12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Тамара Кароткая

_____________________
Асцярожна: псеўдаэнцыклапедыя!


Максім Багдановіч: энцыклапедыя / склад. І.У Саламевіч, М. В. Трус; рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларус. энцыкл. імя П. Броўкі, 2011. – 608 с.: іл.

Выхад любой энцыклапедыі заўсёды суправаджаецца павышанай увагай грамадства, бо з’яўляецца люстэркам развіцця навукі, кнігавыдавецкай справы і грамадства ў цэлым. Так было з выданнем у 1986 годзе першай у гісторыі Беларусі персанальнай энцыклапедыі “Янка Купала”, якое стала знакавай падзеяй у нацыянальнай культуры. Значны грамадскі рэзананс меў і другі энцыклапедычны даведнік – “Францыск Скарына і яго час”, выдадзены ў 1988 годзе як падрахунак развіцця скарыназнаўчай навукі. Абедзве гэтыя фундаменталь-ныя працы аб’ядноўваюць не толькі паўната і фактаграфічнае багацце матэрыялу пра двух волатаў беларускага духу, але і прынцыпы адбору і падрыхтоўкі матэрыялаў, вялікая ўвага складальнікаў да пытанняў фарміравання адзінага комплексу інфармацыі і асноў для працы над ім.
Як і 25 гадоў таму назад, калі выйшаў у свет даведнік “Янка Купала”, так і сёння мэтавае прызначэнне персанальнай літаратурнай энцыклапедыі не мянялася. Яна павінна даць чытачу ўвесь комплекс ведаў пра пісьменніка, неабходных для ўсведамлення яго творчасці і месца ў сусветнай культурнай прасторы. На жаль, выхад напрыканцы мінулага года энцыклапедыі “Максім Багдановіч” не стаў працягам традыцый, запачаткаваных дзвюма яе папярэдніцамі. І найперш у галіне кнігавыдавецкай справы.
Вопыт выдання літаратурных энцыклапедый, як айчынных, так і замежных, а таксама сучасныя навуковыя даследаванні па кнігазнаўстве вызначылі важнейшыя характарыстыкі такога віду даведачнай літаратуры. Гэта перш за ўсё наяўнасць у ёй уступных артыкулаў і сістэмы паказальнікаў. Калі кароткі жыццяпіс М. Багдановіча на пачатку энцыклапедыі яшчэ сяк-так адпавядае гэтым патрабаванням, хаця, канешне, і не ідзе ні ў якае параўнанне з грунтоўным артыкулам Алега Лойкі пра Янку Купалу ў аднайменнай энцыклапедыі, то адсутнасць паказальнікаў у багдановічаўскім выданні зніжае яго вартасць напалову. Летапіс жыцця і творчасці паэта як скарочаны варыянт надрукаванага летапісу ў поўным зборы яго твораў тут пад увагу не бярэцца. Паказальнікі (імянныя, геаграфічныя, твораў пісьменніка і інш.) – гэта квінтэсенцыя любога даведачнага выдання, ключы да пошуку інфармацыі. Спрактыкаваны карыстальнік энцыклапедычнай літаратуры сваё першае знаёмства з такога роду выданнем пачынае з канца кнігі. Менавіта па напоўненасці паказальнікаў, іх колькасці можна рабіць высновы пра якасць даведачнага выдання. Да таго ж паказальнікі даюць магчымасць чытачу не толькі хутка і максімальна поўна адшукаць патрэбную інфармацыю, але яшчэ пры гэтым атрымаць асалоду ад лёгкасці і эфектыўнасці самога працэсу пошукаў. Паколькі энцыклапедыі не прымеркаваны да паслядоўнага, пастаронкавага чытання, адсутнасць у іх гэтага важнага даведачнага апарату непазбежна зробіць іх рэччу ў сабе, напаўзакрытымі для карыстальніка. Дзе, напрыклад, малады даследчык літаратуры будзе шукаць інфармацыю пра Нюту Гапановіч – стрыечную сястру паэта, яго музу і сімпатыю? Зусім не факт, што ён будзе ведаць яе прозвішча па мужы – Селіваноўская – і шукаць адпаведна на літару “С”. Дарэчы, гэтая персаналія фігуруе ў энцыклапедыі ў розных найменнях – Ганна, Нюта, Анна, што лёгка можа збіць з тропу і спрактыкаванага карыстальніка. Натуральна, персанальныя энцыклапедыі ствараюцца з разліку на падрыхтаванага чытача, але выключаць з іх структуры найкаштоўнейшы складнік – гэта нонсэнс.
