.
Здавалася, цэлую вечнасьць адольваў ён сілу, гатовую абрынуцца на яго сьмя­ротным ударам. Вочы ў вочы стаялі яны з Даўгалём, ажно пакуль Даніла ня ўбачыў у круглых і вырачаных цяпер у страшэннай напрузе вачах суперніка боль і, зрабіўшы рывок, не сагнуў яго руку ўніз, а пасьля, з усяе сілы даўшы яму высьпятка, так што той, не ўтрымаўшыся, пакаціўся з кручы, глыбока дыхнуў, каб выдыхнуць уласную напругу.
— Штосьці мне не шанцуе ў вашай Любчы, — сказаў, выціраючы ўзмакрэлы лоб. — Нездарма княгіня Ганна не хацела мяне адпускаць сюды.
Успомненьне імя княгіні было знарочыстым, – ён хацеў адразу ж адгарадзіцца ад вобразу падазронага ў злачынстве, вязьня, якім яго бачылі тут апошні раз, і даць ім усім зразумець: таго, даўняга Данілы ўжо не існуе, ён, сёньняшні, зусім іншы, ён дабіўся гэтага сваімі сіламі і сваім розумам.
— О! Гэты хлопец не аборай хлеб кроіць!2 — пачуўся голас блазна, здымаючы агульнае аняменьне. – А таму, няўдаліцы, “смачны жабе гарэх, ды зубоў Бог ня даў.”
— Няўжо яго тут прымалі як жаніха? – Даніла дакорліва зірнуў на старога, які, адкрыўшы рот, глядзеў на іх. Той устрапянуўся, замахаў рукамі:
— Яна яго ўвесь час адпрэчвала, ды ён як уляпіўся ў сук, ледзь не штодзень прыязджае сюды!
Там, куды паляцеў супернік, затрашчала гальлё, – мабыць, Даўгаль прабіраўся да выхаду панізе, не рызыкуючы ўздымацца наверх.
— Ты... ты ня вязень ужо? – нясьмела запытала Сьвеціца. – Няўжо цябе ведае княгіня Ганна? Гэта праўда?
— Клянуся Ладаю! Ну, Богам нашым найсьветлым! – паправіўся ён, з асьця­рогай гледзячы на іх: ці ня сталі яны зацятымі хрысьціянамі і ці ня высьмеюць тое, што ў яго незнарок вырвалася імя даўняй, ужо забароненай багіні каханьня. Але яны ўспрынялі яго агаворку з разуменьнем. Недалёка адсюль яшчэ з колькі часу таму дзяўчаты і хлопцы з ваколіцаў Любчы ладзілі Семік, пасьля Купальле, і ўсё сямейства было там, пакланіўшыся сьветлым і магутным сілам прыроды.
— Я малодшы дружыньнік у почаце самога князя Вітаўта, — дадаў ён зноў. І гэта не прагучала пахвальбой, а толькі ўсё тым жа апраўданьнем яго, даўнішняга, бездапаможнага, што сьцякаў крывёй на самым ганку іхняе сядзібы яшчэ два гады таму.
— Праўда?! – Сьвеціца ажно падскочыла на месцы. – Ты кажаш праўду ці...
Даніла не пакрыўдзіўся на гэты недавер. Ён ведаў: ёй патрэбны быў толькі ён. Але яны моцна залежалі ад іншых, старэйшых, ад законаў і правоў на іхняе жыцьцё. І чым менш перашкодаў было між імі, тым верагоднейшым паўставала шчасьце быць разам.
— Пляменьніца, я бачу, ты не зьбіраешся жыць у Новагародку, — адсоўваючы варцобы са стала і паднімаючыся да Данілы, сказаў стары гаспадар.
— Не, дзядзечка, не зьбіраюся! – радасна адгукнулася Сьвеціца. – Вы мне ня верылі, што Даніла прыедзе сюды, а я гэта ведала!
— Дык раскажы, мой будучы пляменьнік, што з табой было, і што будзе, і з чым ты сюды прыехаў. Я бачу, справа ў вас сур’ёзная. Але ж мы зусім ня ведаем цябе...
І Даніла пачаў расказваць. Доўжыўся той аповед са самага вечару, пакуль хлопцу неадменна трэба было вяртацца назад, у Вострава, дзе ў гэты час ішлі самыя гарачыя спрэчкі наконт кожнага слова дамовы, якую пасьля назавуць Востраўскай.
Душа яго сьпявала: маці, якую ён нарэшце пабачыў пасьля доўгага расстаньня, пасьпеўшы пабыць у Лідзе, дала яму сваё блаславеньне на шлюб з каханай дзяўчынай. А яна, каханая дзяўчына, таксама чакала яго насуперак усяму, – і жыцьцё магутна вабіла яго сваёй радасьцю, што яшчэ будзе наперадзе і што ёсьць ужо зараз з ім. У ім...

Арышт
Касьцёл у Востраве быў перапоўнены, і зьзяньне ад залатых аблямовак, бар­вовых, сініх і зялёных аксамітаў ды рознакаляровых самацветаў часам зацьмявала залацістае сьвятло соцень васковых сьвечак ды нават і раньняе сонца, што выблісквала з-за аблокаў. Падзея, якую даўно чакалі ў абедзьвюх краінах, завяршылася – пагадненьне паміж каралём польскім і вялікім князем літоўскім Ягайлам і князем троцкім і гарадзенскім Вітаўтам аб перадачы апошняму ўлады у Вялікім Княстве было агучанае. Вітаўт ад гэтага часу рабіўся пажыцьцёвым намесьнікам вялікага князя, а фактычна — уладаром Літвы, бо прысяга ў вернасьці польскай кароне, якую ён прынёс, зусім не была формулай Omagium (адданьне сябе ў поўную ўладу), што ў практыцы еўрапейскага леннага права адпавядала хутчэй зьнешняму, чым унутранаму васалітэту.
Для перасьцярогі ў непаразуменьнях дамоваў было падпісана ажно тры. Пер­шая – калі “Dux Lituaniae “ і “dominus Trocensis”1 абяцаў вернасьць ня толькі Кароне, але і каралеве Ядвізе, браўся “бараніць яе, захіляць і засьцерагаць ад усялякіх непрыяцеляў і ворагаў”. Два астатнія дакументы былі выдадзеныя ад імя Вітаўтавай Ганны. У адным абяцала яна тое самае, што і муж, а ў другім паручалася за тое, што ўсё абяцанае ім будзе зьдзейсьнена.
Вышэйшыя баяры княства радаваліся. Але і паны польскай Кароны былі задаволеныя: ад гэтага часу спынялася небясьпечная вайна паміж княствам і Каронай, і Літва цяпер пераарыентоўвалася ў зьнешняй палітыцы на Польшчу, а не на ордэн. Небясьпека для Польшчы перад тым была вялізная: пракляты Апольчык ужо прадставіў крыжакам план разьдзелу Польшчы між крыжакамі, Брандэнбургам і шлёнскімі княжатамі. Добра, што нядаўна, у чэрвені, памёр у Вільні яго зяць, Вігунд Альгердавіч, і тым паслабелі сувязі Апольчыка са сваяком, каралём Уладыславам Ягайлам. Канешне, паны ўсё ж скрушліва гаварылі між сабой, што, прымаючы Ягайлу на польскі трон, спадзяваліся на безумоўнае і не азмрочанае войнамі далучэньне гэтай вялізнай дзяржавы да сваёй краіны ў самым бліжэйшым часе. Але – варта пачакаць. Асноўная гульня яшчэ наперадзе...
Гэтак жа разважалі і прыхільнікі самастойнасьці княства. Вітаўт называўся цяпер, у дамове, толькі князем Літвы, а не вялікім князем. Але гэта толькі на словах. На справе польскім памкненьням была пастаўлена моцная заслона. Палякі ад гэтага часу ня мелі права займаць у ВКЛ дзяржаўныя пасады і мець тут сваю маёмасьць і землі. Далоў Клімента Маскажэўскага дый іншых, што распараджаліся ў Вільні як у сваёй хаце!
Бліжэйшыя сваякі караля пачувалі сябе асабліва няўтульна. Усе яны – і Скіргайла, і віцебскі Сьвідрыгайла, і Хведар Любартавіч валынскі, і падольскі Хведар Карыятавіч, асабліва ж кіеўскі Уладзімір Альгердавіч – чакалі будучых зьменаў, адчуваючы іх, як адчуваюць будучую навальніцу птушкі, што вольна і доўга клявалі пшаніцу на гаспадарскіх пожнях. І сапраўды – Вітаўт неўзабаве пазбавіў іх гэтых земляў, зьбіраючы дробныя княжаньні пад сваю руку і ўзмацняючы тым Вялікае княства.
