12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Даніэль Кельман

_____________________
Разалія едзе паміраць.
Апавяданне




Пераклад
з нямецкай
Веранікі
Дзядок.


З усіх маіх персанажаў яна найразумнейшая. Амаль 70 гадоў таму Разалія была юнай і добра вучылася ў школе, пасля яна скончыла настаўніцкую акадэмію і чатыры дзесяцігоддзі выкладала. Яна двойчы была замужам і мае траіх даўно ўжо дарослых дачок, цяпер яна ўдава, яе пенсіі хапае на ўсё, і наконт многіх рэчаў яна ніколі не мела ілюзій; таму яна і не здзівілася, калі на мінулым тыдні доктар сказаў, што рак невылечны і што вельмі хутка ўсё скончыцца.
– Вядома, Вы хочаце праўду, – сказаў ён з такім тварам, як быццам яна дзіця і можа ганарыцца тым, што дарослы ёй давярае. – Добрая звестка: моцны боль прыйдзе толькі ў самым канцы.
Ёй было амаль лёгка прыняць гэтую сітуацыю. Яна не праходзіла вядомых сямі стадый: у яе не было ані абурэння, ні ўтойвання ад сябе, не было павольнай барацьбы да ўсведамлення – адно кароткая фаза няверы, пасля адна ноч глыбокага смутку, а ўжо наступнай раніцай пошук у інтэрнэце швейцарскага аб’яднання, пра якое яна чула, што яно дапамагае тым, хто хоча скараціць... справу.
Магчыма, Вы ведаеце, што гэтае аб’яднанне сапраўды існуе; я яго не прыдумаў, ягоная сядзіба ў прыгарадзе Цюрыха; ягоную назву мне лепш тут не называць, – так параіў мне адвакат. Многія швейцарскія арганізацыі прапануюць дапамогу ў паміранні, але гэтае аб’яднанне самае вядомае. Калі Вы пра яго яшчэ не чулі, звярніце ўвагу: з апавядання нават можна чамусьці навучыцца. Трэба ўвайсьці ў аб’яднанне, заплаціць не малую суму і даслаць медыцынскія заключэнні, якія прачытае доктар, каб пацвердзіць, што надзеі сапраўды няма. Пасля гэтага трэба прыехаць туды, з’явіцца ў адзіны аб’ект нерухомасці, што належыць аб’яднанню, – так званую кватэру для памірання: пакой з канапай, ложкам і сталом, на якім ужо загадзя добраахвотным супрацоўнікам пастаўлена шклянка натрыя-пентабарбітала. Яго выпіваюць. З уласных сілаў і свабоды волі.
Калі гаворка ідзе пра смерць, Разалію цяжка ўразіць. Кузэн яе першага мужа стрэліў сабе ў галаву, не ведаючы, як гэта ўвогуле цяжка, і як часта людзі пры гэтым застаюцца жывымі. Вугал стрэлу быў няправільны, і яшчэ некалькі тыдняў ён вёў расліннае існаванне без ніжняй сківіцы. Сястра яе сяброўкі Лоры чатыры разы спрабавала пазбавіць сябе жыцця таблеткамі ад бяссоння. Шторазу большая доза, шторазу яна, аднак, ачунь­вала ў г...не і ванітах: нашае цела моцнае, яго жыццёвая сіла большая, чым можна меркаваць па нашых дрэнных часінах. А пляменнік Разаліі Франк, брат Лары Гаспард, 11 гадоў таму павесіўся. Ягоная шыя была чорная ад слядоў удушэння, а на столі засталіся глыбокія драпіны.
Дапамога экспертаў не зашкодзіць. Пасля кароткага вагання Разалія бярэцца за тэлефон.
Адказвае нехта спадар Фрайтаг. Ён ветлівы, ціхі і тактоўны, відавочна, ён мае вопыт такога кшталту размоваў. Пэўна, я мушу заўважыць, што спадара Фрайтага я прыдумаў. Я не тэлефанаваў у аб’яднанне, я не ведаю, хто там здымае слухаўку, і што яны кажуць. Я хацеў пра гэта даведацца, аднак кожнага разу мяне спыняў нейкі няпэўны жах і я адчуваў сябе так, нібыта вось-вось зраблю нешта непрыстойнае, быццам я для сваёй забавы хацеў патрывожыць духаў. Да таго ж я ўласна не з такога роду пісьменнікаў, у якіх факты адпавядаюць рэчаіснасці. Іншыя радуюцца, калі яны дасканала расследавалі дробныя дэталі, і нейкая крама, якую мінае, не зважаючы на яе, іх персанаж, у кнізе носіць сваё сапраўднае імя. Але мне такія рэчы абыякавыя.
“Усё вельмі проста” – гаворыць спадар Фрайтаг. Вось адрас, вось гэта нумар факсу, няхай яна дашле медыцынскія заключэнні, пасля адразу ж з ёй правядзе размову псіхіятр, каб праверыць яе правамоцнасць. Пасля гэтага ёй дашлюць дакументы для ўваходу ў аб’яднанне, і як толькі яна іх дашле, можна будзе дамовіцца пра дату. “Ці ёсць... – ён упершыню запінаецца: – Ці пажадана зрабіць гэта вельмі хутка?”
“Доктар, – гаворыць Разалія, – казаў пра некалькі тыдняў”.
“У такім выпадку гэтыя справы выконваюцца паскорана”.
Голас спадара Фрайтага застаецца абсалютна спакойным і пры гэтым поўным удзелу. Ён сапраўды робіць гэта добра. Чаму б і не, думае Разалія, дзесьці ў іншым месцы ён бы, пэўна, мог больш зарабляць, магчыма, гэта сапраўднае прызванне. Ёй нават удаецца адчуць нейкую ўдзячнасць.
