12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Жана Капуста

_____________________
Не варажыць на прышласьць
Вершы

Вецер

Вецер ламае крылы
вецер хоча забіць
мяне
а
пада мною імчыць цягнік
пярынка
з крыла майго
зачапілася за шкло
зазірнула ў вочы машыністу
ды ён
не заўважыў
так
я згінула марна
дакладней
вецер мяне забіў

Неба

Неба,
спаласаванае дымам
ад вогнішча,
просіць мяне памаўчаць.
Яно
не варожыць на прышласьць.
Яно
ведае толькі мінулае.
І я
буду слухаць неба,
покуль зямля мая
будзе маўчаць.

Ідалы сьпяць.
Крыжы гараць.


* * *

Думкі ня стануць радкамі
задумы загінуць у памяці
куміры ня будуць сябрамі
сябры ня пойдуць у найміты
зоркі сябе не далічацца
спрэчкі бясьсільлем зломяцца
Бог усё роўна клічацца
дзеці ўсё роўна моляцца


* * *

А.А.

Ты прыйшоў
у час, ня лепшы для зямлi –
усё наўкола палымнела здрадай:
гэта дрэвы вопратку здалi
ў гардэроб асеньні лістапада.

Ты прыйшоў,
а на маiм акне
малявала твае вочы мара.
Што ж не змалявала iх раней?—Я згарэла ў восеньскiм пажары.
I са мной
цi, можа, перш мяне
тая мара, што ня мела збыцца.
Хай наш попел вецер не кране.
Ты прыйшоў. Астатняе мне сьнiцца.


* * *

Краты, краты, краты…
краiна – кратоўня
краiна кратуецца
крумкачы
крыламi крывавымi
скруху выкройваюць
ускрай краiны
кар’ер
у iм корпаюцца
красавiцкiя мары
укруг краiны
крыжы
пад iмi крыюцца
скрынi з крамолай
CREDO няскораных
крышыцца на вырак.


* * *

Полю Домбi

Калi мяне пакiнуць жахi гэтай ночы,
i я бяз суму вымаўлю «жыву»,
тады стары гадзiньнiк мне не напрарочыць:
валошцы зрэжуць галаву…

Тады ў старонкi згубленае кнiгi
запiшуць новую гiсторыю быцьця.
I сонейка пакажа мне на мiгi,
што вечнасьць непарушная. Хаця…

Хаця i я магу аднойчы зьнiкнуць,
руку падаўшы лёсу-жабраку.