12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





"Кніга не падманвае..."

_____________________

Рэцэнзіі Марыны Весялухі, Алены Карп і Вітаўта Мартыненкі на кнігі
Таццяны Нілавай, Андруся Белавокага
і Севярына Квяткоўскага


“Закаханая ў дахі”
Таццяна Нілава. Готыка тонкіх падманаў.
Мн.: Галіяфы, 2008. (Другі фронт мастацтваў).

Готыка ў сутнасьці сваёйстыль экстазны,
канвульсіўны, істэрычны, жаночы...
Адам Глобус «Сшыткі»
Здараецца, кнігі выбіраюцца па назвах. Гэтыя некалькі сьціплых, або гуч­ных, бессаромных слоў шэпчуць або крычаць табе штосьці, што здаецца блізкім, родным, цікавым і, безумоўна, вартым тваёй увагі. Менавіта назвай і прывабіла мяне, шчырую аматарку готыкі ў літаратуры, кніга Тацяны Нілавай, менавіта назва абяцала мне шмат, шаптала аб задавальненьні ад прачытаньня вытанчана-жахлівых і ўзьнёсла-гатычных вершаў.
Чытала яе ў дарозе (вельмі добра паэзія чытаецца пад музыку колаў цягніка), смакавала кожнае словаНекалькі разоў перачытвала ўсю кнігу з першага да апошняга радка. І зразумела: мяне жорстка падманулі. Расчараваная, я паклала кнігу ў сумку. Праз некалькі тыдняў вярнулася да яе зноў: няўжо і праўда, усё падман, можа, я штосьці не разумею?
Перачытала. Зразумела.
Паэтка (дакладней, яе лірычная гераіня) і сама да канца ня верыць, сумняваецца, як і я:
На паўдыханьняверу.
На паўдыханьняне (с. 14).

Яна знаходзіцца, як сьпяваецца ў сучаснай песьні, “на мяжы між праўды ды ілжы”, або заблыталася і ня можа ўспомніць, дзе яна схлусіла, а дзесказала праўду. Ня можа дакладна вызначыць нават колер вачэй свайго каханага (ці каханай):

У Вас зялёныя вочы
А, можа, сінія? (с. 45)

Не зусім зразумела і тое, куды яна хоча яго адправіць пасьля сьмерці:

Эмігруй
ці то ў вырай,
ці ў пекла (с.53).

Нават сам зварот да каханага на Вы выглядае крыху старамодна (Я Вас любилі г.д.), зразумела, што рамантызм у паэзіі, тым больш у жаночай, ніхто не адмяняў і адмяняць не зьбіраецца, але ў спалучэньні з сучаснай мадыфікацыяйсьпірытызму”:
Я выклікаю мабільных духаў… (с. 65) — (гэта ўсё ж готыка!) ён падаецца занадта тэатральным, фармальным, у цэлым, няшчырым. Радуе вера лірычнай гераіні ў вечныя каштоўнасьці:

Ратуюць сьвет Любоў і Дабрыня,
І Міласэрнасьць, сьцятая ў чаканьне (с.18).

І ў моц мастацтва: Мастацтва нараджае пачуцьцё (с.18).
На гэтым супярэчнасьці заканчваюцца і пачынаецца готыка (нарэшце, дачакалася). Першая прыкмета тагоуспамін пра Фаўста:
Гётэўскі Фаўстпершы devil (с.21). І першы блінкомам. Фаўст, па сутнасьці, ня Devil, то бок ня Дябал, а яго ахвяра, і ня першы ён, бо гісторыі пра Дябла пачалі існаваць задоўга ад Гётэ, і ня самая папулярная гэта кніга з напісаных пра Сатану. Але працягваецца ўсё па правілах жанру: у многіх вершах прысутнічае матыў цемры:
Цемра мерае мне нутро…(с. 34), выяўляюцца садысцкія схільнасьці лірычнай гераіні (петлі на шыях, дзіркі на пекным целе, гвалт), і яны, па правілах псіхалогіі, спалучаюцца з мазахізмам (асадкай высаджу сэрца, крыж ружовай самотынават пакута можа быць гламурнай). Але ўсё ж сьвятло перамагае ў барацьбе (як заўсёды):

І нам ніколі
не прыдумаць лепш
за сонечную раніцу ў пакоі (с.81).
Прысутнічае тут і архітэктурная готыка:
Анёл разьбіўся.
Учора. Аб касьцёльныя шпілі (с. 79),

