Алёна Шарэпа-Лапіцкая:
чалавек на вятрах гісторыі
Ёй 92 гады.
Як многа давялося перажыць!
Калі просіш яе расказаць пра жыцьцё, яна кажа: “Гэта сумны аповед!”
Калі ёй было дзевяць, пасьля серыі найцяжэйшых хваробаў яна страціла слых. Прыйшлося пакінуць заняткі музыкай, і скрыпка, якую купіў для дзяўчынкі бацька, – назаўжды легла на паліцу.
Калі ёй было дзесяць год, памёр яе любімы шасьцігадовы брат Ігар – фатаграфія хлопчыка-анёлка на сьмяротным ложы і зараз у яе кватэры.
Калі ёй было трыццаць тры, Саветы за арганізацыю групы моладзевага супраціву расстралялі яе брата Расьціслава, якому тады было дваццаць два...
Некалькі гадоў таму яна амаль страціла зрок – засталося толькі два адсоткі...
Яна паходзіць са шляхты, і гэта адчуваецца ва ўсім. Яна беларуска, і гэта таксама адчуваецца ва ўсім.
На мінулым Дні нараджэньня спадарыні Алёны я мела гонар прысутнічаць. Вось адчыніліся дзьверы, і яна зьявілася ў гасьцёўні. Ва ўсім белым: белая карунковая кофтачка, белая гафраваная спадніца, туфлі на абцасіках. І на крысе накінутага на плечы выштукаванага жакета – бел-чырвона-белы значак! Не згаворваючыся, госьці заапладзіравалі.
За сьвяточным сталом яна шмат расказвала: пра родную вёску Касута, што на Вілейшчыне, пра дзяцінства, пра цяжкую працу, якую мусіла выконваць, пра тое, як у бацькі скралі каня... Пра тое, як ужо сталай жанчынай штогод езьдзіла ў Ялту, каб парадкаваць магілу Максіма Багдановіча. Чытала свае вершы. Брат Алег, які таксама адседзеў 10 год за ўдзел у Саюзе беларускай моладзі ў горадзе Ліда, расказваў сястры, што адзін з яе вершаў, “Першая коньніца”, стаў народнай песьняй, якую вязьні сьпявалі ў турме...
Спадарыня Алёна ўражвае сваёй сілай – у такім паважным веку яна жыве самастойна і самадастаткова. А яшчэ – жаночай чароўнасьцю. За сталом мы абмяркоўвалі і сучасныя праблемы: канфлікт з Расеяй, паводзіны цяперашніх беларускіх уладаў. Гаспадыня іх не адабрала: самі ўлады заключалі ў свой час хаўрус з Расеяй і цяпер расплачваюцца за недальнабачнасьць. “Я думаю, што будзе яшчэ горш, – сказала спадарыня Алёна. – Хутка дойдзе зноў да картак на тавары.” – “Чаму вы робіце такую выснову?” – не зразумелі госці. – “Я вось хацела купіць сабе футра на плечы – дык у краме няма!” – быў адказ, і я ледзь стрымалася, каб не заапладзіраваць зноў. Футравая гаржэтка, якую жанчына хоча купіць сабе – ці ж гэта ня сімвал нязломнай сілы жыцьця і жаноцкасьці?
Вершы спадарыні Алёны, як і яе карціны, падаюцца мне праяўленьнем вечнага імкненьня чалавека да прыгажосьці. Імкненьнем выказаць сябе сьвету. Яны – вынік натуральнай беларускасьці адоранай натуры аўтаркі. Гэта водгукі яе душы і на бязьмерную прыгажосьць сьвету, і на яго бязьмерную несправядлівасьць. Напісаныя ў розныя гады, сёньняшняму чытачу яны будуць цікавыя як сьведчаньні аб чалавеку на вятрах гісторыі.
Наталка Бабіна.
Алёна Шарэпа-Лапіцкая
Вясьнянка
Зелянелі лугі, зелянелі палі,
Йшла Алёнка з вядром ад крыніцы.
Падышоў к ёй Андрэй – ўладар сініх вачэй –
Папрасіў вады крыху напіцца.
– Дзякуй! – кажа Андрэй. – Цяпер значна лягчэй,
Ты вадою мне прагу спыніла!
Толькі, дзеўка, скажы мне ад чыстай душы:
Што ты ў кубак з пітвом палажыла?
Ці было калі? Я гару як ў агні...
Ты мяне напаіла, знаць, трункам!
Дык яго зноў вазьмі і са мной падзялі –
Хай ён счэзьне ў адным пацалунку.
Тут Андрэй агарнуў, да сябе прытуліў,
Нібы лілею постаць дзявочую...
Вецер песьні сьпяваў, цьвет чаромхі сарваў
Ды пялёсткамі сыпаў у вочы...
1944 год, вясна
* * *
Сады заквітнелі чаромхавай бельлю,
А ў небе – празрыстая сінь, –
Скажы мне, чаму Твае вочы таемна
З тугою глядзяць ў далячынь?
Скажы мне, чаму пазіраеш маўкліва
На той палымяны Усход
І думкі Твае, нібы птушкі у вырай,
Ляцяць нестрымана ўпярод?
Навошта смуціцца? Навокал прыгожы,
Цудоўна расквечаны май...
Тугою расстаньня, тугою каханьня
Ты сэрца сваё не кранай!..
1951 г
Мухамор
На мху зялёным сярод лесу
Алелі лужыны крыві:
Там пад скалы крутым адвесам
Хлапцы загінулі ў баі.
На зеляніне тэй панурай
Чырвоны пышны вырас Грыб.
Пад капялюшам грозным, хмурым
Ён прагна да крыві прыліп.
Паважны, зыркі, накрапляны
У пяцікутнік белых зор,
Упіўся ў ймшыстыя дзірваны
Крывавы, сквапны Мухамор.
Праз ноч да самае заранкі
Грымеў Пярун над шчытам гор,
Агнём прарэзьлівым Маланкі
Іскрылі трутны Мухамор.
І Лес гудзеў несамавіта,
Ўзьнімаў пагрознай сілы скрып:
Нашто людской крывёй наліты
У нас такі разросься Грыб?
А Грыб ўзрастаў у кожнай хвілі
І кроў смактаў праз дзірваны.
Аж у канцы яго разьбілі
Ушчэнт грымотна Перуны.
1951 год, чэрвень
Сасонка
Ой, тонка Сасонка ў нашым бары,
Штовечар гамоніць яна да зары,
З бярозамі шэпчацца, песьні пяе
І ціха калышацца ночкай у сьне.
Сасонка згадае, што ў думках тваіх –
Ці радасьць, ці гора няшчасьцяў ліхіх
І ўся ўстрапянецца галінкамі ўміг,
Каб смутак трывожны ў сэрцы заціх...
Ой, тонка Сасонка, што ў бары,
Я буду дзівіцца на Цябе да зары,
Бо такой прыгажуні харошай прывет
Не знайду анідзе на ўвесь белы сьвет.
1967 год.