12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Паліна Качаткова

_____________________
Чалавек-жанчына. Кароткія аповеды

Развагі

Як прыгожа назваць сяброўку, але каб вызначыць ступень сяброўства – не самая блізкая сяброўка?
Прыяцелька? Знаёмая? Каляжанка? Таварышка? Знаё­­мiца?
Такіх называюць менавіта прыяцелькамі, але часам яны крыўдуюць – гавораць пра гэта. Паплечніца…
Канструкцыя «адна з сябровак» як мне падаецца адэкватна адлюстроўвала б стан «не самая блізкая».
Вось я і буду казаць “адна з сябровак”.
Адна сябровак на днях напісала пра сябе, што з «чалавека-жанчыны», яна ператвараецца ў чалавека-выканальніка працы», “і гэта становіцца маім жыццём” – піша яна.
Я спытала:
– Дзе ты такое знайшла «чалавек-жанчына»? Сама прыдумала?
– Сама… – і смайлік: сонейка ўсміхаецца.
Проста неверагодна, я кажу:
– Аформі аўтарскае вынаходніцтва!
А яна:
– Дзялюся!

Купальскае паветра

Дзея адбываецца на беразе Дняпра ў Воршы, дзе паганскае капішча. Апошнім часам у прэсе яго ўсё часцей называюць “беларускім стоўнхеджам”. Там ёсць каляндар каменны, ахвярны камень і крыніца. І да гэта часу там праводзіцца Купалле.
На Купалле сустракаюцца мясцовыя людзі і прыезджыя “нацыяналісты” з Мінску ды іншых гарадоў Беларусі.
І вось пачынаецца вячэра з бальзамам “Чорны рыцар”. Побач апынаюцца малады хлопчык-нацыяналіст ў вышыванай кашулі і Наташа мясцовая жанчына за трыццаць, вельмі прыгожая – яе бабуля была грэчанка, якая прыехала ў Воршу з Афону па вялікім каханні. Таму твар ў Наташы, нетутэйшы, незвычайны, як з камеі, фігура, як у антычнай статуі.
Наташа выпівае і звяртае ўвагу на прыгожага бландына ў вышыванай кашулі і робіць яму камплімент:
– Вот, типично русская внешность.
У хлопца ажно мову адняло.
– Не руская, а беларуская… беларуская, гэта нацыяналіст беларускі, – стала падказваць сяброўка. – і адначасова заступілася за сяброўку:
– Наташа памылілася, яна не хацела пакрыўдзіць.
– А… ну, я хотела сказать славянская, то есть белорусская, да типично белоруская внешность, – загаварыла Наташа.
– Для Наташы слова “нацыяналіст” напэўна мацернае…, – сказаў хлопец.
Пасля выпілі за паразуменне і пайшлі голымі купацца ў Днепр. Хуткая плынь падхапіла і пацягнула Наташу.
– Я тону, тону, – закрычала яна.
Нацыяналіст паспеў схапіць яе за руку:
– Паветра набірай, паветра.
– Я не понимаю, что такое паветра, я тону! Говори, по-русски!
– Не буду гаварыць па-руску! Паветра набірай!
А месца рэальна незвычайнае. Месца, дзе цэлы год нічога не адбываецца – ляжыць камень, цячэ рака... і ўсё. Але, калі трапляеш туды, адчуваеш сябе ў змененым свеце.

Слімак

Атрымала ліст са Швецыі, ад сяброўкі, якая раней жыла ў Калінінградзе, а пасля выйшла там замуж за шведа і нарадзіла дзіця, яна піша пра дачку: «Паказвала Санне слімака на дзвярах... Высуне рожкі, я паднясу палец – хавае. Глядзі, Санна, у слімака хатка на спіне. Дзіця ў трансе – павага да формы жыцця, я ўся такая педагагічная. І тут Санна гаворыць – глядзі, яна… какае! Слімак!!! І сапраўды, наш слімак утварыў кучку, якой заганарылася бы і больш буйная форма жыцця. Відаць, моцна мы яго дасталі”.

Каментар

У мяне ёсць жывы дзённік. http://kyta-kyta.livejournal.com/. Неяк увечары я пагуляла па беразе, усё мне там спадабалася, прыйшла дамоў і зрабіла запіс: “Я ішла па начной сцежцы ўздоўж ракі, побач са мной бег кот. А ў небе свяціла белая поўня”.
Назаўтра паглядзела, а там каментар:
Anonymous напісаў: Aug. 5th, 2009 08:40 am: “І што ж тут каментаваць – ідыятызм нейкі...”

Прыйшоў Ілля

У Воршы на пляжы пачапілі абвестку «Купаться запрещено с 20.07.09. Штраф от 1 до 3 базовых величин».
Падыходзяць хлопцы, чытаюць. Меншы пытаецца?
– А што было 20 ліпеня?
Большы адказвае:
– Прыйшоў Ілля.
– Ілля прыйшоў і патануў? Таму тут нельга купацца?
– Не, Ілля пусціў ільда...
– Пусціў ільда? І патануў?
– Вось паглядзі, – тлумачыць большы, – вада быццам бы цёплая. А нырнеш, там лёд.
– Які лёд?
– Халодная вада...
– Дык так заўсёды бывае.
– Не, толькі пасля Іллі.
– Пасля таго, як Ілля патануў?

