12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Аляксей Каўка

_____________________
Вуліцай Генадзя Кісялёва. Згадкі пра старэйшага сябра


На літаратурных абсягах Беларусі гожая асоба Генадзя Кісялёва свяцілася і свеціцца ярка, непаўторна – вабячы глыбокім інтэлектам, душэўнай ласкаю, спагадай. Хаця... Пафасныя азначэнні, можа, не вельмі стасуюцца да стрыманае, засяроджанае ў сабе натуры Генадзя, сына Васілёва – зазвычай іранічнага да эмацыйных усхліпаў. Але ж, крылатую атэстацыю сваёй надзіва працавітае й празарлівае парсуны праніклівага даследніка — «кротус Генус Кісялёў», увечнены віртуозным сцілом Ведзьмака-Лысагорца, ён успрымаў належна, не без гумарыстычнага задавальнення.
От жа, помніцца, з гэтага забаўна-загадкавага «кротуса» на цянюткіх машынапісных лістках знакамітае паэмы, дасланай недзе ў 70-х на мой маскоўскі адрас сябрам з Чэрвеня, пачалося нашае, тады завочнае, знаёмства. Падвышала значнасць, зацікаўленне таемным персанажам яго суседства, на той жа старонцы, з «кротам» Сцяпанам Александровічам – маім у раннім юнацтве настаўнікам, зноў жа – знаным рупліўцам Беларушчыны.
Па нейкім часе, ужо дапінаючы беларускае сцежкі з хмызу «саўковае» лухты, нацыянальнае дрымоты, чытаў я ў маскоўскай «гістарычцы» ягоных «Пачынальнікаў». Бібліятэка, унікальная кнігазборамі, уключна з беларусікай, туліцца ў Старасадскім завулку, недалёчка, праз квартал, ад былога гісторыка-архіўнага інстытуту. У чытальні таго ж кніжнага храму не раз заседжваўся і наш студэнт-віцеблянін, а пазней яго крыху маладзейшы калега-пабрацім па творчай справе, другі Генадзь – маладзечанец Каханоўскі...
«Пачынальнікі»... Зачароўвала, варушыла прыспаны розум тая дзівосная кніга. Сваімі, раней амаль нязнанымі мною імёнамі, роздумамі-споведзямі, драматычнымі лёсамі Рамуальда Падбярэзскага, Адама Кіркора, Арцёма Вярыгі-Дарэўскага. Францішка Карафы Корбута (Вуля), Аляксанда Рыпінскага, Войслава Савіча-Заблоцкага. Дый вядомыя постаці Багрыма, Дуніна-Марцінкевіча, Багушэвіча, Абуховіча, Гурыновіча, Янкі Лучыны праз новыя крыніцы ў той жа кнізе зіхат­нулі жывейшымі блікамі-фарбамі. Да чаго ж гаманкім, духоўна-насычаным пульсавала з тых старонак літвінска-беларускае, здавалася, «маўк­лівае» XIX стагоддзе. Наколькі надзённымі, інтымнымі нават, успрымаліся спавядальныя словы «беларускага шляхціча з-пад Лучосы»: «Беларушчына... Гэта мой ідэал». I там жа – яго, Арцёмава, балеснае, нібы й маё ўласнае да стваральніка незвычайнае кнігі прагненне: «Ажыві ...рассеяннае беларускае сэрца! I падмацуй мой дух!». Зразумела, пры ўсёй уражлівасці ад знаёмства з наватарскім, фактычна энцыклапедычным выданнем «Пачынальнікаў» не адразу ўсвядомілася непрамінальнае значэнне гэтае працы, зрэшты, як і належны кошт фізічных і духоўных намаганняў яе аўтара, сціпла «прытуленага» ля малавыразнага слова «ўкладальнік». Кожнаму кемнаму ў справе зразумелыя кошты і вынік падобнага «ўкладальніцтва» – узорнага суплёту літаратурнага крыніцазнаўства, археаграфіі, тэксталогіі, каментароў і г. д. «Пачынальнікі», пазней шчасліва набытыя мною ў кніжным куточку аднае местачковае крамкі ў Беларусі, бадай што самая чытаная-перачытаная, пацёртая ад бясконцага гар­тання-перагортвання кніга ў маёй хатняй бібліятэцы. Бачыў, яна свяцілася і на рабочым стале М. Улашчыка, на яе, дарэчы, класік наш, гісторык, удзячны чытач публікацыяў Кісялёва, адгукнуўся адмысловым роздумам.
