12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Рышард Капусьцінскі

_____________________
Шахіншах

Пераклад
з польскай
Яўгена
САЛЕЙЧУКА



Паперы, твары, палі кветак
Дарагі Божа,
я хацеў бы, каб не было зла...
Дэббі, “Лісты дзяцей да Пана Бога”, Выд. Pax, 1978)

Усё ў такім беспарадку, быццам хвіліну таму паліцыя скончыла гвалтоўны і нярвовы ператрус. Паўсюль ляжаць раскіданыя газеты, стосы мясцовых і замежных газетаў, сьпецыяльныя выпускі, вялікія загалоўкі, што кідаюцца ў вочы:
ВЫЛЕЦЕЎ
і вялікі здымак худога, выцягнутага твару, на якім бачна засяроджанае напружаньне, каб не паказаць ні нерваў, ні паразы; твару з настолькі ўпарадкаванымі рысамі, што ён ужо нічога не адлюстроўвае. А побач экземпляры іншых сьпецыяльных выпускаў, з пазьнейшай датай, якія ліхаманкава і трыумфальна паведамляюць, што:
ВЯРНУЎСЯ
і ніжэй, на ўсю старонку, здымак патрыярхальнага твару, суворага і закрытага, без ніводнага жаданьня выказаць што-небудзь.
(А паміж тым адлётам і вяртаньнемякія эмоцыі, які ж напал, колькі гневу і небясьпекі, колькі пажараў!)
На кожным крокуна падлозе, на крэслах, на століку, на пісьмовым сталераскіданыя аркушы, шматкі паперы, нататкі, запісаныя пасьпешна і настолькі бязладна, што цяпер сам мушу задумвацца, адкуль я выпісаў думку: “будзе падманваць вас і абяцаць, але не паддавайцеся падману”, (хто гэта сказаў? калі і каму?)
Альбо чырвоным алоўкам на ўвесь аркуш: “Абавязкова патэлефанаваць 64-12-18” (а мінула ўжо столькі часу, што я не магу прыгадаць сабе, чый гэта тэлефон і чаму ён быў тады настолькі важны).
Недапісаныя і неадпраўленыя лісты. Стары! Давялося б доўга распавядаць пра тое, што я тут бачыў і перажыў. Аднак мне цяжка ўпарадкаваць адчуваньне, якое...
Самы вялікі беспарадак пануе на вялікім круглым стале: фотаздымкі розных фарматаў, магнітафонныя касеты, аматарскія васьміміліметровыя стужкі, бюлетэні, фотакопіі ўлётакусё нагрувашчана, перамешана як на блышыным рынку, бяз ладу і складу. А яшчэ плакаты і альбомы, кружэлкі і кніжкі, сабраныя, падараваныя людзьмі, усе дакументы таго часу, які толькі што мінуў, але які яшчэ можна пачуць і ўбачыць, бо ён зафіксаваны тут: на кінастужцыплывуць узбуджаныя рэкі людзей; на касетахплач муэдзінаў, крыкі камандаў, размовы, маналогі; на здымкахтвары ў стане запалу, у экстазе.
Цяпер ад адной думкі, што трэба пачаць усё ўпарадкоўваць (бо набліжаецца дзень майго адезду), мяне ахоплівае нежаданьне і бязьмежная стома. Шчыра кажучы, калі я жыву ў гатэлі, што здараецца са мной вельмі часта, мне заўсёды падабаецца, каб у пакоі панаваў беспарадак, бо ён стварае адчуваньне нейкага жыцьця, замяняе інтымнасьць і цяпло, зьяўляецца доказам таго (што праўда ілюзорным, але ўсё ж такі), што такое чужое і няўтульнае месца, якім па сваёй прыродзе зьяўляецца кожны пакой у гатэлі, хоць часткова зрабілася заваяваным і прыручаным. У педантычна прыбраным пакоі я адчуваю сябе здранцьвелым і самотным, на мяне ціснуць усе простыя лініі, канты мэблі, паверхні сьценаў, мяне разьбівае ўся гэта абыякавая і халодная геаметрыя, усё гэтае цяжкае і скрупулёзнае разьмяшчэньне, якое існуе нібыта самое для сябе, бяз сьледу нашай прысутнасьці. На шчасьце, ужо праз некалькі гадзінаў пражываньня, пад уплывам маёй дзейнасьці (зрэшты несьвядомай, якая вынікае або ад сьпешкі або ад ляноты), увесь засьпеты парадак распадаецца і зьнікае, усе рэчы ажываюць, пачынаюць пераносіцца з месца на месца, уваходзіць кожнага разу ў новыя суадносіны і сувязі, робіцца цесна і мудрагеліста, і праз гэта больш прыхільна і нязмушана. Можна ўздыхнуць і ўнутрана расслабіцца.
Аднак пакуль я не магу сабраць столькі сілаў, каб нешта крануць у гэтым пакоі, таму я іду ўніз, дзе ў пустым, панурым холе чатыры мала­дзёны пюць гарбату і гуляюць у карты. Яны захопленыя нейкай складанай гульнёй, правілы якой я ніяк не магу зразумець. Гэта ні брыдж, ні покер, ні ачко, ні зыхлік. Гуляюць адначасова двума калодамі, маўчаць, у пэўны момант адзін з іх з задаволеным выразам твару забірае ўсе карты. Потым лёсуюць, раскладваюць на століку дзясяткі картаў, задумваюцца, нешта падлічваюць, падчас лічэньня распачынаюцца спрэчкі.
Гэтыя чатыры асобы (абслуга рэцэпцыі) жывуць з мяне, я іх утрымліваю, бо ў гэтыя дні я адзіны жыхар гатэлю. Апроч іх я ўтрымліваю таксама прыбіральшчыц, кухараў, кельнераў, прачак, вартаўнікоў і садоўніка і, думаю, што яшчэ пару іншых асобаў і іх семяў. Не хачу сказаць, што калі б я марудзіў з аплатай, гэтыя людзі памерлі б з голаду, але на ўсялякі выпадак я стараюся своечасова ўпарадкоўваць мае рахункі. Яшчэ некалькі месяцаў таму здабыцьцё пакою ў гэтым горадзе было подзьвігам, шчасьлівым білетам, выграным у латарэю. Нягледзячы на вялікую колькасьць гатэляў, рух быў такі, што прыезджыя былі вымушаныя здымаць ложкі ў прыватных шпіталях, абы знайсьці нейкі прытулак. Але цяпер скончыліся інтарэсы, скончыліся лёгкія грошы і ашаламляючыя пагадненьні, мясцовыя бізнэсмены ўвішна пахавалі галовы, а замежныя партнёры выехалі ў паніцы, пакідаючы ўсё. Раптам замёр турызм, спыніўся ўсялякі міжнародны рух. Частка гатэляў была спаленая, іншыя зачыненыя, або стаяць пустыя, у адным партызаны арганізавалі свой штаб. Горад сёньня заняты сабой, яму не патрэбныя чужынцы, не патрэбны сьвет.
Карцёжнікі спыняюць гульню, хочуць пачаставаць мяне гарбатай. Тут пюць толькі гарбату альбо ёгурт, ня пюць кавы і нічога з алкаголю. За ўжываньне алкаголю можна атрымаць сорак бізуноў, нават шэсьцьдзясят, а калі пакараньне выконвае моцны асілак (звычайна такія найбольш ахвотна бяруцца за бізун), дык ён зробіць на сьпіне неблагую ятку. Таму мы сёрбаем гарачую гарбату і глядзім у другі канец холу, дзе пад вакном стаіць тэлевізар.
На экране тэлевізара зьяўляецца твар Хамейні.
Хамейні прамаўляе, седзячы на простым драўляным фатэлі, які стаіць на зьбітым з дошак памосьце, недзе на адной з плошчаў беднага (мяркуючы па нізкай якасьці пабудоваў) раёну Кума. Кумгэта невялікі, шэры, пляскаты, нязграбны горад, разьмешчаны ў ста пяцідзесяці кіламетрах на поўдзень ад Тэгерану, на пустыннай, стамляючай, пякельна гарачай зямлі. Здавалася б, што ў гэтым забойчым клімаце нішто не павінна спрыяць разважаньню і сузіраньню, аднак жа Кумгэта горад рэлігійнага фанатызму, зацятай артадаксіі, містыкі і ваяўнічай веры. У гэтай мясцовасьці знаходзіцца пяцьсот мячэтаў і самыя вялікія духоўныя семінарыі, тут вядуць спрэчкі знаўцы Карану і вартаўнікі традыцыяў, тут засядаюць паважныя аяталы, адсюль Хамейні кіруе краінай. Ён ніколі не пакідае Кум, ня езьдзіць у сталіцу, ён наогул нікуды ня езьдзіць, нічога не наведвае, нікому ня робіць візітаў. Раней ён жыў тут з жонкай і пяцьцю дзецьмі ў маленькім дамку на цеснай, пыльнай і душнай вуліцы, дзе пасярод небрукаванай праезнай часткі праходзіла сьцёкавая канава. Цяпер ён перабраўся бліжэй, у дом сваёй дачкі, у якім ёсьць балкон, што выходзіць на вуліцу. З гэтага балкону Хамейні паказваецца людзям, калі яны зьбяруцца гурмою (часьцей за ўсё гэта шчырыя пілігрымы, якія наведваюць мячэты сьвятога гораду і найперш магілу Беззаганнай Фацімы, сястры восьмага імама Рэзы, гэтая магіла недасягальная для іншаверцаў). Хамейні жыве як аскет, харчуецца рыжам, ёгуртам і садавінаю, і жыве ў адным пакоі з голымі сьценамі, бяз мэблі. Там ёсьць толькі пасьцель на падлозе і стос кніжак. Таксама ў гэтым пакоі Хамейні прымае (нават самыя афіцыйныя замежныя дэлегацыі), седзячы на цёплай коўдры, раскладзенай на падлозе, прыхінуўшыся сьпіною да сьцяны. Праз вакно ён мае від на купалы мячэтаў і вялізны падворак медрэсэзакрыты сьвет бірузовай мазаікі, блакітна-зялёных мінарэтаў, прахалоды і ценю. Ручай гасьцей і наведвальнікаў цячэ ўвесь дзень. Калі наступае перапынак, Хамейні адпраўляецца на малітву альбо застаецца ў сябе, каб прысьвяціць час разважаньням альбо просташто натуральна для васьмідзесяцігадовага старцападрамаць. Адзін чалавек, які мае сталы доступ у яго пакойгэта малодшы сын Ахмед, ён таксама як і бацька зьяўляецца духоўнай асобай. Другі сын, першародны, надзея жыцьця, загінуў пры таямнічых абставінах, кажуць што ён быў падступна забіты паліцыяй шаха.
Камера паказвае плошчу запоўненую па самыя краі, галава каля галавы. Паказвае зацікаўленыя і сурёзныя твары. У адным месцы, у баку, стаяць захутаныя ў чадры жанчыны, аддзеленыя ад мужчынаў выразна абазначанай прасторай. Сонца няма, хмурна, колер натоўпу цёмны, а там дзе стаяць жанчынычорны. Хамейні, як заўсёды, апрануты ў цёмнае прасторнае ўбраньне, на галаве чорны турбан. У яго нерухомы бледны твар і сівая барада. Калі ён гаворыць, ягоныя рукі ляжаць на падлакотніках фатэлю, ён не жэстыкулюе. Не нахіляе ні галаву, ні тулава, сядзіць роўна. Часам ён толькі моршчыць высокі лоб і прыўзьнімае бровы, больш ніводзін мускул не зварухнецца на гэтым твары, вельмі рашучым, непахісным твары чалавека вялікай настойлівасьці, рашучай і няўмольнай волі, які ня ведае адступленьняў і нават, магчыма, ваганьняў. На гэтым твары, нібыта сфармаваным аднойчы і назаўжды, нязьменным, які не паддаецца ніякім эмоцыям і настроям, які не выказвае нічога апроч стану напружанай увагі і ўнутранага засяроджаньня, рухаюцца ўвесь час толькі вочы. Іх жывы, праніклівы позірк перасоўваецца па кучаравым моры галоваў, вымярае глыбіню плошчы, аддаленасьць яе берагоў і далей праводзіць свой дэталёвы агляд, нібыта ў настойлівым пошуку кагосьці канкрэтнага. Я чую ягоны голас, манатонны, які мае сплюснуты, аднастайны тэмбр, роўны, павольны рытм, голас моцны, але без узьлётаў, без тэмпераменту, бяз бляску.
Пра што ён гаворыць? – пытаюся я ў карцёжнікаў, калі Хамейні на момант спыняецца і задумваецца над наступным выразам.
Ён кажа, што мы павінны захоўваць годнасьць, – адказвае адзін з іх.
Аператар пераводзіць камеру на дахі навакольных дамоў, дзе стаяць маладыя людзі з аўтаматамі, іх галовы абкручаныя кратчатымі хусткамі.
А зараз што ён кажа? – пытаюся я ізноў, бо не разумею мовы фарсі, на якой прамаўляе аятала.
Ён кажа, – адказвае адзін, – што ў нашай краіне ня можа быць месца для чужых уплываў.
Хамейні прамаўляе далей, усе слухаюць гэта з увагай, на экране бачна, як нехта сунімае дзятву, што стоўпілася вакол памосту.
Што кажа? – ізноў пытаюся я праз момант.
Кажа, што ніхто ня будзе кіраваць у нашым доме, і ня будзе нічога нам навязваць, і кажабудзьце сабе як браты, будзьце адзінствам.
Гэта ўсё, што яны могуць мне сказаць, карыстаючыся няскладнай і ламанай ангельскай. Усе, хто вывучае ангельскую, павінны ведаць, што гэтай мовай усё цяжэй паразумецца ў сьвеце. Таксама ўсё цяжэй паразумецца французскай, і наогул якой-небудзь мовай, што паходзіць з Еўропы. Некалі Еўропа панавала над сьветам, высылаючы на ўсе кантыненты сваіх купцоў, жаўнераў, місіянераў і чыноўнікаў, навязваючы іншым свае інтарэсы і культуру (апошнюю ў праблематычным выглядзе). Нават у самым аддаленым закутку зямлі веданьне еўрапейскай мовы на той час было добрым тонам, яно сьведчыла пра стараннае выхаваньне, а часта было жыцьцёвай неабходнасьцю, падставай для павышэньня і для кареры, ці хоць бы ўмовай, каб нас прымалі за чалавека. Гэтыя мовы вывучалі ў афрыканскіх школах, на іх прамаўлялі ў экзатычных парламентах, іх ужывалі ў гандлі і ў розных установах, у азіяцкіх судах і ў арабскіх кавярнях. Еўрапеец мог падарожнічаць па ўсім сьвеце і адчуваць сябе як дома, паўсюль мог выказваць сваю думку і разумець, што гавораць яму. Сёньня сьвет іншы, на зямной кулі расквітнелі сотні патрыятызмаў, кожны народ хацеў бы, каб яго краіна была толькі ягонай уласнасьцю, арганізаваная паводле родных традыцыяў. Кожны народ цяпер мае вялікія амбіцыі, кожны ёсьць (ці прынамсі хоча быць) вольным і незалежным, высока ацэньвае ўласныя каштоўнасьці і дамагаецца для іх павагі. Можна заўважыць, як на гэтай глебе ўсе сталі адчувальнымі і ўражлівымі. Нават маленькія і слабыя народы (яны, зрэшты, асабліва) не пераносяць, каб іх вучылі і абураюцца супраць тых, хто хацеў бы панаваць над імі і навязваць ім свае каштоўнасьці (часта, сапраўды, сумнеўныя). Людзі могуць захапляцца нечыяй сілай, але жадаюць рабіць гэта на адлегласьці і ня хочуць, каб яна была выпрабаваная на іх. Кожная сіла мае сваю дынаміку, сваю ўладную і экспансіўную тэндэнцыю, сваё грубае нахабства і проста апантаную патрэбу класьці слабых на лапаткі. У гэтым праяўляецца закон сілы, усе ведаюць пра гэта. Але што можа зрабіць слабейшы? Ён можа толькі адгарадзіцца. У нашым перапоўненым і навязьлівым сьвеце, каб абараніцца, каб утрымацца на паверхні, слабейшы вымушаны адасобіцца, стаць убаку. Людзі баяцца, што іх паглынуць, што яны будуць абабраныя, што уніфікуюць іх крокі, твары, погляды і мовы, што іх навучаць аднолькава думаць і рэагаваць, прымусяць праліваць кроў за агульную справу і ўрэшце іх канчаткова вынішчаць. Адсюль іх нязгода і бунт, іх змаганьне за ўласнае існаваньне, а таксама і за ўласную мову. У Сірыі закрылі французскую газету, у Ветнамеангельскую, а цяпер у Іране і французскую, і ангельскую. На радыё і па тэлевізіі ўжываюць ужо толькі сваю мовуфарсі. На прэс-канферэнцыяхтаксама. Будзе арыштаваны той, хто ня здолее прачытаць у Тэгеране надпіс на краме з дамскім адзеньнем: “У гэтую краму ўваход для мужчынаў забаронены пад караю арышту”. Загіне той, хто ня здолее прачытаць надпіс пад Ісфаганам: “Уваход забаронены. Міны!”
Некалі я вазіў па сьвету маленькае кішэннае радыё і, слухаючы мясцовыя станцыі, усё роўна на якім кантыненьце, мог ведаць, што адбываецца на нашай планеце. Цяпер гэтае радыё, такое карыснае раней, стала мне непатрэбным. Калі я кручу ручку, з дынаміка адгукаюцца дзесяць чарговых радыёстанцыяў, якія гавораць на дзесяці розных мовах, з якіх я не разумею ніводнага слова. Тысячу кіламетраў далей, і адгукаюцца дзесяць новых радыёстанцыяў, таксама незразумелых. Можа яны гаворыць пра тое, што грошы, якія ляжаць у маёй кішэні, ад сёньняшняга дня несапраўдныя? Можа кажуць, што распачалася вялікая вайна?
Тое самае з тэлевізіяй.
Ва ўсім сьвеце, кожную гадзіну, на мільёнах экранаў мы бачым бясконцую колькасьць людзей, якія нам нешта гавораць, у нечым пераконваюць, робяць жэсты і грымасы, захапляюцца, усьміхаюцца, ківаюць галовамі, паказваюць пальцам, а мы ня ведаем, пра што гаворка, што яны ад нас хочуць, да чаго заклікаюць. Быццам бы гэта прыхадні з аддаленай планеты, нейкая вялікая армія рэкламных агентаў з Венеры ці з Марсу, а гэта ж нашыя пабрацімы, частка нашага роду, тыя самыя косьці, тая самая кроў, таксама варушаць вуснамі, таксама чуваць іх голас, толькі мы ня можам іх зразумець ні на ёту. На якой мове будзе адбывацца універсальны дыялог чалавецтва? Некалькі сотняў моваў змагаюцца за прызнаньне і вылучэньне, падымаюцца моўныя бареры, узрастае непаразуменьне і глухата.
Пасьля кароткага перапынку (у перапынку паказваюць палі кветак, тут вельмі любяць кветкі, грабніцы іх самых вялікіх паэтаў стаяць у маляўнічых і густых садах) на экране паказваюць фотакартку маладога чалавека. Даносіцца голас дыктара.
Што ён кажа? – пытаюся ў маіх карцёжнікаў.
Ён называе імя і прозьвішча гэтага чалавека. І кажа, кім ён быў.
Потым яшчэ адна фотакартка, і яшчэ. Тут ёсьць здымкі са студэнцкіх білетаў, здымкі ў рамках, здымкі з аўтаматаў, здымкі на тле аддаленых руінаў, адзін здымак сямейны, са стрэлкай у бок ледзьве бачнай дзяўчыны, каб пазначыць, пра каго ідзе гаворка. На кожную фотакартку мы глядзім некалькі хвілінаў, чуецца зачытваемы дыктарам працяглы сьпіс прозьвішчаў.
Бацькі просяць паведаміць пра іх знаходжаньне.
Просяць так ужо некалькі месяцаў, усё яшчэ маючы надзею, якую, мабыць, апроч іх ніхто ня мае. Зьнік у верасьні, у сьнежні, у студзені, гэта значыць у тыя месяцы, калі адбываліся самыя цяжкія баі, калі над гарадамі стаялі высокія і незгасаючыя зарывы. Відаць яны ішлі ў першых шэрагах маніфестацыяў, проста на агонь кулямётаў. Альбо іх падпільнавалі снайперы з навакольных дахаў. Мы можам здагадвацца, што апошні раз кожны з гэтых твараў бачыла вока нейкага жаўнера, які навёў на яго свой цэлік.
Фільм ідзе далей, гэта штодзённая доўгая праграма, падчас якой да нас даносіцца засяроджаны голас дыктара і мы сустракаемся з усё новымі і новымі людзьмі, якіх ужо няма.
Ізноў палі кветак і праз момант наступная частка вечаровай праграмы. Ізноў фотакарткі, але на гэты раз зусім іншых людзей. Часьцей за ўсёгэта старэйшыя спадары, якія маюць занядбаны выгляд, апранутыя абы-як (скамечаныя каўнерыкі, памятыя цікавыя курткі), роспачныя позіркі, запалыя твары, няголеныя, у некаторых ужо павырасталі бароды. У кожнага на шыі вісіць вялікі кавалак кардону з напісаным імем і прозьвішчам. Цяпер, калі зьяўляецца чарговы твар, хто-небудзь з карцёжнікаў кажа: “А, гэта той!” І ўсе ўважліва ўглядаюцца ў экран. Дыктар зачытвае асабістыя дадзеныя і гаворыць пра кожнага, якія злачынствы ён учыніў. Генерал Магамед Занд загадаў страляць у безабаронную дэманстрацыю ў Тэбрызе, сотні забітых. Маёр Гасэйн Фарзін катаваў вязьняў, прыпальваючы ім павекі і вырываючы пазногці. Некалькі гадзінаў таму, інфармуе дыктар, карны атрад ісламскай міліцыі выканаў вынесены ім прысуд трыбуналу.
У холе цяжка і душна падчас гэтага параду добрых і злых непрысутных. Тым больш, што кола сьмерці, якое даўно коціцца, працягвае круціцца далей, выкідваючы сотні наступных фотакартак (ужо бляклых і зусім сьвежых, школьных і турэмных), гэтая працэсія нерухомых, маўклівых твараў, якая пасоўваецца, і час ад часу прыпыняецца, урэшце пачынае настолькі прыгнятаць, але і настолькі ўцягваць, што праз момант мне здаецца, быццам зараз я ўбачу на экране здымкі суседзяў, якія сядзяць побач са мной, а потым і свой уласны здымак, і пачую голас дыктара, які чытае нашыя прозьвішчы.
Я вяртаюся на свой паверх, іду па пустым калідоры і зачыняюся ў сваім закратаваным пакоі. Недзе з глыбіні нябачнага гораду, як звычайна ў гэты час, даносіцца водгульле страляніны. Агонь вядуць рэгулярна, кожную ноч, пачынаючы каля дзявятай, нібыта гэта было ўсталявана старым звычаем ці дамовай. Потым горад змаўкае, а потым ізноў чуваць стрэлы, і нават глухія выбухі. Ніхто гэтым не пераймаецца, ніхто ўжо не зьвяртае ўвагі і не прымае гэта як пагрозу (ніхто, апроч тых, каго наганяюць кулі). З сярэдзіны лютага, калі ў горадзе распачалося паўстаньне, і натоўп разабраў вайсковыя склады, Тэгеран узброены і наэлектрызаваны, пад покрывам ночы на вуліцах і ў дамах разыгрываецца здрадніцкая драма, прытоенае ўдзень падпольле ўзьнімае галовы, замаскаваныя банды выпраўляюцца ў горад.
Гэтыя неспакойныя ночы асуджаюць людзей на прымусовае зьняволеньне ў дамах, зачыненых на ўсе замкі. Каменданцкай гадзіны нібыта і няма, але перасоўваньне па вуліцах пасьля поўначы і да сьвітанку цяжкое і рызыкоўнае. У гэтую пару прытоены і застылы горад знаходзіцца ў руках ісламскай міліцыі або незалежных бандаў. У абодвух выпадках гэта групы добра ўзброеных хлопцаў, якія ўвесь час цэляцца ў нас з пісталетаў, усё выпытваюць, раяцца паміж сабой і, часам, на ўсялякі выпадак, вядуць затрыманых да арышту, адкуль ужо цяжка вызваліцца. Да ўсяго ж мы ніколі ня маем упэўненасьці ў тым, хто запіхвае нас у турму, паколькі ў сустрэтага намі гвалту няма ніякіх распазнавальных знакаў, няма ні мундзіраў, ні шапак, ні павязак, ні значкаў, гэта папросту ўзброеныя цывільныя людзі, уладу якіх мы павінны прызнаць бяз крытыкі і без пытаньняў, калі зацікаўленыя ва ўласным жыцьці. Аднак праз некалькі дзён мы пачынаем арыентавацца і класіфікаваць. Вось гэты элегантны спадар у выхадным гарнітуры, у белай кашулі і старанна падабраным гальштуку, гэты густоўны спадар, які ідзе па вуліцы са шрубоўкай на плячы, безумоўна зьяўляецца міліцыянтам аднаго з міністэрстваў альбо цэнтральнай установы. А хлопец з маскай на твары (ваўняная панчоха нацягнутая на галаву, з выразанымі адтулінамі для вачэй і роту) зьяўляецца мясцовым федайнам, якога нам нельга ведаць ні з выгляду, ні па прозьвішчы. Няма пэўнасьці, хто тыя людзі ў зялёных, амерыканскіх куртках, якія імчацца на аўтамабіле з выстаўленымі праз вакно рулямі аўтаматаў. Можа гэта міліцыянты, а можа адна з апазіцыйных бандаў (рэлігійныя фанатыкі, анархісты, недабіткі Саваку), якія гоняць з самагубнай рашучасьцю, каб учыніць акт сабатажу альбо помсты.
Але ў цэлым нам усё роўна, хто зробіць на нас засаду, і ў чыю пастку (афіцыйную ці нелегальную) мы трапім. Падобныя распазнаваньні нікога не забаўляюць, людзі жадаюць пазьбегнуць неспадзяванак і барыкадуюцца на ноч у сваіх дамах. Мой гатэль таксама зачынены (у гэтую гадзіну ва ўсім горадзе водгукі стрэлаў перамешваюцца са скрыгатаньнем апускаемых жалюзі і шумам бразгаючых брамак і дзьвярэй). Ніхто ня прыйдзе, нічога ня здарыцца. Мне няма з кім пагаварыць, я сяджу сам, у пустым пакоі, праглядаю фотакарткі і нататкі, што ляжаць на стале, слухаю запісаныя на стужку размовы.