Асаблівую цікавасьць у Востраве выклікаў высокі, магутны, касьцісты стары ў манаскім адзеньні. Яго сівыя кусьцістыя бровы навісалі над вачыма, позірку якіх некалі баяліся самі валадары. Цяпер жа яны ясьнелі лагодай і спакоем. Гэта быў Хведар Данілавіч Астрожскі. Яшчэ год таму назад славуты ваяр княства, луцкі стараста, уладальнік Астрога, Кораца, Заслава, Хлапоціна і мноства іншых земляў на Валыні, які абараняў Вільню ад Вітаўта, цяпер ён стаў манахам Феадосіем у Кіева-пячэрскай лаўры. Адчуваючы дарэмнасьць зямнога жыцьця, жадаў прычасьціцца да жыцьця нябеснага. Сюды ж, у Востраў, ён прывёз цудадзейную замкавую ікону Маці Божай Новагародскай, захаванай Кіева-пячэрскімі інакамі. Ікону гэтую ён, даўні староньнік Ягайлы, перадаў Вітаўту, цяперашняму ўладару Новагародку, з просьбай, каб ніколі больш не пакідала ікона месца, дзе была напісаная і куды цяпер вярталася. У гэтым вяртаньні многія ўгледзелі шчасьлівы для Вітаўта знак і просьбу, каб не забываўся ён на праваслаўных жыхароў і не патрабаваў ад іх пярохрысту.
І па гэтай прычыне віталі тут Вітаўта болей, чым караля, і многія з тых, хто ў бядзе не хацеў нават адказваць пасланьнікам князя, хіліліся цяпер да яго і паказвалі сваю шчырую прыхільнасьць...
Але пакуль што ўсе яны — вялікія і малыя гаспадары княстваў і земляў у Вялікім княстве — сядзелі на доўгіх дубовых лавах у нядаўна пабудаваным драўляным касьцёле і слухалі словы малітвы.
Ягайла і Вітаўт – нерухомыя, велічныя, у аксамітавых каптанах з пардусавай у аднаго і гарнастаевай у другога мантыямі і саф’янавых ботах з залатымі шпорамі сядзелі наперадзе, у разьбяных дубовых крэслах, іх жонкі Ядвіга і Ганна – па баках ад мужоў, і ўсе погляды прысутных нават пад час малітвы не адрываліся ад іх.
Шмат чаго стаяла паміж гэтымі стрыечнымі братамі, якія расьлі амаль што разам і чые бацькі Альгерд і Кейстут умелі сябраваць і разам вырашаць усе праблемы вялізнай краіны, якую мацавалі і ўзрошчвалі беражліва і мужна шмат гадоў. Іх сыны, якіх лёс абраў для вырашэньня тых жа задач, мусілі перад усім сьветам даказаць тое сваё прызначэньне. Супраць іх былі многія іншыя атожылкі Альгердавага і Кейстутавага дрэваў, а таксама і акаляючы сьвет, які, як гарачая лава, яшчэ не застыў у сваіх будучых еўрапейскіх формах, а плыў, мяняўся, забіраў чужое і з боем, з рэкамі чалавечай крыві аддаваў сваё.
Даніла – у кальчузе з металічных лускавінак, у прылбіцы і накаленьніках, з дзідай у руцэ і мечам у расшытых скураных похвах – стаяў ля самых дзярэй храма, насьцеж адчыненых дзеля летняга цяпла і неверагоднай перапоўненасьці розным высокасаноўным людствам. Дробныя баяры і багатыя месьцічы з сем’ямі з Ліды, Новагародка, Ваўкавыйска ды іншых месцаў маглі толькі тоўпіцца вакол старожы, якая ачапіла касьцёл і праход да самага замка, каб, барані Божа, ніхто з выпадковых людцаў не выкуліўся пад ногі каралю ці вялікаму князю, калі скончыцца набажэнства. Насупраць князевай варты стаяла каралеўская – палякі адрозьніваліся ад ліцьвіноў зброяй і шлемамі, больш пукатымі і цяжкімі, сваёй разьняволенасьцю (яны час ад часу кідалі адзін аднаму дасьціпныя жарты наконт урачыстасьці і прысутных), а таксама тым, што ў начальніка іхняй варты на шлеме быў прымацаваны пук пер’яў, – такія ўборы, што называліся кітамі, хлопец бачыў упершыню.
Наўпрост за ім, ледзь ня дыхаючы ў патыліцу, стаялі яго будучыя родзічы – Лунь у дарагіх ботах, што даставаныя былі са скрыні ўпершыню за дзясятак гадоў і якія неміласэрна сьціскалі яму ногі, Сьвеціца ў сукні з адбеленага льну з сярэбранай аблямоўкай і ў сярэбраным вяночку з чарнёнымі колтамі на скронях, а таксама Офка з баярынам Гневашам, які спадзяваўся калі не на шлюб з ёю, дык на любошчы, і яго сынком Даўгалём, які цягнуўся, каб хоць што разгледзець у пахкім нутры касьцёла.
Нялёгка было Данілу ўпрасіць начальніка варты, каб той дазволіў прабрацца гэтаму сямейству пад самы касьцёл, бо пакрыўджаных, каму давялося стаяць ледзь не за паўвярсты ад храма, і так было зашмат, а сярод іх былі нават дворныя самога Карыбута, які на набажэнства не зьявіўся, прыкінуўшыся хворым. Але Офка, якая мусіла прыняць сватаньне Данілы да ейнай падчаркі, таксама вельмі прасіла аб тым, і начальнік варты паддаўся на чары гэтай гнуткай, увёртлівай кабеты, што ў сваім асьляпляльна – багатым уборы, здавалася, гатовая была зацьміць самую каралеву.
Яна не магла выстаяць і хвіліны, каб гучным шэптам не запытацца ў Данілы, спрабуючы з-за яго галавы хаця нешта ўбачыць у глыбіні касьцёлу:
— Як яго мосьць глядзіць на каралеву – з любасьцю ці раўнадушна?
— Як ён тое ўбачыць? – абрываў яе Гневаш. – Зараз пагоняць нас адсюль, любка мая. Сьціхні пакуль, дай хлопцу рабіць сваю справу.
Офка змаўкала, але праз нейкі час, нібы забыўшыся, зноў імкнулася нашаптаць на вуха маладому вартаўніку, абдаючы яго пахкасьцямі, ад якіх у гэты сьпякотны дзень у яго пачынала кружыцца галава:
— А ў княгіні Ганны летнік з шоўку ці парчы, я не заўважыла нешта?
У рэшце рэшт баярын узяў няўрымсьлівую кабету за руку і сілай адвёў яе далей, прабіўшыся скрозь спацелы натоўп на адносна вольнае месца. І таму яна, у чым ня раз потым дакарала Гневаша, не змагла падысьці да караля, які пасьля набажэнства хутка прайшоў па праходзе між воямі каравулу да карэты з залатымі каралеўскім гербамі і цяжкімі завесамі, якія адразу ж схавалі і яго, і каралеву ад цікаўных вачэй і ад вітальных крыкаў, якія ўзьняліся вакол. Затое потым яна ледзь не замучыла Сьвеціцу пытаньнямі – удакладненьнямі тых дэталяў жаночых убораў, на якія мужчыны мала зьвяртаюць увагі, затое жанчыны прагна разглядаюць кожную дробязь, добра ведаючы, як шмат значыць любая дэталь – колты, каралі, бачуркі на нагах, залатое шытво аблямоўкі і іншае — для магутнасьці прыгажунь, якія хочуць валадарыць над мужчынамі.
Затое пільнае вока Офкі адразу пабачыла пачатак таго, што здарылася пасьля і чаго не чакалі ў гэты сьвяточны дзень ні Даніла, ні Сьвеціца, ні ўсе тыя, хто радаваўся доўгачаканаму міру, заключанаму ў гэты вялікі дзень.
Яна ўгледзела, як незадоўга да сканчэньня набажэнства насупраць Данілы, паміж двух вартавых – палякаў (а іхні камандзір толькі коратка кіўнуў, даючы на тое згоду) уплішчыўся высокі і як жардзіна худы чалавек у звычайным адзеньні заможных віленчукоў: портах і суконным жупане. Ён нейкі час пільна ўзіраўся ў Данілу, нібы корпаючыся ў сваёй памяці: прыжмурваўся, ківаў галавой, прыглядаўся. Ёй здалося, што яна ўжо недзе бачыла таго чалавека, але дзе? Покуль яна сачыла за дзіўным тым зацікаўленцам, скончылася служба, і люд ірвануўся, ледзь не прарываючы старожу, да касьцёлу: усе хацелі бліжэй разгледзець высокіх гасьцей.