Уначы яна сніць, як не сніла ўжо шмат гадоў. Гарачая пульсацыя крыві, жар пачуццёвага ўзбуджэння, пра якія яна амаль у шоку ўзгадвае пасля прачынання: мноства людзей, шум, гарачыя абдымкі. Раптам з’явіліся людзі, пра якіх яна не думала 50 гадоў – здавалася, яны навечна зніклі ў забыцці, магчыма, больш няма іншых жывых людзей, хто б узгадваў пра іх. Як даўна гэта было. Напэўна, сапраўды прыйшоў яе час.
І ўсё ж такі яна не зусім можа даверыцца свайму лёсу. Таму ранішняю парой яна звяртаецца да мяне і просіць аб міласэрнасці.
Разалія, гэта не ў маёй уладзе. Я не магу.
Вядома ж, можаш! Гэта тваё апавяданне.
Але яно расказвае пра твой апошні дзень. Калі б не гэта, мне б не было чаго пра цябе распавесці. Гэта апавяданне...
Можа павярнуцца па-іншаму!
Я не ведаю ніякага іншага. Не для цябе.
У адказ на гэта яна адварочваецца і не можа заснуць, пакуль не робіцца светла. У гэтым няма нічога надзвычайнага, апошні раз яна выспалася сапраўды добра больш як дваццаць пяць гадоў таму.
Наступныя дні праходзяць, як быццам бы ўсё, як звычайна, і як быццам бы яна мае яшчэ час. Жуда паступова змякчаецца, ці правільней – яна застаецца, але губляе сваю вастрыню і робіцца аднастайна тупым ціскам, у вялікай ступені падобным да боляў у жываце, якія так даўна сталі часткай яе быцця, што яна наўрад ці можа ўзгадаць, як адчуваеш сябе, калі табе нічога не баліць. Гэта і ёсць жыццё, калі табе больш за семдзясят: то пацягне там, то прыпячэ тут, пастаянная нямогласць і закаснеласць усіх суставаў.
Яна вырашае нічога не казаць сваім дочкам. Яны ўжо даўно чакаюць яе смерці, трэба быць рэалістам. Яна ўпэўнена, што яны падрабязна абгаварылі, хто будзе арганізоўваць пахаванне, і дзе яе будуць хаваць. Адчуваючы віну абавязку, яны шматкроць прасілі яе быць разумнай і пайсці ў дом састарэлых, аднак паколькі Разалія ўсё яшчэ добра дае сабе рады адна, а дом для састарэлых дарагі, – іхнім ушчуванням бракавала настойлівасці. Дык навошта абцяжарваць іх цяпер, навошта сямейныя сустрэчы, слязлівыя абдымкі і развітальныя словы? Шмат лепш і сумленней, калі іх праінфармуе дзелавы ліст з Цюрыха, што доўгачаканае ўжо адбылося.
Яна дамаўляецца на каву і пірожныя з сваімі дзвюма лепшымі сяброўкамі – Лорай і Сільвіяй. І вось яны сядзяць, тры старыя дамы, пасля абеду ў найлепшай кандытарскай горада і гавораць пра ўнукаў. З пэўнага ўзросту людзі гавораць толькі пра сям’ю. Палітыка і мастацтва робяцца нечым абстрактным, што нас не датычыць, і што мы пакідаем маладзейшым, а ўласныя ўспаміны раптам мы ўспрымаем як занадта асабістыя, каб з кімсьці імі дзяліцца. Застаюцца ўнукі. Ніхто не цікавіцца ўнукамі іншых, аднак слухае, каб мець права гаварыць пра сваіх уласных.
– Паўлі ўжо размаўляе, – гаворыць Лора.
– Гайна і Любі пайшлі ў дзіцячы садок, – адзначае Сільвія. – Выхавацелька кажа, што Любі цудоўна малюе.
– Паўлі таксама вельмі добра малюе, – гаворыць Сільвія.
– Томі гуляе ў рабаўнікоў і паліцэйскіх, – кажа Разалія. Абедзьве кі­ваюць, і хаця яны ведаюць Разалію трыццаць гадоў, ніхто не пытаецца, хто такі Томі. Томі не існуе. Разалія яго прыдумала, яна сама не ведае, чаму. Яна не ведае таксама, ці гуляюць дзеці цяпер у рабаўнікоў і паліцэйскіх, гэта здаецца ёй анахранічным. Яна бярэ намер наступны раз спытацца пра гэта яе рэальнага ўнука, і тады ёй робіцца зразумела, што яна больш ніколі яго не ўбачыць. Да яе горла падыходзіць камяк, і на хвілінку ёй цяжка робіцца гаварыць.
Каб пераключыць увагу, яна глядзіць у люстэрка на сцяне ў пазалочанай раме. Ці ж гэта сапраўды мы? Гэтыя капялюшыкі, сумачкі пад кракадзіла і па-дзівацку намаляваныя твары, гэтыя манерныя жэсты і смеху вартыя сукенкі? Як гэта здарылася? Толькі што мы яшчэ былі як усе, мы ведалі, як людзі апранаюцца, у нас не было дурацкіх прычосак! Менавіта таму, думае Разалія, усе любяць гэтую дзівачку-сышчыцу Міс Марпл – бо яна ўвасабляе адваротнае рэчаіснасці. Старыя жанчыны не расследуюць забойстваў. Яны не цікавяцца светам, і яны не хочуць больш разумець, што адбываецца. Кожная, якая яшчэ да гэтага не саспела, думае, што яна будзе іншай. Як думалі і мы таксама.
