Адступленьне
За сьпіной – прайграныя баі.
Не ўтрымаць і гэтай шэрай вёскі.
За надзелы прадзедаў сваіх
Адступае змучанае войска.
За сьпіною – пошукі Дабра.
За сьпіной – зламаныя намеры.
У чужы і падазроны рай
Адыходзяць слуцкія жаўнеры.
На вачах – заходняя мяжа.
На вачах – апошнія сьлязіны.
За сьпіною – люты, чорны жаль
Незваротна страчанай Айчыны.
Мой Меч
“Меч Веры – гэта Слова, натхнёнае Усявышнім”
Каментар да малюнкаў у рэлігійным часопісе.
Мой
Меч
– з
балотнае
руды
.
Матэрыял
“дурны
”, здаецца
…
Ды
пасьля
горна
і
вады
Клінок
і
з
камня
пасьмяецца
.
…Глядзяць
заморскія
купцы
–
Чаруе
водбліск
чорнай
сталі
.
Мой
Меч
нязломныя
жрацы
У
сэрцы
капішча
кавалі
.
І
ён
нязломнасьць
пераняў
.
Сьцінае
нечысьці
галовы
,
Пяе
назло
бязьвер
’я
дням
–
Балюе
з
ласкі
Перуновай
!
Пяе
… Мелодыя
яго
–
Як
сьпеў
касы
на
касавіцы
.
Яго
мелодыя
– агонь
Няўмольна
трапнай
бліскавіцы
!
Канае
здраднік
у
траве
–
Зыход
кароткага
двубою
.
У
тым
, што
Крывія
жыве
,
Мой
Меч
расьпішацца
. Крывёю
.
Паўтараю даволі часта…
Паўтараю даволі часта,
Як адповедзь даю Жыцьцю:
— У паэта няма начальства.
Княжы перст – не закон жрацу.
Абяцаюць, канешне, кару.
Прапануюць: “Стрымай імпэт!”
Намякаюць: “Ня стань ахвярай!”
Стану. Лёгка. Пакуль – паэт.
Бо аховай – Сябры і Неба.
Бо Радзімай – пракляты край.
Тут паэтам ня быць – ганебна.
І паэтам тут быць – ня рай.
І такім – нешыкоўным – чынам,
Кожны дзень мой – нядолі пуд.
Ды ня скарджуся. Бо мужчына.
Не апошні таксама пункт.
Я абломкам апальнай касты
Выжываю назло Жыцьцю.
Б’е па вуху – даволі часта:
— У паэта няма начальства!
Княжы перст – не закон жрацу!
ШТАНДАР
Прысяга малодшага праўнука
Стагоддзе мінула. І я уздымаю свой сьцяг.
Нябёсы ды Поле на ім – без ільвоў і кароны.
Над зьмененым трохі (па формах) абшарам жыцьця
Штандар мой лунае прыгожы. Блакітна-зялёны.
Працягваем сечу, Асілкі Старое Зямлі!
Вы Новую нам завяшчалі, а дзе Яе гоні?
Мінула стагоддзе. Унукі уроскід пайшлі.
Хто веру ўратуе? Хто скочыць у сёдлы Пагоні?
…Абуджаны досьвіткам, слухаю Волі званы.
Мяшчанскія сны разганяю: гэй, змоўкніце, “суддзі”!
Клянуся пайсьці і, канешне, вярнуцца з вайны.
Блакітна-зялёная песьня астатніх абудзіць…
Залаты раманс
Якая ноч мінае без каханьня!
І ў небе зорак – роўна на дваіх
(Адзін усе я палічыць ня ў стане).
Якая ноч мінае без каханьня!
Бяздонны позірк і самотны ўздых…
“Зьбіраў” выснову – сам сябе параніў
(На болт развагі гайку мрой круціў).
Якая ноч мінае без каханьня!
Лічыў, расплакаўся, не палічыў…
Якая ноч! Змрок з цішынёй лагодна
Вядуць дуэтам залаты раманс.
А гэты верасень – ён два разы халодны.
Мяне так мала мне, мне не хапае нас…
Усьцешаны сонцам
Верабей, усьцешаны сонцам,
сядзіць на шурапатай сьцяне
майго дома
з таварышамі
і ўслых разважае, распусьнік,
чым заняцца найперш:
ляцець да сваіх каханак
ці ўкрасьці колькі зярнят
з-пад дзюбаў курынага гарэму,
калі гаспадыня сыдзе ў хату,
а султан пераляціць на суседні
двор ваяваць.
І я таксама добры хлопец.
Радуюся перакуру на сьвежым паветры:
верасень, нарэшце, пакінуў гневацца,
зацугляў дажджы
і выпусьціў жывое з нораў ды сховішчаў.
Вяртаюся і выношу гітару,
каб зачырыкаць
адну са сваіх “абраньніц”.
Ат! Разьляцеліся!
Ружа лета
Ворагу
Пакуль ты жывы –
ёсьць нагода прачнуцца уночы,
На ганак пайсьці і выпальваць адну за другою…
Табою мяне чорны знахар прыцэльна сурочыў.
І шлях надламаўся. І цяжка даверыць спакою
Сваю адзіноту. Яе й без таго дастаткова,
Калі палічыць працадні на Самоты палетках.
Прысудам Нябёсаў (а знак – гэта Богава слова)
За шыбай дрыжыць ружа лета – памерлая кветка.
Нічога няма, Зьмей Гарыныч. Жыцьця майго сьвяты
Пад корань спаліў. Існую на астылай патэльні.
Адно і трымае: я ведаю – ты вінаваты
У тым, што наступнасьць да скону – зіма і пустэльня.
Ясьней за каханьне стаіць гэты дзень паміж намі!
Далонь скрывяню без жуды, а ня тое што – палец…
А кветку сарву і па кожнай з трох мордаў – шыпамі!
Магчыма, скалечу. Прынамсі, – на доўгую памяць…
Дума князя Вячкі
Пераклад са старажытнарускай, фрагмент
Ня ўсё дазваляе сабе фанабэрысты Ордэн –
Вялікае княства яшчэ не дарэшты сапсела.
І ўсё-ткі часьцей за абліччы варожыя морды
Я бачу навокал. І страшна. Хоць кажуць, што сьмелы.
Паўсюдна шчыруюць віжы – вочы й вушы магістра.
Чарговая чаша тугіх ланцугоў не здымае
З палоннай душы. Вецер Поўначы пахне нячыста.
Час дзіды вастрыць – хутка будзе “хрысьціцеляў” зграя…
Мядзьведзяня
Вялікая Мядзьведзіца
стаіць перад дзьвярыма пад’езда.
Нарэшце, вылажу, і яна,
усьцешаная,
аблізвае мой твар
колкім языком верасьнёўскага ветру.
Зачакалася.
…ня маючы іншай долі,
нырнуў у зорную цемру поўначы
і плыву на Поўнач
за кароткім вясёлым хвастом
прыёмнай маці…
г. Клецак,
канец 2008.