12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Граф дэ Лотрэамон

_____________________
Песні Мольдарора. Апавяданне
Пераклад
з французскай
Дзмітрыя
СЕРАБРАКОВА.

Ад перакладчыка

Кім быў Ісідор Дзюкас, больш вядомы пад псеўданімам граф дэ Лотрэамон? Пра аўтара “Песняў Мальдарора” невядома амаль што нічога.
Ісідор Дзюкас нарадзіўся 4-га красавіка 1846 года ў сталіцы Ўругваю Мантэвідэа. У раннім дзя­цінст­ве ён застаўся без маці. Выхоўваўся ў езуіцкім калегіюме ў Мантэвідэа, дзе паказаў выдатныя поспехі ў матэматыцы і ў натуральных навуках. Бацька паслаў яго ў Парыж, каб далей вучыцца ў Палітэхнічным ліцэі Анры IV. Там, у квартале Біржы, у сваім пакоі ён і пісаў па начах свае “Песні”.
У 1868 годзе ён ананімна выдае першую частку “Песняў Мальдарора”. У наступны год ён публікуе разам шэсць частак “Песняў”, пасля перарабляе першую: ён прачытаў яе аднаму са сваіх блізкіх сяброў. Менавіта тады ён абраў сабе гэты свой псеўданім натхнёны, безумоўна, адным з персанажаў Эжэна Сю, папулярным фельетаністам Лотрэамонам, чалавекам з сэрцам пачварыны.
Але яго выдавец адмовіўся выпусціць кнігу ў свет, палічыўшы яе яшчэ надта сырой. Лотрэамон тады адпраўляецца ў Бельгію, каб паспрабаваць там надрукаваць “Мальдарора”. Тым часам ён працуе над іншым творам, прысвечаным надзеі, і які быў бы працягам “Маль­дарора”. Піша прадмову ў траўні 1870.
Дзюкас-Лотрэамон жыве на пенсіён, які яму вызначыў бацька, часта мяняе свой адрас, і яго жыццё падобнае на мітуслівую эпоху апошніх год валадарства Напалеона III. Вайна пакончыла з усімі літаратурнымі праектамі. Яго след губляецца 24-га лістапада 1870: акт смерці пацвердзілі гаспадар і кансьерж мэбляваных пакояў прыгарада Манмартра.
“Песні Мальдарора” зноўку адкрылі Леон Блой і Рэмі Гурмон і перавыдалі прыватным чынам у 1874 і ў 1890. Блэз Cендра зноў перавыдаў “Песні Мальдарора” на пачатку XX-га стагоддзя. Шмат зрабілі сюррэалісты, каб адкрыць загадкавага Лотрэамона шырокай публіцы.

Песня Першая

[1] Дай бог, адважнаму чытачу, які вокамгненна зрабіўся адпаведна жорсткім, як і тое, пра што ён прачытаў, без перашкодаў пракласці сваю крывую і дзікую сцежку праз спустошаную багну гэтых цьмяных і наіўных старонак, поўных атруты, бо чытанне гэтых радкоў патрабуе строгай логікі і разважнага меркавання, раўнаважнага, прынамсі, уласнаму недаверу, бо інакш, смяротныя эманацыі гэтай кнігі насыцяць ягоную душу, як вада насычаецца цукрам. Нядобра, што ўвесь свет прачытае наступныя старонкі, бо толькі выбраныя1 без шкоды пакаштуюць гэты горкі плод. У выніку рахманая душа замест таго, каб ісці далей па гэтых недаследваных абшарах, накіроўвае свае абцасы назад, а не наперад так, як вочы непаслухмянага дзіцяці адварочваюцца ад матчынага твару, альбо вялізны, наколькі хапае зроку, клін жураўлёў2, разважных птушак, што ў зімовы час ляцяць праз развешаныя заслоны, аж да скрайняй кропкі гарызонту, адкуль раптоўна налятае, шалёны і магутны вецер, прадвеснік буры. Старэйшы жораў, які знаходзіцца на чале кліну, глядзіць на яе, хістаючы галавой, нібы разумная істота, і праз гэта ягоная дзюба таксама пачынае пляскаць, а старая аздобленая рэдкімі пер’ямі шыя, якая перажыла ўжо тры пакаленні жураўлёў, гойдаецца ў нервовых сутаргах, у прадчуванні подыху навальніцы. Шматкротна кінуўшы халоднакроўны погляд па ўсіх баках вачыма, заплюшчанымі на любы досвед, асцярожна, першым, бо менавіта гэта ён мае прывілей паказваць апярэнне свайго хваста іншым жоравам, слабейшым за яго розумам, са сваім дрыготкім крыкам меланхалічнага вартаўніка, каб адбіць атаку агульнага ворага, пачынае круціцца з гнуткасцю кропкі геаметрычнай фігуры (магчыма, гэта трохкутнік, але не відаць трэцяга боку ў прасторы лёту гэтых надзвычай цікавых птушак) то ў правы, то ў левы бок, як дасвечаны капітан, мaнеўруючы крыламі, якія выдаюцца не большымі, чым крылы вераб’я, i, паколькі ён не дурны, па-філасофску выбірае іншы шлях, больш бяспечны.

[2] Хачу распавесці ў некалькіх радках якім добрым быў Мальдарор у першыя шчаслівыя гады1 жыцця, вось гэта і зроблена. Але пазней ён заўважыў, што нарадзіўся злым: о, лёс ліхі! Напрацягу доўгага шэрагу гадоў ён хаваў свой характар, наколькі мог, але, урэшце, у выніку гэткага напружання, якое цалкам не было для яго натуральным, штодня кроў прылівала яму ў галаву так, што няздольны больш трываць гэткага падвойнага жыцця, ён імкліва кінуўся ў точышча зла... салодкі подых! Хто б казаў! Калі ён прытуляў малое дзіця з ружовым тварыкам, то жадаў адцяць яму шчочкі брытвай, і не адзін раз бы гэта зрабіў, калі б юстыцыя з яе доўгім ланцугом пакаранняў кожнага разу не ставіла яму перашкоды. Ён не быў хлусам, прызнаваў сапраўдны стан рэчаў, сам сцвярджаў сваю жорсткасць, людзі, вы чуеце? Такім чынам, ёсць улада больш магутная, чым воля. Праклён! Ці можа камень ухіліцца ад закону прыцягнення? Немагчыма. Немагчыма, калі зло жадае спадарожнічаць дабру. Вось, пра што я хацеў распавесці.

[6] Пазногці адрошчваюцца на працягу пятнаццаці дзён2. О! якая гэта асалода гвалтоўна вырваць з цёплага ложка хлопчыка, у якога нічога яшчэ няма над верхняй губой, і з шырока адкрытымі вачыма зрабіць выгляд, што пяшчотна лашчыш ягоны лоб, адгарнуўшы назад цудоўныя валасы! Раптам у найменш чаканы момант унурыць кіпцюры ў яго падатныя гру­дзі, але так, каб ён не памёр, бо гэта ў наступстве знікчэмніла б ягоныя пакуты. Пасля п’ецца кроў і вылізваюцца раны, і напрацягу ўсяго гэтага часу, які павінен трываць доўга, як вечнасць, хлопчык плача. Няма нічога лепшага за атрыманую гэткім чынам цёплую яшчэ кроў, можа, акрамя слёз, горкіх, як соль. Чалавеча, ці ж ты ніколі не каштаваў уласнае крыві, выпадкова параніўшы сабе палец? Што, смачна? Бо яна не мае смаку. А ці ты не памятаеш той дзень, калі ты, занурыўшыся ў пахмурныя думкі, паднёс да свайго хваравітага твару, вільготнага ад кропляў, якія падаюць з вачэй, далонь, складзеную чоўнікам, і рука несвядома скіравалася да вуснаў, якія з гэтага кубка, дрыготкага, як зубы вучня, калі той ускрайкам вока пазірае на аднакласніка, свайго жорсткага прыгнятальніка, пілі твае слёзы? Што, смачныя? Цудоўна, не? бо яны маюць смак воцату. Слёзы той, кажаш ты, якая кахала – гэта падман, але слёзы маленькага хлопчыка лепш дагаджаюць нёбу. Ён ніколі не здрадзіць, бо яшчэ не ведае зла, але тая, якая кахае самым моцным каханнем, здрадзіць позна ці рана... пра гэта я магу здагадвацца толькі тэарэтычна, бо ніколі не ведаў, што такое сяброўства і каханне і, магчыма, ніколі не даведаюся ані пра адно, ані пра другое, ва ўсялякім выпадку, не ад людзей. Калі твае ўласныя кроў і слёзы табе не агідныя, сілкуйся, сілкуйся крывёй і слязьмі таго хлопчыка. Хай у яго будуць завязаныя вочы, калі ты будзеш разрываць яго дрыготкае цела, а калі ўжо праз цэлую гадзіну ты наслухаешся яго цудоўнага ляманту, падобнага да пранізлівага іржання коней на полі бітвы, адсунься ад яго, імкліва, як лавіна, а потым прыбяжы з другога пакоя так, каб было падобна, што ты прыйшоў яго ратаваць. Развяжы яму рукі з набрынялымі цягліцамі і венамі, вярні зрок бледным вачам і зноў прыступі да злізвання крыві. Якая сапраўдная пакора ахопіць цябе ў той момант! Як жа радасна б’ецца сэрца, калі можа суцешыць нявінную істоту, якой зроблена крыўда! “Бедны хлопчык, ад каго ты перацярпеў такія жахлівыя пакуты, хто ж мог учыніць над табой такое злачынства, якому няма нават імя? Няшчасны! Твая родная маці не спалохалася б за цябе больш, так узненавідзеўшы тваіх крыўдзіцеляў, чым я ў гэтую хвіліну. Але! Што такое дабро, і што такое зло! Можа гэта ўсяго толькі тая адна рэч, якая служыць нам, каб натхнёна ўказваць на нашыя немачы і жарслівую патрэбу бясконцага, нават спосабам самым шалёным? Ці ўсё ж гэта дзве розныя рэчы? Не… для мяне лепш, каб гэта было адно і тое… бо калі інакш, што ж мяне спаткае ў судны дзень? Хлопчык, даруй мне прабачэнне! Гэта той, хто стаіць перад тваім святым і шляхетным абліччам, паламаў твае косці і раздрапаў цела, што звісае з цябе лахманамі, гэта шаленства майго хворага розуму, ці таемны інстынкт, незалежны ад маіх меркаванняў, такі як у арла, які раздзірае сваю здабычу, штурхнуў мяне на гэта злачынства. Але я цярпеў таксама, як і мая ахвяра! Хлопчык, даруй мне прабачэнне! Калі ўжо будзеш мець за сабой гэтае пралётнае жыццё, я прагну адно каб мы былі сплеценыя разам на цэлую вечнасць, творачы адну істоту, вусны пры вуснах. Але, нават гэткім чынам я не буду дастаткова пакараны. Будзеш няспынна драпаць мяне кіпцюрамі і зубамі адначасова. Агарну сваё цела ў пахучыя гірлянды дзеля пакутнае ахвяры, і абое будзем цярпець, я – бо буду раздзіраны, і ты, бо будзеш мяне раздзіраць. О, яснавалосы хлопчык з лагоднымі вачыма, ці будзеш ты рабіць так, як я табе сказаў? Прагну, каб ты гэта зрабіў насуперак сабе, вяртаючы шчасце майму сумленню”. Сказаўшы гэта ўсё, будзеш чалавекам, які прычыніў зло чалавечай істоце, і ў той жа час каханы гэтай істотай, што робіць найбольшае шчасце, якое можна сабе ўявіць. Пазней можаш аддаць яго ў шпіталь, бо калека ўжо не заробіць сабе на жыццё. Будуць казаць, які ты добры. Лаўровыя вянкі і залатыя медалі аздобяць твае босыя ногі, расстаўленыя над магілай, нібы старая статуя. О, ты, той, чыё імя не хачу змясціць на гэтым аркушы, прысвечаным святоўнасці злачынства, я ведаю, што ты праявіў сілу прабачэння, вялікага, як сусвет, а я і надалей існую!

