12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Язэп Янушкевіч

_____________________
Ціша архіваў, або Пазвоннае па Генадзю Кісялёву

Пазвоннае — плата ў святыні, каб званілі (ХІХ ст.)
Іначай адбывалася «беззвоннае пахаванне».

Частка майго жыцця

Сплачваць гэтае Пазвоннае няпроста... Чаму?
Мо ўпершыню ў жыцці свядома ствараю мемуары пра найбліжэйшага паплечніка і калегу, мудрага дарадцу і «спрыяльніка» (ягонае слоўца-акрэсленне). І ўпершыню будзе тут нямала пра мяне. Даруйце і зразумейце: Кротус Генус – гэта ўжо скончаная эпапея і майго жыцця, якое падкаціла пад 50-гадовы верставы слуп. А ягонае спынілася на 77-ым.
Мне было б куды балючай, каб гэтыя радкі з’явіліся першай данінай пашаны. Удзячны лёсу, што паспеў у акадэмічных «Ведах» (сакавік 2001 г.) павіншаваць яго публікацыяй «Зорка нашага літаратуразнаўства» (што дало падставу Адаму Мальдзісу цягам вечарыны абзываць мяне за юбілейным сталом «астраномам»): «Гледзячы на бадзёрага Генадзя Кісялёва, ніколі не скажаш, што яму ўжо 70! А чытаючы напісанае ім — ніколі не падумаеш, што столькі можна паспець накапаць аднаму чалавеку… За такое жыццё не сорамна будзе трымаць адказ перад Усявышнім». Паспеў і прысвяціць яму «Трагікамедыю ў Люцінцы» («Полымя. 2007, № 1»; нешта накшталт «Некалькіх неідылічных сцэнак з жыццяпісу Вінцэнта Марцінкевіча»). Аднолькава як і «Твор, які не павінен быў нарадзіцца» (прадмова да «Тараса на Парнасе», выдадзенага на васьмі мовах менш як за год да адыходу Генадзя Васільевіча ў вечнасць).
…Вось хутка месяц, як жыву не ў радзімым Ракаве, а ў далёкім Кракаве (дзякуючы сябру Алесю). Штодня хаджу ў Ягелонку, у архіў Чартарыйскіх... Сёння акурат Дзяды. І я павяду Алеся на далёкі Ракавнцкі цвінтар (для кракавякаў старадаўні Ракавнцкі мемарыял куды ганаровей, чым Маскоўскiя могiлкi для менскiх чыноў), дзе спачылі Адам Кіркор, Алесь Гарун, матэматык Міраслаў Крыжаньскі ды ягоная дачка Барбара – наўпроставыя нашчадкі В.Дуніна-Марцінкевіча… А далёка адсюль, там, дзе шархаціць апалае кляновае лісце Кальварыйскага ўзбор’я, прыйдуць і да Кротуса Генуса родныя ды знаёмыя. А за ўзгорыстай Кальварыяй, кіруючы старадаўнім трактам на захад, сонца скоціцца над Іслачай, дзе ў вербалозах заблыталася рэха майго маленства…
Ён нейк шчыра, адкрыта й светла зайздросціў майму Ракаву. Паўтараючы, што менавіта ў радзімым гняздоўі на прыродзе – моцная зарука маёй будучай плённасці і бадзёрасці. Такой раскошы сам Генадзь Кісялёў ніколі не меў ды й не мог сабе дазволіць. І як ніхто ўмеў быць удзячным за сціплыя зямныя плады, якімі, час ад часу, ракаўскія палеткі дазвалялі мне дзяліцца з Кісялёвымі ва ўраджайныя гады. Як падлетак, найбольш цешыўся духмяным антонаўкам… Можа за нейкай чарговай сентэнцыяй (як трэба цаніць Ракаў), я расказаў-прыгадаў пра кароткую споведзь Рыгора Семашкевіча. Калі мой універсітэцкі куратар у задушлівую хмельную вечарыну падчас адзначэння ягонай групай паспяховай абароны дыпломных прац чэрвенем 1981 г. (дыплом атрымлівалі толькі філалагіні; хлопцаў-філфакаўцаў чакалі вайсковыя зборы) на рэстаранным «Сёмым небе» скрушна спавядаўся мне, агаліўшы з рукавоў гарнітура пруткі сваіх рук: «Бачыш, што зрабіла з мяне навука? Хіба гэта рукі мужчыны? А я ж некалі і араў, і касіў…»
Сам жа Генадзь Васільевіч, ведаючы, што толькі ў здаровым целе гартуецца дух – штораніцы фізічныя практыкаванні рабіў ды абліваўся вадою. Апошняя працэдура, якой ён быў пазбаўлены ў лечкамісіі праз адсутнасць элементарных санітарных умоваў, прывяла да непаразумення паміж пацыентам і тамтэйшым начальствам. Аж пакуль на ягонае рашучае запатрабаванне проста ў палату не даставілі зэдаль і старамодную мядніцу…
«Здоўжаныя ўспаміны» – плата і за будучую адсутнасць за хаўтурным сталом на гадавіне… Бо не штогод мне выпадае магчымасць папрацаваць у архівах старажытнай сталіцы Ягелонаў, набліжанай да нас не толькі імёнамі двух Францішкаў – Скарыны й Багушэвіча («дзе вы, хлопцы? дзе вы, лірыкі?» – пра што рыфмуеце ў ХХІ стагоддзі, нашчадкі Мацея Бурачка, Багдановіча, Купалы, Коласа, Караткевіча?)
«Памінальны» жанр – ён кароткі. Як развітальная прамова над труной. І таму даруйце, што старонак мемуарных назбіраецца не адна і не пяць. Бо як іначай коратка перадаць у лічаных аркушах памяць пра чалавека, з якім у кабінеце супольна адпрацавалася 22 гады?! Я мог бы напісаць «20 гадоў», але гэта занадта «кругла» і непраўдзіва. Мог бы сказаць «23 гады», але гэта нейк «не коціцца».
На тым нацягнутасць скончыцца. Бо сцвярджаць: «бачыліся мы штодня» – будзе няпраўдай. Бо нават у той 1986 год, калі не стала Сцяпана Александровіча, а я з чацвёртага паверха Прэзідыума БАН, дзе ў асноўным месціўся Інстытут літаратуры, перацягнуў свой працоўны стол у мемарыяльны «Коласаўскі кабінет-пакой» на другім паверсе (прыналежны Інстутыту літаратуры ды нейк адначасова музею імя Якуба Коласа) і апекавацца якім прызначылі Генадзя Васільевіча – бачыліся мы нячаста. А калі й часта (бо ў паветры яшчэ гусцелі «андропаўскія» патрабаванні з праверкамі «прысутнасці на працоўным месцы»; з пропускамі зялёнымі «па службовых заданнях» і пропускамі «чырвонымі» – па асабістых справах) – дык непрацягла. Я наогул не разумею, як можна насур’ёз патрабаваць ад сталых людзей «фундаментальных» напрацовак у галіне гісторыі ці тэорыі літаратуры, седзячы па 7-8 гадзін у адным пакоі? А ў пакоі – паўдзесятка чалавек. Здаецца, так колісь і працавалася ў тым Інстытуце, дзе з лістапада 1981 году я стаў аспірантам. У памяці ўсплывае пудкая цішыня, што вісела над галовамі навуковых супрацоўнікаў. Завітаўшы туды «на кансультацыю», доўга затрымлівацца не хацелася…
Хаця агульнаакадэмічная практыка (і тады, за саветамі, і цяпер у «вольнай Еўропе») у навуковых установах — дзяжурныя дні.
Афіцыйным «явачным» днём тыдня Генадзь Кісялёў абраў чацвер.

