12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Павел Ляхновіч

_____________________
Скрыжаваньні.
Два аповеды



Палеская “вендэта”
Роўнядзь. Куды ні кінь вокам – ніводнага ўзгорка. Кажуць – гэта дно Герадотава мора, што ўзьнікла з расталага ледніка. Потым мора ператварылася ў Пінскія балоты. Потым балоты збольшага асушылі. І вось – роўнядзь, уздоўж Прыпяці парослая лазовымі джунглямі, а далей разьлінаваная меліярацыйнымі канавамі на простакутнікі, “карты” па-тутэйшаму.
Неба над раўнінай шэрае, сьнег на раўніне таксама. На даляглядзе сьнег і неба зьліваюцца, не ўтвараючы мяжы, ад таго здаецца Гію, што ён стаіць у цэнтры шэрага сусьвету.
Прозьвішча ў Гіі звычайнае – Кароль. Кароль Гія Гіявіч. Прадукт рамантычнай гісторыі паміж палескай “шляхцянкай” і грузінскім “князем”, што адбылася дзякуючы колішняму “экстэрытарыяльнаму прынцыпу камплектаваньня” эсэсэсэраўскага войска.
Любіць Гія Палесьсе. З малых гадоў швэндаецца па гэтых мясьцінах – удзень і ўночы, увосень, узімку, увесну. Зьмераў крокамі са стрэльбай за плячыма ўсё ад Янова да Лунінца і ад Гарадной да Лагішына. Як памерла матуля, памяняў кватэру ў Пінску на хату ў Пінкавічах – да Піны трыццаць крокаў – каб бліжэй да прыроды, каб паляўнічых сабак завесьці. Іх у Гіі цяпер шэсьць – двое ганчакоў-эстонцаў, двое ягдтэр’е­раў, заходнесібірская лайка і дратхаар. Зьбіраецца яшчэ хартоў набыць. Пад’ялдыкваюць Гію суседзі, круцяць, бывае, пальцам ля скроні, але і паважаюць – за тое, што добры, што ня мае зайздрасьці, што ўмее сябраваць і заўсёды гатовы дапамагчы.
Шчасьлівы Гія. Дзевятнаццаць гадоў жанаты, і ні разу не пачуў ад жонкі благога слова, што, маўляў, марнуе час на паляваньне, завёў зграю сабак, мантачыць грошы на ўсялякія выплаты за права паляваць. Наадварот, як прынясе Гія з балота ці лесу якую дзічыну, засьвеціцца гонарам за мужа твар Люды, усьміхнецца яму белазубай усьмешкай і скажа з пяшчотай: “Ах ты мой здабытчык”… А зубкі ў Люды раўнюткія, шчыльныя, што долькі часнаку.
…Стаіць Гія ў цэнтры сусьвету, чухае патыліцу. Гамон паляваньню. Галоўнае – не хацеў ён сёньня сюды, за сорак кіламетраў, ехаць. Вало­дзя, сябра, зьвёў. Як пачаў распісваць: “Зайцоў там у ракітніку па берагах – што ў сучкі блох! Пад ганчакамі па хмызах хадзіць ня будуць, абавязкова на дамбу выскачаць. Мы там па дамбе шпацыраваць будзем што па прасьпекце.”
…Прыехалі яшчэ зацемна, з гадзіну чакалі, пакуль разьвіднее. Сьледу заечага сапраўды цэлыя дарогі пратаптаныя, і ўсе – у бок Прыпяці, дзе ракітнік непралазны. Пусьцілі Гіявых эстонак – Рэя і Герду. Разышліся па дамбе – ёй уся Прыпяць па абодвух берагах абвалаваная – метраў на дзьвесьце адзін ад аднаго. Хвілінаў праз дзесяць запрацавалі сабакі, але неяк незвычайна, як на чалавека чужога. Захрабусьцелі прыпяцкія джунглі, і выляцеў якраз паміж Гіем і Валодзем ласючок. Заклаў рожкі-сьпіцы на сьпіну і папёр “картамі” ў бок Беразцоў. Тут бы сабак перахапіць, ды на шворкі, ды зьехаць куды. Але так прыгожа лосік па картах бег, роўным такім і імклівым рысцом, што выхапіў Гія з футаралуа бінокль і любаваўся зьверам, ажно пакуль той ня зьнік за далёкімі абсадамі, што ўздоўж каналу растуць. А пакуль любаваўся, эстонкі ягоныя, хоць і не паратыя, павольныя значыць, перавалілі праз дамбу і з бомканьнем, патанаючы ў сьнезе, пайшлі па сьледзе. І тут хоць ты крычы, хоць у рог трубі, хоць страляй – ня кінуць сьледу і ня вернуцца.
Стаяў Гія, чухаўся. Зарыпеў сьнег, Валодзя падышоў з вінаватай усьмешкай. Хацелася яго аблаяць, маўляў, казаў жа я сюды ня ехаць, вечна як цябе паслухаю… і гэтак далей, але стрымаўся. Стаяў, паліў цыгарэту і прывучаў сябе да думкі, што прапала сёньня паляваньне. Трэба сабак шукаць. Лось – не казуля і не лісіца, хоць і яны часьцяком ганчакоў зводзяць, гэты можа і дваццаць-трыццаць кіламетраў адмахаць. Так ужо бывала, гналі сабакі зьвера, сыходзілі са слыху, чакаў іх шмат гадзінаў, трубіў у рог, але ніколі дадому без сабак не вяртаўся. Пару разоў нават даводзілася начаваць у балоце, а сабак знаходзіў. Бярог ганчакоў ад нагонкі на лася, ня іхняя гэта справа, а сёньня вось не ўбярог.
– Што рабіць будзем, генацвале? – Валодзя чалавек бывалы, па сьвеце жыцьцё шмат кідала, нават на суахілі пару словаў ведае, любіць пры выпадку нагадаць Гію пра радзіму продкаў. Сам жа Гія па-грузінску толькі і ведае, што ад Валодзі чуў – “гамарджоба”, “генацвале” ды “мадлобд”.
– Што рабіць… Трэба за сабакамі ісьці. Думаю, будуць у балоце за Беразцамі. Пакуль наганяюцца, ды стомяцца, ды пачнуць назад дарогу шукаць… Але ці знойдуць. Сьляды іхнія ўжо астынуць даўно. Добра, што сьнег, па чарнатропе нават ня ведаю, як бы іх шукаў.
– Ну, то пайшлі…
– Не, ты вось што… Будзь тут, непадалёк ад машыны. Паспрабуй зайцоў “павытаптваць”, сьлядоў, бач, шмат. Па канавах пахадзі. У пойму ня лезь, там зайцы ёсьць, але без сабак, сам ведаеш, не дадуцца ў хмызоўі. А я ўжо сам. Не хвалюйся, да вечару павінен вярнуцца. Ня першы раз, такі, відаць лёс ганчатніка… Халера, лыжаў няма. Сьнег глыбакаваты.
Спусьціўся Гія на “карту” і пасунуўся па сьлядах нетаропкай, але спорнай паляўнічай хадою. Ішоў і думаў пра тое, як хутка ляціць час. Здаецца нібыта ўчора-заўчора тут на гусей паляваў. Замаскаваўся на дамбе ў пажухлай траве, а паабапал – куды толькі погляд сягае – мора. Прыпяць заліла. І ўсё роўна ёй, што дамба па берагах. Ня там, дык сям знойдзе слабое месца, размые і разальецца. Толькі верхавіны кустоўя дзе-нідзе тырчаць. І вось тут, дзе ён зараз крочыць, вады, мабыць па грудзі было. У сакавіку. І гусі над гэтым морам ляцелі, часам ажно па васямнаццаць-дваццаць кліноў на небе налічваў. І шум крылаў, і гагатаньне гусінае, і неба сінюткае з цеплаватым ужо сонейкам такое на сэрцы рабілі, што выказаць немагчыма. А цяпер ужо сьнежань. І вунь пасярод поля ліса, здаецца, мышкуе.
Гія сышоў у канаву на лёд, дастаў бінокль. Так, рыжая. Стаіць, натапырыўшыся, слухае – дзе пад сьнегам мыш заварушыцца. Яго, Гію, не заўважыла, у белай маскавальнай вопратцы, што Люда пашыла. Слухае. Потым высокі скачок – і ўсімі чатырма лапамі ў адну кропку, і адразу туды пыскай. О! Злавіла. Падкінула ў паветра – гам! – і няма мышкі.
Склаў Гія губы як для пацалунку, уцягнуў паветра. Атрымаўся гук, вельмі падобны на мышыны піск. А да лісіцы метраў трыста, ня меней. Невядома, пачула – не, але ў бінокль відаць, што галаву ў яго бок павярнула. Ці, можа, выпадкова… Не, пачула! Во дзе слых! Лёгкім трушком у бок Гіі накіравалася. Спынілася. Пастаяла, і – зноў скачок усімі чатырма ў сьнег. Да чаго забаўна! Век бы стаяў ды глядзеў. Зноў набліжаецца… Метраў сорак да яе. Стала. Углядаецца. Страляць? Гэта ж потым невядома колькі кіламетраў яе на сабе цягаць давядзецца. А калі адразу скурку здымаць, таксама час змарнуеш. Хай жыве – і сьвіснуў Гія. Панеслася ліса, бы птушка над зямлёю.
