12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Юры Кур’яновіч

_____________________
«Сумленьне вартае тысячы сьведкаў».
Гісторыя аднаго ліста

Бог ня скажа пра свой намер,
Чалавек свае думкі тоіць.
Што было, то ёсьць і цяпер,
І што будзе, было ўсё тое.
Рыгор Барадулін

Сьвет зьведаў прыклады, калі агульначалавечыя нормы этычнага жыцьця, мякка кажучы, ня ўпісваліся ў арганізацыю інстытутаў улады і замяняліся новымі “маральнымі ко­дэк­­самі”. Багата прыкладаў на гэтую тэму дае ХХ ста­год­дзе са спробай культывацыі на берагах Рэйна і Эльбы дэк­ларатыўна-эйфарычных заяваў аднаго саманадзейнага яф­рэй­тара і прыкладам будаўніцтва першай у сьвеце дзяр­­­жавы з новым сацыяльна-эканамічным і грамадска-палітычным ладам, якая ў 20-я ўгодкі свайго стварэньня бы­ла шчасьлівая ўсьведамленьнем таго, як абвяшчала яе галоўная газета “Правда”, што “имеет теперь в своем распоряжении проверенные карательные органы, которые будут и впредь беспощадно громить и уничтожать шпионов, вредителей, диверсантов и других врагов советского народа”, у шэрагі якіх трапілі знаныя прадстаўнікі культуры, навукоўцы, грамадскія дзеячы, а таксама малапісьменныя сяляне і рабочыя.
А ў “пятнаццатую гадавіну слаўнага існаваньня любімага дзіцяці пралетарскай дыктатуры”1 беларускі часопіс “Напагатове” пісаў: “Чакісты БССР пад кіраўніцтвам ЦК КП(б)Б нанесьлі не адзін сакрушальны ўдар контррэвалюцыйным арганіза­цыям на Беларусі, умацоўваючы гэтым дыктатуру пралетарыяту, ахоўваючы хуткі рост і росквіт сацыялістычнага будаўніцтва БССР, як неад’емнай часткі Савецкага Саюзу”.
Гаворачы пра ўзьдзеяньне бальшавіцкай таталітарнай сістэмы на беларускае грамадства, варта падкрэсьліць, што да “шпионов, вредителей, диверсантов и других врагов” былі далучаныя яскравыя асобы высьпяваючай нацыянальнай інтэлігенцыі. Непасрэдны сьведка таго змрочнага часу Сымон Кандыбовіч (напачатку 1930-х – кіраўнік справаў Саўнаркаму БССР) у сваёй працы па гісторыі нацыянальнага руху ў 1920-1930-х гг., напісанай у эміграцыі, падсумаваў: “Дзеячы беларускага нацыянальнага руху, іх настаўнікі і вучні былі зьнішчаныя. Беларускі народ пера­жыў страшэную страту, ён застаўся без сваіх нацыянальных настаўнікаў, моладзь – без выхавацеляў, усе нацыянальныя каштоўнасьці, створаныя каласальнымі высілкамі і працай, растаптаныя”2. Гэтую кагорту апантаных любоўю да Баць­каў­шчыны беларусаў, дарэчы, людзей з рознымі палітычнымі і рэлігійнымі пе­­ра­­ка­наньнямі, без перабольшваньняў можна назваць “сумленьнем нацыі”, бо яны самааддана рупіліся, каб заглушыць у сьвядомасьці сваіх зрусіфікаваных і спаланізаваных суайчыньнікаў генны водгук прыніжаных продкаў і вярнуць беларускаму люду яго нацыянальную годнасьць.
Менавіта ў такія драматычныя і вырашальныя для народу перыяды і вымя­раецца нацыянальная трываласьць сапраўднага інтэлігента, чалавека, які, як падае тлумачальны слоўнік, валодае вялікай унутранай культурай. Іншымі словамі, выяўляецца сумленьне чалавека, тое, якое варта тысячы сьведкаў, як па-біблейску мудра і па-юрыдычнаму ёміста абвяшчае вядомае лацінскае выслоўе: Соnscientia mille testes.
На вялікі жаль, нешматлікія былі тыя, хто ў новых сацыякультурных ва­рун­­ках абапіраўся на спрадвечныя агульначалавечыя каштоўнасьці, у каго самавызначэньне ў якасьці творчай асобы ці навуковага дзеяча было асьветлена высакароднымі памкненьнямі.
“Паўсюдна, на Усходзе, на Захадзе ці ў краінах Трэцяга Сьвету, – пісаў слынны французскі палітолаг, прафесар Гі Эрме, – абраны натоўп ітэлігенцыі і творцаў ня ўстояў перад абаяньнем ілжыва прароцкіх ідэалогіяў, якія прэтэндавалі на тое, што ведаюць самыя апошнія лекі ад хваробаў грамадстваў. І вельмі шматлікія былі тыя, хто бессаромна круціўся ўюном сярод асалодаў таталітарнага ці аўтарытарнага камфорту (з гэтай нагоды ўспамінаецца цынічная формула Бертальда Брэхта – “Перш за ўсё жратва”), хто стаў дзяржаўнай інтэлігенцыяй, ці, гаворачы аб іх заходніх калегах, тыя, хто курыў фіміям тыраніям у абмен на некалькі запрашэньняў у паездкі, якія яны лічылі прывабнымі”3.
Падчас страсаньня казытліва-едкага архіўнага пылу з дакументаў сталінскай эпохі мне на вочы трапіў адзін эпісталярны твор вядомага паэта, песьні на вершы якога сталі пэўнай культавай зьявай на абшарах Савецкага Саюзу ў 1930-1950-х гг. і які, як сам прызнаваўся, “усёй душой палюбіў Беларусь”1. З захаваньнем усіх асаблівасьцяў арыгіналу падаю яго тэкст:
“Дорогой Владимир Петрович!
Ставлю Вас в известность о следующем факте: я получил из Гослитиздата целый ряд стихов Якуба Коласа для перевода на русский язык. Стихи эти должны были войти в книгу названного автора, которую готовит к печати Гослитиздат.
Среди полученных мною стихов было одно под названием “Полымя”. Это стихотворение имело подзаголовок – “Вместо приветствия к 5-ой годовщине”.
Вначале я не обратил на это стихотворение особого внимания, полагая, что оно посвящено журналу “Полымя революции”. Но через некоторое время увидел, что дата написания стихотворения – 1926 г. – и понял, что пятилетия журнала в этом году быть не могло, т.к. насколько мне известно, издание журнала “Полымя революции” началось значительно позже.
Не будучи хорошо осведомленным в белорусских делах, я начал по разным источникам наводить справки о “Полыме”. При чем, выяснилось, что “Полымя” – это контрреволюционная нацдемовская организация, которая была в свое время разоблачена. И этой-то организации Якуб Колас посвящает стихи, включая их в книгу, которая должна выйти в 1937 году! (падкрэслена мной. – Ю. К.)
В названном стихотворении Колас сравнивает “Полымя” с приветливым огоньком среди темной и страшной ночи.
