12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Аляксей Каўка

_____________________
Недыпламатычныя нататкі.
Польскі дзёньнік беларуса. (Пачатак)

1978 год.

24 ліпеня.
Зноў у сінім бары. Аднак, захмарылася, задажджыла і пляскае, палівае за вакном. “Пла-ахое сёлята надвор’е”, – сумна заўважыла маці-цешча на разьвітаньне з зяцем. Ды ўжо амаль і па леце. Праз колькі дзён – Ільля.
Што ж чуваць тут, у ціхіх вільготных вуглах дачных? Дабавілася газетаў, часопісаў. Дарогай прагартаў сьвежы “ЛіМ”. Ёмка высьвеціў крытык другое “нараджэньне” Барадуліна – пасталелага, да глыбіні перажагнанага клопатамі і болем “не пра сябе, а праз сябе – пра свой народ”. Беларускі народ. Пра які пакуль (ці ўжо?) дазволена гаварыць, але толькі вобразамі, іншасказальна – паэтам. Касманаўтам (як і “беларускім” палітыкам – гл., напрыклад, прамову Машэрава на нядаўняй урачыстасьці ў Менску) – забаронена. Абезнацыяналены генерал Клімук нават з трыбуны польскага Сейму ня мог прыгадаць пра тое, які народ яго нарадзіў і выправіў у космас. У польскага касманаўта ёьць “радзіма Каперніка, народ Каперніка”. Міраслаў Гермашэўскі за некалькі гадзінаў палёту “далучыў” да касьміч­ных вышыняў ледзь ня ўсю гісторыю і геаграфію Польшчы (кнігі Міцкевіча, штандары, сьцяжкі, гербы ваяводстваў і г.д.) і цяпер, шчасьлівы, адорвае суайчыньні­каў. Словам, касманаўт-дасьледчык паглыбіў крыніцу польскага патрыятызму. Ну, а беларускі патрыятызм – як жа быць з ім? ці можна камандзіру карабля, беларускаму хлопцу хоць кропельку зачарпнуць са сваёй азёрна-сінявокай глы­бінькі? Ці можа, дзеля лепшага патрыятычна-інтэрнацыяналістычнага сулад­дзя, працытаваць нашага Баяна: “Я мужык-беларус…” ды годна дадаць: і ўзьняў мяне мой рабоча-сялянскі беларускі і ўвесь савецкі народ у зорныя высі? Аказваецца – ня можа. Няма ў палкоўніка Клімука ні народу, ні айчыны, ні матчынай мовы. Ёсьць толькі “единый могучий Советский Союз” – моцная супер-дзяржава, якой апладзіруюць у польскім Сейме, але каб гэтаксама паважалі пачуцьцёва – наўрад ці. Як жа паважаць абездухоўленую моц? Нібыта ў насьмешку з прамовы генерала-касманаўта: “Piotr Klimuk mьwi po rosyjsku, ale jego sіowa s№ doskonale zrozumiale: jest to jкzyk naszych najbliїszych prszyjaciіь”1 .
А мог жа ты, Пятрусь, адхіліўшыся ад схемы, закончыць хаця б так: “Мае браты, мае суседзі, Свабодны новы польскі люд…”. Браў жа ты ў першае сваё касьмічнае падарожжа Коласа. Няўжо гэтым разам “нацыянальна-культурную” манаполію цалкам саступіў польскаму сябру Міраславу? Не прагучала беларускае слова ў польскім Сейме. Пад тым самым дахам, дзе некалі шальмавалі Браніслава Тарашкевіча і “грамадоўцаў” за абарону і беларускага слова, і беларускай справы. Чаму ж пра пераемнасьць вось гэтых традыцыяў ані слоўкам не абазваўся ў сваёй прамове польскі “пшывудца” Герэк, які так шчодра сыпаў прыкладамі з гісторыі польска-радзецкай пшыязьні?
Няўжо так і будзем плаціць памяцьцю сваёй толькі за тое, што нас накармілі і робяць генераламі? Няўжо сытая поліўка верне нас зноў у становішча “глухіх і нямых”, хоць ужо не худых, не ў лапцях, але накормлена-адукаваных?

1979 год.

21 чэрвеня.
На сустрэчы з польскімі славістамі. Слухаў украінца Рыгора Вервеса пра параў­нальнае славяназнаўства. Хтосьці з прысутных пацікавіўся ў прафесара з Кіева: як прадстаўленая ў вашых дасьледваньнях беларуская літаратура? І той, шырока ўсьміхнуўшыся, адказаў коратка, узрушана, як пра нешта вельмі яму блізкае: “Яна ў нас любімая літаратура. Вельмі многа перакладаем, многа пішам пра яе”. Пазьней, едучы разам у машыне, прызнаваўся субяседніку з пасольства: “Ведаеце, мы звычайна, што дома адзін у другога – у Кіеве ці ў Менску. Адзін ваш Быкаў – геній, якому няма роўных”. Абодвум нам было таксама суладна: пры ўсім пры тым славянскія народы, большыя і меншыя, аднолькава перажываюць цяпер эпоху нацыя­нальнага самасьцьверджаньня.
Рэшта дня – над прывітальным адрасам Яраславу Івашкевічу, — 85-годдзе пісьменьніка.
У астатнім – традыцыйнае штодзённае: званкі, тэлеграмы, удакладненьні, тлумачэньні “по начальству”.
Надвячоркам быстрабежнаю “Волгай” блакітнаю (пан Балеслаў, “кіроўца”, ключы шэфу-аматару ўжо давярае) – на ўзьлесак да Поўсіна, памаўчаць, пагартаць сьвежыя “ЛіМы”. Над споведдзю Мар’яна Дуксы ўстрапянуцца:
Мой лесе верны,
Страхам не суроч,
Застанься шчодрым
на былую ласку,
Каб аж да сконцу
ў чэрвеньскую ноч
Дрыготка слухаць
Папараці казку…

29 чэрвеня.
Кліча дарога на Беларусь. Да Бору Равецкага, да Машчаліна, да сумнацечнае рачулкі Добрыцы. Таямнічае неба зорыстае над ляском Поўсінскім, палявая сьцежка між жытоў — нібы багаславілі гэты шлях. Покуль – дыхаю і жыву. Рэшта – miloњж do Polski2 — застанецца. Хоць любоў – заўсёды крыж. На тым і сышліся з “нетыповым” госьцем маім, чыё “іншаземства” не зашкодзіла нашай узаемадаверлі­васьці.