Дагератыпы
Дарагі Божа,
ці ты заўсёды ўкладваеш правільныя душы
правільным людзям?
і ніколі не памыляешся, так?
Сіндзі (“Лісты дзяцей да Пана Бога”, Выд. Pax, 1978)

Фотаздымак (1)
Гэта самы стары здымак, які я здолеў здабыць. На ім відаць жаўнера, які ў правай руцэ трымае ланцуг, да ланцуга прыкуты чалавек. Жаўнер і чалавек на ланцугу глядзяць у абектыў вельмі засяроджана, бачна, што для іх гэта важны момант. Жаўнер, стары мужчына нізкага росту, уяўляе з сябе простага і паслухмянага селяніна, на ім завялікі, нязграбна пашыты мундзір, яго штаны моршчацца ў гармонік, вялікая, надзетая набакір шапка абапіраецца на адтапыраныя вушы, увогуле ён выглядае забаўна, нагадвае Швейка. У чалавека на ланцугу (твар худы, бледны, вочы запалыя) галава абматаная бінтам, мусіць ён паранены. Подпіс пад здымкам паведамляе, што гэты жаўнер зьяўляецца дзедам шаха Магамета Рэзы Паглаві (апошняга ўладара Ірану), а гэты параненызабойца шаха Насэр-эд-Дзіна. Такім чынам фотаздымак павінен паходзіць з 1896 году, калі Насэр-эд-Дзін, пасьля сарака дзевяці гадоў панаваньня, быў забіты чалавекам, якога мы бачым на здымку. Дзед і забойца маюць стомлены выгляд, і гэта можна зразумець: цягам некалькіх дзён яны вандруюць з гораду Кум да месца публічнага пакараньняу Тэгеран. Яны млява сунуцца па пустэльнай дарозе, у пякельнай сьпякоце, у духаце распаленага паветра, ззаду жаўнер, а перад ім схуднелы забойца, якога вядуць на ланцугу, як раней розныя цыркачы вадзілі на ланцугу вучонага мядзьведзя, паказваючы ў напатканых мястэчках забаўныя відовішчы, з якіх утрымлівалі і сябе, і зьвера. Дзед і забойца цяпер ідуць змораныя, час ад часу выціраючы пот з ілба, забойца часам скардзіцца на боль параненай галавы, але часьцей яны абодва маўчаць, бо ўрэшце няма пра што гаварыць: забойцазабіў, а дзед вядзе яго на сьмерць. Персія ў тыя часы зьяўляецца краінай прыгнятальнай беднасьці, няма чыгункі, конныя экіпажы мае толькі арыстакратыя, таму гэтыя дзьве асобы з фатаграфіі вымушаныя ісьці да аддаленай мэты, вызначанай прысудам і загадам, пехатою. Часам яны натрапляюць на некалькі гліняных хат, зьнясіленыя і абарваныя сяляне сядзяць, прытуліўшыся да сьцен, бязьдзейныя, нерухомыя. Аднак цяпер, калі яны ўбачылі падыходзячых па дарозе вязьня і канваіра, у іх вачах бліснула зацікаўленасьць, яны ўзьнімаюцца з зямлі і зьбіраюцца вакол запыленых прыхадняў. “А каго гэта вы вядзеце, пане?” – нясьмела пытаюцца яны ў жаўнера. “Каго?” – паўтарае пытаньне жаўнер, і з хвіліну маўчыць, каб выклікаць большы эфект і напружаньне. Нарэшце, паказваючы на вязьня, кажа: “Гэны, то забойца шаха!” У голасе дзеда гучыць непрыхаваная нотка гонару. Сяляне глядзяць на забойцу з сумесьсю жаху і зьдзіўленьня. Праз тое, што ён забіў такога вялікага пана, чалавек на ланцугу здаецца ім, нейкім чынам, таксама вялікім, праз гэтае злачынства ён нібыта ўскосна далучаны да вышэйшага сьвету. Яны ня ведаюць, ці павінны палаць ад абурэньня, ці ўпасьці перад ім на калені. Жаўнер тым часам прывязвае ланцуг да ўкапанага каля дарогі слупка, здымае з пляча шрубоўку (якая настолькі доўгая, што сягае амаль да зямлі) і аддае сялянам загады: яны павінны прынесьці вады і ежы. Сяляне чухаюць галовы, бо ў вёсцы няма нічога есьці, пануе голад. Дадамо, што жаўнер таксама селянін, як і яны, і таксама, як і яны, ня мае ўласнага прозьвішча, у якасьці прозьвішча ён ужывае назву сваёй вёскіСавад-Кугі, але ў яго ёсьць мундзір і шрубоўка, і ён вылучаецца тым, што вядзе забойцу шаха да месца пакараньня, таму, карыстаючыся такім высокім становішчам, ён яшчэ раз загадвае сялянам прынесьці вады і ежы, бо сам адчувае голад, які скручвае яму кішкі, апроч таго, яму нельга дапусьціць, каб чалавек на ланцугу памёр у дарозе ад смагі і зьнясіленьня, бо тады ў Тэгеране трэба было б адклікаць такое незвычайнае відовішча, якім зьяўляецца павешаньне забойцы самога шаха на перапоўненай плошчы. Напалоханыя сяляне, бязьлітасна падганяемыя жаўнерам, нарэшце прыносяць тое, што маюць, чым харчуюцца самі: гэта выкапаныя з зямлі зьвялыя карэньчыкі і сушаную саранчу ў радне. Дзед і забойца сядаюць у ценю, каб падсілкавацца, яны з апетытам хрумстаюць саранчу, выплёўваючы ўбок крылцы, запіваюць вадой, а сяляне назіраюць за імі моўчкі і з зайздрасьцю. Калі набліжаецца вечар, жаўнер выбірае самую лепшую хату, выганяе з яе гаспадароў і пераўтварае яе ў часовую камеру. Ён абкручваецца тым самым ланцугом, да якога прыкуты злачынца (каб той ня ўцёк), абодва кладуцца на гліняную, чорную ад прусакоў падлогу і, змораныя шматгадзінным падарожжам у сьпякоце распаленага дня, правальваюцца ў глыбокі сон. Ранкам яны ўстаюць і выпраўляюцца ў далейшы шлях, да мэты, вызначанай прысудам і загадам, то бок, на поўнач, у Тэгеран, праз тую ж самую пустыню, па той жа дрыготкай сьпякоце, ідучы ва ўсталяваным дагэтуль парадкусьпераду забойца з забінтаванай галавой, за ім матляецца хвост жалезнага ланцуга, які падтрымлівае рукой жаўнер-канваір, і нарэшце ён сам, у такім нязграбна пашытым мундзіры, і з такім забаўным выглядам у сваёй вялікай і крыва накладзенай шапцы, якая ляжыць на адтапыраных вушах, што, калі я першы раз убачыў яго на фотаздымку, адразу падумаў: ён вельмі падобны да Швейка.


Фотаздымак (2)
На гэтым здымку мы бачым маладога афіцэра Брыгады Пярсідскіх Казакаў, які стаіць каля кулямёта, і тлумачыць калегам прынцыпы дзеяньня гэтай сьмяротнай зброі. Паколькі кулямёт на здымку зьяўляецца мадэрнізаванай мадэльлю Максіма 1910 году, фотаздымак таксама павінен паходзіць з таго перыяду. Маладога афіцэра (які нарадзіўся ў 1878 годзе) завуць Рэза Хан і ён сын жаўнера-канваіра, якога мы сустрэлі некалькі гадоў раней у пустыні, калі той вёў на ланцугу забойцу шаха. Параўноўваючы абодва здымкі, адразу зьвяртаем увагу на той факт, што Рэза Хан, у процілегласьць бацьку, зьяўляецца фізічным волатам. Ён, прынамсі, на галаву вышэй за сваіх калегаў, у яго моцная грудная клетка і ён падобны да асілка, які бяз цяжкасьцяў ломіць падковы. Выраз твару ваяўнічы, погляд халодны і праніклівы, шырокія, масіўныя сківіцы, сьціснутыя вусны, няма нават і гаворкі пра, хоць бы лёгкую, усьмешку. На галаве ў яго казацкая папаха з чорнага каракулю, бо, як я ўжо згадваў, ён афіцэр Брыгады Пярсідскіх Казакаў (адзінай арміі, якая ў той час была ў шаха), якой камандуе царскі палкоўнік з Санкт Пецярбургу Усевалад Ляхаў. Рэза Хан улюбёнец палкоўніка Ляхава, які любіць прыроджаных жаўнераў, а наш малады афіцэр з катэгорыі прыроджаных жаўнераў. Ён уступіў у брыгаду чатырнаццацігадовым, непісьменным хлопцам (зрэшты, да канца жыцьця ён ня будзе добра ўмець ні чытаць, ні пісаць), і дзякуючы сваёй паслухмянасьці, дысцыпліне, рашучасьці і прыроджанаму розуму, а таксама дзякуючы таму, што ваенныя называюць камандзірскім талентам, ён паступова падымаецца па прыступках службовай кареры. Аднак значнае прасоўваньне пачынае адбывацца толькі пасьля 1917 году, калі шах падазраючы Ляхава (цалкам беспадстаўна) ў сімпатыі да бальшавікоў, звальняе яго са службы і адпраўляе ў Расею. Цяпер Рэза Хан робіцца палкоўнікам і камандзірам казацкай брыгады, якой з гэтага моманту апякуюцца ангельцы. Брытанскі генерал, сэр Эдмунд Айрансайд, на адным з прыёмаў, стоячы на пальцах, каб дацягнуцца да вуха Рэзы Хана, гаворыць яму: “Палкоўнік, вы чалавек вялікіх магчымасьцяў!” Яны выходзяць у сад, дзе падчас шпацыру генерал падсоўвае яму ідэю дзяржаўнага перавароту і перадае яму дабраславеньне Лондану. У лютым 1921 году Рэза Хан на чале сваёй брыгады ўваходзіць у Тэгеран, арыштоўвае сталічных палітыкаў (зіма, ідзе сьнег, палітыкі скардзяцца на холад і вільгаць у турэмных камерах), потым склікае новы ўрад, у якім ён становіцца ваенным міністрам, а потым прэмерам. У сьнежні 1925 году паслухмяны Канстытуцыйны Сход (які баіцца палкоўніка і ангельцаў, што стаяць за ім) абвяшчае казацкага камандзіра шахам Персіі. З гэтага моманту наш малады афіцэр, якога мы бачым на фотаздымку, калі ён тлумачыць калегам (а на гэтым здымку ўсе апранутыя ў кашулі і папахі) прынцыпы дзеяньня кулямёту Максім, мадэрнізаванай мадэлі 1910 году, будзе звацца шахам Рэза Вялікім, Каралём Каралёў, Ценем Усемагутнага, Намесьнікам Бога і Цэнтрам Сусьвету, а таксама заснавальнікам дынастыі Паглаві, якая пачынаецца ад яго і, згодна з прызначэньнем лёсу, заканчваецца на сыне, які ў такую ж самую халодную, зімовую раніцу, як тая, калі яго бацька здабываў сталіцу і трон, толькі на пяцьдзясят восем гадоў пазьней, пакіне палац і Тэгеран, адлятаючы сучасным рэактыўным самалётам да нязьведанага лёсу.


Фотаздымак (3)
Той, хто з увагай паглядзіць на фотаздымак бацькі і сына з 1926 году, зразумее шмат. На гэтым здымку бацьку сорак восем гадоў, а сынусем. Кантраст паміж імі ва ўсіх адносінах надзвычайны: магутная, рослая постаць шаха-бацькі, які стаіць хмуры, катэгарычны, упіраючыся рукамі ў бокі, а побач, ледзь дасягае яму да пояса кволая, дробная постаць хлопца, які, бледны і зьбянтэжаны, паслухмяна стаіць сьмірна. Яны абодва апранутыя ў аднолькавыя мундзіры і шапкі, маюць аднолькавы абутак і рамяні, і аднолькавую колькасьць гузікаўчатырнаццаць. Гэтая ідэнтычнасьць убраньнязадума бацькі, які хоча, каб сын, такі адрозны па сваёй сутнасьці, наколькі гэта магчыма, нагадваў бы яго як мага больш. Сын адчувае гэты намер і хоць па натуры ён слабы, нерашучы і няўпэўнены ў сабе, любым коштам будзе старацца прыпадобніцца да бязьлітаснай, дэспатычнай асобы бацькі. Ад гэтага моманту ў хлопца пачнуць разьвівацца і суіснаваць дзьве натурыяго ўласная і тая, якую ён пераймае; прыроджаная і бацькоўская, якую ён пачне набываць дзякуючы амбіцыйным намаганьням. Урэшце ён настолькі падпарадкуецца ўплыву бацькi, што, калі праз некалькі гадоў сам сядзе на трон, міжволі (але часта і сьвядома таксама) будзе паўтараць паводзіны таты і нават ужо на схіле свайго кіраваньня спасылацца на яго ўладны аўтарытэт. А пакуль бацька пачынае панаваньне з усёй прыроджанай энергіяй і імпэтам. У яго разьвітае пачуцьцё місіі, і ён ведае, да чаго імкнецца (калі гаварыць яго грубай мовай, ён хоча загнаць цёмны зброд да работы і пабудаваць моцную, сучасную дзяржаву, перад якой усеяк ён кажаад страху клалі б у штаны). У яго прусская, жалезная рука і простыя метады аканома. Стары, дрэмлючы, раскалываны Іран хістаецца ў сваіх падмурках (па яго загадзе Персія адгэтуль завецца Іранам). Ён пачынае ад стварэньня паважнай арміі. Сто пяцьдзясят тысячаў людзей атрымліваюць мундзіры і зброю. Армія, гэта яго любімая справа, яго самая вялікая жарсьць. Армія заўсёды павінна мець грошы, павінна мець усё. Армія загоніць народ у сучаснасьць, у дысцыпліну і паслушэнства. Усе павінны стаяць сьмірна! Ён забараняе насіць іранскія строі. Усе павінны хадзіць у еўрапейскіх гарнітурах! Забараняе насіць іранскія шапкі. Усе павінны хадзіць у еўрапейскіх шапках. Забараняе насіць чадру. На вуліцы паліцыя зьдзірае чадру з перапалоханых жанчын. Супраць гэтых дзеяньняў пратэстуюць вернікі ў мячэтах Мешгеду. Ён высылае артылерыю, якая разбурае мячэты і забівае мяцежнікаў. Загадвае, каб качавыя плямёны аселі. Качэўнікі пратэстуюць. Загадвае атручваць ім студні, асуджаючы іх на галодную сьмерць. Качэўнікі працягваюць пратэставаць, тады ён высылае супраць іх карныя эксьпедыцыі, якія цэлыя акругі пераўтвараюць у бязьлюдныя землі. Па дарогах Ірану плыве шмат крыві. Ён забараняе фатаграфаваць вярблюдаў. Вярблюд, кажа ён, гэта адсталая жывёла. Нейкі мула ў Куме прамаўляе крытычную казань. Шах уваходзіць у мячэт і бе крытыка кіем. Вялікага аяталу Мадрэсі, які ўзьняў голас супраць яго, гадамі трымае закрытым у лёху. Лібералы нясьмела пратэстуюць у газетах. Зачыняе газеты, лібералаў кідае ў турмы. Некалькі з іх загадвае замураваць у вежы. Тыя, каго ён лічыць незадаволеным, у якасьці пакараньня штодня павінны адзначацца ў паліцыі. Нават арыстакраткі млеюць ад страху падчас прыёмаў, калі гэты бурклівы і непрыступны волат паглядзіць на іх суровым позіркам. Рэза Хан да канца захаваў шмат звычак са свайго вясковага дзяцінства і казарменнай маладосьці. Ён жыве ў палацы, але працягвае спаць на падлозе, ходзіць заўсёды ў мундзіры, харчуецца разам з жаўнерамі, з аднаго катла. Свой хлопец! Адначасова ён прагны да зямлі і грошай. Карыстаючыся сваёй уладай ён накоплівае небывалае багацьце. Робіцца самым вялікім феадалам, уладальнікам амаль трох тысячаў вёсак і двухсот пяцідзесяці тысячаў сялянаў прыпісаных да тых вёсак, ён валодае акцыямі фабрыкаў і долямі ў банках, бярэ даніну, лічыць і лічыць, дадае і дадае, дастаткова, каб у яго бліснула вока, калі ён убачыць прыгожы лес, зялёную даліну, урадлівую плантацыю: і той лес, даліна, плантацыя павінны належаць яму. Нястомны, ненасытны ён увесь час павялічвае свае ўладаньні, нагрувашчвае і памнажае сваё шалёнае багацьце. Нікому нельга набліжацца да мяжы, якая вызначае граніцы манаршай зямлі. Аднойчы адбываецца публічнае сьмяротнае пакараньнепа загадзе шаха вайсковы атрад расстрэльвае асла, які, не зважаючы на забароны, зайшоў на луг, што належаў Рэза Хану. На месца экзекуцыі сагналі навакольных сялянаў, каб яны навучыліся шанаваць панскую ўласнасьць. Але побач з жорсткасьцю, хцівасьцю і дзівацтвам, былі ў старога шаха таксама і свае заслугі. Ён уратаваў Іран ад распаду, які пагражаў гэтай дзяржаве пасьля першай сусьветнай вайны. Апроч таго, ён стараўся мадэрнізаваць краіну, будуючы аўтамабільныя дарогі і чыгункі, школы і ўстановы, лётнішчы і новыя раёны ў гарадах. Аднак народ застаўся бедны і апатычны, і калі Рэза Хан адышоў, узрадаваны народ доўга сьвяткаваў гэтую падзею.


Фотаздымак (4)
Славуты здымак, які ў свой час абляцеў сьвет: Сталін, Рузьвельт і Чэрчыль сядзяць у фатэлях, на прасторнай вераньдзе. Сталін і Чэрчыль апранутыя ў мундзіры. Рузьвельт у цёмным гарнітуры. Тэгеран, сонечная сьнежаньская раніца 1943 году. Усе на гэтым здымку выглядаюць спакойна, і гэта нас радуе, бо мы ведаем, што ідзе самая цяжкая ў гісторыі вайна і што выраз твару гэтых людзей зьяўляецца для ўсіх істотнай справай: павінен выклікаць надзею. Фотарэпарцёры заканчваюць працу, і вялікая тройка пераходзіць у залу для прыватнай размовы. Рузьвельт пытаецца ў Чэрчыля, што сталася з уладаром гэтай краіны, шахам Рэза (наколькі, агаворваецца Рузьвельт, я добра вымаўляю гэтае прозьвішча). Чэрчыль паціскае плячыма, гаворыць неахвотна. Шах захапляўся Гітлерам і акружыў сябе ягонымі людзьмі. Па ўсім Іране было поўна немцаўу палацы, у міністэрствах, у арміі. Абвер стаў сілай у Тэгеране, а шах глядзеў на гэта прыхільна, бо Гітлер вёў вайну супраць Англіі і Расеі, а манарх вельмі не любіў Англію і Расею, паціраў рукі, калі войскі Фюрэра ішлі наперад. Лондан баяўся за іранскую нафту, якая была палівам для брытанскага флоту, а Масква апасалася, што немцы высадзяцца ў Іране і пачнуць наступ у раёне Касьпійскага мора. Але найперш гаворка ішла пра трансіранскую чыгунку, па якой амерыканцы і ангельцы хацелі перавозіць зброю і харчы для Сталіна. Шах ня даў згоды на выкарыстаньне гэтай чыгункі, а момант быў драматычны: нямецкія дывізіі ўсё далей пасоўваліся на ўсход. У гэтай сітуацыі саюзьнікі дзейнічаюць рашучау жніўні 1941 году ў Іран увайшлі аддзелы брытанскай арміі і Чырвонай Арміі. Пятнаццаць іранскіх дывізіяў здаліся без асаблівага супраціву, што шах прыняў як неверагодную вестку і перажыў як асабістае прыніжэньне і паразу. Частка яго арміі разышлася па дамах, а частку саюзьнікі зачынілі ў казармах. Шах, пазбаўлены сваіх жаўнераў, перастаў існаваць, з ім перасталі лічыцца. Ангельцы, якія шануюць нават тых манархаў, якія ім здрадзілі, далі шаху ганаровае выйсьценяхай жа Яго Высокасьць пажадае адмовіцца ад улады на карысьць свайго сына, спадкаемца трону. Мы добрай думкі пра яго і забясьпечым яму падтрымку. Але няхай Яго Высокасьць ня думае, што мае якое-небудзь іншае выйсьце! Шах пагаджаецца, і ў верасьні таго ж сорак першага году на трон узьнімаецца яго дваццацідвухгадовы сын Магамед Рэза Паглаві. Стары шах ужо зьяўляецца прыватнай асобай і першы раз у жыцьці апранае цывільны гарнітур. Ангельцы адвозяць яго караблём у Афрыку, у Ёганесбург (дзе ён памірае праз тры гады нуднага, хоць і камфортнага жыцьця, пра якое няшмат можна расказаць). “We brought him, we took him”, – коратка скончыў Чэрчыль (мы яго паставілі і мы яго зьнялі).