У практыцы замежнага і айчыннага кнігавыдання рознага кшталту паказаль­нікі даўно і шырока выкарыстоўваюцца не толькі ў даведачных выданнях. Без гэтага важнага элемента кнігі цяжка ўявіць сабе сур’ёзныя навуковыя выданні, акадэмічныя зборы твораў. Досыць часта паказальнікі сталі ўключацца ў навукова-папулярныя выданні, мемуарыстыку і нават выданні для дзяцей. У “Сакральнай геаграфіі Беларусі” Л. Дучыц і І. Клімковіч (навукова-папулярнае выданне, 383 старонкі), набытай мной нядаўна для хатняй бібліятэкі, больш чым 30 старонак займае геаграфічны паказальнік, што толькі ўзбагачае яе навуковую і кнігазнаўчую вартасць. Канешне, складанне паказальнікаў патрабуе карпатлівасці і часу, але тут на дапамогу могуць прыйсці сучасныя камп’ютарныя тэхналогіі.
Важнейшым патрабаваннем да літаратурнай энцыклапедыі – і выданні пра Я.Купалу і Ф. Скарыну гэта яскрава пацвярджаюць – з’яўляецца паўната інфармацыі пра персаналію. На жаль, складальнікамі багдановічаўскай энцыклапедыі гэтае патрабаванне рэалізавана не было. Так, напрыклад, чытач не знойдзе там артыкул пра радавод Максіма Багдановіча, што вельмі дзіўна, бо ў 1993 годзе пабачыла свет аднайменная кніга З.Л. Яцкевіча, напісаная на матэрыялах дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. Да таго ж схематычнае радаводнае дрэва паэта, распрацаванае Аркадзем Бараховічам і дапоўненае супрацоўнікамі музея, маецца ў яго фондах. Гэты радавод таксама публікаваўся.
Адсутнічаюць у энцыклапедыі артыкулы пра шэраг твораў М. Багдановіча на рускай мове. Гэта яго публіцыстычныя артыкулы і нататкі, выяўленыя ў апошнія дзесяцігоддзі і ўпершыню надрукаваныя ў Поўным зборы твораў.
Неспадзяванкай для многіх, хто цікавіцца творчасцю М. Багдановіча і яго асобай, будзе адсутнасць у выданні асобнага матэрыялу пра дзённік паэта, ці, як яго яшчэ сталі называць, інтымны дзённік. У звязку з тымі жарсцямі, якія колькі год таму кіпелі вакол гэтага рукапісу, няўвагу да яго з боку складальнікаў можна разглядаць як недарэчнасць. Аўтар гэтых радкоў, працуючы ў музеі М. Багдановіча, у 1983 годзе арганізавала расчытванне рукапісу ў Навукова-даследчым інстытуце судовай медэкспертызы Беларусі. Пасля публікацыі ў часопісе “Нёман” С. Калугіным і М. Вайцянковым невялікіх фрагментаў дзённіка літаратуразнаўцы ўпершыню атрымалі магчымасць знаёміцца з багдановічаўскім тэкстам у максімаль­на поўным аб’ёме, які толькі мог забяспечыць тагачасны стан развіцця судовай экспертызы. Дзеля справядлівасці адзначу, што праштудзіраваўшы выданне ўздоўж і ўпоперак, інфармацыю пра дзённік паэта сабраць можна. Але навідавоку адступленне ад першага патрабавання да персанальнай энцыклапедыі – наяўнасць артыкулаў пра ўсе тэксты персаналіі.