2 ліпеня.
“Бывайце здаровы, жывіце багата…”, — усхліпвала галасістая хромка на разьвітаньне гасьцям з Варшавы. Пад хвояй разложыстай, супроць хаты, — радня. Сёстры, пляменьніцы з мужамі, дзяцьмі; сваты і свацьці, вясельная грамадка. Бразнулі дзьверцы машыны, уздрыгануў, завуркацеў рухавік. “У зялёнай дуброве мы начаваць будзем…” – гучней і смутней неслася наўздагон. Вось чаго дзеля, пане Балеславе, і варта было адлучацца ад справаў “больших, государственных”.

1 жніўня.
Сягоньня “столица гордых поляков” (Блок) жыве памяцьцю пра Варшаўскае паўстаньне. Раней, заўважыў пан Балеслаў, малебен жалобны адбываўся толькі ў адным касьцёле Святога Яна. Цяпер жа, праз паразуменьне духавенства з уладамі, імша адбудзецца ва ўсіх сьвятынях горада. Услухаемся ў легенду сталіцы-змагаркі: драматычную, трагедыйную і … аптымістычную.
Варшава, “здрузгатана, як Мар’я” (Бранеўскі), ахоплена полымем, працінаемая кінжальным агнём, спляжаная фугаснымі выбухамі нямецкіх “фаўстаў”, – паўстаньніца-Варшава адчайна баранілася, памірала, жыла, верыла. Вось радкі з хронікі тых выпрабавальных дзён:
«8 жніўня. Не сьціхаюць зацятыя баі ў заходняй частцы Сяродмесьця, на ву­ліцах Цёплай, Грыбоўскай і Крухмальнай (настальгісты-інтэрнацыяналісты тут, на шчасьце, ня ўправіліся перайначыць старажытныя польскія назвы на Маркса, Энгельса, Луначарскага ці Розы Люксембург, імёнамі якіх у маім Менску ўвечнена ці не паўтузіна вуліцаў, плошчаў і завулкаў);
9 жніўня. Сяродмесьце. Пачала працаваць паўстанцкая радыёстанцыя “Бліскавіца”. Рушыла харцэрская пошта.
11 жніўня. Сяродмесьце. Хоць наўкола ня ціхне бой, вядомыя артысты наладзілі ў кансерваторыі вялікі канцэрт для паўстанцаў.
13 верасьня. Першыя савецкія скіды парашутамі трапілі да Сяродмесьця.
18 верасьня. Армада з 107 самалётаў саюзьніцкіх скінула на парашутах зброю, амуніцыю, прадукты, але толькі 20% дасталося ў рукі палякаў. …Пабраліся паўстанцы Ірэна і Генрык.
Варшава пахіляецца над мінулым. Ні салютаў, ні фейерверкаў. Толькі ціхае, жалобнае трымценьне сьвечачак на месцах змаганьня й пакуты…
Позна вечарам адазваўся Юрка Туронак: “Алесь? Здароў. Ну, як жывеш? А я толькі што вярнуўся, браце, з дарогі. У Вільні быў, у Менску. Дачка твая там, казалі, прыехала паступаць… Дык калі спаткаемся?...” Што ні кажы, а ў Маскве такога вось раптоўнага, сонечнага “здароў, як жывеш?” штось не прыпомню за ўсе 15 гадоў.

3 жніўня.
Час, казаў Сенека, ёсьць вялікі вучоны, бо ўсё адкрывае. Але чалавек, заўважыў хтось іншы, не валодае часам. Яму дадзены толькі імгненьні. Ад чалавека ж залежыць, ці ператворыцца ён у час, іначай: ці зьліецца чыёсьці імгненнае жыцьцё з часам, каб таму, апошняму, было што адкрываць.
Спатканьне ў Юркі. Беларускія навіны праз Вільню (“недасечаныя” суайчыньнікі…), Менск, які ўжо “дараўнаваўся Варшаве”, хоць шаноўная суседка, часам занадта пэўная сабе, покі што не ўсьвядоміла адметнасьці сталіцы беларусаў, як і іх саміх (іншая справа – чыёй тут больш віны). Згадаў мой сябра пра паліцу беларускіх кнігаў, перакладзеных у Польшчы, на выставе “Сделано в Польше”. Пятро Машэраў, казаў, задуменны, хвілінаў 3-4 каля тых кніжак пастаяў.
На Беларусі тым часам выдалі творы Каруся Каганца. На чарзе – Алесь Гарун, папрасілі ў Варшавы дапамогі. Прывалок з сабой новыя нумары “Маладосці” з Караткевічавым раманам “Чорны замак Альшанскі”, чародныя “Галасы Радзімы”, “Нівы”. І – ці ня самае нечаканае, каштоўнае – “Гісторыя Беларусі” паляка Марцэлі Космана: на белай вокладцы Францішка Скарыны партрэт.

