12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Валадзімір Яварыўскі

_____________________
Дзень пераможаных.
Навэла

Пераклад
з украінскай –
Алеся
Пашкевіча.

Учора браты, якія ня бачыліся дваццаць шэсьць гадоў, люта пасварыліся. А калі ўлічыць, што меншаму, Юрку, было падчас апошняй іхняй сустрэчы толькі пяць гадоў, дык яны пабачыліся ўпершыню.
І адразу – пасунулі адзін на аднаго. І тое так запякло, што бацька мусіў напіцца і заснуць за сталом, а мама – плакала, зачыніўшыся ў лятнёўцы й пры­слухоў­ваючыся, ці ня пусьцяць яны ў работу кулакі. Алёшка – старэйшы, мудрэйшы, думала мама Ганка, Алёшына мачыха, мог бы й паступіцца маладому пеўню, але ён моцна напіўся і наўмысна заводзіў ма­лога. У іхняй спрэчцы яна нічога не разумела, дык і ня ўмешвалася. Галоўнае, каб было на стале й лагода ў радзіне, а яны счапіліся на якойсьці дурной палітыцы – не разьвя­дзеш. І бацька заснуў, паклаўшы сівую, з васковым кругляком лысіны, галаву на стол. Каля талеркі з квашанымі баклажанамі…
Пасварыліся так, што меншы спаў у стадоле, на сене, а старэйшы – у вялікім пакоі, дзе абодвум было пасьцелена яшчэ зьвечару.
Ранкам Ганка першым пабудзіла Юрку, доўга і старанна папракала, прасіла, каб неадкладна папрасіў прабачэньня, пагадзіўся на ўсё, што кажа старэйшы брат, бо той заўтра ўжо ад’язджае – і невядома, калі зьявіцца зноў, каб запрасіў брата на рыбалку й паводзіў сябе як меншы – пакорна й лагодна.
Усё выйшла так, як хацелася Ганцы. Алёша забыў, ці зрабіў выгляд, што забыў, пра ўчарашнюю сварку з братам. Пагаліўся, напарфуміўся, пасьнедаў, ахвотна выпіў тры кілішкі калганаўкі, падабрэў і пагадзіўся парыбачыць з гумовага чоўна, які купіў сабе нядаўна Юрка і трымаў яго ў бацькі, бо ў райцэнтры, дзе ён працаваў хірургам, ні рэчкі, ні стаўка, дый няма дзе пакласьці ў цеснай аднапакаёвай “хрушчоўцы”, нават балкон заняты – Марыйка завяла чатырох кур...
Зранку хмарылася, нацягвала дождж, але браты рашуча выйшлі чоўнам на возера, якое распачыналася ў канцы іхняга агароду, адразу ж за вербамі, што трымалі стромкі бераг у сетцы свайго карэньня.
– Па нашай гісторыі, Юрка, можна хадзіць босым і ні за што не зачэпішся. У ёй матэрыялу – на некалькі казачак для дашкольнікаў ды на пару анекдотаў для дарослых расіянаў. Вось і ўсё, што мы маем. Мы – нецікавыя нікому, нават самім сабе, брат. Так што ня трэба кукарэкаць пасярод дня. Запарожская Сеч і Шаўчэнка? Гэта толькі паплаўкі. Рэш­та – затоплена вадою. Два эпізоды, пра якія знаем мы ды толькі найбліжэйшыя суседзі – гэта яшчэ не нагода мець вялікую гісторыю, браце, – сказаў Алёша і закінуў сьпінінг пад ужо зачаўрэлы чарот. Прыманка з макухай ды сьвінцовым грузілам глуха чаўкнула якраз у тым месцы, дзе Юрка заўсёды рыбаліць, высыпаючы зьвечару вядро варанай бульбы з параным гарохам. – А таму, братка, ня будзем імітаваць вялікую нацыю… у цэнтры Еўропы… каля Чарнобылю. Мы – страчаныя з поля зроку і Еўропы, і сьвету. Як бы мы не надзімалі грудзі пад вышытымі кашулямі – нас ніхто не заўважае. Калі я атрымаў прызначэньне ў Украіну, у наша пасольства – заняўся ўкраінскай мовай, каб не гаварыць трасянкай. З мяне мае калегі сьмяяліся: “Навошта?”, работа і робота – гэта тое самае, работа нават прыгажэй, бо ад слова “раб”… а робота – ад “робат”. – Алёша патрашчаў шпуляй, нацягваючы жылку, хітнуў гумовы човен, пад дном якога захісталася халодная восеньская вада. Старая, яшчэ цярэшчанкаўская, цукраварня пыхкала ў неба парай, пахла гарачым бураком і балотам. Уедлівая імжака лапатала па іхніх цэлафанавых накідках і надутых баках чоўна. Тры карасі, злоўленыя Юркам, біліся пад нагамі, плёскаючы вадой і пазяхаючы.
