12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Павел Ляхновіч

_____________________
Зялёны дуб.
Аповесць

1

Здавалася, стары дуб даўно павінен быў упасці – злыя ці неразумныя людзі выпалілі ўнізе вялізнае дупло, і дрэва трымалася ледзьве не на адной кары. Але ж трымалася. І крону мела грувастую, зялёную, аточаную сухім галлём, трывожна задраным да неба.
– …“Груша цвіла апошні год”… – нараспеў прамовіў Алег. – Памятаеце?
– Што памятаю? Якая груша? – Няўцямна спытаў Міхась, напружана выглядаючы шлях перад машынай. – У цябе дах едзе… Дзе ты тут грушу бачыш? Лепш дарогу паказвай, не зблудзі, як мінулы раз… Тут налева, ці направа?
Чырвонае сонца падымалася над хмызамі, над абалонай ракі, завешанай вэлюмам ранішняга туману. Легкавік нетаропка рухаўся сярод росных траваў па каляіне, вытаптанай сялянскімі вазамі.
– Налева… “Каласы” Караткевічавы так пачынаюцца. “Груша цвіла апошні год”… Умеў Уладзімір Сямёнавіч зачапіць. Адзіны сказ – і памятаеш усё жыццё. Мне гэты сказ тут, ля гарэлага дуба заўсёды ў галаву прыхо­дзіць. Колькі гадоў сюды зазіраю – а ён жыве! Ведаеце, – Алег павярнуўся назад, дзе сядзелі маладзіцы, Наста і Чэся: “Нэ” і “Чэ”, – гэты дуб мне Беларусь нагадвае, гэткі ж стойкі. Выпалілі ўсё нутро, а ён не падае. І на чым толькі трымаецца? І нават зелянее!
– Невясёлыя твае асацыяцыі. – Пракаментавала Чэся. – Дрэва гэтае патрымаецца-патрымаецца, ды і ўпадзе ў вецер…
...Гарэлы дуб застаўся ззаду, і за хмызамі ўзнік засмечаны бераг ракі з вытаптанай травой. Наста выбралася з машыны і зморшчыла тонкі носік:
– Фэ! Брацця і сестры! Што гэта за сметнік? У краіне не засталося чысцейшых месцаў для адпачынку? – Скасавурылася на Алега. – Куды гэта ты нас прывёз? Мне прыгадваецца міф пра аднаго вугра-фіна, што быццам бы завёў нашых у балота. Здаецца, яго клікалі мянушкай “Сусанін”.
– Не, хлопчыкі-дзяўчаткі, ніякага іншага месца шукаць не будзем. – Запярэчыла Чэся. – Паўсюль тое ж самае. Скажыце “дзякуй” суайчыннікам. Зараз папросту прачэшам гэтую пляцоўку і збяром усё лішняе. Нэ, нам жа па сілах зрабіць з гэтага асяроддзя бруду і распусты філіял Эдэму?
– Я ўпершыню бачу твой працоўны энтузіязм, Чэ, мабыць непадалёку здох вялізны чырвонакніжны мядзведзь… – прамармытала Наста і, няшчыра ўздыхаючы, палезла ў багажнік па рэчы.
– Давайце так: спачатку ўтраіх ставіце намёты, потым Мішка і Чэ едуць у той хвойнік, што за дамбай, збіраюць ламачча для вогнішча. Нэ сцеражэ маёмасць. А я зараз збяруся й пайду ўверх па беразе, кіламетра на паўтара. Адтуль буду сплываць уніз, можа ўдасца што падстрэліць на юшку. Вярнуся з Божай дапамогай гадзіны праз дзве. Згода? А, вось яшчэ што! Ты, Мішка, машыну тут не пакідай, пастаў крыху далей, вунь там, ля кустоўя. Каб не нарвацца на штраф. Ды там ёй лепш будзе, у цяньку.
– Хітрун! Нам усю чорную работу, а сам – у крыштальныя хвалі. – Абурыўся Міхась.
– Сапраўды, Алежык, – у голасе Насты зазвінела крыўда, – што гэта за гультайства! Вы ўладкоўвайцеся, а я пайду на забавы! Не, даражэнькі! Ставім усе разам намёты, потым вы з Мішкам едзеце па дровы, а мы зоймемся харчаваннем. Накрышым покуль што ёсць. Юшку вечарам згатуем, калі будзе з чаго… Так, Чэ?
– Ну! А то бач, хоча, каб я гэтымі вось ручкамі, створанымі для пяшчоты, валіла лес!
– Як сабе хочаце, – Алег зрабіў абыякавы твар, – Калі вашая воля такая – займуся гаспадаркай… Тым больш – нешта не падабаецца мне колер сонца і вунь тыя хмаркі, калмаценькія. Здаецца, будзе сёння залева. Трэба хуценька табар уладкаваць. Калі надвор’е сапсуецца – цур, дзяўчаты, не пішчэць.

2

…На земляным квадраце, вызваленым ад дзірвана, весела шугала цяпельца, непадалёк бугрыліся два камуфляжныя намёты, як невялічкія копкі.
– Ну паеж, Алежык! Вада ж усе сілы выцягвае, як ты галодны ныраць будзеш? – угаворвала Наста Алега, які, адвярнуўшыся ад рассцеленага на траве абруса з няхітрым харчам, сядзеў у “позе росквіту” над ракой і ні на што не рэагаваў. Лыткі складзены крыжом на клубах, рукі ўверх далонямі на каленях, вялікія пальцы самкнутыя з указальнымі. Вочы заплюшчаны. Рытмічна ўцягвае ў лёгкія паветра, са свістам выдыхае. Худы, жылісты. Рыхтык які індус-ёг. Міхась з Чэсяй, разлёгшыся на посцілцы плячук да плечука, цікавалі за Алегам.
– Алег… Гэй, Алег… Ногі не скалечыш? Наста, скажы яму – каб ногі так не скручваў, а то выверне. Навошта табе муж з вывернутымі нагамі? Дзеці будуць крываногія… – ляніва бурчэў Міхась, грызучы травінку. – Гля, які ўпарты… Ён што – сапраўды нас не чуе? Алег… Вярніся з астралу… Пара рыбу здабываць…
– Сонейка зараз схаваецца, – сказала Чэся, – холадна ныраць будзе. А для чаго табе гэтая медытацыя?
– Гэта не медытацыя. Гэта дыхальныя практыкаванні, ёгаўскія. – Алег нарэшце скончыў сіпець і раскруціўся. – Дапамагаюць даўжэй затрымліваць дыханне. А то што за паляванне – нырнуў і адразу па новую порцыю паветра ўсплываць! Нічога заўважыць не паспееш. Падводнае паляванне, гэта не нырнуў-стрэліў. Рыбу пашукаць трэба!. А ад холаду гідракасцюм засцерагае.
– Набыў бы акваланг. Ці занадта дорага?
– Не танна. Але па нашых законах паляваць з апаратам – браканьерства. Ды і не спартыўна гэта… – Алег расшпіліў вялізную сумку, пачаў выцягваць адтуль рыштунак.
– А гэта што? – Чэся паспрабавала падняць грузавы пас. – Ой-ёй! Які цяжкі! Ты з гэтым ныраеш?! Цагліна на шыю ў параўнанні з тваім пасам – выратавальны сродак! А нож навошта? Ад акул адбівацца? Ці ад самоў?
– Ну, калі зачаплюся пад вадой за што-небудзь, то каб абрэзаць. Куканам часта за сукі чапляюся. Праўда, кукан абразаць яшчэ не прыходзілася, а вось у сеткі, жылкі рыбацкія, шпагат розны – ублытваўся. Так што карыстацца нажом прыходзіцца часам.
– Што за кукан? – зацікавілася Чэся.
– Кукан, Чэ… – заспяшаўся Міхась, паніжаючы голас да шэпта, – падсунься сюды, зараз растлумачу… Гэта…
“О-о, не ма-гу! Ку-ку-ка-ан! – захлынулася рогатам Чэся пасля міхасёвага тлумачэння. – А-а-лег! Чап-ляў-ся? Ку-ка-нам…!? Ты праўду кажаш – не аб-аб-ра-з-за-ў?! О-о-й, я зараз ко-он-чу-у-ся-я! ”
– Нічога святога – ледзьве стрымліваючыся, каб не зарагатаць разам з ёй, сказаўАлег, наліваючы ў гідракасцюм мыльную ваду з бутэлькі. – Усё абсмяяць гатовы. Злосны ты, Мішка…
– Гэта вада з шампунем? А навошта?
– З шампунем. Каб надзяваць лацвей было. Адвярніцеся, дзяўчаты, я пакуль гідрык апрану.
– Ой, які ты ўвесь гумовы! – запішчэла Чэся, калі Алег улез у гідракасцюм. – І вада пад яго не праходзіць? А ў ім цёпла?
– Цёпла… Шорцікі антыцэлюлітныя па скрынцы рэкламуюць – бачыла? Дык гідрык з таго ж самага матэрыялу. Толькі таўсцейшы…
…Хвілін трыццаць Алег крочыў па сцежках сярод высокіх, па шыю, траваў. Сцежкі часам прападалі, і тады ён павольна прадзіраўся праз густыя зараснікі. Ведаў – рака недзе злева. Сонца, на якое насоўвалася чорна-сіняя сцяна, моцна прыпякала. З-пад капюшона пацяклі струмені поту. На аголеныя твар і далоні садзіліся авадні, балюча кусалі. Зар-раза! Дзе ж тая рака? Кожнае новае лета так усё мяняецца, не пазнаць, хоць крыху, ды паблудзіш. Алег пачаў ужо нервавацца, але тут за чарговым ракітавым кустом бліснула вада. У гэты ж час на сонца нарэшце наехала чорная сцяна, кругом пацямнела, наваколле набыло прывідна-трывожны выгляд. Загулі далёкія грымоты.
Надзеў ласты, маску, зарадзіў гарпуном стрэльбу, кінуўся ў раку і некалькі хвілінаў ляжаў, з асалодаю аддаючы лішкі цяпла вадзе, што патроху прасочвалася пад неапрэн гідракасцюма. Потым нырнуў. Плынь ласкава ахінула яго і павольна панесла ўздоўж пясчанага дна. Чародкі кялбоў спуджана кідаліся ўбакі. Нейкая дробязь, ці то плоткі, ці падлешчыкі мітусліва шмыгалі ў полі зроку. Вось чорная маса – дрэва, падмытае веснавой паводкай. Алег учапіўся ў бліжэйшы сук, каб не пранесла плынню, і пачаў уважліва ўзірацца. Шкада, што сонца закрылі хмары. (Вось заўсёды так – пакуль дабіраешся да вады, сонейка свеціць, толькі ўвайшоў у раку, усё – сонца за хмары, пад вадой нічога не разгледзець. Асабліва на глыбіні).
Вочы пакрысе прывыкаюць, і як на фотапаперы ў праяўніку выплывае перапляценне галінак і светлыя “вокны” паміж імі. Тут пуста. Толькі чародка плотак. Замалыя для палявання.
Захацелася дыхаць. Падняў угару твар, праверыў, ці няма якіх перашкодаў, і нетаропка ўсплыў. Прадзьмуў трубку, глыбока ўдыхнуў. І зноў ляжаў на вадзе, і яго несла ўніз. Адпачываў. Думаў – якое задавальненне адчуць сябе вольным у прасторы. І якое задавальненне глынуць паветра, калі ў кончыках пальцаў ужо пачынае пакалваць і ногі млеюць ад недахопу кіслароду. І засмяяўся – узгадаў анекдот пра ёга, які б’е малатком па пальцы і “ловіць кайф”, калі прамажа…
На чорным небе мільгаюць бліскавіцы. Вецер падняўся. Зусім сцямнела. У вадзе амаль нічога не відно, не дапамагае нават тое, што Алег доўга чакае з заплюшчанымі вачыма, каб расшырыліся зрэнкі, і толькі потым нырае. Страшнавата. Правілы бяспекі раяць не знаходзіцца ў вадзе падчас навальніцы. А яна набліжаецца… Халера, прыйдзецца без рыбы вяртацца. Сорамна.
Выйшаў з вады, агледзеўся. Ніякай сцежкі паблізу. І трава някошаная ў чалавечы рост. Але нічога не зробіш, трэба ісці. Добра, што недалёка.
Пакуль выдраўся на дамбу, наляцела. Спачатку кроплі, што боб, а потым зліва, цурком. А маланкі, здаецца, бесперапынна лупяць. Не страшнавата ўжо, а па-сапраўднаму страшна. Ды яшчэ па дамбе ісці, вышэй за ўсё наваколле, а значыць і небяспечней. Спусціцца можа з дамбы? Там і зацішней, і маланку “злавіць” шанцаў меней… Не, трава на дамбе вазамі стаптаная, а паабапал – джунглі. А-а! Каму лёс быць павешаным, той не ўтопіцца! Вунь ужо і дрэва тое гарэлае. Зараз будзе дарога, па якой прыехалі.
Але ж і лупіць! Як там дзяўчаты з Мішкам? Ці намёты не працяклі? А-вой! Балюча як!
Грымнула асабліва моцна, і абрынуўся град. Ды які! З галубінае яйка. Алег зацкавана кінуўся туды, сюды, атрымаў пару разоў па галаве, па плячах, і джгануў ратавацца да гарэлага дуба. У дупло.