Восенню 1982 года выпала мне, тагачаснаму савецкаму дыпламату ў Варшаве, удзельнічаць у міжнароднай навуковай канферэнцыі па славянскіх культурах, зладжанай у Мінску пад патранатам ЮНЕСКА. Памятаецца вірлівая атмасфера таго прадстаўнічага, «многаязычнага» форуму. На ім, абок розных, здаралася натхняльных, сустрэчаў, адбылося, як пазней аднатуецца ў маім «Жывом!», «незабыўнае знаёмства з Генадзем Кісялёвым, кнігі якога, побач з кнігамі Мікалая Улашчыка, Сцяпана Александровіча, Адама Мальдзіса, Генадзя Каханоўскага, і творамі забароненымі («спецхранными») Івана і Антона Луцкевічаў, Вацлава Ластоўскага, Усевалада Ігнатоўскага. Аляксандра Цвікевіча, кс. Адама Станкевіча былі маім самаадукацыйным, беларускім па сутнасці… універсітэтам.
Наступнай, праз два гады, восенню мы абодва, правам добрых знаёмцаў, бавілі цёплы вечар у яго «высокай» кватэры (пяты, без ліфта, паверх) на вуліцы Ле­нін­скай – успрынятай мною ад пэўнага часу як вуліца Генадзя Кісялёва. Быў я тады заклапочаны скарынаўскай тэмай, чытаў усё больш-менш прыдатнае ў маскоўскіх, віленскіх, ленінградскіх і, вядома, менскіх архівах, бібліятэках. Маладасведчаны пачатковец не мог не параіцца з вядомым Беларусазнаўцам. Генадзь, памятаю, адразу ўхваліў накірунак маёй задумы – паказаць пераемнасць спадчыны Францішка Скарыны ў станаўленні новае беларускае літаратуры, нутраную повязь старадаўняе і маладой Беларусі. Перасцерагаў, між іншым, ад паспешлівых, маладоказных абагульненняў пры асэнсаванні даволі складанай, на тую пару амаль не кранутай літаратуразнаўствам праблемы. Пазней, ужо на зыходзе сваіх гадоў, сам ён адкрыецца глыбокім, праніклівым скарыназнаўцам. Тады ж, пад развітанне, адарыў мяне «з душэўнай сімпатыяй» сваёй кнігай «Героі і музы». На маё захапленне кранальна рамантычным загалоўкам заўважыў: доб­рая назва – ледзь не палова працы, але ж не адразу на яе натрапіш.
Генадзева душэўная светлыня пазначыцца й на наступных яго кнігах-дарунках, кожная з якіх адкрывала новыя і новыя засекі нятускных скарбаў Беларусі, высакародства, ахвярнасць яе лепшых сыноў і дачок, высвечвала з-пад пластоў забыцця, ажыўляла несупыннае бруенне жывога-звонкага слова беларускага.
Знешне замкнёны, здавалася, строгі паглядам, у таварышаванні ён раскрываўся сонечна раскаваным, шчодрым на трапнае слова, гумарыстычную рэпліку ад чаго перад табой, нудотнікам, не раз святлеў, праясняўся затуманены далягляд, мацнела жаданне жыць і працаваць. Падобнае ўзрушэнне выклікала яго саліднейшая кніга – «Ад Чачота да Багушэвіча» і дароўны надпіс (праз занадтую ў ім шчодрасць не цытую), дакляраваная аўтарам на атрыманне навуковае ступені доктара філалогіі.