На той час Офка, якую ледзь ня зьбілі з ног цікаўныя, згубіла Данілу з вачэй. Калі ж свае і чужыя месьцічы праводзілі з храма ўсіх да апошняга з прыезджых славутасьцяў, абгаварыўшы знаёмых і незнаёмых баяраў і паноў-рады княства і каралеўства, яна пабачыла, што двое вояў трымаюць Данілу за рукі, а заплаканая Сьвеціца нешта тлумачыць таму, каго Офка палічыла за віжа1. Жанчына рванулася да маладых людзей і віжа так імкліва, што Гневаш яе не ўтрымаў: яна раптоўна ўзгадала, хто гэта.
Гэта той, хто некалі ў Любчы перашкодзіў яе фурману ўтапіць Данілу ў Нё­мане! Памочнік вознага... як яго клікалі, таго самага, які пасьля разам са Сьве­ціцай перасьледаваў Беля? Яна не магла ўзгадаць імя, ёй памяталася нешта расьліннае.
— Ты што, зноў прыехаў арыштоўваць яго? – закрычала яна ўжо здаля. – Мала вам Любчы?
Яна шчыра забылася на тое, якую ролю адыграла некалі ў тым, што здарылася з Данілам. Цяпер ёй хацелася аберагчы гэтага маладога хлопца, у якім яна бачыла магчымасьць выбрацца хаця якім чынам да вялікакняскага двара. Яна ж сама бачыла, як, ідучы ў касьцёл, кіўнула і ўсьміхнулася маладому вартавому жонка князя Вітаўта, з учарашняга дня самаўладнага валадара Літвы!
— Вяльможная пані, ня ўмешвайся ў нашыя справы! – перасьцярог яе чалавек, чыё імя яна ўспомніла адразу, як толькі ён загаварыў.
“Рагоза! Так, яго клікалі Рагоза! Памочнік вознага Сухты!”
— Не Рагоза, вяльможная спадарыня, а новаахрышчаны Павал, у імя любімага апостала Пана Бога нашага, — змрочна адпрэчыў яе законьнік. – Ужо год як я вялікакняскі камісар, і даверана мне многае ў княстве. Так што не перашкаджайце мне забраць яго як дзяржаўнага злачынцу, які да таго ж зьбег з вязьніцы пры нявысьветленых абставінах. Сам Бог перадае яго ў мае рукі, бо доўга мы шукалі яго паўсюдна.
— Я ні ў чым не вінаваты і дакажу гэта! – сьмела запярэчыў Даніла. Ён не выглядаў разгубленым. У яго цяпер ёсьць сьведкі, і суд, калі ён справядлівы, дабярэцца і да праклятага Шомберга, і да Гердзеня, калі ён яшчэ жывы!
Камісар кіўнуў воям, і тыя павялі свайго нядаўняга таварыша за Рагозам-Паўлам, які пасьпешліва кіраваўся да двухпавярховай мураванкі за замкам, дзе жылі службоўцы і дзе можна было ў глыбокім сутарэньні зьмясьціць не аднаго злачынца...

Гаспадарскі суд
У гэты гарачы жнівеньскі поўдзень падзямельле спачатку здалося ня надта страшным. Прынамсі па першым часе Даніла, спацелы пасьля доўгай варты пад сонцам і пад металічнаю прылбіцаю, адчуў фізічную палёгку, калі прысеў на жмут маладой яшчэ, толькі што зжатай саломы і пачаў паціху астываць. Але душа яго крыкам крычала ад несправядлівасьці: яго вялі пад вартай нядаўнія таварышы, на вачах у Сьвеціцы і яе радні! Якія ж зласьлівыя іскры ўспыхвалі ў савіных вачах гэтага Даўгаля, што, выцягнуўшы шыю, нават забег наперад, каб зірнуць на твар зьняволенага суперніка! Што, калі Сьвеціца адвернецца ад яго?!
Але паступова ў ім расла халодная рашучасьць біцца да апошняга, даказваючы сваю невінаватасьць. Увечары ён пераказаў Паўлу, як сустрэў у крыжакоў Гердзеня і што, і як той казаў наконт рабаваньня пры сьведках – воях Зайцы, Івану ды Даўшы. З іх трох толькі Даўша быў тут, у Востраве, але і тыя два яго былыя таварышы, калі не загінулі ў час нядаўняй асады Гародні, маглі быць ці то ў лідскім, ці то ў гарадзенскім атрадах.
— Адшукайце іх! – казаў ён, і новапрызначаны камісар адчуў у яго словах праўду. Ён разумеў, што цяпер Даніла ня той хлапчук, якога адцуралася яго гаспадыня, а вой з асабістай варты Вітаўта. А гэта значна мяняла справу. Ён пачынаў сумнявацца ў тым, ці правільна зрабіў, арыштаваўшы хлопца. Аднак жа ў гэтай справе было крымінальным несумненна: пабег з-пад варты. І тут ён, затрымаўшы ўцекача, мог паказаць сябе як непадкупны слуга закону, аднолькавага для ўсіх. Чаго ж тады вартыя тыя законы, якія яго вучылі берагчы і блюсьці?! І ён перабіраў усе акалічнасьці таго даўняга рабаўніцтва, якое выдатна памятаў, бо гэта было яго першаю справай. Узгадваў Любчу, і тое, як угледзеў злачынства: хлопца штурхнулі ў Нёман. Тады менавіта ён кінуўся за ім у нёманскія віры і выцягнуў-ткі на паверхню, хаця і кружыла яго там разам з абвялым целам тапельца, як трэску... Узгадваў і Сухту, які цяпер быў ужо памочнікам віленскага бурмістра і які навучыў яго многім таямніцам пошукавай справы...
Прыходзіла ў галаву і тая першая ў яго жыцьці гаворка з такой высокай асобай, як сястра караля. Помніцца, княгіня Марыя нешта злоснае казала нават пра забітага бацьку гэтага хлопца, якога не ўзьлюбіла з-за ягонага, хаця і кароткага служэньня, у Горадні, у гарнізоне Вітаўта. Тую непрыязнасьць яна перанесла і на сына, і толькі таму Данілу адправілі ў Вільню, а не судзілі ў лідскім замкавым судзе, як належала тое па закону. Ён цяпер бачыў, што ажно тры жанчыны стаялі над лёсам гэтага прыгожага хлопца, усяго толькі дробнага панцырнага баярына. І калі дзьве з іх — княгіня і тая, гаспадыня Любчы — былі на тым лёсе чорнымі меткамі, то маладзенькая дзяўчына, якая арканам захліснула забойцу, адпомсьціла за яго! І гэта ж яна заступалася зараз за свайго абраньніка!
Узгадваючы яе тварык, Павал тужліва думаў пра сваё адзінокае жыцьцё і пра тое, што вочы жанчын, якія дасюль глядзелі на яго з цікавасьцю, былі вачыма вісьлен ды зладзеек, якія спадзяваліся на зьмякчэньне прысудаў...
Думаючы над усім гэтым, высокая чыноўная асоба правяла ноч амаль бяз сну.
Ня спаў той ноччу і Даніла.
Ён ня ведаў, што і Сьвеціца, і нават Офка, якая старалася згладзіць сваю віну перад падчаркай, а можа, і спадзявалася зьвярнуць на сябе ўвагу высокай асобы, да вечару каравулілі ля пакояў княгіні Ганны і змаглі-ткі сказаць колькі словаў у абарону Данілы, а тая, хаця была звыш галавы заклапочаная мноствам розных вялікіх і дробных справаў, таксама аддала кароткі загад начальніку свайго атраду, каб пасьля, калі скончацца ўрачыстасьці, камісар ня вёз Данілу ў Вільню, а пакінуў яго тут і, зьвярнуўшыся асабіста да яе, расказаў усё, што тычыць далёкай справы аб рабаўніцтве, пра якую яна чула мімаходзь ад мужа, калі былі яны ў Прусіі. А пасьля, выслухаўшы камісара, загадала, каб былі сабраныя ўсе магчымыя сьведкі, і каб суд адбыўся найхутчэй.
Праз чатыры дні Данілу павялі ў замак, дзе было нязвыкла сьцішана (Ягайла з каралевай ад’ехалі ў Вільню, а за імі і ўвесь каралеўскі двор). Вітаўт жа з жонкай меліся ехаць туды праз тыдзень.