Яны развітваюцца, бо сядзяць тут ужо амаль гадзіну, а ўсіх іх ужо нервуе, што яны знаходзяцца так доўга далёка ад дому. Устаючы, Разалія яшчэ раз назірае за сабой у люстэрку: тоўстая кофта, нягледзячы на лета, вадастойкі капялюш ад дажджу, хаця дажджу няма. І чаму гэта сумка такая вялізная, калі там амаль нічога няма? Нават яе вопратка сігналізуе, што яна залішняя, перажытак, толькі рэштка чалавека. Хутка і вы мяне нагоніце, думае яна, дае па пацалунку Сільвіі і Лоры, жадае ім усяго найлепшага, поспехаў унукам і каб прайшлі болі ў спіне, – пераходзіць вуліцу.
Яна не бачыць машыну, што пад’язджае. Раней яна не выходзіла б слепа проста на дарогу, для гэтага не трэба было задумвацца, яна само сабой зважала б. Вішчыць сігнал, тармазы скрыпяць, чырвоны “фольксваген” спыняецца. Кіроўца адкручвае шыбу і крычыць нешта, але яна ідзе далей, і цяпер яна чуе рып з іншага боку, і белы “мерседэс” тармозіць так рэзка, што яго заносіць убок; нешта падобнае яна дагэтуль бачыла толькі ў філь­мах. Яна ідзе далей. Толькі калі дасягае іншага боку, яе сэрца пачынае грукаць, і ёй робіцца млосна. Мінакі спыніліся. Натуральна, гэта таксама спосаб, думае яна, такім чынам можна гэта скараціць, так пазбаўляюць сябе ад паездкі ў Цюрых.
Малады мужчына бярэ яе пад локаць і пытаецца, ці ўсё ў парадку.
– Так, – кажа яна, – усё!
Ён пытаецца, ці ведае яна, дзе яна жыве і як туды дайсці.
На гэта ёй у галаву прыходзіць мноства дасціпных адказаў, але яна вырашае, што гэта не той момант, і запэўнівае яго, што ведае абсалютна дакладна.
Дома гарыць лямпачка аўтаадказніка. Спадар Фрайтаг паведамляе ёй, што яе заключэнні прынятыя. Па сваім сполаху яна разумее, што дагэтуль яшчэ спадзявалася на адмову, на адказ, што гэта ўсё памылка, і яе хвароба не з’яўляецца невылечнай. Яна перазвоньвае, і праз некалькі секунд ён злучае яе з вельмі ветлівым псіхіятрам.
На жаль, яна з цяжкасцю разумее ягоны акцэнт. Што ж гэта такое са швейцарцамі, думае яна, яны ўмеюць усё астатняе, чаму ж у іх не атрымліваецца нармальна размаўляць? Яна распавядае рэчы са свайго юнацтва, называе імёны амерыканскага, французскага і нямецкага прэзідэнтаў, апісвае, якое звонку надвор’е, складае пятнаццаць і дваццаць сем, дванаццаць і трыццаць, сорак і дзвесце пяцьдзесят адзін і тлумачыць яму адрозненне паміж паняткамі “аптыміст” і “песіміст”, а таксама “спрытны” і “няспрытны”. Што-небудзь яшчэ?
– Не, кажа доктар, – выпадак зразумелы.
Разалія ківае. Складаючы лічбы, яна імкнулася не адказваць занадта хутка, наўмысна чакала секунду, каб ён не падумаў, што ёй нехта дапамагае. Тлумачачы паняцці, яна выказвалася наколькі магчыма проста. Яна была настаўніцай і ведае з досведу: самае галоўнае – не прыцягваць да сябе ўвагу. У каго занадта добрыя вынікі іспытаў, той выклікае недавер і падазрэнні ў падмане.
Ізноў ля апарата спадар Фрайтаг. Паколькі час падціскае, яна можа прыехаць ужо на наступным тыдні.
– Ці падыйдзе Вам панядзелак?
– Панядзелак, – паўтарае Разалія, – чаму б і не?
Яна тэлефануе ў турыстычнае бюро і запытваеццца пра самалёт на Цюрых у адзін бок.
– У адзін бок дорага. Вазьміце квіток туды і назад.
– Добра.
– Адваротны рэйс на калі?
– Усё адно.
– Я не раю Вам браць такі квіток. Пры самым танным тарыфе Вы не зможаце перанесці дату адваротнага пералёту.
Супрацоўнік кампаніі такі добразычлівы і перабольшана цярплівы, як і патрэбна, калі гаворыш са старымі дамамі.
– Усё ж падумайце. Калі вы хочаце вярнуцца?
– Я не хачу вяртацца.
– Але Вы захочаце пасля.
– Напэўна, лепш усё ж квіток толькі туды.
– Я магу таксама зарэзерваваць зваротны квіток з адкрытай датай. Аднак гэта будзе даражэй.
– Даражэй за квіток у адзін бок?
– Даражэй за квіток у адзін бок не бывае нічога.
– Хіба гэта лагічна? – пытаецца тады Разалія.
– Што?
– Гэта не лагічна.
– Шаноўная спадарыня – ён адкашліваецца, – мы турыстычнае бюро. Мы не вызначаем кошты. Мы не маем ніякага ўяўлення, адкуль яны бяруцца. Мая сяброўка працуе ў авіякампаніі. Яна гэтага таксама не разу­мее. Нядаўна я бачыў рэйс у Чыкага ў бізнес-класе, які быў танней за квіток у эканамічным класе. Кліентка хацела ведаць, чаму гэта так, а я сказаў: шаноўная спадарыня, калі я пачну задаваць такія пытанні, дык звар’яцею. Спытайцеся ў камп’ютара. Я таксама пытаюся ў камп’ютара. Усе пытаюцца ў камп’ютара, так ёсць!