А сонцы былі…

Пазнаёміліся мы перад маім паступленнем у аспірантуру. Можа, гэта і прыпала «у чацвер»? Я прывёз у Акадэмію хіба нейкія дакументы пра Дуніна-Марцінкевіча, па жыццяпісу якога пісаў дыпломную працу пад кіраўніцтвам Сцяпана Александровіча. Напэўна, Сцяпан Хусейнавіч і намовіў мяне паступаць у Акадэмію навук. Бо за універсітэтам лічыўся «не той узровень». Ды там за прафесарскімі сынкамі (й дочкамі дацэнтаў) паступленне мне не вельмі свяціла. Я наогул не лічыўся «бязмоўным» (так варыянтна можна перакласці расейскае «кротость-покорность»). Мо яшчэ першакурснікам перажыў сутычку з выкладчыцай, якая, каб збіць маю задзірыстасць і каршунаватасць, выгукнула ў запале: «Запомніце, Янушкевіч, колькі будзеце вучыцца ва універсітэце – сонца вам на філфаку не засвеціць». Быў я неабачлівы й дзёрзкі. Сходу адрэзаў: «А хто тут сонца? Вы?!…»
Сонцамі і зоркамі першай велічыні з першага курсу ўсіх філфакаўцаў вабілі імёны выкладчыкаў з кафедры беларускай літаратуры Сцяпана Александровіча, Ніла Гілевіча, Рыгора Семашкевіча…
А яшчэ універсітэт таму «не свяціў», што на апошнім курсе ў філфакаўскай насценгазеце я «Золата дум» змясціў. Было ў тым эсэ не столькі пра Багушэвіча з Каліноўскім і Паўлюка Багрыма, колькі пра Паўлюка Труса і змарнаваны талент Кузьмы Чорнага. Пра няспраўджанае – «Золата дум падарыць на карысць Беларусі….». З пытаннем: хто адкажа за расстраляныя «пад саветамі» таленты? Ішоў 1981 год, і яшчэ жыў Брэжнеў. Вох, што пачалося! Сцяпан Хусейнавіч і да дэкана Воўка хадзіў (таго, у якога «убогія аргумэнты супраць маёй беларускасьці» як трапна згадвала ў сваіх лістах Ларыса Геніюш), каб палагодзіць сітуацыю. Каб даць мажлівасць давучыцца і абараніць дыплом «Творчасць В.Дуніна-Марцінкевіча ў святле новых архіўных дакументаў». Дакляруючы, што я пайду «па архіўным следзе»…
З «архівамі» ці не сама ярка мне атаясамліваўся акурат Генадзь Кісялёў.
А яшчэ – наладзіў я аўтобусную экскурсію па гістарычных мясцінах (Наваградак-Мір-Нясвіж), куды паехалі не толькі мае аднакурснікі-аднакурсніцы. Бо, вярнуўшыся ў Менск познім нядзельным вечарам – ранічкою ў панядзелак быў пакліканы ў кабінет намесніка дэкана Лазоўскага, які пырскаў слінай й тупацеў нагамі, запэўніваючы, што не пацерпіць аніякай «арганізацыі» ў сценах філфака, адкуль вылету з трэскам. Бо кіраўніцтва не хоча дачакацца, калі я яшчэ «выведу на прашпэкт дэманстрацыю»…
Думаю, згаданыя калізіі майго маладзецкага жыцця ведаў тады Г.Кісялёў, які пазней неаднаразова вучыў мяне разважнасці і абачлівасці. Паўтараючы: найяскравей чалавек выяўляецца ў зробленым, а не прамоўленым. Я нейк адразу аддаўся пад ягоную апеку. У памяці засталіся турботныя тэлефонныя званкі з зялёнатраўнага Слоніма, дзе над плыткаю Шчараю стаялі вайсковыя казармы і дзе адбываў трохмесячныя афіцэрскія зборы. Тры доўгія месяцы: ліпень-жнівень-верасень 1981 году. У нейкі момант роспачна падумалася, што ў аспірантуру не паступлю (маімі «канкурэнтамі» ўвосень выявіліся: «нестраявы», а таму вызвалены ад вайсковых збораў, журналіст Пятро Васючэнка і паўдзесятка дзяўчат, што мелі здольнасць над падручнікамі цэлае лета празагараць). Проста з-за таго, што дакументы належныя не збяру. Я і не падаў бы ўсё ў тэрмін, каб не трагічны выпадак: наш ротны камандзір, малайцавата-спартыўны капітан (старшы лейтэнант?), ныраючы ў Шчару, зламаў карак. Праверкі трэслі гарнізон некалькі дзён (бацька ягоны быў палкоўнікам штаба ў Менску) … Потым труну і рэчы нябожчыка належала даставіць у сталіцу. Ротны старшына з геаграфічнага факультэту, Сяргей Палюх, у «канвой» адабраў і мяне (ведаючы пра аспіранцкія памкненні «Алеся-беларуса»; такой мянушкай усе 90 дзён звярталіся да мяне і гісторыкі, і журналісты, і юрысты: Валянцін Голубеў, Віктар Ганчар…). Грузавой вайсковай машынай, побач з труной, я і дабіраўся….
…Перагортваючы папку з сабранымі дакументамі, Генадзь Кісялёў напіраў на неабходнасць мець там копіі публікацыяў…
Тое, што ў 50-гадовым веку за мною лічыцца 350 публікацыяў – у тым наўпроставая заслуга Кротуса Генуса. Не, не таму, што іх мáю. А таму што вéдаю, колькі мáю. За 5 гадоў універсітэцкай вучобы ў мяне набегла 2-3 артыкульчыкі (між іншым, і пра энтамолага Яна Ваньковiча, сына Эдварда; у будучым гэта паспрыяла мне стаць суаўтарам адзінай нашай сумеснай публікацыі пра іншага Яна-Эдварда, сына слыннага мастака Мельхіёра Ваньковіча). Удвая (ці ўтрая) больш сабралася артыкулаў за аспіранцкі сезон. Друкавацца з маладых гадоў натхняў-інспіраваў акадэмічны асяродак: напрыканцы кожнага году на справаздачных паседжаннях Аддзелу «гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (загадчык Адам Мальдзіс) ці Вучонай Рады ўсяго Інстытуту (напачатку ўзначальваў мажны Іван Навуменка, потым сонечны Віктар Каваленка) вёўся падрахунак зробленага, і Генадзь Васільевіч цьвёрда параіў завесці сшытак, каб у ім занатоўваць апублікаванае. Мне гэта здалося лішнім і ніколькі непатрэбным: я памятаў не толькі адрасы дзяўчат, з якімі ліставаўся, ці нумары тэлефонаў знаёмых, але трымаў у галаве ўга колькі «сігнатураў» з аддзела рэдкіх кніг Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа (ЦНБ працавала да 22:00!). І толькі непахісны аўтарытэт вучонага схіліў мяне завесці такі спіс. У самога Генадзя Васільевіча меўся звыклы вучнёўскі сшытак (за 2 капейкі; ці можа штось таўсцейшае). «Нататнік» аніяк, да смешнага, не адпавядаў занатаваным у ім загалоўкам публікацыяў, якія адразу рабіліся здабыткам айчыннага літаратуразнаўства («З жыццяпісу Беларускага Дудара», 1981; «Імгненне і вечнасць», 1984).

Дапісваючы «Пазвоннае»