Имея в виду этот смысл, а также тот объект, которому посвящено сти­хотворение, нельзя сделать иного вывода, как тот, что стихотворение “Полымя” явно контр-революционное: все, мол, кругом темно, страшно, мрачно и т.д. и светит только один приветливый огонек, и этот огонек –“Полымя” (т.е. нацдемовская литературная организация).
Я немедленно позвонил редактору книги Коласа – Городецкому, чтобы сти­хотворение было снято и тот согласился со мной.
Но сейчас важно выяснить другой вопрос – почему Колас включил это про­изведение в свой сборник? Не знать контр-революционной сущности организации “Полымя” Колас не мог. Значит, напрашивается вывод, что сделано это с враж­дебными целями.
Во всяком случае дело это, по моему, требует расследования и я прошу Вас, Владимир Петрович, принять необходимые меры.
19/V 937 М.Исаковский2.
Да гэтага ліста, адрасаванага кіраўніку Саюзу савецкіх пісьменьнікаў3Уладзіміру Стаўскаму4, вернемся крыху ніжэй, пры гэтым пастараемся кіравацца толькі адным прынцыпам: “Non ridere, non jugere, negue delestari, sed intellegere” (“Не сьмяяцца, не сумаваць, не праклінаць, а толькі разумець”5). А пакуль аддадзім належнае адметнаму паэтычнаму таленту аўтара “Катюши”, “Снова замерло все до рассвета”, “Летят перелетные птицы” і шматлікіх іншых лірычных твораў, што сталі аднымі з лепшых узораў савецкай песеннай класікі.
Паводле вызначэньня Г. Бураўкіна, Ісакоўскі “нёс сьвету надзвычай чыстае і гнуткае рускае слова, не замутнёнае ні моднай манернасьцю, ні эксьперымен­татарскай закручанасьцю”1. А характарызуючы яго перакладчыцкую працу, А.Ку­ляшоў, у прыватнасьці, падкрэсьліў: “Ён добра ведаў і разумеў бяз слоўніка беларускую мову. Ісакоўскі перакладаў таленавіта, дакладна і паэтычна. Ён умеў перадаць ня толькі сэнс, але і дух арыгіналу, зьберагчы атмасферу мовы”2.
Калі прыняць пад увагу, што М. Ісакоўскі нарадзіўся ў 1900 г. на Смаленшчыне, у Ельнінскім павеце, які акадэмік Яўхім Карскі ў сваім фундаментальным дасьледаваньні “Беларусы”, акрэсьліваючы межы беларускай народнасьці напачатку ХХ ст. у Расейскай імперыі, называе ў складзе тых паветаў і губерняў, дзе ведаюць беларускую мову3, то пэўна, што беларуская гаворка, прынамсі, адметны “дыялект” значна зрусіфікаванай этнічна беларускай мясцовасьці, быў знаёмы песеньніку драматычнай эпохі яшчэ з самага маленства, як, дарэчы, і мясцовы фальклор з беларускім каларытам. Да прыкладу, у сваіх успамінах паэт спыняецца на замалёўцы “игрища” на смаленскай зямлі, якое фактычна паўтарае апісаньне сьвяточна-абрадавага гульнявога дзеяньня беларускай моладзі – ігрышча: “Игрищами у нас называли ежевечерние собрания молодежи, – піша Ісакоўскі, – происходившие на святках (а святки, как известно, длились две недели). Игрища устраивались обычно в тех хатах, где были заневестившиеся уже девушки. По существовавшему обычаю, парней почему-то освобождали от этой обязанности, и на их хаты никто не претендовал.
Хаты, где шли игрища, народ переполнял до отказа. Там собирались не только пар­ни и девушки, но и все, кому только хотелось. Немало было вездесущих маль­чишек и девчонок. Могли прийти и молодые бабы, которые, впрочем, только наблюдали за происходящим, но сами участвовать в нем не могли, не имели права”4.
Нездарма М. Ісакоўскі атрымаў у 1968 г. і званьне заслужанага дзеяча культуры БССР. У яго творчай спадчыне пераклады вершаў П. Броўкі, П. Глебкі, А.Куляшо­ва, М.Танка, П. Панчанкі. Але з “асаблівым захапленьнем”, як сам адзначаў, ён перакладаў творы М. Багдановіча, Я. Купалы і Я. Коласа, бо “кожны раз дакранаўся да скарбаў народнага духу, народнага жыцьця”5. Паэзіі Я.Коласа, якога лічыў “голасам Беларусі”6, М. Ісакоўскі прысьвяціў такія словы: “Калі ўслухоўваешся ў верш Коласа, удумваешся ў яго, міжволі прыпамінаюцца такія паэты, як Някрасаў, Шаўчэнка або аднапляменьнік і сучасьнік Коласа – Я. Купала. …Люблю, калі піша паэт проста, гаворыць са сваім народам, што называецца, натуральна, гаворыць з кожным зразумелай, вельмі даходлівай мовай, але ўмее напоўніць гэту прастату… сапраўднай паэзіяй і глыбінёй думкі”7.
У шэрагу падобных станоўчых характарыстык расейскага паэта творчасьці беларускага песьняра рэзкім дысанансам гучаць радкі вышэйпададзенага ліста. З якімі ж, у такім разе, пачуцьцямі або пачуцьцём савецкі лірык узяў пяро 19 траўня 1937 г.? Ці зьяўляюцца пазьнейшыя прызнаньні ў “любви” калегу па творчаму цэху своеасаблівай маральнай процівагай даносу, напісанаму пад дыктоўку бязьлітаснага часу?
Магчыма, М. Ісакоўскага так шчыра, усеабдымна захапіла ідэя пабудовы сацыя­лізму, што ён шалёна акунуўся ў вір новага жыцьця і з “бесстрашной искренностью” ўспрыняў сумнавядомую ўстаноўку таварыша Сталіна на ўзмац­неньне рэвалюцыйнай пільнасьці, агучаную на студзеньскім пленуме УКП(б) 1933г. У якой, у прыватнасьці, гаварылася: “Патрэбна мець на ўвазе, што рост моцы савецкай дзяржавы будзе ўзмацняць супраціўленьне апошніх рэшткаў паміраючых класаў. …На гэтай глебе могуць ажыць і зашавяліцца разьбітыя групы старых контррэвалюцыйных партый эсэраў, меншавікоў, буржуазных нацыяналістаў цэнтра і ўскраін, могуць ажыць і зашавяліцца асколкі контррэвалюцыйных апазіцыйных элементаў з трацкістаў і правых укланістаў. Гэта, канешне, не страшна… Але ўсё гэта трэба мець на ўвазе, калі мы хочам пакончыць з гэтымі элементамі хутка і без асаблівых ахвяраў”1.
Як жывы водгук на словы “правадыра” чытаецца верш Ісакоўскага, надрукаваны ў 1935 г. у адным выданьні пад недвухсэсоўнай назвай “Ненависть”, а ў другім – ужо з дакладным прысвячэньнем адрасату – “Кулаку”2.