17 жніўня.
“По начальству…”
Учарашні вечар позьні на дачы “менее ответственного товарища”. Гарэлка (як жа без яе?) і парада: “Надо выдержать. Пройдёт. Стабилизируешся”.
Пра “4 комплексы” антысавецкія сярод палякаў. Дапоўніў адным-адзіным сваім, беларускім: 17 верасьня. “Здарова, таварышы! Доўга чакалі…” У гэтым пункце ці стрэну паляка, патрыёта-інтэрнацыяналіста?

20 жніўня.
Позна. Перагартаў прэсу за тыдзень. Мала цікавага. Вось толькі “Маладосць” (за ёй учора сьпяшаўся да цягніка прахаднога, на вакзал) уцешыла, узрушыла. Якія дрожджы – маладыя, мабільныя, глыбокія – падыходзяць у Дзяжы Беларускай!
Яўген Лецка: “Шлях беларускай літаратуры, як і народу, павінен быць бясконцым. Іначай усякая дзейнасьць траціць сэнс”. – Гэтулькі пра неўміручасьць і “нерастваральнасьць” беларусаў як народу.
Уладзімер Някляеў: “Беларуская дэлегацыя – адзіная на ўсесаюзнай нарадзе маладых пісьменьнікаў — прыехала без перакладаў, без падрадкоўнікаў. Так вядзецца здаўна і чамусьці завядзёнка гэтая лічыцца сьціпласьцю. Хаця больш адэкватна называць яе абыякавасьцю ці, яшчэ вастрэй, безадказнасьцю”.
Словам, інтэлігент беларускі дамагаецца самапашаны і, патроху, пачынае гневацца.

21 жніўня.
Сябры мае польскія (усё ж сябры) будуць чытаць “Лысую гару”. У мяне ж засталіся вершы Надзеі Артымовіч, успаміны Антона Луцкевіча (“За дваццаць пяць гадоў”), якія занатоўваў тут, у Варшаве, пяцьцю гадамі раней – тады яшчэ “вучоны грамацей” з Масквы.

28 жніўня.
…Што ж, трэба ператрываць і такое (з пастановы партыйнага сходу Амбасады): “Необходимо активнее вовлечь в партийную работу вновь прибывших дипломатов: т. Кавко…” . Як і скалечанае крыло прадстаўніцкае “Волгі”, якое мой бездакорны пан Балеслаў хутка “вылечыць”, а лагодныя, далікатныя польскія дактары дадуць рады падкалечанай назе “радзецкага дыпляматы”.

17 верасьня.
Учарашнім нядзельным надвячоркам падаліся было з сынам у лясок. Пахадзілі трошкі, — чарнушак, сьвінушак, некалькі тугіх, маладзенькіх бабак назьбіралася на добры булён грыбны. Разам варылі потым, скварылі, смачна елі.
Гаманілася абодвум нам хораша, спакойна. “А что было 17 сентября, папа?” Сямнаццатае верасьня… Апавядаў свайму 10-класьніку пра разьдзертую на кавалкі Радзіму, пра яе ўзьяднаньне. Хлапец падрастае разумным, здольным і пакуль амаль бездапаможным у пытаньнях гісторыі, культуры свайго народу. Вось дзе мая найвялікшая віна перад дзецьмі, перад Беларусьсю. Хаця ні сын, ні дачка ўжо, ведаю, ня пройдуць абыякава сьцежкамі сваёй нацыянальнасьці.
Беларускае ж радыё сягоньня перадала рэпартаж з калгаса “17 верасьня”: “Сорак гадоў назад узьяднаўся беларускі народ…” Варта было мне апынуцца тут, каб глыбей, вастрэй, можа, істотней адчуць, перажыць сьвята нашага ўзьяднаньня.
Альбо – прачытаць тое, чаго ні ў Маскве, мажліва, і ў Менску не прачытаў бы: “На Белоруссии может быть только белорусская власть” (Д-р А. Цвикевич. Беларусь. Пер. с белорусского. Издание Черезвычайной Дипломатической Миссии Белорусской Народной Республики. Берлин, 1919. с. 27).

20 верасьня.
Зранку пан Балеслаў з кветкамі: “Жычэн пану здровя і лят ешчэ тыле само як наймней!”. Хоць – куды ўжо дабаўляць гады (нямала іх), хіба што жыцьцём поўнячы рэшту… (пасьля безагляднага транжырства, пустазвонства).

13 кастрычніка.
Адкуль было чакаць беларусам уласнага Блока, каб той “с потрясающей глубиной и экспрессией выразил кризис человеческой личности” (Долгополов Л. К. Александр Блок. Личность и творчество. Л., 1978. с. 172). Безасабоваму, “безличному” народу – пра які такі крызіс бедаваць?
Затое Максіма Гарэцкага маем – і лірніка, і філосафа, і пячальніка. “Высока дзяржалі князі Саламярэцкія знамя зямелькі свае, знамя бела-чорна-чырвонае, не ўгіналі галовы прад цяжкаю сілай Маскоўшчыны, не хіліліся перад хітраю прычэпкаю – Польшчаю” (“Лірныя сьпевы”). Хай гэтая выпаведзь і будзе маёй сёньняшняй знаходкай, калі трымацца Гётэўскага правіла: штодня спасьцігні, прынамсі, адну разумную думку. А колькі ж іх, думак-залацінак у абеларушаным Сёмухам “Фаўсьце” – набытым сёньня ў варшаўскай кнігарні (апошні экз.) і падараваным Юрку (мой – на паліцы ў Маскве чакае).

