12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Мікола Купава

_____________________
Дотык да вечнасьці?

Дотык да вечнасьці?
альбо Яшчэ колькі словаў пра выставу “Зямля пад белымі крыламі”, прысьвечаную юбілею Уладзіміра Караткевіча



Мінулы 2005 год – быў годам Уладзіміра Караткевіча: Беларусь адзначала 75-я ўгодкі з дня нара­джэньня Вялікага пісьменьніка. Улічваючы абставіны, у якіх праходзіў юбілей, можна сказаць, што сьвят­каваньні былі годнымі вялікага песьняра Беларусі. Вядома, самыя маштабныя сьвяточныя мерапрыемствы прахо­дзілі ў Воршы, у родным горадзе класіка беларускай літаратуры: прэзентацыя кнігі ўспамінаў пра У. Карат­кевіча, складзенай Г. Шаблінскай, Міжнародная навуковая канферэнцыя, гарадская вечарына і канцэрт, сьвята вуліцы Караткевіча, сьпектаклі школьных тэатраў і шмат-шмат іншага.
У тыя дні ў Воршы адчыніліся ажно тры мастацкія выставы ў розных залах гораду. Адна з іх — “Зямля пад белымі крыламі” Беларускага саюзу мастакоў, распачала працу якраз 26 ліс­тапада ў галерэі Му­зею Уладзіміра Караткевіча. Па за­думе арганізатараў меркавалася, што пасьля дэманстрацыі ў Воршы, яна дапоўніцца іншымі творамі і працягнецца ў менскім Палацы мастацтва.
Так і адбылося. 1 лютага 2006 го­ду выстава “Зямля пад белымі крыламі” ўрачыста адчынілася ў Нацыянальнай мастацкай галерэі. Выстава атрымалася ўзьнёслая і ве­лічная, вартая памяці вялікага пісь­меньніка, і, як і творчасьць самога Караткевіча, прасякнутая духам і ідэямі любові да роднага краю, яго мінулага.
На адкрыцьцё выставы ў Палац мастацтва прыйшло больш за паўтары сотні аматараў мастацтва і пры­­хільнікаў творчасьці пісьменьніка. Сярод якіх быў і былы пасол ЗША Джордж Крол, які сказаў цёплыя шчырыя словы пра выставу і самога У. Караткевіча. У экспазіцыі выставы былі прадстаўленыя жывапіс, акварэль, скульптура, малюнак, літаграфія, афорт, лі­нарыт, дрэварыт, плакат...
Народны мастак Беларусі Арлен Кашкурэвіч паказваў пяць ілю­страцыяў да аповесьці “Дзікае па­ля­ваньне караля Стаха” і дзьве ілю­страцыі да “Ладдзі роспачы”. Творы надзвычай адэкватныя аўтарскай ідэі, з адметнай кампазіцыяй і багатай вобразнай сістэмай. Ілюстрацыі майстра артыстычна, бліскуча выкананыя ў матэрыяле сангіна і сепія. Кожная з іх вартая таго, каб пра яе напісаць асобна. Гэтыя творы неабходна вывучаць у мастацкіх навучальных установах, яны павінны быць зьмешчаныя ў падручніках гісторыі выяўленчага мастацтва. Наогул, уся твор­часьць А. Кашкурэвіча на тэму твораў Караткевіча вартая таго, каб пра яе пісаць кандыдыцкія і доктарскія дысертацыі.
Глыбокі па зьмесьце і мастацкай форме графічны аркуш Яўгена Куліка “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. У адносінах да гэтага твору дапушчальны выраз “манументальная графіка”. Кампазіцыя яго мае сваю гісторыю – створаны аркуш яшчэ ў пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя, і таму гэта ўжо таксама графічная класіка. Але, як і некаторыя іншыя творы Яўгена Куліка гэтая праца так і не дачакалася хоць бы якой грунтоўнай, адэкватнай рэакцыі гісторыкаў мастацтва, аналітычнага, мастацтвазнаўчага разбору. Мастак ня меў годнай яго творчасьці ўвагі мастацтвазнаўцаў пры жыцьці, і зараз, з закрыцьцём выставы, страчаны яшчэ адзін шанец сур’ёзна пагаварыць пра ягоны ўклад у бе­ларускае мастацтва.
Выстава мела загалоўны твор-партрэт Уладзіміра Караткевіча, намаляваны мастаком Міхасём Будавеям. Гэта ўжо таксама кла­січная праца – адзін з лепшых твораў у беларускім партрэтным жанры. Малюнак зроблены ў арыгінальнай мастацкай тэхніцы.