Мужагон

Прыйшла да сяброўкі Ленкі. Яна жыве ў прыватным доме, таму я за­йшла сама – мне ніхто не адчыняў. Убачыла сяброўку яна сядзела ў зале і засяроджана разглядала расліну – манстэру.
– Кажуць, гэта мужагон, – звярнулася яна да мяне. – Мужыкоў з хаты выганяе.
– Не, не мужагон, гэта манстэра, мужагон – гэта ліяна.
– Ай, ўсё роўна, я цяпер не магу на яго глядзець. Можа ўсё праз яго. Мне ж яго некалі немец з Германіі прывёз. Каму б падсунуць.
Я сказала, што расліна дастаткова модная і дарагая, можна і прадаць.
– Каму я яшчэ не сказала, што гэта мужагон? – задумалася сяброў­ка.
Праз некалькі дзён яна патэлефанавала мне.
– Сонейка, маё, у мяне тут ёсць такая расліна... Можа табе трэба?
– Мужагон?
Паўза.
– Адкуль ты ведаеш?
Манстэру я забрала. Дакладней Ленка сама завезла мне яе на машыне.
Пасля гэтага Ленка сказала:
– Ты сапраўдная сяброўка, ведаеш, што мужагон, і ўсё адно бярэш.

Жаба

Наташа (гл. “Купальскае паветра”) патэлефанавала з польскай мяжы (яна чарговы раз з'язджае з Беларусі назаўсёды ў Германію) і сказала:
– Я ведаю, чаго не хапае ў тваёй сажалцы...
– Чаго?
– Качкі ( у сэнсе птушкі).
– Навошта, там жа лілеі, балотныя касачы, стрэлаліст, куды яе, яна ж вялікая...
– Дык не жывую.
– А якую?
– Пластмасавую, яна прадаецца ў краме, дзе кветкі. Каштуе 28 тысяч. Купі абавязкова.
– Не, такое я ў сваю сажалку не хачу.
– Чаму, так прыгожа будзе. Яе там не хапае.
– Не хачу.
– Ну, жабу пластмасавую купі…
– Там у мяне жывыя жабы.
У голасе сяброўкі гучала крыўда. Так мы і перагаворваліся, аж пакуль не знікла сувязь, Наташа пераехала на тэрыторыю Еўразвязу.

Язмін

Увесну Наташа з букетам язміну ў руках і дачкой Мэггі ішла па Оршы.
У раёне старога аўтавакзала, да іх падыйшоў чарнявы хлопец:
– А где тут наши кафе открыли?
– А “нашы” – гэта хто?
– Ну… азербайджанцы.

Рамантычная вячэра

У Наташы быў муж грузін. Таму ўсе сяброўкі называлі Наташу Грузінкай – каб адрозніваць ад усіх астатніх Наташ.
Аднойчы Наташа паехала ў Германію ў госці да сяброўкі. Там ёй вельмі спадабаліся вячэры пры свечках. Наташа купіла прыгожых свечак і вярнулася ў Воршу. Вырашыла зрабіць сюрпрыз грузіну. Прыгатавала смачную вячэру, дастала з лядоўні пляшку гарэлкі. Пакуль грузін мыўся, яна паставіла стравы на стол, патушыла святло і запаліла свечкі.
З лазенкі выходзіцьгрузін, перавязаны па пояс рушніком, і ў жаху нерухомее на парозе кухні. Пытаецца, што гэта так? Наташа робіць прыгожы жэст рукой і запрашае яго за стол.
– Што гэта? – яшчэ раз пытаецца грузін і агрэсія нарастае.
– Свечкі, рамантычная вячэра…А што?
Грузін:
– У нас дома 10 гадоў святла не было…

“Бывший беларус”

У ліпені ў Воршы на пляжы з’явіўся джып з расейскімі нумарамі. У джыпа быў прычэп, на прычэпе быў кацер. З джыпа выскачылі два хлопцы, пачалі адчапляць кацер. Пасля з джыпу выйшаў чалавек. На ім былі акуляры ў залатой аправе, залаты ланцуг на шыі, пярсцёнкі. На ім былі ружова-фіялетавыя трусы-шорты з пальмамі і стракатая майка. Кацер паставілі на ваду. Чалавек улез у кацер і зрабіў некалькі заездаў па Дняпры насупраць пляжа.
– Хто гэта? – спытала я.
– Ясно кто, – адказала Наташа, – бывший белорус.
– А чаму ён катаецца на сваім кацеры тут?
– Наверное, его тут когда-то обидели.

Выратавальніца

Бачыла, як плынь ракі цягнула п'янага. Выратавальнікі хацелі яго ратаваць, а ён пасылаў іх на ўсе літары... Выратавальнікі на маторцы ад'язджалі, кідалі п'янага ў вадзе. А цётка на беразе абуралася, крычала, што трэба ратаваць. Высокая пасля дажджоў вада ўсё цягнула п'янага, далей і далей аж пад самы мост. На трэці раз яго ўсё ж выцягнулі. А на беразе пад ліпамі выратаванага чакаў прыгожы аўтобус чырвонага колеру з надпісам «спецмедтэхніка» – з выцвярэзніку.