Сьляды ўлева пачалі забіраць, вёску абыходзіць, Беразцы. Адразу за Беразцамі балота вялізнае, усё хмызьняком парослае. Так і думаў, што туды лось сабак завядзе. Гэта ж ужо кіламетраў дванаццаць па сьнежным цаліку прайшоў. Горача Гію. Прапатнела ўсё адзеньне наскрозь і зьверху замерзла – марозік сёньня. Невялікі, градусаў пяць будзе. Спыняецца часам Гія, спачатку адпачывае, бо сэрца так тахкае, што, апроч гэтага тахканьня, нічога і не чуваць, а потым прыкладае далоні да вушэй, слухае – можа, дзе Герда з Рэем працуюць. У вёсцы дварнякі брэшуць, нехта дровы сячэ, трактар на калгаснай ферме лапоча. Ганчакоў не чуваць.
Птушка па небе ляціць. Вялізная. Большая за гругана. І крыламі махае радзей, ня так, як крумкач. Размах як у чаплі ці бусла. А дзе бінокль? Вось гэта сустрэча! Белахвосты арлан! Ах ты, мая радасьць! Ну давай, бліжэй! Павярнуў… Не давярае.
Па балоце беразцоўскім сьляды кружляць пачалі. Вось стаяў лось, слухаў, з нагі на нагу пераступаў, некалькі галінак з куста скусіў. Дачакаўся, што сабакі блізка – ізноў пайшоў. Ідзе Гія, сьляды чытае, слухае, узіраецца. На гадзіньнік глядзіць, Людзін падарунак – палова на другую ўжо. Хутка і дзень скончыцца. А сабак не чуваць. Ня можа быць, каб лось з гэтага балота куды далей пайшоў. Проста балота вялізнае, кіламетраў восем на дванаццаць, таму і не чуваць сабак.
Вось тут недзе блізка дамба, а па ёй дарога, што да ракі Бобрык вядзе. Праўда, ракой Бобрык цяпер з вялікім нацягам назваць можна – перастараліся з меліярацыяй.
Стоп! Што гэта пачулася? Ці ўжо “галюнікі”? Не, галасы мужчынскія. Можа, сяляне лазу на свае патрэбы нарыхтоўваюць? Сьляды ласіна-сабачыя якраз у той бок вядуць. Трэ спытацца, мусілі гон чуць.
Асьцярожна, паводле звычкі паляўнічай, пасунуўся Гія на галасы. Дзень на апошнія свае хвіліны пайшоў, ветрык перад вечарам пачаўся, шоргат крокаў глушыць, белая вопратка хавае. Выглянуў на лугавінку – метраў дваццаць на дваццаць – між хмызоўем, а там сьнег выбіты, закрываўлены, ласючок распрануты на ўласнай скуры ляжыць, і двое мужыкоў ля яго завіхаюцца, хочуць да цямна пасьпець. Збоку ля дрэўца стрэльбы пастаўленыя, а далей крыху – Герда з Рэем нейкім шнуром навязаныя. Заўважылі Гію, ускочылі, хвастамі замалацілі.
Гія стрэльбу сваю пад паху і выйшаў – якраз паміж мужыкамі і іхняй зброяй.
Быццам токам мужыкоў саданула, скалануліся, выпрасталіся, у руках закрываўленых нажы заціснутыя. Глядзяць нядобра. На адным куртка з шэрага камуфляжу, міліцэйская. І шапка міліцэйская, з кукардай. Другі таксама ў камуфляжы, толькі ў армейскім. А на грудзях нашыўка – “егер”. Ну, цяпер якую хочаш форму набыць можна. Хоць НАТАўскую. Кажуць, недзе ў Беларусі для НАТАўцаў курткі шыюць. І там нават галоўнакамандуючы абшываецца.
– Дзень добры, хлопцы. Што вы ласючка ўзялі, не мая справа. Ня я гадаваў. Хоць шкада ласючка, хай бы жыў. А вось сабак маіх вы нашто прывязалі? Што, нажыцца хацелі з маіх сабак? Прадаць куды-небудзь? Каб вас вашы дзеці прадавалі!
– Ды не, мужык! – першым азваўся “егер”. – Бачым, дзень сканчаецца, а сабакі – адразу відаць – дагледжаныя, гарадскія. Думаем, не дачакаецца іх гаспадар, зьедзе ў Пінск, а тут ваўкі… Хацелі заўтра ў горад везьці, гаспадара шукаць. Ты ня думай, мы ж нічога кепскага…
– Як ужо ты нас бачыў, – загаварыў другі, – давай, далучайся, памагай сьвежаваць, будзеш у долі. Тым больш, што гэта твае сабакі нам яго падагналі…
– Не, хлопцы. Ня трэба мне гэтага мяса, не галадаю, дзякуй Богу, пакуль.
Гія павесіў стрэльбу на плячо, павярнуўся да сабак, палез у кішэнь па шворкі. Апошняе, што пачуў, – храбусьценьне сьнегу за сьпіною…
…Прытомнасьць вярталася марудна. Спачатку пачуў быццам тарахценьне матацыкла, потым яно сьціхла, і галаву працяла моцным болем. Як на фотаздымку ў праяўляльніку ўсплыла паляна, сабакі. Было амаль цёмна. Пачыналася завіруха.
У кішэні на грудзях завібраваў мабільнік. Гія пацягнуўся, каб дастаць, і адчуў, што рукі ня слухаюцца. Паварушыўся, але тут у галаве разанула, зрабілася зусім млосна, і Гію званітавала. Калі адкашляўся і адпляваўся, палегчала. Рукі былі закручаныя назад і зьвязаныя за камлём маладой бярозкі.
– Ото ж курвы, – млява падумаў Гія. – Чым гэта яны мяне? Добра, што шапка мяккая, янотавая, а то б, відаць, забілі. І глядзі, прывязалі. Час хочуць выйграць. Хоць і не зьбіраўся я іх закладваць, вельмі мне трэба…
Паварушыў рукамі, спадзеючыся, што зьвязалі яго такім чынам, каб сам мог разьвязацца – не, усё сур’ёзна. Далоняў зусім не адчуваў – замерзьлі. Сабакі ўбачылі, як ён валтузіцца, і таксама заварушыліся, нецярпліва заскуголілі, не разумеючы, чаму іхні важак не адвязвае, не бярэ на шворкі.
Зусім сьцямнела. Усхадзіўся вецер, сьнег паваліў мацней. Прапатнелая вопратка астыла, цела працінала дрыжыкамі. Гія сядзеў проста на сьнезе, сьпінай да бярозкі, сьнег пад ім растаў, нагавіцы прамоклі і прымерзьлі да зямлі. Каб сагрэцца, пачаў варушыцца, потым пакрысе сунучыся сьпіной па бярозе, падняўся. Адчувальнасьць далоняў вярталася невыносным болем. Ён перадаўся ў сэрца. А да таго ж вельмі захацелася па малой патрэбе.
Недзе ў баку Валянскіх мастоў завыў воўк. Яму адказаў другі, потым трэці, і ўрэшце жудасны хор запяяў над балотам. Гія адчуў, як заварушыліся пад шапкай валасы. Рукі, надзейна зьвязаныя відаць сінтэтычным шпагатам, і аслабіць петлі ніяк не ўдаецца. А тут яшчэ прыціскае патрэба. Урэшце з ёю ўсё вырашылася само сабой. Зрабілася крыху цяплей, але ненадоўга.
“Відаць, гамон, – падумаў Гія. – Вось яно як бывае. З раніцы ня думаў, не гадаў. Сабак шкада. Дзіўна, сабак больш шкада, чым сябе. І Люду шкада. Плакаць будзе, сэрца рваць. А дзеці, што ж, такі лёс усіх дзяцей – па бацьках гараваць, рана ці позна. Як усё будзе? Да раніцы замерзну. Сабакі даўжэй пратрымаюцца. Хутчэй за ўсё, ваўкі знойдуць і перадушаць. І мяне аб’ядуць. Так што, магчыма, мы проста зьнікнем. Стоп. А Валодзя? Ён жа чакае, калі я вярнуся. А я не вярнуся. Во, тэлефанаваў нехта. Можа, Валодзя. Мо ён ужо шукае. Зараза, сьнегапад, на полі сьляды заносіць. Божачка, зрабі, каб Валодзя мяне сам знайшоў, каб здагадаўся па сьлядах пайсьці. “Ойча наш, каторы ёсьць у небе”, – раптам самі прыйшлі словы даўно забытай малітвы. – “Сьвяціся імя Тваё”, – Гія маліўся і сам дзівіўся той шчырасьці, той упэўненасьці, якая раптам зьявілася ў ім: Ён чуе! “Прыдзі валадарства Тваё!… Будзь воля Твая!…Як у небе, так і на зямлі”, – Гія маліўся моўчкі, але ўся ягоная істота крычала. “…І адпусьці нам грахі нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым…”
Сабакі раптам натапырыліся і злосна забрахалі ў цемру. “Ваўкі!” – Гію стала горача, ён паспрабаваў крыкнуць, упэўнены ўсім сваім паляўнічым досьведам, што ваўкі да яго жывога наблізіцца не насьмеляцца, але ня вельмі давяраючы зараз гэтай упэўненасьці. Крыкнуць не атрымалася, замест крыку вырваўся слабы хрып.