З нататак (1)
Я бачу, што ў мяне не хапае некалькі здымкаў, бо я не магу іх адшукаць. У мяне няма фатаграфіі апошняга шаха з перыяду яго раньняй маладосьці. Няма здымку з 1939 году, калі ён вучыўся ў афіцэрскай школе ў Тэгеране: яму спаўняецца дваццаць гадоў і бацька дае яму чын генерала. У мяне няма здымку яго першай жонкіФаўзіі, калі яна купаецца ў малацэ. Так, Фаўзія, сястра караля Фарука, вельмі прыгожая дзяўчына, купалася ў малацэ, але князёўна Ашраф, сястра-блізьнец маладога шаха і, як гавораць, – яго злы дух, яго чорнае сумленьне, падсыпала ёй у ванну едкія парашкі: вось, адзін з палацавых скандалаў. Затое ў мяне ёсьць фотаздымак апошняга шаха ад 16 верасьня 1941 году, калі ён прымае бацькоўскі трон як шах Магамед Рэза Паглаві. Ён стаіць у парламенцкай зале, худы, у парадным мундзіры, з шабляю на баку, і чытае з паперкі тэкст прысягі. Гэты здымак паўтараўся ва ўсіх альбомах прысьвечаных шаху, а іх былі дзясяткі, калі ня сотні. Ён вельмі любіў чытаць кніжкі пра сябе і глядзець альбомы, якія выдаваліся ў ягоны гонар. Ён вельмі любіў адкрываць свае помнікі і свае партрэты. Не было ніякіх праблемаў з тым, каб убачыць выяву шаха. Дастаткова было стаць у адвольным месцы і расплюшчыць вочы: шах быў паўсюль. Паколькі ён не вылучаўся высокім ростам, фатографы мусілі настаўляць абектыў так, каб на здымку ён здаваўся самым высокім сярод прысутных. Ён дапамагаў ім у гэтых стараньнях тым, што хадзіў у абутку на высокіх абцасах. Падданыя цалавалі яго ў боты. У мяне ёсьць такі здымак, калі яны ляжаць перад ім і цалуюць яго боты. Але ў мяне няма фатаграфіі яго мундзіра з 1949 году. Гэты мундзір, прабіты кулямі і заліты крывёй, быў выстаўлены ў шкляной вітрыне афіцэрскага клуба ў Тэгеране, як рэліквія, як напамін. Шах быў апрануты ў яго, калі адзін малады чалавек, які прыкідваўся фотарэпарцёрам, скарыстаў пісталет, умантаваны ў фотаапарат, выпусьціў у яго чаргу стрэлаў, цяжка параніўшы манарха. Падлічваюць, што на яго жыцьцё было пяць замахаў. З гэтай прычыны ўтварылася такая атмасфера пагрозы (зрэшты рэальнай), што ён быў вымушаны рухацца акружаны натоўпам паліцыянтаў. Іранцаў нервавала тое, што часам ладзіліся імпрэзы з удзелам шаха, на якія, з меркаваньняў бясьпекі, запрашалі толькі іншаземцаў. Яго суайчыньнікі зьедліва казалі, што ён перасоўваўся па сваёй краіне амаль выключна самалётам ці шрубалётам, што глядзеў на сваю краіну толькі з вышыні палёту, з гэтай зручнай, нівелюючай кантрасты персьпектывы. У мяне няма ніводнай фатаграфіі Хамейні з даўнейшых часоў. Хамейні зьяўляецца ў маёй калекцыі адразу як старац, быццам ён быў чалавекам, які ніколі ня меў ні маладосьці, ні сталасьці. Тутэйшыя фанатыкі вераць, што Хамейні той самы дванаццаты імам, Спадзяваны, які зьнік у дзявятым стагоддзі, і цяпер, калі мінула больш за тысячу гадоў, вярнуўся, каб выбавіць іх ад бяды і перасьледаў. Гэта даволі парадаксальна, але той факт, што на здымках мы бачым Хамейні адразу старым чалавекам, мог бы пацьвердзіць гэтую ілюзорную веру.


Фотаздымак (5)
Можна меркаваць, што гэта самы вялікі дзень у доўгім жыцьці док­тара Масадэга. Доктар пакідае парламент на плячах радаснага на­тоўпу. Ён усьміхаецца, правай рукой, выцягнутай угору, ён вітае людзей. Тры дні таму, 28 красавіка 1951 году, ён стаў прэмерам, а сёньня парламент ухваліў яго праект закону пра нацыяналізацыю нафты. Самы вялікі скарб Ірану стаў уласнасьцю народу. Трэба адчуць атмасферу той эпохі, бо сьвет з таго часу вельмі зьмяніўся. У тыя гады наважыцца на падобны ўчынак, які зьдзейсьніў Масадэг, было тое самае, што раптоўна, нечакана скінуць бомбы на Лондан ці Вашынгтон. Псіхалагічны эфект быў такі самышок, страх, гнеў, абурэньне. Недзе там, у нейкім там Іране, нейкі там стары адвакат і, безумоўна, непрадказальны дэмагог замахнуўся наАнгла-Іраніян” – апору нашай імперыі! Нечувана і, што найбольш важна, недаравальна! Каланіяльная ўласнасьць была сапраўды сьвятой, была недатыкальным табу. Але ў той дзень, узьнёслы настрой якога адлюстраваны на ўсіх тварах, якія мы бачым на фатаграфіі, іранцы яшчэ ня ведаюць, што яны ўчынілі злачынства і будуць вымушаныя адпакутаваць балеснае пакараньне. Пакуль увесь Тэгеран перажывае гадзіны радасьці, перажывае вялікі дзень ачышчэньня ад чужога і ненавіснага мінулага. Нафтагэта нашая кроў! Атмасфера гораду перадаецца таксама і палацу, і шах ставіць свой подпіс пад актам нацыяналізацыі. Гэта момант усеагульнага братаньня, рэдкі момант, які хутка стане ўспамінам, бо згода ў нацыянальнай сямі будзе працягвацца нядоўга. Адносіны паміж Масадэгам і абодвума шахамі Паглаві (бацькам і сынам) ніколі ня складваліся добра. Масадэг быў чалавекам французскай мысьліцельнай фармацыі, быў лібералам і дэмакратам, верыў у такія інстытуцыі, як парламент і вольная прэса, і смуткаваў з-за таго, што яго радзіма знаходзілася ў залежным стане. Ужо ў гады першай сусьветнай вайны, вярнуўшыся з вучобы ў Еўропе, ён становіцца членам парламенту і з гэтай трыбуны змагаецца з карупцыяй і лёкайствам, з жорсткасьцю ўлады і з прадажнасьцю эліты. Калі Рэза Хан зьдзяйсьняе пераварот і накладвае карону шаха, Масадэг выступае супраць яго з усёй запальчывасьцю, лічыць яго чынушам і ўзурпатарам і, на знак пратэсту, выходзіць з парламенту і адмаўляецца ад публічнага жыцьця. Пасьля падзеньня Рэзы Хана перад Масадэгам і людзьмі яго складу адкрываецца вялікі шанец. Малады шах зьяўляецца чалавекам, якога ў той перыяд больш цікаваць забавы і спорт, чым палітыка, такім чынам існуе магчымасьць стварыць у Іране дэмакратыю і здабыць для краіны поўную незалежнасьць. Сілы Масадэга настолькі вялікія, а яго лозунгі настолькі папулярныя, што шах адыходзіць на другі план. Ён гуляе ў футбол, лятае сваім прыватным самалётам, ладзіць балі-маскарады, разводзіцца і жэніцца, езьдзіць у Швейцарыю катацца на нартах. Шах ніколі ня быў папулярнай асобай, і кола людзей, з якімі ён трымаў больш блізкія кантакты, мела абмежаваны характар. Цяпер у гэтым коле, у першую чаргу, знаходзяцца афіцэры, апора палацу. Старэйшыя афіцэры, якія яшчэ памятаюць прэстыж і моц арміі, што былі ў гэтага інстытуту ў часы шаха Рэзы, і маладыя афіцэры, калегі новага шаха з ваеннай школы. І адных, і другіх непрыемна ўражвае дэмакратызм Масадэга і ўведзенае ім кіраваньне вуліцы. Але на баку Масадэга ў той час стаіць постаць з самым высокім аўтарытэтамаятала Кашані, а гэта значыць, што стары доктар мае за сабой увесь народ.

Фотаздымак (6)
Шах і яго новая жонка Сарая Эсфандзіяры ў Рыме. Але гэта не вясельнае падарожжа, ня радасная і бесклапотная прыгода ўдалечыні ад турботаў і руціны штодзённага жыцьця, не, гэта іх уцёкі з краіны. Нават на гэтым пастановачным здымку трыццацічатырохгадовы шах (у сьветлым, двухбортным гарнітуры, малады, загарэлы) ня можа схаваць раздражненьня. Аднак таму цяжка зьдзіўляцца, у гэтыя дні вырашаецца яго манаршы лёсён ня ведае, ці вернецца на сьпешна пакінуты трон, ці будзе весьці жыцьцё блукаючага па сьвету эмігранта. Сарая ж, кабета незвычайнай, хоць і халоднай прыгажосьці, дачка правадыра племені Бахціяраў і аселай у Іране немкі, выглядае больш стрыманай, па яе твары цяжка нешта прачытаць, тым больш, што вочы яна засланіла цёмнымі акулярамі. Учора, сямнаццатага жніўня 1953 году, яны прыляцелі сюды з Ірану на ўласным самалёце (якім кіраваў сам шахгэты занятак заўсёды здымаў яму напружаньне) і затрымаліся ў найлепшым гатэліЭксельсіёр”, у якім цяпер таўкуцца дзясяткі фотарэпарцёраў у чаканьні кожнага зьяўленьня імператарскай пары. Рым, у гэтую летнюю пару вакацыяўгорад поўны турыстаў, на італьянскіх пляжах пануе таўкатня (менавіта зараз у моду ўваходзіць бікіні). Еўропа адпачывае, наведвае курорты, помнікі старадаўнасьці, харчуецца ў добрых рэстаранах, вандруе па гарах, разьбівае намёты, набіраецца сілаў і здароўя на восеньскія халады і сьнежную зіму. Між тым у Тэгеране няма ні моманту супакою, ніхто ня думае пра адпачынак, бо ўжо пахне порахам і чуваць, як востраць нажы. Усе гавораць, што нешта павінна адбыцца, што адбудзецца напэўна (усе адчуваюць цяжкі ціск загусаючага паветра, якое прадказвае блізкі выбух), але пра тое, хто пачне і як, ведае толькі жменька кансьпіратараў. Скончыліся два гады кіраваньня доктара Масадэга. Доктар, якому ўжо даўно пагражае замах (супраць яго робяць змову дэмакраты і лібералы, як людзі шаха, так і фанатыкі-ісламісты), перабраўся са сваім ложкам, валізкай з піжамамі (ён меў звычку выконваць службовыя абавязкі ў піжаме) і торбай з багатым запасам лекаў у парламент, дзе, на яго думку, было найбольш бясьпечна. Тут ён жыве і працуе, не выходзячы з будынку, зломлены ўжо да такой ступені, што тыя, хто бачыў яго ў гэтыя дні, зьвярнулі ўвагу на сьлёзы ў яго вачах. Усе спадзяваньні падманутыя, усе яго разьлікі аказаліся памылковымі. Ён выгнаў ангельцаў з нафтавых раёнаў абвяшчаючы, што кожная краіна мае права на ўласныя багацьці, але забыўся, што сіла мацней за права. Захад абвясьціў блакаду Ірану і байкот іранскай нафце, якая стала забароненай на рынках. Масадэг разьлічваў, што ў спрэчцы з Англіяй яго праўду прызнаюць амерыканцы, і што яны памогуць яму. Але амерыканцы не працягнулі яму рукі. Іран, у якога апроч нафты мала што ёсьць на продаж, стаў на мяжы банкруцтва. Доктар піша ліст за лістам да Айзенхаўэра, зьвяртаецца да яго сумленьня і розуму, але лісты застаюцца без адказу. Айзенхаўэр падазрае яго ў камунізьме, хоць Масадэг незалежны патрыёт і праціўнік камуністаў. Але ніхто ня хоча слухаць яго тлумачэньняў, бо ў вачах магутных гэтага сьвету патрыёты слабых краінаў выглядаюць падазрона. Айзенхаўэр ужо размаўляе з шахам, разьлічвае на яго, аднак шаха байкатуюць у сваёй краіне, ён здавён не выходзіць з палацу, перажывае страх і дэпрэсію, баіцца, што разгойданая і раззлаваная вуліца пазбавіць яго трону, ён гаворыць сваім блізкімусё страчана! Усё страчана! Ён вагаецца, ці слухаць яму набліжаных да палацу афіцэраў, якія радзяць устараніць Масадэга, калі ён жадае ўратаваць манархію і армію (Масадэг настроіў супраць сябе вышэйшых афіцэраў, бо апошнім часам звольніў дваццаць пяць генералаў, абвінаваціўшы іх у здрадзе радзіме і дэмакратыі). Шах доўга ня можа наважыцца на які-небудзь канчатковы крок, што да рэшты спаліць і так ужо кволыя масты паміж ім і прэмерам (яны абодва ўблытаныя ў барацьбу, якую немагчыма вырашыць палюбоўна, паколькі гэта канфлікт паміж прынцыпам адзінаўладдзя, які прадстаўляе шах, і прынцыпам дэмакратыі, які абвяшчае Масадэг). Можа шах таму ўвесь час марудзіць, што адчувае нейкую павагу да старога доктара, а можа, проста не наважваецца абявіць яму вайну, бо няўпэўнены ў сабе і ў яго няма волі да нязломнай дзейнасьці. Можа, яму хацелася б, каб усю гэтую балючую і нават жорсткую аперацыю зрабілі за яго іншыя. Яшчэ не прыняўшы ніякага рашэньня, і ўвесь час раздражнёны, ён выяжджае з Тэгерану ў сваю летнюю рэзідэнцыю на Касьпійскім моры, у Рамсар, дзе ўрэшце падпіша прэмеру прысуд. Але калі акажацца, што першая спроба расправы з доктарам заўчасна выйшла на дзённае сьвятло і скончылася паразай палацу, шах, не чакаючы далейшага (а як паказалі факты, шчасьлівага для яго) разьвіцьця падзеяў, уцякае са сваёй маладой жонкай у Рым.


Фотаздымак (7)
Здымак выразаны з газеты, але няўважліва, так нядбайна, што адсутнічае подпіс. На здымку бачны помнік вершніку на кані, які стаіць на высокім пастаменьце з граніту. Вершнік, які мае геркулесаўскую фігуру, зручна сядзіць у сядле, левую руку трымае пакладзенай на луку, а правай паказвае перад сабой нейкую мэту (праўдападобна паказвае будучыню). Вакол шыі вершніка завязаны трос. Другі падобны трос абвівае шыю каня. Грамада мужчынаў, якія стаяць у скверы пад помнікам, цягне абодва тросы. Усё адбываецца на плошчы запоўненай натоўпам людзей, якія ўважліва назіраюць за мужчынамі; тыя, павіснуўшы на тросах, стараюцца пераадолець супраціўленьне, якое аказвае цяжкая, масянжовая глыба манументу. Фотаздымак зроблены ў той момант, калі тросы нацягнутыя як струны, а вершнік і конь ужо так нахіленыя набок, што праз хвіліну абрынуцца на зямлю. Міжвольна задумваешся, ці здолеюць адскочыць тыя, хто з такой цяжкасьцю і самаахвярнасьцю цягне тросы, тым больш што ў іх мала месца, бо вакол скверу тоўпяцца дакучлівыя разявакі. На гэтым здымку паказанае разбурэньне помніка аднаму з шахаў (бацьку ці сыну) у Тэгеране, ці ў іншым іранскім горадзе. Аднак цяжка акрэсьліць, з якога году паходзіць гэты фотаздымак, бо помнікі абодвух шахаў Паглаві разбураліся некалькі разоў, гэта значыць заўсёды, як толькі ў народу зьяў­лялася такая магчымасьць. Таксама і цяпер, калі людзі даведаліся, што шах зьнік з палацу і схаваўся ў Рыме, яны выйшлі на плошчу і разбурылі помнікі дынастыі.


Газета (1)
Інтэрвю з разбуральнікам помнікаў шаха, якое зрабіў рэпарцёр тэгеранскай газетыКайган”:
Галям, у вашым раёне вы здабылі сабе славу разбуральніка помнікаў, і вас нават лічаць, свайго роду, ветэранам у гэтай справе.
Гэта праўда. Першы раз я разбураў помнікі яшчэ старога шаха, гэта значыць бацькі Магамеда Рэзы, калі ён сышоў у сорак першым годзе. Помню, што ў горадзе была вялікая радасьць, калі разышлася вестка пра адыход старога шаха. Усе адразу кінуліся разбураць яго помнікі. Я быў тады маладым хлопцам і дапамагаў бацьку, які, разам з суседзямі, разбураў помнік, што Рэза Хан паставіў сабе ў нашым раёне. Можна сказаць, што гэта быў мой баявы хрост.
Ці вас за гэта перасьледвалі?
Тады яшчэ не. Гэта былі гады, калі пасьля адыходу старога шаха нейкі час была свабода. У маладога шаха на той час не было столькі сілы, каб дыктаваць сваю ўладу. Каму было нас перасьледваць? Усе выступалі супраць манархіі. Шаха падтрымлівала толькі частка афіцэраў і, натуральна, амерыканцы. Потым учынілі пераварот, закрылі нашага Масадэга, пастралялі ягоных людзей, а таксама камуністаў. Шах вярнуўся і ўсталяваў дыктатуру. Гэта было ў 1953 годзе.
Ці памятаеце пяцьдзясят трэці год?
Вядома, што памятаю, гэта ж быў вельмі важны год, бо тады кончылася дэмакратыя, і пачаўся рэжым. Ва ўсялякім выпадку прыгадваю, як радыё паведаміла, што шах уцёк у Еўропу. І калі людзі пачулі гэта, рушылі на вуліцы, і пачалі разбураць помнікі. Тут мушу дадаць, што малады шах ад самага пачатку ставіў помнікі і бацьку, і сабе, таму за тыя гады трохі сабралася для разбурэньня. Мой бацька да таго часу ўжо памёр, але я быў дарослы і ўпершыню выступіў як самастойны разбуральнік.
І што, вы разбурылі ўсе яго помнікі?
Так, гэта была чыстая работа. Калі шах вярнуўся пасьля перавароту, не было ніводнага помніка Паглаві. Але ён адразу нанова пачаў ставіць помнікі бацьку і сабе.
Гэта значыць: тое што вы разбураліён адразу ставіў, тое што ён ставіўвы ізноў разбуралі і так па крузе?
Сапраўды, так было, гэта праўда. Можна сказаць, што ў нас апускаліся рукі. Мы разбуралі адзінён ставіў тры, мы разбуралі трыён ставіў дзесяць. Усяму гэтаму не было відаць канца.
А потым, пасьля пяцьдзясят трэцяга году, калі вы ізноў разбуралі?
Мы зьбіраліся зрабіць гэта ў шэсьцьдзясят трэцім, гэта значыць падчас паўстаньня, якое распачалося пасьля таго, як шах закрыў Хамейні. Але шах адразу ж распачаў такую расправу, што мы нічога ня здолелі разбурыць і мусілі схаваць вяроўкі назад.
Я так разумею, што для гэтай мэты ў вас былі сьпецыяльныя вяроўкі?
А як жа! У нас былі моцныя сізалевыя тросы, схаваныя ў прадаўца вяровак на базары. Было не да жартаў, калі б паліцыя трапіла на наш сьлед, нас бы паставілі да сьценкі. У нас усё было прыгатавана да адпаведнага моманту, усё прадумана і адпрацавана. Падчас апошняй рэвалюцыі, гэта значыць у семдзясят дзявятым годзе, уся бяда была ў тым, што за разбурэньне ўзялося шмат аматараў, і таму было шмат няшчасных выпадкаў, бо яны скідвалі помнікі сабе на галовы. Разбурыць помнік ня так лёгка, патрэбны прафесійны падыход і практыка. Трэба ведаць, з чаго ён зроблены, якую мае вагу, якую вышыню, ці ён вакол прывараны, ці злучаны цэментам, у якім месцы зачапіць трос, у які бок разгойдаць фігуру і як яе потым зьнішчыць. Мы гэта апрацоўвалі ўжо ў той момант, калі яны ставілі чарговы помнік шаха. Гэта быў найлепшы выпадак, каб падгледзець, якая канструкцыя ці фігура, пустая ці запоўненая, і самае важнаеяк яна злучаецца з падументам, які ўжылі спосаб, каб прымацаваць помнік.
Вам трэба было прысьвячаць гэтаму шмат часу.
Вельмі шмат! Вы ведаеце, што ў апошнія гады ён ставіў сабе ўсё больш помнікаў. Паўсюль, на плошчах, на вуліцах, на вакзалах, пры дарогах. Апроч таго таксама іншыя ставілі яму помнікі. Хто хацеў атрымаць добры кантракт і пабіць канкурэнтаў, сьпяшаўся, каб першым паставіць яму помнік. Таму шмат помнікаў было тандэтнай работы, і калі надыйшоў час, мы здолелі іх лёгка разбурыць. Але прызнаюся, што ў пэўны момант я пачаў сумнявацца, ці здолеем мы разбурыць такую колькасьць помнікаў. Іх жа былі сотні. І, вядома, мы працавалі не шкадуючы рук. У мяне на руках былі мазалі і пухіры ад вяровак.
Так, вам, Галям, прыпаў цікавы занятак.
Гэта быў не занятак, гэта быў абавязак. Я вельмі ганаруся, што быў разбуральнікам помнікаў шаха. Думаю, што ўсе, хто прымаў удзел у разбурэньні помнікаў, ганарацца гэтым. Тое, што мы зрабілі, бачна кожнаму, усе пастаменты пустыя, а фігуры шахаў былі разьбітыя, альбо ляжаць недзе на падворках.


