12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Ліпай

_____________________
Нарбата на зёлках.
Вершы

* * *
Ня так, як воск па сьвечцы цёк,
і не сьлязой па нечых скулах,
а зьнічкаю маё жыцьцё
праз вашы лёсы прамільгнула. –
занадта хутка. Я — ня вы —
спасьціг нябёс наканаваньне:
шкада, што не пасьпелі вы
тым часам загадаць жаданьне…


* * *
Азірайся ці не азірайся,
усё роўна дагоніць страх.
У зямным ляску ці ў садзе райскім
на душу тваю зьдзейсьніць замах.
Вось тады і будзь, браце, пільны,
каб пасьпець адвесьці руку,
у каторай на лёзах кпінаў –
яд сардэчных тваіх пакут.


Працаноч
з высокім вышчарбленым серпікам
за ноч абыдзем поле зорнае
сажнем пасьля ў снапы пазьвязваем
усё што чорнае тут вырасла
узыдзе сонца зможа выбеліць
калосьсе чорным набрынялае
але і дасьць прарост зярнятам тым
што са снапоў на дол скаціліся
і ўзьнімуцца на поўны рост яны
і закалосяць чорнай моцаю
пакуль на поле выйду зноўку я
з высокім вышчарбленым серпікам


* * *
Неба прасела пад цяжарам хмараў
ледзь не да самых вяршалін травы –
вось-вось сарвуцца з тых вышніх абшараў
рэкі вады і запоўняць ірвы.
Як жа мне потым праз іх перабрацца
і дацягнуць сваю ношу дамоў? –

Нам, мурашам, ёсьць вышэйшая рацыя
выканаць некім прызначаны доўг.


Кварты
Прыходзяць зімы – спробы астудзіць
усё, што цеплакроўна па прыродзе.
А чалавек прыходзіць, каб хадзіць
або па гразі, або па лёдзе.

Прыходзяць вёсны – спробы затапіць
усё, што над узроўнем акіяна.
А чалавек прыходзіць, каб любіць –
пакутліва ці акаянна.
Прыходзяць леты – спробы спапяліць
усё, што не знайшло прытулку ў цені.
А чалавек прыходзіць наталіць
жаданьні іншых ды свае кішэні.

Прыходзяць восені, абы схаваць
ад будучых сьнягоў былую квецень.
А чалавек прыходзіць пахаваць
свае нязьдзейсьненыя мары ў дзецях.


* * *
Гарбата на зёлках самоты.
П’ю без усялякай ахвоты,
абы не пакрыўдзіць Таго, Хто

сюды запрасіў мяне ў госьці.
Халодная, бо на самоце, –
бяз прысмаку цукру і злосьці.
Аж сківіцы болем зводзіць.

І шмат жа яшчэ засталося.
Нібы асьцюкі ад калосьсяў
у горле – ад кашлю калоціць.

Адзіны частунак галоты –
гарбата на зёлках самоты.