– Гэта заўжды было так з коштамі?
Па ягоным маўчанні яна заўважае, што ён не хоча пра гэта думаць. Ёй ужо шматкроць кідалася ў вочы, што людзі маладзей за трыццаць не цікавяцца тым, чаму ўсё стала так, як яно ёсць.
– Ну дык я вазьму пералёт у адзін бок.
– Вы ўпэўнены?
– Абсалютна.
– Бізнес?
Яна думае. Аднак гэта толькі кароткае падарожжа, навошта марнатраўства!
– Эканамічны.
Ён мармыча, набірае тэкст, мармыча, ізноў набірае, і праз доўгія пятнаццаць хвілінаў ён афармляе ёй квіток на самалёт. На жаль, кажа ён, ён не можа даслаць яго электронным шляхам, камп’ютар адмаўляецца, нічога зрабіць нельга. Ён мусіць даслаць квіток праз службу дастаўкі. Аднак гэта будзе яшчэ даражэй.
– Добра, – кажа Разалія; з яе дастаткова.
Яна кладзе слухаўку і разумее, што больш на зямлі ў яе няма клопатаў. Кран, які працякае і дзеля якога яна ўжо даўно хацела выклікаць сантэхніка; падцёк у ванне, суседскі хлопец, які заўжды так пагрозліва глядзіць на яе акно, быццам хоча яе абрабаваць,– усё гэта больш не мае значэння, пра гэта паклапоцяцца іншыя альбо ніхто, гэта мінула.
Гэтым вечарам яна тэлефануе адзінаму чалавеку, якому хацела б пра гэта расказаць.
– Дзе ты?
– У Сан-Францыска, – кажа Лара Гаспард.
– Тады тэлефонная размова для цябе вельмі дарагая?
Як дзіўна, што цяпер можна паўсюль заспець амаль кожнага чалавека, не ведаючы, дзе ён знаходзіцца. Здаецца, што нават прастора не ёсць больш тым, чым яна была калісьці. З аднаго боку, ёй вусцішна, з іншага боку, яна рада, што можа паразмаўляць са сваёй разумнай пляменніцай.
– Ну што ты! Што з табой? Твой голас гучыць дзіўна.
Разалія каўтае камяк, тады расказвае. Усё гэта здаецца ёй раптам несапраўднай тэатральшчынай, як быццам бы гэта была гісторыя пра кагосьці іншага ці як быццам бы ўсё гэта нехта выдумаў. Распавёўшы, яна не ведае, што сказаць. Нейкім своеасаблівым чынам ёй ніякавата.
– Божухна, – кажа Лара.
– Думаеш, гэта няправільна?
– Нешта тут не тое. Але цяжка сказаць што. Ты едзеш туды адна?
Разалія ківае.
– Не рабі гэтага. Вазьмі мяне з сабой.
– Нават і не думай.
Некалькі секунд абедзьве маўчаць. Разалія ведае: Лара разумее, што яна здалася б, калі б тая прасіла трошкі настойлівей, і Лара ведае, што Разалія гэта разумее, але Разалія ведае таксама, што ў Лары няма на гэта сілаў, не цяпер, не так знянацку і без падрыхтоўкі, і таму яны абедзьве робяць выгляд, што зрабіць нічога немагчыма і што нічога тут не запярэчыш.
І вось яны вядуць доўгую размову, поўную паўтораў і расцягнутых паўз, у якой вядзецца пра жыццё і дзяцінства, і Бога, і бессмяротнасць душы, і Разалія думае зноў і зноў, што не трэба было званіць, што лепш за ўсё яна б зараз паклала слухаўку і што, з іншага боку, гэта працягнец­ца яшчэ хвілінку, бо, ясная справа, класці слухаўку яна зусім не хоча. У нейкі момант Лара пачынае ціха ўсхліпваць, і Разалія падаецца сабе вель­мі адважнай і спакойнай, калі развітваецца, але тады ўсё пачынаецца з пачатку, і яны гавораць яшчэ гадзіну. Гэта было памылкай, думае Разалія пасля. Такога не гавораць іншым, такім нікога не абцяжарваюць. Гэта і ёсць “не тое”, што мела на ўвазе яе разумная пляменніца. Гэта робяць на самоце альбо не робяць наогул.
Выходныя прамінаюць у незвычайнай лёгкасці. Адно яе гарачыя мроі, настолькі перапоўненыя людзьмі, галасамі і падзеямі, як быццам бы ўвесь схаваны ў ёй свет хоча яшчэ раз выйсці на святло, – паказваюць ёй, што яна ўсё ж не настолькі спакойная, як мяркуе ўдзень. Раніцай панядзелка яна найперш хоча спакаваць свой чамадан. Яна мусіць заклікаць сябе да парадку, бо ёй здаецца дзіўным і вычварным ехаць зусім без багажа.
У таксоўцы да аэрапорта, у той час як мінаюць дамы і ўзыходзячае сонца йграе на дахах, яна спрабуе ізноў звярнуцца да мяне. Хіба няма ніякага шанцу, пытаецца яна. Усё ў тваіх руках. Пакінь мне маё жыццё!
– Гэта немагчыма, – адказваю я, збіты з панталыку. – Разалія, тое, што адбываецца з табой, – гэта твая мэта. Дзеля гэтага я цябе вынайшаў. Тэарэтычна я, мабыць, мог бы ўмяшацца, аднак тады ўсё было б бессэнсоўна! Гэта значыць, што я не магу.
– Лухта, – кажа яна. – Адгаворкі. Некалі прыйдзе і твая чарга, і тады ты будзеш клянчыць, як я.
