12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Федэрыка Гарсія Лорка

_____________________
Таньчыць Кармэн.
Вершы




Пераклад
з іспанскай –
Максіма ШЧУРА.

Гітара


Пачынае плакаць
Гітара.
Разьбіваецца келіх
Сьвітаньня.
Пачынае плакаць
Гітара.
Не дасі ёй рады.
Няма ёй рады.
Манатонна, нястомна,
Бы вада, яна плача,
Яна плача, бы вецер
Па-над гарамі.
Не дасі ёй рады.
Яна плача па ўсім,
што далёка.
Па пяску гарачага поўдня,
Што марыць аб перлінах сьнегу.
Па страле, што ня мае мэты,
Па вечары без сьвітаньня,
Па першай птушцы, памерлай
На галінцы.
О, гітара!
Пяцьцю нажамі
Прабітае сэрца.


Танец

Кармэн таньчыць, праходзячы
Вуліцамі Севільскімі.
Белыя валасы ў яе,
Зрэнкі з зыркімі пырскамі.

Юныя севільянкі,
Захініце фіранкі!

У яе ў валасах вывіваецца
Зьмейка, колерам жоўтая.
Яна праходзіць, узгадваючы
Сваіх былых палюбоўнікаў.

Юныя севільянкі,
Захініце фіранкі!

Вуліцы ўсе вылюднелі,
І ў нетрах будынкаў мрояцца
Сэрцы андалузійскія,
Што ў ранах ранейшых корпаюцца.

Юныя севільянкі,
Захініце фіранкі!


Месяц узыходзіць

Хасэ Мантэсінасу

Калі ўзыходзіць месяц,
Голас званоў сьціхае,
І ў гушчары ўзьнікаюць
Сьцяжыны.
Калі ўзыходзіць месяц,
Мора зямлю каўтае,
І сэрца сабе здаецца
Выспай сярод бязьмежжа.

Пад поўняй не ядуцца
Ніколі апельсіны.
Пад поўняй смак найлепшы
Ў зялёнай садавіны.

Калі ўзыходзіць месяц
З сотняй тых самых твараў,
Румзае срэбны шэлег,
Сумуючы ў кішэні.


Лола

Пад апельсінам мые
Яна пялюшкі з бавоўны.
У яе зялёныя вочы
І голас, колерам бэзу роўны.

Ах, рай закаханым
Пад апельсінам духмяным!

Сонца ваду ў канале
Перапаўняе, грэе;
У пушчы алівовай
Заходзіцца верабейка.

Ах, рай закаханым
Пад апельсінам духмяным!

Як скончыцца ў Лолы мыла,
Дык зьявяцца акурат
Тарэро маладыя.

Ах, рай закаханым
Пад апельсінам духмяным!


Нямы хлопчык

Хлопчык шукае свой голас.
(Кароль-цвыркун яго скраў.)
У кроплі вады празрыстай
Свой голас хлопчык шукаў.

Не размаўляць хачу я:
Пярсьцёнак з яго зрабіць,
Будзе маё маўчаньне
На пальцы яго насіць.

У кроплі вады празрыстай
Свой голас хлопчык шукаў.

(Удалечы страчаны голас
Цвыркунчыкам стракатаў.)


Два маракі на беразе

1.
У сэрцы сваім прывёз
Ён рыбу з Жоўтага мора.

Час ад часу ў яго ўваччу
Відаць, як яна праплывае.

Марак, ён ужо забыўся
На бары й на апельсіны.

Ён вачыма ваду каўтае.

2.
Сваім языком, бы мылам,
Ён змыў свае словы й змоўк.

Сьвет пляскаты, акіян кучаравы,
Сотня зор, карабель ягоны.

Ён бачыў балконы Папы
І мядзяныя грудзі кубінак.

Ён вачыма ваду каўтае.


Няверная жонка

Словам, узяў я яе да рэчкі
І думаў, што яна яшчэ дзеўка,
Ды яна была ўжо кабетай.
Было гэта ў ноч на Купальле,
З удзячнасьці, так бы мовіць.
Ліхтары ўсе навокал згасьлі,
Й цвыркунчыкі замігцелі.
Крануў ля апошніх хатаў
Я ейныя сонныя пелькі,
І яны зацьвілі раптоўна
Гірляндамі гіяцынтаў.
Крухмальны прыпол спадніцы
Ўвушшу ў мяне шоргаў, быццам
Шаўковай тканіны хвалі
Дзесяць нажоў працялі.
Наўкол паўсталі пустыя
Келіхі чорных дрэваў,
І далягляд сабакам
Зводдаль брахаў на рэчку.

Мінуўшы кусты ядлоўцу,
Гушчар трысьнягу й асоту,
У каўтуне расьлінаў
Я выкапаў ямку ў слоце.
Я разьвязаў свой гальштук.
Яна адклала сукенку.
Я пасак зьняў з рэвальверам.
Яна чатыры карсеты.
Ані ў смаўжоў, ані ў нардаў
Няма такой чуйнай скуры,
Ані пад месяцам шыбы
Ня маюць такога зьзяньня.
Ейныя лыткі ўцякалі
Ад рук маіх, быццам рыбы
Спалоханыя, напалову—
Сьвятло, напалову—холад.
У тую ноч праімчаўся
Я па найлепшым гасьцінцы,
На перліновай кабылцы,
Бяз шпораў і без аброці.
Ня варта мне, як мужчыне,
Казаць, што яна казала.
Цяпер, у цьвярозым стане,
Саромеюся прызнацца.
Выкачанай у пацалунках
І ў гліне назад яе вёў я.
Біліся насьмерць з ветрам
Шпагі белых лілеяў.
Паводзіў сябе я годна,
Сапраўдны цыган, дый годзе.
Падараваў ёй кросны,
Гожы мультан з саломы...
Ды болей ня стаў страчацца,
Бо яна ўжо была кабетай,
А казала, што яшчэ дзеўка,
Калі вёў я яе да рэчкі.


Разьвітаньне

Пасьля сьмерці маёй,
Не зачыняйце балкону.

Хлопчык есьць апельсіны.
(Я ўсё бачу з балкону.)

Сейбіт сее пшаніцу.
(Я ўсё бачу з балкону.)

Пасьля сьмерці маёй —
Не зачыняйце балкону!


Кожная песьня

Кожная песьня —
Возера
Каханьня.

Кожная зорка —
Возера
Часу.
Вузельчык
Часу.

А ў кожным уздыху —
Возера
Крыку.