12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алена Карп

_____________________
Культ асобы.
Нататкі пра кнігу Веры Бурлак
і Віктара Жыбуля «Забі ў сабе
Сакрата!»


У школе нас вучылі: тое, што пішацца ў самым пачатку кнігі дробным шрыфтам, – гэта анатацыя. Чытачам кнігі “Забі ў сабе Сакрата!” даводзіцца забіць на ўсе школьныя правілы, бо да іх гэта ўжо зрабілі аўтары і рэдактары. Тое, што напачатку кнігі, не анатацыя, а інструкцыя, як ейным зьмесцівам карыстацца: “Вершы з яе можна завучваць на памяць, дэкламаваць пад музыку, выкарыстоўваць у побыце дарэчы і недарэчы, прамаўляць за сьвяточным сталом, мармытаць у душы, шаптаць, каб заснуць, і выгукаць, каб прачнуцца... Урэшце іх можна проста чытаць, пасьлядоўна перагортваючы старонкі”. Да гэтага можна дадаць: кніга такога фармату, што яе зручна заўсёды цягаць з сабою, выкарыстоўваць як веер у сьпёку, а таксама забіваць ёй камароў, робячы іхнюю сьмерць паэтычнай і эстэтычнай. Але галоўнае прызначэньне гэтага выданьня сфармулявана ў назьве: “Забі ў сабе Сакрата!” Для тых, хто не гатовы зрабіць гэта рашуча, адным махам, кніга складаецца з разьдзелаў, каб садыстычна, па частках выціскаць-вытручваць з сябе Сакрата. На апошняй старонцы Сакрат проста абавязаны будзе памерці, а чытач – горка-горка загаласіць. Але не па Сакрату, а па маленькіх рыбках, якім не далі дагуляць у футбол.
Як заяўлена ў інструкцыі (анатацыі?), кніга прызначаецца шырокаму колу чытачоў. Так, напрыклад, яна будзе карысная аўтаінсьпектарам. Да каго, як не да іх, апелюе верш:

На чырвонае сьвятло
пайшоў
дождж
«На чырвонае сьвятло...»

У беларускіх даішнікаў зьявіцца шанец заявіць пра сябе як пра самых інтэлігентных даішнікаў у сьвеце. Замест таго, каб выкарыстоўваць усялякія прымітыўныя сродкі ў якасьці тэсту на цьвярозасьць, яны будуць ветліва прасіць кіроўцу прачытаць колькі радкоў верша “Міла мыла мула”:

Міла мела мала мыла.
Мыла мула мылам Міла.
Міла мула мыла міла.
Міла мыла мулу рыла –
мяла мулу рыла мылам.
Рыла мула нема ныла.

Аўтары парупіліся і пра шахцёраў, і пра біёлагаў-практыкаў, і пра студэнтаў-філолагаў. Апошнія змогуць узгадаць, што такое туюг, брахікалан ды іншыя складаныя словы. Ім прыемна будзе прачытаць асобныя вершы і адчуць сябе адукаванымі, успомніўшы: “Нешта такое ўжо было!”
Але самае галоўнае і самае каштоўнае – кніга цалкам ідэалагічна вытрыманая! Па-першае, яна патрыятычная:

Бэзавыя джунглі,
Дубовыя лугі.
Пяцёра сіганулі,
Зламалі тры нагі.

Тут мурашы-пачвары.
Навошта нам сафары!
«Бэзавыя джунглі...»

Message гэтага верша зразумелы: “Калок свой мілейшы за чужыя клямкі”.
Па-другое, за здаровы лад жыцьця. Вершы “Чаму я вэгетарыянец” і “Трыялет-брахікалан” прысьвечаны тэме правільнага харчаваньня і адначасова ілюструюць нашу талерантнасьць і плюралістычнасьць. “Вожыкі” і “Туюг застольны” – пра шкоду алкаголю (і зноў талерантнасьць: аматарам вогненнай вады могуць прыдацца як тосты). А верш “Чаплеласі” закранае сферу інтымнага і шляхам ад адваротнага прапагандуе здароўе ў асабістым жыцьці.
Таму было б цалкам мэтазгодным уключыць кнігу “Забі ў сабе Сакрата!” у школьную праграму. У гэтым няма супярэчнасьці з тым, што казалася раней (кніга абвяргае школьныя правілы). Дзеткі атрымаюць двайное задавальненьне: далучэньне да паэзіі і пазбаўленьне ад абмежаваньняў ды забабонаў. Творы (асабліва монавершы) будуць ахвотна завучвацца на памяць. Так, у поўнай згодзе з ідэалогіяй, дзеткі будуць вырастаць у асобаў.
...І нарэшце – пра культ асобы (пра такія рэчы не прынята казаць адразу). Вера Бурлак і Віктар Жыбуль разьвянчалі культ асобы Сакрата, забіўшы яго абрыдлы прывід, і заснавалі культ Асобы. Проста Асобы. Кожнай паасобку. Пісаць варта пра Асобу і пра ўсё тое, пра што ёй заманецца напісаць. Усё, што адбываецца з Асобай, заслугоўвае ўвагі:

Я ляжу-сяджу на ложку,
Зьвесіўшы, гайдаю ножкай.
І таму я вельмі хутка
Застануся без абутку.
«На ложку»

І нічога з таго, што робіць Асоба, ня сорамна:

Здаваў ён кроў,
а я – мачу.
Ён дзіка роў,
а я – маўчу.
«Здаваў ён кроў...»

Асоба мае свабоду шукаць сваю нішу (“Аб месцы чалавека ў сусьвеце”) і дбаць пра тое, каб ёй, Асобе, было хораша і прыемна:

Учора ці пазаўчора –
ня памятаю ўжо, калі –
мне здаўся халодным мой
горад.
Я ўзяў – і яго спаліў.
У гурбах ягонага попелу
цяпер мне утульна й цёпла.
«Учора ці пазаўчора...»

Асоба мае свабоду выбіраць – быць ёй літасьцівай (“Я працягнуў руку дапамогі”) або ня вельмі (“Я цябе падманю...”). Асоба мае свабоду быць Асобай, смуткаваць або весяліцца. Зразумела, Рэчаіснасьць таксама заяўляе свае правы ў дачыненьні да Асобы. Напрыклад, права з ёю не лічыцца (“Рэчаіснасьць мне заткнула рот...”).
Рэчаіснасьць мае правы, Асоба – свабоду.