12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Камоцкі

_____________________
Навошта было мінулае. Вершы


Край мой

Спяць дубы векавечныя
Над замшэлым каменнем,
Побач дні чалавечыя
Нібы тыя імгненні.
Век агонь тут захоўвае
І ваду не чапае,
Але робіць часоваю
Чалавечую памяць.

Край мой бачыць азёрамі,
Край мой чуе лясамі,
Край мой літары зорныя
Ў небе ночы чытае.
Як калісь пачыналася,
Як фінал усвядоміць,
Ўсё, на што забываемся,
Край працягвае помніць.

Камянямі замшэлымі,
Векавымі дубамі
Нам легенды адмервае
Запаветная памяць.
Час агонь тут захоўвае
І ваду не чапае,
А хвіліна чарговая
Нас цярпліва чакае.

* * *
Ліпеньскай ночы на сон не ставала,
Сонца з усходу праменіла вецер.
Побач хвіліны ішлі непрыкметна.
І іх было мала, іх было мала.

Нашай сустрэчы як не існававала,
Не паспявалі ні думкі, ні словы,
Каб патлумачыць, што гэта часова.
Толькі адно удавалася – марыць.

Мала было нам наступных гадоў,
Што непрыкметна з дарогі знікалі.
Неяк не надта хацелася ўдалеч,
Але па іншаму час не ішоў.

Новай сустрэчай канчаецца дзень,
Сподзевам цешыць нязбыўная мара.
Ну, няўжо немагчыма каб зараз
Моўчкі збылася старая надзея.


Восень
Восень павольным робіць успамін,
Восень рыхтуе вецер да зімы.
І так хочацца не верыць,
Што нічога не змяніць...
Мы ў ліпені, і ў жніўні,
А ў верасні не мы.

Ліпень меў што хаваць,
Ліпень ноч гадаваў
Сноў, даўжэйшых за ноч,
Адбылося багата.
І працята было
Каляровым святлом
Ад цямна да цямна
Невядомае свята.

Жнівень меў кожны дзень
Шмат наіўных надзей,
Не хацеў разумець,
Што і ён не бясконцы,
Але час не пытаў
Як яму пралятаць,
Бо трымаў у руках
Захварэлае сонца.

Восень павольным робіць успамін,
Восень рыхтуе вецер да зімы,
Лістапад адлістападзіць
І нагоніць халадоў.
Дзе той ліпень, дзе той жнівень
Колькі ім цяпер гадоў?


Навошта было мінулае

Узрост нам гады прыспешвае —
Пачатак усё далей,
Збянтэжваюць змены знешнія
І сум у вачах, але...
З таго, што не трэба памятаць
Не робім праблем ужо,
І што не паразгублялася
Запознена беражом.

Калі пажаданым атулішся,
Натолішся, аж цераз край —
Навошта было мінулае?
У будучыні не пытай.


* * *
Праходзіць час, мільгае днямі,
Ператвараецца ў мінулае,
І толькі дзякуючы маме
Мы марым, дыхаем і думаем.

Мы бачым, снім і трызнім лепшым,
Чакаем, верым, спадзяёмся,
Для мамы ж мы, у рэшце рэштаў,
Заўсёды дзецьмі застаёмся.

Мільгаюць дні, і час праходзіць,
І разумеем мы з гадамі—
Жыццё — суцэльная нагода
Нам за яго аддзячыць маме.


* * *
Я прысніў каралеву,
сумяшчальную толькі з сабой,
І на самым пачатку яна мне сказала на вуха,
Што жыве літаральна ў кроку, але за мяжой,
І чакае, што я забягу яе казкі паслухаць.

Быццам бы паразуменне
дзень наступны нясе,
Але ж ты каралева,
ты не можаш быць як усе.

Я не надта і верыў ва ўласныя думкі вясной,
І ў словы звычайныя веры не меў адпачатку,
Проста ты каралева, сумяшчальная толькі з сабой,
Ты кахаеш мяне, але неяк жа ж не па парадку.


Шукай мяне

Шукай мяне не толькі там, дзе хочаш бачыць,
Шукай мяне і там, дзе я звычайна ёсць.
Мы так аднолькава ўмеем не спаткацца,
Хоць кожны з нас пры гэтым марыць пра сваё.

