12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Якуб Лапатка

_____________________
Вяртанкі,
або Народныя мудрасці А. Усюкоўскага

Роздум першы

Усё тое, што я прапаную шаноўным маім чытачам – такое вядомае і адначасова такое новае, што патрабуе некаторых тлумачэнняў. Не падумайце, што я, падобна да іншых пісакаў, лічу сваіх чытачоў поўнымі недарэкамі, якія зжуюць любую лухту. Проста любая новая справа вымагае доказаў і тлумачэнняў. Зараз усе ведаюць і законы Ньютана, і Ома, і Лавуазье, і яшчэ шмат якіх законаў, за выключэннем крымінальнага кодэксу і правілаў дарожнага руху. З уласцівай мне пільнасцю я заўважыў, што знаёмства з крымінальнымі законамі чэсныя людзі пазбягаюць, а нячэсныя і ведаць іх не хочуць. Правілы дарожнага руху не хоча ведаць ніхто. Аднак, усе законы, перш чым зрабіцца агульнавядомымі, старанна абгрунтоўваліся. Так і я хачу абгрунтаваць і патлумачыць.
Найперш некалькі словаў пра сябе. Не дзеля славы, а дзеля таго, каб вам было лягчэй зразумець і прыняць мяне. Я чалавек і таленавіты, і сціплы. А таленавітыя людзі, як вядома, таленавітыя ва ўсім. І сапраўды: спевакі, артысты, мастакі, пакінуўшы свае асноўныя заняткі, куляюцца ў цырку, фігурна катаюцца, ставяць нейкія рэкорды ў розных гульнях, спаборніцтвах ды скандалах. (Праўда, гледачы ад таго не шмат страцілі, не паслухаўшы сіпатыя галасы пад аглушальныя дэцыбелы, якія яны называюць геніяльнай, а на самой справе, прабачце, гэта музыка генітальная.) Сціпласць мая заключаецца ў тым, што я не буду стамляць вас пералікам усіх сваіх талентаў, іх вельмі шмат. Я спынюся толькі на тым, што прапаную вашай увазе. Я чалавек граматны і пісьменны. Розніца тут такая: граматны чалавек умее толькі чытаць. А я ўмею яшчэ і пісаць. Што я напісаў – вы зможаце ацаніць самі. Спачатку і я толькі чытаў. Чытаў усё спадраду: Маякоўскага, Купалу, Шаўчэнку, Вітмэна, гэтую іспанскую Лорку, і нямецкую Гейню, і ўсё ў арыгіналах: па-беларуску і па-руску. Чытаў я і Быкава, і Хемінгуэя, і яшчэ шмат чаго, пакуль не наткнуўся на японскія хокі ды танкі. Спачатку яны здаліся мне поўнай лухтой. І зразумець захаплення эстэтаў я не змог. Але я нездарма лічуся таленавітым чалавекам: я змеціў тое, чаго не заўважыў ніхто з аматараў, крытыкаў ды знаўцаў. Хокі ды танкі – гэта геніяльныя і ўніверсальныя рэчы. Захацеў я давесці суседу, што ён безнадзейны дурань – чытаю адпаведную танку. А ў адказ на ягонае сакраментальнае пытанне: “Ты мяне паважаеш?” – чытаю тую ж танку. І ўсё хакей, і мір, і спакой, і задавальненне, і захапленне маёй эрудыцыяй. І я зразумеў, што гэта маё! І вырашыў я стаць першым беларускім танкістам. (Спадзяюся, вы самі разумееце, што я не той танкіст, які разам з усім беларускім народам пад камандваннем Вярхоўнага кінецца пад натаўскія танкі? Тут гамонка пра іншыя танкі – літаратурныя.) Але потым выявілася, што не ўсё так проста. Аказваецца, што японец кайфуе, калі чытае і бачыць прыгожа напісаныя іерогліфы, слухае гучанне гэтых вершаў і асэнсоўвае іх, спалучаючы ўсё гэта ў трыадзінае ўспрыманне. Я нават уявіць пабаяўся, як я маляваў бы іерогліфы перад слухачамі, якатаў па-японску, а потым сваімі словамі тлумачыў сэнс усяго таго шаманскага дзейства. І прыйшоў я да высновы, што ўсе захапленні-вохі розных эстэтаў – чыстая лухта, каб не сказаць мацней. “Грунтоўная філасофія”, “энергетыка слова”, “чароўная эстэтыка”, “энергія радка”, “глыбінны сэнс” – гэта дымавая заслона пустабрэхаў, бо вельмі цяжка здагадацца, які там глыбінны сэнс знаходзіць такі во эстэт, гледзячы баран-баранам на японскія іерогліфы і перакладаючы іх на беларускую мову. Ну памяркуйце самі:

Окуяма-ні У глыбіні ў гарах
момідзі фумівакэ топча ліст кляновы чырвоны
наку-сіка-но стогнучы алень
коэ кіку токі дзо чую плач ягоны ўва мне
акі-ва канасікі уся маркота восені

