12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Тацяна Кавальчук

_____________________
Кастрычніцкія персьпектывы.
Вершы


Я і ты

Мы сядзім у адной клетцы
З запацелым халодным шклом.
Я хацела б табой сагрэцца,
І – хацела б агульны дом.
Нашых целаў – сьляпы дотык
У абдымках тугіх фатэля,
З самапальных жывых эротык –
Мае ногі на прыборнай панелі…
У глыбінях двароў менскіх
Мы трымаемся дрэваў-ценяў,
Без няўрымсьлівых рухаў рэзкіх –
Толькі танец нашых каленяў.
Мы хаваем свае твары,
Мы ўдвох – жыхары цемры,
Мы – кліенты дарожных бараў,
Яны – храмы для нашай веры…
А пасьля мы ісьці будзем
Паралельна па тратуару –
Ты ўспомніш мае грудзі,
Я ўспомню твае мары.


Чаканьне
У скверы менскім цэнтральным
Сядзяць пасівелыя птушкі,
Глядзяць пустымі вачамі
На мае нетаропкія рухі.
Сочаць упарта ў дазоры
За агеньчыкам цыгарэты,
Я ім падаюся птушкай,
Люстраным іх партрэтам.

Восень – маё пакараньне.
Верасень. Дождж. Чаканьне.


* * *
Позіркам паўзу па дарозе,
Думкай выпіваю каву,
У восеньскай аблозе,
Седзячы на канапе.
Цяжка выбрацца з логава,
Палохае жоўтая зьліва –
Жыцьця майго разубогага
Кастрычніцкія персьпектывы.


* * *

Я бачу тваю цеплыню і чаканьне,
Я бачу твой позірк на доўгіх маіх валасах,
Я – толькі праекцыя мараў тваіх і жаданьняў,
Я – толькі праекцыя мараў маіх і жаданьняў,
Я – толькі праекцыя нашых нязбытных жаданьняў,
Я – толькі сініца з размахам крыл жураўля.

Ты вусны мае пацалуеш няўзнак у люстэрку,
Я – думкамі рукі твае прыкладу да шчакі,
Мы – бачым магчымасьць, але – неаднолькава верым,
Мы часта баімся звычайных адчыненых дзьвераў,
Мы часта баімся звычайных сямейных кватэраў,
Мы часта баімся набыць усярэдненасьць меры,
Мы часта баімся напіцца з агульнай ракі.

Мы кажам стандартныя словы занадта складана,
І простыя рухі зьмяняем манернасьцю жэстаў,
Я – бачу сябе не сястрой, не дачкой, не нявестай,
Я – бачу цябе без прасторы, бяз часу, бяз месца,
Мы бачым адзін аднаго – хто душою, хто сэрцам,
Ты – дар выпадковы, дазваньня пакуль не спазнаны.

Я проста страчаю занадта вялікую колькасьць
Вачэй і дзьвярэй, і людзей, і прастораў,
Мяне захапляе свабоды бязьмежнае мора,
Цябе захапляе пачуцьцяў бязьмежнае мора,
І нас ахінае пяшчоты бязьмежнае мора,
Пакуль пахвілінна адзін аднаго будзем помніць.


Аўтастопам на трактары «Беларусь»...

Цвыркочуць конікі і поўзаюць кузуркі,
Так пахне міла бітумам і полем.
Навесіўшы на шыю торбы-клункі,
Я еду стопам. Ведаю, што ў Гомель.

Я стала шэраю ад ўедлівага пылу,
І мой пляцак мне выправіў асанку.
Я зьбіла ўшчэнт усе свае «капылы».
Я стоплю ўсё. Ад ровараў да танкаў...


Ідыль
Прыйду да цябе, калі
Ты будзеш сівы і ціхі.
Сярод успамінаў сваіх,
Пакінуўшы страх і прымхі.
Далоньню ўзмакрэлы лоб
Накрыеш, нібы уяўна,
Схаваўшы адвечны сьцёб,
Глянеш, як закаханы…
Наш будзе агульны плед,
Агульныя будуць сны,
Ты будзеш – мой юны дзед,
А я – твой цень ад вясны.