Знайдзі мяне цяпер, калі я побач,
Сярод нябачных думак пра цябе,
Дзе асцярожна восень надыходзіць
Імгненнем, поўным здзіўленых надзей.

Знайдзі мяне хутчэй, каб болей не спяшацца
У непазбежнасць надыходзячага дня,
У даўняй мары апынуцца па-за часам
Ёсць безліч месца, бо пакуль там толькі я.

Знайдзі мяне па-за будзённым тлумам –
Я там жыву натомленай душой.
Хай будзе ўсё не так, як я прыдумаў
Знайдзі мяне, як я цябе знайшоў.


* * *

Халодны цень не бачыць сонца,
Вятры шукаюць дзе заснуць.
У межах дня туман бясконцы
Хавае новую вясну.
А мы не гэтага чакалі
І не да гэтага ішлі.
Мы не хацелі як звычайна
І, як звычайна, не змаглі.


Vu iz dos gesele

(народная)

Шарык блакітны ў небе лунаў,
Хлопец дзяўчыну па свеце шукаў,
Шарык блакітны за плот паляцеў,
Хлопец дзяўчыну ўкрасці схацеў.

Дзе тая вуліца, дзе яе дом,
Сэрца трымціць і палае вагнём,
Вось тая вуліца, вось яе дом,
Вось і сама яна перад вакном.

Смела бліжэй да яе падыду,
Слова скажу, абдыму і скраду.
Крылы каханне нам дасць, каб ляцець,
Зоркамі яснымі з неба зіхцець.

Шарык блакітны ляжыць пад кустом,
Для закаханых у небе ёсць дом.
Шарык блакітны адлётаў сваё,
Хлопец з дзяўчынай навекі ўдваёх.


* * *

Часам нам даецца выбар
І ў тым, чаго няма
Часта мы шукаем хібаў
І не бачым... а дарма.

Потым зноў даецца выбар
І ў тым, чаго няма
Мы зусім не бачым хібаў
І шукаем... а дарма.


Не любіў я ніколі дарогу

Дзень пражыты у памяці спынены
Не псуе успамінамі існага,
Адчуванне чарговай магчымасці
Як падручнік жыццё пераліствае.
Тут я ёсць да канца не растрачаны,
Там я быў непачаты, учорашні.
Параўнае зямля крокі нашыя,
І не факт, што цяпер яны большыя.

І пакуль мы стамляцца навучымся
Ад карыснага і непазбежнага,
Дні пражытыя памяць пракручвае,
Праглядае і перамешвае.
Патрабуе, каб азірнуліся
Ды нарэшце сябе супакоілі.
Ну, не бывае дарогі з мінулага
Без слядоў ад грахоў незамоленых.

Быццам я пераблытаў пачуцці,
Не сваё карыстаю цяпло,
Падарыце мне шлях і забудзьце,
Што калісьці яго не было.


* * *
Паводле Гены Шангіна-Беразоўскага
Ты стаіш ля вакна –
Цераз вуліцу ад неба, –
Непраглядны свой сум
Не ўмееш разагнаць...
Ты кахаеш таго,
З кім усё не так, як трэба.
Ты ізноў без яго
Ля вакна стаіш адна.

Ну чаму толькі ён,
Ёсць жа іншыя навокал.
Можа, проста табе
Няўтульна быць адной.
У абшарах зімы
Не знаходзіцца палёгка,
Але верыцца, што
Нешта зменіцца вясной.

Пройдзе час, пройдзе час,
І прыпомніш ты з усмешкай
Гэты вечар, як сон,
Ранкам новага жыцця.
А пакуль, а пакуль
Светлым сумам непазбежным,
Развітанне з дзяцінствам
У мокрых вачах.


Дзявочая песенька

Паводле Renaty Przemyk
Досыць мне плэйбояў, задаўбаў гламур,
Збрыдзела ілжывая прыстойнасць слоў,
Хопіць мне ўздыхаў, светлых мар і зор…
Пакахай мяне
Як ашалелы тхор.