Тры літаграфічныя кампазіцыі Віктара Мікіты паводле кнігі паэзіі “Мая Іліяда” павінны разглядацца як бліскучы прыклад няпроста адэкватнага глыбокага, бадай глыбіннага прачытаньня Караткевіча і ўменьне знайсьці свой яркі мастацкі вобраз. Тут выдатная складаная кампазіцыя, артыстычнае выкананьне, строгая, аскетычная каляровая гама.
Сьвятлана Рыжыкава дэманстравала тры віртуозныя літаграфіі, сярод якіх вылучаўся аркуш паводле аповесьці “Зброя”. Станіслаў Кузьмар паказаў філігранныя афорты да раману “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” падораныя, дарэчы, Музею Уладзіміра Караткевіча. Алесь Мара таксама падараваў музею свае ілюстрацыі да аповесьці “Зброя”, таму на выставе ў Менску была паказаная толькі адна праца паводле згаданай аповесьці.
Скульптуру прадстаўляў двума бронзавымі фігурай і бюстам Аляксандр Каст­рукоў.
Асаблівае месца на выставе мелі творы на тэму гісторыі Беларусі, асобна Воршы і Гальшанаў. Тэма гэтая займала значнае месца ў творчасьці самога Караткевіча і таму само па сабе зразумела і апраўдана, што яна голасна прагучала на выставе. Гэта велічныя жывапісныя палотны Алены і Анатоля Бараноўскіх, у якіх паўстае вобраз Беларусі. Добрую галерэю жывапіснага разьдзелу выставы стваралі творы А. Мары, Г. Вашчанкі, А. Цыркунова, В. Маркаўца, У.Сулкоўскага, Я. Батальёнка, ў якую ўдала ўпісаліся тонкія мініяцюры па ляўкасе Натальлі Белавокай.
Эпічныя акварэлі Міколы Аўчыньнікава, Рыгора Мяжуева, Л.Ка­­пузы, пранікнёна-лірычныя Івана Пратасені. На выставе былі ўдала прадстаўленыя маладыя мастакі: Сяргей Пыжыкаў, Ганна Раманоўская, Кацярына Сумарава, Дар’я Сумарава-Копач, Уладзімір Кандрусевіч, для якіх пачатак творчага штяху ахрышчаны сьветлым геніем Уладзіміра Караткевіча. Дарэчы, У. Кандрусевіч у адным аркушы паказаў 15 відаў Браслаўскай замкавай гары. Твор бясспрэчна арыгінальны. І выкананы ў рэдкай цяпер тэхніцы дрэварыту.
Тут варта заўважыць немалаважную акалічнасьць, што многія мастакі ня толькі ведалі пісь­меньніка асабіста, але і блізка з ім сябравалі, абмяркоўвалі творы як літаратуры, так і выяўленчага мастацтва. Уладзімір Караткевіч, нам вядома, прыхільна прымаў ілюстрацыі мастакоў А. Кашкурэвіча, Г. Грака, П. Драчова. Мы ўсе вырасьлі на кнігах У. Караткевіча ў аздабленьні гэтых мастакоў. Сёньня гэтыя творы ўспрымаюцца не інакш, як мастацкая класіка.
На выставе было прадстаўлена 35 мастакоў з творамі ў 83 рамах. Экспазіцыя была зьмешчаная ў зале дастатковай плошчы – 254 кв. м. Хоць гэтая зала і самая меншая ў Палацы, але паводле і еўрапейскіх і сусьветных стандартаў – яна цалкам нармалёвая для падобнай экспазіцыі.
А цяпер пра тое, што вымусіла мяне ўзяцца за асадку і яшчэ раз нагадаць пра гэтую адметную выставу. У шостым нумары “Нашай Нівы” ад 10 лютага 2006 году зьявіўся допіс С. Харэўскага “Падарожжа ў мінуўшчыну”, у якім у неадэкватнай форме падаецца караценькі, але зьедлівы тэкст пра выставу і яе ўдзельнікаў. У тэксьце, з якога вынікае абсалютнае нежаданьне аўтара матэрыялу ўспрымаць выставу — вялікую калектыўную працу згуртаваньня беларускіх мастакоў, процьма недакладнасьцяў, памылак, і прадузятасьці. “ Бедныя-бедныя выставы памяці Караткевіча ў Палацы мастацтва і Музеі беларускай літаратуры... “ — піша Сяргей Харэўскі. — “Ідучы ў менскі Палац мастацтва, на выставу, прысьвечаную 75-годдзю пісь­мень­ніка, чакаў калі не феерыі, то прынамсі, адэкватнасьці”... Але чаканьні спадара Ха­рэўскага аказаліся марнымі. Наш бедны аўтар трапіў у “маленькую” залу... “пад лесьвіцай”... Вось як! Мала таго што зала была маленькая, дык яшчэ і пад лесьвіцай, а выстава бедная-бедная. Ну вядома ж, пад лесьвіцай, якая магла быць выстава?..