16 кастрычніка.
У ДСНК3 на сустрэчы паэт-латыш Петэрс сьціпла і годна паведаміў варшавянам: “Прыгадаю адну толькі рысу майго народу. Ім створана паўтара мільёна дайнаў – амаль столькі ж і латышоў у сьвеце. Такім чынам, на кожнага латыша прыходзіцца па адной песьні. Таму мы лічым сябе шчасьлівым народам, наперакор нягодам”.
З чаго б, падумалася, пачаў беларус, наважыўшыся ў падобных акалічнасьцях напомніць пра сваю беларускасьць, што вось ён, сын пэўнага народу, з пэўнымі якасьцямі? Караткевіч, мабыць, вызначыў бы нашую дасьціпнасьць, Гілевіч – пявучасьць, Брыль – філасафічнасьць.
Дарэчы, пра філасофію беларускую (ня блытаць з “развитием философской мысли в Белоруссии…”):
“Толькі засьценкі Ўсходу і Захаду могуць пасьведчыць, колькі чалавечых ахвяр прынесла Беларусь за самае маленькае імкненьне быць сабой. Трудна ў такіх абставінах казаць аб сацыяльнай творчасьці, калі да нас прыходзілі з гатовымі формуламі і прымушалі супакоіцца на такім пракруставым ложы. Казаць аб сапраўднай творчасьці ў нашым становішчы, гэта – казаць непрыстойныя анекдоты ў доме мерцьвяка…” (Ігнат Абдзіраловіч. Адвечным шляхам. Дасьледзіны беларускага сьветапогляду. Вільня, 1921. с. 53).
Аб ёй, філасофіі нашай – і “Слоўнік” тлумачальны”, пераказаны сюды Васількам з Менску. Гартаю чародны, трэці том (17 тысяч словаў!): “паланізаваць — апалячыць (апалячваць). Паланізатар — той, хто праводзіць паланізацыю”. Зазірнем да першага тому: “апалячыць — прымусіць апалячыцца”. Засталося дачакацца наступнага, 4-га тому – што там будзе наконт русіфікацыі?
Яшчэ кніга з Менску – “Академия Наук Белорусской ССР” (1979). Нарэшце нешта прачытаем пра першых беларускіх акадэмікаў — С. Некрашэвіча, У. Ігнатоўскага (“исключён из партии как национал-уклонист”). Мурашкі па целе ад жуды за такія словы-стрэлы. А з фотаздымка – удумлівыя, з ценем трывогі і роспачы вочы акадэміка “ўкланіста”…

17 кастрычніка.
Часінка (абедзенная) над М. Гарэцкім – “Дзьве душы”:
“І ня толькі сялянства, але і беларускае мяшчанства, думаў ён (Мікола)… маець у сваёй ідэалогіі і ў сваім жыцьці шмат беларускасьці… Якраз гэта мяшчанства можа згуляць ролю байцоў у змаганьні з нясходным, праклятым русіфікацыйным павевам сучасных беларускіх гарадоў, беларускіх у значнай меры толькі па назову (…) Міколу, як і ўсім адраджэнцам, было дужа цяжка зносіць тое, што на тэрыторыі Беларусі ў бальшавізме апрача чужынцаў апынуліся і ўзяліся кіраваць беларускім сялянствам якраз найгоршыя на іх погляд беларускія людзі, бо абмаскаленыя Беларусы, закарэлыя рэнегаты і партыйна тупыя праціўнікі “ўсякага там яшчэ адраджэньня”, пагарджаўшыя, з іх убогай духоўнай фанатычнасьцю, беларускай моваю і ўсім нацыянальна-беларускім. Дык Мікола ведаў прынцыпіяльную цану свае радасьці з прычыны сялянскай няласкі да бальшавікоў, аднак радаваўся, бо бачыў у тым настроі сялян карысьць для руху”.
“Абмаскалены беларус” – вялізная, страшэнная тэма. Яе не зазначыш адным сказам, накшталт: “Як жа ты, чалавеча, даўся абмаскаліцца?” Хоць і такі, для прыкладу, радок у нашым “Тлумачальным” нешта б значыў. Для пачатку.

18 кастрычніка.
Зямляк-дыпламат, па шчырасьці, востра, спавядальна:
“Ня тое сумна, Алёша, што яшчэ адна восень мінае. Жыцьцё канчаецца – вось што страшна. Так і адыдзе яно, а ты нічога не патрапіў, не пасьпеў талковага зрабіць. На мільтузе, на лухце – дні і ночы, у спадзяваньні на лепшае. Але для лепшага часу ўжо не застаецца”.
Прыхапкам, ратуючыся, у Бібліятэцы Сеймовай. Дзесьці ў Лондане прафесар Уладыслаў Вельгорскі чытае слухачам-палякам з універсітэту імя Стэфана Баторыя лекцыю пра беларусаў і ўкраінцаў. І фізіяграфія, і тып дзяржаўнасьці ў мінулым, і тып псіхічны беларусаў і паўднёвых суседзяў іхніх…
“Ліберальная “Літва” (перыяд Вялікага княства Літоўскага), — чытаем з тэксту, — уратавала індывідуальнасьць нашу праз колькі стагоддзяў; братняя “Масква” вось-вось вылепіць з нас “истинно русского”. Шкада, няўстойлівы, падатны на асіміляцыю тып беларускі. Зусім іншая справа з украінскім: за 250 гадоў царская Расія “не абмаскаліла” ані кавалачка ўласна украінскага абшару. Калі ж заходзіць гаворка пра Беларусь…” “Належыць памятаць, што Масква захапіла на пачатку XVІ ст. усходнія землі прабеларускія і на працягу пэўнага часу патрапіла іх дашчэнту зрусіфікаваць. Абшар жа не маленькі: роўны амаль што ўсёй сучаснай Чэхаславакіі… Факт застаецца фактам: каля трэцяй часткі тэрыторыі сярэднявечнай Беларусі згублена гэтым народам на карысьць іншае краіны”.