…Страна тебе не повалилась в ноги.
Страна тебе
руки не подала.
Закрыты наглухо твои дороги,
И трижды прокляты твои дела!

Мажліва, насамрэч “гады вялікага пералому” з гучна-ўзбуджальнай, прагна ўвабранай незаможным людам у тканкі галаўнога мозгу дэкларацыяй – “хто быў нічым, той будзе ўсім” – так паўплывалі на Ісакоўскага-паэта, што ён, як сам пазьней прызнаваўся ў лісьце літаратурнаму крытыку А. Паліканаву3, дайшоў да разуменьня таго, што паэзію менавіта трэба шукаць толькі “в будничном”?
Падсумоўваючы вершаваныя здабыткі свайго калегі па пяры, А.Твардоўскі падкрэсьліў: “У шматлікіх выпадках паэтычныя творы не сінхронныя зьявам жыцьця, якія адлюстраваны ў іх. Гэта – не закон, які выключае прыклады шчасьлівых супадзеньняў, якіх няшмат і ў савецкай паэзіі ўвогуле, і ў Ісакоўскага ў прыватнасьці”4.
У згаданым кантэксьце варта прывесьці цікавыя вершаваныя радкі двацца­цідвухгадовага Міхаіла Ісакоўскага, пададзеныя ў артыкуле Мікалая Ількевіча “Маленькая страница большой войны с собственным народом”, дзе распавядаецца пра барацьбу чэкістаў з Праваслаўнай Царквой на Смаленшчыне. Артыкул зьмешчаны на афіцыйным сайце Смаленскай духоўнай семінарыі. У прыватнасьці, аўтар піша: “Шырока вядомы судовы працэс “смаленскіх царкоўнікаў”, які ўвайшоў у расейскую гісторыю. Гэты працэс – яшчэ не дасьледаваная да канца гісторыя смаленскага супраціву канфіскацыі царкоўных каштоўнасьцяў.
Дзеля канфіскацыі каштоўнасьцяў у Смаленскай губерні была створаная ў адпаведнасьці з Дэкрэтам УЦВК ад 23 лютага 1922 г. губернская камісія пад кіраўніцтвам старшыні Губвыканкама Булатава (канфіскацыя фактычна пачалася 28 сакавіка).
Да гэтага часу прафесар Усьпенскі, рэктар Маскоўскага археалагічнага інстытуту, прывёз у Смаленск пісьмовае пасланьне патрыярха Ціхана, які заклікаў не аддаваць царкоўныя сьвятыні чэкістам. Але ці было што-небудзь сьвятое для чэкістаў? Ці спыніла іх што-небудзь? Не, вядома. Калі ў ноч на 28 сакавіка ва Усьпенскім саборы забарыкадаваліся 21 чалавек (жанчыны, мужчыны, іхнія дзеці), а на ахову сабору прыйшлі сотні прыхаджанаў, чэкісты скарысталі зброю і пачалі страляць.
Папярэдняе сьледства па гэтай справе праводзіла Смаленскае губернскае палітычнае ўпраўленьне і рэўтрыбунал Заходняга фронту. Судовы працэс право­дзіла Выязная сесія Вярхоўнага трыбуналу УЦВК. Нават Міхаіл Ісакоўскі не застаўся абыякавым да судовага разьбіральніцтва і прысьвяціў яму некалькі сваіх вершаў, вытрыманых у іранічным тоне. Чатырохрадкоўе аднаго з вершаў працытую:

Серебро на хлеб отдать –
Где же это слыхано?
Мы не смеем изменять
Патриарху Тихону!”1

