_____________________ Карэла-фінскі эпас. Асобныя руны
Пераклад
з фінскай
Якуба
ЛАПАТКІ |
Рэха «Калевалы»
Некалі песьня савецкая была — мажорная, рамантычная, з прыпевам: ”А нам ня страшны ні вал дзявяты, ні холад вечнай мерзлаты! А мы рабяты, а мы рабяты шасьцідзясятай шыраты!..” Не абы-якія, значыць, рабяты, калі аказаліся на 60-й шыраце.
60-я паўночная шырата — гэта ўжо ня поўнач як умоўны накірунак сьвету, а Поўнач як тэрыторыя, кавалак зямлі. Сапраўдная Поўнач.
Але не для ўсіх. Для фінаў — гэта самы-самы поўдзень. Такія вось, гэтыя фіны, рабяты. Сьветлавалосыя людзі Поўначы.
Як яны аказаліся за 60-й шыратой?..
Пасьля падзеньня ў 1552 годзе Казані экспансія Маскоўскай Русі скіравалася спачатку на ўсходніх угра-фінаў (мардву, марыйцаў, удмурдаў), а пасьля і на паўночных... Потым была экспансія Расійскай імперыі, потым экспансія Савецкага Саюзу — так фіны і аказаліся там, дзе яны ёсьць.
Хоць былі ня там. Жылі, напрыклад, на месцы, якое Пётр І абвясьціў пустым і загадаў збудаваць на ім Санкт-Пецярбург. Рака, на берагах якой Санкт-Пецярбург збудаваны, называецца фінскім словам “нева”, што значыць балота.
У 1721 годзе ў горадзе Уусікаупункі (гэта зусім ня так цяжка вымавіць, як здаецца, яшчэ раз паспрабуйце) быў падпісаны мір паміж Расіяй і Швецыяй. Фінляндыя ў тым падпісаньні ніякім бокам ня ўдзельнічала, яе без яе дзялілі, і яна амаль цалкам засталася ва ўладаньнях Швецыі. Расіі дастаўся заснаваны шведамі Выбарг і частка Карэліі.
У 1809 годзе Расія забрала ўсю Фінляндыю сабе. Да 1917 году Фінляндыя была часткай Расіі на правах Вялікага княства, у якім кіравалі расійскія генерал-губернатары. І ў адносінах да шведаў, і ў адносінах да рускіх фіны былі на дзіва лаяльнымі, нават стараннымі падданымі.
У пасьляваенныя гады ўзьнік міжнародны тэрмін фінляндызацыя — трохі іранічны, але фіны мала зважаюць на іронію ў адносінах да іх. Фінляндызавацца — гэта значыць жыць па суседству з вялікай дзяржавай і не падпарадкоўвацца ёй, але падтрымліваць самыя цесныя эканамічныя і палітычныя сувязі. Гэта талент, які рацыянальныя фіны выяўлялі бліскуча.
У адрозьненьне ад нас.
Фіны — паўночныя людзі нават для эстонцаў, хоць Талін можна разгледзець пры добрым надвор’і са скалістых пагоркаў Хельсінкі.
У эстонскіх паданьнях Фінляндыя называецца Паўночналандыяй. Па адным з паданьняў з гэтай самай Паўночналандыі прыплыў аднойчы вядзьмак Туслар, каб выкрасьці Лінду, маці Калевіпоэга (герой эстонскай міфалогіі, аналаг Кулерва з “Калевалы”). Бог Уку пашкадаваў бедную Лінду і вырваў яе з рук страшнага ведзьмака, але дзіўным спосабам: ператварыў яе ў валун. Больш лагічна было б ператварыць у валун Туслара, толькі сюжэт тады разьвіваўся б інакш... Герой Калевіпоэг, шукаючы маці, не падаўся б усьлед за Тусларам у Паўночналандыю, не сустрэў бы там на пустэльным востраве адзінокую прыгажуню, з чаго, як можна меркаваць, і пачалося, а дакладней, размножылася ў Паўночналандыі жыцьцё. Хоць зноў жа цяжка зразумець, як, бо фінская прыгажуня з радасьці ад такой блізкай сустрэчы з эстонскім героем раптам кінулася ў мора са скалы. Але, што было, тое было...
Усё тое, што было і чаго быць не магло, фіны склалі ў адно — і стварылі славуты эпас “Калевала”. Надрукаваны ў 1835 годзе, ён амаль адразу ўвайшоў у залаты фонд сусьветнай літаратуры.