19 кастрычніка.
Толькі што з Катовіц. Паслухалі песьняў, наглядзеліся на бравуровыя паланезы самадзейных танцораў польскіх, пагаманілі з панам Рамуальдам Янкоўскім – дзея­чом прафсаюзным і чалавекам рабочым – і цяжкое, балючае, што гэтулькі дзён і начэй трымала за горла, сьпіраючы дыханьне, засьцячы цемрынёй безнадзейныя вочы, неяк само сабою зьнікла, адышло.
Можна з палёгкаю ўздыхнуць. Да наступнай пакутнай часіны.
А так – восень. Позьняя, суцішная. Вострая – на чужыне. Як для Рыгора Крушыны, недзе ў Італіі, балючым напамінам – родныя слуцкія краявіды:

Пад акном стакрылы клён,
Родны дом, як мілы сон.
Сьлёзы цісьне ўспамін,
У грудзях — кляновы клін.

27 кастрычніка.
Апоўначы – з Радама. Аматары-артысты з Ленінграда (з “Выборгской стороны”) адчынялі “Дні прыязьні”. Пасьля канцэрту вячэра: тосты, тосты, тосты. Зноў, у каторы раз, маркотна рабілася, сумна. Ну, навошта гэтулькі словаў – зазвычай фармальных, напышлівых – пасьля музыкі, песьні? А табе, пры тваіх клопатах і болях, ці канешне марнаваць час на выслухоўваньне ды трыманьне (найцяжэй) прыстойнае міны. Можна і памаўчаць. Каб толькі маўчаньне ня цемрыла сэрца, прасьвятляла. Як ціхія словы маладзіцы з Віньнічыны (у складзе дэлегацыі з пабрацімчае вобласьці), што адарыла на разьвітаньне сваім зборнічкам:

Ніщо так солодко не пахне на землі,
Ніщо так не вскарбовуеться в душу,
Як вересневий вечір на селі,
Настояний на яблуках і грушах…
Ніна Гнацюк

31 кастрычніка.
– Почему польских студентов в СССР обучается свыше 3-х тысяч, а советских в Польше — чуть больше 60-ти (пры 66 савецкіх выкладчыках, пераважна русістах). Как объяснить этот дисбаланс?
– Товарищи, — важна сказаў “кар’ерны” ад навукі, — вы ведь знаете, что марксистские дисциплины тут не на уровне и увеличивать количество студентов с нашей стороны нецелесообразно по идейно-моральным соображениям. Таково мнение…
— Гы-гы, — нясьмела заваркуцелі дыпламаты. І ў гэткай рэакцыі на “не пущать” было штось уцешлівае, забаўнае. Народ – ён усюды народ, нават у “дыпламацтве”. І ў гарсэтах чыноўніцкіх рупіцца яму па непасрэднасьці, па сяброўстве.
Да таго ж тут, у краіне не зусім “марксіцкай” надзіва ветлівыя прываблівыя людзі. Асабліва, калі яны ходзяць каля кнігі: пані Крысьціна, пані Аліцыя. Што ні слоўка – сонечны праменьчык…
Не адважваюся разважаць пра тыпалагічныя рысы палякаў. Што, аднак, па-свойму ўражвае, кранае – гэта іхняя культура маўчаньня, культура пагляду, усьмеху. Словам, знаная польская “гжэчнасьць”, далікатнасьць. Няхай бы да такой вось культуры непасрэдна далучалася б штогод хаця б па тры тысячы беларускіх, украінскіх, рускіх хлапцоў, дзяўчат. Чаму б сёньняшнім Францішкам з Літвы-Беларусі не падавацца за навукай да Кракава, Вроцлава, ня кажучы пра Варшаву? Ёсьць жа чаму навучацца тут, ад чаго харашэць, лагаднець. Каб не сківіцамі аказёньваць жывое дыханьне народа, але сэрцам слухаць і самому адказёньвацца, ачалавечвацца.

17 лістапада.
“Спрабуй запаліць маленькую сьвечачку – замест праклінаць цемру”, — раіць Канфуцый. Або, прынамсі, не губляць з вачэй промні сьвятла, нават сярод глухое начы. Узьнімі толькі вочы, прыгледзься, прыслухайся. І пачуеш, убачыш, па-новаму запаветнае слова Купалы: “Буду пець, бо люблю сваю песьню загнаную…”. І ўцешышся думцы, якая мроілася і ў тваёй, лухтой засьмечанай галаве, ды ня собіла ёй праз гушчар марнасьці праліцца на Божы сьвет. Вось гэтая думка: “Купалава творчасьць ёсьць у мастацкіх словах і вобразах сфармуляваная ідэя беларускага нацыянальнага адраджэньня і поўная праграма нацыянальна-адраджэнскага і нацыянальна-вызваленчага руху” (Станкевіч Ст. Янка Купала. На 97-я ўгодкі // Беларусь, Ню-Йорк, 1979, № 267).
І ўскалыхнешся, працяты гарачымі токамі глыбіняў далёкіх Натальлі Арсеньневай:

А Слова стане Целам
і ўжо ніколі больш ня ўстане Чорны Год.
Няхай бярэмя він
прыгнула нас, і крылы
апалі,
й хлеб чужы нясмачны і важкі,
няхай нас апавіў
тугой агорклы вырай, —
трывайма!
Ён ідзе – Вялікі Сакавік!..

25 лістапада.
Нядзелька. Меўся падацца з сябрамі-беларусамі варшаўскімі да Храма, дзе моляцца й спавядаюцца Госпаду на ўкраінскай мове, часам – на беларускай. Ня выпала. Трэба было на вакзал, — да Кіева адпраўлялася важная дэлегацыя.
Шэрая гадзіна тым часам гусьцей, цямней. Дзень кароткі, тужлівы – лістападавы – на адыходзе.
Шкада, не магу разгарнуць, цяпер жа, старонкі “Адысеі”, каб “внутренним оком” сьляпога Гамера з нашае цывілізатарскае, напышлівае цемры глянуць на сьвет натуральны – просты, мудры, дабрачынны. Затое са мною слова Пячальніка-Гогаля: “…На страждущих и болеющих от своего европейского совершенства «Одиссея» подействует. Много напомнит она им младенчески прекрасного, которое (увы!) утрачено, но которое должно возвратить себе человечество, как своё законное наследство. Многие над многим призадумаются” (“Выбраные места из переписки с друзьями”).