Ну, як вам чароўныя гукі? Вы пакуль пашукайце тут глыбінны сэнс ды радуйцеся, што не змог я намаляваць вам яшчэ іерогліфы, а я абгрунтоўваю далей.
І кінуўся я ўроздум. Хоку, танка, міцубісі, шаолінь, інь-ян, хо шы мін... Стоп! Гэта ўжо з іншай оперы! Хаця чаму з іншай? Усё з той жа: гэта не наша, не сваё. Як бы старанна ты не падлічваў склады ў хоку (5-7-5), ці ў танках (5-7-5-7-7), як бы ты не арыентаваўся на фэншуй (амаль брыдкае слова, праўда?), ты не зробішся ні японцам, ні кітайцам. Японец ніколі не будзе ні еўрапейцам, ні амерыканцам, кітаец застанецца кітайцам, дзе б ён ні жыў – у Бяздзедавічах ці на Вогненнай Зямлі. Тое, што ты напішаш пад японца Сарумару, пад старшыню Мао, ці пад дзядзечку Хо, ні ў якім разе не будзе ні японскім хоку, ні кітайскім цюй, ні в’етнамскім нгэм. Ты можаш святкаваць год тыгра, малпы, ці яшчэ якой пачвары, лічыць сябе Рудым Пацуком або Вогненным Япруком па ўсходніх цыклах, аднак, ты не станеш ні японцам, ні кітайцам, ні в’етнамцам. І сваім ты для іх ніколі не будзеш. Будзеш ты боўтацца, як тая кветачка ў пролубцы і не болей таго, бо свайго ў цябе не будзе. А кім жа ты будзеш? А нікім. Хто выракаецца свайго, той чужога не набудзе – не дадуць. І ўзяўся я за беларускую паэзію. Аднак родная літаратура расчаравала мяне. Пісаць так, як Колас, Някляеў, ці Сокалаў-Воюш я не навучыўся – занудная справа шукаць рыфмы да кожнага слова. Болей даспадобы мне прыйшліся версэты. Аднак, айцом-заснавальнікам версэтаў ужо быў Алесь Разанаў. Ягоную традыцыю працягнуў Ул. Арлоў, нават атрымаў нейкую прэмію за свае версэты. Я іх не чытаў, але цалкам падтрымліваю розныя камітэты, якія прысуджаюць ім прэміі. І мне захацелася таксама стаць айцом-заснавальнікам і атрымліваць прэміі і прызы.
Я ўспомніў сваё шчаслівае дзяцінства, калі я быў маладым юннатам – юным натуралістам. Мы, юныя мічурынцы, вучылі пра перакрыжаванае апыленне, чыталі пра поспехі савецкіх вучоных аграномаў, якія вырошчвалі журавіны на яліне, яблыкі на асіне ды шмат чаго іншага. І вырашыў я тады скрыжаваць версэты з танкам. І, уявіце сабе! – атрымалася выдатна: версэты+танкі=вяртанкі! Мае вяртанкі – жанр універсальны. Хто хоча, хай палічыць склады і лічыць іх танкамі, хто не хоча – хай не лічыць, а лічыць іх проста версэтамі ці верлібрам! Хай сабе чытае іх як хайкуіст або танкіст ці версэтнік-верлібрыст – каму што болей падыходзіць. Да таго ж, у адрозненне ад танкаў і версэтаў, пры чытанні маіх вяртанкаў не трэба напружана шукаць нейкі “глыбінны сэнс”, яго там няма. Не трэба дарэмна траціць сілы і розум – сэнс там ляжыць на паверхні вяртанкаў, што, аднак, не азначае іхнюю павярхоўнасць. Гэта вяртанкі да нашага, адвечна беларускага, бо я вырашыў вярнуцца да старога спосабу вылічэння, як гэта рабілі нашыя дзяды і прадзеды: узяў за адзінку вылічэння тузін. Ад таго жанр набыў арганічную злітнасць беларускага тузіна з рознымі ўсходнімі – і японскімі ў тым ліку – тузінамі цыклаў летазлічэння. (Ну, самі ведаеце там пра Зялёнага Сабаку, Сівую Кабылу, Сінюю Малпу і г. д.) Я запланаваў напісаць 144 вяртанкі, каб атрымаўся адзін тузінагадовы цыкл. А потым я напішу 12 разоў па 144 і гэта будзе ўжо цэлая эра. Праўда, давядзецца доўга чакаць, але ж гэта ўсяляе вялікі аптымізм і ў мяне, і ў чытачоў, бо дае надзею на доўгае жыццё. У гэтым яшчэ адна вартасць маіх вяртанкаў. Апрача таго, чытаючы мае вяртанкі, не трэба тлуміць галаву рознымі коскамі ды працяжнікамі. Стаўце іх дзе хочаце. Іншыя вартасці раскрыюцца ў працэсе. Я і сам яшчэ не ведаю іх усіх. Патрабуецца ўважлівая даследчая праца.
Неяк адзін версэтны хлопец пасля майго выступу захацеў працягнуць дыскусію кантактным спосабам. Яму не спадабалася слова лухта ў адносінах “глыбіннага сэнсу” ягоных вершаў і мае скептычныя выказванні на адрас аб’яднання апазіцыі. А я чалавек і бесканфліктны, так бы мовіць, без амбіцыяў і кантрыбуцыяў, простага выхавання. І як вы маглі заўважыць, я сціплы чалавек, але не дапускаю, каб мой арганізм груба мацалі розныя дылетанты. Аднак ад дыскусій нават такога роду я ніколі не ўхіляўся. У выніку версаплётнік пакульгаў у больніцу ды ў суд, але суддзя быў чалавек справядлівы і прысудзіў таму гарачаму паэтычнаму хлопцу штраф за дэбош у грамадскім месцы, а не за апазіцыйнасць, як казалі некаторыя, мяне ж адпусціў з Богам, толькі крыху пажурыў за невялікае перавышэнне ступені неабходнай абароны. Магу даслаць сваю выяву для публікацыі – якая ж слава без партрэта? Можа хто мяне пазнае на вуліцы. А калі высветліцца рознасць падыходаў ды эстэтычных поглядаў – хай не крыўдуе. Самі разумееце, літаратура – справа сур’ёзная, мы тут не ў жартачкі гуляем.

Вяртанка першая

1. Мы ў дзяцінстве чыталі
народныя іхнія казкі
тaм жыла Кікімора
але ж казка з намёкам хлусня
бо Кікімора там верхаводзіла.

2. Ён быў спрытны і п’яны
гаваркі і прыязны
і я лічыў яго сябрам
але гэта быў Друх.

3. Кулялі і білі яго бо гэта быў блазен
руды і вусаты нязграбны
і рагатала шалёна ўся зала
толькі хлопчык маленькі
ўплач захліпаўся
ён не ведаў яшчэ
што трэба смяяцца.

4. Гэта быў вельмі старанны
Творца Нябесны
пяцігадовы
паслухмяна струменілі рэкі
ў яго з-пад рыдлёўкі
вырасталі запруды і горы
а потым ён захацеў палятаць
ды не адмяніў законаў Ньютона
калі са страхі ўніз кідаўся
аднак нічога не адбылося
ён трапіў на воз поўны сена
таму што туды і цаляўся
бо гэта быў Творца разумны
і рэаліст у дадатак.

5. Свяціла смяялася сонца
светла смяяліся дзеці
скакалі па лужынах цёплых
весялілася звонка вясёлка
поўніўся радасцю свет
пад светлым дожджыкам цёплым
а дожджык плакаў штомоцы
таму што быў ён сляпы!

6. Кухара выгналі з працы
зусім не таму
што вуголлем
лякуецца страўнік.

7. Бялюткае поле квітнела
незлічонасцю бліскаў зіхцяных
але ратавалі заўсёды яго
ад рознай такой прыгажосці
чорныя акуляры.

8. Смяяліся
ўсім было смешна
слёзы каціліся шротам
і неўпрыкмет
рабілася смешнае
плачным.

9. Яна цалавала Яго
і сэрца магло разарвацца
ад такой бязлітаснай радасці
ды неяк застаўся жывы
шчаслівы глядач ля экрана.

10. Калі яшчэ кропля праточыць
тоўшчу нязрушных каменняў
мы прасвідруем хутчэй
і паспяшаліся
абвесціць сябе разумней
за малую тую расінку.

11. Хто лічыць мудрым сябе
дык і сапраўды для сябе
вельмі мудры
астатнія хай дарэмна
яму не надта мудруюць.

12. Чалавек чалавеку
дзяўбун па свядомасці
а птушка завецца дзяцел
вось так нізавошта.

Мая народная мудрасць:

Як ні хайкай, ні мардуйся,
А ў японцы лепш не суйся!