У 1888 годзе «Калевала» была перакладзеная на рускую мову. Пераклад, які да гэтай пары лічыцца класічным рускамоўным перакладам, зрабіў Лявон Пятровіч Бельскі.
У 1901 годзе намаганьнямі вядомага лінвіста і перакладчыка Яўгена Цімчанкі “Калевала” загучала па-ўкраінску.
Беларусы затрымаліся з перакладам славутага эпасу болей чым на 170 гадоў. Але, магчыма, і ня варта было нам сьпяшацца, бо, пасьпяшаўшыся, мы б маглі і ня мець такога выніку: перакладу значна лепшага за названыя. Бліскучага перакладу, які наўпаўней і найдакладней перадае і мову, і памер, інтанацыю, і вобразны сьвет, і ўсе тонкасьці, нюансы арыгіналу. Мяркую, так сталася ня толькі таму, што ў адрозьненьне ад Л. Бельскага і Я.Цімчанкі, якія фінскай мовы ня ведалі і перакладалі праз нямецкую ды французскую, наш перакладчык Якуб Лапатка фінскую мову ведае дасканала (як, між іншым, і нямецкую з французскай). І ня толькі таму так сталася, што наш перакладчык — выдатны знаўца фінскай культуры, літаратуры, гісторыі, этнаграфіі. Можна ўсё ведаць — і нічога не любіць, а Якуб Лапатка, ужо доўгі час жывучы ў Фінляндыі, усё фінскае палюбіў. Бо яно, гэтае фінскае, надта ж падобнае на беларускае. Таму і пераклад ягоны выйшаў такі, нібы гэта арыгінал: беларускі эпас з беларускімі героямі — хіба што з дзіўнаватымі, як для беларусаў, назвамі ды імёнамі. Пераклад Якуба Лапаткі — вялізная і якасная праца, у выніку якой «Калевала» стала (стане) часткай нашай нацыянальнай культуры і рэхам будзе гукацца ў ёй праз стагоддзі.
Уладзімір Някляеў.
Калевала
Руна трыццаць першая
Нелады паміж братамі Унтама і Калерва. Унтама пачынае вайну і вынішчае ўвесь род свайго брата за выключэньнем адной цяжарнай жанчыны, якая ў палоне нараджае сына Кулерва (1-82). Немаўлятка ўвесь час думае аб помсьце, і Унтама спрабуе забіць хлопчыка, але гэта яму не ўдаецца (83-202). Кулерва падрастае і пачынае працаваць па гаспадарцы, але стараецца шкодзіць і псуе ўсё, што толькі можна. Унтама прадае яго ў рабства Ілмарынену (203-374).
Куранят расьціла маці ,
белых лебядзяў расьціла .
Вяла куранят да пуні ,
лебядзяў вяла на рэчку .
5 Тут напаў арол на птушак ,
наляцеў драпежны ястраб ,
усіх дзетак раскідаў ён :
аднаго ў Расію кінуў ,
у Карэлію – другога ,
10 трэцяга пакінуў дома .
Той , што ў Расіі вырас ,
гандляром стаў самавітым ,
той , што рос сярод карэлаў ,
Калервам стаў называцца ,
15 а з таго , што рос у доме ,
вырас Унтама злахітры ,
на бяду сваёй матульцы ,
бацьку роднаму на гора .
Унтама закінуў нерат ,
20 там , дзе брат лавіў звычайна ,
Калерва ўбачыў нерат
і забраў сабе ўсю рыбу .
Унтама , дзяцюк злахітры ,
раззлаваўся , угнявіўся ,
25 ды пусьціў у бой усе пальцы ,
распачаў рукамі бойку ,
сварку распачаў з -за рыбы ,
дробных акунькоў паганых .
Ды ня бачна пераможцаў
30 у той бойцы , у той сварцы :
як адзін другога стукне ,
адказ тут жа атрымае .
Дні праз два , можа на трэці ,
адбылося зноў такое ж :
35 Калерва авёс пасеяў
на палетках Унтамолы .
Тады Унтамы авечка
здратавала тую ніву ,
Калервойнена ж сабака
40 разадраў тую авечку .
Пагражаць стаў Унтамойнен
Калерву пачаў гразіць ён ,
што ўвесь род ягоны зьнішчыць ,
што паб ’е старых і дзетак ,
45 вынішчыць усю радзіну ,
спапяліць усе сядзібы .