– Нават калі б усё тое, што ты нагаварыў, было праўдаю, ты, брат, хлусіш. Я толькі не магу зразумець, дзеля чаго? Ты ж не на прыёме ў свайго міністра ці пасла Расіі ў Украіне. Мы толькі ўдвох пасярод возера. Вунь наша Тэкліўка на ўзгорку. Цьвінтар, дзе ляжаць нашыя продкі. Нават тое, да чаго зараз дакранаецца вока – гэта ж нашая гісторыя, усё залежыць ад таго, як яе ўспрымаць. Нашага дзеда Ёсіпа ў трыццаць дзявятым расстралялі. Ён “вызваляў” украінцаў-заходнікаў. Галічанін спытаў у яго, ці праўда, што ва Усходняй Украіне быў голад у трыццаць трэцім і тысячамі мерлі людзі? Дзед ня схлусіў, і гэта была яго апошняя праўда ў жыцьці. Наш прадзед Арсен быў у Сечавых стральцах добраахвотнікам, сьпяваў “А мы тую чырвону каліну паднімем…” Пад Камянцом патрапіў у палон, і яго таксама расстралялі маскоўскія камісары. Далей біяграфіі нашага роду я ня ведаю. Але й таго дастаткова, каб мець карэньні. Ідучы ў братнюю дзяржаву на дыпламатычную працу, Алёша, варта было б прачытаць гісторыю, хаця б у пратакольным абсягу: калыска трох славянскіх народаў, пераяслаўская рада, бунт Мазепы, пацёмкінскія вёскі, Калнышэўскі… – бамбукавае вудзільна ў Юркавых руках выгнулася, серабрысты падлешчык затрапятаў у паветры, стукнуўся аб пакрытую цэлафанам сьпіну Алёшы і, сарваўшыся з кручка, упаў на дно чоўна. Канвульсіўна біўся аб гумовыя боты братоў, палохаючы ўжо прыснулых карасёў. – Валуеўскі ўказ, абвяшчэньне Украінскай Дзяржавы ў Львове, затым – у Кіеве, чатыры універсалы… Аб’яднаньне, студэнты пад Крутамі, Мураўёў, Сталін, Берыя, расстраляная інтэлігенцыя… Нават без казаччыны і Шаўчэнкі хапае на кароткі курс гісторыі… – Юрка надзяваў на кручок чарвяка, той ад болю зьвіваўся, высьлізгваў з пальцаў, падаў на дно чоўна, соваўся каля разьзяўленага роту падлешчыка.
– Але ж усё – беспасьпяхова і бяздарна. Дзе вынікі? Заўсёды мы – ахвяры. Ніводнай перамогі за некалькі стагоддзяў. Ты сам гэта толькі што пацьвердзіў. Нават на прыкладах дзеда і прадзеда. Некі галічанін даведаўся, што й насамрэч у Тэкліўцы быў галодны год і некалькі тэкліўчан памерла. Галічанін забыў пра тое раней, як расстраляў нашага дзеда. Што дало тое дзедава піжонства, Юрка? Яшчэ адну дурную ахвяру, якія мы так любім аплакваць ды так ганарымся імі. Нацыі патрэбна хоць некалькі ўражвальных перамог, пра якія б ведаў сьвет. І пажадана – у гэтым стагоддзі, а не за царом-гарохам. Айчынную вайну выйграла Расія. Не лаві мяне на слове, сьвет ведае, што Расія, Раша. Кінула ў космас Гагарына – Раша. Мы – толькі прысутныя на прэзентацыях чужой славы й чужой гісторыі. Першая маленькая слава прыйшла да нас… з Чарнобыльскаю катастрофай, будзь ён, Чарнобыль, пракляты! І таксама – паражэньне. Пырскаць сьлязой, пашкадуйце нас. Падайце міласьціню на радыяцыю. Ёсьць зямля, але мы ня можам даць ёй рады, ёсьць людзі, але няма нацыі. Не гісторыя, а біяграфіі адзінотнікаў. Колькі пайшло за Мазэпам? Колькі пайшло за Шаўчэнкам? Гэта з некалькіх дзясяткаў мільёнаў. Куры будуць сьмяяцца, браце. Куры й гусі. Зьлезьлі з печы толькі адзінкі. Незалежнасьць упала на нас – прама на галаву, як груша з дзічкі. І то з дапамогай Ельцына. Проста вычарпаўся рэсурс Саюзу… Стоп! Прыгатуй сачок! Сачок вазьмі, чуеш! – пранізьліва дзінькаў званочак на канцы вудзільна, Алёша соўгаў нагамі ў чоўне, трымаючы паперадзе карэйскі сьпінінг і круцячы шпулю, што мякка патрэсквала. Чырвоныя генеральскія лампасы на яго спартовых штанах напружыліся, няйнакш былі часьцінаю братавага цела. Там, у вадзе, упіралася, чыніла супраціў штось дзябёлае й наравістае, спакушанае нажыўкаю з саладжавым пахам анісу. Юрка за­ціснуў сваё вудзільна каленьмі, узяў сачок. Ён вельмі хацеў, каб яго старэйшы брат Алёша выцягнуў рыбіну. З таго часу, як яны выйшлі чоўнам на возера, скінулі замест якара чыгунны брусок, выклалі рыштунак, выпілі па чарцы бацькавай калганаўкі й заелі яблыкамі, Юрка выцягнуў ужо тры карасі й аднаго падлешчыка, а Алекса – толькі цьвігае паветра сьпінінгам і нярвова камечыць мастырку. Можа, таму такі агрэсіўны, падумаў Юрка. Хай бы штось злавіў ды падабрэў. Ці ж мала рыбы ў возеры? Ці ёй не аднолькава, хто яе дурыць – тэкліўскі дзядзька ці расійскі дыпламат? Хай бы штось учапілася, а я сачком не прамахнуся. Рыбы ж у нас хапае, хоць і грабуць яе невадамі, сеткамі, глушаць шашкамі, вылоўліваюць асьцямі, электравудамі, а яна ўсёадно ёсьць. Улетку, калі паводка сарвала верхнюю грэблю рэчкі – рыбу сьцягвалі граблямі на агародах, каты з суседняга раёну зьбягаліся й глыталі яшчэ жывую. Цана на тэкліўскую сьвініну й каўбасу ўпала, бо пахла рыбай, і яе куплялі хіба што да піва. Вяленыя ляшчы віселі на дрэвах, на варотах, нават на дратах ад радыё. Ёсьць рыба, толькі на Алёшын кручок чамусь не чапляецца, хоць і снасьці ў яго дабротныя, заморскія. Ну хай бы ўчапіўся мажны карапец, хай бы… А тут, як на зло, у мяне клюе.