Чарговы або другі роздум

Я стары вандроўнік. Дзе я толькі не быў. Не быў я ў Нью-Ёрку, у Буэнас Айрэсе, у Бабынічах ды Бялынічах. І шмат яшчэ дзе не быў. Таму я магу распавесці шмат чаго цікавага. Той, хто там быў, практычна не бачыў нічога. Што такое быў? Прыехаў чалавек куды-небудзь, а яму дзяўбе пастух-экскурсавод (гідка мне пісаць слова “гід”): “Паглядзіце налева, паглядзіце направа! Там жыў граф Ікс, а гэтую спаруду згрувасціў архітэктар Ігрэк”, і гэтак далей да канца лацінскага алфавіта. Прычым, усе гэтыя імёны ды назвы вандроўнік тут жа забывае. А калі дома пахваляецца, што быў там і быў там, дык пакутліва ўспамінае, дзе ж ён быў, і што яму паказалі ды назвалі. А таму складваецца ўражанне нечага вялізнага, цяжкім каменем яно цісне на ледзь працверазелую пасля вандроўкі галаву і выціскае адтуль усё сваё, пакідаючы толькі выснову: “А во ў іх там!!!” А што ў іх там? Затое ў нас нічога! У іх там замкі ў даліне Луары (я і там не быў!), а ў нас што? А ў нас.... І пачынае грызці чалавека хвароба на правінцыйнасць! У іх там пальмы ды экзотыка. І не дапінае ў самаедстве сваім чалавек, што для неграў ці лацінцаў, ці нават грэкаў з італьянцамі Беларусь і ёсць самая што ні ёсць разэкзотыка. Ну дзе можа негр у сваёй Афрыцы ці ў цывілізаванай Еўропе, куды перасялілася амаль уся Афрыка, пабачыць пастуха з пугай, дзядзьку за плугам на бульбяным полі, ці наогул народ, які адмаўляецца ад сваёй мовы і гісторыі? Няма на свеце такіх народаў, а ў нас во ёсць! І Браслаўскіх азёраў нідзе няма. Кажуць у фінаў таксама шмат азёраў, дык да іх і едзе ўся Еўропа па экзотыку. Затое фіны – народ нецікавы. Яны не адмаўляюцца ад сваёй мовы, яны не лічаць, што на свеце ёсць толькі дзве вялікія мовы: руская ды ангельская. У Францыі, дзе я ў чарговы раз не быў, таксама не лічаць за вялікія мовы ні рускую, ні англійскую. Мовы як мовы, але свая ад усіх лепей. Аднак давайце вернемся да хворага на правінцыйнасць беларуса. Каб пазбавіцца ад такой дэбіль­на-дэпрэсіўнай скрухі, беларус, плюнуўшы на ўсё сваё, пачынае шукаць нешта метафізічнае, трасцэдэнтальнае, паранармальнае, карацей, пачынае займацца глупствам. Першым чынам ён высвятляе, хто ён па Усходняму календару. Нездарма таварыш Сухаў казаў, што Усход – рэч тонкая. Уся бяда ў тым, што для неафіта Ўсход – гэта нейкая абстрактная ці то маса, ці то тэрыторыя, ці то натоўп у цюрбанах ды ў нейкіх мужчынскіх сукенках. А насамрэч там шмат людзей, шмат веравызнанняў, шмат календароў і гараскопаў. Аднак пытанне вырашаецца з вялікай прастатой і непасрэднасцю: бярэцца кніжка, напісаная для вось такой дурной сітуацыі, і там высвятляецца, што ён (дэпрэсіўны грамадзянін сусвету) нейкая жывёла. Можа Чырвоны Пацук, можа Зялёная Малпа, ці ліха там ведае хто. Затым высвятляецца, у чыім годзе ён нарадзіўся: можа Быка, можа Тыгра, можа той жа Малпы і г. д. (Хаця, дзе вы бачылі тыграў, малпаў ды леапардаў у беларускіх лясах? І якое дачыненне гэтыя звярыныя гады маюць да нас, беларусаў?) І пачынае чалавеча жыць па “Усходняму календару”. Пралазлівыя экстрасэнсы, члены ўсялякіх таемных Астральных Акадэміяў, Вышэйшых Колаў Зорных Чарадзеяў, розных там таемна пасвечаных, хто сёмых, хто дванаццатых ступеняў (якая нячыстая іх туды пасвячала і прымала ў тыя члены – застаецца таямніцай) напісалі масу кніжак пра Шамбалу, Туле, астральныя, эзатэрычныя ды іншыя няўцямна-масонскія рэчы. І пра нейкі агульнаўсходні каляндар у тым ліку. А іх на Усходзе процьма: кітайскі, японскі, карэйскі, в’етнамскі, арабскі, яўрэйскі і яшчэ мноства незлічонае. І незлічонае мноства людзей пры вострай глуздовай нястачы клюе на гэткую лухту. А экстрасэнсы стараюцца. Пачытайце аб’явы: адзін наводзіць сурок, другі яго адводзіць, трэці лечыць усё, што пад руку трапіцца, а хто і зусім пераносіцца ў астрал. І пруцца людзі, і грошы нясуць, і лічаць сябе ўжо немаведама кім. Бывае, што й буйна глуздзеюць людзі. Але такіх вылечваюць. А вось вылечыць ціхіх, упэўненых, што беларусы – цёмная правінцыйная нацыя, што ўсе навокал лепш за нас – гэта цяжэй. І што тут можна параіць? Я ж не народны лекар Светлай Чакры Сёмага Кола Эзатэрычнага Астралу. Праўда, я цвёрда ведаю, што ні кітайцы, ні в’етнамцы, ні афрыканскія дагоны, ні рускія нават, ні тым болей палякі за свайго такога хвеншуіста не возьмуць. Дзеля тэрапіі параю прачытаць маі вяртанкі, пашукаць, калі няма чаго рабіць, “глыбінны сэнс” і паглядзець маю чарговую народную мудрасць у канцы гэтай вяртанкі. Можа, калі дасць Бог, і палягчэе.


Вяртанка другая

13. Цягнік стаяў
і бегла да яго дзяўчына
а дождж ішоў спакойна
ды бясконца падаў
хоць не спатыкаўся.

14. Удалы шлюб
на ўсё жыццё
і першае каханне
глыбокія на сэрцы раны
нязбыўныя за ўсё жыццё.

15. Празрыстае танюткае
шкло ваконнае
засланяе нам
цэлы сусвет
і абараняе яго.

16. Чаравічкі
даўно згубіліся
а прынц
усё не прыходзіць
так можа
і спазніцца
у жаніхі.

17. Шматлікія такія
розныя кнігі
напісаны
аднымі і тымі ж
літарамі.

18. Бялізна сохне
ў спёку й сьцюжу
ды толькі ад марозу
ламаецца на кавалкі.

19. Сказаць разумна
не так ужо і цяжка
куды цяжэй
разумна зразумець.