– Але гэта зусім іншае!
– І не будзеш разумець, чаму для цябе не робяць выключэння.
– Гэта нельга параўноўваць. Ты мая выдумка, а я...
– Ну?
– Я сапраўдны!
– Ах вось як?
– Даверся мне. Табе не будзе балюча. Пра гэта, прынамсі, я магу па­клапаціцца, я абяцаю табе. Маё апавяданне...
– Даруй, але мне на гэта пляваць. Магчыма, яно нават не будзе цікавым!
Я абурана маўчу і, каб Разалія не пачала зноў, я раблю так, што праз пару хвілінаў яна прыбывае ў аэрапорт – машына рухалася не па-сапраўднаму хутка, вуліцы змыліліся ў мяшанку фарбаў, і яна ўжо выходзіць. Каля акенца рэгістрацыі ніякай чаргі, каля кантролю бяспекі ніякага чакання, і яна сядзіць у тэрмінале, акружаная крыклівымі дзецьмі і бізнесоўцамі, і зусім не ведае, якім было яе жыццё. Нашая размова адсунулася на задні план яе свядомасці, яна больш не ўпэўнена, ці я сапраўды прамаўляў, ці яна сама выдумала мае адказы.
Рэйс затрымліваецца. Усе рэйсы затрымліваюцца, тут я таксама не магу нічога змяніць. Таму Разалія сядзіць у пачакальні. Сонечнае святло мякка грэе праз вокны. Дагэтуль у яе не было страху, аднак раптам яна бы закамянела ад жудасці.
І менавіта цяпер усё зрушваецца. Абвяшчаюць самалёт на Цюрых, і калі Разалія ўстае, нейкая спадарожніца пытаецца, ці трэба ёй дапамога. Ёй не трэба, аднак навошта адхіляць крыху падтрымкі і зычлівасці? І яна просіць дапамагчы ёй прайсці на борт.
На шчасце, у яе месца ля вакна. Яна вырашае не прапусціць ні моманту, яна будзе вызіраць, як быццам бы можа ўзяць усё з сабой. Як добра, калі незадоўга да канца ты яшчэ ляціш над Альпамі. Самалёт коціцца на ўзлётную паласу, маторы ўсхліпваюць.
Разалія прачынаецца, калі самалёт прызямляецца, і сіла тармажэння прыціскае яе да папругі. Баляць вушы, яна пацірае свой лоб. Няўжо яна ўвесь пералёт... Яна не можа ў гэта паверыць. Але звонку цягнецца пад аднастайна шэрым небам пасадачная паласа. Гэта праўда, яна ўсё праспала.
– Мы што, ужо прыбылі? – пытаецца яна суседа.
Ён хітае галавой:
– Базель.
– Што?
– У Цюрыху туман, – ён глядзіць на яе, як быццам бы вінаватая ў гэтым яна. – Мы змушаныя прызямліцца ў Базелі.
Разалія тупа глядзіць на парэнчу сядзення перад ёй і спрабуе прадумаць. Што гэта? Нечаканы паварот, які мусіць выратаваць яе жыццё? Я ўмяшаўся, каб перапыніць падарожжа?
Але ж Разалія, адказваю я. У цябе рак. Ты ў кожным разе памрэш. Цябе не выратуе тое, што ты не паедзеш далей.
Але гэта можа быць гісторыяй іншага кшталту, кажа яна. Я магла б за гэтыя два тыдні адкрыць для сябе жыццё. Зрабіць рэчы, якіх я яшчэ ніколі не рабіла. Гэта магло б быць адно з тых апавяданяў пра тое, што мы ніколі не цэнім дастаткова цяперашні момант, і трэба жыць заўжды так, як быццам бы праз пару дзён гэтаму прыйдзе канец. Гэта магло б быць пазітыўнае і... як гэта называюць?
Жыццесцвярджальнае. Гэта называюць жыццесцвярджальным апавяданнем.
Яно магло б быць такім!
Разалія, авіякампанія прапануе табе дзве рэчы. Далейшы палёт, аднак невядома, калі ты зможаш яго працягнуць, паколькі цюрыхскі туман над­та шчыльны, альбо білет на цягнік. З ім ты дасі сабе рады. Ты возьмеш квіток на цягнік. Гэта не жыццесцвярджальнае апавяданне. Калі ўжо на тое пайшло, дык яно тэалагічнае.
Гэта чаму?
Я маўчу.
Гэта чаму, паўтарае яна, што ты маеш на ўвазе?
Я маўчу.
– Прашу Вас, – кажа сусед Разаліі. – Не так усё і дрэнна. Да Цюрыха Вы ўсё ж дабярэцеся. Гэта ўжо недалёка. Тут няма чаго плакаць.
Выходзіць з самалёта яна ўжо ўзяўшы сябе ў рукі. Мужчына з авіякампаніі раздае незадаволеным пасажырам талоны. Разалія і сапраўды вырашае ехаць цягніком, а паколькі яна выглядае нездаровай, знаходзіцца нават супрацоўнік, які падвозіць яе на машыне на вакзал. Там ужо чакае цягнік. “Асцярожна, прыступка”, – кажа малады чалавек. “Асцярожна, тут яшчэ адны дзверы. Асцярожна, яшчэ прыступка. Вы не хочаце прысесці? Асцярожна”.
І ўжо хутка цягнік імчыць праз пагорыстыя зялёныя краявіды. Гэтым разам, вырашае Разалія, яна дакладна не засне.