Юрку заўсёды хацелася мець брата, знаў, што ён у яго ёсьць, але амаль ня памятаў яго.
Калісь, у шостым класе, іх вазілі ў Маскву паглядзець на Леніна ў Маўзалеі. Леніна Юрка пабачыў, а брата – не, бо працаваў недзе за мяжой, здаецца, у Нігерыі. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Юрка напісаў брату вялікі сентыментальны ліст, са шматлікімі тлустымі клічнікамі, з захапленьнем ад здабыцьця свабоды й дзяржаўнасьці ды з прапановай вяртацца ў Украіну. Аднак адказу не атрымаў. Можа, брат быў за мяжой, а можа, зьмяніўся адрас, супакойваў сябе Юрка.
– Леваруч! Леваруч заводзь яго, Алёша. Што ж ты робіш? Не адпускай! Ён цябе вядзе ў карчы. Падцягвай да сябе – леваруч. Падцягвай!
– А ты ня каркай! Без цябе знаю! Гатуй сачок. – Алёша ўкленчыў на дне чоўна, дзе хлюпала брудная юшка з макухавай пацярухі ды тоўчанага паранага гароху. Вада зацякла ў халявы яго гумавікаў. Спалохалася сонная рыба, малаціла хвастамі й падскоквала. Дзынкаў званок на канцы вудзільна, трашчала шпуля. Юрка бачыў, як няўмела вядзе рыбіну старэйшы брат, як дае ёй магчымасьць агоўтацца, сабрацца з сіламі і, хай нават парваўшы рот, вызваліцца. Жылка ўжо заблыталася, пайшла пад шпулю. Аднак Юрка маўчаў, пераканаўшыся з учарашняй сваркі, што брат ня любіць, калі яму падказваюць.
Вецер сарваў з Алёшыных плячэй шапаткую цэлафанавую накідку. Надзьмуў яе, панёс над вадой і кінуў непадалёк ад чоўна. Чырвоная жакейка, з прызалочанай выявай Крамля над казырком, зьехала на бок.
Юрка ўхапіўся абедзьвюма рукамі за сваё бамбукавае вудзільна й намагаўся зачапіць кручком накідку, якую вецер адносіў усё далей і далей ад чоўна.
Алёша не здагадваўся ўзяць жылку ў рукі й падцягваць яе да сябе, а нярвова торгаў сьпінінгам і соўгаў нагамі. Юрка ў чацьвёрты раз патрапіў такі ў накідку, зачапіў яе кручком і асьцярожна цягнуў да чоўна.
Востры карак ляшча разрэзаў ваду ў некалькіх метрах ад іх. Але рыбі­на, не хапануўшы паветра, пайшла ўглыб, напачатку рэзка кінуўшыся на­перад, аслабіўшы жылку ў Алёшыных руках – а затым гопнуўшы з усіх сілаў. На паверхню ўзьняўся толькі вадзяны вір – і Алёша брудна вы­лаяўся, чаго Юрка ад яго не чакаў.
– Я ж казаў табе, дурню, паднось сачок, а ты цэлафан ловіш… Такі падсьвінак праз цябе сарваўся. І вады набраў у боты. Яшчэ прастуджуся праз тваю непаваротлівасьць. Налі чарку! Не рыбалка, а спальваньне нерваў, чорт вазьмі!
Юрка асьцепаў ваду з цэлафану і накінуў яго брату на плечы, паправіў яму жакейку ды дастаў з кулька пляшку. Старэйшы брат прагна выпіў з горлачка, закусіў яблыкам і смачна закурыў. Супакоіўся, падабрэў, пачаў разблытваць скручаную жылку.
Яны былі братамі, але не зусім роднымі.