Ён мячы раздаў мужчынам ,
ваярам адважным зброю ,
маладзёнам даў ён дзіды ,
50 дзецюкам раздаў сякеры
ды пайшоў вось так вайною ,
рушыў у паход на брата .
Калервы краса -нявестка
блізка ля вакна сядзела .
55 Выглянула ў вакенца
дый прамовіла , сказала :
“Ці то дым густы клубіцца ,
ці то хмара там чарнее
на ўскрайку той паляны ,
60 у канцы дарогі новай ?”
Ды была гэта ня хмара ,
і ня дым густы клубіўся
гэта войска з Унтамолы
набліжалася з вайною .
65 Збройныя прыйшлі героі ,
людзі Унтамы з мячамі ,
войскі Калервы разьбілі ,
зьнішчылі ўвесь род вялікі ,
спапялілі ўсе сядзібы ,
70 усе хаты зруйнавалі ,
адна дзеўка засталася ,
і была яна цяжарнай .
Людзі Унтамы схапілі ,
павязьлі з сабой дзяўчыну ,
75 каб падлогу падмятала ,
прыбірала там у хаце .
Час мінуў зусім кароткі –
нарадзіўся хлопчык жвавы
у бяздольнай той жанчынкі .
80 Як назвалі тут немаўлятку ?
Маці “Кулерва ” сказала ,
Унтама сказаў , што воін .
Вось паклалі немаўлятку ,
сірацінку ўладкавалі ,
85 у люльку зыбацца -гайдацца ,
гушкацца ў калысцы цеснай .
Хлопчык гойдаўся ў люльцы ,
вецер валасы расчубіў .
Гойдаўся два дні спадраду ,
90 а на трэці дзень раптоўна
стаў на ногі ў калысцы ,
моцна штурхануў ён люльку ,
спавівач свой цесны скінуў ,
выпрастаўся з -пад спавіваў ,
95 разламаў усю калыску ,
на рызьзё падраў пялёнкі .
З выгляду дзіцёнак моцны ,
пэўна вырасьце асілкам .
Унтамола ўся чакала ,
100 калі падрасьце дзіцятка ;
як набудзе сілу й розум ,
стане добрым ён асілкам ,
сотню ён рабоў заменіць ,
можа й тысячу , ня меней .
105 Два , тры месяцы ўзрастаў ён ,
ды ўжо на трэці месяц ,
як стаў ростам па калена ,
сам сабе сказаў ён ціха :
“Калі б вырас я вялікі ,
110 узмацнеў , набраўся б сілы ,
я адпомсьціў бы за бацьку ,
за матуліны пакуты .”
Унтама , пачуўшы тое ,
словы вымавіў такія :
115 “Вось дзе роду майму гібель ,
новы Калерва ўзрастае !”
Думаць пачалі мужчыны ,
меркаваць кабеты сталі ,
куды дзець таго дзіцёнка ,
120 як знайсьці яму пагубу .
Пасадзілі хлопца ў бочку ,
запіхнулі ў кадушку ,
ды панесьлі на ўзьбярэжжа ,
кінулі ў марскія хвалі .
125 Праз тры дні і праз тры ночы
паглядзець прыйшлі на бераг ,
ці зглынула хлопца мора ,
ці загінуў ён у бочцы ?
Ды хлапчук не утапіўся ,
130 не загінуў ён у бочцы !
Хлопчык выбраўся з кадушкі ,
асядлаў марскую хвалю ,
вуду медную трымаў ён ,
з лёскай тонкаю вудзільна ;
135 вудзіў ён у хвалях рыбу ,
ваду ў моры вымяраў ён :
а вады было ў тым моры
толькі два каўшы напоўніць ,
а калі дакладней зьмерыць ,
140 дык хапіла б і на трэці .
Унтама падумаў зноўку :
“Куды дзець таго дзіцёнка ,
дзе знайсьці яму пагібель ,
адшукаць яму пагубу ?”
145 Загадаў сваім рабам ён
дроў бярозавых насекчы ,
сотні цурбакоў сасновых ,
тысячы карчоў смалістых ,
каб спаліць на іх дзіцёнка ,
150 Кулерва навекі зьнішчыць .