Толькі цяпер, пішучы «Пазвоннае», здзіўлюся: як мала вагі надаваў ён бягучай перыёдыцы! Не паверыце, але за 1975-1976-1977 гг. ў «Біябібліяграфічным слоўніку» за Г.Кісялёвым стаіць усяго адна-дзве публікацыі!! «Маўчанне» – плата за падрыхтоўку капітальнага зборніка «Пачынальнікі»; прыгадваючы пазней, запомніцца мне выказванне, што ў тыя гады старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту літаратуры і хадзіў у выдавецтва-друкарню «Навука і тэхніка» «як на працу». А між тым фундаментальныя «Пачынальнікі» за 30 гадоў дачакаліся перавыдання (2003). Але аніводнага грунтоўнага даследавання пра капітальны збор, у якім як у люстэрку адбіваюца пакручастыя шляхі нашага змагарнага ХІХ стагоддзя, сабраны Г.Кісялёвым, не паўстала. Між тым кісялёўскі «гісторыка-літаратурны» зборнік ушчэнт заглушыў воклічы «беларускіх савецкіх літаратуразнаўцаў» (спяцоў па тэме кшталту «Вобраз Леніна ў беларускай драматургіі»), якія цягамоцілі: «ну колькі ж можна!», «там жа нічога не было!» (Мальдзіс А. Кніга першая — кніга апошняя // Кісялёў Генадзь. СЕЙБІТЫ ВЕЧНАГА: артыкулы пра беларускіх пісьменнікаў і дзеячаў рэвалюцыйнага руху 1863 году; Скарынаўская сімволіка: вытокі, традыцыі, інтэрпрэтацыі. Мінск, 2009. С. 5.).
Дакументальны зборнік «Пачынальнікі» і сёння застаецца ўдзячнай тэмай хоць бы для дыпломнай працы з аналізам таго новага, што ўпершыню ўведзена складальнікам «у 16 раздзелах» (!!).
Ну, а тое, што ў мяне, да прыкладу, не 355 публікацыяў, але акурат 366 – навучаў падліку не столькі Генадзь Кісялёў, як Адам Мальдзіс. Паказваючы, як за аднатомнікам твораў В.Дуніна-Марцінкевіча (1984) можа лічыцца не адна, а тры-чатыры-пяць ці нават болей бібліяграфічных пазіцыяў: і укладанне, і прадмова, і каментарыі, і асобныя публікацыі тэкстаў ці матэрыялаў, упершыню перакладзеныя і якія папярэдне анідзе не друкаваліся (слынны аўтэнтык «Пінскай шляхты»). А ці палічаныя публікацыі ў Генадзя Кісялёва?
У той першы візіт запомнілася, як схілены над сталом чалавек адарваў свой позірк ад папераў. Менавіта не ўзняў вочы, як гэта робіць большасць з нас, але адарваўся ад аркушаў, у якіх быў заглыблены. Нібыта прыкаваны. І першыя імгненні няўцямна (або вывучаючы) пазіраў. Быццам моўчкі пытаўся: «І чаго ты, маладзён, прыйшоў да мяне?» (У пазнейшыя часы, калі ў цншы мемарыяльнага Коласаўскага кабінету рабілася тлумна, ён нават пачынаў штось сам сабе мармытаць, даючы зразумець, што гамана перашкаджае засяродзіцца…)
Здаецца, я меў і практычны інтэрас: расчытаць нечытэльнае (для мяне) слова ці нават некалькі такіх мясцінаў. А можа тактычна і дыпламатычна прыдумаў, каб як больш «спаважна» падысці да легендарнага ўжо тады даследніка-архівіста.
Вох! Як мяняўся ў такія моманты Генадзь Васільевіч! «Ну, давайце зірнем, што там не чытаецца?...» (адначасова адбываўся няспешна-паважны рытуал змены «вачэй»: акуляры са «слабейшымі» лінзамі мяняліся «на больш моцныя»). Яму расчытаць усё ўдавалася лёгка і натуральна. Не прыгадаю, каб нейкія мясціны з старадаўніх дакументаў распазнаць ён не здолеў. Скончаны ім гісторыка-архіўны інстытут у Маскве, недасяжны большасці нашым айчынным гісторыкам з прычынаў натуральнай аддаленасці, бадай усім сваім выпускнікам на ўсім савецкім абшары наддаваў упэўненасць што да археаграфічнай ды тэксталагічнай працы над рукапісамі (палеаграфічнай загартоўкі бракуе мне ўсё архіўнае жыццё). Праўда, з гадамі, калі я з такімі просьбамі дакучаў часта-густа, Генадзь Васільевіч пачаў адмаўляцца, «пераводзячы стрэлкі» на Яніну Міхайлаўну, кажучы, што лепшага археографа-палеографа, асабліва што да польскамоўных рукапісаў, ён у краіне не сустракаў. Што ж, рыхтуючы да выдання «Дыярыюш Міхала Галубовіча» (2003), я меў мажлівасць дзесяткі разоў пераканацца ў гэтым. Мала хто ведае, што і слынны «Чорны замак Альшанскі» Уладзіміра Караткевіча перадрукавала з аўтографа менавіта Яніна Міхайлаўна; вяртаючы набраны машынапіс, яна ж і папракнула аўтара: «Якая ж гэта аповесць? Тут цэлы раман» (перачытайце Кісялёўскі ўспамін «Ён дарыў сяброўства…» у таміне «Быў. Ёсць. Буду»; 2005 г.).
Наогул упэўнены: навуковы поспех Генадзя Кісялёва як аўтара звыш дзесятка займальных кніг, капітальных зборнікаў і важкіх манаграфіяў у значнай ступені здзейсніўся дзякуючы нястомнай памочніцы – жонцы. Бо калі Адам Мальдзіс мог разлічваць на сваю Марылю Карлаўну толькі як на кваліфікаваную машыністку (а большасць з нас і ў гэтым не мае падмогі), Яніна Міхайлаўна, апроч друкавання, найчасцей брала на сябе і цяжар археграфічнай апрацоўкі – да вычытвання белавой карэктуры ўключна. Роля ўсёй сям’і Кісялёвых у гісторыі беларускай культуры яшчэ будзе ацэнена нашчадкамі.
Здаецца, ён заўсёды шукаў і цешыўся мажлівасці лішнім разам яе патурбаваць: пазваніўшы, штосьці запытаць. Стаў я сведкам дыялогу ў інстытуцкай канцылярыі (найверагодней, у перадкаляддзе).
– Алё, Яніна Міхайлаўна? Тут у мяне пытаюцца: колькі дзяцей Вы са мной нарадзілі? У сэнсе – па колькі ім гадоў? Бо ад гэтага залежыць, ці перападуць ім падарункі…
Мне імпанавала, калі на вечарыны яны хадзілі ўдваіх. Хоць прыгадаю, можа, не больш дзесятка выпадкаў, дзе сустракаў Г.Кісялёва: да грамадскіх зборышчаў ён заставаўся стойка-непрыхільным. Тым больш усцешна, калі Яніна з Генадзем завіталі на прэзентацыю першай маёй значнай кнігі…
…Так, мінула багата часу, адбылася ў Купалаўскім музеі прэзентацыя той знакавай для мяне кнігі «За архіўным парогам» (2002 г.), калі аднойчы ў нашым з ім працоўным «коласаўскім» мемарыяльным кабінеце № 205 Прэзідыума Беларускай Акадэміі навук (адзін з ягоных аўтографаў на «Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча» сведчыў: «Сабрату па пяру і кабінету») ён тактоўна (ён заўсёды выказваўся тактоўна, з усёй павагай не толькі да суразмоўцы, але і да сябе, падбіраючы, адчувальна да фізічнага, адпаведнае слова) прамовіў:
— А загаловак, Язэпе, двухсэнсоўны атрымаўся… «За архіўным парогам»… Разумею цудоўна, што вы жадалі пазнаёміць чытачоў з пошукамі ў архіўных сховішчах, але гэтак можна сказаць і пакінуўшы парог, выйшаўшы з чытальні ў гаманлівы свет. Дзе вы таксама пачуваецеся «за архіўным парогам». Няўтульна, у адрозненне ад засяроджанай архіўнай цíшы. Як чалавек, падарослеўшы, пакідае радзімы дом і апынаецца «за радзімым парогам». Здараецца, што і не вяртаюцца ў бацькоўскія сцены…
Я аслупянеў. Не таму, што старэйшы калега заўважыў трапна і слушна. Скамянеў ад іншага: ніколі не думаў, не ўяўляў, што магу апынуцца па-за парогам архіўным. З забаронаю працаваць напоўніцу, забываючыся на час і жыццёвую куламесу. Не адчыню больш дзверы ў мінулае. Не буду мець шанец замаўляць новыя вопісы, плазаваць па іх, а потым над прынесенымі архіўнымі справамі… Адгортваць старонкі мінулага.
Апошнія гадоў дзесяць, спалучаючы сваё акадэмічнае мадзенне з пасадай загадчыка аддзелу археаграфіі БелНДІДАС, куды я перайшоў з Акадэміі навук у студзені 1996-га на просьбу дырэктара-прафесара Ул. Міхнюка, тупаў на казённую працу ў той самы будынак па вуліцы Крапоткіна, дзе з сярэдзіны 1990-х месціцца гістарычны архіў. Не сказаць, каб аж надта ўлягаў у казёншчыну, але што стаў радзей трапляць у архіўную чытальню — факт. Прыкры для навукоўца, што лічыць сябе архівістам. Які паэт без свежых вершаў? Які каваль без новаадкаваных вухналёў і падкоў?
А між тым іначай не атрымлівалася. Нарады. «Дырэкцыі». Паседжанні аддзелу. Калегіі архіўнай галіны (падрыхтоўка да іх). Справаздачы. Вучоныя рады. Рэцэнзіі. Водгукі. Характарыстыкі. Планы. І ўсё тэрмінова, і ўсё адказна. І недзе паміж іншага «планавыя навуковыя» тэмы. З году ў год па зачараваным коле. І вось з прыходам новага дырэктара кола разамкнулася.
Учреждение «Белорусский научно-исследовательский институт документоведения и архивного дела»
Заведующему отделом археографии Янушкевичу Я.Я.
Уведомление
01.03.2006 № [адсутнічае]
Уважаемый Язеп Язепович!
Уведомляем Вас, что контракт от 01.04.2004 № 39, заключенный между БелНИИДАД и Вами на срок два года, будет прекращен 31.03.2006 в связи с истечением срока его действия, и Вы будете уволены по п. 2 ст. 35 Трудового кодекса Республики Беларусь.
Директор института А.Е.Рыбаков

У наступныя два гады я двойчы атрымліваў такія «Уведомления». Пакуль працоўная кніжка не затрымалася пад падушкаю ў маёй дачушкі.
А тады, упершыню, моцна зніякавеў ад дырэктарскага «падарунку». (Бо змусілі падпісаць «уведамленне» акурат на мой 47 дзень народзінаў. Умеюць жа людзі!). А найбольш з прычыны, што ані не чакаў. Бо папярэдне ў архіўным інстытуце прайшла пераатэстацыя супрацоўнікаў, у тым ліку і мая. Прызналі: «пасадзе загадчыка аддзела археаграфіі адпавядае». Шчаслівы, паехаў на тыдзень у віленскія архівы (27.02 — 04.03.2006), дзе не быў паўдзесятка гадоў (шэнгенскія ды іншыя візы парабіліся для беларускага люду паспалітага нягорай за даўнюю надзейную «жалезную фіранку»). Вярнуўся з нашай старадаўняй сталіцы не менш шчаслівым, бо не з пустым. Да папярэдніх найсціплых намераў (займець адбітак аўтэнтыка «Пінскай шляхты» для падрыхтоўкі акадэмічнага Збору твораў В.Дунін-Марцінкевіча; атрымаць копію справы пра нелегальную школку ў Люцінцы — на гарачую просьбу Г. Кісялёва; для акадэмічнага зборніка дакументаў і матэрыялаў) дадаліся адшуканыя дакументы пра ўдзел Здзяхоўскіх (ім з 1804 г. належаў мой радзімы Ракаў) у паўстанні 1863 году ды іншае. У міжчассе ў праўрадавай «Советской Белорусии» (28.02.2006) з’явіўся нават артыкул пра мяне на пару з Дуніным-Марцінкевічам (загаловак «Романтик из Лютинки» блытаў пра каго ж размова?). І тут маеш…
Зацяўся. Што ж, не кожнага дня цябе звальняюць з працы. Заўсёдная ўсмешка на вуснах згасла. На дзень народзін як сышоў а 7-й раніцы дык вярнуўся толькі апоўначы. Затрымаўся ў вечаровых пагасцінах у Магера (і чаму гэткі гучны псеўданім не абраў сабе «родны сын Някляева Пракопа, Стасі Магер роднае дзіця»?), дзе тым адвячоркам апынуліся ў яго маладзейшы паэт Д-М. (крыптанім, ідэнтычны Дунін-Марцінкевічаўскаму; што зробіш, калі ў Лявона таксама дубэльтнае прозвішча) і кампазітар Іваноў (ягоная музыка ў слыным «Гуляць дык гуляць» на словы гаспадара кватэры). «Гулялі» сціпла, як ніяк пост. Вячэралі. Смакавалі віно французскае, прывезенае з Вільні. Было ўтульна, як толькі і можа быць утульна ў сяброўскім коле ў гэтым беспрытульным свеце. І маладзейшы паэт з марцінкевічаўскім крыптанімам зрыфмаваў на памятку на магутным фаліянце «Спадчына Беларусі», падараваным мне гаспадаром кватэры:

«Язэп, і ў 47
Кахай жанчын пяшчотна
І не пішы паэм —
Я напішу іх, родны!»