Алёшыну маму забіла токам. Праз іхні агарод ішла лінія электраперадачы, ноччу была вялікая бура, абарвала дрот. Мама выйшла на агарод нарваць агуркоў ды цыбулі бацьку на сьняданак. Бацька накройваў хлеб у летняй куханьцы, слухаў па радыё, якую шкоду нарабіла бура раёну, еў яешню і бурчаў, што мама так доўга монькаецца на агародзе, не дае сьвежых агуркоў і цыбулі. А яна ўжо чорная ляжала на градцы, костачкі пальцаў сьціскалі электрычны дрот. Бацька некалькі разоў распавядаў, як штось вялікае й страшнае крычала яму: не падыходзь! Не падыходзь, Хведару! І зямля наўкол мамы была гарачай. Алёша яшчэ спаў, ня ведаючы, што ён – ужо сірата ў пятнаццаць гадоў...
Чатыры гады бацька вытрымаў жалобу па сваёй першай жонцы. Яго даглядала найменшая, яшчэ не замужняя, маміна сястра Ганка. Правёў Алексу ў войска, двойчы вазіў яму зімой на Чукотку чамаданы з сельскімі харчамі. Калі Аляксей, дэмабілізаваўшыся, паступіў у інстытут міжнародных адносінаў у Маскве – тады толькі ажаніўся. Узяў тую маміну малодшую сястру, якая падмятала яму хату, даіла казу, тройчы на тыдзень варыла боршч, мыла кашулі і прывыкла да яго. Моцна прывыкла, бо пайшла замуж, хоць была толькі на год старэйшай свайго пасынка Алексы. Проста забрала з дому вузьлік з адзежай і засталася ў хаце назаўсёды.
Мабыць, той жа ноччу пасярод траўня, калі кланкалі буслы ў гнязьдзе на электрычным слупе, яны зачалі мяне, падумаў Юрка, цёпла так і весела падумаў пра свайго бацьку й сваю маму, якая й дасюль “выкае” на мужа, хоць і трымае дзеда на кароткім павадку, ушчувае, калі той перахіліць лішнюю чарку або затрымаецца ў маладзіцы, лягчаючы кабанчыка. Усе старыя фатакарткі бацькі з Алёшавай мамай вісяць на тых жа месцах, што й да яе сьмерці. Свае з бацькам мама вешае ніжэй, і – толькі ў лятнёўцы або на кухні.
Цётка Вольга, Алёшава мама, згадваецца штодня маёй мамай, другой жонкаю майго бацькі, які згадвае першую жонку толькі тады, калі ў прыродзе нешта здараецца, калі заходзіцца на буру, якая можа абарваць электрычныя правады.
– Народ, пра які забываюць на некалькі стагоддзяў, вырачаны ўсё пачынаць спачатку, браце. Мы варты таго, каб нас забылі і не турбавалі сваёй увагай. Так, Расія агрэсіўная і непрадбачная, уважае сябе галоўнай дзяржавай у сьвеце, пупом зямлі, заражана эгацэнтрызмам у многіх пакаленьнях. А хіба Францыя інакшая? Хіба Польшча не такая? – Алёша перахіліў бутэльку, востры кадык яго бегаў па шыі, напінаючы незагарэлую, пасечаную тонкімі зморшчынкамі скуру, да якой прыліпла капейка лускі.
Рукі яго машынальна мялі пахкую мастырку. Дождж батожыў паверх­ню возера, пакрытую грыўкамі хваляў. Вада здавалася густой, няйнакш вось-вось мела замерзнуць.
– Што з таго, што Хмяльніцкі матлашыў палякаў? А чым закончыў? Мы не ўпісаліся ў сусьветную цывілізацыю, у сусьветную памяць. Мы – хутаранцы, якія выбраліся на кірмаш, нічога не везучы на продаж. Ма­дзяры, чэхі, славакі толькі некалькі месяцаў размахвалі й цешыліся нацыя­нальнымі сьцягамі, а тады ўзяліся за нацыянальную эканоміку. А вы – дасюль мітынгуеце. На серп і молат наклейваеце папяровы трызуб. Усё робіце часова. Чарговая гульня ў дзяржаўнасьць. Папандопала, памножаны на пяцьдзесят мільёнаў. Сьмешна й сумна ўадначас, бо я тут нара­дзіўся й вырас. Тут пахавана мая маці. Тут жыве мой бацька й малодшы брат. Калі б я нарадзіўся ў Расіі, калі б ня быў з дзяцінства закамплексаваны ўкраінскай меншавартасьцю, ня меў гэтага дурнога прозьвішча Костагрыз – маё жыцьцё склалася б інакш… – Алёша яшчэ раз шпурнуў грузіла сьпінінга ў чаротавыя зарасьці, зрабіў гэта няўмела…
– Костагрыз – прозьвішча куды прыемнейшае, чым Картар ці Гарбачоў, Алекса. Цікава, ці кожны папуас хацеў бы нарадзіцца ў Амерыцы? Эскімос – у Эміратах? Кіяўлянін – у Тэкліўцы? А яшчэ каб выбіраць бацькоў! Ты ўсьведамляеш, браце, куды ты заехаў? Пра бацькаўшчыну можна гаварыць толькі як пра маці, а ня як пра жонку ці каханку. Шкада, што гэтаму не навучылі ў нашай сям’і. Ні наш, затурканы жыцьцём ды акупацыйнай уладаю бацька, ні твая й мая мацяркі. Не гаварылі, каб зьберагчы нас ад вялікіх непрыемнасьцяў, а то й ад – турмы.