Выбі дзверы ў хату, ад жадання злы,
Абярні канапу і знайдзі мяне.
Дакажы, што тут ты нездарма узнік –
Авалодай мной
Як апантаны бык.

Потым, сярод ночы, крыкам абудзі
І, парваўшы коўдру на мільён шматкоў,
Забяры мяне ў свой вар’яцкі сон.
Будзь са мной пяшчотны
Як здзічэлы слон.

А пасля світанне прыйдзе праз вакно,
І маю удзячнасць будзе не стрымаць…
Калі ты дахаты не збярэшся сам,
Добрым санітарам
Я цябе аддам.


* * *
Цішыня без адпачынку,
Поўны вечар цішыні,
Млява мроіцца айчына
Па-за межамі вайны,
Па-за межамі прыгодаў,
Па-за межамі вякоў,
З пэўнай колькасцю народу,
І амаль без дуракоў.


Снег

Снег асцярожна складае
Неба на горад настылы.
Гэта зіма маладая
Дзеліць сваю чысціню.
Быць адмыслова шляхетным
Снежань яна папрасіла.
Снежань дамовіўся з ветрам
Вецер пакуль што заснуў.

Шэптам здараюцца словы,
Сэнсу нарэшце няма.
Бачыш як свет паступова
Атуляе зіма.

Заўтра штодня карацее
Роўна на тыя хвіліны,
Што бесклапотна ляцелі,
Склаўшы паціху гады.
Часу няма адпачынку
Па невядомай прычыне,
Ён з існага самы няспынны,
Ён толькі ідзе не туды.

Час адбываўся бязважка,
Беглі гадзіны дарма.
Гэта чарговую казку
Пачынала зіма.


Мой шлях

Стамляе дзень і не хочацца вечара,
І забывае душу галава,
А сны упарта начуюць у вечнасці,
Там, як ні дзіўна, роспачы няма.

Вабіць услед за нязбыўнай надзеяй
Шлях пакручасты, ушчэнт замроены.
Нам у жыцці падабаецца ўдзельнічаць,
Нават калі няма настрою.

Як часта мы не зважаем на існае
І спажываем прыдуманы свет.
Нам за далёкім не бачыцца блізкага,
Што валадарыць жыццём неўпрыкмет.

Бывае снім як ўсё атрымаецца,
І расцягнуць намагаемся сон,
Замест таго, каб чарговаю раніцай
Бачыць тое, што дзень надышоў.

Стамляе дзень і не хочацца вечара,
І забаўляе душу галава…


Навакольныя людцы

Па усім белым свеце не палічыш дакладна,
Незнаёмых надоўга і нядоўга знаёмых,
Што губляюцца ў справах, дасягаюць і ладзяць
Між сабой адпаведна, між сабой паўсядзённа.

І настолькі грунтоўна паглядаюць уперад,
Накірунак аспрэчыш, дык сабе не паверыш.
Быццам твары як твары, быццам людзі як людзі,
Толькі што за манеры — хаваюць намеры.

Выпадковыя ветры надзімаюць ім грудзі,
Выпадкова сустрэўшы выпадковы пачатак.
Завядзёнка такая — выпадковыя людзі
Набіваюцца ў чэргі, каб пабачыць, як будзе.

Пачуваюцца добра,
Выглядаюць цывільна —
Як арабы ў Ягіпце,
Як жамойты ў Вільні.


Верашчака

Каб зрабіць верашчаку з блінамі
Шклянку піва і трошкі вады
Наліваем у посуд бляшаны
І каўбасы кідаем туды.

Хай кіпіць гэта ўсё, а тым часам,
Слёзы з твару абцершы рукой,
Мы паціху цыбульку падсмажым
І пасыпем пшанічнай мукой.

І патэльню з духмянаю масай
Патрывожыўшы моцным агнём,
Заліваем булёнам каўбасным
Воцат, цукар і соль дадаём.

Дробна кроім каўбасы у соус,
Трошкі перчым і тушым далей.
Вось і ўсё. Хутка будзе гатова.
Смаж бліны і глядзі весялей.

Вось і ўсё. Верашчака гатова.
Налівай і глядзі весялей.