3

У намёце было нішто сабе. Звонку лупцаваў дождж, а тут суха, хоць і трошку душнавата. У святле кішэннага ліхтарыка блішчэлі круглыя ад сполаху вочы Чэсі, якая тоненька пішчэла на кожны ўдар перуна, а Міхась з паблажлівым смехам яе супакойваў: “Ну чаго ты вішчыш, сонца маё? Пярун – гэта ўсяго толькі страсенне паветра. Маланка ўжо была”.
Наста басавым шэптам – голас раптам сеў – галасіла па Алегу: “А дзе ж яго носіць? А-ёй-ё-ёй! А гэта ж так небяспечна! Па вадзе ж ток распаўсюджваецца! А бачылі ж, што навальніца насоўваецца! А чаму ж не з’ехалі? А што ж яго так доўга няма?...” Але ў гэты момант па намёце пачалі лупасіць градзіны, і нават Міхась перастаў пад’юджваць Чэсю.
Град скончыўся хутка і гэтак жа нечакана, як і пачаўся. І дождж, здаецца, парадзеў. Толькі працягвалі біць маланкі. Сполах, ажно ў намёце відаць, адразу страшны трэск, як ад разрыванай бляхі, і ўдар.
Наста перастала галасіць, дастала з пластыкавай торбы куртку: “Пайду пашукаю. Не магу я тут сядзець…”
– Куды ты пойдзеш? Ты ўяўляеш, дзе ты знаходзішся? Тут тры крокі ўбок ад сцежкі, і ўсё, нікога не заўважыш! – Міхасю вельмі не хацелася вылазіць з намёту на дождж, а адпускаць Насту адну немаведама куды таксама не мог. – Сядзі, сам прыйдзе, ці прыплыве. Нікуды не дзенецца твой Алежык, дарослы ўжо хлопчык!.
– Ды не ма-гу я тут!
– Добра. Разам пойдзем, пакрычым. (І што толку крычаць? Такі шум…) – уздыхнуў Міхась. – Ты, Чэ, сядзі, не вылазь, мы самі.
– Ага! Мне адной страшна! І самотна! Страшна самотна. – Чэся палезла ў сумку па вопратку…
… – А-ёй! Ногі мерзнуць! Глянь, што робіцца, – усклікнуў Міхась. На сцежках, у каляіне, па якой прыехалі, у лужынах ляжалі груды градзін. – Ну і дзе мы яго тут будзем шукаць?
– Давайце туды пройдзем, да дамбы…
– Ну, мы на дамбу, а ён ракой прыплыве. Убачыць, што нас няма, і таксама пойдзе шукаць. Так і пагубляемся! – Міхась пачынаў злаваць. – Давайце лепш назад, у намёт.
– Вы як сабе хочаце, а я туды. Яму няма, здаецца, іншай дарогі, як дамбай вяртацца, – Наста была няўхільнай.
Прайшлі па каляіне метраў сто, абыходзячы ямкі з ледзянымі градзінамі. Міхась крочыў уперадзе і нешта бурчэў пра сабак, надвор’е і гаспадароў, а яшчэ пра мазахістаў.
– Вунь ваш Алежык. Ідзе. Вунь, ля гарэлага дуба. “Шукаць! Шукаць!” – падражніў Насту. – Толькі вымаклі дарэмна!...
…Страшэнны трэск раскалоў цёмна-шэрае неба. Над гарэлым дубам узнікла дрыготкая ззяючая паласа. Яна не прапала праз імгненне, як звычайная бліскавіца, а стаяла над дубам і вібравала. Наваколле пад яе святлом стала непазнавальным, быццам марсіянскі ландшафт. Вішчэлі дзяўчаты, але іхны віск патануў – проста стаялі з разяўленымі ратамі. Ад дрыготкага слупа, як галіна ад дрэва, вырасла шчупальца і даткнулася да постаці ў чорным, і вакол яе ўзнікла ззянне…
– …нка ўдарыла! – уварваўся ў Міхасёвы вушы немы крык Насты. Ён ужо бег туды, да дуба. Алег ляжаў уніз тварам, раскінуўшы рукі і ногі. Гідракасцюм увесь тапырыўся дробнымі шматкамі падранага неапрэну, і ад яго падымаліся ці то пара, ці то дым. Смярдзела паленай гумай. Перавярнуў на спіну. Пасінелы твар, закочаныя вочы. З шалёнымі позіркамі падбеглі Наста з Чэсяй. Міхась спрабаваў намацаць пульс, і не знаходзіў.
– Наста! Штучнае дыханне рабіць умееш? – Тая толькі кіўнула галавой. – Давай! – І моцнымі штуршкамі пачаў масаж сэрца. – Раз! Два! Тры! Наста! Раз! Два! Тры!...
– Асцярожней! Скабы не паламі! – Закрычала Чэся. – Глядзі! Глядзі! Здаецца, дыхае! Алежка, міленькі! Дыхай! Дыхай!...
Струмені дажджу трапілі ў рот Алегу і ён закашляўся.
– Баліць… – вочы Алега блукалі, здаецца, не бачылі нікога.
– Дзе баліць, Алежык? – Над ім схілілася Наста.
– Скура баліць…
– Можа касцюм гэты садраць? – Прапанавала Чэся.
– Не-не, ні ў якім разе! – Спалохалася Наста. – Можа там моцныя апёкі, можа скура з гумай спяклася. Толькі раны аголім і балюча зробім. Не, трэба каб медыкі распраналі. Ты як, Алежка? Ты мяне чуеш? Як адчуваеш?
– Чую. Галава круціцца. І спіну пячэ. Моцна. І вочы рэжа.
– Яго абварыла! Гумай гарэлай пахне! Дзяўчаты, заставайцеся тут, я па машыну. Трэба тэрмінова ў лякарню! – Замітусіўся Міхась.
– Я таксама паеду! Я звар’яцею тут, не ведаючы – як ён, – заплакала Наста.
– А-а! Добра! Так: ты, Наста, заставайся тут, з Алегам, а мы з табой, Чэ, хуценька збіраем транты, на ўсё дзесяць хвілін, і едзем! Халера, толькі б дзе ў лужыне не засесці!...

4

– Ты, братачка-шчупачок, у кашулі нарадзіўся… – доктараў твар спагадлівы і добры. – Нават не чуў, каб маланка ў чалавека трапіла, а ён выжыў. Хоць не, ілгу, як вучыўся ў медыцынскім, прыводзілі такія выпадкі.
– У гідракасцюме, доктар, – слаба ўсміхнуўся Алег.
– Не, братачка-шчупачок, у кашулі. Каб твае сябры хоць на хвіліну спазніліся, то ўсё было б… Не-ве-ра-годна! Ды яшчэ каб не сасмажыўся ўшчэнт… У гідракасцюме, кажаш, нарадзіўся? А ты падоўгу ныраеш?
– Як калі… Часам гадзін восем, нават неяк дзесяць было. А часцей – чатыры-пяць. А што?
– А калі памачыцца прыціснула, то як? Выходзіш, касцюм гэты здымаеш? Выбачай за цікаўнасць…
– Ды не, доктар. Гэта было б занадта клопатна. І часта. Не выходжу. Ды ніхто не выходзіць. М-мы…, гэт-та… Узгадваем дзяцінства...
– І тым разам… узгадваў?
– Ну, натуральна. Чамусьці пры ныранні часта ўзгадваць прыхо­дзіц­ца.
– Гэта сапраўды – натуральна. Арганізм рэагуе на кіслароднае галаданне – пазбаўляючыся ад лішняй вадкасці, павялічвае канцэнтрацыю гемаглабіну ў крыві. Зразумела цяпер, чаму цябе маланка пашкадавала. Твой касцюм, ён жа порысты? Так? Поры запоўніліся “электралітам”, праводнасць якога лепшая, чым тваё цела. І ток пацёк туды, дзе меншае супраціўленне – па электраліце. Закон Ома называецца! – Падняў угору палец і заўсміхаўся. – Табе дасталася толькі маленькая частка. Хоць і хапіла, каб сэрца спыніць…
– Доктар, што вы казалі пра апёкі? Нешта сур’ёзнае? – занепакоіўся Алег.
– Не, братачка, усё сур’ёзнае мы ўжо “праехалі”. Загояцца. Шнары можа якія застануцца… Нічога страшнага, не дзеўка. Пабудзеш у нас пару дзён. Трэба паназіраць за тваім сэрцам. Ну, на месяц ныранне сваё прыйдзецца прыпыніць. А то можа і на два. А як ты хацеў? – ускінуўся ўрач, заўважыў, што Алег спрабуе нешта запярэчыць. – Ты, братачка, з таго свету вярнуўся. Не жартуй! Трэба пачакаць, агледзецца, ці няма якіх скрытых наступстваў.
…У дзверы палаты нясмела пастукалі, і прасунулася галава Міхася: “Можна?”
– Заходзьце, я ўжо скончыў. – Доктар пачакаў, пакуль зойдуць Міхась з Чэсяй і Настай, – о-о, якія прыгажуні! Здагадваюся – гэта вы рабілі рэанімацыю нашаму братачку-шчупачку? Сапраўдныя героі! Ну, добра. Размаўляйце… Толькі не доўга. А то да яго ідуць і ідуць… Трэба ж спакою даць хвораму!
– Чаго гэта ён цябе “шчупаком” кліча? І хто гэта да цябе “ідзе і ідзе”? – Спытаў Міхась, пакуль маладзіцы выкладалі з торбаў прыпасы.
– Тата з мамай былі… А доктар... даведаўся, што падводным паляваннем займаюся, і, відаць, ад вялі-ікай павагі яго на творчасць “прабіла”. Вось і стварыў мянушку. “Братачка-шчупачок”, ды “братачка-шчупачок”… А мне што? Гэта ж не які-небудзь “Конскі Поц”, або “Рваная Гума”…
– Ха-ха-ха! – засмяялася Наста. – “Рваная гума” вельмі б падыйшла! Гідракасцюм нават на латкі не здатны! Эх, зноў траты… А можа кінеш свае нырцалкі?
– Дурнічка! Як гэта кіну?
– Як пачуваешся? – Чэся складала прыпасы ў тумбачку ля ложка – Ты тут як вялікі пан, адзін…
– Думаю, ненадоўга. Толькі што двух суседзяў выпісалі. А адчуваю сябе цярпіма. Так, быццам мяне конь у грудзі ўбрыкнуў. Доктар казаў – праз пару дзён выпіша. Калі не здарыцца чагосьці нечаканага. Хоча паназіраць за сэрцам. А з апёкамі, казаў, на перавязкі з дому пахаджу. Я вось што хачу: дзякуй вам, што своечасова на месцы аказаліся і што не разгубіліся. Я цяпер перад вамі да скону вінаваўца.
– Во-во! Нам з Чэ будзеш “прастаўляцца” пры кожным зручным для бытавога п’янства выпадку, а з Нэ неяк па-сямейнаму разлічышся. – Пажартаваў Міхась – Так цябе, так цалавала, так цалавала! Мабыць у шлюбную ноч так не было!. Зліва як з вядра, перуны лупяць, а яна як прысмокчыцца! Шкада, ты не бачыў.
– …Не балбачы, Мішка. Гэта былі не пацалункі, а рэанімацыя. Вунь, і доктар пацвердзіў. – Заступілася за сяброўку Чэся. – Жартачкі табе…
– Чаго не пажартаваць, калі добра скончылася… – супакоіла Чэсю Наста.
– Добра! Так, брацця і сестры! – Чэся працягнула Міхасю бутэльку “Кемшырыну” і дастала з торбы пластыкавыя шкляначкі, – адкаркоўвай давай. Адзначым цудоўнае выратаванне слугі Божага Алега! Ты, Алег, у сувязі з апошнімі падзеямі яшчэ не кінуў свой здаровы лад? Хто не паліць і не п’е… Зрэшты – тваё права. Прапаную тост – За жыццё!
– Так. За жыццё…