Генадзь Васільевіч прапанаваў мне выступіць у якасці аднаго з апанентаў. Нішто сабе прапанова! Не надта спрактыкаванаму чалядніку прынародна ца­на­­ваць, не без крытычных заўвагаў, творчую дасканаласць Першамайстры. Але ж – «уничижение паче гордости», пракаментаваў бы Генадзь евангельскай прытчай мае сумневы. Так што адмаўляцца не выпадала, хаця ў маім выпадку не абышлося без псіхічнага мандражу цягам прадумвання, дапрацоўкі пісьмовага водгуку на тую густоўную кнігу-дысертацыю. Яна прываблівала глыбінёй, разлегласцю пошукаў-роздумаў аўтара, яго празорлівай здольнасцю нязлічонае мноства крыніцазнаўчых фактаў-адкрыццяў выбудаваць у стройна-вывераную, паслядоўную сістэму: эвалюцыі беларускага літаратурна творчага шляху, як шляху нацыянальнага самапазнання й самасцверджання – ад «краёвасці» да нацыянальнасці, ад «тутэйшасці» да беларускасці. Вельмі блізкімі, духоўна сугучнымі маім пошукам-перажыванням успрымаліся роздумы-высновы старэйшага, зацнейшага калегі. Належала аднак, прытлуміўшы лірычнае ўзрушэнне, з акадэмісцкай суважнасцю выказаць свае меркаванні. Тым часам маё ўнутранае напружанне, напятае, на дадатак, тадышняю бойкаю за ўладу ў Маскве Прэзі­дэнта з паплечнікамі, лагодзіла, падвясельваючы, гарэзлівае слоўка майго зац­нага спаборніка ў дактары («суіскальніка», паводле некаторых вучоных тава­рышаў): «Харошае (вельмі Каўкаўскае) пісьмо сёння атрымаў, – паведамляў ён 23.09.1993г., не тоячы перасмешлівае засцярогі: – Глядзі, не ўздумай там лезьці на якія барыкады. Мне патрэбны жывы, здаровенькі апанент». Таму мне, на жаль, не выпала з-за сур'ёзных акалічнасцяў непасрэдна прысутнічаць пры важнай падзеі, але водгук быў своечасова дасланы ў Інстытут літаратуры Беларускай Акадэміі і зачытаны пры абароне. Пазней тэкст той будзе змешчаны ў маёй кнізе «От Скорины до Купалы», выдадзенай Інстытутам сусветнай літаратуры Расійскай Акадэміі. За выняткам заключнага меркавання – скрозь, лічу, актуальнага: калі б дайшло да заснанавання Беларускай гуманітарнай акадэміі (лунала такая думка) – Генадзь Васільевіч Кісялёў сваім практычным навуковым набыткам: фактычны доктар навук і акадэмік, быў бы ў ліку першых правадзейных сяброў гэтае высокае ўстановы.
Праз які тыдзень у мой тагачасны Вуглавы завулак прыходзіць з Менску цёплае, праменнае лісцянятка: «Сёння вычытаў у кнізе «Старабеларускія лексі­коны» на стар. 6: «Алексей пособитель» – і падумаў, што гэта якраз пра майго бясцэннага А. К. Шчыра дзякую за падтрымку, за вельмі высокага кшталту водзыў...». Далей паведамляў пра ганарар, налічаны Інстытутам апаненту, пытаючыся, што з тым фактам рабіць. Папрасіў па тэлефоне набыць для мяне толькі што выдадзеныя «Добрыя весці» Сыракомлі (мілай памяткай сяброўскае ласкі стаяць на маёй кніжнай паліцы...). Заставалася нейкая рэшта, якую неўзабаве, пры маім чарговым адскоку ў Менск, выдаткавалі на кручок моцнага напою, – карцела, мне прынамсі, адзначыць «трыумфальнае шэсце» доктара Кісялёва.
У той вечар Генадзь спяшаўся сустрэць з працы Яніну Міхайлаўну. Кожнага разу, па завядзёнцы, у дакладным месцы і часе, спатыкаў ён сваю верную абранніцу і творчага супольніка. Нельга было пазніцца і мы разам падаліся да метро «Кастрычніцкая». Памятаю, пад суровы позірк пані Яніны пачаў я нешта мармытаць у апраўданне: узялі, маўляў, па чарцы, але закусіць па-належнаму не паспелі,
– Бачу, што вы «недазакусатыя», – лагаднеючы, жартаўліва заўважыла яна. I ўжо зусім весялей, падбадзёрваючы, дадала: – То падымемся да нас ды закусім.
Следам і Генадзь — тануючы далікатнай, несварлівай жонцы:
– Ну што, браце, трэба ісці, жанчынам не адмаўляюць...
I мы гуртом рушылі на дранікі да вышыні Кісялёвых...
Так вось і прынадзіўся «маскаль» да гасцявання. Злоўжывання гасціннасцю не было, але кожнае аказійнае наведванне – аднойчы разам з маёй Соняй Іванаўнай – сяброўскае кватэры, незмушоная гамонка пры бяседным стале, пад дасціпныя ўсмешкі Гаспадара і незмушоную ветлівасць гаспадыні, цепліла азяблую на чужых вятрах істоту, варушыла светлыя мроі-спадзяванні. Акрыляючы іншым разам новаю кнігай нястомнага творцы-адкрывальніка, чые лірыка-філасофскія медытацыі ўспрымаліся мною нечым вельмі асабістым: «У жыцці кожнага чалавека агульнае суседнічае з прыватным, публічнае пераплятаецца з інтымным, невядома, што пакідае ў душы большыя меткі». Гэта – з Генадзевых «Жылі-былі класікі» – літаратурнага, таксама класічнага, падарожжа таямніцамі іскрыстых паэмаў «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», іх загадкавых творцаў Вікенція Равінскага і Канстанціна Вераніцына. Там жа, у кнізе, абок «беларускага» антычнага Энея, каларытнага палясоўшчыка Тараса незнарочыс­та высвечана неспасціжная асоба самога аўтара – сваімі творчымі клопатамі, роздумамі-перажываннямі, суцешлівымі азарэннямі – праз далучэнне да таемных глыбіняў нацыянальнае гісторыі, культуры, да несамавітых рупліўцаў беларускае ідэнтычнасці – Бадзянскага, Шафарыка, нашых суродзічаў – Карскага, Эпімаха-Шыпілы, Мачульскага, віцебскага краязнаўцы Плавінскага, нарэшце, да славутых майстроў слова беларускага і сусветнага – Коласа, Купалы, Танка, Куляшова, Брыля, Гілевіча, Разанава, Пушкіна, Шэкспіра, Конан-Дойля... Кніга, у пэўным сэнсе – нашае беларускае ўсё: грунтоўныя ўводзіны ў беларусазнаўства, над якімі разважаць-хвалявацца не аднаму пакаленню студэнтаў, аспірантаў, наступнікаў Генадзя Кісялёва.