– Дык праз каго ж ты такі зацяты нацыяналюга? Самасьційнік? У нашых жа лясах бандэраўшчыны не было, у вышытых кашулях мы не хадзілі. Сьпявалі «Широка страна…», а не «Ще не вмерла…». Бацька лягчаў кабанчыкаў ды выдаваў даведкі на продаж сьвініны, беручы за тое кілаграм сьвежыны ці каўбасы. Гэта й было ягонае ўкраінскае пытаньне. У дзявятым класе ў сшытку па геаметрыі я намаляваў штось падобнае да Нептуна з фігурнымі віламі на тры зубцы. Які перапалох быў у школе! Мяне хацелі выключыць з камсамолу, але бацька паабяцаў, што разьбярэцца сам. І ад усяе душы мяне, ужо дарослага хлопца, які цалаваўся з дзяўчатамі пасьля танцаў і лазіў ім за пазуху, адпытляваў кавалкам электрычнага кабелю. І так выхаваў, што сінія рубцы ня сходзілі два тыдні. Дык адкуль жа ты ўзяўся? Ад Ганкі, якая толькі на год старэй мяне? Ад Ганкі – шэранькай спалоханай тэкліўскай гусачкі, якая пасьля школы й ня рыпалася куды-небудзь паступаць, а адразу пайшла на сьвінарнік? Гэта ад яе такое лютае насеньне?
– Калі ты яшчэ раз абразьліва скажаш пра маю маці, я выкіну цябе з чоўна, брацік! У мяне выдатныя маці й бацька. Зрэшты, мая мама – твая кроўная родзічка. Гэта яна зьбірала й адпраўляла табе пакункі ў Маскву, калі ты вучыўся.
Алёша зноў моўчкі прыклаўся да бутэлькі, востры кадык забегаў уздоўж жылістай, як гранёнай, шыі. Накідкай ён зачапіў вудзільна сьпі­нінгу – і званочак пранізьліва задзяленчаў. Брат кінуўся штосілы круціць шпулю.
Паплавок з гусінага пяра рэзка страпянуўся і гарызантальна лёг на ваду. Юрка мякка падсёк, сьціснуў вудзільна, адчуваючы моцную сілу там, пад вадой, адпускаў вуду, калі рыбіна кідалася ўбок, павольна падводзіў яе да борта чоўна. Павольна ўзяў сачок, і дзябёлы лешч затрапятаўся ў сетцы ўжо над вадою. Ляшчыска глыбока закаўтнуў кручок, ад болю й роспачы біўся штосілы ў сачку, блытаючы яго хвастом і грабеньчатым каркам.
Ты паглядзі, як шанцуе гэтаму смаркачу, падумаў Алёша, азірнуўшыся і ўбачыўшы ў сачку вялікага ляшча. Мабыць, той, што сарваўся ў мяне. А мне як зроблена штось, чорт вазьмі! Чуў, што кажа: выкіне мяне з чоўна! За Ганку – худую, тонканогую тэкліўскую канаплю, якая за дзесяць гадоў у школе хіба што вывучыла алфавіт і табліцу множаньня… Танцавала толькі з дзяўчатамі, бо хлопцы ня бралі. А што там было браць, лепш з тычкай ці з граблямі ісьці ў танец. А бацька, стары прыдурак, ажаніўся. Добра, што пасьля таго, як я паступіў у інстытут і прыязджаў дадому ўлетку ненадоўга, каб ад’есьціся ды пагуляць. Язык не павернецца называць мамай, Ганка і годзе! Нават калі б яна тады, у школе, калі я страчваў розум каля кожнай спадніцы, сама кідалася мне на шыю – я б ня ўзяў. Цьфу! Што ты гародзіш – яна ж малодшая сястра маёй маці! Цётка. Ну й што, я ж не на дыпламатычным фуршэце, а ў роднай Тэкліўцы на рыбалцы, хоць і ні храна не клюе. А гэтае малое г...но цягае раз за разам. Шчасьціць яму. Прымітыўная вуда, чарвякі… А тут мастырачка з анісам – сам бы еў, а не бярэ, зараза. Нацыяналістаў любіць. А іншаземных дыпламатаў? Са статусам недатыкальнасьці… Ці яны ўжо й рыбу заразілі хутарскім патрыятызмам?