Яна прачынаецца, калі цягнік спыняецца на нейкім правінцыйным вакзале. Туман вісіць над дахамі непрыгожых дамоў. На пероне хныча дзіця, побач утароплена глядзіць яго маці, як быццам бы яна ўступіла ў кучу ванітаў. Разалія трэ твар. І тут праз гучнагаварыцель кандуктар абвяшчае: няшчасны выпадак, ёсць ахвяра, калі ласка, пакіньце вагоны!
– Нехта пазбавіў сябе жыцця, – весела кажа нейкі мужчына.
– Скокнуў пад цягнік, – кажа жанчына. – Скок – і цябе разрывае на часткі. Не застаецца нічога!
– Хіба абутак, – кажа мужчына, – тады яго знойдуць зусім далёка.
Усе згодна ківаюць, а пасля выходзяць. Нейкі мужчына дапамагае Разаліі выйсці на перон. Потым яна стаіць звонку на морасі. У сваёй бездапаможнасці яна ідзе ў прывакзальную кнайпу. Са сцяны ўсміхаецца Мадонна, побач з ёй генерал у чорна-белым і горнарабочы з забойным молатам. У пакоі чатыры швейцарскія сцягі. Кава жахліва смачная.
– Любая спадарыня, вы жадаеце трапіць у Цюрых?
Яна ўздымае вочы. За суседнім столікам сядзіць худы мужчына з тлустымі валасамі і ў акулярах з касцяной аправай. Разалія ўжо бачыла яго раней у цягніку.
– Калі гэта так, я мог бы Вас падвезці.
– У Вас тут машына?
– Любая спадарыня, машын шмат.
Яна збянтэжана маўчыць. Але што ёй губляць? Яна ківае.
– Тады, ці не былі б Вы ласкавыя прайсці за мной. Я так разумею, што часу мала.
Шырокім жэстам ён выцягвае кашалёк і аплочвае яе каву. Пасля ён ідзе да шатні, бярэ ярка-чырвоную кепку, што вісіць там, і грунтоўна папраўляе-насоўвае яе.
– Даруйце, што я Вам не дапамагу, але, на жаль, у мяне баліць спіна. Як Вас завуць?
Яна прадстаўляецца. Ён бярэ яе руку і прыціскае да яе – машынальна яна торгае руку назад, – свае вусны. “Рады знаёмству!” Свайго ўласнага імя ён не называе. Ён стаіць выпрастаны, ягоныя рухі гнуткія, і ён не робіць уражання чалавека, якому баліць спіна.
Яна ідзе следам за ім на стаянку. Ён крочыць хутка і не азіраецца, яна ледзьве паспявае за ім. З задуменным тварам ён спыняецца каля таго ці іншага аўтамабіля, нахіліўшы галаву, падцяўшы вусны.
– Як Вам вось гэты? – пытаецца ён каля “сітраэна” срэбнага колеру. – Мне здаецца, падыходзіць.
Ён запытальна глядзіць на Разалію. Калі яна збянтэжана ківае, ён нахіляецца і шкрабецца ў дзвярах, якія праз секунду расчыняюцца. Ён сядае ўсярэдзіну і пачынае поркацца ў запальванні.
– А што Вы там робіце?
– Любая спадарыня, вы не жадаеце сесці?
Павольна Разалія сядае на сядзенне побач з кіроўцам.
– Гэта Ваш аўтамабіль ці Вы толькі што?..
– Вядома ж, гэта мая машына, любая спадарыня. Вы хочаце мяне пакрыўдзіць?
– Але ж Вы ўзламалі запальванне?
– Гэта новая мадэль, вельмі складаная, адкіньцеся, калі ласка. Гэта будзе нядоўга, хаця я і не магу выкарыстоўваць поўную хуткасць гэтага аўто, вісіць туман, і я не хачу падвяргаць Вас небяспецы.
Ён рагоча з блеяннем, па спіне Разаліі бягуць дрыжыкі.
– Хто Вы? – сіпла пытаецца яна
– Добразычлівец, любая спадарыня. Шукальнік, памагаты, падарожны. Я цень і брат, якім кожны павінен быць кожнаму.
Яны ўжо на аўтабане. Збоку блішчаць указальнікі, і хуткасць прыціскае Разалію да мяккага скуранога сядзення.
– Старая загадка, – кажа ён, бакавым зрокам гледзячы на яе, – зраніцы на чатырох, у абед на дзвюх, увечары на трох. Як дакладна, любая спадарыня.
Ён уключае радыё, гучаць альпійскія ражкі, на іхнім тле нехта выво­дзіць ёдлі. Ён падсвіствае і пастуквае ў такт па рулі, абсалютна не ў рытм.
– Трыснёг, які думае, шаноўная, un Roseau pensant, хіба ж чалавек ёсць нечым іншым? Я давязу Вас да мэты, а што я за гэта папрашу – не хвалюйцеся – гэта зусім нічога.
Ну зрабі ж нарэшце хоць штосьці, кажа яна мне. Сапсуй сваё апавяданне. Каго яно зацікавіць, існуе столькі апавяданняў, адным больш ці адным менш. Ты мог бы мяне вылечыць, ты мог бы нават зрабіць мяне зноўку юнай. Табе гэта нічога б не каштавала!
Яна ўжо амаль прымусіла мяне ўстаць з лаўкі запасных. Аднак цяпер мяне займаюць іншыя рэчы; мяне вельмі непакоіць, што я не маю ўяўлення, хто такі гэты тып за стырном, хто яго вынайшаў, і як ён апынуўся ў маім апавяданні. У маім плане быў маленькі хлопчык і ровар, банда на матацыклах і калумбійскі цясляр на пенсіі, які вырабляе труны. А таксама сімвалічна важная роля павінна была перапасці маленькаму сабаку. Двац­цаць старонак чарнавікоў, многае з чаго сапраўды добра напісана – цяпер мне застаецца іх толькі выкінуць.