[8] У святле поўні, на марскім узбярэжжы і далёка ў палях, занурыўшыся ў горкія роздумы, можна ўбачыць, як усе рэчы пераапранаюцца ў жоўтыя і няпэўныя фантастычныя формы. Цені дрэваў то хутка, то паволі, хутка перабягаюць і вяртаюцца ў размаітых кшталтах, прыплюшчваючыся і прыціскаючыся да зямлі. Часам, калі мяне несла на крылах юнацтва, я марыў, і гэта здавалася мне дзіўным, цяпер і я ўжо прызвычаіўся. Вецер стогне ў лісці гэтых млявых нататак, і кугакаўка нясе свае гучныя скаргі, ад якіх варушацца валасы кожнага, хто іх пачуе. І ў гэты час азвярэлыя сабакі1 разрываюць свае ланцугі і зрываюцца са сваіх далёкіх фермаў. Яны бягуць у палі там і тут, апантаныя шалам. Раптоўна спыняюцца, азіраючыся па ўсіх баках, з ліхаманкавым непакоем, звар’яцелымі вачыма і, нібы сланы ў гадзіну смерці, якія ўзносяць апошні погляд у нябёсы, роспачліва ўздымаючы свае хобаты, нерухома апускаючы свае вушы долу, так і сабакі нерухома апускаюць свае вушы, узносячы пысы, страшэнна заломваюць шыі ўгору і пачынаюць брахаць раз за разам, нібы галоднае дзіця; нібы параненая ў жывот котка; нібы павінная нарадзіць жанчына; нібы хворы, які чакае смерці ў шпіталі; нібы ўзнёслы дзявочы спеў; на зоркі поўначы, на зоркі заходу; на зоркі поўдня; на зоркі ўсходу; на поўню; на горы, якія здалёк выдаюцца вялізнымі скаламі, што ляжаць у прыцемках; на халоднае паветра, якое яны ўдыхваюць поўнымі лёгкімі, якое ўрываецца ўнутр іхніх ноздраў, пунсовых і распаленых; на маўклівасць ночы; на соваў, якія на лёце падцінаюць ім морды, і ў дзюбе нясуць пацука альбо жабу, жывую ежу, ласунак для малых; на зайцоў, якія знікаюць у імгненне вока; на злодзея, які пускае галопам свайго каня, пасля ўчыненага злачынства; на змей, якія варушацца ў верасе, ад якога дрыжыць іхная скура і рыпяць зубы; на свой уласны брэх, які на іх саміх наганяе жах; на рапух, якіх яны трушчаць адным сухім пошчакам сківіцаў (як апынуліся яны так далёка ад балотаў?); на дрэвы, чые лісце мякка калышацца, у якіх столькі таямніцаў, якіх яны не разумеюць, якія яны прагнуць адкрыць сваімі застылымі разумнымі вачыма; на павукоў, падвешаных паміж іх доўгіх лапаў, і якія караскаюцца на дрэвы, каб знайсці паратунак; на варон, якія не знайшлі нічога, каб пад’есці за цэлы дзень і вяртаюцца ў свае сховішчы на стомленых крылах; на прыбярэжныя скалы; на агні, якія мільгацяць на мачтах нябачных караблёў; на глухі шум хваляў; на вялікіх рыбаў, якія плаваюць, паказваючы свае вялізныя чорныя спіны; а пасля знікаюць у бездані і на чалавека, які іх зняволіў. Потым яны зноў кідаюцца бегчы ў палі на сваіх скрываўленых лапах, праз рытвіны, дарогі, палі і травы і пакручастае каменне. Здаецца, яны прыпыняюць сваю лютасць у пошуку прыстанку, каб спатоліць прагу. Іх працяглы рык наводзіць жах на ўсё наваколле. Гора спозненаму падарожніку! Сябры могілак накінуцца на яго, разарвуць, пажруць сваімі пашчамі, з якіх крапае кроў, бо ў іх не бывае хворых зубоў. Дзікія звяры не адважваюцца наблізіцца, каб прыняць удзел у крывавай вячэры і ад жаху ўцякаюць куды вочы глядзяць. Пасля не­каль­кіх гадзінаў, сабакі, знясіленыя беганінай туды і сюды, амаль мёртвыя, з высунутымі з пашчаў языкамі, кідаюцца адзін на аднаго, не ведаючы, што робяць і з неверагоднай хуткасцю разрываюць на тысячы дробных шматкоў. Але іхнімі дзеяннямі кіруе не жорсткасць. Аднойчы мая маці, гледзячы на мяне ашклянелымі вачыма, сказала: “Пакуль ты ляжыш у сваім ложку, слухаючы сабачы брэх у палях, схавайся пад коўдрай і не глядзі на іх з пагардай – яны маюць неспатольную прагу бясконцага, як ты, як я, як большасць людзей з доўгім і бледным абліччам. Нават, дазволю табе сесці перад вакном, каб аглядаць гэтую вытанчаную дзею”. Ад гэтага часу я захоўваю запавет смерці. Як сабакі, я адчуваю патрэбу бясконцага... Не магу, не магу вытлумачыць гэтай патрэбы бясконцага! Я сын чалавека і жанчыны, як мне казалі. Гэта мне здавалася дзіўным... я спадзяваўся на большае! Урэшце, якая мне розніца, ад каго я паходжу? Калі б гэта залежала ад маёй волі, я жадаў бы быць сынам акулы, чый голад па крыві блізкі да ўрагану і тыгра, слаўнага жорсткасцю, і я не быў бы такі злосны. Вы, тыя, хто на мяне глядзіць, адыдзіце прэч ад мяне, паколькі дух, які ад мяне сыходзіць – гэта дух атруты. Ніхто яшчэ не бачыў ані рэзкіх зморшчынак на маім ілбе, ані касцей, якія тырчаць з маёй худобнай фігуры, як плаўнікі вялікай рыбы, альбо скал, якімі ўсея­нае ўзбярэжжа мора, альбо пакручастых альпійскіх гор, якія я часам аглядаў, тады яшчэ, калі валасы на маёй галаве былі іншага колеру. І я блукаю паміж чалавечых халупаў, у час ураганнай ночы, з палкімі вачыма, валасамі, сцябанымі ветрам навальніцы. Самотны, як камень пасярод дарогі, я накрываю пануры звялы твар кавалкам аксаміту, чорным, як сажа, што бывае ў самым сэрцы комінаў: не трэба, каб вочы былі сведкамі брыдотаў, якімі Вышэйшае Быццё з усмешкай магутнай нянавісці ўзнагародзіла мяне. Кожную раніцу, калі вока сусвету ўзыходзіць дзеля іншых, разліваючы для ўсяго свету дабрачынную радасць і цяпло1, аніводная з маіх рысаў не здрыганецца, пільна ўглядваючыся ў прастору поўную ценяў; прысеўшы на дне маёй улюбёнай пячоры, у роспачы, якая ап’яняе мяне, як віно, я я растурзаў магутнымі рукамі свае грудзі на шматкі.
А ўсё ж, здаецца, што мне далёка да ярасці. А ўсё ж, здаецца, я яшчэ не адзіны, хто церпіць боль! Аднак, здаецца, што я яшчэ дыхаю! Як пракляты, які спрабаваў свае цягліцы, разважаючы пра іх, і які неўзабаве збіраецца ўзысці на эшафот, стоячы на нагах, на маім саламяным ложку, я павольна кручу шыяй з правага на левы бок, на працягу цэлай гадзіны, я не падаю мёртвым. Ад моманту да моманту, калі мая шыя не можа круціцца ў тым самым кірунку, калі яна спыняецца, каб пачаць круціцца ў кірунку супрацьлеглым, раптам я гляджу ў бок гарызонту праз рэдкія зазоры, пакінутыя ў кудлатых карчах, якія засцілаюць уваход: я не магу нічога! Нічога, калі няма палёў, якія танчаць у выкрутасах з дрэвамі і доўгімі стужкамі птушак, якія крэсляць паветра. Гэта хвалюе кроў і розум. Але хто ж гэта ў маёй галаве так б’е жалезным кулаком нібы молатам па кавадлу2?