Кусты заварушыліся, і на паляну выйшла чалавечая постаць. “Вало­дзя!” – зразумеў Гія, бо сабакі раптоўна змоўклі.
– Блін! Думаў, не знайду! Сьнегам сьляды закідала. Чаго ты тут стаіш? Здарылася што? Нага? Ёхарны бабай! Я ж цябе не данясу! – Валодзя бачыў толькі Гіеву постаць ля бярозы.
– Чаго стаю? Во, стаю. І ня проста стаю, а абасцаўшыся і аббляваўшыся. Давай, разьвязвай.
– Ну ні фіга сабе!
Ужо разумеючы: нешта здарылася, Валодзя замітусіўся, выцягваючы з похваў нож. Потым, разрэзаўшы шнур, запатрабаваў:
– Ну, распавядзі жаласную гісторыю, хто цябе так і за што?
– Пачакай, – паморшчыўся Гія, – на табе колькі штаноў? Калі двое, здымай адны мне. І, можа, шкарпэткі запасныя ёсьць...
– Ужо ўнюхаў. – Валодзя скінуў боты і нагавіцы. Шкарпэткі і ніжнія штаны аддаў Гію. – Ну, што тут было?
– Нейкія дзьве падлы падладзіліся да гону і таго лосіка завалілі. І сабак маіх дурных злавілі. Колькі кажу вам, сябры мае дарагія: ня лашчыце вы не сваіх сабак, лепей дубцом, каб не давяралі чужым. А то – хто хоча, той і забраць можа... Значыць, дайшоў я сюды гадзіны за чатыры. Лася ўжо абадралі. Бачу – сабакі навязаныя. Ну і сказаў ім пару няветлівых, але ня тое каб ужо занадта. Яны мне – бяры нож, адразай сабе ласяціны. А я злосны за сабачак. Ды і цягнуць тое мяса назад… Ты ж ведаеш, я ня столькі дзеля таго мяса палюю. Карацей, адмовіўся і тут жа па карку атрымаў. Ачомаўся, як ужо амаль цёмна было. Стаяў, тузаўся, спрабаваў рукі вызваліць. Моцна, гніды паганыя, завязалі. У аднаго – камуфляж мянтоўскі, мо і сапраўды мент, іх, мабыць, у “гестапа” вучаць зьвязваць. А другі з нашыўкай “егер”. І яшчэ, як расчухаўся, здаецца, матацыклет чуў.
– Тут праз семдзесят метраў – дамба ў бок Беразцоў. Я, як з поля падыходзіў, бачыў матацыкл з вазком. У Беразцы паехалі. Слухай, гэтага так пакідаць нельга. Давай заявім у ментуру, ці ў пракуратуру. Гэта ж спроба забойства! Добра, што я ў час за табою пайшоў. Тэлефаную табе, а ты слухаўку не бярэш. Ну, думаю, нешта ня тое. Трэба ісьці. Пёр, што той нябожчык ласючок…
– А дзе мая стрэльба, няўжо забралі? Вырадкі!
– Не, стаіць вунь ля дрэўца. Трэба быць зусім прыдуркам, каб яшчэ і зброю забраць. Хаця гэтых і разумнымі назваць цяжка. Нават калі б ты і заклаў іх, што ім пагражала? Ну, штраф. А так – тэрмін! А чым яны цябе?
– Ня ведаю, ня бачыў. Можа, там сапраўды – мент з егерам. Дык баяліся, што з працы іх выпхнуць. Пяр-рэваратні ў пагонах!
– Сэр! Егеры пагонаў ня носяць!
– А-а! Колькі палюю, у розных кампаніях быў, самыя паганыя браканьеры, самыя хцівыя і сквапныя – якраз мянты і егеры. Аднаго толькі ведаў егера прыстойнага, з Лагішына, ды і той ўрэшце скурвіўся. Выгналі. Так што заяўляць – справа марная, воран ворану…
– Што праўда, то праўда.
Памаўчалі. Валодзя выняў цыгарэты. Запалілі. Гія зацягнуўся і адразу выкінуў:
– Нешта мне млосна. Мабыць, страсеньне. І галава трашчыць горш, як з перапою. – Дастаў шворкі, падышоў да сабак. Тыя, стаміўшыся ўжо чакаць, радасна заскакалі, закруцілі хвастамі. – Шпагатам поліпрапіленавым прывязалі. Такім сена ды салому ў цюкі вяжуць. Мабыць, вяскоўцы. Валодзя, давай ты сабак павядзеш, бо тузаюць моцна, у мяне ў галаве аддаецца, а я стрэльбу тваю панясу.
– Ты дайдзі толькі, я сам усё панясу. Апроч цябе.
– Давай пойдзем па дамбах, праз Беразцы. Крыху даўжэй, затое ня трэба цаліну таптаць. А ў Беразцах зойдземся да Кандрацюка, спытаем, ці ёсьць там у каго матацыкл з вазком. Я зайду, скажу – сабак пакралі і сьляды матацыкла бачылі. Хітры, калі адчуе штосьці сур’ёзнае – нічога ня скажа, а за сабак пакрыўдзіцца, у яго самога шмат пакралі.
Выбраліся на дамбу, па прыцярушаным ужо матацыклетным сьледзе пасунуліся ў бок Беразцоў. Праз гадзіну паказаліся першыя хаты. Гія падышоў да крайняй, Кандрацюковай – з гаспадаром ён часта паляваў. Хата сустрэла цьмяным водблескам шыбаў. Пастукаў. Потым яшчэ пастукаў. Нарэшце ў цёмнай зеўры заварушылася сьвятлейшая пляма.
– Хто?
– Піліпавіч! Гэта я, Гія! Адчыні!
Перад сенцамі запалілася лямпачка, загрымелі клямкі, і на парозе ўзьнікла незадаволеная постаць Кандрацюка ў белых сподніках з матузкамі.
– Ну, заходзь. Чаго лазіш уночы? Нармальныя людзі даўно ля жонак грэюцца.
– Якая ноч?! Шчэ й дзявятай няма! Сабак шукаў. Лісу пагналі, а тая ў тваё балота. Я па сьледзе, аж бачу – іх на матацыкл пагрузілі, у каляску. Пакралі, карацей, сабак. Можа, з вашых хто?
– Не. У нас “Ява” з вазком толькі ў Кур’яна. Але яму твае сабакі і задарма ня трэба. Ня тых інтарэсаў. Крадзе, як і ўсе, але – сена, зерне, бульбу. А сабак ня будзе.
– Там ля матацыкла двое было.
– Ня ведаю. Але гэта ня нашыя. Калі што, патэлефаную. Ты машыну дзе кінуў? А то заставайся начаваць. Месца хопіць. Куды ты так позна? Нікуды твая лайба не падзенецца.
– Не, не, Піліпавіч, дзякуй. Дамоў. А то жонка дасьць у косьці.
– Ну, то глядзі сам.
Захінуўшы плечы ў пуховую хустку выглянула, прымружыўшы вочы, гаспадыня.
– Што, Гівачка, сабак пагубляў? – жонка Піліпавіча кліча Гію “Гівам”.
– Пакралі сабак! – тлумачыць старой Піліпавіч. – На матацыкле зьвезьлі.
– О-ёй-ё-ёй! А каб яны павыгаралі, гэтыя злодзеі! А колькі ўжо нашых пакралі! Гівачка, вечарам каля хаты нашай ехаў матацыкал з каляскай. На матацыкле двое было. А ў калясцы я сабак ня бачыла. Я хадзіла сьвіньням даваць, а яны якраз едуць. Цёмна ўжо было, але здаецца, сьпераду ўчастковы быў, з гэтых… з Выганічаў. А ззаду за яго трымаўся – падалося мне, што гэта егер, Алег. Яны то часта да нас заязджаюць. Я шчэ падумала – глянь во, паехалі, нават галавы не павярнулі. А то раней дык ня выгнаць, прыйдуць, нап’юцца, стары мой з імі – таксама…
– Кінь, старая! Ня лезь у мужчынскія гутаркі! – перапыніў жонку Піліпавіч. – Кінь балбатаць дурное! Каб то былі Алег з Толікам, заехалі б, нікуды не падзеліся. Надта маю самагонку любяць. “Піліпаўка”, кажуць.