А кампазітар дапісаў на нейкіх радках клавіра: «Паважаны Язэп! Жадаю табе багатых дзён нараджэньня, уласнага шчасьця, і каб мы калісьці сустрэліся пад страхой, дзе з бацькоўскага клёна крапала, крапала вялікае жыцьцё — творчасці!»
Менавіта тым пабратымчым адвячоркам умацаваўся адчуваннем: мая «творчасць» шмат у чым залежная ад архіваў. І ад архіўных сховаў мяне нішто не павінна адпрэчыць. Нельга дазваляць спадкаемцам МГБ-МУС (адвечныя «куратары» савецкіх архіваў) доўжыць практыку «спецхранаў» і «замкнёных фондаў». Належыць так лёсам пакіраваць, каб прымусовае звальненне толькі паспрыяла далейшаму шчыраванню ў архівах.
Чалавек у жыцці павінен кіравацца вольным выбарам, прадыктаваным розумам і пачуццём. Якія яны ў яго — такімі пункцірамі адмеціцца ягоны зямны шлях.
Па пэўным часе скеміў, што звальненне яны планавалі зараней, калі яшчэ перад Новым годам пазбавілі навуковай тэмы. Замест прапанаванага мною працягу даследавання архіўнай спадчыны В.Дуніна-Марцінкевіча (а што яшчэ планаваць напярэдадні 200-годдзя патрыярха новай беларускай літаратуры?) аніякай не далі. Упершыню за ўсё маё навуковае жыццё здарылася такое: стаўся непатрэбным.
Калі ж услед, напрыканцы таго 2006 году, калегі па пісьменніцкім цэху «вызвалілі» мяне і ад пасады старшыні БЛФ (Беларускага літаратурнага фонду), успрыняў гэта як прарочае, пачутае ў тым самым «коласаўскім» кабінеце: «Язэпе, вешай на той Літфонд вялікі замок і бярыся аберуч за Дуніна-Марцінкевіча. Тое, што тут мы зробім удвух – не зробіць потым ніхто…»
Пра маю «раскіданасць» (не толькі тэматычна, у абсягах ХІХ-ХХ стагоддзяў, але і ў спробах «пакіраваць») ён ушчуваў мяне яшчэ ў далёкіх 1990-х гадах…
— Вам нiякiм чынам нельга раскiдвацца: гэта згубная рыса. Праўда, колiсь мы гаварылi пра тое, што кожнаму навукоўцу трэба пашыраць даследчыцкiя абсягi, бо нельга замыкацца ў вузкiх межах. Вось як я сам, «завязаны» на ХIХ стагоддзі, мусiў адысцi ад Калiноўскага i прычынiцца да даследавання Купалы i Коласа. Але гэта па-свойму мяне ўзбагацiла.
— Тое, як Вы прайшлiся «Пуцявiнамi Янкi Купалы» — колькi значыць для Беларусi!..
— Гэтак i вы сваiм Ластоўскiм… Але ходзiць сапраўды пра iншае. Засяродзiцца i давесцi даканца шматлiкiя годныя задумы.
Найперш Генадзь Васільевіч назваў мастацкiя бiяграфii Дунiна-Марцiнкевiча, Багушэвiча…
Пра спробы настойлівага «апякунства МГБ-КДБ» над ім – я даведаюся пазней. І жахнуся прызнанню (нікому невядомаму): свайму пераезду з любай Вільні (гэтай «архіўнай Меккі» для кожнага айчыннага гісторыка з любых стагоддзяў, а не «фалькларыстаў» з тэмамі пра «ролю камуністычнай партыі ў здзяйсненні планаў 8-й пяцігодкі або «у разроме над фашысцкімі захопнікамі») – Генадзь Кісялёў «абавязаны» намаганням адчапіцца ад «канторскай» дакукі. Калі да яго заложна прыставалі (і выклікалі да сябе), патрабуючы пераказаць пра што гаманілася на сустрэчах з Янкам Шутовічам, Пётрам Сергіевічам, Лявонам Луцкевічам... А тым больш – з менскімі наведнікамі (пачынаючы ад знаёмства з незабыўным Уладзімерам Караткевічам). Пры ўсім-усім, у «ціхай і вернай» БССР паваеннныя спецслужбы паводзіліся не так агрэсіўна. Што ж, і «зялёных братоў», і «бандэраўцаў» пасляваенная Беларусь зазнала меней. Праўда, толькі апошнім часам айчыннае тэлебачанне пачало даваць сюжэты «ляснога антысавецкага змагання», называючы лічбу 20 тысячаў знішчаных «ваўкадавамі» з МГБ. Нашых з вамі забітых суайчыннікаў. Таму і верыцца мне ў прызнанні Купалавых сваякоў, і сваіх крэўных, і нашчадкаў Дуніна-Марцінкевіча, што ўцякалі яны з радзімых котлішчаў якраз спалоханыя такімі гнюснымі прапановамі віжавання-супрацоўніцтва… І праз паўстагоддзе (!) ад «рэпатрыяцыі ў Польшчу» (?) яны не жадаюць гаварыць пра гэта шырока. Пра тыя шырака закінутыя сеці на лоўлю вызваленых душ у «вызваленых народаў Еўропы». Замаўкаюць, камянеюць. Іх нашчадкаў, што прыязджаюць у адведкі, лёгка пазнаюць на ўсіх еўрапейскіх вакзалах тамтэйшыя варажбіткі-цыганкі…

— Нагадаю больш, чым ёсць,
Карт не мала...
Падыходзь, маскоўскі госць!
— Як пазнала?

— Мне вы не да галавы,
Тлум народу,
Ды няўсмешлівыя вы,
Што з усходу.
(Ул. Някляеў)

Мо таму і за мяжу даследчык-архівіст Генадзь Кісялёў ані разу не выбраўся? Лічыўся «невыязным»? Не ведаю. Але легенду пра замежныя вандроўкі, апублікаваную на старонках сучаснай «Нашай Нівы», я паспеў «разбіць» год таму, пакуль не паспела аперыцца…( гл. «Кротус Генус ніколі не быў за мяжой!» – «Наша Ніва» 2008, № 43).