5

Палата на трох чалавек, з мэблі толькі скрыпучыя ложкі, тумбачкі і тры расхістаныя крэслы. У куце – кран з халоднай вадой. Падобна да таннага нумару ў гасцініцы, ці на пакой у інтэрнаце. Сумна. Хоць бы хутчэй каго засялілі… Не, не так, не “засялілі”. Сюды не засяляюць, сюды “кладуць”. “Жадаць, каб сюды кагосьці паклалі – нядобра, – падумаў Алег, – не, нікому не жадаю сюды трапіць. А што сумна – нічога. Шкада – ніхто не здагадаўся пачытаць што-небудзь прынесці…”
Яно, можа, і добра, што нікога няма. Хатха-ёга часам раздражняе, асабліва старых. Не Індыя… Не будзе здзіўленых позіркаў і хамаватых каментароў.
Наста, здаецца, соль прынесла. Так, сапраўды, вось сальнічка. Насыпаў палову чайнай лыжачкі ў шклянку, заліў вадою, размяшаў. Над ракавінай зрабіў ачышчэнне насаглоткі, набіраючы салёную ваду носам і выводзячы праз рот – “В’юткрама Капалабхаці”. Потым падрыхтоўчыя практыкаванні – павольна і плаўна. Прыслухаўся да сэрца. Б’ецца крыху часцей, але ніякіх непрыемных адчуванняў. Цяпер размінка – некалькі простых асан, поз з гімнастыкі ёгаў. Сеў на ложак, прыняў “Свастыкасану” – “позу росквіту”, заплюшчыў вочы, паклаў на калені рукі – далоні ўверх, пальцы выпрастаны. Самкнуў указальныя пальцы з вялікімі, і – здрыгануўшыся – расплюшчыў вочы, разамкнуў пальцы. Агледзеўся. Нічога – тая ж убогая палата, тыя ж ложкі з шэрай бялізнай… Дзіўна… Яму здалося было, што палата поўная людзей. Доктар і Наста з Чэсяй. І Міхась, здаецца, таксама. “Вар’яцею?” Але прывід, што мільгануў на нейкую сотую секунды, быў такі яркі, быццам ява. Зноў – у “позу росквіту”, заплюшчыў вочы…
…Вочы заплюшчаныя, а ён бачыць! Доктар сядзіць ля ягонага ложка. Устае. Дзверы адчыняюцца, Міхасёвая галава. Вусны варушацца: “Можна?” Расплюшчыў вочы. Нічога, пустая палата. Заплюшчыў. Міхась ужо тут, заходзяць Чэся з Настай. Усміхаюцца. Доктар нешта кажа. Выходзіць. Дык гэта ж…! Гэта ж толькі што было, гадзіну таму!
А калі пальцы разамкнуць? Хоп! Пагасла ўсё, быццам тэлевізар выключылі. Самкнуць. Зноў адчыняюцца дзверы, Міхасёва галава.
Агледзецца… Ага, вось ён сам, у ложку, гутарыць з доктарам.
Ёлы-палы! Як машына часу! Не, на машыну часу не цягне, а быццам бы тэлекамера назірання. Гэтага не можа быць! Можа сапраўды – звар’яцеў? І яму здаецца, што бачыць мінулае? Госпадзе, не дапусці гэтага!
А калі пальцы самкнуць не вялікі-ўказальны, а, скажам, вялікі-мезенец? Спачатку на правай. О! Заскакалі з велізарнай хуткасцю, не разабраць амаль нічога. То цёмна, то светла, гэта, відаць, дні і ночы скачуць. А на левай?
…Быццам вісіць над балоцістай пусткай. А наводдаль – відно сапраўднае балота, сцяна рагозу. Чаму выгляд зверху? (А-а! Ён жа зараз на дванаццатым паверсе бальніцы!) А там, злева? Горад. Незнаёмы. Хоць чаму незнаёмы? Вунь касцёл. Той, што на фатаграфіях у краязнаўчым музеі. Самы вялікі ў Рэчы Паспалітай. Узарваны ў пяцьдзясят трэцім. Гэта ж наш горад! Толькі даўно. Так. Зноў левай, павялічым хуткасць. Пейзаж замільгаў то белым, то жоўтым, то зялёным. Гэта гады мільгаюць – зіма, вясна, лета, восень, зіма, вясна...
Расплюшчыў вочы. Палата. Пад столлю лямпа люмінесцэнтная гудзе, як муха ў павучынні. Што гэта? Няўжо сапраўды – “машына часу”? Як упэўніцца, што не вар’яцтва?
Як – як?! Проста! Здаецца, правая рука “адказвае” за хуткасць “пракруткі” карцінкі, а левая – за аддаленасць падзеяў. Трэба зараз падгледзець нешта такое, што сам не бачыў, а потым спытаць у дзяжурнай сястры, удакладніць. Калі супадзе – значыць ніякае не вар’яцтва, не плод апечанага электрычнасцю мозга. Скажам, паглядзець, хто ляжаў тут да тых двух мужыкоў, што сёння выпісалі… Толькі як трапіць дакладна на тыдзень назад? Як-небудзь…
…Вось суседзі па палаце развітваюцца і сыходзяць… Не, трэба ранейшы час. Сярэдні палец. Так, усе ў ложках, і ён таксама. А калі паспрабаваць разамкнуць-замкнуць сярэдні з вялікім? О! Заміргала, і кожны раз далей. Вось яны і зніклі. А што гэта чорнае на суседнім ложку? Мурын? Ага, мурын! Гэта – клас! Значыць, да тых мужыкоў, што выпісаліся, у палаце ляжаў мурын. Экзот. Усе павінны аб гэтым памятаць…
“…Значыць, не шыза. Значыць, сапраўды магу зазірнуць у мінулае. Можа, усё, што адбываецца, пакідае ў прасторы нейкія сляды? Напрыклад – змяняе, скрыўляе нейкім чынам фізічныя палі. А я магу зараз гэтыя сляды чытаць. Быццам запіс з магнітнай стужкі пракручваю. Як? А-а! Не важна, як. Важна пастарацца засвоіць гэтыя навыкі. Каб можна было дакладна трапляць у патрэбны час, умець праглядаць мінулае на розных хуткасцях… Гэта ж як зручна!..
А што мне гэта дасць? Не, не так. Для чаго мне гэта дадзена?... Настассі распавяду, разам памяркуем. Ці Міхасю? Не, Міхасю нельга, абсмяе. Фенамен!... Ды і Нэ не паверыць. Паверыць! Дакажу… Ну, дакажу, і што? Можа, нікому нічога не расказваць?”

