12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Мікола Касцюкевіч

_____________________
Лірычны ружанец. Вершы


А заміж сэрца ў снах лілея...

Навек знямелыя,
зямлю намацваюць
дамамі дахі...

1.
Было:
яшчэ нясмелае,
заварушылася ў зямлі святло.
Мацнела, спакваля расло,
пасля прарвалася і заліло
сваім вясёлым, залатым алеем
маларухомыя сухія гмахі.
А замах-
нулася на скон душа,
паабяцаўшы сну працяг,
і з жахам сцяўся бог сутоння
ад прачування, як патоне
у спратах сонечных з размаху
бляшаны ўсплёск аслеплых дахаў.

2.
У той агораны смугою дзень
цякла на горад і людзей
расплаўленага неба медзь.
Нібы дарэмнае — невыпадкова.
І ты дала мне зразумець,
што можна мець
адначасова
адносіны цяжэй за словы
і слодыч — чыстую, як мова,
і безадносную, як смерць.

3.
Ірдзее гардзіна паветраным змеем,
знікае з пакоя па каліву дзень,
і я разумею — падобнай гадзіны
не будзе ніколі, ні з кім і нідзе.

А семя сціскаецца ў новы, бясконцы
свайго невымоўнага сэнсу працяг.
І ціха гарыць хрысціянскае сонца,
сцякаючы кроплямі нашых дзіцят.

4.
Лягчэй не жыць, чым не хацець…
Дай, Божа, не цярпець ілжы,
як на мяжы між цел і душаў
крычыць аслепленая птушка,
не разумеючы, куды ляцець.

5.
Дагэтуль тое, што жыло ўва мне
неспадзяванасцю чакання,
унутраным магічным зрокам
у змроку ночы прамалёўвала
далечыню ледзь чутных крокаў:

доўгачаканае каханне.

Шэпт вечнасці змяніў адхланне
на невыносную гарачыню,
і сэрца вымерала цішыню,
калі застыла ў прадчуванні
яшчэ нязнанага агню.

6.
Крануў:
як будзе, так і будзе —
абы з табою мы былі…
Не будзем разам мы, калі…
О, гора — вось дзе ён, разлік,
што астужае злей за сцюжу!

І сыпле чорныя пялёсткі ружа
на замаруджанае
кола дзён
пад ледзь улоўны
пахавальны звон.

7.
Зноў безназоўнасцю начэй прапахлы,
знікаю чырванню на белым тле я.
А вырваная з цела сноў лілея
перавярнулася і паляцела
жывым, асірацелым птахам.

***
І, набрынялыя жытлом і целам,
смялей
чапляюцца за неба дахі…

Сны без лілеі абмялелі.