Ад Каліноўскага і Марцінкевіча да Францішка Скарыны

Праз усё жыццё Генадзь Кісялёў прайшоў з сваім «першым каханнем» — жыццяпісам Кастуся Каліноўскага. «Апошняму каралю Белай Русі», рэвалюцыянеру-змагару прысвечаны шматлікія старонкі выданняў: «Сейбіты вечнага: Артыкулы пра беларускіх пісьменнікаў і дзеячаў рэвалюцыйнага руху 1863 году» (1963)1, «З думай пра Беларусь» (1966), «Паплечнік Каліноўскага» (1976), «Героі і музы» (1982), «На пераломе дзвюх эпох: Паўстанне 1863 г. на Міншчыне» (1990).
Важкім падсумоўваннем Каліноўскіяны стаў том «Кастусь Каліноўскі. Творы, дакументы», на высокім тэксталагічным узроўні падрыхтаваны ім і выдадзены ў «залатой серыі» «Беларускі Кнігазбор» (2000).
З тым выданнем (я пазначаны там «навуковым рэдактарам» і ў адрозненне ад Ул.Дамашэвіча ад гэтага аніяк не адмаўляюся) здарылася амаль дэтэктыўная цьмяная гісторыя. Дагэтуль не ўсё мне зразумела. Памятаецца, усхваляваны і нават незвычайна ўстрывожаны, Генадзь Васільевіч прынёс нестандартную (вялізную, таўшчынёй у даланю ці ў «корх») папку. Прызнаўся, што быў здаў гэты рукапіс кнігі пра Каліноўскага ў выдавецтва «Мастацкая літаратура». Але машынапіс там знік – разам з другім экземплярам. Таму «Папрасілі» прынесці яшчэ адну копію, замест згубленых. І тая папка знікла! Дык цяпер ён не хоча рызыкаваць і трэба падмагчы набраць рукапіс вось па гэтым «апошнім» асобніку. Цьмяным і невыразным. Але найперш трэба папку перахаваць. Дзе? Насіць яе ўсюды з сабой не выпадае. У тым самым Коласаўскім мемарыяльным кабінеце стаяў (хібашака і цяпер стаіць) вялічэзны й шырачэзны з чырвонага дрэва стол песняра. У нетрах адной з шуфлядаў і зладзілі мы сховішча, зацярушыўшы зверху над папкай газеткі «За передовую науку» (загаловак акадэмічнай шматтыражкі Генадзь Васільевіч скарачаў па-свойму: «Запер науку»).
Так і паўстаў (ужо кампутарны) набор будучага тома (шмат волі й цярпення ахвяраваў тут галоўны рэдактар «Беларускага кнігазбору» мэтанакіраваны Кастусь Цвірка). Палымяныя словы Кастуся Каліноўскага заставаліся небяспечнымі, як і стагоддзе таму лятучыя лісткі «Мужыцкай праўды».
Над іншым сваім героем, Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам «чараваў» Генадзь Кісялёў да апошняга, складаючы дакументальны зборнік матэрыялаў, уключаны ў праграму святкаванняў да 200-гадовага юбілею класіка. Ніхто так не спрыяў мне «прабіць на дзяржаўны ўзровень» тую праграму, як Генадзь Васільевіч. Зрэшты, над ёй на фінішнай прамой давялося «папацець» усяму нашаму аддзелу.
«У ХІХ стагоддзі, у эпоху станаўлення беларускай і іншых славянскіх літаратур В. Дунін-Марцінкевіч стаў першым прафесійным пісьменнікам, заснавальнікам новай беларускай літаратуры і яе першым класікам, адыграў народатворчую (нацыятворчую) ролю, роўназначную іншым годным класікам у славянскім свеце. Творчасць Дуніна-Марцінкевіча, якая ўзрасла на беларуска-польскім культурным памежжы і ўвабрала ў сябе традыцыі некалькіх еўрапейскіх культур, высока ацэньвалася сучаснікамі, прадстаўнікамі суседніх еўрапейскіх народаў. Пры характарыстыцы нацыянальна-вызвольнага і культурна-грамадскага руху беларусаў яго імя атаясамлівалася з найменнем «Беларусь», як постаць несмяротнага Тараса Шаўчэнкі з Украінай. Яго творы перакладаліся на латышскую, літоўскую, нямецкую, польскую, рускую, украінскую, чэшскую і іншыя мовы.
Будучы 200-гадовы юбілей пачынальніка новай беларускай літаратуры дазволіць пашырыць знаёмства з яго творчай спадчынай і паказаць яго значэнне ў Еўропе і ва ўсім свеце».
«Абзац гэты цэлую гадзіну раджалі ўтрох-чатырох: Г.Кісялёў, Чамярыцкі, Мархель ды я... Цяпер ці не лепш кіравацца дахаты (на кватэру)... Вецер у акадэмічныя вокны – гэта смяротна. Няўтульнасць і казённасць». (15.01.2007).
Мінула паўмесяца. Даводзілася рупіцца над розным.
«25.01.2007. Ранішняя гамана (тэлефонна) з Г.К. Ён ужо ведае пра «Полымя», № 1 (прынесла Яніна з працы – з архіву). А сам я пакуль не бачыў. Дамовіліся заўтра спаткацца (абгаманіць, што з віленскім фондам 1248 еtc. рабіць). Цані, Язэп, пакуль маеш такі шанец – павітацца-пракансультавацца з легендарнымі архіўнымі кротусамі. Побач ужо такіх не відно.
26.01.2007. Плённа, сказаў бы – магутна з Г.К. Раблюся «карэннікам» над дакументальным зборнікам па В.Д-М.
30.01.2007. З Генадзем Васільевічам адносна зборніка…. Найцудоўна адпрацавалі! Толькі што марна, бо пакуль наборная машыністка Н. занятая, і гэтая папка будзе чакаць сваёй чаргі…
05.02.2007. Акадэмія. …А можа Г.К. маўчыць зусім з іншага. Піша востры адказ-адлуп Маліноўскаму з-за ягоных нападак на нас і Багрыма. «Канешне, за такое ён пачне з намі судзіцца. Таму трэба напісаць грунтоўна й абачліва».
10.30. Г.К. скончыў «водпаведзь М.М.М.» Змёрз. Жартуе: «Як не грэе дух, не сагрэе й кажух… Думкі найлепшыя прыходзяць пры хадзе. Чаму? Рух гэта жыццё…»
Хацелася б каб цяпер, не адкладаючы, былі апублікаваныя старонкі лістоў-адказаў (хай сабе за афіцыйнымі подпісамі кіраўніцтва Інстытуцкага), якія ў Міністэрствы пісаў-рыхтаваў Генадзь Кісялёў: пра аўтарства «Пінскай шляхты» і асабліва – наскокі нейкага скавытнага, да малінавай чырвані, адстаўнога афіцэрыка, які адмаўляў Паўлюку Багрыму аўтарства «Зайграй, зайграй хлопча малы».
«19.02.2007. У нашага аддзела пераатэстацыя. Г.К. прыйшоў адтуль, апавядае: «Мяне паставілі слупам, перад канторкай. Побач стаяў Чамярыцкі. Было пару пытанняў. І адпусцілі мяне з Богам…»
26.02.2007. Ужо гадзіны паўтары на працы ў Акадэміі. Раскоша, раскоша бачыцца з Г.К. (…) У сувязі з фенаменальнасцю рукапісу «Пінскай шляхты» пакідаем як у аўтара: «по блыже!» Завітала Тэрэза Г., гаманілі з Ч. ды Г.К. пра выкінутую картатэку…
04.05.2007. У акадэміі з Г.К. Як заўсёды, міла й сардэчна. Мала такіх у мяне калег. Пра нумарацыю радкоў высвятлялі найдаўжэй… А што важней — замест падабранага мною «эпіграфу рукапіснага» да першага тома В.Д-М. (Нехайже щасна развязка // Пынской шляхтэ от Вас будэ. // Дайтэ браво, колы ласка,— // Да и с Богом, Добры Людэ! ) - Г.К. настойліва раіць паставіць з той самай «Пінскай шляхты» іншыя радкі:

Быть филозофом — то значит:
Нэ бач, що нэ трэба бачит.

Маўляў, «па нашым часе досыць характэрная, бо адвечная мудрасць».
[Хто набыў акадэмічнае выданне «Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Збор твораў у двух тамах», выдадзенае пазалетась выдавецтвам «Мастацкая літаратура» на адвароце супервокладкі сустрэне акурат гэтыя трапныя радкі; 2007. Т. 1]
30.06.2007.Сбт. Ракаў. Рашуча пастанавіў: раздзел «Dubia» у 2-м, заключным, томе В. Дуніна-Марцінкевіча буду даваць лацінкаю! Як асцярожна на самым пачатку папытаўся-ўдакладніў у мяне пра гэта мудры Г.К. Анічога не націскаючы-педалюючы. Проста нагадаўшы што «адраджэнцы» канца ХХ стагоддзя ў «Спадчыне» любілі даваць тэксты лацінкаю...
06.09.07. У Акадэмію параней. Мо хоць там пачну прадмову рэдагаваць...
Г.К. нярвова па тэлефоне адносна перададзеных копіяў архіўных справаў... Вы пачалі мудрагеліць, не далі поўнае. А вось той архіў (ДАМЛІМ) здагадаўся дакладна зрабіць гэтыя копіі. (…) Я прасіў Вас узяць у рукі абгортачку, якая абхоплівае гэты спіс. Там аловачкам дробна напісаны пералік… Нам засталося мала часу, і нам варта ахапіць усё, што ведама з архіва. Каб не асароміць вашу ўстанову. Бо вы ведалі больш, а мы далі менш… Я тэхнікі ня ведаю. І таму невядома, ці гэта па якасці пойдзе… Пажадана, каб пры сустрэчы прысутнічаў Янушкевіч, бо ў Янушкевіча пазіцыя часам трохі.... трохі... загадкавая.... Язэп Язэпавіч у сваіх высокіх эмпірэях. Я гэта пры ім кажу… У выніку — уражанне нейкай вялікай нядбайнасці. У спісё ё пазіцыі, якія адсутнічаюць (…) Нам патрэбны ўсе матэрыялы ўведзеныя Ліпскім. Я іх уставіў у «Хроніку». Дык мне няёмка даваць спасылку на Ліпскага, мне зручней даць на вас, на архіў…»

Дзеля адной літары

Упрошаны мною на «навуковае рэдагаванне» акадэмічных тамоў творчай спадчыны В.Дуніна-Марцінкевіча, Генадзь Васільевіч істотна паспрыяў не толькі канцэптуальнаму абліччу гэтага адмысловага выдання (упершыню цяпер шырокі чытач можа пазнаёміцца і пабачыць увачавідкі, як выглядалі і гучалі «Ідылія», «Залёты», шматлікія «гутаркі-паэмы» у беларуска-польскай моўнай білінгвістычнасці). Да 200-годдзя Беларускага Дудара я захапіўся ідэяй выдаць шматмоўны фаліянт «Класіка»: падаць пад адной вокладкай камедыю «Пінская шляхта» ды паэму «Тарас на Парнасе».
Ужо над першымі радкамі «кананічнага» спісу «Тараса» у мяне паўсталі праблемы. Бяда ў чым? Што ні паэт — то Прыгаворка-Навум; што ні галава – то розум. Вось Ніл Гілевіч настойвае: «Ці знаў з вас, брáтцы, хто Тараса, // У палясоўшчыках што быў?» Бо, маўляў, «браткí» – гэта расліны-кветкі такія лугавыя… Вось Кротус Генус пярэчыць: «Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса, // Што палясоўшчыкам служыў?» Вось перакладнік В. Стралко прапануе сваю форму метрычную: «Ці знаў хто, браткі, з вас Тараса..»
Што ж урэшце атрымалася? Зірнуў цяпер, пішучы гэтыя згадкі, у выданне шматмоўнай «Класікі» (С. 144) і падзівіўся! Стаіць варыянт прапанаваны Генадзем Васільевічам! Вось які быў (і застаўся) вялікі піетэт вучня перад Настаўнікам. І гэтак давялося «пракансультавацца» па кожным з 322 радкоў. У першым выданні «Класікі» (студзень 2008) наплыло шмат памылак-абдруковак (пачынаючы з афармлення, адвароту тытульнай старонкі). Пасля юбілею рыхтаваў дадрук-перавыданне (далёка не ўсе жадаючыя набылі «Пінскую шляхту» на пяці ды «Тараса на Парнасе» на 8 мовах). Паскарадзіўся Генадзю Васільевічу, што не задаволены (канцэптуальна) наяўнасцю двух розных прадмоў. Яшчэ больш чым мне, не імпанавалі мае «загалоўкі-прадмоўкі» і Генадзю Васільевічу. «Яны сваёй грубай моцай-сілай ірвуць усялякія паняцці мяккасці пісьма» (у мяне наогул першапачаткова існавалі варыянты: «Паводле Дэкрэту Гора Шклоўскага ад 2988 года, або З каго смяемся?»; «Паводле загаду Пятра Вялікага 1988 года…» + «Паводле ўказу Аляксандра Вялікага ад 2028 года…»).
Ён жа прапанаваў «закальцаваць» іх як адно цэлае – Класіку ХІХ стагоддзя: «Несмяротны вадэвіль… і класічная паэма».
Памятаю, як развітаўшыся і пайшоўшы з кабінету, Генадзь Васільевіч літаральна праз імгненне вярнуўся (мне чамусьці думаецца, што з-за пружыністай, імклівай паходкі, у нечым ідэнтычнай да імпэтнага Алеся Яскевіча –– абодва выдатныя дактары навук і не пасавалі, не адпавядалі званню член-карэспандэнтаў і акадэмікаў; бо хто цяпер растлумачыць мне: чаму гэтых адмысловых тэарэтыкаў айчыннага літаратуразнаўства ані разу не вылучылі на атрыманне найвышэйшых ганаровых навуковых званняў?).
Я доўга, працягла ўзіраўся ды некалькі разоў няўцямна перапытваў, пакуль да мяне даплываў сэнс: «…і класічная паэма». Зразумелі? наперадзе падставіць «і», тады слова «класічнае» пісаць з малой літары…
Вось гэта Навуковец! Пісьменнік з Вялікай літары! Каб вяртацца да калегі дзеля адной літары! Толькі дзеля адной!... (Шкада, што зноўку з выдавецка-друкарскіх меркаванняў не ўсё і ў перавыданні «Класікі» атрымалася гэтак, як раіў мне Генадзь Васільевіч..)
Было ўжо тое пазалетась, 22 лютага, пасля адшумелага Дунін-Марцінкевічаўска­га 200-годдзя… Кінулася ў вочы, што Генадзь Васільевіч хадзіў прыгорбленым, ссівелым. Хоць па-ранейшаму дасціпна жартаваў з Чамярыцкага: я маўляў, падбег у пятніцу адмыслова, бо тут свята 23 лютага… Дык можа што нам, мужчынкам, перапала б…
Яму не перапала. Ні на свята лютаўскае, ні паслялютаўскае. Калі дзялілі прэміі за правядзенне 200-годзя В.Дуніна-Марцінкевіча, не паверыце – але галоўнаму навуковаму супрацоўніку (не толькі паводле Інстытуцкага штатнага раскладу але і насамрэч такому) Генадзю Васільевічу Кісялёву ад кіраўніцтва не дасталося анічога. Мо я тут недакладны, але наколькі ведаю – анічога. А што «прэміяльны фонд» акадэмічнае начальства ўтварыла як толькі дзесятак тысячаў даляраў атрымала (прабіў я на Акадэмію навук праз Нацыянальную камісію Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, пад старшынствам Ул. Шчаснага ) – гэта дакладна.
Так у апошнія дні-месяцы свайго зямнога жыцця ў інстытуце «шанаваўся» легендарны навуковец. У тым месцы, дзе прарабіў 37 гадоў і стварыў славу «ардэнаноснаму» калектыву.
Але ведаю і іншае: няхай не крыўдуе акадэмік Анатоль Лесьніковіч (а тым больш – прэзідэнт Мясніковіч): той лютаўскі акадэмічны даклад, зачытаны на ўрачыстым паседжанні ў Прэзідыуме НАН Беларусі на 200-годдзе Дуніна-Марцінкевіча (і ў год смерці легендарнага Кротуса Генуса) – павінен быць апублікаваны пад прозвішчам «Генадзь Кісялёў».
Зямліца родная! Як ты такое трываеш? Скаланіся!