29 лістапада.
Скрозь мітынгі ды бойкі з ветракамі, хоць і разумееш марнасьць падобнага “ваяваньня”, аднак спрабуеш дашукацца нейкага ладу на “торжище” – пад ухмылкі “банкетных філосафаў” і натапыраныя вушы даносчыкаў.
І тым ня менш – наведалі кватэру “Прадстаўніка” цікавыя людзі, харошыя людзі. Застольнічалася й гаманілася шчыра і востра ажно за глыбокую поўнач. І субяседнікі таго вартыя: сьпецыяліст па асваеньні Усходняй Сібіры ў пары з вучоным-аграрнікам. Апошні “тэматычна” і жыцьцёва падаўся мне бліжэйшым і з ім троху паспрачаліся наконт “аптымальных шляхоў” перабудовы сельскай гаспадаркі. Госьць, зразумела, асьцярожнічаў, недзе хітраваў у сваіх контрдовадах аб перавазе нашага індустрыяльнага сяла над “вузкапалосным” польскім. З свайго боку я таксама ня надта махаў рэвалюцыйнаю шабляй, але асьцярожна заўважыў пра нявывучанасьць “польскага шляху” эвалюцыйнага, пра “філасофію зямлі” ў гэтай краіне.
— Что вы хотите! – урэшце выбухнуў, ня вытрымаўшы, мой далікатны апанент. – Мы шестьдесят лет тому отчуждили землю от производителя, обезличили её. Какая тут любовь, какая философия? І, мабыць, зьбянтэжаны з уласнае непасрэднасьці, паправіўся, спакайнеючы: “Конечно, у нас не было иного выбора. Рано или поздно, но по пути кооперации пойдут и поляки”. —Так, кааперацыі, але наўрад ці – “колхозизации”, — не ўтрымаўся ад удакладненьня гаспадар застольля. На тым, аднак, абодва бакі пагадзіліся і разьвіталіся, ужо на вуліцы, шчыра, прыязна.

1980 год

1 студзеня.
Лейцы ўтрымаць, як таго раіць Юрка, пакуль не ўдаецца. Адносіны з навакольлем завострыя. Бракуе ім дыпламатычнае раўнавагі. Няпроста спасьцігаецца й на 5-м дзясятку найцяжэйшая з навук – навука маўчаньня, талент усьміханьня (нават цераз боль). Праблема, значыць, формы, недапасаваньне якой да асяроддзя ўскладняюць зьмест і сэнс. Хаця – дзе тое аптымальнае “рацыё” ў справе прапаганды, нават калі гаворка пра “достижения советской науки и культуры”? З адведзенай мне роляй – на ўцеху сабе і падначаленым – дасканалей саўладаў бы майстра-мнагастаночнік: і дыпламат-палітык, і “лектор-лицедей” (нават тэму “Торжество ленинской национальной политики” не прачытае, а ледзь не прасьпявае: чула, узьнёсла і “брава” сарве), і клапатлівы, ледзь ня бацька, начальнік для ўсіх астатніх калегаў па “Прадстаўніцтве” – арапаў і пакутнікаў “достижений” (бо толькі пра посьпехі гаворка) Kraju Rad4 . Поўная мая бездапаможнасьць!

2 студзеня.
Ня пішацца. Але справаздачу “О деятельности Представительства” за мінулы год трэба выдаць. Пужаюся лухты, ды яе не мінуць.
Быў лекар-паляк, з маладых, “гжэчных”. Акінуў позіркам, мімаходзь, варштат дыпламата: беларускія слоўнікі, розныя анталогіі, “гісторыі”, троху ў баку важкі том “Wojna obroсcza Polski 1939 r.”5 . Што мог падумаць чалавек адносна хворага “rosjanina” (ці ня ўсе мы тут, ва ўспрыманьні, рускія або “радзецкія”, савецкія)? Яму ж, пацыенту, спатрэбіўся ліміт хворага часу, каб давяршыць работу здаровага, зроблена ж – на паўнапарстка. Ці палепшае заўтра “выдайнасьць” мая? Нават голас з Ленінграда – бадзёры, чысты – не прынёс суцяшэньня, хаця там, над Нявой, “сьнежно, холодно”. – Чаго над Віслай, апавітай мокрымі туманамі, гэтак не стае.
Паэт, відаць, хваляваўся, тварыў пры іншым клімаце:

Уже замерзая в снегу по колено,
И глаз не спуская с огней,
Всё громче и жарче мазурку Шопена
Ведёт белорусский Орфей…
Вс. Рождественский.

3 студзеня.
Ляжыць нечапаным архіў навуковы – нашто валаклося ажно з Масквы? Толькі душа смыліць, на папкі, на выпіскі, адбіткі гледзячы, ня кажучы пра слоўнікі, манаграфіі.
Але ня ўсё так марна. Вось па-новаму тут успрымаецца, перажываецца нататка Ф. Энгельса – першае ўспамінаньне ў марксісцкай літаратуры пра народ, які гамоніць мовай сярэдняй паміж польскай і рускай, але больш блізкі да апошняй, і які ўжо ў 1866 г. прадстаў перад вачыма сябры Маркса народам-нацыяй сярод “четырёх различных национальностей” тагачаснага Царства Польскага (артыкул “Какое дело рабочему классу до Польши”).
Прыгадаць мо заўтра на вечары беларускім пра гэтую менавіта ўвагу, якой у найсмутнейшыя часы беларусаў адарылі Энгельс, пазьней Ленін (пра яшчэ неадсьпяваную песьню Айчынай-Беларусьсю), Максім Горкі? Але ж – праблема часу, 5-ці хвілін нават. Затое “Мы-беларусы, з братняю Русьсю разам шукалі…” – абавязкова.