нават сама лірычная гераінязакаханая ў дахі” (с.15) — няма сумневу, што гэта гатычныя дахі.
Важнае месца адводзіцца пытаньню вопраткі, ды разглядаецца яна з філасофскага пункту гледжаньня, бо сапраўды, калі задумацца:

Вопратка цела
голай душы
не дапаможа… (с.27)

і яшчэ:

Вопратка, як замкнёнае кола:
холад-цяпло-холад (с.76).
Але большая частка кнігі прысьвечаная готыцы зусім іншага кшталтуадносінам мужчыны і жанчыны. Вось тут жаночая сутнасьць паказваецца ў поўнай меры. Варта пачытаць толькіДзёньнік”, і ўсё зразумела.
Увогуле, складана нейкім чынам абагуліць тэматычна, або жанрава вершы гэтага зборніка. Здаецца, што і ідэю разумееш, і спалучаецца яна з асноўнымі думкамі іншых вершаў, але пачынаеш яе вымалёўваць, фармулявацьвысьлізгвае, як вужака, між пальцаў, рассыпаецца на асобныя кавалкі-вобразы. Напэўна, вобразы, якія не паддаюцца класіфікацыі, нечаканыя і таму не запамінальныя, і зьяўляюцца асновай кнігі. А вобраз, па сутнасьці сваёй, – ілюзія ў сьвядомасьці аўтара, падман, які паступова перарастае ў больш маштабны падман чытача, тым больш, што вершы ў кнізе ў большасьці сваёй кароткія (што, безумоўна, добра), напісаныя ламанымі кароценькімі радочкамі, з якіх складана скласьці агульнае палатно. Гэта, хутчэй, плынь сьвядомасьці ў вершы.
Вось я і зразумела: кніга не падманвае бессаромна, а наадварот, папярэджвае: асьцярожна! ПАДМАН! Таму і трэба перачытваць яе некалькі разоў, каб даць памяці магчымасьць зачапіцца за адзін з вялікай колькасьці вобразаў, знайсьці важную для сябе думку з вялікай колькасьці паэтычных ідэяў жанчыны, “закаханай у дахі”.

Марына Весялуха.

Праект +
Андрусь Белавокі. Лесьвіца ў нябёсы з адной прыступкі. Мн.:Выдавец І. Логвінаў, 2007. (Другі фронт мастацтваў).

Лесьвіца ў нябёсы з адной прыступкі” – кніга-праект. Цяпер можна казаць, што Андрусь Белавокі спраектаваў, прадвызначыў сваю сьмерць, а пры жыцьці ён праектаваў кнігу: “Я жыву толькі для тых, хто вакол мяне: бацькі, сябры. А яшчэ для таго, каб напісаць КНІГУ. У ёй павінна быць пра ўсё: пра сьвет і пра Сусьвет, пра Беларусь, пра каханьне. ПРА ЎСЁ”.
Такая кніга зьявілася пасьля яго сьмерці. Гэта падарунак Андрусю Белавокаму, загорнуты ў прадмову Пятра Васючэнкі ды пасьляслоўе Алісы Бізяевай і Тацяны Заміроўскай. Падарунак кшталту дзіцячых выданьняўЗрабі сам” (таксама, дарэчы, кніга-праект).
Ён спыніўся і, стаўшы на дыбачкі, напісаў палачкай на небе...” Здаецца, Андрусь Белавокі пісаў гэта пра сябе. А шэсьць разьдзелаў кнігішэсьць прыступак (зрэшты, іх можа быць і болей, і меней, каму як падабаецца). Не да небада Андруся Белавокага. Каб прыслухацца да яго. Ці прыгледзецца блізарукімі вачыма, што новага напісаў ён на небе. Або нават паспрабаваць накрэмзаць чаго-небудзь. Абы не зваліцца. Хоць, калі дацягнуцца да неба, падаць ужо, мабыць, нястрашна.
Андрусь Белавокі, прынамсі, не баяўся. Меўшы талент і густ, ён не саромеўся выглядаць прафанным. Ён мог пісаць пра каханьне кранальна (дзяўчаткам падабаецца): ”Яна падумала. Потым яшчэ раз падумала... І вырашыла назваць дзіцё Каханьнем. Яна ня ведала, ці правільна робіць, ці ёсьць у гэтым сэнс. Але ўсё ж назвала (прыгожа ж гучыць)...” А мог вось так:

Жил-был однажды парень.
Жила его девчонка

Завершаны тэкст з немудрагелістай назвайЛубофф”, які, аднак жа, можна разгарнуць у цэлую паэму.
Тое ж самае і датычна Беларусі: глыбокі, журботны вершБывай, краіна...” і непрыхаваны сьцёбПа-беларуску можна ўсё: таньчыць, мацюкацца, гвалтаваць, забіваць...”
Андрусь Белавокі да аднаго твору зьмяшчаў некалькі эпіграфаў: радкі з Байрана і ангельскай лічылкі (на мове арыгіналу), гэтым самым ураўняўшы ў правах усе тэксты. Такія адносіны аўтара аўтаматычна здымаюць усе прэтэнзіі да таго, што ягоныя ўласныя тэксты маюць розную мастацкую вартасьць.
Пятро Васючэнка ў прадмове кажа, што Андрусь Белавокіўмеў самаабвергнуць аснову асноў літаратуры тэксті ілюструе сваё сьцьверджаньне бурлескам:
А я ўжо думаў, што ня прыйдзеш,
А ты і праўда не прыйшла.

Яно і ня дзіўна: Андрусь Белавокі ўмеў абвергнуць нават сьмерць: ”Сьлёз не было. Тым больш мора. More. Memento more… Памятай мора”.
Ёнрэдкі чалавек, які мог дазволіць сабе ставіцца да сябе ж несурёзна (Я не пішу нічога, у прыватнасьці пра сябе, каб не грузіць сваю асобу сваімі ж банальнасьцямі”) і пісаць тэксты якпародыю на самога сябе і на жыцьцё ўвогуле” (“Ода верности”).
Андрусь Белавокі больш шануе невытлумачальныя пачуцьці й эмоцыі, чымшэрыя кавалкі сьвядомай памяці і падсьвядомай геніяльнасьці, карэктаванай псіхозам уласнае тупасьці”. Яго больш цікавяць уласна праекты, чым іх рэалізацыя. Таму многія ягоныя ідэі лётаюць матылькамі, не прышпіленыя да паперы. “Лесьвіца ў нябёсы з адной прыступкі” – гэта кніга-праект і кніга праектаў. У пасьляслоўі зьмешчаныя назвы шэдэўраў, якія яшчэ не нарадзіліся: “Дванаццаць гадзінаў сьмерці”, “Бог з леапардам”, “Што яна мне скажа?”, “Рэгенерацыя ў быту”, “Лісьце Алісы”, “Стоп ноч. Прабачце”, “Сто сьмерцяў Сталіна”, “Замкнутае кола разьвіцьця чалавека”, “У пошуках лепшай”, “Ты хто?”, “Казка пра Пцю і Кашака”, “Беларусь і яе людзі эпохі Лукашэнкі”, “Максім Ціхановічстравус”.
Лесьвіца ў нябёсы з адной прыступкі” – праект, які імкнецца да бясконцасьці, таму цалкам магчыма, што гэта не апошняя кніга Андруся Белавокага. Раптам нехта дапіша яго шэдэўры і зробіць кнігу з двума прозьвішчамі на вокладцыАндрусь Белавокі, ...

Алена Карп.

Маскульт беларускі
Севярын Квяткоўскі. «Фрашкі да пляшкі». Мн., 2007.