Яны ўжо збочылі з аўтабана, перад імі паўстаюць дамы цюрыхскай ускраіны: садочкі, рэклама малака, яшчэ садочкі, школьнікі з занадта вялікімі заплечнікамі. Раптам ён цісне на тормаз, выскоквае на дарогу, аббягае машыну і адчыняе Разаліі дзверы:
– Любая спадарыня!
Яна выходзіць.
– Мы прыехалі?
– Вядома ж! – ён схіляецца неверагодна нізка, ягоныя рукі бязвольна звісаюць уніз, тыльны бок рук дакранаецца да мокрага асфальту. Ён замірае так на некалькі секундаў, пасля выпростваецца. – Упэўнена. Што б Вы ні намерваліся рабіць, трэба рабіць гэта ўпэўнена. Падумайце пра гэта.
– Але Ваша машына! – крычыць Разалія.
Аднак ён ужо знік за рогам вуліцы, а “сітраэн” застаўся пакінуты, бліскучы і з адчыненымі дзверкамі. Разалія прымружвае вочы, яе вочы наводзяць рэзкасць на шыльды з назвамі вуліц, і са змяшанымі пачуццямі палёгкі, азадачанасці і раздражнення яна заўважае, што ён высадзіў яе не ў тым месцы.
Яна падымае руку і пэўны час стаіць пад дажджом, макрэе ўсё больш і адчувае сябе такой няшчаснай, што не апісаць ніякімі словамі. Нарэшце спыняецца таксі. Яна садзіцца, называе правільны адрас і заплюшчвае вочы.
Пакінь мне жыццё, спрабуе яна апошні раз. Тваё апавяданне. Забудзь яго. Проста пакінь мне жыццё.
Ты чапляешся за ілюзію, што ты сапраўды існуеш, адказваю я. Аднак ты складаешся са словаў, з цьмяных вобразаў і з некалькіх просценькіх думак, і тое яны ўсе належаць іншым. Ты думаеш, што ты пакутуеш. Аднак тут няма пакутніка, тут няма нікога!
Якія разумныя рэчы. Засунь іх сабе ў дупу.
На нейкі момант мне займае мову. Я не ведаю, хто яе навучыў так размаўляць. Гэта ёй не пасуе, гэта стылістычная памылка, гэта псуе маю прозу. Вазьмі сябе, калі ласка, у рукі!
Я не хачу. Мне балюча. Табе таксама так будзе, і табе таксама хтосьці скажа, што цябе няма.
Разалія, менавіта ў гэтым і ёсць адрозненне. Я ёсць.
Ах так?
У мяне ёсць пачуцці, і душа, можа быць, яна не бессмяротная, але ўсё ж сапраўдная. Чаму ты смяешся?
Кіроўца азіраецца, пасля паціскае плячыма, старыя людзі ўсе дзівакі. Шклоачышчальнікі рухаюцца, па лужынах пырскае дождж, людзі пад парасонамі ўзіраюцца ў неба. Апошні шлях, ціха кажа Разалія, і менавіта дзеля таго, што так яно і ёсць, гэта думка здаецца ёй патэтычнай і фальшывай. Без розніцы, якім было жыццё, думае яна, у канцы заўжды стаіць вусціш. А цяпер застаецца толькі перакрэсліваць хвіліны. Перад ёй іх яшчэ каля дваццаці, кожная напоўнена секундамі; гадзіннік працікае яшчэ тысячу разоў, пакуль яшчэ канец не такі рэальны.
– Мы прыехалі, – кажа кіроўца.
– Ужо?
Ён ківае. Яна заўважае, што яна не памяняла грошы, у яе пры сабе няма швейцарскіх франкаў.
– Пачакайце, калі ласка. Я зараз жа вярнуся.
Выходзячы, яна не можа яшчэ ўсвядоміць, што яе апошнім учынкам будзе ашукаць кагосьці, не аплаціўшы праезд. Аднак жыццё – такая нячыстая і заблытаная рэч, а цяпер ніякай адказнасці больш няма. Тут шыльда з кнопкамі званкоў, тут напісана назва аб’яднання, як быццам бы гэта значыць нешта іншае, а не смерць. Яна звоніць, адразу ж з зудзеннем адчыняюцца дзверы.
Ліфт стары, рыпяць тросы, якія трымаюць кабіну, і падчас язды ёй робіцца зразумела: дагэтуль яна не верыла, што некалі пераступіць парог гэтага дома. Ліфт спыняецца, дзверы ад’язджаюць, і з ніадкуль, як быццам хоча перашкодзіць ёй націснуць на кнопку, якая зноў спусціць яе ўніз, з’яўляецца худы мужчына з праборам пасярэдзіне.
– Добры дзень, маё прозвішча Фрайтаг.
І што цяпер?