Як вядома, падзеі, апісаныя ў дзённіку, адбываюцца ў 1915 годзе ў Старым Крыме. Шукаю ў энцыклапедыі артыкул пра гэтую мясціну... і не знаходжу. Ёсць пра Феадосію, Кактэбель, Сімферопаль, Ялту, нават Місхор, які чамусьці названы курортам, хоць гэтага статусу ён не мае. І толькі ў артыкуле пра паўвостраў на поўдні Украіны – Крым – знаходжу інфармацыю пра Стары Крым. Цяжка даць веры, што складальнікі энцыклапедыі не ведалі, што Стары Крым – гэта горад ва ўсходняй частцы Крыма з вельмі багатай гісторыяй, якая сягае аж у VI стагоддзе. Дарэчы, у Старакрымскім літаратурна-мастацкім музеі ёсць экспазіцыя, прысвечаная Максіму Багдановічу. А вось у багдановічаўскай энцыклапедыі месца для артыкула пра Стары Крым, з якім звязаны вельмі моцныя асабістыя перажыванні паэта, чамусьці не знайшлося...
Адсутнічае ў энцыклапедыі таксама артыкул пра Камісію па вывучэнні народнай славеснасці, якая працавала ў Маскве і ўдзел у якой браў М. Багдановіч.
Мусіў, канешне ж, быць у гэтым выданні асобны матэрыял пра архіў паэта. Наяўнасць такога артыкула прадыктавана не толькі прынцыпам паўнаты падачы матэрыялаў у энцыклапедыі, але і неабходнасцю прэзентацыі дакладных каардынатаў для далейшых пошукаў архіва. Хоць і лічыцца ён страчаным, нельга выключаць верагоднасці таго, што ў хаосе першых тыдняў вайны архіў разам з іншымі каштоўнасцямі Акадэміі навук мог трапіць і на Захад, і на Усход.
Але самыя шматлікія лакуны энцыклапедыі – гэта персаналіі. Чытач не знойдзе тут артыкулаў пра В.Ф. Мачульскага – сакратара Літаратурнай камісіі Інбелкульта, чыя праца “Агляд рукапісаў М. Багдановіча і матэрыялаў да яго біяграфіі” стала асновай багдановічазнаўства; пра Язэпа Дылу, які вельмі шмат зрабіў для вяртання архіва паэта пасля яго смерці на Беларусь; пра Апалонію Радкевіч (Савёнак), аўтарку ўспамінаў пра М. Багдановіча.
Абышлі ўвагай складальнікі энцыклапедыі многіх кампазітараў, якія звярталіся да творчасці М. Багдановіча. Гэта М. Шчаглоў-Куліковіч, В. Помазаў, Л.Сімаковіч, Я. Паплаўскі, Р. Самохін, Ю. Андрэева, С. Бельцюкоў.
Прычыны такой няўважлівасці бачацца ў адсутнасці прынцыпаў адбору і падрыхтоўкі матэрыялаў, скіраванасці на суб’ектыўную ацэнку той ці іншай персаналіі. Інакш як тады растлумачыць, што ў энцыклапедыі ёсць артыкулы пра літаратуразнаўцаў Т.К. Чабан і У.В. Гніламёдава і няма пра Л.К. Тарасюк і В.В. Каваленку (тут адмыслова прыводзяцца роўнавялікія постаці)? Альбо чаму напісана пра журналіста і грамадскага дзеяча (?!) С. Белую, якая напісала кнігу “Яраслаўль у лёсе М. Багдановіча”, і нічога не сказана пра М. Чырскага – аўтара кнігі “Максім Багдановіч у Мінску” – ці таго ж Л. Зубарава, чые кнігі “Максім Багдановіч” і “Крик буревестника», дарэчы, першымі ў найноўшай гісторыі Беларусі былі выдадзены коштам аўтара?
Самая ж вялікая недарэчнасць энцыклапедыі – гэта адсутнасць у ёй матэры-ялу пра В.І. Мікуту. Як чалавек, які адпрацаваў з Верай Іванаўнай амаль восем гадоў у музеі М. Багдановіча ў самы складаны, але і самы цікавы перыяд – падчас яго стварэння, скажу, што паводле абсягу зробленага гэтае імя можна называць услед за Нінай Барысаўнай Ватацы. В.І. Мікута расшукала і наладзіла стасункі са сваякамі яраслаўскага акружэння паэта, якія перадалі ў дар музею сотні ўнікальных матэрыялаў. Па выніках уласных пошукаў ёй напісана шмат артыкулаў, у тым ліку і для дадзенай энцыклапедыі. Разам з аўтарам гэтых радкоў В. Мікута падрыхтавала тэматыка-экспазіцыйны план музея М. Багдановіча. Яна таксама брала непасрэдны ўдзел у стварэнні экспазіцый у Мінску і Яраслаўлі. Нездарма Я.В. Міклашэўскі прысвяціў сваю кнігу “Каханне і смерць, або лёс Максіма Багдановіча” Веры Іванаўне – апантанай даследчыцы жыцця і творчасці паэта.