Тут неабходна дадаць яшчэ адзін істотны факт, які, дарэчы, Ісакоўскі не хаваў і апісаў на аўтабіяграфічных старонках пад назвай “На Ельнинской земле”2. Справа ў тым, што песеньнік драматычнай эпохі ў 1918-1919 гг. працаваў у Ельнінскай павятовай Надзвычайнай Камісіі па барацьбе з контррэвалюцыяй, сьпекуляцыяй і злачынствамі па пасадзе, карацей, ЧК, і ўваходзіў у склад яе калегіі3...
Вядомы расейскі пісьменьнік Станіслаў Куняеў4, галоўны рэдактар часопісу “Наш современник”, у крытычным артыкуле “Крупнозернистая жизнь”, “вгля­дываясь в судьбы и творчество выдающихся поэтов сталинской эпохи”, залічвае асобу Міхаіла Ісакоўскага разам з іншымі дзеячамі культуры, Дзьмітрыем Шастаковічам, Мацьвеем Блантэрам, Паўлам Антакольскім, Міхаілам Кальцовым, Ісаакам Дунаеўскім, Васілём Лебедзевым-Кумачом, Аляксандрам Твардоўскім і інш., у шэраг “служителей культа”5. “А для тых, хто хоча зразумець душэўную тайну пакланеньня перад правадыром, – піша С. Куняеў, – я прывяду запіс з дзёньніка Карнея Чукоўскага аб тым, што яны адчувалі з Барысам Пастэрнакам у 1936 г., 22 красавіка, калі ў прэзідыуме Х зьезду камсамолу зьявіўся Іосіф Сталін: “Что сделалось с залом! А он стоял немного утомленный, задумчивый и величавый. Чувствовалась огромная привычка к власти, сила и в то же время что-то женственное, мягкое. Я оглянулся: у всех были влюбленные, нежные, одухотворенные и смеющиеся лица. Видеть его — просто видеть — для всех нас было счастьем. К нему все время обращалась с каким-то разговором Демченко. И мы все равно ревновали. Завидовали — счастливая! Каждый его жест воспринимался с благоговением. Никогда я даже не считал себя способным на такие чувства. Когда ему аплодировали, он вынул часы (серебряные) и показал аудитории с прелестной улыбкой — все мы так и зашептали: “Часы, часы, он показал часы” — и потом, расходясь, уже возле вешалки вновь вспоминали об этих часах. Пастернак шептал мне все время о нем восторженные слова, а я ему, и оба мы в один голос сказали: “Ах, эта Демченко заслоняет его!..” Домой мы шли с Пастернаком, и оба упивались нашей радостью”6.
1937-ы... Паказальныя судовыя працэсы над “ворагамі” народу, над іншадумцамі, у краіне, дзе “так вольно дышит человек”. Апафеоз бальшавіцкай таталітарнай сістэмы, яе карных органаў і, безумоўна, “вялікага Сталіна”, асабістай зброяй якога, як падкрэсьліў у сваёй працы па анатоміі чалавечай дэструктыўнасьці знакаміты Эрых Фром, быў “псіхалагічны садызм”1.
Найбольш ужывальныя словы, якімі напоўненыя “пафасныя” сталінска-савецкія перадавіцы цэнтральнага і раёнага друку, – “вораг”, “шпіён”, “раскрадальнік” і г. д.; і ня выключана, што імі могуць аказацца нават вашы бацькі, таму трэба быць пільнымі грамадзянамі. “Справа рук класавага ворага”, “Піянер выкрыў злачынствы свайго бацькі”37 – характэрныя назвы публікацыяў беларускага афіцыйнага дру­ку таго часу. Прывядзем вытрымку з апошняй: “Невядома, колькі б яшчэ працягваліся злачынныя справы Меркінда, калі б не яго 14-гадовы сын Меер. Піянер і вучань 1-ай сярэдняй школы Меер Меркінд яшчэ ў 1936 годзе заявіў міліцыі аб злачынствах бацькі, але міліцыя ніякіх мер не прымала. ...Нечакана для сваіх бацькоў 14-гадовы хлопчык з чырвоным гальштукам на шыі сьмела выступіў у перапоўненай зале Дома селяніна перад судом у якасьці сьведкі па справе. Яго сьмелыя і важныя паказаньні ўнесьлі поўную яснасьць”.
“Так званыя карэспандэнты ў савецкіх установах, – адзначае ў сваіх успамінах Сымон Кандыбовіч, – шукалі розны абвінаваўчы матэрыял. …Назьбіраўшы та­кога-сякога матэрыялу, газета, і асабліва орган камуністычнай партыі “Звязда”, рыхтавала абвінаваўчы матэрыял, у якім імкнулася як мага больш ачарніць прызна­чаную ахвяру. Факты перакручваліся, у бальшыні выпадкаў былі выдуманыя, фальшывыя. Усё станоўчае ў лепшым выпадку замоўчвалася або паказвалася як контррэвалюцыйныя ўчынкі, як інтрыгі ворагаў народу. Звычайна абвінаваўчы матэрыял заканчваўся “абурэньнем”, што такі закаранелы вораг народу сядзіць, замаскаваўшыся, у савецкай установе. Пасьля такой падрыхтоўкі ў той самы дзень зганьбаваная ахвяра зьнікала ў скляпеньнях НКУС”.
1937-ы год і абрэвіятура ўсемагутнага НКВД набылі ў грамадскай сьвядомасьці нейкую сінанімічную асацыятыўнасьць, сталі, перафразуючы “пачынальніка палітычнай лірыкі” У. Маякоўскага, як “близнецы-братья”.
Менавіта ў гэты перыяд, калі ведамства на Лубянцы ўзначальваў Мікалай Яжоў, малаадукаваны пралетарый з каліграфічным почыркам, які за 20 гадоў змог вырасьці ад старэйшага пісара 5-й тылавой артылерыйскай майстэрні на Паўночным фронце, што дыслакавалася ў Віцебску, да кіраўніка самай магутнай у сьвеце сакрэтнай службы, у Савецкім Саюзе былі актывізаваны палітычныя рэпрэсіі і раскрыты буйныя “шпіёнскія сеці”.
У Беларусі кіраўнік рэспубліканскага НКВД Б.Берман на аператыўных нарадах, на якіх кожны супрацоўнік рабіў справаздачу, колькі “изобличил” ворагаў, даў канкрэтную ўстаноўку на метады раскрыцьця падобных “злачынстваў”: “В белых перчатках арестованных не допрашивать”.
Незвычайная эйфарыя страху, падсілкаваная заразным вірусам гэткай анестэзіі і анальгезіі, апанавала савецкае грамадства ў 1930-я гг. Атмасфера страху, няўпэўненасьці, што суправаджалася частай зьменай кіруючых кадраў, панавала ўсюды. Працытуем вытрымкі з дакладу А. Мікаяна “Слаўнае дваццацігоддзе савецкай разьведкі”, агучанага на ўрачыстым пасяджэньні ў Вялікім тэатры 20 сьнежня 1937 г.: “Один рабочий сообщил в НКВД об участниках троцкистской организации. В том числе он назвал и своего брата. Следствие выявило, что все это злейшие враги народа.
...Гражданка Дашкова-Орловская помогла разоблачить шпионскую работу своего бывшего мужа Дашкова-Орловского.
...В Пугачевском районе в селе Порябушки пионер Щеглов Коля (1923 года рождения) в августе этого года сообщил начальнику районного отделения НКВД о том, что его отец Щеглов И.И. занимается расхищением из совхоза строительных материалов. Щеглова-отца арестовали. Пионер Коля Щеглов знает, что такое Советская власть для него, для всего народа. Увидев, что родной отец ворует социалистическую собственность, он сообщил об этом НКВД.
Вот где сила, вот в чем мощь народа! (Аплодисменты)”1.
Паўстае лагічнае пытаньне, як жылося інтэлігенту, ды і ўвогуле чалавеку, у грамадстве, у якім былі зьнівеліраваныя агульначалавечыя хрысьціянскія каштоўнасьці, у якім брат даносіў на брата, жонка на мужа, сусед на суседа, і калі “страціліся тысячагадовыя ўяўленьні пра дабро і зло”2, і калі “зьявіліся небывалыя дасюль магчымасьці рэалізацыі самых ганебных, самых паскудных жаданьняў”3?
Міхаілу Ісакоўскаму і Якубу Коласу лёс наканаваў жыць і працаваць у такім грамадстве. Дададзім: і атрымліваць вялікія ўзнагароды, і быць афіцыйна ўшанаванымі дзеючымі ўладамі. Натуральна, гэтае “шанаваньне” было водгукам на адпаведныя “заслугі”...

Раскажам табе мы праўдзіва быліны
Аб тым, як жылі мы і сталі мы чым,
Як мы разагнулі прыгнутыя спіны,
Сагрэтыя чулым прыглядам тваім4.