Нічога, заўтра зранку пакіну Тэкліўку, дзеда, які ажаніўся на маёй аднагодцы, прымітыўныя гутаркі за чаркай і варэнікамі. Заплаціўшы за пражываньне ды харчы – даўшы дзеду пяцьдзесят даляраў, бо самастойная, незалежная, суверэнная – пенсію ня плоціць… Галоднаму хірургу хіба ж можна даваць у рукі скальпель? А незалежная дае: рэж, пакуль не ўпа­дзеш! Дзед яшчэ сапраўднай валюты ў руках не трымаў, не хацеў далярчыкі браць, запомніў з часоў Саюзу, што за валютныя аперацыі садзілі надоўга. Мабыць, будзе на пахаваньне зьберагаць, калі Ганка не забярэ ды не аддасьць хірургу-рухаўцу… А смаркач не захацеў браць дваццаць даляраў, хоць гэта – ягоны заробак за месяц. Ня хочаш – ня будзем прасіць… Дарэмна я пагадзіўся ехаць на Украіну, трэба было сядзець клеркам у міністэрстве, пакуль сітуацыя ня зьменіцца. Думаў, пасьля Занзібару па­кручуся ў міністэрстве – і выскачу на самастойную пасольскую працу ў які-небудзь Казахстан ці Малдову, а тады – у сур’ёзную краіну. Не, не заўважылі Кастагрыза. Кінулі костку – едзь “на родину” на “сало в шоколаде”, хоць падавіся! Трэцім сакратаром пасольства. Пасада для пацана пасьля інстытуту. Ды яшчэ й у Хахляньдзіі… Нічога, вылезем з гэтай дзіркі. Галоўнае, менш сантыментаў, Кастагрызе! Менш!
– Так-так, Юрку, мы даўно страцілі свой шанец. Некалькі стагоддзяў таму. А зараз – гэта проста аперэтка ў выкананьні правінцыйных актораў. Азіятаў можна адпусьціць, прыбалты самі адышлі і дужа далёка (туды ім і дарога!), а славяне зноў сыдуцца. Чым хутчэй, тым лепш.
– А ты спытаў пра гэта палякаў, чэхаў, славакаў? Ты не баішся спаліць сваю дыпламатычную кар’еру, бо гэта ж – умяшаньне ва ўнутраныя справы іншых дзяржаваў?
– Ты зьбіраешся данесьці на мяне, малы? Ня выйдзе. Я маю званьне афіцэра сьпецслужбаў Расіі, як і кожны дыпламат… Ня траць сілы.
– Ты сам сабе зьвернеш галаву, калі яна прадукуе такія думкі, Алёша. Сапраўдны расейскі дыпламат, паўтараю – сапраўдны і насамрэч расейскі дыпламат, ніколі не гаварыў бы такіх прымітыўных дурнотаў, як ты. Ня злуйся, але я такі скажу табе праўду: лепш бы ты не прыязджаў. Я б знаў, што ў мяне недзе ёсьць блудны старэйшы брат. Мне неяк заўсёды было шкада цябе. Думаў, так склалася твая доля, развалілася імперыя, ты служыў у Маскве, не хапіла духу вярнуцца ў Украіну, жонка – масквічка, ты робіш службовую кар’еру… Але ж – мой брат. Адзіны. Заўваж, родны – адзін бацька, а мацяркі – адзінакроўныя сёстры. Хай бы так і было. На адлегласьці. Я б уяўляў цябе такім, да якога рады ў гады хілілася б мая душа. А ты ўраз амярцьвіў усё, зьнішчыў. Я ня маю на цябе зла, браце. Але ўжо ня маю да цябе й ранейшага пачуцьця, толькі расчараваньне. Шмат таго, што ты гаварыў пра нас, украінцаў – праўда. Але якая яна зласьлівая. Праўда янычара, які баіцца, каб яго не абвінавацілі ў найменшым пачуцьці да маці. На юшку рыбы хопіць. Давай скручваць вуды ды дабірацца да берагу.
У човен набралася вады, дождж насядаў усё больш і больш. Алёша дапіў літровую бутэльку і выкінуў яе за борт. Шэры плёс возера шыпеў ад дажджавых кропель, вецер мацнеў, разгойдваючы човен, у якім бунтавала рыба. І Тэкліўка, і цукраварня, якія яшчэ нядаўна былі відны – зьніклі за шэрай шырмай дажджу.
Юрка бачыў, што Алёша ўжо добра сп’янеў, страціў кантроль рухаў, двойчы ледзь ня выпаў за борт, аднак цьвохкаў і цьвохкаў сьпінінгам, няйнакш паляваў на шчуку, якая тут ня водзіцца. Не знайшоў мастыркі, што размокла й ляжала на дне чоўна, яму пад руку патрапіла нарэзанае сала, ён начапіў яго на кручок і закінуў у ваду.