І на гэтым тле – увекавечаныя ў энцыклапедыі “дасягненні” іншых персаналій, накшталт: “рыхтавала музейныя прадметы для адкрыцця экспазіцыі” (с. 166); “прымаў актыўны ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных 100-годдзю з дня нараджэння Б.” (с. 117); “браў удзел у адкрыцці мемарыяльнай дошкі” (с. 457); “адзін з ініцыятараў правядзення тэматычных канферэнцый” (с. 499); “на ўрачыстым вечары, прысвечаным 90-годдзю з дня нараджэння Б., выступіў з прамовай” (с. 544); “спрыяў перайменаванню вуліцы”. Прыклады можна доўжыць.
Адсутнасць у энцыклапедыі “Максім Багдановіч” многіх важных матэрыялаў прымусіла больш уважліва і крытычна паставіцца да яе змесціва. І выявілася, што ў досыць шматлікіх артыкулах інфармацыя пададзена аднабакова, няпоўна і некарэктна. Так, напрыклад, у артыкуле “Французская літаратура і М. Багдановіч” слушна гаворыцца пра літаратурныя ўплывы на творчасць паэта і нічога не сказана пра яго прысутнасць у французскай культурнай прасторы. Гэта дзіўна, бо ў 1982 годзе ў Парыжы была выдадзена анталогія беларускай паэзіі, у якой змешчана 12 вершаў М.Багдановіча ў перакладзе на французскую мову. Ёсць, відаць, і іншыя прыклады яго прысутнасці (аглядна-крытычныя і літаратуразнаўчыя працы, тыя ж энцыклапедыі), пра якія аўтар артыкула ці не ведаў, ці не лічыў патрэбным напісаць.
Гэтаксама аднабакова разглядаецца творчасць паэта і ў артыкуле “Нямецкая літаратура і М. Багдановіч”. Толькі час перастварэння яго твораў на нямецкую мову куды больш ранні, чым на французскую: пераклад першых твораў ажыц-цёўлены ў 1927 годзе, невялічкі зборнік вершаў пабачыў свет у 1949. Аднак ні пра гэтыя факты, ні пра даробак Ф. Нойрайтэра, Н. Рандава і іншых славістаў чытач з гэтага артыкула не даведаецца. Прыкра, што яго аўтар не ўзяў сабе за ўзор грунтоўны артыкул У.Л. Сакалоўскага “Нямецкая літаратура і Я. Купала” з купалаўскай энцыклапедыі.
Поўнае неўразуменне пакідае знаёмства з артыкулам “Пераклады твораў М.Багдановіча на мовы народаў свету”. Па сутнасці, гэта перадрук адпаведнага матэрыялу з біябібліяграфічнага слоўніка “Беларускія пісьменнікі”. Але ж апошні быў выдадзены ў 1991 годзе, і змешчаная ў ім бібліяграфія перакладаў даведзена да пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя. А дзе ж звесткі пра пераклады твораў М.Багдановіча за апошнія 25-30 гадоў? Калі верыць аўтару артыкула, ніхто, акрамя ўкраінцаў, творы Багдановіча за гэты час не перакладаў. Але ж гэта не так. У той жа энцыклапедыі на с. 155-157 разглядаецца кніга перакладаў беларускага паэта, выдадзеная ў 1990 годзе на славацкай мове. Ніхто не дасць веры, што з 1985 года творы М. Багдановіча не друкаваліся на рускай мове. Аўтар гэтых радкоў мае калекцыйнае выданне вершаў паэта “Мае песні” на рускай і беларускай мовах, якое пабачыла свет у 1991 годзе.
