12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ігар Канановіч

_____________________
Крочу далей.
Вершы


Накцюрн

Ноч патушыла
радыёстанцыі
чалавечых свядомасцей,
і мне лягчэй лунаць
у чорным,
халодным небе –
нішто не збівае з панталыку
прыборы навігацыі…

Ноч дабраславіла
мае камуфляжныя
хмурныя крылы
на ўвесь тэрмін
свайго панавання.

Зоркі ўверсе
міргаюць зоркам унізе.
Змаўляюцца патаемна
або дражняцца па-сяброўску?

А я паміж імі.
І мне нічога не трэба –
толькі б своечасова
надышоў ранак,
і не скончылася ў гэтае
імгненне
ноч.


На арбіце тваёй

серэнада глыбокага космасу
Б. К.
Я ізноў на арбіце тваёй.
Хоць на дальняй, няпэўнай, і ўсё-ткі…
Год блуканняў пралёг за кармой.
І на смак – ну нічым не салодкі!

Я шукаў па галактыцы рай.
Сустракаў мудрацоў і вар’ятаў.
А цяпер ты мяне сустракай.
Там адно – пекла сто варыянтаў.

Сустракай. Я вярнуўся з жыцця,
Што ламае і душы, і косці.
Ды нясмела, нібыта дзіця,
Стаў наводдаль, чакаю чагосьці…

Але вось што цікава найбольш:
Не збіраўся сюды паварочваць.
Схамянуліся радасць і боль,
Асвяцілася памяць табой,
І адчуў, без малога прарочы,
Покліч. Кінуўшы д’яблам свoй план,
(‘Шчэ паспею прабіцца ў героі)
Залучыў. Зноў – не раб і не пан.
Для радараў тваіх – астэроід…

Я ізноў на арбіце – былой.
Нерашучы, натхнёны і смешны.
Выйду з ценю – хачу быць з табой.
Не саб’еш, не прагоніш, канечне…





Даўні надпіс на сцяне камеры

Хоць лепшых да сумы й турмы
Ты прывяла і зноў гатова –
Жыві, пакуль жывыя мы –
Гучы, зняважаная мова…


Вяртанне з 90-х

Жыццём знявечана сумленне.
Паганы лёс? Паганы час?
Не стаў падонкам, тым не меней.
І вось вяртаюся да вас –
Не паламаных ураганам.
І ў гэтым – лепшых за мяне.
Пакуль душа гаіла раны,
У спрэчках з болем разумнеў…

Збіраў здароўе, як калоссе
Пасля шалёнага жніва.
На цернях сэрца засталося,
Насіла “кулю” галава…

А мне заўжды лягчэй быць шчырым
(Наівам кпіны выклікаў).
Народжаны Святлом і Мірам,
Вяртаюся. Я так сказаў.


Граната

Б. К.
Прыходзіць не пяшчота, а самота.
Ізноў усплыў тапелец-успамін…
Няхай цябе кахае адзінота,
Калі да сёння курчуся адзін!

Гранату-смс напоўніў болем,
І пстрыкае, выходзячы, чака…
“Няхай цябе чакае твая доля,
Як я цябе, каханая, чакаў!”


“Стопудовая” місія

Цяжка быць
“стопудовым паэтам”.
Звонку –
ганаровая місія.
А насамрэч –
адчуваецца кожны пуд,
і кожны пуд
налягае па-свойму…


Дыверсія

Б. К.
Сакавік затрымаў зіму.
Звонкі холад заліў прастору.
І гадаюць усе – чаму?
Хоць і сонейка – у гуморы.

Людзям клопат. А мне на смех.
Бо квітнела душа зімою.
Вось і люба – зноў бачыць снег.
Шчасце ціхае зноў са мною…

На спатканні намысліў так:
“Плыткі сэнс у дзявочым слове!..”
І сказаў табе, што вядзьмак,
А зіму адпушчу пры ўмове…

– Пры якой? – перабіла ты.
Я адразу:
– Табе цікава?
І пачаў “аднаўляць масты”:
– Ну, то слухай, якая справа.

Горкі смак у кахання ёсць.
Разумееш мяне, канечне…
Так, у лёсе тваім я – госць,
Але слодычы хочу грэшнай.

Лыжку мёду… Адзіны раз
Пацалуй – за чаканне тое…
І вясною зальецца час,
Ну, а я адплыву з зімою…

Тры дэкады марнуем свет –
Не даём палыхнуць зялёным.
Гіне радасны першацвет
Пад маўчаннем і пад заклёнам…


Дантэ

Б. К.
Не хачу вяртацца. Не цягні!
Хоць у нетрах полымем каханне…
Нуль, як вынік гэтай мітусні,
Сцяў пятлёй душы маёй дыханне…

Як разведчык, прыйдзе смс.
Адкажу, і зноў ланцуг замкнуты.
Ток пайшоў. Адроджаны працэс,
Можа быць, заслужанай пакуты.

Дзякуй Богу, ведаю ў чым соль
Гэтай дзеі. Хай натхненне кліча.
Я легендай заплачу за боль,
За тваю нязгоду, Беатрычэ…

Прысвячэнне сціплае: “Б. К.”
Восьмы верш адчайнае эскадры.
І нясе штодзённасці рака
Крыгамі былога шчасця кадры…


Набажэнствы

Папрасіў прабачэння
ў мамы
і пакінуў царкву –
стоена збег
ад гнятліва-грувасткага
рэчытатыву бацюшкі…

А сёння
з-пад купала
воблака святла дабраслаўляе
зямную павагу
і ўрачыстую малітоўнасць цішыні
Божай музыкай
на струнах промняў,

хоць святар яшчэ не пачаў…


На крыжы паэзіі

Як гусінае пяро ў атрамант,
акунаю аловак
у хворую на каханне,
а праз гэта
мулкую і пякучую,
душу –

каб на зыходзе сіл
выснаваць:
“Дзякую, Божа!”


Харакіры

Б. К.
…Ты выцякала
з майго сэрца
праз вялікую колькасць
безнадзейных ран.
І на секунду
працяла вусціш:
а што, калі
апошнія кроплі
выведуць за сабой
і сляпое, неразумнае жыццё…

Не.
У вочы
кінуліся фарбы,
вясна кемлівым д’яблам
адразу ж захапіла
вызваленыя пакоі…

А ў выніку харакіры
спакойна ўстаў на ногі
і цвёрда крочу далей.