12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Наталля Ярмольчык

_____________________
Блог анёла.
Аповед


Ніколі не думаў, што пачну пісаць блог, але ж дзе ты тут дзенешся: кіраўніцтва гэтак настойліва-ветліва папрасіла занатоўваць сваю дзейнасць (дзеля справаздачы і, канешне, дзеля самаразвіцця працаўнікоў), што адмовіцца не атрымалася. Яшчэ і конкурс аб’явіла на самы лепшы блог.
Я разумею, што шанцаў у ім перамагчы ў мяне няма, не толькі таму, што пішу я так сабе, ані дрэнна, ані добра. Усё значна прасцей: калі астатнія анёлы пахапалі свае ноутбукі, і навыперадкі распачаўся забег іхніх пальцаў па клавіятуры, я займаўся зусім іншай справай. Вельмі важнай, дарэчы… Кажу пра гэта шчыра, без аніякіх там аківокаў, нават нягледзячы на тое, што гэтая карысная справа была маім пакараннем.
Так, я не з’яўляюся прыкладам для пераймання, як Ален, які зусім хутка пяройдзе з нашага аддзела кахання-замілавання ў аддзел выратавання. Што і казаць, ратаваць людзей больш прэстыжна, чым займацца ўладкаваннем іх асабістых лёсаў. У якія толькі сітуацыі не патрапіш, пакуль Ён і Яна нарэшце закахаюцца і пачнуць жыць шчасліва разам. Яны ж, падчас сваркі шпурляюць адзін у аднаго ўсё што пад руку патрапіць, і хоць мы заўжды ў такіх выпадках імкнемся ім лёгкія рэчы падкладваць, але ж не заўсёды паспяваем, бо альбо ты рэчы падкладаеш, альбо адскокваеш ад таго, што ў цябе ляціць.
Ален, сумленны Ален… З ліхтаром пад вокам, здараецца, ходзіць. Ратаваць людзей – гэта добра, праўда, таксама небяспечна і зноў жа адказнасці больш, але ў якасці кампенсацыі за фізічныя пашкоджанні табе забяспечана маральнае задавальненне і адчуванне сябе героем амаль што кожны дзень.
А я вось ужо ніколі не стану анёлам аддзела выратавання і ўсё праз гэтыя гульні кампутарныя – як толькі выходзіць новая цацка, забываю пра ўсё на свеце і завісаю перад ноутбукам. Менавіта праз іх мяне і пакаралі: два месяцы я працаваў у бібліятэцы. Пераносіў са старажытных фаліянтаў у нашую сістэму гісторыі кахання людзей. Ой, чаго толькі я там не начытаўся.
Але пра тое пазней раскажу, не дзеля захавання чытацкага інтарэсу адкладаю я гэтыя аповеды, а таму толькі, што не маю зараз дастаткова часу.
Праз гадзіну ляцім мы з Аленам у новую краіну. Адказны і старанны Ален ужо рыхтуецца да паездкі, учора зазірнуў да мяне, пагутарылі крыху, казаў, што вывучыў ужо некалькі выразаў з мовы краіны нашага прызначэння. Я запомніў толькі некалькі: “Прывітанне!”, “Дзякуй”, “Калі ласка”, “Купляйце беларускае”.
Не скажу, што я ўсцешаны тым, што ў бліжэйшы час буду працаваць з Аленам. Мы не сябры, дый наўрад калі-небудзь імі станем, не магу я яму адну рэч дараваць. Калі мы яшчэ былі малымі і толькі вучыліся таму, што павінны ведаць анёлы, Ален неяк выпадкова ці наўмысна (хто яго разбярэ!) выпэцкаў пасму маіх валасоў атрамантам. Гэта потым, значна пазней, з’явіліся асадкі, ноутбукі, мабільныя тэлефоны, а ў нашым дзяцінстве нічога гэтага не было. Дык вось пасля гэтага здарэння я маю на светлай маёй галаве чорную пасму, што, на маю думку, перашкаджае іншым гарманічна ўспрымаць мяне як асобу. Што я толькі ні рабіў, каб пазбавіцца ад ганебнай плямы, чым толькі ні мыў валасы, як толькі патрапляў на Зямлю, бег у крамы, набываў пральныя парашкі з надзеяй на хуткае збавенне, ды дзе там… Нягледзячы на тое, што ўсмешка плямы з кожнай спробай зіхцела не так пераможна-радасна, але межы яе тэрыторыі, так па-здрадніцку захопленыя, заўжды заставаліся непарушнымі. І няхай пасля гэтага рэкламам верыць працягваюць адно толькі даверлівыя людзі, але не я!