[13] Брат п’яўкі вольным крокам ішоў праз лес, не раз спыняўся і адкрываў рот, каб загаварыць. Але кожным разам ягонае горла сціскалася і зноў надзьмувалася ў марным высілку. Урэшце ён закрычаў: “Чалавеча, калі ты сустракаеш здохлага сабаку3, перакуленага дагары нагамі, абапёртага на плытку, якой перагароджана пратока, не ўцякай так, як іншыя, вазьмі ў далоні чарвякоў, якія вылазяць з яе раздзьмутага чэрава, са здзіўленнем разглядаючы іх, расчыні сцізорык, пасячы яго на мноства дробных кавалкаў, сказаўшы сабе, што і ты таксама не будзеш нічым большым за гэтага сабаку. Якую таямніцу ты шукаеш? Ані я, ані ластаногі марскі коцік Паўночнага Ледавітага акіяну не маглі разгадаць таямніцу жыцця. Глядзі, набліжаецца ноч і ты застанешся тут да раніцы. Што скажа твая сям’я разам з тваёй сястрычкай, убачыўшы, што ты прыходзіш так позна? Вымый рукі і вяртайся той дарогай, якая вядзе цябе туды, дзе ты начуеш... Што ж гэта такое там, на гарызонце адважваецца без страху наблізіцца да мяне крывымі і недарэчнымі падскокамі; якая ў іх веліч і пакора! Погляд такі лагодны і такі глыбокі. Вялікія павекі гуляюць з ветрыкам і здаюцца жывымі. Я не знаёмы з гэтай істотай. Калі гэтыя пачварныя вочы спыняюцца на мне, я ўздрыгваю ўсім целам, гэта са мной упершыню з тае пары, як я смактаў пасохлыя смочкі той, якую я зваў сваёй маці. Вакол яе свеціцца нешта падобнае да асляпляючай аўры. Калі яна пачынае гаварыць, усё навокал замірае ў трапятанні. Хочаш падысці да мяне, як прыцягнутая магнітам, я не буду супраць. Якая прыгажосць! Якая згрызота ў маіх словах! Ты павінна быць магутнай, бо ў тваёй постаці ёсць звышчалавечае, сумнае, як сусвет, пекнае, як суіцыд. Я ненавіжу цябе, наколькі магу, я б хутчэй хацеў бачыць змяю, абвітую вакол маёй шыі, але не твае вочы. Як!.. гэта ты, рапуха1! Прабач, прабач! Што ідзеш ты рабіць на гэтым свеце, дзе жывуць праклятыя? Што ты робіш тут са сваімі слізкімі гнайнікамі, што смярдзяць так, каб паветра зрабілася салодкім? Калі ты сышла з вышыняў па загаду Найвышэйшага з місіяй суцяшэння самых розных гатункаў жывых істотаў, ты абрынулася на зямлю з імклівасцю каршука, з крыламі нястомленымі гэтым доўгім цудоўным падарожжам; я ўбачыў цябе! Бедная рапуха! Як я тады разважаў пра бясконцае і пра сваю слабасць. Адзін з тых, хто найвышэйшы на зямлі, прамовіў да мяне: ёсць на гэта боская воля. Але чаму так? Каму карысць ад нясправядлівасці найвышэйшых законаў? Ці ж бязглузды Творца, хаця ён і наймагутнейшы, ярасць яго жахлівая! Але, калі ты з’явілася мне, царыца сажалак і балотаў, пакрытая славай, уласцівай толькі Богу, ты трохі суцешыла мяне, але мой квёлы розум – нішто перад абліччам такой велічы! Хто ты, аднак? Застанься... о! застанься яшчэ на гэтай зямлі! Разгарні свае белыя крылы і не глядзі ўгару праз свае дрыготкія павекі – калі ты йдзеш, пойдзем разам! Рапуха села на заднія ляжкі (якія так падобныя на чалавечыя) і, калі слімакі, макрыцы і смаўжы паўцякалі, убачыўшы свайго смяротнага ворага, яна пачала сваю прамову наступным чынам: “Мальдарор, паслухай мяне. Зірні на маю постаць, спакойную, як люстра, я спадзяюся, што маю розум роўны твайму. Аднойчы ты назваў мяне апірышчам у сваім жыцці. Я не адрынула давер, якім ты мяне адарыў. Я ўсяго толькі жыхарка чаротаў, гэта праўда. Але, толькі раз дакрануўшыся да цябе, мяне захапіла ўсё тое, што было ў табе найлепшага, і душа мая ўзляцела ў неба. Я прыйшла да цябе, каб выцягнуць цябе з багны. Тыя, хто называе сябе тваімі сябрамі, прыгнечана глядзяць пры кожнай сустрэчы з табой, бледным і згорбленым у тэатрах, публічных месцах і касцёлах ці сціскаючага паміж дзвюх нервовых сцёгнаў каня, які скача толькі ўначы, нясе свайго пана – прывіда, загорнутага ў чорны плашч. Пакінь гэтыя думкі, якія спусташаюць тваё сэрца і гараць ярчэй агню. Твой дух такі ж хворы, як і ты, як і тое, што ты лічыш у сабе натуральным, кожны раз, калі з вуснаў тваіх зрываюцца бязглуздыя словы, поўныя пякельнай велічы. Небарака! Што казаў ты ад самага дня твайго нараджэння? О, смутак, які застаецца неўміручаму розуму, які Бог сатварыў з такой любоўю? Ты нарадзіўся з праклёнам больш агідным, чым выгляд згаладалых фурыяў! Лепей мець сляпыя павекі, бязногае і бязрукае цела. Забіць чалавека, калі гэта ты! Бо я ненавіджу цябе. Навошта мець характар, які мяне так ашаламіў? Па якому праву ідзеш ты па гэтай зямлі, каб здзеквацца з тых, хто на ёй жыве, гнілы ападак, раздрапаны скептыцызмам? Калі ты не падабаешся сабе, узнясіся назад у тыя сферы, адкуль ты сышоў. Жыхар гарадоў не павінен сядзець у вёсках, як чужаніца. Мы ведаем, што ў касмічных абшарах існуюць сусветы больш разлеглыя чым наш, і ў якіх духі маюць розум, пра які мы нават не можам здагадацца. Добра, ідзі... выбірайся са сваёй зыбучай глебы!.. пакажы, урэшце, сваю боскую істоту, якую ты ўсё хаваў і найлепей накіруй свой лёт да свайго неба, якое не горш за наша, гордае, як і ты сам! Бо я не паспела распазнаць, ці ты чалавек, ці нешта большае за чалавека. Бывай, аднак, не спадзявайся больш сустрэць рапуху на сваём шляху. Ты стаў прычынай маёй гібелі. Я сыходжу ў вечнасць, каб вымаліць табе дараванне!”