Кніга (1)
Амерыканскія рэпарцёры Дэвід Уайс і Томас Б. Рос у сваёй кнізе “The Invisible Government” (Лондан, 1965) пішуць:
Няма ніякага сумненьня, што СІА арганізавала і кіравала пераваротам, які прывёў да зьвяржэньня прэмера Магамеда Масадэга і ўтрымаў на троне шаха Магамеда Рэзэ Паглаві. Але няшмат амерыканцаў ведае, што на чале перавароту стаяў агент СІА, які быў унукам прэзідэнта Тэадора Рузьвельта. Гэты чалавекКэрміт Рузьвельтправёў у Тэгеране такую эфектную аперацыю, што яшчэ некалькі гадоў у асяроддзі СІА яго называлі Містэр Іран. У колах гэтага агенцтва хадзіла легенда, што Кэрміт кіраваў замахам на Масадэга, трымаючы пісталет каля скроні іранскага камандзіра танка, калі танкавая калона ўвайшла на вуліцы Тэгерану. Але іншы агент, які добра ведаў, як адбываліся падзеі, акрэсьліў тое апавяданьне яккрыху рамантычнае”, і паведаміў: “Кэрміт кіраваў усёй аперацыяй не з тэрыторыі нашай амбасады, але з аднаго падвалу ў Тэгеранеі дадаў з захапленьнем: “Гэта сапраўды была аперацыя вартая Джэймса Бонда”.
Генерал Фазалла Загэдзі, якога СІА прызначыла на месца прэмера Масадэга, таксама быў постацьцю вартай зрабіцца героем шпегаўскай аповесьці. Гэта быў высокі, прыгожы бабнік, які змагаўся з бальшавікамі, потым ён быў захоплены курдамі, а ў 1942 годзеарыштаваны ангельцамі, якія падазравалі яго ў тым, што ён агент Гітлера. У часе другой сусьветнай вайны ангельцы і расейцы разам акупавалі Іран. Брытанскія агенты, якія закрылі Загэдзі, сьцьвярджаюць, што ў яго спальні знайшлі наступныя рэчы: калекцыю нямецкай аўтаматычнай зброі, ядвабныя дамскія майткі, трохі опіуму, лісты ад нямецкіх парашутыстаў, якія дзейнічалі ў гарах, і ілюстраваны рэестр найбольш пікантных прастытутак у Тэгеране.
Пасьля вайны Загэдзі хутка вярнуўся да публічнага жыцьця. У 1951 годзе, калі Масадэг стаў прэмерам, ён быў міністрам унутраных справаў. Масадэг нацыяналізаваў брытанскую фірмуАнгла-Іраніяні заняў вялікі нафтаперагонны завод у Абадане, у Персідскай затоцы.
Масадэг памяркоўна ставіўся да іранскай камуністычнай партыі Тудэ, таму Лондан і Вашынгтон асьцерагаліся, што расейцы завалодаюць вялікімі нафтавымі запасамі Ірану. Масадэг, які кіраваў краінай, лежачы ў ложку, – ён сьцьвярджаў, што вельмі хворыпарваў з Загэдзі, бо той запрацівіўся паблажліваму стаўленьню да камуністаў. Такой была сітуацыя, калі СІА і Кэрміт Рузьвельт пачалі дзейнічаць, каб скінуць Масадэга і паставіць на гэтую пасаду Загэдзі.
Рашэньне аб зьвяржэньні Масадэга было прынятае брытанскім і амерыканскім урадамі супольна. СІА ацаніла, што аперацыя атрымаецца, бо варункі былі спрыяльнымі. Рузьвельт, якому тады было 37 гадоў, але ён ужо быў ветэранам выведкі, у Іран трапіў нелегальна. Мяжу пераехаў на аўтамабілі, дабраўся да Тэгерану і тут зьнік з вачэй. Ён мусіў зьнікнуць, бо раней не аднойчы наведваў Іран і яго твар быў тут вядомы. Некалькі разоў ён мяняў свае кватэры, каб агенты Масадэга не натрапілі на яго сьлед. Яму дапамагалі пяць амерыканцаў, між іншым агенты СІА з амерыканскай амбасады. Апроч таго з ім супрацоўнічалі некалькі мясцовых агентаў, у тым ліку два высокія службоўцы іранскай выведкі, з якімі ён трымаў сувязь праз пасярэднікаў.
Трынаццатага жніўня шах падпісаў дэкрэт, у якім ён зьнімаў Масадэга і прызначаў прэмерам Загэдзі. Але Масадэг арыштоўвае палкоўніка, які прынёс яму дакумент (гэта быў будучы шэф Саваку, Нематала Насіры). На вуліцы выйшлі натоўпы людзей, каб маніфеставаць супраць рашэньня шаха. У гэтай сітуацыі шах і яго жонка Сарая ўцяклі самалётам у Багдад, а потым у Рым.
На працягу наступных двух дзён панаваў такі хаос, што Рузьвельт страціў кантакт з іранскімі агентамі. Шах у той час дабраўся да Рыму, куды адправіўся таксама шэф СІА Ален Далес, каб каардынаваць акцыю разам з Магамедам Рэза. У Тэгеране вуліцы кантралявалі камуністычныя натоўпы. Яны сьвяткавалі адезд шаха, зьнішчаючы яго помнікі. У той час войска выйшла з казармаў і пачало акружаць маніфестантаў. Раніцай 19 жніўня Рузьвельт, які працягваў заставацца ў хованцы, даў загад іранскім агентам, каб яны кінулі на вуліцы ўсіх, каго былі ў стане кінуць. Агенты выправіліся ў спартовыя клубы і завербавалі там дзіўную сумесь штангістаў і гімнастаў, з якой стварылі небывалую працэсію. Тая працэсія рушыла праз базар, гучна вітаючы шаха.
Вечарам Загэдзі выйшаў з хованкі. Шах вярнуўся з высылкі. Масадэг пайшоў у турму. Кіраўнікі Тудэ былі перабітыя.
Зразумела, што Злучаныя Штаты ніколі не прызналіся афіцыйна ў тым, якую ролю адыграла СІА. Адносна шмат на гэтую тэму сказаў сам Далес, які пасьля свайго сыходу з СІА выступіў у 1962 годзе ў праграме тэлевізіі CBS. Калі яго спыталі, ці гэта праўда, штоСІА выдаткавала мільёны даляраў на тое, каб наняць людзей, якія маніфеставалі на вуліцах, і на іншыя акты, мэтай якіх было зьвяржэньне Масадэга?”, Далес адказаў: “OK, магу толькі сказаць, што сьцьверджаньне, нібыта мы выдаткавалі на гэтую мэту шмат даляраў, зьяўляецца цалкам фальшывым”.

Кніга (2)
Два французскія рэпарцёры Клэр Бер і Пер Бланшэ пішуць у сваёй кнізе “Iran: la revolution au nom de Dieu” (Парыж, 1979):
Рузьвельт прыходзіць да высновы, што надышоў час кінуць у атаку аддзелы Чабагана Бімора, якога называюцьЧабаганам Бязглуздым”, і які зьяўляецца шэфам банды тэгеранскіх люмпенаў і чэмпіёнам Зоўр Хананароднай барацьбы. Чабаган здолее сабраць трыста, чатырыста прыяцеляў, якія могуць біць, а калі трэба, таксама і страляць. Вядома пры ўмове, што яны атрымаюць зброю. Новы амбасадар Злучаных Штатаў Лой Гендэрсан адпраўляецца ў банк Мэлі і бярэ пакункі з далярамі, якімі ён запаўняе свой аўтамабіль. Гавораць, чатырыста тысячаў даляраў. Ён мяняе іх на рыялы.
Дзевятнаццатага жніўня невялікія групы іранцаў (гэта людзіБязглуздага”) выцягваюць банкноты і заклікаюць: “Крычыцехай жыве шах!” Тыя, што ўсклікваюць так, атрымліваюць дзесяць рыялаў. Вакол парламенту пачынаюць зьбірацца ўсё большыя групы, урэшце ствараецца працэсія, якая размахваючы грашыма, крычыць: “Хай жыве шах!” Натоўп усё большае, адныя праслаўляюць шаха, другіяМасадэга.
Але вось зьяўляюцца танкі, якія атакуюць маніфестацыю праціўнікаў шаха. Гэта ўступае Загэдзі. Гарматы і кулямёты страляюць у натоўп. У гэтым месцы падае дзьвесьце забітых і звыш за пяцьсот параненых. А чацьвертай усё скончана, і Загэдзі тэлеграфуе да шаха, што той можа вяртацца.
Дваццаць шостага кастрычніка 1953 году Тэймур Бахціяр прызначаецца вайсковым губернатарам Тэгерану. Люты і бязьлітасны, ён хутка атрымае мянушкуЗабойца”. Галоўным чынам ён займаецца перасьледам прыхільнікаў Масадэга, якія здолелі схавацца. Вызваляе турму Каср ад усіх крымінальнікаў. Турму, у якую вайсковыя грузавікі без перапынку прывозяць арыштаваных, ахоўваюць танкі і бронемашыны. Паплечнікаў Масадэга, міністраў, падазраваных афіцэраў, дзеячоў Тудэ дапытваюць і катуюць. На дзядзінцы адбываюцца сотні сьмяротных пакараньняў.
У памяці іранцаў дзень перавароту – 19 жніўня 1953 годугэта дзень сапраўднага ўступленьня на трон шаха Магамэда Рэзы Паглаві, уступленьня, якому спадарожнічала кроў і жахлівыя рэпрэсіі”.


Касета (1)
Так, зразумела, вы можаце запісваць. Цяпер гэтая тэма ўжо не забароненая. Ранейтак. Ці ведаеце, што на працягу дваццаці пяці гадоў нельга было публічна вымаўляць яго прозьвішча? Што слова Масадэг было выкрэсьлена з усіх кніг? З усіх падручнікаў? І ўявіце сабе, што цяпер, маладыя людзі якіяяк меркаваласяне павінны былі нічога ведаць пра яго, ішлі на сьмерць несучы яго партрэты. Вось вам найлепшы доказ, што дае такое выкрэсьліваньне, усё гэтае пераробліваньне гісторыі. Але шах не разумеў гэтага. Ён не разумеў, што чалавека можна зьнішчыць, але гэта зусім не азначае, што ён перастане існаваць. Наадварот, калі можна так сказаць, ён пачне існаваць яшчэ больш. Гэта парадоксы, якім ніводзін дэспат ня можа даць сабе рады. Махне касой, але трава адразу вырастае, махне яшчэ раз, а трава расьце высокая, як ніколі. Вельмі суцяшальны закон прыроды. Масадэг! Ангельцы фамільярна называлі ягоОлд Мосі. Яны былі вельмі злыя на яго, аднак жа неяк паважалі. Ніводзін ангелец ня стрэліў у яго бок. Трэ было толькі сьцягнуць нашых родных нягоднікаў у мундзірах. За некалькі дзён яны ўсталявалі свае парадкі! Мосі пайшоў на тры гады ў турму. Пяць тысячаў людзей пайшлі пад сьценку, або загінулі на вуліцы. Вось вам кошт уратаваньня трону. Сумнае, крывавае і бруднае entrйe. Вы пытаеце, ці Масадэг мусіў прайграць? Па-першае, ён не прайграў, ён выйграў. Вы ня можаце мераць такіх людзей меркай пасады, іх мераюць толькі меркай гісторыі, а гэта розныя рэчы. Такога чалавека можна зьняць з пасады, але ніхто ня выдаліць яго з гісторыі, бо ніхто ня здолее выкрэсьліць яго з людской памяці. Памяцьгэта прыватная ўласнасьць, да якой ніводная ўлада ня мае доступу. Мосі казаў, што зямля, па якой мы ходзімнашая, і ўсё што знаходзіцца ў гэтай зямлінашае. Да яго ніхто не выказваўся такім чынам у гэтай краіне. Ён таксама казаў: хай усе скажуць тое, што думаюць, хай возьмуць слова, я хачу чуць вашыя думкі. Разумееце, пасьля двух з паловай тысячаў гадоў дэспатычнага абняслаўленьня ён зьвярнуў нашаму чалавеку ўвагу на тое, што той разумная істота. Падобнага ніколі не рабіў ніводзін уладар! Тое, што гаварыў Мосі, запомнілі, гэта ўвайшло людзям у галовы і жыве ў іх да сёньняшняга дня. Мы заўсёды лепш помнім словы, якія раскрываюць нам вочы на сьвет. І гэта былі менавіта такія словы. Ці можа нехта ска­заць, што ён ня меў рацыі ў тым, што рабіў, і абвяшчаў? Ніводзін сумленны чалавек ня выкажа падобнай думкі. Сёньня ўсе сьцьвярджаюць, што ён меў рацыю, толькі праблема была ў тым, што ён меў рацыю зарана. Вы ня можаце мець рацыі зарана, бо тады рызыкуеце ўласнай карерай, а часам і ўласным жыцьцём. Кожная праўда дасьпявае доўга, а людзі ў той час пакутуюць, альбо блукаюць у цемры. Але раптам прыходзіць чалавек, які абвяшчае гэтую праўду, перш чым яна яшчэ дасьпела, перш чым зрабілася ўсеагульнай праўдай, і тады супраць такога ерэтыка паўстаюць пануючыя сілы і кідаюць яго на вогнішча, альбо кідаюць яго ў лёх, альбо вешаюць на шыбеніцы, бо ён пагражае іх інтарэсам, парушае іх спакой. Мосі выступіў супраць дыктатуры манархіі і супраць залежнасьці краіны. Сёньня манархіі падаюць адна за другой, а залежнасьць павінна хавацца пад тысячамі абліччамі, такія вялікія пярэчаньні яна абуджае. Але ён выступіў з гэтым трыццаць гадоў таму, калі тут ніхто не наважыўся сказаць уголас гэтыя відавочныя рэчы. Я бачыў яго за два тыдні перад яго сьмерцю. Калі? Гэта павінна было быць у лютым шэсьцьдзясят сёмага году. Апошнія дзесяць гадоў ён правёў пад хатнім арыштам у маленькім фальварку пад Тэгеранам. Натуральна, што ўваход быў забаронены, усю тэрыторыю ахоўвала паліцыя. Але вы разумееце, у гэтай краіне, калі маеш знаёмствы і грошы, можна зладзіць усё. Грошы пераўтвараюць кожную рэч у цягучую гуму. У той час Мосі павінна было быць каля дзевяноста гадоў. Думаю, што ён трымаўся так доўга, бо вельмі хацеў дачакацца моманту, калі жыцьцё прызнае яго праўду. Ён быў цьвёрдым чалавекам, цяжкім для іншых, бо ніколі не саступаў. Але такія людзі ня здольныя, і нават ня могуць саступаць. Ён да канца захаваў цьвярозы розум і ўсё ўсьведамляў. Толькі хадзіў з цяжкасьцю, абапіраючыся на палку. Спыняўся і клаўся на зямлю, каб адпачыць. Паліцыянты, якія сьцераглі яго, потым казалі, што аднае раніцы, так ідучы і адпачываючы, ён таксама лёг на зямлю, але доўга не ўставаў, і калі яны падышлі бліжэй, убачылі, што ён памёр.
З нататак (2)
Нафта распальвае незвычайныя эмоцыі і азарт, бо нафта перадусім вялікая спакуса. Спакуса лёгкіх і вялізных грошай, багацьця і сілы, шчасьця і магутнасьці. Гэта брудная і сьмярдзючая вадкасьць, якая ахвотна бе струменем угору, а потым спадае на зямлю ў выглядзе шапатлівага дажджу грошай. Нехта, хто адкрыў і завалодаў нафтавай крыніцай адчувае сябе так, нібыта пасьля працяглага падарожжа ў падзямельлі ён раптам напаткаў каралеўскі скарб. Ён ня толькі зрабіўся багатыром, але яго наведвае крыху містычнае перакананьне, што нейкая вышэйшая сіла зірнула на яго ласкавым вокам, што шчодра ўзьнесла яго над іншымі і абрала сваім фаварытам. Захавалася шмат здымкаў, на якіх зафіксаваны момант, калі пачынае біць першы струмень нафты: людзі скачуць ад радасьці, абдымаюцца, плачуць. Цяжка сабе ўявіць работніка, які ўпадае ў эйфарыю пасьля таго, як закруціць чарговую шрубку на канвееры, або зморанага селяніна, які скача ад радасьці, ідучы за плугам. Бо нафта дае ілюзію цалкам іншага жыцьця, жыцьця без намаганьняў, жыцьця задарма. Нафтагэта сыравіна якая атручвае думкі, туманіць зрок, дэмаралізуе. Людзі з беднай краіны ходзяць і думаюць: “Божа, каб у нас была нафта!” Думка пра нафту паказвае спрадвечную людскую мару пра багацьце дасягнутае праз шчасьлівы выпадак, праз кроплю шчасьця, а ня шляхам намаганьняў, поту, мукі, катаргі. У гэтым сэньсе нафтагэта казка, і, як кожная казка, яна зьяўляецца падманам. Нафта напаўняе чалавека такой пыхай, што ён пачынае верыць, нібыта лёгка можа разбурыць такую непадатлівую і няўступную катэгорыю, як час. З нафтай, казаў апошні шах, цягам аднаго пакаленьня я ствару другую Амерыку! Не стварыў. Нафта моцная, але ў яе ёсьць і слабыя бакіяна не замяняе мысьленьня, не замяняе мудрасьці. Адна са спакусьлівых каштоўнасьцяў нафты, якая найбольш вабіць уладароў, гэта тое, што нафта ўзмацняе ўладу. Нафта дае вялікі прыбытак, але пры гэтым працуе няшмат людзей. У сацыяльным плане нафта прыносіць мала клопату, бо не стварае ні шматлікага пралетарыяту, ні шматлікай буржуазіі, таму ўраду ні з кім ня трэба дзяліцца прыбыткамі, і можна свабодна імі распараджацца згодна з уласнымі задумамі і жаданьнямі. Паглядзім на міністраў з нафтавых краінаўяк высока яны ўзьнімаюць галовы, якое ў іх пачуцьцё сілы, яны, энэргетычныя лорды, якія вырашаюць, ці мы будзем заўтра езьдзіць на аўтамабіле, ці хадзіць пешшу. А нафта і мячэт? Колькі бадзёрасьці, колькі бляску і значэньня дадало гэтае новае багацьце іх рэлігііісламу, які перажывае перыяд узмоцненай экспансіі, увесь час здабываючы новыя тлумы верных.