Трыумф і трагедыя, блізкая да трагікамедыі…

Праз нейкі тыдзень я ўжо шчыраваў у варшаўскіх архівах.
«07.03.08. На Бэльвэдэрскай-Гагарына. Абуджаны галасамі калідорнымі ў 04:20 (для Варшавы наагул 03:20). Больш, здаецца, не засну. Чытаў «Polesie» Абрэмбскага (падрыхтаванае Ганкай Энгэлькінг). Зачараваны. І чаму я не паляшук родам?...
09:00. Як штык – ужо ў аддзеле мікрафільмаў Бібліятэкі Нарадовай. Пры тым, што адпісаў колькі лістоў унізе з Інтэрнэту.
09:10. І вось тое што ўчора прамінуў — сёння на дзень народзінаў сваіх асягнуў. Тое што будзе пасля мяне цытавацца і цытавацца. «23 студзеня / 4 лютага 1861. Ужо некалькі дзён знаходзіцца ў нашым месце землеўласнік з-пад Менска-Літоўскага, сп. Вінцэнт Марцінкевіч, працаўнік на ніве асветы мясцовага народа, вядомы ў галіне народнай літаратуры сваімі арыгінальнымі працамі і перакладамі, добрасумленны, спагады і прызнання з нашага боку годны…»
Ды гэта ж – не што іншае, як «рэдактарская» характарыстыка! А хто быў рэдактарам? Вялікі Юзаф-Ігнась Крашэўскі, прынаняты банкірам Леапольдам Кронэнбэргам (банкір той ад нядаўна перакупіў «Gazetu Codziennu»).
Бог мой! Дык гэта колісь ад самога Крашэўскага дачакаўся В.Дунін-Марцінкевіч імяніннага падарунка! Чаму? Адшуканая мною згадка апублікавана на ягоны дзень народзінаў! Бо акурат 23 студзеня / 4 лютага!
Вось так сышліся ў часе маё сённяшняе 49-годдзе і даўняе 53-годдзе Вінцука Марцінкевіча! Думка ў мяне варшаўская: тэлефануй сёння Г.К. дахаты… 07.03.2008. Варшава, Птн.., 09:25.»
Відаць, не сабраўся й не патэлефанаваў. Тады не расказаў. Як пазней не сабраўся і не падараваў альбом «Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч», у прадмове да якога (не маёй, чужой прадмове) нарабіў ён багата слушных выпраўленняў….
Вяртаўся я з чарговай плённай архіўнай вандроўкі акрыленым. Толькі зноўку паўтарылася ад нядаўнага часу знаёмае: знаходкі мала каго цікавілі. Рупіла іншае.
«Язэпе! Няма выхаду, трэба схадзіць на лёгкую працу ў Батсад [Батанічны сад]. Мінулы раз я хадзіў (да абеду). Замены ў нас няма. Ад Ін-ту пойдзе 7 чал. Званіў В.Максімовіч, які пойдзе ад свайго аддзелу. Каб не было непрыемнасцяў, трэба не адрывацца ад калектыву. Збор у 9 гадз. – ля Інстытуту мовы. У чацвер, 20.03. Я пайшоў у Лечкамісію. В.Чам.»
Што можна з гэтага ўсяго? Пасміхнуцца адно… Ды прыгадаць, як у далёкую аспіранцкую эру тагачасны загадчык (Адам Мальдзіс) упрошваў Г.Кісялёва паехаць на сенакос-сенаванне летняе:
– Генадзь, чаго ты ўпарцішся? Паедзь! Паглядзі, якое надвор’е сонечнае. Цёплае. Едзь, адпрацуй цяпер. Бо потым увосень будзе горай: холад, дажджы. Прастынеш і захварэеш…
Адказ прагучаў афарыстычна мудра:
– Няхай горш, але пазней.
А пазней, помню дакладна, пайшлі раннія дажджы. Паступілі новыя аспіранты. Г.Кісялёву ехаць прыганятым на тыя сельгаспадарчыя заробкі не давялося… Казаць жа, што ён не любіў агульнай працы «талакою» – няпраўда. Менавіта ў фізічным выжыльванні на слынных і абавязковых колісь «суботніках» абуджаўся ягоны імпэт. Гэтаксама як на паседжаннях аддзела іскрынкамі гумару ўспыхвалі адметныя кісялёўскія жарты («Пачынальнікаў» маіх не крытыкаваць! Гэта ўжо Класіка і нічога тут не паробіш…») А калегі ў яго былі – самыя яркія ў Інстытуце: Віктар Дарашкевіч, Аляксандр Коршунаў, Уладзімір Кароткі, Уладзімір Мархель... Не кажучы пра Чамярыцкага і самога Мальдзіса. Пры тым, што я заспеў, калі ў Інстутуце працавалі і Каваленка з Навуменкам, і Алесь Адамовіч… Але наш аддзел вылучаўся як найбольш яркі.
«…не адрывацца ад калектыву». А між тым – калектыў развальваўся. У аддзеле даўно не стала Дарашкевіча і Коршунава (гэтаксама як раней, па чутках, «прыбралі» легендарных Міколу Прашковіча і В. Зайцава). Ул. Кароткага прамянялі (па конкурсу старшага навуковага супрацоўніка) на С.Букчына (хоць Сямён Уладзіміравіч у Інстытуце й не затрымаўся). Асобна ад калектыву трымаўся Іван Саверчанка... Чарговым разам звальненне навісла нада мною (чарговым, бо яшчэ ў 2002 г. «калегі па цэху» звольнілі з Інстытуту літаратуры адразу 8 чалавек; у ліку іншых Пятра Васючэнку, Ірыну Багдановіч).
…Доўга помніўся той ранішні сон (21.03.2008). Яркі, страхотліва-пацешны. Нейкі злы сабака, увесь да жахлівага скуты-перавязаны ланцугамі, кідаўся і брахаў на мяне. А я адбіваўся… не напоўніцу, а быццам шкадуючы, шлёгаў тую псіну-звяругу. Бо быў я нейкім скрыдлатым, узнятым над зямлёю. … У Акадэміі мяне чакаў Генадзь Васільевіч, і мы зноўку ўнурыліся ў дакументальны зборнік. Пакуль зноўку не патурбавала Вольга з прыёмнай.... Размаўляў Чамярыцкі. Выклікаюць да дырэктара. Ляцеў у «Асліныя Вушы» – усё што хочаш думаючы. Размова пачалася з маёй папярэдняй заявы: пра навуковы стаж у Польшчы, дзе мне засталося яшчэ 4 месяцы. А.А. Л-нец – ні ў якую. «Я заўсёды ўсіх сваіх адпускаў максімум на месяц… Ну і што, калі замежны аддзел дазваляе? Ён мной не кіруе… Вас і настолькі цяпер не магу. Бо ў …красавіку заканчваецца кантракт… Вы павінны быць тут на момант перазаключэння...» Даўгавата мы так барукаліся…
А потым выявілася: аніякага перазаключэння кантракту не прадбачыцца. Аднекуль з акуратнага стосу лоўка выцягнуліся дзве ідэнтычныя падрыхтаваныя паперчыны:
– Падпішыце папярэджанне пра звальненне…
Вось і ўся цырымонія. Новапрызначаны дырэктар новаперакроенага «Інстытуту мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАНБ» проста жадаў (да апошняга!), каб я сам сваімі нагамі пайшоў з Акадэміі. Уласнымі рукамі падаў заяву на звальненне.
Я ж яму не даў такой радасці.