– А дзе яны жывуць? Тамсама, у Выганічах?
– Ну! Як ехаць ад Парахонска, то другая хата па правай руцэ – Алегава. Адзін зараз жыве, жонка з дзецьмі другога знайшла. А Толікава – у самым цэнтры, ля крамы, цагляная хата, двухпавярховая. Там яна адна такая ля крамы. Яшчэ двухпавярховая ў прадсядацеля калхозу, але тая далей, з другога канца. Толькі, Гія, што гэта я табе падказаў – нікому. Але ня думаю, што гэты яны. Недзе твае сабакі дагэтуль у балоце. А можа – ваўкі палавілі. Зараз такія нахабныя ваўкі аднекуль падышлі – як пачуюць ганчака, дык адразу на перахоп!
…Дарога. Роўная, заледзянелая. Вакол дарогі ў гурбах сьнегу – хаты. Большасьць пад двухсхільнымі шыфернымі дахамі. Але захаваліся яшчэ малесенькія, такія пульхненькія хаткі, крытыя чаротам, улюбёныя аб’екты краязнаўцаў і фалькларыстаў. А зрэдку сярод іх высяцца безгустоўна стылізаваныя пад палацы – з маленькімі вежамі, шпілямі, флюгерамі. Неасэнсаваная настальгія па тых часах, калі Беларусь была краінай замкаў...
...Выганічы сустрэлі Гію з Валодзем двума жоўценькімі простакут­нікамі вокнаў у другой хаце “па правай руцэ”. Праехалі крыху далей, спыніліся. Выйшлі, пастаялі. Гія выняў стрэльбу, напхаў у магазін набояў, ляснуў затворам. Асьцярожна, імкнучыся не навесьці вэрхалу сярод вясковых дварнякоў, прайшлі ў двор з жывымі вокнамі. Зазірнулі. Пасярод пакою за масіўным цёмным сталом сядзелі двое. Выпівалі. Самагонка ў трохлітровым слоіку, простая вясковая закусь – кіслая капуста, салёныя агуркі, хлеб, цыбуля. І пасярэдзіне – гіганцкая патэльня. “Яны”, – прашапацеў вуснамі Гія, перадаючы стрэльбу: “Давай, страхуй”.
Дзьверы незачыненыя. Бразнула адна клямка, другая – і Гія ступіў у хату. Тыя, за сталом паднялі галовы. Егер няўцямна, а ўчастковы са злосьцю, маўляў, хто гэта непакоіць у такі позьні час.
– Ну? Пазналі? Пас-с-скуды!... – прасіпеў Гія. – Бухаеце! Думалі, мне ўжо капец у балоце? Не-а… Памыліліся вы…
– Ты што, мужык! – упэўнена і нахабна загаварыў участковы. Ты паводле якога права ўрываешся ў хату?! Ты ведаеш, хто я! І за абразу зараз адкажаш. Выйшаў з-за стала і раптоўна кінуўся да печы, ля якой стаялі – толькі цяпер Гія заўважыў – стрэльбы. Дзынькнулі шыбы, у хату ўсунулася руля і ляснуў стрэл. Увушшу зазьвінела: стрэл у памяшканьні – гэта ня тое, што на вольным паветры. Зарад шроту адбіў трэску над галавой участковага. Той схапіўся за галаву, прысеў, потым лёг на падлогу, і заскуголіў:
– Хлопцы, не забівайце! Хлопчыкі, не забівайце! У мяне двое дзетак!
– Ага! У цябе, падла, дзеткі, а ў мяне – шчаняты?
Злосьць і гнеў, што перапаўнялі Гію, неяк адразу сьціхлі. Ён ішоў сюды з цьвёрдым намерам зьбіць абодвух на горкі яблык. Зараз жа гэтае жаданьне зьнікла.
– Гэй, ты! – зьвярнуўся ён да замёрлага за сталом егера. – Хадзі сюды.
Той мітусьліва выскачыў і выцягнуўся як навабранец перад сяржантам.
– Хто мяне ўдарыў?
Егер вачыма паказаў на распасьцёртае ніцма цела.
– А хто прывязваў?
– Ён, – зноў паказаў на ўчастковага егер.
– Ага, значыць, ты толькі “шасьцярыў”… Ну, вось што – расшпіляй штаны – дуй на яго. Хай успомніць дзяцінства, ня ўсё мне аднаму сёньня абасцаным быць. Ну! – рыкнуў, калі ўбачыў, што той вагаецца...
...Ноч. Белыя плямы ад фараў скачуць па засьнежанай дарозе, раз-пораз выхопліваючы стаўбуры хвояў на абочынах. У машыне цёпла. Справа дзяўбе носам Валодзя. Пахне мокрымі сабакамі, гэта Герда і Рэй сёньня замест багажніка перакачавалі ў салон, на задняе сядзеньне. У Гіі палымнее твар. Галава баліць, але на душы лёгка.
10.2-15.2.2006г. Пінск
Тры лініі на скрыжаваньнях
Перадапошнім днём лета тульскі збройны майс­тар Афонька Ляўшоў пакутаваў з перапою і таму брудна лаяўся. Калі рабілася зусім млосна – мудрагеліста блюзьнерыў, узгадваючы сьвятых, апосталаў і прарокаў.
Схіляў над варштатам азызлы твар з малюпасенькімі акулярамі на фіялетавым носе, прывязанымі за вушы сырамяцінай, напружана мружыў вочы.
Уваччу мільгацела, калаціліся рукі, і апошні ўдар па чакане выйшаў недакладным. Паўторны сапсаваў ўсё яшчэ больш. Замест нуля атрымалася шасьцёрка. Не такая яскравая, як дзьве папярэднія, але шасьцёрка.
Трохлінейны рэвальвер узору 1895 году сістэмы Нагана замест нумару 660 атрымаў тры шасьцёркі.
– Тваю ў душу матары! – Афонька паставіў гатовы рэвальвер у жалезную скрыню. – Каб цябе накрыла тухлявымі пялёсткамі! Падла сівая! Як падступае! Што ж гэта я ніколі спыніцца не магу?! Борка, гад: “Памажы ды памажы кныра забіць!” Кныра! Утрох за вечар – і няма кныра!
Тут Афонька папярхнуўся і застыў з вырачанымі вачыма. На бруднай тынкоўцы зьявілася і пачала расьці гуля. Расла, варушылася, як парася ў мяшку. Вырасла да памераў гарбуза і прарвалася. З прарэху вылезла невялікая, з ката, чорна-зялёная хвастатая істота і заскакала па сьцяне, робячы непрыстойныя рухі. Галава Афанасія напоўнілася звонам і болем, у скронях запульсавала, страшэннай ламотай захрабусьцела ў карку. Амаль зьнепрытомеўшы, Афонька інстынктыўна падняў руку і перахрысьціўся. Істота тонка завішчэла і рассыпалася на рой мух. Тыя з гулам разьляцеліся. Зьніклі. Разам з мухамі сышоў звон і боль у галаве.
– Госпадзе, зьмілуйся! Гэта ж да белай гарачкі дапіўся!

l l l
Мінулыя суткі выдаліся шалёныя. Спачатку грузілі якарныя міны, потым перашвартоўваліся да вугальнай сьценкі. Усю ноч матросы цягалі на плячах кашы з данецкім антрацытам і ссыпалі яго ў трум. З Балтыкі імгла прыйшла на Кранштадт. Хаваючыся за ёю, у Фінскую затоку краліся германскія дрэдноўты. Загараджальнік “Іпуць” меўся заваліць уваход у затоку мінамі. Ноччу падняўся вецер. Ён разагнаў імглу і падняў воблака вугальнага пылу, які рыпеў на зубах, асядаў у лёгкіх, абляпляў надбудовы і твары.
Да сьвітанку ўсё пагрузілі. Кандуктары прасьвісталі прыборку.
Мічман Андрэй Ліпаў, мінёр, схадзіў у душ, пераапрануўся ў чыстае, потым праз рассыльнага выклікаў Хабібуліна і аддаў прапыленую во­пратку. Татарын, акрамя таго, што прыбіраў Андрэеву каюту, за рубель на месяц яшчэ мыў ягоную бялізну, кашулі, чысьціў адзеньне і абутак.
Хутка павінны былі празваніць “Аўрал” – здымацца са швартовых. Але ў дзьверы зноў пастукаўся рассыльны і паведаміў “васкаброддзю” што “паноў афіцэраў у кают-кампаніі зьбірае камандзір”.
– Выхад на мінаваньне пераносіцца. Ніжнім чынам, апрача вахты – адпачываць. Паны афіцэры, таксама апроч вахтавых, да заўтрашняга пад’ёму сьцяга могуць быць вольныя, – камандзір, лейтэнант Сёдэрберг, быў ла­канічны.