Увайшоўшы ў невялікую залу з тканымі каляровымі шпалерамі і лавамі, пакрытымі каберцамі, на якіх сядзела мноства народу, ён зьніякавеў: сам Вітаўт сядзеў там ў шырокім дубовым крэсьле з разьбяной сьпінкай, а побач, па-дзявочы гнуткая, у цёмна-сіняй сукні з шырокімі белымі адваротамі і ў белай кісейнай намітцы, уважліва глядзела на Данілу княгіня Ганна. Калі ж ён зірнуў туды, дзе месьціліся суддзі, то зьнерухомеў яшчэ болей: сярод іх, што амаль не адрозьніваліся адзін ад аднаго – усе ў чорных накідках і аднолькавых капелюшах, — ён пабачыў Сухту. Угледзеў на першай лаве і лідскага войта Нарбута, і Даўкшу, а таксама і Зайца – усе яны меліся выступаць сьведкамі. Сядзела між іх, апрануўшы свой багаты ўбор, і Офка – не баялася яна суда, наадварот – сьцішана ганарылася тым, што выглядае ня горш за саму княгіню... У самым канцы, сярод твараў прыдворных Вітаўта, пабачыў ён зжаўцелы ад болю і страху за яго твар сваёй матухны і братоў, а недалёка ад іх – тую, якую больш за ўсё баяўся тут пабачыць і якую бачыць хацеў як нікога.
Гэта была надзвычайная падзея, калі звычайнага дружыньніка судзіў суд у прысутнасьці самога вялікага князя. Хаця па закону кожны вольны чалавек меў права зьвярнуцца ў гаспадарскі ці камісарскі суд з зыскам ці скаргай, усё ж камісарскі суд, які дзейнічаў на правах гаспадарскага, утвараўся толькі вялікім князем і панамі-радаю па справах надзвычайнай важнасьці. Але, як раіліся між сабой суддзі, у гэтай справе былі ўдзельнікамі ня толькі жыхары княства, але і крыжакі, і таму ўсе патрабаваньні закону былі ўлічаныя. Абвінавачваньні супраць крыжакоў былі зараз неабходныя, як ніколі. Апроч самога князя Вітаўта (статус яго пакуль ня быў зацьверджаны як вялікага, але, вырашылі суддзі, “князь усяе Літвы”, як значылася ў сьвежападпісанай дамове, быў роўны тытулу “вялікі”), суд лічыўся вялікакняскім, калі там прысутнічалі паны-рада. Ды Іван Гальшанскі, Леў Друцкі, баярын Судзімонт з Вейшышак значыліся ў складзе паноў-рады, так што і гэты пункт быў вытрыманы (паноў-рады павінна было быць на судзе ад двух да трыццаці і болей).
І суд, які замежныя паслы ацанілі як першы, паказальны для ўсіх суд Вітаўта, пачаўся. Апроч таго, як данесьлі яны пасьля ў свае краіны, перад усім сьветам было прадэманстравана, што ордэн па-здрадніцку ўчыняе рабаўніцтвы на землях сваіх саюзьнікаў. Праўда, некаторыя, прыязныя да ордэна замежнікі ўсё ж выказалі сумненьне, ці ня зладжаная ўся гэтая справа дзеля таго, каб яшчэ раз апраўдаць уцёкі Вітаўта ад Ордэна, які яго прытуліў і дапамагаў...
Але для Данілы і іншых, менш абазнаных у розных падводных плынях прысутных гэтыя хітраспляценьні былі невядомыя. Яны бачылі перад сабой маладога хлопца, якому трэба апраўдвацца перад судом і якога сам гаспадар княства адзначыў сваёй прысутнасьцю на гэтым судзе.
...І зноў ажылі падзеі двухгадовай даўніны, і зноў перажыў Даніла ўсе тыя падзеі – і стралу ў бацькавым горле, і ледзяны позірк Шомберга, і ўдар кінжалам у любчанскай сядзібе, і крыкі Гердзеня ў глухіх сутарэньнях крыжацкага замка...
Пасьля таго, як выступілі сьведкі Даўкша і Заяц, якія распавялі аб прызнаньнях Гердзеня, лідскі войт спасьціг даўняе і дасюль незразумелае зьнікненьне баярына Лялюша, справа аб якім даўно ляжала ў мясцовым судзе, але ня рухалася з месца. Гэта, безумоўна, яго прадставіў той вывалачань Гердзень як мёртвага Данілу, каб атрымаць абяцанае ўзнагароджаньне! Былі пасланыя людзі, каб арыштаваць гаспадара карчомкі, бо разьясьнілася, што і ён быў адным з крыжацкіх віжоў, якія распладзіліся тут, як асеньнія мухі.
Была прыведзеная да прысягі і Офка, удава, якая павінілася ў тым, што ў час не паведаміла ў Ліду пра знойдзенага ёю на дарозе амаль паўмёртвага Данілу. Ашчадзіў яе Сухта і не аспрэчыў жаласныя словы былой удавы, што кіраваў яе рашэньнем толькі клопат пра ледзь жывога тады хлопца. І калі, выставіўшы гарсэт, з якога выпіралі поўныя грудзі, крочыла пані на месца, многія мужчыны ў зале пасылалі ўсьлед ёй захопленыя позіркі.
Выступаў і Сухта. Сьцьвердзіў ён, што пад час допытаў ні разу ня схлусіў Даніла і не сказаў таго, чаго хацела яго былая гаспадыня: што лідскі атрад быў забіты людзьмі князя Вітаўта. Яшчэ ў лідскім замку да затрыманага быў пасланы ёю слуга, які патаемна абяцаў Данілу, што адпусьцяць яго, калі прысягне так, як трэба. Хаця не называў Сухта імя гаспадыні, каралеўскай сястры княгіні Марыі, усё ведалі, пра каго ідзе гаворка. Патроху ня толькі са спачуваньнем, але і з павагай сталі паглядаць многія прысутныя на маладога воя. Сухта, аднак, ні слова не сказаў пра тое, што сам жа адпусьціў Данілу з Віленскага замка і не паслаў у яго грудзі стралу. Ня ўсё, што дыктуе сэрца, можна паказваць вышэйшым над табой службоўцам. Даніла таксама маўчаў пра тое, але вініўся, што ўсё ж зьбег з замка пад час аблогі.
— Я толькі ратаваў сваё жыцьцё, бо быў невінаваты, а суд мне ўсё не прызначалі, хаця па закону павінны былі зрабіць гэта на працягу трох месяцаў, — казаў ён, і многія высакародныя кабеты, што прагна глядзелі драму чужога чалавечага жыцьця, шапталі адна адной, што павінен быць прызнаны невінаватым Божым промыслам уратаваны хлопец (а што ж тады стрэл бамбарды, які вырваў яго з каменнага мяшка, як ня Божы цуд!).
Калі ж прачыталі Даніле апраўдаўчы прысуд, устаў гаспадар Вялікага княства, і ўсе, шануючы яго, усталі таксама.
— Хацеў я, каб усе тут пабачылі, што ў князевай дружыне ня можа быць забойцаў і злодзеяў. Таму дзякую вялікакняскаму камісару, які не пабаяўся арыштаваць майго дружыньніка і гэтым судом канчаткова ачысьціць яго ад падазрэньняў. Сьведчу таксама тут тое, чаго наўмысна не казаў перад прысудам, каб судоўцы не глядзелі мне ў рот, а рашалі па справядлівасьці: гэты хлопец два гады назад выратаваў мне жыцьцё. Я ж узнагародзіў яго толькі тым, што ўзяў у сваю дружыну і адарваў ад роднай зямлі, прымусіўшы разам са мной пакутаваць сярод чужакоў. Але і там меў я выпадак пабачыць, што дзеля свайго князя гатовы ён аддаць жыцьцё. І таму, каб аддаць яму належнае, я вырашаю вось што... Воляю караля, які разам са сваім даверам і сяброўствам даў мне гэтае права...
Ён зрабіў паўзу, глянуў на сваіх пажоў і сакратара:
— Пасьвячаю яго ў рыцары!1
Зала дружна ахнула. Ніхто не чакаў гэткай міласьці для чалавека, які толькі што быў зьняволены і якому пагражала калі ня сьмерць, дык доўгае зьняволеньне. А Даніла дык адчуў, нібы яму ззаду падсеклі жылы – ён ледзь утрымаўся на нагах.
— Што ж ты аслупянеў? – пачуўся голас княгіні Ганны. – Падыдзі да гас­падара, Даніла, ня бойся!
На нягнуткіх нагах ён паклыпаў да Вітаўта, упаў перад ім на калені. Тым часам пажы ў белым ужо накідвалі яму на плечы парчовы каптан, а сакратар трымаў у руках чырвоны пас, вышываны залатымі нітамі. Мечнік1 Вітаўта дастаў з похваў меч – біруза, гранаты ды тавусінае каменьне ў залатых сваіх гнёздах заблішчэлі на дзяржальне, як зоркі.
Князь звыклым рухам узяў меч, пагладзіў яго вострае сіняватае лязо, нібы перадаючы яму частку сваёй сілы і дзяржаўнай велічы.
— Хай твая душа будзе такой жа моцнай, як сталь гэтага мяча, і такой жа чыстай, — прамовіў ён звычайную для гэткае нагоды формулу і тры разы зьлёгку ўдарыў Данілу па плячу.