Гэтыя радкі са “знакамітага”, вышытага шоўкам, “пісьма беларускага наро­ду” “вялікаму Сталіну”, перададзенага 28 лістапада 1936 г. у прэзідыум VIII Надзвычайнага Усесаюзнага зьезду Саветаў, на якім была прынята новая Канстытуцыя СССР – “Конституция победившего социализма”. Аўтарства “пісьма” належала Янку Купалу, Якубу Коласу, Андрэю Александровiчу, Петрусю Броўку, Пятру Глебку, Iзi Харыку, якія атрымалі за “выдатную работу” Граматы ЦВК і СНК БССР5. А Міхаіл Ісакоўскі і яшчэ тры расейскія паэты, Аляксандр Безыменскі, Міхаіл Галодны і Аляксей Суркоў, за рускі тэкст гэтага ліста – падзяку.
Менавіта ў 1937-1938 гг. з-пад пяра Коласа зьяўляецца даволі багата вершаваных панегірыкаў з “красамоўнымі” назвамі: “Вялікаму Сталіну”, “Да выбараў па Сталінскай Канстытуцыі”, “Пад сьцягам Леніна-Сталіна” (1937); “Чырвоная Армія”, “Ачысьціць Радзіму ад гнойнай заразы”, “Дэпутату беларускага народу”, “Сталін, партыя і народ”, “Чырвонасьцяжнаму камсамолу”, “Пад сталінскім сонцам” (1938).
У 1938 г. секцыя этнаграфіі і фальклору інстытуту гісторыі Акадэміі навук БССР пад рэдакцыяй акадэмікаў Я. Коласа і М.М. Нікольскага6 выдае кнігу “Дарэвалюцыйная і Савецкая Беларусь у народнай творчасьці”. А вось некалькі тыповых частушак з гэтага выданьня.

Сарву кветачку прыгожу
Ля крутога рову.
За харошую работу
Дзякуем Ежову.

Мяне мілы праводзіў
Да зялёненькіх рабін...
Усіх трацкістаў корні зьнішчым,
Не астанецца ні адзін.

Усе кветкі белыя,
У верасьні павянеце.
Зіноўеўцаў ушчэнт паб’ем,
Сьлед свой не памянеце.

Хай бандыты і шпіёны
Наматваюць на вус,
Што нядоўга ім шпіёніць,
Бо іх знойдзе НКУС.

Каб шпіёнаў хутчэй зьнішчыць,
Мы ўсе пойдзем напралом.
Хай жыве ордэнаносец
Ежоў – сталінскі нарком1.

У якасьці пасьляслоўя да гэткіх хваласпеваў узгадаем характарыстыку Коласа, надрукаваную ў віленскім часопісе “Калосьсе” з нагоды 30-гадовай літаратурнай дзейнасьці народнага паэта: “Шмат для каго асоба Коласа прадстаўляе псіхалагічную загадку. Як ён сёньня мог так лёгка прытарнавацца да сучаснага савецкага сацыяльнага жыцьця – як-быццам без глыбейшае ўнутранае барацьбы і ломкі? Душа чалавека – процьма: трудна ў ёй разьбірацца. Магчыма, што Коласа запраўды гэтак глыбока захапіла новае жыцьцё ў Савецкай Беларусі, што яго аптымізм, радаснасьць, патос – шчырыя. Магчыма.
Але ёсьць і другі момант, які мусіў адыграць ролю ў “навярненьні” Коласа на “новую веру”. Колас заўсёды быў маляром жыцьця і ў гэтым адрозьніваўся ад Купалы, які хацеў быць тварцом-рэфарматарам гэтага жыцьця. Колас заўсёды маляваў тое, што ёсьць, незалежна ад таго, ці гэта ён пахваляў, ці ганіў. Вось-жа, раз у Саветах гэтае жыцьцё зьмянілася, Колас ня мог вечна пісаць з памяці аб тым, што мінула, і мусіў адбіваць тое, што сягоньня дзеецца на беларускіх загонах.
Славячы сяньня – у трыццатыя ўгодкі паэтычнае працы – Вялікага Мастака, мы схіляемся перад ім і Ягонымі заслугамі для беларускага народу”2.
І сапраўды, перад Якубам Коласам трэба схіліцца кожнаму беларусу, бо “Колас – гэта як быццам той мегафон, праз які голас сярмяжнага люду разышоўся на ўвесь сьвет і – дзякуючы мастацтву песьняра – быў пачуты ўсімі, каму слова беларускае даступна і зразумела”3.
Падвесьці рысу варта словамі малодшага брата Я. Коласа – Міхася Міцкевіча4, беларускага эмігранта: “Зусім натуральна было б выкінуць усе хваласьпевы Сталіну. А з часам выпалюцца і ўсе тыя “плевы”, якія, ўсё ж, кідаюць цень ганьбы на Коласа. Спадчына, аднак, застанецца багатая, дабрадная й чыстая...”5