20. На дне
пад празрыстаю
тоўшчай
свеціцца белы
каменьчык
а навошта ён мне?

21. Вялізную
разумную кнігу
часам лягчэй
напісаць
чым прачытаць.

22. Напалову
пустая бутэлька
можа быць
напалову
поўнай
дзве розныя праўды
яднае адно
НАПАЛОВУ.

23. Мы рознымі
ходзім шляхамі
у розных па зямлі
ідзем кірунках
а месца сустрэчы
змяніць немагчыма.

24. Коціцца
кола жыцця
паглынае
гады і гадзіны
каб яны
паглыналі жыццё.

Мая чарговая народная мудрасць:

Чым жаваць чужы хвен шуй,
Свой уласны раскаштуй!

Трэці роздум-адбрэх

Думаў напісаць што-небудзь узнёслае, дык не! Падмагнуў прыяцель, без мяне мяне ажаніў: змясціў недзе ў Інтэрнэце дзве першыя вяртанкі з роздумамі. А потым з садысцкай радасцю прыслаў мне каментары да маіх вяртанкаў. Як першаадкрывальнік, як айцец-заснавальнік я разлічваў на нешта падобнае. Усе перадавыя людзі пакутвалі ад цемрашалаў. Хаця б той жа Галілей. Але ніколі не думаў, што памяркоўныя мае землякі нагэтулькі агрэсіўныя і злосныя. Гэтак мяне чысціў толькі наш падпалкоўнік, калі я – скажам так – не паладзіў з флоцкім патрулём. Дык у ягоных “афарызмах” хоць гучала затоеная гордасць за свайго арла, які паказаў клёшнікам, што такое савецкі парашутыст. А тут гордасцю і не пахне. Прывяду толькі найболей “ласкавыя” тытулы і найменні, бо астатнія слабацэнзурныя. Аказваецца, я і невук, і нахабнік, і – даю на мове арыгінала – “убожество, своим зубоскальством, посягнувшее на святое...” Аказваецца, я сваім “убогім зубаскальствам” абразіў адразу і Рэрыха, і Мулдашава, і Блавацкую, карацей, увесь Тыбет з Шамбалай. Рэрыха я даўно ведаў. Добры мастак. Прыгожа маляваў. У мяне ёсць некалькі ягоных рэпрадукцый ужо не памятаю адкуль, здаецца з “Огонька”, а можа з “Советского искусства”. Ён жыў у Тыбеце і таксама шукаў Шамбалу. Адны кажуць, што знайшоў, другія, што не, бо быў агентам Чэка. Зараз усе славутыя людзі ад Герадота да Бін Ладэна сталі агентамі Чэка, ГПУ, НКВД, КГБ, ЦРУ, СД, Масада ды Інь-Ян. Пачытайце газеты і часопісы. Ну, быў, ці не быў, не мае значэння. Я Рэрыха ведаў. А вось невядомых мне Мулдашава з Блавацкай я, каюся, не меў на думцы абражаць. Тым болей не захацеў, калі пазнаёміўся з іхнімі жыццямі ды дзейнасцямі. Я ўдзячны сваім няветлівым апанентам, таму што без іхняй – хай сабе не надта канструктыўнай – крытыкі мне так і не давялося б пазнаёміцца з такімі выбітнымі людзьмі.
Эрнст Мулдашаў. Доктар навук, прафесар, кажуць, быў добрым афтальмолагам. Шмат гадоў шукае Шамбалу. Шамбала – гэта адзін з векавечных “пункцікаў” чалавецтва. Нешта накшталт вечнага рухавіка, філасофскага каменя ці іншапланетных прыхадняў. Пра вечны рухавік даўно вядома. Але дагэтуль знаходзяцца асобныя спонсары-аптымісты, якія даюць грошы апантаным вынаходцам.
З Шамбалой складаней. Яе шукалі ўсе, прычым не толькі саматугам, а на дзяржаўных узроўнях. Шукалі чэкісты і нацысты, шукалі каталікі і праваслаўныя, шукалі адэпты Буды і старшыні Мао, а цяпер шукае Мулдашаў. Але ён пагля­дзеў на праблему Шамбалы шырэй, чым ягоныя папярэднікі. Што там увесь час лазіць па Тыбету ды Гімалаях. Занятак не надта камфортны. Таму прафесар шукае “энергетычныя антэны Шамбалы”, дзе цяплей, як на востраве Паскі, ці на Урале і г. д. І публікуе завабныя кніжачкі на гэтую тэму. Шамбала – гэта выдатнае спалучэнне пошукаў філасофскага каменя, вечнага рухавіка і фінансавай піраміды. Усім добра вядома, што тысячу рублёў за адзін укладзены рубель ніхто табе не дасць. Але ж нясуць грошыкі, расчароўваюцца і зноў нясуць. Праўда, аўтараў піраміды могуць і пасадзіць. А вось Шамбалу можна шукаць вечна, і ніхто цябе не пасадзіць, а дадуць сёмую ступень пасвячэння, а то й дванаццатую ўва што-небудзь таямніча-астральнае! І не зацыклівацца на Тыбеце, а вандраваць па ўсім свеце. Як сказаў Швейк, заўсёды цікава паглядзець розныя чужыя краіны задарма. Я ў захапленні ад прафесара Мулдашава.
А вось Алена Блавацкая – гэта вышэйшы пілатаж! Так развесці ўсіх на стагоддзі! Куды там Марыі Дэві Хрыстос! Павел Глоба са сваімі няўдалымі прадказаннямі канцоў свету можа ціхенька стаяць у баку. Як і іншыя экстрасэнсы. Wunderbar und wunderschön! Сказаць болей няма нічога.
А Шамбалу не знайшоў ніхто, і Мулдашаў яе не знойдзе. Ён жа доктар навук, а значыць, чалавек разумны і разумее, што знойдзё ён гэтую Шамбалу – і што добрага? Алес капут! Фінансаваньне скончыцца і шукай ужо не Шамбалу, а новых спонсараў на новыя задумкі, а як іх знайсці? Не лягчэй, чым Шамбалу. А таму ён проста нікому не скажа, што знайшоў гэтую самую Шамбалу. Ён чарговы раз напіша пра “энергетычныя выхлапы ды ментальныя хвалі астралу”, на даследаванне якіх выдзярэ яшчэ грошай. І другая мая думка: а хто іх пусціць у Шамбалу? Ніхто з еўрапейцаў яе не знайшоў і не знойдзе. Чужыя па Шамбале не шлындаюць. Шамбала вам не прахадны двор. А таму ў яе нікога і не пусцяць, забяспечваючы адважных афтальмолагаў ды прайдзісветаў бясконцымі пошукамі. А спонсары-прыдуркі заўсёды знойдуцца. Шоў маст гоў он!
За экстрасэнсаў я атрымаў сваю порцыю “каштоўных указанняў”. Гэта я замахнуўся на “святое” са сваім дурным скептыцызмам. Аказваецца, болей карысных людзей на свеце не бывае. Адзін экстрасэнс вылечыў рак, другі злавіў злачынцу, трэці яшчэ нешта ўчыніў. Усіх вылечаць і ўсіх зловяць, толькі грошы нясі.
Адзін з каментатараў абвесціў мяне нават “аватарай зла і бодзісатвай чорнага сусвету”. Гэта і сапраўды абраза, на якую я пакрыўдзіўся. Я не надта лезу ў розныя ёгі ды дзэны, але па ўсім відаць, што мне шыюць супрацьнатуральныя вычварэнні... Я, як сапраўдны мужык, не магу быць аватарам і бодзі сатвам. Аватара – гэта нешта завумнае з Індыі (а што добрага можа быць адтуль апрача цыганоў ды чаю са смярдзючымі свечкамі?), і хто яна такая я так і не разабраўся, а бодзі сатва зразумелы намёк. Бодзі (body) ведае кожны трохі-трошкі адукаваны чалавек. І мяне крыўдзіць гэты намёк на нейкія нібыта цялесныя мае перакруты. Паўтараю, я нармальны мужчына, і ў мяне ёсць дзеці, унукі і амаль дзве вышэйшыя адукацыі. Я да пенсіі чэсна вырошчваў хлеб і сала ды чытаў розныя кнігі, але на жаль не так шмат, як мне хацелася. А зараз у мяне шмат часу, і не трэба мяне лаяць. “Ты невук, а ірвешся ў паэты і хочаш прэмій і славы” – так пісаў адзін з’едлівы каментатар. Так, я хачу славы і прэміяў, і зусім я не невук. Паўтары вышэйшыя адукацыі – гэта вам што? (педвучэльня ды Горацкая акадэмія). І што ж тут такога, што ірвуся? Нібыта ніхто з літаратараў гэтага не хоча. Як на прэзідэнцкіх выбарах апанент апаненту: “Ты, шалудзівы чалавек, ірвешся да ўлады!” А ён, значыць, харошы і ідзе на прэзідэнцкія выбары, каб стаць дырэктарам дзіцячай пясочніцы на грамадскіх пачатках? А я, апрача прэміяў ды славы, хачу, каб людзі зразумелі мяне і не забівалі сабе галоўкі розным глупствам. Каб не лезлі пішчом у шамбалы, аватары, хвеншуі ці ў “рускія людзі”. Каб не адчувалі сябе беларусы нейкім апендыксам да Расіі і Еўропы. Пачытайце мае вяртанкі і роздумы, гэта тэрапеўтычна. Пачытайце кнігі У. Арлова даверсэтнага ягонага перыяду, Кастуся Тарасава “Памяць пра легенды”, “Новую зямлю” Якуба Коласа, “Зямлю пад белымі крыламі” ды “Каласы пад сярпом тваім” У. Караткевіча. Можа тады і падумае­це, што не такія ўжо мы і сіроткі на гэтым свеце, што і на беларускай глебе вырастае шмат годнага ды вартага павагі. А галоўнае, чытайце мае вяртанкі ды мае ж народныя мудрасці.