Не магу не згадаць пра іншыя нашыя ўзаеміны. Памятаю, на першых Скары­наўскіх чытаннях ён прапанаваў мне паразважаць над толькі што выдадзе­ным «Беларускай Савецкай Энцыклапедыяй» фаліянтам «Кніга Беларусі» – для рыхтаванага ім зборніка «Шляхам гадоў». Перад тым у маскоўскіх «Вопросах истории» была змешчаная мая невялічкая нататка пра згаданую кнігу з упамінаннем «крамольнага» на той час прозвішча Вацлава Ластоўскага. У Маскве – пачатак «перестройки» – такая вольнасць ужо дазвалялася, прынамсі, не заўважалася. Але у Мінску... Пільныя цэнзары да апошняга касавалі які-кольвечы станоўчы ўспамін, намёк на адраджэнцаў-«нацдэмаў». Зважаючы на сітуацыю, дасведчаны калега падварушваў, далікатна «падстрахоўваючы», аўтара тае нататкі: «У такім духу прысылай і мне... Але помні, што абачлівасць, заснаваная на вопыце, не шкодзіць мужу...».
Не забудзецца нашае супольнае падарожжа ў траўні 1988 года на адкрыццё надмагільнага помніка Карусю Каганцу – у Навасёлках, блізу Койданава (прабачце, Дзержинска). Захаваўся фотаздымачак з таго кранальнага прычашчэння да Карусёвае магілкі: абліччы Галіны Кастравіцкай, дачкі паэта (з Масквы прыязджала), Генадзя Кісялёва, Міколы Ермаловіча, Арсена Ліса...
Падтрымаў і Генадзь Васільевіч праніклівым словам сваім, мудрай парадай нашыя ў Маскве старанні над засваеннем спадчыны Мікалая Улашчыка – артыкулам у зборніку «Русь-Литва-Беларусь», рэцэнзаваннем «Твораў» гісторыка. Даверыў «Скарынічу» некалькі старонак са сваіх «падарожных» роздумаў – шляхам Францішка-Палачаніна. З яго ж, Генадзевага намаўлення і пісьмовае рэкамендацыі адважыўся я «прапісацца» ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў. На той жа, рэкамендацыйнай старонцы яго, Кісялёва, не мітынгоўна-аратара, але зацятага маўчуна, зануранага ў пошукі навукоўца, выбухова агністы вокліч: «Беларусь была, ёсць і будзе!» – выклікам скрутнаму часу і запаветам змагарам за яе, Сінявокай, вольную будучыню...
Прашэптваю яго апошнія радкі (не думалася пра апошнія...) на Крылацкіх халмах у Белакаменнай: «Твой сімпатычны матэрыял пра «Халімона» [Дуніна-Марцінкевіча], здаецца, паспеў учапіцца за хвост будучай кнігі з матэрыяламі канферэнцыі. «За хвост» амаль літаральна, бо збіраюцца яго надрукаваць не «папераду», як звыклі мы трактаваць масквічоў, а недзе ззаду, каб не парушаць вёрстку... ».
Сонечнае, падсвечанае вясёлым гумарком, Генадзева слоўка – дасюль цепліць акаёмы схаладзелае душы.
Пэўна, наперадзе – следам за Каласавінамі, Купалаўскімі, Багдановічаўскімі, Эпімах-Шыпілаўскімі чытаннямі, будуць чытанні Кісялёўскія. На ўзведзеным ім гісторыка-літаратурным архіпелагу Беларусі адна – асабліва прыкметная, амаль недасяжная: Кастусь Каліноўскі. Яго, Кісялёва, даследаванні-адкрыцці найбуйнейшае постаці беларускага лёсу і шляху не перастануць вабіць-паланіць сэрцы і галовы даследчыкаў, пісьменнікаў, мастакоў – кожнага апантанца беларускае думкі, нашага вызвольнага змагання.