Прызвычаены да музычных рэцэнзіяў, я ўсё ж вырашыў выказацца пра гэтую кнігу. І ня толькі таму, што захацелася прыгадаць сваё літаратуразнаўчае юнацтва, калі рэцэнзаваў кні­гі Кастуся Акулы, Алеся Наварыча, Сержука Сокалава-Воюша, Васіля Петручука, Міколы Ермаловіча ды іншых выдатных сучасьнікаў у найаўтарытэтнейшым пісьменьніцкім часопісе свайго часу «Полымя», але й таму, што ў «Фрашках да пляшкі» Севярына Квяткоўскага немалое мейсца займае маскульт беларускі: ёсьць там шмат старонак, прысьвечаных славутым гуртам «Новае неба», «Ulis», «N.R.M.», «Neuro Dubel», «Ліцьвіны», бардам Алесю Камоцкаму, Зьмітру Бартосіку, Касі Камоцкай, Зьмітру Вайцюшкевічу, вялікаму шоў-мэну постперабудоўчай эпохі, паэту Анатолю Сысу ды ягонаму калегу Славаміру АдамовічуУсіх і не пералічыш.
Дык што ж такоекніга Севярына Квяткоўскага: музыказнаўчы трактат, бард-рок-энцыклапедыя ці зборнік журналісцкіх рэмінісцэнцыяў? Ні тое, ні другое, ні трэцяе. Хоць мне самому імя С. Квяткоўскага вядомае найперш па цікавых артыкулах у часопісе «Arche» пра тую ж Касю Камоцкую, па эмацыйных інтэрвю на радыё «Свабода», прысьвечаных праблемам роднай мовы. Але ў літаратурнай творчасьці ён пайшоў па сьлядах хутчэй М. Федароўскага, які праславіўся зьбіраньнем народнай творчасьціказак, баек, легендаў «люду беларускага».
Але ў творах Квяткоўскага няма традыцыйных фальклорных пераказаў кшталту «жылі-былі», «у трыдзясятым царстве», «даўно гэта было»... Тут фальклор сучасны. Ці няма такога? Але ж мы, як і нашыя старажытныя продкі, так і жывем рознымі казкамі ды показкамі, якія выжываюць праз абагульненую шматзначнасьць сваю. І показкі, карыстаючыся барбарызмамі, называюць яшчэ анекдотамі. Але ў іх тым больш фальклорная сутнасьць, бо нават калі й знойдзецца аўтар пэўнага сюжэту, дык часам не пазнае й сам сваёй першакрыніцы, зьмененай у працэсе шматтысячных пераказаў. А каштоўнасьць показак Квяткоўскага яшчэ ў тым, што яны, як кажуць, пра набалелае: пра лёс рок-зорак беларускіх, пра стан роднай мовы, хоць Севярын і аздобіў усё гэта пад выглядам пянага трызьненьня за пляшкай. Але ж зьмест цьвярозы. Пераважна.
Ну хіба ня сьмешна, калі беларуска заходзіць у беларускую краму й пытаецца пра насоўку на роднай мове, а прадавачка разумее яе па-свойму: «Что? Насовки? Нет, презервативов нет».
А вось яшчэ адна інтэлектуальная беларуская сямя. Ня ў краму прыйшлі, не абы-куды, а ў тэатр, дзевось незадача, ідзе беларуская песа. Там усе шукаюць нейкі згублены парасон, а дзіцё слухала-слухала дый пытаецца ў дасьведчанай мамкі: «А што такое парасонТая ж дарослая, разумнейшая за дзіцё павінна быць. Але адказвае: «Парасон? Это ж по-белорусски поросёнок».
У традыцыйнай анатацыі, зьмешчанай напачатку кнігі, ёсьць такая парада: «Фрашкі можна чытаць як ураздроб, гэтак адным цэлым тэкстам, які можна назваць эсэ, а можна й прыгодніцкім раманам». Па шчырасьці, я чытаў менавіта як раман, адчуваючы й жалезную логіку разьвіцьця падзеяў, івідочныя перакосы сюжэту.
Сюжэту? А які ж сюжэт у зборніку казак? Ды такі самы, як і ў «Шляхціцы Завальні» незабыўнага класіка Яна Баршчэўскага. Едучы ў аўтобусе з новай кнігай ды гартаючы яе, я акурат і ўбачыў у Квяткоўскім сучасны аналог «Завальні…», толькі гумар у ім ня гэткі змрочны, як у Баршчэўскага. Але ўжо тады натыркнуўся на прысутнасьць маргіналаў у кантэксьце пераказу і адсутнасьць пэўных знакавых фігураў. Здавалася нават часам, што кніжка гэтаязвычайны «нашаніўскі» капусьнік, зразумелы толькі далучаным. Але