Пакуль жывыя — гаварыце між сабою…

Тое, што нават і пасля звальнення з Акадэміі, я працягваў спрыяць Генадзю Васільевічу (на колькі атрымлівалася) працаваць над дакументальным зборнікам, ёсць пісьмовыя сведчанні.
«Паважаны А.А.
Дзякуй за апошні ліст і выказанае ў ім паразуменне. (...) Я не паспеў тады тэлефонна адказаць, дык цяпер пішу, што Аляксандр Мікалаевіч Касінец, як старшыня Аргкамітэту па святкаванні 200-годдзя В.Д-М., збольшага ў курсе праблемаў. Мы нейк шчасліва (выпадкова, перад маім ад’ездам) пабачыліся ў Прэзідыуме, але на ягонае аптымістычнае «Як вам працуецца?...» я не мог адказаць шчыра. Тым больш што апынуліся ўтрох (трэцім быў Міхал Уладзіміравіч Мясніковіч).
Потым сам-на-сам я перакінуўся парай словаў. К-ц параіў, што найлепш з акадэмічнымі праблемамі звяртацца да ягонага намесніка Мясніковіча («усё будзе добра; а як не – потым да мяне…»). Узамен я запрасіў яго на прэм’еру «Пінскай шляхты» ў Купалаўскім тэатры (25.05.2008). Думаю, да таго чаго мой адказ яму будзе праўдзіва аптымістычным.
Матэрыялы (гэтым разам публічны наскок на В.Д-М. у варшаўскай газетцы, 1856 г.), як традыцыйна, перадайце, калі ласка, працавітаму Г.К.
Усім маім дабразычліўцам – паклон і здароўе, а ліхадумам – сухоты.
05.05.08. Познань.
Улетку 2008 году мне ўжо даводзілася прабірацца ў Прэзідыум крадком. У наш колішні кабінет № 205. Дзе ўжо замест мяне (звольненага) і каторы год «паўакладнага» Генадзя Кісялёва ссяліўся ўвесь «аддзел гісторыі даўняй літаратуры» (іншыя структуры былога Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы перасяліліся ўжо ў «Асліныя вушы»). Хадзіў туляючыся, як злодзей. А мог бы як навуковы супрацоўнік. Няўжо нешта з Акадэміяй зрабіў я не так? Ці ўсё ж у Акадэміі самой (як і ва ўсёй краіне) – нешта не так?
Але і тут яшчэ здараліся дзівосы.
«23.05.08. Даўно не размаўляў з мудрымі людзьмі! Г.К. прапануе мне ўключыць радаводны дакумент у Збор твораў В. Дуніна-Марцінкевіча, у заключныя раздзелы эпісталярыя-перапіскі.
10:00. Г.К. мяне прост зрэзаў! Ён не ведаў пра збітага ля пад’езду Мархеля! А калі ён не ведаў — значыць не ведаў і Чамярыцкі…?
«23.07.08. Срд. 09:30. Ну й дзень! Адам Мальдзіс патэлефанаваў. І трубку я падняў. Што за клопат? Адносна хаціны В.Дуніна-Марцінкевіча ў Менску на Койданаўскай вуліцы (цяпер па вуліцы Рэвалюцыйнай 4; так нібыта напісаў у нейкай заяве «маладзейшы Хадыка»). Дык трэба высветліць вераемнасць, ці сапраўды ён там знаходзіўся…
– Калі ласка, тут акурат побач са мною сядзіць Генадзь Васільевіч. Дык я яму слухаўку прапаную…
Гэтак і сказаў Мальдзісу: «Пакуль жывыя — перагаварыце між сабою…»
Абрыўкі пачутай размовы Генадзя Васільевіча: «У навуцы апошняй інстанцыі не бывае. У сэнсе, я кажу што ў н а ш ы х навуках шмат р у х о м а г а. (…) Я чую бадзёрасць у голасе Адама Восіпавіча. Ці гэта будуць кпіны з майго боку? (…) Кніга пра знікненне крыжа Лазара Богшы будзе годнай. (…) Куды аддалі? У часопіс «Беларусь»? Там у іх, відаць, велічэзныя ганарары. Абавязкова… Гэта як этап кнігі…»
Вось тое, урыўкавае, што аднатавалася, пакуль Кротус Генус дыялагаваў з блізкім і векам-узростам, і працяглым (больш за 40 гадоў) дружбацтвам калегаю. Якому таксама годнага месца ні ў акадэміках, ні ў член-карэспандэнтах, ні проста ў супрацоўніках НАНБ ў старасці не знайшлося.
У чым легендарнасць гэтай хвіліны: мы ўтрох сышліся ў часе над адной праблемай… Адно што паказальна-несумяшчальна: я (наймаладзейшы з тройкі «архівакратуў») — беспрацоўны. Афіцыйна. Чаму такое здарылася?
Хто адкажа на гэтае пытанне? І хто адкажа за гэта перад гісторыяй беларускай культуры?
«Дзень працягваецца. 10:20. Патэлефанаваў Фядута. Ужо выйшаў з Летувіскай амбасады. Будзем сустракацца ў «Батлейцы»...
Можа, Адам Мальдзіс яшчэ прыгадае, калі ў апошнія прыжыццёвыя месяцы (жніўні-верасьні 2008 г.) паразмаўляў з Генадзем Васільевічам?
Бо калі не – выходзіць, з-за мяне і атрымалася ім пагаманіць тым разам.
Сам я не толькі гаварыў (тэлефонна), але і працягваў сустракацца.

«01.08.08. Ракаў, 05:45. Прачнуўшыся, хвілінная нерашучасць: на Менск сёння — й на макавае зерне няма сэнсу выбірацца. Потым надумаўся: пад’еду дзеля бібліятэкі. Ну і што, калі чалавек звольнены і афіцыйна — беспрацоўны? Пасяджу ў Акадэмічнай як навуковец. 1 раз на тыдзень. Нават у «адпачынак».
Па дарозе, у братавым BMW… прыгадалася, што ўначы (пад ранак?) сніўся мне Ян Чыгрын. Маладзюткі, свяжуткі, нейкі гарэзны. Якім у жыцці Івана Пятровіча не прыпамінаю… Жаніўся быў пад 50, жонка кінула праз 2-3 гады; дачка (ці сын?) нарадзілася як мой Дамінічак, у адзін дзень: 13.09.1985.
08:40. Энцыклапедычныя тэлефоны ўсе маўчаць…
10:00. Ужо дзень не згублены! Каго сустрэў у ЦНБ? — Старога Кротуса сагнутага! Над зборнікам В.Д-М.. Прасіў мяне, каб даў яму арыгіналы ліста-карэспандэнцыі Адама Плуга з «Kroniki wiadomości Krajowych i zagranicznych» за 1858 г. Міла троху пагаманілі… Думалася мне: вось адпачынак, спёка (нават задуха)… Яму 77, а ўсё ў бібліятэцы! Прыклад мне ды іншым, калі чалавек пад 80 гадоў, а падымаецца пехам на 5-ы паверх… Тут, у бібліятэцы. І там, у сябе на паддашак кватэрны.
15.10.08. Бяздарны (ці бязрадны) Менск… Наслуханы ад Яніны, як падкралася немач да Г.К.»

Выпрабаванне Пахаваннем

«13.11.08. Чцв. 03:40. Абудзіўся выспаным… Ды вочы смыляць. Нядзіва, учора як не павылазілі, задавальняючы ўсіх: «Dubia» дарабляючы (з перакладным гімнам «Божа, што Польшчы…» уключна), здымкі-ілюстрацыі парадкуючы на Марцінкевічаўскі Т. 2 (усе! № 1—46), подпісы да іх даганяючы...
14.11.08. Птн. 10:55. Пачуў у тэлефоне: памёр Генадзь Кісялёў… Відаць, давя­дзецца мне здаць квіток панядзелкавы, і падацца на Варшаву ў аўторак.
Пахаванне ў сучаснай сталіцы складаецца з трох «ойча наш».
1) Магіла? (Могілкі?) Ці крэматорый?
2) Транспарт (аўтобус? ці некалькі рафікаў?)
3) Жалобная вячэра (кавярня? ці ўтульная, як наша акадэмічная, страўня).
Ва ўсіх трох мне давялося «адгаварыць пацеры».
Яно яшчэ добра, калі дазваляе час і не вылецелі ад гора з памяці нумары – абзваніць-паведаміць-запрасіць усіх-усіх…
Легендарны гісторык-архівіст-археограф-даследнік Генадзь Кісялёў адышоў на Парнас…
Развітанне паслязаўтра, у Лечкамісіі (Чырвонаармейская-Энгельса), 17.ХІ.08. Пнд., ад 12:00-14:00.
Пахаванне – на старадаўняй Кальварыі, 14:30 (шэраг 3, кватэра 9).
16.11.08. А вось пабачым, хто з тых, да каго даляціць мой учарашні голас «электронны», прыйдзе заўтра развітацца... Цяпер дык я і прамаўляць надта не мог бы – гэтак ад пятніцы «голас сеў». У горле штось ад жалю кісьлёй-кіслатой паліць.
Што тут лішне разводзіць: з усіх калег у інстытуце Генадзь Васільевіч мне быў найбліжэй. А цяпер у «Інстытуце Міклухі-Маклая» застаўся адзін нейкі «хор кастратаў»… Праўда, кажуць апошняя вучоная рада, калі былому «в.а. дырэктара» накідалі 15 чорных «шароў» (з 20) паказвае, што нават у «вырафінавана-дысталяванай» праверанай «навуковай» камандзе ё людзі, якія адрозняць невуцтва ад…».