У сувязі з перакладамі твораў М. Багдановіча ізноў паўстае пытанне пра сістэмнасць у падачы матэрыялаў. У энцыклапедыі ёсць вялікі артыкул пра кнігу перакладаў на славацкай мове і адсутнічае матэрыял пра зборнік вершаў Багдановіча на літоўскай мове, выдадзены ў Вільнюсе ў 1989 годзе. Як на маю думку, у энцыклапедыі мусіў быць нават абагульняльны артыкул “Літоўская літаратура і М. Багдановіч”, тым больш што ёсць і даследчык гэтай тэматыкі – Альма Лапінскене.
Асобнае месца ў выданні адведзена зборніку лірыкі М. Багдановіча “Вянок” у перакладзе на рускую мову Б. Спрынчана, нават дадзена яго рэпрадукцыя, і няма артыкула пра аднайменны зборнік у перакладзе на ўкраінскую мову М.Драй-Хмары.
Важнай інфармацыі не стае ў артыкуле “Календары беларускія”. З пасляваенных календароў аўтар згадвае толькі два, у якіх друкаваліся творы М. Багдановіча – 1967 і 1996 гадоў выдання. Вядомы каляндар выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя”, выдадзены да 100-гадовага юбілею паэта, чамусьці не называецца.
Спрошчана, няпоўна разгледжана ў энцыклапедыі дзейнасць вядомага філо-сафа, аўтарытэтнага даследчыка творчасці М. Багдановіча У.М. Конана. Нічога не сказана пра ўклад Уладзіміра Міхайлавіча ў вывучэнне эстэтычных поглядаў паэта, яго публіцыстычнай спадчыны, удзел у выданні поўнага збору твораў. Асабліва відавочныя гэтыя хібы пры параўнанні артыкула “Конан У.М.” з грунтоўнымі матэрыяламі самога даследчыка пра літаратуразнаўцаў І.І. Замоціна, Я.І. Барычэўскага, А.А. Бабарэку, А.М. Вазнясенскага і іншых, напісаных для энцыклапедыі.
У артыкуле пра беларускага мастака Э.К. Агуновіча сказана, што ён з’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі, але чамусьці не пазначана, што гэтай прэміяй ён уганараваны ў тым ліку за мастацкую канцэпцыю і стварэнне экспазіцыі Літаратурнага музея М. Багдановіча. У той жа час у артыкуле “Беларуская хатка” варта было б дадаць, што эскізныя праекты і экспазіцыю стваралі мастакі В.А. Пратасеня і А.Л. Грачоў, а вось аўтарства мастацкай канцэпцыі гэтага музея сапраўды належыць Э.К. Агуновічу.
Істотнага штрыха не хапае і ў артыкуле пра іншага мастака – У.М. Капшая. Ён з’яўляецца аўтарам першага варыянта архітэктурна-мастацкай канцэпцыі музея М. Багдановіча (з розных прычын яна не была рэалізавана), але ў матэрыяле пра яго гэтага не сказана.
Не пашчасціла і першаму дырэктару музея М.П. Пазнякову. Аўтар артыкула пра яго чамусьці праігнараваў важны факт, што Міхась Паўлавіч выявіў публіцыстычныя творы М. Багдановіча на рускай мове, надрукаваныя пад псеўданімам “Ив. Февралев”.
Адна з асаблівасцей энцыклапедычнага артыкула – адмысловая падача матэрыялу. Чытач павінен атрымаць не толькі максімум аб’ектыўнай інфармацыі, але і магчымасць для больш дэталёвага вывучэння той ці іншай праблемы паводле спісу важнейшых крыніц, якія прыводзяцца аўтарам у канцы артыкула. Такія спісы з’яўляюцца абавязковым элементам вялікіх, абагульняльных артыкулаў, а іх наяўнасць толькі павышае давер да энцыклапедычных матэрыялаў. На жаль, вельмі многія аўтары не лічылі патрэбным прыводзіць спісы даведачнай літаратуры, што ў значнай ступені звузіла абсяг напісанага імі. Чытаем артыкул “Мова твораў М.Багдановіча”. Грунтуючыся толькі на паэтычным матэрыяле, аўтар аналізуе яе з пункту гледжання тропікі, гукапісу, паэтычнага сінтаксісу. Такі падыход мае права на існаванне, хоць, канешне, не дае цэласнага ўяўлення пра мову Багдановіча. Каб стварыць больш аб’ектыўную карціну пра прадмет даследавання, аўтарка павінна была б згадаць іншых даследчыкаў ці хаця б прывесці адпаведны спіс літаратуры. Напрыклад, некалькі ў іншым ключы разглядае мову М. Багдановіча Г.М. Малажай у энцыклапедыі “Беларуская мова” (1994), і яе падыход, як мне падаецца, больш адпавядае прынцыпам энцыклапедычнасці.