Патэлефанаваў Ален, дамовіліся сустрэцца праз паўгадзіны каля ліфта, які апусціць нас на Зямлю, у патрэбную нам краіну. Ален нагадаў не забыць узяць з сабой новы гаджэт, лавшукач. Дзе ж ён? Вунь ляжыць на далонях лілеі.
Чым мне не падабаецца Зямля, дык гэта тым, што там усё вакол нежывое, штучнае, няма ні сталоў з кветак, ні мяккіх фатэляў з травы, ні ложка з ліянаў. Добра, калі мэбля будзе з дрэва, а не з пластыку, які так страшэнна смярдзіць. Давядзецца прызвычайвацца…
Так, не забыць, лавшукач, гэтае ноу-хау нашага тэхнічнага аддзела. Напрыдумляюць там усяго, а нам потым правярай іхнія дасягненні на практыцы. Кіраўнік нашага аддзела кахання-замілавання генеральны анёл Антоніо (даведка: імёны ўсіх анёлаў пачынаюцца выключна з літары А) спачатку быў катэгарычна супраць усялякіх навінак, але з часам зразумеў, што мабільныя тэлефоны, ноутбукі, інтэрнэт значна спрашчаюць і паляпшаюць нашую працу. Пераканаўчым доказам неабходнасці выкарыстання сучасных гаджэтаў сталі вынікі мінулай пяцігодкі, якія засведчылі, што колькасць людзей, знайшоўшых сваіх каханых, павялічылася ўдвая.
На дасягнутым шэф вырашыў не супакойвацца і загадаў тэхнічнаму аддзелу знізіць верагоднасць памылкі пры вызначэнні хто-каму-як найлепш падыходзіць і, такім чынам, паменшыць колькасць скасаваных шлюбаў на Зямлі. Яны ламалі галаву, ламалі – і прыдумалі лавшукач. Цяпер анёлу дастаткова навесці яго на чалавека, і на экране гэтага маленькага цуда-апарата (з выгляду ён нагадвае мабільны тэлефон) з’яўляецца інфармацыя як пра чалавека, так і пра яго будучую палавінку. Фотаздымак, узрост, характар, звычкі, адрас, месца працы і нават адбіткі пальцаў. Генеральны ўскладае на яго вялікія надзеі, а пакуль нам патрэбна яго пратэсціраваць, выявіць недахопы, выказаць пажаданні распрацоўшчыкам перад масавым выпускам у вытворчасць.
Ну ўсё, час развітвацца. Яшчэ пераапрануцца патрэбна, зняць крылы і нацягнуць звычайную чалавечую вопратку. Учора пры Алене прыкінуў сваё адзенне, ён сказаў, што на Зямлі так апранаюцца толькі рокеры-вар’яты. Ну дык што, мы ж у асноўным з моладдзю будзем працаваць.
Я хацеў было заўважыць, каго ён мне нагадвае ў сваім касцюме і чаравіках, але стрымаўся. Да таго ж, ён збянтэжыў мяне сваім адказам. Калі я спытаў: транты Дольчэ Габана ці Версачы на ім, Ален паглядзеў на сябе неяк дзіўна знізу ўверх і прамовіў важна “Марко… Камінтэрн”. Мабыць, нейкі малады італьянскі альбо іспанскі дызайнер, мне пакуль невядомы.
Учора, па маёй ініцыятыве, мы і імёны сабе выбралі ў адпаведнасці з фанетычнымі і лексічнымі асаблівасцямі мовы краіны нашага падарожжа: мяне завуць Алекс, значыць буду Алесем, а Алену прапанаваў імя Алень, ён пагадзіўся, я асабліва не разбіраўся, што яно значыць, думаю, на месцы пабачым, што да чаго. Адно магу сказаць, калі Ваш анёл Алень, то Вам пашчасціла вельмі, але я таксама збіраюся станавіцца на шлях выпраўлення, бо хачу, каб людзі знаходзілі адно аднаго і былі шчаслівымі. Як падумаю, колькі людзей на Зямлі праз мяне засталіся ў самоце, пакуль я ў гульні рэзаўся, аж не па сабе становіцца. Абяцаю выправіцца.
Ваш анёл Алекс-Алесь

P. S. Наступны мой допіс будзе ўжо з краіны, пра якую я пакуль нічога не ведаю, але спадзяюся, мне там спадабаецца. Абяцаю, што мы з Аленам-Аленем зробім усё магчымае і немагчымае, каб шчаслівых людзей там стала больш.
Такім чынам, у наступны раз чытайце:
Краіна нашага прызначэння, эканамічная і палітычная сітуацыя.
Як перажылі мы культурны шок.
Умовы, створаныя для працы анёлаў, вырашэнне побытавых праблем, праблем камунікацыі з насельніцтвам.
Колькасць заключаных і скасаваных шлюбаў.
І яшчэ шмат-шмат цікавага.
Што яшчэ можна сказаць? А вось… Чытайце мой блог, Людзі! Не веру, што перамагу, аднак, надзея ёсць…