Песня Другая

[13] Я шукаў душу, падобную да маёй, і не мог яе знайсці. Я пільна абшарыў кожны куток на зямлі, мая настойлівасць была дарэмнай. Аднак, я не мог заставацца самотным, патрэбны быў нехта, хто б адпавядаў майму характару, патрэбны быў нехта, хто б меў такія ж думкі, як я. Была раніца, сонца ўздымалася над гарызонтам ува ўсёй сваёй велічы, і вось, перад маімі вачыма ўзнік малады чалавек, ад прысутнасці якога квітнелі кветкі на ўсім яго шляху. Ён наблізіўся да мяне і працягнуў руку: “Я прыйшоў да цябе, ты, які мяне шукаеш. Блаславі гэты шчаслівы дзень.” Але я адказаў: “Ідзі. Я не зваў цябе, мне не трэба твайго сяброўства”. Быў вечар; ноч пачынала распраўляць чорнае паскудства свайго вэлюму над светам. Прыгожая жанчына, якую я яшчэ не мог выразна разгледзець, пачала распаўсюджваць на мяне свой чарадзейскі ўплыў, не адважваючыся, аднак, загаварыць. Я сказаў ёй: “Падыдзі да мяне, каб я мог разгле­дзець твае рысы, бо святла зорак яшчэ не стае, каб асвятліць цябе на такой адлегласці.” Вось сціплым крокам, з апушчанымі долу вачыма, яна прымяла траву, накіроўваючыся ў мой бок. Вось што я сказаў: “Я бачу, што дабро і справядлівасць абралі жытлом тваё сэрца, і мы няздольныя жыць разам. Зараз ты захапляешся маёй прыгажосцю, якая ўражвае больш за ўсё іншае, але рана ці позна ты ўсё роўна пашкадуеш, што прысвяціла мне сваё каханне, бо ты не ведаеш маю душу. Не ў тым справа, што я мог бы здрадзіць – калі жанчына ахвяруе мне сябе цалкам і з такім даверам, я адказваю ёй да рэшты з такім самым поўным даверу адданнем, але запомні і ніколі не забывай: ваўкі і авечкі ніколі не глядзяць адны на другіх салодкімі вачыма.” Што ж заставалася мне, калі я адрынуў з такой агідай тое, што было найпрыгажэйшага ў людзей! Тое, што мне засталося, я ніколі не быў здольны вымавіць. Ніколі я не меў звычаю карыстацца фенаменам свайго розуму паводле таго метаду, які дае філасофія. Я сеў на скале на беразе мора. Карабель пад усімі ветразямі ішоў, каб дайсці да гэтага месца, нябачная кропка нібы набліжалася ад лініі гарызонту, усё бліжэй і бліжэй, пад шквальнымі павевамі ветру, узрастаючы з раптоўнай сілай. Бура збіралася пачаць свае атакі, і неба ўжо пацямнела і пачарнела1, амаль так агідна, як сэрца чалавека. Карабель, які быў вялікім вайсковым жагляром, прыйшоў кінуць свае катвігі, каб не разбіцца аб прыбярэжныя скалы. Вецер шалёна дзьмуў з усіх чатырох бакоў свету і раздзіраў ветразі на лахманы. Удары грому раскатваліся на тысячы бліскавіцаў, і не спыняўся лямант, які далятаў з дому без падмурку, плывучай грабніцы. Гойданне гэткай масы вады не парвала ланцугі катвігаў, але ад яе штуршкоў у бартах карабля адчыніліся два праломы для плыняў вады. Пралом агромісты, паколькі моцы помпаў не хапала, каб змагацца з вялізнымі хвалямі салёнай вады, якія з пенай накатваліся на карабельную палубу, нібы горы. Карабель у роспачы выдаваў гарматныя стрэлы алярму, але гінуў павольна... і велічна. Не зразумее той, хто не бачыў карабель, які гіне ў сэрцы ўрагану, паміж бляскам маланкі і найглыбейшай цемрай, у той час, як тыя, хто яе перажывае, знямоглі ад адчаю, немагчымага ў звычайным жыцці. Урэшце, пачуўся касмічны крык бясконцай роспачы знутры карабля, калі мора ўзмацніла ўдвая свае няўхільныя атакі. Кожны апрануўся ў шаты пакоры і перадаў свой лёс у боскую руку. Так звычайна паводзіць сябе статак баранаў. Карабель у роспачы выдаваў гарматныя стрэлы алярму, але гінуў павольна... і велічна. Яны павінныя былі забаўляцца з помпамі цэлы дзень. Марныя высілкі. Надышла ноч, густая і бязлітасная, каб скончыць з гэтым прыўкрасным відовішчам. Кожны ведае, што калі трапляюць у ваду, пачынаюцца цяжкасці з дыханнем, бо, як ні напружваць сваю памяць, ніхто не можа прыпомніць рыбу сярод сваіх продкаў, але, трапіўшы ў ваду намагаюцца затрымаць дыханне як мага даўжэй, каб працягнуць сваё жыццё яшчэ на два-тры імгненні і ў гэтым ёсць зласлівая іронія, за якую трэба быць удзячным смерці. Карабель у роспачы выдаваў гарматныя стрэлы алярму, але ён гінуў павольна... і велічна. Невядомым чынам карабель праваліўся ў прорву, зрабіўшы вялізны вір з дзвюх адтулінаў, якія віруюць вакол сябе, як гразкая буза, памеленая ў бурлівай вадзе, нібы апынуўшыся паміж сілай, што ідзе знізу і навальніцай, якая нясе разбурэнне з вышыні, уключанае ў стыхію разгрому і жаху. Нягледзячы на прыпасы халоднакроўнасці, якія будучы тапелец назапасіў ад пачатку, ён павінен пасля грунтоўных меркаванняў чуць сябе шчаслівым, калі яшчэ працягвае жыць у віхуры бездані, хаця б і на палову нармальнага ўздыху. Таму немагчыма яму будзе больш грэбаваць смерцю, сваёй апошняю воляй. Карабель у роспачы выдаваў гарматныя стрэлы алярму, але ён гінуў павольна... і велічна. Гэта памылка. Не чуваць больш гарматных стрэлаў, ён больш не тоне. Арэхавая шкарлупіна цалкам занурылася ў ваду. О, неба! Як можна жыць, дазнаўшы столькі асалоды! Мне было дадзена быць сведкай смяротнай агоніі мноства маіх супляменнікаў. Хвіліна за хвілінай я сачыў за разгортваннем жахлівай дзеі. Часам, шалёны крык нейкай старой заглушае натоўп на кірмашы. Часам, адзіны піск немаўляці перашкаджае пачуць каманды аддаваныя маракам. Карабель знаходзіўся надта далёка, каб выразна пачуць усе енкі якія даносіліся парывамі ветру, але я наблізіў іх да сябе высілкам волі і аптычная ілюзія была поўнай. Кожную чвэрць гадзіны, калі шквал быў мацнейшы за іншыя, даносіліся гэтыя хаўтурныя гукі праз крыкі спалоханых чаек, выкрываючых месца знаходжання карабля, расколатага ўздоўж, і павялічваў стогны тых, каму належала стаць ахвярай халакосту смерці, я пракалоў шчаку вастрыём жалезнай іголкі і ўпотайкі думаў: “Яны цер­пяць яшчэ больш!” Я мог, прынамсі, параўноўваць. З берага я звяртаў у іх бок праклёны і пагрозы. Мне здавалася, што яны мяне пачулі! Мне здавалася, што мае словы пераадольвалі адлегласць, нягледзячы на фізічныя законы гуку, і ўляталі проста да іх вушэй, аглушаных выццём раз’юшанага акіяну. Мне здавалася, што яны павінныя думаць пра мяне і адчуваць сваю прагу помсты ў бяссільнай злосці! Часам я кідаў погляд на гарады, паснулыя на бяспечнай зямлі, і бачыў, што ніхто не сумняваўся ў тым, што карабель павінен патануць у некалькіх мілях ад берага, увенчаны каронай падлажэрных птушак і на п’едэстале з марскіх волатаў з пустым нутром, мужнасць вярнулася да мяне, і надзея таксама вярнулася: я быў пэўны ў іх гібелі! Каб забяспечыць меры перасцярогі, я пашукаў дубальтоўку, на той выпадак – калі б нехта з тых, хто пацярпеў крушэнне, спакусіўся б праплыць праз скалы, пазбягаючы немінучай смерці – куля ў плячо раструшчыла б яму руку і перашкодзіла б у выкананні яго намеру. У самы жахлівы момант буры я ўбачыў, па самыя вочы занураную