З нататак (3)
Ён кажа, тое, што потым адбылося з шахам, па сутнасьці было вельмі іранскім. З даўніх часоў панаваньне кожнага шаха канчалася жаласным і ганебным чынам. Або ён гінуў з адсечанай галавой ці нажом у сьпіне, абокалі быў больш шчасьлівыпазьбягаў сьмерці, але вымушаны быў уцякаць з краіны і толькі потым паміраў на выгнаньні, пакінуты і забыты. Ён ня памятае, хоць можа і былі нейкія выключэньні, каб шах памёр на троне натуральнай сьмерцю і закончыў свой жыцьцёвы шлях, акружаны пашанай і любоўю. Ён ня памятае, каб народ аплакваў якога-небудзь шаха і праводзіў яго да магілы са сьлязьмі на вачах. У нашым стагоддзі усе шахі, а было іх некалькі, страчвалі карону і жыцьцё ў прыкрых для сябе акалічнасьцях. Народ лічыў іх вылюдкамі, папракаў іх у подласьці, іх адыходу спадарожнічалі лаянка і праклёны тлуму, а вестка пра іх сьмерць рабілася радасным сьвятам.
(Я кажу яму, што мы ніколі не зразумеем гэтых рэчаў, бо нас падзяляе глыбокае адрозьненьне ў традыцыях. Нашыя каралі ў большасьці сваёй ня прагнулі крыві і пакінулі пасьля сябе добрую памяць. Адзін з польскіх каралёў засьпеў краіну драўляную, а пакінуў мураваную, іншы абвяшчаў прынцыпы талеранцыі і не дазваляў распальваць вогнішчы, яшчэ іншы абараніў нас ад патопу варварства. У нас быў кароль, які ўзнагароджваў навукоўцаў, і такі, які сябраваў з паэтамі. Нават мянушкі, якія ім даваліАднаўляльнік, Шчодры, Справядлівы, Набожнысьведчыць пра тое, што пра іх думалі з прызнаньнем і сімпатыяй. Таму ў маёй краіне, калі людзі чуюць, што нейкага манарха напаткаў жахлівы лёс, мімаволі пераносяць на яго пачуцьці выкліканыя зусім іншай традыцыяй, іншым досьведам і адорваюць таго пакаранага ўладара падобным пачуцьцём, з якім мы ўзгадваем нашых Аднаўляльнікаў і Справядлівых, думаючы сабе, які ж бедны павінен быць той чалавек, якому так бязьлітасна сарвалі з галавы карону!)
Так, прызнае ён, вельмі цяжка зразумець, што недзе можа быць інакш, і што забойства манарха народ успрымае як самае пажаданае выйсьце і проста пасланае Богам. Так, былі і ў нас цудоўныя шахі, такія як Кір і Абас, але то сапраўды вельмі далёкія часы. Нашыя апошнія дзьве дынастыі, каб здабыць альбо ўтрымаць трон, пралілі шмат нявіннай крыві. Уяві сабе шаха, а звалі яго Ага Магамед Хан, які ў барацьбе за трон загадвае забіць ці асьляпіць насельніцтва ўсяго гораду Кэрман. Ён ня робіць ніякага выключэньня, а яго прэтарыяне старанна бяруцца за працу. Яны ставяць жыхароў шэрагамі, дарослым сьцінаюць голавы, а дзецям выкалупліваюць вочы. Але ўрэшце, нягледзячы на загады рабіць адпачынкі, прэтарыяне ўжо настолькі зьнясіленыя, што ня маюць сілы ўзьняць ні мяча, ні нажа. І толькі дзякуючы гэтай стомленнасьці катаў, частка людзей ратуе свае жыцьці і зрок. Потым з гэтага гораду адпраўляюцца працэсіі асьлепленых дзяцей. Яны вандруюць па Ірану, але часам губляюць у пустыне дарогу і гінуць ад смагі. Іншыя грамады дабіраюцца да людскіх паселішчаў і там просяць есьці, сьпяваючы песьні пра забойствы ў горадзе Кэрман. У тыя гады весткі разыходзяцца павольна, таму сустрэтыя людзі ўражваюцца, слухаючы хор басаногіх сьляпцоў якія сьпяваюць страшную аповесьць пра сьвіст мячоў і падаючыя галовы. Яны пытаюць, якое ж злачынства ўчыніў горад, які так няшчадна пакараў шах. У адказ на гэта дзеці сьпяваюць песьню пра сваё злачынства. Гэтае злачынства было ў тым, што іх бацькі далі прытулак папярэдняму шаху, і новы шах ня мог ім прабачыць гэтага. Выгляд працэсіі асьлепленых дзяцей выклікае ўсеагульнае шкадаваньне, і людзі не адмаўляюць ім у ежы, але вымушаныя карміць грамаду прышэльцаў сакрэтна, і нават таямніча, калі ж малыя сьляпцы пакараныя і заклеймаваныя шахам, значыцца яны зьяўляюцца, свайго роду, вандроўнай апазіцыяй, а ўсялякая падтрымка апазіцыі караецца ў самай высокай ступені. Паступова да гэтых працэсіяў далучаецца малеча, якая становіцца праваднікамі асьлепленых дзяцей. Адгэтуль яны разам вандруюць у пошуках ежы і прытулку ад холаду, і заносяць аповесьць пра зьнішчэньне гораду Кэрман у самыя аддаленыя вёскі.
Гэта, кажа ён, сумныя і жахлівыя гісторыі, якія мы захоўваем у нашай памяці. Шахі здабывалі трон сілай, узыходзілі на яго па трупах, сярод плачу матак і енку паміраючых. Часта справы нашай спадчыны вырашаліся ў далёкіх сталіцах і новы прэтэндэнт на карону ўваходзіў у Тэгеран трымаемы пад локці, брытанскім паслом з аднаго боку, і расейскімз другога. Такіх шахаў трактавалі як узурпатараў і акупантаў, і, ведаючы пра гэтую традыцыю, можна зразумець, чаму мулам ўдалося распаліць супраць іх столькі паўстаньняў. Мулы гаварылітой, хто сядзіць у палацы, гэта чужы чалавек, які слухае чужыя дзяржавы. Той, хто займае трон, зьяўляецца прычынай вашых няшчасьцяў, ён узбагачаецца за ваш кошт і прадае краіну. Людзі слухалі гэта, бо словы мулаў гучалі для іх як самая відавочная праўда. Я не хачу гэтым сказаць, што мулы былі сьвятыя. Дзе там! Шмат цёмных сілаў падпільноўвала ў ценю мячэтаў. Але злоўжываньне ўладай, беззаконнасьць палацу рабілі з мулаў заступнікаў нацыянальнай справы.
(Ён вяртаецца да лёсу апошняга шаха). Тады, у Рыме, падчас эміграцыі, што цягнулася некалькі дзён, ён зразумеў, што можа назаўсёды страціць трон і павялічыць экзатычны атрад вандроўных манархаў. Пад уплывам гэтай думкі надыходзіць працьверазеньне. Ён хоча пакінуць жыцьцё, што працякае сярод прыемнасьцяў і забаваў. (Потым у кнізе шах напіша, што ў Рыме яму зьявіўся ў сьне сьвяты Алі і сказаўвярніся на радзіму, каб ратаваць народ). Цяпер у ім абуджаюцца вялікія амбіцыі і жаданьне паказаць сваю сілу і перавагу. Гэтая рыса, кажа ён, таксама вельмі іранская. Адзін іранец не саступіць другому, кожны з іх перакананы ў сваёй перавазе, хоча быць першым і самым важным, хоча навязаць сваё выключнае я. Я! Я! Я ведаю лепш, я маю больш, я магу ўсё. Сьвет пачынаецца ад мяне, я сам сабе сьвет. Я! Я! (Ён хоча паказаць мне гэта: устае, паднімае галаву, глядзіць на мяне зьверху, у позірку фанабэрыстасьць, усходні, падкрэсьлены гонар). Група іранцаў адразу парадкуецца паводле прынцыпу іерархіі. Я першы, тыдругі, а тызаўсёды трэці. Тыя другі і трэці не задавольваюцца сваім, але адразу пачынаюць дамагацца, інтрыгаваць, манеўраваць, каб заняць месца першага. Той першы павінен добра акапацца, каб яго ня скінулі з вяршыні.
Акапацца і выставіць кулямёты!
Падобныя правілы пануюць хоць бы і ў сямі. Бо я павінен быць узвышаны, жанчына павінна быць прыніжана. Па-за домам я магу быць нічым, але пад уласным дахам я атрымліваю кампенсацыютут я зьяўляюся ўсім. Тут мая ўлада непадзельная, а чым большая сямя, тым шырэйшыя межы і аўтарытэт гэтай улады. Добра мець шмат дзяцей, тады ёсьць над кім панаваць, чалавек робіцца ўладаром хатняй дзяржавы, абуджае павагу і захапленьне, вырашае лёсы падуладных, вырашае спрэчкі, дыктуе сваю волю, кіруе. (Глядзіць, якое ўражаньне зрабіла на мяне тое, што сказаў мне хвіліну таму. Дык вось, я рашуча пратэстую. Я супраць такіх стэрэатыпаў. Ведаю шмат яго суайчыньнікаў, сьціплых і ветлівых, я не адчуваў, каб яны ставіліся да мяне як да ніжэйшага). Усё праўда, пагаджаецца ён, але гэта таму, што ты нам не пагражаеш. Ня ўдзельнічаеш у нашай гульні, якая заключаецца ў тым, хто вышэй паставіць сваё я. З-за гэтай гульні ніколі нельга было стварыць ніводнай сурёзнай партыі, бо адразу ж пачыналіся спрэчкі за лідэрства, кожны хацеў ствараць уласную партыю. А цяпер, пасьля вяртаньня з Рыму, таксама і шах з усёй рашучасьцю ўступае ў гульню ў вышэйшаея”.
Перш за ўсё, (кажа ён), шах стараецца вярнуць сабе твар, бо страта твару па нашых звычаяхгэта вялікая ганьба. Манарх, бацька народу, які ў самы крытычны момант уцякае з краіны і ходзіць па крамах, купляю­чы сваёй жонцы біжутэрыю! Не, гэтае ўражаньне ён павінен быў неяк зацерці. Таму, калі Загэдзі тэлеграфуе яму, што танкі зрабілі сваю справу, і заахвочвае яго вярнуцца, запэўніваючы, што небясьпека мінула, шах затрымліваецца ў Іраку і фатаграфуецца там, трымаючы руку на магіле каліфа Алі, заступніка шыітаў. Так, наш сьвяты пасылае яго назад на трон, дабраслаўляе яго.
Рэлігійны жэствось чым можна здабыць наш народ.
Такім чынам шах вяртаецца, але ў краіне ўсё няма спакою. Студэнты страйкуюць, вуліцы маніфестуюць, страляніна, пахаваньні. У самой арміі канфлікты, змовы і звады. Шах баіцца выходзіць з палацу, зашмат лю­дзей палююць на яго галаву. Ён жыве ў атачэньні сямі, прыдворных і генералаў. Цяпер, пасьля таго як скінулі Масадэга, Вашынгтон пачынае дасылаць шмат грошай, палову таго капіталу шах прызначае на войска, ён усё больш будзе рабіць стаўку на армію, акружаць сябе арміяй. (Зрэшты падобным чынам паводзяць сябе ўладары іншых манархіяў, якія існуюць у краінах падобных Ірану. Тыя манархіі зьяўляюцца ваеннымі дыктатурамі абсыпанымі золатам і дыямантамі).
Такім чынам жаўнеры ўжо атрымліваюць мяса і хлеб. Трэба памятаць, як бедна жывуць нашыя людзі, і што значыць тое, што жаўнер мае мяса і хлеб, як гэта ўзвышае яго над іншымі.
У тыя гады можна было ўбачыць дзяцей з вялікімі раздзьмутымі жыватамі: яны харчаваліся травой.
Помню чалавека, які папяросай прыпякаў павека свайму дзіцяці. Ад гэтага вока пухла і гнаілася, твар меў жахлівы выгляд. Той чалавек намазваў сабе руку нейкай мазьзю, ад чаго рука разбухала і чарнела. Такім чынам ён хацеў выклікаць шкадаваньне, каб нехта даў ім паесьці.
Адзінай цацкай у маім дзяцінстве было каменьне. Цягнуў камень на шнуркуя быў канём, а камень быў залачонай карэтай шаха.
Цяпер, (кажа ён праз хвіліну), надыдзе дваццаць пяць гадоў, на працягу якіх шах будзе ўмацоўваць сваю ўладу. Умовы для пачынань­ня вельмі цяжкія, і шмат людзей ня вераць, што ён пратрымаецца доўга. Амерыканцы ўратавалі яму трон, але яны яшчэ ня ўпэўненыя, ці зрабілі лепшы выбар. Шах хіліцца да амерыканцаў, бо патрабуе іх падтрымкі, ён не адчувае сябе моцным ва ўласнай краіне. Бесьперапынна езьдзіць у Вашынгтон, знаходзіцца там тыднямі, размаўляе, пераконвае і запэўнівае. Але іншыя таксама езьдзяць і запэўніваюць. Пачынаюцца гонкі нашай эліты ў Амерыку, аўкцыён прапановаў і гарантыяў, распродаж краіны.
Дзяржава паліцэйская ўжо, узьнікае Савак. Першым шэфам Саваку будзе дзядзька Сараігенерал Бахціяр. З цягам часу шах пачне сьцерагчыся, што дзядзька, чалавек моцны і рашучы, зробіць пераварот і пазбавіць яго ўлады. Таму ў хуткім часе ён здымае генерала, а потым загадвае яго расстраляць.
Пануе атмасфера чысткі, страху, тэрору. Ніхто ня ўпэўнены ў сваім лёсе. Няма спакою, пахне порахам, пахне рэвалюцыяй. У Іране ніколі няма спакою, над гэтай краінай заўсёды вісіць чорная хмара.

З нататак (4)
Прэзідэнт Кенэдзі заахвочвае шаха, каб той праводзіў рэформы. Кенэдзі зьвяртаецца да манарха (а таксама да іншых дружалюбных дыктатараў), каб яны мадэрнізавалі і рэфармавалі свае краіны, бо ў адваротным выпадку ім пагражае лёс Фульхенсіё Батысты (Амерыка ў той час – 1961 годпад сьвежым уражаньнем перамогі Фідэля Кастра і ня хоча, каб падобная гісторыя паўтарылася ў іншых краінах). Кенэдзі мяркуе, што можна будзе пазьбегнуць гэтай прыкрай персьпектывы, калі дыктатары правядуць нейкія рэформы і пойдуць на саступкі, якія выбюць зброю з рук агітатараў што заклікаюць да чырвоных рэвалюцыяў.
У адказ на заклікі і ўгаворы Вашынгтону шах абвяшчае сваю Белую Рэвалюцыю. Можна меркаваць, што Магамед Рэза заўважыў істотную для сябе карысьць у думках прэзідэнта Злучаных Штатаў. А менавіта, ён хацеў дасягнуць двух рэчаў (на жаль, немагчымых для ажыцьцяўленьня) – узмацніць сваю ўладу і павялічыць сваю папулярнасьць.
Шах належаў да людзей, для якіх пахвала, захапленьне, вялікая любоў і прызнаньне зьяўляюцца патрэбаю жыцьця, сродкам, які ўзмацняе іх слабыя, няўпэўненыя ў сабе, і адначасна пустыя натуры. Яны ня могуць ні існаваць, ні дзейнічаць, калі ня будуць увесь час на вяршыні хвалі. Іранскі манарх павінен стала чытаць пра сябе самыя лепшыя словы, бачыць сваю фатаграфію на першых старонках газетаў, на экране тэлевізараў, нават на вокладках школьных сшыткаў. Ён павінен заўсёды бачыць твары, якія зьзяюць ад яго выгляду, без перапынку слухаць словы прызнаньня і захапленьня. Пакутуе або злуецца, калі ў гэтым хваласьпеве (а ён павінен разьлягацца па ўсім сьвеце) пачуе нейкі раздражняючы яго вуха тон, тады помніць пра яго гадамі. Пра гэтую яго слабасьць ведае ўвесь двор, і таму яго паслы галоўным чынам займаюцца вынішчэньнем самых лёгкіх словаў крытыкі, нават калі б яны адгукнуліся ў такіх малазначных краінах, як Тога ці Сальвадор, або былі прамоўленыя на такіх недасягальных мовах як зандзі ці арома. Адразу ж пачыналіся пратэсты і абурэньні, разрываньне адносінаў і кантактаў. Гэты запальчывы і нават маніякальны перасьлед скептыкаў па ўсім сьвеце спрычыніўся да таго, што той сьвет (за рэдкімі выключэньнямі) ня ведаў, што, па сутнасьці, адбываецца ў Іране, бо гэтая краіна, такая цяжкая, журботная, драматычная, якая сыходзіць крывёю, была прадстаўленая яму як імянінны торт, абліты ружовай глазурай. Можа тут дзейнічаў механізм кампенсацыішах шукаў у сьвеце таго, чаго ня мог знайсьці ва ўласнай краіне: прызнаньня і ўхвалы. Ён ня быў папулярным, яго не акружала цеплыня. Ён павінен быў адчуваць гэта нейкім чынам.
І вось падварочваецца выпадак, каб, абвясьціўшы зямельную рэформу, здабыць хоць бы вёску, перацягнуць на свой бок сялянаў, раздаючы ім зямлю. Чыю зямлю? Зямельная маёмасьць ёсьць у шаха, феадалаў і духавенства. Калі феадалы і духавенства страцяць зямлю, іх улада на месцах аслабне. У вёсцы ўзмацніцца дзяржава, і тым самым узмоцніцца шах. Гэта проста. Але ўсё тое, што робіць шах, ня проста. Дзеяньні шаха характарызуе пакручас­тасьць і палавінчатасьць. Аказваецца, што феадалам трэба аддаць зямлю, але гэта тычыцца толькі часткі феадалаў і часткі іх земляў (і ўсё са шчодрым выкупам); што зямлю атрымаюць сяляне, але толькі частка сялянаў, і тое тых, у каго яна ўжо ёсьць (а ў большасьці няма ніякай зямлі).
Шах пачынае ўласным прыкладам і абвяшчае, што адмаўляецца ад сваёй маёмасьці. Ён езьдзіць і раздае сялянам акты на ўладаньне, а сяляне кленчаць і цалуюць яго ў боты.
Аднак хутка распачынаецца скандал!
Дык вось, яго бацька, выкарыстоўваючы сваю ўладу, прысабечыў шмат феадальнай і царкоўнай маёмасьці. Пасьля таго, як бацька сышоў, парламент ухваліў, што тыя землі якімі Рэза Хан завалодаў нелегальна, павінны быць вернутыя ўладальнікам. І цяпер яго сын, як свае ўласныя, аддае землі, што маюць законных уладальнікаў, і ў дадатак бярэ за ўсё вялікія грошы, абвяшчаючы сябе адначасова вялікім рэфарматарам.
Калі б толькі гэта! Але шах, заступнік прагрэсу, забірае зямлю ў мячэтаў. Усё ж такі ідзе рэформа, усе павінны несьці ахвяры, каб палепшыць долю селяніна. Набожныя мусульмане, згодна з наказам Карану, з даўніх часоў адпісваюць мячэтам частку сваёй маёмасьці. Маёмасьць, якая належыць мячэтам вялікая і добрая, таму шах вырашыў абскубці мулаў і палепшыць лёс вясковай беднаты. На жаль, хутка ўзьнікае новы скандал. Аказваецца што землі, адрэзаныя ў духавенства пад узьнёслымі лозунгамі рэформы, манарх раздаў сваім набліжанымгенералам, палкоўнікам, прыдворнай камарыльлі. Калі вестка пра гэта дайшла да людзей, яна выклікала такі гнеў, што дастаткова было даць сігнал, каб распачалася чарговая рэвалюцыя.


З нататак (5)
Любая надуманая прычына, кажа ён, была добрай, каб выступіць супраць шаха. Людзі хацелі пазбавіцца шаха, і калі надараўся выпадак, спрабавалі свае сілы. Яны разгледзелі яго гульню і ўзьнікла вялікае абурэньне. Разумелі, што ён хоча ўмацавацца, і тым самым умацаваць дыктатуру, і яны не маглі дапусьціць гэтага. Разумелі, што Белая Рэвалюцыя навязаная ім зьверху. Што ў яе вузкія палітычныя мэты, карысныя шаху і больш нікому. Цяпер усе пачалі пазіраць у бок Куму. Так было ў нашай гісторыі, што як толькі ўзьнікала незадаволенасьць і крызіс, людзі пачыналі прыслухоўвацца, што скажа Кум. Адкуль заўсёды сыходзіў першы сігнал.
А Кум ужо грымеў.
Бо далучылася яшчэ іншая справа. У той час шах прызнаў за ўсімі амерыканскімі ваеннымі і іх семямі права дыпламатычнай недатыкальнасьці. У нашай арміі тады было ўжо шмат амерыканскіх сьпецыялістаў. І мулы ўзьнялі голас, што гэтая недатыкальнасьць супярэчыць прынцыпам суверэнітэту. Менавіта ў той час Іран упершыню пачуў голас аяталы Хамейні. Раней пра яго ніхто ня ведаў, гэта значыць ніхто, апроч людзей з Куму. Ужо тады яму было больш за шэсьцьдзясят гадоў, і калі браць пад увагу розьніцу ва ўзросьце, ён мог быць шаху бацькам. Пазьней ён часта зьвяртаўся да яго, гаворачысыне, але натуральна з іранічным і гнеўным адценьнем. Хамейні выступіў супраць шаха, ужываючы самыя бязьлітасныя словы. “Людзі, – казаў ён, – ня верце яму, гэта ня ваш чалавек! Ён ня думае пра вас, толькі пра сябе і пра тых, хто аддае яму загады. Ён прадае наш край, прадае нас усіх! Шах павінен сыйсьці!”
Паліцыя арыштоўвае Хамейні. У Куме пачынаюцца маніфестацыі. Людзі дамагаюцца яго вызваленьня. Потым рух пачынаецца ў іншых гарадахТэгеране, Тэбрызе, Мешхэдзе, Ісфагане. Тады шах выводзіць на вуліцы войскі і пачынаецца разьня (ён устае, выцягвае перад сабой рукі і сьціскае далоні, быццам трымае ручку кулямёту. Прымружвае правае вока і выдае гукі, імітуючыя лязгат гэтай зброі). Гэта быў чэрвень 1963 году, кажа ён. Паўстаньне працягвалася пяць месяцаў. Кіравалі ім дэмакраты з партыі Масадэга і духавенства. Больш за дзесяць тысячаў забітых і параненых. Потым, некалькі гадоў цішыня, як на могілках, але ніколі не было поўнай цішыні, бо заўсёды былі нейкія бунты і барацьба. Хамейні выкідаюць з краіны, і ён апынаецца ў Іраку, у Наджафе, у самым вялікім горадзе шыітаў, там дзе магіла Халіфа Алі.
Я цяпер задумваюся, што менавіта стварыла Хамейні? Бо ў той жа час было шмат больш значных і больш вядомых аяталаў, а таксама выдатных палітыкаў, якія былі супраць шаха. Мы ўсе пісалі пратэсты, маніфесты, лісты і мемарыялы. Іх чытала невялікая група інтэлігентаў, бо гэтага нельга было друкаваць легальна, апроч таго, большасьць грамадства ня ўмее чытаць. Мы крытыкавалі шаха, казалі, што цяпер дрэнна, дамагаліся пераменаў і рэформаў, большай дэмакратыі і справядлівасьці. Нікому не прыходзіла ў галаву паступіць так, як Хамейнігэта значыць адкінуць усю пісаніну, усе петыцыі, рэзалюцыі і пастулаты. Адкінуць, стаць перад людзьмі і крыкнуцьшах павінен пайсьці!
Уласна гэта было ўсё, што сказаў тады Хамейні і што ён паўтараў пятнаццаць гадоў. Самая простая рэч, якую было лёгка запомніць, але спатрэбілася пятнаццаць гадоў, каб кожны мог гэта зразумець. Бо інстытут манархіі быў чымсьці настолькі бясспрэчным, як паветра, і ніхто ня мог уявіць сабе жыцьця бяз гэтага.
Шах павінен пайсьці!
Не дыскутуйце, не балбачыце, не папраўляйце, не збаўляйце. Гэта ня мае сэнсу, гэта нічога ня зьменіць, гэта дарэмныя намаганьні, гэта падман. Далей мы можам ісьці толькі па руінах манархіі, іншай дарогі няма.
Шах павінен пайсьці!
Не чакайце, не марудзьце, ня сьпіце.
Шах павінен пайсьці!
Калі ён сказаў гэта першы раз, яно прагучала як заклік маньяка, як крык варята. Манархія яшчэ ня вычарпала ўсіх магчымасьцяў свайго існаваньня. Але песа паціху падыходзіла да канца, набліжаўся эпілог. І тады ўсе прыгадалі, што казаў Хамейні, і пайшлі за ім.