Баркас у Піцер адыходзіў праз дзьве гадзіны. Андрэй нетаропка пасьнедаў, запіў сьняданак келіхам “Мадэры”, кіўнуў на знак падзякі веставому кают-кампаніі і сышоў на другую палубу, у каюту. Хабібулін прынёс гарачай вады. Андрэй, схіліўшыся над чарупінай, намыліў твар і старанна пагаліўся, хоць галіць асабліва не было чаго. Прыгледзеўся да сябе ў люстэрку. Чырвоныя, запаленыя вочы, схуднелы незнаёмы твар з жаўцява-шэрай скурай. У целе адчувалася страшэнная млявасьць, вельмі хацелася спаць. “Дарэмна, здаецца, я піў “Мадэру”, – падумаў Андрэй. – Можа, сапраўды застацца і паспаць хвілінак шэсьцьсот, калі ўжо здарылася такая нагода?” Але думку гэтую адразу адкінуў: “Не, па­сплю на баркасе”.
Там, у Піцеры, у малюпасенькай нанятай кватэры з двух пакойчыкаў яго чакала Зіначка, яго радасьць, яго шчасьце, яго жоначка, з якой яны пабраліся два месяцы таму і з якой за гэтыя два месяцы разам былі мо якіх трое сутак. Гадзіны з Зіначкай Андрэй не прамяняў бы ні на якія каштоўнасьці сьвету.
Палез у рундук пад ложкам і, пакорпаўшыся сярод рэчаў, дастаў рэвальвер у рыпучай скураной кабуры. Час быў ваенны – сыходзіць з караблёў дазвалялася толькі ўзброенымі.
Расшпіліў кабуру, выцягнуў чорны наган. Пакруціў барабан, з якога латунным бляскам мякка засьвяціліся донцы гільзаў. Наган сядзеў у руцэ ёмка, выгляд меў зграбны, драпежны і сэрца дваццацігадовага мічмана затахкала шпарчэй. Любуючыся, пакруціў зброю ў руках. Зьлева на рамцы выбіты нумар ЛАР 666, апошняя шасьцёрка не зусім ясная. Па-штатнаму на ўзбраеньні ў флоцкіх афіцэраў стаяць бельгійскія “Галаны” – недарэчныя, з гранёнымі рулямі. Піжонства, вядома, але на першае афіцэрскае забесьпячэньне набыў у збройнай краме, што ля Анічкавага маста, сучасны рэвальвер. Грошай было шкада – падкупілі літары нумару – якраз ягоныя ініцыялы...
Андрэй прыгадаў, як, выбіраючы рэвальвер прышчаміў курком палец, ажно кроў пырснула, і пачырванеў. Было балюча і сорамна перад крамнікам, які замітусіўся, заліў ранку ёдам, але не прыбраў з твару паблажліва-зьдзеклівую ўсьмешку.
А яшчэ, калі вяртаўся з набыткам, яго ледзьве не пераехаў адзіны на ўсю вуліцу аўтамабіль. Увогуле той дзень выйшаў надзіва няўдалы. Калі ўзыходзіў на баркас, нага трапіла паміж бортам і прычалам. Каб не матрос, які літаральна выхапіў яго, нагу б раструшчыла.
Потым на караблі Андрэя паглынула безьліч справаў – ад гары папераў і баявой падрыхтоўкі да мінёрскай гаспадаркі. Так што наган ціха праляжаў у рундуку пад ложкам.
Дурэючы, прыцэліўся праз адчынены ілюмінатар у чайку, што істэрычна крычала на швартове. Чайка страсянулася і стала чорна-зялёнай хвастатай малпачкай. Малпачка заскакала на канаце дзіўны танец, дражнячыся высалапіла доўгі чырвоны язык, гарэзьліва бліснула вочкамі. У галаве загудзеў рой шэршняў, застукала ў скронях. Андрэй страсянуў галавой – і прывід зьнік: на швартове зноў дурным голасам гарлала чайка. “Во ператаміўся, да галюцынацыяў. Дарэмна я ўсё ж піў “Мадэру”...
…Баркас стукнуўся аб прычал, і Ліпаў прачнуўся. Плечы і шыя ад нязручнай позы занямелі, цела працінала дрыжыкамі. Па хісткай сходні сышоў на бераг, таропка пайшоў па вуліцы, вышукваючы вачыма рамізьніка.
Усю дарогу дадому Андрэй думаў, як добра ён зрабіў, калі адразу пасьля заканчэньня Корпусу ажаніўся з Зіначкай. Вядома, ягонай дзяўчынцы, Зіначцы, такой вытанчанай, такой непрыстасаванай да самастойнага жыцьця, відаць, цяжка. І шлюб іхні яшчэ не зусім падобны на шлюб. Але пройдзе час – усё ўсталюецца. І тое, што за два месяцы яны былі разам гэтак мала, потым будзе ўзгадвацца ў рамантычным сьвятле. Затое цяпер яму ёсьць куды імкнуцца, ёсьць каго абараняць, і ёсьць каму чакаць яго з мора.
– Зараз адчыню дзьверы, – Андрэй падымаўся па шырокай мармуровай лесьвіцы і намацваў у кішэні ключ, – ціхенька ўвайду ў пакой: “Вось і я!” Зіначка, у лёгкай паркалёвай сукенцы, завішчыць і ашчаперыць рукамі за шыю, а нагамі за талію. І ад яе будзе пахнуць сьвежасьцю і кветкамі.
Замок мякка чвякнуў, Андрэй увайшоў і прыслухаўся. З другога пакою даносіліся няясныя гукі. Асьцярожна, каб не зарыпеў паркет, падышоў да дзьвярэй, парывіста адчыніў: “Вось і я!”. Зіначка сядзела на каленях у нейкага даўгавалосага стварэньня з чорнымі вусікамі і казьлінай бародкай на бледным твары. З расшпіленай паркалёвай сукенкі бессаромна бялела. Цёмна-зялёны сурдут акуратна вісеў на сьпінцы крэсла. На стале – бутэлька, келіхі з чырвоным віном і садавіна.
Зіначка завішчэла, кінулася да Андрэя, ашчаперыла рукамі за шыю, а нагамі за талію. Кудлатая мужчынская асоба, схапіўшы сурдут, праціс­нулася ў шчыліну дзьвярэй і зьнікла. Ліпаў са зьдзіўленьнем убачыў у сваёй руцэ рэвальвер. Яму стала млосна, ледзьве не званітавала. Цела аслабела. З агідай адарваў ад сябе Зіначку. Ад яе моцна пахла потам і алкаголем. Павярнуўся, выйшаў на лесьвіцу. Зіначка нешта лапатала ўсьлед, але слухаць ён ня мог. Сэрца тахкала ў грудзях, ажно грукала ў патыліцу, ногі ня слухаліся. Прысеў на прыступку. Пачуў за сьпіной, як Зіначка зачыняецца на ключ. Недзе ў глыбіні так балела, што здавалася – перажыць гэта немагчыма.
– А навошта цяпер жыць? – спытаўся-сьцьвердзіў нехта ўнутры Андрэя. – Дзеля чаго? Навошта цярпець? Вось яно – выйсьце. Адзі­ны рух пальцам – і ніякага болю, ні агіды.
Ён узьвёў курок і паднёс рэвальвер да скроні. Заплюшчыў вочы. Дакрануўся ўказальным пальцам да спуску. Вось і ўсё. Проста сьвет для яго згасьне.
Андрэй уявіў, як куля ўвойдзе ў чэрап, за ёй уварвуцца парахавыя газы і разьнясуць галаву на кавалкі, распырскаўшы кроў і мазгі па сьценах. Ён заваліцца на пляцоўку ля дзьвярэй, сэрца яшчэ з хвіліну будзе біцца і выпампоўваць кроў. Вялізная нацячэ лужына. Фэ!
Расплюшчыў вочы, апусьціў рэвальвер, асьцярожна прытрымліваючы вялікім пальцам, спусьціў курок. Боль, што яшчэ хвіліну таму разрываў яго, зьнікаў, пакідаючы халодны вакуум.
…Ён ішоў няроўным крокам, перад ім са спалоханымі тварамі расступаліся людзі.
– Пан мічман! Андрэй Раманавіч! Падымайцеся сюды, да нас!
Знаёмы голас згары прывёў да прытомнасьці. Ён быў у рэстаране “Тройка”. Збоку бялеў спалатнелы твар швейцара. Голас даносіўся з другога паверху, з балкону. Падняўся туды.
– О-о! Андрэй Раманавіч, ды вы ўжо п’яны! Схавайце! Схавайце рэвальвер. Вы перапалохалі тут усіх “шпакоў”.
На балконе гулялі афіцэры з “Іпуці”.