ў адчайных высілках выплысці, энергічную галаву з раскудлачанымі валасамі. Ён глытаў ваду літрамі, знікаў у бездані, боўтаю­чыся нібы корак. Але, аднак, ён з’яўляўся зноў і зноў са струмяністымі валасамі і пільна ўглядаўся ў бераг, здавалася, ён кінуў выклік смерці. Я быў у захапленні ад такой вытрымкі. Шырокая крывавая рана ад вострых падводных камянёў расцяла шляхетны твар. Яму не было больш за шаснаццаць гадоў, бо ў асвятляючых ноч бліскавіцах можна было разгле­дзець над верхняй губой толькі персікавае апушэнне. Ён быў ужо ў двустах метрах ад берага, я выразна гэта бачыў. Якая мужнасць! Які непахісны дух! Як нахабна ён, здавалася, глядзеў у вочы прызначэнню, цвёрда трымаючы галаву, смела працінаў хвалі, цяжка адкідваў барозны!... Але я ўжо вырашыў. Павінен быў выканаць сваё абяцанне – апошняя гадзіна прабіла для ўсіх, ніхто не павінен выжыць. Так я пастанавіў, ніхто не здольны гэтага адмяніць. Прагучаў сухі трэск, і галава знікла пад вадой, каб ніколі больш не з’явіцца. Забойства дало мне менш задавальнення, чым можна было спадзявацца. Я быў ужо сыты забойствам, і яно цяпер ужо стала для мяне ўсяго толькі звычкай, без якой нельга абысціся, але якая мала пацяшае. Пачуцці прытупіліся і здзервянелі. Што магла мне даць смерць гэтай чалавечай істоты, калі больш за сто падобных да яго павінна было паўстаць перад маім уяўленнем у апошняй бітве з хвалямі, калі ўвесь кара­бель схаваецца пад вадой? Тая смерць нават была пазбаўленая зачаравання небяспекі, бо людская справядлівасць, закалыханая ўраганам той жахлівай ночы спачывала ў дамах за некалькі крокаў ад мяне. Сёння, калі ўжо цяжар гадоў дае знакі майму целу, я шчыра вызнаю, як апошнюю і ўрачыстую праўду: я ўсё ж не быў такі жорсткі, як тое пазней казалі людзі, але іхняя зласлівасць доўгія гады аказвала на мяне свой шкодны ўплыў. Маё шаленства тады не ведала межаў, у мяне былі прыпадкі жорсткасці і я быў страшны для кожнага, хто паўставаў перад маімі вачыма, паколькі быў істотай належнай да майго гатунку. Калі гэта быў конь альбо сабака, я дазваляў яму спакойна адысці, чуеце, што я сказаў? На жаль, у гэтую бурлівую ноч у мяне быў адзін з такіх прыпадкаў, і розум пакінуў мяне – звычайна я быў такі самы жорсткі, толькі больш асцярожны, таму, таксама, усё, што тады трапляла мне ў рукі, павінна было загінуць; урэшце, не жадаю ачысціцца ад маіх грахоў. Не ўсе яны абцяжарваюць маіх бліжніх. Сцвярджаю толькі тое, што было, чакаючы Страшнага Суда, ад адной толькі думкі пра які мне робіцца няёмка... Не, не страшыць мяне Страшны Суд! Розум ніколі не пакідае мяне, я казаў так, толькі каб вас ашукаць. Калі я здзяйсняю злачынства, я ведаю, што раблю, я не хацеў учыніць нічога іншага! Стоячы на скале, калі ўраган раздзьмуваў мае валасы і плашч, я сачыў у захапленні, як сілы навальніцы разносяць карабель у тую бяззорную ноч. Урачыста прагледзеў усю драматычную дзею ад закідвання катвігаў да хвіліны, калі яго апранулі тыя фатальныя шаты, што ўцягнулі ў марское чэрава тых, хто прыбраў карабель, як плашч. Але блізка былі хвіліны, калі я сам павінен быў стаць дзеючай асобай у тых сцэнах расцуглянага разгулу прыроды. Калі месца, дзе карабель мужна змагаўся, выразна прадэманстравала, што ён павінен быў правесці рэшту сваіх дзён у марскім партэры, пэўная колькасць пацярпелых крушэнне выплыла на паверхню. Яны трымаліся за рукі па двое і па трое: гэта быў акурат той спосаб, каб не ратаваць жыццё – са звязанымі рукамі яны тапіліся, як дзіравыя гаршчкі... Але што гэта за войска марскіх пачвараў з такой хуткасцю прыбірае смецце? Іх шасцёра: магутныя плаўнікі працінаюць сабе шлях праз высокія хвалі. З гэтых чалавечых істотаў, якія варушаць чатырма канечнасцямі, сярод гэтага не надта сталага кантынгенту, акулы нібы гатуюць амлет без яйкаў і дзеляць яго паводле права мацнейшага. Кроў змешваецца з вадой, вада мяшаецца з крывёй. Іхнія драпежныя вочы ясна асвятляюць сцэну разні. Але што гэта за новае хваляванне вады там, далёка на гарызонце? Сказаў бы, што набліжаецца цунамі. Якія ўдары вёслаў! Ужо бачу, што гэта такое. Вялікая самка акулы прыходзіць за сваёй доляй паштэту з качыных вантробаў і порцыяй мяса. Яна шалее, калі адчувае голад. Паміж ёй і іншымі акуламі пачынаецца барацьба за пару дрыготкіх чэлесаў, якія тут і там моўчкі плаваюць на паверхні чырвонай смятанкі. Кідаючыся ўправа і ўлева, акула наносіць смяротныя раны. Але, аточаная трыма іншамі акуламі, яна мусіць кружыцца, каб змарнаваць іхнія манеўры. З нарастаючым узрушаннем, дагэтуль яму невядомым, назіральнік на беразе пільна сачыў за новай бітвай у моры. Вылупіў вочы на адважную саміцу, у якой былі такія страшныя зубы. Не разважаючы, прыкладвае стрэльбу да пляча, і, з уласцівым яму спрытам, усаджвае другую кулю ў вуха акулы, якая паказалася над хвалямі. Дзве астатнія яшчэ больш звар’яцелі. Чалавек з салёнай слінай кідаецца з вышыні скалы ў мора і плыве да міла размалёванага дывана, трымаючы ў руцэ нож, якога ніколі не выпускае. Цяпер кожная акула мае перад сабой аднаго толькі ворага. Чалавек набліжаецца да стомленага драпежніка і, выкарыстоўваючы адпаведны момант, усаджвае яму ў жывот сталёвае вастрыё. Рухавая цытадэль лёгка распраўляецца з апошнім праціўнікам. Плывец і ўратаваная акула блізка. Хвіліну гля­дзяць адно аднаму ў вочы і кожны адчувае здзіўленне, убачыўшы ў поглядзе іншага столькі дзікасці. Плаваюць кругамі, не адрываючы вока, абодва думаюць: “Гэта непаразуменне – вось істота яшчэ больш злая, чым я.” І, па ўзаемнай сімпатыі, яны падплываюць адно да другога з нямым захапленнем у вачах, акула, варушыць сваімі плаўнікамі, Мальдарор разбівае хвалі рукамі; затрымаўшы подых у пачуцці глыбокага шанавання, кожны жадае сузіраць свой жывы партрэт. Падплыўшы на адлеласць трох метраў, без ніякага высілку, яны раптоўна падаюць адно да другога ў абдымкі, як двое закаханых, і абдымаюцца з павагай і ўдзячнасцю з поціскамі пяшчоты, якая бывае толькі паміж братам і сястрой. Плоцкая пожадзь наступіла неўзабаве пасля гэткай дэманстрацыі сяброўскіх пачуццяў. Дзве нагі нервова ахапілі слізкую скуру пачварыны, як дзве п’яўкі; рукі і плаўнікі любоўна спляліся вакол цела аб’екту кахання, аточанага замілаваннем, глоткі і грудзі спалучыліся ў адзіную шэра-зялёную масу з водарам водарасцяў у самым сэрцы навальніцы, якая ўсё яшчэ ятрылася; на ложы Гіменея ў пеністай хвалі, закалыханыя падводнай плынню, як у калысцы, і, перакуль­ваючыся адно праз другое ў няведамых глыбінях бяздоннай прорвы, яны спалучыліся1 ў экстазе доўгім, цнатлівым і агідным! Нарэшце я знайшоў некага, хто б мне падабаўся! Яна цалкам па­дзяляла мае думкі!.. Ніколі ўжо я не буду самотны ў маім жыцці! Я быў перад абліччам майго першага кахання!

