12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Кнігапіс

_____________________
...У кантэксьце сусьветнай літаратуры. Тры кароткія рэцэнзіі



Няма прароку ў сваёй Айчыне

Gimpelevich, Zina. Vasil Bykau: His Life and Works. Publisher(s): McGill Queens Univ. 260 pages.

Ступень прысутнасьці літаратуры ў сусьветным культурным асяродку, цікавасьць да яе з боку замежных дасьледчыкаў, зьяўленьне новых перакладаў на еўрапейскія мовы вызначаюцца найперш творцамі, здольнымі праз адлюстраваньне нацыянальнага быцьця выйсьці да разуменьня агульначалавечых універсалій. Апалагетам беларускай нацыі на мяжы стагоддзяў, яе болем і сумленьнем стаў Васіль Быкаў. Дзякуючы ягоным творам, ягонай актыўнай грамадскай дзейнасьці пра Беларусь і беларускую літаратуру загаварылі ў сьвеце.
За творчасьцю В. Быкава, за складанымі перыпетыямі яго дысідэнцкага жыцьця, за яго выступленьнямі ў абарону беларускасьці на працягу апошніх гадоў сачыла Зіна Гімпелевіч. Беларускаму пісьменьніку дасьледчыца прысьвяціла шэраг дакладаў на прэстыжных кангрэсах славістаў. І вось у мінулым годзе ў Канадзе выйшла першая на ангельскай мове творчая біяграфія Васіля Быкава: “Vasil Bykau: His Life and Works”. Грунтуючыся на інтэрв’ю з творцам, З. Гімпелевіч падрабязна прасочвае жыцьцёвы шлях В. Быкава, дэталёва аналізуе ягоныя творы, асабліва зьвяртаючы ўвагу на псіхалагізм раньніх і экзістэнцыяльнасьць апошніх. Адметна, што, распавядаючы пра беларускага пісьменьніка, дасьледчыца дае шырокую панараму літаратурнага і палітычнага жыцьця Беларусі з 1918 па 2003 гады.
Цікавасьць прафесара славістыкі універсітэта Ватэрлоо, што ў Канадзе, да беларускай культуры невыпадковая. Зіна Гімпелевіч нарадзілася ў Менску, дзе ў Педагагічным універсітэце вывучала расейскую філалогію. Пасьля ў Атаўскім універсітэце ў Канадзе атрымала магістарскую і доктарскую ступені па славістыцы. Яна аўтар шэрагу работ па філалогіі (кніга “Інтэлігенцыя ў раманах “Доктар Жывага” і “Майстар і Маргарыта” (1988), параўнальнае дасьледаваньне творчасьці Э. Рэнд і Я. Замяціна), у суаўтарстве выдала падручнік па базавым курсе расейскай мовы (2000). Прафесійна займацца беларускай літаратурай Зіна Гімпелевіч пачала напрыканцы васьмідзясятых...
У прадмове да кнігі пра В. Быкава “Пакаленьне, якое амаль зьнікла” Зіна Гімпелевіч так акрэсьлівае прызначэньне сваёй працы: “Мая мэта зьмясьціць у адной кнізе біяграфію Быкава і ўсебаковы аналіз жанравых навацый і літаратурных прыёмаў, якія выкарыстоў­ваў ў сваёй творчасьці пісьменьнік. Я буду дасьледаваць літаратурную спадчыну Быкава, пачынаючы з раньніх твораў да апошніх, даючы аналіз раманам, аповесьцям, апавяданьням і вызначаючы жанры, якім ён аддаваў перавагу ў розныя перыяды сваёй літаратурнай кар’еры”.
Першыя два разьдзелы кнігі “Дзя­цінства. Васілёк” і “Юнацтва. Украіна. Вайна. Пасьляваенная служба ў войску” маюць пераважна біяграфічны характар. Адметна, што З. Гімпелевіч ставіць побач дзьве найбольш значныя для мастацтва Беларусі ХХ стагоддзя постаці – Марка Шагала і Васіля Быкава. Аўтар ня толькі ўказвае на тое, што абодва паходзяць з Віцебшчыны, што вучыліся ў адной мастацкай школе, але знаходзіць шмат агульнага ў іх лёсах. Наступныя інтэрв’ю зьмяшчаюць успаміны Быкава пра баі ў Венгрыі і сустрэчу з амерыканцамі ў Аўстрыі, жаніцьбу і службу ва Уладзівастоку і на Курыльскіх астравах. У аўтарскіх адступленьнях З. Гімпелевіч каментуе падзеі Вялікай Айчыннай і фінскай войнаў.
У разьдзеле “Лейтэнанцкая проза Быкава” аўтар, абапіраючыся на дасьледаваньні І. Дзядкова, а таксама работы Л. Лазарава, Д. Бугаёва, С. Андраюка, В. Каваленкі, Е. Лявонавай, А. Макміліна, падрабязна пераказвае зьмест аповесьцяў, разглядаючы іх мастацкія асаблівасьці. Творы падаюцца ў храналагічнай пасьлядоўнасьці, што дазваляе прасачыць творчую эвалюцыю пісь­меньніка (аўтар “ідзе” за шасьцітомным зборам твораў В. Быкава).
Разьдзел чацьвёрты “Партызанскія раманы. Ахвяры ці пераможцы?” пачынаецца ўводным артыкулам “Беларусь пад акупацыяй”, дзе акрэсьліваецца роля партызанскіх атрадаў і злучэньняў у вызваленьні Беларусі. Далей па звыклай схеме (пераказ зьместу, сістэма вобразаў, праблематыка, паэтыка) адбываецца разгляд аповесьцяў “Круглянскі мост”, “Абеліск”, “Воўчая зграя”, “Пайсьці і не вярнуцца”.