Пасьля, падняўшы, апаясаў яго чырвоным пасам. Не прамаўляў даўнія, замоўныя словы ліцьвіноў, якія на чырвоных пасах некалі вышывалі магічныя словы ўдачы і паклонаў старажытным язычаскім багам. Але ўсе ў зале ведалі тыя словы замоваў, і ціхі шолах пранёсься па лавах, дзе сядзелі новаахрышчаныя прыдворныя і вяльможныя месьцічы Ліды:
— Пярун і судзяніцы, спрыяйце нам!
Тады ўзьнялася з месца княгіня Ганна і адарыла новапасьвечанага рыцара ламай – залатой бляшкай для ўпрыгожваньня паса. А за ёю, адшпільваючы фібулы ад плашчоў ці адрываючы сярэбраныя гузікі ад уласных каптанаў, а то і кідаючы на паднос, які немаведама адкуль узяўся, залатыя італьянскія дукаты2 ці цяжкія пражскія грошы, паднялася і шляхта. Лідскі месьціч Гузна, каб бліснуць перад гаспадарскай парай, гучна аб’явіў, што дарыць рыцару свайго дзіянета3, змаўчаўшы, аднак, пра тое, што конь той кульгае на адну нагу. Кашталян жа Лідскага замка Нарбут, былы войт гораду, падарыў Данілу каштоўную жуковіну – вялікі пярсьцёнак са сваёй рукі ў выглядзе зьмяі з жоўтым вокам з тапаза.
— Вось табе і вена за нявесту, каб не адчуваў сябе бяднейшым! — засьмяялася княгіня. Яна адразу ўгадала, што ўсхваляваная дзяўчына ў задніх шэрагах прысут­ных, што час ад часу хавала расчырванелы твар у складзеныя крыжам рукі, якія ў самыя драматычныя моманты выступы сьведкаў дробна дрыжалі, – і ёсьць тая, да якой імкнуўся і пра якую казаў ёй Даніла. Яе сакратар, што пасьпеў пагаварыць з Сухтам, перадаў сваёй гаспадыні, як спрытна гэтая дзяўчына заарканіла чалавека, што спрабаваў забіць яе каханага. І велічная, у цяжкім альсбанце – нашыйніку з вялікіх ружовых пярлінаў жанчына адчула, што па шчаках яе пацяклі сьлёзы. Ёй чамусьці захацелася зірнуць у будучае гэтых маладых людзей, якія пачнуць сваё, толькі ім адным наканаванае жыцьцё. Ёй страсна захацелася таксама зазірнуць і ў сваё будучае – ці прыйдзе да іх з Вітаўтам доўгачаканы спакой? Ці стане ён некалі каралём Польшчы, як пра тое мараць паны-рада княства, спадзеючыся стаць галоўнымі ў новастворанай краіне?
Ды, уяўляючы сабе каранаваньне Вітаўта Гедзімінавай каронай у Вільні на вялікага гаспадара Літвы, якое павінна адбыцца праз тыдзень і на якое яны зьязджаюць адсюль заўтра, Ганна не магла прадбачыць, што праз трыццаць гадоў карону сёньняшняй каралевы Польшчы Ядвігі надзене на сябе семнаццацігадовая ўнучка князя Івана Гальшанскага Соф’я. І не яна, Ганна, а ненароджаная яшчэ дзяўчынка некалі стане родапачынальніцай многіх еўрапейскіх каралёў... Яна не магла прадбачыць будучае, але яно ўсё ж сьлізганула па княгіні Ганьне сваім ценем, бо з суда таго пайшла яна чамусьці смутная і чымсьці незадаволеная.
А ноччу доўга не магла заснуць і ўсё думала – і пра хуткае каранаваньне мужа на гаспадара Вялікага княства, і пра тое, што даўно не глядзеў ён на яе такімі вачыма, як Даніла на сваю дзяўчыну, і пра будучае без дзяцей – спадкаемцаў княства, якіх яна наўрад ці ўжо народзіць Вітаўту.
А для Данілы і Сьвеціцы тая жнівеньская ноч стала купальскай, і цьвіла для іх кветка-папараць, і будучае было вызначанае на доўгія гады наперад, не зважаючы ні на ордэн, які заціх у стоенай, але страшнай злосьці і цікаваў за ўсімі, хто жыў на гэтых землях , ні на паноў Кароны, якія будавалі свае, адрозныя ад жаданьня мясцовага люду планы. Яны хацелі жыць сваё адзінае, Усявышнім падоранае жыцьцё ў каханьні, у згодзе. Хацелі мець дзяцей, і расьціць іх, і радавацца кожнаму новаму дню, таму што чалавек прыходзіць на зямлю дзеля радасьці і каханьня, і дае сваю любоў людзям і матухне-Зямлі, каб яны маглі цягнуць бясконцыя ніты Роду, калі кожнае новае пакаленьне пачынае жыць не на спустошанай пажарам ніве, а захоўвае як лепшы запавет продкаў дом. І сьвятло ў душы.
І мір.

Эпілог
Грунвальд
Бітва, што распачалася 15 ліпеня 1410 году каля палудня, трывала ўжо вось­мую гадзіну.
Даніла запомніў толькі яе першыя хвіліны – калі пагрозьліва-велічны шэраг крыжакоў, выстраіўшыся ў добра арганізаваным парадку між Ладвіговам і Стэнбаркам, засьляпіў вочы пералівамі цяжкага, гарачага сонца, што ўспыхвала на жалезных дасьпехах, шчытах і мячах, а пасьля пад гукі труб і пошчак барабанаў рушыў наперад.
Перад гэтым былі некалькіх гадзінаў узаемнага чаканьня і зьдзеклівае па­сольства ад вялікага маршала ордэна Фрыдрыха фон Вальродзе, які прыслаў з герольдам венгерскага караля Жыгімонта Румрэйхам і пасланьнікам герцага Казіміра Шчэцінскага два мячы для караля і вялікага князя. Словы тых пасланцоў, як маланка, абляцелі войска: “Вялікі магістр і маршал пасылаюць вам гэтыя мячы ў дапамогу... Каб вы, прыняўшы іх, набраліся ахвоты і адкрылі бітву там, дзе пажадаеце, замест таго, каб адцягваць яе і хавацца па лясах, пазьбягаючы бітвы”. Грозны рокат, які падняўся пры гэтым, хутка змоўк: кароль Ягайла дастойна адказаў на абразу, а вялікі князь Вітаўт пагардліва ўсьміхнуўся на тыя словы і толькі высока ўзьняў свой меч, нібы паказваючы герольдам і ўсім, хто стаяў за імі, сілу гэтага мяча.
Зіндрам Машковіч — галоўнакамандуючы польскай арміі — і князь Вітаўт з самай раніцы старанна расстаўлялі войска. Асабліва ж шчыраваў вялікі князь: яго белы конь маланкай лётаў у “калідорах” між трох шэрагаў ліцвінскага войска, якія стаялі адзін за адным. Армія Вялікага княства займала луг ля возера Лаўбен, бліжэй да Таненберга, і некалькі сьцягоў-харугваў склалі вузкі клін, дзе ў самай вузкай частцы стаялі найбольш умелыя і харобрыя воі – перадсьцяговыя. Ім належаў суровы гонар першымі прыняць грозную атаку праціўніка, і яны ведалі гэта: твары вояў былі маўкліва-засяроджанымі і рашучымі.
Харугвы былі ззаду – бел-чырвона-белы колер нібы запаланіў усю вялізную раўніну ажно да сінявата-смужнага гарызонту. Паветра было цяжкім і ўсё яшчэ млява-парным: уначы быў моцны лівень, які скончыўся толькі раніцай, і многія з перасьцярогай глядзелі на сакавіта-смарагдавы луг, што расьсьцілаўся пасярэдзіне паміж абодвума войскамі: а што, калі там, пад гэтай пругкай высокай травой, хаваецца багна? Аднак дасьведчаныя ведалі: Вітаўт яшчэ на дасьвецьці, як скончыўся дождж, паслаў разьведчыкаў праехаць па гэтым лузе і быў спакойным. Кароль жа, як шэптам перадавалі адзін аднаму воі, з самай раніцы моліцца ў сваім намёце. Шапталіся і аб цудоўным знаменьні мінулай начы: быццам ня толькі простыя воі, але і сам вайсковы капелан бачылі, што на поўні, якая час ад часу выглядвала з-за хмараў, жорстка біліся паміж сабой кароль і манах, пакуль манах ня быў пераможаны і скінуты з месяца... Таму ў ліцьвінскім і польскім войску многія спадзяваліся выжыць і вярнуцца да родных і блізкіх. Спадзяваўся на тое і Даніла: яго праводзілі на вайну пятнаццацігадовы сын Міколка і чатырнаццацігадовая Ганулька. Усёй сям’ёй яны былі на набажэнстве, якое праводзілі ў нядаўна адбудаваным касьцёле ў Лідзе напярэдадні адпраўкі на вайну лідскай харугвы, і яго парадавала стойкасьць Сьвеціцы: яна выглядала спакойнай, суцяшала дзяцей. Ды ўсё ж пасьля прыкмеціў, як дрыжалі яе тонкія пальцы, якімі яна жагнала дарогу, што павяла іх на Вялікую бітву...