Вяртанка трэцяя

25. Ён сустрэў яе нечакана
у нечаканым месцы
яна нечаканая
ішла яму насустрач
спартоўскай хадою
і нечакана павярнулася
дый пайшла прэч
гэткай самай прыгожай
хадою
тым нечаканасць
і скончылася
як і трэба было
чакаць.

26. Цяжка перажыць
непадзеленае каханне
хварэе некаханы чалавек
нялёгка перажыць
і ўраніцы
пахмелле
такія цяжкія
хваробы
але вылечваюцца
лёгка.

27. Рознаколерам
палае восень
дзівосная такая
прыгажосць
маркотай поўніць
наваколле.

28. У заапарку
былі бабуіны
а вось дзедуінаў
там не было
і нявесела
было бабуінам
людзі напісалі скаргу
а весялей не стала.

29. Белыя сцены гмаху
не мылі і не шкраблі
мо дваццаць гадоў
можа й болей
і ці белыя
тыя сцены цяпер
ніхто не можа
сказаць нам толкам.

30. Кулялася сонейка
з хмаркі на хмарку
гуляла з небам
у хованкі
а потым прыйшла
навальніца
і грозна
заплакалі хмары.

31. Ласкава ветрык
шаптаўся з дрэвам
ласкава лістоту
перабіраў
пакуль быў ласкавы...

32. Чорны човен
дзічом чарнеўся
на светлым
азёрным твары
і сядзелі там
браканьеры
а мы ўсё марым
пра белыя яхты.

33. На захадзе чырвонае
мроіва ўлетку
было на вецер
зімой на мароз
было так раней
а зараз
хто яго ведае.

34. Пакутуюць людзі
ад розных разліваў
бядуюць
а навошта там будавацца
дзе кожны год
бывае паводка.

35. Ён часта
гуляў у карты
у шахматы
і ў тэніс
і прайграваў заўсёды
таму што
увесь час
блытаў правілы.

36. Ад шасцёркі
да туза вялікая
адлегласць
а калі шасцёрка
казырная
навошта тады
неказырны туз.


Мая народная мудрасць:

У беларускім агародзе
ні банан, ні рыс не родзяць!