Два наступныя разьдзелы “Па абодва бакі ад лініі фронту” і “Шрамы вайны. Перасьлед” зьмяшчаюць разгляд аповесьцяў “Знак бяды” , “Пастка”, “Мёртвым не баліць”, “У тумане” і “Аблава”, а таксама рамана “Кар’ер”.
Феномену вясковай прозы прысьвечаны разьдзел “Прыгнёт у ваенны і мірны час. Бедныя людзі”. Асаблівая ўвага З. Гімпелевіч зьвернута на апавядальніцкую тэхніку ў аповесьці “Сьцюжа”. Дасьледчыца выкарыстоўвае распаўсюджаны ў дачыненьні да постмадэрнісцкіх замежных літаратур тэрмін “усёведны наратар”, асобна разглядае кампазіцыйныя асаблівасьці, падкрэсьлівае ролю пейзажу. Слушным падаецца і засяроджанасьць на праблеме страху.
У падразьдзеле “Апавяданьні і іншыя творы Шостага тома” асьвятляецца праблема “маленькага” чалавека. Аўтар акцэнтуе ўвагу на сугучнасьць твораў В. Быкава з творамі М. Гогаля (“Шынель”, “Мёртвыя душы”). Спасылаючыся на інтэрв’ю з В. Быкавым, З. Гімпелевіч распавядае пра рэальныя падзеі, якія былі пакладзеныя ў падмурак апавяданьня “Бедныя людзі” – асабістую гісторыю Барыса Кляйна і яго настаўні­ка. Падрэсьліваючы падабенства назвы з аднайменным творам Ф. Дастаўскага, дасьледчыца заўважае: “Чытач апавяданьня Ф. Дастаеўскага павінен вырашыць, ці зьяўляюцца яго героі “беднымі” ў сілу свайго фінансавага ці сацыяльнага становішча, альбо страх беднасьці пазбаўляе іх чалавечага аблічча... Героі Быкава бедныя, перш за ўсё, таму, што апантаныя адной жарсьцю: страхам перад рэжымам, пад якім яны змушаны жыць, рэжымам, які пазбаўляе іх чалавечага аблічча і нараджае характэрны чалавечы тып: добраадукаванага інфарматара”. І далей З. Гімпелевіч выходзіць на паралелі са знакамітай аповесьцю В. Гросмана “Усё цячэ...”, дзе пісьменьнік разглядае розныя тыпы стукачоў…
“Няма прароку ў сваёй Айчыне: скрыжаваньні Васіля Быкава і палітыка свабоды” – так называецца заключны разьдзел кнігі, у якім размова пераважна ідзе пра публіцыстыку пісьменьніка і яго прыпавесьці. Аналізуючы зборнік “Сьцяна”, З. Гімпелевіч падрабязна спыняецца на перадгісторыі аповесьці “Пакахай мяне, салдацік”, разглядае вобраз Барэйкі як увасабленьне “тыповага беларускага нацыянальнага характару”. Праводзячы паралелі паміж зборнікам В. Быкава і творамі А. Камю, Ж.-П.Сартра, З. Гімпелевіч вылучае трынаццаць экзістэнцыяльных асьпектаў творчасьці беларускага пісьменьніка, сярод якіх называе неабходнасьць індывідуальнай свабоды як найважнейшай перадумовы існаваньня рэальнасьці і выжываньня індывідуальнасьці, адмаўленьне існаваньня Бога, сьцьвярджэньне права выбару, антаганізм паміж індывідуальным “я” і сацыяльным калектыўным “мы”, барацьбу індывідуальнасьці супраць абсурду, зварот да прытчаў, легендаў і міфаў як адметную рысу экзістэнцыяльнай паэтыкі і інш.
З. Гімпелевіч прасочвае эвалюцыю прыпавесьці як жанру, згадваючы біблейскія тэксты, творы Сакрата і Арыстоцеля і падзяляючы прыпавесьці на рэлігійныя і класічныя. Цікавай у кантэксьце прытчавага характару сучаснай сусьветнай літаратуры падаецца вылучэньне асобных тыпаў рэлігійнай прыпавесьці. Прыпавесьць падобнасьці (similitude) – найбольш сьціслы тып, зьмяшчае гісторыю, якая можа атаясамлівацца з любым чалавекам. Другі тып – актуальная, рэальная (actual) прыпавесьць – такі твор будуецца вакол адной асобна ўзятай падзеі, выдуманай, але якая можа ўспрымацца як праўдзівая. Трэці тып – узорнаю, характэрнаю (exemplary) прыпавесьць – адрозьнівае аўтарскі намер праілюстраваць якую-небудзь падзею, у той час як першыя два тыпы будуюцца на простай аналогіі. З. Гімпелевіч разглядае ўсе тры тыпы прыпавесьцяў зборніку “Пахаджаньне”, канстатуючы, што ўсе творы цыклу аб’яд­наныя тэмамі “ўлады, дыктатарства, дзяржаўнасьці, нацыянальнай мовы, незалежнасьці і каштоўнасьці індывідуальнага “я”.
Эпілог “Выгнаньне і доўгая дарога дадому” завяршае кнігу, якая мае выключнае значэньне для замежнага беларусазнаўства. Хочацца спадзявацца, што добрыя пачынаньні Зіны Гімпелевіч прыцягнуць да постаці Васіля Быкава і беларускай літаратуры ў цэлым увагу іншых дасьледчыкаў і будуць спрыяць пашырэньню беларускай культуры ў сьвеце.
Ганна Бутырчык.