6

– Алежык, ты не бачыў наш калькулятар? – Наста заклапочана мор­шчыць лоб. – У шуфлядзе няма. Усю кватэру абшнарыла – безвынікова! Заўсёды на месцы ляжаў, а як спатрэбіўся, то і знік. Дакладна па законе Мэрфі – пакуль рэч не патрэбная, яна ўвесь час трапляе пад руку, а як спатрэбіцца, то яе не знайсці.
– Не бачыў… Навошта табе? Правяраць веданне табліцы множання? – Алег з газетай ляжыць на канапе. – Да тваёй фармулёўкі закону Мэрфі ёсць дадатак: калі ты, пакінуўшы надзею знайсці гэтую рэч, набудзеш новую, у той жа час яна знойдзецца. Будзе ляжаць на самым бачным месцы.
– Ведаю табліцу… Хацела індэкс масы цела палічыць. Сёння па тэлебачанні падгледзела. Аказваецца, формула нармальнай вагі – рост у сантыметрах мінус сто – недакладная. Не ўлічвае тып целаскладу. Для астэнікаў яна падыходзіць, а для гіперстэнікаў…
– …Во якіх словаў вывучыла! – Мармыча Алег. – Абсценку, гіперсценка… Куркулятар! На паперцы падлічы… А ўвогуле – больш руху, на паўвядра меней ежы, і індэкс будзе нармальны.
– Ды мне ўжо цікава – куды ён дзеўся? Увесь час у вочы лез, а зараз як скрозь зямлю… Можа, сцягнуў хто? Ды не… Можа, дзеці? Дзеткі-клеп­таманчыкі? На днях Жанка прыходзіла з малым, з Жэнікам… Потым Наташка са сваімі птушанятамі…
– Жэнік мог. Памаўзлівы хлопчык. Будучая зорка спецслужбаў. – Алег адкладае газету і сядае на канапе ў “Свастыкасану”. – Зараз. Пачакай крыху.
– Што – “зараз”? – не разумее Наста.
– Не перашкаджай…
…Ля канапы маленькі столік-каталка, бутэлька віна, келіхі. Жана з Настай захопленыя гутаркай. Уздзёршыся з нагамі на крэсла, сямігадовы Жанін Жэнік разглядае часопіс. Спаўзае на падлогу, выцягвае з-за камоды гантэлі. Спрабуе выціснуць над галавою. Зацяжкія. Пакідае і па-пластунску поўзае на кіліме. Выпаўзае ў прыхожую.
Алег расплюшчвае вочы і ідзе ў суседні пакой. Поза росквіту.
…Жэнік корпаецца ў стэлажы з кніжкамі. Відаць, не цікава. Аглядаецца, адчыняе тумбу кампутарнага стала, выцягвае шуфлядку. Па-зладзейску азірнуўшыся на дзверы суседняга пакоя (ведае, што чужое браць нельга!) совае калькулятар у кішэню…
– Нэ! Ты дзе? – Пакуль маніпуляваў, Наста ўжо забылася на калькулятар і завіхаецца на кухні.
– Тут я. Што хочаш?
– Тэлефануй Жане. Хай Жэніка дапытае, гэта ён калькулятар ціскануў. Любяць дзеткі тэхніку…
– А раптам не ён? Пакрыўдзім Жанку… Можа, халера з ім, з гэтым калькулятарам?
– Ён-ён! Звані, кажу. Стопрацэнтова ён!
– Скуль ведаеш? Стопрацэнтова! Цябе дома не было, як яны прыходзілі…
– Стуль! А яшчэ ведаю, што вы з Жанкай бутэльку “Кагору” выжлукцілі. Алкагаліцы і барбаркі. Старажытныя грэкі лічылі барбарамі тых, хто піў неразведзенае віно! Між іншым!
– А-а! Ты бутэльку пабачыў, як смецце выносіў?
– Пабачыў-пабачыў! Тэлефануй! Вяртай маёмасць, нажытую непа­сільнай працай!...
…– Алё! Жанка? Здароў, сябровачка! Што чуваць?... Слухай, ты не магла б спытаць свайго малога, куды ён калькулятар засунуў? Гуляўся-гуляўся, а зараз, як спатрэбіўся, не магу знайсці… А-га, вось як! Ну, нічога, бывае… Ды не, не тэрмінова… Я ўжо на паперцы, у слупок… Добра. Добра! Не хвалюйся. Ну, бывай здарова! Пакуль! – Паклала трубку. – Ты ведаеш, сапраўды Жэнік сцягнуў. Жанка пытае – дзе ўзяў? – “Знайшоў”, кажа. Здаецца, атрымае сёння Жэнік на абаранкі. А як ты здагадаўся, што гэта ён? Стопрацэнтова!
– Дэдукцыя… Чаго гэта ты спахмурнела? Знайшоўся ж твой куркулятар, – узіраецца ў Насцін твар Алег. – Здарылася што?
– Не, нічога. – З жаласнай усмешкай. – Сапраўды Жэніку можа дастацца… Жана, яна такая… нястрыманая. Нават жорсткая. Не разумее свайго шчасця… Мне здаецца, каб у нас такі памаўза быў, мы б яму ўсе шкоды даравалі! Праўда? Зараз яшчэ раз Жанцы патэлефаную, каб на Жэніка не сварылася.
– Ну чаго ты! Будзе і ў нас клептаманчык, і нават не адзін! Доктар што сказаў: “У вас усё ў парадку, ні аб чым не перажывайце, кахайцеся, і ўсё атрымаецца!” Ты доктару не верыш?
– Веру… І доктару, а найбольш Богу… Але ж колькі можна чакаць? Чаму адным яны дастаюцца нежаданыя-нечаканыя, як Жанцы, а іншым… – макрэюць Насціны вочы.

7

– Алё! Алег? Здароў, гэта я, Сяргей! Які-які! Чысел! Пазнаў? Ну вось, цяпер не быць мне багатым… Такая справа да цябе: ты калі ў адпачынак ідзеш? У ліпені? А Нэ? Наста пазней? І якія планы маеш? Планы, кажу, на адпачынак якія? Чаго хачу? Тут якраз для цябе занятак ёсць. І адпачнеш, і такую-сякую капейку заробіш. Такі занятак: хлопцамі маладымі пакіраваць. Будзе група моладзі, гадоў па сямнаццаць-васямнаццаць, яны павінны на археалагічных раскопках працаваць. Ты паўдня арганізоўваеш працу на раскопках, а другую палову – актыўны адпачынак. Ну – ты ж гэта ўсё ўмееш. Ну, розныя штучкі, як у скаўтаў, або як у рэйнджараў. Выжыванне ў лесе-балоце, здабыванне агню, плаванне-ныранне, рукапашны бой… Во! Хатха-ёга! Гутаркі па гісторыі Беларусі… Нічога, падчытаеш, часу яшчэ шмат. Каб хлапцам цікава было, каб энергію ў стваральнае рэчышча… Раскопкі – не твой клопат, там археолаг будзе, з Акадэміі навук! Ты толькі працу арганізуеш – ну, каб капалі! Археолаг скажа, што і як… Колькі? Не ведаю дакладна пакуль. Чалавек дваццаць. З “Белага Рэгіёну”. Потым распавяду, арганізацыя маладзёвая... А я камандзір... “Белага Рэгіёну” камандзір!... Нацыяналісты беларускія. Харошыя хлопцы, студэнты ў большасці. Гісторыкі, журналісты, мастакі – розныя… У Магілёўскай вобласці. Там невялічкі раённы цэнтр, Луск, і рэшткі замка старажытнага… Рака… Ціч. Халера яго ведае, чыстая, ці не! Спытай што прасцейшае. Падумаеш? Ну, думай. Месяц можаш думаць… Каб час быў іншага знайсці, калі ты раптам адмовішся….
…З вышыні птушынага палёту бачны выгіны ракі, парослай па берагах лесам, узгорак, вакол якога бязладна прытуліліся некалькі соцень малюсенькіх хацінак. Вакол узгорка кіпіць праца – людзі капаюць роў, ставяць сцяну з завостраных бярвенняў. Каля рова вырастае высокі земляны вал. Спрытнюгі… Адзін кідае зямлю з самага нізу, другі адразу перакідвае яе вышэй, трэці яшчэ вышэй… Чацверты – на вал. Будаўнічая пляцоўка варушыцца, як мурашнік, людзей шмат, можа сотні, можа тысячы. Расплюшчыў вочы. Унізе, пад вышкай-антэнай мясцовага тэлецэнтра пару дзясяткаў мураванак-“хрушчовак”, аблепленых драўлянымі хатамі “прыватнага сектару”. Ад рова, будоўлю якога толькі што назіраў, застаўся ледзве бачны след. А замкавы вал захаваўся добра. Пяць бастыёнаў. Пасярэдзіне пляцу, абмежаванага валам – стадыён. На ім пасвяцца каровы і авечкі. Побач запусцелыя будынкі спарткомплексу. Толькі рака ранейшая, тыя ж выгіны. Каб не рака і не вал, нічога нельга было б пазнаць. Лес адсунуўся, пераможаны горадам. Зноў заплюшчыў вочы. Маніпуляцыя пальцамі…
…Цагляная вежа з арачнай брамай. Мост на ланцугах над ровам. У рове цячэ вада, з Цічы падвялі. Да ўваходнай вежы прымыкае дом. Па ўсяму валу – сцяна з вертыкальных бярвенняў, завостраных уверсе...
– Алё-о! Эй! – Даносіцца голас. – А ну – слазь! Слазь, каму гавару!
О-о! Ля вышкі міліцыянт з пагонамі падпалкоўніка. Ну, злазіць, дык злазіць...
– Ты пачаму туда залез? Туда запрэшчано залазіць! Відзіш, вышка абгарожана? Эта ражымны аб’ект! – Твар міліцыянта злосны, з нахабнымі вачыма.
Вакол вышкі сапраўды жалезная агарожа, але ўваход вольны, фортка, відаць, была, а цяпер толькі пусты праём. Можа, каму ў гаспадарцы спатрэбілася?
– Дзень добры. Залез абгледзець усё зверху. Тут ніякіх надпісаў пра забарону няма, форткі няма, дык я і скарыстаўся... Шукаю, адкуль можна здымак зрабіць, каб увесь помнік захапіць...
– Какой ешчо помнік? Тут нету нікакіх помнікаф! Ты хто такой? Что-та я цібя не помню... Дакументы!
– Ну як жа няма? А ваш замак? Гэта ж помнік... Археалагічны...
Дастаў пашпарт. Добра, што захапіў з сабою, быццам ведаў, што спатрэбіцца.
– А, дак ты с археолагамі здзесь? Слышал-слышал. – Пашпарт не гледзячы паклаў у тэчку. – Ну, і што ішчэце? Золата, наверна? Ну-ну... Я здзесь начальнік ГОВэДэ, зайдзёш ка мне у адзінаццаць часоф... Спросіш у дзяжурнага, гдзе мой кабінет...
– А што – мы ўжо на брудэршафт выпілі, спадар падпалкоўнік? Ці звяртацца на “ты” да незнаёмых людзей у міліцэйскай школе вучаць? І як я без дакументаў? А раптам яшчэ хтосьці захоча праверыць? Вы ж мабыць не адзін такі?...
– Ты аткуда такой нарванный здзесь узялся? – У міліцэйскіх вачах палыхнула шаленства. – Не панімаеш! Я цебя магу сейчас на пятнаццаць сутак ф падвал!
– За што, цікава?
– Патом узнаеш, за што... Пафтараю – у адзінаццаць у меня ф кабінеце.
Во гадства! Двух дзён не прайшло, а ўжо з галоўным гарадскія мянтом пасварыўся! І што яму трэба?
...У адзінаццаць гадзін кабінет начальніка міліцыі аказаўся зачыненым на замок. Чакаць і шукаць не стаў, вярнуўся да замку. Моладзь расчышчала сутарэнні. Ад вежы з брамай і дома ля вежы, якія гадзіну назад разглядаў з вышыні птушынага палёту, не засталося нічога. А падвалы пад домам, да самай столі засыпаныя зямлёй, змешанай са смеццем, захаваліся. Хлопцы цягалі адтуль на насілках зямлю, прасейвалі праз сіта ў пошуках знаходак. Знаходкамі займалася непадалёку ў цяньку археолаг Акадэміі Навук, маладая жанчына, Ірэна, разам з дзвюма дзяўчатамі– мылі, сушылі, нумеравалі. Знаходак шмат – у асноўным аскалабкі керамічнага посуду, кафлі, цэгла з адбіткамі рук, часам сабачымі слядамі. Знайшлі некалькі медных манетаў з “Пагоняй”. Старажытны муляр правёў па гліне пальцамі, намаляваў крыж, або сабака прабег па сырой цэгле, што сохла ў драўляных формах, і праз стагоддзі абпаленая гліна пранесла “запісы” іхніх дотыкаў. “Чаму б слядам усяго існуючага не застацца навокал, як гэтыя сляды на гліне? – Думаў Алег. – Папросту мы не ўмеем гэтыя сляды бачыць, чытаць. Яшчэ якіхсьці сто – сто пяцьдзясят гадоў таму людзі не ўяўлялі пра існаванне электрамагнітнага поля. Значыць, яно для іх не існавала. Каб наш прапрадзед з дзевятнаццатага стагоддзя ўбачыў тэлефон, радыё, тэлебачанне, кампутар з яго магчымасцямі, дык падумаў бы, што гэта нешта звышнатуральнае. А яно – натуральнае! Яно ўжо створана і існуе. І мая здольнасць зазірнуць у мінулае – відаць проста выпадковая “загрузка праграмы”, якая дазваляе чытаць сляды, што пакінула ўсё існае да мяне”.
– Дзядзька Алег! Дзядзька Алег! Хадземце сюды! Тут нейкая дзірка ў сцяне. –Віця, студэнт гістфака БДУ, сам сябе называе “незабыўны Віцёк” (Сапраўды, вельмі жвавы, вясёлы і завадны).
У тарцы абваленай сцяны, што паказалася з вызваленай ад зямлі часткі сутарэння, адкрылася нешырокая адтуліна.
– Можа комін? – “Незабыўны Віцёк” па плячо засунуў туды руку – Ірэна Уладзіміраўна, тут у сцяне нейкая нара... – У сутарэнне па драўлянай сходні спусцілася археолаг.
– Калі комін, на сценках павінна быць сажа. Пакажы руку. – Паглядзела на Віціну далонь са жменяй рудога пылу. – Не, няма... Можа галаснікі? Сярэднявечныя “падслухоўваючыя прыстасаванні”... У сутарэннях магла быць вязніца, а праз гэтыя каналы ў сценах падслухоўвалі вязняў... А гэта ты там, у нары нагроб? Што за пыл стагоддзяў? Цікава... Віктар, папрасі ў дзяўчат пакет, ссып туды гэты пыл. Для аналізу.
...Пасля абеду Алег адвёў хлопцаў на раку купацца, а сам вярнуўся ў апусцелае сутарэнне. “Свастыкасана”.
...Зусім побач завіхаюцца муляры – пад іх рукамі хутка расце таўшчэзная сцяна. Падымаецца вышэй, вышэй. Вось яна па пояс. Па грудзі. Вось па версе выкладзенай напалову сцяны кладуць бервяно. Пачынаюць абкладаць цэглай. Абклалі. Немагчыма здагадацца, што ў цаглянай тоўшчы схавана дрэва.
Дык вось, што гэта за дзірка ў сцяне! За стагоддзі ўмураванае бервяно спарахнела – пыл, што “незабыўны Віцёк” выграб з адтуліны, гэта спарахнелае дрэва – і засталася пустая “нара”. Толькі навошта было ўмуроўваць тое бервяно? Можа – для эканоміі цэглы?... Трэба будзе ў якасці версіі распавесці Ірэне.