Роздум чацвёрты

Ну, во, зноў пра ваўкоў! Зноў я невук і лапаць. Абурэнне знаўцаў выклікае тое, што я, аказваецца, не так падзяліў унітазы на Парнасе. Аказваецца, Разанаў вынайшаў квантэмы, а Арлоў – версэты. А я пазбавіў яго права называцца айцом-заснавальнікам. Ну дык і што? Я не Міжнародная Асацыяцыя па Аўтарскіх Правах і не Нобелеўскі камітэт, якія дзеляць правы і прэміі. Я не дзялю нічога. І дысертацыяў не пішу. А хлопцы – Разанаў з Арловым – самі там паразумеюцца. І я не супраць, каб ім абодвум давалі ўсялякія – аж да Нобелеўскай – прэміі. Дый літаратуразнаўцаў ёсць цэлая зграя. Яны таксама разбяруцца, што да чаго і хто да каго. Галоўнае, каб яны ведалі, што і я айцец-заснавальнік, бо я вынайшаў вяртанкі. Нічым не горш і не меней “ізяшчна”, чым квантэмы, танкі ды версэты. І на чужую дзялянку я не лезу. Паэзія – вялікая краіна, і там знойдзецца месца ўсім. Парнас – іншая справа. Там месцы дзеляцца па-іншаму. Каго ўссадзяць крытыкі ды знаўцы, а хто і сам залезе. Я шкрабуся сам. А мяне розныя зласліўцы цягнуць за штаны ўніз. Дарэмна, хлопцы, стараецеся! Талент – ён і без штаноў талент. Дарэчы, амаль усім таленавітым людзям спачатку не хапае на добрыя штаны. А гламурнікі па-большасці мяркуюць аб талентах па іхніх штанах. Па сабе ведаю. Я ў першым роздуме пісаў, як паспрабаваў малады хлопчык кантактна падыскутаваць са мной, і што з таго атрымалася. А атрымалася добра. Мы з ім пайшлі пасля суда на разборку ў піўнуху. Цвёрда трымаўся юнак на бяседзе. Можа, не меней за мяне! Ён сказаў, што дарэмна “пакіпяціўся”, што я “нармальны піпл”. Асабліва таму, што ў судзе не “каціў на яго і не паліваў ды наогул не гнаў нічога”. І яшчэ ён распавёў, што мае так званыя сябры, якія запрасілі мяне на сваю “імпрэзу” (нейкае дзікунскае слова!) паціху падсмейваліся над маім гальштукам, над касцюмам ды вясковымі звычкамі. Болей я не езджу на іхнія “прэзентацыі”, “імпрэзы” ды “перформансы”. І болей іх не запрашаю да сябе ў свой пяцісценкавы дом, які яны абазвалі зноў жа дзікунскім словам “катэдж”. Часам толькі гэты хлочык прыедзе, сходзім на рыбу, пакалупаемся ў агародзе, пачытаем адзін аднаму свае геніяльныя версэты ды вяртанкі і ўзнімем чаркі са слязой за збычу мрой. Я недарэмна напісаў пра геніяльнасць сваіх твораў. Нармальная з’ява. Кожны літаратар лічыць геніем сябе, а ўсіх астатніх тытулуе другім словам, таксама на літару г... Ну, і добра! Там “г” і там “г”, во й разбірайся дзе якое г...! Бяда, калі разбірацца не хочуць. Бяда, калі абвяшчаюць, што на свеце ёсць толькі дзве вялікія мовы, што ўсе шэдэўры напісаныя, а мы павінны іх вывучаць і радасна захапляцца. Гэта, на мой погляд, нядобра. Гэта ставіць заслон перад развіццём. Гэта не дыялектычна. Успомніце, мы ж вывучалі дыялектычны матэрыялізм. Я лічу, што ўношу ўклад у прагрэс беларускай мовы і літаратуры. І нікога не лічу той самай субстанцыяй на літару “г”. Толькі адно не магу зразумець. Я амаль усё жыццё, за выключэннем арміі ды вучобы ў педвучэльні, ну, якіх там камсамольскіх камандзіровак на БАМ ды цаліну, правёў у вёсцы. І не хачу даваць веры, што мая вясковая гаворка горшая ад лонданскай, маскоўскай ці чукоцкай. Праўда, тыя ж мінчукі нешта пяюць мне пра няправільнасць маёй гаворкі, што на чыстай мове так не кажуць, гэтак не мовяць. А што такое чыстая мова? Дзе на ёй гавораць? Дзе яны свае са сваёй чыстай мовай? А я свой па ўсёй акрузе і па ўсёй Беларусі. Ды маладым гэта ніяк не давядзеш. Не ведаюць яны, што “не судзіце, і асуджанымі не будзеце”, (ад Мацея, 7:1) а судзяць так, нібыта ўжо схапілі Бога за... гм...м...м... бараду. А многія з іх прамаўляюць СНЕГ, СВЕТ, З’ЯВА замест СЬНЕХ, СЬВЕТ, ЗЬЯВА. Гаварыць трэба жывой гаворкай. Пісаць – іншая справа, тут трэба літаратурная мова. Я так і раблю.
Па сталым роздуме я прыйшоў да высновы, што на лаянку не трэба крыўдаваць. Гэта душэўная псіхатэрапія. Жыве чалавек, усё добра, і раптам пайшло ўсё наперакос: з начальствам пасварыўся, жонка неабгрунтавана за куфаль піва (хай сабе і за м...м...м.. два-тры) хрысціць алкашом, дзеці не хочуць вучыцца і ўсё такое падобнае. Гэта ў людзей сталага веку. У маладых жа наогул не жыццё – адна дэпрэсія. Сяброўка круціць хвастом перад лепшым сябрам, лепшы сябра заляцаецца да яе, не хачу вучыцца, а хачу жаніцца, жыццё заканчваецца, усё навокал счарнела. Адны ідуць па гарэлку і мардабойна тлумачаць жонкам і сяброўкам іхнія памылкі. Другія ідуць да камп’ютара, лезуць у сеціва – а там мае вяртанкі! І пачынаюць яны лаяць мае шэдэўры на чым свет стаіць. І робяць гэта з асалодай, ад душы. Асабліва людзям за нікамі падабаецца мацюкаць мяне асабіста, уяўляючы, што так распраўляюцца з пастылай жонкай ці вярціхвостай дзяўчынай, ці са здрадлівым сябрам. Жоўць зліваецца, дэпрэсія праходзіць, жыццё наладжваецца, запальваецца святло ў канцы тунэля. Во так адлаецца чалавек з-пад ніка, і сонца надзеі засвяцілася зноў. Агрэсія выплюхнута, злосць сціхае, нікога не трэба біць і абражаць. І здаецца чалавек сабе такім смелым, разумным ды ўсяведным, што самапавага ўскоквае на 1000 працэнтаў: “Во я яму даў! Гэтаму дурню неадукаванаму, лапцю калгаснаму! Даў яму зразумець, што такое сапраўды разумны чалавек!” У тым вялікая гаючая сіла маіх твораў. І агульначалавечая карысць: беларуская літаратура на сусветным узроўні, бо мяне ўжо мацюкалі з Амерыкі і Аўстраліі. Пра Польшчу ды Нямеччыну нават і не кажу. А карысць для Беларусі – гэта і так ясна. Геніяльныя творы – яны і на Беларусі геніяльныя, тым болей па-беларуску. Чытайце мае вяртанкі і лячыцеся ад дэпрэсіі і комплекса непаўнавартасці!

Вяртанка чацвёртая

37. Чаруе гульня
іскрыстых бліскаў
на вадзе
але не давярайся
такой няўлоўнай
гіпнатычнай
прыгажосці.

38. Агонь чаруе
вабіць як вада
і можна на яго
глядзець бясконца
так можна і жыццё
прагледзець
незаўважна.

39. Каб час
спыніць
ён патрушчыў
шкло і стрэлкі
а спыніўся
толькі гадзіннік
ды бягуць хвіліны
і гады ляцяць
без механізмаў
і календароў
на згубу чалавеку.

40. Ліхаманкавы
жар кахання
выпальвае сэрца
і розум
так рыхтуецца
глеба нянавісці
не меней
вынішчальнай.

41. Кіруюцца
у касцёлы
цэрквы людзі
у сінагогі
ды мячэці
у дацаны
і манастыры
за чым
шукаюць Бога
а Бог не можа
жыць у камяніцах
ён жыве
у чалавечым
сэрцы
толькі.