Песня Трэцяя

[2] Вось апантаная ідзе і падскоквае ў марным высілку нешта прыга­даць. Дзеці бягуць за ёй, кідаючы каменне, нібы за драздом. Яна размахвае дубцом і выкрыўляе міны сваім пераследнікам, потым працягвае свой шлях. Яна губляе чаравік на дарозе, і не зважае на гэта. Доўгія павучыныя лапы прабягаюць па патыліцы, гэта яе валасы. Твар яе больш не нагадвае чалавечае аблічча, калі яна выбухвае шалёным смехам гіены. Яна мармыча ашмёткі слоў, у якіх ледзьве можна адшукаць які-небудзь ясны сэнс. Яе сукенка ззяе мноствам дзірак і ў парывістых рухах абвіваецца вакол кас­цістых і брудных ног. Яна ідзе туды, куды глядзяць яе вочы, праносіцца, як ліст таполі, яе маладосць, ілюзіі і мроі даўно мінулі. Яна глядзіць на сябе праз туман зруйнаванага розуму праз бруенне падсвядомых пачуццяў. Яна згубіла сваё былое зачараванне і прыгажосць, яе хада нязграбная і подых яе вее гарэлачным угарам. Калі людзі і былі шчаслівымі на зямлі, гэта было так даўно, што не выглядае на праўду. Апантаная нікога не папракае, надта гордая, каб скардзіцца, не адкрывае сваёй таямніцы тым, хто цікавіцца ёй, ніколі яна не прамовіла ані слова. Дзеці бягуць за ёй, кідаючы каменне, нібы за драздом.
Яна ўпусціла скрутак паперы, які быў схаваны ў яе на грудзях. Невядомы падабраў яго, разгарнуў і ўсю ноч чытаў рукапіс, у якім было наступнае: “Пасля доўгіх год чакання Прадвызначанасць паслала мне дачушку. Тры дні я кленчыла ў касцёлах і няспынна складала падзякі ў імя Таго, хто ўрэшце зжаліўся над маёй просьбай. Я карміла сваім малаком тую, хто была для мяне больш чым жыццё, і я жадала, каб яна хутчэй вырасла ва ўсёй прыгажосці сваёй душы і цела. І яна мне сказала: “Я хацела б мець маленькую сястрычку, каб забаўляцца разам з ёй, загадай добраму Богу прыслаць мне яе і, каб аддзячыць, я прышлю яму гірлянды фіялак, мяты і герані”. У адказ я толькі ўзяла яе на рукі і пяшчотна прытуліла да грудзей. Яна пачала ўжо цікавіцца светам жывёл і пыталася ў мяне, чаму гэта ластаўкі падцінаюць крыламі стрэхі людскога жылля і не баяцца разбіцца. Але я прыціскала палец да вуснаў, кажучы ёй захоўваць маўклівасць у справах складаных пытанняў, адказ на якія я хацела пакінуць невядомым, каб не пашкодзіць празмернымі ўражаннямі яе дзіцячае ўяўленне, і я пераводзіла размову на іншую тэму, менш балесную для абмяркоўвання істотам, якія належаць да расы вядомай сваім несправядлівым панаваннем над іншымі жывымі істотамі тварэння. Калі яна апавядала мне пра магілы на цвінтары, мне здавалася, што яна дыхае ў гэтай атмасферы лагодных парфумаў і кіпарысаў бессмяротнасці, і асцерагалася ёй пярэчыць, але казала ёй, што гэта быў горад птушак, якія там спяваюць ад світанку аж да самых прыцемкаў, і што магілы былі іх гнёздамі, дзе яны ўкладваліся спаць усёй радзінай, укрыўшыся мармуровай плітой. Усе цудоўныя ўбранні, якія яна насіла, пашыла ёй я, а таксама і карункі з тысячамі арабескаў, якія яна берагла для святаў. Зімой яна займала сваё законнае месца каля вялікага каміна, бо лічылася сур’ёзнай асобай, а ўлетку лужок дазнаваў мяккія прыціскі яе крокаў, калі яна адважвалася туды прыйсці, стоячы на на краі чароту са сваім шаўковым сачком у атачэнні поўных незалежнасці калібры і дрыготкіх зігзагаў матылькоў. “Куды ты ідзеш, маленькая валачобніца, калі ўжо гадзіну цябе чакае суп з нецярплівай лыжкай?” Але яна зрабіла кульбіт і паабяцала, што не спозніцца больш ніколі. На другі дзень яна выслізнула зноў праз маргарыткі і рэзяду, паміж промняў сонца і хаатычнага палёту эфемернай жамяры, не ведаючы, што ў прызматычным келіху яе жыцця не было яшчэ жоўці, шчаслівая тым, што была крыху большай ад сініцы. Падманутая ласкай, якая спявала горш за салаўя, употайкі паказаўшы язык агіднай вароне, якая на яе пазірала са спагадай, грацыёзная, як маладая котачка. Мне не дадзена было больш цешыцца яе прысутнасцю, набліжаўся час, калі яна была павінна пачварным спосабам развітацца з радасцямі жыцця1, назаўжды пакінуўшы таварыства галубкоў, рабчыкаў, зеляніны, балбатню цюльпанаў і анемонаў, шэпт балотнай травы, ушчыплівую дасціпнасць жаб і свежыню ручайкоў. Мне было распаведзена, куды яна пайшла, бо я не магла прысутнічаць пры падзеях, наступствам якіх стала смерць маёй дачушкі. Калі б я там была, я магла б, я магла б абараніць гэтага анёлка коштам майго жыцця... Ішоў міма Мальдарор са сваім бульдогам, убачыў дзяўчыну, якая спіць у ценю платана, і спачатку прыняў яе за ружу.
Немагчыма ўзгадаць што паўстала ў яго душы пры відзежы гэтага дзіцяці і спрычыніла да яго наступнага рашэння. Ён распрануўся хутка, як чалавек, упэўнены ў сваіх дзеяннях. Голы, як камень, ён кінуўся усім целам на дзяўчынку, каб здзейсніць замах на чысьціню... пры святле сон­ца! Ён не ўкленчыў, не! Не будзем засяроджвацца на гэтай нячыстай справе. Незадаволены, ён ізноў хутка апрануўся і кінуў асцярожны позірк на пыльны шлях, дзе нішто не пылілася, і загадаў бульдогу задушыць адным рухам сківіцаў акрываўленую дзяўчынку. Ён паказаў горнаму сабаку месца, дзе цяжка дыхала і хрыпела пакутная ахвяра, і адышоў убок, каб не быць сведкам спаткання вострых зубоў і ружовых венаў. Выкананне гэтага загаду падалося бульдогу надта жорсткім. Ён падумаў, што яму было загадана тое, што было ўжо зроблена, і, задаволены, гэты воўк з пачварным подыхам, у сваю чаргу згвалціў дзявоцтва крохкага дзіцяці. З яе разарванага ўлоння кроў зноў палілася ўздоўж сцёгнаў на лугавую траву. Да яе ўсхліпаў далучылася равенне жывёлы. Дзяўчынка працягнула яму залаты крыжык, які ўпрыгожваў яе шыю, каб ён злітаваўся над ёй. Яна не адважылася прапанаваць яго няўмольным вачам таго, хто першым дадумаўся скарыстацца з беззаганнасці яе ўзросту. Але сабака ведаў, што, калі б ён не паслухаўся свайго гаспадара, з манжэты з’явіўся б нож, які б спрытна і без папярэджання растрыбушыў яму вантробы. Мальдарор (як агідна вымаўляць гэтае імя) назіраў гэтыя агоніі болю і здзіўляўся таму, што ахвяра яшчэ мае жыццёвых сілаў роўна столькі, каб не памерці. Ён наблізіўся да алтара ахвярапрынашэння і ўбачыў, як ягоны бульдог аддаецца нізкім задавальненням і ўздымае сваю пысу, як нос караблекрушэння над раз’ятранымі хвалямі. Ён даў сабаку выспятка і трэснуў у вока. Бульдог у ярасці пабег у поле, цягнучы за сабой праз прастору дарогі, заўсёды надта шырокую для ягонага кароткага тулава, зачэпленае цела дзяўчынкі, якое вызвалілася толькі дзякуючы парывістым рухам бегу, але баяўся атакаваць свайго гаспадара, які на яго больш не зважаў. Той дастаў з кішэні амерыканскі сцізорык, складзены з дзесяці ці дванаццаці лёзаў, якія служаць для размаітага ўжытку. Ён, расчыніўшы вуглаватыя лапы гэтай сталёвай гідры, забяспечыўся гэткім скальпелем, заўважыўшы, што траўнік яшчэ не знік пад наплывам пралітай крыві, пачаў, не бляднеючы, рашуча разрываць похву беднага дзіцяці. З павялічанай адтуліны ён спрытна выцягнуў нутраныя ворганы, кішкі, лёгкія, пячонку і само сэрца, адарваныя ад сваіх падложжаў, жывыя пры дзённым святле. Ахвярапрыношальнік, заўважыўшы, што дзяўчынка, вытрыбушанае кураня, ужо даўно сканала, спыніў нарастаючую ўпартасць сваіх спустошанняў і пакінуў труп спачываць у ценю платана. Падабраў свой сцізорык, пакінуты ў некалькіх кроках.
Пастух, сведка злачынства, дагэтуль незаўважаны аўтарам, распавёў пра ўбачанае толькі праз доўгі час, калі ўжо меў пэўнасць, што злачынца ў бяспецы дасягнуў мяжы і не баяўся ў адпомстку нешта падобнае да адкрыцця гучна супраць яго прамовіць. Я абвінавачваю бяссэнсавасць, з якой было ўчыненае гэтае злачынства, якога законнікі не даказалі, якое не мела прэцэдэнтаў. Я абвінавачваю, наколькі гэта магчыма, у тым, што ён увогуле не клапаціўся аб ужыванні розуму, бо нанёс нажавыя удары чатыры разы, тройчы расцяўшы зверху і данізу ўнутраныя ворганы. Я абвінавачваю яго ў тым, што, калі ён не быў вар’ятам, ягоныя ганебныя ўчынкі павінныя былі быць выкліканымі шалёнай нянавісцю да бліжніх, каб накінуцца на плоць і артэрыі безабароннага дзіцяці, якім была мая дачка. Я дапамагла ў пахаванні тых чалавечых парэшткаў з нямой пакорай і кожнага дня прыходжу маліцца на магілку.”
Скончыўшы чытанне, невядомы не здолеў больш трымаць сілы і самлеў. Ён прыйшоў у сябе і спаліў рукапіс. Ён забыў пра гэты ўспамін маладосці (звычка прытупляе памяць!) і праз дваццаць год адсутнасці зноў вярнуўся ў заклятае месца. Ён ніколі не купіць бульдога! Ён не загаворыць з пастухом! Ён не ляжа адпачываць у ценю платана! Дзеці бягуць за ёй, кідаючы каменне, нібы за драздом.

