АСТЭРОІД
Хай вабяць зноў магутных зорак галасы –
Не даспадобы мне сістэм трывалых межы.
Я – астэроід. Я – Сусвету блудны сын.
Я ў вечным пошуку. Жыву, а не залежу…
Непадуладная фантазіі краса
Перада мной. Майго жыцця святая мэта.
Я – астэроід. Валацуга і карсар.
І можа, толькі геніяльная камета
Мяне прымусіла б нядоўга паслужыць.
Але парушыцца чарговая прысяга…
Я – астэроід. Я інакш не ўмею жыць.
І гімнам вольнаму – нянавісць і павага…
Я – астэроід. Незалежны, моцны рух.
Я – скамянелая энергія палёту.
І, гравітацыі чужой парваўшы круг,
Ператвараюся ў свабоды вечнай ноту…
ТЛУМАЧЭННЕ Ў КАБІНЕЦЕ ДЫРЭКТАРА
Разумееце, верш завітаў да мяне нечакана.
Павітаўся радком, запытаў: “Як, нябога, жывеш?”
І тады я адсунуў падручнікі, сшыткі і планы:
Служба службай, а творчасць, вядома, найперш…
І затаньчыў аловак, як п’яны мужык на вяселлі!
Боль, прыгожы і лёгкі, прадаў мае тайны за грош!
Як на провадзе птушкі, вясновыя літары селі
І шчабечуць на сонца: маўляў, каб і заўтра – не горш!
…Адпусціў я сябе (а які чалавек без заганы?).
Пакарайце, Сан Саныч, парушыў службовы статут.
Разумею: у школе галоўнае – выгляд і планы.
Ды не гэта запомняць… Вымова? Распісвацца тут?..
Прадмовы і пасляслоўі кахання
ГАЛОЎНАЕ ЗАДАННЕ
Цяпер маё галоўнае заданне –
Не мераць свет у пошуках карысці,
А выйграць гэту бітву за Каханне –
Цябе забраць у Неглыбокіх Ісцін…
МЕНШ, ЧЫМ АДЗІН
Адступаюць астатнія мары.
Забываюся раптам на іх.
Не хапае цябе і гітары –
Дзвюх такіх для мяне дарагіх!
Я сумую, прыгожа і светла,
На маўклівай сцяжыне гадзін,
Зразумеўшы пад песні паўночнага ветру,
Што без кожнай з вас – менш, чым адзін…
СМЕЛАЕ АБЯЦАННЕ
Я замалю твае грахі
Выдатным паэтычным сола.
І слову столькі дам вагі,
Што нават гук часціцы кволы
Набудзе гонар, глыбіню,
Набудзе бляск і хваляванне.
Малітву страшна разганю
І звод нябёсаў пратараню!
…Яе падхопяць, панясуць
Анёлы, здзіўленыя крыху,
На Міласэрны Божы Суд.
І век, ачышчаны ад ліха,
Аддам табе: “Ну вось – трымай!”
“Адкуль?!” – спытаеш палахліва.
Скажу: “Дзе ўзяў, там больш няма.
Я заплаціў. Красуй шчасліва!..”
Патрабаванне
Чаго ты, любая, скажы?
Зноў дапякаюць успаміны?
Зноў ажываюць міражы,
Што дзень бязлітасны пакінуў?
Пабудзь са мной, загавары.
Слязінку адпусці на волю.
З табою мы, найперш, сябры:
Дзяліся – патрабую долю!
ТЭАРЭМА
Чым ты станеш, пачуццяў сума?
Зноў маячыць адмоўны лік…
Без увагі пяшчотнай – сумна.
Сам – спакойны. А ў песнях – крык…
Тэарэма Кахання стыне.
Але гэта не абміне…
Зноў лірычныя велічыні
Разбягаюцца ад мяне…
ТРЫ ГАДЫ
Тры гады: ты ёсць, але няма.
Тры гады вясна ламае крылы.
Тры гады: зіма! зіма! зіма!
Тры гады: надзей маіх магілы…
Тры гады: няўжо, самападман?
Тры гады: душой, прынамсі, верны…
Тры гады: манеўры і таран.
Тры гады – прысуд неміласэрны!..