12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Галіна Каржанеўская

_____________________
Ніхто ні ў чым не вінаваты. Вершы


* * *

Сам пасеяўся клён і рабінка ўзышла,
Хочуць жыць і расці
з дапамогай цяпла.

І каб вільгаці ў меру ім
(дожджык паліў),
Каб рука не зламала і бот не ступіў.

А як будзе – не ведаюць.
Год праміне –
І, дасць Бог, аніякае зло не кране.

Невыказна удзячныя
будзем мы ўсе…
Хай жа семя наіўнае вецер нясе.



* * *

У модзе сёння чырвона-белае.
І гэта густоўнае спалучэнне
Такое роднае, такое смелае –
Як промень сонечны
ў дзень асенні.


* * *

Калі пад ногі глядзець –
Не спатыкнешся.
Не спатыкнуўшыся,
Падаць не прыйдзецца.
А не ўпадзеш –
Як жа ты зможаш
Падняцца вышэй,
Чым быў?


* * *

На снезе я хацела б разабраць
Птушыныя рунічныя пісьмёны.
Усім без выключэння дараваць
Па самаму высокаму закону.

Чужым і блізкім.
(Блізкім мо найперш.)
Сказаць: ніхто ні ў чым не вінаваты.
Хоць ты і цяжка, можа быць, жывеш,
А хто лягчэй?
Алкаш у дзень зарплаты.


* * *

Жыла я падчас як у сне,
Самнамбулай нейкай блукала.
Мне доля руку падавала
Ды клікала гучна мяне.

Калі ж нас нагода звяла,
Я кніжачак стос прад’явіла,
Кажу ёй:
”Вось колькі прысніла!”,
І доля мяне абняла.

* * *

Хмары сталі чарней і ніжай,
Наша хатка засумавала.
Цюльпаны ў сенцах паелі мышы –
Ото ж заразы!
Каб іх парвала!

Крот свае перавыканаў планы,
Яму там цёпла, нібыта ў склепе.
Мокрай лістотаю дол засланы.
Дрэвам стала лягчэй,
а значыць – лепей.

Толькі вось птушкі кудысь прапалі.
Жабка не скокне з-пад ног малая.
Сто год са студні вады не бралі,
Вада, як і хата, людзей чакае.


* * *

Мы ехалі хутка – заложнікі спраў.
На ўзбочыне бусел чагосьці шукаў.

Такі засяроджаны быў і заняты,
Але не спяшаў, падалося, дахаты.

Кацілася сонца паволі за лес.
Было невядома –
з ахвотай ці без.

Зусім нетаропка збіраліся хмары,
Каб вільгаць жывіла
палі і абшары.

Ніхто не зважаў на узмыленых нас.
І быў паміж намі, на жаль,
дысананс.


ПА ДЫВАНЕ

Па дыване іду, па дыване –
Лісцёвым,
залацістым, шапаткім.
Ужо нямала ног прайшло па ім,
І ён не рэагуе на мяне.

Крыху пазней,
праз тыдзень мо які,
Прысыплецца калючаю крупой.
І восень стане шэрай і слабой,
І перапіша год чарнавікі.

То я ў заўтрашні дзень забягу,
То ў мінулае раптам патраплю.
Наступаю на звыклыя граблі
(Лоб, на шчасце, зажыўшы крыху.)

Маё с ё н н я нібыта ўбаку –
Не ацэнена, не зразумета…
Вунь хвіліны звіняць, як манеты,–
Падстаўляй пад багацце руку!