[3] Трэмдаль у апошні раз дакрануўся да таго, хто па сваёй ахвоце быў адсутны, заўсёды ад яго ўцякаючы, сталы вобраз пераследніка чалавека. Жыд-валачобнік сказаў, што калі б уладу на Зямлі перадалі кракадзілам, то горш ужо не было б. Трэмдаль, стоячы ў даліне, выцягнуў руку перад вачыма, каб згусціліся сонечныя промні, і яго погляд зрабіўся больш пранізлівым. Другая рука, нерухома выцягнуўшыся раўнаважна паверхні Зямлі, абмацвала ўлонне прасторы. Нахілены наперад, ён стаяў нібы алегорыя сяброўства, пазіраючы вачыма, таямнічымі як мора, каб узысці на пакручысты схіл у гетрах падарожніка, абапіраючыся на свой жалезны кій. Зямлі, здавалася, нестае яго ног і, нават, калі б ён захацеў, не мог бы стрымаць сваіх узрушаных слёз.
“Ён далёка, я бачу, як яго сілуэт набліжаецца па вузкай сцяжынцы. Куды ён ідзе, накіроўваючы свае цяжкія крокі? Ён не ведае сам. Аднак, адна думка мне не дае спакою, хто гэта ідзе, каб спаткацца з Мальдарорам? Які вялікі гэты цмок, вышэй дуба! Казалі, што яго белыя крылы моцна прывязаныя стальнымі нервамі, расцінаюць паветра. Яго цела пачынаецца з тыгровых грудзей і канчаецца змяіным хвастом. Я не прывык разглядаць падобныя рэчы. Што ў яго на твары? Я апішу вам на сімвалічнай мове тое, чаго я не ў стане расшыфраваць. З апошнім ударам крыла ён прызямляецца перад тым другім так блізка, што я чую гучанне яго голаса. Ён гаворыць: ”Я чакаў цябе, і ты мяне таксама. Час настаў, я адкрываюся. Прачытай на маім абліччы імя, напісанае іерогліфамі”. Але ён, як толькі ўбачыў ворага, разгарнуў агромністыя крылы і пачаў рыхтавацца да бітвы, самазадаволена ляскаючы крывой дзюбай, паказваючы, што ён сам гатовы раздзерці цмока на кавалкі. Крылы апісваюць колы, іх акружнасць змяншаецца, узаемна правяраючы сваю падрыхтаванасць да змагання, яны ў парадку. Цмок выглядае мацнейшым, падобна, што ён пераможа арла. Адчуваю моцнае хваляванне перад велічным відовішчам, у якое апынулася ўцягнутай частка майго я. Магутны цмок, я падтрымаю цябе сваім крыкам, калі гэта будзе патрэбна, калі гэта дапаможа перамагчы арла. Чаго ж гэта яны марудзяць перад атакай? Я дрыжу смяротнай ліхаманкай. Бачу як ты, цмок, першым пачынаеш бой, б’еш яго вострымі кіпцюрамі, гэта няблага. Я ўпэўнены, што арол адчуў гэта: вецер прынёс некалькі прыгожых пер’яў, кранутых крывёй. О! Арол выдзяўбаў табе адно вока, а ты толькі крыху падрапаў яму скуру, на гэткія рэчы трэба зважаць. Добра, ты возьмеш рэванш і адарвеш яму крыло, і не трэба зашмат распавя­даць, якія добрыя твае тыгрыныя іклы, калі ты наблізішся да арла, падчас яго разгортвання ў паветры, пралятаючы бліжэй да зямлі! Я заўважыў, што гэты арол спрабуе схапіць цябе, нават, калі падае. Ён на зямлі і не здольны падняцца. Мяне ап’яняе відовішча яго ззяючых ран. Ты можаш змесці яго да лугавых кветак, якія яго акаляюць, адным ударам твайго змяінага хваста. Адвагі, пекны цмок! Усадзі ў яго свае моцныя кіпцюры і тады кроў змяшаецца з крывёй, каб пацяклі рэкі, у якіх не будзе вады. Лёгка сказаць, цяжка выканаць. Арол вынаходзіць новы стратэгічны план абароны, вымушаны зласлівым паваротам гэтай незабыўнай бітвы.Ён становіцца асцярожным, надзейна прысеўшы ў непахіснай пазіцыі, абапершыся на здаровае крыло, на абедзьве нагі і на хвост, які служыў яму рулём у паветры. Ён супраціўляецца нападам з большай энергіяй, чым змагаўся дагэтуль. Тым не менш, ён рухаецца гэтаксама хутка, як і тыгр, не паспяваючы перадыхнуць, аднак падае на спіну, выставіўшы перад сабой дзьве моцныя лапы, халодна і іранічна пазірае на праціўніка. Урэшце, трэба ж каб я ведаў, хто пераможа, бо змаганне не можа цягнуц­ца вечна. Я думаю пра яго наступствы! Арол выглядае жахліва, ад яго падскокаў дрыжыць зямля, быццам ён ізноў узляцеў, хаця ён і ведае, што гэта немагчыма. Цмок насцярожліва чакае, што арол у наступную хвілю пачне атаку з таго боку, дзе ў яго няма вока. Якое няшчасце! Канец блізкі. Як цмоку перакуліцца са спіны на жывот? Ён ужывае хітрасць і сілу, але я бачу, як арол прыціснуўся да яго ўсім сваім целам, як п’яўка, занураючы сваю дзюбу ўсё глыбей і глыбей, нягледзячы на новыя раны, якія атрымаў у аснаванне хваста, у жывот цмока. Ён так занурыўся ў цела, што яго не відаць. Відавочна, што ад гэтага ён атрымлівае вялікае задавальненне, ён не спрабуе адтуль вылазіць. Несумнеўна, ён там нечага шукае, тады як цмок з галавой тыгра лямантуе на ўвесь лес. Вось і арол выйшаў з гэтай пячоры. Арол, які ты жахлівы! Ты чырванейшы за мора крыві! Хаця ты сціскаеш у дзюбе нервовае дрыготкае сэрца, ты настолькі пакрыты ранамі, што ледзьве трымаешся на сваіх апераных нагах, ты хістаешся, але не расціскаеш дзюбу перад паміраючым у страшэннай агоніі цмокам. Перамога дасталася цяжка, але гэта неістотна, важна, што ты перамог, трэба, прынамсі, прызнаць праўду... Ты дзейнічаў згодна з правіламі розуму, агарнуўшыся ў арліную форму, а між тым – гэта ты адыходзіш ад сканалага цмока. Так, Мальдарор, ты перамог Надзею! Ад гэтай хвілі твая істота будзе жыць толькі адчаем! Незважаючы на тое, кім ты быў, гэтак кажучы, перасычаны цярпеннем чалавек, апошні ўдар, які ты нанёс цмоку не пакінуў мяне абыякавым. Гэта твая віна, што я цярплю! А ты мяне напалохаў. Зямля пад яго целам выглядае дасканала, праклён густа расквітнеў сваёй лістотай, ён пракляты і ён праклінае. Куды ты скіруеш свой шлях? Куды ты пойдзеш, хістаючыся, як самнамбула, пад якую страху? Які жахлівы лёс цябе чакае?
Бывай, Мальдарор. Бывай, да вечнасці, дзе мы ніколі не сустрэнемся!

Песня чацвёртая

(4) Я брыдкі. Мяне абгрызлі вошы. Свінні, калі глядзяць на мяне, ванітуюць. Струпы і пролежні панцырам пакрылі маю скуру, па якой цячэ жоўты гной. Я не зведаў ані вады ручаёў, ані нябеснай расы. На маёй патыліцы, як на кучы га...на вырас вялізны шампіньён на магутнай кветканожцы. Седзячы на бясформенным крэсле, я не парушыў сваіх цягліцаў, мае ногі пусцілі карані ў глебу і складаюцца аж да самага майго жывата з нейкай жывой расліннасці, напоўненай агіднымі паразітамі, якія яшчэ не належаць да расліны і якія ўжо больш не плоць. Аднак, сэрца маё тахкае. Але як яно тахкае, калі гной і смурод майго трупа (не асмеліўся б назваць яго целам) шчодра не гояць яго? Пад маёй левай падпашкай пасялілася сям’я рапух, і калі адна з іх пачынае варушыцца, мне казытліва. Паглядзіце, ці не ўцякла адна з іх і не збіраецца сваім ротам скрэбці пад вашым вухам, а яна можа ўлезці ў вашы мазгі. Пад правай падпашкай ёсць хамелеон, які няспынна на іх палюе, пакуль не памрэ з голаду; трэба, каб кожны застаўся жывы. Але калі ўся партыя цалкам разбураецца, праз хітрасці другога, яны ўсе не знаходзяць нічога лепшага, як, не замінаючы адно аднаму, далікатна сасмоктваць слізь, якая пакрывае мае бакі: я да гэтага прызвычаены. Злая гадзюка адгрызла мой дубчык і заняла сваё месца: яна зрабіла мяне еўнухам, якая няслава! О! Калі б я мог бараніцца сваімі спаралізаванымі рукамі, але, здаецца, яны ўжо ператварыліся з чурбакі. Як бы там ні было, важна адзначыць, што кроў ужо больш не разганяе тут сваю чырвань. Два маленькія вожыкі, якія больш не вырастуць, старанна трыбушылі мае яйкі, кінуўшы іх змесціва ў пашчу сабаку, які ад гэтага не адмовіўся і старанна вычысцілі скуру, яны ў ёй жывуць. У заднім праходзе ўладкаваўся краб. Насмелены маёй нерухомасцю, ён збіраецца ўвайсці ўнутр мяне са сваімі клюшнямі і нарабіць там шкоды! Дзве мядузы пакінулі мора і адразу ж былі спакушаныя надзеяй, якая іх не падманула. Яны ўважліва аглядзелі дзве мясістыя часткі, з якіх складаецца чалавечы зад і, прычапіўшыся да іх сваімі выпуклымі формамі, так сціскалі іх сваімі прысмочкамі, што два кавалкі плоці зніклі, а засталіся дзве пачварыны, якія прыйшлі з царства ліпучасці аднолькавыя па колеры, па кшталтах... вы ведалі б, што чалавек, убачыўшы, што я ўзяў шлюб жыць у хваробе і нерухомасці, аж да тае пары пакуль бы я пераканаў Творцу, падкраўся да мяне ззаду на дыбачках, але не так ціха, каб я не пачуў. Я не адчуў больш нічога ў хвілю, якая трывала не вельмі доўга. Яго востры кінжал занурыўся па самы тронак паміж плячыма ахвярнага быка, касцяны каркас якога задрыжаў, як пры землятрусе. Лязо так моцна ўвайшло ў цела, што ніхто дагэтуль не мог яго выцягнуць. Асілкі, механікі, філосафы, дактары раз за разам спрабавалі самыя розныя сродкі. Яны не ведаюць, што зло, зробленае чалавекам, ужо нішто не можа выправіць! Ад глыбіні душы прабачаю іх прыроднае невуцтва і вітаю іх павекамі маіх вачэй. Падарожнік, калі ты будзеш праходзіць блізка ад мяне, не вітайся, прашу цябе, адно слоўца суцяшэння і ты аслабіш маю мужнасць. Дазволь мне пагрэць маю ўпартасць на агні дабраахвотных пакутаў. Ідзі… Бо мне не трэба ніякага жалю. Нянавісць больш забаўная, чым табе здаецца, яе паводзіны невытлумачальныя, як відовішча пераламанага адбітку кія ў вадзе. Такім, як ты мяне бачыш, я яшчэ магу прагуляцца да самых нябесных муроў на чале легіёну галаварэзаў і зноў заняць гэты пост, каб зноў паразважаць аб высакародных праектах помсты. Бывай, я больш цябе не затрымаю і, каб цябе навучыць і перасцерагчы, параю табе паразважаць аб тым злым лёсе, які прывёў мяне да бунту тады, калі я магчыма быў яшчэ добры! Ты распавядзеш свайму сыну пра ўсё, што ўбачыў і, узяўшы за руку, запросіш яго палюбавацца прыгажосцю зорак і цудамі сусвету, гняздом малінаўкі і храмамі Госпада. Ты будзеш здзіўлены, калі ўбачыш, як ён пакорліва слухае бацькоўскія парады і ўзнагародзіш яго ўсмешкай. Але тады, калі ён будзе пэўны, што за ім не назіраюць, паглядзі на яго, як ён выплюне ўсю сваю сліну на дабрачыннасць: ён падмануў цябе, той, хто належыць да чалавечай расы, але больш ён цябе ўжо не падмане: ад гэтай хвілі ты будзеш ведаць усё, што яго чакае. О, няшчасны бацька, падрыхтуйся, каб скіраваць крокі тваёй старасці ў бок непапраўляльнага эшафоту, на якім адсякуць галаву зачасна даспелага злачынцы, і жалоба пакажа табе шлях, што вядзе да магілы.