– Украінскай рыбе – украінскую прыманку, трасца яе матары незалежнай! Якая яшчэ ня ўмерла…
Юрка прамаўчаў, ён ужо не злаваў на брата, проста шкада было яго. Ён мала знаў яго, бо нарадзіўся тады, калі Алекса вучыўся ў Маскве. Бацька й маці часта цешыліся, што сын жыцьме за мяжой, насіцьме касьцюм з гальштукам, не дазволіць капіталістам разьвязаць вайну. Калі Алекса прыязджаў на канікулы – у сям’і часта здараліся сваркі, мама плакала, хавалася ў лятнёўку, а бацька запіваў. Яны з маці дагаджалі сыну як маглі. Мама за той час выразала амаль усіх курэй, каб той паправіўся ды не пачуваў сябе сіратой. Юрка быў зусім малым, але згадвае ўсё тое цёпла і соладка, як частку ўласнага жыцьця. Тады Аляксей ад’язджаў на цэлы год, маці насіла на пошту пасылкі з вэнджаным мясам, нават пакрыквала на бацьку, каб той рэгулярна высылаў сыну грошы…
– Ні храна! Ты выцягнуў чатыры падсьвінкі, а я – з голымі рукамі? Зараз і ў нас клюне. На сала! Патрыятычны экспартны прадукт… – Алёша цягнуў да сябе стары рваны кошык, сплецены з лазы, і блазнавата рагатаў, соўгаючыся ў чоўне. Юрка зматаў вуду і назіраў за братам, каб той не перакуліўся за борт, бо глыбіня тут вялікая, ямы, вір круціць. Мусіў быць напагатове штосекунды.
І чаго мяне прынесла ўчора ў Тэкліўку? Зьбіраўся на выходныя па­ехаць з Марыйкай ды дачкой Алесяй да цешчы ў Ямполь на маладое дамашняе віно ды дапагчы ёй паклеіць шпалеры, але ўчора зранку апераваў дзядзьку з перытанітам, аперацыя зацягнулася. Марыйка пакрыўдзілася, напісала яхідную цыдулку й паехала з дачкой у Ямполь. Наступны аўтобус ішоў позна вечарам, дык падсеў у машыну да тэкліўскага каўбасьніка, які ўдала оптам распрадаўся ў райцэнтры. І застаў у хаце брата, якога не пазнаў, бо й фатакартак ягоных у сьпелым веку ня бачыў. Маці мітусілася бліз Аляксея, падкладала яму ў талерку квашанай капусты і яешні са скваркамі, падганяла бацьку, каб наліваў калганаўкі. Яна звыкла “выкала” бацьку, і Аляксей разложыста рагатаў… Згадваў, як яна ня ўмела танцаваць, і ёй даручалі выключаць сьвятло, каб старшакласьнікі мелі магчымасьць нацалавацца… Як мама называла трыганаметрыю – трыногаметрыяй… Вясёлыя шпількі аднагодкаў і блізкіх родзічаў, думаў Юрка і радаваўся, што мае брата, які нарэшце знайшоўся.
Бацька пакрыкваў на маці:
– Давай, малая, мітусіся, вытрушвай свае запасы. Першы раз дыпламат у мяне ў хаце. І п’е нашу самагонку…
А тады Юрка ўпікнуў брата, што калі б той вярнуўся ў Украіну адразу пасьля рэферэндуму – быў бы зараз паслом Украіны ў Расіі...
І яны счапіліся…
Алёша ўкінуў у човен дзіравы кошык і зноў замахнуўся закінуць сьпінінг.
Пляскатае сьвінцовае грузіла каўзнула па халяве Юркавага гумовіка і вастрыём кручка ўвагналася ў акруглы бок чоўна. З-пад кручка зашыпела паветра й густа затанцавалі бурбалкі.
– Што ты нарабіў, браце? Мы ж не ўзялі з сабою помпы! – Юрка намагаўся выхапіць з Алёшавых рук сьпінінг, якім той люта сіпаў, намагаючыся закінуць у ваду. Званочак жалобна цяленькаў над іхнімі галовамі. Юрка выкінуў у возера сваю вудку, хапіў нож і паласнуў ім па жылцы сьпінінга. Яна ценькнула, згарнулася ў малую сьпіраль, Алёша віхнуўся ўперад, перахіліўся праз борт, і брат ледзь пасьпеў хапіць яго за крысо зялёнай бацькавай ватоўкі й зацягнуць у човен.
Левы борт на вачах меншаў і мякчэў. Юрка перарэзаў якарную шворку і пачаў грэбсьці адным вяслом (другое зламалася яшчэ летам, калі ён зачапіў ім за корч, новага не было за што купіць, бо заробак не даюць ні ў бальніцы, ні ў школе, дзе настаўнічае Марыйка).
– Ты якога хрэна тут раскамандаваўся? Я на гэтым возеры вырас. І рыбы злавіў больш за цябе. І не такой цюлькі, як ты сёньня.
– Выкінь свой сьпінінг, дыпла-мат-мат-мат! І распранайся! Ды хутчэй, дурань! – гаркнуў Юрка і не пазнаў свайго голасу. Нават са сьлязьлівай медсястрычкай Юляй, якая баіцца крыві й адкрытых людскіх вантробаў падчас аперацыі ды падае замест пінцэту – нажніцы – ён размаўляе лагадней. – Ты разарваў кручком човен. Адумайся! Нашая з табой гісторыя можа закончыцца праз некалькі хвілінаў.
– А ты заткні дзірку языком. Чалавечай затычкай. Я ж лавіцьму рыбу. Як дыпламат братняй дзяржавы, без якой вам – ня выжыць. Патонеце! Жаба цыцкі дасьць! – Алёша боўтаўся ў рудой юшцы, што сьцякла пад левы борт чоўна. Рыба білася ў яго між рукамі, абляпваючы твар і чырвоную жакейку…
Юрка адчуў, як лядовая грудка страху зьявілася ў яго грудзях і не раставала, а разрасталася, марозячы цела. Пальцы на алюмініевым дзержаку вясла трымцелі, але ён заграбаў і заграбаў ім халодную, ураз загуслую, ваду, – ды човен амаль ня рухаўся да тэкліўскага берага.