8

...Раніцай на раскопкі заявіўся падпалкоўнік. У прысутнасці археалагіні паводзіў сябе больш ветліва, чым учора, хоць позірк застаўся тым самым – звераватым.
– Вы что жа, Алег Мікалаевіч, не прыйшлі ўчара, как я вас прыглашал? Нехарашо... Хаціце пасорыцца с намі? Не саветую. Забярыце ваш паспарт. І составце мне спісак маладых людзей, работаюшчых на раскопках. Фамілія, імя, отчаства, места учобы, прапіска.
– Пан падпалкоўнік, я ўчора з’явіўся ля вашага кабінета дакладна ў прызначаны вамі час, але той быў зачынены. І чаму я павінен складаць для вас нейкія спісы? Ці ж я працую ў вашай канторы? Вам трэба – вы і складайце. Ці падначаленых прышліце...
– Я зраблю для вас спісы, – умяшалася ў гутарку Ірэна, робячы Алегу знакі вачыма. – Вам у які тэрмін?
– Ка мне нада абрашчацца “таварышч падпалкоўнік”, – стрымліваючы шаленства, ад якога твар наліўся чырванню, працадзіў міліцыянт. – А то как бы не прышлось перахадзіць на “гражданіна”. Эта первае. Фтарое – я сабірал падчынённых на савешчаніе, вы далжны былі падаждаць в калідорэ. І трэцяе – вы тут, я віжу, старшый, вы і далжны прэдаставіць мне спісак людзей. Мы занімаемся прафілакцікай праванарушэній, а тут цэлая група чужых людзей... Так што выпалняйце маі законные трэбаванія... Спісак мне нужан как можна быстрэе.
– “Таварыш” – гэта ад “тавару”, значыць калега па камерцыі. Які я вам калега? Так што выбачайце, буду клікаць вас “панам”. Гэта па-першае. – Алега панесла, і ён не звяртаў увагі на знакі Ірэны паводзіць сябе лагодней. – Па-другое, вы мне прызначылі спатканне ў адзінаццаць. У адзінаццаць вас на месцы не было, і шукаць вас я не абавязаны, мне ўсё роўна, што вы рабілі ў гэты час – ці вы збіралі нараду, ці заганялі каму іголкі пад пазногці – у мяне ёсць свае справы, аб якіх я, дарэчы, не павінен рабіць вам справаздачу. Па-трэцяе, я тут ніякі не старшы, я звычайны валанцёр, які займаецца дапамогай навукоўцы з Акадэміі Навук раскапваць замак. Замову на раскопкі, як мне вядома, зрабіў выканкам вашага горада. То можа вы, як структура выканкама, прышляце сваіх міліцыянтаў – хай папрацуюць рыдлёўкамі і пацягаюць насілкі... Самі тады і спісы складзеце...
– Маі трэбаванія – законныя! Чэрэз два часа я жду спісак маладых людзей, работаюшчых на раскопках! – Аб твар міліцыянта можна было прыпальваць цыгарэты. – Дайце-ка мне назад паспарт! Вот што... Забероце кагда прынясёце спісак. Усё!
...Спіс прыйшлося скласці. Наракаючы, што Алег паводзіў сябе неабачліва, пачала Ірэна. Алег занатурыўся, і, перахапіўшы ініцыятыву, склаў спіс сам – ніводны запіс у ім не адпавядаў рэчаіснасці – ні імёны з прозвішчамі, ні ўсё астатняе. Каб стварыць ва ўсіх уражанне, што спіс сапраўдны, – выклікаў хлопцаў, і апытваў. А пісаў “з пальца”. Вырашыў – міліцыі трэба, то яна і павінна рабіць. А калі захацелі скарыстацца чужым гарбом, вынік хай будзе адпаведны.
У кабінет зайшоўся без стуку (не спальня, а працоўнае месца!). Каля стала падпалкоўніка стаяла даволі маладая жанчына і вялізнымі вачыма ўмольна глядзела на міліцыянта, а той строга яе выгаворваў:
– Жэншчына! Я вам рускія языком паўтараю: праз тры дня! І не панікуйце! А то, развела, панімаеш, ісцерыку! Загуляўся гдзета рабёнак, а вы панікуеце! Са ўчарашнего не было, падумаеш! Не малы ўжо! Можат гдзе ў дзевачак развлекаецца. Вот ежалі тры дні не паявіцца, тагда і прыхадзіце. Напішаце заяўленіе, начнём поіскі.
Жанчына хацела нешта сказаць, але міліцыянт перапыніў яе жэстам рукі:
– Я сказал вам – нет! Да ісцечэнія трох сутак не імею права! Жэншчына, не дурыце мне галавы! Усё! Ідзіце! – І да Алега: – Ну што? Прынёс спісак? Ага...
Прабег вачыма па радках.
– О, са всей рэспублікі... Глядзі за німі, Алег Нікалаевіч, ты самый старшый, с цебя і спрос будзет, ежэлі што... На, вот, паспарт.
Вяртаючыся на раскопкі, Алег дагнаў тую жанчыну. Разгублена ішла па вуліцы і ціха плакала.
– Што ў вас здарылася? – Алег нясмела даткнуўся да локця кабеты. – Я зразумеў так, што дзіцё згубілася?
– Але... Сын...Франак... Як учора пайшоў раніцой з дому гуляцца, так дагэтуль і не вярнуўся. Я ўжо ўсіх ягоных сяброў аббегала... Не, ніхто не ведае нічога. Учора бачылі перад абедам, купаўся на рэчцы. А потым, здаецца, у лес накіраваўся... Ён любіць па лесе лазіць. Я ў міліцыю, каб памаглі, а начальнік кажа – трэба каб тры дні... – Слёзы з вачэй жанчыны паліліся ручаём. – Гэта ж трэба спяшацца, мала што за тры дні можа здарыцца! Можа праз тры дні ўжо позна будзе... І муж, як на бяду, на заробкі з’ехаў... У Расею, у гэты... Нефцеюганск... Там іх цэлая брыгада, беларусаў. І суседзі ўсе – хто на працы, хто, як мой – на заробках. Няма каго папрасіць – каб шукаць дапамаглі. За ноч усе падвалы, гарышчы аблазіла. Не ведаю, што далей рабіць...
– А колькі Франаку гадоў? – Пацікавіўся Алег, а сам ужо абдумваў план.
– Трынаццаць... Такі стаў распушчаны, некіруемы. Бацька цёмгле на заробках, а мяне не слухае... Але што зробіш – грошы зарабляць таксама трэба...
– Цёмгле...? Вы, мабыць, нетутэйшая, аднекуль з Заходняй?
– Ну... З Іўеўскага раёну я. – Жанчына перастала плакаць, і на змучаным твары праявілася нешта накшталт усмешкі.
– Угу... Значыць, не памыліўся... Я вось што думаю: давайце я дапамагу шукаць. Згода? У мяне такі-сякі план саспеў... Зараз сходзім на раскопкі, я там хлопца вазьму ў дапамогу. Ці можа ў вас іншыя задумкі?
– Не, якія там задумкі... Я ўжо не ведаю, што рабіць...
– Вы адвядзеце мяне на тое месца, дзе Франак учора купаўся. Але спачатку схадзіце дадому, мне патрэбна фатаграфія Франака. І распавя­дзіце – у чым ён быў апрануты.
На замчышчы Алег коратка распавёў Ірэне пра здарэнне і свой намер дапамагчы няшчаснай маці шукаць сына. Папрасіў адпусціць з ім “незабыўнага Віцька”.
...– Калі ласка, не думайце, што я звар’яцеў. Я – нармальны. – Папрасіў Алег Алену і Віцьку, калі яны прыйшлі на мясцовы “пляж”, дзе апошні раз сябры бачылі Франака. Пасля апоўдня неба заснавала хмарамі, і бераг быў амаль пусты. Толькі непадалёк выпівала невялікая хлапечая кампанія. Адразу за хмызамі, дзе размясціліся “пікнікоўцы”, пачынаўся хваёвы лес.
...Сонечна. Бераг запоўнены людзьмі. На краі, ля ўрэзу вады складзеная з кавалкаў дзірвану ўзвышэнне-тумба. З яе скачуць у ваду хлопчыкі. Вось Франак, смуглы як арабчаня і бялявы, зусім не падобны да таго, што на фатаграфіі, якую дала Алена. Загарэў, а валасы выцвілі, дзіва што – цэлымі днямі на сонцы. Падымаецца з травы, апранаецца. Як і казала Алена –блакітныя шорты, белыя красоўкі, белая майка з надпісам лацінскімі літарамі на грудзях – “MERSEDES”. Пайшоў да хмызоў, дзе зараз п’яная кампанія.
Расплюшчыў вочы. Алена і Віцёк назіралі за яго маніпуляцыямі, пераглядваліся.
– Яшчэ раз прашу не здзіўляцца. У мяне такі спосаб... Потым, можа, распавяду... А зараз – проста ідзіце за мной і чакайце, калі я буду спыняцца. – Алег прайшоў ля захмялелых хлопцаў, пачаў прадзірацца праз густы лазняк. Прабраўся на другі бок – далей пачынаўся лес.
...Заходзіць у лес. Між хвояў мільгае белая майка. Знікла ля выгнутага хваёвага сука. Туды. Побач Алена з Віцькам. Твары сур’ёзныя, засяроджаныя.
...Ізноў паміж дрэваў мільгае майка. Не згубіць. Далей – да асіны са слядамі ласіных зубоў...
...Далей... Елка і побач мурашнік...
...Далей... Бяроза, уся парослая амялой...
...Далей...
Сунічная паляна. Франак лазіць на кукішках, збірае суніцы, адпраўляе ў рот. Садзіцца на спарахнелы пень. Пень развальваецца.
– Колькі часу мы ўжо лазім?
– Чатыры гадзіны... Дзядзька Алег, а вы што – экстрасэнс? – Голас Віцькі насцяроджаны і ў ім чуецца недавер. Алена ж наадварот –позірк, поўны надзеі.
– Які там экстрасэнс! Вось, бачыце – разламаны пень? Гэта Франак спрабаваў на яго прысесці, ды раздушыў. Зусім гнілы. А вось – сунічнік змяты, бачыце?
– ...Не-а...
– Вось... А я бачу. Гэта Франак суніцы збіраў. Так што, Віця, нічога звышнатуральнага. Проста... ну... – неблагі следапыт... (Зараз павінен спытаць пра “свастыкасану”. Што б яму адказаць?).
– А чаго вы садзіцёся быццам ёг?
– Гэта я так адпачываю. Павышаная канцэнтрацыя... Расход энергіі... Стамляюся хутка.
Зноў поўзае, збірае суніцы. Прыўзнімаецца, прыслухоўваецца. Спалоханы твар. Кідаецца да дуба на краі паляны. Падскоквае, спрабуе ўхапіцца за сук. Не дастае. Абдзіраючыся лезе па ствале, дацягваецца да сука, дрыгае нагамі, падцягваецца, залазіць. Вышэй. Яшчэ вышэй. Стойваецца сярод лістоты.
Хвіліна. Другая. На паляну выходзіць казуля. З рожкамі. Самец. Стрыжэ вушамі, выцягвае шыю, разявае рот. Зрываецца з месца, скачок-палёт над кустамі, знікае сярод ляснога падросту…
Паскорыў “карцінку”. Сонца хутка пакацілася за дрэвы. Хлопчык уладкаваўся на галіне, прыціснуўшыся спінай да стаўбура. Баіцца злазіць, казулю відавочна не бачыў.
Світанак. Франак спускаецца ніжэй, павагаўшыся, скача з ніжняга сука на зямлю. Няўдала, качаецца па зямлі, ухапіўшыся за нагу.
“Збіраў суніцы, а яго пачуў, а мо ўнюхаў самец казулі і рыкнуў. Зблізу крык казулі-самца даволі пагрозлівы. Хто ніколі не чуў, лёгка можа спалохацца.”
Плача. Размазвае слёзы па твары. Спрабуе ісці. Кульгаючы пакідае паляну.
Агледзеўся. Алену атакавала воблака камароў, і яна адмахвалася зялёнай галінкай. А Віцька, як толькі што “бачаны” Франак, поўзаў па сунічніку.
– Думаю, Франак ужо недалёка. Пайшлі... Вунь туды.
Ісці прыйшлося яшчэ хвілін сорак. Спачатку пачулі ціхае скавытанне, Алена кінулася ўперад, і на ігліцы пад высокай елкай знайшлі Франака. Сядзеў, прыхіліўшыся спінай да стаўбура, з распухлым ад камароў тварам, рукамі і нагамі. Убачыў маці і голасна заплакаў.