* * *
Удумліва чытаючы творы песьняра і прасочваючы ягоны лёс, без перабольш­ваньняў можна сьцьвярджаць, што жыць і працаваць у савецкай Беларусі, асабліва ў жахлівым 1937-м, было для Якуба Коласа сапраўднай трагедыяй духу, і цяжка тут знайсьці адпаведнае параўнаньне, каб па-мастацку перадаць увесь драматызм маральнай пакуты нацыянальнага паэта. Успаміны тых, хто асабіста ведаў Коласа і з кім ён не таіўся, даюць магчымасьць зразумець і ўбачыць сапраўднага Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча.
Вядомы беларускі вайсковы і грамадскі дзеяч, лідэр Беларускага Вызвольнага фронту на эміграцыі, сваяк Я. Коласа1 Дзьмітры Касмовіч, распавядаючы пра сваё жыцьцё ў Менску пасьля ўзьяднаньня Заходняй Беларусі з БССР, апісаў надзвычай цікавыя сустрэчы з Коласам. “Якуб Колас цікавіўся жыцьцём студэнтаў на Захадзе. Я яму распавёў пра свой побыт, – пісаў Д. Касмовіч, – студэнцкія сьвяты, дэманстрацыі. Ён толькі пасьміхнуўся й сказаў: “Гэтага, браток, тут не пабачыш, забаронена, адразу апынесься ў Сібіры”. Я яму сказаў, што бэльгійскія рабочыя на Першага траўня ішлі ў кнайпы, пілі піва ці гарэлку, а затым выходзілі й сьпявалі рэвалюцыйныя песьні, нават часам “Інтэрнацыянал”, але паліцыя толькі глядзела, каб не нарабілі шуму. Якуб Колас толькі качаў галавою, шаптаў: “Шчасьліўцы, жывуць у свабодзе, а ў нас і гэтага няма, трэба сьпяваць, гаварыць, пісаць і нават думаць так, як кажа, загадвае партыя”2.
“Спатыкаліся мы зь Якубам Коласам некалькі разоў. За кожным разам ён скардзіўся, што ня можа свабодна распрасьцерці свае паэтычныя, пісьменьніцкія крылы, што яго імкненьне быць вольным беларускім паэтам заўсёды падразаецца інструкцыямі партыі быць перадусім пісьменьніцкім для партыі, для яе прынцыпаў і яе палітычнага кірунку, для яе выгодаў, а не для яго нутранага перакананьня, голасу душы і голасу беларускага народу”3.
“...Нялёгкі быў пражыты час, – казаў далей Якуб Колас, – загінулі сябры”. Затым бадзёрым і пэўным голасам дадаў: “Але надыходзіць пара, калі на сьвеце, пад націскам сусьветных падзеяў, родная ніва зазелянее і наш народ атрымае новы пакарм, які дасьць яму сілу ўзмоцніцца і красавацца ў сьвеце. А цяпер мусім свае думкі і жаданьні трымаць глыбока ў сэрцы, мусім гэты цяжкі час вытрываць”4.
Антыбальшавіцкія настроі Я. Коласа не заставаліся без увагі “скураных людзей”, як называлі чэкістаў5. Яшчэ ў 1924 г. у дакладной сакратару ЦК КП(б)Б А.Крыніцкаму намесьнік Паўнамоцнага Прадстаўніка АДПУ па Заходняму краю І. Апанскі пісаў: “В издаваемых литературных произведениях Коласа и Лёсика наиболее характерными чертами является перегиб в сторону национал-шовинизма, с религиозными божественно-слащавыми настроениями, ничем не прикрытыми, с полным отсутствием каких-либо отражений революционного момента”6. А ў дакладной ДПУ БССР за 1925 г., дзе, у прыватнасьці, разглядалася так званая “Слуц­кая справа”, адзначалася: “Сущность этого дела (“Слуцкага”. – Ю. К.) тако­­ва: в конце прошлого учебного года из легального белорусского кружка, су­щест­­вовавшего на Слуцких общеобразовательных курсах, под влиянием учеников последнего курса Макарени и Мятельского, лично связанных с Якубом Колосом и пропитавшихся националистическим духом произведений последнего, выделился нелегальный кружок в составе до 10 человек. Возникшая организация крайне недовольна Соввластью и, считая таковую совершенно неприемлемой для белорусского крестьянства, решила начать подпольную работу для свержения ее”1.
А вось што распавёў Міхась Міцкевіч пра наведваньне сваім братам родных мясьцінаў пасьля ўзьяднаньня Беларусі: “Па некаторым часе Колас наведаў сваю вёску й сваіх родных. Прыехаў не адзін. З ім прыехала й тая “прычына”, якая не дазваляла яму рухацца па сваёй волі. Разам з ім увайшоў у хату незнаёмы чалавек, які не пытаўся, ці можна ўвайсьці, не лічыў патрэбным сказаць, хто ён і чаго ён прыехаў. Але Коласа так сьцярог, што нават спаць клаўся так блізка, каб галовы амаль стыкаліся. Тады яно неяк ня зразіла прыкрасьцю, бо лічылася за добрае, калі яшчэ не чапаюць у хаце, як прыкра падумаць цяпер, у адлеглым часе...”2
Але і пасьля вайны Колас не застаўся без апекі адпаведнага ведамства. З нагоды 120-годдзя песьняра “ЛіМ” надрукаваў успаміны В. Арцем’ева “Удзячнасьць чытача”. Аўтар, які, як вынікае з напісанага, напачатку 1950-х працаваў у адным з падразьдзяленьняў Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі БССР, сьведчыць: “У 1951 годзе пашчаьсціла ўбачыць пісьменьніка ў другі раз. Толькі ўжо з больш сумнай нагоды. На аператыўным інструктажы чэкістаў была зачытаная арыенціроўка, з якой вынікала, што Якуб Колас падазраецца ў сувязях з польскай і яшчэ адной краіны разьведкай (англійскай ці французскай – на тое забыўся). Шпіёнам пісьменьніка не называлі. Але з падазрэньня гэта вынікала само сабой. За домам Якуба Коласа (ён непадалёк ад будынку Акадэміі навук БССР) устанавілі пільны нагляд”3.
Паставіць кропку пад гэтымі дакументамі варта словамі пра бальшавікоў самога песьняра ў 1917 г., якія ўзгадваў ягоны брат Міхась: “Толькі вось каб не захапілі ўлады гэтыя “голаштанныя” варвары (ліст быў пісаны па-расейску), яны могуць зьнявечыць усё і ўстанавіць самадзяржаўе горшае за царскае”4...

* * *
Насьпеў час вярнуцца да “контрреволюционного” верша “Полымя”, які не абышоў увагай “бдительный” М. Ісакоўскі.

“Полымя”
(Замест павіншаваньня з 5-аю гадавінаю)

Я помню ноч адну ў дарозе.
Глухота, ціш.
І дол і ўзвыш
Ляжалі ў цемрадзі-імжы.
На цёмных растанях – крыжы.
Бяроза боязна к бярозе
Тулілася ў нямой трывозе,
Лес – у затоенай пагрозе,
І зданьню куст быў на мяжы.
Мяне сачылі ўсюды страхі –
Малы я. Цьма.
І зор няма,
І хоць-бы голас дзе жывы,
Апроч тых посьвістаў савы!
Ляжаць зацята-нема гмахі.
Я чую здушаныя ахі,
І робяць нейкія замахі
Унь тыя цёмныя равы!
Іду гасьцінцам між прысады.
Ох, страшна мне
У цішыне!
І раптам – блісь агонь здалёк.
З душы апаў страхоцьця мрок,
І зьніклі чары чорнай здрады
І шэпты воражай нарады:
Мне песьню сонечнай прынады
Сьпявае ў цьме той аганёк.
Гары-ж і “Полымем” чырвоным
Шугні, агонь,
І цемрадзь-сонь
Развей, згані ад краю ў край,
Іскрыся іскрамі, палай.
Нясі сьвятло і тым загонам,
Што засталіся за кардонам,
Дзе брат мой стогне пад прыгонам,
І шлях яму ты асьвятляй!1