Бездакорна выкладзенымі падаліся пачатак і фінал гэтых «не зусім фантастычных апавяданьняў пра Беларусь часоў перабудоўчага рэнэсансу». Там нават жанравае адзінства назіраецца: застольныя показкі на беларускія тэмы. Але сярэдзіна, дзе Севярын Квяткоўскі пераключаецца на занадта раньнюю мемуарыстыку часоў сваёй працы ў той жа «Нашай Ніве», у рэдакцыі радыё «101,2», якое само праіснавала толькі з год, твор ператвараецца акурат у нейкі трактат са зьбітымі крытэрамі каштоўнасьцяў: важным тут становіцца ня лёс роднай мовы й пошук найбольш чыстых жыцьцядайных крыніцаў, адзе, хто, колькі і з кім выпіў. А ў выніку чытач знаходзіць нават такія сентэнцыі: «Гістфак на пачатку 1990-х быў апірышчам дэмакратыі. Гулялі картамі й касьцямі, седзячы за старымі партамі перад актавай залай. Палілі, пілі піва, лаяліся матам (нэрвовая напруга). Некаторыя ад восьмай раніцы да позьняга вечару, калі закрываўся будынак».
Мо аўтар скажа: «Ну так было, дык што я мог зрабіць». Але вазьміце любы класічны раман: там людзі робяць усёкахаюцца, цалуюцца, кніжкі чы­таюць, пюць, ядуць, але вось на тым, якікру мечуцьу прыбіральні, ніхто не спыняўся, хоць гэта таксама бывае з кожным сотні разоў напрацягу падзеяў твору. Дый гасьцей часьцей зьбіраюць за агульным сталом, а не за агульным унітазам. Проста так прынята, хоць гэта не табуяваная тэма. Дык ці варта падаваць гэта як узор дэмакратыі?
І тады чытачу застаецца толькі зрабіць выснову: «Беларускі пэрыяд дэмакратыі быў такім кароткім, бо мы ня толькі сталіся негатовымі да яго, але й не разумелі, што гэта такоедэмакратыя». Балазе, за сваю творчую біяграфію на гістфаку БДУ, у рэдакцыі «Нашай нівы» й на радыё «101,2» Севярын Квяткоўскі піў з вельмі шаноўнымі людзьміпаэтамі Анатолем Сысам і Славамірам Адамовічам, музыкамі Касяй Камоцкай і Лявонам Вольскім, але «фільтраваць базар» ён тут чамусьці не захацеў. Або не навучыўся.
Мо камусьці й прыемна выпіваць з Дзімам Падбярэзскім, але навошта множыць брудныя плёткі ад яго пра ўяўна не стрыманую грубасьць Алеся С. (прыйшлі, маўляў, да яго ў буцік «Hugo Boss» БТшнікі касьцюмы па бартэру выменяць на рэкламу, а ён ім нібыта «Няхай ідуць на...»). Між тым вельмі многім героям апісаных падзеяў добра вядомая й першакрыніца такога анекдоту. На рубяжы 80-90-х, калі менавіта Алесь С. і быў сярод першапраходцаў вяртаньня роднай мовы ў паўсядзённы ўжытак, пра яго сапраўды стваралі нямала показак. І нават вось гэты «на...» быў больш тонкі й красамоўны:
Ідзе Алесь С. па вуліцы, а тут яго й пытае нейкі мужык: «Слышь, браток, а как у вас, мля, к вокзалу добрацца». Алесь і адказвае: «Калі ласка, тут нават пешшу лепей. На бліжэйшым скрыжаваньні завернеш за рог вуліцы направа, там крокаў сто наўпрост і хутка ўбачыш наперадзе будынак вакзалу». Мужык вылупіў на Алеся вочы ды кажа: «Ну ты, мля, чувак, даёшь. А по-русскі-то могёшьАлесь адказвае: «Магу й па-руску: ідзі ты на...»
Тут усё проста: Алесь С. ніколі ня быў хамам, а проста адэкватна адгукаўся на просьбы навакольных. І адгукаўся ў беларускім кантэксьце. Таму іншы анекдот пра «на...» ведае й музычны аналітык Анатоль Мяльгуй, і мастак ды бізнэсовец Юрась Мурашка, і паэта Алег Бембель, і музыка Ігар Варашкевіч, і многія іншыя жывыя ўдзельнікі нацыянальнага адраджэньня канца ХХ стагоддзя. Толькі іх увогуле няма ў кнізе. Севярын не заўважыў сланоў? Бывае. Але ён рэальна зрабіў творчы подзьвіг, увасобіўшы тое, што рэальна будзе жыць у вяках, хоць зьбітыя вехі, мажліва, так і застануцца незразуметымі нашымі нашчадкамі.
Вітаўт Мартыненка.

Разгляданыя кнігі можна замовіць праз сайт: http://www.knihi.net.