9

– А ведаеш, – сказала Ірэна, – той пыл у “нары”, у сцяне, сапраўды астаткі спарахнелага дрэва. Як ты здагадаўся? А я думала – галаснікі, “падслухоўваючыя прыстасаванні”.
– Прыйшла здагадка, і ўсё. Толькі навошта ў сцяну бервяно ўмуравалі – здагадацца не магу.
– Віцька пра цябе гісторыі распавядае, быццам ты экстрасэнс. Садзішся, ногі скручваеш і слухаеш унутраны голас. Кажа, кіламетраў пятнаццаць па лесе вёў, і на хлопчыка таго, што нагу падвіхнуў, вывеў. Надта яго ўразіў. Як ты гэта робіш? – Зялёныя вочы Ірэны пазіраюць уважліва, са стрыманай усмешкай.
– А вось так! – Алег гарэзліва ўзбег на самы верх вала і сеў ля прастакутніка са шпагату, нацягнутага на калочках – гэта Ірэна абазначыла межы будучага раскопу.
...Дым. Мітусяцца людзі. Бой. Пад валам пакладзены побач адно другому паўтары дзясяткі загінулых з накрытымі тварамі... Далей.
...Зусім побач – яма. Шырокая. Дно ўстаўлена дамавінамі. Брацкая магіла. Святар у брудных рызах. Невялікі натоўп са змрочнымі, заклапочанымі тварамі. Кідаюць жменямі зямлю...
Гарэзлівасць знікла як дым. Спусціўся з вала.
– Ірэна, цябе як археолага цікавяць старажытныя пахаванні?
– Я даследую замак. Гэта галоўнае. А пахаванні, калі трапляюцца выпадкова – толькі ў ступені, што датычна замка, як частка ягонай гісторыі. А што? Спадзяюся не думаеш, што археолагі – яны ж і рабаўнікі магілаў?
– Ды не, я так не думаю... Але ж з іншага боку хто, як не археолагі разрабавалі магілы егіпецкіх фараонаў, парушылі іх спакой? Даруй, што бяру на сябе смеласць даваць парады – знайдзі, калі ласка, для раскопа іншае месца. Там, дзе ты заклала – вялікая магіла. Пятнаццаць чалавек... Хай ляжаць, не трэба іх кранаць.
– Ты мяне палохаеш... Адкуль гэта можаш ведаць? Можа, сапраўды – экстрасэнс? Не веру ў экстрасэнсаў! – Недаверліва прамовіла Ірэна. Задумалася на хвіліну. – Добра! Так і быць. Перанясу ў іншае месца. Хачу рассекчы вал і даследваць яго стратыграфію, так што непрынцыпова, дзе гэта зрабіць. Тут намеціла, бо зямлю бліжэй адносіць. Згода...
...Мне пераказалі, што Сяргей Чысел тэлефанаваў, камандзір “Белага рэгіёна”... Ты знаёмы з Сяргеем?
– Знаёмы... Даўно. У Вільні на ўстаноўчым з’ездзе Беларускага Народнага Фронту пазнаёміліся. Ён там адзін з дваіх дэлегатаў-вайскоўцаў быў. Чаго тэлефанаваў? – Запытаўся Алег.
– Цікавіўся, як хлопцы сябе паводзяць, як працуюць, ці знайшлі што... Заўтра прыехаць збіраецца. Занепакоіўся, калі даведаўся, што міліцыя спіс запатрабавала. Баіцца за хлопцаў – каб на вучобе непрыемнасцяў не было. Для ўладаў лепш, калі моладзь співаецца, чым калі зямлю на раскопках цягае. Ды яшчэ задарма. О-о! Гэтага яны зразумець не могуць, гэта для іх прызнак небяспекі! – Голас Ірэны зазвінеў ад стрымліваемага абурэння.
– Дарэчы, калі не сакрэт, натуральна, – як Радзіма аддзячвае сваёй інтэлектуальнай эліце за яе працу? – Алег зрабіў пацешную грымасу.
– Не блытай Радзіму з дзяржавай. З Радзімай у мяне няма грашовых адносінаў, Радзіма – святое. А дзяржава так аддзячвае, што сакрэту няма, але казаць сорамна, – сур’ёзна адказала Ірэна, не прыняла лёгкі Алегаў тон. – Мне матуля ўсе вушы прадзяўбла – маўляў, што ты маеш ад Акадэміі, ідзі лепш у якую фірму перакладчыцай ангельскай, будзеш сапраўдныя грошы зарабляць. А я, каб нават за права археолагам працаваць плаціць прыйшлося, відаць, плаціла б! Знайшла б які “левы” заробак, і штодзень купляла білет за ўваход у будынак Інстытута Гісторыі. Або сюды, на раскопкі...
– Зайздрошчу табе!...
...Вярнуліся да раскопу пасля перапынку – кожныя дзве гадзіны Алег вадзіў “легіянераў” на пятнаццаць хвілінаў купацца ў Цічы – і пабачылі брутальнага выгляду “Джып”. Па замчышчу з зацікаўленым выглядам лазіў Сяргей Чысел з нейкім маладым мужчынам. Як задаволіліся ўзаемнымі роспытамі, хлопцы з неахвотаю працягнулі раскопкі. Сяргей прапанаваў Алегу прагуляцца. Прызначыўшы “незабыўнага Віцька” старшым, перайшлі пешаходны масток, селі на беразе. Унізе хуткая Ціч несла мутную ваду, відаць, у вярхоўі, на міншчыне прайшлі дажджы.
– Я бачу – Віцька тут у лідарах ходзіць? – Пачаў Сяргей. – Чаму менавіта яго ты зараз старшым прызначыў?
– Ён насамрэч лідар. Вясёлы, жвавы, разумны. Хлопцы яго паважаюць і слухаюцца. У большасці... Зноў жа – гісторык, умее гутарку з Ірэнай падтрымаць. Астатнія слухаюць з задавальненнем. Я – у тым ліку... – Адказаў Алег.
– А нічога падазронага за ім не заўважаў? – Панізіў голас Сяргей.
– Што канкрэтна? – Не зразумеў Алег. – Калі ты наконт якога зла­дзейства, то ў нас ні ў кога нічога не прападала...
– Не, я пра іншае... Як думаеш, адкуль я магу ведаць, што да вас начальнік міліцыі завітаў асабіста і спіс усёй групы зараз мае?
– Ты мяне інтрыгуеш... Ну, Ірэна па тэлефоне распавяла... Так?
– Не, з Ірэнай у мяне непасрэднай сувязі няма, я тут аднаму мясцоваму хлопцу тэлефаную, ён, калі што трэба, ёй перадае... Мне пра мянта свой чалавек з КГБ распавёў. А яму гэта вядома стала, не паверыш – Віцька даклаў. Ён тут за вамі ўсімі прыглядаць прыстаўлены. Дык я і пытаюся – Віцёк не знікае раптам на які час?
– Не заўважаў... – Прамармытаў уражаны Алег. – Ты мяркуеш, ён павінен адлучацца, каб звязацца з гаспадарамі? Ну, для гэтага выдзяліць якіх паўгадзіны тут лёгка. Я іх у краму адпускаю, на рэчку ходзім... Не ўсе ходзяць... Слухай! Ну стукае Віцёк, і хай стукае! Калі “канторы” зусім заняцца няма чым. Мы што – крымінальнікі якія? Тэрарысты? Мы дапамагаем раскрываць невядомыя старонкі беларускай гісторыі! А калі няма за намі нічога кепскага, то чаго баяцца? Хай хлопчык пагуляецца ў шпіёна!
– Яно то гэтак... – Голас Сяргея сцішыўся амаль да шэпту – Але не забывайся, што “Белы Рэгіён” я так і не здолеў зарэгістраваць, баяцца даць нам легальны статус. І за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі кожны можа вылецець з вучобы. Ты думаеш, мент сам прыдумаў наконт спісу? Не-а! Каб сам, то прыслаў бы якога бобіка, а тут бач – асабіста прыпёрся! Загад выконваў! Навошта гэб’ю спіс? Вельмі можа быць, што потым запатрабуюць павыганяць. І паламаюцца ў харошых хлопцаў лёсы...
– Дык я гэты спіс сам рабіў! – зарагатаў Алег. – Там ніводнай звесткі сапраўднай няма! Усё – ад балды! Праўда, і Віцькавы дадзеныя таксама... Здагадаюцца.
– Малойца! Машына гэтая цяжкая, пакуль дойдзе, што спіс фальшывы, нікога тут ужо не будзе. Адзінае, Віцька за час працы разведае пра таго-сяго. Трэ будзе гэты досвед добра запамятаць – выхоўваць легіянераў так, каб не шмат пра сябе распавядалі. – Сяргей уздыхнуў. – А можа Віцьку пад якой-небудзь прапановай выдаліць з групы? Добра... Я над гэтым падумаю... А цяпер у мяне да цябе прапанова... Хачу прасіць аб адной паслузе.
– Ну, кажы. – Зацікавіўся Алег. – Мяне з вучобы ўжо не выганяць, спазніліся.
– Асабліва не храбрыся, не з вучобы, дык з працы... – запярэчыў Сяргей. – Справа такая. Хачу цябе з групы забраць, з ёю той хлопец застанецца, што я прывёз. Адразу паведамляю, што заробак, як дамовіліся, ты за працу з групай атрымаеш цалкам. А за гэтае новае даручэнне – асобна. Ну як, спакусіў?
– Ты ж ведаеш, я не з-за грошай згадзіўся папрацаваць, – пакрыўдзіўся Алег. – Я хачу штосьці пасільна-карыснае для Беларусі і беларушчыны зрабіць! Калі здолею хоць да двух-трох гэтых хлопцаў павагу і любоў патрыятычную прышчапіць, то буду лічыць, што не дарэмна ў “каман­дзіроўку” з’ехаў.
– Справа такая. Некалькі звязаў “Белага Рэгіёну” на заробках у Расеі. Добрыя грошы зарабляюць, у нас, пры нашай “аканоміцы”, столькі не зарабіць. Дзясятую частку арганізацыі ахвяруюць. Вось вы тут харчуецеся, пальчаткі баксёрскія, намёты, заробак твой – гэта ўсё адтуль. Толькі з’ехаць з таго Сібіра з грашыма заробленымі хлопцы не могуць, небяспечна. Там за імі расейскія мянты палююць, ды і бандыты таксама. Таму пасля вахты яны без грошай дадому едуць. А заробак гендырэктар-працадаўца, дарэчы, былы наш, з Гомельшчыны, павінен у Маскву прывезці. Раней я сам забіраў, а зараз атрымаў інфу, што гэб’ё гэтымі грашыма зацікавілася. І я не давязу, канфіскуюць. І будзе вельмі нядобра перад хлопцамі. А цябе ніхто ў “канторы” не ведае. Ды і з мянтом ты тут заеўся... А парода гэтая помслівая... То хачу цябе паслаць у Маскву. Вось такая прапанова. Згодзен?
– Гм... Дзякуй, што давяраеш... Сума вялікая? – Алег адчуў, як па спіне прайшоўся халадок, і недарэчна хіхікнуў – Не баішся, што я з тымі грашыма...?
– Як для каго... Тысячаў пяцьдзесят. Зялёнымі. Хопіць, каб стаць мішэнню. А баяцца, што скрадзеш – не! Сапраўды давяраю, можаш ганарыцца. – Прыплюшчаныя, падобныя на татарскія, вочы Сяргея бліснулі ўсмешкай. – Дык згодзен?
– Добра, з’езджу. Зараз і збірацца?
– Так. На зборы гадзіны хопіць? Праінструктуй свайго зменшчыка, прадстаў хлопцам. А наконт паездкі ў Маскву па дарозе ўсё распавяду. Ды там нічога складанага няма. Квіток да Масквы ўжо набыты, месца ў гатэлі забраніравана. Шыкоўны, між іншым, гатэль. “Масква”. Дарагі, зараза, але наш пан дырэктар марку трымае, пантуе. Прыедзеш, паселішся і будзеш чакаць. Дні два-тры, дакладней ён не можа паведаміць. Калі што зменіцца, я табе патэлефаную ў нумар…