Упершыню ён быў надрукаваны ў восьмым нумары “беларускага часопіса літаратуры, палітыкі, эканомікі, гісторыі” “Полымя” за 1926 г. і прысьвечаны мена­віта 5-годдзю часопіса. З нагоды юбілея адзначалася, што “Полымя” перамагла ўжо з першых сваіх нумароў і ўнутраным зьместам і надворным выглядам усе ранейшыя беларускія часопісі”2 і “з пачатку свайго выйсьця стала першым тоўстым беларускім журналам”3. Ісакоўскаму сапраўды бракавала дасьведчанасьці ў “белорусских делах”. Справа ў тым, што пасьля зьяўленьня Пастановы ЦК УКП(б) ад 23 красавіка 1932 г. “Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый”4“Полымя” друкавалася ўжо пад назвай “Полымя рэвалюцыі”5 – “часопіс літаратуры, мастацтва і марксісцка-ленінскай тэорыі і крытыкі”. Дапоўнім, на падставе гэтай Пастановы “для кіраўніцтва існуючымі літаратурнымі арганізацыямі, падрыхтоўкі і правядзеньня зьезду савецкіх пісьменьнікаў Беларусі, падрыхтоўкі да арганізацыі адзінага саюза савецкіх пісьменьнікаў БССР”6 быў абраны арганізацыйны камітэт пад старшынствам Міхася Клімковіча, але ў склад якога, дарэчы, не ўвайшлі ні Я.Колас, ні Я. Купала. Іх прозьвішчы таксама адсутнічаюць сярод тых пісьменьнікаў Менску, якія падпісалі вітальную рэзалюцыю дадзенай Пастанове7.
Ёсьць патрэба ўдакладніць і адну цікавую акалічнасць, зьвязаную з “контр-революционной организацией” “Полымя”. Першы нумар “Полымя” за 1928 г. зьмясьціў статут аб’яднаньня беларускіх пісьменьнікаў “Полымя”, зацьверджаны 16.01.19288. Сярод заснавальнікаў былі Якуб Колас і Янка Купала. Пункт 2г статуту абвяшчаў, што аб’яднаньне выдае “свой часопіс пад назвай “Полымя” (гл. дадатак 1). Але ўжо ў другім нумары “Полымя” (1928, № 2) на ўнутранай старонцы вокладкі быў надрукаваны ліст у рэдакцыю наступнага зьместу:
“Таварыш рэдактар!
Просьба надрукаваць ніжэйпаданае.
У нумары першым часопісу “Полымя” за бягучы год зьмешчаны статут аб’яд­наньня пісьменьнікаў “Полымя”, у якім (статуце) па абмылцы ў пункце другім надрукавана: г) выдае свой часопіс пад назвай “Полымя”.
Гэтым маем паведаміць, што аб’яднаньне пісьменьнікаў “Полымя” на сваім устаноўчым сходзе адмовілася мець свой часопіс. І зараз яго ня мае. Часопіс “Полымя” зьяўляецца выданьнем Беларускага Дзяржаўнага Выдавецтва, а зусім ня органам аб’яднаньня пісьменьнікаў “Полымя”.
Праўленьне аб’яднаньня
пісьменьнікаў “Полымя”1.
Такім чынам, інфармацыя, выкладзеная Ісакоўскім, не адпавядала фактам. Але, верагодна, Колас надаў вершу і значна большы зьмест, чым той, што быў схаваны пад віншавальнай шыльдаю. І тое Полымя, якое нясе “сьвятло” беларускаму люду, – гэта і нацыянальны часопіс, і аб’яднаньне адданых сваёй Бацькаўшчыне літаратараў, адным словам, усе тыя, прасякнутыя духам беларускасьці, арганізацыі, установы, выданьні...
І, мажліва, сам тое не да канца ўсьведамляючы, Ісакоўскі з бальшавіцкага пункту гледжаньня не памыліўся ў “контрреволюционности” вершаванага “Полымя”. Як магчыма і тое, што сярод “разных источников”, па якіх “наводил” даведкі, скарыстаўся ён і артыкулам прафесара БДУ Міхаіла Піятуховіча “Асноўныя этапы ў разьвіцьці беларускай літаратуры пасьлякастрычніцкага перыяду”, надрукаваным у часопісе “Полымя рэвалюцыі” за 1933 г. Таго М. Піятуховіча, прозьвішча якога значыцца сярод заснавальнікаў “Полымя” (гл. дадатак 1). У дадзеным артыкуле, у прыватнасьці, прафесар адзначыў: “У тым жа 1927 г. адбыўся другі раскол “Маладняка”. Частка яго сяброў (Зарэцкі, Чарот, Александровіч, Дудар) увайшлі ў новае згуртаваньне “Полымя”. Гэтае згуртаваньне не было чымсьці суцэльным, у ім таксама адбывалася змаганьне розных класавых тэндэнцый, але асноўным тонам у згуртаваньні было імкненьне аб’яднаць пісьменьнікаў старэйшага пака­леньня, так званых “Нашаніўцаў”, з пісьменьнікамі малодшага пакаленьня на платформе беларускага контррэвалюцыйнага нацыянал-дэмакратызму”2 Прайшоўся Піятуховіч і па Коласу: “У творчасьці Якуба Коласа ...гэтаксама маюць месца моманты варожых выказваньняў супраць Савецкай улады і Кастрычніцкай рэвалюцыі. Прыкрываючыся сімволікай пейзажных вобразаў, Колас гераічную эпоху грамадзянскай вайны абмалёўваў як эпоху панаваньня жахаў, цемры і безнадзейнасьці (“Цені, страхі”; “Звон шыбаў”).
Уладзімір Стаўскі накіраваў ліст М. Ісакоўскага першаму сакратару ЦК УКП(б)Б В.Шаранговічу з ніжэйпададзеным суправаджальным тэкстам, зьме­шчаным на афіцыйным бланку “Союза советских писателей СССР” пад грыфам “совершенно секретно”:
“Дорогой товарищ Шарангович!
Посылаю письмо на мое имя поэта М. ИСАКОВСКОГО. Прошу обратить внимание на факт включения Якубом КОЛАСОМ в сборник, готовящийся к печати, контр.революц. стихотворения “ПОЛЫМЯ”3.
На гэтым дакуменьце ёсьць рэзалюцыя тагачаснаму кіраўніку ССП БССР: “Поручено т. Лынькову4 выяснить причины”.
На жаль, пакуль не ўдалося высьветліць, якія крокі зрабіў М. Лынькоў (дарэчы, яшчэ і галоўны рэдактар часопіса “Полымя рэвалюцыі” ў той час) па “выяснению причин” і якія пасьля ўсяго ўсталяваліся стасункі з Коласам у старшыні пісьменьніцкай арганізацыі Савецкай Беларусі. Але з лістоў Я.Коласа свайму блізкаму сябру і рэдактару рускамоўных перакладаў Сяргею Гарадзецкаму, уключаных у 14-томнае выданьне песьняра, бачна, што ў чэрвені 1938 г. Колас рыхтаваў артыкул аб Лынькове для маскоўскай газеты1, які, аднак, не надрукавалі. Аб чым Колас паведаміў так: “Я был разочарован, когда статья о Лынькове оказалась не моей. Странно, почему не напечатали ее. …Недавно закончил небольшую статью для “Известий” к выборам – “Женщины Советской Белоруссии”. Судьба статьи о Лынькове, боюсь, явится судьбой и статьи для “Известий”. Столичные газеты капризны и разборчивы. Больше и писать нет смысла”2.