Вось насеклі , назьбіралі ,
дроў бярозавых таўшчэзных ,
сотні цурбакоў сасновых ,
тысячы карчоў смалістых ,
155 тысячу вазоў бяросты ,
ясеню пад сто сажэняў ,
ды агонь пусьцілі ў дровы ,
полымя туды пусьцілі ,
кінулі ў агонь дзіцёнка ,
160 прама ў вогненнае пекла .
Вогнішча два дні гарэла ,
увесь трэці дзень палала ,
а тады прыйшлі і бачаць :
у попеле ён па калена ,
165 у вугольлі ён па локці ,
качаргу ў руках трымае ,
дзьмухае ў агонь , гуляе ,
ды вугольле разграбае ,
валаска не падпаліўшы ,
170 аніводнай нават пасмы !
Унтамойнен раззлаваўся :
“Куды дзець таго дзіцёнка ,
дзе знайсьці яму пагібель ,
адшукаць яму пагубу ?”
175 Прывязаў яго да дрэва
і пакінуў так на дубе .
Так тры дні ўжо мінулі ,
так прайшлі ўжо тры ночы ,
Унтама тады падумаў :
180 “Час настаў пайсьці ды глянуць ,
можа Кулерва памёр там ,
можа ён сканаў на дубе ?”
Паглядзець раба паслаў ён .
Хутка той вярнуўся з весткай :
185 “Кулерва там не загінуў ,
не сканаў на дубе хлопчык !
Драпае ён там малюнкі ,
моцна цьвік рукою сьціснуў .
На ствале малюнкаў поўна ,
190 дуб малюнкамі пакрыты :
ваяры стаяць з мячамі ,
дзіды вострыя трымаюць .”
І нічога Унтамойнен
з хлопчыкам зрабіць ня можа !
195 Сьмерць яму як ні рыхтуе ,
як ні насылае згубу ,
хлопчык той ніяк ня гіне ,
не памрэ ніяк , паганец !
Ён ужо зусім зьнясілеў
200 сьмерць прыдумваючы хлопцу ,
вырашыў яго расьціць ён ,
як дзіця сваёй рабыні .
Унтама тады прамовіў ,
словы вымавіў такія :
205 “Калі будзеш паслухмяным ,
будзеш хлопчыкам прыстойным ,
жыць табе дазволю ў хаце ,
працаваць рабом пакіну .
Дам табе такую плату ,
210 як заслужыш , як заробіш :
можа пояс дам прыгожы ,
а можа заробіш поўху .”
Трошкі вырас Кулервойнен ,
усяго на чвэрць узьняўся ,
215 тут яго запрэглі ў працу ,
тут знайшлі яму занятак :
няньчыць ды люляць малое ,
немаўлятку з палец ростам .
“Даглядай дзіцё странна ,
220 дай яму й сабе паесьці !
Вопратку памый у рэчцы ,
у вадзе памый пялёнкі !”
Дзень , другі дзіцёнка няньчыў ,
Вырваў ручкі , выбіў вочкі ,
225 а на трэці дзень наогул
загубіў дзіця хваробай ,
і пялёнкі рэчка зьнесла ,
і спаліў агонь калыску .
Унтама тады падумаў :
230 “Непрыдатны гэты хлопец
даглядаць дзіця малое
немаўлятку з палец ростам !
Невядома , што за працу
даць яму , які занятак ,
235 можа лес валіць адправіць ?”
І паслаў у лес дзіцёнка .
Калервы сын , Кулервойнен
тут сказаў такія словы :
“Толькі я вазьму сякеру ,
240 дык мужчынам дужым стану ,
стану я болей прыгожым ,
лепшым , чым раней я стану ,
буду пяцярых я варты ,
шасьцярым героям роўны .”
245 Потым ён пайшоў у кузьню ,
так да каваля прамовіў :
“Гэй кавальнік , братка любы !
Скуй мне добрую сякеру !
Скуй сякеру , як герою ,
250 мужа вартую прыладу .
Я пайду бярозы секчы ,
лес пайду валіць пад ляда .”
Вось каваль зрабіў , што трэба ,
спрытна выкаваў сякеру ,
255 змайстраваў , як для героя ,
мужа вартую прыладу .
Калервы сын , Кулервойнен ,
тут пачаў вастрыць сякеру ;
ён удзень лязом займаўся ,
260 адвячоркам – тапарышчам .
Ён у лес пайсьці сабраўся
сосны звонкія там секчы ,
лес прыдатны для будоўлі ,
гонкія валіць лясіны .