5 студзеня.
Вечар Беларускай Рэспублікі ў Варшаве (ДСНК). Народу паўнюткая зала. Кніжак багата беларускіх, польскіх пра Беларусь разгарнулася на выставе. Сімволіка дзяржаўнасьці нашае, савецка-беларускае. Фотавыстава.
І – людзі. Цёпла, кранальна гаварылі пра краіну, яшчэ ўчора tera inkognito6 , народ, нядаўна “лапцюжны”. Ажно трое прафесараў, гэтулькі ж пісьменьнікаў – кожны на свой лад апавядаў, а дзесь і спадзяваўся пра “Бжозарусь” (“бярозавую Русь”), якой азначана яна ў рэпарцёрскай нататцы з вечарыны ў “Штандары млодых”. Артыстка Марта чытала фрагмент спольшчаных “Байдаў Дольных” (“Ніжнія Байдуны”) Брыля. Усё йшло гожа, паважна, прыўзьнята, — як раптам голас з месца, накшталт нашага “дайце сказаць!”. І – сказаў, чалавек пажылы, па ўсім відаць не аратар, але і не раўнадушны, дзе гаворка аб нечым яму блізкім, памятлівым:
— Хацеў бы тут заўважыць, як удзельнік экскурсіі (“выцечкі”) на Беларусь. Гэта край вялікай культуры. Вельмі прывабна людзі там адзетыя. Кветкі любяць. І за гарэлкай ня надта ўгінаюцца.

7 студзеня.
— А ведь у нас сегодня по православному обычаю Рождество Христово”, — неяк непасрэдна, хораша прашчабятала пані дырэктар з Масквы, кіраўнік афіцыйнай дэлегацыі, — толькі-толькі ступіўшы з трапу самалёта на польскую зямлю. Было ў гэтай непасрэднасьці, здаецца, больш цеплыні і чагось чалавечага, чым у пазьнейшай інфармацыі ейнай за сталом перамоваў: “…110-я годовщина со дня рождения Ленина даст ещё один толчок для более активной пропаганды марксистско-ленинской теории. Мы понимаем, что после 110-й последует 115-я, 120-я годовщины…”. Не абыйшлося і гэтым разам без навінаў мне бліжэйшых: “В Минске, в Белоруссии, которая, вы знаете, так пострадала во время войны, – эта Хатынь, эти колокола… открываем филиал музея В. И. Ленина… Ну, и сейчас у нас в стране уже 50 ленинских музеев”. Слухаў, натаваў, а неадчэпная думка сьвідравала настрой: няхай бы нам хоць адзін музей каторага з беларусаў-ленінцаў адкрыць: Зьміцера Жылунові­ча, Аляксандра Чарвякова, Язэпа Адамовіча…

13 студзеня.
Поўнач. Толькі што вярнуўся з Палаца навукі і культуры: у Варшаве беларускі навагодні баль. Госьцю – не сьвяткавалася. “Што вы такі сумны, быццам зямлю прадалі?”, — пані Зіна мела рацыю. Тугі свае не валачы на людзі.
Бавіліся ж беларусы варшаўскія шырака, сьпеўна. “Люблю мой край – старонку гэту…” – між разложыстых сьценаў, між калон мармуровых бруіла крыніцай вячыстая песьня. Ажыўленыя, павесялелыя вочы Юркі, Васіля нібы й мяне падбадзёрвалі: бачыш, як мы сьпяваць патрапілі…

14 студзеня.
У “Ніву” піша Анатоль Маўчун з Познані, з асяроддзя “выключна польскага”, дзе, можа, і назьбіралася б колькі асобаў з Беларусі, але, на жаль, мала хто з іх горнецца да беларускага слова. Ды аўтар ня жаліцца, проста канстатуе факт, сам жа – творца ўласнае Беларусі – чыніць, што можа, “каб больш зацікавіць беларушчынай палякаў”. Вось яшчэ – суладная табе душа. Падацца б да яе – пагаманіць і выгаманіцца. Пра Мацея Бурачка (некалі ж, кажуць, падмаглі яму і палякі-пазнанякі…), пра нашае скрозь вострае, трывожнае, “каб ня ўмёрлі…”.

18 студзеня.
Над Коласавымі “Казкамі жыцьця”. Гойсала бесклапотная і таму шчасьлівая хмарка па вялікім сьвеце, пакуль на далёкай чужыне, між горыстых скалаў, магутнакрылы арол не сьцебануў па ёй горкім папрокам: пакуль ты бавішся, падарожні­ца, на радзіме тваёй, што ўспаіла цябе росамі, млее спрагненым усё жывое – і трава, і збажына. Памкнулася назад устрывожаная падарожніца. Кідалі яе па сьвеце жорсткія ветры, праціналі наскрозь кволую. – “І нідзе не было ёй супакою. І вярнулася хмарка ізноў у той край, адкуль выйшла… І заплакала халоднымі слязьмі над роднымі палямі…”.
Мая хмарка – не пагулянка, хаця і яе сібер ня раз паласуе. І ўсё ж: здалёку ад роднага поля, мабыць, наканавана гібець ёй між чужых воблакаў стылых, каб аднойчы кропляю цёплаю праліцца над сваім палеткам.