Я ведаю, я павінен распавесці ўсё. Як Разалія ідзе праз вітальню ў той пакой, у якім паміраюць. Я мусіў бы апісаць стол, крэсла, ложак, я павінен быў бы абмаляваць, якая аблезлая мэбля, які дзіўны слой пылу ляжыць на сценнай шафцы, якім скарыстаным і адначасова неабжытым выглядае тут усё, як быццам тут жывуць цені, а не людзі. І, вядома ж, відэакамера; я мусіў бы згадаць відэакамеру, прыстасаваную для таго, каб задакумента­ваць, што смяротна хворыя самі выпіваюць атруту, што іх ніхто да гэтага не змушае. Аб’яднанне павінна застрахавацца з прававога гледзішча. Я мусіў бы апісаць, як Разалія сядае і падпірае галаву рукамі, як позірк з акна ў апошні раз паказвае ёй туманную далячынь неба, як змякчаецца яе страх перад знямогай, як яна падпісвае фармуляры (тут, калі ласка, вось тут і яшчэ раз тут, шаноўная спадарыня) і як нарэшце перад ёй ставяць шклянку з атрутай. Я мусіў бы распавесці, як яна падносіць яе да вуснаў, я мусіў бы раскрыць гэтую мяшанку з адпрэчвання і імкнення, з якім яна ўзіраецца ў празрыстую вадкасць, яе кароткую затрымку, бо яна ўрэшце рэшт усё яшчэ можа перадумаць і выбраць – няхай і толькі на некалькі дзён – жыццё з усім ягоным болем і брыдкасцю, затрымку, каб потым усё ж вырашыць іначай: яна прасунулася занадта далёка, так блізка ад парога не вяртаюцца. А таксама я мусіў бы апісаць і апошні ўздым яе ўспамінаў: гульні на беразе змрочнага возера, вільготныя вусны маці, яе бацька за нядзельнай газетай, дзяўчынка ў школе побач з ёй і хлопчык, пра якога яна не думала з таго часу, а таксама тая птушка ў клетцы ў бабулі, якая выразна вымаўляла некаторыя словы. Па сутнасці, нічога за ўсе гэтыя семдзесят два гады не захапляла яе так, як тая птушка-гаварун.
Так, гэта магло б стаць добрым апавяданнем, праўда, крыху сентыментальным, але меланхолія кампенсавалася б гумарам, а брутальнасць ураўнаважвалася б філасофіяй. Я ўсё прадумаў. І што цяпер?
Цяпер я гэта разбураю. Я адкідваю завесу, я раблюся відочным, узнікаю побач з Фрайтагам каля дзвярэй ліфта. Нейкую секунду ён глядзіць на мяне, не разумеючы, а пасля блякне і развейваецца, як пыл. Разалія, ты ізноў здаровая. І калі мы ўжо гэтым заняліся, няхай ты будзеш зноў юнай. Пачні ўсё спачатку!
Перш чым яна можа адказаць, я зноў знікаю, і яна стаіць у ліфце, які з вуркатаннем едзе ўніз, і не можа ўсвядоміць, што з люстэрка на яе гля­дзіць дваццацігадовая жанчына. Крыху крываватыя зубы, валасы занадта рэдкія і задужа худая шыя – яна ніколі не была прыгажуняй, але не магу ж я падарыць ёй яшчэ і гэта. З іншага боку – чаму б і не? Цяпер гэта не мае ніякага значэння.
Дзякуй.
Ах, кажу я ледзь жывы, – нарэшце!
Яна расчыняе дзверы дома і выскоквае на сваіх нагах, якія больш не баляць, на вуліцу. Вопратка глядзіцца на ёй смешна: маладая дзяўчына, апранутая як старая дама. Паколькі таксоўшчык яе не пазнае, дык і не спыняе, застаецца ашуканым і будзе стаяць тут яшчэ паўгадзіны, з усё большай занепакоенасцю сачыць за ўключаным таксометрам і нарэшце пачне грукаць ва ўсе дзверы дома. У аб’яднанні яму скажуць, што яны чакалі старую даму, але яна не захацела скарыстацца прызначанай сустрэчай. Лаючыся, ён паедзе сваёй дарогай і ў гэты вечар будзе праглынаць агідную ежу сваёй жонкі яшчэ больш маўкліва, чым звычайна. Ён ужо даўно думае пра тое, як забіць яе, пры дапамозе атруты, нажа альбо рук, і сёння ён прымае рашэнне зрабіць гэта сапраўды. Аднак гэта ўжо іншая гісторыя.
А Разалія? Яна ідзе ўздоўж вуліцы, вялікімі крокамі, амаль беспрытомная ад радасці, і на нейкі момант мне здаецца, што я дзейнічаў слушна, як быццам бы літасць была для мяне найвышэй за ўсё і быццам бы нічога не змянілася б ад таго, што на адно апавяданне стала менш. І адначасова, я не магу гэтага адмаўляць, да мяне прыходзіць абсурднае спадзяванне, што калі-небудзь хто-небудзь зробіць тое самае і для мяне. Бо, як і Разалія, я таксама не магу сабе ўявіць, што я нішто без увагі кагосьці іншага, і што маё толькі напалову сапраўднае існаванне скончыцца, як толькі гэты іншы адвядзе ад мяне позірк – так, як цяпер, калі я пакідаю гэтае апавяданне, гасне існаванне Разаліі. Ад секунды да секунды. Без змагання са смерцю, без боляў ці пераходу. Толькі што яшчэ яна была недарэчна апранутай дзяўчынай, агаломшанай ад здзіўлення, цяпер ужо яна толькі загагуліна ў паветры, толькі гук, што доўжыцца секунды, блякнучы ўспамін у маёй памяці і ў Вашай, калі Вы чытаеце гэты абзац.
Застаецца – калі наогул нешта застаецца – вуліца пад дажджом. Вада, якая зіхціць на дажджавіках дваіх дзяцей, сабака, што падняў лапу на тым баку вуліцы, пазяхаючы каналізацыйны рабочы і тры машыны, якія з невядомымі нумарнымі знакамі заварочваюць за рог, як быццам яны прыехалі вельмі здалёк: з іншай рэчаіснасці альбо, прынамсі, з зусім іншага апавядання.

Originally published under the title ROSALIE GEHT STERBEN
taken from RUHM. EIN ROMAN IN NEUN GESCHICHTEN
Copyright (c) 2009 Rowohlt Verlag GmbH, Reinbek bei Hamburg.