Як вядома, на Беларусі мала мясцін, звязаных з жыццём М. Багдановіча. Гэта Мінск, Гродна, Ракуцёўшчына; з 1983 года, пасля публікацыі аўтарам гэтых радкоў адпаведных матэрыялаў у ЛіМе і “Голасе Радзімы”, стала вядома пра вёску Вяззе Асіповіцкага раёна, якая адыграла немалую ролю ў развіцці нацыянальнага самаўсведамлення паэта. Дакументальнай крыніцай гэтага адкрыцця з’явіліся лісты Марыі Апанасаўны Багдановіч, уведзеныя аўтарам ў навуковы ўжытак ў 1993 годзе (зборнік “Шляхам гадоў”, с. 214-243). Элементарная этыка вымагала калі не згадаць у артыкуле “Вяззе” прыведзеныя факты, дык хаця б даць адпаведны спіс літаратуры. Зрэшты, такое, мякка кажучы, своеасаблівае стаўленне да вынікаў працы іншых за аўтарам вяззеўскага артыкула заўважана даўно. Некалі Э.К. Агуновіч, стваральнік экспазіцыі музея М. Багдановіча, з крыўдай расказваў, што ў даведніку па музеі, які напісала тая ж аўтарка, ён не знайшоў свайго імя... Гэткая ж неабцяжаранасць у дачыненні да фактаў, зместу выяўляецца і ў іншых яе артыкулах. Так, напрыклад, матэрыял пра У.М. Дубоўку болей чым на 70 % складаецца з цытаты самога Дубоўкі, узятай з яго ўспамінаў пра паездку ў Ялту. А вось пра ўдзел Уладзіміра Мікалаевіча ў працы Літаратурнай камісіі Інбелкульта па разборы і сістэматызацыі архіва М. Багдановіча, а таксама верш “Нават мора змяніла свой колер”, прысвечаны паэту, чытач не даведаецца. Цікава, што гэты ж самы фрагмент успамінаў Дубоўкі аўтарка прыводзіць і ў іншым сваім артыкуле – “Крым”. Апошні, а таксама артыкулы “Сімферопаль”, “Ялта” пабудаваны на вялізных цытатах, якія паўтараюцца. Прычым аўтарка не абцяжарвае сябе нават перакладам, цытуючы ўспаміны Адама Ягоравіча пра сына то па-руску, то па-беларуску.
Важнейшая мэта энцыклапедычнай літаратуры – забяспечыць чытача надзейным даведачным матэрыялам. Гартаючы энцыклапедыю “Максім Багдановіч”, я ўпершыню сутыкнулася з фактам адсутнасці інфармацыі пра даты жыцця і смерці многіх нашых сучаснікаў. Стаяць два пытальнікі ў артыкуле пра сваячку М. Багда­новіча Т.Д. Аракелян, якая брала ўдзел ва ўрачыстасцях у Мінску з нагоды 90-годдзя паэта; няма звестак пра смерць Н.І. Лапідуса, майго выкладчыка антычнай літаратуры ў БДУ, Н.А. Ляшковіч, паслугамі якой так любілі карыстацца ўсе, хто працаваў у бібліятэцы АН Літвы, паэта і байкапісца Э.С. Валасевіча. Няўжо каб расшукаць гэтую інфармацыю патрабаваліся складаныя архіўныя пошукі? Мне, напрыклад, спатрэбілася літаральна некалькі хвілін, каб з дапамогай Інтэрнэту даведацца, калі памёр Аркадзь Якаўлевіч Бараховіч – вядомы перакладчык твораў Багдановіча на рускую мову, даследчык яго творчасці і сваяк. Адсутнасць у энцыклапедыі звестак пра смерць гэтага чалавека, праз якога ажыццяўляліся стасункі музея М. Багдановіча з ніжагародскімі нашчадкамі паэта і які надзвычай шмат зрабіў для папулярызацыі яго творчасці, – знак вельмі трывожны для Дома паэта ў Траецкім прадмесці.