Фотаздымак (8)
На гэтым здымку выява групы людзей, якая стаіць на аўтобусным прыпынку на адной з тэгеранскіх вуліцаў. Па ўсім сьвеце чакальнікі аўтобусу, выглядаюць падобна, гэта значыць у іх той самы апатычны і змучаны выраз твару, тая самая постаць здранцьвеньня і капітуляцыі, такі самы затуманены і адсутны позірк. Чалавек, які некалі даў мне гэты фотаздымак, спытаў, ці бачу я на ім што-небудзь асаблівае? Не, адказаў я, падумаўшы, нічога такога ня бачу. На што ён мне сказаў, што здымак быў зроблены з хованкі, з вакна на супрацьлеглым баку вуліцы. Паказваючы мне фатаграфію, ён сказаў, каб я зьвярнуў увагу на тыпа (з выглядам чыноўніка ніжэйшага рангу, ніякіх асаблівых прыкметаў), які стаіць каля трох мужчынаў, што размаўляюць між сабою, наставіўшы вуха ў іх бок. Той тып быў з Саваку і заўсёды дзяжурыў на гэтым прыпынку, падслухоўваў людзей, якія ў чаканьні аўтобусу часам размаўлялі пра тое і пра сёе. Зьмест гэтых размоваў быў звычайны. Людзі маглі гаварыць толькі пра нейтральныя рэчы, але нават закранаючы нейтральныя справы, трэба было выбраць такую тэму, каб паліцыі было цяжка заўважыць у ёй намёк. Аднойчы ў сьпякотны поўдзень на прыпынак прыйшоў стары, хворы на сэрца мужчына і сказаў, уздыхнуўшы: “Так душна, што няма чым дыхаць”. “Ну, так, – адразу падхапіў гэта дзяжурны Саваковец, падсоўваючыся да зморанага прышэльца, – робіцца ўсё больш душна, людзям бракуе паветра”. “Ой, гэта праўда, – пацьвердзіў стары, наіўны чалавек трымаючыся за сэрца, – такое цяжкае паветра і гэтакая страшная задуха!” Саваковец у тай жа момант прыняў афіцыйны выгляд і сказаў суха: “Зараз пан атрымае сілы”. І нічога больш не гаворачы, арыштаваў яго. Прысутныя на прыпынку людзі слухалі ўсё гэта з жахам, бо ад самага пачатку яны ацанілі, што стары, хворы чалавек зрабіў недаравальную памылку, ужываючы ў размове з кімсьці чужым словадушна”. Досьвед вучыў іх, што неабходна пазьбягаць гучнага вымаўленьня словаў кшталту: духата, цемра, цяжар, прорва, абвал, балота, гніеньне, клетка, краты, ланцуг, затычка, палка, бот, бязглузьдзіца, шруба, кішэня, лапа, варяцтва, а таксама дзеясловаў з шэрагупакласьціся, ляжаць, раскірэчыцца, здурнець, марнець, слабець, сьлепнуць, глухнуць, паглыбляцца, і нават такіх зваротаў (якія пачынаюцца ад займеньніканешта”) якнешта тут кульгае, нешта тут не ідзе, нешта тут ня так, нешта тут ня грае, бо ўсе яны, гэтыя назоўнікі, дзеясловы, прыметнікі і займеньнікі, маглі быць намёкам на рэжым шаха, а таму былі семантычным мінным полем, на якое дастаткова было ўвайсьці, каб падарвацца. На момант (але цягнуўся ён нядоўга) у людзей, што стаялі на прыпынку, зьявіліся наступныя сумненьніці ня быў той прыхварэўшы таксама Савакоўцам? Бо калі ён пакрытыкаваў рэжым (тым, што ў размове выкарыстаў словадушна), ці ня значыць гэта, што яму можна было крытыкаваць? Бо калі б у яго не было на гэта правоў, ён маўчаў бы, альбо гаварыў бы пра прыемныя рэчы, напрыклад пра тое, што сьвеціць сонца і аўтобус напэўна падедзе. А хто меў права крытыкаваць? Толькі Савакоўцы, якія такім чынам правакавалі неасьцярожных балбатуноў і потым адпраўлялі іх у турму. Паўсюдны страх усё пераблытаў у людзей у галовах і ўзбудзіў такую падазронасьць, што яны перасталі верыць у сумленнасьць, чысьціню і адвагу іншых. Самі сябе яны лічылі дабрасумленнымі, аднак жа не маглі адважыцца на тое, каб выказаць сваю думку на любы від абвінавачваньня, ведаючы, якое бязьлітаснае пакараньне чакае за гэта. Таму, калі нехта асуджаў манарха, думалі, што ён пад аховай асаблівага прывілею і дзейнічае з нядобрым намерам: хоча вы­крыць тых, хто яму падтакне, каб потым іх зьнішчыць. Чым больш востра і трапна ён выказваў хаваныя людзьмі погляды, тым больш здаваўся падазроным, і тым хутчэй ад яго адсоўваліся, перасьцерагаючы самых блізкіхбудзьце асьцярожныя, гэты чалавек няпэўны, бо неяк занадта сьмела сябе паводзіць. Такім чынам страх атрымліваў сваю перамогузага­дзя аддаваў на асуджэньне і недавер тых, хто дзейнічаў з самых лепшых памкненьняў, хацеў супрацьпаставіць сябе гвалту. Страх даводзіў розумы да такой дэгенерацыі, што ў сьмеласьці гатовыя былі бачыць хітрасьць, у адвазекалабарацыю. Аднак гэтым разам, убачыўшы, як жорстка Саваковец вядзе сваю ахвяру, людзі з прыпынку прызналі, што той прыхварэўшы чалавек ня мог мець сувязі з паліцыяй. Зрэшты, у хуткім часе яны абодва зьніклі з вачэй, але пытаньне: “Куды пайшлі?” засталося без адказу. Бо ніхто ня ведаў, дзе менавіта разьмяшчаўся Савак. У Саваку не было ніякай галоўнай кватэры, ён быў расьцярушаны па ўсім горадзе (і па ўсёй краіне), ён быў паўсюль, і яго не было нідзе. Ён займаў камяніцы, вілы, памяшканьні, якія не прыцягвалі нічыёй увагі. Там не было ніякіх надпісаў, альбо віселі шыльды неіснуючых фірмаў і арганізацыяў. Нумары тэлефонаў былі вядомыя толькі паінфармаваным. Савак мог займаць пакоі ў звычайным жылым шматпавярховіку, або ў яго сьледчыя кабінеты можна было ўвайсьці праз нейкую краму, пральню, ці начны клуб. У такіх умовах усе сьцены маглі мець вушы, а ўсе дзьверы, форткі і брамы весьці ў памяшканьні Саваку. Хто трапляў у рукі гэтай паліцыі, надоўга (або назаўжды) зьнікаў бясьсьледна. Зьнікаў раптоўна, ніхто ня ведаў, што з ім адбылося, дзе яго шукаць, куды ісьці, каго пытацца, у каго прасіць літасьці. Можа яго закрылі ў адной з турмаў, але ў якой? Іх было шэсьць тысячаў. У іх знаходзілася стала, як сьцьвярджала апазіцыя, сто тысячаў палітычных вязьняў. Насупраць людзей вырастала нябачная, але непадатлівая сьцяна, перад якой яны стаялі бездапаможныя, ня ў стане зрабіць кроку наперад. Іран быў дзяржавай Саваку, але Савак дзейнічаў у ёй як падпольная арганізацыя, зьяўляўся і зьнікаў, замятаў за сабой сьляды, у яго не было адрасу. І адначасова розныя яго ячэйкі існавалі афіцыйна. Савак цэнзураваў прэсу, кнігі і фільмы. (Менавіта Савак забараніў ставіць Шэксьпіра і Мальера, бо іх творы крытыкуюць заганы манархаў). Савак кіраваў у навучальных установах, ведамствах і фабрыках. Гэта быў васьміног які жахліва разросься, які ўсё аблытаў, які запаўзаў у кожны закутак, паўсюль прылепліваў свае прысоскі, падглядваў, вынюхваў, скроб, сьвідраваў. У Саваку было шэсьцьдзясят тысячаў агентаў. Таксама, па ацэнках, было тры мільёны інфарматараў, якія даносілі з розных прычынаўкаб зарабіць, каб уратавацца, каб атрымаць працу, каб атрымаць павышэньне. Савак альбо купляў людзей, альбо асуджаў іх на пакуты, даваў пасады альбо скідваў у лёхі. Вызначаў хто зьяўляецца ворагам, і тым самымкаго трэба зьнішчыць. Такі вырак не падлягаў перагляду, не прадугледжваў апеляцыі. Толькі шах мог уратаваць асуджанага. Савак адказваў толькі перад шахам, тыя, хто стаяў ніжэй манарха, былі перад паліцыяй бясьсільнымі. Людзі, якія сабраліся на прыпынку, ведаюць пра ўсё гэта, і таму пасьля таго, як Саваковец і хворы чалавек зьніклі, яны працягваюць маўчаць. Краем вока адныя пазіраюць на другіхніхто ня ўпэўнены, ці не данясе таксама той, што стаіць побач. Можа ён якраз вяртаецца пасьля размовы, у якой яму сказалі, што калі часам нешта заўважыць, нешта пачуе і калі паведаміць пра гэта, яго сын паступіць на вучобу. Альбо, калі ён нешта заўважыць і пачуе, яму выкрасьляць з папераў заўвагу, што ён у апазіцыі. “Дык я ж не ў апазіцыі!” – абараняецца той. “У апазіцыі, у нас запісана, што ў апазіцыі”. Міжволі (хоць некаторыя стараюцца схаваць гэта, каб не справакаваць выбух агрэсіі) тыя, з прыпынку, глядзяць на сябе з агідаю і нянавісьцю. Яны схільныя да неўратычных, празьмерных рэакцыяў. Нешта іх раздражняе, ім дрэнна пахне, яны адсоўваюцца ад сябе, чакаюць, хто каго першы схопіць, хто на каго першы накінецца. Гэты ўзаемны недавервынік дзейнасьці Саваку, які гадамі нашэптвае кожнаму, што ўсе ў Саваку. Гэты, гэты, гэты і той. Той таксама? Той? Вядома, што так. Усе! Але з іншага боку, можа тыя, на прыпынку, гэта прыстойныя людзі, і іх унутранае ўзбуджэньне, якое вымушаныя прыкрываць маўчаньнем і каменным тварам, узялося з таго, што на момант яны адчулі раптоўны прыліў страху, выкліканы тым, што гэтак блізка яны сутыкнуліся з Савакам, і што калі б інстынкт толькі на імгненьне падвёў іх, і яны пачалі б размову на нейкую двухсэнсоўную тэму, скажам пра рыб, напрыклад, што ў такой сьпёцы рыбы хутка псуюцца, і ў іх ёсьць вельмі дзіўная асаблівасьць, бо калі такая бестыя пачынае псавацца, дык пачынае з галавы, спачатку ў іх сьмярдзіць галава, яна сьмяр­дзіць найбольш, і калі хочаш уратаваць, рэшту яе трэба адразу адрэзаць, дык вось, калі б яны неасьцярожна закранулі якую-небудзь кухонную тэму падобнага роду, дык маглі б падзяліць нешчасьлівы лёс чалавека, што трымаўся за сэрца. Але пакуль яны ўратаваныя і працягваюць стаяць на прыпынку, выціраючы пот і памахваючы мокрымі кашулямі.


З нататак (6)
Віскі, якое мы пацягваем у варунках кансьпірацыі (а кансьпіравацца сапраўды трэба, абавязвае забарона гандлю сьпіртнымі напоямі па загадзе Хамейні), як і кожны забаронены плод, мае дадатковы, прывабны смак. Аднак у шклянках ледзь па некалькі кропляў вадкасьцігаспадары выцягнулі глыбока схаваную пляшку, і вядома, што наступную ўжо ня будзе дзе купіць. У гэтыя дні паміраюць апошнія алкаголікі, якія існавалі ў гэтай краіне. Ня маючы магчымасьці нідзе купіць гарэлкі, віна, піва і г.д., яны ўліваюць у сябе нейкія растваральнікі і такім чынам заканчваюць жыцьцё. Мы сядзім на першым паверсе маленькай, але выгоднай і дагледжанай вілы, праз рассунутыя шкляныя дзьверы відаць сад і адразу ж мур, які аддзяляе прыватную ўласнасьць ад вуліцы. Той мур, вышынёй у тры метры, павялічвае абшар інтымнасьці, нібыта стварае сьцены зьнешняга дому, у які быў убудаваны жылы унутраны дом. Абодвум гаспадарам каля сарака гадоў, яны адвучыліся ў Тэгеране і працуюць у адным з турыстычных бюро (якіхберучы пад увагу шалёную рухавасьць іх суайчыньнікаўтут сотні).
Мы ў сужонстве больш за дзесяць гадоўкажа гаспадар, валасы якога ўжо пачынае бяліць сівізнаале толькі цяпер, першы раз, мы з жонкай гаворым пра палітыку. Ніколі не размаўлялі паміж сабой на гэтую тэму. Падобна было ва ўсіх знаёмых мне дамах.
Не, я не хачу гэтым сказаць, што ў нас не было даверу паміж сабой. Таксама мы ніколі не заключалі ніякай дамовы па гэтым пытаньні. Гэта было маўклівае пагадненьне, якое мы прынялі адзінадушна і амаль падсьвядома, а склалася яно ад пэўнага рэалістычнага разважаньня над чалавечай натурай, менавіта ад таго, што ніколі невядома, як будзе паводзіць сябе чалавек у крайняй сітуацыі. Да чаго яго могуць прымусіць, да якога паклёпу, да якой здрады.
Бяда ў тым, – адгукаецца гаспадыня дому; нягледзячы на пануючы паўзмрок дакладна відаць яе вялікія бліскучыя вочы, што ніхто загадзя ня ведае, у якой ступені вытрымае катаваньні. Ці наогул здолее іх перанесьці. А Савакгэта перадусім былі вельмі страшныя катаваньні. Іх метад заключаўся ў тым, што яны хапалі чалавека, які ішоў па вуліцы, завязвалі яму вочы і, ні пра што не пытаючыся, везьлі яго проста ў залу катаваньняў. Там адразу пачынаўся суцэльны жахпераломваньне касьцей, вырываньне пазногцяў, усаджваньне рук у печ, пілаваньне жывому чалавеку чэрапа, дзясяткі іншых зьдзекваньняў, і толькі калі зваряцелы ад болю чалавек пераўтвараўся ў разьбітую скрываўленую разваліну, прыступалі да вызначэньня, хто ён такі. Імя? Прозьвішча? Адрас? Што казаў пра шаха? Гавары, што казаў? А ведаеце, ён мог нічога не ка­заць, гэта мог быць цалкам нявінны чалавек. Нявінны? Гэта нічога, што нявінны. Такім чынам усе будуць баяцца, вінаватыя і невінаватыя, усе будуць запалоханыя, ніхто ня будзе адчуваць сябе ў бясьпецы. У гэтым заключаўся тэрор Саваку, што яны маглі ўдарыць па кожным, што мы ўсе былі абвінавачваемы, паколькі абвінавачваньне ня тычылася ўчынкаў, але намеру, які Савак мог прыпісаць кожнаму. Ты быў супраць шаха? Не, ня быў. Дык хацеў быцьканалья! І гэтага было дастаткова.
Часам рабілі працэсы. Для палітычных (але хто такі палітычны? Тут усіх лічылі палітычнымі) былі толькі ваенныя суды. Закрытыя паседжаньні, ніякай абароны, ніякіх сьведкаў і адразу прысуд. Потым адбываліся выкананьні прысудаў. Ці падлічыць хто-небудзь, колькі людзей расстраляў Савак? Напэўна сотні. Наш вялікі паэт Хасраў Галесархі быў расстраляны. Наш вялікі рэжысёр Керамат Дэначян быў расстраляны. Дзясяткі пісьменьнікаў, прафесараў і артыстаў сядзелі ў турмах. Дзясяткі іншых павінны былі хавацца ў эміграцыі. Савак складаўся з нечувана цёмных і грубых падонкаў, і, калі да іх у рукі трапляў нехта, хто меў звычку чытаць кніжкі, з яго зьдзекваліся асабліва.
Думаю, што Савак не любіў працэсаў і трыбуналаў. Перавагу аддавалі іншаму метаду, часьцей за ўсё забівалі са схованкі. Потым нічога нельга было ўстанавіць. Хто забіў? Невядома. Дзе вінаватыя? Няма вінаватых.
Людзі не маглі больш вытрымаць такога тэрору і таму з голымі рукамі кінуліся на армію і паліцыю. Гэта можна назваць адчаем, але нам было ўжо ўсё роўна. Увесь народ выступіў супраць шаха, бо для нас Савакгэта быў шах, яго вушы, вочы і рукі.
Ведаеце, калі гаворка заходзіла пра Савак, праз гадзіну чалавек глядзеў на свайго суразмоўцу і пачынаў думацьа можа ён таксама з Саваку? Гэта была вельмі настойлівая думка, якая заставалася ў галаве надоўга. А гэтым суразмоўцам мог быць мой бацька, мой муж, мая самая лепшая сяброўка. Я казала сабевазьмі сябе ў рукі, гэта ж бяссэнсіца, але нічога не дапамагала, тая думка ўвесь час вярталася. Усё гэта было хворым, увесь рэжым быў хворы, і я шчыра ўпэўнены, што ня маю паняцьця, калі мы будзем здаровыя, то бок, калі атрымаем раўнавагу. Пасьля такой дыктатуры мы ўсе псіхічна зламаныя і, думаю, што пройдзе шмат часу, пакуль мы пачнем жыць нармальна.


Фотаздымак (9)
Гэты здымак вісеў побач з лозунгамі, адозвамі і некалькімі іншымі фотаздымкамі на дошцы абяваў, якая стаяла перад будынкам рэвалюцыйнага камітэту ў Шыразе. Я папрасіў нейкага студэнта, каб ён пераклаў мне напісанае ад рукі тлумачэньне, прычэпленае кнопкамі пад здымкам. Тут напісана, сказаў ён, што гэтаму хлопчыку тры гады, яго завуць Габіб Фардуст, і што ён быў вязьнем Саваку. Як гэтавязьнем? Спытаў я. Ён адказаў, што былі выпадкі, калі Савак садзіў цэлыя семі, і гэта менавіта такі выпадак. Ён прачытаў подпіс да канца і дадаў, што бацькі гэтага хлопчыка загінулі ад катаваньняў. Цяпер выдаюць шмат кніг на тэму злачынстваў Саваку, розных дакументаў паліцыі і прызнаньні тых хто перажыў катаваньні. Я бачыў нават, што мяне вельмі страсянула, як перад універсітэтам прадавалі каляровыя паштоўкі, на якіх былі зьнявечаныя целы ахвяраў Саваку. Усё, як у часы Цімура, ніякіх зьменаў за шэсьцьсот гадоў, тая самая паталагічная жорсткасьць, можа трохі больш механізаваная. Найбольш часта сустракаемай прыладай, якая знаходзілася ў памяшканьнях Саваку, быў жалезны стол, які падаграваўся электрычнасьцю, яго называлі патэльня, на гэты стол клалі ахвяру, прывязаўшы ёй рукі і ногі. Шмат людзей гінула на гэтых сталах. Часта, калі абвінавачваемага прыводзілі ў залу, ён быў ужо зваряцелы, бо ў чаканьні сваёй чаргі не вытрымліваў крыку і смуроду паленага цела, што даносіліся адтуль. Але ў гэтым сьвеце кашмару тэхнічны прагрэс ня здолеў выціснуць старыя, сярэднявечныя спосабы. У турмах Ісфагану людзей укідвалі ў вялікія мяхі, у якіх віравалі ашалелыя ад голаду дзікія каты, альбо ядавітыя зьмеі. Аповеды пра гэтыя гісторыі, якія іншы раз сьвядома разносіліся самімі Савакоўцамі, гадамі хадзілі ў грамадстве, і ўспрымаліся з тым большым жахам, што ў сувязі з абцякальным і адвольным азначэньнем ворага, кожны мог уявіць сабе, што ён знаходзіцца ў зале такіх катаваньняў. Для гэтых людзей Савак быў ня толькі жорсткай, але і чужой сілай, ён быў акупантам, мясцовай разнавіднасьцю гестапа.
У дні рэвалюцыі маніфестанты ідучы па вуліцах Тэгерану, сьпяваюць поўную экспрэсіі і пафасу песьнюАлах Акбар, у якой некалькі разоў паўтараецца прыпеў:

Iran, Iran, Iran
Chun-o-marg-o-osjan.
(Іран, Іран, Іран,
Гэта кроў, сьмерць і бунт)

Гэта трагічнае, але магчыма самае трапнае вызначэньне Ірану. Шмат стагоддзяў і без ніякіх выразных перапынкаў.
У гэтым выпадку даты маюць важнае значэньне. У верасьні 1978 году, за чатыры месяцы да свайго адыходу, шах дае інтэрвю карэспандэнту штотыднёвіка “Stern”. Мінула якраз дваццаць гадоў з таго моманту, калі шах даў пачатак існаваньню і дзейнасьці Саваку.
Колькі палітычных вязьняў у Іране?
Шах: – Што вы разумееце пад палітычнымі вязьнямі? Але я здагадваюся што вы маеце на ўвазе, менш за тысячу.
Ці вы упэўнены, што нікога з іх не катавалі?
Шах: – Я якраз даў указаньне, каб спыніць катаваньні”.