– Не, сябры. Я ня п’яны. Але сёньня я буду шмат піць... За каханьне... Панове, хто хоча гэты цудоўны рэвальвер? Аддаю за паўцаны... Ну, што? Нікому не патрэбны? Добра... Гэй, чалавек! Будзь ласкавы, пакліч гаспадара.
Праз колькі хвілінаў Андрэй Ліпаў атрымаў крэдыт рэстарану, а ягоны наган апынуўся ў Абрама Лібермана, гаспадара “Тройкі”.

l l l
– А Божа ж мой, што ты будзеш рабіць з гэтымі афіцэрамі, – мармытаў сабе пад нос Абрам Ліберман, хаваючы ў глыбокім закутку вялізнага сейфа рэвальвер. – Ну скажыце, калі ласка, навошта мне гэтая цацка? Ад яе мецьму толькі шмат непрыемнасьці... Але што зробіш – калі адмовіш – таксама будзеш мець шмат непрыемнасьці... Гэтыя хлопцы з бліскучымі гузікамі могуць такі нарабіць вэрхалу і нават пазбавіць дазволу на сваю справу за мяжой аседласьці... Добра... Добра!... Цацка таксама каштуе грошай... Ну, ня сорак рублёў, але дасьць Бог, сёньня яны столькі не прап’юць, а там хто ведае – вайна… Можа, ня вернуцца з мора...
Апошнім днём жніўня ў кабінеце было горача, не хапала паветра, і перад вачыма Абрама лёталі чорныя мушкі. З глыбіні сейфу пачуўся тоненькі дурнаваты сьмех, заварушылася нешта цёмнае, падобнае да ката, бліснулі жоўтыя вочы. Абрам здрыгануўся ад нечаканасьці, адчыніў сейф шырэй, угледзеўся.
– Пэ-х-х, здалося! Трэба худаць. Лішняя вага, ціск завысокі...

l l l
У жніўні, трыццатага дня, на сьвітанку завылі сабакі. Абрам прачнуўся ад іхняга шматгалосься і выглянуў з-за фіранкі. Сабакі пасярод вуліцы вялізнай зграяй сьпявалі на бялявы маладзік. Потым усе разам змоўклі і бязладным натоўпам, але дружна ўцяклі. Праімчаўся на возе хлопец. Ён азіраўся і шалёна круціў над галавою лейцамі. Конь спуджана касавурыў назад ліловым вокам – здавалася, яно праменіць злавеснае сьвятло.
Нібыта марскі прыбой зашапацеў у паветры. Узмацніўся, наблізіўся. Цёмная маса закалыхалася ў канцы вуліцы, цёмная маса з чырвонымі плямамі над ёю. Па вуліцы ішоў пралетарыят і крычаў “Даеш!”. Зьвінелі шыбы мануфактурных крамаў, стагналі дубовыя дзьверы харчовых складаў. Адтуль выскоквалі нагружаныя людзі з расчырванелымі тварамі.
Абрам выкаціў сваю тлустую постаць на ходнік перад рэстаранам, замахаў рэвальверам у потнай далоні, закрычаў на нярускай мове. Пралетар з недакуркам у куце рота перацяў яго па галаве ланцугом. – “Лэхайм, Абрам... “ – Кінуў ланцуг, падняў і сунуў у кішэню наган. Разам з натоўпам уваліўся ўсярэдзіну. Прабегся па дальніх калідорах у пошуках чаго-небудзь вартага. У скронях стукала, балела галава, з цёмных кутоў мроілася чорна-зялёнае чарцяня. Яно брыдка скакала і брудна мацюкалася тоненькім мярзотным голасам. “Горача. Трэба недзе акунуцца”, – падумаў пралетар Апалінар Лукаў, выносячы з былой рэстарацыі цяжкое крэсла з цёмнай драўніны.

l l l
Стаяла незвычайная для канца жніўня сьпёка. Усе вокны і дзьверы расчыненыя, але проймы не ўзьнікала. Паветра ў зале было густым і ліпучым, як кісель. Людзі сядзелі з сур’ёзнымі застылымі тварамі, баючыся паварушыцца. Рух мог прыцягнуць увагу. Баяліся нават выцерці пот, які ручаямі струменіўся з-пад валасоў і сьцякаў пад цьвёрдыя стая­чыя каўняры фрэнчаў. Самыя сьмелыя ківалі ў такт словам выступоўца – дэманстравалі падтрымку і згоду. Мікрафон разносіў моцны звонкі голас з акцэнтам:
– За другі квартал бягучага году таварышь Ягораў выявіў і арыштаваў сто дваццаць чатыры асобы ворагаў народу. Гэта – кулакі, буржуазныя нацыяналісты, польскія шпіёны і іншыя ненавісьнікі дыктатуры пралэтарыяту. Сто дваццаць з іх вырачаны да найвышэйшай мэры пралятарскай справядлывасьці. Таварышь Ягораў, да мнэ! Маладэц! За заслугі ў барацбэ з ворагамі народнай улады вы ўзнагароджваетэся ордэнам Чырвонага Сьцяга. Сядайце на мэсца, таварышь Ягораў. Вы – прыклад сапраўднага чэкіста! Але, таварыші, ня все паказваюць такі прыклад! Качук! Встанце! Глядзіце на яго! Гэты, з дазволу сказаць, чэкіст, за другі квартал выявіў толькі сорак двух ворагаў! І толькі сем з іх растраляныя! Астатнія трыццаць пяць атрымалі ў сукупнасьці ўсяго чатырыста дваццаць пяць год зьняволеньня! Я думаю, нам трэба разабрацца з вамі, Качук! Вы арыштаваны!
Пакуль двое ў сініх фуражках раззбройвалі і выводзілі Качука, зала зусім скамянела. Апалінар Лукаў, апусьціўшы галаву і ўперыўшыся спадылба ў постаць за трыбунай, убачыў, як з гудзеньнем заляцеў і закруціўся вакол яе рой мух. Постаць страціла самавітасьць і па-дурному заскакала, дрыгаючы рукамі і нагамі, высалапіўшы доўгі чырвоны язык. Ззаду на пасе заварушыўся, як жывы, наган у парусінавай кабуры. Гу­дзеньне ўзмацнілася, пранікла пад чэрап Апалінара. Для яго ўсё згасла. Апалінар здрыгануўся і абмяк. Самлеў. Да прытомнасьці прывёў штуршок суседа локцем у бок і сыканьне: “Ты што сьпіш... За Качуком захацеў?”...
...Ноч удалася зорнай, з белымі туманамі ў нізінах. Аўтамабіль – “варанок”, напханы пад завязку людзьмі, – стаяў на ўскрайку мястэчка. Бялеў у цемры мур вакол могілак, над ім грувасьціліся чорныя шаты хвояў. Апалінар паліў папяросу за папяросай, думкі яго роспачна мітусіліся. Назойлівы шэпт “За Качуком захацеў?” віраваў у галаве. Ад сэрца па целу расплывалася гарачая пляма, галава мерзла, з-пад фуражкі на сьпіну беглі халодныя кусьлівыя мурашкі, рукі патнелі, і лыцар рэвалюцыі раз-пораз выціраў іх аб галіфэ. Заданьне на арышт амаль выкананае. Усе ворагі народу паводле сьпісу знаходзіліся ў клетках “варанка”. Апроч аднаго. Уцёк, падла, праз вакно, не пасьпелі своечасова акружыць хату. Што цяпер будзе?
Апалінар вылез з кабіны, пстрыкнуў у цемру недакуркам, прасачыў за агеньчыкам, і рашуча грукнуў у бляшаны борт: “Канвой! Выходзь!”
– Так, таварышы чэкісты! Зараз акружаем крайнюю хату і цягнем аднаго, хто там ёсьць мужэска полу...
...На ўсходзе пачало ружавець. “Варанок” прагрукатаў па бруку, перасек горад, выехаў на ўзгорак, парослы маладым лесам і абгароджаны высокім плотам. За брамай спыніўся ля сьвежых доўгіх ям. Далей усё проста. Толькі не зважаць на енкі і лямант:
– Выводзь па адным. Зьвязвай рукі.
Стрэл у патыліцу.
– Наступнага!
Стрэл.
– Наступнага!...
Так. Выкінуць гільзы з барабану, перазарадзіць. Патронаў поўная кішэнь. О-о, якая руля гарачая!
– Наступнага!
Ах, халера! Апошні, гадоў дваццаці хлапец, той, якога ўзялі замест зьбеглага, скочыў з будкі “варанка” не на зямлю, а на двух байцоў, што, парушаючы інструкцыю, сышліся заблізка. Зьбіў абодвух з ног, упаў сам, пругка, як кот, перакаціўся праз галаву і шуснуў за аўтамабіль, за хвойкі, у шэры ранішні змрок...
– Лукаў Апалінар Радзівонавіч?
– Я…
– Стала вядома, што вы адпусьцілі польскага шпіёна. Вы арыштаваны. Здайце зброю. О! ЛАР 666! Амаль імянны!