Сёння тым ярчэй, надзённей высвечваецца з туманоў гісторыі волатаўская постаць легендарнага Кастуся. Бо ў дзяржаўна-незалежнай Беларусі, за якую калісьці ўзышоў на эшафот яе змагарны пакутнік, распаношылася плойма монд­рых «доцентов с кандидатами», брудзячы пераліцаваным «западнорусизмом» многавечны змагарны шлях забранае краіны, уз’юшыліся пісакі на легендарнага Яську-гаспадара, прадстаўляючы яго нейкім чужым для беларусаў «польскім» тэрарыстам, адначасна ўхваляючы яго вешальніка – расійскага генерала, як узорнага адміністратара, нават асветніка ў колішнім Северо-Западном крае... Прыкра, што «лінія» Мураўёва ў цяперашняй дзяржаўнай сістэме краіны запанавала над прасцягам Каліноўскага – братоў Луцкевічаў.
Аднак жа, згадваючы Паэта-празарліўца: «Не вечно коршуну кружить, не вечно Роднне тужить... », скажам: «Будам сеяць, беларусы!». I сеем ужо – буйным, прарослым зернем Кастуся Каліноўскага, зернем Генадзя Кісялёва.
Яго чалавекалюбная светлыня... Мабыць, ад лірычна-стоенае душы, якая не-не, ды і ўстрапечвалася, усхвалёваная кранальным мастацкім словам-вобразам... Памятаю ўзрушлівае Генадзева ўражанне, выказанае Нілу Гілевічу ад прачытанае паэмы «Лодачкі». Прыкметна збянтэжаны аўтар не таіў свайго ўзрушэння: крытыка, маўляў, твор нібы не заўважыла, а чытач... Між тым, падазраю, ён, чытач, мог і сам злёгку, ненатужліва, асядлаць крылатага Пегаса (паэтычныя вопыты Кісялёва – пакуль у сутонні). I сяброўства яго з прыкметнымі парнаснікамі – Уладзімірам Караткевічам, Янкам Брылём, а таксама з Данілам Міцкевічам – сынам Якуба Коласа, іншымі словатворцамі Беларусі, не кажучы пра калегаў па Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы, – невыпадковае.
У свой час яго светлая галава засяроджвалася пад адным з першых нашых Пачынальнікаў (кніга «Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча»). Спасцігальнікам Пачынальніка Кісялёва – таксама ёсць і будзе над чым разважаць, клапаціцца, натхняцца.

* * *
На той жа вуліцы нарадзіліся аднойчы вершаваныя радкі, абнародваныя «Нашай Нівай» да юбілею Класіка. Цяпер тыя строфы – у вянок светлае памяці Генадзя Кісялёва:

Не кожнаму такое сніцца,
Хоць споры класікаў між нас,
Каб і Чачот, і Вераніцын
Цябе пазвалі на Парнас.
Там люду рознага нямала
Таўпецца навакол багоў,
Яго ж – Скарына і Купала
Прывецяць пэўна за свайго.
Ён Караткевічам аблашчан,
Яму на вечны успамін
Наш летапісец, сам Улашчык
Склаў адмысловы перкгамін.
I не адзін руплівец, з клёвых,
Адвечнай сцежкаю хадок
Габлюе мысль пад Кісялёва
Майстроў шнуруючы радок.
З дзівосных кнігаў – думкі роем,
Зарок і мёртвым і жывым:
Не хлопам беларус, героем
Гасцінцам крочыць векавым.
Хоць не адно геройствам спрыцен –
Калі па шчырасці казаць –
Той-сёй за поліўку ў карыце
Чужацкі біч жадзён лізаць.
Ад сораму нясцерпнай рана
Смыліць і рана, і ўначы –
Дакуль жа будзеш, край забраны,
Ярмо на карку валачы?
Суродзіч мой, да блазнаў гонкі,
Сумленню атлусцець не дай –
Гартай пякучыя старонкі,
Думу пра Беларусь чытай.
Не, далакопам не знаровіць
Прагнёных волі Божы дар –
Жыве і думаннік-змагар,
Упарты Генус-каліновец!

Хада мая Яго вуліцай таксама блізіцца крэсу. Але тым самым напрамкам рушаць і рушылі ўжо новыя, маладыя хадакі. Шчасці ім, Божа...
Кастрычнік-лістапад 2009
Масква-Менск