42. Лунаюць
круцяцца сняжынкі
а матылькі
так зграбна
і прыгожа
з кветкі на кветачку
пералятаюць
кароткі век
у такіх прыгажосцяў

43. Страсае
стомленая восень
апошнія лісты
з лясоў і хмызнякоў
усё цямней і халадней
і з кожным днём
усё бліжэй
наступнае лета.

44. Калі апануюць
змрочныя думкі
не думай пра
сцюжу ды маразы
пра няўдачы свае
ды могілкі
ўспомні як вецер
бяжыць па жыце
а калі не бачыў
такога ніколі
дык з’ездзі
у вёску
і паглядзі.

45. Ён апантаўся
думкаю
пра сэнс
жыцця
з грашыма
ці без грошай
і думкі мудрыя
плылі бясконца
затое потым
так балела
галава ўранні
і ласкавым
гаючым патокам
бруілася піва.

46. Нікому
не верце
свету канец
наступіць абавязкова
толькі
у кожнага ён свой
а часам і некалькі
разоў на тыдзень
прывыкайце.

47. Плакаў вучань
што не ўмее
скланяць дзеясловы
і мама плакала
яна таксама не ўмела
а плакаць было не варта
бо не скланяюцца
дзеясловы
а спрагаюцца.

48. Хто не ўмее чытаць
і пісаць
хай не бядуе
анікуды не знікне
напісанае глупства.

Мая народная мудрасць:

У жыцці бывае й так,
што не мудрэц ты, а мудрак.

Пяты роздум

Навучыцца ціскаць “клаву”, як кажуць бязвежавыя інтэрнэтчыкі, не значыць стаць разумнейшым за іншых.
Я таксама зараз маю Інтэрнэт і чытаю шмат чаго цікавага. Вось, напрыклад, нядаўна я адкрыў яшчэ адно паэтычнае земнаводнае – вершапрозу або на мове арыгінала – стихопрозу. Там ідзе такая паэзія ад сівой кабылы, што кліенты Навінак адпачываюць. Гэта на парадак вышэй – інстытут імя Сербскага! Хаця нічога тут дзіўнага. Гэта не верш і не проза, а так. Нешта накшталт мула: прыгожа і цягавіта, але ад скрыжавання аслоў з коньмі не бывае прыплоду. Гэта ўжо штосьці ад разумнага сабакі Мухтара: усё разумее, як чалавек, а сказаць не можа. І вось пачынае тады вычварацца хітраспляценнямі вершаў з прозай, аўтамабіля з пешаходам, паравоза з самалётам. І нічога апрача бяды з таго не бывае, пачытайце хроніку дарожных здарэнняў. І кідаецца чалавек у роспач: ніхто мяне не разумее! А ты спачатку зразумей ды абдумай, што ты бачыш і што ты сам хочаш. А калі ты замест зялёнага лужка малюеш бурыя плямы з чырвонымі кляксамі, дык і ты сабе! Але ж не абвяшчай гэта вышэйшай мастацкай мудрасцю сусвету, а сябе адзіным разумнікам сярод тупамозглых глуздакоў. Добра, калі такі геніяльны непаразуменец губіць толькі сябе, а калі яшчэ пачынае і іншых цягнуць за сабой, помсцячы urbi et orbi (гораду і свету)!? Калі чалавек пачынае сплятаць дзікаватыя і дзіўныя словы ў незразумелыя карункі, калі такі творца так глыбока хавае “глыбінны філасафічны сэнс”, што і метрабудаўцы з шахцёрамі не знойдуць, дык ён сабе. Гэта карысна. Пачытайце, паглядзіце, і вам стане лепш ад усведамлення таго, што вы самі яшчэ пры поўным розуме. А такім геніям я адкажу cваімі вяртанкамі ды сваёй народнай мудрасцю.

Вяртанка пятая

49. Пашкадуйма
малую кусачую
няшчасную жамяру
навокал жа
процьма
галодных птушак
увек ненажэрных.

50. Сумна бярэзіны
залацяцца
пранізліва
клёны палаюць
сівізна ўзросту
прыроды.

51. Лунае чалавек
на крылах успамінаў
нясе яго цёплая
хваля захаплення
і гонару за сябе
а кім жа яшчэ
захапляцца
калі ўспамінаюцца
такія прыемныя
хвілі жыцця.

52. Скала стаіць
заўсёдна й векавечна
а вы паглядзіце
праз тысячу год
не будзе там ужо
ні той скалы
ні камянёў магутных
а будзе гразкае
балота
загадка вечнасці
кругаварот прыроды.

53. Мёртвыя сраму
не імут
тым болей
не “імут” яго
і жывыя.

54. Не крыўдуйце
на рыбу за тое
што лічыць яна
чалавека закончаным
дурнем таму
што ён не жыве ў вадзе
і не трымайце яе
за дурніцу
вы ж самі хапаеце
прагна чужыя
прынады
разлічаныя
на рыбнае безмазгоўе
у чалавека.
55. Чужой бядзе
паспачуваць не цяжка
куды цяжэй
парадавацца
чужому шчасцю.

56. Не могуць між сабой
паразумецца людзі
бо яны паходзяць
ад розных малпаў
а не ад адной
трагічная для нас
памылка Дарвіна.

57. Той, хто апярэдзіў
свой час
на радасць сабе
і на дзіва астатнім
выпівае на поўніцу
чашу атрутнага
едкага зелля
ды позна лячыцца.

58. Кожны
усё жыццё
шукае сваю
прывіднае Эльдарада
вечнае шчасце
а шчасце згарае
імгненна
выбуховае рэчыва.

59. Што з таго
што нарвежцы
адкрылі Амерыку
і засялілі Грынланд
усё дасталося Калумбу
ды леднікам
з эскімосамі.

60. Свярбіць
у чалавечай душы
незагойнаю ранай
светлае
чужое
чалавечае шчасце
і робіцца свет
нямілым.

Мая народная мудрасць:

Ты за славаю ганіся,
ды глядзі не задыхніся.