Даніла ня трапіў у “перадсьцяговыя” і са шкадаваньнем вымушаны быў стаяць на правым фланзе. Аднак жа яму пашанцавала: лідская харугва, у якой ён змагаўся і рыцарам якой ён быў, стаяла на невялікім узвышшы, і яму выдатна была бачная пярэдняя частка крыжацкага войска.
Сярод іншых пазнаў ён сьцяг вялікага комтура Куна фон Ліхтэнштэйна з аднолькавымі палосамі чырвона-бела-чырвонага колеру. Пазнаў і харугву вялікага магістра, якую штодзень бачыў у Мальбарку, а таксама харугвы вялікага маршала, комтура Кёнігсбергскага, і вялікага шпітальніка, комтура Эльбінга. Сіла, што стала насупраць, была добра яму вядомая, ён, здаецца, нават пазнаваў твары тых, хто стаяў наперадзе – вялікі магістр Ульрых, брат памерлага тры гады таму Конрада Юнгінгена, дзёрзкі і славалюбны, камандор Марквард Зальцбах, комтуры Бартэнштэйна і Дзенжані. Былі тут, як стала ўжо вядома пры зьяўленьні герольда, кароль венгерскі, аберагальнік імператарскага прастолу ў Германіі Жыгімонт і яго брат, чэшскі кароль Венцаслаў. І якраз таму, што Даніла ўжо шмат чуў пра некаторых, а іншых бачыў асабіста і ведаў іх моц і бязьлітаснасьць, да яго горла падступала неадольнае жаданьне нарэшце панішчыць іх, сьцерці з твару зямлі, каб і сьледу ад іх не засталося – нідзе і ніколі.
Побач з ім на конях сядзелі браты Тысьлевічы – іхні маёнтак пад Гародняй быў ня толькі спалены: крыжакі павесілі целы бацькоў і згвалтаваных сясьцёр на двух уцалелых комінах, і гэтае відовішча назаўсёды зьмяніла лёс двух мірных баяр-паляўнічых, што на той час затрымаліся ў лесе і тым выратаваліся. Яны сталі воямі, прадалі сваю зямлю і ўвайшлі ў войска Вітаўта.
Недзе тут, складаючы сорак ліцьвінскіх харугваў з агульных дзевяноста, трымалі мячы напагатове лідскі кашталян Нарбут, новагародскі сотнік Даўгаль, сын віленскага кашталяна Сухты – і яшчэ тысячы тых, што прыйшлі сюды пад Грунвальд ня толькі помсьціць, але і найперш абараняцца і перамагчы.
Над усім гэтым войскам, што расьцягнулася ўздоўж ручая на правым крыле, блізка да багны, што ўтварылі шматлікія ручаінкі, лёгкі ветрык ледзь гайдаў харугвы – лідскую, гарадзенскую, смаленскую, новагародскую, і на ўсіх трапятала Пагоня з постацьцю беларускага вершніка з крыжам Ярылы на шчыце.
Зайгралі сурмы, тысячы людзей засьпявалі “Багародзіцу”, – і нібы нейкая магутная сіла штурханула іх наперад, да блішчастых панцыраў, якія мусяць захрабусьцець пад іхнімі мячамі і буздыганамі — так шкарлупіньне ракаў хрум­сь­ціць пад чалавечымі пальцамі.
Коньнікі паімчаліся наперад, стараючыся ўлавіць вокам тыя завалы і воўчыя ямы, якія, канешне ж, падрыхтавалі наперадзе. Ня ўсім ўдалося тое – Даніла бачыў, як конь пад малодшым з Тысьлевічаў праваліўся ў адну з ямаў, але сам ён ня мог азірнуцца – пачыналася Вялікая бітва, і невядома, ці дажыве ён сам да ейнага канца. Ён з шалёнай радасьцю адзначыў, што іхняя атака ўдалася, шэрагі крыжакоў разгублена разамкнуліся – мабыць, вялікі магістр разьлічваў, што наперад пойдзе цяжка ўзброенае рыцарства. Але потым рыцары сталі наступаць, і сігналам трубы войску ВКЛ было загадана адступаць, – так было ўмоўлена загадзя, каб разгарачаныя посьпехам крыжакі паскакалі за імі. Даніла ўцякаў, а за ім, амаль даганяючы і дыхаючы ледзь ня пыса да пысы з ягоным канём, нёсься дрыкгант, і рыцар, што сядзеў на ім, ужо двойчы ледзь не дастаў Данілу мячом, – першы раз канец яго сьлізгануў па кальчузе, другі – па плячы, але на такой шалёнай хуткасьці ўдар лёг плашмя, а не наўскасяк, і вой толькі пахіснуўся, але ўтрымаўся ў сядле. Калі ж і пасьля гэтага рыцар не адстаў, Даніла штосілы даў шпоры каню, і той на палову корпуса вырваўся наперад. Толькі тады сам ён ўзмахнуў мячом і, усім целам павярнуўшыся налева, пасьпеў скрыжаваць свой меч з мячом ворага. Удар быў такім моцным, што яны абое ледзь не павыляталі з сёдлаў, але зноў жа ўтрымаліся, і паядынак пачаўся.
Іхнія коні ляцелі наперад, а коньнікі, то перагінаючыся назад, то счапляючыся ў сьмяротных абдымках, спрабавалі адужаць адзін аднаго. Іхнія мячы высякалі іскры, і Даніла пасьпеў заўважыць нешта знаёмае ў рухах нападоўца, у тых прыёмах, якімі ён спрабаваў адолець суперніка. Але ягонае цела, ягоная рука ўжо ня раз адбівала падобныя прыёмы – толькі на цьвёрдай зямлі, а не пры шалёнай скачцы. Дзе? Гэтага ён ня памятаў, дый памяць на ўвесь гэты час схавалася недзе ў глыбінях раз’ятранага, напятага цела, і толькі яно чуйна рэагавала на самы малы рух ворага.
“Раз!” – меч ледзь не закрануў яго плячо, – зноў тое самае, якое аднойчы працяў фон Шомберг, адпраўляючы яго на той сьвет.
“Два!” – чужацкі меч сьвіснуў каля вуха, закрытага серабрыстымі колцамі шолама, які для гэтага мяча – цяжкога, каванага ў лепшых кузьнях Еўропы — быў што лісток пергаменту перад нажом.
“Тры!” — гэта сказаў ужо ягоны ўласны меч, які, ашуканна нацэліўшыся ў грудзі рыцара і пасьля сьлізгануўшы ніжэй, патрапіў секануць яго па той палосцы, якая аддзяляла шлем з забралам ад панцыра, тым парэзаўшы горла. Гэтак вучыў яго некалі ў Мальбарку вясёлы Хайнц – ашукаць праціўніка і перастрэць ягоную руку дзяржальнам мяча, паперадзе ўласнай пясьці.
Крыжак павольна асоўваўся на каня, які не спыняючыся нёс яго за Данілам, нібы прыкаваны да таго нейкай нябачнай повязьзю. Кроў залівала яго панцыр, а правая рука сутаргава торгала забрала, – і Даніла адчуў, што і ён сам задыхаецца ў нясьцерпнай гарачыні ліпеньскага дня. А потым рыцар цяжка паваліўся на шыю каня. Даніла адштурхваў яго, але нешта намёртва счапіла іх, і крыжацкі конь нёсься побач, як прывязаны.
Зноў загула труба, і ён, падпарадкоўваючыся гэтаму знаёмаму сігналу, павярнуў налева – не да лесу, дзе хаваліся абозы, а да Стэнбарку, дзе за вёскай у лесе хаваліся ўзброеныя воі, — так, як было загадана яго гуфу.
Дрыкгант нёсься побач, і Даніла ня мог спыніцца, – ён быў ужо ў гурце вояў, якія паслухмяна, як і ён, выконвалі загад.
Другая частка беларускага войска павярнула да возера, дзе лёс іх аказаўся нешчасьлівым, – большасьць рыцараў пагналася за імі і змагла здабыць частку табараў. Гуф, дзе скакаў Даніла, аказаўся шчасьлівейшым – лес схаваў іх.
Калі ён сходу ўляцеў у лес, то ўпершыню азірнуўся. Ён абагнаў усіх, і ліцьвіны яшчэ біліся перад самым лесам з часткай крыжакаў. Конь яго спыніўся, і гэтак жа раптоўна спыніўся і конь крыжацкі.