Юрка сарваў з Алексы цэлафанавую накідку, стаў поруч з ім на калена і хапатліва расшпільваў на ім бацькаву ватоўку. Алекса выпручваўся й намагаўся закінуць сьпінінг.
Праз здуты зморшчаны борт зацякла ў човен вада, злоўленая рыба яшчэ больш замітусілася і, улавіўшы ўратоўную блізкасьць возера – высьлізнула на глыбіню.
Гузікі на ватоўцы не паддаваліся неслухмяным Юркавым пальцам. Ён цягаў іх штосілы, але яны не пралазілі ў пяцелькі, дык ён адразаў іх нажом. Убачыўшы нацэленага на свае грудзі вялікага самаробнага нажышчу (ім мама рэзала сьвіньням буракі, а Юрка ўзяў на рыбалку), Алёша схапіў меншага брата за запясьце, балюча скруціў яму руку, і нож выпаў у ваду.
– Крэцін! Янычар! Мы зараз удвох патонем! Распранайся й плыві да берагу! Адпусьці руку!
– А пагадзіся з усім, што я казаў. Скажы, што згодзен, што я гаварыў праўду – і я адпушчу цябе, смаркача. Скажы – і я стану табе братам.
– Ты гэтага, браце, не пачуеш, – спакойна і ціха мовіў Юрка, хоць загнутая за сьпіну рука заходзілася ад болю, і ён змушаны быў перахі-ліцца праз борт чоўна, бачачы перад сабой толькі шэрую, сьсечаную дажджом ваду.
– Скажаш, сярун, скажаш. – Алёша пасьлізнуўся каленам на вараным гаросе, рассыпаным на дне чоўна, вывернуў Юркаву руку яшчэ больш, Юрка не стрымаўся і шубаўснуў галавой за борт.
Выплыць! Вырвацца з вады! Дапасьці да паветра! Схапіцца рукой за бартавы матузок чоўна!
У гумовікі набралася вады. Ногі ўраз сталі сьвінцовымі й непаслухмянымі. Цягнулі на дно. Старая маміна куфайка стала цяжкім гіпсавым панцырам, што сьціскаў грудзі й рукі.
Алёша здранцьвела глядзеў, як булькоча й віруе вада каля чоўна, у тым месцы, куды нырнуў брат. Чакаў, што вось-вось той зьявіцца, ён падасьць яму руку.
– Я згодзен, згодзен з табой! Хай будзе так, як ты думаеш. Я – проста пажартаваў, каб праверыць цябе… А ты – спалохаўся… – Алёша вымавіў гэта амаль шэптам і адчуў, як стукнуў яго страх. Ён ураз працьверазеў. Хутка зьняў з сябе бацькаў ватнік і выкінуў яго ў возера. Сьцягваў з ног боты, але яны не паддаваліся, бо нацягнуў іх з ваўнянымі шкарпэткамі, якія намоклі й разбухлі. Правы бот так і застаўся на назе, калі Алёша скочыў у ваду. Ашпарыла холадам, зазьвінела ў скронях. Правую нагу штось цягнула ўніз. Ён сударгава гроб рукамі, шукаючы ў вадзе брата, рыхтую-чыся кожную хвілю схапіць яго за куфайку й цягнуць на паверхню.
У той момант Юрка з апошніх сілаў высунуў галаву з вады. Затуманеным поглядам выхапіў шэры кругляк чоўна, які ўжо аднёс вецер. Хапануў паветра, але ўжо ня змог супрацівіцца глыбіні, што соладка й неадступна засмоктвала яго, закалыхвала, нават трошкі грэла…
Мама… Бацька… Марыйка… Алеся… Брат… Не твая праўда, брат…
Алёша вынырваў і хаваўся ў ваду зноў і зноў. Правая, неразутая нага драньцьвела, рабілася чужой і непатрэбнай, як пратэз. Ён ужо бачыў, што човен пагнала ветрам да берага, але да якога – ня думаў. Напіўся вады. Не адплёўваючыся, бо яна ўжо стала яму смачнай, зацякала ў рот, у горла, п’яніла.
Ён вынырнуў яшчэ раз, паспрабаваў плысьці да берагу, але ня ведаў, дзе той бераг. Ураз з’абыякавеў да ўсяго на сьвеце. Нават да сябе. Ні страху. Ні болю. Можна жыць. Можна доўга-доўга жыць…
Вада запаўняла ягоныя лёгкія, ён павольна апускаўся на дно. Яго сьвядомасьць ужо амаль патухла, калі рукі мёртвым кольцам замкнуліся на халоднай шыі малодшага брата.
Каля іх павольна праплыў злоўлены Юркам ляшчыска з разьдзертаю пашчай. Ён яшчэ быў млявым і прыгаломшаным. Павольна абжываўся ў роднай вадзе.