Белавежскі сшытак

Ніва: час і людзі. 1956-2006. – Праграмная рада тыднёвіка “Ніва” / Рэдакцыя і ўкладаньне Яўгена Вапы. – Беласток, 2006.

У скрыпторыі Пана Бога пад назвай “Белавежа” захоўваецца адзін рукапіс памерам у сотні кіламетраў. На прыгожым раздольлі там хапае месца ўсяму: і пракаветнай дуброве, і жывільным рэкам, і “чырвонакніжным” расьлінам, і зубрам, і людзям. Апошнія “ўскормленыя суць па Бозе” беларусамі.
За апошняе стагоддзе той скрыпт “Белавежа” некалькі разоў перакладвалі-згіналі, і цяпер па берасьцейскаму Мухаўцу на месцы згібу – мяжа. Мяжа па ўсёй гісторыі беларушчыны і яе будучыні.
У культуры ж памежных лініяў не бывае. Яна “сшывае” межы. Беларуская ідэя і нацыянальная літаратура – той “карэньчык-пераплёт” разарванага белавежскага скрыпту. Па адзін бок – на большай усходняй старонцы – сто гадоў (пачынаючы ад братоў Луцкевічаў, А. Уласава, В. Ластоўскага, Я. Купалы і інш.) увасабляецца праект пад назвай “Наша ніва”; па другі, заходні, пяцьдзясят гадоў споўнілася праекту “Ніва”.
Напярэдадні юбілеяў і беларуская “Наша ніва”, і польская “Ніва” перажылі судовыя разьбіральніцтвы. У выніку “ўсходняя” выкінутая з падпіскі і вярнулася да практыкі пачатку ХХ стагоддзя: самастойнай рассылкі газеты чытачам. “Заходняя” ж па-ранейшаму атрымлівае дзяржфінансаваньне і пасьля перамогі ў судзе на сродкі міністэрства ўнутраных справаў (!) зрабіла сабе вялебны падарунак – шыкоўную кнігу-фотаальбом, у якім ня толькі “час і людзі”, але і паўстагоддзевая эпоха.
Тая эпоха не падзяляецца на перыяды і вехі (як, да прыкладу, разьвітага, больш разьвітага і т. п.). Галоўнае ў ёй – людзі, якія рабілі і робяць час. Беларускі час. Беларускамоўны час. А ягоныя бел-чырвона-белыя сімволіка і каларыстыка квітнеюць у “Ніве” яшчэ ад “нашаніўскага” засеву.
…Тры гады “савецкі блок” жыў бяз Сталіна. У Польшчы ствараецца Беларускае грамадска-культурнае таварыства і беларускамоўны друкаваны орган – “Ніва”. Ствараецца пад заклікі, якіх не чуваць было ў тагачаснай менскай метраполіі: “Да сэрца беларуса”, “Слова да беларускай інтэлігенцыі”… Гэта назвы артыкулаў Веры Леўчук. Зразумела, ня ўсё па-людску было і ў савецкай Польшчы. Водгук таго – і ў вершы згаданай Веры Леўчук “На прывітаньне першага нумара “Нівы”:

…Мы, беларусы, грамадою
Спалучым звонкі голас свой!
І запяем жа, брат, з Табою
Падзяку партыі за тое,
Што добра нам жывецца,
Што “Ніва” выдаецца!..

А пад вершам стаяла – як пароль – дата напісаньня: 25 сакавіка 1965 г.
У юбілейным альбоме – псіхалагічныя фотажыцьцяпісы супрацоўнікаў і аўтараў “Нівы”. Пералічым асноўныя ў парадку падачы: фотажыцьцяпісы Георгія і Веры Валкавыцкіх, Міхася Хмялеўскага, Аляксандра Амільяновіча, Станіслава Вагуркі, Сакрата Яновіча, Мацея Канапацкага, Ады Чачуга, Міколы Гайдука, Яніны Чэрнякевіч, Міколы Давідзюка, Віктара Рудчыка, Ула­дзіміра Паўлючука, Стэфана Рыбі, Уладзіміра Наўмюка, Міхася Шаховіча, Янкі Целушэцкага, Марыі Федарчук, Яўгеніі Палоцкай, Міраславы Лукшы, Яна Морданя, Лявона Тарасэвіча і Тамары Тарасевіч, Віталя Лубы, Яна і Аляксандра Максімюкоў, Міколы Ваўранюка, Яўгена Мірановіча, Галіны Рамашка, Ганны Кандрацюк, Алега Латышонка, Аляксандра Вярбіцкага, Аляксея Мароза, Віталя Лубы, Мацея Халадоўскага, Яўгена Вапы, дзясяткаў карэспандэнтаў і пісьменьнікаў, сярод якіх Алесь Барскі, Віктар Швед, Ян Чыквін, Надзея Артымовіч, Міхась Андрасюк, а яшчэ – сотні беларускіх дзетак Беласточчыны (колішніх і цяперашніх).
Доўгі пералік? А як па-іншаму апісаць белавежскі мацярык, дзе за дубам – дуб, а пад дубам – яго замена, а побач – хвоя ці яліна? Ці хапае ўсім сонца, крынічнай спатолі, ці не “пераходзяць” адны адным дарогу – пра тое можа сьведчыць толькі шчыры шэпт іхніх лістоў-старонак. А безсумнеўнае адно: усе яны жылі, жывуць і будуць жыць, каб у скрыпторыі Пана Бога пад назвай “Белавежа” захоўваўся адзін беларускі рукапіс…
А. П.


Літаратуразнаўцы прыцэньваюцца,
а студэнты пляскаюць у ладкі

Л. Баршчэўскі, П. Васючэнка, М. Тычына. Беларуская літаратура і свет: ад эпохі рамантызму да нашых дзён: папулярныя нарысы. – Мінск: Радыёла-плюс, 2006
Беларуская літаратура і свет: ад эпохі рамантызму да нашых дзён: выбраныя тэксты для чытання і аналізу / уклад. Л Баршчэўскі. – Мінск: Радыёла-плюс, 2006