10

…У прастакутніку шыбы плаўна зрушыліся і паплылі вежы прывакзальнай плошчы. Алег адвярнуўся да вакна, употай перахрысціўся і ў думках прачытаў “Малітву падарожніка”: “Госпадзе Ісусе Хрысце, Сыне Божы, ахоўвай мяне падчас майго падарожжа, заўжды давай добрую параду і падтрымку, барані мяне ад усякае небяспекі, будзь правадніком маім і спадарожнікам. Аддаю сябе пад Тваю ахову і пакорна прашу Цябе: давядзі мяне да мэты майго падарожжа. На Тваю дапамогу я спадзяюся, і ўвесь час вочы мае на Цябе будуць зверненыя”. У купэ апрача Алега тлусты мужчына гадоў пад сорак з кабетаю, відаць жонкай, і яшчэ адзін – чарнявы, гарбаносы, з вусікамі. “Ці то каўказец, ці то яўрэй. – падумаў Алег. – Хутчэй яўрэй, бо погляд пукатых вачэй спакойны, у каўказцаў больш дзёрзкі. У таўстуна “конскі хвост” на карку, так зараз модна сярод праваслаўных святароў. І кабета ягоная ў хустцы, мабыць, матухна. Хоць – не, матухне поп забараніў бы джынсы, для праваслаўных нагавіцы на жанчыне – грэх. Запхалі ў нішу, дзе матрацы захоўваюцца, тры вялізныя сумкі. У такіх “чаўнакі” тавары з Кітаю ды Турцыі прывозяць. Можа, гандляры?”
Алег дастаў з кейса кніжку, – паспеў на дарогу ў “Акадэмкнізе” набыць – пагартаў, злавіў нясмелы зацікаўлены погляд:
– О-о! Вы читаете Шолом Алейхема… – твар чарнявага выражаў гранічную павагу. – И как вам? Нравится?
– Ды я толькі пачаў. Глядзеў некалі тэлевізійны спектакль “Малочнік Тэўе”, спектакль мне спадабаўся, вырашыў вось, так бы мовіць, перша­крыніцу…
Наверсе заварочаўся тлусты. Звесіў з паліцы галаву.
– Я извиняюсь, что вмешиваюсь в вашу беседу. На правах священнослужителя, – я протоиерей (“Вось як я ўцэліў! – пахваліў сябе Алег. – А што матухна ў нагавіцах, то можа поп які мадэрновы…”), – считаю возможным посоветовать вам читать родных, русских авторов. Пушкина, Гоголя… А особенно – книгу книг, Библию. А этого, – ён з асуджэннем паказаў вачыма на том у Алегавых руках,– отложить. Смутные времена! – Поп уздыхнуў. – Книжные магазины завалены всяческой вредятиной, которую надо бы собрать в кучу и сжечь! Что делается! Мораль народа падает! Эти бесовские компьютеры, Интернет, телевизоры с развратными программами…
– Вы, ойча, памыляецеся. Рускія аўтары для мяне не родныя. Для мяне родныя – Караткевіч, Купала, Колас… Так што Пушкін з Гогалем у гэтым сэнсе раўназначныя Шолам Алейхему. А паліць кніжкі – ну гэта вы ўжо лішку загнулі, бацюшка!
– Но вы же православный человек! Я видел, как вы перекрестились перед отъездом поезда. Белорусы, украинцы – ответвления одного народа! Русского!
– Ага. Рускія, значыць, народ, а мы з украінцамі – нейкія “ответвления”. Дзякуй, бацюшка! Але я не рускі і не праваслаўны, а беларус і грэка-каталік. Што не перашкаджае мне любіць творы згаданага вамі Гогаля. Магчыма, прачытаўшы, упадабаю яшчэ яўрэя, Шолам Алейхема.
– Это вы униат, что ли? – Уткнула тры грошыкі са сваёй паліцы пападдзя. Чарнявы яўрэй, сумеўшыся, заціснуўся ў кут і ў гутарку не ўступаў. – Ужас!
– Што такога “ужаснага” вы бачыце ў грэка-каталіках? – Пакрыўдзіўся Алег. – Здаецца, не я прапаноўваў зараз паліць кнігі… Недзе гэта ўжо было. Скончылася для падпальшчыкаў кепска.
– Я не в прямом смысле… – Даў задні ход поп. Відаць, быў упэўнены, што знойдзе аднадумца, і крыху зніякавеў. Але працягваў. – Я к тому, что люди сейчас совсем не читают родную литературу. Сначала надо своё прочитать, а потом уже за разных там… Бабелей браться. Вот вы, например, знаете хотя бы настоящие фамилию-имя-отчество вашего Янки Купалы? А? – І не даючы Алегу сказаць, заспяшаўся. – Вижу, что не знаете… А фамилия его Луцкевич.
– Луцэвіч, а не Луцкевіч. – Паправіў Алег. – Іван Дамінікавіч Луцэвіч… Дык што такога жахлівага вы, матухна, убачылі ў грэка-каталіках? Бог адзіны, так, ойча? – Той кіўнуў згодна: маўляў, так, адзін. – Дык чаму вас палохае, што людзі славяць Яго не пад вашым дахам? Што, у вас, бацюшка, лепшы “прыёмаперадатчык” да Творцы, чым у вашага калегі з Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы?
– Вы Папу своего слишком любите… Больше, чем Господа… – Прамармытала кабета і адвярнулася.
– А ці ж кепска любіць свайго пастыра? Казаў жа святы Ян Залатавусны, што той, хто шануе пастыра свайго, той шануе Хрыста ў пастыры сваім, а хто крыўдзіць пастыра, той крыўдзіць Госпада… А наконт “болей” ці “меней” – якім метрам можна памераць любоў?
Поп на паліцы ўздыхнуў, крэкчучы злез і выйшаў з купэ. Вярнуўся хвілінаў праз пятнаццаць з моцным тытунёвым “выхлапам”. Забраўся назад і неўзабаве так магутна захроп, што заснуць Алегу амаль і не ўдалося...
…Як Сяргей і казаў, у гатэлі “Масква”, безгустоўнай будыніне, што задушыла сабою ўсю акаляючую прастору, для Алега быў забраніраваны двухпакаёвы апартамент нумар чатырыста чатырнаццаць, на чацвёртым паверсе. Агледзеўся. Прасторны пакой, два вакны, на сцяне маятнікавы механічны гадзіннік у драўляным корпусе. Злева ў куце сервант з посудам і столік з блішчастым электрычным самаварам. Бліжэй да вокнаў вялікі стол і шэсць крэслаў з высокімі спінкамі. Кветкі на стале. Справа на тумбе тэлевізар. Насупраць два фатэлі. Уся мэбля шыкоўная, з цёмнага дрэва, відаць арэха, вытрымана ў адзіным стылі, упрыгожаная мастацкай разьбой. Расклаў рэчы, прыняў душ і нырнуў пад коўдру на шырокім ложку ў малым пакоі-спальні. Прачнуўся ад бомкання насценнага гадзінніка, калі ўжо было цёмна, а за шыбамі рознакаляровымі агнямі іскрыўся велізарны мегаполіс. Уключыў бра над галавою, паспрабаваў чытаць Алейхема, але засяродзіцца на чытанні не ўдалося. Выйшаў у вялікі пакой. Уключыў тэлевізар, папстрыкаў па каналах. З сумам адзначыў, што ноч, відаць, будзе бадзёрай і нэндзнай...
...Жанчына ў доўгай лёгкай сукенцы стаіць, адвярнуўшыся да вакна. Глядзіць праз шыбу і водзіць па шкле пальцам. Пачырванелае сонца апускаецца ў хмару за пыхлівым, брудным горадам з апусцелымі вуліцамі, перагароджанымі “вожыкамі Горыкера”. Адсунуўшыся ад стала сядзіць у крэсле, закінуўшы нагу на нагу, немалады ўжо, але яшчэ вабны мужчына. Хударлявы, з высокім адкрытым ілбом, які перасякаюць некалькі неглыбокіх зморшчын, цёмнымі валасамі, невялікімі дагледжанымі вусамі і запалымі сумнымі вачыма. Мудрымі-мудрымі. Быццам увесь сум і ўся мудрасць свету глядзяць з гэтых вачэй.
Падымаецца з крэсла, падыходзіць да жанчыны, пяшчотна бярэ за плечы, паварочвае да сябе. Нешта доўга гаворыць. Цалуе руку. Праводзіць да дзвярэй. Пайшла. Зноў сядае ў крэсла. Доўга аб нечым думае. Уздрыгвае, паварочваецца да дзвярэй. Уваходзіць мужчына ў шэрым касцюме. Размаўляюць. Сышоў.
Алег расплюшчыў вочы і страсянуў галавою. Такі знаёмы твар! Дзе ён мог яго бачыць? Дзе? Дзе? Хадзіў па пакоі і спрабаваў успомніць, ад напругі ажно забалела галава. Хто? Дзе? Чаму тут, у месцы, дзе ніколі дагэтуль не быў, такі знаёмы твар?
І раптам як стрэл – здагадка! “Не, не можа быць... Ці – можа?”
Выпрастаная спіна, сухі твар з вусікамі... Лоб... Вочы... Нос...
Ён! Янка Купала! Не-ве-ра-год-на! У гэтым нумары спыняўся Янка Купала!