А кніга, пра якую гаварыў Ісакоўскі, была выдадзеная ў 1938 г. у “Гослитиздате” пад рэдакцыяй С. Гарадзецкага: Якуб Колос. Избранные произведения. 1906 – 1936. Лирика. Сатира. Эпос. 5 траўня 1938 г. Колас пісаў Гарадзецкаму: “Уже сравнительно давно в “Литературной газете” была заметка о том, что из печати вышел сборник моих стихов под твоей редакцией: “Свет велик – может быть и правда”. Но до сих пор я так и не знаю, вышел ли он действительно или же это был звон, когда недостаточно внимательно смотрят в святцы”3.
Ці ведаў Колас пра існаваньне, мабыць, самага горшага ўзору эпісталярнага жанру Ісакоўскага? Адказаць цяжка, але калі так, то, мяркую, зразумеў бы (вядома, прычыну) і не зьдзівіўся. Некаторыя падрабязнасьці першай паловы 1937-га даюць магчымасьць і з адлегласьці сёньняшняга часу больш дакладна зразумець тую самую прычыну. Узгадаем у храналагічным парадку некаторыя факты.
28 студзеня 1937 г. “Правда” друкуе “парадный” партрэт М. Яжова з нагоды прысваеньня яму званьня камісара дзяржаўнай бясьпекі. Гэта была пэўная ўзнагарода і адзнака “ретивости” наркама ўнутраных справаў у раскручваньні і давядзеньні да суда гучнай справы – дзейнасьці так званага “антысавецкага паралельнага трацкісцкага цэнтра”. Яго ўдзельнікі, а ў склад іх уваходзілі і прадстаўнікі палітычнай эліты Сакольнікаў, Пятакоў, Серабракоў і інш., і адказныя працаўнікі наркаматаў, і гаспадарнікі з правінцый, абвінавачваліся “в измене Родине, шпионаже, диверсиях и подготовке террористических актов”.
30 студзеня ў Маскве адбыўся паказальны сход пісьменьнікаў сталіцы (у прэзідыуме знаходзіўся і У. Стаўскі), прысьвечаны гэтаму судоваму працэсу. Сярод галоўных абвінавачаных быў і добра вядомы ў пісьменьніцкіх колах партыйны дзеяч і журналіст Карл Радэк, асоба якога, між іншым, не выклікае сімпатыяў. У 1927 г., як актыўнага прыхільніка Троцкага, Радэка выключылі з партыі, а потым і асудзілі. Але пасьля вяртаньня з высылкі ў 1929 г. ён публічна адрокся ад “трацкістаў” і пачаў іх настойліва ганьбіць у друку. У 1934 г. напісаў пра Сталіна так: “К сжатой, спокойной, как утес, фигуре нашего вождя шли волны любви и доверия, шли волны уверенности, что там, на Мавзолее Ленина, собрался штаб будущей победоносной мировой революции”4. А на судзе Радэк актыўна сьведчыў супраць сваіх “саўдзельнікаў” па справе. Мажліва, таму і атрымаў 10 гадоў зьняволеньня, хаця большую частку астатніх абвінавачаных расстралялі. Падобны сход прайшоў і ў Ленінградзе. А ўжо першага лютага “Литературная газета” красавалася “беспощадными” артыкуламі1 і вершамі (у тым ліку і Ісакоўскага2), “обличающими” Радэка і іншых “здраднікаў”.
23 лютага ў Маскве пачынае працаваць лютаўска-сакавіцкі пленум ЦК УКП(б). “За несколько месяцев, – злавесна прамовіў з трыбуны Яжоў, – не помню случая, чтобы кто-нибудь из хозяйственников и руководителей наркомата по своей инициативе позвонил бы и сказал: “Товарищ Ежов, что-то мне подозрителен такой-то человек, что-то там неблагополучно, займитесь этим человеком”. Таких фактов не было. Чаще всего, когда ставишь вопрос об аресте вредителя, троцкиста, некоторые товарищи, наоборот, пытаются защищать этих людей”3.
У рэзалюцыі пленуму адзначалася: “Продолжить и завершить реорганизацию аппарата Наркомвнудела, в особенности аппарата Главного управления госу­дарственной безопасности, сделав его подлинно боевым органом, способным обеспечить возложенные на него партией и советским правительством задачи по обеспечению государственной и общественной безопасности в нашей стране”4.
26 сакавіка 1937 г. “ЛіМ” друкуе перадавіцу “Пад агонь бальшавіцкай крытыкі ўсю работу Саюза Савецкіх пісьменьнікаў”, а таксама справаздачу аб выступленьні на сходзе пісьменьнікаў БССР А. Александровіча. Некалькі тэзаў з яго прамовы: “Жылуновіч – гэта закончаны, закляты вораг беларускага народу”, “Зарэцкі пад шыльдай буржуазнай рамантыкі працягваў тыя ж ідэі, што і Жылуновіч”, “нацыянал-фашыст Дудар”5.
Пачатак 1937-га – гэта пачатак вар’яцкай чэкісцкай эйфарыі ў першай краіне Саветаў. У эпіцэнтры аператыўнага інтарэсу энкавэдыстаў, падсілкаванага хвара­вітай маніяй выкрывальніцтва, апынуліся ўсе грамадзяне, незалежна ад займанага становішча і пасады. І для вядомага, зрэшты, як і для шараговага, дзеяча культуры, каб ня проста ня выйсьці з кола “признанных”, а каб і выжыць, і ацалець, зрабілася важным ня толькі стварыць у адпаведнасьці з “прынцыпамі сацыялістычнага рэалізму” і “партыйнасьці”, а яшчэ і дапамагаць “подлинно боевому органу” партыі выкрываць “контрреволюционеров”, “вредителей”, “троцкистов”. А інакш – ты сам такі. І ня выратуюць цябе твае хвалебныя оды сацыялістычнаму ладу, якія спадабаліся самому т. Сталіну. Радэк таксама пісаў і яшчэ як... І Міхаіл Ісакоўскі тое добра зразумеў, і, відаць, быў яму ў гэтым добрым падказчыкам... страх, мажліва, яшчэ і прасякнуты верай у партыю Леніна-Сталіна. Пагроза ўласнай бясьпекі (у багатага таленту заўсёды знойдуцца зайздросьнікі), пагроза ўсё страціць за лічаныя хвіліны і ператварыцца ў вязьня-дахадзягу на лесапавале пачала даволі яскрава вымалёўвацца якраз праз прызму паказальных працэсаў, якім даў зялёнае сьвятло лютаўска-сакавіцкі пленум ЦК.