У цэлым жа хібы падобнага кшталту сведчаць пра тое, што пытанні якасці даведачнага матэрыялу для складальнікаў энцыклапедыі не мелі першараднага значэння.
Асобна варта спыніцца на недакладнасцях і памылках, выяўленых у энцыклапедыі. На старонцы 5, дзе гаворыцца пра ролю Янкі Саламевіча ў падрыхтоўчай працы па стварэнні гэтага выдання, адзначаецца, што “пачын І.У. Саламевіча насіў прыватны характар, не быў аформлены арганізацыйна і падмацаваны фінансава”. Сведчу і як былы супрацоўнік музея М. Багдановіча, і як былы загадчык рэдакцыі выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя”: гэта заява не адпавядае сапраўднасці. Праца над багдановічаўскай энцыклапедыяй у другой палове 80-х гадоў вялася абсалютна афіцыйна, пад гэты праект было выдзелена фінансаванне, а супрацоўнікі рэдакцыі народнай асветы і беларускіх слоўнікаў мелі індывідуальныя планы па рэдакцыйна-выдавецкай апрацоўцы артыкулаў для гэтага выдання. Па афіцыйнай замове выдавецтва мной асабіста ў той час было напісана і адрэцэнзавана каля дзясятка артыкулаў. На момант, калі праца над выданнем была спынена, прыблізна траціна артыкулаў для яго была падрыхтавана. Прычыны спынення былі абсалютна аб’ектыўныя. Стан развіцця літаратуразнаўчай навукі, які выяўляўся б у дастатковай вывучанасці творчасці М. Багдановіча, сістэма выдання яго твораў з наяўнасцю багатай каментатарскай традыцыі не адпавядалі задачам і канцэпцыі літаратурнай персанальнай энцыклапедыі. У практычнай плоскасці гэта выяўлялася ў немагчымасці падрыхтоўкі асобных абагульняльных артыкулаў высокай навуковай вартасці, як, напрыклад, “Руская літаратура і М. Багдановіч”, “Музыка і М. Багдановіч”, “Інтымная лірыка М. Багдановіча”, “Пейзажная лірыка М. Багдановіча”, “Пераклады твораў М. Багдановіча на мовы народаў свету” і іншых. На жаль, выхад энцыклапедыі засведчыў, што гэтыя тэмы і праз 25 гадоў засталіся ахілесавай пятой багдановічазнаўства. Варта толькі азнаёміцца з іх зместам ці проста параўнаць артыкулы “Руская літаратура і М. Багдановіч” і “Украінская літаратура і М. Багдановіч”, каб пераканацца ў гэтым.
На старонцы 232 чытаем артыкул пра рукапісны зборнік М. Багдановіча “Зеленя”, які “захоўваецца ў Навукова-даследчым аддзеле кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі”. З гэтага робім вывад, што аўтар артыкула гэты зборнік у руках не трымаў, бо з 1981 года ён зберагаецца ў Літаратурным музеі паэта.
Са старонкі 228 даведваемся, што М. Багдановіч сябраваў з настаўнікам, вялікім знаўцам беларускай гісторыі А.К. Кабяковым. Але такога настаўніка не было, быў А.К. Кабанаў, пра якога можна пачытаць на старонцы 255.
Не ўсе здагадаюцца, што за прозвішчам І. Іродніч, якога багдановічаўскі твор натхніў на стварэнне сюжэтна-тэматычнай карціны “Сказ аб Страціме”, хаваецца беларускі жывапісец У.В. Уродніч (с. 486).