Падышоў да гардэробнай шафы, дастаў капялюш. Аб нечым задумаўся, усміхнуўся сам сабе, махнуў рукой. Паклаў капялюш на ранейшае месца. Выйшаў з апартамента.
Пахапліва, быццам баючыся не дагнаць, уздзёр на сябе спартыўны касцюм, выйшаў “следам”, зачыніў дзверы на ключ, агледзеўся. Калідор, пляцоўка, мармуровая лесвіца былі пустыя. Гатэль спаў у гэты позні час. Проста на падлогу, у “свастыкасану”. Маніпуляцыя пальцамі.
Павольна падымаецца па лесвіцы на пяты паверх. Даланёй пахлопвае па парэнчах. Схаваўся за чарговым пралётам...
Падняўся на паверх вышэй. “Свастыкасана.”
...Прайшоў шосты, падымаецца вышэй...
...Сёмы...
...Дзявяты...
...Дзясяты... Спыніўся, трымаецца за парэнчу, аддыхваецца.
– Вам плохо? Может врача? – Расплюшчыў вочы, побач кабета ва ўніформе, абслуга гатэля. Устрывожана ўглядаецца. Натуральна ўстры­вожышся – сядзіць на пляцоўцы хлопец, вочы закаціў, ногі вузлом сплёў і пальцамі пстрыкае...
– Не-не! Дзякуй, усё добра. Хатха-ёга, а ў нумары душнавата, то я сюды... Нічога не трэба! – Па-беларуску, забыўшыся, спяшаецца супакоіць Алег.
– Говорите по-русски… Ничерта же непонятно!...
– Простите. Я говорю – всё в порядке, спасибо… Физкультура…
Усміхнулася недаверліва, але пайшла.
Далей. Што там далей?
...Пастаяў, аддыхаўся. Стукаецца ў дзверы нумар 1034, уваходзіць...
Маніпуляцыя пальцамі... Заскакалі “кадры”.
Дзверы пакоя 1034 адчыняюцца, выходзіць Іван Дамінікавіч, азіраецца. У белым карункавым фартучку і гэткай жа наколцы на валасах маладая кабета, відаць, афіцыянтка, накіроўваецца на адзінаццаты паверх. Купала нешта ёй кажа, яна ўсміхаецца, варушацца вусны, адказвае.
Мужчына, той, шэры, які заходзіў у 414-ты. Падымаецца знізу. Аб нечым гутараць. Твар Купалы пахмурнее. Зверху, з адзінаццатага, спускаецца яшчэ мужчына, безаблічны, таксама ў шэрым. Крадком падыходзіць ззаду да Купалы і раптам абхоплівае яго за шыю, валіць назад. Першы б’е Купалу ў твар, потым хапае абмяклае цела за ногі, і яны ўдвох цягнуць яго да парапету. Купала прыходзіць да прытомнасці, б’ецца ў іх руках, спрабуе ўдарыць нагамі ў жывот нядаўняму суразмоўцу. З нагі паэта злятае чаравік, адскочыўшы ад ног нападнікаў, адлятае на пляцоўку паміж паверхамі. Яшчэ два ўдары ў твар, і шэрыя перавальваюць Купалу праз парапет, у пралёт. Мільгае ягоная разбутая нага ў цёмна-сіняй шкарпэтцы. Мітусліва бягуць уверх па лесвіцы. Насустрач спускаецца афіцыянтка ў фартушку. Расчыняюцца дзверы 1034, вывальваецца некалькі чалавек. Афіцыянтка імгненна разварочваецца, узбягае следам за шэрымі...
...– Эй, уважаемый! Гражданин! – Міліцыя, трое, лейтэнант і два малодшыя сяржанты. Відаць, тая, ва ўніформе паведаміла. – Документы, будьте любезны!
– Документы?... – Алег не можа адысці ад толькі што ўбачанай жахлівай “карцінкі”. – Какие документы? А! Мои документы?
– Да-да. Ваши паспорт или другое удостоверение личности...
Захацелася спытацца пра іхнія, але толькі што бачанае спыніла. Халера яго ведае – ноч, сведкаў няма, зараз схопяць за рукі-ногі, і туды ж, у праём...
– Мои документы в номере… В четыреста четырнадцатом…
– А позвольте полюбопытсвовать – зачем это вы тут расселись на площадке десятого?
– Да так... Долго объяснять...
– Вы уж потрудитесь объяснить...
– Ну... Не спалось... Вышел, походил по лестницам, чтобы устать немного, а здесь почувствовал головокружение и присел расслабиться... – Фантазіруе Алег, імкнучыся быць як мага больш пераканаўчым. Не хапае толькі трапіць у пастарунак! “Не шанцуе мне з мянтамі... – Думае Алег. – Асабліва як зазіраю ў мінулае...”
...З дырэктарам так і не сустрэўся. Як шпіёны, далібог! Былы зямляк патэлефанаваў у нумар, прадставіўся Толікам і назваў дзве лічбы. Сяргей папярэджваў, што можа быць гэткі варыянт. Паехаў на Курскі вакзал, першая лічба – нумар ячэйкі камеры захоўвання, другая – шыфр. Забраў там пластыкавую торбу з тугім пачкам, загорнутым у газету “Красный Север”. Вярнуўся ў гатэль, пераклаў пяць брыкетаў “баксаў” у адмысловы пояс, надзеў пад кашулю на голае цела. Паглядзеў на сябе ў люстэрка. Не бачна. Сабраў рэчы і пакінуў “Белакаменную”. Усю дарогу да Мінску ўваччу стаяў эпізод, як Песняра перакідваюць праз парапет. Спінай у праём. Чаравік на пляцоўцы паміж паверхамі, кроў на парэнчы...

11

– Сяргей, што ведаеш пра смерць Янкі Купалы? Я са школьнай праг­рамы памятаю: 1882 – 1944. А пацікавіцца дакладней неяк не здагадаўся ніколі, – пытае Алег. “Зялёныя” аддаў, пра ход “аперацыі” прыёма-перадачы распавёў.
– Няправільна памятаеш. У сорак другім загінуў. Дакладна. Цёмная нейкая справа... Кажуць – ці то самагубца, у пралёт лесвічны скокнуў, ці то п’яны ўпаў... А мо гэб’ё скінула, невядома. Здаецца, нават, у тым гатэлі, дзе ты зараз быў, у “Маскве”. А што?
– Ды так, нічога. З папом ехалі ў купэ, заспрачаліся наконт Купалы... Нічога...
– Алежык, у мяне да цябе яшчэ адна просьбачка, апошняя гэтым годам. Дакладней – крайняя, – папраўляецца Сяргей. – Мы ў “Белым Рэгіёне” штогод ладзім закрыццё летняга лагернага сезону. Хлопцы, каторыя адбылі летнік, здаюць на “сталёвыя берэты”. Спачатку марш трыццаць кіламетраў па перасечанай мясцовасці, потым сілавыя практыкаванні і ў канцы – бой з дзесяццю кваліфікаванымі тай-баксёрамі, майстрамі спорту. З кожным па адной хвіліне. Хто не зламаецца да самага канца, вытрымае – атрымоўвае “сталёвы берэт”. Дык вось я падумаў, што ў тваіх мясцінах вельмі мясцовасць падыходзіць для гэтых выпрабаванняў. Балоты, рэкі, гушчары... Хачу, каб ты падрыхтаваў “трасу” для марша, спачатку на карце, потым на мясцовасці зрабіў кантрольныя кропкі. І месца для баёў. Рысталішча, так бы мовіць... Праца гэтая, натуральна, як і ўсе астатнія – ганарарная! Зробіш? – Сяргей пранікнёна заглядае Алегу ў вочы.
– Ёсць харошая мясціна для “рысталішча”... На беразе ракі, чысцюткай, як сляза цнатліўкі, – кажа Алег. – І ад ганарару я адмаўляюся. Замест ганарару трэба, каб ты з хлопцамі прывёз туды мяхі чатыры цэменту, пясок, каменне ці цэглу, можна бітую. Прычэпа да легкавушкі хопіць... І каб хлопцы гадзіны чатыры-пяць папрацавалі. Там у аднаго дрэва, майго сябра, карыес. Вылечыць хачу...


***
...Чырвонае сонца падымалася над хмызамі, над абалонай ракі, завешанай вэлюмам ранішняга туману. Легкавік нетаропка рухаўся сярод росных траваў па каляіне, вытаптанай сялянскімі вазамі.
– Дарогу паказвай, не зблудзі… Тут налева ці направа? – пытае Міхась, напружана выглядаючы шлях перад машынай.
– Налева… Калі ты навучышся дарогу запамінаць? – Нязлосна бурчыць Алег.
– Глянь! Стаіць той дуб! Я думала ўпадзе! – Вішчыць ззаду Чэ. – Спыніся, Мішка!
– Ён яшчэ тысячу гадоў прастаіць, – задаволена кажа Алег. – Бачыце, якую пломбу легіянеры паставілі? Бетонную! Яму зараз аніякая бура не страшная. – Падае руку заўважна патаўсцелай у таліі Настассі: – Асцярожненька, Настачка, не забывайся аб сваім “цікавым стане”.
Над наваколлем раскінуў зялёнае воблака лістоты, аточанае трывожна задранымі сухімі галінамі, таўшчэразны дуб. Нібыта плыве. У стагоддзі.