«Вяселле слаўна песнямі, хаўтуры — плачам…»

Мне трывала (моцна й праз гады) гучаць у памяці роспачныя галашэнні матулі Рыгора Семашкевіча. І тое, як мажны, заўсёды разважны й стрыманы Янка Брыль стрымліваў сваццю Алену: «Хопіць… Ну, хопіць..» І дарэмна ён так суцяшаў… І тая старая добра зрабіла: не паслухала народнага пісьменніка. Бо ведала народнае: «вяселле слаўна песнямі, а хаўтуры…» Па сыночку і надалей трызніла-галасіла…
Стаяла другая квадра чэрвеня 1982 году, і лета толькі-толькі ўбіралася ў сілу… А Рыгорку-сыночку было ўсяго 37.
Мне памятаецца жальбá і гучнае гараванне Марылі Александровічыхі, калі ў тым самым прасторным й светлым, нашым дарагім й утульным Доме Літаратара, асвечаным славаю залатых юбілеяў жывых класікаў і горыччу расстайных трызнаў, праводзілі ў апошні шлях Сцяпана Хусейнавіча… Быў самы пачатак цёплага траўня 1986 году, востра пах язьмін, шчодрая квецень буяла паўсюль – абяцаючы не менш шчодры ўраджай... А ў душы пякоткай пякла маркотная развітальная скарга 63-гадовага Сцяпана Хусейнавіча:
Ой, браце, і падвалілі ж мяне тут, у Лечкамісіі… Ой падвалілі… Замест ратаваць ад макротаў у лёгкіх – інфаркт безгалова прышпілілі… І ляжаў я, прыкуты, не падымаючыся, дні са тры… Пакуль мая Марыля ў рэанімацыю не прарвалася… Ды, відаць, яно ўжо позна сталася… Не выбрацца мне, браце… Не выбрацца…
У лістападзе ж 2008 году мы, літаратары, свайго Дому ўжо не мелі. Таму праводзіны Генадзя Кісялёва адбыліся проста ў скамянелай стэрыльнай трупэрні славутай лечкамісіі. Там ніхто не можа даць волі сваім пачуццям. Яны проста стынуць… Можа таму не прыпомню аніводнага цёплага сказа, моўленага ў той стэрыльні старэйшымі акадэмічнымі калегамі... І чаму зазвычай адны «загадчыкі-начальнікі-намеснікі» славасловяць на хаўтурах? Чаму ніколі чыноўнікі не прапануюць у развітальную часіну прамовіць людзям «паспалітым»?

Малітва Нябёсы прабівае

З шпітальнай мярцвяцкай пралёг апошні шлях – на старажытныя Кальварый­скія клады…
Запомнілася, як ля свежавыкапанага долу былы дырэктар, звольнены з Гарадоцкай школы (Гарадоччына – радзіма Кастуся Вераніцына) краязнаўца Лявон Гаравы трапна адзначыў: Кротус Генус адышоў на Парнас акурат «на сáмага Кузьму-Дзям’яна»…
Яшчэ і году не мінула ад той жалобнай падзеі. Мо з гэтай прымхлівай прычыны (да гадавіны не жаніся, не весяліся й не хваліся…) не выпадае расказваць як сам-адзін зрабіў, што Г.Кісялёў менавіта там спачыў. Хай троху пройдзе час – і я асэнсую ды раскажу тое... Пра што пакуль не ведае нават родная Галіна… Калі ўласнымі нагамі выхадзіў і кволымі рукамі «прабіў» месца для Генадзя Кісялёва на… Кальварыйскіх могілках… Дзякуючы майму веравызнанню. І паставіў «першы помнік» па ім: адсутнасць каментароў у 2-м томе Збору твораў В.Дуніна-Марцінкевіча (пра што дасціпныя скалазубы радасна вытыцкаюць пазавуголлю; бо не мне ў вочы, а маім калегам). Акурат дарабляючы каментары, у выдавецтве «Мастацкая літаратура» і заспела мяне трагічная вестка пра смерць легендарнага даследчыка (замест снежня-2008, Т. 2 у друк падпісалі на месяц раней запланаванага, 24.ХІ.2008).
Зрэшты, каментар быў складзены. Як і «Жыццяпіс Вінцэнта Дуніна-Марцін­кевіча ў кантэксце нацыянальнай гісторыі ХІХ стагоддзя» – дапісбны. А пад ім стаяла: «Жыццяпіс падрыхтавалі Генадзь Кісялёў і Язэп Янушкевіч».
Аднак ані гэтага подпісу, ані каментароў у тым томе няма.
А можа – несвядома жадаў, каб кожны з сучаснікаў, хто возьме ў рукі гэты 600-старонкавы том, яскрава асэнсаваў: каго мы страцілі. Як згуба незабыўнага Караткевіча ва ўсёй беларускай паэзіі адчуваецца да сёння, як смерць Быкава высвеціла, што наш Базыль-Базылёк (так ў маленстве клікалі пісьменніка) не меў сабе роўных ва ўсёй 15-лагернай «савецкай літаратуры», гэтак адыход Кротуса Генуса незваротна збядніў нашае айчыннае літаратуразнаўства.
Што ж, усё ўчыненае на гэтай зямлі – пад Богам.
А Малітва – нават Нябёсы прабівае…
На тое яна і Малітва…

«Ля старых будынкаў мне лёгка дыхаецца…»

Ён спачыў на самым даўнім менскім цвінтары. Там, дзе ягоныя героі, пра каго неаднаразова пісаў. Пра Янку Лучыну і Юзэфку Бараноўшчынку, першую жонку В.Дуніна-Марцінкевіча. Пра слыннага Вінцэнтавага сябрука, сакратара Юрыя Кабылінскага (увечненага ў «Пінскай шляхце») ды пахаванага ў каплічнай скрыпце біскупа Мацея Ліпскага, апекуна таго ж Вінцэнта…
Не памятаю, каб Генадзь Кісялёў калі прамовіў, дзе хацеў быць пахаваным…
Дакладна ведаю іншае: штодня праводзячы Янiну Мiхайлаўну на працу да акадэмічнай бiблiятэкi (як тамтэйшае кіраўніцтва абышлося напрыканцы з гэтай светлай працаўніцай – няхай застанецца на іх сумленні), Генадзь Васільевіч чыніў ранішні мацыён настраёва, ператварыў шпацыр у магічны абрад, патрэбны для душы й творчай раўнавагі. І Яніна Міхайлаўна ведала: не заўсёды праводны шпацыр мужа сканчваўся ля сценаў Акадэміі або ля метро. Вельмі часта, правёўшы жонку, перш чым вяртацца да свайго пісьмовага стала, тварэц і дойлід, непараўнаны рэстаўратар нашай закіданай камянямі няведання мінуўшчыны, кружляў па старым горадзе. Ля Катэдры… Над Нямігай-Свіслачай… У скверыку, дзе непадалёк стаяў меставы тэатр, асвечаны пастаноўкай «Ідыліі». «Ля старых будынкаў мне лёгка дыхаецца i добра думаецца»…
Думаю, лёс спагадліва паспрыяў яму спачыць там, дзе спачыў…
І калі апошнім годам пісаліся гэтыя ўспаміны і мне шчасціла на знаходкі і «лёгка дыхалася» ў цíшы архіваў далёкага Кракава ці бліжэйшай Варшавы (і нават найбліжэйшага Менску) – верую: гэта рабілася з адчувальнай спагады маіх старэйшых папярэднікаў-паплечнікаў...
Не толькі светлых ценяў нязменнага навуковага кіраўніка «крата» Сцяпана Александровіча, студэнцкага куратара Рыгора Семашкевіча, але і ягонага, – КРОТУСА ГЕНУСА – ГЕНАДЗЯ КІСЯЛЁВА, – гэтак мне патрэбнага бацькоўскага й таварыскага бласлаўлення.

Запавет

На ягонай апошняй слыннай кнізе «Жылі-былі класікі» засталіся напамятку аўтографы…
Так, іх практычна два. Мне б хапіла верхняга «эпіграфа»: «Таварыш поплеч з ім ідзе…»
Аднак ніжэй ён надпісаў:
«Язэпу Янушкевічу…паплечніку і спрыяльніку. Г.Кісялёў. 12.7.05»
І каму мне цяпер спрыяць?
І хто цяпер шчыра ўсцешыцца архіўнымі росшукамі-знаходкамі, якія, спа­дзяюся, мне яшчэ напаткаюцца?
Пра Марцінкевічавых «зяцёў» ён паспеў пачуць ад мяне. Адразу, у верасні-2008. І не паверыў, каб у адной сям’і (ды якой! аўтара «Пінскай шляхты») напаткаліся два зяці з аднолькавымі імёнамі-прозвішчамі. Параіў быць абачлівым: засяродзіцца ў архіўнай цíшы, дарэшты ўсё праверыць і ўзважыць. І толькі тады публікаваць.
Што ж, годны запавет.

P.S. А хочаце зведаць паўней кім быў Генадзь Кісялёў? – чытайце ягоныя даследаванні!
Не адарвацца. Не надзівіцца.

Ракаў – Кракаў – Варшава
Лістапад 2008-2009