Гэтыя кнігі самі аўтары называюць, адпаведна, першай часткай і другой часткай. Паводле афармленьня “часткі” – сёстры-блізьняткі. Як вядзецца, кожная мае адмысловыя здольнасьці, і толькі разам яны могуць выканаць бацькоўскую задуму. На сьвет яны прыхо­дзяць без пафасу і помпы, зьяўляюцца сабе на палічках і стаяць у сьвяточных строях – сьціплыя паненкі чакаюць чытачоў.
Чытач можа спакусіцца: 1) навукападобнасьцю назвы. Гэта чытач, абазнаны ў пытаньнях літаратуры, і ён, як пазнаёміцца, адразу пачне ўпікаць першую з паненак у недастатковай “навукападобнасьці” і, барані Божа, у легкаважнасьці. Але ён забываецца, што на вокладцы жоўтым па белым падкрэсьлена словазлучэньне “папулярныя нарысы”, якое вызначае жанр матэрыялаў і характар іх падачы;
2) спакусіцца менавіта надпісам на жоўтым фоне. Гэты чытач вызначаецца ня столькі начытанасьцю, як рознабаковай “нахватанасьцю”; ён любіць матэрыялы, якія прыемна казычуць мазгі і іншыя часткі арганізму. Выступаючы за папулярызацыю беларускай літаратуры, ён лічыць, што некаторая “скандалёвасьць” і “папсовасьць” тут не зашкодзіць. Такі чытач папракае кнігу злоўжываньнем той самай навукападобнасьці, якой было мала першаму чытачу.
3) прозьвішчамі “бацькоў”. Такі чытач стаіць бліжэй за сваіх папярэднікаў да больш-менш аб’ектыўнай ацэнкі кнігі. Ад М. Тычыны ён чакае пэўнага акадэмізму (адзін з аўтараў чатырохтомнай “Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя”). І давярае яму правадырства ў вандроўцы па няпростых літаратурных сувязях (аўтар 4-томных “Нарысаў па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей”, “Нарысаў беларуска-украінскіх літаратурных сувязей”). Ад Л. Баршчэўскага гэты трэці чытач чакае працягу папулярных нарысаў “Літаратура ад старажытнасьці да пачатку эпохі рамантызму”. А ад П. Васючэнкі спа­дзяецца даведацца пра разьвіцьцё беларускай і сусьветнай драматургіі – так перад экзаменам студэнты выпытваюць у кагосьці разумнага сутнасьць пытаньня ў двух словах (калі ўжо позна чытаць літаратуразнаўчыя манаграфіі і вучэбныя дапаможнікі “Драматургія і час”, “Драматургічная спадчына Янкі Купалы”, “Пошукі страчанага дзяцінства”, “Сучасная беларуская драматургія”, “Беларуская літаратура ХХ стагоддзя і сімвалізм”...).
Мяне ж спакусілі зьместам. Што назва кніг гаваркая, асэнсоўваеш толькі тады, калі заўважаеш у суседзях у Дуніна-Марцінкевіча – Бальзака і Флабэра, у Чачота – Гофмана і Гайнэ... Пачытаўшы зьмест, разумееш, што задача гэтага выданьня – падаць беларускую літаратуру як неад’емную частку сусьветнага літаратурнага працэсу (што, дарэчы, заяўлена ў анатацыі). На гэта і працуе структура кнігі (зараз гаворым пра “частку першую”) – тэксты пра творчасьць беларускіх і небеларускіх майстроў слова перамяжаюцца ў інтэграваным выкладзе найважнейшых зьяваў літаратуры ХІХ – пачатку ХХІ стагоддзяў. Гэтая кніга лучыць вопыт разрозьненых дасьледаваньняў беларускай літаратуры ў яе стасунках з іншымі літаратурамі, абумоўленасьці сусьветным літаратурным кантэкстам. Так, у нас ёсьць дасьледаваньні-супастаўленьні з
расійскай літаратурай: Березкин Г. Звенья: Творческая индивидуальность и взаимодействие литератур\Пер. с бел. М.: Сов. Писатель, 1984; Букчин С. Народ, издревле нам родной: Русские писатели и Белоруссия: Очерки. Мн., 1984; Коваленко В. Общность судеб и сердец: Белорусская проза о Великой Отечественной войне в контексте русской и других литератур. Мн., 1977; Сачанка Б. Жывое жыццё: Артыкулы, эсэ, успаміны, нататкі. Мн., 1985 і інш;