Песня Пятая

[1] Хай не пакрыўдзіцца чытач, калі мая проза не мае шчасця яму падабацца. Ты думаеш, што я і мае ідэі – гэта адно і тое ж. Гэта, шаноўны чытач, безумоўна, праўда, але праўда частковая. Але якая б акавітая крыніца памылак і пагарды не была частковай праўдай! Шпакі лятаюць спосабам вядомым толькі ім адным1, падпарадкаваным, як здаецца, адной рэгулярнай тактыцы, той, якую мае злучананая адзінай дысцыплінай група, строга паслухмяная голасу аднога правадыра. Гэта голас інстынкту, якога слухаюцца шпакі, і інстынкт нясе іх, каб наблізіць да самага гушчару чарады, у той час як хуткасць палёту нясе іх няспынна ўсё далей; лёс злучае гэткую колькасць птушак у адзіным імкненні да пэўнага намагнічанага пункту, ляцяць і далятаюць, кружачы і перакрыжоўваючыся ва ўсіх сэнсах, ствараюць прастору моцна бурлівага віхру, якога агульная маса, цалкам не следуючы ў выразна акрэсленым кірунку, падобным да руху самой эвалюцыі, у наступстве асобных рухаў уласных цыркуляцый асобных частак, цэнтр якіх знаходзіцца ў у імкненні да вечнага развіцця, але ў няспынным паскарэнні моцна адштурхоўвае ўціск акаляючых яго лінёў, кожны з якіх мацнейшы, наколькі бліжэйшы да цэнтру. Нягледзячы на гэткі незвычайны спосаб кружыцца, шпакі разрываюць навакольнае певетра з імклівай хуткасцю, пакрываючы прыкладна за кожную секунду адлегласць, дакладна патрэбную, каб скончыць свае пакуты і дасягнуць мэты свайго падарожжа. Ты нават не звяртаеш увагі на дзіўны стыль кожнага з гэтых радкоў. Але я перакананы, што фундаментальныя правілы вершавання не змушаюць больш мой розум падпарадкоўвацца сваім абсалютным законам. Не абагульняйма гэтых выключных фактаў, я і не спрабую; мае паводзіны, прынамсі, не выходзяць па-за ўсталяваны парадак магчымых рэчаў. Няма сумневу, што паміж дзвюма тымі скрайнімі канцэпцыямі літаратуры, той, якую ты чакаеш, і маёй, ёсць безліч пасярэднікаў, і разрыў будзе лёгка вызначаны, але з гэтага не будзе ніякага плёну, будзе небяспека атрымаць строга акрэсленае і фальшывае, як у вышэйшай ступені паняцце філасофіі, што губляе рацыянальнасць, што не ўспрымаецца розумам, але ўяўляецца, а гэта значыць, набывае нейкі размыты сэнс. Ты можаш спалучыць энтузіязм з унутраным холадам, даследчык засяроджанага гумару, урэшце, для сябе, я знаходжу цябе дасканалым... І ты не жадаеш мяне зразумець! Калі ты яшчэ не ў адпаведным стане здароўя, слухай мае парады, і гэта лепшае, што я магу табе даць, зрабі, найперш, шпацыр у чыстым полі. Няважная, кажаш, замена? Паколькі ты збіраешся ўдыхнуць паветра, вярніся, каб мяне знайсці, дай адпачынак пачуццям. І больш не плач, я не хацеў бы прычыніць табе боль. Ці ж гэта не праўда, сябра, што да пэўнай ступені твае сімпатыі ўсё яшчэ на баку маіх песняў? І што перашкаджае табе перакрочыць іншыя межы? Мяжа паміж тваім густам і маім – няўлоўная. Ты ніколі не здолееш яе ўхапіць, гэта доказ таго, што сама па сабе мяжа не існуе. Падумай, такім чынам, што далей (я толькі асвятляю пытанне) не будзе немагчымым, каб дамоўленасць аб саюзнай дамове ты пацвярджаў з упартасцю, гэтым мілым дзіцяткам мула, акавітай крыніцай неталерантнасці. Калі б я не ведаў, што ты не дурны, я б не вынес табе аніводнага папроку. Дарэмна было б гаварыць гэта табе, пакрытаму хрусткім панцырам аксіёмы, у якую ты святоўна паверыў. Ёсць і іншыя аксіёмы, таксама непахісныя, якія дзейнічаюць раўналегла з тваёй, калі табе смакуюць карамелькі (цудоўная гульня прыроды) ніхто не будзе разглядаць гэта за злачынства; але тыя, чый розум больш спрытны, здольныя на большае, жадаюць перцу і арэшніку, маюць добрую рацыю дзейнічаць такім чынам, не імкнучыся накладаць іх спакаёвую дамінацыю на тых, хто дрыжыць ад страху перад землярыйкай, альбо выразам, пачутым з паверхні куба. Я так кажу, бо маю досвед, не збіраючыся тут граць ролю правакатара. І, калі нават калаўроткі і ціхаходкі1 могуць быць падагрэтыя да тэмпературы патрэбнай для кіпення, не губляючы пры гэтым сваёй жыццёвасці, тое самае будзе і з табой, калі ты здолееш з перасцярогай засвоіць вострую гнойную сываратку, якая выцякае з паволь­най дакукай, выклікаючы маю навуковую зацікаўленасць. Табе яшчэ не даводзілася перасадзіць1 хвост жывога пацука, адцяты ў другога пацука? Паспрабуй, аднак, яшчэ перанесці ў свае мроі размаітыя мадыфікацыі майго трупнага розуму. Але асцярожней. У той момант, калі я гэта пішу, новая сутарга прабегла праз інтэлектуальнае паветра. Трэба толькі мець мужнасць, каб глядзець на яе. Навошта гэтая грымаса? І нават ты суправаджаеш яе жэстам, які нельга пераняць, нават пасля доўгага навучання. Перакананы, што звычка патрэбная ва ўсім, і, паколькі інстынктыўная агіда, дакляраваная на першых старонках, значна паменшыла сваю палкасць праз тое, што супярэчыць ужытку гэтага чытання, падобна да надрэзанага фурункулу; трэба спадзявацца, хоць галава ўсё яшчэ мабыць хворая, што выздараўленне хутка павінна настаць у апошняй фазе. Для мяне ўжо няма сумневу, што ты вагаешся ў бок поўнага выздараўлення, аднак мая постаць усё яшчэ застаецца худобнай, бяда! Ну, смялей! Ёсць і ў табе дух, крыху падобны да майго, я люблю цябе і не губляю надзеі на тваё выздараўленне, спа­дзяюся, ты прымаеш нейкія там медыкаментозныя субстанцыі, з якімі ідзе знішчэнне апошніх сімптомаў зла.
Каб атрымаць сродак, звязваючы і танізуючы, вырві напачатку рукі сваёй маці (калі яна яшчэ існуе), пасячы іх на дробныя кавалачкі і з’еш на працягу аднаго дня, і выгляд твой не павінен выказваць ніякіх пачуццяў. Калі твая маці надта старая, выберы іншы хірургічны аб’ект, маладзейшы і свяжэйшы, над якім будзе ўчыненая падобная ж аперацыя, і чые перадплюснавыя косці, калі атрымаецца, лёгка зрабіць пунктам апоры для асверу, напрыклад, тваю сястру. Я не ў стане пашкодзіць табе плакаць над яе лёсам, я не той, каго б ашчаслівіў такі халодны энтузіязм. Ты і я, мы разам пральем за каханую паненку (але я не ўпэўнены ў тым, каб сцвярджаць, што яна была паннай) дзве нястрымныя алавяныя слязы. І на гэтым будзе ўсё. Мікстура найбольш заспакойваючага сродку, якую я табе прапішу, гэта ёмістасць, поўная ганарэйнага гною, у сярэдзіне якой будзе вырваная кіста яечніка, фалікулярны шанкр і запаленае нагнаенне, а пад канец укінь туды пухліну парафімозу і тры чырвоныя слімакі. Калі ты прымаеш мяне, мая паэзія прыме цябе з распасцертымі абдымкамі, як вош, што надгрызае сваімі пацалункамі карэнчык воласа.