Шмат пытанняў ёсць па якасці літаратурнага рэдагавання энцыклапедыі. Вось як цікава, напрыклад, заканчваецца артыкул “Дунін-Марцінкевіч”: “Недаацэнка Б. творчасці Д.-М. была выклікана тым, што класічныя творы драматурга былі надрукаваны пасля смерці паэта”. Ці такая кучаравая дэфініцыя артыкула “Заседание городской думы”: “два дакументы, якія з’яўлюцца стэнаграмамі пасяджэнняў Яраслаўскай гарадской думы”. “І пры чым тут Максім Багдановіч?” – хочацца запытацца ў аўтара і рэдактара.
І, нарэшце, пра мастацкае афармленне энцыклапедыі. Першае ўражанне ад кнігі – станоўчае: важкі том, прыгожа аздобленая вокладка, рэпрадукцыі твораў, прысвечаных паэту. Але больш уважлівае знаёмства з выданнем паказвае, што выйгрышны, на першы погляд, ілюстрацыйны матэрыял – мастацкія рэпрадукцыі, якімі багата аздоблена энцыклапедыя, – працуе супраць М. Багдановіча. Мастацкаму рэдактару ў падборы рэпрадукцый часам элементарна здраджваў густ, пра што сведчыць эскіз партрэта Багдановіча на старонцы 125 вельмі сумнеўных эстэтычных вартасцей. Не павінен быў трапіць у энцыклапедыю і плакат паважанага мастака У. Крукоўскага (с. 290), бо змешчаная на ім асоба – не М.Багдановіч! У свой час аўтарам гэтых радкоў была праведзена праца з прыцягненнем спецыялістаў Усесаюзнага інстытута судова-медыцынскай экспертызы ў Маскве па высвятленні асобы на фатаздымку, якую нека­ліАлесь Ба­чыла ўвёў ва ўжытак як нібыта Максім Багдановіч. Вынікі экспертызы пацвердзілі, што шырока растыражаваная на той час выява не мела аніякага дачынення да паэта. Пра гэты факт мог, канечне, і не ведаць мастацкі рэдактар энцыклапедыі, але павінен быў ведаць яе навуковы рэдактар, які працаваў у музеі М.Багдановіча, дзе і захоўваюцца адпаведныя дакументы. А вось “арыгінальнае” размяшчэнне малюнка А. Пашкевіча на с. 71 – гэта ўжо чыстая хіба мастацкага рэдагавання.
Больш шырокай у энцыклапедыі павінна была быць фотагалерэя, у першую чаргу асоб з бліжэйшага акружэння паэта, вядомых даследчыкаў яго творчасці, перакладчыкаў. Неўразуменне выклікае адсутнасць у выданні фотаздымка Нюты Гапановіч.
Толькі два (?!) на ўсю літаратурную энцыклапедыю трапіліся мне аўтографы М. Багдановіча. Так, рукапісаў паэта збераглося не так і шмат. Але нават і з той паўсотні рукапісных матэрыялаў для персанальнай энцыклапедыі можна было б даць узоры і эпісталярнай спадчыны, і дарчых надпісаў, і дакументаў, і прыватных запісаў. Ды й сам па сабе арыстакратычны почырк Максіма Багдановіча – лёгка чытальны, прыгожы, вытанчаны – выдатная аздоба кнігі і яскравая характарыстыка паэта.
Якія ж высновы можна зрабіць з усяго сказанага?
Пры стварэнні энцыклапедыі “Максім Багдановіч” яе складальнікамі і выдаўцамі не былі ўлічаны аб’ектыўныя патрабаванні, што прад’яўляюцца да дадзенага віду даведачных выданняў. Не ставіліся і, адпаведна, не вырашаліся сур’ёзныя навуковыя задачы, разлічаныя на фарміраванне сістэмы персанальных літаратурных энцыклапедый. Аб’ядноўваючы наяўны матэрыял у “энцыклапедыю”, яе стваральнікі ставілі перад сабой чыста кан’юнктурную мэту – даць да 120-х угодкаў з дня нараджэння Максіма Багдановіча вялікую тоўстую кнігу. Балазе, пад гэты праект мелася і дзяржаўнае фінансаванне.
У выніку – маем тое, што маем. Выхад кнігі стаўся кульмінацыяй на фоне звышсціплых юбілейных мерапрыемстваў, а яе стваральнікі – ці не нацыянальнымі героямі. Айчыннае ж кнігавыданне папоўнілася кнігай, імя якой – псеўда­энцыклапедыя.