Ягоны гаспадар ляжаў на кані ўніз галавой, распластаўшы рукі і ўчапіўшыся ў конскую грыву. Даніла грэбліва адштурхнуў дрыкганта, так што коньнік устырч паляцеў на зямлю, і яго шлем, глуха загудзеўшы, пакаціўся па зямлі,.і тут жа пабачыў, што сашчапіла коней: частка яго ўласнай адсечанай кальчугі, матлянуўшыся ў час скачкі, неяк патрапіла зачапіцца за сядло ворага. Цяжка дыхаючы, ён стараўся адчапіць пагнутыя колцы. Позірк яго ўпаў на твар мёрт­вага ворага, які скурчана валяўся ўнізе, амаль ля самых ног, і сэрца тахнула ад нечаканасьці: перад ім ляжаў Хайнц. Залітае крывёй горла, закочаныя аж да бялкоў вочы, вусны, што скрывіліся ў ненавіснай грымасе, рабілі яго амаль непазнавальным – але гэта быў ён.
І адразу ў вачах паўстаў двор Мальбарка, вясёлы таўстун, які вучыў яго гэтым прыёмам, а ён, тады яшчэ няўклюдны падлетак, падстройваў свае рухі да рукі вопытнага майстра. Што ж, гісторыя завяршыла сваё трагічнае кола: ён вярнуў падарунак, але ці так хацеў бы вяртаць яго?!
Але амаль у тую ж хвіліну зноў запела труба – і, з сілай адчапіўшы кальчугу, Даніла, кінуўшы апошні позірк на Хайнца, пасьпяшаўся ў глыб лесу, каб, праля­цеўшы яго, далучыцца да сьвежай засады і, абярнуўшыся, зноў ударыць па шэрагах крыжакоў, ужо прыкметна парадзелых. Але біліся тыя з ранейшай халоднай рашучасьцю, і больш таго – пасьпелі амаль абкружыць атрад караля Уладыслава-Ягайлы. Вось упала з рук харужага каралеўская харугва з белым арлом, і рыцары, упэўненыя, што перамога за імі, хрыплымі галасамі, але зладжана засьпявалі сваю заўсёдную песьню “Christ ist erstanden”1.
Але ўжо кацілася па полю, ляцела з лесу ліцьвінская коньніца, ляцелі воі ваўкавыскія, лідскія і полацкія, ляцеў на кані сам князь Вітаўт, побач з якім трапятала харугва з вершнікам, што трымаў поруч з ім харужы, – і ўдарыла па тых крыжаках, што вярталіся з абозамі нарабаванай зброі і амуніцыі, а левае крыло каралеўскага войска абкружала рыцараў, бліжэйшых да вёскі Ладвігова.
І хаця прагучаў над усім полем, над ручаінай і над багнамі ля лесу кліч вялікага магістра “У атаку!”, рыцары ўжо не маглі гэтага зьдзейсьніць – заканчвалася вялікая малатарня Вайны, і крыважэрныя яе дэманы кінуліся на пераможаных – рыцараў ордэна.
Тыя яшчэ – гадзіна за гадзінай — біліся. Сьвісталі мячы, гахалі бамбарды, кавадламі стукаліся аб панцыры сякеры і молаты, дзвонькалі аб наручы і кальчугі дзіды – але ляцелі з сёдлаў, выпускаючы з рук зброю, пыхлівыя нямецкія рыцары, падалі на зямлю, якую хацелі ўсю, але якая сёньня сама іх сьцягнула да сябе — навекі.
А сёмай ўсё было скончана.
Ручаіна, запруджаная трупамі загіблых, разьлілася ружова-чырвоным шырокім возерам, з якога тырчалі шлемы, пікі, дзіды і панцыры, і куды ўжо чорнымі хмаркамі пачынала зьлятацца вараньнё.
Даніла разам з Ваўкавітам Тысьлевічам гнаў перад сабой двух рыцараў, якіх яны загналі далёка ў лес, – тыя доўгі час бязьлітасна білі сваіх коней, спадзеючыся ўцякчы. Калі ж у першага з іх конь упаў мёртвым, другі нават не азірнуўся і працягваў скакаць, але, выбіты з сядла тоўстай галінай дубу, пад якім пралятаў, цяжка грымнуўся на зямлю. Ён спрабаваў устаць і, зрываючы з сябе шлем, глуха крычаў “Leben!” – “Жыцьця!”
Разгарачаны пагоняй і разьюшаны сьмерцю брата, Тысьлевіч хацеў адразу ж забіць палоннага. Але пасьля вырашыў прывесьці сваю здабычу, яўна радавітага нямецкага воя, у лагер. Даніла, які перасьледаваў другога, таксама меў на ўвеце тое ж – бітва заканчвалася, выкуп за палоннага мог прынесьці карысьць большую, чым ягоная сьмерць зараз. Гонячы перад сваім канём немца, ён, аднак, зьвярнуў увагу на дзіўную акалічнасьць – палоньнік не падняў шлема, нягледзячы на гарачыню і на цялесную нямогласьць: ён кульгаў і час ад часу стагнаў, як бы нават падвываючы. Вой прыгледзеўся: нешта надта знаёмае падалося яму раптам у паставе плячэй, у голасе крыжака. “Што гэта са мной сёньня?” – падумалася яму. Няўжо ўсе будуць падавацца яму знаёмымі?
— А ну паднімі свой каптур! – запатрабаваў ён рашуча.
Той нешта забурчаў. Адмоўна пахітаў галавой.
— Паднімай! – закрычаў Даніла.
Ён саскочыў з каня і, нягледзячы на тое, што крыжак падняў рукі, як бы абараняючыся, рэзка задраў ягоны шлем уверх.
Спацелы, чырвона-шызы твар крыжака імгненна заліла сьмяротная бледнасьць, калі ён пабачыў акругленыя ў непаразуменьні, а потым у пазнаваньні вочы Да­нілы.
— Ты… — прашаптаў той хрыпла. – Гэта ты!
— Ты што, ведаеш гэтага гіцля? – закрычаў Ваўкавіт, які са сваім палоньнікам пасьпеў праехаць наперад. У выкуп яго ці … — ён выразна паказаў на горла і зарагатаў.
— Едзь, я даганю цябе, — прагаварыў Даніла перасохлым ротам.
Ён усё глядзеў на Шомберга, і розных гадоў карціны паўставалі ў вачах: ляс­ная паляна у ваколіцах Ліды, грозны і разам з тым зьняважліва грубы малады гартанны голас, які прымушаў шукаць, выцягваць Данілу з родных нетраў, якія схавалі, затаілі ад ворагаў.
Крыжацкі замак у Мальбарку, і тыя ж сьветлыя, няўважлівыя і адначасна пранізьлівыя ледзяныя вочы за сьпінай вялікага магістра.
Кёнігсберг, блізкая і немагчыма-далёкая постаць, якая выглядала з вакна сьвятліцы, дзе ляжалі задушаныя дзеці вялікага князя Вітаўта, і голас злыдня – сыты і павольны, як крык коршуна, што насыціўся здабычай…
Рука яго міжволі пацягнулася да похваў, – меч, затуплены ў сёньняшняй бітве, гарачы і нібы напоены крывёй ворагаў, здаўся лёгкім і сам нібы прасіўся наверх. Данілу затрэсла, кроў хлынула ў галаву, затуманіла вочы – шалам і нянавісьцю.
...Пахла конскім потам і душным дарожным пылам, лёгкі цень ад дубовай галіны лёг на зьмярцвелы твар Шомберга.
Той раптам ліхаманкава палез у запазуху, замармытаў:
— Вазьмі… Выкуп… Пакінь жыць… Жыць!
Рука сутаргава вынырнула з запазухі, бліснула штосьці сіняе.
Шомберг расьціснуў дрыжачыя пальцы.
На ягонай далоні ляжаў залаты медальён з лідскага скарба. Сіні камень гарэў, пераліваўся шоўкам, як вока невядомай нябеснай істоты, і ад гэтага позірку Даніла нібы абудзіўся. Меч у руцэ пацяжэў, пацягнуў руку ўніз. Расьсячы яго напалам – не, на многія шматкі, каб і сьледу не засталося на зямлі ад ваўкалака, што паіў зямлю крывёю соцень, а мо і тысяч славянаў, што хацелі мірна жыць на сваёй зямлі! Крывавай смугой заслала яму вочы, і фон Шомберг сагнуўся, чакаючы апошняга для яго ўдару, асабліва страшнага таму, што бітва прайшла, і яму нясьцерпна хацелася жыць. Жыць!