Толькі чамусьці самога спадара Харэўскага на адкрыцьці выставы не было відаць. Дарэчы, гэта звыклая практыка аўтараў тыднёвіка – не прыходзіць на вернісажы ці ін­шыя імпрэзы, а потым нешта напісаць пра падзею. Альбо ўзяць ды скараціць старонку тэксту пра маладзёвую і дзіцячую выставу, пры­сь­вечаную юбілею У. Караткевіча да некалькіх радкоў і прыраўняць гэтую інфармацыю да аб’явы пра двух кацянятаў, якая друкавалася побач у тым жа нумары тыднёвіка.
І вось тут варта нагадаць пра самае адметнае з опусу С. Харэўскага і ў такой жа ступені загадкавае як і абуральнае. Аўтар у самым канцы свайго твору называе тое, чаго наогул не было на выставе. Ён піша пра “Хату Зоські Верас”Алеся Цыркунова, творы М. Вярэніч і Л. Грышука, нібыта яны былі прадстаўленыя ў экспазіцыі выставы. Творы гэтых мастакоў са­праўды дэманстраваліся на аршанскай выставе, што і было засьведчана на афішы выставы. На жаль, на менскай выставе згаданы твор А. Цыркунова і палотны М. Вярэніч і Л. Грышука немагчыма было ўключыць у экспазіцыю. Дык як тады разумець сьцьвярджэньні С. Харэўскага? Загадкай застаецца і тое, як спадар Харэўскі вызначаў савецкасьць рамаў, у якія аздобленыя творы мастакоў”... пажоўклая папера, старыя, яшчэ савецкія рамы...” (?!) Дык што хіба рукапісы самога У. Караткевіча не пажоўклі ад часу? І што, ад гэтага яны страцілі сваю вялікую мастацкую вартасьць? Гэтыя прыклады па­­казваюць, што ў аўтара была адна задача-любымі сродкамі зганьбіць выставу. Не атрымалася!..
Пра выставу напісаў “ЛіМ” вель­мі сьціпла, аднак карэктна і па-сутнасьці. Прыемна ўразіла “Настаўніцкая газета” артыкулам Воль­гі Барабаншчыкавай “Але каханьне не памірае”... з чатырма ілюстрацыямі да яго. Некаторыя іншыя падкантрольныя выданьні зьмясьцілі на сваіх старонках водгук на выставу прысьвечаную юбі­лею У. Караткевіча. Праігнаравала аднак газета “Культура”, але адгукнуўся ча­сопіс “Мастацтва”.
Але тое што было напісана пра выставу “Зямля пад белымі крыламі” ў “Нашай Ніве”, на старонках адзінай беларускамоўнай, дэмакратычнай газеты, недапушчальна ў прынцыпе па этычных і факталагіч­ных падставах. Таму, даруйце, я і акцэнтую на гэтым увагу. Бо ведаю, гледачам выстава вельмі спадабалася. Школьнікі менскіх школаў пі­шуць паводле яе свае творчыя працы, выпускаюць насьценныя газеты. У кнізе водгукаў удзячныя гледачы пакінулі шмат цёплых словаў. Да прыкладу студэнтка журфаку БДУ Марына Габрыянік напісала: “Выстава “Зямля пад белымі крыламі” — зямля У.Ка­раткевіча ў вачах паэтаў фарбы... а пра кожнага можна гаварыць бясконца... Атмасфера выставы мяне ўразіла ня менш. Цішыня і танец па гадзіньні­кавай стрэлцы і супраць, пакуль галава не закружыцца. І такі спакой у душы, што прыходзіць натхненьне і хочацца быць блізкім да ўсяго, пра што гавораць мастакі, аб чым гаварыў беларускі майстар слова. Выстава “Зямля пад белымі крыламі” — гэта дотык да вечнасьці праз фарбы і сьвятло”.