На шыбе кабінету заскакаў чорны даўгахвосты сілуэт.

l l l
У паветры разьліты пах жыта, саляркі, бензіну. Ля ходніка чарга грузавікоў. На прахадной млынкамбінату запарка. Ахова не пасьпявае прапускаць машыны з зернем, таму і ахоўнікі, і кіроўцы злосныя. Начальнік аховы дае адмашку:
– Паўгадзіны пакурыце! У нас перазьменка.
А машыны ўсё падыходзяць і падыходзяць.
– Аляксей! Ну што ты корпаешся, як гэты…? Бачыш, колькі машын чакае! Давай, расьпісвайся за прыём дзяжурства – і ўперад!
– Не, братка. Ня першы год замужам!. Пакуль не праверу ўсё, не расьпішуся. Давай пістоль… Чаму нячышчаны? Патроны ўсе на месцы?
– Ну ты й зануда! Бачыш, што робіцца? Не было калі чысьціць. Машыны і ўдзень, і ўночы. Ледзьве на нагах стаю, а ты з дурнымі пытаньнямі… Дарэчы, гэта не пістоль, а рэвальвер, калі ня першы год замужам – мусіш ведаць.
– Ат! Што кіем, што палкай – адзін хрэн. Так. “Наган” нумар ЛАР 666. Патронаў калібру 7,62 міліметра да рэвальвера сістэмы “Наган” – сем штук. Кабура брызентавая – адна. Дзяга скураная, афіцэрская – адна. Дата. Якое сёньня?
– З раніцы трыццатага было…
– Трыццатага жніўня тысяча дзевяцьсот семдзесят першага году. Подпіс… Стралок ваенізаванай аховы Лазарэвіч… Ну, бывай здароў!
Пад вечар машын паменела, а як сьцямнела, падвоз зерня спыніўся зусім. Лазарэвіч зачыніў дзьверы прахадной, расклаў на стале ля турнікету анучкі, бутэлечку са змазкай, дастаў з кабуры і паклаў побач рэвальвер. Тут яму моцна забалела ў скронях, а за шыбай вакна, што выходзіла на браму, прымроілася пачварная кудлатая пыса. Пыса выкрыўлялася і круціла Аляксею хвігі. У дзьверы моцна загрукалі, і пачвара зьнікла. Зьнік і боль. Грукалі двое міліцыянтаў:
– Вы нікога тут ня бачылі падазроных?
– Толькі што во перад вамі ў вакне нейкая морда мне языком дражнілася і хвігі круціла. А тут вы пастукалі, і яна зьнікла. Як прывід.
Міліцыянты адразу выскачылі на тэрыторыю камбінату, але праз пяць хвілінаў вярнуліся ні з чым:
– Тут побач, у інтэрнаце, нейкі вісус студэнта нажом парануў. І ўцёк. Так што асьцярожна. І калі што – вы, дзядзька, сваім антыкварыятам карыстацца ўмееце?
– Анягож!...
– Ну, глядзіце… А як што якое – тэлефануйце “нуль два”…
…Ноч насунулася на горад. Душная, хмарная. Паміж хмарамі і горадам у вырай ляцяць дзікія гусі. Паветра зьвініць ад іхніх крылаў. “Гак-гак! Улю-улю-улю!” – рознагалосая гусіная гутарка хвалюе душу. Лазарэвіч пасьля чысткі рэвальвера выйшаў з прахадной і спыніўся, уражаны гусіным пралётам. Нешта зашкрэблася на бетоннай агароджы і гупнулася аб зямлю. Ля самотнага ліхтара сьлізгануў цень.
– Гэй! Хто там лазіць?! Ну, не дурэй, а то стрэлю!
– Не страляйце, бацька! – з цемры выйшаў танклявы, жылісты хлопец з нахабнымі вачыма. – Заблукаў я. Што за парадкі, ніводнага ліхтара нідзе…
– Ты, хлопча, гэта… Не падыходзь блізка! Бачыш во, пістоль… Пойдзем на прахадную, там разьбярэмся, хто дзе блукаў.
– Ну, вядзі… Можа, “рэнкі до гуры” задраць?
– Ідзі давай. Ня трэба мне твае рукі. – На прахадной падсунуў зэдлік. – Сядай во, а я пакуль патэлефаную. – Схіліўся над апаратам. – Нуль… Два…
– Ты што, бацька, у мянтуру тэлефануеш? Пачакай…
Няўлоўным рухам выхапіўшы з-пад сябе зэдлік, кароткім замахам ударыў па Аляксеевай галаве.
Потым, засоўваючы рэвальвер за дзягу, прамармытаў:
– Так лепей, бацька. А то ўзяў моду – мянтам тэлефанаваць!

l l l
Развод закончыўся.
– …Напра-а…-ва! На ахову грамадскага парадку!… Крока-а-м!…Руш!! – ляскаючы падэшвамі па пляцы, калона прамаршавала ля дзяжурнага і выйшла за браму.
Начальнік патруля, бамбіза ў камуфляжы і чырвоным бярэце, і чорнабярэтныя патрульныя:
– Хлопцы! Ну кім бы я быў, калі б не амон? Мае аднакласьнікі палова ўжо сьпіліся, другая палова мардуецца на трактарах, на камбайнах. За капейкі! Я ў сваёй вёсцы любіў… гэта… ну... выпіць, у зубы каму даць. Ужо сядзеў бы. А тут, у амоне я раблю тое ж самае. Ну, што люблю! І выпіць магу, ну ў меру, канешне. І ў зубы – але тут, прыкінь, за гэта мяне ня тое што ў турму – тут мне вялікія бабкі бацька плоціць. І форма. І пайка. І праезд бясплатны. І тут я паважаны чалавек, асабліва калі здаў на крапавы бярэт. На “стомятроўцы”, ну за цыркам, дзе б...дзі стаяць, я магу любую. Бясплатна! А што? Суботнік называецца! Дый так магу любую з вуліцы. Думаеце, будзе заяўляць? Не! Марная справа! Калі і заявіць – камандзіры адмажуць. А, дык я пра крапавы бярэт! На крапавы бярэт здаць вельмі няпроста. Асабліва гарадскім, у іх дыхалка слабейшая, ну, з дзяцінства выхлапнымі газамі дыхаць…
Тройка шпарка крочыць па вуліцы. Чырвонабярэтны з усяе сілы імкнецца даказаць маладзейшым сваё супермэнства:
– Прыкінь, спачатку крос па перасечанай мясцовасьці, трыццаць кэмэ. У “броніку”, з аўтаматам, баекамплектам. Ну гэта яшчэ херня. Самае цяжкае – бой з “крапавіком”. Тут цябе ніхто шкадаваць ня будзе. Вытрымаў, ня страціў прытомнасьці – тваё шчасьце. Ня вытрымаў – трэніруйся да наступнай здачы. Здаць на крапавы бярэт – гэта, я вам скажу, ня кожнаму дадзена… Вось рукапашны бой – колькі там тых трэніровак афіцыйна? Дзьве гадзіны на тыдзень. Мала… Усе да аднаго “крапавікі” трэніруюцца ведаеце дзе? Сёньня пакажу. Я так кожнае дзяжурства трэніруюся, каб форму трымаць. Тут ля стадыёну піўбар, а побач дворык. Дамы гэтыя на знос, ужо ўсіх павысялялі. Ціха там, толькі гэтыя, з піўбару, адліць туды наведваюцца. Мілае дзела на іх адпрацоўваць. Рукамі – па “верхнім паверсе”, джэбы, сьвінгі там, і гэтыя… хукі. Нагамі – ня вышай яйцаў, інакш раўнавагу можна страціць, асабліва зімой, на лёдзе ці сьнезе ўтаптаным. Сама лепш нагамі – лоў-кікі. Ну, сёньня пакажу.

l l l
Месячык на зыходзе млява блішчыць над горадам. Асьвятляльныя мачты нешта выглядаюць унізе на стадыёне. Рэзкія, як крык зайца ў драпежных зубах, сігналы аўтамабіляў. Натоўпы людзей на прыпынках штурмуюць дзьверы. Пад аркай, што вядзе ў брудны двор, трое абступілі чацьвёртага.
Чырвонабярэтны праводзіць “майстар-клас” для падначаленых. Насупраць цяжка дыхае, поўнячы цёмны бязьлюдны двор пахам алкаголю, немалады мужчына. З носа падаюць буйныя кроплі крыві. Яна здаецца чорнай. Мужчына тонкім дрыготкім голасам просіцца:
– Хлопцы… Дык я ж нічога… Тут жа ніхто не жыве… Ня біце, хлопцы… Піва выпілі, дык ужо трываць ня мог, а да вакзалу далёка, да прыбіральні… Ня біце, хлопцы…
Яго ніхто ня слухае. Слухаюць “крапавіка”.