польскай: Станкевіч Ст. Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі// Спадчына. 1998. №№5,6; 1999. №1-3; Мархель У. Прадвесце: Беларуска-польскае літаратурнае ўзаемадзеянне ў першай палавіне ХІХ ст. Мн., 1991; Мархель У. Творчасць Уладзіслава Сыракомлі. Мн., 2005;
літоўскай: Кавалёў С. Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца ХІV ст. Мн., 1993;
— увогуле з славянскай літаратурай: Тварановіч Г. Беларуская літаратура: Паўднёваславянскі кантэкст: Адзінства генезісу тыпаў літаратур і характар узаемасувязей. Мн., 1996; Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
заходнееўрапейскай: Лявонава Е. Беларуская літаратура ХХ ст. і еўрапейскі літаратурны вопыт: Дапаможнік. Мн., 2002;
— і інш., можна доўга пералічаць, але сутнасьць вось у чым:
У адным выданьні прасачыць сувязі беларускай літаратуры з літаратурай усяго сьвету і ёсьць задумай нашых кніжак-паненак.
Як яны спраўляюцца, калі ўпісаньне ў сусьветны кантэкст творчасьці толькі аднаго пісьменьніка займае больш за 200 старонак, як, напрыклад, праца В. Локун “В. Быкаў у кантэксьце сусьветнай літаратуры”?
А лёгка. Даючы сьціслы агляд, які ўключае асноўныя рысы літаратурнага кірунку, плыні ці творчага метаду і кароткі, амаль тэзісны, аналіз творчасьці, што належыць таму метаду. А гэта, спадарства, гатовы кансьпект. Што цудоўна для студэнтаў – найважнейшай частцы мэтавай аўдыторыі выданьня, якую трэба зацікавіць і пераканаць, што беларуская літаратура вартая вывучэньня, нічым ня горшая, а тут вось, зірніце, і лепшая за астатнія. Між іншым, адметнасьць кнігі – адсутнасьць ментарскага тону, чытачу даюць волю самому прыйсьці да высновы аб месцы беларускай літаратуры.
Для тых, у каго часу зусім мала, а цікаўнасьці колькі хочаш, напрыканцы кнігі зьмешчаная сінхраністычная табліца – па датах супастаўляюцца значныя гістарычныя падзеі і зьяўленьне літаратурных твораў, сусьветных і беларускіх.
І, нарэшце, “другая частка”, “Выбраныя тэксты для чытаньня і аналізу”, як доўгачаканая Рахіль, прыносіць тое, пра што марылі і чаго здаўна бракавала беларусам – пераклады перлінаў сусьветнай літаратуры. Ня тое, каб перакладаў не існавала ўвогуле. Замежная літаратура па-беларуску перакладалася цэлымі кнігамі, уваходзіла ў зборнікі, анталогіі, хрэстаматыі, зьяўлялася ў выглядзе паасобных публікацыяў у перыёдыках. Тут яна сабраная разам і супастаўленая з тэарэтычнай часткай і з тэкстамі беларускіх літаратараў адпаведных перыядаў. Так што вы можаце прачытаць творы Фрыдрыха і Аўгуста Шлегеляў, Гёльдэрліна, Наваліса, Гофмана, Шаміса, Байрана, Шэлі, Кітса, Яна Баршчэўскага, Гайнэ, Чачота, Зана, Міцкевіча, Пушкіна... (з вашага дазволу, ня буду пералічваць усіх аўтараў з 8 старонак зьместу) ... Бадлера, Рэмбо, Гюго, Тараса Шаўчэнкі, Адама Міцкевіча, Янкі Купалы, Ганны Ахматавай, Кафкі, Борхеса, Натальлі Арсеньневай, Салжаніцына, Караткевіча і іншых вядомых творцаў перыяду ад эпохі рамантызму да нашых дзён – у адным выданьні. А яшчэ тут сабраныя маніфесты літаратурных кірункаў – першы маніфест футурызму, маніфест дада 1918 году, мані­фест сюррэалізму і іншыя цікавыя дакументы, якія раней давялося б пашукаць.
Шкада толькі, што, гаворачы пра ўвесь сьвет, нашыя паненкі ў асноўным акцэнтуюць увагу на літаратуры еўрапейскай і амерыканскай. І абыходзяць маўчаньнем дасягненьні, скажам, афрыканскай літаратуры альбо літаратуры арабскага Усходу, японскай ці кітайскай. Гэта тады не “Беларуская літаратура і сьвет”, а “Беларуская літаратура і літаратура заходняй цывілізацыі”.
Кнігі чытаюцца, кансьпект пішацца, літаратурнае разьвіцьцё ідзе. Так што чакаем нараджэньня трэцяй часткі-сястрычкі.
Маргарыта Аляшкевіч.