Але нешта як утрымала Данілу, скавала яго руку, і імгненьне шалу прайшло. Асьцярожна, каб не дакрануцца да рукі крыжака, ён падняў медальён за ланцужок, ускараскаўся на каня, сунуў каштоўнасьць у скураны мяшэчак на пасе.
— Ідзі! – сказаў ён. – Ідзі наперад!
Шомберг нема глядзеў на яго.
— Да вялікага князя, — сказаў яму Даніла па-нямецку. – Я адвяду цябе да яго.
Твар крыжака страшна перакрывіўся.
— Дык ты хочаш, каб мяне забіў Вітаўт?!
— Ідзі! – закрычаў Даніла. – Раус! Шнэль!
Немец пакульгаў наперад, пакорліва, як авечка на закланьне. Ён увесь як бы зьмізарнеў ад жаху, ссутуліўся, трымаючы свой шлем у руцэ. Даніла глядзеў на яго зьверху.
Астрыжаная патыліца Шомберга круцілася перад яго вачыма, і рука то хапалася за меч, то зноў адпускала яго… І так яны нарэшце выбраліся з лесу, так давёў сн свайго палоньніка да белага баваўнянага намёта, над якім у цяжкім, перагрэтым паветры нібы прыгарнулася да дрэўка, абвіўшы яго, харугва вялікага князя з Пагоняй. Непадалёк харунжы высака ўзьняў над купкай людзей у дасьпехах харугву караля, але Даніла не вагаўся, куды весьці палоньніка. Ён ведаў гэта – да вершніка на белым кані, з крыжам Ярылы на шчыце.
Вітаўт, у сваім усходняе работы панцыры, у металічных наручах, з-пад якіх праглядала пурпуровая шаўковая кашуля, стаяў там, азіраючы поле, таксама цяжкі, наліты стомай і яшчэ нечым – магутным і важкім, што рабіла яго хударлявую постаць большай, нібы на вачах прысутных ён вырастаў. Сівеючыя валасы на скронях былі вільготнымі, кудзеры па плячах намоклі ад цяжкога поту, пальцы правай рухі распухлі, і ён час ад часу моршчыўся ад болю. Аднак немалады, заўсёды спакойны твар цяпер расчырванеўся, вочы з апухлымі, як амаль ўва ўсіх, павекамі сьвяціліся гонарам і шчасьцем спакою. Ён атаясамліваў сабой вобраз Перамогі (гэта адразу зразумеў Даніла), але – сказаў ён сабе з гонарам — Перамогі, якую яны ўсе здабывалі разам! Ён пад’ехаў да стану ліцьвіноў, куды ўжо сьцягвалі харугвы і целы найбольш славутых рыцараў, што ляжалі паблізу. Крыжак ішоў цяпер ззаду, стараючыся не нацягваць вяроўку, накінутую яму на гарляк, за якую ён час ад часу торгаў, каб саслабіць яе прыцяжэньне. Вочы яго запалі, пот цёк па твары бруднымі палосамі. Ён нават не азірнуўся на покліч яшчэ аднаго знатнага палоньніка, Маркварда Зальцбаха, які ў купцы панурых рыцараў сядзеў на вытаптаным ушчэнт пагорку, лаючыся на ўвесь белы сьвет і на ўсіх навакольных, асабліва ж на пісараў, якія складалі доўгі сьпіс пераможаных. Цяжка пахла потам і крывёй, і груганы кругамі праляталі над вялізным, там-сям ужо зацемненым полем і пералескамі, прымерваючыся да таго, каб, як толькі сыйдуць людзі, пачаць сваю, гругановую працу: выдзёўбваць вочы нябожчыкам і параненым...
Даніла сьпешыўся, схіліўся перад вялікім князем.
— Гэты палоньнік, вялікі князь, твой. І гэтая рэч таксама.
Дастаў з торбачкі сапфір, падаў яго гаспадару княства. Але той не глядзеў на медальён.
— Фон Шомберг!
Пранізьлівыя, вострыя вочы ўпіліся ў твар крыжака, і ў іх на імгненьне пра­ступіў такі востры боль, што Данілу здалося – гэта ягонае сэрца праткнулі дзідай. Яно забалела, заныла, як тады, калі ён глядзеў на мёртвага бацьку. Як тады, калі даведаўся аб сьмерці Вітаўтавых дзяцей. Падалося – Вітаўт хапае меч, і зараз галава забойцы пакоціцца па траве, ужо аброшанай крывёй і стаптанай у месіва тысячамі капытоў і чалавечых падэшваў.
Але вялікі князь моўчкі апусьціў галаву, і толькі затрашчалі ў раптоўнай цішыні сьціснутыя маслы кулакоў ды ні то стогн, ні то кароткае рыданьне вырвалася з вуснаў. Але ён хутка справіўся са сваімі пачуцьцямі, і калі падняў галаву, вочы яго былі сухія і спакойныя:
— Адвядзіце яго да палонных. Пасьля будзем рашаць, што і як рабіць з імі1.
Махнуў рукой у бок другой купкі рыцараў ля магутнай бярозы. То самотна, ссунуўшы плечы, то вонкава спакойна там месьціліся толькі што прыведзеныя палонныя, абкружаныя вартай ліцвіноў і палякаў. Нехта істэрычна плакаў, закрываючы твар рукамі, нехта адразу, як падкошаны, падаў на зямлю ад вялікай нечалавечай стомы, а горы сьцягоў і харугваў – з ільвамі, крыжамі, зоркамі ды іншымі знакамі магутнасьці іх уладальнікаў – усё расьлі ды расьлі на вачах...
Даніла стаяў, ня ведаючы, што рабіць з медальёнам, пасьля, ачомаўшыся, памкнуўся выконваць загад, але вялікі князь спыніў яго:
— Хай адвядуць іншыя!
Падышоўшы да воя, паклаў яму руку на плячо:
— Дзякую не за тое, што ты паланіў яго і прывёў сюды. — Перакаўтнуў цяжкі камяк у горле. — За тое, што саступіў яго. Мне.
— Саступіў… Значыць, ты памятаеш, княжа… Пра майго засечанага бацьку?
— І пра яго таксама. — Вітаўт дакрануўся да рукі Данілы, якая ўсё яшчэ сутаргава трымала медальён. — Бяры яго сабе.
— Мне?! – аж захлынуўся Даніла – Як гэта?
— Гэта твая здабыча. Ты яе ўзяў у баі. Хай яна тваёй і застаецца.
— Але, вялікі княжа…
У гэты час ля каралеўскай харугвы раздаліся радасныя крыкі — на полі бітвы знайшлі забітага вялікага магістра, Ульрыха фон Юнгінгена. Вітаўт, ня слухаючы болей Данілу, рэзка павярнуўся, ускочыў на каня і паскакаў да каралеўскага стану. Уся сьвіта пасьпяшалася за ім.
Вечаровая чырвань залівала даліну, дубы блізкага гаю, целы загінулых, што ляжалі, то счэпленыя між сабою ў апошнім шалёным паядынку, то скурчаныя ў корчах, то спакойныя, з тварам, зьвернутым да неба, – уся даліна, да самага краю, была запоўненая імі. Апошнія раненыя і ацалелыя дапаўзалі да намётаў, як да надзеі жыць. Кароль Ягайла і вялікі князь Вітаўт падалі адзін аднаму руку і абняліся, – і тыя, хто застаўся ў жывых, хто заўтра – а можа, ужо і сёньня – пакіне Грунвальд, каб вяртацца да сваіх хатаў і блізкіх-загукалі “Пе-ра-мо-га!”.
“Пе-ра-мо-га!” – паляцела над дубамі, над рэчкамі і ручаямі, паляцела па сьвеце, які стоена заціх у чаканьні вынікаў Вялікай бітвы.
Цёмна-сіні сапфір апякаў руку, таму Даніла пасьпешліва схаваў яго ў ску­раную торбу на пасе. Ён заўтра паедзе з гэтай даліны, дзе палеглі слава і гонар непераможнага дасюль крыжацкага ордэна. Паедзе да Сьвеціцы, да Міколкі і Ганулькі, да мураванкі ля замка, дзе ля вакна чакае яго вяртаньня любая жан­чына.
Але напачатку ён зойдзе ў храм прасьвятой Багародзіцы і пакладзе ля яе ног гэты сіні, як напоены нябеснай моцай камень, устаўлены ў залатое кола. Няхай на векі вечныя, пакуль стаіць у Лідзе храм, застанецца памяць пра яго, Данілава, жыцьцё і каханьне, пра яго перамогу на Грунвальдскім полі.
Яго – але найперш усіх гэтых людзей, якія паляглі сёньня, і якія засталіся жыць. Якія насьмерць біліся за тое, каб засталіся на зямлі і жылі ў вяках народы Вялікага княства і Польшчы, вялікія і ўжо непераможныя…