– Што трэба для трэніроўкі? Каб бяз сьведкаў. Вось зараз нікога лішняга няма. Так што на гэтым можна трэніравацца. Глядзіце: спачатку вы з дыстанцыі наносіце нагой “фронт-кік” або “лоў-кік”. Калі пасьля гэтага праціўнік ня падае, скарачаеце дыстанцыю і праводзіце серыю рукамі, невялікую, “раз-два”, або “раз-два-тры”. Звычайна гэтага досыць. Калі праціўнік упаў, працуеце па ім тонфай. Старайцеся меней наносіць удараў у галаву, каб не было сьлядоў. Вось мой карыфан, Калода, нарабіў сьлядоў у час “трэніроўкі”, а гэта аказаўся дэпутат з “палаткі”. Ну і выперлі з органаў, два гады ўмоўна далі. Шкада, харошы хлопец. Эх, каб той ня быў дэпутатам! Лепш за ўсё апрацоўваць па печані, па нырках, добра ў вобласьць сэрца. Сьлядоў звычайна ніякіх. А калі селязёнка адарвецца – хто там будзе разьбірацца, ад чаго. Асабліва калі гэта не дэпутат. І лепш за ўсё трэніравацца на п’яных.
Бамбіза выкінуў нагу, абутую ў высокі чаравік, і ўбрыкнуў дзядзьку ў жывот. Той склаўся ўдвая, захрыпеў, сеў на асфальт. – Зараз апрацуй яго тонфай. Ды ня так! Спачатку перацягні па нырках, ён перавернецца на сьпіну, будзе іх ратаваць, тады перакладзінай ці доўгім канцом торкаеш “пад дых” або ў печань. Падымайся, алкаш!
Чырвонабярэтны пераклаў гумовую тонфу з правай рукі ў левую.
– Бегма адсюль, пакуль жывы!
Мужчына, кульгаючы, стрымгалоў кінуўся са двара.
– Вось так, хлопцы. Зараз паходзім, яшчэ якога-небудзь калхозьніка знойдзем. Так і дзяжурства весялей ідзе, і карысьць для прафесійнай падрыхтоўкі.
– Антон, твой Калода на “палатачніка” нарваўся, – кажа адзін у чорным бярэце, – а калі б на якога бандзюгана з “валынай”? Што б ён з тонфай супраць ствала рабіў?
– Гэ-э-эх, хлопцы! На такі выпадак трэба мець такую-сякую цацку. Толькі гэта між намі. Згода? Пару гадоў таму – можа, чулі? – стукнулі нашым, што ў адным доме двое вуркаў заселі. Гусь і Лагун. Ну, прыгналі нас, абкружылі дом. Начальства ў мацюгальнік брэша, здацца прапануе. А тыя з-за цагляных сьценаў пастрэльваюць зрэдку. Далі каманду, мы і ўвалілі па гэтым доме – з гранатамётаў, з аўтаматаў. Дом той, скажу вам, відаць, доўга пасьля нашага штурму гаспадары рамантавалі. Перасталі тыя страляць. Дасылаюць мяне і яшчэ дваіх у разьведку – пагля­дзець. Мы ў “броніках”, пярэдні са шчытом ад куль. Заходзім у памяшканьне, там… Ну, пасьля двух гранат вы ўяўляеце, што. Валяюцца гэтыя двое. Я для пэўнасьці паўмагазіна з “Калаша” па іх выпуліў. У Гуся, хоць і дохлага, ТТ у руцэ, а каля Лагуна, крыху далей – наган. Я наган першы ўбачыў і паціху – за пазуху. Думаю, ад ТТ-шніка гільзы кругом, а гэты гільзаў не раскідвае. Ну, быццам яны з аднаго пісталета адстрэльваліся. Так і здарылася. Начальства ні вухам, ні рылам, што я “машынку” прысабечыў. Два патроны толькі страляныя, пяць – цэлыя. Я, праўда, іх у лесе неяк па-п’янцы і пастраляў усе.
– Дык што карысьці з тваёй цацкі, калі яна без патронаў? Добра, быў бы ПМ – патронаў што гразі ў дождж. А дзе ўзяць рэвальверных? Там які калібр?
– Як у першага “Калаша”, 7,62. Патрончыкі як у паляўнічай стрэльбы, толькі маленькія. Цыліндрыкі. І куля ўся ў гільзе ўтопленая. Тупая, з пляскатым носам.
Памаўчалі крыху. “Крапавіку” – Антону Лукашыку – не цярпелася:
– Я, хлопцы, былы вясковец. А ў нас, у вяскоўцаў, рукі ня з дупы растуць. У нас самы апошні алкаш – і той дваццаць-трыццаць прафесіяў ведае. Можа, ня надта добра, але шмат чаго ўмее. Вось вазьмі мяне – я і электраправодку магу ў хаце зрабіць, і машыну адрамантаваць, і зруб сабраць здолею, калі прыпячэ, і цэглу класьці, і кафлю, і шпалеры, і па сталярцы тое-сёе... Карацей, расстраляў я тыя патроны, думаю, дзе яшчэ здабыць? Але ў мяне рукі на месцы, галава таксама, ня меў бы старшынскія пагоны. Я дрыльком у стрэляных гільзах адтуліны пад капсулі расьсьвідраваў, каб можна было паляўнічы “Жэвело” ўціснуць, пораху з аўтаматных патронаў насыпаў, а кулькі з сьвінцу адліў. Сёньня выпрабуем.
Начальнік патруля агледзеўся. Пад аркай і ў двары нікога не было. Горад засынаў. Толькі ўдалечыні, на вакзале, грукаў па рэйках цягнік. Задраў ззаду куртку і выцягнуў з-пад дзягі рэвальвер. Крутануў аб рукаво барабан.
– На, паглядзі. Толькі асьцярожна, зараджаны. – І застыў з выцягнутым тварам:
– Ах, ты гандурас вашывы! – Кінуўся цераз арку на вуліцу. Спыніўся на выхадзе ў праёме, замітусіўся туды-сюды. Вярнуўся ўзрушаны.
– Бачылі? Там на вуліцы нейкі шпэндрык недароблены нам “факі” паказваў. Дробны такі, недакурак! Ну, падлы, зусім абарзелі, амону не паважаюць! І куды толькі дзеўся?! Выбег на вуліцу – як скрозь зямлю! А там і схавацца няма куды! Што, ня бачылі? Ды ён, можа з хвіліну – і так, і гэтак, і задніцай павернецца, і язык высалапіць. Ну, г-хніда х-худая, ну трапіў бы ў рукі, жывым ня выйшаў! С-сука! Ажно галава разбалелася, зараз здаецца лопне. Гудзе, як мухі на падле!
– І ў мяне гудзе. І баліць, – паведаміў малады з рэвальверам. – Можа, цыклон набліжаецца? На надвор’е, кажуць, галава баліць. На зьмену.
– Лухта! Не зважай, і ўсё. Пайшлі ў двор, стрэлім па разе. На спробу, новымі патронамі. Я буду першы. Пастаў якую мішэнь. З-зараза, цёмна тут. Ну, нічога. Будзем страляць з прыцэльваньнем па становішчы рукі. Ведаеце, класныя стралкі ня мецяцца па мушцы. Зброя ў іх – як працяг рукі. Глядзяць на цэль, выцягваюць руку, і ўжо ведаюць, куды куля трапіць... І вока не заплюшчваюць, глядзяць абодвума... Што ты там кешкаешся? Во вядро вазьмі, пастаў там ля сьцяны. Вышэй. Падстаў што-небудзь. Ну, ты, блін і ёлупень! Вунь казлы ляжаць, пастаў ля сьцяны, а на іх вядро. Вучыць вас усяму трэба... З якой адлегласьці страляем? Давайце з дзесяці крокаў. Хто не пацэліць – купляе на ўсіх па літру “Лідскага”. Што? Усе не пацэлім – усе купляем, будзе па тры літры на кожнага.
Ён адлічыў дзесяць крокаў ад вядра, што цямнела на фоне сьветлай сьцяны. Ледзьве чутна рыпнуў курок. Шчоўкнуў – стаў на баявы ўзвод.
Хмарка набегла на месяц. “Крапавік” вырашыў не чакаць, накіраваў рэвальвер у бок мішэні і націснуў на спуск. Вогненны шар на імгненьне бліснуў на месцы далоні, грымнуў і кінуў старшыну Лукашыка паты­ліцай на дол. Тонкім ручайком кроў сьцякла між броваў, заліла вока, чорнымі кроплямі закапала на засьмечаны асфальт кінутага двара.
Чэзлы месячык вызваліўся нарэшце ад хмаркі і зьедліва ўсьміхаўся. Яго прывідны прамень затрымаўся на вострым кавалку металу, што вытыркаўся з сярэдзіны ілба АМАПаўца. Бліснуў і загарэўся надпіс ЛАР 666. На вежы насупраць вакзалу гадзіньнік прабіў поўнач. Пачаліся перадапошнія суткі лета.
Жнівень 2006 г. Пінск.