25 верасьня.
Учора вечарам вярнуўся з Гданьску – гораду польскіх клопатаў, трывогаў і адновы (ды ці толькі польскіх?). У мясцовым універсітэце адбываецца спатканьне польскіх і савецкіх гісторыкаў, з удзелам сівенькага і надзіва, не па гадах, жвавага, разважлівага прафесара Лаўмяньскага. У кантэксьце агульнаславянскім і расейска-савецка-польскім закранулася і наша Беларусь. Акадэмік-літовец Юргініс, гаворачы пра Вялікае Княства Літоўскае, не прамінуў і “беларускую долю” ў ім, спаслаўшыся на 5-томную гісторыю БССР. Прафесар з Познані Ежы Ахманьскі наогул усьцешыў усіх нечаканым польска-беларускім “караваем” пад сустрэчу: “Польскія дасьледваньні гісторыі Беларусі эпохі феадалізму”, — сьпецыяльны даклад. Калега ягоны, велікарус Дьяков, масквіч, правам старшынуючага не ўтрымаўся ад задавальненьня: “Что ж, приятно! Мы знали о польской научной школе по истории Украины, по истории России, а теперь вот узнаем о такой же школе по истории Беларуси”. З Ахманьскім на перапынку пагаманілася трошку. Стрыманы зьнешне пазнаняк аказаўся ў размове чалавекам даволі непасрэдным, шчодрым нават у даверлівасьці. Адарыў тэкстам свайго выступленьня, абяцаў даслаць невядомы дасюль ліст да Еўлашоўскага, адшуканы нядаўна ў Варшаўскіх сховішчах і выдрукаваны ў Англіі. Мая тэма – “Советско-польские отношения послевоенного периода в научной литературе СССР” (нечакана з Масквы папрасілі “падстрахаваць” захварэлага навукоўца). Нядужа там навуковасьці, але ж аб прысутнасьці Беларусі было гаворана. Нават новую Канстытуцыю СССР у паплечнікі браць давялося (права саюзных рэспублік на разьвіцьцё культурных і іншых адносін з замежнымі краінамі).
Перад ад’ездам, блукаючы гданьскімі вулкамі, зазірнуў у кнігарню савецкай кнігі. Як жа ўскалыхнулася, захадзілася ад нейкае нечаканае цеплыні ўся істота мая, калі паміж шчыльнага “частаколу” кніжнага весела, нібы падміргнуўшы, усьміхнулася да мяне ружовенькая назва з вокладкі: “Вясельле”. Серыя “Беларуская народная творчасьць”.

29 верасьня.
Захліствае тузаніна – тая ж, вакол вялікае палітыкі, яе за апошнія тыдні яшчэ паболела, хітрай, хцівай, і ўжо аднымі гузамі за неасьцярожнае абыходжаньне з ёю не адробішся.
1 кастрычніка.
“Wiele goryczy, wiele niedomьwieс, wiele roїnych pogl№dьw, wiele niepokoju”7 , — голас дыктара ўзрушлівы, суважны, адчуваецца, крыху трывожны: “Dziњ jest trudno, a jutro bкdzie jeszcze trudniej…”8 . У польскіх жа калегаў свой неспакой, трывожны – ня рушылі б чолгі радзецкія “овладевать обстановкой”. Можа стацца, што ў гэтыя дні і табе прыдзецца ступіць крок балюча адназначны, адпаведна перакананьням і сумленьню.

2 кастрычніка.
“Strajk” – вострае, мнагазначнае слова. У кіназалах Варшавы паказваюць хроні­ку нядаўняга пратэсту рабочых польскага Узьбярэжжа. На фоне амярцьвелых кранаў, машын, аўтобусаў, нібы вымерлых вуліцаў і плошчаў разьлягаецца роўны, суровы голас дыктара: “Ju nie chodziіo o dadatkowych 500 czy 1000 zіotych. Waїyіa siк robotnicza godnoњж, dojїaіoњж klasy…”9 .

7 кастрычніка.
Хто сёньня расказаў бы пра палякаў – ня так вялікіх, выдатных і да т.п. адзіночак. Але – пра народ. Пра ягоную гордую волю, што гэтак вось аднадушна й рашуча зрынула ярмо лухты, маніпуляваньня людзьмі – у наш асьвечаны век найагіднейшую, мабыць, форму ўціску. Трэба было “рэальнаму сацыялізму” ажно трыццаць пяць гадоў (калі ня ўсе шэсьцьдзясят тры) чакаць такога вось балеснага подзьвігу агульнанароднага, каб выказалася сапраўдная здольнасьць да самаабнаўленьня. Штосьці заныла ў істоце: вярнуцца б да тэмы “Польша: отечество и социализм”. Хоць не надоўга, хоць крыху – наколькі ўдалося б, пасьпелася б адскрэбсьці напісанае ад дактрынерства, кампілятыўнасьці. І аб гэтай вось сёньняшняй Радзіме палякаў сказаць нешта людскае, сьветлае, нацярушанае з празрыстага неабсяжнага неба кастрычніцкага над пані Варшавай…

— Так что будем делать в Москве?
-- Пакуль ня ведаю, што буду рабіць. Затое, чаго ня буду — ведаю. Лёгка сказаць. Перад ад’ездам сюды заракаўся таксама.
“Гісторыя салдата” Стравінскага-Афанасьева ў Тэатры Велькім (з Соняй). Яшчэ адзін напамін-зарок: можна забаўляць сваімі песьнямі нават д’ябла. Толькі скрыпкі свае не аддай, не прадай. Інакш – бяда. Аднак жа паспрабуй, разьбярыся, вычуй – дзе да цябе д’ябал горнецца ў прыяцельскіх шатах.

3 – 4 студзеня 198 г.
Скрынкі з кнігамі, папкамі. Пісьмы, даручэньні сябрам (ёсьць яны!) гатовыя. Прыхіліць галаву на часінку – перад апошнімі, разьвітальнымі візітамі. Каля 6-й раніцы. Завурчэла, зашумела Траса Лазянкоўская…