265 Дрэвы ён валіў сякерай ,
падсякаў лязом сталёвым :
моцныя адным ударам ,
тонкія – ў палову сілы .
Пяць лясін зваліў у злосьці ,
270 восем дрэў зваліў магутных .
Сам сабе сказаў ён потым ,
словы вымавіў такія :
“Хай нячысьцік тут працуе ,
Хійсі з Лемпа лес тут валяць !”
275 Потым ён на пень ускочыў ,
засьвістаў што было моцы ,
загукаў што было сілы ,
словы вымавіў такія :
“Хай паваляцца ўсе дрэвы ,
280 лягуць стройныя бярозы ,
дакуль далятае голас ,
дакуль сьвіст мой далятае !
Хай ні парастка ня ўзыйдзе ,
хай не ўзрасьце ні сьцяблінкі ,
285 хай навечна пустка будзе ,
пакуль месяц ясны сьвеціць ,
там , дзе Кулерва зьнясілеў ,
высякаючы лес дзікі !
Калі ўсё ж ячмень пасеюць ,
290 калі зарунее ніва ,
калі парасткі ўзыйдуць ,
бурна ўзрастуць пасевы ,
хай ні каласка ня будзе ,
ні зярнятка на сьцяблінках !”
295 Унтама , дзяцюк руплівы ,
паглядзець прыйшоў на месцы ,
як сын Калервы працуе ,
што з ягонай працы выйшла :
дрэнная была падсечка ,
300 непрыдатная пад ляда .
Унтама падумаў зноўку :
“І куды ён толькі варты !
Сапсаваў усе бярвеньні ,
лес прыдатны для будоўлі !
305 Невядома , што за працу
даць яму , які занятак ,
можа плот ён пабудуе ?”
Паслаў ставіць агароджу .
Калервы сын , Кулервойнен ,
310 будаваць паркан узяўся .
Прыцягнуў таўшчэзных соснаў
замест жэрдачак у плоце ,
а яловыя бярвеньні
ў зямлю забіў , як кольле ,
315 і ўсю гэтую спаруду
павязаў лясной рабінай ;
ён зрабіў паркан бяз брамы ,
без праходаў плот паставіў .
А сабе сказаў ён потым ,
320 словы вымавіў такія :
“Хто ня лётае , як птушка ,
хто на крылах не ўзьлятае ,
той ня зможа перадолець ,
сына Калервы агароджу !”
325 Унтама , дзяцюк руплівы ,
паглядзець прыйшоў на месцы ,
як тут Кулерва працуе ,
гэты раб вайной здабыты .
Без варотаў плот убачыў ,
330 без праходаў ды бяз брамаў ,
ад зямлі паркан узьняўся
аж да самых хмар у небе .
Унтама прамовіў словы :
“І куды ён толькі варты !
335 Згарадзіў паркан бяз брамы
ды бяз шчылінкі адзінай ,
ад зямлі ўзьняў да неба ,
да аблокаў паднябесных ,
і праз верх не пералезеш
340 і ня знойдзеш тут праходу .
Невядома , што за працу
даць яму , які занятак ,
можа жыта ён змалоціць ?”
Жыта малаціць прымусіў .
345 Калервы сын , Кулервойнен ,
жыта малаціў штомоцы :
на мякіну струшчыў зерне ,
усю салому патрухлявіў .
Гаспадар прыйшоў праведаць ,
350 паглядзець прыйшоў на месцы ,
як сын Калервы працуе ,
як там Кулерва малоціць :
зерне струшчана ў мякіну ,
у труху уся салома .
355 Унтама тут раззлаваўся :
“Бесталковы ён работнік !
Як ні дам яму занятак –
сапсуе ўсё дашчэнту .
Ці яго ў Расію зьвезьці ,
360 ці ў Карэлію прадаць мне ,
Ілмарынену падручным ,
каб там молатам махаў ён ?”
Сына Калервы прадаў ён
У Карэлію на кузьню ,
365 Ілмарынену падручным ,
майстру слаўнаму слугою .
Як жа расплаціўся майстар ?
Даў кавальнік вельмі многа :
два катлы старых гарэлых ,
370 рагачоў тры палавінкі ,
даў пяць кос зусім скляпаных ,
шэсьць матык даў паламаных
за нікчэмнага мужчыну ,
за нявольніка благога.
|