Роздум шосты

Адзін інкогнітны тынэйджар у нарвежскім швэдары ды італьянскіх шузах ускочыў з фатэля і, экспрэсіўна размахваючы топнымі канцоўкамі, прадэкляраваў, што не можа акцэптаваць аксюмаронную ідэю папярэдняга аратара. У дэкламатыўным экстазе ён шпурнуў філіжанку з кавай на падлогу з каштоўным кілімам, а на галантную нататэнію мадэратара канферэнцыі загамавацца адказаў цэлай лавінай абсцэнтнай лексікі, памінаючы анатамічныя дэталі арганізма як чалавека, так і нейкай жывёлы ды выказваючы прапазіцыю ўсім прэзентным піплам прааліментавацца гэтымі анатамічнымі дэталямі ў перверзіўнай форме. Ён таптаў лісты прэзентаванай яму Энцыклапедыі і выказваў дырэктныя сэксуаль­ныя інтэнты на адрас аўтара і кантэнту ягонага твора. Затым веласідна выскачыў на гаўбец (пазней выявілася, што гэта ўсяго натэррэная тэраса), скочыў даўн па камплікатнай траекторыі і, круцячы нейкія незразумелыя, але з выгляду неэстэтычныя, хвігуры з локця і сярэдняга пальца, дыстанцыяваўся ў неэкалагічна глабальныя прасторы палеткаў, аграпісьменна і рэнтабельна засеяных эксклюзіўна канабісам. Пасля гэтага прыкрага інцындэнту імпрэза прыняла транкільны характар, і паспяхова кантынуявалася яшчэ некалькі тэмпаральныя юнітаў да наступлення астранамічнага салярнага іўнінгу.
Ну як? Уражвае? Гэта не сівая кабыла трызніць. Гэта я. Я ўласнаручна прыдумаў такі тэкст. Трымаючыся праўды, скажу, што гэта было не так і цяжка. Я проста начытаўся тэкстаў радыё “Свабода”, ягоных некаторых блогераў ды прыхільнікаў і паборнікаў “новай клясычнай правапісы”. А чаму, уласна блогераў, а не блёгэраў? Гэтага я не зразумеў, хаця зразумеў шмат чаго яшчэ. Зразумеў, што жыццё пражыў няправільна. Я памылкова пайшоў у першы клас, а не ў пэршую клясу, ніколі не хадзіў, як належыць сапраўднаму бэлярусу, у клюб, а цягаўся з дзяўчатамі ў нейкі паганы клуб. Я ніколі не чытаў газэтаў, я чытаў газеты. Карацей, жыў я не там і не так. Трэ было жыць у Эўропе, а я ўпарта жыў і жыву ў Еўропе. І даведаўся я, што няма на свеце горада Лондана, а ёсць Лёндан, няма Хельсінкаў, а ёсць Гэльсынкі. Праўда, ні англічане, ні фіны пра тое не ведаюць. А вось куды падзелася жонка Вільяма Клінтана, я ледзь дагнаў. Аказваецца яна перахрышчана з Хілары ў Гілары. Я думаў, навошта ж клясычнаправапіснікі так вычвараюцца, потым вычытаў, як адзін з іх патлумачыў, што яны хочуць наблізіць гучанне запазычаных словаў ды назваў да гучання ў мовах, з якіх мы іх запазычылі. Ну як? Наблізілі Лёндан да London? Эўропу да Europe? Знаўцы, наколькі гэта блізка? Вядома, можна адмовіцца ад Генрыха Гейне і пачаць чытаць Хайнрыха Хайнэ, прыцерпіцца – палюбіцца. Але ёсць адно пытанне: а навошта? Навошта нам, беларусам, ператварацца ў бэлярусаў і вычварацца, імкнучыся прамовіць запазычанае кітайскае слова па-кітайску, нямецкае – па-нямецку? Ніякая мова такога здзеку не церпіць. Яна пераварвае запазычанне на свой лад і жыве сабе, не пнучыся стаць ні кітайскай, ні якой іншай. А мы во хочам быць Бог ведае кім, толькі не беларусамі. Гэта, хутчэй за ўсё, зноў-ткі комплекс непаўнавартаснасці, хаця нібыта і ў “нацыянальна-перадавых” строях. І нішчыцца нашая мова зараз ужо з трох бакоў: клясычнай правапісай, новалукашэвіцай ды лацінскім напісаннем. І болей за ўсіх шчыруюць тыя, хто ніколі не чуў жывой нашай вясковай мовы і прамаўляе снег замест сьнегу, свет замест сьвету, з’ява замест зьявы, карацей, тыя, як кажуць у нас у вёсцы, хто жывой чапялы не бачыў. “Акультураныя” ж кажуць прыкладна так, як у пачатковым тэксце. Ім сказаць сустрэча замест імпрэзы – ганьба, язык не павернецца сказаць падарунак, абавязкова – прэзэнт. Або ў імкненнні сваім стаць рускімі прамаўляюць дрянікі замест дранікаў (чуў па БТ) І ўсе бяруцца вучыць нас, “дзеравеншчыну”, быць то бэлярускімі эўроп­цамі, то млатшебратскімі выпекателямі дрянікаф. Карацей – поўны аксюмарон (вялікае глупства па-грэцку). І напаследак склаў такія вершы для аматараў набліжэння да арыгіналаў:

Бузінесс робіць клэвэр ман,
Гуляюць чылдрэны ў пуззлы
У мяне ў глуздах туман,
Ад слоў такіх яны раздрузлі.

А наогул, плюньце на высілкі тых “асветнікаў”, пачытайце мае вяртанкі ды маю народную мудрасць, аблайце як след мяне і мае творы, і вы адчуеце палёгку і цвёрдую беларускую глебу пад нагамі.

Вяртанка шостая

61. Жыве чалавек
без грахоў
і без рысаў
адмоўных
і крыецца ў тым
ягоная смяротная
адзіная загана.

62. Мядовая кветка
пахне не мёдам
а гарохавым супам
ды смажанай бульбай
хто на што
згаладаўся.

63. Толькі зласлівец
і нялюбец сланоў
хоча пажыць
у вежы марфільнай
у вежы ўтульнай
з касці слановай
злачынства
экалагічнае
і пагібель.

64. Жоўтай радасцю
палае лес
наліваецца
восеньскім сумам
засынаючы да вясны
хоць не надоўга
а развітанне.

65. Вясной жа
сціпла і баязліва
праклюнецца
жоўценькая спавіўка
і зелянота ўзбуяе
весела і нахабна
і загудуць
у дуду мільёны
камароў з жамярою
непераможным
гімнам жыццю.

66. Чалавек можа ўсё
можа капаць
можа не капаць
можа гнаць
самагонку
з ядлоўцу
і называць яе джынам
о ўсемагутны.

67. Кітайцы
прыдумалі порах
гапак баявы
старажытныя укры
амерыканцы
кампутар і бомбу
масавага вынішчэння
і жыць стала лепей
і весялей.

68. Самадзержац
любіў свой народ
і маніфестам
адмяніў у царстве
зямное прыцяжэнне
ды сталі ўсе
злачынцамі тады
бо паляцець
ніхто так і не змог
няўдзячная быдлота.

69. Генныя аграномы
могуць вывесці
ананас на бярозе
ды гарбуз на сасне
але гэта
ужо будзе
не ананас і не гарбуз
і бяроза не будзе
бярозай
не застанецца
яліна ялінай
пакаштуйце
і паглядзіце.

72. Хочаш стаць
мараплаўцам
вучыся
вадзіць караблі
а далёка ў моры
не забывай
што патрэбен ты
толькі
на роднай зямлі
і болей нідзе.


Мая народная мудрасць:

Толькі ад аксюмарону
Гусь пашчэміцца ў вароны.