Фотаздымак (10)
Здымак зроблены ў Тэгеране 23 сьнежня 1973 году: шах, акружаны загародай мікрафонаў, прамаўляе ў зале, запоўненай журналістамі. Магамед Рэза, які звычайна характэрызуецца акуратнасьцю манераў і засвоенай стрыманасьцью, на гэты раз ня можа схаваць сваіх эмоцыяў, сваёй усхваляванасьці, і наватгэта занатоўваюць рэпарцёрыузбуджанасьці. Па сутнасьці момант важны і крые ў сабе непажаданыя наступствы для ўсяго сьвету, бо шах абвяшчае ўласныя новыя цэны на нафту. За няпоўныя два месяцы цана нафты ўзрасла ў чатыры разы, і Іран, якому экспарт гэтай сыравіны прынёс пяць мільярдаў даляраў гадавога прыбытку, цяпер будзе атрымліваць дваццаць... Дадамо, што распараджацца гэтай гіганцкай масай грошай будзе адзін шах. У сваім адзінаўладным каралеўстве ён можа зрабіць з імі, што захочаможа ўкінуць іх у мора, выдаткаваць на марозіва, альбо закрыць у залатой шкатулцы. Таму цяжка зьдзіўляцца той узбуджанасьці, якой у гэты момант паддаўся манарх. Бо ніхто з нас ня ведае, як бы паводзіў сябе, калі б раптам знайшоў у кішэні дваццаць мільярдаў даляраў, і больш за тое, калі б ведаў, што кожны год яму будуць прыбываць наступныя дваццаць, а потым нават больш. І цяжка зьдзіўляцца, што з шахам сталася тое, што сталася, то бок, тое, што ён страціў галаву. Замест таго, каб сабраць сямю, верных генералаў і давераных дарадцаў, каб разам падумаць, як разважна скарыстаць такую маёмасьць, шах, якомуяк ён сьцьвярджаераптам зьявілася сьветлая ўява, абвяшчае ўсім, што напрацягу аднаго пакаленьня ён зробіць з Ірану (адсталай, неўладкаванай, краіны, напалову непісьменнай і басаногай) пятую па магутнасьці дзяржаву ў сьвеце. Адначасова манарх закідвае прыцягальны для ўсіх лозунг дабрабыту, які абуджае ў людзях вялікія спадзяваньні. Спачатку гэтыя спадзяваньні не здаюцца ім цалкам пустымі, бо усе ж ведаюць, што шах сапраўды атрымаў вялікія грошы.
Праз некалькі дзён пасьля прэс-канферэнцыі, якую мы бачым на фатаграфіі, манарх дае інтэрвю карэспандэнту штотыднёвіка “Spiegel”, якому ён кажа:
Праз дзесяць гадоў мы будзем жыць на тым самым узроўні, на якім жывеце вынемцы, французы, ангельцы.
Ці вы думаецез недаверам гаворыць карэспандэнт, – што гэта атрымаецца зрабіць на працягу дзесяці гадоў?
Так, вядома.
Але жкажа ашаломлены карэспандэнт, – Захаду спатрэбілася шмат пакаленьняў, каб дасягнуць свайго сучаснага ўзроўню! Ці вы будзеце ў стане гэта пераскочыць?
Зразумела.
Я думаю пра гэтае інтэрвю цяпер, калі шаха ў Іране ўжо няма, і калі я патанаю ў неверагоднай гразі і гноі сярод убогіх мазанак у маленькай вёсцы пад Шыразам, акружаны грамадой паўголых і зьмерзлых дзяцей, а перад адной з хатаў нейкая жанчына лепіць з быдлячага гною круглыя блінцы, якія (у гэтай краіне нафты і газу!) пасьля таго як іх высушаць, будуць адзіным палівам. Дык вось, калі я іду так праз гэтую сумную сярэднявечную вёску і ўзгадваю гэтае інтэрвю, пасьля якога мінула ўжо некалькі гадоў, мне да галавы прыходзіць самае банальнае з усіх разважаньняў, а менавіта тое, што няма такога абсурду, які чалавечы розум ня ў стане быў бы прыдумаць.
Аднак шах пакуль што зачыняецца ў палацы, адкуль выдае сотні пастановаў, якія скалануць Іран, а праз пяць гадоў яго самога прывядуць да паразы. Ён загадвае падвоіць выдаткі на інвестыцыі, распачаць вялікі імпарт тэхналогіяў і стварыць трэцюю ў сьвеце армію па тэхнічным узроўні. Ён рэкамендуе замаўляць самае сучаснае абсталяваньне, хутка яго ўсталёўваць і запускаць. Сучасныя машыны дадуць сучасную прадукцыю, Іран закідае сьвет найлепшымі вырабамі. Ён вырашае будаваць атамныя электрастанцыі, прадпрыемствы электронных вырабаў, металургічныя заводы і ўсялякія фабрыкі. Пасьля чаго, паколькі ў Еўропе пануе цудоўная зіма, ён выязджае на нарты ў Сан Морыц. Але чароўная і элегантная рэзідэнцыя шаха ў Сан Морыц раптам перастае быць закутком цішы і месцам адасабленьня. Бо ў той час вестка пра новае Эльдарада пайшла ўжо ў сьвет і выклікала ўзрушэньне ў сталіцах. Такая колькасьць грошай узьдзейнічае на любое ўяўленьне, таму ўсе адразу падлічылі, які капітал можна было б сабраць у Іране. Перад швейцарскай рэзідэнцыяй шаха пачала станавіцца чарга прэмераў і міністраў паважаных і багатых урадаў, са значных і вядомых краінаў. Шах сядзеў у фатэлі, грэў рукі ля каміну і ўслухоўваўся ў паток прапановаў і заяваў. Каля яго ног цяпер быў увесь сьвет. Перад ім былі схіленыя галовы, сагнутыя шыі і працягнутыя далоні. “Ну, бачыце, – казаў ён прэмерам і міністрам, – вы ня ўмееце кіраваць, і таму ў вас няма грошай!” Ён павучаў Лондан і Рым, даваў парады Парыжу, адчытваў Мадрыд. Сьвет выслухоўваў усё пакорліва, каўтаў самыя горкія пігулкі, бо вачыма быў зьвернуты ў бок бліскучай піраміды золата, якая ўзвышалася ў іранскай пустыні. У амбасадараў, якія знаходзіліся ў Тэгеране, было мноства турбот, бо канцылярыі закідвалі іх дзясяткамі тэлеграмаў на тэму грошай: колькі грошай можа даць нам шах? Калі, і на якіх умовах? Сказаў, што ня дасьць? Няхай высокасьць настойвае! Мы прапануем гарантаваныя паслугі і запэўніваем дабразычлівую прэсу! У чакальнях нават самых нязначных міністраў шаха безупынная цісканіна і штурханіна, нярвовыя позіркі і потныя рукі, ніякай элегантнасьці і павагі. А сярод тых, што тут таўкуцца, цягнуць іншых за рукаў, злосна пырхаюць на суседзяў, крычаць, штотут чарга!” – старшыні сусьветных суполак, дырэктары вялікіх канцэрнаў, дэлегацыі вядомых фірмаў і прадпрыемстваў, урэшце прадстаўнікі больш-менш паважаных урадаў. Яны наўзахваткі прапануюць, расхвальваюць то фабрыку самалётаў, то аўтамабіляў, то тэлевізараў, то гадзіньнікаў. А поруч з тымі знакамітымі і, у нармальных варунках, добра выхаванымі лордамі сусьветнага капіталу і прамысловасьці, у Іран цягнуцца цэлыя касякі менш важных плотак, дробных сьпекулянтаў і махляроў, адмыслоўцаў у золаце і каштоўных камянях, у дыскатэках і стрыптызах, у опіуме, у барах, у галеньні брытвай і ва ўзыходжаньні на хвалю, цягнуцца такія, што здольныя зрабіць персідскую версіюПлэйбоя”, такія, што арганізуюць шоў у стылі Лас-Вегас, і тыя, што раскруцяць рулетку лепшую, чым у Монтэ Карла. Хутка ў Тэгеране можна будзе стаць на вуліцы і чытаць разьвешаныя наўкола рэкламы і шыльды: “Jimmy’s Night Club”, “Holiday Barber Shop”, “Best Food in the World”, “New York Cinema”, “Discreete Corner”. Усё роўна нібыта ідзеш па Брадвею ці па лонданскім Соха. Тым, хто цяпер валіць у Іран праз дзьверы і вокны, недзе яшчэ на еўрапейскіх лётнішчах, нейкія студэнты ў каптурах спрабуюць усунуць скручаныя ўлёткі пра тое, што ў іх краіне людзі гінуць ад катаваньняў, што нельга ўстанавіць, ці ў жывых многія з тых, каго схапіў Савак. Але каго гэта хвалюе, калі надараецца выпадак, каб набіць свае кішэні, тым больш, што ўсё адбываецца пад узьнёслым лозунгам будаваньня Вялікай Цывілізацыі, абвешчаным шахам. Тым часам шах вяртаецца з зімовага курорту, адпачыўшы і задаволены, нарэшце ўсе напраўду яго хваляць, увесь сьвет піша пра яго самае лепшае, узносіць яго заслугі, увесь час падкрэсьліваючы, што паўсюль, як вокам ахапіць, столькі клопатаў і, нават, поўна ўсялякіх скандалаў, а ў Іраненічога, там справы ідуць надзвычай добра, уся краіна ў бляску прагрэсу і сучаснасьці, туды трэба езьдзіць і браць прыклад. Там трэба назіраць, як адукаваны манарх, якога не адштурхоўвае цемната і галадранства свайго народа, заахвочвае яго да ўздыму, каб яму як мага хутчэй хацелася вызваліцца ад беднасьці і забабонаў, і каб той народ, не шкадуючы поту, ускараскваўся на ўзровень Францыі і Англіі.
Ці на думку Вашай Высокасьці, – пытаецца карэспандэнт штотыднёвіка “Spiegel”, – прынятая вамі мадэль разьвіцьця найбольш адпавядае нашаму часу?
Я перакананы ў гэтым, – адказвае шах.
На жаль, радасьць манарха будзе трываць нядоўга. Разьвіцьцёгэта здрадлівая рака, у чым пераканаецца кожны, хто ўвойдзе ў яе плынь. На паверхні вада цячэ роўна і борзда, але як толькі стырнавы пачне весьці сваю лодку бестурботна і з празьмернай самаўпэўненасьцю, адразу ж убачыць, колькі ў гэтай рацэ пагрозьлівых віроў і шырокіх меляў. Па меры таго, як лодка ўсё часьцей пачне трапляць у гэтыя пасткі, твар стырнавога будзе выцягвацца. Ён яшчэ напявае і пакрыквае для падбадзёрваньня, але ў глыбыні душы ўжо зьяўляецца чарвяк горычы і расчараваньня: быццам бы, яшчэ плыве, але ўжо стаіць, лодка нібы рухаецца, але тырчыць на месцынос сеў на мель. Аднак усё гэта надыдзе пазьней. Пакуль што шах закупіўся на мільярды па ўсім сьвеце, і з усіх кантынентаў у напрамку Ірану паплылі караблі поўныя тавару. Але калі яны дабраліся да Персідскай затокі, аказалася, што ў Іране няма партоў (пра што шах ня ведаў). То бок парты ёсьць, але малыя і старыя, няздольныя прыняць такую вялікую колькасьць грузаў. Некалькі сотняў караблёў стаялі ў моры, чакаючы сваёй чаргі, стаялі часта па паўгоду. За тыя прастоі Іран плаціў карабельным кампаніям мільярд даляраў штогод. Паступова караблі неяк разгружаліся, але тады аказалася, што ў Іране няма складоў (пра што шах ня ведаў). Пад адкрытым небам, у пустыні, у кашмарнай трапічнай сьпёцы ляжалі мільёны тонаў усялякага тавару, палова з чаго была прыдатная толькі да выкіданьня, бо там былі і харчы, і розныя нетрывалыя хімікаты. Увесь дастаўлены тавар цяпер трэба было везьці ўглыб краіны, але тады аказалася, што ў Іране няма транспарту (пра што шах ня ведаў). То бок, ёсьць трохі аўтамабіляў і вагонаў, але гэта ледзьве крупінка адносна па­трэбаў. Тады з Еўропы даставілі дзьве тысячы грузавікоў, але аказалася, што ў Іране няма кіроўцаў (пра што шах ня ведаў). Пасьля шматлікіх нарадаў адправілі самалёты, якія прывезьлі з Сеэулу паўднёвакарэйскіх кіроўцаў. Грузавікі крануліся і пачалі перавозіць груз. Аднак калі кіроўцы навучыліся трохі гаварыць па-персідску, хутка даведаліся, што ім плацяць напалову менш, чым іранскім кіроўцам. Абураныя, яны пакідалі грузавікі і вярнуліся ў Карэю.Тыя аўтамабілі, сёньня ўжо непрыгодныя, працягваюць стаяць засыпаныя пяском у пустыні, на дарозе, якая вядзе з Бандэр Абас да Тэгерану. Аднак з часам, пры дапамозе замежных транспартных фірмаў, закупленыя па ўсім сьвеце фабрыкі і машыны былі прывезеныя да месцаў прызначэньня. Такім чынам надышоў час, каб пачаць мантаж. Але тады аказалася, што ў Іране няма інжынераў і тэхнікаў (пра што шах ня ведаў). Калі разважаць лагічна, нехта той, хто пастанавіў стварыць Вялікую Цывілізацыю, павінен быў пачаць з людзей, з таго, каб падрыхтаваць прафесійныя кадры, каб стварыць уласную інтэлігенцыю. Але менавіта такое разважаньне было непрымальным! Адчыніць новыя універсітэты, адчыніць політэхніку? Кожная такая вучэльнягэта гняздо з шэршнямі. Кожны студэнтгэта бунтаўнік, зваднік і вальнадумца. Ці можна зьдзіўляцца шаху, што ён не хацеў накідваць пятлю сабе на шыю? У манарха быў лепшы спосаббольшасьць сваіх студэнтаў ён трымаў далёка ад Ірану. З гэтага пункту гледжаньня краіна была сусьветным унікумам. Больш за сто тысячаў маладых людзей вучыліся ў Еўропе і Амерыцы. Гэта каштавала Ірану нашмат больш, чым стварэньне ўласных вучэльняў. Але такім чынам рэжым гарантаваў сабе адносны спакой і бясьпеку. Большасьць той моладзі ніколі не вярталася. У Сан-Францыска і ў Гамбургу сёньня больш іранскіх лекараў, чым у Тэбрызе і Мешхэдзе. Яны не вярталіся, нягледзячы на высокія заробкі, якія прапаноўваў шах: баяліся Саваку і больш не хацелі нікога цалаваць у ногі. То было вялікай трагедыяй гэтай краіны на працягу многіх гадоў. Дыктатура шаха, яе рэпрэсіі і перасьледы асуджалі найлепшых людзей Ірану, самых вялікіх пісьменьнікаў, навукоўцаў і мысьляроў на эміграцыю, на маўчаньне альбо на кайданы. Адукаванага іранца лягчэй было сустрэць у Марселі ці Бруселі, чым у Гамадане ці Казьвіне. Іранец у Іране ня мог чытаць кніг сваіх лепшых пісьменьнікаў (бо яны выдаваліся толькі за мяжой), ня мог глядзець фільмы сваіх выдатных рэжысёраў (бо іх нельга было паказваць у краіне), ня мог чуць голас сваіх інтэлектуалаў (бо яны былі асуджаныя на маўчаньне). Па волі шаха людзям заставаўся выбар паміж Савакам і мулой. І, натуральна, яны выбралі мулу. Калі гаворка ідзе пра падзеньне нейкай дыктатуры (а рэжым шаха быў асабліва грубай і ілжывай дыктатурай), нельга мець ілюзіяў, што разам з яе ліквідацыяй уся сістэма канчаецца і зьнікае як благі сон. Так, канчаецца фізічнае існаваньне сістэмы. Але яе псіхічныя, грамадскія наступствы застаюцца, жывуць і нагадваюць пра сябе доўгія гады, і нават могуць захавацца ў выглядзе падсьвядома працягваемых паводзінаў. Дыктатура, якая зьнішчае інтэлігенцыю і культуру, пакідае пасьля сябе пустое і мёртвае поле, на якім няхутка вырасьце дрэва думкі. На тое пустое поле з укрыцьцяў, з закуткоў, са шчылінаў выходзіць не заўсёды той, хто найлепшы, але часта той, хто аказаўся мацнейшым; не заўсёды той, хто ўнясе і створыць новыя каштоўнасьці, але хутчэй той, каму цьвёрдая скура і ўнутраная ўстойлівасьць палегчылі здольнасьць пратрываць. У такіх выпадках гісторыя пачынае круціцца ў трагічным, заганным коле і, іншым разам патрэбна цэлая эпоха, каб яна магла вырвацца з яго. Аднак у гэтым месцы мы мусім затрымацца, і нават вярнуцца на некалькі гадоў, бо, апярэджваючы падзеі, мы ўжо разбурылі Вялікую Цывілізацыю, але ж спачатку нам яе трэба пабудаваць. Аднак, як тут будаваць, калі няма сьпецыялістаў, а народ, хоць бы і гарнуўся да навучаньня, ды няма дзе вучыцца? Каб выканаць мрою шаха, трэба было ўзяць на працу адразу прынамсі семдзесят тысячаў сьпецыялістаў. Выйсьце было знойдзенае самае простае і самае бясьпечнаебудзем прывозіць іх з-за мяжы. Справа бясьпекі была тут вельмі важным аргументам, бо вядома, што чужы чалавек ня будзе арганізоўваць змоваў і бунтаў, ня будзе выказваць пратэсту ці абурацца Савакам, бо яго справа выканаць сваю працу, зарабіць грошай і выехаць. У сьвеце наогул спыніліся б усялякія рэвалюцыі, калі б, напрыклад, людзі з Эквадору будавалі Парагвай, а ГіндусыСаудаўскую Арабію. Зьмяшаць, разьмяшаць, перасяліць, расьсеяць, і будзе супакой. Такім чынам у Іран пачынаюць сьцягваць дзясяткі тысячаў іншаземцаў. На лётнішчы ў Тэгеране прызямляюцца самалёт за самалётам. Прыязджаюць хатнія работніцы з Філіпінаў, сантэхнікі з Грэцыі, электрыкі з Нарвегіі, бухгалтары з Пакістану, механікі з Італіі, вайскоўцы са Злучаных Штатаў. Глядзім здымкі шаха з таго перыядушах размаўляе з інжынерам з Мюнхену, шах размаўляе з майстрам з Мілану, шах размаўляе з кранаўшчыком з Бостану, шах размаўляе з тэхнікам з Кузьнецку. А хто тыя адзіныя іранцы, якіх мы бачым на здымку? Гэта міністры і людзі з Саваку, якія ахоўваюць манарха. Іранцы ж, якіх мы ня бачым на здымку, глядзяць на тое, што адбываецца, усё больш шырокімі вачыма. Перш за ўсё, гэтая іншаземная армія, самой сілай свайго прафесіяналізму, сілай таго, што здольна націскаць адпаведныя кнопкі, пераключаць адпаведныя рычагі, злучаць адпаведныя кабелі, нягледзячы на тое, што паводзіла сябе вельмі сьціпла (як гэта было ў выпадку нашай маленькай групы сьпецыялістаў), пачынае дамінаваць, пачынае ўганяць іранцаў у комплекс непаўнавартасьці. Чужы ўмее, а я ня здолею. Іранцыгэта народ горды і празьмерна ўражлівы на глебе сваёй годнасьці. Іранец не прызнаецца, што ён нешта ня здолее зрабіць, гэта для яго вялікі сорам, гэта значыць страціць твар. Ён будзе цярпець, будзе прыгнечаны, урэшце пачне ненавідзець. Іранец хутка зразумеў думку, якая трапіла шахувы там сядзіце сабе ў ценю мячэтаў і пасьвіце авечак, бо пакуль з вас нешта вырасьце, міне стагоддзе, а мне ж трэба з амерыканцамі і немцамі за дзесяць гадоў пабудаваць сусьветную імперыю. Таму іранцы прынялі Вялікую Цывілізацыю найперш як вялікае прыніжэньне. Але гэта, вядома, толькі частка справы. Бо адразу ж пачынаюць хадзіць чуткі, колькі тыя сьпецыялісты зарабляюць у краіне, у якой для многіх сялянаў дзесяць даляраў зьяўляюцца цэлай маёмасьцю (селянін атрымліваў за свой тавар пяць адсоткаў ад той цаны, за якую пазьней ён прадаваўся ў горадзе на рынку). Найбольшы шок выклікаюць зарплаты амерыканскіх афіцэраў, запрошаных шахам. Часта яны складаюць сто пяцьдзясят альбо дзьвесьце тысячаў даляраў у год. Праз чатыры гады побыту ў Іране афіцэр выязджае маючы ў кішэні паўмільёна даляраў. Інжынеры аплочваюцца нашмат горш, але іранскае мысьленьне пра даходы іншаземцаў фарміруюцца праз гэтую амерыканскую столь. Можна ўявіць сабе, як сярэдні іранец, які ня можа зьвесьці канцы з канцамі, любіць шаха і яго Цывілізацыю, што ён адчувае, калі на сваёй уласнай бацькаўшчыне яго ўвесь час чаўпуць, вучаць, высьмейваюць тыя шматлікія чужыя яму людзі, якія, нават калі і не дэманструюць гэтага, пераканыя ў сваёй вышэйшасьці. Аднак нарэшце, з іншаземнай дапамогай, частка фабрык была пабудаваная, але тады аказалася, што няма электрычнасьці (пра што шах ня ведаў). А калі казаць больш дакладна, нават ня мог ведаць, бо шах чытаў статыстыку, а з яе вынікала, што ток ёсьць. І гэта было праўдай, толькі ў статыстыцы паказвалася, што току ў два разы больш, чым у сапраўднасьці. Тым часам да горла шаху ўжо быў прыстаўлены нож, па той прычыне, што ён абавязкова хацеў імпартаваць прамысловыя вырабы, ды маючы такія фантастычныя грошы ён ня толькі выдаў іх да апошняй манеты, але ўсё больш пазычаў, направа і налева. А навошта ж Іран пазычаў? Бо мусіў выкупляць акцыі вялікіх замежных канцэрнаў, амерыканскіх, нямецкіх, розных. Але ці насамрэч гэта было абавязковым? Так, гэта было абавязковым, бо шах павінен быў кіраваць сьветам. Некалькі гадоў шах усіх вучыў, даваў парады шведам і егіпцянам, але цяпер яму была патрэбная рэальная сіла. Іранская вёска патанала ў гразі і ацяплялася жывёльным памётам, але якое гэта мела значэньне, калі ў шаха разгарнуліся сусьветныя амбіцыі?


Фотаздымак (11)
Уласна кажучы, гэта не фотаздымак, а рэпрадукцыя алейнай карціны, на якой мастак панегірыст прадставіў шаха ў позе а-ля Напалеон (калі імператар Францыі, седзячы на кані, камандуе адной са сваіх пераможных бітваў). Гэты здымак распаўсюджваўся іранскім міністэрствам інфармацыі (дарэчы кажучы, якім кіраваў Савак), таму ён напэўна быў ухвалены манархам, які любіў падобнага роду параўнаньні. Добра скроены мундзір, які падкрэсьлівае зграбную, выпрастаную постаць Магамеда Рэзы, ашаламляе багацьцем галуноў, колькасьцю ордэнаў і мастацкім разьмяшчэньнем разьвешаных на грудзях шнуроў. На гэтай карціне мы бачым шаха ў яго самай любімай роліправадыра арміі. Так, шах клапоціцца пра сваіх падданых, займаецца паскораным разьвіцьцём і да т.п., але гэта ўсё цяжкія абавязкі, якія вынікаюць з факту, што ён зьяўляецца бацькам народу, яго ж сапраўдным хобі, яго праўдзівым захапленьнем зьяўляецца менавіта армія. Гэта не было цалкам бескарысьлівай цягай. Армія заўсёды была галоўнай апорай трону, а з часам усё больш адзінай падпорай. У той момант, калі армія рассыпаласяшах перастаў існаваць. Аднак я вагаюся, ці ўжываць наогул акрэсьленьнеармія, бо яно вядзе да памылковых асацыяцыяў. У нашай традыцыі армія была зьвязам людзей, якія пралівалі кроў за нашу і вашу свабоду, абаранялі межы, змагаліся за незалежнасьць, атрымлівалі перамогі, пакрываючы славай баявыя штандары, альбо зазнавалі трагічныя паразы, пасьля якіх пачыналіся гады цярпеньняў усяго народу.
Нічога падобнага нельга сказаць пра армію абодвух шахаў Паглаві. Быў адзін выпадак, калі яна выступіла ў ролі абаронцы бацькаўшчыны (у 1941г.), але менавіта тады, убачыўшы першага чужога жаўнера, армія пасьпешна адступіла і разьбеглася па дамах. Затое перад тым і потым гэтая армія ахвотна паказвала сваю сілу ў цалкам іншых абставінах, а менавіта, зьнішчаючы (часта безабаронныя) нацыянальныя меньшасьці і, таксама безабаронныя, маніфестацыі насельніцтва. Адным словам, гэтая армія была ні чым іншым, як інструментам унутранага тэрору, свайго роду казарменнай паліцыяй. Як гісторыю нашай зброі некалі вызначалі вялікія бітвы пад Грунвальдам, Цэцорай, Рацлавіцамі ці Альшынкай Грахоўскай, так гісторыю арміі Магамеда Рэзы вызначаюць вялікія расправы, учыненыя над сваім уласным народам (Азербайджан – 1946, Тэгеран – 1963, Курдыстан – 1967, увесь Іран – 1978 і г.д.). Таму любое разьвіцьцё арміі народ успрымаў з жахам, асьцерагаючыся,што гэткім чынам шах рыхтуе яшчэ больш тоўсты і балючы бізун, які раней ці пазьней абрынецца лю­дзям на плечы. Нават падзел паміж войскам і паліцыяй (якой было восем відаў) меў толькі фармальны характар. На чале ўсіх тыпаў паліцыі стаялі армейскія генералысамыя блізкія людзі шаха. Армія, таксама, як і Савак, мела ўсе прывілеі. (“Пасьля заканчэньня навучаньня ў Францыі, – распавядае адзін лекар, я вярнуўся ў Іран. Мы з жонкай пайшлі ў кіно, сталі ў чаргу. Зьявіўся унтэр-афіцэр, які абмінуўшы ўсіх, купіў у касе білет. Я зрабіў яму заўвагу. Тады ён падышоў і ўмазаў мне па твары. Я вымушаны быў прыняць гэта пакорліва, бо суседзі з чаргі папярэдзілі мяне, што ўсялякі пратэст можа скончыцца зьняволеньнем”). Так што шах лепш за ўсё адчуваў сябе ў мундзіры і больш за ўсё часу прысьвячаў сваёй арміі. Здавён яго любімым заняткам быў прагляд выданьняў (якіх на Захадзе выходзіць дзясяткі), прысьвечаных новым відам зброі, якія рэкламавалі розныя фірмы і вытворцы. Магамед Рэза выпісваў і ўважліва чытаў усе гэтыя выданьні. Шэраг гадоў, ня маючы столькі грошай, каб купіць кожную сьмяротную забаўку, якая прыйшлася яму да густу, ён мог толькі паглыбляцца ў мроі падчас гэтых захапляльных чытаньняў і спа­дзявацца, што амерыканцы дадуць яму ці нейкі танк, ці самалёт. Амерыканцы натуральна давалі шмат, аднак жа заўсёды знаходзіўся нейкі сенатар, які ўзьнімаў лямант і крытыкаваў Пентагон, што шаху высылаюць зашмат зброі, і тады на нейкі перыяд пастаўкі прыпыняліся. Аднак цяпер, калі шах атрымаў вялікія нафтавыя грошы, усе клопаты скончыліся! Ён перадусім падзяліў гэтую шалёную суму ў дваццаць мільярдаў даляраў (штогод) больш-менш напалову: дзесяць мільярдаў на гаспадарку, другія дзесяцьна армію (тут трэба дадаць, што ў арміі знаходзіўся менш за адзін адсотак насельніцтва). Потым манарх яшчэ больш чым звычайна паглыбіўся ў чытаньне зброевых часопісаў і прасьпектаў, і з Тэгерану ў сьвет паплыў струмень самых фантастычных замаўленьняў. Колькі танкаў у вялікай Брытаніі? Паўтары тысячы. Добра, кажа шах, замаўляю дзьве тысячы. Колькі гарматаў у Бундэсвера? Тысяча. Добра, замаўляем паўтары тысячы. Але чаму заўсёды больш чым Брытанская Армія і Бундэсвер? Бо ў нас павінна быць трэцяя армія ў сьвеце. На жаль, у нас ня можа быць ні першая, ні другая, але трэцяятак, трэцяя можа і павінна быць. І вось ізноў у бок Ірану плывуць караблі, ляцяць самалёты і коцяцца грузавыя аўтамабілі, вязуць самую сучасную зброю, якую людзі вынайшлі і вырабілі. У хуткім часе (бо калі з пабудовай фабрык былі клопаты, дык з дастаўкай танкаў справы выглядаюць значна лепей) Іран пераўтвараецца ў вялікую выставачную пляцоўку ўсіх тыпаў зброі і ваеннага абсталяваньня. Менавіта выставачную, бо ў краіне няма магазінаў, складаў, ангараў, каб схаваць і засьцерагчы ўсё гэта. Выгляд сапраўды незвычайны. Калі сёньня ехаць з Шыразу ў Ісфаган, у пэўным месцы, каля шашы з правага боку, у пустыні стаяць сотні шрубалётаў. Бязьдзейныя машыны паступова засыпае пясок. Ніхто не ахоўвае гэтую тэрыторыю, але ў гэтым няма патрэбы, няма такіх, хто здолеў бы запусьціць шрубалёт. Цэлыя палі пакінутых гарматаў стаяць пад горадам Кум, палі пакінутых танкаў можна ўбачыць каля Агвазу. Аднак мы апярэджваем падзеі. Пакуль у Іране яшчэ ёсьць Магамед Рэза, які мае праграму запоўненую да апошняй хвіліны. Бо арсенал манарха расьце з кожным днём, і ўвесь час прыбывае нешта новаето ракеты, то радары, то зьнішчальнікі, то бронемашыны. Усяго гэтага вельмі шмат, ваенны бюджэт Ірану менш чым за год вырас у пяць разоў, з двух да дзесяці мільярдаў даляраў, а шах ужо абдумвае далейшае павышэньне. Манарх езьдзіць, кантралюе, аглядае, дакранаецца. Прымае даклады, рапарты, слухае тлумачэньні, для чаго служыць вось гэты рычаг, што адбудзецца, калі націснуць вось тую чырвоную кнопачку. Шах слухае, ківае галавой. Аднак дзіўныя твары выглядваюць з-пад баявых касак, з-пад авіяцыйных і танкавых шлемаў. Нейкія вельмі белыя, са сьветлым заростам на твары, а часам цалкам чорныя, мурынскія. Але так, гэта ж проста амерыканцы! Бо нехта ж павінен лятаць на тых самалётах, нехта павінен кіраваць радарам, нехта ўстанаўліваць прыцэл, а мы ведаем, што ў Ірана няма шматлікіх кадраў ня толькі цывільных тэхнікаў, але таксама і вайсковых. Купляючы самае дасканалае абсталяваньне, шах вымушаны быў прывезьці дарагіх амерыканскіх вайсковых сьпецыялістаў, якія здолеюць абслугоўваць яго. У апошні год панаваньня шаха ў Іране іх знаходзілася каля сарака тысячаў. Кожнае трэцяе прозьвішча на афіцэрскай плацёжнай ведамасьці было амерыканскім. У многіх тэхнічных фармаваньнях іранскіх афіцэраў можна было пералічыць па пальцах. Але нават у амерыканскай арміі не было такой колькасьці эксьпертаў, якой дамагаўся шах. Вось аднойчы, манарх, аглядаючы прасьпекты зброевых фірмаў захапіўся выглядам самага новага мінаносцаСпруэнс”. Кошт аднаго складаў трыста трыццаць восем мільёнаў даляраў. Шах адразу замовіў чатыры. Мінаносцы прыплылі ў порт Бэндэр Абас, але амерыканскія каманды мусілі вярнуцца дадому, бо Злучаныя Штаты самі ня маюць дастатковай колькасьці маракоў для абслугоўваньня гэтых караблёў. Тыя мінаносцы дагэтуль разбураюцца ў порце Бэндэр Абас. Іншым разам захапленьне шаха выклікаў узор бамбардзіроўшчыка-зьнішчальніка F-16. Ён адразу вырашыў закупіць вялікую партыю. Але амерыканцы, гэта ж галота, яны ня могуць дазволіць сабе нічога прыстойнага, і цяпер яны таксама вырашылі спыніць вытворчасьць бамбавоза, бо яго кошт здаваўся ім занадта высокімдваццаць шэсьць мільёнаў даляраў за штуку. На шчасьце шах уратаваў справу і вырашыў падтрымаць сваіх бедных прыяцеляў. Ён выслаў ім замаўленьне на сто шэсьцьдзесят гэтых самалётаў, далучыўшы чэк на суму ў тры мільярды васемсот мільёнаў даляраў. Чаму б не адняць хоць бы адзін мільён з тых шалёных сумаў, каб купіць некалькі гарадскіх аўтобусаў для жыхароў Тэгерану? Людзі ў сталіцы гадзінамі чакаюць аўтобусу, а потым гадзінамі едуць на працу. Гарадскіх аўтобусаў? А якая веліч заключаецца ў гарадскім аўтобусе? Які ж бляск магутнасьці можа выпраменьваць з такога аўтобусу? А калі б з тых мільярдаў адняць адзін мільён, каб у некалькіх вёсках пабудаваць студні? Студні? А хто ж гэта будзе езьдзіць у тыя вёскі глядзець на студні? Тыя вёскі ў гарах, далёка, ніхто не захоча іх наведваць і захапляцца. Уявім сабе, што зробім альбом, які паказвае Іран як пятую па магутнасьці дзяржаву. У альбоме зьмяшчаем здымак вёскі, у якой стаіць студня. Лю­дзі ў Еўропе будуць задумвацца, што вынікае з такой фатаграфіі? Нічога. Проста бачна вёску, у якой стаіць студня. Калі ж мы зьмесьцім здымак манарха, паказаўшы на другім плане шэрагі рэактыўных самалётаў (такіх здымкаў вельмі шмат), усе паківаюць галавой з захапленьнем і скажуць, сапраўды, трэба прызнаць, што гэты шах зрабіў нешта незвычайнае! Тым часам Магамед Рэза знаходзіцца ў сваім штабным кабінеце. Я бачыў па тэлевізары рэпартаж з гэтага кабінету. Адну сьцяну займае велізарная мапа сьвету. На значнай адлегласьці ад мапы стаіць глыбокі і шырокі фатэль, а побач столік і тры тэлефоны. Зьвяртае ўвагу тое, што ва ўсім памяшканьні больш няма ніякай іншай мэблі. Няма больш ні фатэляў, ні крэслаў. Тут ён знаходзіўся сам. Сядаў у фатэль і разглядваў мапу. Выспы ў праліве Армуз. Ужо здабытыя, занятыя яго войскам. Аман. Там знаходзяцца яго дывізіі. Самалі. Аказаў гэтай краіне вайсковую дапамогу. Заір. Таксама аказаў дапамогу. Даў крэдыты Егіпту і Марока. Еўропа. Тут у яго былі капіталы, банкі, акцыі ў вялікіх канцэрнах. Амерыка. Тут таксама выкупіў шмат акцыяў, з ім лічыліся. Іран разрастаўся, рабіўся велічным, здабываў пазіцыі на ўсіх кантынентах. Індыйскі акіян. Так, надышоў час, каб узмацніць уплывы ў Індыйскім акіяне. Гэтай справе ён пачаў прысьвячаць усё больш часу.


Фотаздымак (12)
Самалёт авіялініяў Люфтганза на лётнішчы Меграбад у Тэгеране. Выглядае як рэкламны здымак, але ў гэтым выпадку рэклама не патрэбная, месцы заўсёды распрададзеныя. Гэты самалёт штодня адлятае з Тэгерану і апоўдні прызямляецца ў Мюнхене. Замоўленыя лімузіны вязуць пасажыраў у элегантныя рэстараны на абед. Пасьля абеду, тым самым самалётам усе вяртаюцца ў Тэгеран, дзе, ужо ва ўласных дамах, іх чакае вячэра. Гэта ня вельмі дарагое задавальненьнедзьве тысячы даляраў з чалавека. Для людзей, якія маюць ласку шаха, такая сума ня мае ніякага значэньня. Хутчэйгэта палацавы плебс абедае ў Мюнхене. Тыя што стаяць трохі вышэй, не заўсёды жадаюць абцяжарваць сябе такімі далёкімі выправамі. Абеды ім прывозяць самалётамЭйр Франскухары і кельнеры з парыжскага Максіма. Але нават такія прыхамаці не зьяўляюцца чымсьці надзвычайным, бо яны каштуюць дробязь у параўнаньні з казачнымі багацьцямі, якімі валодае Магамед Рэза і яго людзі. У вачах звычайнага іранца Вялікая Цывілізацыя, або Рэвалюцыя Шаха і Народу, найперш была Вялікім Рабункам, якім займалася яго эліта. Кралі ўсе, у каго была ўлада. Калі нехта меў пасаду і ня краў, вакол яго рабілася пуста: ён выклікаў падазрэньне. Іншыя казалі пра ягогэта напэўна шпег, яго даслалі, каб ён віжаваў і даносіў, хто колькі крадзе, бо гэтыя зьвесткі патрэбныя нашым ворагам. Калі мелі магчымасьць, такога чалавека хутка пазбаўлялісяён псаваў гульню. Такім чынам усё стала з ног на галаву, каштоўнасьці займелі адваротнае значэньне. Той, хто хацеў быць сумленным, падазраваўся ў тым, што ён аплочваемы шпег. Калі нехта меў чыстыя рукі, павінен быў глыбока хаваць іх, у чысьціні было нешта сарамлівае, нешта двухсэнсавае. Чым вышэй, тым больш поўная кішэня. Калі нехта хацеў пабудаваць фабрыку, адкрыць фірму альбо займацца бавоўнай, частку акцыяў ён мусіў быў даваць у падарунак сямі шаха, альбо аднаму з саноўнікаў. І ахвотна даваў, бо інтэрас толькі тады мог разьвівацца, калі меў падтрымку двара. Любая перашкода пераадольвалася, калі былі грошы і ўплывы. Уплывы можна было купіць, а потым карыстаючыся імі яшчэ больш памнажаць багацьце. Цяжка ўявіць сабе тую раку грошай, якая цячэ ў касу шаха, яго сямі і ўсёй прыдворнай эліты. Сямя шаха брала хабар па сто мільёнаў даляраў і больш. У самім Іране яна мела ў абароце суму, што вагалася ад трох да чатырох мільярдаў даляраў, але галоўная маёмасьць знахо­дзіцца ў замежных банках. Прэмеры і генералы бралі хабар па дваццаць і пяцьдзясят мільёнаў даляраў. Чым ніжэй, тым меншымі былі грошы, але яны былі заўсёды! Па меры таго як расьлі цэны, узьнімаўся памер хабару, звычайныя людзі скардзіліся, што ўсё большую частку заробкаў яны вымушаныя прызначаць на кармленьне молаха карупцыі. У былыя часы ў Іране існаваў звычай прадаваць пасады на аўкцыёне. Шах абвяшчаў пачатковы кошт за пасаду губернатара, і той, хто заплаціў найбольш, станавіўся губернатарам. Потым, як губернатар, ён абдзіраў паддадных, каб вярнуць (з лішкам) грошы, якія ўзяў з яго шах. Цяпер гэты звычай адрадзіўся ў іншым выглядзе. Цяпер манарх купляў людзей, высылаючы іх каб яны заключалі вялікія кантракты, асабліва вайсковыя. З гэтай нагоды атрымліваліся вялікія камісійныя, частка якіх прыпадала сямі манарха. Гэта быў рай для генералаў (войска і Савак на Вялікай Цывілізацыі сабралі самую большую маёмасьць). Генералітэт напіхваў кішэні без ніякага сораму. Камандуючы марфлотам, контрадмірал Рамзі Абас Атаі, выкарыстоўваў свой флот, каб перавозіць кантрабанду з Дубаю ў Іран. З боку мора Іран быў безабаронныяго караблі стаялі ў порце Дубай, дзе контрадмірал грузіў на борт японскія аўтамабілі.
У шаха, які быў заняты будаваньнем Пятай Дзяржавы, Рэвалюцыяй, Цывілізацыяй і Прагрэсам, не было часу, каб займацца такімі дробнымі аперацыямі, як яго падуладныя. Мільярдныя рахункі манарха ўзьніклі значна прасьцейшым спосабам. Ён быў адзіным чалавекам, які меў доступ да бухгалтэрыі Іранскага Нафтавага Таварыства, гэта значыць ён вырашаў, як будуць падзеленыя нафтадаляры, а мяжа паміж кішэняй манарха і дзяржаўнай скарбонкай была невыразнай, неакрэсьленай. Дадамо, што шах, прыгнечаны такой колькасьцю абавязкаў, ні на хвіліну не забываў пра прыватны куфэрачак і абдзіраў сваю краіну ўсімі магчымымі спосабамі. Што адбываецца з гэтай вялікай колькасьцю грошай, якую накапілі ўлюбёнцы шаха? Часьцей за ўсё яны зьмяшчаюць сваё багацьце ў замежных банках. Ужо ў 1958 годзе ў амерыканскім сенаце адбыўся скандал, бо нехта высьветліў, што грошы, якія ў той час Амерыка давала на дапамогу бядуючаму Ірану, вярнуліся ў Злучаныя Штаты ў выглядзе сум укладзеных у банкі на прыватныя рахункі шаха, яго сямі і давераных асобаў. Але з таго моманту, калі Іран пачынае свой цудоўны нафтавы інтэрас, гэта значыць ад моманту вялікіх павышэньняў цэнаў, ніякі сенат ужо ня мае права ўмешвацца ва ўнутраныя справы каралеўства, і плынь даляраў можа спакойна выцякаць з краіны да чужых, але надзейных банкаў. Штогод іранская эліта зьмяшчала ў тых банках на сваіх прыватных рахунках больш за два мільярды даляраў, а ў год рэвалюцыі вывезла іх больш за чатыры мільярды. Гэта было рабаваньне ўласнай краіны ў маштабе, які цяжка сабе ўявіць. Кожны мог вывезьці столькі грошай, колькі ў яго было, без ніякага кантролю і абмежаваньняў, дастаткова было запоўніць чэк. Але гэта ня ўсё, бо апроч таго вялізныя сумы вывозяцца, каб зараз жа іх выдаткаваць на падарункі і забавы, а таксама для таго, каб у Лондане ці Франкфурце, у Сан-Францыска ці на Лазурным Узьбярэжжы выкупіць цэлыя вуліцы камяніцаў і вілаў, дзясяткі гатэляў, прыватных шпіталяў, казіно і рэстаранаў. Вялікія грошы дазволілі шаху заклікаць да жыцьця новы клас, невядомы раней ні гісторыкам, ні сацыёлагамнафтавую буржуазію. Гэта незвычайны сацыяльны феномен. Тая буржуазія нічога не вырабляе, а яе адзіны занятакгэта разбэшчанае спажываньне. Далучэньне да гэтага класа не адбываецца шляхам сацыяльнай барацьбы (з феадалізмам), ці таксама шляхам канкурэнцыі (прамысловай і гандлёвай), але адбываецца шляхам барацьбы і канкурэнцыі за ласкі і прыхільнасьць шаха. Гэтае далучэньне можа адбыцца цягам аднаго дня, цягам адной хвіліны, хопіць аданаго слова манарха, хопіць яго подпісу. Прасоўваецца той, хто найбольш зручны шаху, хто здолее больш старанна і лепш дагадзіць яму, хто пераканае яго ў сваёй лаяльнасьці і падданстве. Іншыя вартасьці і станоўчыя рысы залішнія. Гэта клас паразітаў, які хутка прысвойвае сабе значную частку нафтавых прыбыткаў Ірану і становіцца ўладальнікам краіны. Ім усё дазволена, бо гэтыя людзі заспакойваюць самую вялікую патрэбу шахапатрэбу ў падлашчваньні. Таксама яны даюць яму такое жаданае пачуцьцё бясьпекі. Цяпер ён акружаны ўзброенай да зубоў арміяй, і вакол яго знаходзіцца натоўп, які на выгляд шаха выказвае захапленьне. Ён яшчэ не ўсьведамляе, наколькі ўсё гэта прытворнае, фальшывае і нетрывалае. А пакуль што валадарыць нафтавая буржуазія (а ствараецца яна з вельмі дзіўнай сумесівышэйшай вайсковай і цывільнай бюракратыі, людзей двара і іх семяў, верхняга пласту сьпекулянтаў і ліхвяроў, а таксама са шматлікай катэгорыі няпэўных тыпаў без сьпецыяльнасьцяў і пасадаў. Апошніх цяжка кваліфікаваць. У кожнага з іх ёсьць становішча, маёмасьць і ўплывы. “Чаму?” – пытаў я. Адказ заўсёды адзінгэта чалавек шаха. Гэтага было дастаткова). Характэрнай рысай гэтага класу, якая выклікала асаблівую злосьць у такой супольнасьці, прывязанай да родных традыцыяў, як іранская, была яго дэнацыяналізацыя. Тыя людзі апранаюцца ў Нью Ёрку і Лондане (дамы хутчэй у Парыжы), вольны час яны бавяць у амерыканскіх клубах у Тэгеране, іх дзеці навучаюцца за мяжой. Гэты клас у аднолькавай ступені мае як сімпатыю Еўропы і Амерыкі, так і антыпатыю суайчыньнікаў. Прымае ў сваіх шыкоўных вілах гасьцей, якія наведваюць Іран, і фарміруе ў іх думку пра краіну (якую ўжо часта сам ня ведае). Гэты клас мае сьвецкія манеры і гаворыць на еўрапейскіх мовах, таму зразумела, што еўрапеец, хоць бы па гэтай апошняй прычыне, менавіта з ім шукае кантакту? Але якія ж памылковыя гэтыя спатканьні, наколькі ж далёкі ад гэтых вілаў сапраўдны Іран, які ўжо хутка возьме слова і ўразіць сьвет! Клас, пра які ідзе гаворка, кіруемы інстынктам самазахаваньня прадчувае, што яго карера аднолькава як бліскучая, так і кароткачасовая. Таму ад самага пачатку сядзіць на валізках, вывозіць грошы і купляе нерухомасьць у Еўропе і Амерыцы. Але паколькі грошай шмат, частку багацьця можна прызначыць на тое, каб выгодна жыць у самім Іране. У Тэгеране пачынаюць узьнікаць надзвычай шыкоўныя раёны, камфорт і багацьце якіх павінны ашаламіць кожнага прышэльца. Кошты многіх дамоў дасягаюць мільёнаў даляраў. Тыя раёны вырастаюць у тым самым горадзе, дзе на іншых вуліцах цэлыя семі туляцца на некалькіх квадратных метрах, у дадатак без сьвятла і вады. Бо хоць бы ж тое спажываньне прывілеяў, тая вялікая жратва адбывалася неяк паціху, абачліваузяў, схаваў і нічога не відаць, пабаляваў, засланіўшы перад гэтым вокны фіранкамі, пабудаваўся, толькі глыбока ў лесе, каб не раздражняць іншых. Але дзе ж там! Тут звычай патрабуе, каб уразіць бляскам і ашаламіць, каб выкласьці ўсё як на выставе, запаліць усё сьвятло, асьляпіць, паставіць на калені, прыгнесьці, раздавіць! Бо навошта ж тады мець? Каб толькі цішком, убаку, недзе там, нешта там, здаецца гавораць, нехта казаў, нехта чуў, але дзе, што? Не! Так мець, дык наогул ня мець! Мець сапраўды, гэта трубіць, што ёсьць, склікаць, каб глядзелі, хай глядзяць і захапляюцца, няхай у іх вочы вылазяць! І натуральна, на вачах у маўклівага і ўсё больш варожага натоўпу новы клас дэманструе іранскае дольчэ віта, якое ня ведае пачуцьця меры ў сваім разгуле, ненажэрнасьці і цынізьме. Ён справакуе пажар, у полымі якога загіне разам са сваім стваральнікам і апекуном.

Фотаздымак (13)
Гэта копія карыкатуры, якую намаляваў нейкі апазіцыйны мастак у дні рэвалюцыі. На ёй мы бачым вуліцу ў Тэгеране. Па праезнай частцы імчацца некалькі вялікіх, амерыканскіх аўтамабіляў, лімузінаў. На ходніку стаяць людзі, у іх расчараваныя выразы твару. Кожны з іх трымае ў руках ці то клямку ад аўтамабільных дзьвярэй, ці то клінавы пас, альбо рычаг ад скрыні хуткасьцяў. Пад гэтым малюнкам подпіс: “КожнамуПэйкан!” (“Пэйкан”, гэта назва папулярнага іранскага аўтамабіля). Калі шах атрымаў вялікія грошы, абяцаў, што кожны іранец зможа купіць сабе машыну. Карыкатура паказвае, якім чынам гэтае абяцаньне стала выкананым. Над той вуліцай, на воблаку, сядзіць раззлаваны шах. Над яго галавой надпіс: “Магамед Рэза злуецца на народ, які не жадае прызнаць, што адчувае паляпшэньне”. Гэта цікавы малюнак, які гаворыць, як іранцы інтэрпрэтавалі Вялікую Цывілізацыю, а менавітаяк Вялікую Несправядлівасьць. У грамадстве, якое ніколі ня ведала роўнасьці, узьніклі яшчэ большыя прадоньні. Натуральна, шахі заўсёды мелі больш за іншых, але іх цяжка было назваць мільянерамі. Яны вымушаныя былі прадаваць канцэсіі, каб утрымаць двор на такім-сякім узроўні. Шах Насэр-эд-Дзін так завінаваціўся ў парыжскіх бардэлях, што, каб выкупіцца і вярнуцца на радзіму, прадаў французам права на археалагічныя пошукі і вываз знойдзеных старажытнасьцяў. Але гэта было ў мінулым. У сярэдзіне ж сямідзясятых гадоў, на Іран звальваецца вялікае багацьце. І што робіць шах? Частку грошай ён дзеліць паміж элітай, палову багацьця прызначае сваёй арміі, а рэштуна разьвіцьцё. Але што гэта азначаеразьвіцьцё? Разьвіцьцё не зьяўляецца абыякавай і абстрактанай катэгорыяй, разьвіцьцё заўсёды адбываецца ў імя чагосьці і для кагосьці. Можа быць разьвіцьцё, якое ўзбагачае грамадства і робіць яго жыцьцё лепшым, вольным і справядлівым, але разьвіцьцё таксама можа мець процілеглы характар. Так адбываецца ў адзінаўладных сістэмах, дзе эліта атаясамляе свой інтарэс з інтарэсам дзяржавы (інструментам яе панаваньня) і дзе разьвіцьцё, маючы на мэце ўзмацненьне дзяржавы і яе рэпрэсіўнага апарату, узмацняе дыктатуру, няволю, ялавасьць, няўпэўненасьць, пустату існаваньня. І менавіта такое разьвіцьцё прадавалася ў Іране ў рэкламнай упакоўцы Вялікай Цывілізацыі. Ці можна зьдзіўляцца іранцам, што, несучы страшныя ахвяры, яны паўсталі і разбурылі гэтую мадэль разьвіцьця? Яны зрабілі так не таму што былі цёмнымі і адсталымі (гаворка ідзе пра народ, а не пра некалькіх зваряцелых фанатыкаў), але наадварот, таму што былі мудрымі і інтэлігентнымі і разумелі, што адбываецца вакол іх, разумелі, што яшчэ некалькі гадоў такой Цывілізацыі, і ня будзе чым дыхаць, і што яны нават перастануць існаваць, як народ. Змаганьне з шахам (гэта значыць змаганьне супраць дыктатуры) вёў ня толькі Хамейні і мулы. Так гэта падавала спрытная (як аказалася) прапаганда Саваку, што, нібыта, цёмныя мулы зьнішчылі сьветлую і прагрэсіўную справу шаха. Не! Гэтую барацьбу вялі перадусім усе тыя, хто быў розумам, сумленьнем, гонарам і патрыётам Ірану. Працаўнікі, пісьменьнікі, студэнты, навукоўцы. Яны першыя гінулі ў турмах Саваку і яны першыя схапіліся за зброю, каб змагацца з дыктатурай. Бо Вялікай Цывілізацыі ад самага пачатку спадарожнічаюць дзьве зьявы, якія разьвіваюцца да такога маштабу, якога не было яшчэ ў гэтай краіне: рост паліцэйскіх рэпрэсіяў і тэрору дыктатуры, а з іншага боку ўсё большая колькасьць страйкаў працоўных і студэнтаў, і таксама ўзьнікненьне моцнага партызанскага руху. Ачольваюць яго іранскія федайны (якія, дарэчы кажучы, ня мелі нічога супольнага з муламі, наадварот, мулы змагаліся з імі). Гэты партызанскі рух дзейнічае ў значна большых маштабах, чым у многіх лацінаамерыканскіх краінах, але сьвет наогул зусім ня ведае пра яго існаваньне, бо каго гэта цікавіць, калі шах дае ўсім зарабіць? Тыя партызаныгэта лекары, студэнты, інжынеры, паэты, – гэта тая іранскаяцемната”, якая выступае супраць сьветлага шаха і яго сучаснай дзяржавы, якую ўсе хваляць і захапляюцца ёй. На працягу пяці гадоў у бітвах гіне некалькі сотняў іранскіх партызанаў, а іншыя некалькі сотняў забівае Савак падчас катаваньняў. У той перыяд такіх трагічных ахвяраў не было на сумленьні ні Самосы, ні Стрэснэра. Сярод тых, што стварылі партызанскі рух у Іране, што былі яго лідэрамі і тэрарыстамі, што стаялі на чале фэдайнаў, маджахедаў і іншых змагарных груповак, жывых не засталося ніводнага чалавека.
Заканчэньне ў наступным нумары.